Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Пра лёс Слабадской плябані ў г. Лідзе 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 11-07-2016,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Пра лёс Слабадской плябані ў г. Лідзе // Лідскі Летапісец №4(72)-2015. С. 32-35.



У пачатку сакавіка 1943 года немцамі былі расстраляны ксяндзы Слабадскога касцёла Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі.

У канцы кастрычніка 1944 г. Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі прызначыў на пасаду пробашча касцёла на Слабадзе ксендза Ліст загадчыка камунальнага аддзела Лідскага гарвы-канкама Мацюшкіна ад 5 студзеня 1952 года. Казіміра Баневіча [1] (1905, Паставы - 4.02.1992, Кросна на Одары).

Казімір Баневіч нарадзіўся 29.01.1905 г. у Паставах на Віленшчыне (цяпер Віцебская вобласць). У 22 гады паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. Адначасова наведваў лекцыі на тэалагічным факультэце Універсітэта імя Стэфана Баторыя. У 1933 годзе прыняў капланскае пасвячэнне, пасля чаго стаў вікарыем парафіі Гадуцішкі каля Свянцян.

Калі ў 1940 г. Віленшчыну далучылі да СССР, хаваўся ў Вільні ў доме неманаскага Згуртавання дачок беззаганнай Марыі. Пасля заняцця Вільні немцамі вярнуўся да адкрытай душпастырскай працы.

Абрыс дома за 1957-58 гг.

Пасля другога заняцця Вільні Чырвонай Арміяй кс. Баневіч быў накіраваны ў Ліду. Тут стаў пробашчам парафіі Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай панны Марыі на Слабадзе.


Пасля заканчэння вайны кс. Баневіч не выехаў у Польшчу, застаючыся ў даверанай яму парафіі. Пасля смерці ў 1946 годзе Лідскага дэкана Гіпаліта Баярунца Казімір Баневіч быў прызначаны Лідскім дэканам і генеральным вікарыем на Лідскую акругу.

10.06.1951 г. кс. Баневіч быў арыштаваны агентамі МДБ. Падставай арышту былі паказанні шасцярых сведкаў, у тым ліку чалавека, які прыходзіў да споведзі. У абвінаваўчым акце чытаем, што кс. Баневіч "быў непрымірымым ворагам савецкай дзяржавы і як варожа настроены да існага ладу на працягу многіх гадоў выкарыстоўваў сваё службовае становішча для сістэматычнага правядзення сярод парафіян-католікаў антысавецкай агітацыі і прапаганды, накіраванай на выхаванне каталіцкай люднасці ў духу нянавісці да савецкай улады і камуністычнай партыі, страшыў парафіян-католікаў адказнасцю перад рэлігіяй і законам Божым, заклікаў іх да сабатажу распараджэнняў савецкай улады, а таксама да неўступлення ў партыю і камсамол (...) у 1946 г. прамовіў у касцеле казанне, у якім выказваў антысавецкія выдумкі; у 1947 г. у час споведзі парафіянкі Буды заклікаў яе да неўступлення ў савецкія арганізацыі; да 1950 г. (...) вучыў дзяцей веруючых жыхароў "Катэхізму", не зважаючы на забарону органаў савецкай улады ў той справе; у час Вялікай Айчыннай вайны і пазней хаваў вялікую колькасць антысавецкай літараттуры, а ў часе аднаго з казанняў заклікаў да малітвы Богу, каб скончыўся час цярпення і прыгнёту ды наступіла сонца і свабода.

18.10.1951 г. кс. Баневіч быў асуджаны па артыкулах 72 б, 64, 34 а, б, в КК БССР і прыгавораны да пакарання смерцю з заменай расстрэлу на 25 гадоў лагераў плюс 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці.

Кс. Баневіч прыгавор адбываў у савецкіх лагерах. Быў вязнем м. ін. Каргаполлага каля Архангельска, а таксама Пукса-Возера каля Пярмі. У траўні 1955 г. накіраваў ліст генеральнаму пракурору СССР з просьбай аб палягчэнні прыгавору. У верасні 1955 г. Вярхоўны суд СССР зменшыў яму прыгавор да 10 гадоў.

12.09.1957 г. кс. Баневіч быў вызвалены. Адразу накіраваўся на Віленшчыну, дзе не атрымаў дазволу на правядзенне душпастарскай дзейнасці. У гэтай сітуацыі рашыўся на выезд у Польшчу. Асеў на тэрыторыі Уроцлаўскай архідыяцэзіі. Працаваў у парафіі Саколіца, а пазней у Кросне на Одары.

Кс. Казімір Баневіч памёр 4.02.1992 г. у Кросне на Одары. Праз шэсць дзён быў рэабілітаваны рашэннем пракуратуры Рэспублікі Беларусь у выніку ўстанаўлення адсутнасці прызнакаў злачынства ў яго дзейнасці.

Пасля арышту кс. Казімірва Баневіча была канфіскавана Слабадская плябань, пра што захаваўся ліст загадчыка камунальнага аддзела Лідскага гарвыканкама Мацюшкіна ад 5 студзеня 1952 года наступ-нага зместу:

Старшыні выканкама Лідскага гарадскога

савета дэпутатаў працоўных

тав. Акуліч А.Ф.

Копія: Сакратару Лідскага гарадскага

камітэта КП(б) Беларусі

тав. Ларычаву В.М.

Па вуліцы Польная пад № 52 размяшчаецца пачатковая школа № 7, якая мае вучэбную плошчу ўсяго 99,53 кв. м. Развіццё чыгуначнага вузла, павелічэнне насельніцтва ў той частцы горада, дзе размешчана школа, патрабуюць расшырэння вучэбнай плошчы і адкрыцця 10-гадовай школы.

На той жа вуліцы пад № 45 маецца дом з карыснай плошчай 255,82 кв. м. з дзевяццю жылымі пакоямі, надворнымі пабудовамі - тры хлявы, 2 склепы, 2 прыбіральні. Агульная ацэнка збудавання складае - будаўнічая 60136 руб., сучасная 47925 руб. і сучасны кошт надворных пабудоваў 9961 руб.

Акрамя таго маецца пладовы сад плошчаю - 2,5 га. Размяшчэнне пакояў і іх наяўнасць, пры нязначным рамонце цалкам дазволіць адкрыць у гэтым доме 6 класаў, канцылярыю, піянерскі пакой, метадычны кабінет і г.д.

Дом № 45 на права валодання не рэгістраваўся, паколькі ён знаходзіцца ў карыстанні каталіцкай грамады, у ім жа жыў ксёндз, які арыштаваны органамі МДБ.

Лічу, што для карысці працоўных горада выкарыстаць згаданае памяшканне пад 10-гадовую школу, пра што выканкаму неабходна хадайнічаць перад аблвыканкамам.


Заг. камунальнага аддзела (Мацюшын).

Трэба думаць, што прапанова сп. Мацюшына была падтрымана. У любым выпадку плябань была забрана, тут пэўны час была школа, а пазней Клуб юнатаў.

Адрас будынка стаў: вул. К. Маркса, 41. Касцёл на Слабадзе быў закрыты. У 60-я гады 20-га стагоддзя плябань з усіх бакоў была абстаўлена панельнымі дамамі, прыналежнымі да вуліцы Горкага. Вуліца Карла Маркса ў гэтым месцы перастала існаваць і ахавалася толькі паміж вуліцамі Горкага і Дзяржынскага. Апошні няцотны дом мае адрас: К. Маркса, 39.

У рэдакцыі знаходзяцца абрысы плябані за 1949 г., паводле якіх яна ўяўляла сабой аднапавярховы дом з жылой мансардай. Нажаль, гэтыя абрысы для перадруку не прыдатныя, але прыдатны для перадруку абрыс дома за 1957-58 гг., на якім відны ўсе памеры.

Абрысы дома і мансарды 1949 г. можна будзе знайсці ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

Плябань была пабудавана ў 1936 годзе з дрэва на падмуроўцы і знаходзілася на паўднёвы захад ад Слабадскога касцёла. Канструкцыя вянцовая. Будынак быў ашаляваны. Прамавугольны ў плане. З франтону - зашклёная веранда. Дах высокі, ламаны, крыты бляхай.

Захаваўся "Ліст падліку плошчаў зямельнага ўчастка", паводле якога меліся:

- хлеў (15,9 х 6,95 = 111 м 2);

- хлеў (2,2 х 4,15 = 9 м 2);

- склеп (8,9 х 6,15 = 55 м 2);

- прыбіральня (1,2 х 1,2 = 1 м 2);

- прыбіральня (3,1 х 2,3 = 7 м 2);

- прыбіральня (1,2 х 1,2 = 1 м 2);

- дарожка (78,0 х 1,2 = 94 м 2);

- двор (890 м 2);

- агарод (10065 м 2);

- пладовы сад + агарод (24958 м 2).

"Ліст..." таксама можна будзе знайсці ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

Будынак плябані дакладна дастаяў да 2006 года, але быў даведзены да поўнай руіны, і яго восенню таго ж года знеслі. На ўчастку плябані засталося некалькі дрэваў, у тым ліку недзе чатыры яблыні. На момант зносу будынку было 70 гадоў. Не так і шмат, нават для драўлянага. Трэба думаць, што калі б дом заставаўся плябанню, то стан яго быў бы значна лепшы, і мы мелі б яшчэ адзін захаваны ўзор лідскага гарадскога дойлідства, але грамадская эксплуатацыя ёсць грамадская эксплуатацыя. Там тэрміны рамонту вызначаюцца не рэальнай неабходнасцю і наяўнымі сродкамі, а тэрмінамі службы, велічынямі міжрамонтных перыядаў, каштарысамі. Ды і якасць тых рамонтаў кантралюе не гаспадар.

Ці былі спробы вяртання будынка плябані Слабадской парафіі? Хутчэй за ўсё, што былі, але няўдалыя, аднак факт канфіскацыі, пэўна, быў улічаны пры выдзяленні пляцаў пад новую плябань ды і пад новы касцёл. Новы Слабадскі касцёл пабудаваны практычна на краі зямельнага ўчастка, які належаў некалі да старой плябані.



[1] Першасныя звесткі пра ксендза Казіміра Баневіча прадставіў Аляксандр Колышка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX