План будаўніцтва чыгунак ў Палессі быў зацверджаны 14 лютага 1883 г. Аляксандрам III. 12 траўня прыступілі да ажыццяўлення гэтага плана. Участак Вільня - Лунінец (з адгалінаваннем Лунінец - Пінск, усяго 353 вярсты) адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 г. У гэты дзень па мосце з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік. Тады ж уведзена ў эксплуатацыю чыгуначная станцыя Ліда на плошчы 6,83 га. і было пабудавана паравознае дэпо з бутавага каменю на два паравозы серыі "Чн".
У тым жа годзе ў Лiдзе быў пабудаваны першы драўляны вакзал які добра бачны на фотаздымку. На фотаздымку каля драўлянага вакзала знаходзіцца праваслаўная капліца, пабудаваная ў 1897 г. Вось пра гісторыю гэтай капліцы і напісаны артыкул.
Малюнак і праект капліцы зрабіў студэнт, будучы архітэктар і інжынер Катовіч М. І. Праект быў зацверджаны начальнікам тэхнічнага аддзялення ўправы Палескіх дарог. Капліца пабудавана ў гатычным стылі з расшыўкай шэрай цэглай і мела калоны. Знаходзілася з паўдзённага боку вакзала каля кратаў платформы, на штучным узгорку, у садку, сярод кветнікаў. Дзякуючы загадчыку участкам дарогі Лунскаму, які кіраваў работамі, капліца пабудавана на працягу аднаго месяца. Матэрыялы на капліцу абышліся ў 250 рублёў, рабочыя збудавалі яе бясаплатна. Абраз Св. Мікалая выпісалі з Масквы, ён каштаваў 125 рублёў. Абраз змяшчаўся ў глыбіні нішы капліцы, за шклом, і перад ім быў размешчаны вялікі ліхтар-лямпа з рознакаляровым шклом. Капліца ў вячэрні і начны час асвятлялася звонку двума ліхтарамі, пастаўленымі па абодва бакі. Пад абразом была дошка з белага мармуру з залатым надпісам «Збудаваная стараннасцю службоўцаў палескіх чыгунак на станцыі «Ліда» у памяць Святой каранацыі 14 траўня 1896 года гасудара Імператара Мікалая II і гасударыні Імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Асвечана 30 жніўні 1897 года».
Для асвячэння прыбыў спецыяльны вагон-царква. Боская літургія ў вагоне-царкве пачалася ў 9-00 раніцы 30 жніўня 1897 г. Літоўскія епархіяльныя Ведамасці пісалі: "Настаяцель вагона-царквы а. Шырынскі прамовіў павучальнае слова, прысвечанае ўшанаванню і памяці князя Св. Аляксандра Неўскага а таксама свяціцеля Мікалая. Пры гэтым а. Шырынскі падкрэсліў глыбокае рэлігійнае значэнне будынка капліцы ў імя гэтага свяціцеля каля чыгункі, пры станцыі, дзе заўсёды спыняюцца цягнікі і дзе, такім чынам, людзі ўсіх веравызнанняў якія вандруюць, могуць узнесці свае малітвы да Св. абраза свайго апекуна і абаронцы ў дарозе. Па заканчэнні літургіі адбыўся хрэсны ход з вагона-царквы да збудаванай капліцы з абразом Божай маці і мясцовымі абразамі і толькі што напярэдадні асвечаным вялікім абразом для капліцы - пры спеве малітваў Св. Аляксандру Неўскаму і свяціцелю Мікалаю. Абразы неслі чыгуначныя службоўцы станцыі Ліда. Каля самой капліцы, упрыгожанай зелянінай і гірляндамі кветак, было здзейснена воднае асвячэнне з чытаннем малітваў на асвячэнне капліцы і крыжа, які потым быў ўзняты на капліцы, былі абвешчаны "многія лета" Гасудару Імператару і царственнаму дому, Св. Сіноду, Архіепіскапу Ераніму, урадаваму сінкліту, воінству, стваральнікам капліцы, начальству Палескіх чыгунак, службоўцам станцыі Ліда, і ўсіх ліній гэтай дарогі і ўсім праваслаўным хрысціянам. Урачыстасць скончылася хросным ходам назад у вагон-царкву. Паўнаце ўрачыстага набажэнства ў гэты дзень шмат садзейнічаў выдатна складзены канторшчыкам станцыі сп. Шаршнёвым хор аматараў з службоўцаў станцыі, які зладжана выконваў спевы на ўсіх набажэнствах".
Спраектаваў капліцу на лідскім вакзале Мікалай Іванавіч Катовіч - другі сын вядомага святара, настаяцеля Віленскага Прачысценскага сабора, рэдактара (з 1869 г.) "Літоўскіх епархіяльных Ведамасцяў" протаіерэя Іаана Антонавіча Катовіча (1839-1911). Мікалай Іванавіч Катовіч - архітэктар і вядомы дзеяч рускага руху ў Польшчы. Нарадзіўся 25 лістапада 1875 г. ў Вільні. У 1894 годзе скончыў Віленскую гімназію, дзе вучыўся разам з Васілём Шверубовічам - будучым знакамітым мхатаўскім акцёрам Качалавым. Далей абодва вучыліся ў Пецярбургу. У 1899 годзе Мікалай Катовіч скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, атрымаў дыплом інжынера з правам правядзення будаўнічых, дарожных і землямерных работ. Ён пабудаваў у Пецярбургу 14 даходных дамоў, драўляную царкву ў дачным пасёлку Вырыца і сяле Карташэўскім. Да 1922 г. жыў у Расіі. У 1922 г. эміграваў у Польшчу, кіраваў будаўнічым і землямерным бюро ў Пінскім і Драгічынскім паветах. У 1927 г. пераехаў у Берасце, дзе нейкі час займаў пасаду гарадскога архітэктара, а потым кіраваў будаўнічым і землямерным бюро, займаўся прыватнай архітэктурнай практыкай. 8 траўня 1934 года Мікалай Катовіч нечакана памёр. Яго пахавалі на Трышынскіх могілках у Берасці, магіла не захавалася.
Быў непрыхаваным манархістам, у бюро, якім кіраваў, прымаў выключна аднадумцаў. З'яўляўся актыўным дзеячам Рускага дабрачыннага таварыства і Рускага нацыянальнага аб'яднання. Жывучы ў Пінску, вёў шырокую і заканспіраваную дзейнасць, узначальваў таемную манархічную арганізацыю, якая тады была ў горадзе і кіравалася з Парыжа генералам Куцепавым. Пасля пераезду ў Берасце Катовіч спыніў актыўную палітычную дзейнасць, займаючыся выключна сваім бізнэсам. Быў архітэктарам і будаўніком будынка рускай гімназіі ў Берасці .
Цяжка і небяспечна быць рускім манархістам у Расеі, а ўтульна ў Еўропе, напрыклад, у Польшчы…
У 1906 г. было пабудавана новае цаглянае дэпо на 4 паравозы і адміністрацыйны двухпавярховы будынак. На пачатку студзеня 1907 г. новая чыгуначная лінія Полацк - Сядлец здаецца ў пастаянную эксплуатацыю. Новы цагляны вакзал ў Лідзе пабудаваны да 1910 г. па тыповаму праекту. У Першую Сусветную вайну будынак лідскага вакзала згарэў, верагодна, разам з капліцай.