16 чэрвеня Ваверская парафія Перамянення Божага ў Лідскім раёне адзначала вельмі круглую дату - 600-годдзе з дня заснавання.
Першая хрысціянская супольнасць у Вавёрцы пачала існаванне ў 1413 годзе. Паданне заслугу пабудовы першага ваверскага касцёла аддае Міхайлу Гілігінавічу, ветэрану Грунвальдскай бітвы. Паводле іншых крыніц утварэнню парафіі Святога Духа спрыялі, а таксама пабудавалі драўляны касцёл, уладары Вавёркі - Жыгімонт Гілігінавіч і яго маці Сафія. Зусім верагодна, што пачаў будаваць касцёл Міхайла Гілігінавіч, а завяршалі яго жонка Сафія і сын Жыгімонт. Але асноўным у дадзеным выпадку з'яўляецца дата, а яна ва ўсіх крыніцах тая самая - 1413 год. Пабудова касцёла ў Вавёрцы апісана ў "Спеве пра Міхайлу Гілігінавіча" Станіслава Судніка.
Гістарычныя падзеі склаліся так, што ўжо ў другой палове XV стагоддзя той касцёл быў знішчаны. Будаваліся наступныя. Касцёл, пабудаваны ў 1736 годзе, праіснаваў да 1840 года. Пры парафіі дзейнічала брацтва Святога Яна Непамука, заснаванае ў 1760 годзе. На тэрыторыі парафіі было 6 капліц: у Дзітве, у Лябёдцы, у Місявічах, у Паперні, у Пелясе і ў Радзівонішках.
У1840 годзе Самуэлем Кастравіцкім быў пабудаваны першы мураваны касцёл. Падчас Першай Сусветнай вайны храм быў пашкоджаны. У 1920 годзе касцёл адрамантавалі.
У 1926 - 1928 гадах быў пабудаваны сённяшні трохнефавы касцёл з каменю і цэглы. Пробашчам тады быў кс. Францішак Пясцюк. 13 лістапада 1928 года Лідскі дэкан кс. Гіпаліт Баярунец асвяціў касцёл Перамянення Божага. У той час у склад Ваверскай парафіі ўваходзіла 86 мястэчак і вёсак. У1939 годзе парафія налічвала 8980 вернікаў. Таму сёлета яшчэ адзначаецца і 85-годдзе Ваверскага касцёла.
Часы камунізму не абмінулі парафію і касцёл. Кс. Севярын Янкоўскі, пробашч парафіі з 1939 года, у 1948 - 1954 гадах знаходзіўся ў савецкім лагеры. Пасля вызвалення прыняў парафію на гады 1955 - 1958. З 1958 па 1975 год у парафіі не было святара. У гэты цяжкі час мясцовыя ўлады прынялі рашэнне перарабіць храм у канюшню, а пазней - у склад для штучных угнаенняў. Аднак, па сведчанні мясцовых жыхароў, касцёл ніколі канюшняй не быў, проста стаяў пусты.
Парафіяне ратавалі храм, плацячы падаткі. Парафіянка Мальвіна Мікуц з Серафін разам з іншымі членамі парафіяльнага камітэта ездзілаў Маскву, каб не зачынялі касцёл. З 1975 года ў парафію ў Ваверцы прыязджаў кс. Юзаф Грасевіч з Каменкі, з 1983 па 1995 прыязджаў, а потым стаў пробашчам кс. Станіслаў Пацына.
З 1995 года парафіяй апякуюцца святары з Ордэна Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў: кс. Роберт Мазуркевіч, 1995 - 2000, кс. Фелікс Папялевіч, 2000 - 2012.
Галоўным адпустам у парафіі з'яўляецца Ўрачыстасць Перамянення Божага (6 жніўня). Яго папераджае 40-гадзіннае набажэнства. Яшчэ адным вялікім святам з'яўляецца ўрачыстасць Францішкі Рымлянкі (9 сакавіка). Вельмі папулярнымі ў парафіі з'яўляюцца ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Святога Юзафа, Святога Юрыя.
На працягу аношніх 20 гадоў, дзякуючы набожнасці і ахвярнасці вернікаў і дабрадзеяў, святыня набыла сённяшнюю прыгажосць, якая пабуджае да малітвы.
Парафія і касцёл у Вавёрцы перажылі цяжкія часы, але не страцілі духу набожнасці і веры сваіх продкаў, якія стагоддзямі на гэтай зямлі захоўвалі хрысціянскія традыцыі.
16 чэрвеня юбілейнае набажэнства ўзначаліў біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.
З высокапастаўленых гасцей трэба адзначыць Генеральнага абата Ордэна Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў з Італіі і правінцыяла ордэна з Польшчы. Прысутнічалі тры дзяканы і многія святары.
Дэлегацыю свецкіх уладаў ачольваў старшыня Лідскага райвыканкаму Аляксандр Астроўскі, былі старшыні сельсаветаў і кіраўнікі гаспадарак, размешчаных на тэрыторыі парафіі.
Набажэнства ішло ў асноўным на польскай мове, але ўсе звароты да ўладаў былі на беларускай або рускай мовах.
Усе словы ад прыхаджан агучваліся на літаратурнай беларускай мове. Добры прыклад падаў і старшыня Лідскага райвыканкаму, які сваё віншавальнае слова да біскупа пачаў на беларускай мове, перайшоў на рускую, вярнуўся зноў на беларускую, і ўсё гэта лёгка і нязмушана. У сваю чаргу завяршальнае казанне біскупа А. Кашкевіча было на літаратурнай беларускай мове.
Да 600-годдзя Ваверскай парафіі выдадзены каляровы буклет, які ўтрымоўвае гістарычныя звесткі, апісанне архітэктурных асаблівасцяў і мастацкага афармлення, а таксама спіс святароў, якія служылі ў Ваверцы:
1460, кс. Ян;
1537, кс. Ян Стшэмбаш;
1622, кс. Ян Хрызастам Ражнятоўскі;
1643 - 1649, кс. Адам Ліпніцкі;
1661 - 1677, кс. Ян Любатынскі;
1700, кс. Антоні Янушкевіч;
1739, кс. Дамасі Васілеўскі;
1739, кс. Юзаф Галэцкі;
1745, кс. Францішак Васілеўскі;
1762 -1791, кс. Андрэй Паўлоўскі;
1791-1792, кс. Пётр Чэрнік;
1792 - 1819, кс. Себасцьян Дамброўскі Sch.Р.;
1829 - 1836, кс. Юзаф Ларэнт;
1833, кс. Вінцэнт Кабылінскі;
1840 - 1848, кс. Людвік Паўловіч;
1848 - 1849, кс. Станіслаў Даўгяла;
1849 - 1863, кс. Раймунд Зямацкі (расстраляны публічна ў Вільні);
1893 - 1902, кс. Вінцэнт Раецкі;
1902 - 1911, кс. Ян Сахарко;
1910 - 1911, кс. Вінцэнт Юхневіч;
1911 - 1918, кс. Гіпаліт Маліноўскі;
1918 - 1930, кс. Францішак Пясцюк;
1930 - 1939, кс. ЯраслаўРакіцкі;
1939 - 1958, кс. Севярын Янкоўскі (на працягу 5 гадоў знаходзіўся ў зняволенні, у гадах 1955 - 1958 зноў з'яўляўся пробашчам парафіі);
1958 - 1975, не было святара;
1975 - 1983, прыязджаў кс. Юзаф Грасевіч;
1983 - 1995, кс. Станіслаў Пацына;
1995 - 2000, кс. Роберт Мазуркевіч, СRL;
2000 - 2012, кс. Фелікс Папялевіч, СRL;
2005 - 2012, кс. Андрэй Роўба, СRL, вікарый;
2012 - ... кс. Андрэй Роўба, СRL.