Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Агароднікі 


Аўтар: Кулеш Анатоль,
Дадана: 01-11-2013,
Крыніца: Лідская газета. № 125(12385) - 2013.



Вёска-спадарожніца на карце Лідчыны

I. Агароднікі: гісторыя з геаграфіяй

Сёння на маляўнічых берагах цудоўнай ракі - бацькі-Нёмана - раскінулася вялікая колькасць прыгажэйшых беларускіх паселішчаў: вёсак, сёлаў, пасёлкаў, гарадоў. Усе яны маюць свае, толькі ім уласцівыя каларыт і асаблівасці. Зараз хачу павесці гаворку пра адну з вёсак, што раскінулася ўздоўж правага берага Нёмана на шляху паміж гарадамі Лідай і Навагрудкам, Агароднікі.
На Лідчыне вёсак з назвай Агароднікі чатыры, а ў вобласці ды рэспубліцы і таго больш. І каб адрозніць адну ад другой, да асноўнай назвы дабаўляецца яшчэ дадатак. Напрыклад, Агароднікі Дзікушскія, Агароднікі Дубровенскія і г. д. Іншы раз дадаецца імя былога ўладальніка вёскі.
Ужо сама назва Агароднікі раскрывае галоўнае - гісторыю ўзнікнення паселішча. «Агароднікі» - вытворнае слова ад «агароднік» (той, хто вырошчвае агародніну). Агароднікі, пра якія ідзе гаворка, можна было б назваць «Агароднікі над Нёманам».
Калісьці, у эпоху прыгоннага права, у ВКЛ агароднікамі называлі сялян, якіх пасялялі на невялікіх надзелах зямлі непадалёку ад маёнткаў і прымушалі выконваць пэўныя сялянскія павіннасці на карысць тых магнатаў, што надзялялі іх зямельнымі надзеламі. Паводле «Уставы на валокі» 1557 года агароднікам давалі па 3 моргі зямлі (1 морг - 0,71 гектара) і засялялі ў вёскі па 10-20 двароў.
За атрыманыя надзелы агароднікі павінны былі адрабіць у землеўладальнікаў: мужчыны адзін дзень з канём і тыдзень без каня, а іх жонкі - 6 дзён за лета. Большая частка прыгонных займалася агародніцтвам, садаводствам. Адсюль і пайшла назва вёсак. Такой версіі паходжання назвы вёсак Агароднікі прытрымліваецца шмат хто з тапанімістаў Беларусі. Напрыклад, доктар геаграфічных навук В. А. Жучкевіч.
Версія гэта становіцца праўдападобнай на прыкладзе вышэйзгаданай вёскі над Нёманам. Раней, прынамсі, з пачатку XVIII ст. да 30-х гг. ХХ ст., на поўнач ад сённяшняга паселішча знаходзіўся маёнтак Вашкевічы. На ўзвышанай надпойменнай тэрасе Нёмана стаяў палац, пабудаваны гаспадаром маёнтка графам Салагубам. У канцы ХIХ ст. гэты маёнтак з палацам і ўсімі пабудовамі перайшоў у спадчыну графу Ленскаму. Граф Ленскі быў багаты і знакаміты. Акрамя маёнтка, ягоныя ўладанні шырыліся ад Дакудава да Беліцы ўздоўж Нёмана і вёскі Астроўна за Бярозаўкай да «Вялікай дарогі» (мабыць, Кацярынінскага тракту ВільняЛіда-Слонім).

II. Маёнтак і яго ўладальнікі

З часам Зянон Ленскі стаў адным з заснавальнікаў саматужных майстэрняў шкла ў Бярозаўцы, якія пазней расшырыліся і пераўтварыліся ў буйны шклозавод «Нёман», які сёння мае шырокую вядомасць і славу не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі.
Аднак сталася так, што, дажыўшы да галечы, Ленскі вымушаны быў прадаць частку маёнтка. Сядзібу з палацам выкупіў у Ленскага граф Ледухоўскі. Ды ненадоўга. Як вядома, Ледухоўскі быў заўзяты карцёжнік і гуляка. Граф вярнуўся з Вільні ў маёнтак, калі ўсё прайграў у карты і быў пазбаўлены сродкаў для існавання. Аднойчы ноччу ў палацы выбухнуў пажар. Ягоны гаспадар ледзь выратаваўся: выбег з палаючага будынка ў адной бялізне. Мяркуюць, што пажар учыніў сам гаспадар: у п'яным стане лёг спаць, не патушыўшы папяросу. Палац згарэў дашчэнту, ад яго не засталося і следу.
Не маючы сродкаў для жыцця, Ледухоўскі выставіў маёнтак на аўкцыён ужо без палаца.
У 1932 годзе сядзібу маёнтка разам з касцёлам, які стаяў побач, выкупіў у Ледухоўскага Адольф Чылек. Другую частку ён выкупіў у графа Ленскага і стаў адзіным паўнапраўным уладальнікам.
Цікавая гісторыя агародніцкага касцёла. Ён быў пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Петрунэлі, якога запрасіў у 1763 годзе мецэнат будоўлі граф Салагуб. Некалькі разоў касцёл цярпеў ад пажару. Пасля апошняга, у 1975 годзе, адноўлены ў чэрвені 2000 года. Рэстаўрацыйныя работы па яго адбудове вяліся па праектных дакументах Петрунэлі, якія захаваліся і былі знойдзены ў Гродзенскім абласным архіве.
Таму ўвесь вонкавы выгляд і ўнутранае ўбранства касцёла вельмі блізкія да першапачатковых. Рэстаўрацыйныя работы вяліся на працягу 5 гадоў. І былі закончаны да 26 чэрвеня 2000 года, да дня святых Яхіма і Ганны, імя якіх носіць касцёл.

III. Вятры рэвалюцыі над Агароднікамі

Нягледзячы на не такі працяглы час існавання вёскі, у Агароднікаў склалася даволі змястоўная гісторыя, а некаторыя іх жыхары сталі нават знакамітымі. У гістарычна важныя моманты яны аказваліся ў гушчы падзей. Сярод іх трэба адзначыць у першую чаргу Бондара Вікенція Антонавіча, братоў Германовічаў Кандрата Кандратавіча і Аляксандра Кандратавіча.
Бондар В. А. у Першую сусветную вайну разам з іншымі аднавяскоўцамі быў мабілізаваны ў рускую царскую армію. Быў на фронце, дзе і застала яго Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. Ужо ў самым пачатку Вікенцій Антонавіч перайшоў на яе бок. Служыў у адным з палкоў Пецярбургскага гарнізона. Удзельнічаў у абароне горада на Няве ад Юдзеніча. Па словах старэйшага брата Міхаіла Антонавіча, Бондар быў блізкі з К. Я. Варашылавым.
Аднак лёс яго склаўся трагічна. Доўгі час лічылі, што Вікенцій Антонавіч загінуў у выпадку няшчаснага здарэння. На самой справе ў час сталінскай «чысткі» ў Чырвонай Арміі сябры папярэдзілі, што заўтра яго арыштуюць. Бондар В. А. пакончыў жыццё самагубствам - застрэліўся. Быў ён тады на пасадзе камісара палка. Загадам № 156 ад 16 кастрычніка 1923 года ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Падобны шлях прайшлі і жыхары Агароднікаў браты Германовічы. У 1914 г., у самым пачатку Першай сусветнай вайны, Кандрат Кандратавіч быў мабілізаваны і таксама аказаўся на фронце. У 1917 годзе рашуча перайшоў на бок бальшавікоў. Ваяваў на Балтыцы, удзельнічаў у баі над Нарвай. У 1918 годзе полк, у якім служыў Кандрат Кандратавіч, быў перакінуты на поўдзень. Там давялося змагацца з Махно, штурмаваць Перакоп, удзельнічаць у баях за Растоў-на-Доне, Новачаркаск. У 1919 годзе ваяваў у Сібіры супраць Калчака. У 1922 годзе дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родныя мясціны. Праз шмат гадоў за заслугі ў барацьбе за савецкую ўладу (1967 год) быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Побач з ім паўтарыў свой баявы шлях і ягоны брат Аляксандр. Абодва браты апошнія гады свайго жыцця правялі ў роднай вёсцы Агароднікі над сівым Нёманам.

IV. Агароднікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Калі зазірнуць у гісторыю, то можна заўважыць, што войны як з'ява ў грамадстве ўзнікаюць не так і рэдка. Давялося чытаць, што са старажытных часоў да другой паловы XХ стагоддзя ў свеце адбылося 1413 значных войнаў, у якіх загінула 3,6 млрд. чалавек. Прайшло 20 гадоў, як скончылася Першая сусветная, пачалася Другая, яшчэ больш жудасная.
Вёска Агароднікі адной з першых у нашым раёне адчула пах пораху вайны. Ужо на золку 22 чэрвеня 1941 года над ёю загудзелі варожыя бамбардзіроўшчыкі, а з іх чэрава пасыпаліся на мост праз Нёман бомбы. Аднак ажыццявіць задумку фашысцкаму асу не ўдалося. Трапным стрэлам яго збіў старшы сяржант, які ў той час стаяў на варце маста. Быў гэта Кліменка Павел Іванавіч, хлопец з Палтаўшчыны, што на Украіне. Упаў збіты самалёт за Нёманам, побач з шасейнай дарогай ЛідаНавагрудак, дзесьці непадалёку ад таго месца, дзе сёння ўзвышаецца помнік загінуўшым палонным чырвонаармейцам.
Аднак мост усё-такі быў знішчаны. Яго адбудоўвалі ў першыя меся цы акупацыі савецкія палонныя і сагнаныя з навакольных вёсак жыхары.
На адбудове маста працавалі і мае старэйшыя браты - Валодзя і Косця. Лагер для палонных знаходзіўся тут жа, на той час у невялікім хмызняку, на левым беразе Нёмана пад адкрытым небам, і быў абнесены калючым дротам. Адносіны да жывёлы з боку вартавых былі лепшымі. Больш за ўcіx стараліся паліцаі. Пра ўсё гэта расказвалі мае браты, калі вярталіся дамоў.
У такіх жудасных умовах загінула 200 палонных. Ды хто іх тады лічыў!
Не абмінула бяда жыхароў вёскі ў гады ваеннага ліхалецця. Мабілізаваны на савецка-фінскую вайну Фёдар Каравайка дадому не вярнуўся - прапаў без вестак, 8 аднавяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, 2 - у партызанах, 6 чалавек былі забіт дома.

V. Сённяшні лёс вёскі

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны два ваюючыя паміж сабой бакі - Расія і Польшча нарэшце прыйшлі да згоды і 18 сакавіка 1921 года падпісалі ў Рызе мірны дагавор, паводле якога Беларусь была падзелена на дзве часткі. Усходняя засталася пад уладай Савецкай Расіі, заходняя адышла да Польшчы. Нягледзячы на тое што пад гэтым дакументам подпіcy прадстаўнікоў урада БССР няма, дагавор меў юрыдычную сілу.
Такім чынам, вёска Агароднікі аказалася пад уладай Польшчы ў складзе Ганчарскай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. Тады ў ёй пражывала 230 жыхароў. Ім належала 185 дзесяцін зямлі. Па перапісе насельніцтва 30 верасня 1921 года, засталося ўжо ўсяго 99 чалавек. I было 46 жылых пабудоў. Дзейнічала пачатковая школа, якая адносілася да Ганчарскай праваслаўнай царквы.
Значныя змены адбыліся ў вёсцы пасля 17 верасня 1939 года. Пасля амаль 20-гадовага польскага панавання заходнія вобласці былі далучаны да Усходняй Беларусі - БССР і СССР. На гэты раз Агароднікі ўвайшлі ў склад новай адміністрацыйнай адзінкі - Ганчарскага сельсавета Лідскага раёна Баранавіцкай вобласці. У дзяржаўных устано вах загучала родная беларуская мова. На ёй пачалі навучанне ў школах. У кіраўніцтва мясцовымі органамі ўлады былі выбраны прадстаўнікі ад народа. Працягнула сваю работу пачатковая чатырохкласная школа, якая бы ла адкрыта яшчэ ў 1897 годзе.
У 1940 годзе ў вёсцы ствараецца калгас, які назвалі імем «17 верасня» - вельмі важнай даты ў грамадскім жыцці заходніх беларусаў. Праіснаваў калгас да пачатку вайны. У 1941 годзе распаўся, адноўлены пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
Агароднікі сёння выгадна адрозніваюцца ад іншых вёсак. Тут няма такога рэзкага падзення колькаснага складу насельніцтва. Паспрыялі таму, па-першае, блізкасць да горада Бярозаўкі са шклозаводам, на якім да сённяшняга дня працуе большасць працаздольнага насельніцтва, па-другое, рака Нёман. Каму з заможных гараджан не захочацца мець на яе берагах, у гэтым цудоўным куточку прыроды, уласнае лецішча, дзе можна было б правесці водпуск ці нават вольны час?
Усё гэта, разам узятае, і забяспечыла Агароднікам больш спрыяльныя ўмовы існавання ў параўнанні з іншымі паселішчамі раёна, асабліва з «далёкай глыбінкай». Апошнія, скажам прама, выміраюць. На іх месцы сёння гуляюць вятры, завываючы ў камінах пакінутых хат у зімовую сцюжу.
Сёння ў вёсцы пражывае 140 жыхароў і налічваецца 71 сядзіба. Першая лічба, як вядома, мае тэндэнцыю мяняцца ў той ці іншы бок, таму можа аказацца не зусім дакладнай. Тым не менш гэта значна больш, чым у іншых вёсках, дзе няма і дзясятка чалавек.
***
Маё меркаванне: мы павінны захаваць вёску, чаго б нам гэта ні каштавала. І вось чаму: беларуская вёска - гэта тое грамадскае асяроддзе, дзе захаваліся карані нашага нацыянальнага этнасу: мова, народны эпас, традыцыі, абрады і ўвогуле культура народа. Усё гэта мае надзвычай вялікае значэнне сёння, у перыяд умацавання і далейшага развіцця нашай незалежнай, суверэннай дзяржавы.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX