У свой час я атрымаў вялікі збор (900 старонак) сканаваных дакументаў датычных маёнтак Бердаўка, якія, верагодна, належалі ўладальнікам гэтага маёнтка. Зараз гэты вялізны сшытак бердаўскіх дакументаў захоўваецца ў Львоўскай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаныка (як я разумею, гэта тое, што засталося ў Львове пасля пераезду Асаленіюма ў Уроцлаў). Расшыфроўкай гэтых дакументаў я займаўся каля 5 гадоў, і вынікам гэтай працы з'яўляецца наступны артыкул.
Заўважу, што ўсе дакументы ХVI - першай паловы ХVII ст. з Львоўскага архіва, на якія я буду спасылацца і цытаваць, напісаны на старабеларускай мове. У больш позні час яны былі перапісаны лацінкай, але не перакладаліся на польскую мову і такім чынам з'яўляюцца цудоўнымі ўзорамі старабеларускай лацінкі. Я пераводжу гэтыя тэксты з лацінкі ў кірыліцу, проста змяняючы літары, таму ў ніжэй прыведзеных тэкстах не будзе звычайных для старабеларускай мовы літар, якія зараз ужо не ўжываюцца.
Трэба яшчэ сказаць некалькі слоў пра формы напісання жаночых прозвішчаў і імёнаў у той час. Звычайна ў жаночым прозвішчы прысутнічае прозвішча мужа і бацькі кабеты. Часцей за ўсё, спачатку падавалася прозвішча мужа, далей - вытворнае ад яго імя, а таксама часам вытворнае ад iмя па бацьку мужа, далей - дзявочае прозвішча ці прозвішча першага мужа, толькі потым называлася ўжо ўласнае імя і імя па бацьку. Да гэтага часта дадавалася прозвішча другога мужа.
Першае гістарычнае згадванне Бердаўкі я знайшоў у 3-цім томе Метрыкі ВКЛ, у раздзеле «То сут книги, кому корол именья роздал», запісы якога зроблены паміж 1440 і 1492 гг. Вялікі князь ВКЛ і кароль надаў: «Ивашку Судимонътовичу десеть ч(о)л(о)вековъ а дворе на Бердовъци; а поведалъ на три сохи земли; и з жити, и с паробков, а на имя тымъ десятемъ ч(о)л(о)векомъ: Дрютус, Жинька а Кгойви, Чиждо а Матейко , а Яцъ , а иныхъ пять ч(о)л(о)вековъ» [1]. Адзначу, што, магчыма назва мясцовасці "Бердаўка" з'явілася раней чым маёнтак Бердаўка і дакуменце пералічаны першыя вядомыя нам жыхары гэтага населенага пункта.
На пачатку XVI ст. Бердаўка была часткай вялікага маёнтка Ліпнішкі, які трымаў у заставе Юры Іллініч. Гэты дзяржаўны дзеяч выдаткаваў свае грошы на дзяржаўныя патрэбы, і з-за гэтага ў 1522 г. вялікі князь, сярод іншай маёмасці, пажыццёва надаў маёнтак Ліпнішкі Юрыю Іллінічу: «1522, 10 марта. Привилей пану Юрью Ивановичу Ильиничу на держанье староства Берестейского и Лидского врядами до его живота, на которыхъ онъ суму пизе (пенязей) королю его милости опустилъ ... замокъ нашъ Лиду, и зъ дворцы нашими Белицою и Липънишками, мелъ онъ такежъ въ заставе, въ две тысячи золотых черленыхъ Угорскихъ. ... онъ, хотячи ся намъ, пану своему, заховати, тую пять сотъ копъ гроше на Берестьи и две тысячи золотыхъ черленыхъ Угорских на Лиде намъ спустилъ, и платовъ и доходовъ всихъ, которыи были ему заставили, намъ ся поступилъ, и билъ намъ чоломъ панъ Юрьи, абыхмо тыи замки нашы Бересте и Лиду дали ему въ держанье до его жывота. ... Ино мы, для таковое его къ намъ повольности, ижъ онх тыи сумы на тых замъкахъ намъ спустилъ, зъ ласки нашое, на его чолобитье, то вчинили, тыи замъки наши, Бересте и Лиду, и зъ Белицою и Липънишки дали есмо его милости въ держанье до его живота, маетъ онъ тыи замъки от нас держати, и платы и доходы зъ нихъ себе братии» [2].
У 1527 г. Бердаўка згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Старога і пасля смерці маршалка Юрыя Іллініча яна стала маёмасцю яго сына Станіслава, у Лідскім павеце Станіслаў атрымаў яшчэ і Прыдыбайлы: « ...его, п(а)ну Станиславу - замок Мир в повете Новгородском со всими дворцы, што к нему прислухаюит(ь): Жуховичы а Медъведичы, а Жеребъковичы, а Бретинки, а двор Бердовка и Придыбаловский дворец ...» [3].
Верагодна, менавіта пасля Іллінічаў вялікі і адзіны раней маёнтак пачаў распрадавацца па частках.
У 1529 г. Якуб Адамовіч, князь Гедройцкі, які меў маёмасць у Ліпнішках і Бердаўцы, прадаў за трыццаць коп частку сваёй маёмасці ў Бердаўцы, якую ён атрымаў ад маці, Мікалаю Сангялевічу (Миколаю Сонгеловичу, потым землі Сангайлы будуць неаднаразова фігураваць у дакументах маёнтка Бердаўка) і Ядвізе Алехнаўне (Ядвиге Олехновне) «правом вечным» [4]. У 1537 г. Ядвіга Алехнаўна прадала сваю частку маёнтка Бердаўка за «тридцать коп вечным правом» Гаштольду, які ў той час валодаў Геранёнамі [5].
З актаў падзелу маёмасці паміж сынамі Шымкі Мацкавіча (фундатара знакамітай Маламажэйкаўскай царквы) за 1536 [6] і 1545 гг. [7] бачна, што нейкай часткай Бердаўкі валодаў ці трымаў у арэндзе сам Шымка Мацкавіч а потым яго сын Калістрат [8]. Як ўбачым з ніжэй апублікаванага дакумента пад назвай «Рэестр спраў Кшыштафа Бердаўскага на яго … маёнтак Бердаўка» у другой палове ХVI ст. нашчадкі Шымкі Мацкавіча прадалі сваю частку маёнтка.
16 чэрвеня 1568 г. браты Беняш і Іван Валовічы ў Гародні падпісалі акт продажы «вечистое имення их Бердовки в повете Лидскомъ Калистрату Шимковичу Мацковичу». З акта бачна, што « отец ихъ небошчикъ панъ Иванъ» купіў «Бердовку, в Лидскомъ повете у пани Яновое Юревича Ильиничовое пани Гальшки Фредрушовны за осмъсотъ копъ грошеи монеты и личбы литовское». З дакумента даведваемся, што маёмасць Бердаўка ад Юрыя Іллініча перайшла да яго сыноў Яна і Шчаснага Юр'евічаў Іллінічаў [9] а потым да жонкі Яна Іллініча Гальшкі [10]. Гальшка Іллініч прадала маёнтак Івану Валовічу, сыны якога, у сваю чаргу, прадалі яго Калістрату Шымкавічу Мацкавічу - аднаму з сыноў фундатара Маламажэйкаўскай царквы Шымкі Мацкавіча. Таксама з дакумента бачна, што яшчэ Юры Іллініч з-за фінанасавых праблем, здаў Бердаўку ў заставу «свояку своему небошчику пану Шимъку Мацковичу, тивуну виленьскому, державцы ушъпольскому, пеняньскому и радуньскому, в певнои суме п(е)незеи». Заўважым істотны факт, што Шымка Мацкавіча быў сваяком Юрыя Іллініча. Пасля смерці Шымкі Мацкавіча, маёмасць знаходзілася ў заставе ў яго сыноў, а пасля падзелу сямейнай маёмасці паміж баратамі Шымкавічамі, застава на Бердаўку адышла да Калістрата Шымкавіча.
Браты Валовічы «в тые часы валечные» прыцягваліся «ку частымъ выправам на службы наши господарьские и земские военъные» і мелі патрэбу ў грашах. Таму яны патрабавалі ў «брата своего тетечного» Калістрата Шымкавіча грошы, якія той быў вінны яшчэ іхняму бацьку. Заўважым, што і Валовічы былі сваякамі Шымкавічаў [11].
У выніку Калістрат Шымкавіч стаў уладальнікам маёнтка Бердаўка: «И вжо ма еть его м(и)л(о)сть панъ Калистрат самъ и его малъжонъка, дети, потомки, щадъки, на следки кревные и близкие тое именье Беръдовку з дворомъ, з будованьемъ дворнымъ, з бояры, з людми тяглыми и зъ ихъ землями, службами и повинъностями, с челедю невольною, зъ землями пашными, зъ сеножатьми и зъ болоты, с пушчою, з боры, з лесы и заросльми, зъ ставы, з млыны и их вымелъками, зъ сажавками, зъ ставищи, з реками, речками и границами, з ловы зверынъными, пъташими и рыбными, з гоны бобровыми, з данью грошовою и медовою, и зо всими иншыми дяклы пашными и подачками, такъже зо всими и всякыми кгрунты, широ костью, властностью, обыходы и пожитками, яким кольвекъ назвискомъ поменеными, и зо всимъ на все от мала до велика, яко ся тое именье Бердовка с прылеглостями своими перед тымъ здавна мело и теперъ маеть, держати и вживати вечными часы навеки непорушно» [12], - вось люблю я чытаць дакументы на нашай старабеларускай мове!
Ёсць меркаванне, што ў ХVI ст. гэты маёнтак з'яўляўся радавым гняздом шляхціцаў Бердаўскіх, але ў дакументах мы не бачым Бердаўскіх сярод першых уладальнікаў а бачым, што былы вялікі маёнтак заўсёды меў шмат гаспадароў. Ніжэй мы прасочым за тым, як змяняліся ўладальнікі розных частак гэтага некалі вялізнага маёнтка.
Ад XVI і да пачатку XVII ст.
Паны Шункі
У 1542 г. землеўладальніца Лідскага павета Ганна Грышкоўна Хілімонавая запісала Ганне Сакураўне Шункавай трэццюю частку свайго маёнтка Бердаўка: двор з усімі землямі, якія да яго належаць (у Дубішках, Філіпках, Рудкаўшчыне і Зелянішках), а таксама сенажаці, лясы і г. д. [13]
З выпіскі з гродскіх кніг Лідскага павета бачна, што 5 жніўня 1577 г. «перад лідскім падстарастам Марцінам Юхновічам Сангіным (Сонкныном)» і «врадным» пісарам Паўлам Круневічам, землеўладальнік Лідскага павета Мацей Касоўскі (Матус Косовски) на «вечныя часы» прадаў «з свайго маёнтка бердаўскага» за 5 коп грошаў пану Станіславу Янавічу Шунку сенажаць над ракой Гаўя каля сяла Бурдукі, «которая сеножат пад рекой Гавиёю в коле под Селом Бурдукаму концом до реки Бердовки, а другим концом к сеножати его мыласты Яна Станислава Шунка» [14].
Згодна са спісам войска ВКЛ у 1565 г. «Матусъ Косовски ставилъ два кони … то естъ з дворъца Рекъстевского конъ, а доуги конъ з Беръдовки з имена женънего» [15]. Як бачым, Мацей Касоўскі валодаў маёнткам Рэксці, а Бердаўку атрымаў у пасаг. У спісе войска 1567 г. паведамляецца, што «Матысъ Косовский самъ служитъ пану Калистрату Шимкавичу, з ымений своихъ Бердова а Рекстевсого выслалъ слугъ, клячи 2 ... з рогати» [16].
Верагодна, вёска Касоўшчына - былая маёмасць Касоўскіх.
Дадам, што ў спісе войска ВКЛ ад 1567 г. узгадваецца нейкі «Янъ Мицковичъ з Бердовки, кляча, рогати», а таксама Ганна Копцева з маёнтка Бердаўка, якая пасылала ў войска слугу Матыса, Сцяпан Паўловіч з маёнтка Берадаўка, Шчасны Стацкевіч з Бердаўкі, Павел Аляхновіч з маёнтка Бердаўка, Ян з Бердаўкі Пятровіч, Юзаф (Езофъ) Міклашэвіч з вёскі Бердаўка, «самъ служитъ бискупу Виленскому, выслалъ слугу Станислава Матеевича» [17]. Магчыма, усе яны адносна небагатыя шляхціцы, якія валодалі нейкімі надзеламі зямлі ў Бердаўцы. А таксама больш заможныя «Михайло Скипоровъ з ыменья Бердовки ставил конь зброй., пнцр.» [18] і «Андреева Войніловича, хорунжиная Новогородская ... з Бердовки в Лидскомъ повете конь, то есть кони 2 зброй., пнцр» [19].
У 1589 г. Міхал Станіслававіч Шунка (сын Станіслава Янавіча і Ганны Шункаў) ад свайго імя і ад імя свайго малодшага брата Юрыя прадаў сваю частку зямлі з маёнтка Бердаўкі і «зямлі Сангайлаўскай» землеўладальніку Лідскага павета Івану Іванавічу Альшэўскаму [20].
У 1591 г. гаспадарскі землеўладальнік Наваградскага павета Кшыштаф Цяпрынскі падаў позву ў Лідскі гродскі суд на Міхала Станіслававіча Шунку з-за кражы Шункавымі падданымі бабровых залозаў [21]. Як бачым, тое што зараз мае назву «бабровы струмень» выкарыстоўвалася і нашымі продкамі.
У тым жа 1591 г. у земскім судзе была ўзбуджана судовая справа паміж Іванам Альшэўскім і ўладальнікам часткі маёнтка Бердаўка Міхалам Станіслававічам Шункам. З позвы ў суд даведваемся, што землеўладальніца Лідскага павета Ганна Грынкоўна Хілімонавая «да рук сваих взела» ў Міхала Сакура (здаецца, прадзеда Міхала Станіслававіча Шункі) сто коп літоўскіх грошаў і запісала гэтыя грошы пасля сваёй смерці Міхалу Сакуру і яго матцы Ганне Сакураўне на дзвюх частках маёнтка Бердаўка з дварамі ў Дубішках, Цяглішках, Руткоўшчыне і на Зелянішках. За гэта яна вольна жыла ў маёнтку да сваёй смерці. Пасля смерці, маёмасць «безправна, свавольна» забрала сабе Ганна Сакураўна Шункавая [22].
З наступнай позвы ў суд даведваемся, што сваю трэццюю частку маёнтка Ганна Грынкоўна Хілімонавая аддала «от блиских Кревных й Повиноватых своих ... Пану Ивану Ольшевскому» [23]. Сітуацыя цалкам заблыталася, і толькі праз суд Шункі маглі падзяліць маёмасць з Альшэўскімі, пра якіх я трошкі раскажу ў наступным раздзеле.
Цікавым дакументам з'яўляецца копія «права вечыстага прадажнага ад ЯВп Юрыя Шункі ЯВп Міхалу Шунку на маёмасць Бердаўка», згодна з дакументам, у 1604 г. Юры Шунка прадаў «над речкой Бердовкой» маёмасць свайму брату Міхалу за 2000 коп літоўскіх грошаў. У сваю чаргу Юры Шунка атрымаў сваю частку маёнтка «по брату нашом розоному, небошчыку» Станіславу Станіслававічу, які не меў дзяцей. У дакуменце згадваецца былы гаспадар маёнткаў Гаўя і Сонтакі ў Ашмянскім павеце Ян Янавіч Чаховіч, ён жыў у той час, калі яшчэ жыла маці вышэй згаданых братоў Шунак - Ганна Сакураўна Шунквая [24].
У лістападзе 1609 г. адбыліся сутычкі паміж уладальнікамі маёнткаў Бердаўска і Жыжма. З судовай справы паміж лідскім харунжым Міхалам Шункам, уладальнікам маёнтка Бердаўка і Мартынам Шымановічам Чаплінскім, уладальнікам маёнтка Жыжма, можна зразумець, што людзі Чаплінскага напалі і збілі сялян вёскі Сліжы, якая належала маёнтку Бердаўка, а людзі Шункі наўзамен напалі на вёску Гімбуты з маёнтка Жыжма [25].
У 1611 г. Юры Станіслававіч Шунка запісаў свайму брату Міхалу Шунку 200 коп літоўскіх грошаў [26]. У 1614 г. другая жонка Міхала Шункі Крысціна з дому Зенавічаў, адпісала мужу суму ў 600 коп літоўскіх грошаў [27]. З позвы ў суд ад 1620 г. бачна, што Юры Станіслававіч Шунка з другой сваёй жонкай Геленай Андрэеўнай валодалі яшчэ і маёнткам «Дабровице в повеце Ошмянском» [28].
Як бачым, у канцы XVI-XVII ст. частка маёнтка Бердаўка пачала канцэнтравацца ў руках Міхала Шункі. Пасля яго смерці, маёмасць Міхала Шункі перайшла да яго дачкі Барбары і сыноў Гераніма і Яна. Надзвычай цікавы інвентар маёнтка Бердаўка Шункаў таго часу я падаю ў дадатках.
З інвентара бачна, што Шункі жылі ў хаце, якая палілася па-беламу і мела 2 шкляныя акны. З мэблі ў хаце стаялі: шафа, стол, зэдль і 2 лавы. Каля хаты меўся бровар, які адначасова з'яўляўся лазняй. Гэты будынак меў 2 аддзелы - піўны і гарэлачны [29]. За брамай пры гасцінцы стаяў «пусты стаў з млынам» і 5 сажалак. Маёнтак меў капліцу, якую, падобна, ніхто не наведваў, «у капліцы алтар, тры лаўкі, дзверы забіты». Магчыма, капліца была рыма- ці грэка-каталіцкай, а Шункі маглі быць пратэстантамі, але гэта толькі гіпотэза. Акрамя шматлікіх гаспадарчых пабудоў Шункі мелі сваю пякарню [30]. Маёнтку належалі вёскі Меляшы і Сліжы [31].
У 1636 г. «Барбара Міхайлаўна Шункоўна, харужанка Лідскага павета і Яновая Быкоўская» разам з мужам Янам Самуілавічам Быкоўскім прадалі нейкую частку маёнтка Бердаўка лідскаму земскаму суддзі Самуілу Кунцэвічу [32]. Харунжыч Геранім Міхайлавіч Шунка разам са сваёй жонкай Мар'янай Янаўнай ад сябе і ад імя брата Яна Міхайлавіча Шункі ў 1642 г. прадаў сваю частку маёнтка Аляксандру Пуцяце [33]. У 1643 г. маёмасць праз суд была падзеленая паміж Пуцятам і Шункамі [34]. У 1644 г. Ян Шунка «застаўным правам», г. зн. у арэнду, за 120 коп літоўскіх грошаў узяў у Аляксандра Пуцяты трох падданых (сялян) з вёскі Меляшы. Гэтыя сяляне жылі «на паўвалоках» і зваліся: Захар Сілевіч, Герасім Гутаровіч, Іван Трухла. Арандаваны яны былі з «жонкамі, дзецьмі, з быдлам і павіннасцямі, пачынаючы з рымскага свята Святога Юрыя» [35]. Як бачым у першай палове XVII ст. беларускія сяляне ўжо маюць прозвішчы.
З копіі позвы ў суд у справе ЯВп Яна Быкоўскага з ЯВпп Шункамі (1641 г.) даведваемся пра сямейныя праблемы Шункаў. Яшчэ раз адзначу, што гэты цікавы тэкст напісаны на старабеларускай мове і потым перапісаны лацінкай, але я падаю яго ў перакладзе на сучасную беларускую мову: «Ад караля польскага і вялікага князя ВКЛ Уладзіслава IV … харунжычам Лідскага павета ЯВпп Гераніму і Яну Міхайлавічам Шункам і … землеўладальнікам Лідскага павета … пану Яну Быкоўскаму … і яго жонцы пані Барбары Шункоўне, лідскай харужанцы … праз бацьку ваша родная сястра, як уласна актарка, доводзіць, што: нябожчыца пані Зоф'я Кунцэвічоўна, наваградская падкамаранка Міхайлава Шункова, першая жонка (Міхала Шунка - Л. Л.), памерла 17 кастрычніка 1594 г. Яна сваім ліставым запісам прызначыла суму ў тысячу коп літоўскіх грошаў, якія мела на заставе маёнтка Бердаўка ў Лідскім павеце … Палову з гэтых грошай - 500 коп, сваім запісам яна падаравала дачцэ Кацярыне … Пасля смерці жонкі і маці (Барбары - Л. Л.) , нябожчык лідскі харунжы … тую суму ў 500 коп прызначыў двум сваім дочкам - пані Марыне Касоўскай і … пані Барбары Быкоўскай» [36].
Як бачым, грошы, якія павінна была атрымаць толькі дачка ад другога шлюбу Кацярына (па мужу Касакоўская) харунжы перапісаў на дачок ад першага шлюбу Барбару і Марыну.
Таксама, сёстры павінны былі атрымаць 400 коп грошаў ад іх бабулі Барбары Аўсянаўны Андрэевай Мантоўтавай. Далей у дакуменце: «Пан Міхал Шунка, лідскі харунжы і ваш бацька сваім тастамантам адабраў тую суму ў 400 коп літоўскіх грошаў ад ЯВп Самуэля Кунцэвіча, лідскага земскага суддзі, і праз запіс на маёнтак Бердаўка, перадаў сваім дочкам ад першага шлюбу» [37].
У гэтым дакуменце апісаны спосаб перадачы позвы ў суд: «каб перадаць … землеўладальніку Лідскага павета позву, маючы яе пры сябе, … два шляхціцы, паны Пётр і Павел, сыны Крыстафа, … прыехалі ў двор маёнтка Бердаўка Шункоўскіх - на частку, якая яму належыць, на старую сядзібу, дзе перад гэтым тая позва была парваная. Гэтая позва была ўваткнутая ў вялікія ўязныя вароты, што мог бачыць вартаўнік гэтай старой сядзібы …» [38].
Міхал Шунка з 19 лютага 1605 г. па 2 лютага 1627 г. быў харунжым Лідскага павета [39]. Таму, можна выказаць здагадку, што да Бердаўкі Шункоўскіх у тым ліку належала і вёска, якая сёння мае назву Харужаўцы. Пры канцы XVIII ст. Харужаўцы належалі Лідскім кармелітам, шлях ад Лідскага касцёла да гэтай вёскі апісаны наступным чынам: «на летні ўсход наўпрост цераз раку Лідзейку і малы альховы гай - дзвесце пяцьдзесят крокаў, кругом цераз грэблю і мост, якія праз дзве тысячы крокаў ад вёскі, каля чвэрці мілі» [40](адлегласць пададзена заблытана - Л. Л.)
Паны Альшэўскія
Як і належыць паміж «добрымі суседзямі», ужо ў 1590 г. адбыўся судовы працэс - позва ў суд была выпісана ад імя лідскага старасты Яна Абрамовіча «Земенину господарскому Повета Лидзкого Пану Олехну Богдановічу Руцкаму й Малжонцы яго Ганне Здановне Бердовской й сыну их Яну Олехновічу Руцкому». На Руцкіх скардзіліся ЯВп Іван Іванавіч Альшэўскі і ЯВп Ян Пятровіч Бердаўскі. Справа ў тым, што 12 ліпеня 1590 г. паны з маёнтка Бердаўка разам са сваёй дворнай чэляддзю захапілі сенажаць, якая ляжала ва ўрочышчы «Болото на Греде». Тая сенажаць знаходзілася паміж уладаннямі паноў Алехны Руцкога, наваградскага харунжага Кірыла Андрэевіча, Івана Альшэўскага (які жыў у Зелянішках) і Каспра Даўгірда. ЯВп Алехна Руцкі «гвалтовна» скасіў сена «на пять возов» і «згроб» яго праз мяжу на сваю зямлю. Тое самае паўтарылася і 17 ліпеня, але ўжо ва ўрочышчы, якое ляжала каля Ясеневага гаю [41].
У 1591 г. Іван Альшэўскі атрымлівае дакумент на валодання «вечыстым правам» трэцяй часткай Бердаўкі і зямлі з «лясамі лоўскімі» [42].
У 1620 г. кароль Жыгімонт ІІІ паслаў сваіх рэвізораў, каб тыя вярнулі Геранёнскаму староству землі, забраныя суседнімі маёнткамі [43]. 2 верасня Іван Альшэўскі атрымаў ад каралеўскага рэвізора ліст, у якім паведамлялася пра новыя, удакладнёныя межы яго маёнтка Бердаўка [44].
Паны Бердаўскія
У 1533-1555 гг. Лідскім харунжым быў Станіслаў Наркавіч (ці Наркевіч) Бердаўскі [45]. Згодна са спісам войска ВКЛ у 1565 г. «Якуб Бордовски» (верагодна, усе ж Бердаўскі - Л. Л.) у Лідскім павеце выстаўляў два кані [46].
Далей, храналагічна, мы ведаем пра існаванне двух братоў - Пятра і Сцяпана Бердаўскіх (гл. ніжэй).
У 1591 г. уладальнікі розных часткаў маёнтка Бердаўка на рацэ Хвашчоўцы вырашаюць разам прадаць свае часткі Яну Пятровічу Бердаўскаму. Былыя ўладальнікі: Мартын Мікалаевіч Якубовіч, Себасцян Мікалаевіч, Мікалай Сташыс Львовіч Ёдка, Мартын Янавіч Тубялевіч, Ясь Шчэпанавіч Шналжэвіч [47]. У 1595 г. Ян Пятровіч Бердаўскі і Іван Альшэўскі дамаўляюцца паміж сабой аб падзеле Янгутоўскай пашы і сенажаці над ракой Хвашчоўкай [48].
Яшчэ ў 1592 г. Войцэхавая Марыся Пятроўна (верагодна сястра Яна Пятровіча Бердаўскага) прадала сваю частку маёнтка Бердаўка (якая ёй дасталася ад маці) Васілю Волкаву, гэта частка маёнтка ляжала над рэчкай Бердаўкай [49]. Верагодна, ад гэтага Волкава паходзіць назва вёскі Воўкаўцы.
Цікава прасачыць за суседскімі спрэчкамі паміж Янам Бердаўскім і Іванам Альшэўскім. 12 кастрычніка 1596 г. у Лідскім гродскім судзе слухаецца справа аб гвалтоўным адабранні сена Янам Пятровічам Бердаўскім у Івана Іванавіча Альшэўскага на Сангалаўскіх лугах і аб маёмасным праве на гэтыя лугі [50].
1 жніўня 1599 г. суд вырашыў гэту маёмасную справу. З дакумента даведваемся, што «сенажаці, лясы, зараслі і дубравы на Сангайлаўскай зямлі» былі супольна купленыя Янам Бердаўскім і Мікалаем Якубовічам у Ганны Сангайлаўны. Покуль жыў Мікалай Якубовіч, праблем не было. Яго сын Стас Мікалаевіч (пэўна, вышэйзгаданы Мартын Мікалаевіч Якубовіч - яго брат і сын Мікалая Якубовіча), якога называюць у дакуменце Немчыноўскі (можа вучыўся ў Германіі?) у 1589 г. прадаў сваю частку Сангайлаўскай зямлі Івану Альшэўскаму, які ўжо валодаў той часткай маёнтка, якая раней належала Міхаілу Станіслававічу Шунку. Ян Бердаўскі не знайшоў паразумення аб былой супольнай маёмасці з новым гаспадаром. У выніку Сангайлаўскія землі падзяліў суд і з дакумента падзелу даведваемся, што Сангайлаўская зямля акрамя надзелаў Яна Бердаўскага і Івана Альшэўскага, межавала яшчэ і з зямлёй Мікалая Руцкога. З гэтага ж дакумента даведваемся што жонку Яна Пятровіча Бердаўскага звалі Дарота Пятроўна з Аляхновічаў. Магчыма, яна паходзіла з роду тых самых Аляхновічаў - адных з першых гаспадароў часткі былога вялікага маёнтка Бердаўка [51].
13 снежня 1599 г. ужо Ян Бердаўскі выклікаў Альшэўскага ў Лідскі гродскі суд, бо «Року теперешнего 1599 месеца Декабря 10 дня у Чэтвер, Ты Иване Ивановичу Ольшевски не ведома для которое прычыны Сам Особове с своими уж многими Слугами й Поддаными своими, … гвалтом напал на яго власны отчызны Имения яго в Повеце Лидским лежачого, прозываемого Бердовским, у рошчысчом Нагрудок». Альшэўскі забраў сабе лес - урочышча Нагрудак, якое Бердаўскі лічыў сваім. З апісання, бачна, што гэты лес ляжаў паміж маёнткамі: харунжавай наваградскай Андрэевай Клюкоўскай, Яна Мар'яна і Яна Янавіча Бердаўскага і балотам Алехны Багданавіча [52].
20 лістапада 1607 г. ураднік князя Пятра Жыжамскага Матыс Карчэўскі з падданымі «гвалтом наехал» на дом Яна Бердаўскага і «взял скрыню», у якой было 400 коп грошаў і розныя паперы. З позвы ў суд даведваемся, што жонку Яна Бердаўскага звалі Ева Стаміраўсчанка. Сярод тых, хто разбіраў гэту судовую справу фігуруе «Станислав Каспорович Войшвил, Возны Повету Лидзкого» [53].
З прадажнага ліста часткі маёнтка ад 1614 г. мы даведваемся, што пасля смерці Сцяпана Бердаўскага (верагодна, брата Пятра Бердаўскага) маёнтак быў падзелены на роўныя часткі паміж 4-ма братамі: Янам, Эзопам, Кшыштафам і Станіславам. Гэты дакумент фіксуе продаж Станіславам Сцяпанавічам Бердаўскім сваёй 4-й часткі маёнтка брату Кшыштафу Сцяпанавічу Бердаўскаму і яго жонцы, Мар'яне Матысоўне Вербушанцы, за сорак коп літоўскіх грошаў: «… тая чацвертая част моя того имения Бердовского сама в собе мает ... селишчом дворным, огороды овошчовоми, хмелёвыми, погноями, польми простыми, выгонами, сенажатми мурожными й болотными, гаями, лесами й всякими зарослями з рэкамі …» [54]. Тым не менш, 17 снежня 1636 г. у лідскім гродскім судзе адбыўся судовы працэс, падчас якога разбіралася законнасць валодання Кшыштафам Сцяпанавічам Бердаўскім часткамі маёнтка Бердаўка, якія належалі яго памерлым братам Станіславу і Юзафу Бердаўскім [55].
У 1628 г. «на рымскае свята тры каралі» гаспадарскі землеўладальнік Лідскага павета пан Альбрыхт Янавіч Шчэпановіч Бердаўскі (сын Яна, унук Сцяпана) прадаў свайму дзядзьку Кшыштафу Бердаўскаму і яго жонцы Магдалене сваю частку маёнтка над рэчкамі Хвашчоўкай, Лапенкай, Бердаўкай. Падаю ў перакладзе на сучасную беларускую мову: «… маёнтак застаўся мне ад майго бацькі, нябожчыка пана Яна Шчэпанавіча Бердаўскага. Адну частку ён купіў у свайго роднага брата пана Кшыштафа Шчэпановіча Бердаўскага, а другую частку мой бацька запісаў сваёй жонцы і маёй маці пані Гальшцы Валянцінаўне з Скарновічаў, яна павінна была атрымаць яго пасля смерці мужа. … З-за таго, што мне вельмі патрэбны грошы, частку свайго бацькі прадаю гаспадарскаму землеўладальніку Лідскага павета Кшыштафу Бердаўскаму і яго жонцы пані Мар'яне Матысаўне Вербушанцы за 130 коп літоўскіх грошаў» [56].
У 1636 г. Кшыштаф Сцяпанавіч Бердаўскі судзіўся за дзве пусташы, якія ляжалі недалёка ад яго маёнтка [57].
Ад пачатку XVII і да XVIII ст.
Недзе ў 1630-я гг. Іван Альшэўскі прадаў сваю частку маёнтка Бердаўка Мікалаю Гудзічэўскаму і яго жонцы Барбары Чахавічоўне за 180 коп літоўскіх грошаў. У 1630-м годзе Гудзічэўскі прыкупіў яшчэ частку маёнтка ў нейкага Прушэўскага, асобы, якая да гэтага часу не фігуравала ў дакументах, якія я маю [58]. У 1635 г. Мікалай Гудзічэўскі судзіўся з падканцалярынай ВКЛ Сапегай, старасцінай Геранёнскай і Ліпнішскай, за крыўды, якія яму зрабіла Ліпнішская вёска Бялюшы [59]. Суд «аб забранні зямель і лясоў Ліпнішскімі падданымі ў Бердаўцы Гудзічэўскага» працягваўся і ў 1636 г. [60]
У зборніку дакументаў, якім я карыстаюся, прысутнічае «Выпись по прошению для действительного тайного советника и разных орденов кавалера графа Ильи Андреевича Безбородко из книг литовской метрики под № 14», зробленая ў 1800 г. З дакумента часоў караля Уладзіслава IV бачны працяг справы з падканцалярынай «... Мікалая Гудзічэўскага з Лукашом з Бніна Апалінскім, маршалкам вялікім каронным і з Соф'яй з Зурова Данілавічоўнай, былой падканцалярынай ВКЛ, а зараз маршалковай (жонкай) аб прыналежнасці вёсак Жэбнішкі, Дубішкі, Шабішкі і Грудзішкі да маёнтка Бердаўка» [61].
Як бачым, праблемы ўсталявання межаў з Ліпнішскай маёмасцю вырашаліся не проста. З апошняга дакумента зразумела, што судовым апанентам Гудзічэўскага была 4-я жонка падканцлера вялікага літоўскага Паўла Стэфана Сапегі (1565-1635) Соф'я з Даніловічаў, з якой падканцлер ажаніўся ў 1630-м г., за 5 гадоў да смерці. Чацвёртая жонка перажыла мужа і сама пахавала яго ў Гальшанскім касцёле францішканаў. Як бачым з дакумента, у сваім другім шлюбе яна была другой жонкай кароннага маршалка Лукаша Апалінскага (1581-1654).
У 1638 г. быў складзены цікавы дакумент: «Рэестр спраў (дакументаў) пры продажы Бердаўкі ад Кшыштава Бердаўскага Гудзічэўскаму. 4 мая 1638 г.». З гэтага дакумента, становіцца зразумелым, што жонка Мікалая Гудзічэўскага была дачкой Яна Янавіча Чаховіча (ад гэтых Чаховічаў, магчыма, паходзіць назва вёскі Чэхаўцы ці Чахаўцы), уладальніка Гаўі і Сантакоў у Ашмянскім павеце. З гэтага дакумента таксама даведваемся пра ўладальнікаў частак былога адзінага маёнтка Бердаўка, людзей, якія раней не фігуравалі ў іншых дакументах. З-за цікавасці прыводжу тэкст дакумента амаль што цалкам:
«Рэестр спраў Кшыштафа Бердаўскага на яго … маёнтак Бердаўка … які мы прадалі ЯВ пану Гудзічэўскаму і яго жонцы ЯВ пані Барбары Чаховічоўне Мікалаевай Гудзічэўскай … 1638 г.
А. 1. Ліст на пергаменце стары, прадажны, Багдана Ігдзеявіча Антонавіча і яго жонкі Магдалены пану Пашку Мікалаевічу Багатыровічу на землі за лесам на 20 бочак, а за лясной сенажаццю на 40 бочак.
D. 7. Прадажны ліст Магдалены Багданавай, жонкі (Багдана Ігдзеевіча) і яе дачкі Ганны пану Мікалаю Багатыровічу зямлі на 6 бочак, 1531 г. 12 жніўня.
С. 3. Прадажны ліст Мікалая Кумавідавіча пану Мікалаю Багатыровічу зямлі на 6 бочак за 2 капы грошаў. Года няма.
D. 4. Ліст Янкі Кунцэвіча і яго жонкі Барбары аб продажы гарода на чатыры бочкі і сенажаці пану Мікалаю Багатыровічу за пяць коп і дзесяць грошаў. Года няма ….
Е. 5. Ліст запісу Мацковай, які належыць Пашку Багатыровічу. Года няма.
F. 6. Ліст прадажны пані Мацковай Трэміковічавай на шэсць ніў пану Паўлу Мікулічу (верагодна назва вёскі Мікулічы з'яўляецца патронімам ад гэтага прозвішча - Л. Л.). 1564 г.
G. 7. Ліст Ярака Касцевіча, а таксама яго жонкі і дзяцей на зямлю ў заставу пану Пашку Мікулічу Багатыровічу. За 60 грошаў. Даты няма.
Н. 8. Ліст Кахны Мацковай [62] і яе дачкі … аб продажы зямлі Пашку Мікулічу. Даты няма.
J. 9. Ліст ... Яновіча ад продажы Пашку Мікулічу.
К. 10. Ліст прадажны ад пана Станіслава Бердаўскага пану Кшыштафу Бердаўскаму ў 1614 г.
L. 11. Выпіс прызнання ... згодна з выракам.
N. 12. з ... права, 1636 г.
N. 13. Выпіс з інтрамісіі [63] 1625 г.
O. 14. Ліст … пана Юзафа Бердаўскага аб продажы пану Яну Бердаўскаму, 1625 г.
Р. 15. Выпіс прызнання і продажу ад пана Альбрэхта Бердаўскага, арыгінала няма.
R. 16. Інтрамісія гэтага права.» [64]
У 1646 г. Лідскі гродскі суд разглядаў скаргу Яна Бердаўскага на некага Яна Рамушкевіча, які ледзь не забіў яго жонку Зоф'ю Бердаўскую: «Ян Рамушкевіч, які ні маёмасці, ні службы не мае, … у гэтым 1646 годзе, 28 верасня пакрыўдзіў Яе міласць пані Бердаўскую і яе работнікаў … якія працавалі на ярыне … перад дваром Іх мосцей Бердаўкай … зараз каля брамы пры гасцінцы, які ідзе з Ліды да Ліпнішак. Гэты Рамушкевіч невядома ад каго і куды па тым гасцінцы ехаў і будучы чалавекам нецвярозым, з нечай намовы ці па сваёй задуме, без ніякай да таго прычыны і нават не ведаючы Бердаўскіх, замест добрых словаў, якія паспалітыя прызвычаіліся казаць, ён, не паважаючы гонару Яе міласці як сапраўднай шляхцянкі і жанчыны, … найперш самымі брыдкімі словамі, якія сорамна тут напісаць, яе аблаяў, а потым павярнуўшы з гасцінца да хаты пані Бердаўскай з пісталетаў пачаў страляць і ледзь у яе не патрапіў. Пасля гэтага пачаў ганяцца па полі за жанчынамі…» [65].
Ва ўсе часы алкаголь не даводзіў да дабра, але, на жаль, мы не ведаем чым закончылася гэтая справа.
Невядома як частка маёнтка Бердаўка патрапіла да Вайніловічаў (ужо ў 1567 г. згадваецца «Андреева Войніловича, хорунжиная Новогородская.» гл. вышэй), але 6 студзеня 1651 г., навагрудскі землеўладальнік Андрэй Вайніловіч прадаў Бердаўку Кір'янаўскую-Вайнілоўшчыну, якой валодаў пасля падзелу маёмасці з сваім братам Станіславам (у 1651 г. Станіслаў ужо нябожчык) пасля смерці іх бацькі Себасцяна Кірыянавіча Вайніловіча (зразумела, што адкуль узялася назва вёскі Кір'янаўцы) і маці Марыны Палонскай (Марына Палонская была сястрой Ганны - жонцы Яна Быкоўскага, які таксама валодаў нейкай часткай Бердаўкі), Данелю Казіміру Пракаповічу і яго жонцы Кацярыне Быкоўскай [66]. Бердаўкай Кір'янаўскай ці проста Кір'янаўцамі Пракаповічы валодалі з 1651 па 1784 гг., калі Караль Пракаповіч (праўнук Данеля) прадаў Бердаўку.
У 1675 г. Юзаф Бердаўскі прадаў сваю частку маёнтка Яну Бердаўскаму [67].
У 1690 г. па 1 дыму ў Бердаўцы мелі: удава Паўла Руцкога (імя няма), Кшыштаф Стацкевіч, Алена Адамаўна Руцкая, Міхал Руцкі [68].
Ежы Тэадор Пракаповіч, каморнік і скарбнік Лідскага павета разам з сваёй жонкай Ганнай з Глінских 25 красавіка 1704 г. узялі пазыку ў памеры 70 талераў у харунжага Францішка Масявіча і земскага пісара Міхала Катла. За гэту суму яны аддалі дзве сялянскія сям'і з маёнтка Бердаўка і аднаго селяніна з мястэчка Баруны. 14 лістапада 1737 г. кароль Аўгуст ІІІ надае Ежы Тэадору Пракаповічу тытулы лідскага каморніка і скарбніка а таксама маёнтак Бердаўка за адданую службу [69].
Уладальнікамі маёнтка Бердаўка Кір'янаўская былі браты Юзаф (памёр каля 1761 г.) і Ежы Тэадор Пракаповічы. У 1766 г. Тадэвуш Пракоповіч (сын каморніка Ежы Тэадора) за 6 000 злотых прадае палову свайго наследнага фальварка Бердаўка Кір'янаўская і раней купленую ім частку фальварка Букатаўшчына Ігнату Мысліцкаму і яго жонцы Тэрезе з Нарбутаў [70].
У 1775 г. маёнткам Бердаўка Гудзічэўская (ці Гудзічэўшчына) валодае ЯП Ігнат Мысліцкі, маёнтак складаецца з вёсак Бакуны (7 дымоў), Дубішкі (2 дымы) і Кір'янаўцы (2 дымы) [71]. У 1784 г. лідскі ротмістр Мысліцкі таксама валодае фальваркам і вёскай Кір'янаўцы, «на ўсход, узімку дзве з чвэрцю мілі (ад Лідскага касцёла - Л. Л.), трохі далей карчма Бродава таго ж пана» [72].
Маёнткам Бердаўка Кір'янаўская ў 1775 г. валодае ЯП Караль Пракаповіч (сын Юзафа), у яго Кір'янаўцах - 2 дымы [73]. У дакуменце лідскага земскага суда ад 6 ліпеня 1791 г. фігуруюць сын Караля Міхал Пракаповіч разам з Францішкам Руцкім (сын Мацея Руцкога) і арандатарам маёнтка Бердаўка Эльяшам Жаўкоўскім [74].
З дакументаў 1740-х гг. бачна, што вёскай Касоўшчына - часткай былога адзінага маёнтка Бердаўка, валодаў лідскі падчашы Якуб Вільбік [75]. У 1743 г. Якуб Вільбік пацвердзіў дамову аб арэндзе маёнтка Бердаўка Гудзічэўская з ЯВ ксяндзом Эльяшам Масевічам (прыёрам кармелітаў з мястэчка Засвір, доктарам сакральнай тэалогіі). Першая дамова аб гэтай арэндзе была падпісана ў 1721 г. і ўключала ў сябе арэнду не толькі Бердаўкі Гудзічэўскай, але і Бердаўкі Мураванай [76]. Але пасля судовага разбору, у 1745 г. Вільбік даў распіску прыёру Масевічу, што ён «не мае аніякіх прэтэнзій на маёмасць, якая мае назву Бердаўка Мураваная Масевічовая …» [77]. У падымным рэестры 1690 г. маёмасць Вільбікаў мае назву Бердаўка Касоўшчына Пятрыкоўшчына (1 дым) [78]. У 1775 г. Ян Міхал Вільбік валодаў маёнткам Бердаўка, у які ўваходзіць вёска Філіпкі - 7 дымоў [79]. Але ў 1784 г. фальварк і вёска Касоўшчына ўжо належалі лідскаму харунжаму Нарбуту [80].
Паны Масявічы
У 1692 г. Бердаўку Шункоўскіх і Гародна ўзяў у арэнду «застаўным правам за суму 55 тысяч» мсціслаўскі ваявода ЯВп Ян Аляксандр Масевіч [81]. У Бердаўцы ён валодаў карчмой і акрамя гэтага, на Лідчыне Масевіч меў 138 дымоў у розных маёнткаў [82].
Ян Аляксандр Масевіч (? - каля 1696) - цікавая асоба ў нашай гісторыі. Паходзіў з незаможнага шляхецкага роду герба Копач (альбо Топач). Маладосць Яна Аляксандра Масевіча прайшла на ваеннай службе ў Сапегаў, ён ваяваў супраць украінскіх казакоў, а ў 1656 г. супраць шведаў пад Варшавай. У 1658 г. у якасці камісара гетмана Паўла Яна Сапегі ўдзельнічаў у складанні інвентара Ляхавіцкага замка. У 1659-1661 гг. з'яўляўся падстарастам Рэтаўскага цівунства, якое належала Сапегу [83].
У 1660-х гг. Ян Аляксандр Масевіч займаў пасаду лідскага гродскага пісара, з 1671 г. - пасаду лідскага земскага пісара. З 1680 г. - лідскага харунжага, з 1684 г. - лідскага маршалка. З 1690 г. мсціслаўскі ваявода [84]. З 1674 г. - шадаўскі цівун. На пачатку 1670-х гг. Ян Аляксандр Масевіч - маршалак двара Казіміра Яна Сапегі. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1673 г. На сойме 1683 г. абраны ў склад камісіі па перагаворах з Расіяй (пасяджэнні праходзілі ў Кадзіне).
У 1667 г. Ян Аляксандр Масевіч - дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на соймах 1668, 1677, 1683, 1685 гг. (на трох апошніх абіраўся ў склад Скарбовага Трыбунала ВКЛ), а таксама у 1688, 1689 г. У 1691 г. ён - маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1669 г. удзельнічаў у выбарах польскага караля і вялікага князя літоўскага Міхала Вішнявецкага, у 1674 г. - Яна III Сабескага. З пераходам Сапегаў у 1680-х гг. у апазіцыю да каралеўскага двара, Масевіч стаў адным з лідараў сапегаўскага лагера на соймах Рэчы Паспалітай [85].
У 1699 г. жонка Яна Аляксандра Масевіча, мсціслаўская ваяводзіна, «застаўным правам» здала Бердаўку Букатаўскую ў арэнду Казіміру Мікалаевічу Стэцкаму [86]. У 1710 г., сын Яна Аляксандра, лідскі харунжы Францішак Юзаф Масевіч [87] разам з жонкай Кацярынай з Кунцэвічаў, «застаўным правам» здаў Бердаўку Букатаўскую ў арэнду Міхалу Уланоўскаму, землеўладальніку Ашмянскага павета [88].
Паны Жабы
У 1782 г. ЯВпп Казімір (шамбелян Яго Каралеўскай мосці) і Тарэза з Ельскіх Жабы скардзіліся ў Лідскі гродскі суд на ўладальніка фальварка Жыжма Вінцэнта Гадэбскага, з-за скошвання травы ва ўрочышчы Церцякоўшчына, якім валодаў маёнтак Бердаўка [89]. У Вопісе парафій Лідскага дэканату ад 1784 г. чытаем, што Бердаўкай валодае шамбелян Яго Каралеўскай мосці ВП Жаба, «на летні ўсход дзве з чвэрцю мілі» ад лідскага касцёла [90].
Раней згаданая капліца ў Бердаўцы, мінімум з канца XVI ст., належала да Жыжмянскай царквы. У фундушы Кацярыны Масевіч, ваяводзіны Мсціслаўскай ад 25 красавіка 1698 г., капліца згадваецца як Бердаўская царква, у іншым месцы як «ранейшая парафіяльная царква» [91]. У 1784 г. калятар капліцы - шамбялян Яго Каралеўскай Мосці Жаба. Спрэчку з ім за правы калятарства вёў Мысліцкі, стараста барташэўскі [92]. У 1784 г. у капліцы служылі набажэнствы каталіцкія ксяндзы, якія жылі ў Жыжмянскім двары. Верагодна, з тых часоў у Бердаўцы замест грэка- з'явіліся рыма-католікі. У акце візітацыі 1784 г. пра капліцу напісана: «На зямлі паноў Жабаў, шамбелянаў Яго Каралеўскай Мосці, якая называецца Бердаўка, і афілявана да Жыжмянскай прыходскай царквы. Драўляная, старая, да рэпарацыі няздатная, царкоўнага начыння не мае ...» [93].
Паны Захватовічы
У зборніку дакументаў маёнтка Бердаўка, якім я валодаю, першым прадстаўніком сям'і Захватовічаў, якая ў больш позні час валодала Бердаўкай, з'яўляецца Самуэль Захватовіч. Ён першы раз згадваецца ў 1661 г. Падчас, магчыма, самай страшнай у гісторыі нашага народа вайны, Самуэль Захватовіч страціў усе дакументы і «наданні розных каралёў». Валодаў ён тады Мацкоўскім Захватоўскім (ці Паначэўскім) маёнткам у Лідскім павеце [94]. У 1685 г. Захватовіч прадае частку гэтага маёнтка [95].
Верагодна, Самуэль Захватовіч меў сына Яна. Ян Захватовіч у 1694 г. арандуе маёнтак у Кшыштафа Рымкевіча [96], з тэксту немагчыма разабраць, пра які маёнтак ідзе размова ў дакуменце. Ян Захватовіч меў сыноў Яна і Бартламея [97]. Ян Янавіч у 1694 г. перапісаў трэццю частку свайго Мацкоўскага маёнтка сыну [98].
У 1775 г. каля Бердаўкі існуе шляхецкая ваколіца Захватоўшчына, у якой жывуць ЯПп Пётр, Францішак і Мацей Захватовічы з сем'ямі і Францішак Руцкі «з Бердаўкі». Усе яны валодаюць толькі адным сваім дваром [99].
У 1789 г. Эдвард Захватовіч з'яўляецца дзедзічам фальварка Куляшышкі ў Эйшышскай парафіі Лідскага павета. Гэта значыць, што як мінімум яго дзед Дамінік Захватовіч ужо валодаў гэтай маёмасцю [100]. У 1794 г. Куляшышкі - маёмасць Захватовічаў [101].
У 1800 г. маці Міхала Захватовіча Юзэфа Клімайчова, у першым шлюбе Захватовіч, здае Куляшышкі ў арэнду (заставу) за 1500 зл. [102]
У копіях архіўных дакументаў, якія я маю, з апеляцыі да цара Аляксандра І на вырак лідскага межавага суда, бачна што ўладальнік Бердаўкі Эдвард (Эдуард) Захватовіч меў праблемы з маёнткам Бердаўка Вільбіка [103]. Судовая справа з Вільбікам цягнулася да 1840-х гг. З папер бачна, што Захватовічы валодалі той часткай Бердаўкі, якая мела гістарычную назву Бердаўка Мураваная.
Адначасова Эдвард Захватовіч імкнуўся ўнікнуць даўгоў, якія дасталіся яму ад папярэдняга ўладальніка маёнтка. Менавіта з дакументаў гэтай справы даведваемся, калі Захватовічы сталі гаспадарамі Бердаўкі: « 1827 г., 25 кастрычніка. Правячы сенат слухаў апеляцыю справы ... харунжага Лідскага павета Эдварда Захватовіча, які імкнецца да вызвалення ад усіх зыскаў на суму 60 000 злотых, пакінутай за Захватовічам ад крэдытораў абшарніка Франца Жабы, пасля таго як ён купіў у гэтага Жабы маёнтак Бердаўка.
Абставіны справы … Шамбелян былога польскага двара Казімір Жаба ў спадкі і пасля падзелу паміж братамі атрымаў вотчынны маёнтак Бердаўку і пакінуў маёнтак свайму сыну Францішку Жабу па дакуменуе, зацверджаным у Лідскім земскім судзе 17 лютага 1812 г. У гэтым дакуменце ўказвалася, што ўсякі, хто валодае маёнткам павінен: 1) плаціць Казіміру Жабу штогод, пакуль ён будзе жыць 200 чырвонцаў, пачынаючы з 11 красавіка 1812 г. … 2) акрамя гэтага штогадовага плацяжу, Франц Жаба пасля смерці Казіміра Жабы павінен заплаціць 4000 злотых касцёлу за яго пахаванне … 3) таксама, ён Жаба, пакінуў сабе як прыслугу 3 чалавекі, з якіх 2 пасля яго смерці паступаюць яго сыну, а 1 атрымлівае вольную … 4) выплаціць вызначаную суму грошай шамбеляншы Юзафе … Жабінай ... 5) выплаціць асабістыя даўгі шамбеляна Жабы ….
Па гэтым дакуменце Франц Жаба атрымаў маёнтак 17 лютага 1812 г. Далей Франц Жаба, атрымаўшы адступныя дакументы ад нашчадкаў памерлага ваяводы Тадэвуша Жабы, якія мелі прэтэнзіі на частку Бердаўкі, 22 сакавіка 1816 г. разам з сваёй жонкай Анжалікай з Лапашнінскіх Жабінай прадаў маёнтак Эдварду Захватовічу за 11000 чырвонцаў, …» [104]. Гэты цікавы дакумент займае амаль што 50 старонак рукапіснага тэксту з пералікам маёмасных праблемаў маёнтка, але, здаецца, галоўная інфармацыя для даследчыкаў знаходзіцца ў прыведзеным кавалку.
У 1839 г. уладальнікам маёнтка Бердаўка стаў унтэр-афіцэр Тыфліскага егерскага палка Вікенцій Карлавіч Захватовіч - законны нашчадак свайго нябожчыка-дзядзькі Эдуарда Захватовіча. Новы абшарнік атрымаў вёскі Сліжы, Меляшы, Воўкаўцы, Харужаўцы разам з 164 мужчынскімі і 180 жаночымі душамі, 88 валок і 18 моргаў зямлі раллі, 38 валок і 29 моргаў лесу, 14 валок лесу ўсё яшчэ лічыліся спрэчнымі [105]. У 1842 г. Вікенцій Захватовіч выплаціў неабходныя сумы грошай за права атрымаць спадчынную маёмасць і праз суд прыйшоў да пагаднення з крэдыторамі [106].
У 1842 г. Захватовічам прыйшлося пацвярджаць сваё шляхецтва. З дакумента дэпартамента геральдыі бачна, што «… пачынальнікам роду з'яўляўся Ян Захватовіч. Гэта бачна са спісу абшарнікаў Лідскага павета за 1690 г., ён валодаў маёнткам Мацкаўскае (Міцкаўскае) - Захватоўскае. Яго сыны Барталамей і Ян у 1699 г. падавалі скаргу ў лідскі гродскі суд на Круповічаў, бо тыя не дазвалялі ім валодаць маёнткам Мацкаўскім-Мацэнаўскім і Радзівілаўскім, якія былі ў закладзе іхняга бацькі. З купчай 1726 г. бачна, што з маёнтка, які ім пакінуў бацька, браты прадалі 3 сялян палкоўніку Шротару …
На Барталамея і яго сыноў Яна і Стэфана ў 1730 г., падавалі скаргу Кандратовічы і Міцкевічы за нявыплату пазычаных грошай і пабоі. А Ян па купчай крэпасці 1700 г. набыў у Вільканца яго вотчынны маёнтак Яцкавічы Куляшоўскія. У 1746 г. Ян і Барталамей з-за забойства іх роднага брата Стэфана падавалі скаргу на Бурцінялоўскага і Свянціцкага.
Сын Яна Янавіча - Дамінік Казімір па духоўным тастаманце 1740 г. свае маёнткі Яцкавічы-Куляшоўскія, а таксама маёнткі Мацкаўскае і Папачоўскае, якія былі ў яго ў закладзе, адмовіўся падзяліць на роўныя часткі паміж сваімі сынамі Міхалам і Барталамеям. Па купчай 1750 г., з маёнтка Мацкавічы, які дастаўся ім ад бацькі, браты прадалі двух сялян Нарбуту. Як бачна з квітанцыі 1756 г., закладзеную іх дзедам палову маёнтка Яцкавічы-Куляшоўскія, яны выкупілі ... і прынялі ў сваё ўладанне.
Сваё вотчыннае ўладанне Мацкоўскае-Мацэнаўскае, якое ім дасталася пасля бацькі, браты прадалі Яну Барталамеевічу, сыну Захватовіча, а Антон Янавіч і Ігнат Барталамеевіч па купчай 1773 г. маёнтак Мацкаўскае-Мацэнаўскае, які дастаўся ім пасля бацькі, прадалі Маркевічу.
У … Дамініка-Казіміра Міхаіла нарадзіўся … сын Караль-Антон, які меў сыноў Вікенція і Эдуарда. У Барталамея быў сын Ян, які меў сыноў Аляксандра і Фелікса …» [107].
Міхал Захватовіч, дзед Вікенція Захватовіча - апошняга ўладальніка Бердаўкі з гэтага роду, ажаніўся з Мар'янай з Адамовічаў (дачка Міхала Адамовіча), якая нарадзілася ў 1743 г. і ў 1763 г. выйшла замуж за Міхала Захватовіча [108].
Як бачым, Захватовічы не маглі ганарыцца старажытнасцю свайго роду, бо пачыналі яго адлік толькі з канца XVII ст., у той час, як для лідскай шляхты звычайным было весці свой радавод з XV ст.
У 1855 г. калежскі рэгістратар Вікенцій Карлавіч Захватовіч (1809 г. н.) ад маршалка лідскай шляхты атрымаў пасведчанне, «што ён па перапісе 1834 г. запісаны ў кнігу дваранства Лідскага павета пад нумарам №141» [109].
У копіі з калекцыі дакументаў маёнтка Бердаўка, якой я валодаю, знаходзіцца метрычная выпіска з Жырмунскага касцёла, з якой бачна, што 26 кастрычніка 1842 г. хрысцілася Вольга - дачка Вікенція і Тэклі (з Леаноўскіх) Захватовічаў [110].
Па 8-й рэвізіі (каля 1840 г.) маёнтак Бердаўка меў 163 мужчынскія і 180 жаночых прыгонных душ [111]. Па рэвізіі 1850 г. Захватовічы ў Бердаўцы мелі 190 мужчынскіх душ [112].
Вікенцій Захватовіч разам з сынам Уладзімірам прыняў удзел у паўстанні 1863 г. і ў 1864 г. разам з сям'ёй быў сасланы ў Варонежскую губерню. 17 верасня 1867 г. ад Лідскай павятовай ацэначнай камісіі ў маёнтак быў накіраваны ліст, у якім паведамлялася, што пасля 20 верасня камісія пачне працэс прымусовага продажу маёнтка. У той час гэта было стандартнае пакаранне абшарнікаў, якія падтрымалі паўстанне. У дакуменце маюцца стандартная радкі пра тое, што ён накіроўваўся таму, хто адказвае ў дадзены момант за маёнтак. Адказнаму трэба было пасля 20 верасня чакаць членаў ацэначнай камісіі, «грунтуючыся на 6-м параграфе правілаў, зацверджаных Галоўным начальнікам края, … падрыхтаваць дакументы, якія пацвярджаюць права валодання маёнткам, а таксама дакументы, па якіх магчыма вызначыць колькасць зямлі, якую мае маёнтак, кантракты на арэнду і аброчныя лісты» [113].
Гэтак Захватовічы страцілі Бердаўку.
Пасля паўстання 1863 г. маёнтак прымусова прададзены Аляксандру Дамбавецкаму [114]. Пра гэтага чалавека можна даведацца з розных крыніц [115]. Мне ж гэта тыповы «асаднік» не цікавы, і таму не буду траціць на яго час.
Гісторыя XX ст. падам некальмі радкамі
З 1915 г. па пачатак 1919 г. у маёнтку Бердаўка знаходзіўся нямецкі гарнізон.
З 1922 г. маёнтак перайшоў у скарб Польскай дзяржавы.
Здаецца, першай спробай вяртання гістарычнай справядлівасці на Лідчыне быў разгляд 5 лютага 1925 г. акруговым судом справы вяртанне маёнтка Бердаўка Захватовічам. Першы судовы разгляд не задаволіў бакі справы, бо 21 кастрычніка 1926 г. Акруговы суд у Вільні пачаў справу аб вяртанні прымусова прададзенага ў 1863 г. маёнтка Бердаўка [116]. Пры канцы 1927 г., пасля шэрагу судоў, маёнтак Бердаўка быў часткова вернуты Станіславу Захватовічу - сыну былога ўладальніка маёнтка, удзельніка паўстання Вінцэнта Захватовіча [117]. Захватовічам аддалі лясы, а ралля засталася маёмасцю скарбу. Частка раллі патрапіла пад парцэляцыю.
У 1920-я гады ў Бердаўцы на сродкі парафіян быў пабудаваны прыгожы драўляны касцёл. Пры канцы 1925 г. лідскі стараста Здановіч ў інтэрв'ю газеце «Слова» сказаў, што на пачатку 1926 г. пачынае працаваць сельскагаспадарчая школа ў Бердаўцы [118].
У 1926 г. у Бердаўцы з'явіўся кааператыў па перапрацоўцы малака [119].
У красавіку 1928 г. пачалася меліярацыя маёнтка Бердаўка і бліжніх вёсак [120]. Пры канцы 1928 г. павятовыя ўлады вырашылі залажыць дзве суполкі, якія павінны былі пачаць меліярацыю 18 000 га зямлі. Першая суполка, «Дакудаўскія багны», павінна была пачаць меліярацыю Дакудаўскіх балот [121].
У красавіку 1929 г. ў паштовым аддзяленні Бердаўка з'явілася тэлефонная сувязь [122].
11 верасня 1932 г. адбыліся «Першыя ўрачыстыя Дажынкі ў Бердаўцы з удзелам старасты Багаткоўскага. Багатая праграма ўрачыстасцяў заахвоціла да ўдзелу ў свяце шмат удзельнікаў» [123].
Дадаткі
Інвентар маёнтка Бердаўка ў Лідскім павеце [124].
Які мне, Яну Шунку, харунжычу Лідскаму і майму роднаму старэйшаму за мяне брату, пану Гераніму Шунку, харунжычу Лідскаму належыць, знаходзіцца ў арэндзе ЯП Аляксандра Пуцяты і яго малжонкі ВП Ганны Тэдаровічоўны Грыневічавай Пуцяцінай, пісаны ў годзе ... 1643 чэрвеня 2 дня.
Дваровыя пабудовы:
Хата белая, у ёй два шкляныя акны. Шафа з завесамі і з клямкай. Стол, зэдль, дзве лавы, дзверы на завесах з клямкай і зашчапкай з прабоямі, сені на дзве сцяны, два акны на завесах з прабоямі. Пры гэтай хаце кухня, у ёй дзверы на завесах з клямкай, зашчапкай з прабоямі, акно на завесах з зашчапкай і прабоямі.
Бровар з лазняй, у бровары шоп (у дадзеным выпадку, пакой - Л. Л.) піўны і гарэлачны.
Ідучы ад бровара падворкам, па правай руцэ вялікая выязная брама з жалезнай клямкай а вышэй другая такая самая жалезная і з жалезнай засаўкай.
За брамай пры гасцінцы - пусты стаў з млынам, сажалак - 5.
Капліца, у капліцы алтар, тры лаўкі, дзверы забітыя.
У двары, за ліпамі, ад гумна вялікі свіран, дзверы ў яго на завесах з зашчапкай з прабоямі і клямкай і з вялікай застаўной засаўкай ... у гэтым свіране вялікая скрыня і вялікае дубовае карыта, на муку кош і вялікае вядро, для ссыпання мукі - 5 сусекаў. На версе схованка, там вялікае акно ў бок дома, акно падзеленае на 12 малых. Тры новыя акны ... Шышакоў старых - 3, браня адна і браня панцырная старая.
Свіран на склепе (піўніцы), у гэтым свіране ... дзверы на 4 завесах з зашчапкамі і з прабоямі. Пад гэтым свіранам склеп, дзверы на завесах жалезных, завесаў - 5, зашчапка - адна, два прабоі.
На двары пякарня з печчу, у пякарні дзве лавы, дубовая столь, дзверы на бегунках, жалезная зашчапка з прабоямі .., уваход у яе праз сені на дзве сцяны, у сенях - 2 зэдлі, 2 цэбры, 2 вядры.
Перад пякарняй хатка на гародніну, у яе дзверы на завесах з зашчапкай і 2-ма прабоямі, засаўка ў яе з ключом. У гэтай шопцы - 1 яма на гародніну, пад ліпамі лава, стол ...
У тым жа двары - 5 старых абораў, адна каля адной.
Два гумны, адно старое, другое больш новае, у новага жалезная скарба, дзверы з зашчапкай і з прабоямі. Сушня ... для сушкі жыта. За плотам 12 гародаў. ... За аборамі ... сушня.
Рознае быдла.
Кароў дойных - 5, падцёлкаў ... - 5, бычкоў - 3, цялят - 2, авечак - 8, свіней - 7, гусей - 8.
....
Двор засявае:
Жыта засяваецца - 15 бочак.
Пшаніца - 2 бочкі.
Яравых - 2 бочкі.
Ячменю - 2 бочкі.
Аўсу - 6 бочак.
Гарох - 1 бочка.
Грэчкі - 1 і ½ бочкі
Льну засяваецца толькі пятнаццаць.
Гародніна садзіцца, колькі патрэбна. Цыбулі пасаджана чатыры з паловай градкі ...
Падданыя гэтага маёнтка ў вёсках:
Меляшы
Андрэй Качан, палова валокі, валы.
Міхал Старухевіч, палова валокі, валы і кляча.
Іван Ляч, палова валокі, адзін вол.
Мацко Ляч, палова валокі, галыш.
Іван Казельчык, палова валокі, валы.
Захар Васілевіч, палова валокі, валы і конь.
Гарасім Гутурэня, палова валокі, валы.
Сліжы
Юрко Лаўніковіч, палова валокі, адзін вол і конь.
Іван Тручыла, палова валокі, адзін конь.
Івашка Рыбар, палова валокі, вол і конь.
... Гузоўскі, палова валокі, мае каня.
Над Гаўяй Лукаш Шостак.
Павіннасці гэтых падданых: узімку і ўлетку па тры дні, з чым загадаюць. Жанчыны, пачаўшы ад Зялёных свят па тры дні ў полі і гародзе .... А пасля гародаў - па два дні да святаў.
Даніна гэтых сялян, з валокі бочка жыта, бочка аўсу, грашыма - дваццаць два літоўскія грошы (?). Яек дзесяць, мёд - палова ад таго, колькі пчолы дадуць. За моргі, якія сяляне трымаюць, плацяць па 2,5 літоўскія грошы (?). Таксама за сенажаці плацяць ...
Што датычыць заставы маёй дык ... яна рэгулюецца застаўным правам....
Таксама ў заставу Яп Мікалаю Гудзячэўскаму за пэўную суму грошай з майго маёнтка ад мяне перададзены шэсць сялян...
...
Ян Шунка, харунжыч Лідскага павета.
12 сакавіка 1743. Рэестр спраў вячыстых Якуба Вільбіка, лідскага падчашага, ад Вялебнага ў Богу Ягамосці ксяндза … Масявіча … на маёнтак Бердаўку Гудзічэўскую [125].
Арыгінал выраку ад ў Богу Вялебнай Ягамосці панны Гелены Гудзячэўскай, бернардынкі, ад 26 чэрвеня 1664 г. прызнаны ў Лідскім гродскім судзе.
Застаўное права ад ЯВп Стэфана Гудзячэўскага яго жонцы, дадзенае на 16 тысяч злотых на Бердаўку ці Гудзячэўшчыну. Напісана ў 1685 г. …
Экстрат гэтага застаўнога права з трыбунальскіх кніг.
Дэкрэт .. камісарскі, які зацвярджае і апісвае гэтае права ў межах усёй Бердаўкі, а таксама Дубішак і Зелянішак. Выдадзены ў 1621 г., 2 студзеня.
Дэкрэт асэсарскі таксама пра Бердаўскія межы. 1592 г., 29 кастрычніка.
Ліст караля Ягамосці Уладзіслава на камісію…
Ліст караля Ягамосці Жыгімонта, які пацвярджае Дубішкі, Зелянішкі і Забранішкі … ад 1628 г., 14 сакавіка.
Ліст ЯВ паноў камісараў ад ЯКМ, прызначаных на камісію, выдадзены з-за забрання каралеўскімі падданымі, якія жывуць у Бялундзях, лясоў Дубіцкіх і Зелянішскіх. 1635 г., 2 траўня.
Ліст паноў каралеўскіх камісараў аб адтэрміноўцы камісіі па справе забрання каралеўскімі падданымі, якія жывуць ў Бялундзях, лясоў шляхты ў Дубішках і Зелянішках. 1636 г.
Квітанцыя ЯВп ксяндза Тэадора Гудзячэўскага, езуіта. 1686 г.
Якуб Вільбік.
[1] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440-1498): Užrašymų knyga 3. Vilnius, 1998. P. 21.
[2] Русская историческая библиотека. Т. 20. Петербург, 1903. С. 1133-1135.
[3] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 224 (1522-1530): Užrašymų knyga 4. Vilnius, 1997. P. 216.
[4] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 1 (1380-1584): Uzrasymu knyga 1. Vilnius, 1998. P. 359.
[5] Там жа. P. 370.
[6] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 55.
[7] AGAD. AR. Dz. X. Syg. 54.
[8] Там жа.
[9] Чамусьці, у дакуменце не згадваецца брат Станіслаў, бо вядома, што 28 мая 1527 г. браты Ян, Станіслаў і Шчасны Іллінічы, падзялілі маёмасць памерлага бацькі Юрыя Іллініча. Прычым двор Бердаўка і дварэц Прыдыбайлы дасталіся Станіславу Іллінічу. - Гл: Lietuvos metrika. (1522-1530) knyga 4. Vilnius, 1997. P, 216.
[10] 30.08.1539 г. жонка Яна Іллініча Гальшка Фрыдрушоўна атрымала пацверджанне на ўласнасць "двор Беръдовку" ад брата свайго мужа Шчаснага Юр'евіча Іллініча. - Гл: Lietuvos metrika. (1536-1539) knyga 20. Vilnius, 2009. P, 277.
[11] Lietuvos metrika. (1566-1572) knyga 49. Vilnius, 2014. P. 19.
[12] Там жа. P. 21.
[13] Lwowska Naukowa Biblioteka im. W. Stefanyka NAN Ukraine. Oddzial Rekopisow. Zespol 4 (Zbior rekopisow Biblioteki Baworowskich). Dzial I (Inwentarz rekopisow Biblioteki Baworowskich) (sygnatura oryg.: 1287). Akty sadowe roznych rodzin polskich i rusko-litewskich 1512-1869. Sztuk 1-216 (XVI-XIX w.). Sygnatura: DE-16042, (Далей: LNB). Арк. 258.
[14] LNB. Арк. 167.
[15] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 33. С. 283.
[16] Там жа. С. 750.
[17] Там жа. С. 748 - 755.
[18] Там жа. С. 829.
[19] Там жа. С. 813.
[20] LNB. Арк. 258.
[21] LNB. Арк. 262.
[22] LNB. Арк. 263.
[23] LNB. Арк. 265.
[24] LNB. Арк. 272 - 273 адв.
[25] LNB. Арк. 275.
[26] LNB. Арк. 260.
[27] LNB. Арк. 276 - 277 адв.
[28] LNB. Арк. 282.
[29] Трэба адзначыць, што ў той час піва варылі ва ўсіх маёнтках. Калі віно ішло выключна на панскі стол, то піва было неад'емнай часткаю харчавання і слуг і паноў. Нават пры адпраўцы слугаў з даручэннямі грошы абавязкова выдаваліся не толькі на хлеб і сена для коней але і на піва. Гатункаў піва было не менш, чым віна, лепшым лічылася пшанічнае піва, якое ішло толькі на панскі стол а для дворнай чэлядзі і рамеснікаў варылі ячменны напой. - Гл: Скеп'ян Анастасія. Арганізацыя кухоннай службы пры магнацкіх дварах Вялікага княства Літоўскага ў XVI-XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV-XVIII стст.): зборнік навуковых прац. Мінск, 2014. С. 14.
[30] LNB. Арк. 23.
[31] LNB. Арк. 23 адв.
[32] LNB. Арк. 289 - 289 адв.
[33] LNB. Арк. 297 - 298.
[34] LNB. Арк. 300.
[35] LNB. Арк. 301.
[36] LNB. Арк. 295.
[37] LNB. 295 адв. - 296.
[38] Там жа.
[39] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. T. 1. S. 316.
[40] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Лідская // Лідскі Летапісец. 2013. № 1(61). С. 33.
[41] LNB. Арк. 259.
[42] LNB. Арк. 261.
[43] LNB. Арк. 283.
[44] LNB. Арк. 284.
[45] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. 1. S. 316.
[46] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 33. С. 285.
[47] LNB. Арк. 264.
[48] LNB. Арк. 268.
[49] LNB. Арк. 267 адв.
[50] LNB. Арк. 269.
[51] LNB. Арк. 270 - 270 адв.
[52] LNB. Арк. 271.
[53] LNB. Арк. 274.
[54] LNB. Арк. 280 - 280 адв.
[55] LNB. Арк. 287.
[56] LNB. Арк. 189 - 189 адв.
[57] LNB. Арк. 194 адв.
[58] LNB. Арк. 285 - 285 адв.
[59] LNB. Арк. 286.
[60] LNB. Арк. 288.
[61] LNB. Арк. 292 - 293 адв.
[62] Верагодна дачка Шымкі Мацкавіча - Кацярына (Кахна), жонка Глеба Янавіча Сапегі.
[63] Інтрамісія - дакумент уступлення ў права наследавання.
[64] LNB. Арк. 290 - 291.
[65] LNB. Арк. 302.
[66] НГАБ. Ф. 1767, Воп. 1, Спр. 1. Арк. 161 - 164 адв.
[67] LNB. Арк. 200 - 201 адв.
[68] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 209.
[69] НГАБ, Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 16. Арк. 802.
[70] НГАБ, Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 19. Арк. 57., 745 - 746.
[71] Падымны тарыф Лідскага Павета 1775 г. Асабісты архіў аўтара. Арк. 149.
[72] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Лідская // Лідскі Летапісец. 2013. № 1(61). С. 31.
[73] Падымны тарыф Лідскага Павета 1775 г. Асабісты архіў аўтара. Арк. 149.
[74] НГАБ, Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 26. Арк. 839 - 840.
[75] LNB. Арк. 209.
[76] LNB. Арк. 207.
[77] LNB. Арк. 210.
[78] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r. S. 209.
[79] Падымны тарыф Лідскага Павета 1775 г. Асабісты архіў аўтара. Арк. 149.
[80] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Лідская // Лідскі Летапісец. 2013. № 1(61). С. 31.
[81] LNB. Арк. 308 - 313.
[82] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r. S. 208-209.; 235.
[83] Масевіч Аляксандр Ян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 3. С. 342.
[84] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1. S. 317; 339; 347.
[85] Масевіч Аляксандр Ян // Вялікае княства Літоўскае. Т. 3. С. 342.
[86] LNB. Арк. 315 - 315 адв.
[87] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. 1. S. 318.
[88] LNB. Арк. 316 - 317.
[89] LNB. Арк. 217 - 218.
[90] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. Парафія Лідская // Лідскі Летапісец. 2013. № 1(61). С. 31.
[91] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 39.
[92] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 39.
[93] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Арк. 127.
[94] LNB. Арк. 201.
[95] LNB. Арк. 306 - 307.
[96] LNB. Арк. 206.
[97] LNB. Арк. 223 адв.
[98] LNB. Арк. 314 адв.
[99] Падымны тарыф Лідскага Павета 1775 г. Асабісты архіў аўтара. Арк. 149.
[100] LNB. Арк. 329 - 329.
[101] LNB. Арк. 332.
[102] LNB. Арк. 334.
[103] LNB. Арк. 330.
[104] LNB. Арк. 362 - 362 адв.
[105] LNB. Арк. 360 - 361.
[106] LNB. Арк. 386 - 387.
[107] LNB. Арк. 388 - 389.
[108] LNB. Арк. 403.
[109] LNB. Арк. 398.
[110] LNB. Арк. 340 - 340 адв.
[111] LNB. Арк. 392.
[112] LNB. Арк. 398 адв.
[113] LNB. Арк. 400 - 400 адв.
[114] Słowo № 25(739), 31 stycznia 1925.; Słowo № 28(742), 4 lutego 1925.
[115] Гл. напрыклад: Крупа Анатоль. Пакінуць след на зямлі. Ліда, 2007.
[116] Słowo № 245(1255), 20 października 1926.
[117] Słowo № 255(1568), 8 listopada1927.
[118] Słowo № 225(939), 3 października 1925.
[119] Kurjer Wilenski № 152(901), 8 lipca 1927.
[120] Słowo № 91(1702), 21 kwietnia 1928.
[121] Słowo № 281(1892), 6 grudnia 1928.
[122] Słowo № 76(1986), 3 kwietnia 1929.
[123] Słowo № 215(3022), 2 września 1932.
[124] LNB. Арк. 23 - 24.
[125] LNB. Арк. 323 - 323 адв.