Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Дроздава 


Аўтар: Кудла Віктар,
Дадана: 19-12-2024,
Крыніца: Кудла Віктар. Дроздава // Лідскі Летапісец. 2022. № 3-4(99-100). С. 81-87.; 2023. №1(101). С. 53-60.; 2023. № 2(102). С. 58-70.; 2023. № 3(103). С. 71-85.; 2023. № 4(104). С. 86-95.; 2024. № 1-2(105-106). С. 89-101.



Мой родны край як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы

Мой аповед пра жыццё-быццё нашых продкаў, гістарычнасць малой радзімы - гэта праўдзівая гісторыя. Для яе напісання выкарыстаны звесткі як з архіўных дакументаў, так і нататкі краязнаўцаў, статыстычныя факты, успаміны родзічаў, храналагічныя фатакартачкі… Спадзяюся, гэта будзе цікава і зразумела ўсёй радні, сваякам і чытачам. Гэтая гісторыя - павінна падахвочваць маладых да павагі сваіх дзядоў і прадзедаў, гонару за іх, да ведаў "якога яны роду-племені". Спадзяюся, гэты сямейны летапіс нехта зможа працягнуць па спадчыне…


Крышку гісторыі маёй малой Радзімы, нацыянальнай прыналежнасці лідзян. Гістарычная схема засялення Лідчыны з архіўных звестак такая:

Балты, якія пасяліліся даўно на нашай тэрыторыі, у сёмым ці то ў восьмым стагоддзі былі адціснуты на поўнач за Дзітвянскія і Дакудаўскія балоты, і ўздоўж Нёмана рассяліліся славяне. Як такой мяжа не была жорсткай, і гадамі адбывалася перамешванне балтаў са славянамі. Так ўтварылася новая народная супольнасць - ліцвіны. У 13 стагоддзі пасля выгнання з Прусіі, ў верхнім цячэнні Дзітвы і ў ніжнім цячэнні Лебяды былі паселены прусы - "барцякі".

У 1322 годзе князь Гедымін з паходу на Валынь і Кіеў прывёў русічаў, якія дапамагалі будаваць Лідскі замак. З ханам Тахтамышам з Залатой Арды ў 1396 годзе прыйшлі татары. З іхнім рассяленнем вёскі назваліся як Татарцы, Шайбакі, Іўе... У другой палове 16 стагоддзя ў Лідзе пасяліліся яўрэі, якія прыйшлі з Заходняй Еўропы, у асноўным з Германіі.

Наступны этап фарміравання этнічнага складу насельніцгва Беларусі быў звязаны з узнікненнем і існаваннем Вялікага Княства Літоўскага. Гістарычны лёс звёў усе засяленыя народы ў адзіную дзяржаву.

Былі праведзены адміністратыўна-тэрытарыяльныя і аграрна-гаспадарчая рэформы, і ўніфікацыя дзяржаўных юрыдычных норм праз складанне Статутаў Вялікага Княства Літоўскага - асноўных прававых дакументаў, якія мелі перавагу над лакальнымі юрыдычнымі нормамі.

Дамінантнае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах дзяржавы і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабеларуская мова (тады яна называлася - "руськая") стала ў той час афіцыйнай дзяржаўнай мовай ВКЛ.

Кампактны арэал існавання назвы ліцвіны быў звязаны з тапонімам Літва, які бытаваў у раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Ліды і інш. (т. зв. Павілейская Літва). Гэтыя землі былі поліэтнічнымі і мелі ў сваім складзе ўсходне-славянскае і балцкае насельніцтва (называліся "ліцвіны рускага роду", "ліцвіны-беларусцы", "літоўскія беларусы").

У 16-м стагодзі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі праведзены аграрныя рэформы. Валочная памера змяніла гаспадарча-эканамічную арганізацыю сялянства, якое пачало складацца з трох асноўных катэгорый: сяляне-слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне. Вакольныя землі належалі нашчадку Радзівіла, пасля падскарбію Юзафу Салагубу і Паўлу Ленскаму. Сяляне адбывалі паншчыну.

Абавязкова праца на пана (дарэчы, бясплатная) уключала шматлікія павіннасці: паншчыну, ці адработкі, або натуральную рэнту са збажыны, чынш - грашовы аброк. Паншчына не мела сезонаў, яе адбывалі круглы год і зімой, і летам. Гарбаціцца на пана даводзілася і мужчынам, і жанчынам. На панскае поле селянін павінен быў выходзіць са сваёй рабочай жывёлай.

Беларусы - вялікія міралюбы, якія дзеля спакою ахвяравалі многім. Калі ж у ліхую гадзіну чужынец квапіўся на нашу зямлю, яны абаранялі Радзіму храбра і ўпарта, не шкадуючы нават свайго жыцця. Беларусы былі добрымі змагарамі, на жаль войны прыносілі нашым продкам вельмі шмат шкоды і пакут.

Адметнасць характару беларуса яшчэ і ў тым, што, і перамогшы ворага, ён не заставаўся на чужой зямлі, а стараўся вяртацца да сваіх родных хацін, да сваіх людзей, хоць і небагатых, але шчырых сэрцам, нескупых на добрае слова, дапамогу і спагадлівасць. Аднак развіццё краю ішло вельмі павольна

Войны, голад, эпідэміі вынішчалі беларусаў. Ад гэтага яны рабіліся асцярожнымі, маўклівымі.

Ішлі стагоддзі. Мяняўся час, мяняліся людзі. Жыццё станавілася іншым. Але многія якасці беларуса, яго адметныя этнічныя рысы, адшліфаваныя стагоддзямі, захаваліся і часткова дайшлі да нашых дзён.

Я знайшоў у архіве інвентар маёнтка Рэклішкі Лідскага павета, у якім досыць падрабязна пададзены жудасці знясільвальнай работы на пана:

"На працу сяляне абавязаны выходзіць і станавіцца з узыходам сонца, а пакідаць работу хутка пасля захаду сонца. Працу павінен заказваць войт ці ўраднік. Хто б пасля заказу не выйшаў на працу, то за такую непаслухмянасць павінен адпрацаваць за адзін дзень два дні, не пакідючы тэрыторыі панскага двара, а за другі дзень - чатыры дні, таксама знаходзячыся пры двары. Калі хто-небудзь не выйшаў на працу ўсе тры дні ці на працягу шасці тыдняў па разу на тыдзень, асабліва летам, то за гэты тыдзень павінен працаваць у двары у ланцугах. Пасля гэтага такі чалавек урадніку павінен быў даць барана. Калі б і пасля гэтага ў яго здарыліся нявыхады на працу, тады бічаванне ля слупа".

Існавалі і "нормы" паншчыны, якія залежалі ад таго, колькі селянін меў зямлі. Сялянская гаспадарка, як правіла, налічвала каля паўвалокі - крыху больш за 10 гектараў. У аднаго з Радзівілаў, у маёнтку Карэлічы Наваградскага ваяводства ў 1672 годзе сяляне павінны адбываць паншчыну чатыры дні з валокі, а пяты дзень гнулі спіны з дыма на тыдзень. Бывала, што панская сквапнасць пераўзыходзіла разумныя памеры: у таго ж Радзівіла ў маёнтку Блювеніцы Лідскага павета яна была ўстаноўлена спачатку ў 16 дзён на тыдзень з валокі, а потым дасягнула 24 (!) дзён.

Але паншчына была не адзіным ярмом на сялянскай шыі. Былі і іншыя адработачныя павіннасці: старожа-праца ў панскім двары, шарваркі - будаўніцтва дарог і мастоў і г. д.

Душылі селяніна і чыншавымі падаткамі, селянін аж стагнаў пад цяжарам грашовых пабораў.

Існавалі і такія падаткі, як жарнавое (за права мець свае жорны), угайнае, ялавічнае, вепраўшчызна (за карыстанне ляснымі ўгоддзямі), чапавое (за выраб алкагольных напіткаў), куніца (за выдачу дачкі замуж у другую воласць), рагавое, акладнае, быкавое, тміннае, рыбнае, падымнае…

Усё вышэйсказанае дае падставы меркаваць, што сялянскія паўстанні з'яўляліся натуральным пратэстам людзей, даведзеных да адчаю сваім рабскім становішчам.

Так ў 1717 годзе супраць жорсткага феадальнага прыгнёту выступілі сяляне манастыра каталіцкага ордэна ў Гарадзенскім павеце.

З 1748 па 1785 год адбываліся сялянскія бунты ў вёсках Кракотка, Лапухова і Шляпацкі Слонімскага староства.

На 1775-1777 гады прыходзіцца выступленне сялян Ялаўскага сгароства Ваўкавыскага павета…

Падзелы Рэчы Паспалітай пачаліся ужо з часоў Пятра І . Расейскія войскі вельмі часта без усялякага дазволу ўрываліся на нашы землі і рыхтаваліся да захопу Беларусі.

У Рэчы Паспалітай узнікалі групоўкі прарасейскай, прашведскай, пранямецкай, прааўстрыйскай арыентацыі.

У 1764 годзе каралём Рэчы Паспалітай па пратэкцыі Кацярыны ІІ быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі гербу "Цяля". Наступіла пара канфедэрацый шляхты, якія незалежна ад скіраванасці падрывалі цэнтральную ўладу.

У 1772 годзе тры краіны - Расея, Аўстрыя і Прусія - дамовіліся паміж сабой падзяліць Рэч Паспалітую. Кожная з гэтых дзяржаў адарвала сабе частку чужой зямлі.

Расея захапіла ўсходнюю Беларусь з гарадамі Віцебскам, Магілёвам, Воршай, Мсціславам, Гомелем... Новая мяжа, якая праходзіла па Дзвіне, разрэзала на дзве часткі Полацк. Сафійскі сабор апынуўся ў Расейскай імперыі, а старажытны Бельчыцкі манастыр, дзе некалі жылі полацкія князі, застаўся ў Рэчы Паспалітай.

Лепшыя людзі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы спрабавалі выратаваць сваю дзяржаву ад гібелі. Тут было створана першае ў свеце міністэрства народнай асветы - Адукацыйная камісія, што адчыняла школы і вучэльні. Сойм зацвердзіў першую ў Еўропе Канстытуцыю - асноўны Закон краіны. Канстытуцыя забараняла магнацкія ўсобіцы і ўмацоўвала ў краіне парадак. Але час быў страчаны.


У 1793 годзе Расея захапіла цэнтральную Беларусь разам з Менскам, а яшчэ праз два гады - астатнія землі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Так здзейснілася даўняя мара маскоўскіх уладароў. Наша Бацькаўшчына згубіла сваю самастойнасць і надоўга трапіла ў няволю.

Наступіла стагоддзе вызвольных паўстанняў, у якім наш край праявіў велізарны гераізм, але ў эканамічным плане прыйшоў у поўны заняпад.

Адным з першых у гэтай барацьбе было паўстанне пад кіраўніцтвам беларуса Тадэвуша Касцюшкі.

Збройнае змаганне за свабоду пачалося ў сакавіку 1794 года. Змагары хацелі выгнаць захопнікаў са сваёй зямлі і аднавіць незалежную Рэч Паспалітую ў яе ранейшых межах. Разам з касцюшкаўцамі-жаўнерамі біліся з царскімі войскамі ўзброеныя косамі беларускія сяляне. Іх называлі касінерамі.

Паўстанцы спявалі "Песню беларускіх жаўнераў":

Помнім добра, што рабілі,

як нас дзёрлі, як нас білі.

Докуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!


Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ, каб мы ім заплацілі!..

Да паўстанцаў перайшла ўлада ў Гародні, Берасці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Браславе, Лідзе, Ашмяне ды іншых беларускіх гарадах і мястэчках. У сярэдзіне траўня былі вызваленыя ўжо амаль усе землі Вялікага Княства. Аднак Расея кінула на інсургентаў ВКЛ 30-тысячную рэгулярную армію. Выкарыстаўшы напад, царскія ўлады разгарнулі сярод сялянства прапаганду, абяцаючы яму аддаць забраную ў "паноў-бунтаўнікоў" зямлю.

Параза паўстання прывяла ў 1795 г. да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Расея захапіла землі Літвы-Беларусі - 120 тысяч квадратных кіламетраў з 1,2 мільёна жыхароў. Прусія і Аўстрыя далучылі да сваіх уладанняў рэшту тэрыторыі Польшчы і суседнія землі Заходняй Украіны.

На захопленых землях царскія ўлады пачалі ўводзіць свае парадкі. Імператрыца Кацярына ІІ раздала мільён беларускіх сялян сваім расейскім памешчыкам. Прыгнёт ад Расейскай імперыі быў цяжкі. Раней прыгонныя сяляне разлічваліся са сваімі гаспадарамі грашыма, цяпер жа мусілі ледзь не кожны дзень ад відна да відна працаваць на панскім полі.

Падаткі для беларускіх сялян сталі ў некалькі разоў цяжэйшымі, чым для расейскіх. Маладых здаровых мужчынаў пад прымусам забіралі ў царскую армію. Родныя развітваліся з імі так, як быццам праводзілі на той свет, бо салдаты павінны былі служыць цару ўсё жыццё. Потым гэты тэрмін зменшылі да дваццаці пяці гадоў, але пасля такой доўгай службы ўсяроўна амаль ніхто не вяртаўся дадому жывы.

Царскія ўлады не прызнавалі беларусаў за народ і змагаліся з нашай мовай. Вучыцца на ёй было забаронена. Нашых продкаў пазбаўлялі права на свае імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі перарабілі большасць прозвішчаў: Міхасёў у "Михайлов", Язэпаў - у " Иосифов", а Тамашоў - у "Фомин", Жукі ператварыліся ў "Жуковых", Кавалі - у "Ковалевых" і г.д....

Трапіла пад забарону не толькі беларуская мова, але і сама назва Беларусь.

У афіцыйных выданнях і дзяржаўных дакументах пачаў ужывацца казённы тэрмін "Паўночна-Заходні край Расеі", а беларусаў пачалі называць заходнерусамі. Адначасова пачалося афармленне т. зв. тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рускага народа.

Этнаграфічныя асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся ўплывам паланізму і каталіцызму і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта "спрадвечна рускага характару краю".

Нягледзячы на ўзмацненне русіфікацыі, культурнае жыццё Беларусі па-ранейшаму грунтавалася на фальклоры і традыцыях побыту карэннага насельніцтва ды памяці пра гістарычнае мінулае Беларусі.

Беларусы не хацелі змірыцца з расейскім панаваннем, і нашы вольналюбныя продкі браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў царскай імперыі.

Пасля паўстання 1831 года царская ўлада забараніла і народную ўніяцкую веру. Уніяцкія цэрквы перарабляліся на расейскія праваслаўныя. Тых, хто не хацеў ісці да праваслаўных царскіх папоў, усяляк каралі і часам збівалі да смерці.

Гэта наша гістарычная спадчына, наша нацыянальная крыўда.


Даўно было, мо паўтысячы год таму, а мо яшчэ болей, як пачалі жыць на нашай зямлі, размнажацца і ў славу расці ўдалыя прашчуры нашы - Кудлы, Гросы, Міцюкевічы, Белавусы, Грэбені, Латушкі, Хрышчановічы, Германовічы, Кур'яны, Буйніцкія...

Мой бацька Ваня 1908 года нараджэння, прайшоўшы этап жыцця ў бежанцах з бацькамі ў Расеі з1915 па1920 год, трактоўна распавядаў нам пра радавое дрэва Кудлаў: Сымона - ці то Стася, Васіля, Андрэя, Зыдара… Ад расказаў свайго бацькі - Івана Ізыдаравіча - ён многа нам расказаў аб жыцці-быцці даўніх продкаў, іхняй фаміліі, пра вясковае жыццё, сялянскаю працу … Гэта мы запісалі на магнітафон і нарысавалі радавое дрэва.

Пад гэтым уражаннем, непаўторныя думкі і пачуцці перажываю ўжо некалькі гадоў: перад вачыма не проста лісты паперы, а жыццё родзічаў… Як хутка яно зыходзіць, імгненне і ўсё… За ім другое жыццё, працяг роду ў дзецях, затым - у іх дзецях, і так далей… Людзей не стае, а што застаецца? Памяць… Заўсёды стараемся наведаць на Радуніцу і Пакровы магілкі пахаваных родных, асвечваем і молімся.

Першыя звесткі аб роднай вёсачцы Дроздава, якія мне ўдалося знайсці

1784 г. Вёска называлася Дразды (напэўна, "у гонар" шэрай птушкі, якая і цяпер цярэбіць вішні і ягады). Там была карчма васпана Пузына, старасты Дзявянішскага.

Вось і ў рэвізскай сказцы (так называўся перапіс 1795 года), якую падпісаў стараста любаніцкі Павел Ленскі, вёска запісана wies Drozdow на польскай мове, так як гэта пісалі па-польску ў часы Рэчы Паспалітай.

Тады быў утвораны Лідскі ўезд, які ўваходзіў спачатку ў склад Слонімскай губерні, а з 1797 г. - у склад Літоўскай губерні. З 1801 года тэррыторыя ўвайшла ў Гарадзенскую губерню, у 1842 годзе - зноў у Віленскую.

Працавіты краязнавец з ганчароўскай радзімы Сяргей Дычак, на працягу дваццаці гадоў збіраў і апублікаваў змястоўны матэрыял свайго радаводу, прыклад таго, як неабходна нам адносіцца да сваіх родных каранёў, напамін для нашых нашчадкаў.

Сяргей Уладзіміравіч падзяліўся архіўнымі матэрыяламі: рэвізскімі сказкамі Дроздава. Такім чынам, інвентары з'яўляюцца надзвычай каштоўнай крыніцай вывучэння эвалюцыі феадальнай гаспадаркі Беларусі. Яны ўтрымліваюць у сабе вялізную колькасць карыснай інфармацыі, прысвечанай тагачаснай аграрнай гісторыі ВКЛ, дэмаграфіі. Дзякуючы падрабязнасці інфармацыі, характэрнай для інвентарных вопісаў, становіцца магчымым скласці дакладнае апісанне стану, формаў, метадаў землекарыстання таго часу, прасачыць дынаміку развіцця пэўнага маёнтка і вясковай сельскай гаспадаркі.


Дакрануўшыся да архіўных дакументаў, інвентарных спіскаў жыхароў вёскі Дроздава, пацвердзіў сваіх родзічаў у сёмым калене.

Перапіс сялян 1795 года вёскі Drozdow. Тут у перапісе значацца продкі Кудлаў.

Пад № 5 - мой продак Кудла Станіслаў Лукін?, меў трох сыноў: Васіля, Антона, Дамініка і дачку Мар'яну. Перапіс асоб жаночага полу вёўся асобна.


Наступная, так званая тады "рэвізская сказка"-перапіс 1811 года вёўся ўжо на расійскай мове, але пісар такі нязграбны, што поўнасцю разабраць імёны і прозвішчы ўсіх вяскоўцаў не ўдалося.

Далей прайшла вайна 1812 года і прывяла да цяжкага заняпаду сельскай гаспадаркі. Многія вёскі былі разбураны, у Лідскім павеце загінула каля чвэрці мужчынскага насельніцтва. Беларусы, якія апынуліся ў французскай арміі, марылі пра тое, што Напалеон дапаможа вярнуць іх радзіме - Вялікаму Княству Літоўскаму - незалежнасць. Але паразай скончылася напалеонаўская спроба адрадзіць дзяржаўнасць ВКЛ.

Вядома, былі яшчэ перапісы ў 1815 годзе, затым праз 18 год - у 1833 годзе.

Але гэтыя архіўныя матэрыялы пры цяперашняй сітуацыі з Літвой недасяжныя.

Згодна з інвентаром 1848-га года, вёска Дроздава, як і іншыя навакольныя вёскі, належала, як кажуць, "на правах уласнасці" памешчыцы Петранэлі Францаўне Ленскай, дачцэ Франца Бучынскага з маёнтка Вашкевічы.

Гэта быў багаты ў Лідскім уездзе маёнтак, ён валодаў 7538 дзесяцінамі зямлі, г.зн. - 8235 гектарамі. Налічвалася 5 фальваркаў: Вашкевічы, Ганцавічы, Заёнчыцы, Масявічы, Місаўшчына, 8 вёсак: Ганчары, Агароднікі, Ганцавічы, Масявічы, Супраўшчына, Баравічы, Навасады, Дроздава і 3 засценкі: Старамлынніца, Буячкі, Астроўна. Лічыліся ўсяго - 1053 прыгонныя душы.

1820 г., восень. У вёсцы Дроздава быў неўраджай і голад сялянства.


З Ліды ў кірунку Наваградка пралягаў паштовы тракт: ад Песак (зараз яшчэ захавалася насыпная дарога і маставыя палі, дзе быў мост цераз раку Дзітва) праз Лупеніцу (там быў вадзяны млын і Конная паштовая станцыя), далей праз Ганчары на Наваградак. Ад Лупеніцы направа, праз жвіроўню пачыналася шаша - так званая "публічная дарога", высыпаная пяском і жвірам, абапал абсаджаная ліпамі і таполямі, дарога у кірунку две вярсты да Дроздава, а далей на Зецела (у той час так звалася Дзятлава). Амаль да 1885 г. пошта дастаўлялася з паштовай станцыі Лупеніцы трактам на Дакудава і далей на Іўе. У 1850 г. паштовую станцыю ў Лупеніцы ўтрымлівала сям'я купца Спакойнага (ён жа арандаваў станцыю ў Ішчалне ).

У Дроздаве быў, як бы цяпер сказаць, "прыдарожны сэрвіс"- карчма, дзе падарожнікі маглі харчавацца, адпачыць, пераначаваць, у стайні пакарміць коней, падрамантаваць фурманку. Заезджы люд мог тут прапусціць пару кілішкаў гарэлкі.

У той час у Расійскай Імперыі ўсякае перамяшчэнне па дарогах знаходзілася ў казённым веданні. Фурманам выдаваўся дакумент"Падарожнае" (напэўна за грошы), які даваў дазвол ехаць па дарозе, заначаваць у карчме, ці ў паштовай станцыі.

Трэба зазначыць, што і рэкі: Нёман, Дзітва, Лідзейка і 5 азёр таксама былі ва ўласнасці памешчыцы. Лавіць рыбу можна было толькі з дазволу. Лесаматэрыял таксама адпускаўся сялянам для пабудовы хаціны і прыбудоў: хлявоў, гумнаў, свірнаў. Сухастой і нетаварная драўніна ішла на ацяпленне пабудоў фальваркаў.

У маёнтку быў вадзяны млын у Лупеніцы на рэчцы Дзітва, малоў збажыну для паншчыны з фальваркаў, сяляне ў асноўным абыходзіліся жорнамі.

У інфармацыі, якая датычылася памеру розных пасеваў, звычайна ішлі апісанне і пералік сельскіх вёсак і фальваркаў, якія адносіліся да панскага ўладання. Завяршаў стандартны вопіс маёнтка пералік землекарыстальнікаў і колькасць зямлі, якая знаходзілася ў іх карыстанні. Варта адзначыць, што асаблівая ўвага ў інвентарным перапісе надавалася размеркаванню валокаў на сялянскія сем'і, ў розных вёсках не заўсёды роўна.

Напрыканцы інвентара ішоў пералік жывёлы, якая ўтрымлівалася ў маёнтку і ў вёсках, а таксама спіс павіннасцяў сялян.

Згодна з перапісам маёнтка Вашкевічы запісана, што памешчыца на кожную сялянскую гаспадарку ў сярэднім выдзеліла зямлі 19,091/2 дзесяціны (1 дзесяціна - 1, 0925 га), у тым ліку ворнай - 14,91 (прыкладна 15 га), сенакосу 3,51 дзесяціны, каля хаты 0,671/2. Земляробства было прымітыўным - 3-ох польны севазварот, гэта значыць, што культура вярталася праз тры гады на раннейшае месца, а адно поле пуставала папарам.

У маёнтку былі два вінакурныя заводы (больш дакладна было б назваць самагонныя міні-заводзікі), якія выраблялі да 3-ох тысяч вёдзер "віна", Выхад гарэлкі быў: з пуда мукі - 3 гарцы, а з чацвярціны бульбы - 7 гарцаў. Корчмы належалі маёнтку і знаходзіліся пры дарогах: паштовай з Ліды на Наваградак і "камерцыйнай" з Ліды да мястэчка Беліца, а таксама пры некаторых вёсках. Продаж гарэлкі ішоў праз "8 карчомак і дамоў піцейных", дзе акрамя праезджых падарожнікаў па святах наведвальнікамі былі і мясцовыя сяляне. Гэта прыносіла да 1000 рублёў даходу пані Ленскай. Для параўнання: гадавы даход ад млына складаў 200 рублёў, чынш з сялян і вольных - 366 рублёў, даход ад продажу зерня, бульбы і гародніны - 1540 рублёў.

Жылыя пабудовы заможнай шляхты былі значна большымі за сялянскія і мелі канструкцыйныя асаблівасці. Жылыя дамы феадалаў часта былі двухпавярховымі, мелі ганак, шкляныя вокны, кафельныя печы (галандкі), якія прызначаліся для абагрэву жылля, знадворныя галерэі.

Комплекс гаспадарчых будынкаў у багатых феадалаў уключаў пабудовы для хатняй жывёлы і птушак: стайні, канюшні, хлявы, аборы, валоўнікі, клеці. Для захавання збожжа, свірны, скарбіцы, гумны, адрыны, пуні, сеннікі. Для прамыслвага вырабу: млыны, пякарні, скляпы, бровары-піваварні, саладоўні, лазні, сырніцы, алейні, лядоўні, корчмы, вяндлярні. Акрамя жылога дома самога феадала і гаспадарчых будынкаў, у комплексе сядзіб як правіла меліся і памяшканні для дваровых слуг.

У перапісе знаходзіліся данныя аб павіннасцях прыгонных сялян перад памешчыцай. Кожнай сялянскай гаспадарцы: прыгон за тыдзень - 3 дні; згонаў у год з працоўнай душы - 8 дзён. Акрамя гэтага быў абавязак узараць і забаранаваць панскай зямлі, выраб нітак з абшарніцкага матэрыялу; вываз дроў і бярвенняў з панскага лесу для патрэб фальварка.

Апроч натуры быў абавязковым чынш - 2 рублі серабром. Але паншчына была далёка не асноўным ярмом на сялянскай шыі. Былі і іншыя павіннасці:

- старожа - вартаўнікі;

- праца ў панскім двары;

- шарваркі - будаўніцтва мастоў і дарог.

Будаўніцтва дарог цяжкім грузам клалася на плечы простага люду. Праўда, на гэтую справу выдзяляліся з казны грошы, і сяляне маглі зарабіць цяжкай працай крыху грошай. На час будаўніцтва за кожнай вёскай замацоўвалі ўчастак дарогі, і па загадзе мясцовай улады выводзілі грабароў (землякопаў) і сялян з падводамі для падвозу жвіру, каменняў… Асабліва цяжка даводзілася пераадольваць балоты, нізіны, рэчкі. Грэбля на дарозе ад Дроздава у бок Ганчароў доўга была забалочна, укладалася галлём, накідвалі каменні і абавязковай шарваркай усыпалі жвірам, прывозячы вазамі з дзітвянсай жвіроўні...

Па дакументальных сведчаннях у Гарадзенскай губерні ў 1850-х гадах налічвалася 4850 вёрст паштовых, гандлёвых і ваеннных дарог. Штогод на будаўніцтва дарог выводзілі па 126 тысяч пешых работнікаў і 167 тысяч падвод.

Гэтыя дарогі з дакладна спланаваным палатном, абочынамі, кюветамі, разлічаныя на конны транспарт доўга служылі людзям, у многім далі аснову цяперашнім. Гэта выдатны помнік нашым продкам-беларусам, якія аднымі рыдлёўкамі пабудавалі тысячы вёрст дарог.


А вось згодна з перапісам 1848 года, ў вёсцы Дроздава былі 24 гаспадаркі, у якіх жыло 186 душ, з якіх 82 - мужчыны і 86 - жанчын. Гэта сведчыць аб тым, што сем'і былі вялікія: не менш як па 7 душ на гаспадарку. За мінулае паўстагоддзе сем'і выдзеліліся ў асобныя гаспадаркі. Так, з аднолькавымі прозвішчамі гаспадарак было: Кудла - 6, Кумпяк - 5, Шут - 4, Козел - 3, Быстрыцкі - 3, Салавей - 2, Дзевяты - 1, Пусько - 1.

Ужо існавалі суседнія вёскі: Ганчары, Масявічы, Жучкі. А вось тады вёскі Даржы яшчэ не было, былі Дзяковічы, якіх цяпер няма.

Фальварак "Місёўшчына" ад Жучкоў з вярсу да Супраўшчыны. Там у памешчыка цівуном, як запісаў мой бацька, працаваў яго прадзед Васіль.

Старэйшымі жыхарамі былі: Быстрыцкі Якаў Іванавіч - 89 год і Салавей Канстанцыя - 89 год, Кудла Юстына - 80 год, Кудла Васіль - 80, Козел Дамінік - 80 год. Але гэта адзінкі доўгажыхароў. Так, на ўсю вёску старэйшых за 60 год было ўсяго 10 мужчын і 6 жанчын, дзяцей да 10 год: хлопчыкаў - 24, дзяўчынак - 29.

Мужчын з распаўсюджанымі імёнамі жыло: восем - Іван; шэсць - Андрэй; па пяць - Сцяпан, Антон, Юрый і Іосіф; па чатыры - Павел і Юльян; па тры - Філіп, Пётр і Мікалай, Базыль, Фёдар, Баўтрамей і Дамінік; па два - Якаў, Рыгор, Ігнацій, Васіль, Вікенцій, Канстанцін, Раман і Мацвей; па адным - Сымон, Сямён, Міхась, Фама, Станіслаў і Аляксандр.

Жанчын з распаўсюджанымі імёнамі жыло: па 13 - Мар'яна і Ганна, па 12 - Кацярына; па сем - Агата і Разалія; па пяць - Альжбета і Тарэса; па чатыры - Крысціна, па тры - Петрунэла; па два - Барбара, Магдалена і Настасія; па адным - Караліна, Юстына, Канстанцыя, Рахэла, Францішка, Дарота, Фядора, Тэкля, Вольга, Ева і Клара.

Цікавыя звесткі пра жыўнасць: на 24 дроздаўскія гаспадаркі было: валоў- 49, коней - толькі 21. Вядома, што ў той час асноўнай цягавай сілай былі валы. Іх запрагалі ў ярмо па парах і аралі сохамі глебу. Коней болей выкарыстоўвалі пры баранаванні, запрагалі ў воз, ці зімой у сані. Карміліца для сям'і - карова была па адной ў кожнай гаспадарцы, і толькі ў чатырох гаспадарках меліся па дзве. Маладняка буйнарагатай жывёлы налічваў - 38 галоў, авечак - 179, свіней рознага ўзросту - 65. У графе "курэй" - працяжнік і "вуллі пчаліныя" - таксама. Чамусьці не бралі на ўлік…

Мае продкі па бацькоўскай лініі жылі ў в. Дроздава з даўніх часоў. Знайшоў дакладнае падцверджанне таму - архіўныя крыніцы. У перапісе за 1779 год па вёсцы Дроздава запісаны Станіслаў Кудла - меў 35 год, гэта значыць 1744 года нараджэння. Тут жа запісаны сыны: Васіль 11 гадоў г.зн. - 1768 г.н., Антон - 6 гадоў - 1773 г.н, дачка - Мар'яна - 4 гады г.зн.1775 г.н., у 1795 годзе нарадзіўся Дамінік.

У1812 годзе ў Васіля нарадзіўся Андрэй, які ў 36-ці гадовым узросце ажаніўся з Кларай з Агароднікаў (прозвішча не ўстанавілі).

Згодна з перапісам 1848 года па вёсцы Дроздава пад нумарам 16 (гэта значыць, пасярэдзіне вёскі,там дзе і прадоўжылі засяленне нашы продкі) у разрадзе гаспадароў «тяголь альбо пашанныя» - запісаны Васіль Станіслававіч Кудла - 80 год, сын Андрэй - 36 год, яго жонка Клара - 36 год, і іх тры дачкі: Кацярына - 6 год, Мар'яна - 4 гады, Ганна - 2 гады. Не вядома, калі гэтыя нашы дзяўчаты выйшлі замуж і, безумоўна, змянілі прозвішчы, далейшая іх жыццё пакуль не ўстаноўлена, як і дзяўчаты прыйшоўшыя замуж за нашых хлопцаў. Так і наш род злучае ў сябе ручаіны з іншых крыніц.

Мой прапрадзед - Кудла Васіль Станіслававіч - 80-ці гадовы селянін ужо не мог спраўна весці гаспадарку з сынам Андрэем і яго жонкай Кларай, якія на той час ужо радзілі трох дачок. Для сялянскай працы запрасіў у парабкі ганчароўскага хлопца - 15-ці гадовага Кучынскага Яна.

Думалася, як жа прадоўжацца нашы Кудлы без мужчынскага роду. Але Андрэй і Клара пастараліся, і ужо праз два гады ў 1850 годзе нарадзіўся спадчыннік роду - Ісідар (Зыдар). Далей, ад яго наш род прадоўжыў Іван Ісідаравіч.

Спраўка Літоўскай Духоўнай Кансісторыі аб тым, што ў сялян вёскі Дроздава Лідскага ўезда Ісідара Андрэевіча Кудлы і Аляксандры Андрэеўны, у дзявоцтве Міцюкевіч, нарадзіўся сын 23 студзеня 1875 года і ахрышчаны Іаанам Кудлам у Ганчарскай Свята Пакроўскай царкве.

Знайшоў у рэвізскім запісе 1858 года, што ў вёсцы Ганчары, у Міцюкевіча Андрэя Лявонавіча і жонкі Алены Мікалаеўны нарадзілася дачка Аляксандра ў 1852 годзе, якая вышла замуж за Ісідара Андрэевіча Кудлу.

Як і ўсе селяне навакольных вёсак, нашы родзічы былі прыгоннымі памешчыцы Петранелы Францаўны Ленскай з маёнтка Вашкевічы. У той час ім было выдзелена 19 десяцін зямлі, з іх 14 - ворнай.

Тут жа ў перапісе занатавана колькасць абавязковых натуральных павіннасцяў на гаспадарку: прыгону за тыдзень з падводаю - 3 дні, пешым - 2, згону ў год з працоўнай душы - 8 дзён з падводай. Апроч гэтага ў абавязак уваходзіла: узараць і забаранаваць панскай зямлі, выраб палатна з панскага матэрыялу, вывазка дроў для фальварка. А вось колькасць натуральных павіннасцяў (даніны) крыху здзіўляе: за год належала даніны: 1 курыца,10 яек,1 капа грыбоў (60 штук), 3 гарнцы ягадаў. І абавязковых не натуральных: чыншу - 2 рублі серабром. Не зусім зразумела, калі гэта за год, то не так гэта і многа. (Мы памятаем падаткі з аднаасобнікаў пасля вайны, «дралі» значна больш! Забіралі столькі, што для яды не было хлеба, свініны і нават яек)…

Родны брат Васіля - Кудла Антон Станіслававіч - меў 75год і сына Дамініка - 7 г., а жонка ўжо адышла ў вечнасць. Як галава новай гаспадаркі ў сям'ю ўзяў на 22 гады малодшага роднага брата Дамініка Станіслававіча і родную 73-х гадовую сястру - Мар'яну.

Брат Дамінік Станіслававіч - 53год і жонка яго Кацярына - 45год у даволі высокім узросце нарадзілі трое дзяцей: сына Юрыя - 9 г., дачок Мар'яну - 4 г., Крысціну - 1 г. Усяго ў сям'і стала 8 душ.

Дваюрадныя браты Кудлаў ад бацькі Івана, ажаніўшыхся завялі свае асобныя гаспадаркі, пабудавалі хаты і гаспадарчыя пабудовы. Ужо на той перапіс завялі дзяцей і мелі ў сем'ях: Кудла Фёдар Іванавіч - 54 гадоў - 6 душ; Кудла Сымон Іванавіч - 50 год - 9 душ; Кудла Пётр Іванавіч - 40 год - 6 душ.

Траюрадны брат - Кудла Мікалай Аляксандравіч - 1810 г.н. - 38 год, ад бацькі Аляксандра, які памёр, і жывой 80-гадовай маці Юстыны ў спадчыну атрымаў гаспадарку. З жонкай Тарэсай - 1810 г.н. - 38 г. нарадзілі траіх сыноў: Казімір - 10 г., Юльян - 8 г., Семён - 6 г. У ся-м'ю прытуліў і братоў з сем'ямі. Брат Мікалая - Філіп Аляксандравіч - 35 год, жонка - Агата - 30 г., іхнія дочкі: Мар'яна - 7 г., Альжбэта - 5 г. Другі брат Мікалая - Андрэй Аляксандравіч - 33 г. яшчэ не быў жанаты.

Усяго ў сям'і стала 11 душ, з іх 6 мужчын добрага працоўнага ўзросту.

У гаспадарцы мелі 2 валы і каня для працы на зямельцы, з жыўнасці толькі адну кароўку, двое цялятак, 8 авец і два свінчы.

Салавей Марцін Васільевіч - 1813 г.н. меў 35год, пайшоў у прымы і ўзяў у жонкі крыху старэйшую саракагадовую Фядору Кудлу, мажліва, з-за гэтага, дзетак не значыцца. Там на краі вёскі пад № 23 жыў і швагер Кудла Якаў - 70 год. Напэўна з-за цяжкасці весці сялянскую гаспадарку прытуліў палавінніка Пазняка Яна - 45 г. з яго жонкай Разаліяй - 40 г. і дочкай Петрунелай - 9 год.

Брат Марціна - Салавей Ігнацій Васільевіч - 1810 г.н. - 38 г., застаўся жыць у бацькоўскай хаце на пачатку вёскі пад № 5 з маці сваёй Канстанцыяй - самай старэйшай вяскоўкай - 89 год. Ігнацій, маючы каля 28 год, жаніўся з маладухай Разаліяй, і яны выгадавалі дачку Разалію - 9 г. і двух сыноў Сцяпана - 6 г. і Базыля - 2 г.

У сям'і жыў дзядзя Іосіф ?? - 70 г. і сын яго Іосіф - 22 г. Усяго - 8 душ.

Сярод самых рассяліўшыся драздаўцоў па ўсёй вуліцы былі на той час Кумпякі - мажліва, свая дальняя радня.

Хата № 3 - Кумпяк Андрэй Сямёнавіч - 1813 г.н. - 35 г., жонка Агата - 30 г., малодзенкія дзеткі: сын Базалій - 1г., дочкі: Ганна - 8 г., Кацярына - 6 г. Для працы на гаспадарцы ўзялі парабкам аднавяскоўца - Козела Кастуся - 19 г.

№ 15. Кумпяк Іосіф Сцяпанавіч - 1803 г.н. - 45 г., жонка Мар'яна - 40 г., сын Іосіф - 12 г., дочкі: Альжбета - 14 г., Крысціна - 6 г., Мар'яна - 2 г. - 6 душ.

№ 18. Кумпяк Антон Ігнаццевіч - 1808 г.н. - 40 г., жонка Альжбета - 35 г., дочка Агата - 6 г., брат Сцяпан Ігнаццевіч - 30 г., яго жонка Ганна - 30 г. Дзетак яшчэ не было.

№ 21. Кумпяк Юрый Іосіфавіч - 1813 г.н. - 35 г., жонка Мар'яна - 30 г., сыны: Філіп - 6 г., Фёдар - 1г ., дачка Францішка - 8 г.

№ 24. Кумпяк Антон Іванавіч - 1788 г.н. - 60 г., малодшая на 15 год жонка Настасся - 45 г., мелі дачку Разалію - 10 г. Да гаспадаркі прылучылі палавінніка Казёл Юліяна - 32 г., з жонкай Петрунелай - 33 г. і дзеткамі: сын Філіп - 2 г., дочкі: Пятруша - 7 г., Агата - 4 г.

На самым пачатку вёскі жыў Шут Грыгорый Сцяпанавіч - 1788 г.н. - 60 год, жонка - Агата - 1798 г.н. -50 год, сыны: Фама - 26 г., Мікалай -18 г., дачка - Петранела - 18 г.

Праз пяць хатаў пад № 7 абаснаваўся малодшы на 10 год родны брат Грыгорыя - Шут Вікенцій Сцяпанавіч - 1795 г.н. - 50 г., жонка Мар'яна - 40 г., дачка Ганна - 5 г., палавіннік Кумпяк Іосіф - 25 г. з жонкай Тарэзай - 22 г. У сям'і пакуль было толькі - 5 душ.

Пад № 17 жылі суседзямі Кудлы Васіля Станіслававіча на бацькоўскай гаспадарцы два браты - Шут Ві кенцій Мікалаевіч - 1812 г.н. - 36 г., з жонкай Каралінай - 28 г., і Ян Мікалаевіч - 29 г., з жонкай Кацярынай - 22 г. Тады, у1848 годзе, яшчэ не было дзяцей, а праз 100 год я памятаю сем'і суседзяў Шутаў (Кочманы і Сямёнавы).

№ 20. Шут Мікалай Фёдаравіч - 1821г.н. - 27 г., жонка Ганна - 26 г., дачка Барбара - 1 г., брат Сцяпан Фёдаравіч - 20 г., братава жонка Кацярына - 35 г., іхні сын Матвей - 5 г., і дачка Кацярына - 9 г.

№ 9. Быстрыцкі Андрэй Канстанцінавіч - 1816 г.н. - 30 г., жонка Ганна - 32 г., дачка Ганна - 4 г. Брат Якаў Канстанцінавіч - 18 г., сястра Агата Канстанцінаўна - 20 г. Усяго - 5 душ.

№ 10. Самы старэйшы дроздавец - Быстрыцкі Якаў Іванавіч - 1759 г.н. меў ужо 89 год, жонкі ўжо не стала. Каб весці хатнюю справу запрасіў служанку - Мар'яну Кудлаўну - 20 г. (Так запісана, а напэўна, Кудла). Каб весці сялянскую гаспадарку да дочкі сваей Разаліі - 35г. - прытуліў зяця ганчарскага Германовіча Антона - 40 г., у іх дзетак не значылася, а другая дачка Еўка - 25 г. з другім зяцем - Кудлам Паўлам - 30 г., ужо мелі двух сыноў: Юрыя - 4 г. і Фёдара - 2 г. Усяго ў сям'і - 8 душ.

№ 14. Быстрыцкі Васілій Варфаламеевіч - 1818 г.н. - 40 г., жонка Настасія мела 36 год і, значыць, радзіла першага сына ў 15-і гадовым узросце, бо іхні старэйшы сын Ян меў 21 год, ужо ажаніўся з Кацярынай - 21г., малодшы сын Васіля - Пётр - 8 г.

№ 11. Козел Фама Пятровіч -1791 г.н. - 57 г., жонка Мар'яна - 45 г., сыны: Андрэй - 15 г., Раман - 9 г., Балтрамей - 6 г., дочкі: Ганна - 13 г., Крысціна - 3 г. Брат Павел Пятровіч - 50 г., жонка яго Разалія - 40 г., сын Міхаіл - 4 г., дочкі: Магдалена - 11 г., Мар'яна - 8 г., Рахела - 6 г., Альжбета - 1 г. Найбольшая ў вёсцы сям'я - 14душ. А вось у хлявах мелі малавата: два валы, аднаго каня, карову, цялушку, 8 авечак і 3 свінчы.

№ 12. Козел Дамінік Іосіфавіч - 1768 г.н. - 80 г., малодшая на 21год жонка Іафата? - 59 г., радзіла сына Ігнація - 30 г., які ажаніўся з Тарэзай - 30 г. і мелі две дачкі: Ганну - 4 г. і Барбару - 2 г. У другога сына Паўла - 28 г. чамусьці жонкі не запісана, а меў дзве дачкі: Кацярыну - 13 г., Разалію - 7 г.

№ 19. Пусько Раман Якімавіч - 1775 г.н. - 73 г., жонка Ганна - 75 г., брат Матвей Якімавіч -56 г., яго жонка Ганна - 50 г. і сын Павел -20 г., сястра Магдалена Якімаўна - 45 г. мела дачку Тарэзу - 22 г. А вось мужа не значыцца. Ворнай добрай зямлі - 7дзесянцін, сярэдняй - 7,05 дзесянцін, сенакосу - 3, усяго - 19,09 дзесянцін. У дальнейшым у вёсцы Пуські не значыліся…

22. Дзявяты Ян Міхайлавіч - 1778 г.н. - 70 г., жонка Дарота - 60 г., сын Андрэй - 15 г. старэйшы сын Юльян - 40г., жонка Альжбета - 35 г., сыны: Юльян - 7 г., Балтрамей - 2 г.

Вось згодна з перапісам 1848 года ў вёсцы Дроз-дава было: валоў - 49, коней - 21, кароў - 28, дробнай жывёлы - 38, авец - 179, свіней - 65, курэй і пчол - не запісана.

Зямля сядзіб - 26 дзесяцін, ворнай - 168+189 дзесяцін.

Засценак Старамлынішча, прыпісаны да Дроздава,там адзіным гаспадаром быў Баярын Іван Аляксеевіч - 1781 г.н., меў 67 год, жонка Магдалена - 58 г., сын Іван - 23 г., яго жонка Юльяна - 20 г. Гаспадарка Баярына мела: коней - 2, валоў - 2, кароў - 3, цялят - 3, авечак - 8, свіней - 3, курэй - ?, мелі пчол 20 вулляў.

Складанае жыццё ў той час не дазваляла нашым продкам памыліцца, бо памылкі маглі абярнуцца голадам і прывесці да смерці. Яны былі людзьмі разважлівымі. Іх маёмасная няроўнасць перарастала ў сацыяльнае расслаенне. Больш заможныя прыгонныя сяляне наймалі сваіх самых бедных субратоў-сялян у парабкі. Апошнія, заробленыя парабкоўскай працай, грошы часткова аддавалі феадалу, а астатнюю частку трацілі на свой бедны пражытак.

Дзень вольнай працы ў маёнтку прыносіў селяніну 7,5 капейкі срэбрам аднаму, а з упражкаю валоў - 15 капеек. Чвэрць бульбы каштавала 50 кап., аўсу - 1 рубель, ячменю - 2 рублі, жыта - 2 рублі 25 капеек.

Жыццё часта сутыкала селяніна адзін на адзін са сваім лёсам. Таму ён прывык спадзявацца на свае сілы, але дапамогу іншых цаніў і ніколі не забываўся аддзячыць за яе.

Характар нашых продкаў фарміраваўся гістарычна на працягу многіх стагоддзяў, перш за ўсё заўзяты працаўнік.

Не песціла іх зямля сваёй нізкай урадлівасцю, а прырода - кліматам і дармавымі дарамі. Спакон вякоў прывыклі яны жыць сваёй працай і спадзявацца толькі на яе. Паўсядзённыя клопаты рабілі іх руплівымі гаспадарамі. Цяжкая праца не заўсёды дазваляла зводзіць канцы з канцамі. Жыццё рабіла селяніна надзвычай ашчадным. «Лепш не даесці, а прыдбаць нешта на «чорны» дзень».

Шчасце беларус уяўляў сабе не ў гультайстве, не столькі ў матэрыяльным багацці, якога ў яго заўсёды не хапала, а ў актыўнай працы на роднай зямлі. Шчаслівым лічыўся чалавек, у якога вакол была добразычлівая радня, былі працавітыя дзеці, парадак у сям'і, згода з суседзямі.

Пра шчасце, дастатак і багацце марылі нашы продкі, у абрадах, стараліся паспрыяць ураджаю і прыплоду жывёлы.

Асноўным тыпам жылля сельскага вяскоўца была зрубная, драўлянная хаціна з двума памяшканнямі - хата + сенцы. У кагосьці было і трохкамернае жыллё, якое складалася са святліцы, сенцаў і каморы. Страху накрывалі ў асноўным саломай, хтосьці дранкай ці гонтай.

У жылых памяшканнях рабілі печы з комінам, а ў некаторых без коміна, і ў так званай курнай хаце дым з печы выходзіў праз сталяванне і дзверы. У залежнасці ад маёмаснага становішча гаспадара падлога была гліняным токам ці драўлянымі плахамі. Вокны рабілі невялікімі і закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, хтосьці прамасленай паперай, і вельмі рэдка тады было шкло.

У Лідзе і мястэчку Бяліца пару раз ў тыдзень наладжваліся рынкі, а на працягу года арганізоўвалі вялікія кірмашы. Адзенне селяніна было даматканым і самаробным, абутак - ліпавыя і лазовыя лапці

З землеапрацоўчых прылад на той час пераважала простая сялянская прылада - конная саха для парнай валовай запрэжкі. Амаль кожны земляроб яе рабіў сам. У папярочны цурбан спераду наглуха мацавалі аглоблі. Ззаду прымацоўвалі палосы, на ногі якіх насаджвалі сашнікі. Рухаючыся на працу на поле, ставяць саху на драўляныя рагулькі, каб не чыркала аб дарогу і збераалася б конская сіла на ворыва. Вясною мужычок стараўся араць глыбей, каб зрабіць зямлю друзлей і мякчэй, але сам ламае плечы і мазоліць рукі.

На ўзаранае поле напускалі бойкую, лёгкую на хаду, гарэзлівую барану. Бегае яна па полі, віляючы з боку ў бок, выдзірае каменьчыкі, выраўноўвае поле, вычэсвае з зямлі пустазельныя травы. Пасля баранавання земля, як пух - гатова для севу.

Ходзіць па полі сейбіт босым. На грудзях вісіць на вяровачках сявенка з адборнымі зернямі. Бярэ ён адтуль жменю за жменяй і з таямніцай - нячутнай малітвай кідае насенне па падоўжных баразёнках, якія правяла саха. Адной рукой шпурляе насенне так, каб раскідвалася яно раўнамерна. Томіцца рука ад махаў, сее моўчкі, нібы здзяйсняе святы сакрамант…

Пры падсечна-агнявой сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, для рыхлення глебы - баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Усе збожжавыя культуры жалі сярпом, сушылі ў снапах десяткамі і звозілі ў гумно, дзе там ці на падворку малацілі цапамі, потым зерне веялі з дапамогай драўлянай веялкі-шуфліка, малолі на муку ў жорнах або абдзіралі на крупы. Салому пакавалі ў скірды. З жытняй саломы рабілі кулі для ўкладкі стрэхаў.

Асноўнай збожжавай культурай было жыта. Сеялі таксама ячмень, пшаніцу - мука з якіх ішла на хлеб, булкі.

Хлеб шанавалі, як сваё жыццё. Здаралася, пасля яды зграбуць яго крошкі ў жменю і з'ядуць. А акраец бохана, што застанецца, асцярожна, як найвялікшую каштоўнасць, пакладуць на стол ці пад абраз і накрыюць чысцюткім белым ручніком.

Накарміць госця, даць яму прытулак, лічылася ў нашых продкаў святой справай, і гэта захавалася ў нашых сем'ях.

Бывала, жыццё гнула беларуса. Ён пакутаваў і цярпеў, марыў і спадзяваўся на лепшае будучае, калі не для сябе, то для сваіх дзяцей. З усіх сіл стараўся беларус пакінуць у спадчыну дзецям штосьці большае, чым атрымаў сам ад сваіх бацькоў.

З грэчкі і ячменю ў крупарушцы выраблялі крупы. Сеялі гарох і лубін, проса, боб, хмель, сачавіцу і інш. Аўсу сеялі многа, каб забяспечыць коней і валоў добрым кормам. Чым даўжэй харчуецца конь на аўсе, тым больш у ім сілы, сенам конь трыбушыну набівае, а ад аўсу мускулатура па целе закладваецца. На кепскім корме і работнікам кепска, а пры аўсе і гной лепшы, і новаму хлебу зручней. Без жывёлы хлебу кепска, без жывёлагадоўлі няма земляробства.

Ужо тады з агародных культур вырошчвался - капуста, морква, буракі, цыбуля, часнык, рэпа, рэдзька, мак, а з садовых - вішні, слівы, яблыкі, грушы.

А вось бульбу ўпершыню пачалі вырошчваць на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў другой трэці XVIII стагоддзя. Але ў гэты час яна вырошчвалася толькі ў каралеўскіх эканоміях нямецкімі каланістамі.

Першапачаткова беларускае сялянства паставілася надзвычай недаверліва да гэтай агракультурнай навацыі, адмаўляючыся яе садзіць. У кагосьці былі выпадкі, калі пасадзіўшы ў землю клубні, ужо летам з бацвіння збіралі памідорыкі, пробавалі есці, рыгалі…, не ведалі, што ядомая бульбіна ў зямлі. Калі выяснілі дабрыню ежы, бульбаводства стала актыўным.

Далей у XIX стагоддзі бульба насамрэч становіцца пануючай палявой культурай на беларускіх палетках. Так, калі ў Гарадзенскай губерні ў 1822 годзе было сабрана 7,1 тысячы чвэрцяў бульбы, то ў 1827 годзе ўжо ў 100 разоў болей. Стравы з бульбы ў гэты ж час становяцца «другім хлебам», хаця не будзе перабольшаннем сказаць, што для бяднейшых сялян яна стала ўвогуле ці не адзіным і першым хлебам: «картошка - хлебу прысошка».

Поспехі бульбаводства, «бульбяны бум», далі свае станоўчыя вынікі ў галіне селекцыі, узніклі беларускія гатункі бульбы. У жніўні 1853 года ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце была адкрытая выстава, на якой экспанавалася 28 гатункаў бульбы з батанічнага сада інстытута, а таксама прадукты з бульбы ў выглядзе мукі і крупкі.

Запісаны такія ўраджайнасці: збожжа: сам - 4, бульба: сам - 6. Гэта значыць, калі высявалі па цяперашніх нормах 200 кг зерня, то атрымоўвалі 200х4= 800 кг, г.зн. - 8 цэнтнераў з гектара, бульбы-сямянкі садзілі 3 тн. на гектар х 6=18 тн., г.зн. - 180 цэнтнераў з гектара.

Для гаспадарскіх патрэб сеялі лён, яго апрацоўвалі і атрымоўвалі ільновалакно (пяньку), што было галоўнай сыравінай для вырабу тканіны. Каноплі ішлі на выраб вяровак, а з сем'я ільну і канопляў вырабялі алей.

Важнай галіной сельскай гаспадаркі з'яўлялася жывёлагадоўля. Быдла было мясцовых малапрадуктыўных парод. Коні і валы выкарыстоўваліся ў якасці цяглавай сілы, а разам з каровамі, авечкамі і свінямі яны давалі мяса і гной, які быў адзіным відам ўгнаення палёў. У залежнасці ад колькасці трымалася ўраджайнасць.

Гэта цікавае данясенне Аляксандра Ленскага.

Петранеля Ленская памерла ў 1857 годзе. Мяркуецца, што да 1864-га года маёнтак перайшоў яе дачцэ Вераніцы Аборскай. Аднак, у архіўных матэрыялах Вільні давялося сустрэць запіс аб тым, што рэвізскую казку 1850-га года за сваю састарэлую маці па яе даве-ранасці падаваў Аляксандр Паўлавіч Ленскі, «Віленскі ўездны прадвадзіцель дваранства».

Даведка за 1850 год аб прыгонных памешчыцы Петранелы Ленскай.

У1834 годзе мужчын было 525, за 16 год выбыла 213, прыбыло 230 і стала 542.

Жанчын 523 было, выбыла 210, прыбыло 307 і стала 62 0.

У 1860-ым у Вашкевічы пераведзена паштовая станцыя з Лупеніц.

Падрыхтоўка да адмены прыгоннага права пачалася з заходніх беларуска-літоўскіх губерняў. 19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпісаў Маніфест, аб вызваленні памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці. Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і пэўныя грамадзянскія правы, якія карэнным чынам змянялі іх становішча. З гэтага часу сяляне мелі права самастойна распараджацца сабой і сваёй маёмасцю, засноўваць гандаль, непасрэдна звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы і суд, паступаць на службу або ў навучальныя ўстановы.

Змяніліся і ўзаемаадносіны паміж абшарнікамі і сялянамі. Абшарнікі гублялі паліцэйскую і судовую ўладу над вёскай, вызваляліся ад адказнасці за выплату сялянамі падаткаў і выкананне імі павіннасцяў на карысць дзяржавы. Дзяржава ўступіла ва ўзаемаадносіны з сялянствам, абыходзячы тым самым былых гаспадароў прыгонных сялян. У сувязі з гэтым былі ўведзены выбарныя органы сялянскага самакіравання, якія павінны былі кантраляваць збор падаткаў, рэгуляваць пазямельныя адносіны сялян. Паводле «Агульнага палажэння», уся зямля, якой карысталіся сяляне, прызнавалася ўласнасцю абшарнікаў. Яны абавязаны былі надзяліць сялян зямлёй, за карыстанне якой сялянам належала несці павіннасці. Абшарнікі пры надзеле зямлі безумоўна выбіралі сабе самую ўрадлівую, што прывяло да церазпалосіцы сялянскіх надзелаў. У Віленскай і Гарадзенскай губернях для сялян зямля замацоўвалася за кожным дваром, а не за суполкай.

Памер выкупной сумы вызначаўся такім чынам, каб абшарнік, паклаўшы яе ў банк пад 6 % гадавых, мог на гэтыя працэнты атрымліваць штогод прыбытак, роўны гадавому чыншу, які ён меў да прыняцця рэформы. Ад 20 да 25 % неабходнай сумы сяляне павінны былі плаціць самі непасрэдна абшарніку. Астатнія 75-80 % абшарнікі атрымлівалі ад дзяржавы. У выніку такой аперацыі сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і абавязаны былі на працягу 49 гадоў (да1910) не толькі вярнуць грашовую пазыку ўраду, але і выплачваць за гэтую пазыку штогод 6 % ад яе сумы.

Варта адзначыць, што ў выніку сялянскай рэформы 1861 года абшарнікі ў Беларусі змаглі ўтрымаць у сваім карыстанні 55% усіх зямель, значна меншую толькі 33,4% колькасць зямлі складалі сялянскія зямельныя надзелы, 11,3 % належалі царкве і скарбу. Сялянская рэформа 1861 г. стала своеасаблівым мяжой, якая абазначыла пераход ад феадалізму да капіталізму. Гэта была ўнікальная гістарычная падзея, у выніку якой абшарніцкія сяляне атрымалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы. Але разам з тым рэформа захавала шмат феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў, абвастралася аграрнае перанасяленне, пастаянна ўзнікалі сялянскія хваляванні.

Так, на нашай тэрыторыі ў 1863 г. успыхнула паўстанне, якое закранула ў той ці іншай ступені ўсе пласты насельніцтва. Яно не магло абмінуць і духавенства. Што тычыцца каталіцкіх святароў, то значная колькасць іх ўдзельнічала ў паўстанні або спачувала паўстанцам, яны падтрымлівалі ў народзе ідэі нацыянальнай незалежнасці і магутнасці Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, беларускі нацыянальны рух у час паўстання, дзякуючы К. Каліноўскаму і яго аднадумцам, узняўся на якасна новы ўзровень: у ім зарадзілася палітычная ідэя дзяржаўнай самастойнасці Літвы-Беларусі. Віленскі губернатар М. Мураўёў, празваны «вешальнікам», чалавек жорсткі, але аказаўся разумны і дальнабачны, прыйшоў да думкі, што сілай адной зброі дасягнуць поспеху будзе цяжка.

Сваім указам ён паставіў дзве ўзаемазвязаныя мэты: па-першае, наладзіць сістэму даносаў у асяроддзі сялян праз матэрыяльную зацікаўленасць, паніжэнне для сялян на 20% выкупных плацяжоў з мэтай нейтралізацыі іх у паўстанні. Гэта яму ўдалося. Фактычна ў аддзелах паўстанцаў сяляне складалі толькі 18 %, а вось шляхта - 70%. Парабкі і беззямельныя сяляне пачалі надзяляцца зямлёй, канфіскаванай у абшарнікаў, якія ўдзельнічалі ў рокашы. На гэта са скарбу была выдзелена велізарная па тых часах сума ў 5 мільёнаў рублёў - усё гэта садзейнічала затуханню паўстання.

Надзелы беларускіх сялян павялічваліся амаль на чвэрць, а іх падаткі сталі значна ніжэйшыя.

Ваенна-паліцэйскія і палітычныя меры дасягнулі свайго: да канца жніўня - пачатку верасня 1863 г. паўстанне ў Беларусі і Літве было ў асноўным задушана. Сотні паўстанцаў расстраляны, некаторыя публічна павешаны. Усе вёскі знаходзіліся пад наглядам ўзброенай уладамі сельскай варты.

За выдачу паўстанцаў прызначаліся ўзнагароды. Тыя вёскі, што аказвалі падтрымку паўстанцам, спальваліся, маёмасць жыхароў прадавалася, а самі яны высылаліся ў Сібір. Мясцовыя дробныя чыноўнікі і інтэлігенцыя пераводзіліся на службу ў Расію, а на іх месца прысылаліся расіяне, каб пазбавіць тутэйшыя дзяржаўныя ўстановы ад польскага ўплыву, а таксама адкрылі частковы доступ да пасадаў у розных сферах мясцоваму праваслаўнаму насельніцтву. Так пачалася беларусізацыя мясцовай адміністрацыі ў так званым Паўночна-Заходнім краі.

Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым: было забаронена друкаваць беларускія кнігі лацінкай. Пад выглядам барацьбы з «паланізмам» рэзка ўзмацнілася русіфікацыя краю. Руская мова стала пануючай ва ўсіх галінах грамадскага жыцця. У сваёй палітыцы царскі ўрад актыўна выкарыстоўваў праваслаўную царкву і народную асвету на рускай мове. Узмацніўся ціск на католікаў, прымусова зачыняліся каталіцкія храмы і кляштары, адначасова было разгорнута масавае будаўніцтва праваслаўных цэркваў.

У вёсцы Дроздава ў сялянскай хаце ў 1887 годзе была адкрыта школа царкоўнай граматы ад Ганчарската прыходу. У 1896 г. там вучылася мясцовая дзетвара: 8 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак, настаўнікам быў дроздавец Васіль Кумпяк, а да Першай сусветнай - Соф'я Зыдараўна Кудла, цётка майго бацькі.

У Руска-турэцкай вайне ў 1877-1878 гадах у складзе 17-га Архангельскага пяхотнага палка пад кіраўніцтвам генерала В. А. Геймана ўдзельнічаў з нашай радні Іван Антонавіч Кудла. Радавы вайсковец загінуў за волю славянскіх народаў Балканскага паўвострава і навек застаўся далёка ад роднай зямлі.

У 1911 г. быў створаны Гарадзенскі «Саюз жывёлаводаў і жывёлазаводчыкаў». Яго дзейнасць была і ў Лідскім павете, яна была накіравана на перабудову сельскай гаспадаркі. У гэты час праходзіла сталыпінская аграрная рэформа, якая дала права прымусова выдзяляць сялянам зямлю ў адным участку і перасяляць іх на хутары.

Дармова або за меншы кошт сябры таварыства забяспечваліся насеннем хлябоў, траў, тэхнічных раслін і агародніны (такім чынам укараняўся шматпольны севазварот), пасадачным матэрыялам пладовых дрэў, племянной жывёлай, угнаеннямі, тэхнікай (жняяркі, маслабойкі, сепаратары, пралкі, лядоўні). Значную ўвагу ўдзяляла таварыства барацьбе з рознымі ворагамі сельскай гаспадаркі, такімі як: пяскі, яры, дрыгва, шкоднікі раслін, хваробы жывёл. Сябры таврыства скасоўвалі цераспалосіцу, урэгулёўвалі лясную і водную гаспадаркі, арганізоўвалі кааператывы, наладжвалі народны дробны крэдыт, садзейнічалі мерам па развіцці кустарнай прамысловасці.

У функцыі таварыства ўваходзіла і распаўсюджванне сельскагаспадарчых ведаў. З гэтай мэтай на агульных сходах чыталіся рэфераты, арганізоўваліся выстаўкі, фарміраваліся бібліятэкі, друкаваліся плакаты, праводзіліся сельскагаспадарчыя курсы, выставы, ажыццяўляліся экскурсіі па ўзорных гаспадарках, існавала Гарадзенскае сярэдняе сельскагаспадарчае вучылішча. Вяліся вегетацыйныя доследы з калійнымі, фосфарнымі, азотнымі ўгнаеннямі, уздзеяннем вапны на глебу.

У 1915 годзе Таварыства сельскай гаспадаркі перастала існаваць, бо на Гарадзеншчыну набліжалася Першая сусветая вайна.

Рудзінская Алена Мікалаеўна - унучка ад драздаўскіх Кумпякоў (Сымонкавых) - цяпер кіраўнік этнаграфічнага музея «Сялянская хатка» Ганчарскай сярэдняй школы, займаецца не толькі музейнай працай, а і праводзіць гістарычныя даследчыя работы.

Даследаванне рэдкага музейнага прадмета дапамагло нам больш глыбока вывучыць жыццё нашага аднавяскоўца, а гэта значыць, невялікую часцінку гісторыі нашай малой радзімы.

Апалчэнне - часовае войска, якое набіралася з асоб, якія прызначаліся ў дапамогу арміі падчас сур'ёзнай ваеннай небяспекі. Першае апалчэнне было склікана ў 1812 годзе падчас нападу напалеонаўскіх войск на нашу мясцовасць.

У апалчэнне залічвалася амаль усё мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад 21 да 43 гадоў, вызваленае ад службы ў рэгулярнай арміі. У яго склад уваходзілі ў асноўным прыгонныя сяляне і называліся ратнікамі.

Прыгонныя сяляне маглі паступаць у апалчэнне толькі з дазволу гаспадароў. Не спытаўшыя дазволу ў свайго абшарніка, прыраўноўваліся да ўцекачоў і падвяргаліся жорсткаму пакаранню.

У вёсках сыход на вайну мужчын суправаджаўся «вялікім плачам». Сярод мноства сведчанняў захаваўся ліст дваранкі М. А. Волкавай: «Цяжкі час у вёсках..., калі такое мноства няшчасных адрываецца ад сахі. Мужыкі не наракаюць, наадварот, кажуць, што яны ўсе ахвотна пойдуць на ворага і што падчас такой небяспекі ўсіх іх варта было б браць у салдаты.

Але бабы ў роспачы, страшна стогнуць і выюць так, што многія абшарнікі з'ехалі з вёсак, каб не быць сведкамі сцэн, якія раздзіраюць душу».

Скліканае апалчэнне фармавалася ў пешыя дружыны, конныя сотні, артылерыйскія батарэі, сапёрныя роты, у брыгады, дывізіі і корпусы. Прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на франтах, ажыццяўлялі ахову пастарункаў, няслі гарнізонную і вартавую службу, замяніўшы вайскоўцаў, якія пайшлі на фронт.

У сілу масавасці ваеннага прызыву ратнікі апалчэння часам атрымлівалі абмундзіраванне па рэшткавым прынцыпе.

Так на фатаграфіі па цэнтры стаіць стройны Іван Лагун разам са сваімі аднапалчанамі. Цікавам бачыць, якое абмундзіраванне насілі ў канцы XIX стагоддзя ратнікі дзяржаўнага апалчэння.

Нязменным заставаўся толькі галоўны апалчэнцкі атрыбут - латунны крыж на тульі галаўнога ўбору. Крыж як знак дзяржаўнага апалчэння быў уведзены аж у 1812 годзе. Дарэчы, да Крымскай вайны гэты крыж узнагародай не лічыўся і насіўся на галаўных уборах. А вось з 1856 года, афіцыйна крыж апалчэння стаў нагрудным знакам. Чаканіўся з бронзы, латуні і жалеза.

Апошні ўзор знака з вензелем Мікалая II з надпісам на канцах крыжа» За Веру, Цара, Айчыну» быў зацверджаны 4 сакавіка 1895 г.

Пасля заканчэння войнаў апалчэнцкія крыжы ўручаліся ў якасці ўзнагародных нагрудных знакаў. Права нашэння знака на левым баку грудзей былі ўдастоены генералы, афіцэры і ратнікі, якія служылі ў Дзяржаўным апалчэнні і таксама тыя, якія пайшлі ў звальненне або ў адстаўку. Ва ўказе аб роспуску дзяржаўнага апалчэння ад 5 красавіка 1856 г. гаварылася: «У памяць дастахвальнага служэння ад генерала да ратніка... даруецца права захаваць па звальненні з апалчэння адметны знак - крыж! «

Далей даследавалі апалчэнцкі білет пад № 4054 радавога Лагуна Івана Пятровіча, які нарадзіўся ў1869 годзе ў Віленскай губерні, Лідскага павета, Ганчарскай воласці. Праваслаўнага веравызнання.

Іван Пятровіч, будучы на той час халастым, быў прыняты ратнікам на службу ў Лідскі павятовы вайсковы корпус 6 лістапада 1890 года. Затым праходзіў службу ў 101 пяхотным Пермскім палку, у асобным Сахалінскім батальёне. Звольнены з ратнікаў апалчэння 3 верасня 1894 года, пераведзены ў запас з тэрмінам да 1909 года.

Так выглядае дакумент Лагуна І. П. 31 снежня 1908 года ў разгорнутым стане. Унізе дакумента напісана: "За дасягненнем 43-гадовага ўзросту падлягае выключэнню з ратнікаў апалчэння 31 снежня 1912 года". Былыя ратнікі, якія вынеслі на сваіх плячах усе цяжкасці ваеннага часу і паходных умоў, вярнуліся да сваіх паўсядзённых клопатаў, і ўсе распавядалі сваім хатнім, як «у грозную пару абаранялі сваю зямлю ад ворага...».

1904 г. Два браты з вёскі: Козел Іосіф Іванавіч, 1883 г.н. і Козел Міхаіл Іванавіч, 1886 г.н. былі прызваны ў царскую армію на 26 гадоў. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі перайшлі на бок Савецкай улады, ваявалі з Калчаком. Іосіф ад ран памёр і пахаваны ў Маскве. Міхаіл у 1940 годзе памёр і пахаваны каля ганчарскай цэрквы.

У Першую сусветную вайну 20 верасня 1915 года вёска Дроздава акупавана немцамі. Да гэтага выехалі бежанцамі ў глыбіню Расіі мае родзічы і многія сем'і драздаўцоў. Аб гэтай гістарычнай падзеі і жыцці там у тыя гады быў апублікаваны матэрыял у «Лідскім летапісцы» № 70-71 «Экскурс у гісторыю беларускага бежанства Першай сусветнай вайны» на аснове сабраных архіўных крыніц і ўспамінаў бацькі і сямейных дакументаў той мінуўшчыны - своеасаблівы летапіс нашай бацькаўшчыны …

Мне ж прыемна ўсведамляць, што працяг распавядаць далейшую храналагічную гісторыю жыцця нашых пакаленняў - гэта гістарычная павага да продкаў, удзячная памяць пра іх - ёсць важны складанік духоўнага жыцця маіх родзічаў, сваякоў…

Мае сыны і ўнучкі растуць з падтрымкай вялікага і моцнага роду, а ў мяне выдатная магчымасць прадоўжыць распавядаць у «Летапісцы» пра «Віткі жыцця родзічаў», пра сям'ю, яе вялікі і слаўны шлях.

Адплываюць гады чарадою

Незваротных кароценькіх хваль -

І тужліва ў шуме прыбою

Адгукаецца даўняя жаль…


Аб цяжкай дорозе і жыццёвых абставінах у бежанцах, па успамінах бацькі і па захаваных дакументах, мною падрабязна апісана ў нататках «Экскурс у гісторыю беларускага бежанства Першай сусветнай вайны», надрукаваных у 2015 годзе ў «Лідскім летапісцы» № 70 і 71.


На базе зноў запісаных дапаўненнеў - успамінаў маіх родных, нашчадкаў, аднавяскоўцаў, зберажоных дакументаў той пары, пошуку архіўных матэрыялаў у месцах іх дыслакацыі, а таксама выкарыстання апублікаваных прац іншых аўтараў, прадоўжу апісанне цяжкага лёсу родзічаў і землякоў - бежанцаў, якім давялося гвалтоўна пакінуць абжытыя расейскія мясціны, нажытае дабро, пераадолець поўную цяжкасцей дарогу, у якой нярэдка гублялі блізкіх, вярнуцца ў цалкам спустошаныя родныя хаціны, апынуцца без дакументаў, сродкаў да існавання.

Падзеі Першай Сусветнай вайны пакінулі глыбокі след у сусветнай гісторыі. Узброеная барацьба ахапіла вялізныя тэрыторыі на трох кантынентах. У ваенны канфлікт было ўцягнута 38 краін, упершыню ў гісторыі ваеннай справы з'явіліся новыя віды ўзбраення і баявой тэхнікі. Усё гэта выклікала вялізныя разбурэнні, масавыя чалавечыя ахвяры, прывяло да зменаў на палітычнай карце Еўропы.

Адным з галоўных тэатраў ваенных дзеянняў з'яўляліся беларускія землі.

На тэрыторыі нашай краіны ў 1914-1918 гг. праходзіў расійска-германскі фронт, на якім з абодвух бакоў было сканцэнтравана не менш за 2,5 млн. чалавек.

Паводле дадзеных, на працягу ваенных гадоў, каля 800-900 тысяч беларусаў ўсталі пад ружжо, 70 тысяч загінулі ў баях на франтах, страты мірных жыхароў склалі 60 тысяч, яшчэ 50 тысяч чалавек сілком загналі ў Нямеччыну.

Цывільнае насельніцтва акупаваных тэрыторый гінула ад голаду, хвароб, расстрэлаў. Населеныя пункты былі разбураны і спустошаны «Вялікай вайной», некаторыя вёскі і зусім перасталі існаваць, незлічонае мноства матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў вывезлі.

У 1915 годзе каля 1,5 млн беларусаў пакінула родныя мясціны і падалося ў невядомы для іх край, перажываючы голад, холад і пекла рэвалюцый, часта губляючы самых блізкіх сабе людзей. Таму і не дзіўна, што для многіх людзей бежанства асела ў памяці як найважнейшая падзея ў іх жыцці.

У гады нямецкай акупацыі насельніцтва Гарадзенскай губерні незваротна скарацілася на 1,7 млн. Многа мужчын загінула на фронце, у Расіі было зарэгістравана 750.680 бежанцаў з Гарадзенскай губерні, і сотні тысяч эвакуяваных жыхароў больш не вярнуліся да сябе на Радзіму.

Гісторыя Гарадзенскай губерні 1915 -1918 г.г. - гэта адзін з трагічных эпізодаў гісторыі шматпакутнага беларускага народа.

Па ўспамінах Аляксандры Яцко, прыблізна палове жыхароў іх вёскі Мількаўшчыны (радзіма маёй жонкі - Яніны і яе сястры - Броні Яцко), выехаўшым у эвакуацыю ў жніўні 1915 г., давялося вярнуцца назад, бо за Пружанамі ўжо былі германцы, толькі моладзь паспела збегчы. Пры немцах сям'і працавалі на сваім полі і гаспадарцы. Але немцы мабілізавалі многа сялян для працы на лесанарыхтоўках і лесапілцы. За працу плацілі трохі і давалі па бохане хлеба. Гаспадары адну свінню кармілі для сябе, другую для акупантаў. Зернем таксама трэба было дзяліцца. За парушэнне ўстаноўленых правілаў у пакаранне ад сялян забіралі кароў .

Больш, чым на тры гады, у заходніх беларускіх землях, у тым ліку і на Лідчыне, усталяваўся жорсткі рэжым акупацыі, які суправаджаўся незлічонымі рабаваннямі і гвалтам. Знаходжанне краю ў прыфрантавой паласе яшчэ больш пагаршала і без таго бядотнае становішча насельніцтва. Адны аказаліся ахвярамі тэатра ваенных дзеянняў і акупацыі, іншыя сталі непасрэднымі ўдзельнікамі баявых дзеянняў.

Падчас мабілізацый на ваенную службу былі прызваны ў царскую армію дроздаўцы: Кудла Юліян Адамавіч, Пазняк Аляксандр Міхайлавіч, Трапіла Міхаіл Вікенцьевіч, Козел Іосіф Іванавіч, Козел Міхаіл Іванавіч.

Па рознаму склаўся іх ваенны лёс, але, даўшы клятву «на вернасць цару і Айчыне», яны гэтую клятву не парушылі.

У бежанцах у 1915 г.апынуўся да мабілізацыі на вайсковую службу Янка Купала. «Калі мы паглядзім на тое, што зроблена за некалькі гадоў намі, беларусамі, для ўздыму свайго нацыянальнага багацця, то душа можа толькі радавацца. У некалькі гадоў мы зрабілі тое, што ў палякаў і рускіх рабілася, ледзь не цэлымі стагоддзямі», - пісаў Янка Купала ў сваім артыкуле «А ўсё ж такі мы жывём!». Дарэчы, менавіта ў гэтыя гады і ў гэтай атмасферы вялікі беларускі паэт піша свой знакаміты верш-маніфест «А хто там ідзе».

Ён адыграў каласальную ролю ў станаўленні беларускай нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам, які адлюстроўваў глыбінную сутнасць спадзяванняў і болю ўсяго беларускага народа і таго, хто застаўся ў родным краі, і адарванага ад яго…

Бежанцам быў і майстар беларускага слова Якуб Колас.

У 1915 г.у лісце да Янкі Купалы ён пісаў: «Вясной 1915 года я вымушаны быў пакінуць родныя берагі дарагой мне Беларусі і выехаць у Маскоўскую губерню. Пабываўшы там некалькі дзён у школе, я быў забраны ў салдаты. З пазіцыі прыехаў у Абаянь, дзе жыла мая сям'я, хворым чалавекам. Браток мой мілы, ці здаралася табе калі-небудзь затрымацца дзе-небудзь на чыгуначнай станцыі, чакаць цягніка? Вось у такім становішчы адчуваю я сябе цяпер, дзе б ні знаходзіўся. Усё чакаю, калі настане час ... зноў апынуцца сярод сваіх людзей. Баліць мая душа пра Беларусь. Ці адчуваеш братка, як цяжка жыць на чужыне?».

Ужо з зімы 1917 года некаторыя бежанцы рваліся вяртацца ў свае родныя мясціны. Тады Ніжагародскі губернатар А.Ф. Гірс, (там у Лукаянаўскім павеце якраз добра прыжыліся нашы родзічы і не рваліся на радзіму) цыркулярамі прапанаваў спыніць вяртанне бежанцаў у мясцовасці ваенных дзеянняў і прылеглыя губерні.

Асаблівая Нарада па ўладкаванні бежанцаў пры М.У.С. 2 траўня 1917 г. рассылае ўсім губернскім камісарам Часовага ўрада забарону на вяртанне бежанцаў: «В некоторых местностях наблюдается повышенное стремление беженцев ныне же возвратиться на родину или же в прилегающую к фронту полосу. Военные власти фронтов, указывая на крайний недостаток продовольствия, отсутствие жилищ и всего необходимого, требуют принятия мер к прекращению обратного движения беженцев. Неизбежным результатом беспорядочного наплыва беженцев должны явиться массовые их заболевания и создание чрезвычайно тяжёлых условий жизни для них самих и местного населения, ибо оказание организованной помощи тогда становится невозможным. Особое Совещание просит принять все меры к прекращению беспорядочного, вне установленных правил, передвижения беженцев в прифронтовую полосу, предваряя, что по требованию военных властей, железным дорогам воспрещено принимать беженцев к отправлению в район военных действий».

Пасля рэвалюцыі, у снежні 1917 года, Аддзел па ўладкаванні бежанцаў Усерасійскага Земскага і Гарадскога Саюзаў пачынае рыхтаваць агульны план арганізаванага перасялення бежанцаў у іх родныя мясціны. З гэтай мэтай ён звяртаецца ва ўсе Губернскія Земскія Камітэты з прапановай: «Прыступіць на месцах да высвятлення найбольш важных пытанняў: устанавіць колькасць бежанцаў у губерні з падзелам іх па станцыях, намеціць маршруты ў межах губерні і паказаць станцыі, дзе ўжо існуюць і дзе мяркуецца стварыць пажыўныя і медыка-санітарныя пункты; вызначыць памеры сродкаў, неабходных для дастаўкі бежанцаў да станцыі і на іншыя выдаткі, звязаныя з перавозкай бежанцаў».

Реэвакуацыя

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ўсё змянілася, пайшла бальшавіцкая прадразвёрстка…

У мясцовых жыхароў чырвоныя забіралі жывёлу, зерне і бульбу.

У 1917 годзе адбылося істотнае змяненне і ў самой сістэме апекі над бежанцамі. У савецкай Расеі была створана сістэма па арганізацыі вяртання бежанцаў на радзіму на чале Цэнтрапленбежам. Савецкі ўрад мала клапаціўся аб бежанцах. З прыходам да ўлады бальшавікоў, выдача пайковых дапамогаў была спынена.

У сакавіку 1918 г. Выканаўчая Камісія па аказанні дапамогі бежанцам існавала ўжо пры Савеце рабочых дэпутатаў. Згодна з дэкрэтам «усе ўцекачы ўраўноўваюцца ў правах з усімі расейскімі грамадзянамі і да рээвакуацыі ніякімі вiдамi забеспячэння не карыстаюцца «.

Паступова цэны пачалі расці, а прадукты знікаць. Як адзначалі самі эвакуяаваныя ўцекачы, «з 1917 г. у дачыненні да забеспячэння рухнула катастрофа: мясцовым сельскім насельніцтвам ніякі прадукт у горад не дастаўляўся, а калі і дастаўляўся, то ў самай абмежаванай колькасці і па казачныя цэнах… «. Печаны жытні хлеб зусім знік, а таксама крупы і алей. Пуд бульбы, які ранней каштаваў 25-35 кап., цяпер - 7 рублёў, дзесятак яек быў 40-50 капеек, стаў 3 рублі. Хлебнага пайка стала не хапаць, каб пракарміць сямейства. Замест хлеба пачалі выдаваць муку, не больш за 6 фунтаў на душу, але каб пячы хлеб, патрэбныя былі дровы, якія па цане былі недаступныя: 1/4 кубічнай сажні дроў замест 6-ці, стала каштаваць 60 рублёў;

Савецкі ўрад фактычна не рабіў ніякіх эфектыўных дзеянняў у дачыненні да бежанцаў. Беларусы аб'ядноўваліся, настойліва спрабуючы арганізаваць працэс свайго вяртання на радзіму.

Адной з галоўных зменаў у беларускіх арганізацыях стала стварэнне палітычных партый на аснове таварыстваў дапамогі беларускім уцекачам, палітычная актыўнасць якіх прыкметна ўзмацнілася. Беларускія палітычныя партыі імкнуліся прыцягнуць бежанцаў на свой бок і выкарыстоўваць іх падтрымку...

Далей рэкамендавалася ўсім арганізацыям, якiя займаюцца бежанскімі справамі, скласці план вяртання бежанцаў на радзіму, разлічыўшы, якімі партыямі, на працягу якога тэрміну магла б быць праведзена іх перавозка.

Але надзеі бежанцаў на хуткае вяртанне дадому засталіся нерэалізаванымі. У кастрычніку 1918 г. была часткова прыпыненая рээвакуацыя бежанцаў з прычыны закрыцця мяжы з Германіяй. Пасадку ў вагоны бежанцаў прапаноўвалася ажыццяўляць толькі пры наяўнасці ў іх дазволу ад Цэнтрапленбежа або мясцовых калегій па справах бежанцаў, альбо ад германскіх улад. Загадам Цэнтрапленбежа ад 16 лістапада 1918 г. было забаронена любое перамяшчэнне бежанцаў па кірунку да дэмаркацыйнай лініі без спецыяльнага дазволу.

Па атрыманні звестак Маскоўскі Раённы Камітэт павінен быў склікаць усерасійскі з'езд бежанцаў у Маскве прыблізна ў канцы студзеня 1918 года, мяркуючы, што да гэтага часу, усе неабходныя звесткі з усіх губерняў будуць дастаўлены.

У той час і на акупаванай тэрыторыі Беларусі быў створаны цэнтр на аснове Менскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад ваенных дзеянняў. У 1918 годзе рабіў спробы вырашыць пытанне вяртання беларускіх бежанцаў і часовы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларускаму Нацыянальнаму камісарыяту ў 1918 г. удалося кансалідаваць разрозненыя групы бежанцаў з Беларусі, стварыць пэўную сістэму мясцовых бежанскіх нацыянальных камітэтаў і наладзіць працу на месцах. Калегіяй і мясцовымі аддзяленнямі Белнацкама быў сабраны і сістэматызаваны статыстычны матэрыял, які ў далейшым быў выкарыстаны Цэнтрапленбежам пры правядзенні реэвакуацыі.

Але без юрыдычных паўнамоцтваў па рашэнні «бежанскага пытання» яму так і не ўдалося наладзіць адрасную матэрыяльную і сацыяльную дапамогу бежанцам. Так, Камісарыят толькі выдаваў даведкі і карткі на атрыманне дапамог у Народным камісарыяце сацыяльнага забеспячэння, які аказваў дапамогу бежанцам на агульных падставах.

У сувязі з бальшавізацыяй Белнацкама не ўдалося ўмацаваць яго супрацоўніцтва з некаторымі беларускімі арганізацыямі, якія займаліся бежанскім пытаннем. Белнацкам прыняў удзел у разгроме незалежнага Гарадзенскага камітэта, што адыграла адмоўную ролю ў аказанні дапамогі гарадзенскім бежанцам.

З прычыны нескаардынаванасці дзеянняў Калегіі па справах палонных і бежанцаў і саюзамі бежанцаў так і не ўдалося выпрацаваць адзінага плана рээвакуацыі, якая зацягнулася яшчэ на некалькі гадоў.

Вяртанне бежанцаў шмат у чым залежала ад мірных дагавораў Расіі з Германіяй і Польшчай. Першым дагаворам, які прадугледжваў магчымасць вяртання, было пагадненне паміж Расіяй і Германіяй аб вяртанні на радзіму цывімльных асоб, падданых абодвух бакоў, складзенае 9 лютага 1918 г.

Расія з аднаго боку, Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя і Турцыя - з другога заключылі мірны дагавор, які аб'яўляў аб заканчэнні вайны паміж гэтымі дзяржавамі. Паводле гэтай дамовы, на захадзе ад Расіі адрываліся тэрыторыі Польшчы, Прыбалтыкі і частка Беларусі. Гэта азначала, што большасць беларускіх уцекачоў павінны былі вяртацца на тэрыторыі, акупаваныя Нямеччынай.

Пачаў душыць Расію голад,

вялікі гвалт вакол стаяў.

У гарадах зімою холад

ды пошасць Бог яшчэ паслаў.

Такое абсалютна ва ўсіх апавяданнях бежанцаў-беларусаў, якія апынуліся ў сельскіх раёнах. Не менш, а ў чымсьці нават больш, драматычныя і трагічныя ўспаміны тых з іх, хто апынуўся ў гарадах.

Бежанства асела ў памяці як найважнейшае падзея ў іх жыцці. Праз лёс асобных людзей раскрываюцца пакуты ўсяго беларускага народа ў тыя суровыя гады Першай Сусветнай вайны.

Максімовіч Васіль, 1924 г.н., дроздавец, расказаў як бацька "Аляксандр Ігнацьевіч, 1889 г.н., быў у бежанцах у Пяцярбургу, працаваў на тытунёвай руска-французкай фабрыцы, ліцейшчыкам. Добра плацілі, але потым збунтавалі, і давялося перасяліцца ў Томск, дзе ужо былі нашы вяскоўцы - Кудла Васіль (Юрчыкаў) з сям'ёй. У 1917 годзе пачалася рэвалюцыя. Жыццё ўскладнялася - быў холад і голад. Атрымлівалі пайкі, але вельмі маленькія... і бывала так, што бацька збіраў мерзлых варон, гатаваў на ежу.

Армія Калчака там свірэпствавала, людзям захацелася на радзіму.

Дроздаўцы сарваліся з Сібіры і ўдалося вырвацца на граніцу і перайсці на бацькаўшчыну. Бацька ў 19 годзе пажаніўся з Любай Васільеўнай Кудла - стала нашай маці. Жылі на Тарасаўшчыне, паблізу па суседстве - хутары Данэйкаў Валодзі і Міхаіла, Кумпяка Міколы (Сымонкавы), Кудла Іосіфа, той, што з дзвюма жонкамі".

Ражнова (Каханоўская) Ядвіга Міхайлаўна з вёскі Дроздава распавядае пра ўспаміны маці Соф'і:

"Уцекачы-бежанцы пачалі вяртацца дадому. Бацька Міхась Феліксавіч разважаў і думаў застацца а абжытым апошнім мейсцы ў Омскай губерніі , але маці Соня нагнула вяртацца дахаты…

А родную цётку Марыю блізкія родзічы забралі ў Чалябінск, там працавала на заводзе. Пазнаёмілася з ваеннапалонным-румынам (Чынка прозвішча), выйшла замуж і з ім выехала ў Румынію, у горад Рэшыца. Хваліўся і абяцаў: «Маю добрую хату і ўсё ёсць - не будзеш мучыцца…» На самай справе давялося жыць у хібары пад навесам. Ужо потым збудавалі дом. Муж аказаўся жорсткім. Дзяцей доўга не было і толькі ў 1932 годзе нарадзіўся сын Нэлу (па-нашаму Іван). У Вялікую Айчынную вайну Марыя была звязана з камуністычным падполлем, узнагароджана. Пасля вайны два разы прыязджала да нас у Дроздава…"

Ядвіга Міхайлаўна дадае: "Прыпамінаю, штосьці маці расказвала пра цяжкую дарогу з бежанства на радзіму. Да граніцы ехалі больш за тыдзень на перагружаным таварняку. Добра што з сабою ўзялі паесці. Ужо тут па Беларушчыне трохі падвозілі на калёсах, а да Дроздава дабіраліся пехатой.

Страшна было ўбачыць у вёсцы пустэчу… Наша хата расшматана: без акон,без дзвярэй ,печ і комін развалены, стрэхі пабудоў дзіравыя... Сваякі з Бенявіч, Агароднікаў (Каламыцкія) далі выпечку хлеба, парачку парасят, начоўкі і тое-сёе з хатніх і гаспадарчых прылад.

Зімнімі вечарамі прыходзілі да нас дзед Сымон, дзядзькі Кастусь (Ануфрык) і Кастусь (Янаў), Зянон Шут, і дзяды пачыналі ўспамінаць сваё жыццё ў Сібіры. Усе яны ў Першую Сусветную вайну пакідалі сваю вёску Дроздава. Некаторыя жылі ў Омскай губерні, іншыя ў Чалябінскай. Расказвалі розныя забаўныя, часам цікавыя, але і трагічныя гісторыі.

Жыхары вёскі Дроздава жылі небагата. Толькі ў 3-х сямей было па 20 га ворнай зямлі, у іншых па 10 га і меней. У нас было 1,5 дзесяціны ворыва. Працавалі многа на зямельцы, вырошчвалі збажыну, бульбу, агародніну. Потым у гумне малаціць снапы, рэзаць сечку, круціць жорны, каб змалоць збожжа. І дома маці даставалася ўся цяжкая праца і мясіць на выпечку, і хлеб рабіць…З цягам часу абжыліся, выгадавалі пяцёра дзяцей (Бронюся, Ваню, Рэню, Лёдзю і Ядзю)".

Сяргей Кандратавіч Германовіч (дваюрадны брат майго бацькі Вані): "З расказаў свайго бацькі Кандрата Кандратавіча: з родным братам Сашам да пачатку вайны залічылі ў Лідскі 172 -гі пяхотны полк і ўдзельнічаў у ваенных бітвах з немцамі каля Вільні,потым перадыслакаваліся на Рассею і Украіну. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі бацька перайшоў да бальшавікоў. У часы грамадзянскай вайны ўступіў у адзін з атрадаў Чырвонай Арміі, стаў камандзірам звяза савецкага палка 2-й Задняпроўскай дывізіі, якая ўдзельнічала ў разгроме Дзянікіна, а затым была перакінута на Паўднёвы фронт для барацьбы з Урангелем. У перыяд пераходу цераз Сіваш на пасадзе камандзіра роты, браў Турэцкі вал, Чончарскі мост. З 175 чалавек чырвонаармейцаў засталося ў жывых толькі 4 чалавекі. Полк завяршыў баі ў Севастопалі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі…

Восенню1915 года нашых дзеда Кандрата і бабу Ганну закінула ў бежанцы аж у Мілітопальскую губерню, Пакроўскі ўезд, сяло Вялікая Міхайлаўка. Далі жыллё, жывёлу, працавалі на зямлі…Жылі добра - мелі ўсё, не галадалі. Мясцовыя вяскоўцы адносіліся са спачуваннем, цанілі за працавітасць. Асабліва цанілася работа жанчын: прасці, ткаць, шыць… Плацілі пшаніцаю …

Калі пачалася грамадзянская вайна, там на Мілітопальшчыне гойсалі банды, абіралі людзей… Прыйшла галадуха, а з ёй тыф, такі вялікі мор людзей.

У 1922 годзе бацька з братам адарваліся з войска і наведалі бежанцаў-бацькоў. Апошняе прапанова дзеда: « Дзеці ратуйцеся - уцякайце дахаты на родную Беларусь»… Так там памерлі і пахаваны на Мілітопальшчыне дзед Кандрат і баба Ганна …

Тады два браты, Кандрат і Аляксандр, іх сёстры Надзя і Зоня, а таксама ўзялі з сабою пляменніка Філіпа Гука і рушылі на захад. Раздабылі каня з павозкаю, і за 22 сутак дабраліся да Рагачова…, (там па дамове праз пункт пропуску вярталіся бежанцы) і пераехалі граніцу. Тут у іх забралі коней, і яны пешшу дабраліся дамоў. У Ганчарах - пустая хата: на падворку, як кажуць, ні кала. Пачалі адбудоўваць гаспадарку, засяваць палеткі, налажваць жыццё.

Па святах навакольная моладзь збіралася ў цэркве і памаліцца, і паглядзець на братоў Германовічаў, якія прыйшлі з грамадзянскай, многа дзе былі, шмат бачылі, пра ўсё распавядалі… А яны - дзяцюкі высокія, статныя, вайсковай выпраўкі, у шынялях. Чубы з пад шапкі - ну, як казакі!

Дзяцька Аляксандр, як старэйшы, першым ажаніўся з Меланняй з Дакудава.

Бацька Кандрат меў ужо 32 гады і засватаўся да Юлькі Мулінскай з Дзітрыкаў - яна была маладзей на 11 год, хаця ў яе ўжо быў кавалер - «Карольчык»… Але ж бацька быў напорысты, ад спадабаўшайся маладзіцы не адступаў… Быў горды: «Калі не пойдзе за мяне - то і жаніцца не буду…»

У сватах красамоўна гаманіў пра Расею, Украіну, дзе быў і як ваяваў… . Дарэчы, у яго была фенаменальная памяць: і праз дзесяткі гадоў дакладна ўзгадваў пра ўсе населеныя пункты, дзе прайшоў у атрадзе чырвонаармейцаў, хоць звярай па карце… Дзед Аляксандр Мулінскі пасля знаёмства, задаволены кажа: «Ну што сваты, многа пагаварылі - даю бацькоўскую згоду! Але што Вы хочаце ў пасаг?" Бацька: «Мне пасагу не трэба. Мне спадабалася ваша дочка. Хачу жонку, а не пасаг!»

Да гэтага Мулінскія ўжо выдалі замуж чатырох дачок: старэйшую Алесю за Кудлу Івана з Дроздава, Марылю ў Більтаўцы за Ашмяну Аляксандра, Надзю за Буйніцкага Рыгора ў Хаданішкі, там жа па-суседску Ганну за Хрышчановіча Іосіфа. Сын Іван Мулінскі дзесьці застаўся ў Краснаярску, а Аляксандр ажаніўся з Панкавіч Сашаю і застаўся на гаспадарцы.

Усе ўладкаваліся і жылі нябедна.Так што самай малодшай і любімай Юльцы справілі добрае вяселле і маладой сям'і далі спраўнага каня і добрую карову. У Ганчарах браты раздзялілі гаспадарку (было 32 га зямлі) і хату з прыбудовамі.

Як адукаванага чалавека яго выбралі солтысам на вёскі Ганчары і Дроздава. На гэтай пасадзе ён прабыў 7 гадоў да 1939 г. Аднавяскоўцы яго паважалі, часта прыходзілі па парады. У вольны час мужчыны збіраліся ў яго хаце паслухаць навіны аб падзеях, якія адбываліся вакол.

Жылі дружна, працавалі многа, нарадзіліся дзеці: Сяргей, Алясандра, Вольга".

З успамінаў бацькі Вані: "Калі прайшла кастрычніцкая рэвалюцыя надышла галадоўка, цяжка было з ежай і адзеннем, ліпавае лісце нават елі. Падчас рэвалюцыі наша сяло пераходзіла з рук у рукі. У нашым наваколлі арганізавалася «зімовая армія» з мясцовых жыхароў. Яна выступала супраць камуністаў..., але падышла Чырвоная Армія і разагнала бунтаўнікоў.

Бацька Ваня, і маці Алеся (Іван Ізыдаравіч -23.01.1875 г.н. і Аляксандра Вікенцьеўна - 1882 г.н.), і я - Ваня - (Іван Іванавіч - 10.05.1908 г.н) з сумам пакідалі ўжо абжытае седлішча Стара-Раждзественна ў Ніжагародскай губерніі. Дзядуля Ізыдар яшчэ да вайны (4.01.1914 г.) памёр у Дроздаве. Падаліся ў Серпухаў. Там былі нашыя першыя бежанцы з 1914 года: мая бабуля Аляксандра Андрэеўна - 1852 г.н. (дявочае - Міцюкевіч), родная цёця Соф'я Ізыдараўна, 1892 г.н. і мая сястра Вольга, 1906 г.н. Бабуля ў асноўным была пры хаце, клапацілася аб жыльцах, рыхтавала яду, крыху падрабляла прыбіральшчыцай у канторы. Потым захварэла, ёй ніякай медыцынскай дапамогі не аказалі, і ў 1918 годзе памерла, і там каля Серпухава дзесці пакояцца яе парэшткі. Як памяць аб ёй збераглі падпісаны ёю куфэрак "А.А.К." (Аляксандра Андрэеўна Кудла) і хатнія прылады…

Цёця Соня працавала там у школе настаўніцай, выкладала матэматыку, а дзецям беларусам - родную мову. Сястра Вольга навучалася ў Навінкаўскай царкоўна-прыходской школе і ў чэрвені 1917 г. закончыла яе, аб чым маецца пасведчанне аб заканчэнні школы.

Прыехаўшы, мы падсяліліся на ўскраіне Серпухава. Займалі палову дома. Помню яры, кусты, рэчку… Пачаў хадзіць у школу, вывучаў рускую мову і літаратуру знакамітых пісьменнікаў і паэтаў, пасябраваў з суседскімі хлопцамі па прозвішчы Жукавы.

Тата ўладкаваўся працаваць на сітцанабіўную фабрыку, былое таварыства Н. Н. Коншына, мама - у нейкага начальніка прыслугай. Заробкі былі малыя, у горадзе - мітынгі, беспрацоўе, усё часцей даходзілі чуткі пра бацькаўшчыну. Там усталявалася Беларуская Народная Рэспубліка.

Заканчвалася вайна. Бацька сустракаўся з такімі ж бежанцамі з Беларусі. Шмат гутарылі, шмат саймікаваліся - мажліва, трэба вяртацца на радзіму…

З фабрыкі тата звольніўся 7 лютага 1919 года, адпрацаваўшы бесперапынна амаль 2 гады: з 21 красавіка 1917 г. Грошай у сітца-набіўной фабрыкі, цяпер дзяржаўнай, на разлік не хапала: толькі частку далі грашыма, а частку сваёй прадукцыяй (палатном)" .

І беларус дамоў падаўся,

хто на падводзе, хто пяшком

К мясцінам родным дабіраўся

з адзіным рэчавым мяшком.

Тым больш з'явілася нагода:

дамова рыжская была.

Па той дамове перашкоды

Масква вяртанню іх зняла.

Старыя людзі гаварылі -

не ўсе вярнуліся дамоў.

Хто сам памёр, каго забілі,

а хто ў Расіі лёс знайшоў.

У лістападзе 1918 г. Германія падпісала Камп'енскае перамір'е, якое азначала заканчэнне баявых дзеянняў. Так скончылася адна з самых кровапралітных і разбуральных войнаў, якая нездарма атрымала назву «Вялікая».

Ігнат Дварчанін - дзятлавец (родны дзядзька Місарэвіча Колі - мужа маёй дваюроднай сястры Соні Белавус) пісаў:

Вы ці ведаеце, людзі, што вайна зрабіла,

З нашым краем гаратлівым, што з ім учыніла.

Там, дзе жыў народ шчасліва, сёлы і мястэчкі

Цвілі, цветам красавалі, цяпер крыві там рэчкі.

Там, дзе нівы, збожжа, жыта душачку ласкалі -

Там пустэльня, розны быльнік, там равы паўсталі.


А што сталася з людзямі,што з вякоў тут жылі, -

Эх, не знаць бы і не ведаць, людзі мае мілы.

Хлопцы ахраняць айчыну, усе пайшлі - там тлеюць,

А дзяўчаты засталіся, ждуць іх і марнеюць.

Тут з пазіцыі на отдых маскалі прыходзяць

I, як кажуць, што «культуру» за сабой прыносяць.

Вось у гэтай то «культуры» розніца выходзіць.

Не хацеў бы яе ведаць, то сама прыходзіць!

Гісторыя Гарадзенскай губерні 1915 - 1918 гг. - гэта адзін з трагічных эпізодаў гісторыі шматпакутнага беларускага народа.

У сваёй працы лідзянін У.М. Чарапіца апісаў аб'ектыўныя цяжкасці рээвакуацыі, з якімі сутыкнулася насельніцтва Гарадзенскай губерні. Дадзеная канстатацыя цалкам пацвярджаецца матэрыяламі пасяджэння так званай Рускай управы, якое адбылося ў Гародні 1-2 снежня 1918 года з дазволу германскіх акупацыйных уладаў. Менавіта тут разам з разглядам «сучаснага стану губерні» ўпершыню быў дадзены кароткі аналіз, што называецца, «па гарачых слядах» усяму таму, што перажыло насельніцтва губерні падчас вайны.

Згодна з вопісам пакінутай і знішчанай маёмасці бежанцаў, страты павінны былі аплачвацца расійскім казначэйствам. Па «бежанскім пытанні» гаварылі аб бедствах і частых смяротных выпадках пры адступленні бежанцаў у месцы іх эвакуацыі, а таксама, аб тым самым крыўдным, што выпала на долю бежанцаў пры іх рээвакуацыі на радзіму: бежанцы, якія вярнуліся ў родныя мясціны, засталі поўны разлад і апушчэнне; хмызнякі замест садкоў, хаткі і пабудовы развалены, альбо ж іх уласныя хаты, занятыя чужымі сялянамі. Таму, для ўсебаковай дапамогі гэтым людзям пры Гарадзенскай рускай управе быў адкрыты бежанскі аддзел, каб «перш за ўсё, забяспечыць бежанцаў хлебам, збожжам», вырашыць пытанне аб землеўпарадкаванні і даць у распараджэнне бежанцам лесапільні для будаўніцтва. Такім чынам, характар абмеркавання ўсіх пытанняў на з'ездзе 1-2 снежня 1918 года ў Гародні, які адбыўся па ініцыятыве Гарадзенскай губернскай рускай управы, выявіў прамую сувязь з многімі падзеямі, якія мелі месца ў губерні.

У лютым 1919 года мае (Віктара Кудлы) родзічы: дзядуля Іван, яго сястра Соф'я, бабуля Алеся, цёця Вольга і тата Ваня, спазнаўшы гаротнае і трывожнае жыццё ў Расіі і даведаўшыся аб вызваленні Беларусі, сабраліся і рушылі ў дарогу …

З расказаў бацькі Вані: "Калі закончылася вайна нашай сям'і далі дазвол на выезд з Расіі на радзіму. Вяртанне дадому было доўгім і цяжкім, праз два тыдні цягніком у таварных вагонах, напрыканцы зімы. Выйшаўшы з цягніка, цалавалі сваю родную зямлю і радаваліся, што мы ўсёй сям'ёй вярнуліся жывымі ў родныя мясціны…

У Дроздаве на родным падворку - жудасны малюнак: саламяныя стрэхі пабудоў разшматаны. Хата, гумно і хлявы разхлестаны - без дзвярэй і начыння.

У старой хаце выламаны вокны. Ні сталоў, ні зэдлікаў, нават, агароджу панеслі. Вугал зруба новай хаты быў падняты, а залатнік, які паклалі пры будаўніцтве пад першы «вянок» гэтага зруба, укралі.

Вяртаць маёмасць, якую пакінулі і так скрупулёзна апісалі і ацанілі, не было каму… Самога гаранта - цара-бацюшку і яго сям'ю ўжо знявечылі… А новая савецкая ўлада - сама босая...

Успомнім, наколькі адказна царская дзяржава падыходзіла ў пачатку вайны да эвакуацыі беларусаў з зоны ваенных дзеянняў углыб Расіі. Пра гэта можна мяркаваць па вопісе маёмасці селяніна в. Дроздава Кудлы Івана Ізыдаравіча.

Пры аналізе зберажонага гістарычнага дакумента «АКТ - 5.05.1915 г.» можна заўважыць: усё было ў рамках заканадаўства і строга прапісана, каму што рабіць. Згодна з цыркулярам Віленскага губернатара ад 17 ліпеня 1915 г. № 23963 паліцэйскі ўраднік Іваноў (ініцыялаў няма) 20-га ўчастка 5-га стана Лідскага ўезда прыбыў на сядзібу прасіцеля разам з сельскім старастам Ганчарскага таварыства Восіпам Дычэкам. Сумесна з запрошанымі сумленнымі ацэншчыкамі - Васілём Кудлам і Восіпам Шутам і сведкамі Мікалаем Кудлам і Юрыем (прозвішча неразборліва) правялі вопіс усёй маёмасці і пасеваў селяніна в. Дроздава Івана Ізыдаравіча Кудлы.

Усе дадзеныя вопісу аб колькасці і кошту ў рублях былі занатованы на друкарскім бланку, падпісаны ўсімі ўдзельнікамі і выдадзены на рукі гаспадару. Дзякуючы таму, што гэты больш стогадовай даўнасці дакумент збераглі, мы маем магчымасць меркаваць, як жылі, што мелі ў той час сяляне-сераднякі заходнебеларускай вёскі.

Згодна з вопісам уся маёмасць Івана Ізыдаравіча Кудлы была ацэнена ў 10 тысяч 491 рубель - на той час даволі вялікія грошы.

Галоўнае: царскі ўрад гарантаваў вяртанне панесеных страт.

Аб дабрабыце селяніна ў той час сведчыць наяўнасць жыўнасці: тры каровы, дзве цялушкі, двое цялят і бык. Можна меркаваць, што малочных прадуктаў хапала і для сям'і, і на продаж. Апроч гэтага мелі чацвёра свіней, два дзясяткі авечак і курэй, якія забяспечвалі сям'ю мясам, яйкамі і воўнай, з якой выраблялі доўгімі зімовымі вечарамі сукно. Дзед быў нядрэнным пчаляром, у яго на пасецы былі два дзесяткі вуллёў. Асноўнай цяглавай сілай у апрацоўцы глебы і транспартным сродкам былі дзве кабылы і мерын. У засеках свірана заставалася 680 пудоў, у пераліку больш десяці тон збажыны: жыта, аўсу, ячменю, грэчкі, лубіну, гароху. Без увагі ацэншчыкаў не засталася нават салома жытняя, аўсяная, ячменная і сена. Апроч гэтага было нарыхтавана прамой саломы (кулі) для ўладкавання саламянага даху. А што заставалася з хатняй маёмасці: хатні посуд, сталы, лавы, куфры, кублы, кросны, жорны, вопратка, палатно вясковае. Ацэншчыкі ўзялі на ўлік нават плот каля садка і падворка.

Але што сталася з гэтым багаццем, распавядаю па ўспамінах бацькі Вані: "Прыехаўшы на родныя ўгоддзі, ужо не знайшлі пакінуты і апісаны ў акце 5.08.1915г. цэлы шэраг сельскагаспадарчых прылад працы і механізмаў: плугі, саха, бороны жалезная і драўляная, малатарня, саломарэзкі конная і ручная. Для перавозкі грузаў меліся вазы, сані і брычка.

Пайшлі да Козела Міхаіла, далёкага родзіча (ён не выязджаў у Расію), якому, мажліва, больш за ўсё перапала з нашай гаспадаркі, а ён даў толькі два вядры бульбы і бохан хлеба.

Потым і ў вяскоўцаў знаходзілі свае пакінутыя прылады працы.

Крыху дапамаглі сваякі з Хаданішкаў, якія не былі ў бежанцах: родныя сёстры мамы Алесі: Надзя за Рыгорам Буйніцкім і Ганна за Юзафам Хрышчановічам. Яны далі па торбе зерня і трошкі мукі".

У аднавяскоўцаў выменьвалі расейскае паркалёвае палатно на хатнія пажыткі і яду. Мала-памалу сабралі насенне на пасеў. Прыйшла вясна. На яду збіралі шчаўе і крапіву. Пасадзілі агародчык. Бульбу садзілі, збіраючы ў аднавяскоўцаў бульбяныя лупіны. Восенню крыху -дзесятак кошыкаў - накапалі (а вось пры ад'ездзе на ўсход у жніўні бульба заставалася ў полі, і па ацэнцы ўраджай мог быць 700 пудоў, гэта значыць - 11 тон).

Тых, хто вярнуўся, тут чакалі

адсутнасць ежы і жытла.

Ды ўцякачы не гаравалі,

да гора звычка ўжо была.

З душэўнай радасцю, імпэтам

упрагліся хаткі аднаўляць.

Вясной халоднай, жаркім летам

ім давялося шчыраваць.

Палі залеглыя ўзаралі,

насення, бульбы не было,

Лупіны іншы раз саджалі,

ды дзякуй Богу ўсё ўзрасло.

Тата Ваня многа расказваў, як у тыя гады бацькі працавалі ад відна да відна не толькі на полі, а пры рамонце пабудоў. Так, у захаваным збудаваным зрубе хаты перакрылі страху саломай, усталявалі ганак, сені, камору і пад ёй падвал, абнавілі дзверы і вокны.

У кухні вылажылі цагляную печ з прыпечкам і комінам, спальню з дзеравяннымі ложкамі і саломеннымі сеннікамі. Падлога зямляная - ток, а ў зале падлогу заслалі габлёванымі дошкамі, сцены абмазалі глінай.

Праз пару гадоў засяліліся, і старую трухлявую хатку разабралі.

Адрамантавалі вялікае гумно на восем тарпоў, на гумнішчы выкапалі студню глыбінёю на дзесяць кольцаў.

Хлеў перакрылі дранкай, зраблі з двух бакоў дзверы. Унутры ўстанавілі клеткі і там размясцілі каровы з цялятамі і пару свіней і з дзясятак курэй.

Для каня адрамантавалі канюшню.

Збожавы свіран-амбар адрамантавалі да восені, і ужо ўраджай збажыны па відах размясцілі па засеках.

Штосці самі парабілі: калёсы, сані.

Вазок, хамуты на рынку купілі. Плялі кошыкі, сявенькі.

Масявіцкі каваль Быстрыцкі зрабіў жалезныя плуг, акучнік і бораны.

З успамінаў бацькі Вані: "Мне ўжо было 11 гадкоў (нарадзіўся 8 траўня 1908 года). Я ўжо станавіўся за плуг, баранаваў. Помню, як леташняй восенню сеялі жыта ўручную на полі…. Мы яшчэ толькі з паўгода як пасяліліся на роднай мясцовасці, але ўжо не бежанцамі, а ўцякачамі на радзіму. Каня з плугам і бараной пазычылі ў аднавяскоўца. Пакуль бацька араў, а я баранаваў,ён ляжаў п'яненькі, але без яго цяжка давялося б з ягоным канём працаваць.

Як пачаў бацька з канюгой муштраваць, дык вясковец, які каня пазычыў, падскочыў і такімі мацюкамі абклаў, што раней іх я і не чуў: «Ах, такую тваю маць! Ах, з канём баляваць! Завярніце, выверніце»… Во, якія ў вёсцы засталіся людзі. Абгорнуцца зверху, нібы панцырам, п'янствам ды мацюкамі, а як да працы - яшчэ якія спраўныя, могуць, усё ўмеюць!

I нічога за канюгу не патрабаваў гэты наш дабрадзей: «Ды на пляшку наліўкі дайце, і хопіць». Так адказаў пра аплату.

Праўда, на развітанне бацьку яшчэ некалькі раз сакавіта пахваліў, маўляў, ты добры гаспадар «Зыдар-багатыр».

Але я замілаваны яго прапановамі, як жа мне жыць у вёсцы, бо трэба і мне вучыцца гаспадарыць на зямельцы?!

Пасля расейскай школьнай вучобы ў мяне захаваўся добры почырк і стабільная грамата. Ужо там я добра спяваў рускія песні і захаваў тэксты.

Летам з дзядулем і бацькам браўся касіць за Дзітвою на нашай сенажаці. Там даглядаў карову. Граблі ў копы і прывозілі сена ў гумно.

(Па гэтай тэме я намаляваў карціну алеем «На сенакосе за Дзітвою» - В.К.)

У восенькія дні прыходзілася многа працаваць пры капанні бульбы, пасвіць жывёлу, таму ўсё ж-такі калінікалі пяшочкам наведваў школу ў Ганчарах. Там настаўнічала і цёця Соф'я Ізыдараўна. Зімою, асабліва ў снежныя дні, бацька нас адвозіў санямі, стараўся вучыўцца добра".

Па расказу майго бацькі ў гаспадарцы было дзесяць дзесяцін ворнай зямлі, сенажаць на аселіцы, выган і невялікі лясок з дзве дзесяціны.

Далей - болей. Завялі жыўнасць, кабылку. Зямелька давала добры ўраджай.

А наша вёска Дроздава, што прахадны двор: з боку ляска - шаша, з другога за аселіцай-чыгунка… Але зноў над нашай гаротнай зямлёй навісла пагроза: то Чырвоная Армія наступала, то войска польска бушавала, а потым жыццё «за польскім часам».

І можна жыць было б, ды дзе там!

Маскаль нас хутка тут дастаў,

Пад зычны лозунг: «Власть Советам»

дзяржаву зноў акупаваў.

Яны і Польшчу меркавалі

зноў у імпэрыю загнаць.

Ды толькі зубы абламалі:

пад Менск прыйшлося адступаць.

«Даёшь Варшаву» - верашчалі,

туды, нібы на шпацыр, шлі

Ды толькі там іх затрымалі -

пагібель тысячы знайшлі.

Антанта ляхам памагала

дзяржаўнасць Польшчы аднавіць.

І шмат чаго ахвяравала,

каб войска польскае стварыць.

Пасля заканчэння Першай Сусветнай вайны ў лютым 1919 года на змену немцам прыйшлі бальшавікі. На Лідчыне ўсталёўваецца на кароткі час - тры месяцы - савецкая ўлада з 5 студзеня 1919 года па17 красавіка1919 года, калі пачалася польска-расейская вайна: польскія войскі выгналі саветаў, але і самі пратрымаліся толькі крыху больш за год - да 17 ліпеня 1920 года, калі расейскія войскі зноў пагналі палякаў, але не надоўга. Там пад Варшавай атрымалі паразу, і з 30 верасня 1920 года наш раён у складзе Польшчы да 18 верасня 1939 года. Вось якія ператрусы і перажыванні давялося спазнаць нашым землякам у часы савецка-польскай вайны, што пракацілася па паселішчах і людзях Заходняй Беларусі.

З успамінаў бацькі Вані: "Добра памятаю як летам 20-га года, калі адступалі польскія войскі, у нас на гумнішчы на конных павозках прыпыніліся жаўнеры. Карабіны паставілі ў піраміду, з паходнай кухні раздавалі вайскоўцам ежу. Падпаручнік прайшоўся па вёсцы і, не знайшоўшы вазніцы, загадаў майму бацьку Ізыдару, каб запрог свайго каня ў другую павозку і павёз вайскоўцаў дзесьці пад Шчучын. Назаўтра пад раніцу бацька вярнуўся дахаты, але без каня. Сказаў, што ваякі на подводзе хутка ўцякалі на Польшчу…"

"Пратакол

(пераклад з польскай мовы) 1920 года кастрычніка 26 дня

Я, ніжэй падпісаўшыся, солтыс вёскі Дроздава Кумпяк Іосіф у прысутнасці сведкаў жыхароў вёскі Дроздава Міхаіла Пазняка, Івана Шута і Міхаіла Махнача напісалі ніжэйшы пратакол аб наступным:

У ліпені месяцы ў час адступлення польскіх войскаў салдатамі 17 дывізіі калоны Г. забрана кабыла з хамутом і аброццю для абозу ў жыхара нашай вёскі Івана Кудлы, якой павёз салдатаў той жа калоны на калёсах жыхара вёскі Супраўшчына Іосіфа Шута. Даехаўшы пад гарадок Васілішкі названыя салдаты прымусілі іх вярнуцца дамоў. На іх жа конях салдаты паехалі далей і іх не вярнулі да сёняшняга дня. Нявернутая Івана Кудлы кабыла мела наступныя прыметы: чорная, гадоў дзесяць, рост сярэдні. Узятая кабыла каштавала 20.000 марак, у чым і распісваемся:

Солтыс вёскі Дроздава - Кумпяк Іосіф (подпіс).

Сведкі: Міхаіл Махнач (непісьменны), за яго і за сябе распісаўся Міхаіл Пазняк

Іван Шут (подпіс)

Уласнаручныя подпісы солтыса Кумпяка, сведкаў Махнача, Пазняка і Шута кіраўніцтва гміны Ганчарскай зацвярджае 26 кастрычніка 1920 года.

Пячатка.

Войт гміны: (подпіс) А. Якубоўскі.

В.А.(выканавец абавязкаў) пісара:

Кумпяк (подпіс)".

У выніку падпісанага ў сакавіку 1921 года Рыжскага, міру тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучана да Польшчы і знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай аж да верасня 1939 года.

Прайшло з паўгода. Ужо ўсталявалася польская ўлада. Бацька заявіў кіраўніцтву гміны аб тым, як пры адступленні польскія вайскоўцы забралі каня з вупражжу, аб чым засведчылі аднавяскоўцы. З гэтым пратаколам бацьку давялося пахадзіць да розных лідскіх начальнікаў. І толькі пасля Калядаў выдалі з вайсковай часці кабыліцу больш - менш здатную запрагаць у сані, але вясною негодная ў плузе. Давялося збываць…

Ужо ў наш час у Савецкім Саюзе па ідэалагічных варунках пра Першую Сусветную вайну імкнуліся не ўспамінаць. Ганарыцца не было чым, гэтая вайна была прайграна ў асноўным таму, што бальшавікі развалілі войска. А каб лішні раз не ўспамінаць іх адмоўную ролю, на Першую Сусветную наклеілі штампы «імперыялістычная», «несправядлівая» і стараліся выкрысліць з памяці людзей...

О, Беларусь, о, край мой мілы,

Старонка родная мая!

Тут расказаць не маю сілы,

Што адчуваю ў сэрцы я.

Цябе я бачу ў бляску сонца,

У срэбных пацерках расы,

Што красяць усё ў табе бясконца

I луг, і поле, і лясы.

Віткі жыцця маіх родзічаў пры Польшчы

Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе.

Хто забыў сваю мову - усё згубіў!

В. Караткевіч.

Годы за гадамі ў вечнасць бягуць,

Доўгімі радамі адзначаюць пуць.

Як вада ў рэчцы, ўсе плывуць удаль,

Ззаду застаецца радасць, сум і жаль.

Толькі часам буры наганяюць шум .

Успамін пануры чалавечых дум.

Як і мухі, людзі родзяцца і мруць.

Так было, так будзе.Эх, жыццёвы пуць!

Вечнасць застаецца ў сабе сама,

З усяго смяецца, што было й няма.


Для нас, ураджэнцаў заходніх абласцей - гэта не проста мінулае. Для мяне і маіх равеснікаў той час - гэта маладосць нашых бацькоў, жыццё дзядоў і бабуль за польскім часам, гэта жывая гісторыя, у якой яны працавалі, сталелі, гэта частка нашага светапогляду тых гадоў у "Вітках жыцця Кудлаў"...

Тысячы лідзян вярнуліся з бежанства часоў Першай сусветнай вайны на сваю радзіму, да сваіх гаспадарак. Амаль два дзесяцігоддзі пайшло на аднаўленне мірнага жыцця…

З 30 верасня 1920 года наш - Лідскі раён - у складзе Польшчы да 18 верасня 1939 года.

Згодна з Рыжскім дагаворам (дарэчы, прадстаўнікоў Беларусі на перамовы і падпісанне не дапусцілі) да Польшчы адышла Заходняя Беларусь плошчай 82 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 4 млн. чалавек. А ў 1921 г. згодна перапісу колькасць беларусаў зменшылася да крыху больш за 1 млн. чалавек, а паводле перапісу 1931 г. гэты паказнік складаў ужо 890 тысяч. Перапісы рабілі, лічачы кожнага католіка за паляка, нават калі ён і не ўмеў гаварыць па-польску.

Дарэчы, у Рызе перамовы

без беларусаў правялі,

Пад Польшчу ў выніку дамовы

краіны захад аддалі.

Таму палякі край назвалі

ўжо не Літва, а ushodni kres.

Забыўшы Рыжскую дамову,

яны нас сталі прыгнятаць.

Культуру нашу, гонар, мову

паволі сталі вынішчаць,

І край гаротны наш навала,

як бачна, новая знайшла:

Русіфікацыя прапала -

паланізацыя прыйшла.

Ды як жылося беларусу,

калі пры Польшчы ўсе жылі?

Хто больш рабіў яму прымусу -

палякі альбо маскалі?

Цяжкім ярмом для сялянства была існаваўшая сістэма падаткаў. Больш за тое, на сялян накладаліся шматлікія дадатковыя абавязкі. Улады ў прымусовым парадку прымушалі сялян выконваць павіннасці па рамонце і будаўніцтве дарог і мастоў (шарваркі), перавозіць грузы і г. д. За невыкананне іх, няплату падаткаў, непадпарадкаванне чыноўнікам накладваліся шматлікія штрафы. Секвестратары (фінансавыя інспектары) нярэдка канфіскоўвалі маёмасць сялян у лік пагашэння запазычанасці.

Пры хутарызацыі Дроздава ў хаце Кудлаў пасяліўся каморнік, які праводзіў абмер выдзеленых участкаў зямель дроздаўцам, нарысаваў карту хутаран. Нашай радні выдзелілі найбольш урадлівую зямлю на правам баку перад вёскай і на аселіцы сенакос і пашу насупраць хаты. Усе гаспадарчыя забудовы пасля вяртання з бежанцаў былі адбудаваны, застрахаваны, і продкі адмовіліся пераносіць іх на хутарскі зямельны надзел.

За вёскай ад чыгункі аж да Масявіч была зроблена дарога, на якой размясціліся больш за 20 хутарскіх пабудоў на дастатковай адлегласці.

У вёсцы складана было са студнямі. На нашым падворку, каля хлява выкапалі каля дзесяці кольцаў і дайшлі да грунтовай вады. А ў суседзяў Ашмяноў - Валодзі і Вані, хаты з двух бакоў вуліцы і за метр ад рыштока капалі студню.

І ўжо калодзежнік быў на глыбіні, грузіў у вядро сівы жвір, і на вяроўцы падымалі валікам з корбай. Неяк па вуліцы ехаў воз са снапамі і, мажліва, ад грукату па бруку абвалілася сценка студні і засыпала майстра на смерць. Так і засталася памяць аб загінуўшым…

Ігнат Дварчанін стараўся часта наведваць вёскі Наваградскай акругі, сваю і суседнія, родных і знаёмых.

Тата Ваня расказваў пра Ігната Дварчаніна, як пра надзвычай абаяльнага чалавека, прыветнага, простага ідаступнага. Вяртаючыся з Наваградка часта заязджаў у Ганчары і Дроздава. Вяскоўцы, сабраўшыся ў нашай хаце, бачылі ў ім доўгачаканага не толькі госця, але і змагара за нашую шчаслівую будучыню. На сходзе з выбаршчыкамі ён растлумачваў палітыку пасольскага клуба "Змаганне", народных паслоў у барацьбе за інтарэсы беларускіх сялян, за найдаражэйшую спадчыну.

Кожны раз бацька з захапленнем слухаў Ігната Сямёнавіча, бо вёў ён цікавую гутарку з сялянамі. Хаця тады яшчэ шмат чаго не разумеў, але кеміў, што гаварыў ён з імі пра народнае гора, пра тое, як трэба змагацца супраць тых, хто здзекваўся з бедных людзей.

I вось аднойчы ён чарговы раз прыехаў у вёску. Сустрэчы дроздаўцаў са сваім слаўным дэпутатам заўсёды выліваліся ў сапраўдныя святы. Гэты чалавек ахвотна гутарыў з сялянамі пра іх самыя надзённыя жыццёвыя справы, расказваў як усім змагацца за сваё шчасце, за лепшую долю, барацьбу супроць прымусовай камасацыі польскага ўрада.

Вяскоўцы ведалі, што Ігнат піша вершы і папрасілі зачытаць. Ён з радасцю згадзіўся. Ігнат чытаў, не спяшаючыся, выразна.

Сей, браце мой мілы, сей поўнаю жменяй,

Загон свой гусцей засявай,

Ціхонька і роўна, ня болей, ня меней,

Ад краю загона у край.

Ня бойся, мой брат, не загінуць зярняты,

Што ўкінеш ты вернай рукой,

Як дар яны з неба, там будуць прыняты

Даўно ўгатаванай раллёй.

Здзівішся сам ты, як сонца прагрэе,

Што стане з тваёй паласы.

Як буйна на вочах яна зарунее,

Як хутка ўсплывуць каласы.

Культурна-асветная работа сярод насельніцтва набірала размах. Усё часцей у вёсцы пачалі праводзіцца вечары культуры і адпачынку, выступленні самадзейных артыстаў, ставіліся спектаклі па творах беларускіх драматургаў. Ствараліся і харавыя калектывы. Ініцыятарамі ў правядзенні гэтай работы былі ў асноўным настаўнікі і больш-менш адукаваныя і таленавітыя мясцовыя жыхары. Мясцовыя ўлады рабілі ўсялякія перашкоды дэпутатам сойма клуба "Змаганне" у справе сустрэч з выбаршчыкамі, і было вырашана стварыць на месцах сакратарыяты.

У вёсцы Ганчары працаваў гурток "Грамады". Старшынём гуртка працаваў Вікенцій Дзікевіч, а ў Дроздаве сакратаром падабраўся больш-менш адукаваны, спрактыкаваны ў палітыцы селянін Шут Зянон.

У Лідскім павеце павятовы камітэт Беларускай сялянска-рабочай Грамады ўзначальваў Вікенцій Антонавіч Салыга. Ён адзначаў, што моцнай грамадскай ячэйкай было згуртаванне ў вёсках Ганчары і Дроздава.

Ад гэтых інфарматараў, дэпутаты даведваліся аб падзеях на месцах і мелі большае ўяўленне аб сітуацыі. Сакратарамі распрацоўваліся спецыяльныя памяткі, на пытанні якіх яны павінны былі адказаць у справаздачах у Цэнтральны сакратарыят.

Гурткі праводзілі збор кніг ад насельніцтва, збіралі грошы на літаратуру, выпіску газет і часопісаў.

Маланкай разнеслася вестка па вёсцы, калі людзі даведаліся, што пасол сойма Ігнат Дварчанін даў згоду сябру дзяцінства быць ганаровым сябрам у яго на вяселлі. Яго сяброўка Юлія расказвала: "Вянчацца ездзілі ў цэркаў вёскі Нагародавічы. Ігнат ведаў усе песні, разам з намі спяваў. Гэта ў асноўным былі песні пра цяжкую дзявочую долю. Напрыклад, "Дума мая, дума". Мы яе часта спявалі. Цікавіўся, а якія яшчэ мы ведаем песні і прасіў, каб іх праспявалі, скакаў са мной і другімі дзяўчатамі, гутарыў з хлопцамі. Асабліва, што падабалася, ён гутарыў і спяваў з намі, як роўны з роўнымі. Не адчувалася, што сярод нас такі вялікі чалавек."

Ігнат Дварчанін двойчы, у 1927 і 1931 гг., быў арыштаваны польскімі ўладамі і два гады адбываў пакаранне ў турмах. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 г. жыў і працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мовазнаўства. Здзейсніў шэраг важных работ па правапісе, складанні беларускага слоўніка тэрміналогіі. У 1937 г. быў неабгрунтавана асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. Так ад рук сталінскіх апрычнікаў загінуў Ігнат Сямёнавіч Дварчанін - выдатны рэвалюцыйны дзеяч.

З расказаў таты Вані:

"Бацька Іван Зыдаравіч 1875 г.н. навучаўся ў царкоўна-прыходскай школе, быў працавітым і руплівым гаспадаром, граматна і дасканала вёў палявыя работы, так што палеткі давалі добры ўраджай разнастайнай збажыны, бульбы. Хапала для сям'і і для немалой колькасці хатняй жывёлы.

Даводзілася працаваць не пакладаючы рук. Уставалі на золку і працавалі ўвесь светлы дзень да самай цёмнай ночы .

Амаль кожную нядзелю вазіў на рынак у Ліду, ці Беліцу на продаж розныя свае прадукты. Там жа закупляў неабходныя для гаспадаркі прылады працы і сёе-тое з адзення і прысмакаў… Па дарозе заўжды заязджаў у карчму (на перакыжываніі дорог на канцы Дроздава) і прыязджаў дахаты ў добрым настроі і з песняй. У вёсцы яго празывалі: "Багатыр-Зыдар"".

Грос Тамара пра дзеда Івана Зыдаравіча запісала на дыктафон:

"Дзядуля меў многа зямлі - 10 гектараў, пару коней, жывёлу і жыў за "польскім часам" не беднавата. Вялася племянная работа. Для паляпшэння пародзістасці кароў купілі чырвонага быка, падраслі надоі, расцілі свіней і авечак. Дзядуля навучыўся шыць верхняе адзенне-бурносы і нават кажухі і хромавыя боты. Дзеда ў вёсцы не любілі,зайздросцілі: ні з кім не дружыў, ні з кім не выпіваў.

У тыя гады зімы былі суравыя, так курэй засялялі пад печчу, нават котных авечак трымалі ў каморы. І зімой у дзеда было клопату: рыхтаваў сечку, даглядаў жывёлу.

Былі секвестатары - апісвалі маёмасць. Тытунь забаранялі сеяць - манаполія. Нават для сябе нельга было саджаць. Паліцыянты хадзілі па агародах у пошуках плантацый тытуню. Штрафавалі, на тыдзень маглі ў КПЗ саджаць. А і ў запалках - польская манаполь. Буйны штраф."

Бабулька Алеся расказвала: "Прыедуць Юстынавы - Жэня і Толя - на наша поле, посцілкі рассцелюць, пшаніцу са снапоў вымалацяць і адвозяць да хаты.

- Ха-ха!

Каб ты век смяяцца не перастаў!"

"На фатакартцы - мая бабуля Алеся ў дзявоцтве - Лукашэвіч, родам з Дзітрыкаў, якую я з любоўю заўжды ўспамінаю, была вельмі добрай, ветлівай. Была рукадзельніцай, добра ткала і вышывала.

На ёй ляжала дойка кароў, догляд свіней, авечак, курэй. Прыгатаванне ў печы яды таксама ляжала на плячах бабулі. Тушыла бульбу, кашу, варыла зацірку ці суп гарохавы з малаком, а таксама гарбуз, шаткаваная капуста, рэдзька, бручка. У пасты - саладуха і агурэчны расол.

Успамінаю, былі выпадкі, калі раніцай, яшчэ да ўсходу пяшком выходзіла ў Вільню (гэта больш за сто вёрст) па якія-небудзь сямейныя тавары. Адтуль, узяўшы на плечы клункі з пакупкамі, пешшу вярталася ўжо цёмнай ноччу."

Не пакінуў бацька родны

мне палацаў, ні дабра.

Сам быў бедны, век галодны,

толькі-толькі не жабрак.

Толькі родная матуля

з нараджэння мне дала,

Што дагэтуль ані куля,

ні бяда, не адняла.

Яна чулая мне сэрца

падарыла, як сваё,

Што спаможа аж да смерці

спрашваць жыцейка маё.

У Лідскім павеце 7 тыс. дзяцей не мела магчымасці вучыцца з-за матэрыяльных умоў і недахопу настаўнікаў. У 120 вёсках павета наогул не было школ. У Лідзе працавала толькі 2 гімназіі, у якіх навучалася 484 гімназісты, але сярод іх не было ні аднаго беларуса.

Беларускія культурна-асветніцкія арганізацыі, мясцовае насельніцтва вялі барацьбу за сваю родную мову. Але звароты грамадскасці наконт адкрыцця беларускіх школ уладамі не прымаліся пад увагу.

У верасні 1920 года заняткі ў Ганчарскай школе аднавіліся, але ўвялі ўсе прадметы толькі на польскай мове. Называлася школа паўшэхнай (7 класаў). Працаваў вядомы настаўнік Маліноўскі Іпаліт, Пякелка А. і яго жонка Вольга. А і Кудла Соф'я Зыдараўна была там некалькі гадоў настаўніцай.

Віктар Кудла: па ўспамінах бацькі, яго родная цёця Соф'я Зыдараўна нарадзілася ў 1892 годзе тут, у вёсцы Дроздава, вучылася ў Ганчарскай царкоўна-прыходскай школе. Закончыла нейкія настаўніцкія курсы, бо да Першай сусветнай вайны і ў бежанцах у Серпухаве ў Расіі настаўнічала.

Сярод фотаздымакаў навучэнкі тых гадоў Козел Анюты нядаўна знайшлася фатакартка, дзе настаўніца з вучаніцамі праводзіць заняткі па вышыванні. На адваротным баку па-польску і не вельмі якасна выведзены подпісы: "С. Кудла, А. Козел" і іншыя.

Соф'я Зыдараўна была даволі адукаванай інтэлігенткай, напамяць чытала вершыкі, байкі. Аднавяскоўцы часта звярталіся, каб напісала якую-небудзь заяву ці прашэнне. Па ўсёй верагоднасці, яна была першай настаўніцай з нашай мясцовасці, і менавіта гэта паслужыла добрым прыкладам для маладых сваякоў, каб вучыцца і стаць настаўнікамі: з Хрышчановічаў - Ваня, Веня, Ніна; з Буйніцкіх - Леўчык, Тамара; з Германовічаў - Сяргей, Аляксандра, Вольга і з дроздаўскай моладзі: Кудла Анатоль, Козел Ваня і Марыя (Міхалюковыя).

Прывезла з Расіі некалькі расійскіх кніжак. На той час гэта былі дарагія, але вельмі патрэбныя ў вясковым жыцці падручнікі. Сваякам і вяскоўцам давала для чытання, але не ўсе кнігі і ў добрым стане вярталі.

На гэты час захаваліся рарытэтныя выданні:

Кніга А.Бекетава "Беседы о земле и тварях, на ней живущих", 1864 года, падрабязна распавядае аб уладкаванні зямной кары, аб марах, акіянах, азёрах і рэках; аб туманах, воблаках і водах небесных; аб громе, маланцы і ветрах; аб тым, як вымяраецца цяпло, холад і вецер…

У кнізе "Новае натуральнае лячэнне" на 788 старонках дасведчанна і падрабязна тлумачыцца аб органах чалавека, аб захворваннях і метадах лячэння, што і на сёняшні час актуальна. Не дзіва, што кніга значна пацярпела ад чытачоў…

"Евангелье" на 800 старонках, 1899 года, і "Святая земля", 1863 года, у гады ваяўнічага атэізму былі рэдкай інфармацыяй для насельніцтва.

Кніга "Куль Хлеба и его похождения" С. Максімава, 1878 г., у тыя далёкія дарэвалюцыйныя і паслярэвалюцыйныя часы была добрым падручнікам для навуковага вядзення сялянскай гаспадаркі.

Душыла і сацыяльная неспаравядлівасць. Калі хто хацеў уладкавацца на больш-менш аплачваную пасаду, павінен быў перайсці ў польскую веру. Гні шапку перад кожным, хто стаіць вышэй на сацыяльнай лесвіцы: перад панам, ксяндзом, пастарунковым, польскімі настаўнікамі…

Кудлу Соф'ю Зыдараўну, настаўніцу Ганчарскай польскай школы звольнілі за тое, што яна была праваслаўнай веры і адмовілася выйсці замуж за настаўніка-католіка.

Родная цётка майго таты Вані - Соф'я - так замужам і не была. Потым настаўнічала з вясковай дзетварой. Яна імкнулася, каб дзеці роднай вёсачкі сталі адукаванымі, свядомымі, добра ведалі і шанавалі матчыну мову, найдаражэйшую спадчыну. Чытала ім вершы Янкі Купалы "Прарокі", "Былі ў бацькі тры сыны", "Не пагаснуць зоркі ў небе", а Якуба Коласа знакаміты "Родны кут". Актыўна працавала на гаспадарцы.

Грос Тамара запісала:

"Бацькі многа праяўлялі намаганняў на выхаванне свайго сына Вані, як прадаўжальніка роду Кудлаў. На вялікае шчасце ён добра рос і развіваў моцны целасклад, меў прыгожы знешні выгляд. Дзядзя Ваня ўжо актыўна ўжываўся ў гаспадарчых работах. Летні дзень год корміць, таму на жніво ўсіх забіралі - з усходу сонца ўжо былі на полі. Мама Вольга, цёця Соня і бабуля Алеся жалі збажыну сярпамі, аставалася роўненькае іржышча. Снапы, як букецікі, ставілі ў дзесяткі: дзевяць каласамі ўверх, а дзясятым, як "шапкаю", накрывалі снапы. У поўдзень, у гарычыню, адпачывалі, абедалі каля дзясяткаў жыта.

А я дрэнна жала, як Гросіха (я на іх падобна). Кароў пасвіла. Добра жылі з суседзямі Ашмянамі: Валодзем, Ваням, з іх маткаю Маняй; Каханоўскімі - Рэняй, Лёдзяй"…

Выйшлі на поле вось жнеі з сярпамі,

У лапцях лазовых, а хто басіком.

Жыта пустымі шуміць каласамі,

Ніва не цешыць жаночых вачэй…

Кудла Віктар: "Мой бацька Ваня 1908 г.н. у Першую сусветную вайну, будучы ў бежанцах у Ніжагародскай губерні, вучыўся ў рускай школе сяла Стара-Ражджэствена. Калі ўсе разам у 1919 годзе вярнуліся ў родную вёску Дроздава, то бацька, працуючы на гаспадарцы, узнаўляў навучанне з перапынкамі ў часы савецка-польскай вайны, але атрымаў не менш як чатырохкласную адукацыю. На той час гэта была вельмі высокая адукацыя. Ён апавядаў: галоўнае, што патрабавалі настаўнікі, гэта - чытанне, арыфметыка і чыстапісанне, а бацюшка - Закон Божы і царкоўнае песняпенне… Аднавяскоўцы часта звярталіся, каб напісаў нейкія прашэнні,ці аформіць судовыя паперы. Пасля вучобы ў ральнічай школе дзяліўся сельскагаспадарчымі навыкамі, набытыя грунтоўныя веды сфарміравалі даволі шырокі светапогляд".

Але і школу, дзе былі

зусім дарэмныя заняткі,

Закончыць цалкам не маглі

ўсе хлапчукі або дзяўчаткі.

Галеча многім не давала

ў школах веды набываць,

На гэта часу не хапала -

на хлеб патрэбна зарабляць…

У траўні 1929 года майму бацьку споўніўся 21 год, і спрацавала адтэрміноўка для прызыву ў польскае войска.

Так, на самай справе бацька быў яшчэ нежанаты і жыў са састарэлымі і хворымі бацькамі, і на яго плячах была цяжкая праца па вядзенні сялянскай гаспадаркі.

І ў той час у Польшчы быў добры закон, які вызваляў рольнікаў-карміцеляў ад вайсковай службы.

(Вельмі добра і тое, што пры нападзе Германіі на Рэч Паспалітую 1-га верасня 39-га года бацьку таксама не забралі на фронт…)

13 ліпеня 1929 года Лідскае староства прыслала дзеду, Яну Кудлу, "Везванне" - павестку № 7428-4.

Згодна з арт. 60 уставы аб вайсковай службе № 375 выклікаем п. Яна Кудлу, які жыве ў Дроздаве, гміна Беліца, бацьку дапрызыўніка Яна Кудлы, 1908 г.н., каб у справе адтэрміноўкі ад вайковай службы названага дапрызыўніка, як адзінага кармільца сям'і з'явіўся ў прызыўную камісію ў Лідзе, у староства дня 25 ліпеня гг. у 8 гадзін ранку з мэтай праверкі ступені здольнасці да працы.

Гэтую павестку належыць прынесці з сабою. Цвярозвасць,чыстата цела і прыстойнасць вопраткі абавязковыя.

Няяўка будзе лічыцца пацверджаннем поўнай здольнасці да працы.

За староства (подпіс чорным чарнілам і чырвоная пячатка Лідскага староства)".

Кудла Віктар:

"Бацька меў прыгожы голас і вельмі любіў спяваць, у кампаніі часта прасілі паспяваць. Запомніў на памяць шмат песень з часоў бежанства ў Расіі, нека-торыя, нават, запісаны.

Па маёй заяўцы ў перадачу "Сустрэча з песняй" там не знайшлі гэты варыянт песні "Чарнавокая Нюра-пастушка". А таксама памятаю цікавую песню ў яго выкананні "Два французкія грэнадзёры із рускага плена брылі…"

Вось які, даволі каліграфічны, почырк склаўся ў бацькі і захаваўся ў сталым узросце. Даволі грунтоўна пісаў пісьмы родзічам, вёў бухгалтэрыю ў вясковым калгасе.

Бацька вёў акуратны дзённік аб праваслаўных святах, аб надвор'і, пачатку вяснавой сяўбы, пакрыцці кароў быком і г.д.

Ёсць цікавыя звесткі пра надвор'е. Так запісана, што ў 1928 годзе зіма была неверагодна цёплай, бясснежнай, на сажалках не было лёду. Ад 14 лютага вяскоўцы ўжо хадзілі днём босымі, а ўжо 25 сакавіка сяляне пайшлі ў поле араць, а праз тыдзень сеяць ярыну. Жывёлу выпусцілі на пашу на аселіцу.

На пачатку жніўня 1934 г. на вёску абрынулася моцная бура разам з ліўнем. Струмені вады пазалівалі вуліцу, нават скляпы і хлявы, вецер пазрываў саламяныя стрэхі з некалькіх дамоў. Ад маланак загарэліся на хутары хлеў з адрынаю…"

У нас былі ўрочышчы: Заецкія, Цімошкаўня, Тарасаўшчына, Качавінка, Глінішча, За Ройстам, Выжэрыны, Гарбачова, Любоўшчына, Крупава, Рыбацкія, Каляднік, Выган, Клюкава, За пераездам, За масток, Аселіца…

Пясок-жаўцяк, Кар'ер зрабілі на скрыжаванні. Наша балотца асушылі, торф бралі на ацяпленне. Меліярацыю пры паляках рабілі ўручную. Кожнаму з вёскі даручана было пракапаць ўчастак.

Дарога паміж Беліцай і Лідай была высыпана жвірам, вакол раслі таполі.

А на Ганчары грэбля на галінах і суках. Шарваркі-кожны адбываў - трэба было ўсцілаць камяні і бярвенні.

На краі вёскі жыў Кудла Косця - Альжбецін. Быў такі, зямлі амаль не было, каня не меў. У калёсы запрагаўся сам, насіў камяні на дарогу ў дзярузе. Страшны, абарваны. Курная хата. Другая курная хата была ў Драпячыхі. Бацька ўзяў пазыку, купіў манеж, і малатарню, і арфу. На 40 гадоў расклалі. Падатак трэба было плаціць рэгулярна: страхавыя ўзносы і працэнты.

З распаражэння Прэзідэнта Рэчы Паспалітай абавязковым было страхаванне маёмасці ад пажару, і за страхоўку плацілася розная колькасць грашовых узносаў.

Пасведчанне срахавога поліса, у якім дадзена ацэнка ўсіх пабудоў: "Агульныя ўмовы ўзаемнай бяспекі" (страхоўка) ад 1935 года Кудлы Івана з вёскі Дроздава, гміны Беліцкай, павета Лідскага дае падрабязны пералік забудоў і іх ацэначны кошт: дом жылы з ганкам - 980 злотых, сені і камора - 190 злотых, свіран - 190 злотых, стадола - 550 злотых, павець - 140 злотых, абора - 410 злотых. Усяго на 2460 злотых. Страхавыя ўзносы за гэта складалі 16 злотых 48 грошаў (як разабрацца, то і не вялікія).

Падпісаў павятовы інспектар (подпіс чырвоным чарнілам і пячатка).

Па ўспамінах бацькі і аднавяскоўцаў "за польскім часам"пры Ганчарскай школе для сялян навакольных вёсак працавалі "Курсы па гаспадарцы ральнічай (сельскай)". Там вывучалі асновы навуковай працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі. Навуку выкладалі выкладчыкі з Бердаўскай ральнічай (сельскагаспадарчай) школы і Беняконьскага доследнага ўчастка. За наведванне курсаў і вучобу плацілі невялікія грошы… Па заканчэнні курсаў усе наведвальнікі здавалі залік. Хтосьці там купляў ксёнжкі-падручнікі.

Надпіс на адвароце фотакарткі на польскай мове: "1936-37 гг. Школа ў Ганчарах. Памятка з агульнага курса з розных арганізацый і сёл".

Таму не ўсё было адмоўна,

калі па шчырасці казаць.

Было пры Польшчы ўсё грунтоўна,

ў тым ліку добра навучаць.

Не толькі грамаце вучылі:

ну, там лічыць, пісаць, чытаць,

Палякі шмат чаго рабілі,

каб навучыць лепш працаваць.

Хто жыў пры Польшчы адзначалі:

закон там добра працаваў.

Драмаць улады не давалі -

парадак усюды існаваў.

Пра стан сялянскай навукі і выраб прыстасаванняў для паляпшэння ўмоў працы рольнікаў (земляробаў) на той час, сведчыць захаваны ў бацькі "Цэннік 1933 года агародных прыладаў і інструментаў В. Гарнушэўскага ў Варшаве", які па рысунках добра знаёміць з апісаннем прыладаў працы .

Тут і рыдлёўкі, граблі, матыкі, цяпкі двухбаковыя, ножыкі садовыя, шуфелькі, сахары і габлі для бульбы, ухваты для зняцця яблыкаў, ручныя культыватары і сеялкі, апырсквальнікі, конныя плугі, касілкі і жняяркі. Гэта няпоўны пералік, бо з дзясятак старонак вырвана…

У цэнніку падрабязна апісваецца і цана і спосаб прымянення і дастаўка па ўсёй Польшы. Гаспадар прадпрыемства па вырабе прылад В. Гарнушэўскі меў больш за дзясятак медалёў з еўрапейскіх выставаў і кірмашоў.

Даволі цікава, разглядваючы рысункі прыладаў сялянскай працы ўжо ў 1933 годзе, яшчэ цяпер здіўляешся, што пасля вайны і я помню, што ў пяцідзесятых гадах ў сялян іх не было, а сякія-такія прылады выраблялі мясцовыя кавалі. Па другое - цяпер у нашых гаспадарчых крамах шырокі набор агародных прылад, дакладна ўзятых з таго польскага цэнніка.

Добрым навуковым дапаможнікам у вядзенні гаспадаркі былі "ксёнжкі з бібліятэкі гаспадарчай выдавецтва Віленскай ізбы рольнічай".

Такая брашура 1937 года захавалася (хоць памятай, але яшчэ добра чытабельнай) "Зімовае кармленне дойных кароў", напісанае Уладзіславам Апацкім. Тут даволі падрабязна апісваецца будова страўніка са схемай аддзелаў і іх функцыямі. Далей грунтоўна тлумачыцца "вартасць кармавых пастаў", у якіх па нормах утрымліваюцца спажыўныя рэчывы: бялок, крухмал, цукар, соль…

Увага надаецца некаторым кармам. Апісваецца салома, мякіна, сена з сырадэлі, з канюшыны, іх якасць і патрэбнасць для жвачных жывёл. Асаблівая ўвага надаецца карняплодам, іх колькасці ў сутачным рацыёне для каровы: бульба, буракі, морква і бручка… Безумоўна, для высокіх надояў для каровы ў зімовы перыяд патрабуецца і сумесь мукі з зерня ячменю, аўсу, пшаніцы, салодкага лубіну, зерня стручковых…Абавязкова ў рацыёне патрабуюцца мінеральныя дабаўкі: соль, кармавы мел, рыбная мука…

Усё не апішаш, але дасканала вядома, што такая навука вясковым гаспадарам вельмі спрыяла граматнаму догляду кароў і атрыманню высокіх надояў. Гэта і цяпер актуальна.

Ігнат Дварчанін (родны дзяцька Місарэвіча Колі - мужа маёй дваюраднай сястры - Соні Белавус.)

Дзялілі сенакос

Аж грыміць сяло ад крыку,

гэта дзеляць сенакос.

Вось сабраўся сход вялікі!

Дай і я ваткну свой нос.

Падыходжу і чую сварку,

усё мацнеюць галасы.

Гэта Ясь грызецца з Маркам,

вось паскусваюць насы.

"Каб цябе ўзяла вяроўка!

Што ты сам яго з'ясі?

Адзін конік і кароўка,

Дык каму ж ты аддасі?"

"Я за сена куплю хлеба.

I ў цябе буду купляць.

Спекулянтам ты быць хочаш?

Спекулянт, брат, не кулак"!

(Ясь дык Марку быў сваяк).

Вось забрала і Вінцэся,

ён камечыць кулакі.

Ну й была і з іх пацеха,

падырвалі іх бакі.

З кулакамі лезе к носу,

што ні слова, дык і маць.

Ужо не трэба сенакосу,

давай рэбры паламаць.

Што там стала, не да смеху,

у бой палезла паўсяла.

Як заехаў Ясь, дык Марку,

аж чырвона пацякла.

А Сцяпан ды зараз Ясю

размахнуўшы, ды бабах!

Гэтак сама нос расквасіў,

сам дастаўшы па зубах.

А я са сходу драла-ходу.

Не хачу я малака.

Лепш ні мёду, ні смуроду,

ні па носе кулака.

Пазняк Юзаф, сусед маіх родзічаў, быў знатным працаўніком: часта ад раніцы да цёмнага вечара працаваў на полі. Там і араў, баранаваў, і сам сявенкаю сеяў збажыну. З гэтым канём яшчэ ў зімовы час патрабавалі працаваць у Лідзе на шараварцы па перавозцы дроў.

З тых даўніх часоў захаваліся бацькоўскія прылады сельскагаспадарчай працы. Гэта будуць экспанаты ў "Музей старадаўняй рарытэтнай сельскагаспадарчай тэхнікі і сялянскіх прыладаў працы".

Жалі збажыну сярпамі, малацілі цэпам, сеялі сявенкай, прасявалі сямяна-рэшатам, насыпалі шуфлямі. Лён пасля адлежвання церлі на церніцы, трапалі траплом на трапашцы. Косы і граблі і да сённяшняга дня сенакосныя прылады.

На нізкім узроўні знаходзілася медыцынская дапамога. Болышасць працоўных не магла атрымаць своечасова медыцынскую дапамогу, бо не мела грошай на аплату доктара, на знаходжанне ў шпіталі, хаця ў Лідзе ў 1938 г. былі дзве невялікія бальніцы: дзяржаўная на 85 і прыватная на 18 шпітальных ложкаў.

Тата Ваня расказаў, як пайшоў у вечнасць бацька:

"Цяжкія гады бежанства, вайна, беспрасветная праца на гаспадарцы "за польскім часам" падарвалі здароўе майго бацькі. Прастыўшы на палявых работах, цяжка захварэў, асаблівых лекаў тады не было - так і заснуў на печцы-ляжанцы … Быў 1934 год - яму не было яшчэ і шасцідзесяці годоў…

Як адметнага прыхаджаніна адпявалі ў Ганчарскай царкве і тут жа на пагосце, каля царквы пахавалі. Помнік з граніту вырабіў канюшанскі майстар".

Унукі - Грос Ваня, Кудла Віця - каля помніка Івана Зыдаравіча

Праз год - 12 траўня 1935 года - памёр Юзаф Пілсудскі ва ўзросце 68 гадоў ад раку, яго цела пахавалі ў Кракаве. Забальзамаванае сэрца ў крышталёвай урне, зробленай на шклозаводзе ў Бярозаўцы, павёз жалобны цягнік па шляху да Вільні. Вечарам у нядзелю - 31 траўня 1936 года - цягнік падышоў на перон Лідскага вакзала. Быў цёплы вясенні вечар.

Бацька Ваня з некалькімі вяскоўцамі раніцай прыехалі падводаю на рынак і ўжо пад вечар пайшлі на вакзал. На пероне сабралася мноства гараджан і жыхароў навакольных вёсак, вайскоўцаў, школьнікаў. Прайшла жалобная ўрачыстасць, адзванілі званы касцёлаў, у небе прагрымеў салют. У Вільні на могілках Росы сэрца Пілсудскага пахавалі каля маці пад магільнай гранітнай плітой з надпісам: "Маці і сэрца сына".

Кучынскі Віктар: "Нельга сказаць, што пры панскай Польшчы людзі паміралі з голаду ці навалам надзявалі жабрацкія торбы. Ганчароўцы і сяляне суседніх вёсак, хаця жылі даволі бедна, але хто не ленаваўся, неяк зводзіў канцы з канцамі. Але гэты паўсядзённы мужыцкі груз паднявольнай працы ператвараў жывога чалавека ў цяглавую жывёліну. Таму што выйсця з гэтага зачараванага кола не было. Малыя надзелы зямлі не давалі магчымасці назбіраць багацця. Яны давалі толькі адзін сродак - пракарміцца сям'і і то толькі пры ўмове неймавернай працы. У першую чаргу накармі жывёлу, таму што яна пасля зямліцы - аснова гаспадаркі, назапась для яе на зіму корму, у час пасей, пажні, абмалаці, калі хочаш мець больш сена, ідзі да пана касі за трэцюю капу, калі хочаш назапасіць крыху больш хлеба, ідзі да яго жаць. І тваімі памочнікамі з'яўляюцца толькі натруджаныя рукі і змылены конь.

Былі і цяжкія дні, калі мужчыны на таку малацілі снапы цапамі. Потым зерне прапускалі праз арфу, якую даволі цяжка круцілі ўдвух мужчыны. Правеяннае зерне ссыпалася ў мяшкі і адвозілася ў свіран.

Бабы ткалі палатно да поздняй ночы, таму што трэба было і апранаць сям'ю. І ў цмяных вокнах дзе гарэла лямпа, а дзе дыміла лучына".

Тата Ваня: "Яшчэ ў Расіі цёця Соня захварэла на сухоты (туберкулёз), пасля настаўніцтва ўсё ж такі працавала на гаспадарцы. Позняй восенню 1937 года, падчас працы на полі пры капанні бульбы, ёй стала дрэнна. Збегліся суседкі, улажылі на картафлянік, налілі папіць малака. Але так пры баразне і памерла. Было ёй толькі 45 год. Пахавалі на старых Беняўскіх магілках".

Грос Тамара: "Я жыла ў Дроздаве, у маёй бабулі Алесі, хадзіла ў Ганчарскую паўшэхную школу. Пасля адыходу ў вечнасць Івана Зыдаравіча - дзядулі, а потым і цёткі Соні, на дзядзю Ваню лёг увесь клопат вядзення гаспадаркі. І ўжо пад 30 год ён ніяк не мог ажаніцца.

Да Ніны Кудлы (Юстынавай) падхожваў Валодзя Белавус - Веркі брат, калі прыязджаў з Праважы. Але яна была закахана з маладосці ў дзядзю Ваню. Чаму не пажаніліся, не ведаю - можа яе бацькі ці браты мелі злосць, бо былі асуджаны за крадзёж Зыдаравых снапоў з поля".

Па расказах нашай радні, як за "польскім часам"праходзілі вяселлі. Вяселле часцей за ўсё гулялі зімой, калі ў гаспадарцы было менш працы і абавязкова не ў пост. Перш чым згуляць вяселле, неабходна было, часцей за ўсё ў суботу, да нявесты паслаць ад жаніха сватоў. Загадзя жаніхі выбіралі сабе нявест, як правіла, са шчаснай, паважанай сям'і, каб нявеста была добрай гаспадыняй, ды і, вядома, прыгажуняй.

Кур'ян Жэня (дваюрадны брат таты) з Мыто пазнаёміўся і жаніўся з Аняй Ляпеша з-пад Забалаці. Тата Ваня быў дружбантам, а дружкаю сястра Жэні - Надзя. А ад Ляпешаў на вяселлі былі Белавусы: Валодзя і Дмітрый. Ды так весела і шчасліва адгулялі некалькі дзён, што прадоўжылі спатканні: бывалі на фэсце ў Сабакінцах, на рыначным кірмашы ў Забалаці. Белавус Дмітрый пасватаўся да Надзі Кур'ян, і маладыя з'ездзілі ў царкву ў Сабакінцы на фурманках з шаластунамі. Павянчаліся, прыехалі з царквы, у дзвярах хаты іх абсыпалі збожжам-жытам у знак таго, каб жылі багата, бо хлеб лічыцца знакам Божай ласкі, сытасці, здароўя, а значыць і шчасця. Увайшлі ў хату - новы абрад таксама самага старажытнага паходжання. Малады і маладая цалуюць спачатку ікону-абраз, потым і маці Еўку….

Пра вяселле таты Вані і мамы Веры ўспамінаю з іхніх расказаў.

Пасля таго, як згулялі вяселлі сваіх родзічаў Белавусаў і Кур'яноў, тата і мама добра пазнаёміліся і здружыліся. Па некалькі разоў сустракаліся на фэстах і ў святочныя дні гасцілі.

Мая матуля Вера 1920 г.н. была малодшай сярод трох братоў і трох сясцёр у вялікай і заможнай гаспадарцы бабкі Еўкі, што на хутары Праважа, які недалёка ад Забалаці. Яе бацька Іван Белавус родам з-пад Дзятлава з вёскі Накрышкі, адпрацаваўшы эканомам у Адэсе ў Варанцовых, зарабіў грошай, вярнуўся, захварэў і памёр, маючы толькі 54 гады, а дочаньцы Верцы было толькі 5 годзікаў…

Вяселле згулялі зімой, у запускі апошняга тыдня мясаеду перад вялікім постам. Тату ўжо споўніцца вясною 30 гадоў, а маме было 17 з паловаю.

Перш чым згуляць вяселле, спачатку да нявесты Веркі на хутар Праважу паехалі тата Ваня са сватам Кур'янам Жэням. Белавус Еўка ветліва сустракала гасцей, накрывала стол добрай закуссю. Сват ставіў на стол бутэлечку самагонкі, і пачыналася гутарка. Маці нявесты Еўка ўжо ведала, што сабой уяўляе жаніх Ваня, і якая ў Кудлаў гаспадарка ў Дроздаве. Калі ж згода была, тут жа прайшла размова пра вяселле і пасаг нявесце.

Пасля сватаўства ў Дроздава - радзіму жаніха, прыязджалі браты нявесты: Валодзя, Дзмітрый і Сцяпан на агледзіны гаспадаркі і дамаўляліся пра вяселле.

Падрыхтоўка да вяселля ў доме нявесты прайшла поўным ходам. Прыбіралася хата, падворак, сталы накрывалі смачнымі стравамі. Дружкі прыбіралі нявесту, спявалі песні, чакалі жаніха.

Тата Ваня загадзя сабраў дружыну маладых дружбантаў з блізкіх сваякоў: Буйніцкі Леўчык, Хрышчановічы Міша і Веня, Мулінскі Арсеня, Будрэвіч Пеця і хтосьці з аднавяскоўцаў. Надзелі паўкажушкі ці буркі, і сёй-той быў у паліце з крамы. У хаце за сталом прыселі запрошаныя, а на покуці - маці Алеся. Паставілі на стол закускі з хлебам-соллю і гарэлкай. Дружбант стаяў каля жаніха з запаленымі свечкамі наліваючы ў чаркі, тройчы частавалі кожнага і з дружынай выйшлі на падворак, дзе ўжо стаяў запрэжаны картэдж.

З самай раніцы коней з "шаластунамі" запраглі ў саначкі, упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі, і пасадзілі музыкантаў. Маці жаніха тры разы абходзіла картэдж дружыны, жагналася, абсыпаючы жытам. На саначкі першым садзіўся жаніх Ваня, побач з ім садзілася родная сястра Вольга, сюды ж клалі і каравай. На другія санкі рассаджваліся дружкі, сваякі і ганаровы поезд стрымгалоў імчаўся да маладой.

Зіма была снежная і марозная. Дарога праз Канюшаны, Фалькавічы, Бабры і Тарнова. Заехалі ў Мыто да Кур'яноў. Пагрэліся, перакусілі, падкармілі коней. І ў першай запрэжцы паехаў сват Кур'ян Яўген з музыкамі, у другой - жаніх тата Ваня з першым дружбантам - Сярожам Германовічам, затым - усе астатнія дружбанты. Усёй дарогі ад Дроздава праз Ваверку, Місявічы больш за семдзесят вёрст да хутара Праважа, і паездка заняла палову дня.

Калі на праважской вуліцы паказваецца картэдж жаніха з музыкамі, вяскоўцы - хутаране закрывалі вароты, паставілі з боку вуліцы стол, гандляваліся аб выкупе нявесты. Пасля гандлю сват ставіць на стол "выкуп": гарэлку, закуску. Адкрываюць вароты, і малады са сваёй світай апынуліся ў хаце Белавусаў.

Родныя браты і сёстры нявесты гасцей сустрэлі з хлебам і соллю, дабраславілі маладых. Дружбантаў пасадзілі за стол насупраць дружак, і яны прышпілілі кветкі. Выпіўшы трохі гарэлкі і закусіўшы сабраліся на вянчанне і адправілся браць шлюб у царкву ў Сабакінцы па гасцінцы праз Забалаць, Хадзілоні, больш за 20 вёрст.

Спачатку зайшлі на магілкі бацькі Веры - Белавус Вані і дзеда Грэбеня Івана, пакланіліся, згаварылі пацеры.

У царкве 20 лютага 1938 года прайшло вянчанне, асвяцілі абраз.

І пасля шлюбу жаніх нявесту саджае ў свае саначкі, і ўвесь вясельны картэдж вяртаецца на хутар Праважу. Нявеста на падвораку свайго дома частуе дзяцей і ўсіх прысутных цукеркамі-падушачкамі.

Вяселле ў Белавусаў гулялі два дні - суботу і нядзелю. Елі, пілі (але тады гарэлкі пілі мала), было шмат шуму, гумару, песень і, вядома, музыкі і танцаў. Пасля кожнай чаркі крычалі "горка" маладым, яны ўставалі і цалаваліся…

Вяселле ад пачатку да канца вёў сват Кур'ян Яўген і сванька - сястра мамы Надзя (ужо была за Куляшом). Яны спрытна кіравалі вясельнікамі, жартавалі. На другі дзень вяселля сваякі адорвалі маладых рознымі падарункамі і грашыма.

Зноў па дальняй, па снежнай дарозе вясельны картэдж за гадзіны тры дабраўся да Дроздава. Тут сустракалі радня, сваякі і вяскоўцы.

З маладымі і дружынай да Дроздава прыехалі блізкая радня нявесты, прывезлі пасаг: поўны куфар разнастайнага дабра, падушкі, пасцель, коўдры, калаўротак, бязмен і швейную машыну "Зінгер"... Ужо потым, да вясны браты прывезлі пару вулляў пчол, дзясятак курэй, пару авечак і маладую цялушку.

Мама Вера адорвала бабулю Алесю, цёцю Вольгу і блізкую радню жаніха падарункамі, якія змагла сама зрабіць.

Маму Веру падвялі да студні. Маладая павінна была дастаць са студні два вядры вады і не разліўшы на каромысле прынесці да хаты. На зрубе студні маладая пакідала піражок, а да жураўля прывязвала ручнік, уласнага вырабу. Ваджэнне маладой да студні азначала далучэнне яе да адной з жыватворных крыніц роду маладога, а дараванне піражка суседкам - гасцінец за ўступленне да дроздаўскіх жанчын. Прынёсшы ваду ў хату, маладая палівала на рукі ўсім яго родзічам і падавала ім свой ручнік для выцірання. Вада, прынесеная маладой, лічылася цудадзейнай (нібыта вылечвала ад балячак, давала сілу і бадзёрасць).

Цёця Вольга з Валодзям Гросам абводзілі маладую па ўсіх гаспадарчых будынках хлявах, гумне, свіране, дзе яна вешала чорна-белы пояс.

У зале хаты вяселле было аж на шэсць сталоў. Закусь падрыхтавалі смачную: пірагі, каравай, хлябок, каўбасу, вантрабянку і, нават, патушылі парасё. Пілі, елі, спявалі, танчылі, гулялі таксама два дні.

Вяселле заканчвалася, госці раз'язджаліся, а ў маладых пачыналася новае жыццё, нараджаліся дзеці, а там і - хрэсьбіны.

Нашыя бацькі пражылі сумесна ўсе годы гістарычных падзей - 57 гадоў. У 1988 годзе адсвяткавалі Залаты юбілей, аб чым будзе ў далейшых аповядах.

З часоў вяселля і вянчання таты і мамы захаваліся святыя экспанаты для нашых продкаў: абраз маці Божай з сыночкам Ісусам і святы ручнік з вышыўкай кветак маладой мамы.

Мама Вера яшчэ з дзяцінства, апрача працы на агародзе і догляду за каровамі, асвоіла шавецкую працу на машыне "Зінгер", шыла бялізну, вязала свэтры і суконныя шкарпэткі… На калаўротку прала ніткі.

Ад тых вясельных гадоў у зімовыя дні тата і мама хоць рэдка, але адзяваліся на святы, у царкву, у госці і збераглі, захавалі дарагія экспанаты.

Прайшлі летнія вясёлыя канікулы 1939 года, а за тым прыйшлі вялікія перамены …

Збіралі металом на патрэбы абароны дзяржавы, ішоў прызыў у Войска Польскае, па ўсім было бачна: палякі рухаюцца да абароны рубяжоў сваёй краіны.

Цікавы дакумент ад 24 жніўня 1939 года, (дарэчы за тыдзень да нападу войск Германіі) "Довод побрання" на коні, вазы, "пояздуў механічных" і равароў.

Можна з упэўненасцю сцвярждаць, што кіраўніцтва Польшчы ўсё ж ведала пра трывожныя згрупаванні германскіх войскаў на мяжы і таму забірала ў насельніцтва коней і нават равары…

У майго бацькі - Кудлы Яна - забралі кабылу (клячу) на квоту 550 злотых, і яна засталася ў Крупе (Крупаве). "Камісія пабарова" склала гэты "довуд" пад кальку і дала тлумачэнне, як атрымаць выплату ў "касе скарбовай у Лідзе"… Ад кабылы застаўся толькі вось гэты дакумент.

1-га верасня 1939 года Германія напала на Польшчу - пачалася Другая Сусветная вайна.

Раздзел № 9. Хутарызацыя

Людзям патрэбна праўда, якая б горкая яна ні была. I калі мы не на словах, а на справе хочам добрасуседскіх адносінаў з палякамі, а гэтага якраз і патрабуюць доўгатэрміновыя інтарэсы незалежнай Беларусі ў сувязі з апошнімі еўрапейскімі санкцыямі, мы павінны перш за ўсё расчысціць поле непаразуменняў.

Важнейшым метадам такога ачышчэння з'яўляецца ўзаемнае праўдзівае асвятленне ўсіх выкрунтасаў і закрутаў ранейшай гісторыі.

Каб дайсці да сутнасці падзеяў, якія адбываліся ў заходніх абласцях Беларусі да 1939 года, трэба яшчэ раз звярнуць позірк у мінуўшчыну рэгіёна, часткова апісаную ў рабоце "Віткі жыцця маіх родзічаў пры Польшы", і дабавіць атмасферу грамадска-палітычнага жыцця, сялянскага быту ва ўспамінах аднавяскоўцаў у даваенныя гады …

Успамінаю, як бацька і аднавяскоўцы расказвалі пра старэнькую вёску Дроздава.

Вёсачка раскінулася па брукаванай вуліцы, па баках яе стаялі густа хаты, а на падворках хлявы, гумны, студні, у кагосьці свіраны са збожам і іншым хатнім дабром. Уздоўж гравейнай шашы з высокімі таполямі, каля кавалачка лесу, а ў нізіне аселіца з плыткімі сажалкамі і альховымі кустамі. А праз балотца праходзіць чыгуначная алея з трыма масткамі. Старэнькія хаты, вядома, бярвеністыя, ад часу пачарнелыя, часткай запушчаныя, абламаныя і неахайныя; у самых бедных сышлі ў зямлю і падобныя на хлявы. Каміны цагляныя, абгрызеныя і абкурадымленыя; акенцы пакрывіліся, раскрыўленыя дзверы на баку. Большая частка хат проста была крытая азімай саломай - кулямі пасля абмалочанага хлеба.

Таму пры абвяшчэнні польскай хутарызацыі сяляне актыўна ўзяліся разбіраць у вёсцы хаткі і актыўна перабудоўваць на выдзеляных добрах.

Рашэнне польскага ўрада павярнуцца да гэтай прагрэсіўнай формы землеўпарадкавання па ўкараненні хутарной сістэмы знайшло ў вёсцы станоўчыя водгукі, і вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць.

Па расказах майго бацькі Вані пры хутарызацыі за "польскім часам" у Дроздава прыслалі актыўнага землямера (тата называў прозвішча і імя, але не збераглося ў памяці), солтыс прывёў каморніка, і ў нашай хаце ён пасяліўся ў каморы. Там былі тры акны, дашчатая падлога, печка-буржуйка, дубовы стол, газавая лямпа, новае віленскае крэсла і пасцель, дзе ён начаваў.

Бабуля ці мама гатовілі "ядзэнне" і заносілі ў камору. Быў ён гаваркі і ўдзячны. Некалькі месяцаў праводзіў абмер выдзеленых участкаў зямель дроздаўцам і даваў зямлю ў адпаведнасці з кадастрам на хутар, нарысаваў дроздаўскую карту хутаран. Нашай радні выдзелілі найбольш урадлівую зямлю на правам баку каля самай шашы перад вёскай. А на аселіцы насупраць хаты - сенакос і пашу з невялікай лапінай алешніку. Усе нашыя гаспадарчыя пабудовы, разбураныя за гады бежанства, пасля вяртання былі адбудаваны, застрахаваны. Ад падворка да зямельнага ўчастка цераз шашу было не болей паўвярсты, і ў бацькі не было сэнсу пераносіць пабудовы на хутарскі зямельны надзел.

Хутарызацыя за польскім часам карэнным чынам змяніла жыццё сялян.

Калі гаспадары даведаліся, як вёска будзе расселена па хутарах, то пачалі рыхтавацца да пераезду. Хаты на хутар пераносілі з вёскі і будавалі большыя і святлейшыя. З некаторых старых хат мянялі ўсе бярвёны аж да вокнаў, або часткова падваліны, паточаныя шашалем. Каб зрабіць такую перабудову, давялося купіць лесу і скарыстоўваць пад будоўлю абчэсаныя бярвёны.

Хаты, будаваныя на хутарах, мелі палепшаную планіроўку: светлы пакой, спальня (адгароджаная шафай, печкай-стойкай і занавескай), кухня, сені, камора і ганак. Вокны майстравалі з дубэльтамі на тры шыбы. У вёсцы ў большасці яны былі меншыя і на шэсць маленькіх шыб без дубэльтаў.

Падлогу ў новых хатах слалі з дошак, а ў сенях, каморы і ў кухні насупраць печы з гліны. Зразумела, такая перабудова патрабавала ад гаспадара будаўнічай здольнасці і пэўнага майстэрства.

Хаты, гумны і хлявы таксама будавалі на дастатковай адлегласці адно ад другога. Месца стараліся выбіраць пясчанае - шкада было лепшага кавалачка зямлі.

Паколькі большасць пабудоў крылі кулявой саломай, то зеленкаватае жыта нізка зжыналі сярпамі. Затым, абмалаціўшы яго цапамі, абмалочаны сноп развязвалі і стукалі камлём аб ток, каб ён выраўноваўся, потым, узяўшы сноп за каласы вытрасалі кароткія саломіны і зелле.

На прыкладзе сваёй вёскі бацька выказваўся, што матэрыяльнае становішча сялян змянілася да лепшага ўжо праз пару год пасля хутарызацыі. У вёсцы стала менш гаспадарчых пабудоў, вызваліліся ўчасткі, пагарадзілі платы.

Адметна змяніўся маральны клімат. Зніклі сваркі, спыніліся ўсякія сходы і разборкі, і ўся энергія мужчын сыходзіла на будаўніцтва пабудоў, на ўладкаванне свайго хутара, на землеробства. Нават некаторыя бедныя сяляне ў адпаведнасці з кадастрам атрымалі большы па плошчы ворыўны ўчастак і часткова забалочанай зямлі пад пашу і сенакос.

Паралельна вясковай вуліцы за шашой на адлегласці 400-500 метраў на захад ад самой вёскі, утварылася Хутарская вуліца. Туды перасяліліся жыхары вёскі, тыя, чые зямельныя надзелы знаходзіліся ў асноўным за ёй. Пачыналася палявая вуліца ад дарогі на Масявічы, недалёка ад гэтай вёскі і заканчвалася каля Качавінкі, ад якой было рукой падаць да рэчкі Дзітвы і чыгункі.

Першы дом ад масявічскай дарогі быў сям'і Кудлаў (Юльчыкаў), затым па адным баку вуліцы ішлі дамы: Дзявятага (Каласка), гумно і зруб хаты Сымона Шута, Міцюкевічаў, Школка, Дзевятага (Анупрык), Белавуса. Па другім: Дзявятага (Антась), Быстрыцкага Косці, Кудлаў (Унучкаў), Кудлы Аляксея, Грыня Пятра, гумно і зруб хаты Сцяпана Шута, і ў канцы вуліцы дзве пабудовы братоў Кудлаў (Янчыкаў).

Паімённы спіс жыхароў вёскі і перасяліўшыхся хутаран ўдалося скласці на аснове вяскова-гаспадарчых дадзеных Ганчарскага сельсавета: прозвішчы, імёны, па бацьку, гады нараджэння ўсёй сям'і, гаспадарчыя пабудовы, колькасць выдзеленай зямлі.

Вялікую інфармацыю пра насельніцтва вёскі і пераселеных на хутар, мне яшчэ многа расказваў тата, і я памятаю, як наведвалі хутаран, бо актыўна перажылі акупацыю і час да калектывізацыі.

Запісаны ўспаміны актыўных аднавяскоўцаў: Каханоўскай Ядвігі Міхайлаўны, Максімовіча Васіля Аляксандравіча, Дзявятай Веры Іосіфаўны, Кудлы Віктара Юльянавіча, Кудлы Лідзіі Міхайлаўны, Шут Ніны Канстанцінаўны і іншых.

Пры правядзенні Свята вёскі 27.08.2011 года арганізацыйны камітэт сабраў многа архіўных матэрыялаў, фатакартачак, аўдыёўспамінаў.

Актыўная вяскоўка Казак Кацярына Аляксандраўна дапамагла дэталёва ўстанавіць усе добры, заселеныя хутаранамі. У асноўным да ўсіх прозвішчаў запісалі "вясковыя мянушкі", як іх вымаўлялі і абзывалі вяскоўцы ў гутарках паміж сабою.

На 15-ці дроздаўскіх добрах у 54 хутарскія сядзібах жылі:

№ 1. Жвіркі - 1 гаспадар:

Шут Міхаіл Міхайлавіч (Мацалкі) - 1902 г.н., жонка Аляксандра Іосіфаўна - 1884 г.н., сын Віктар - 1927 г.н., дочкі Марыя - 1931 г.н., Галіна - 1936 г.н. Старэнькія пабудовы на падвораку - 50 сотак, побач Папковічы. Зямліца жвіравая, ворыва толькі - 4,50 га, няўдобіца -3,50 га.

№ 2. Заецкія - 2 гаспадаркі:

Курыла Сяргей Філіпавіч - 1906 г.н., жонка Рыбак Вера Міхайлаўна - 1910 г.н. з Дакудава, сыны: Мікалай - 1935 г.н., Міхаіл - 1938 г.н., Вячаслаў - 1947 г.н. Хата, 1926 г., хлеў, гумно. Зямля пясчаная - 6,30 га, ворыва - 3,75 га, сенажаці - 1,25 га, выган - 1,19 га.

Козел Іосіф Лявонцьевіч - 1880 г.н., жонка Арсенія Ануфрыеўна - 1889 г.н. (Арсенька), сыны Ваня - 1912 г.н., Мікалай - 1915 г.н. На хутары пасля Першай Сусветнай вайны былі старэнькія хатка з хлявом і адрынай. На гумнішчы - гумно і свіран. Усёй зямлі было 17 гектараў, а ворнай толькі - 6,42 га, сенажаці - 4,38 га, выгану - 4 га, неўдобіцы - 2,50 га.

№ 3. Цімошкаўня - 3 гаспадаркі:

Пазняк Мікалай Аляксандравіч (Пазнячкі) - 1909 г.н., жонка - Антаніна Пятроўна - 1901 г.н., дачка Фаня -1939 г.н. На хутары Цімошкаўня пабудовы: хата, гумно, адрына, свіран, стаўленыя яшчэ пры царскай уладзе. Зямлі мелі слаба - 7,46 га, а ворнай толькі - 3,18 га, астатняя выган - 4,22 га.

Жамойцін Канстанцін Іванавіч - 1899 г.н., жонка - Фёкла (Тэкля) Юльянаўна - 1884 г.н., полька, дзеці: Ніна - 1921 г.н., Уладзімір - 1926 г.н., Ірына - 1934 г.н., Косця - 1939 г.н. Пабудовы старыя, 1880 года. Зямлі - 10 га., ворыва - 5 га, выган - 4 га, неўдобіца - 2 га.

Шут Юльян Іосіфавіч (Юльяновы) - 1893 г.н., жонка Дзявятая Вольга Данілаўна - 1899 г.н., дачка Марыя Юльянаўна - 1932 г.н., была замужам за Пазняком Анатолем, разышліся і памерла. Да 1939 года перанеслі і пабудавалі хату, хлеў, гумно. Мелі зямлі 7 га, ворыва - 4,36 га, выган - 3 га.

№ 4. Глінішча - 2 гаспадаркі:

Шут Канстанцін Іванавіч - 1904 г.н. (Кастусь Янаў). У Першую Сусветную вайну выязджалі ў бежанства, вярнуліся ўжо пры Польшчы, перагналі з вёскі на хутар. Жонка Антаніна Міхайлаўна - 1904 г.н., маці - Агаф'я Лаўрэнцьеўна - 1858 г.н., дочкі: Зоя - 1931 г.н., Зінаіда - 1936 г.н., Марыя - 1938 г.н. Далі зямлі 9 га,з іх было ворыва 4,5 га, сенажаці - 16 сотак, выганау - 64 соткі, няўдобіцы - 75 сотак, лесу - 1,54 га. Жылі на ўскрайку лесу паміж чыгункай і шашою каля скрыжавання дарог на Слонім-Наваградак і Ліду на хутары Глінішча. Хату, хлеў і гумно пабудавалі ў 1938 годзе. Трымалі кабылу, карову, свіней, авечак і курэй…

Ненартовіч Пётр Юльянавіч (Петрашы) - 1897 г.н., католік, польскі лігіянер. Жонка Вера Аляксандраўна - 1903 г.н. Дзеці: Вацлаў - 1923 г.н., Уладзімір - 1928 г.н., Генрык - 1930 г.н., Гелена - 1934 г.н., Мечыслаў - 1937 г.н., Ірэна - 1941 г.н. Каля чыгуначнага пераезда старэнькія: хата, хлеў, гумно - з 1890 года. Зямля пясчаная - 13 га, пад ворыва - 6 га, выгану - 3 га, няўдобіцы - 3 га.

№ 5. Перад пераездам - 3 гаспадаркі:

Шут Мікалай Міхайлавіч (Гарбаценькі) - 1895 г.н., жонка Серафіма Адамаўна - 1892 г.н., малаграматная, цётка Кудла Алена Георгіеўна - 1865 г.н., сыны Іосіф - 1925 г.н., Коля - 1934 г.н. Каля чыгуначнага пераезда. Хата старэнькая - 1880 года, хлявушок закінуты, так што і жывёлы трымалі мала. Зямлі - 3,31 га, ворыўнай зямлі - 2,50 га., выган - 0,75 га.

Шут Філіп Міхайлавіч - 1909 г.н. (Крывашэйка). На выдзеленую зямлю недалёка ад пераезда перанеслі хатку, хлеў, а гумно не закончылі да 1940 года. Зямлі - 3,70 га, ворыва - 2,70 га, астатняе выган і крыху лесу.

Кудла Уладзімір Мікалаевіч (Юрчыкавы), родны брат Івана, Фёкла Міхайлаўна - 1897 г.н. з Пятроў. Хатка без хлявушка. Зямля пустуе.

№ 6. Горбачова - 1 хутаранін:

Шут Канстанцін Ануфрыевіч (Разумеш) - 1905 г.н., жонка Вольга Іосіфаўна - 1904 г.н. (Шашок з Навасадаў). Старэнькая хатка, хлевушок каля чыгункі і мосціка. Зямлі - 7 га, пад ворыва - 4 га, балоцістыя сенажаць - 1,10 га і выган - 1,28 га.

№ 7. Качэвінка - 7 гаспадарак:

Кудла Іван Адамавіч (Янчыкавы) - 1874 г.н. (брат солтыса Косці), жонка Праскоўя Гаўрылаўна - 1879 г.н. непісьменная, сын Сяргей + Анастасія. Сына Аляксандра перад вайной узялі на зборы. Прапаў без вестак. Хату і хлеў перанеслі да 1938 года. Зямлі - 3 га, ворыва - 2,50 га, выган - 0,45 га.

Дзявяты Ануфрый Георгіевіч (Ануфрык) - 1886 г.н. Пры польскай хутарызацыі на Качэвінцы пабудавалі хату і хлеў, далі ім дзясяць гектараў зямлі, ворыўнай - 8 га, выган - 3 га. Сеялі жыта - 1 га, пшаніцы - 42 соткі, ячменю - 15 сотак, аўсу - 30 сотак, грэчкі - 6 сотак, гароху - 4 соткі, ільну - 4 соткі, бульбы - 30 сотак, агарод - 1 сотка, лубіну - 14 сотак, лубіну пад заворванне - 1,20 га.

Белавус Канстанцін Васільевіч - 1907 г.н. На хутары пабудавалі хату, хлеў, гумно ў 1938 г. Зямлі - 12 га., ворыва - 7,20 га, сенажаці - 2,67 га, гарод - 0,25 га, выган - 1 га.

Грынь Пётр Іванавіч - 1908 г.н., жонка Надзея Міхайлаўна - 1908 г.н., дзеці: Зіна - 1932 г.н., Віктар - 1934 г.н., Уладзімір - 1936 г.н., Мікалай - 1940 г.н. На хутары Качэвінка ў іх былі старыя збудаванні: хата, хлеў, гумно - 1871 года. Зямлі - 5 га, ворыва - 3,47 га, выгану і неўдобіцы - 1 гектар.

Кудла Сяргей Іванавіч (Янкавы) - 1916 г.н., жонка Антаніна Ануфрыеўна - 1919 г.н. (Кудаса). Перасяліліся з вёскі да 39 года. Зямлі далі слабой 9 га, а ворыва толькі - 2,50 га, выгану і неўдобіцы - 6 га.

Кудла Уладзімір Іванавіч (Янкавы) - 1926 г.н., Жонка Марыя Пятроўна - 1924 г.н., руская з Ёдак. Перасяліліся з вёскі да 39 года, зямлі - 9 га, ворыва - 3 га, сенажаці - 2 га, выгана - 2 га, няўдобіцы - 3 га.

Грынь Мікалай Іванавіч - 1912 г.н., жонка Марыя Юльянаўна - 1909 г.н., дзеці: Вячаслаў - 1939 г.н., Клаўдзія - 1936 г.н. На Качэвінку перанеслі хатку і хлявушок, зямлі выдзелілі 5,25 га, з іх ворыва - 4,34 га, каля гектара выган з няўдобіцай.

№ 8. За шашой - 6 гаспадарак:

Кудла Канстанцін (Унучкавы) - 1889 г.н., граматны, разумны, жонка Ганна Канстанцінаўна - 1889 г.н., родам з Дзітрыкаў. Пры першых Саветах быў дэпутатам. Перанеслі хату, хлеў і гумно. Зямлі далі 3 га, ворыва - 2,18 га, сенажаці - 0,60 га.

Кудла Аляксандр Іванавіч (Аляксеявы) - 1908 г.н., маці Марыя - 1864 г.н., жонка Антаніна Мікалаеўна - 1909 г.н. Перанеслі хату ў 1938 годзе. Зямлі далі 5,58 га, ворыва - 4,21 га, выгану - 0,75 га, няўдобіцы - 0,37 га.

Школка Сцефаніда Іванаўна (Школкавы) - 1888 г.н., муж Міхаіл - невядома дзе знік… Дачка Надзея Міхайлаўна - 1927 г.н., судзілі і завезлі ў Карэла-Фінскую ССР. Сын Іван - 1932 г.н. А быў і Мікалай - ?. Зямлі - 8,46 га, ворынай - 5,16 га, выган - 2,7 га, пад Унучкавых хату, хлеў і адрыну перанеслі пры Польшчы.

Школка Мікалай Міхайлавіч - 1914 г.н., жонка Таццяна - 1909 г.н., сын Мікалай - 1940 г.н. Пры Польшчы загналі на хутар за шашой, перанеслі толькі маленькую хатку. Зямлі далі 2,37 га, ворыва - 1 га, выган - 1,25 га.

Быстрыцкая Ганна Іванаўна. Зямлі - 10 га, ворыва - 3 га, сенажаці - 5 га.

Шут Сцяпан Сямёнавіч, баптыст. Гумно і зруб хаты. Зямлі лічылася 5 га, ворыва - 3 га.

№ 9. За Ройстам - 5 гаспадарак:

Быстрыцкі Канстанцін Іванавіч (Сівы) - 1908 г.н, жонка Вера Аляксандраўна - 1906 г.н., дачка Ніна выйшла за Міцюкевіча Віктара. На хутар за Ройстам, перанеслі ўсе пабудовы з вёскі за польскім часам. Зямлі толькі - 1,40 га, ворнай - 1 га, выган - 0,40 га.

Дзявяты Антон Данілавіч (Антосевы) - 1903 г.н., жонка Валянціна Янаўна -1903 г.н. дзеці: Галіна - 1931 г.н., выйшла за Курылу Гену, Фаня - 1939 г.н., была за Кумпяком (Сымонкавым) Валодзем. Развяліся, з'ехаў у Расію. Потым выйшла за Карабача Васю, брат Мікалай - 1941 г.н. Да 1939 года на хутар за Ройстам, за бульбянымі вясковымі ямамі перанеслі з вёскі ўсе пабудовы. Добра зрабілі ў хаце залу, спальню, кухню.Зямлі далі амаль 7 га, з іх ворыва - 4,56 га, выган - 1,67 га, няўдобіца - 0,72 га.

Дзявяты Міхаіл Анонавіч (Каласок) - 1902 г.н., жонка Вера Іванаўна - 1895 г.н., дачка Александра (Алечка). Зямлі - 10 га, ворыва - 6 га, сенажаці - 3 га, выган - 1 га. Мелі спрытнага каня па мянушцы Каласок, кароўку, свіней і авечак.

Міцюкевіч Ганна Аляксандраўна (Шамшоркі) - 1898 г.н., дачка - Вольга Канстанцінаўна - 1931 г.н., сын Віктар Канстанцінавіч - 1933 г.н., кульгавы+Быстрыцкая Ніна, сын Уладзімір - 1935 г.н., дачка Надзея - 1937 г.н. Хату і хлеў перанеслі ў 1939 годзе. Зямлі - 6,83 га, ворыва - 5,21 га, выган - 1,53 га.

Кудла Юльян Адамавіч (Юльчыкаў) - 1875 г.н. Вёска пачыналася з Шута Зянона. Да хутарызацыі, побач ад Альжбеты жылі сем'і Кудлаў - дзядзькі Костуся, дзядзькі Юзіка, Кудлы (Юльчыкавы) - ззаду іхніх хат. Там было цесна, нават гарод малы. Старэнькія хату і хлеў да 1918 г. і гумно1890 г. перанеслі на хутар за Ройстам. Зямлі - 8 га., ворыва - 5 га, сенажаці - 2 га, выган - 1 га, няўдобіцы - 0,67 га. Жонка Юлія Іванаўна - 1889 г.н., сыны: Уладзімір - 1923 г.н., Віктар (Юльчыкаў) - 1933 г.н.

№ 10. Выган - 2 гаспадаркі:

Быстрыцкі Мікалай Іванавіч - 1920 г.н., жонка Лукашэвіч Вера (Філіпаўна) - 1916 г.н., радня Курылавай Веркі. Хлеў, адрына - 1937 г. Зямлі - 8 га, ворыва - 5 га, сенажаці - 3 га, выгану - 1 га.

Курыла Піліп (Дарафей) Рыгоравіч - 1870 г.н., жонка Аляксандра Міхайлаўна Чыжык з Дзітрыкаў (баба Алеся) - 1889 г.н., сыны: Федзя Дарафеевіч - 1922 г.н., Генадзь - 1928 г.н., дачка Ніна - 1934 г.н. Зямлі - 5,31 га, ворыва - 3,38 га, выган - 0,63 га, няўдобіца - 1,13 га.

№ 11. За Аселіцай - 6 гаспадарак:

Кудла Канстанцін Адамавіч - 1886 г.н (Солтысавы, Кастуськовы). Пабудовы перанеслі за балота каля чыгункі да 1939года. Зямлі выдзелілі 4,40 га, ворыва - 2,39 га, выган - 1 га, няўдобіца - 0,80 га. Пры Польшчы быў солтысам, пагульваў з Алесяй Курылавай.

Кудла Васіль Васільевіч (Базыль) - 1887 г.н., Васіль быў адукаваны, у польскі час быў старшынём "Грамады", жонка Антаніна Іванаўна - 1888 г.н. (Васілёва), дачка Валя - 1929 г.н. Пры хутарызацыі перанеслі хату і хлеў. Зямлі - 4,50 га, ворыва - 2,50 га, выган і неўдобіца - 2 га.

Трапіла Мікалай Міхайлавіч - 1912 г.н. Хутар за балотам каля Салькоўскіх. Старыя хату і хлеў перанеслі да 1939 года Зямлі мала - 4 га, ворыва - 3 га., выган - 1 гектар.

Трапіла Міхаіл Вікенцьевіч - 1874 г.н., жонка Марыя Міхайлаўна - 1875 г.н,, дачка Вольга Міхайлаўна - 1919 г.н. Хутар за аселіцай каля чыгункі. Хату, хлеў і адрыну перанеслі ў 1939 годзе. Зямлі - 4 га, ворыва - 3 га.

Трапіла Ніна Міхайлаўна - 1910 г.н. За аселіцай пад чыгунку. Хата і хлеў - 1918 г. Зямлі - 1га.

Сяргеева (Шут) Серафіма Іосіфаўна - 1895 г.н. (Крывашэйка). Жылі на хутары за балотам ў Трапілы Ніны Міхайлаўны. Свае невялікія ворыўныя землі не апрацоўвалі, бо не мелі ні каня, ні прыладаў. Потым усе з'ехалі ў Расію ва Уладзімірскую вобласць, туды, дзе былі ў бежанцах…

№ 12. Любоўшчына - 3 гаспадаркі:

Дзявяты Іосіф Рыгоравіч - 1890 г.н. (Салаткавы), жонка Дзявятая Надзея Іосіфаўна (Салаткава) - 1892 г.н. За чыгуначнай паласой на хутар Любоўшчына перанеслі хату, хлеў, гумно. Мелі 8 га зямлі, ворыва - 5 га, сенажаці - 3 га.

Кудла Юлія Ігнацьеўна (Папкавы) - 1877 г.н., дочкі: Марыя Міхайлаўна - 1925 г.н., Валянціна - 1921 г.н. Хату і хлеў перанеслі ў1939 годзе. Зямлі - 3 га, ворыва - 1,50 га, выган - 1,30 га.

Козел Аляксандр Вікенцьевіч (Гадковыя) - 1913 г.н., жонка Вера Міхайлаўна - 1917 г.н. Хутар Любоўшчына за чыгункай, побач з ганчарскімі балотамі. Там яшчэ бацька Вікенцій у 1895 годзе пабудаваў хату з хлявом і адрынаю, на падворку - гумно. Набраў 6 гектараў зямлі, у асноўным сенажаць і выган для пашы, ворыва толькі - 2,24 га.

№ 13. Замасток - 3 гаспадаркі:

Данейка Антаніна Іванаўна - 1889 г.н., сястра Нюшкі Бяляўскай, каля чыгункі пры мяжы з Супраўшчынай. Зямлі - 6,24 га, і з іх ворыва - 2,28 га, сенажаці - 1,39 га, выган - 2,58 га. Сын Данейка Леанід Канстанцінавіч - 1923 г.н.

Дзявяты Філіп Антонавіч (Малашкі) - 1907 г.н., жонка Мялання Васільеўна - 1914 г.н. Сыны: Уладзімір - 1934 г.н., Мікалай - 1936 г.н. Хату, хлеў і адрыну перанеслі ў 1938 г. Зямлі - 7,41 га, ворыва - 3,50 га, выган - 3,40 га, няўдобіца - 0,25 га.

Кудла Іван Мікалаевіч (Ванюсі) - 1902 г.н., жонка Вольга Нікадзімаўна - 1902 г.н. Бяздзетныя. У 1938 годзе каля пераезда чыгункі і недалёка ад паўстанка Ганчары пабудавалі добрую хату, асобна хлеў з адрынай. Абгарадзілі падворак і агарод лазовым плотам, што нават куры не вылазілі. Зямлі - 4 га, ворыва - 3 га, выгану - 1га.

№ 14. Тарасаўшчына - 7 гаспадарак:

Кумпяк Семён Якаўлевіч (Сымонкавы) - 1905 г.н., маці Алена Адамаўна - 1859 г.н., жонка Вольга Іванаўна - 1904 г.н., сыны: Мікалай - 1934 г.н., Уладзімір -1939 г.н., жанаты з Дзявятай Фаняй. Хату, хлеў і гумно пабудавалі ў1937 годзе ў сувязі з перасяленнем на хутар. Мелі плуг, барану, воз, сані, сячкарню, манеж-прывад. Зямлі - 8,5 га, ворнай - 6 га, астатняя - выган і няўдобіца - 2,5 га.

Максімовіч Аляксандр Ігнацьевіч - 1889 г.н. Зямлі - 4.90 га, ворыва - 2,17 га, выган - 1,62 га, няўдобіца - 0,25 га. Завялі кабылу, карову, свіней, авечак і курэй. Брат Ваня жыў у Петрах, не выязджаў, меў двух коней, жарабё, 4 каровы. Меў добрую гаспадарку. Даў нам карову, каня і насення збожжа і бульбы.

Данэйка Надзея Кузьмінічна - 1883 г.н. З вёскі перанеслі хату, хлеў і гумно. Зямлі - 8,60 га, ворыва - 4,18 га, сенажаці - 1,48 га, выган - 2,30 га.

Данэйка Міхаіл Іванавіч - 1907 г.н. Хата і хлеў. Зямлі - 3,77 га, ворыва - 2,89 га, выган - 1,46 га.

Кудла Іосіф Адамавіч (Юзюк Адамаў) - 1879 г.н. Быў у бежанцах на Расеі настаўнікам, дурнаваты, прывёз другую жонку валынку Марыю Антонаўну - 1886 г.н., а тут засталася жонка з Агароднікаў Марыя Уладзіміраўна - 1886 г.н., выганяў, але так і жылі…. На хутар перанеслі з вёскі ў1939 годзе хату, хлеў. Зямлі - 4,50 га, ворыва - 2,50 га, выган - 1,44 га.

Козел Міхаіл Міхайлавіч (Міхалюковы) - 1882 г.н., жонка Вольга Восіпаўна - 1884 г.н., дзеці: Ніна - 1921 г.н., Ваня - 1923 г.н., Марыя - 1928 г.н. Пры Польшчы выканалі хутарызацыю, атрымалі 6 га зямлі пры самай дарозе, перад грэбляй. У 1938 годзе перанеслі старыя пабудовы, крыху паднавілі і з дзецьмі вялі гаспадарку.

Данэйка Мікалай Іванавіч - 1916 г.н. Хату і хлеў перанеслі і адбудавалі да 39 года. Зямлі - 2,50 га, ворыва - 1,27 га, сенажаці - 1,23 га. Служыў у польскай арміі, быў у палоне.

№ 15. Клюкава - 4 гаспадаркі:

Салькоўскі Філіп Нікадзімавіч - 1887 г.н., родны брат Міхаіла. Жонка Антаніна Іосіфаўна - 1898 г.н., дзеці: Вера - 1926 г.н., Коля - 1921 г.н., Сяргей - 1922 г.н. Хата, хлеў з 1900 года. Зямлі - 9 га, ворыва - 4,41 га, сенажаці - 2,37 га, выган - 2,69 га.

Дзявятая Алена Георгіеўна (Хведаравы) - 1864 г.н. Пабудаваны ў 1884 годзе хатка, хлеў, гумно з саламянымі стрэхамі. Зямлі мелі 10 га, ворыўнай - 7 га, сенажаці - 1 га і выгану каля 2-х гектараў.

Быстрыцкі Іван Людвікавіч (Мар'яшэвы) - 1873 г.н., жонка Вера Якаўлеўна - 1884 г.н., дзеці: Вольга - 1925 г.н., выйшла замуж за Лапцева ў Ташкент, Марыя - 1927 г.н., Анатоль - 1931 г.н., працаваў у дэпо Ліда. Старыя пабудовы. Зямлі - 6,57 га, ворыва - 3,38 га, сенажаці - 2,53 га, выган - 0,66 га.

Грынь Іосіф Іванавіч - 1902 г.н., жонка Шут Праскоўя Сямёнаўна - 1906 г.н., сястра Косці, сын Генадзь - 1932 г.н. За палякамі выдзелілі на старэйшым хутары ўчастак. Пабудавалі ў 1939 годзе хату, хлеў, адрыну. Мелі зямлі 6,39 га, ворыва - 2,48 га, сенажаці - 2,4 га, няўдобіцы - 1,50 га.

Былі і добры без пабудоў: Выжэрыны, Крупава, Рыбацкія, Каляднік. Выкарыстоўваліся як сенакосныя, пашавыя, кустарнікавыя ўрочышчы.

Памятаю ўспаміны майго бацькі: "Сераднякі ўзялі зямлю лепшую на Тарасаўшчыне, але воддаль ад вёскі. Бяднейшыя пасяліліся на пясчаных добрах. У Жвірках, каля хутароў не было лугавой зямлі, але затое вырас лес.

Хутарызацыя змяніла накірунак пабочных дарог, таму выбар месца пад забудову набыў найважнейшае значэнне для кожнай сям'і. Пабудовы размяшчаліся на блізкай адлегласці ад шашы: Заецкія - 2 гаспадары, Цімошкаўня - 3, Глінішча - 2, Гарбачова - 1. А вось ад чыгункі - не бліжэй, чым за метраў каля ста (з-за пажарнай бяспекі, таму што паравозы палілі вугалем) размясцілася многа хутаран: За аселіцай - 6 пабудоў, Любаўшчына - 3 гаспадаркі, Замасток - 3, Клюкава - 4, Перад пераездам - 3.

Каб занава перабудаваць на хутарах некаторыя вясковыя хаты, нават не спатрэбілася многа дадатковых матэрыялаў".

Бывала і так. Ваня Кудла з бацькам пасля бежанства за некалькі гадоў адрамантаваў разбураныя ў вайну гаспадарчыя пабудовы. Як будаўнік, многім дапамагаў перабудову на хутары, памеціць на зрубе хаты ўсе вянкі. Збярэцца з дзясятак вяскоўцаў, гуртам разбяруць хату, загрузяць на калёсы і перавязуць на новае месца. Вып'юць, як заўсёды, невялікі барыш і едуць з песнямі дамоў. Назаўтра гаспадар з раднёй рабілі фундамент, праз тыдзень збіралі сцены…

Хлявы будавалі большыя, каб каней, кароў, авечак трымаць асобна. Там, дзе гадавалі свіней, фундамент выкладалі вялікімі камянямі, умацоўвалі цэментам. З іх праз дзверы бліжэй і лягчэй выкідваць гной. Сцены абнаўлялі паўсюдна, знізу мянялі старэнькія падваліны і дабаўлялі тры-чатыры вянкі са здаровых бярвёнаў.

Складана было са студнямі. У вёсцы два-тры гаспадары карысталіся адной студняй. А тут па ваду не находзішся. Яна патрэбна не толькі ў дамашнім клопаце, а і многа для жывёлы. Давялося капаць амаль кожнаму гаспадару на глыбіню каля 20 і больш метраў. У гміне была форма для вырабу труб з цэменту. За невялікія грошы бралі, як казалі, "напракат" форму і "білі" трубы. Студня была важным аб'ектам перабудовы на хутары. Ваду са студні даставалі валікам з корбай і прывязаным да вядра ланцугом. Такое прыстасаванне лепш замяніла журавель. Лесу свайго не было, а купляць абыходзілася дорага.

На працягу некалькіх гадоў хутаране цалкам закончылі перабудову. Каля сядзібаў агарадзілі платамі падворак і гарод, многія пасадзілі садовыя дрэвы грушы, слівы і хтосьці - яблынькі.

Зімой сяляне ўжо жылі на хутарах: хто на кухні, а хто і ў хаце. Вясну сустрэлі на ўласным кавалку зямлі блізка ад хаты.

Цяжкім выдаўся першы земляробчы год. Вясной выраўноўвалі палеткі: аралі ўпоперак, і наўскасяк старых загонаў. Загоны сталі шырэйшыя, і не стала межаў. Землі на хутарах падзялілі на палеткі, большасць увяла чатырохпольны севазварот. Больш сеялі жыта, аўсу, канюшыны, лубіну, сырадэлі, вікі, гароху. Грэчку сеялі на пясчаных Заецкіх і Жвірках - горшых дзялянках. Аладкі і каша з яе атрымліваліся адмысловыя. Для сямейнай яды і для корму свіней гаспадары стараліся пасадзіць бульбы на ўгноеным палетку. Некаторыя саджалі бульбу ў агародзе "пад матыку", а на полі выкладвалі ў баразну і засыпалі. Бульба была пахучая і сопкая, і называлі яе варшаўкай. Пачынаўся перыяд праполкі агародаў, лёну, абгонкі бульбы. Гэта была вельмі цяжкая праца.

Земляробы праходзілі навучанне. Па ўспамінах бацькі і аднавяскоўцаў "за польскім часам" пры Ганчарскай школе для сялян навакольных вёсак працавалі "Курсы па гаспадарцы ральнічай". Там вывучалі асновы навуковай працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі. Навуку выкладалі навукоўцы з Бердаўскай ральнічай школы і Беняконьскага даследчага ўчастка. За наведванне курсаў і вучобу плацілі невялікія грошы… Па заканчэнні курсаў усе наведвальнікі здавалі залікі. Сёй-той там купляў ксёнжкі-падручнікі.

РАЖНОВА (КАХАНОЎСКАЯ) ЯДВІГА МІХАЙЛАЎНА 08.12.1935 г.н., в. Дроздава ўспамінае: Жыхары вёскі Дроздава жылі небагата. Толькі ў 2-3-х сем'яў было каля 20 га зямлі. У іншых па 10 га і меней. У нас было 1,5 дзесяціны ворыва. Дамы былі драўляныя, у асноўным з саламянымі стрэхамі. За рэдкім выключэннем хата Віткавых (Быстрыцкіх) была накрыта дранкай, наша невялікая хата - чарапіцай. Падлогі з дошак былі ў пакоях ў нас і суседа Кудла Вані (Ванюшкі), Быстрыцкага Віці, Дзікевіча Косці. У астатняй большасці жыхароў - гліняныя. І толькі пазней парабілі дашчаныя падлогі Махначы, і хтосьці ў 2-3-х хатах. Кухні ва ўсіх былі з землянымі падлогамі. Перад святамі іх мылі, як і дашчаныя і пасыпалі жоўтым пяском. Сем'і вяскоўцаў былі вялікія. Наша, напрыклад, складалася з 8-мі чалавек: 5 дзяцей, бацька, маці і бабуля (па маці).

Хата пачыналася з сенцаў, толькі ў Кудлаў (Ванюшкаў) быў ганак. Пасля сенцаў праз парог пачыналася кухня.

Спачатку стаяла вялікая хлебная печ. За печчу была асноўная частка жылля, якая ў некаторых дамах аддзялялася невялікай перагародкай, у іншых - без яе. Каля паўночнай сцяны, дзе не было вокнаў, стаялі ложкі, ля печкавай сценкі - паліцы, лаўкі для спання. Вокны звычайна размяшчаліся толькі з двух бакоў дома. Уздоўж сцен стаялі лавы: дубовыя, добра ўмацаваныя, шырокія. Уздоўж сцяны, ад вугла да дзвярэй, размяшчалася паліца, на якую ставілі гарлачыкі, слоікі, чарпакі, клалі лыжкі.

Было ў хаце і святое месца, якое нашы продкі называлі покуць або чырвоны кут. Тут віселі іконы, абразы, абвешаныя вышытымі ручнікамі.

У нашым доме стаялі дзве лаўкі з парэнчамі, іх называлі канапкамі. Ложкі былі драўлянымі, папярок выкладзеныя дошкамі..

На гэтыя дошкі рассцілалі кулявую жытнюю салому (з такой саломы крылі дахі ўсіх гаспадарчых пабудоў), яе накрывалі зрэбнай (ільняной) дзяружкай і спалі. У цёплы час такой жа дзяругай накрываліся, а ў халодныя ночы - "коўдрай". Гэта дзве пашытыя ўручную дзяружкі, запоўненыя ільняным пакуллем. Для тых, хто спаў на паліцах, лаўках, таксама сшывалі дзяружкі якія запаўнялі мяккай саломай або сенам і называлі сеннікамі. У асаблівых выпадках салому перыядычна мянялі. Каля драўляных ложкаў, у шчылінах сцен вадзіліся блохі і пераскоквалі ў дзяружкі і адзенне. Гэтых "кватарантаў" хапала ў кожнай хаце, у некаторых былі нават мышы і прусакі.

Куханны посуд быў ў сваёй большасці драўляным: вялікія і малыя бочкі для капусты, агуркоў, кублы для сала, кошыкі для мяса і здору, кадкі з вечкам, хлебныя дзежкі, малочныя даёнкі, кадкі для вады, балеі, начоўкі, драўляныя лыжкі, пранікі для прасавання ільнянога адзення.

Балеі і начоўкі выкарыстоўваліся для мыцця адзення і людзей. Не памятаю, ці было мыла, але памятаю, што замочвалі вопратку і мылі "лугам". Драўняны попел залівалі гарачай вадой і нейкі час настойвалі. Вопратку замочвалі ў балеі, а мылі ў начоўках. Самі ж мыліся ў балеях, у начоўках мылі галовы. Добра было летам. Балею выносілі на двор, вада награвалася, і можна было доўга плёскацца з задавальненнем. У нядзельныя дні некаторыя хлопцы і дзяўчаты хадзілі купацца на рэчку Дзітву пад Лупеніцу.

Павінна сказаць, што ў той час драздоўскія сем'і не галадалі. Выключэнне - 2-3 сям'і. Улетку акрамя малочных прадуктаў хацелася і мясных, часам кавалачак сала, каўбаскі, паляндвічкі. Мяса елі ў розным выглядзе практычна круглы год, выключаючы пасты. Асабліва гэтая ежа была неабходная тым, хто выконваў цяжкую працу. Мяса было не толькі свіное. У восень у многіх былі авечкі, іх рэзалі, вясной - цяляты, якія таксама ішлі пад нож.

Наша сям'я таксама не бедавала, хоць зямлі было мала. Бацька, Міхаіл Феліксавіч, быў таленавітым краўцом. У яго былі свае пастаянныя працадаўцы - кліенты, якіх ён абшываў. Усе яны былі ў сяброўскіх адносінах з татам. Плацілі за працу натурай: збожжам, мукой.

У вёсцы засталося 25 гаспадарак вяскоўцаў.

1. Махнач Міхаіл Аляксандравіч - (Талкі) - 1895 г.н.,

2. Дзявятая Анна Канстанцінаўна (Драпячыха) -1874 г.н.,

3. Козел Уладзімір Міхайлавіч (Кубарчыкавы) -1932 г.н.,

4. Козел Юлія Міхайлаўна (Юлька) - 1887 г.н.,

5. Махнач Лізавета Мартынаўна (Трусы) -1892 г.н.,

6. Шут Канстанцін Сямёавіч (Кочманы) - 1915 г.н.,

7. Каханоўскі Міхаіл Феліксавіч -1882 г.н., католік,

8. Кудла Іван Іванавіч (Ванюшкавы) - 1908 г.н.,

9. Пазняк Іосіф Аляксандравіч - 1898 г.н.,

10. Ашмяна Уладзімір Іванавіч ( Якоўчыкі),

11. Ашмяна Іван Іванавіч (Гураль) - 1913 г.н.,

12. Данейка Міхаіл Лук'янавіч (Лукашы) - 1904 г.н.,

13. Бяляўскі Канстанцін Іосіфавіч (Нюшкіны) -1907 г.н.,

14. Пазняк Анна Афанассеўна - 1907 г.н.,

15. Кумпяк Аляксандр Васільевіч - 1895 г.н., солтыс (Кажаш),

16. Кумпяк Міхаіл Вікенцевіч (Вінцуковы) - 1930 г.н.,

17. Козел Агафія Антонаўна (Агата) - 1888 г.н.

18. Дзякевіч Канстанцін Фёдаравіч - 1910 г.н.,

19. Быстрыцкі Іван Якімавіч (Ясевы) - 1877 г.н.

20. Быстрыцкі Віктар Міхайлавіч (Віткавы) -1907 г.н.,

21. Кудла Вера Іосіфаўна (Андрэіха) - 1874 г.н. (Стышкавы),

22. Кудла Юстын Аляксандравіч (Алесевы) -1890 г.н.,

23. Хрыстук Юзэфа Канстанцінаўна -1899 г.н., полька

24. Кудла Елізавета (Альжбета) Юльянаўна -1888 г.н.,

25. Шут Зянон Іосіфавіч (мянушка - "Дзескаць да").

Максімовіч Васіль Аляксандравіч: "Напярэдадні Першай Сусветнай вайны мой бацька - Аляксандр Ігнатавіч працаваў ліцейшчыкам у Санкт-Пецярбургу на заводзе "Рускі Рэно", быў не вельмі пісьменным. З пачаткам ваенных дзеянняў бацька пераехаў у г. Саратаў да роднага брата Сцяпана. Верагодна, пасля заканчэння Грамадзянскай вайны вярнуўся на радзіму ў вёску Пятры, дзе ў бацькоўскай хаце жыў другі родны брат Іван.

Мама Любоў Васільеўна таксама напярэдадні Першай Сусветнай вайны працавала ў Санкт-Пецярбургу. У свой час яна скончыла 4 класы царскай школы, была пісьменнай. У пачатку вайны апынулася ў Омску, затым у Томску. Пасля шматлікіх тулянняў вярнулася ў родную вёску Драздова. Яе бацька Васіль да гэтага часу памёр, гаспадарку вяла аўдавелая мама. Неўзабаве бацька Аляксандр пайшоў у прымы да Любові Васільеўны ў вёску Драздова - яны пажаніліся. Нарадзілі дваіх дзяцей: мяне - Васіля ў 1924 г. і сястру Любу у 1927 годзе."

Па расказу Васіль Аляксандравіч у 30-х гадах ён вучыўся ў Ганчарскай шасцікласнай паўшэхнай школе, за 3 км ад роднай вёскі.

"Звычайна ў школу хадзіў пешшу, зімой - у лютыя маразы і завеі - бацькі дастаўлялі дзяцей коньмі на санях. На той час у Драздаве жыло толькі дзесятак чалавек, якія прайшлі навучанне ў царкоўна-прыхадской школе, былі знаёмыя з граматай і ўмелі распісацца: Ванюшкаў Ваня, два браты - Кудлы Юзік і Костусь, Кудлы Васіль і Косця і Шуты Зянон і Юльян.

Пасля хутарызацыі на выдзеленыя каля пяці гектараў зямлі на Тарасаўшчыне, бацькі перавезлі хату і пабудовы. Для вядзення гаспадаркі завялі каня, 2 каровы, свіней, авечак ... Сала было толькі тады, калі заколюць дзіка, у асноўным яго пакідалі на касьбу і іншыя цяжкія працы. Але да гэтага часу яно было ўжо жоўтым, нясмачным, праўда ўсё яшчэ каларыйным. Асноўная ежа летам - бурачнік на хлебным квасе, гародніне, малочныя прадукты".

"Але былі ў вёсцы сяляне і больш заможныя. Так, моцная гаспадарка была ў Івана Кудлы - 16 га зямлі, 4 каровы, 2 коней. Але ім даводзілася вельмі і вельмі шмат працаваць: араць, сеяць, жаць, прыбіраць..., а вось аднавяскоўка ўдава Агата Козел з трыма дзецьмі жыла вельмі бедна".

Бацька Ваня, як былы рассейскі навучэнец, прачытваў прывезеныя кнігі, а яшчэ зацікавіўся радыёперадачамі на рынку ў Лідзе. За немалы кавалак каўбасы "пальцам пханай" вымяняў дэтэктарны прыёмнік. У свабодныя ад работы вечары і святочныя дні, нацягнуўшы на вушы слухаўкі, круціў ручку дэтэктарнага прыёмніка і лавіў хвалі з усходняй Беларусі, а там часта расхвальвалі калгаснае жыццё, ды спявалі беларускія народныя песні. І бабуля Алеся, надзеўшы слухаўкі слухала радыё і пасля праслухоўвання савецкіх агітацыйных перадач расказвала: "Якое там райскае жыццё… Трактарам узворваюць зямліцу, камбайнам жнуць…" Баба Алеся з пачуццём захаплення гаварыла пра расейскі калгас: "Паслухайце, як там добра, разам ідуць на працу і спяваюць, працуюць і спяваюць, дадому ідуць - таксама спяваюць. А як хораша спяваюць! Паслухайце!" І перадавала слухаўкі яшчэ каму-небудзь. Дарослыя мужчыны ў большасці таксама цікавіліся перадачамі з загадкавай скрыні.

Каханоўская Ядвіга Міхайлаўна: "З тых часоў у маёй памяці засталася радыёскрыня са слухаўкамі, якая была ў бліжэйшага суседа Ванюшкі (Кудлы Івана Іванавіча). Мы, дзетвара, і дарослыя, таўкліся насупраць яго дома, садзіліся на дрэва, якое ляжала насупраць хаты дзядзькі Сцяпана Шута (дрэва было прызначана для запозненага будаўніцтва новай хаты на хутары) і слухалі цікавую музыку, якая лілася з загадкавай трубы грамафона. Помню, як мы некаькі раз праслухалі цудоўную песню пра савецкіх трактарыстаў. Былі неапісальныя пачуцці ад гэтай невядомасці..

Ужо пасля вайны нам у Ганчарскай школе паказалі кінафільм" Трактарысты " 1939 года, і мы зноў слухалі тую песню на вершы Лебедзева-Кумача "Марш трактарыстаў".

У канцы 30-х гадоў над Еўропай навісла небяспека Другой сусветнай вайны. К гэтаму часу фашысцкая Германія значна пашырыла свае межы.

На працягу ўсяго 1939 года ўзмацняўся неспакой, расла напружанасць. На захадзе Германія пачала пашыраць свае межы. Супярэчлівыя весткі прыходзілі з усходу. Нягледзячы ні на што, вяскоўцы рупліва працавалі - зямлі патрэбны былі рукі. Людзі не толькі перажывалі з-за жахлівых вестак, але і цешыліся з лепшага жыцця на хутарах.

Па ўсёй граніцы войскі Вермахта з баямі супраць польскай арміі пачалі захоп Польшчы. Гітлераўцы дзейнічалі тараннымі ўдарамі. Вермахт меў знакавую перавагу як у жывой сіле, так і ў танках, артылерыі, авіяцыі. Нягледзячы на безнадзейнасць свайго становішча, польскія вайскоўцы гераічна змагаліся.

Першыя дзесяць дзён вайны палякі фанабэрыліся, гаварылі, што "не аддамо ні гузіка", "хутка нам дапаможа Англія". Па вёсках развесілі плакаты з надпісамі ў ганарлівым тоне. Але фанабэрыстасць і ганарлівасць паступова пачалі спадаць, гарэла Ліда, у небе ляталі толькі нямецкія самалёты. На чыгунку, станцыю, аэрадром і прадпрыемствы пасыпаліся бомбы...

Абяднанне Заходняй Беларусі з БССР і жыццё пры "Першых Саветах"

Савецкі Саюз прапаноўваў Польшчы матэрыяльную і ваенную дапамогу. Але яе кіраўнікі і слухаць не хацелі, ні аб якім прамым або ўскосным супрацоўніцтве.

У гэты час у Польшчы паўсюдна гучалі патрыятычныя гімны, узмацнялася антысавецкая кампанія. Праз радыё і прэсу вялася настойлівая прапаганда таго, што Польшча непераможная дзяржава і пры абяцанай падтрымцы Англіі і Францыі яна дашчэнту разаб'е немцаў, а бальшавікоў тым больш… Але жыхароў Заходняй Беларусі такая жахлівая самаўпэўненасць не супакойвала, беларусы адчувалі дыханне бяды.

У канцы жніўня 1939 г. польскія ўлады абвясцілі другую агульную мабілізацыю, яна даволі актыўна вялася і ў Заходняй Беларусі. З беларусаў былі сфармаваны Баранавіцкі, Слонімскі, Лідскі і шмат іншых палкоў: іх накіроўвалі на заходнія рубяжы Польшчы. Гэтыя палкі ўваходзілі ў склад арміі пад кодавай назвай "Прусы", якая ў выпадку вайны павінна была стрымліваць галоўны націск германскіх войскаў. Тады Іосіф Сталін пачаў шукаць збліжэння з Адольфам Гітлерам.

23 жніўня 1939 г. паміж СССР і Германіяй быў падпісаны дагавор аб ненападзенні (так званы "пакт Молатава-Рыбентропа"). А вось сакрэтны дадатковы пратакол да яго прадугледжваў па-сутнасці ліквідацыю польскай дзяржавы. Цяпер дакладна вядома, што такая змова была ў выглядзе таемнага пакта, згодна з якім спачатку лінія падзелу праходзіла ўздоўж рэк Нарвы і Віслы, але потым у абмен на права акупаваць Літву, Латвію і Эстонію. Сталін пагадзіўся абмяжаваць свае ўладанні этнічнымі межамі Заходняй Беларусі.

1 верасня 1939 года Германія інсцэніравала напад польскага падраздзялення на нямецкую радыёстанцыю ў мястэчку Глейвіцы. Насамрэч гэта зрабілі немцы, пераапранутыя ў польскую вайсковую форму.

Выкарыстаўшы "інцыдэнт" па ўсёй граніцы Германія кінула супраць Польшчы пяць армій, у якія ўваходзілі 65 дывізій і брыгад, у тым ліку 41 пяхотная, 11 танкавых і матарызаваных. Вермахт меў знакавую перавагу як у жывой сіле, так і ў ваеннай тэхніцы. У нападзе ўдзельнічала 2800 танкаў, каля 2000 самалётаў і больш за 100 ваенных караблёў. Гэтым сілам Польшча супрацьпаставіла 36 пяхотных дывізій, 2 матарызаваныя брыгады, 11 кавалерыйскіх брыгад. Польскія войскі налічвалі толькі 860 лёгкіх танкаў, 420 самалётаў і 12 ваенных караблёў. Нягледзячы на безнадзейнасць свайго становішча, польскія вайскоўцы гераічна змагаліся. Так пачалася для нас Другая Сусветная вайна...

Жаўнеры з Заходняй Беларусі, якія знаходзіліся ў частках польскага войска, плячом да пляча з палякамі, украінцамі прынялі на сябе агнявы шквал раптоўнага ўдару Вермахта. Яны гераічна абараняліся, дзясяткі тысяч з іх загінулі, былі параненыя або патрапілі ў нямецкі палон.

Напад на Польшчу - вынік змовы,

І гэта ўжо вядомы факт,

Што перадзел, парадак новы,

Еўропе нёс таемны пакт.

У адпаведнасці дамове

Ў крэсы немцы не пайшлі,

Адсюль дамоў сышлі панове,

А ў след таварышы прыйшлі.

Адразу пасля нападу германцаў на граніцы авіяцыя Люфтвафэ пачала бамбардзіраваць і ў Заходняй Беларусі найбольш стратэгічна важныя аб'екты: аэрадромы, чыгуначныя вузлы, масты, прамысловыя збудаванні і нават звычайнае жыллё. Нямецкія самалёты даляталі практычна да быўшай польска-савецкай мяжы. У выніку бамбардзіровак былі забітыя і параненыя. Лік ахвяр, у тым ліку сярод мірных жыхароў, ішоў на дзясяткі. Прычым бамбардзіроўкам заходнебеларускіх населеных пунктаў спрыяў Савецкі Саюз: па просьбе германскага боку з Менска падаваліся спецыяльныя радыёсігналы для арыентацыі налётаў нямецкай авіяцыі. Такім чынам, Масква непасрэдна спрыяла знішчэнню нацыстамі заходнебеларускіх паселішчаў і мірных, цывільных жыхароў, якіх пасля ў хуткім часе мелася "вызваляць".

На Лідчыну вайна нахлынула таксама 1 верасня 1939 года.

Па ўспамінах Дзікевіча Мікалая - 1924 г.н., майго настаўніка і краязнаўца: "Першага верасня 1939 года нямецкі самалёт праляцеў з поўначы на поўдзень над чыгункай і скінуў шэсць бомбаў: дзве з іх узарваліся на чыгунцы, дзве - побач справа,і дзве - злева. На мост бомбы не ўпалі, пашкоджанні нязначныя, але перапалох у вёсцы выклікалі вялікі. Было зразумела: вайна пачалася. Па-рознаму аднесліся сяльчане да гэтай падзеі. У абед прынеслі павесткі з'явіцца мужчынам у Ліду па мабілізацыі ў польскую армію".

Аляксей Каляга ўспамінае:

"1 верасня раніцай лётае нізка самалёт без знакаў адрозненняў: ні эмблемы, ні шахматка. Паехаў на працу на аэрадром на матацыкле. Самалёты былі эвакуіраваны па лясах. Заставаліся дзве ці тры машыны. Заходзіць самалёт на пасадку... Ударыў трасіруючымі з кулямётаў. Праз 20-30 хвілін наляцелі 40 машын. Я паспеў толькі легчы каля ямы на зямлю... Яны пачалі бамбіць, заходзячы па новай дарозе, там, дзе млын быў... Каля мяне людзей... пабіла... У канаву трапіў снарад, і адразу загінулі 22 чалавекі. Узлётную паласу моцна не кранулі. Ангары засталіся цэлыя і самалёты таксама ".

Загінуўшых вайскоўцаў пахавалі на вайсковых могілках.

Далей германская авіяцыя бомбіць чыгуначны вузел і раз'езды з мэтай зрыву падвозу жывой сілы, зброі і боепрыпасаў.

З самага пачатку польска-германскай вайны Гітлер, спасылаючыся на дамоўленасць пры падпісанні дагавора ад 23 жніўня 1939 г., пакрыўдзіўся за запозненае выступленне Чырвонай Арміі, падштурхоўваў Сталіна хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласці адказнасць за вайну і на Савецкі Саюз. А каб стварыць уражанне нейтралітэту, Іосіф Вісарёнавіч не спяшаўся, хацеў выглядаць перад краінамі Захаду і Амерыкі не як таемны саўдзельнік Адольфа Гітлера і агрэсар, а як "выратавальнік" народаў Заходняй Беларусі і Украіны.

I толькі, калі польская армія амаль што цалкам была разбіта (яшчэ трымалася Варшава), а ўрад Польшчы ўцёк за мяжу, Сталін 17 верасня аддаў загад камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону тэрыторыю і насельніцтва Заходняй Беларусі.

А між тым, раніцай 17 верасня, камісарыят замежных спраў у Маскве перадаў польскаму амбасадару Гжыбоўскаму ноту наступнага зместу: "Польшча і яе ўрад перасталі фактычна існаваць. Тым самым губляюць значэнне ўсе дагаворныя абавязацельствы, заключаныя паміж СССР і Польшчай".

Перадавыя часткі Чырвонай Арміі перасяклі былую савецка-польскую граніцу. Вайскоўцы Войска Польскага ўсё ж спрабавалі стрымаць чырвонаармейцаў. Як бы там ні было, па абодвух баках у баях удзельнічалі беларусы. Яны стралялі адзін у аднаго. Забівалі. Яны ж ваявалі не за свае дзяржавы…

Немцы адступілі на новаўтвораную мяжу і прайшла перадача захопленай немцамі тэрыторыі "ўсходніх крэсаў" Саветам.

Пазняк Вера запісала ўспаміны мамы Ганны Афанасеўны: "Да прыхода Чырвонай Арміі, у нас у двары мужыкі чысцілі жэрдкі, выпілоўвалі перакладзіны, але не збівалі, а склалі нарыхтоўку за адрынай, выразалі і склалі яловыя галінкі. Усё было гатова, каб усталяваць браму на драздоўскай вуліцы для ўрачыстай сустрэчы чырвонаармейцаў. Але было яшчэ небяспечна, бо міма нашай вёскі ў бок Беліцы зрэдку рухаліся часткі польскай памежнай "варты". І сапраўды, на другі ці трэці дзень прыйшлі чырвонаармейцы. Як ператварылася вёска, людзі! Двары чыста падмецены, на брамах падвязаны пучкі галінак бярозы. Бабы ў новых спадніцах, прамылі галовы попелам, і ад іх крыху ненатуральна пахла. Дзядзька Кумпяк прыцягнуў з куфра нейкіх пяць метраў чырвонага саціну. На ім мясцовыя грамацеі вывелі паўмятровымі літарамі: "Асвабадзіцелям - наш прывет!"

За лічаныя дні верасня 1939 года сітуацыя для заходнебеларускага насельніцтва змянялася, прычым, у бок чаканняў і надзей. Нядаўнія польскія грамадзяне (перш за ўсё беларусы і яўрэі) шчыра віталі прыход чырвонаармейцаў і савецкую ўладу. Штампам стала паведамленне пра ўстаноўку трыумфальных брамаў у гарадах, мястэчках і нават сёлах.

З расказаў бацькі Вані:

"Першыя часткі Чырвонай Арміі падышлі да вёскі, іх сустрэць высыпалі амаль усе вяскоўцы. Нейкі камісарскі чын падышоў да мужыкоў, паціснуў рукі і з усімі гучна павітаўся. А на дарозе, па якой напярэдадні адступала польская армія, рухалася савецкая пяхота і артылерыя. Ішлі вельмі худыя замораныя коні.

Некаторыя кінуліся глядзець гарматы, коней і спыталі:"Таварыш камандзір, а чаму гэта ў Чырвонай Арміі такія худыя коні?" "А гэта не нашы - гэта калгасныя" - адказаў ён.

Тым часам войскі рухаліся, адзін камандзір змяняў іншага, яны падыходзілі да сялян, віталіся і віншавалі прысутных сялян з вызваленнем ад польскага прыгнёту.

Сярод салдат было шмат асоб старэйшага, непрызыўнога ўзросту, якіх, як і тых калгасных коней, мабілізавалі на час "вызваленчай" кампаніі. Яны паводзілі сябе стрымана, на пытанні адказвалі млява і казалі, што ў калгасах яны жывуць "добра". Падчас прыпынкаў салдаты прымудраліся заскочыць у вясковыя хаты, нешта купіць з ежы; асабліва шчыравалі за салам і хлебам. Плацілі рублямі або жульнічалі аблігацыямі, у якіх мясцовае насельніцтва не разбіралася. Часта іх проста частавалі і адрэзалі кавалак сала ў дарогу".

Так, паводле ўспамінаў майго таты Вані, да іх зайшлі худыя, у зацёртых гімнасцёрках і амаль босыя, у абмотках чырвонаармейцы з камандзірам, каб ім даць "перакусіць". Пад выстаўленую бацькам добрую самагонку, ласуючыся салам, шырэйшым за далонь, што для іх было дзівам-дзіўным, камандзір з набітым ротам толькі прыгаворваў...

Яшчэ таварышаў здзіўляла

свінога сала таўшчыня.

Не можа быць такога сала

і тлустаю такой свіння.

А таўшчыню свінога сала

прывыклі ў пальцах вымяраць.

Калі ў два пальцы - гэта мала,

другая справа - пальцаў з пяць.

Дык вось, таварышы шукалі

ў такім сале нейкіх швоў,

Бо памылкова меркавалі,

што яно склеена з кускоў.

15-ці гадовы падлетак Васіль Аляксандравіч Максімовіч расказаў:

"У 1939 годзе з радасцю і захапленнем большасць жыхароў вёскі Драздова сустракала воінаў Чырвонай Арміі. Вельмі хацелася вызваліцца ад польскага прыгнёту.

Уз'яднанне дало надзею на лепшае жыццё. У вёсцы пайшлі размовы і каментары таго, пра што распавядалі салдаты, забягаючы ў дамы. Наша суседка прыбегла да маёй мамы і сказала, што яна карміла салдата і спытала: ці праўда, што ў іх калгасе жанчыны шыюць сабе спадніцы і іншую вопратку з мяшкоў, як пра гэта пісалі палякі? І ён сказаў, што гэта праўда і што ў яго і ў іншых калгасах людзі часта галадаюць. А на другі дзень, калі мы з бацькам прыйшлі абедаць, мая маці сур'ёзна знервавала бацьку, распавёўшы, як яна раніцай карміла салдата і ён сказаў наступнае: "Вось вы нас сустракаеце з кветкамі, але вы яшчэ нас пазнаеце". Прыход Чырвонай Арміі ўнёс некаторае замяшанне ў розумы аднавяскоўцаў і прымусіў пераасэнсоўваць многае, пра што раней пісалі польскія газеты. Рэальнае калгаснае жыццё яны бачылі на прыкладзе гэтых худых коней і даведваліся ад простых чырвонаармейцаў, з якімі ўдавалася пагаварыць".

У майго бацькі ў адказ на гэтыя выказванні заўсёды быў важкі доказ, што не могуць быць беднымі савецкія калгасы. " Мы ж былі ў бежанцах у Расіі і бачылі, якія там добрыя землі і якія ўраджаі" - казаў ён мужыкам. І сапраўды, цяжка было селяніну ўявіць сабе галоднае жыццё на добрых ураджайных землях.

Прыход саветаў, ён адзначыў,

Для нас вялікая бяда.

Я войска іхняе пабачыў -

Не войска гэта, а арда.

І апавёў ён пра ватоўкі,

Слабыя коні ў іх вазах

І вельмі доўгія вінтоўкі,

І пра абмоткі на нагах.

Яшчэ, мой пан яснавяльможны,

Зрабіў я вывад тут такі:

Наўрад ці там народ заможны,

Калі іх войска - жабракі.

Уступленне 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь было ў асноўным з радасцю сустрэта большасцю насельніцтва. Жыхары гарадоў і вёсак пад кіраўніцтвам актывістаў КПЗБ і з удзелам прадстаўнікоў Чырвонай Арміі стваралі часовыя кіраванні ў гарадах і сялянскія камітэты ў вёсках, разгортвалі кампанію за ўсталяванне савецкай улады.

У адзначэнне захопу Польшчы Германіяй і Савецкім Саюзам (названага, натуральна, "перамогай") у Гародні, Берасці, Пінску і некаторых іншых гарадах 22 верасня адбыліся святочныя сумесныя савецка-германскія вайсковыя парады .

Камандзіры Чырвонай Арміі падчас параду савецкіх і нямецкіх войскаў звярталіся да германцаў як "браты па зброі", а палякаў называлі "белапалякі". "Немцы - нашы саюзнікі і браты па зброі, а "белапалякі " вараватыя і дрэнныя".

Вось яны на фатакртцы, вайскоўцы Вермахта і Чырвонай арміі ў сябраўскай сустрэчы пасля перамогі над Войскам Польскім, а праз паўтара года сустрэнуцца ў баях. Таму, гэтая брацкая эйфарыя працягвалася не доўга, і ўжо ў 1940 годзе ніхто з чырвоных камандзіраў не прамаўляў такія словы.

28 верасня нямецкія войскі ўзялі Варшаву. Польшча як дзяржава перастала існаваць. У гэты ж дзень, у Маскве паміж Германіяй і СССР быў падпісаны дагавор "Аб дружбе і мяжы", згодна з якім тэрыторыя Польшчы была падзелена. Значная частка польскіх зямель была далучана непасрэдна да Германіі, а другая - увайшла ў так званае "Варшаўскае генерал-губернатарства". За СССР былі прызнаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, якія далучаліся адпаведна да БССР і УССР. Такім чынам, была ўзноўлена гістарычная справядлівасць у адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў, парушаная ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 г., калі гэтыя народы былі разарваны на дзве часткі.

2 кастрычніка здаліся апошнія часткі польскага войска. Яна страціла 66,3 тысячы забітымі, 133,7 тысячы параненымі, каля 420 тысяч трапілі ў палон (гэта статыстыка толькі па вайне з немцамі). Страты Вермахта склалі 10,6 тысячы забітымі, 30,3 тысячы параненымі, 3,4 тысячы прапаўшымі без вестак. Па дадзеных, у складзе Войска Польскага было 75 тысяч беларусаў, у нямецкі палон трапілі 40 тысяч.

Лёс іх быў розны. Паехалі на фронт, ваявалі, хтосьці вярнуўся дамоў, іншыя трапілі ў палон да немцаў ці бальшавікоў, загінулі на фронце або ў палоне на Салаўках, ці былі расстраляныя ў Катыні.

Ужо пасля вайны жывым удзельнікамі абарончай вайны 1939 года польскі ўрад уручыў і польскі медаль "За ўдзел у абарончай вайне 1939 года". У тым ліку: Урбановічу Канстанціну Антонавічу,1917 г.н. з вёскі Жомайдзі, Казлову Валянціну Пятровічу, 1909 г.н. з вёскі Бенявічы.

Дваюрадны татаў брат - Хрышчановіч Іван Іосіфавіч з Хаданішкаў, карыстаючыся ільготамі для таленавітых дзяцей з бедных сем'яў, скончыў Шчучынскую настаўніцкую семінарыю. Служыў у польскай арміі, дзе яму было прысвоена вайсковае званне падхарунжага.

У верасні 1939 года пры нападзе гітлераўцаў на Польшу змагаўся ў польскім войску. А між тым, аслабленая раптоўнай нямецкай агрэсіяй, польская армія, адыходзячы бліжэй да ўсходніх крэсаў, пачала наносіць Вермахту ўсё больш адчувальныя ўдары. Вось як пра гэта распавядаў Іван Іосіфавіч, які ваяваў "уланам" у польскай кавалерыі. "Наша кавалерыя супраць нямецкіх танкаў нічога не магла зрабіць. Мы, адыходзячы, сыходзілі з вялікіх дарог і з надыходам ночы раптам нападалі на тылавыя нямецкія часткі і пяхоту, прычыняючы ім значныя страты. Мы працягвалі ўпарта абараняцца і навучыліся нават падбіваць нямецкія самаходы. Але калі нам абвясцілі, што Чырвоная Армія перайшла польскую мяжу, наш баявы дух адразу ўпаў. Старэйшыя афіцэры падзякавалі нам за вернасць прысязе і прапанавалі прасоўвацца ў бок Румыніі або здавацца ў палон, бо далейшае супраціўленне і кровапраліцце бессэнсоўнае, і я застаўся ў акупаваннай немцамі Польшчы".

P.S. Пасля вайны Хрышчановіч Іван Іосіфавіч служыў у Войску Польскім, апошнія службовыя гады працаваў у Маскве ў польскім консульстве. Меў шэраг высокіх узнагарод. Выйшаў у запас у званні палкоўніка. Некалькі разоў прыязджаў на радзіму ў Хаданішкі да родных сыноў Міхаіла, Анатоля, Веніяміна, Валодзі і сястры Ніны з іх сем'ямі. Памятаю, як бываў у гасцях у нас. Многа расказваў аб вайне, службе ў войску.

Данэйка Мікалай Іванавіч,1916 г.н. З хутара Тарасаўшчына па павестцы мабілізавалі ў польскае войска. Дзесьці ваяваў з германцамі. А потым быў у савецкім палоне, і адпусцілі… Прыйшоўшы да хаты, па некалькі дзён не сустракаў жонку Маню (сястра Вольгі Быстрыцкай). Аказалася вяла сябе вольна, п'янствавала і загулівала. Нават маленькую дочку Соф'ю (1939 г.н.) не даглядала, і бацькі забралі яе да сябе.

Мікалай, прагнаўшы Маньку, жаніўся з маладой Максімовіч Верай, 1929 г.н. Давялося весці бедную гаспадарку па адным гектары ворнай зямлі і сенажаці. Каня не было - дапамагалі сваякі, толькі праз паўтара года карову выгадавалі з цяляці. Завялі свінню і авечак, стала лепей з ядой…

Козел Мікалай Іосіфавіч - сын Арсеніі Ануфрыеўны з хутара Заецкія, дзе многа пясчанай зямлі. Бацька Іосіф Лявонцьевіч гаспадарку вёў з сынамі: старэйшы Ваня - 1912 г.н., Саша - 1913 г.н., Коля - 1915 г.н. Меў на сялянскай працы трох здаровых мужчын. Згодна са Статутам аб польскай вайсковай службе № 375 малодшага Мікалая прызвалі на службу.

Калі хлынула вайна з немцамі, ён ваяваў у польскай арміі, у 1939 годзе, будучы ў Румыніі, трапіў у савецкі палон. Савецкая ўлада дазволіла беларусам вяртацца на радзіму. Адтуль прывёз Валянціну - хахлушку. Яна таксама была ў палоне. Ажаніліся. Жылі з бацькамі, вялі гаспадарку, мелі кабылу, карову, цялё, пару свіней і авечак.

Мае землякі, былыя салдаты польскай арміі Данэйка Мікалай, Козел Мікалай распавядалі тату Ваню, што пры ваенных дзеяннях супраць Польшчы, многія польскія афіцэры не хавалі сваіх слёз, яны казалі пра тое, што Германія і Расія - адвечныя гістарычныя ворагі Польшчы, што губляючы незалежнасць, упарта змагаліся і будзем змагацца з дапамогай тых, хто сыходзіць у Румынію, і тых, хто з цяжкасцю будзе прабірацца дадому.

Пытання аб лёсе Заходняй Беларусі па сутнасці ўжо не існавала. Але пытанні аб дзяржаўнай уладзе, аб самавызначэнні Заходняй Беларусі і заканадаўчым замацаванні распачатых пераўтварэнняў патрабавалі свайго правядзення праз працэдуру выбараў у Народны сход і прыняцця ім неабходных пастаноў.

28 кастрычніка 1939 г. у Беластоку Народны сход Заходняй Беларусі, выказваючы волю і жаданне большасці насельніцтва, аднагалосна прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб канфіскацыі абшарніцкіх зямель і нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці. Ад працоўных горада выступіла рабочая фабрыкі "Ардаль" Я.А. Рэдзік. Ад працоўнага сялянства Лідчыны выступіў Ю.В. Кароль.

14 лістапада 1939 г. нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Закон, у якім было запісана: "Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз'яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве".

У большасці заходнебеларускіх вёсак чакалі з усходу лепшага жыцця. Салдатаў Чырвонай Арміі называлі не інакш, як нашымі. Але рэакцыя з боку большасці сялянскага насельніцтва ў асноўным была стрыманай і памяркоўнай. Так, сустрэчы сялян з чырвонаармейцамі і савецкімі кіраўнікамі, прымушалі задумацца над будучыняй. Многія пасажы ў "заходнікаў" выклікалі як мінімум здзіўленне.

З гэтых падзеяў пачалося жыццё заходнікаў "пры першых Саветах".

З таго часу дайшла да нас вершаваная народная показка:

"За царом

пілі чай з пірагом.

Як прыйшлі палякі-

елі хлеб траякі:

белы, чорны і ніякі!

А калі настаў Савет-

агледзела ср..ка свет".

Лідскі раён быў створаны з цэнтрам у горадзе Лідзе паводле ўказа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 гада ў складзе Баранавіцкай вобласці. Было ўтворана Часовае кіраванне горада і павета, якое ўзначаліў Пётр Захаравіч Калінін,упаўнаважаны ЦК КП(б) Беларусі. На падтрымку парадку была створана рабочая гвардыя, якую ўзначалілі М.Т. Рачкевіч і С. Кісель.

У Ганчарах утварылі сельскі камітэт, уключыўшы многа навакольных вёсак, у вёсках стараліся выбраць старастаў. У Дроздава прызначылі старастам граматнага і актыўнага Кудлу Васіля Васільевіча.

Васіль Аляксандравіч Максімовіч. "У вёсцы Ганчары была крама, але грошай у сям'і не хапала. За 20 км ішлі ў Ліду, прадавалі яйкі, масла, клінковы сыр. Каб купіць дзецям пернік, булачку - гаворкі нават не было. За атрыманыя грошы куплялі ў асноўным соль, бутэлечку газы. Тавараў было шмат, але не было грошай.

Дзесьці пад канец верасня 1939 года школа ў Ганчарах узнавіла працу, толькі не на польскай мове, а ўжо на беларускай. Дырэктарам застаўся працаваць Ю. Пякелка, настаўнікамі - яго жонка Вольга і Гіпаліт Маліноўскі. Усе дзеці ў абавязковым парадку павінны былі наведваць школу.

Усіх вучняў, якія вучыліся ў польскай школе, адсадзілі на адзін клас ніжэй, бо яны не ведалі азбукі кірыліцы. Навучэнне пайшло лягчэй, матэрыял засвойваўся хутчэй, таму што выкладаўся на зразумелай роднай беларускай мове.

У 1939 годзе я пайшоў у 7-ы клас зноў ў Ганчары. Прадоўжылі навучанне і аднакласнікі паўшэхнай школы: Дзікевіч Мікалай, Шут Генадзь, Шут Віця, Шут Жора, Каханоўскі Бронак, Курылаў Федзя.

Для дарослага насельніцтва, якое ў большасці сваёй было непісьменным, была адкрыта вячэрняя школа. Мужчыны і жанчыны, якія не ўмелі чытаць і пісаць, павінны былі ўвечары наведваць школу. Дарослыя вучыліся па спецыяльных букварах для лікбезу. Ад Ганчарскай школы ў вёсках Дроздава і Даржы дзейнічалі курсы па ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельніцтва, якое ў той час выпісала 238(!) экземпляраў газет і часопісаў".

(Са слоў Васіля Аляксандравіча запісала Настасся Аляксандраўна Каладяжная, чэрвень-ліпень 2019 года.)

30 верасня 1939 г. выйшаў на беларускай мове першы нумар газеты "Уперад". На яе старонках чытач мог знайсці цікавы матэрыял аб падзеях у горадзе, павеце. У газету прыйшлі таленавітыя пісьменнікі, журналісты: былы палітычны вязень Валянцін Таўлай, паэтэса Ніна Тарас, Пётр Радзюк.

18 студзеня 1940 года ў нататцы "Выраслі ўстановы народнай асветы" газета "Уперад" пісала: "У час зімовых канікул для перападрыхтоўкі настаўнікаў былі арганізаваны курсы, на якіх асаблівая ўвага звярталася на вывучэнне беларускай мовы з прычыны пераходу школ на беларускую мову навучання і вывучэння ва ўсіх школах беларускай мовы".

У самым пачатку вызвалення Заходняй Беларусі пачала ажыцяўляцца культурна-асветніцкая работа як у горадзе, так і ва ўсім павеце. У вёсках у дзяржаўных будынках адкрылі хаты-чытальні, а дзе іх не было, стваралі чырвоныя куткі. Кніг - чытай, колькі хочаш. Прыязджалі кінаперасоўкі - глядзі кіно дарэмна. Ставілі канцэрты - шыбуй і старайся заняць лепшае месца. Жанчыны паскідвалі ўжо зрэбныя паддзеўкі, і фанабэрыліся ў фабрычных адрэзах. Спрытных кавалераў адзначалі, "хто пад часамі" і хто мае ровар… Пабалакаўшы сярод дзяўчат, стараліся "говарыць по-російску"….

Адбываліся і перамены ў ахове здароўя насельніцтва.

Медыцынская дапамога стала бясплатнай. У Лідзе працавалі 18 лячэбна-прафілактычных устаноў, дзе налічвалася 38 дактароў.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і супярэчнасці, за першы год савецкай улады жыхары горада і працоўнае сялянства дабіліся ў эканамічным, культурным жыцці, а таксама ў павышэнні жыццёвага ўзроўню значных поспехаў.

З прыходам савецкай улады вяскоўцы паступова пачалі асвойваць тэхналогію самагонаварэння, якое пры Польшчы з-за дзяржаўнай манаполіі і вялікіх штрафаў на спіртные напіткі было немагчыма.

Тата Ваня і мама Вера расказвалі, як пасля прыходу"Першых Саветаў "праз месяц на Пакровы - 14 кастрычніка 1939 года ("Пакроў Прасвятой Багародзіцы") нарадзіўся сынок". Нараджэнне хлопчыка лічыцца шчасцем і Божым дабраслаўленнем. Пра гэта кажуць, гэтаму радуюцца і зайздросцяць: лішні цяглец на хаце і верны памочнік. Шчаслівые роды прайшлі ў Праважы на саламянай пасцелі з дапамогай роднай бабкі-павітухі Еўкі.

Прыехалі сваякі, ўвайшлі ў хату, дзе нарадзілася новая радня - жывая душа, сялянскі сын, будучы працаўнік і хлебароб. У хату па разу заходзілі суседкі наведвацца, павіншаваць, падмагчы маці-парадзісе, і пацікавіцца, расказаць і пагаманіць. Маладая мама Верка сама частавала ўсіх пірагамі, напрошваючыся на новае пажаданне…

Суседка бабка Грэбяніха, якая прымала дзіця, хадзіла з кашай па ўсіх пакліканых гасцях; хто хоча кашу есці, той павінен выкупіць лыжку кашы, гэта значыць пакласці грошы, па павер'і: за кашку грош аддаць - немаўля жыць будзе.

Бацьку Ваню давалі кашу крута пасоленую, з перцам. Каша, звараная на малацэ, так званая размазня, яе варылі, калі акажацца мала ў маці яе ўласнага малака, а дзіця будзе прасіць есці.

У хаце, каля ложка вісела падвязаная да бэлькі калыска. Над ёй маці заўсёды спявала свайму дзіцяці калыханкі.

Наша дзіця яшчэ вельмі малое і нічога не разумее: крычыць, калі есці захоча, крычыць, калі азябне. Трэба пагушкаць, каб пацішэў. Чым суцішыць дзіця, калі яно раскрычыцца? Пакарміць грудзьмі маці, ці напхаць ў рот дзіцяці суслу з жытняга хлеба або кашы, ад усіх бед паратунак - будзе смактаць і замоўкне. Будзе маўчаць - значыць, пачаў набірацца сялянскай рабочай сілы і шчасця.

Успаміналі бацькі, як ахрысцілі сыночка Ігара ў Ганчарскай царкве. Праз пару месяцаў узімку, калі ўжо не было працы ў полі, бацькі правялі хрэсьбіны.

Для абраду хрышчэння нованароджанага запрашалі кумоў і сваякоў. Кумам прызначылі мамінага брата - Валодзю Белавуса, а кумой запрасілі аднавяскоўку - Вольгу Быстрыцкую (Віткаву).

Царкоўны бацюшка здзейсніў над хрышчаным малым у царкве сакрамант хрышчэння. Ён атрымаў на ўсё сваё жыццё імя Ігар.

Калі варочаліся з царквы пасля хрышчэння, бацька клаў немаўлятка на некалькі хвілін на парозе, што значыла "асвятліць дзіця цераз парог". Так новы член сям'і ўваходзіў у хату. Так у сялянскім побыце хрышчэнне суправаджалася народнымі рытуальнымі дзеяннямі.

На фатакартцы 80-тых гадоў старэнькая хатка Ванюшкаў, што ўжо была запушчанай пад разборку.

А тады хаціна была прыхожай, добраўпарадканавай. У кухні гліняная печ і адно акно, у каморы кладоўка. У спальні печка, два ложкі і калыска. На выхадзе сенцы і веранда.

У зале два акны з дубэльтамі, дашчатая, памалёваная падлога. У покуці - палічка з абразом, упрыгожаная ручніком, па баках - лаўкі і дубовы стол.

Безумоўна, гаспадары рыхтаваліся да гэтага дня. У хаце і на падворку зрабілі важную прыборку.

Гасцей запрашалі на застолле і частавалі падрыхтаванай ежай: мама Вера і бабулька Алеся прыгатавалі каравай, натушылі мяса ў печы, "смажылі" яечню ў гліняных місках, сыр клінковы, даставалі з бочкі кіслую капусту і салёныя агуркі. І абавязкова - раздача бабулінай кашы.

Кум і кума разам з бабкай адыгрывалі вялікую ролю на радзінах, стараліся выконваць традыцыйныя песні, прыказкі, прымаўкі. Самагонка стаяла ў графінчыку, але пілі яе малавата, застолле заключалася, у асноўным, у ежы і весялосці. Спявалі песні, жартавалі, было шмат смешных гульняў. Выконваліся цікавыя радзінныя песні.

На другі зімні дзень пасля хрэсьбін бабулю Алесю вазілі на санках па ўсёй вуліцы ад выгана да аселіцы. У аглоблі запрагаліся мужчыны, і з песнямі госці суправаджалі смешную працэсію, а вяскоўцы выходілі і віншавалі. Нованароджанаму дарылі падарункі. Кумы да дзіцяці выконвалі патранажныя функцыі. Ужо і потым актыўна дапамагалі бацькам ў палявых работах. На святы і фэсты маліліся ў цэркве, а дома адзначалі святы з хрышчоным Ігарком.

Тата расказаў, як выбралі рэдкае ў Беларусі імя сыну. Сыночка пасля цікавых расповедаў мудрагеліста назвалі: Ігар.

Тата Ваня яшчэ ў бежанстве вучыўся ў расейскай школе, дзе пазнаёміўся са "Словам пра паход Ігаравы". Пасля бежанства ці, мажліва, ужо пры Польшчы, дзядуля Іван Зыдаравіч і цёця Соф'я мелі кнігу "Слова пра паход Ігаравы".

Гэты старажытнарускі твор, з'яўляецца адным з вялікіх эпічных помнікаў рускай літаратуры. Кніга апісвае паход вялікага князя Ігара Святаслававіча ў 1185 годзе на полаўцаў, вайна з якімі насіла характар абароны рускіх зямель ад нашэсця. Нараджэнне хлопчыка Ігара лічыцца шчасцем і Божым дабраслаўленнем.

Тата Ваня пра гэта расказваў, і мы з Ігарам з цікавасцю праштудзіравалі кнігу: "У цэнтры апавядання стаіць князь Ігар, чыя душа імкнецца да подзвігаў і славы. Князь збірае магутнае войска, уключаючы дружыны сваіх братоў, каб стаць на абарону сваёй зямлі ад палавецкіх войскаў. Ён выказвае сваю высакароднасць, патрыятызм і гатоўнасць загінуць за сваю Русь".

Каханоўская Ядвіга Міхайлаўна: "Хачу расказаць пра старэйшую сястру Ірыну. Нарадзілася 15 жніўня 1927 года ў Дроздаве. Хрысцілі ў Мінойтаўскім касцёле, там жа прымала і Першую Камунію Святую. Хрышчоны бацька - малодшы брат бацькі - Станіслаў, працаваў на чыгуначнай станцыі Багданава.

Тварам сястра была падобная на бацьку, але вочы - зеленаватыя. Такога колеру вачэй не было ні ў кога ў нашай сям'і, і валасоў русых, густых. Заплятала тоўстыя косы. Як на старэйшую, на яе рукі клалася самая цяжкая праца ў сям'і.

З 13-ці гадоў яна хадзіла ў заробкі і адпрацоўкі, на жніво. Нароўні з дарослымі жанчынамі і маладзіцамі жала жыта, авёс, пшаніцу. Даставаўся ёй заўсёды ўчастак пацяжэй - палеглы, разоры, а адставаць было нельга, інакш больш не паклічуць жаць. Вось і старалася з усіх сіл. Да апошніх дзён жыцця рубцы на пальцах ад парэзаў сярпом не давалі ёй забыцца пра тую жніўную працу.

А дома!? І дома ёй даставалася цяжкая праца. Круціць жорны, каб малоць збожжа, малаціць снапы, рэзаць сечку, мясіць хлеб на выпечку і г.д. - яна была безадмоўная ў працы.

Было неяк, яна з Браніславам у гумне малоціць цапамі снапы, прыходзіць мама і робіць ім заўвагу, што нешта не так. Брат мог спакойна паставіць цэпланцуг і ў гэты дзень больш не малаціць.

А сястра Рэня, змахнуўшы слязу, праглынуўшы крыўду, працягвала працаваць.Часта прала, вязала, ткала. Усё немагчыма пералічыць.

Я не памятаю выпадку, каб яна лаяла нас, малодшых, непаслухмяных. Ёй была ўласцівая нейкая вялікая ўнутраная культура".

Дзікевіч Мікалай: "Восенню 1939 года пры "Першых Саветах" першы раз у жыцці глядзеў гукавое кіно, якое паказвалі ў вёсцы Дроздава.

Завезлі нас туды на палутарцы. Там, дзе цяпер магазін, паміж дзвюма жэрдкамі быў нацягнуты вялізны экран. На ім дэманстравалі ваенны фільм, назву якога я не запомніў. Аднак памятаю, што было адначасова і цікава, і вусцішна, калі на цябе рухаўся цягнік ці танк."

Дзявятая Вера Іосіфаўна на фота з маці Надзяй (Салаткавай) таксама расказвала: "Памятаю, у Дроздава прывезлі кіно. Паказвалі яго ў канцы вёскі на выгане. Бацькі нас маленькіх, мяне і брата Ваню - не ўзялі. Нам жа было цікава, і мы ўсё ж такі лезлі на плот, каб убачыць, што там адбываецца. Бачылі толькі ўспышкі святла і чулі грукат і страляніну…

Пры Польшчы існавалі толькі грашовыя падаткі, а цяпер увялі савецкія падаткі, якія называліся пастаўкамі: збожжа, мяса, малако, яйкі. Акрамя паставак, якія вызначаліся колькасцю зямлі, быў яшчэ грашовы падатак на нерухомасць, на сад, вуллі, каня і іншую жыўнасць. Гэтыя падаткі сур'ёзна падрывалі аўтарытэт савецкай улады, і аднавяскоўцы часта папракалі майго бацьку Юзафа за яго ранейшыя расказы з дэтэктарнага радыё, што з прыходам савецкай улады мы пазбавімся ад польскага прыгнёту. "З польскага прыгнёту мы патрапілі ў савецкае ярмо, якое нас канчаткова задушыць", - скардзіліся вясковыя мужыкі…"

Кудла Уладзімір Юльянавіч (Юльчыкаў) расказваў: "Пасля абяднання Заходняй Беларусі ў 1940 годзе ў Дроздаве па ініцыятыве Шута Генадзія Сцяпанавіча (1924 г.н.) была створана першая на Лідчыне камсамольская арганізацыя ў складзе: Кудла Уладзімір Канстанцінавіч, Кудла Іван Канстанцінавіч, Кумпяк Віктар Вікенцьевіч, Каханоўскі Браніслаў Міхайлавіч, Курылаў Фёдар Дарафеевіч, Данэйка Леанід Канстанцінавіч, Ненартовіч Вацлаў Пятровіч.

Свае сходы камсамольцы ладзілі адкрыта, пад выглядам вечарынак, з гармонікам і танцамі. Абмяркоўваўся палітычны прыпынак, "Разам мы сіла, а нас раз'ядналі на нейкія хутары", - казаў які-небудзь актывіст КПЗБ. У працэсе сходу камсамольцы спявалі Інтэрнацыянал і іншыя рэвалюцыйныя песні, прывезеныя іх бацькамі з бежанцаў або пранікаўшыя праз кардоны з Савецкага Саюза, як і мноства іншай прасавецкай літаратуры. Я памятаю, як на адзін з такіх сходаў, калі прамаўляліся словы песні: "Там удалечыні каля ракі заблішчалі штыкі - гэта белагвардзейскія цэпі" - зайшоў стараста. Моладзь прыціхла, а ён сказаў: "Вашая песня і так чутна на вуліцы, але павінен вас папярэдзіць, што ўжо падпісаны закон аб забароне такіх сходаў,за што прадугледжана турэмнае зняволенне".

Насельніцтва Заходняй Беларусі, назіраючы гэтую жудасную карціну масавага нашэсця галадаючых "усходнікаў", з трывогай чакала сваёй такой жа долі. Нельга выключыць, што менавіта гэты факт садзейнічаў разгортванню антысавецкага падпольнага руху ў выглядзе т.зв. "лясных братоў" і іншых фарміраванняў. Частка мясцовага насельніцтва, напалоханая калгасамі, актыўна падтрымлівала антысавецкі падпольны рух. Таму савецкі ўрад не спяшаўся адразу пры "Першых Саветах" праводзіць калектывізацыю сельскай гаспадаркі .

Было спачатку паляванне

на ўвесь дзяржаўны апарат.

Каго ў турму, каго ў выгнанне,

але хапалі ўсіх падрад.

І кожны служачы ўлады,

не важна, дзе ён працаваў,

І незалежна ад пасады

чэкістам у лапы патрапляў.

Усе прайшлі праз пастарункі -

паліцыянт або ляснік,

Рабочы, служачы чыгункі,

і землямер, і паштавік.

У красавіку 1940 года арганізаваліся першыя калгасы толькі ў вёсках Сялец і Ганчары. Што такое калгасы і як жывуць калгаснікі, насельніцтва ведала, бо актыўна працавала савецкая прапаганда.

У цэлым, насельніцтва вёскі ў гэты перыяд, "пры Першых Саветах", жыло нядрэнна. У насельніцтва ад працы з'явілася і грошы: мужчыны, акрамя працы на сваёй гаспадарцы, вазілі камяні на рамантаваны Лідскі аэрадром, за што вайскоўцы нядрэнна плацілі. А вось у крамах тавараў не даставала, ды і самыя неабходныя ў гаспадарцы соль, газа, запалкі былі ў дэфіцыце. Сельскае насельніцтва прадукты харчавання не купляла, абыходзілася тым, што было ў сваёй гаспадарцы. У цэлым, хто як працаваў, так і меў. Былі ў вёсцы і моцныя гаспадаркі, але да вайны з Дроздава ніводнага моцнага гаспадара, так званага "кулака", на ўсход не дэпартавалі.

Кучынскі Вячаслаў Мікалаевіч: "Антырэлігійная прапаганда ўтрымлівалася на бальшавіцкай канцэпцыі: "Рэлігія - гэта атрута для народа, яе трэба вырваць з корнем, а калі хто супярэчыць, то і з галавою". Нездарама тады нарадзілася прымаўка: "Гуляй, Ванька, Бога няма". І, трэба сказаць, частка моладзі адвярнулася ад царквы, баялася хадзіць да споведзі, толькі старэйшыя не звярталі ўвагі на намаганні агітатараў.

І ўсё ж аднойчы вера ў атэістычную прапаганду надзвычай пахіснулася.

Гэта было позняй восенню ў першы ж год аб'яднання. Група вайскоўцаў на грузавым аўтамабілі прыехала ў Дроздава, каб даць канцэрт. Народу сабралася шмат. Лётчыкі (яны былі ў такой форме) спявалі, і танцавалі, і байкі расказвалі.

І ў большасці нумароў высмейвалі Бога і папоў. Высмейвалі тонка, з гумарам, і хтосьці клаўся са смеху, хоць старыя людзі набожна хрысціліся і выслізгвалі з хаты…

Канцэрт закончыўся даволі позна, вайскоўцы ўладкаваліся ў грузавік і па шашы падаліся ў горад. А праз некалькі хвілін вёску страсянула жудасная вестка: на дроздаўскім чыгуначным пераездзе, грузавік сутыкнуўся з таварным цягніком, і ўсе да аднаго - сямнаццаць аэрадромшчыкаў - загінулі. Паравозы тады не былі абсталяваны электрасвятлом. У фары ўстанаўліваліся звычайныя газавыя лямпы, святло якія было цяжка адрозніць ад мільгаючых хутарскіх агеньчыкаў, і шафёр іх, відаць, не заўважыў. А па вёсках папаўзлі розныя чуткі: "Дагуляліся, а ўсё ж гаварылі, што Бога няма…"

Па вёсцы прайшла падрыхтоўка да выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў адбыцца 22 кастрычніка 1939 года. З цікавасцю слухалі агітатараў, што гаварылі вяскоўцам пра выбары. Не вельмі зразумелым было слова "галасаваць", а таксама сам працэс галасавання. Але ўсё стала на свае месцы, калі ўбачылі абсталяваныя кабіны для галасавання.

Такім парадкам 24 снежня 1940 года прайшлі выбары ў мясцовыя саветы, і мясцовым дэпутатам выбралі актыўнага Кудлу Канстанціна (Унучкава).

Актыўнасць сялян паступова зменшылася: на выбарчыя ўчасткі ішлі неахвотна, галасавалі за сябе і за жонку. На сходах ўсё часцей чулася слова "кулак" - выбаршчыкаў запалохвалі. Сяляне ўжо ведалі, што такое азначэнне заслужылі ўсе, хто быў добрым гаспадаром, меў некалькі каней і кароў, і наймаў на працу.

Было вядома, як і куды вывозілі тых "кулакоў" з Усходняй Беларусі".

Каханоўская Ядвіга Міхайлаўна: "У памяці ўваскрасае момант, калі тата Міхась і мама Зоня збіраліся ісці на галасаванне, чамусьці ў вёску Канюшаны. Святочна адзяваліся, і з суседзямі, раднёй ехалі на падводзе галасаваць. Я даймала бацькоў пытаннямі: "Ці моцна там трэба крычаць?"

Наша вёска паступова пачала ажываць. Моладзь арганізоўвала "вечарынкі" - танцы. Танцы праходзілі ў дамах, дзе былі прасторныя пакоі з дашчанымі падлогамі: у Курылы Сяргея (у Заецкіх), на вёсцы ў Быстрыцкага Віктара, на хутары ў Сымонкавых. Хлопцы збіралі грошы для музыкантаў і запрашалі іх паіграць. Кідаліся ў танцы і старыя, і малыя. Мы, падлеткі, таўкліся ў двары, спрабавалі танцаваць, як дарослыя, лезлі ў адкрытыя вокны: хацелася бачыць, што творыцца ў хаце. Пасля гарачых полек, мазурак, кракавякаў і кадрыляў, быў перапынак з паўгадзіны. Тады пачыналі спяваць. Былі моцныя і прыгожыя галасы. Спявалі песні даўнейшыя народныя і польскія.

Некалькі фраз адной польскай песні я памятаю:

"Богнэт вымуе, персці пшэбіе,

нех млода пара в гробе спочыва…..

нех людзі знаён, цо то з мілосці".

Дзяўчаты пасля вечарынак прыбіралі памяшканне гаспадара: мылі падлогі, вокны і г.д.

У перыяд Савецкай улады з 1939 па чэрвень 1941 года мне вельмі запомніліся ранішнія паходы мамы ў вёску Ганчары ў тамашні магазін па пакупкі на пай. Я не разумела, што азначае гэты "пай", але мы, асабліва малодшыя дзеці, чакалі яе з нецярплівасцю. Прыносіла яна незвычайна смачныя цукеркі вялікія па памерах і розных прыгожых колераў "падушачкі": жоўтага, блакітнага, ружовага, зялёнага. Усім дзялілі пароўну. А яшчэ памятаецца халва (мы называлі "холма"), садавінная гарбата. Мне здаецца, што ў сваім жыцці я нічога больш смачнага не ела.

Гарбату мы не заварвалі, а елі сухую з пачка. Напэўна, былі і іншыя пакупкі, неабходныя ў гаспадарцы: мыла, газа (у нас былі дзве лямпы) .

Ладзіліся "вячоркі", мама зімой хадзіла на іх з калаўроткам і верацяном, але вельмі рэдка. Больш да нас прыходзілі жанчыны.

Часцей за ўсё я ўспамінаю пасядзелкі ў нашым доме, калі збіраліся за чытаннем кніг. Трое старэйшых дзяцей: брат Браніслаў, сёстры Ірына і Леакадзія, адвучыліся ў польскай, а затым у савецкай школах. Самым адукаваным, канешне, быў старэйшы - Браніслаў. Ён свабодна размаўляў на польскай мове. Зімнімі вечарамі прыходзілі да нас Шуты: дзед Сымон, дзядзькі Кастусь (Ануфрыеў) і Кастусь (Янаў). Прыходзілі яшчэ 2-3 вясковыя дзяды, але іх прозвішчы ўжо не памятаю. Браніслаў браў кнігі, запальваў лямпу і чытаў услых. Былі кнігі і на рускай мове рускіх пісьменнікаў. Часам, ён спыняўся, і дзяды пачыналі ўспамінаць сваё жыццё ў Сібіры. Усе яны ў Першую Сусветную вайну пакідалі сваю вёску Дроздава. Некаторыя жылі ў Омскай вобласці, іншыя ў Чалябінскай. Расказвалі розныя забаўныя, часам цікавыя гісторыі. Магчыма, змест прачытанага наводзіў іх на ўспаміны. Больш за ўсё мне падабалася слухаць "Патоп" Г. Сянкевіча. Кніга была на польскай мове.

Браніслаў часта спыняўся і пачынаў працяглае абмеркаванне прачытанага. Бывала, нават сур'ёзна спрачаліся. Вобразы Глобы і пана Уладыеўскага ўрэзаліся ў маю дзіцячую памяць на ўсё астатняе жыццё. У маладосці хацела сама прачытаць "Патоп", але сустракала толькі на польскай мове. І мая мара збылася толькі ў 80-я гады ХХ-га стагоддзя.

Памятаю, як у доўгія зімнія вечары, тата Міхаіл Феліксавіч, не запальваючы лямпы, чытаў на памяць вершы Лермантава, Пушкіна (аўтараў гэтых вершаў я спазнала толькі ў школе) ці браў скрыпку і іграў прыемныя мелодыі.

У гэтыя годы я не хадзіла па вёсцы. Усё абмяжоўвалася нашымі гумнішчамі, хатамі дзеда Сымона і дзядзькі Сцяпана Шутоў. Да Сцяпанавых мяне браў брат Браніслаў, які з Генам быў "не разлі вада" - разам вучылі ўрокі, разам хадзілі ў школу. А я з Лёням і Вольгай (малодшыя брат і сястра Гены) знаходзілі свае дзіцячыя заняткі".

Марыя Папковіч, 24.12. 1919 г.н., з хутара Жвіркі пасля польскай школы ў Ганчарах пры "Першых Саветах" здатна прадоўжыла навучанне ў Лідскім педвучылішчы на выдатна. Вельмі здатная і творчая натура - Марыя малявала каляравымі фарбамі мужчын і кабет у нацыянальным убранні, а колькі розных кветак і мясцовых краявідаў. Малюнкі былі на выставах у школе, педвучылішчы, царкве (захавалася многа малюнкаў). Марыла стаць настаўніцай і мастачкай. Вышывала, і цяпер стол у бацькоўскай хаце накрыты цудоўным вышытым абрусам, з воўны вязала світары,шкарпэткі...

З успамінаў брата Васіля Канстацінавіча 1908 г.н.: "Пасля 2-га курса летам саракавога года, на канікулах Марыя была ў дзядзькі Касарэўскага ў Ганчарах. З дзяўчатамі шпацыравалі па вуліцы. Тут пад'ехаў на палутарцы знаёмы малады лейтэнант Мікалай, якому яна вельмі падабалася. Хоць яна і адмаўлялася ехаць, ён настаяў падвезці да іхняга хутара. Мажліва, яна стала на падножку кабіны і, калі саскочыла з машыны, то спадніцай зачапілася за нешта, а ён не глянуў і паехаў, працягнуўшы яе па брукаванай дарозе… Людзі, якія сядзелі ў кузаве ўбачылі гэта і закрычалі, застукалі па кабіне. Калі Мікалай выйшаў, то ўбачыў Марыю ў такім стане, што зразумеў: жыць яна не будзе. Дастаў пісталет і застрэліўся. Марыя праляжала тыдзень у Лідзе ў бальніцы і памерла. Пахавана каля Ганчарскай царквы побач з бацькам Канстанцінам (памёр 13.08.39 г.). Яе маці не магла вытрымаць вялікае гора: кожны дзень, як узыдзе сонца, падала на магілку і галасіла на ўсю ваколіцу. Людзі спачувалі іхняму гору і маліліся…"

Дзікевіч Мікалай: "Дзякуючы хутарызацыі за польскім часам нашы палеткі і сенажаці сама прырода прызначыла для гаспадарання. Не помню, каб хтосьці выказваў незадавальненне з жыцця ў гэты час. Наогул, два даваенныя гады сяляне ўспамінаюць, як адзін з лепшых перыядаў у сваім жыцці. Працавалі ахвотна, з асалодай і значна менш, чым раней, але, як цяпер кажуць, больш прадукцыйна.

Змяніўся і рытм працы: поле побач, не трэба везці гной за некалькі кіламетраў, звозіць адтуль зжатае і скошанае. Стала больш вольнага часу. Людзі ажылі, павесялелі. З'явілася больш грошай. Забыліся пра хадакі і трэпы. Саматканае апраналі штодзённа на працу, на святы і ў госці, у царкву мелі лепшае, пашытае з крамнага.

Вясной на святы гаспадар у белай палатнянай кашулі абыходзіў свае ўладанні. Падчас пераходу на хутары палеткі выглядалі рознакаляровымі і няроўнымі. Яшчэ праглядаліся загоны былых гаспадароў, ды і ўраджай быў неаднолькавы. Хапала і пырніку ад дрэннай папярэдняй апрацоўкі зямлі. Аднак хутарызацыя дала магчымасць на любой глебе атрымліваць добры ўраджай, калі ставіцца да яе па-гаспадарску".

З успамінаў таты Вані: "У 1940 годзе і ў пачатку 1941 года пачалася прымусовая калектывізацыя. У суседняй вёсцы Ганчары, дзе было шмат актывістаў КПЗБ, калгас арганізаваўся яшчэ вясной 1940 года. Новыя калгаснікі мелі некаторыя льготы па падатках. Тыя, хто не ўступаў у калгас, абкладаліся вялікімі падаткамі, якія не ішлі ні ў якое параўнанне з польскімі аналагамі.

У 1940 годзе былі ўведзены абавязковыя нормы здачы зерня, бульбы і жывёлы. I хаця займець грошы селяніну можна было толькі так, дзяржава плаціла за гэтыя прадукты вельмі мала. Хутка сяляне зразумелі, што атрыманыя грошы за прадукты не пакрываюць выдаткаў на іх вытворчасць. Сярод вяскоўцаў узнікла незадаволенасць, якая ўзмацнялася патураннем некаторым гаспадарам. Калі заходзіла размова пра калгас, усе аднекваліся, абыходзілі гэтую тэму, мянялі гаворку. Так калгас у вёсцы і не арганізавалі.

Па завядзёнцы людзі шмат працавалі, гадавалі многа жывёлы, крадком гналі самагонку. У Лідзе за яе можна было купіць у знаёмых керзавыя і хромавыя вайсковыя боты і чаравікі, валёнкі, галіфэ, бялізну, шапкі, гімнасцёркі, шынялі і паўкажушкі. У магазінах можна было набыць гатовае адзенне і фабрычныя тканіны. Тоячыся ад улады, краўцы і краўчыхі (іх абкладалі грашовымі падаткамі) па дамоўленасці шылі сялянам розныя паддзёўкі.

Сельскія мужчыны, якія прывыклі бязбоязна лаяць польскі ўрад, пачалі абурацца савецкімі парадкамі, і многія за гэта паплаціліся арыштамі. Органы НКУС садзілі і заахвочвалі даносніцтва.

Дастаткова было задаць нявіннае пытанне, чаму з прыходам савецкай улады апусцелі паліцы ў крамах, каб цябе ў тую ж ноч арыштавалі. Ад ранейшага польскага вальнадумства давялося адмовіцца. І народ прыціх. Сёй-той з жыхароў здолеў схаваць ад супрацоўнікаў НКУС старыя польскія радыёпрыёмнікі і таемна слухаць Лондан .

Гарадзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк так успамінае тыя падзеі. "Я быў ворагам польскага "рэжыму санацыі". Удзельнічаў у камуністычным падполлі. Але калі пры "панах " чалавека арыштоўвалі па палітычным артыкуле, на наступны дзень пра гэта пісалі ва ўсіх газетах. Калі быў працэс над Сяргеем Прытыцкім (дзеяч КПЗБ), то пра працэс усе даведваліся з газет. Уся Польшча штрайкавала.

А што стала пасля верасня 1939 года? У маёй вёсцы Страшава разам з сям'ёй быў арыштаваны дзеяч заходнебеларускага камсамолу Сяргей Лебядзінскі. НКУС знішчыла яго разам са сваякамі. Арыштавалі і іншых камсамольцаў. Калі б гэтыя арышты адбыліся " за польскім часам", уся вёска б узбунтавалася, а тут нічога. Усе баяліся. І за што мы змагаліся?".

Калі ўжо пры "першых Саветах" арыштоўвалі заходнебеларускіх камуністаў і камсамольцаў, то што казаць пра вайскоўцаў Войска Польскага, польскіх паліцэйскіх, супрацоўнікаў польскай адміністрацыі, прысвоіўшы ім назвы"ворагі народа - контррэвалюцыйныя элементы".

У перыяд з 17.09.1939 г. па 22.06.1941 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі было арыштавана 44 981 чалавек. Большасць з гэтых людзей была расстраляна, альбо многіх вывезлі на будоўлі ГУЛАГ-а, тады былі праведзены чатыры хвалі дэпартацый.

Сялян-аднаасобнікаў празмерна прыціснулі нарыхтоўкамі: збожжам, бульбай, мясам, грашовымі падаткамі. Цэрквы і касцёлы забіралі пад склады. (На шчасце Ганчарскаю царкву гэта абмінула).

Да гэтага не знойдзены сумна вядомы "беларускі катынскі спіс", дакумент, які змяшчае прозвішчы каля 4 тысяч польскіх знішчаных грамадзян (у асноўным паліцэйскіх і вайскоўцаў Войска Польскага). Важна разумець, што сярод знішчаных значную колькасць складалі этнічныя беларусы. "Катынская" трагедыя - гэта не толькі боль Польшчы і палякаў. Гэта таксама трагедыя і для беларусаў.

Пераацаніць важнасць 17 верасня 1939 года ў айчыннай гісторыі немагчыма: менавіта ў гэты дзень дзве часткі краіны аб'ядналіся пасля амаль дваццацігадовага раздзялення.

Не будзем адбіраць хлеб у гісторыкаў і палітолагаў і пускацца ў доўгія дыспуты наконт дзеянняў тагачасных уладаў. Лепш пачытаем гэты нарыс, каб даведацца, як змянілася жыццё беларусаў-заходнікаў у бытавым плане пры "Першых Саветах". Усім станавілася ясна, што вайна з Германіяй вось-вось пачнецца, нягледзячы на газетныя запэўніванні ў дружбе з гэтай краінай.

Апошні нумар, № 230, газеты "Уперад" выйшаў 20 чэрвеня 1941 года. Перадавы артыкул яе заклікаў "Мацаваць абаронную работу" - гэта быў яўна запознены заклік.

Ужо ў самым пачатку 41-га насельніцтва, не тоячыся, гаварыла: "Будзе вайна", "Давядзецца ваяваць з немчурой". Ля магазінаў збіраліся вялікія чэргі. Самымі хадавымі таварамі былі соль, запалкі, газа, цукар. У паветры яўна пахла вайной…

Праз гады перыяд гэты,

Саветаў першы раз прыход,

Найменнем "Першыя Саветы"

Адзначыў кемлівы народ.

Маглі саветы значна болей

Народу шкоды нанясці,

Але, напэўна, Божай воляй

Адсюль прышлося ім сысці.

Што ж не дазволіла саветам

Ажыцявіць свой план спаўна?-

У сорак першым годзе летам

Да нас вярнулася вайна.

Выкарыстаная літаратура і дакументы:

- Курцаў А.М. Бежанцы Першай Сусветнай вайны ў Расіі.

- Саматыя В. Праблема бежанцаў у Беларусі ў гады Першай Сусветнай вайны.

- Бежанцы і перасяленцы. (ГАОО). Мн., 1915.

- Зінюк Я. Людзі гінулі напавал. Бежанства 1915 года / Беласток.

- Панфілюк Н. Бежанства ў Сібір. Бежанства 1915 года.

- Казлоўскі А. Бралі нас нарасхват. Бежанства 1915 года. Рэд. В. Луба.

- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). С. 609.

- Кітанінат М. Вайна, хлеб і рэвалюцыя. С. 1985;

- Законы і распараджэнні аб бежанцах. Вып. 1. Мн., 1916.

- Кучко М. Падзеі Першай Сусветнай вайны на беларускіх землях.

- Зайанчкоўскі А. М. Сусветная вайна 1914-1918 гг. М., 1938.


Перапрацаваныя вершы прыводзяцца ў скарачэнні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX