Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Дворышча і Тракелі 


Аўтар: Шымялевіч Міхал,
Дадана: 15-12-2019,
Крыніца: Шымялевіч Міхал. Дворышча і Тракелі // Лідскі летапісец. 2016. №2(74). С. 35-38.



Дворышча і Тракелі [1]

Ордэн езуітаў некалі меў у Рэчы Паспалітай вялікую зямельную маёмасць, сялян, гарадскую нерухомасць і капіталы. На Лідчыне гэты ордэн меў некалькі апорных пунктаў: місію ў Дэмбраве і Ваверцы, а таксама ўласную маёмасць у Дворышчы і Тракелях.

І

Зямельная маёмасць Дворышча знаходзіцца над ракой Жыжмай, за 13 км на поўнач ад горада Ліды і за 11 км на паўночны ўсход ад чыгуначнай станцыі Бастуны. У палове XV ст., у часы Казіміра Ягелончыка, гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад Лідскай воласці і была ўласнасцю дома Вялікіх князёў ВКЛ. У 1520 г. Дворышчам ужо валодаў прыватны ўласнік Юры Ільініч, каралеўскі маршалак, лідскі дзяржаўца. Пасля яго маёмасць перайшла ў рукі ягонаму сыну Шчаснаму Ільінічу, які быў жанаты з Зоф'яй Радзівіл, дачкой Яна Радзіаіла Барадача, троцкага кашталяна. Калі Шчасны Ільніч ў 1540 г. памёр, дык яго адзіны сын Юры быў прыняты на выхаванне сваім дзядзькам Мікалаем Радзівілам Чорным і выхоўваўся ў Нясвіжы са сваімі стрыечнымі баратамі. Потым ён служыў ў аўстрыйскім войску. У 1555 г. імператар Фердынанд ІІ надаў Юрыю Ільінічу тытул графа на Міры. Згодна з попісам войска 1567 г. пан Юры Ільініч ставіў з маёнтка Дворышча ў Лідскім павеце на земскую службу 12 коней і 6 драбаў. Юры Ільініч усынавіў князя Мікалая Крыштафа Радзівіла, свайго стрыечнага брата. 4 траўня 1569 г. дараваў яму ва ўласнасць замак Мір і маёнткі Жухавічы, Дворышча, Зельвак, Чарнаўчыцы і Белую і яшчэ не старым памёр. Гэта быў апошні з магутнага раней роду Ільінічаў. Новы ўладальнік Дворышча князь Мікалай Крыштаф Радзівіл, які меў прыдомак Сіротка, быў вернуты езуітамі ў каталіцызм і моцна хацеў патрымаць іх у справе адкрыцця калегіюма (ўніверсітэта) ў Вільні.

Маёмасць Дворышча з усімі прылеглымі вёскамі, палямі, лугамі, лясамі і іншымі прыналежнасцямі князь Мікалай Крыштаф Радзівіл, выправіўшыся ў пілігрымку ў Святую землю, аддаў у заставу [2] віленскаму біскупу Валяр'яну Пратасевічу, а пасля вяртання з пілігрымкі, 22 жніўня 1577 г. прадаў калегіюму за палову той сумы, якую маёнтак быў варты. 25 жніўня 1578 г. князь Валяр'ян Пратасевіч дараваў і перадаў навечна свае застаўныя правы на Дворышча таму ж калегіюму. Гэты фундуш зацвердзіў кароль Стэфан Баторы 1 красавіка 1579 г.

Дзвесце гадоў Дворышча і Тракелі былі маёмасцю езуітаў, утрымлівалі Віленскую акадэмію і падпарадкоўваліся ўладзе рэктараў, пачынаючы ад Пятра Скаргі. Рэктары стала трымалі тут адміністратараў ці так званых пракурораў, але і самі, асабіста, наведвалі і кантралявалі гаспадарку. Вайна 1654-1660 гг. так знішчыла тут усю маёмасць, што згодна з падлікамі Адама Саковіча, адміністратара літоўскага скарбу, за 1661 г. "Іхмосці айцы езуіты з маёмасці калегіюма Віленскага Дворышча і Тракелі атрымалі грошы толькі з 16 дымоў, якія толькі і засталіся нязнішчанымі ў гэтай велічэзнай маёмасці". У так званым "Шчорсаўскім" рукапісе, які граф Яўстах Тышкевіч надрукаваў у "Лістах аб Швецыі" (1847 г.) ксёндз-езуіт апавядае, што ў часы Паўночнай вайны ў Літве Карлам XII Дворышча было спустошана няспыннымі рабункамі і павінна бало пайсці з дымам (1706 г.), калі б за яго не адкупіліся сотняй чырвоных злотых, які адзін з манахаў спешны прывёз з калегіюма.

Пасля роспуску ордэна езуітаў у 1773 г. гэта маёмасць перайшла Размеркавальнай камісіі, якая прадала яе троцкаму суддзі Міхалу Ромеру з абавязкам выдзялення пэўных квот Адукацыйнай камісіі. Хутка гэтая маёмасць была падзелена паміж арандатарамі другой і трэцяй рукі. Згодна з люстрацыяй 1796 г. Дворышча з фальваркамі Уладзіславовым, Тракелямі і Гуранамі знаходзілася ў дзедзічнай пацэсіі слонімскага земскага пісара Ігнацыя Шукевіча, ад якога Дворышча і Уладзіславова трымала Пузыніна, старасціна шатэрніцкая, а Гурава - Станіслаў Воўк. У тым часе гэта маёмасць абдымала 22 вёскі і мела 224 дымы і 1265 душ. На пачатку XIX ст. часткай гэтай маёмасці валодалі Валадкевічы, потым Дворышчам з Тракелямі валодаў Стэфан Незабытоўскі, наваградскі падкаморы, ад якога іх набыў уладальнік суседніх Геранёнаў стацкі дарадца Войцах Пуслоўскі. Пуслоўскі прадаў Дворышча і Тракелі Антону Наркевічу, капітану польскіх войскаў. Аднак ні Наркевіч, ані яго спадкаемцы не рабілі законныя выплаты Адукацыйнай камісіі і Правячы сенат у 1821 г. вярнуў гэтую маёмасць Пуслоўскаму, які за пакрыццё даўгоў 17 лютага 1822 г. заплаціў Адукацыйнай камісіі 33 817 рублёў срэбрам. Пасля смерці Войцаха Пуслоўскага (у 1833 г.) яго сыны Францішак, Уладзіслаў, Ксаверы, Вандалін прадалі па-езуіцкую маёмасць Дворышча і Тракелі Аляксандру Вольскаму.

Пасля адмены прыгону, па надаўчым акце 27 траўня 1866 г. сялянам маёнткаў Дворышча і Тракелі на выкуп перададзена зямля: вёскі Бянейкі для 9 дымоў, Кабыльнікі - 14, Пашунцы - 8, Юравічы - 4, Суцькі - 4, Гурава - 6, Ючавічы - 4, Міргінцы - 12, Эйтуны - 18, Мігуны - 17, Граблі - 4, Вайтовічы - 7, Шнурэвічы - 4, Папашаны - 3, Дайнава - 10, разам для 124 дымоў - 2 664 дзесяціны 1995 квадратных сажняў, ці 2911 га.

Каля Лідскага гасцінца, уздоўж дарогі да Бянеяк, здаўна стаяла вёска Дворышча ў складзе 14 дымоў, але ў 1859 г. Аляксандр Вольскі перасяліў сялян на пусташ да іншай вёскі, а зямлю, на якой стаяла вёска, уключыў у землі маёнтка.

8 чэрвеня 1865 г. у Дворышчы неспадзявана адміністрацыя Мураўёва пайшла насустрач віленскай дырэкцыі дзяржаўнай маёмасці і цэлы комплекс па-езуіцкай маёмасці - Тракелі, Гурава, Скверні, Уладзіславова і Дворышча з лясамі, лугамі і інш. быў секвестраваны ў дзяржаўны скарб - адабраны ў законнага уласніка Аляксандра Вольскага. Інструкцыя ад 23 ліпеня 1865 г. цалкам адсунула усялякую магчымасць датычнасці асоб польскага паходжання да гэтай маёмасці і аддзяліла Дворышча ад Тракеляў. Грунтуючыся на акце ад 5 лютага 1870 г. міністэрства дзяржаўнай маёмасці перадала Дворышча генерал-ад'ютанту, барону Вільгельму Лівену, чальцу Дзяржаўнай рады. Пасля смерці Лівена, маёмасць перайшла да яго брата Карла Лівена, а ад яго ў 1890 г. - сыну Карла - Мікалаю Лівену. Гэты, апошні, у 1896 г. прадаў Дворышча дзяржаўнаму кантралёру, сенатару Філіпу Перцюшову, які ў сваю чаргу ў 1900 г. прадаў маёнтак Івану Карышову. Пасля Карышова 24 траўня 1906 г. Дворышча з фальваркамі Уладзіславова, Сліжы, Нікадзімаў, Дашкялі і Марысева (разам 1 754 дзесяціны) набыў Сяргей Філіпаў, камергер царскага двара. Пры ім маёнтак быў падзелены, прычым ягоны цэнтр плошчай 302,5 дзесяціны з млынам на рацэ Жыжме ў 1911 г. набыў Аўгуст Амберг.

У Дворышчы, пры Лідскім гасцінцы знаходзяцца даўнія могілкі, дзе стаяла драўляная капліца, якую ў 1591 г. пабудаваў Гарцяс Алябянус, рэктар Віленскага калегіюма. У спісах касцёлаў ад 1669 г. (складзеным пад час біскупства Сапегі) і ад 1744 г. (складзеным пад час біскупства Зянковіча) гэтая капліца запісана як філіял парафіяльнага касцёла ў Тракелях. Пасля зруйнавання яе ў 1770 г. капліцу нанава адбудавалі езуіты. У 1860 г. Аляксандр Вольскі, у той час уладальнік Дворышча, на тым жа месцы пабудаваў новую капліцу ў форме васьмікутніка. 9 траўня 1864 г. ксёндз Канстанцін Сцефановіч, тракельскі пробашч, пахаваў тут памёрлую 7 траўня ў веку 67 гадоў жонку фундатара Станіславу Вольскую (з князёў Мірскіх). Капліцы была высвечана ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і мела яе абраз у срэбных шатах старажытнай работы. Штогод, 8 верасня пры вялікай колькасці народу тут адбываецца набажэнства.

ІІ

Маёнтак Тракелі знаходзіцца за 17 км на паўночны ўсход ад горада Ліды на вышыні 211 м над узроўнем мора. Першы ўспамін пра Тракелі знаходзіцца ў лісце князя Жыгімонта Кейстутавіча, якім ён у 1433 г. пацвердзіў Яну Гаштольду маёмаснае права на цэлы шэраг розных двароў і вёсак, у тым ліку Новага Двара і Тракеляў. Маёмасць Гаштольдаў пасля смерці астатняга ў родзе - Станіслава Гаштольда, віленскага ваяводы, па тагачасным праве адышла да караля Жыгімонта І, які ў 1543 г. дараваў яе каралевічу Жыгімонту Аўгусту.

Мы нічога не ведаем пра лёс Тракеляў ажно да канца XVI ст. Калі ў Дворышчах аселі езуіты, дык яны абмянялі Шырвінты, якія ім належалі, на Тракелі, і 23 лютага 1585 г. кароль Стэфан Баторы сваім прывілеем надаў Тракелям усе дабрадзействы і палёгкі, якімі карысталася духоўная маёмасць. З таго часу Тракелі стваралі адзіны гаспадарчы комплекс з Дворышчам і іншымі гаспадарчымі аб'ектамі і капіталамі і з'яўляліся багатай крыніцай для ўтрымання Віленскай акадэміі, якую ўтрымлівалі езуіты. Агульная плошча гэтых уладанняў дасягала 10 000 га і ў XVII-XVIII ст. на поўначы і ўсходзе межавала з маёнткамі артылерыіі ВКЛ Геранёнамі і Ліпнішкамі, на поўдні з маёмасцю Віленскага біскупства Дуброўняй, на захадзе з маёмасцю радзівілаўскіх Жырмунаў і дробнымі шляхецкімі засценкамі. Дворышча і Тракелі, як і іншыя маёнткі, з даўніх часоў былі заселены падданымі сялянамі "на службах", якія аднаасобна ці разам з іншымі сялянамі апрацоўвалі зямельныя ўчасткі розных памераў, плацілі рознага кшталту падаткі і выконвалі розныя павіннасці для ўладароў зямлі. Валочная рэформа - падзел зямлі на аднолькавыя па памерах дзялкі ці так званыя валокі і раздача гэтых дзялак падданым з устанаўленнем павіннасцяў і падаткаў ад валокі, а таксама забудова вёсак на вызначанай зямлі, праведзена ў Дворышчы ў часы князя Мікалая Радзівіла каля 1570 г., а ў Тракелях - ужо ў часы езуітаў, каля 1590 г.

Згодна з інструкцыяй ад 23 ліпеня 1865 г. Тракелі былі аддзелены ад Дворышча як "маёмасць памерам 3 168 дзесяцін" (3456 га) і выстаўлены на продаж. 12 студзеня 1870 г. адбыўся царскі дазвол на продаж Тракеляў Аляксандру Нікіціну, начальніку штаба Віленскай вайсковай акругі, а потым камандзіру 2-га корпуса. Акт продажу складзены 5 лютага таго ж года на суму 25 804 рублі - 8 рублёў за дзесяціну. Нікіцін валодаў Тракелямі нядоўга і 20 траўня 1875 г. прадаў маёнтак інжынеру Канстанціну Міхайлоўскаму, дзеячу "абрусення" за 73 500 рублёў (згодна з народнымі размовамі - праіграў у карты). 27 чэрвеня 1877 г. Міхайлоўскі прадаў Тракелі Марыі Языкавай. Пасля яе смерці, згодна з тастамантам, зацверджаным 26 студзеня 1883 г., маёнтак успадкаваў яе муж, вайсковы інжынер, палкоўнік Мікалай Языкаў, камандзір 1-га чыгуначана батальёна ў Слоніме. Языкаў паўторна ажаніўся з сястрой сваёй першай жонкі Юліяй Варанец, якая пасля смерці мужа стала гаспадыняй Тракеляў на падставе тастаманту, зацверджанага Акруговым судом у Вільні 24 верасня 1892 г. Юлія Языкава паўторна выйшла замуж за Уладзіміра Пурцаладзе, грузіна, асабістага сакратара міністра юстыцыі Мураўёва. Пурцаладзе памёр у 1896 г., а Языкава валодала маёнткам да сваёй смерці ў 1923 г.

Лічыцца, што парафільяны касцёл у Тракелях закладзены ў 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. Аднак Марцін Гаштольд быў толькі троцкім ваявадам і памёр у 1483 г., ягоны сын Ольбрыхт Гаштольд быў віленскім ваяводам у 1522-1539 гг. і таму, гледзячы на гэтую інфармацыю, дата заснавання касцёла застаецца пад пытаннем.

Рэктар Віленскай акадэміі ксёндз Гарцяс Алябянус, жадаючы дапамагчы збавенню душ сваіх сялян як у Дворышчах, так і Тракелях, з дазволу генерала ордэна, вызначыў фундуш для плябані ў Тракелях - вёску Мейлуны з шасцю чалавекамі і па тры грошы з хаты маёнтка Дворышча, аб чым 1 траўня 1591 г. у Вільні быў напісаны адпаведны акт.

У часы нашэсця маскоўскіх войскаў у 1655-1659 гг. тракельскі касцёл быў знішчаны і адбудаваны езуітамі каля 1674 г., а ў 1687 г. (?) высвечаны віленскім біскупам-суфраганам Уладзіславам Сільніцкім. У 1758 г. езуіты, верагодна, пасля пажару касцёла зноў адбудавалі яго і высвецілі пад тытулам Visitationis Beatae Mariae Virginis. Сучасны драўляны касцёл пабудаваў у 1809 г. Стэфан Незабытоўскі. Грунтоўна яго рэстаўраваў адміністратар Тракелькай парафіі ксёндз Юзаф Сідорскі ў 1866 г. Згодна з даўняй мерай, касцёл мае 30 аршынаў даўжыні і 14 аршынаў шырыні.

У касцёле за вялікім алтаром, пры тыльнай сцяне ёсць іншы алтар з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, які здаўна слыве вялікімі ласкамі. У адным старым дакуменце ад 1644 г. перададзеным мне Міхалам Сулкоўскім з маёнтка Жыжма, на апошнім, вольным баку аркуша знайшоў напісаны характэрным для паловы XVIII ст. почыркам гімн, які калісьці спявалі ў гонар гэтага абраза:

Скалечаных і нявечных лечыш ты цела,

Здаровымі іх робіш. Шмат сведчаць Тракелі,

Што ласкаў цуды Твае спазнаюць

І фавары з неба маюць

З Тваёй прычыны.


Хто ў сваіх просьбах горнецца да Цябе,

Аб ратунку просячы ў патрэбе,

Атрымае, чаго просіць,

Без адкладу. Ты прыносіш,

Чаго хто прагне.


І хто калі цуды вылічыць Твае можа,

Пра якія сам ведаеш лепш за ўсіх, Божа!

Бо праўда, што дзень, што гадзіна

Абвяшчаецца тут навіна

Пра ласкі Твае.

Дата "Год 1769".

Пасля пажару касцёла, як пра тое сведчыць візіта 1782 г., гэты абраз быў знойдзены на пажарышчы цэлы і непашкоджаны. У 1782 г. абраз быў наклеены на новае палатно. Згодна са старымі інвентарамі, абраз быў устаўлены ў драўляную раму і закрыты металічнымі пасрэбранымі шатамі, а ўверсе пазалочаны і ўпрыгожаны трымя каронамі. Таксама абраз упрыгожваюць восемдзесят "так званых камянёў" і некалькі дзясяткаў вотаў. Штогод, 2 ліпеня, у свята З'яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі, тут адбываецца слынны на ўвесь павет кірмаш "Тракелянка", на які прыбываюць з блізкіх і дальніх парафій некалькі тысяч чалавек. Другі кірмаш прыпадае на 7 жніўня, на дзень апекуна вучнёўскай моладзі Св. Каятана, алтар якога да нашага часу ёсць жывой памяццю аб прыналежнасці Тракеляў да слаўнай акадэміі езуітаў, прабабкі сучаснага ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

Каля касцёла, на могілках, знаходзіцца мураваная пахавальня-капліца роду Шукевічаў. Надпіс на мармуровай пліце над уваходам ў яе: "Дом вечнага адпачынку Вяльможанай Ягамосьці пісаровай зем. Слонім. Памерла 1803 года 16 красавіка: "Лепш ісці ў дом жалобны, чым у дом святочны, бо ў ім ёсць канец усіх людзей, а чалавек, які жыве, думае, што будзе потым: Экл. 7 раздзел". Капліца закрытая ў 1870 г.

Дварышчанская капліца - філія Тракельскага касцёла. Таксама мелася капліца ў маёнтку Гімбуты, пабудаваная ўладальнікам маёнтка, прэзідэнтам лідскага земскага суда Адамам Барымоўскім і высвечаная віленскім біскупам Ігнацыем Масальскім у 1782 г. Урад закрыў капліцу ў 1870 г., і праз нейкі час яна была знішчана.

У архіве тракельскага касцёла захоўваюцца метрычныя кнігі: хростаў з 1680 г., шлюбаў з 1678 г., памерлых з 1776 г.

Пры касцёле з даўніх часоў, згодна з прынятым звычаем, за ахвяраванні ўтрымліваўся дабрачынны прытулак для старых і школа для дзяцей, у школе звыкла выкладаў арганіст. У школе дзеці вучыліся пісьму і чытанню: у 1777 г. - 4-ра сялянскіх дзяцей, у 1782 г. - 2-е дзяцей шляхты і 4-ра сялян, у 1797 г. - 3 чалавекі, у 1798, 1804, 1805 гг. - па адным. Недзяржаўнае легальнае навучанне дзяцей арганістам пратрымалася да 1865 г., потым навучанне працягвалася ўжо як "тайнае", з пэўнымі засцярогамі.

Тракельская парафія ў 1842 г. межавала з парафіямі Германішскай, Геранёнскай, Ліпнішскай, якія ўваходзілі ў склад Ашмянскага павета, праз раку Жыжму - з Лідскай і Жырмунскай парафіямі Лідскага павета. З таго часу змянілася мяжа і зажыжмянская тэрыторыя стала таксама Лідскім паветам. У спісе касцёлаў ад 1669 г. Тракелі і Дворышча належалі да Радунскага дэканату, а ў 1842 г. былі далучаны да Лідскага дэканату. У 1781 г. Тракельская парафія калічвала 2 814 душ, а ў 1896 г. - 4 288.

Маёмасць тракельскага касцёла, гэта значыць зямля плябані і вёска Мейлуны ў 1842 г. была прынята ў дзяржаўны скарб і потым прададзены свецкай асобе. У 1850 г. гэтая маёмасць уваходзіла ў склад дзяржаўнага маёнтка Дзевянішкі Ашмянскага павета, была праведзена "люстрацыя", гэта значыць сяляне пераведзены на чынш і ўключаны ў склад Дзевянішскай грамады скарбовых сялян. У 1854 г. частка былой зямлі плябані, а менавіта каля 48 дзесяцін, вернута тракельскаму пробашчу, а рэшта, каля 30 дзесяцін, перададзена за чынш сялянам, потым гэтая зямля пайшла сялянам за выкуп. Пры аб'яднанні ў 1866 г. інстытуцый скарбовых і прыватных сялян, увесь гэты абшар былых касцельных зямель разам з Мейлунамі застаўся ў межах Ашмянскага павету. А астатняя частка былых зямель Тракеляў і Дворышча сталася часткай Жырмунскай гміны. Адсюль паўстала так званая "Тракелькая" шахаўніца двух паветаў і дзвюх гмін, якая існавала да 1915 г.

Зараз каля касцёла існуе невялікая вёска Тракелі з некалькіх дзясяткаў дамоў, якія пабудаваны на былой касцельнай зямлі. У Тракелях каля касцёла здаўна існавала карчма - частка тракелькага маёнтка. Карчма была зруйнавана пры канцы XVIII ст. У 1808 г. Стэфан Незабытоўскі пачаў будаваць новую карчму, але тракельскі пробашч - смаленскі канонік, ксёндз Ян Даўкша пачаў пратэставаць, бо лічыў што гэтая карчма стаіць на землях касцёла. Аднак справа да суда не дайшла, і ксёндз Даўкша ўступіў гэтую зямлю, а Незабытоўскі абавязваўся адрамантаваць касцёл і плаціць штогод пробашчу 700 злотых, акрамя таго аплочваць 10 вартаўнікоў падчас кірмашу, даваць пробашчу 2 бочкі жыта, 2 гарнцы віна, 2 гарнцы гарэлкі і кадушку масла. Дамова была падпісана 17 траўня 1808 г., Незабытоўскі адрамантаваў касцёл і да 1810 г. цалкам выконваў дамову, так што пробашч не меў ніякіх заўваг. Толькі, калі праз суд Віленска-Літоўскай губерні маёнткі Дворышча і Тракелі былі вернуты пані Валадкевіч, 11 красавіка 1811 г. Незабытоўскі разарваў дамову, а карчму перадаў пробашчу. У 1897-1915 гг. тут працавала скарбовая манаполька па продажы гарэлкі.

Бліжэйшыя народныя школы былі: у Пераганцах - 8 км, Ліпнішках - 10 км, Лідзе - 17 км, Жырмунах - 10 км.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Szymielewicz Michal. Dworzyszcze i Trokiele // Ziemia Lidzka. 1939. №3. S. 82-91.

[2] Від арэнды - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX