№ 5. Пачатак ХХ стагоддзя, Першая сусветная вайна і яе след у гісторыі Дварышчанскага краю
ХХ стагоддзя Дварышчанскі край быў у складзе Расійскай імперыі. Тыя гады былі, напэўна, лепшымі, бо ў мірны час добра жылі вяскоўцы, радзілі дзетак, вялі гаспадаркі з добрымі ўраджаямі, ад жыўнасці хапала яды і нават для прадажу на грошы, у мясцовых лясах - грыбы і ягады, а ў рацэ Жыжма - рыба, магчымасць уладкаваца на працу ў пана.
Галоўным ідэолагам і арганізатарам пераўтварэнняў у аграрным сектары выступіў Пётр Сталыпін, які ў 1902-1903 гг. займаў пасаду Гарадзенскага губернатара, а з 1906 г. стаў міністрам унутраных спраў і адначасова Старшынём Савета Міністраў Расійскай імперыі.
У тыя гады фальварак Дворышча ўяўляў сабой частку феадальнага валодання, дзе самастойна вялася панская гаспадарка. Складаўся фальварак з двара з комплексам жылых і гаспадарчых пабудоў і зямельнага ўчастка.
Яшчэ раней панскі гаспадарчы комплекс фальварка набыў рысы сядзібнага. Быў пабудаваны драўляны палац на каменным падмурку з трох флігеляў, з дзвюма цаглянымі вежамі - трохпавярховай і чатырохпавярховай, дзе з сям'ёй пачаў жыць уладальнік маёнтка з 1911 года, латыш па нацыянальнасці Аўгуст Амберг.
Ад ранейшых гаспадароў тады засталіся два жылыя драўляныя дамы: васьміпакаёвы, крыты дранкай, і пяціпакаёвы, крыты саломай, дзе жылі так патрэбныя ў гаспадарцы работнікі.
Філіпавы пабудавалі ў Дворышчы вадзяны каменны турбінны млын, двухпавярховы, прамавугольны, складзена з валуноў на вапнавым растворы, толькі франтоны выкладзены з цэглы, падмурак абапіраўся на дубовыя палі.
Дах двухсхільны, чарапічны. Частку першага паверха займаў тартак (лесапільня) з цыркуляркаю, унізе дынама давала святло. Над уваходам у млын на сцяне вісела жалезная табліца "Застрахавана ў 1888 г. Паўночным таварыствам".
Гойдзь Лілея выдала фатакартку свайго прадзеда Гойдзя Марціна і ўспаміны бацькі Аляксандра, як Марцін удзельнічаў у будоўлі млына.
Па палетках збіралі даволі цяжкія валуны і па некалькі мужчын грузілі на калёсы. Падвёзшы і скінуўшы каля фундамента, даволі цяжка абчэсвалі бакавіны і на растворы ўкладвалі ў сцяну.
Для дзейнасці млына была ўтворана цэлая водная сістэма. Плаціну, што на павароце насупраць Сушынскіх, перакрывалі заставай, назапашвалі ваду, далей па водным канале падавалі на вадасховішча перад млыном, і назапашаная вада круціла турбіну, а далей адпрацаваная вада ішла ў сажалку і вярталася ў Жыжму. Вінда (ліфт) на другі паверх падымала па 6-7 пудоў збожжа. Калі здымалі мяшкі, пад уласным цяжарам платформа апускалася ўніз.
У жорнах круціліся вялікія камяні, і са збожжа першы памол аддавалі на корм жывёле. Далей больш за ўсё малолі муку на хлеб і рабілі ячменныя крупы. Харошыя вальцы з-за мяжы з тонкімі сітамі выраблялі пытляваную муку для караваяў. Былі завозы збажыны па тыдні. Людзі сядзелі ў калейцы.
Па ўспамінах старажылаў хатка для мельнікаў была пабудавана толькі на пару гадоў пазней за млын і размяшчалася недалёка ад млына пры беразе рэчкі. Домік пабудаваны ў зрубнай тэхніцы. Падмурак - валуны, выкладзеныя па перыметры хаткі, на якія пакладзены першы вянок бярвення. Двухсхільны дах пакрыты саломаю з усечаным франтонам.
P.S. Там больш за пяць дзесяткаў гадоў у старэнькай хаце жыў мельнік Тумілевіч Станіслаў з жонкаю Зосяю і сынам Стасем.
У 1970 годзе, калі мяне, Віктара Кудлу, прыслалі галоўным заатэхнікам саўгаса, на кватэру давялося пайсці да іх на два гады. І ўжо ў 80-ых Тумілевічам выдзелілі пабудаваны цагляны домік, а стогадовую трухлявую хатку мельнікаў давялося разабраць.
Пабудаваны свіран з сутарэннямі на каменным падмурку з сасновага дрэва, тады быў пакрыты саломай. У ім дзверы на жалезных завесах і гаках з вісячымі замкамі. Унутры падлога і сталяванне з дошак, па ўсёй даўжыні многа засекаў, дзе засыпалася ачышчанае арфаю збожжа. Пасярэдзіне, каля сцяны драўляная лесвіца вяла на гарышча, там рассыпалася зерне для сушкі. Там жа па канцах вокны са шклом. Пад свіранам склеп з каменнымі сценамі, некалькі акенцаў з жалезнымі кратамі. Там раскладвалі ў буртах бульбу, гародніну, а каб зберагчы, уцяплялі саломай, дзверы замыкаліся навясным замком.
Дарэчы, пры дарозе меўся мураваны бровар са свіранам для вырабу гарэлкі. Пабудаваны ў іншыя гады з бутавага каменню і цэглы, страха з сасновага дрэва, пакрыты дранкаю, сталяванне з дошак, падлога бітая з гліны. Быў у дзеянні, спачатку на саладоўні дражджавалі жытнюю муку, а потым па ўстаноўленнай тэхналогіі рабілася гарэлка і разлівалася ў посуд. Для продажу гарэлкі ў маёнтку была мураваная карчма, прадавалі таксама і ў іншых пасёлках і мелі добрую выручку.
У 1896 годзе пабудаваны бульбяна-крухмальны завод, і ў тыя гады ён працаваў эффектыўна. Амберг павялічыў палеткі пад бульбу, вырошчваў добрыя сарты з граматным агранамічным доглядам. На пасадку буль бы (на фатакартцы) і копку наймаў сялян і добра плаціў, бо перапрацаваная бульба давала многа крухмалу, які прадаваўся па ўсёй Віленскай губерні. А для сваёй жывёлы быў добры корм з адходаў.
На сёння вядома не толькі дата будаўніцтва крухмальнага завода. На фатакартцы дварышчанскі старажыл Хутны Франц, які многа напісаў пра гісторыю роднай мясцовасці і знайшоў на сцяне дату пабудаванага ў 1898 годзе хлява для кароў і свіней з бутавага каменю, пакрытага саломай. Побач прыбудавана стайня з сасновага дрэва на каменным падмурку. Яна падзялялася на дзве паловы - у адной валы для ворыва, у другой - коні для баранавання.
На сенавал завозілі сена і сячкарняй з конным прывадам рэзалі сечку для жывёлы.
А ў вялікім драўляным гумне па тарпяках укладвалі снапы збожжа і восенню коннымі малатарнямі вымалочвалі зерне.
Веялі ручною арфаю некалькі парабкаў на змену. Частку зерня - насенне - перавозілі ў свіран, астатняе ішло на размол у млыне. Мякінку дабаўлялі пры варцы бульбы для свіней.
У маёнтку было таксама многа кароў, з малака ў сыравальні рабілі сыр, масла.
А з цяляціны і свініны ў будынку для ванджэння рабілі каўбасы, ялавічыну і захоўвалі ў лядоўні.
Некалькі сем'яў дварышчанскіях вяскоўцаў жылі ў курных хатах , дзе печы без коміна і дым ішоў пад сталяванне, далей выходзіў праз дзверы і вокны. У залежнасці ад маёмаснага становішча гаспадара падлога была гліняным токам, ці драўлянай з плах. Вокны былі невялікімі, і іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, хтосьці прамасленай паперай і вельмі рэдка шклом.
На фатакартцы тых часоў зруб хаты з прызбаю. Побач прыбудоўка-дрывотня-паветка для дроў. Пры студні журавель калодзежны з каромыслам..
Фальварак заставаўся асноўным месцам працы для жыхароў навакольных вёсак. Людзі хадзілі да Аўгуста на працу на крухмальны завод, млын, бровар..
Пан Амберг актыўна вёў гаспадарку, быў багаты, сядзіба шыкоўная, не быў злы, не катаваў сялян, якія працавалі ў яго па 12-14 гадзін у дзень. Улетку жанчынам ён плаціў пудам жыта і 0,5 кг сметанковага масла. Узімку плаціў грашыма. Старажылы распавядалі, што пан вёў назіранні за палявымі работамі з верху жыллёвай вежы.
Згодна са сталыпінскай рэформай асноўныя магчымасці росту ўраджайнасці заключаліся ва ўжыванні замест састарэлага трохполля, развітых да 11-польных севазваротаў. Да збожжавых культур дадаваліся бульба, сеяныя травы, лён, цукровыя буракі. Павялічвалася колькасць аперацый па апрацоўцы зямлі, уводзіліся травасеянне, сартаванне насення, прымяненне штучных угнаенняў, павелічэнне колькасці жывёлы ў гаспадарках.
Панскія глебы былі супяшчаныя, камяністыя з гліністай падглебаю, адносна ўраджайныя пасевы ўсіх гатункаў азімага і яравога хлеба пры ўгнаенні. Звычайна на адну дзесяціну пад азімы пасеў вывозілася многа аднаконных фур гною. Праца не вельмі ахайная, не вельмі пахучая, але затое яна важней за многія і складае першую справу: "Гной кладзём густа, каб потым у свірне, не было пуста…"
На панскім двары меліся і выкарыстоўваліся ў гаспадарцы: вазы на жалезных восях, брычка з акаванымі коламі, па снезе сані простыя, дышловыя.
Закупілі жалезную сеялку прускага вырабу на двух кованых колах. Палявыя работы - баранаванне - выконвалі коньмі запрэжаная хамутамі з драўлянымі баронамі.
Плугі аднастайныя з жалезнымі сашнікамі, рыдлёўкі для саджання агароду, матычкі для адсыпкі бульбы жалезныя з драўлянымі ручкамі.
Але шмат транспартных работ выконвалі коньмі, запрэжанымі ў калёсы, а зімой у сані. Мужчынам даводзілася на забалочаных лугах касіць сенакос, а на жаночыя плечы клалася праца па зграбанні сена і ўкладцы ў копы.
А яшчэ абшарнік заняўся вырошчваннем льну. Прывучыў парабкаў праполваць лён, як толькі падрасце. Пад восень вырыванне льну, вымалат льнасем'я, расціл для вылежвання, падборка. Потым у сушні з печчу лён раскладвалі на жэрдках каля столі, напальвалі печ і высушвалі. Жанчыны ўвесь дзень на церніцах і трапашках церлі і трапалі лён, аддзялялася кастрыца ад валакна (на фатаграфіі).
Многа валакна прымянялася для вязання вяровак, так патрэбных у гаспадарцы і сялянам, і на продаж. Прадавалі льняное сем'е і валакно. Часткай пакулля (кудзеляй) уцяплялі свіран, падвал. Зімовымі днямі жанчыны пралі ніткі, на кроснах ткалі кужаль і зрэб'е, шылі дзяругі, мяшкі.
Асноўнымі напрамкамі сталыпінскай аграрнай рэформы былі: перадача надзельных зямель ва ўласнасць сялян, шырокае крэдытаванне сялян, скупка абшарніцкіх зямель для перапродажу сялянам на льготных умовах, землеўпарадкаванне, якое дазваляла аптымізаваць сялянскую гаспадарку за кошт ліквідацыі цераспалосіцы.
Дзякуючы сталыпінскай аграрнай рэформе былі створаны хутары і вёскі, якія пераважна змаглі наладзіць эффектыўную працу і з'яўляліся ўзорам гаспадарання.
Такім мерапрыемствам была перадача ва ўласнасць сялян казённых зямель, а эканамічнымі метадамі прымушалі абшарнікаў прадаваць сваю зямлю сялянам.
Піута Андрэй запісаў: "У тыя гады перасяліліся многія сем'і на Дварышчанскі край з розных месц Лідчыны на новыя выдзеленыя землі, і вёскі атрымалі назвы Гімбуты казённыя і Гімбуты панскія.
Тады раскуплялі панскую зямлю каля ракі Жыжмы ў Амберга: Рубелі, Вільбікі з Доўкняў, Міхайловічы з Татарцаў, Марцінкевічы са Сцеркава, Капачэлі, Борысы, Касцюшкі, Рубялі, Здончыкі з розных вёсак.
Дзяркач з-пад Ліды выкупіў 20 дзесяцін,стаў вельмі багатым, выіграў у Амерыцы вялікую суму.
Каля лесу да хутара Вароніхі казна (дзяржава) выдзяляла зямлю за банкаўскі крэдыт, і стала вёска Гімбуты казённыя, дзе жылі Ачкевічы, Федаровічы, Мужчынкі, Жылюкі, Вінчы з Белькавіч, Варона з Такароў - прыйшоў у прымы, Хадыкі з Няцечы, Піуты з Раманоў, Яскелі з Бянеяк".
Лясы знаходзіліся ў распараджэнні абшарніка. На пабудову і папраўку будынкаў пан са сваіх лясоў адпускаў сялянам бярвенні і жэрдкі па меры патрэбы.
Усім хутаранам давялося актыўна засяліцца на выдзеленай зямлі.
Тыя, якія прыехалі, забраўшы бацькоў, перавезлі іхнія хаты і адрамантавалі, размясцілі хлявы, хтосьці свірны, ці гумны і адрыны.
Многія новыя хаты на хутарах пабудавалі значна палепшанай планіроўкі: сцены вянкамі з абчэсанах бярвенняў, накрывалі кулявой саломай і некаторыя дранкаю, вокны майстравалі з дубэльтамі, у хаце - спальня, кухня, сені, камора. На ацяпленне хаты ўзімку сяляне секлі хмызнякі, якія раслі ў межах паселішчаў. Бацька, Піута Ян (Яська) Усцінавіч, быў праваслаўным. У маладосці жыў з бацькамі ў Раманах, закончыў некалькі класаў у Тракелях. Акрамя ўдзелу ў бацькоўскай гаспадарцы быў краўцом, шыў кажухі, бурносы, марынаркі, галіфэ для сябе і вяскоўцам, а таксама працаўнікам Амберга.
Звярнуўшыся да кіраўніцтва Лідскага павета праз крэдытаванне атрымаў зямельку. Запрасіў мясцовых будаўнікоў, і адбудавалі даміну, больш прывабную, на каменным фундаменце з ганкам, ашалёваным да сярэдзіны сцяны, з чатырма стойкамі і дзвюма лаўкамі.
Вось у гэтай хаце, пабудаванай яшчэ бацькам Янам Піутам, Андрэй (выдаў гэтую фатаграфію) пражыў польскі час, першых саветаў, акупацыю немцамі, аднаасобніцтва і калектывізацыю. Дзесьці ў 50-х гадах жаніўся з Цэзарыяй і перайшоў у прымы, а закінутая хаціна яшчэ доўга трымалася…
У балоцістай даліне каля карчмы, пан Аўгуст задзейнічаў многа людзей, высеклі кусты, уручную рыдлёўкамі грузілі торф і коньмі на падводах вывозілі на палеткі, за працу добра зараблялі. Праз некалікі месяцаў ачысцілі і павялічылі сажалку, дзе потым развялася рыба.
Альшэўскі Франак расказваў, як яго дзяды і бацькі жылі на выдзеленым хутары з некалькімі дзесянцінамі ворнай зямлі і выкапанай у далінцы сажалкай (на фатакартцы).
"Хату пабудавалі з выдзеленых Амбергам лесаматэрыялаў.
За гэта па тры дні на тыдзень працавалі ў пана на розных работах, летам пасвілі кароў галандскай пароды, потым у зімнія месяцы кармілі ў кароўніку. У святлейшай і чысцейшай хаце жылі вялікай сям'ёй.
Падзялілі яе папалам, разгарадзілі шафай і сцяной з дошак і лёгкімі дзвярыма. У спальні стаялі два ложкі з самаробнымі матрацамі. Ацяплялі зімой печкаю, змайстраванай з кафлі. Пакой-залу абставілі доўгімі лавамі, каля стала, паставілі зэдлікі. Для сваёй гаспадаркі мелі каня і жарэбчыка, некалькі кароў, свіней і нават авечак".
P.S. Як камбайнёру, Франку і жонцы-бухгалтару Яніне з сям'ёй выдзелілі кватэру. Хатка захавалася і цяпер стаіць.
Расказвае Мікавоз Алёна: "Наша вёска Эйтуны ўзнікла даўно. Як і ўсюды, людзі адбывалі паншчыну: апрацоўвалі панскую зямлю, збіралі ўраджай, малацілі збожжа і звозілі яго ў панскія свірны. Паны жорстка каралі людзей за розныя нязначныя правіннасці. Напрыклад, калі селянін вазіў гной, ён не меў права сесці на воз. А калі ж ён сядзеў, то па загадзе пана яго білі бізунамі. Гной скідваўся з вазоў, сахарамі раскідваўся па палі. "Гной адвязём, тады і хлеб прывязём".
Людзі працавалі тры дні на сябе і тры дні на пана. На работу да пана тады ўжо наймаліся беззямельныя або малазямельныя людзі. Пан наймаў сабе слуг і работнікаў і плаціў ім за работу збожжам або часткова грашыма.
У некаторых дамавітых вяскоўцаў хатка вычышчана, стараецца здавацца ахайнаю, сцены патынкованы, вокны шкляныя, вельмі падобныя, вонкавым выглядам так, як на фатакартцы.
Некаторыя жыхары нашай вёскі мелі хаты, вядома, з бярвення, ад часу пачарнелыя. Большая частка хат крыта тым матэрыялам, на які ў вёсках і кошту няма. Матэрыял гэты - кулі азімай саломы пасля абмалочанага хлеба, прывязаныя лазовымі пруткамі да вельмі тонкіх жардзінак. Іншыя гатункі сюды не падыходзяць.Таму што аўсяная або яравая салома тонкая, дробна пасечаная ў сечку ідзе на корм быдлу.
Жытняя салома служыць страхой многа год, пакуль не рацягаюць яе вятры. Яна служыць гаспадару свайму, прыкрываючы яго ўбоства і адлюстроўваючы яго галечу, цэлыя дзесяткі гадоў. З-за саломы селяніну не трэба было купляць ні бляхі, якая ў той час вельмі дорагая, ні дошак, ні дранкі.
У самых бедных сялян курныя хаціны і хлявы з сасновага дрэва сышлі ў зямлю. Стрэхі запушчаныя, абламаныя і неахайныя, месцамі спаўзлі, месцамі праваліліся, асабліва крытыя так званаю дранню і аполкамі, коміны драўляныя, абгрызеныя і абкурадымленыя, акенцы пакрывіліся, дзверы на баку і, адчыненыя вонкі.
На вугле хлява прытулена драўляная барана і конская саха з дышлам. Для знаёмства стаяць гаспадар з жонкаю,сынам і дочкаю ў святочным адзенні…
У далёкія годы былі гаспадаркі дробнаўласніцкія, надзелы кожнай гаспадаркі аддзяляліся межамі. Напрыклад, у майго прадзядулі ў сям'і было 9 душ, а зямельны надзел быў прыблізна 6 дзесяцін. Цягнуліся вузенькія палоскі ад вёскі аж да самых Тракеляў.
Зямлю тады араў іхні сын сахою на добрым кані. Так жылі і пацавалі многія аднавяскоўцы".
Вёскі ўзнікалі пры панскіх дварах, калі колькасць работнікаў, патрэбных для апрацоўкі зямель двара, пачынала перавышаць колькасць, якую можна было непасрэдна размясціць у двары. Звычайна гэтыя вёскі былі невялікія. Так, вёска Дворышча налічвала ўсяго дзесятак двароў і размяшчалася за паўвярсты ад двара. Адносілася да Жырмунскай воласці Лідскага павета.
Хлебробства тады вялося простае, збожжавае, трохпольнае. Сяляне звычайна высейвалі загоны пшаніцы яравой, жыта, ячменю, аўсу, грэчкі, гароху, бульбы. Сярэдні штогадовы ўраджай з сялянскіх палёў бываў меншы супраць панскага таму, што яны не мелі столькі гною ад сваёй жывёлы для ўгнаення зямлі. У большасці сялян поле апрацоўвалася звычайнай сахою двума валамі, а драўлянай бараной баранаваў адзін конь.
Некаторыя вяскоўцы вырошчывалі буракі, капусту, рэпу, моркву і цыбулю. Акрамя хлебных і мясных прадуктаў прадавалі дробнымі партыямі гародніну і бульбу, палатно хатняга вырабу і іншую гаспадарчую дробязь на рынках Вільні, Ліды і акруговых мястэчак Ліпнішкі і Веранова.
Вось пры дапамозе такіх вагаў на рынку прадавалі сяляне свае прадукты, а ў хаце гаспадыні важылі бязменамі.
На фатакартцы захаваны экспанат будучага "Музея рарытэтнай тэхнікі і сялянскага быту".
Вагі выраблены ў 1914 годзе з дошак,з жалезнымі ланцугамі, да іх гіры чыгунныя рознай вагі.
На той час асноўнымі адзінкамі для вызначэння вагі былі фунт і пуд.
Пуд = 40 фунтаў = 16,38 кг.
Фунт = 409,512 г.
Пералік сучасных мер вагі на старадаўнія.
Тона = 61 пуд = 2 440 фунтаў.
Цэнтнер = 6 пудоў 4 фунты = 244 фунты.
Кілаграм = 2,44 фунта.
Аўгуст Амберг у нядзелю (13 чэрвеня 1914 года) быў са сваім эканомам у Лідзе на рынку. Яго падсобнікі прадавалі розныя панскія прадукты.Тут жа сярод пакупнікоў вылучыліся жонкі вайскоўцаў, якія разнеслі страшную вестку: "Да нас прыйдзе вайна". Аб гэтым ім расказалі іхнія мужы з 172-га пяхотнага палка, вярнуўшыся з летніх лагераў. Адразу часткі палка прыступілі да аховы чыгункі: усе шляхі, масты, вадакачкі, будынкі і ўстановы былі абстаўлены ўзброенымі салдатамі.
Да позняй ночы горад Ліда не спаў, людзі зразумелі, што вайна непазбежная. Конная паліцыя за ноч развезла па валасцях мабілізацыйныя павесткі. Ліда і ўсе паселішчы ў павеце былі ўпрыгожаны каляровымі мабілізацыйнымі плакатамі.
З аддаленых куткоў Лідскага павета ўсімі - дарогамі і шляхамі, вазамі і пешшу шуравалі сотні мабілізаваных мужыкоў разам з коньмі.
Рэгістрацыя мабілізаваных адбывалася ў гарадскім парку па вуліцы Каменскай. Адначасова на Выгане каля праваслаўных могілак і на наваградскай дарозе пры каталіцкіх могілках адбываўся адбор коней. Большасць ахвотна збывала іх за добрую цану, але было шмат і такіх, што плакалі, разлучаючыся са сваімі любімцамі. Годных у армію мужчын з пункта перагналі ў замак, дзе іх размяркоўвалі падафіцэры каменданта па родах войск, а адтуль пешшу адпраўлялі ў казармы Лідскага палка. У Лідскі 172-гі пяхотны полк у ліпені 1914 года было прызвана каля дзвюх тысяч рэзервістаў з Лідскага павета.
З народнага апалчэння старэйшага кантынгенту была сфарміравана 385 Віленская пешая дружына. Тады ж была сфарміравана 66 конная сотня. Віленская дружына апраўлена ў Вільню, конная сотня - у Эйшышкі.
24 ліпеня 172-гі пяхотны Лідскі полк пад музыку пагрузіўся ў эшалоны і адбыў на вайну. У жніўні полк быў разгромлены ва Усходняй Прусіі, пасля папаўнення ў верасні - лістападзе 1914 г. удзельнічаў у Варшаўска-Івангародскай аперацыі.
На вакзале былі адменены ўсе пасажырскія цягнікі, што праходзілі цераз Ліду.
Усе гарадскія пякарні былі задзейнічаны пад выпечку хлеба для вайскоўцаў.
Арганізавалі патрыятычную маніфестацыю - хадзілі па горадзе з царскім партрэтам і трохколернымі сцягамі і спявалі "Боже, царя храни" і "Славься, славься, наш русский царь".
Па ўказанні зверху ў касцёле, царкве і сінагозе адбываліся малебны аб змаганні і перамозе, збіраліся грашовыя ахвяраванні на вядзенне вайны.
Абшарнікі ў сувязі з пачаткам вайны падпісалі ў Вільні адрас з прысягаю імператару. Уладальнікі маёнткаў і фальваркаў па магчымасці не выганялі з жылых памяшканняў жонак і дзяцей парабкаў, больш таго, у надзеі на хуткі канец вайны выплачвалі некаторы час жалаванне і частку заробку, выдаваную натурай.
З верасня 1914 г. у кожнай воласці Лідскага павета праводзілася абследаванне для выдачы дапамогі сем'ям, чые мужчыны былі мабілізаваны ў дзейную армію. Прыкладам дакумента, па якім вызначалася неабходнасць у выдачы дапамогі, з'яўляецца дадзены акт.
У Лідскай воласці дапамогі былі прызначаны сем'ям 87 салдат (НІАБ у Гродне. С. 669. оп. 5. с. 73). Выбраны сем'і Дварышчанскага краю:
Адасюк Васіль Данілаў, селянін в. Меляшы;
Сарока Восіп Міронаў, в.Меляшы;
Бічэль Іван Іосіфавіч,1895 г.н., в. Левашы;
Бічэль Адам Антонаў, в. Левашы;
Зубрыцкі Баляслаў Пятровіч, в. Дубраўка;
Шпенглер Андрэй Данілавіч, в. Дубраўка;
Вінча Канстанцін Марцінавіч, в. Цвермы;
Марцэвіч Браніслаў Іванавіч, в. Плясавічы;
Бебка Станіслаў Антонаў, в. Плясавічы;
Хадыка Сцяпан Вікенцьевіч, в. Плясавічы;
Войшніс Іван Казіміраў, в. Князікоўцы;
Барысевіч Мікалай Юр'еў, в. Малыя Князікоўцы;
Круповіч Адольф Адамавіч, в. Колышкі;
Парфеньчык Міхаіл Міхайлавіч,
в. Споркаўшчына;
Тэжык Станіслаў Францавіч, в. Верх-Ліда.
У гісторыі запісана: Першая Сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 года далёка ад Беларусі. Расійская імперыя ўступіла ў вайну дрэнна падрыхтаванай і паступова страчвала сваю ваенную магутнасць. Нямецкая армія наступала на Усходнім фронце. Уцягнутыя ў вайну беларускія тэрыторыі спаўна сербанулі горыч разбурэнняў, голаду, сталі арэнай кровапралітных баёў, ахвярай ад нямецкай акупацыі і разам з тым прыкладам гераізму і мужнасці вайскоўцаў.
Так, у лютым, у выніку нямецкага наступу ў Польшчы ў Аўгустоўскіх лясах недалёка ад Гародні ў акружэнне трапіў XX корпус генерала Булгакава. Рускія паспрабавалі прарвацца да фартоў Гарадзенскай цвердзі, але немцы кінулі войскі наперад, каб адрэзаць адыход. 15 лютага нямецкія раз'езды былі ўпершыню заўважаны каля Сапоцкіна (вёска прыкладна за 30 км на поўнач ад Гародні).
17 лютага горад бамбіла нямецкая авіяцыя, а ў раёне Сапоцкіна, разгарнуліся жорсткія баі.
На працягу некалькіх дзён немцы спрабавалі прарвацца да Нёмана і абыйсці цвердзь. Але сіл у іх не хапіла, і да 6 сакавіка яны былі вымушаны адысці назад у Польшчу.
Потым некалькі месяцаў баявых дзеянняў на нашай тэрыторыі не было.
Па-сапраўднаму маштабныя баявыя дзеянні на беларускай зямлі пачаліся летам 1915 года, і ўжо вайна прыйшла сур'ёзна і надоўга.
Расійскім камандаваннем ўжывалася тактыка выпаленай зямлі. Стараліся не пакідаць ворагу нічога, за што ён мог зачапіцца. Вывозілі абсталяванне, быдла, маёмасць, руйнавалі заводы, фабрыкі, падрывалі масты.
Перад адступленнем ўзарвалі прычал для дырыжабляў у Лідзе, і спалілі лідскі чыгуначны вакзал. Чыгуначнае палатно часткай было падарвана, шпалы і рэйкі выдаленыя.
Масты цераз Нёман і астатнія значныя рэкі былі ўзарваны дашчэнту. Молат вайны патрабаваў усё новых ахвяр - амаль кожны месяц з лідскіх вёсак забіралі навабранцаў. За год і 3 месяцы з Лідскага павета былі прызваны больш за 6 тысяч мужчын.
Падчас мабілізацый на ваенную службу былі прызваныя і ўраджэнцы Дварышчанскага краю. Па рознаму склаўся іх ваенны лёс, але даўшы клятву "на вернасць цару і Айчыне", яны гэтую клятву не парушылі.
Сабраны матэрыял сведчыць, што нашы землякі, мабілізаваныя на фронт, у поўнай меры адчулі нягоды вайны, але заставаліся вернымі вайсковай прысязе.
Іх лёсы поўныя драматызму: хтосьці з іх загінуў на палях бітваў, хтосьці быў паранены, кагосьці спасціг лёс палону, і толькі некаторыя вярнуліся на радзіму.
Калі пачалася вайна Бічэля Яна Іосіфавіча прызвалі ў царскаю армію. (Нарадзіўся ў вёсцы Левашы ў 1895 годзе ў сям'і бедных бацькоў, памёр ён у 1970 годзе.) Вучыцца Івану давялося мала, ужо з малаленства трэба было працаваць на цяжкай бацькоўскай гаспадарцы.
Вось што распавёў Ян Іосіфавіч са сваім фотаальбомам нашым краязнаўцам і што было запісана ў Музеі "Зямля і людзі": "Спачатку служба праходзіла ў Саратаве, дзе навучылі вайсковым абавязкам. Калі па Расіі пайшла Грамадзянская вайна - давялося выконваць каманды бальшавікоў. З баямі перадыслакаваліся да горада Старая Руса Наўгародскай губерні. Утварыліся рэвалюцыйныя вайсковыя камітэты. На маю долю выпала шчасце трымаць удзел у коннай выведцы, кіраваць конным раз'ездам. У выніку дакладных дадзеных, да вечара наступнага дня была атрымана перамога над белагвардзейцамі. Контррэвалюцыянеры былі разгромлены".
"Пайшла Кастрычніцкая рэвалюцыя ,перавялі ў Петраград. Праводзілі розныя рэвалюцыйныя дзеянні. На мітынгу Уладзімір Ленін горача выказаўся пра будучае новае жыццё ў Расіі, падзякаваў вайскоўцам за актыўныя дзеянні .
Успамінаю, як з салдатамі мы падышлі да трыбуны і прывіталіся з Уладзімірам Ільічом за руку. Там у Петраградзе яшчэ многа давялося наводзіць парадак".
Расказала Жук Алёна з в. Эйтуны: "На вайне з немцамі ўдзельнічалі эйтунцы. Многія загінулі - гэта: Вайтовіч Канстанцін Міхайлавіч, Баярун Міхаіл Міхайлавіч. У войска забралі чатырох сыноў Фурмана Міхаіла і тры родныя браты Уладзімір, Вікенцій і Адам дзесьці на вайне загінулі. Чацвёрты іхні брат Іосіф таксама прымаў удзел у гэтай вайне, але здолеў вярнуцца.
Удзельнічаў у гэтай вайне і Мікавоз Аляксандр Казіміравіч. Быў мабілізаваны на вайну ў 1914 годзе, прайшоў падрыхтоўку ў артылерыйскім батальёне. Непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях прымаў вясной і летам 1915 года пад Варшавай, калі руская армія беспаспяхова спрабавала стрымаць маштабнае наступленне германскіх войскаў. А ў верасні таго ж года дывізіён заняў пазіцыі на рацэ Гаўя, за дзесятак кіламетраў ад роднай вёскі. Аляксандр Казіміравіч успамінаў, як аднойчы яму нават удалося перабрацца і наведаць родных, застаўшыся незаўважаным нямецкай аховай.
У першы месяц вайны прапаў без вестак малодшы унтэр-афіцэр Вайтовіч Іосіф Купрыянавіч родам з вёскі Кабыльнікі.
4 сакавіка 1915 г. прапаў без вестак радавы Лукаш Віктар".
Разам з яшчэ некалькімі аднавяскоўцамі ў 1914 годзе былі мабілізаваны ў дзейную царскую армію браты Пакшысы. Спачатку з Ліды навабранцы былі накіраваны пад Варшаву, дзе прайшлі вайсковую падрыхтоўку, а затым былі адпраўлены на перадавую.
У адным з баёў Адась атрымаў сур'ёзнае раненне і некалькі месяцаў знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. Зноў быў накіраваны на фронт. Удзельнічаў у баях у Латвіі, Румыніі. Пасля заканчэння вайны вярнуліся на радзіму і вялі свае гаспадпркі.
Удзельнікам вайны быў Якаў Іванавіч Жынко з вёскі Морына, што каля Іўя. Нарадзіўся ў 1895 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Скончыў 4 класы Морынскай прыходскай школы, затым Уселюбскае двухкласнае вучылішча. Некаторы час Якаў нават быў на пасадзе настаўніка ў царкоўнапрыходскай школе. У весну 1915 года быў прызваны ў царскую армію. Спачатку Якаў Жынко служыў у 174-ым пяхотным батальёне, а затым быў камандзіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Атрымаўшы 12 сакавіка 1916 года званне прапаршчыка Якаў Жынко нёс службу на пасадзе малодшага афіцэра ў 2-ім запасным батальёне Кранштадцкага палка. У рэвалюцыйным 1917 годзе далучыўся да бальшавікоў.
P.S. Яго нашчадкі жылі ў Дворышчы. Іван працаваў інжынерам, а сын яго Жынко Дзмітрый закончыў школу, акадэмію і цяпер - першы намеснік начальніка РАУС.
Адной з праблем, створаных вайной, стала бежанства. З-за няўдач расійскага войска неабходнасць эвакуацыі становіцца відавочнай, і ўлады на ўсіх узроўнях пачынаюць рыхтаваць да яе мясцовае насельніцтва, якое, на думку дзяржаўнага кіраўніцтва, не павінна было заставацца на захопленай ворагам тэрыторыі. За яе актыўна агітавалі праваслаўныя святары, а таксама чуткі пра зверствы немцаў. Палохалі, што немцы, калі прыйдуць, будуць здзекавацца і рэзаць цыцкі. Уцякачам улады афармлялі акты на пакінутую маёмасць, распіскі з абяцаннем людзям усё пакрыць пасля заканчэння вайны.
P.S. Але калі наступілі рэвалюцыйныя часы, закончылся вайна і бежанцы вярнуліся на родныя мясціны, гэтыя абяцанні ўжо ніхто не мог выканаць. Аб гэтым мною пададзена ва ўспамінах бацькі-бежанца Вані ў "Лідскім летапісцы" № 70,71.
Фронт набліжаўся, рускія адступалі. Людзі не ведалі, што рабіць: ці бегчы ў Расію, ці хавацца ў лясах і балотах, пакуль фронт не пройдзе.
Ксяндзы высказвалі сваім вернікам, што палякам, мажліва, няма чаго баяцца немцаў, бо яны ваююць з рускімі, а не з палякамі, і раілі не пакідаць сваіх дамоў і радзімы. Праваслаўныя святары раілі ўсім праваслаўным уцякаць у глыб Расіі, бо рускім, як яны казалі, пагражаюць зверствы з боку немцаў і нават смерць. І многія беларусы выехалі, а палякі засталіся на месцы.
Пад націскам наступаючых кайзераўскіх войскаў тысячы людзей з заходніх раёнаў здымаліся са сваіх месцаў і рухаліся на ўсход. Ужо з першых дзён вайны людзі ўцякалі, пакідалі свае гаспадаркі, першапачаткова рассяляліся ў прыфрантавой мясцовасці, разлічваючы ў хуткім часе вярнуцца назад.
Першыя ўцекачы з'явіліся ў 1914 годзе, але асабліва масавая плынь бежанцаў назіралася з лета 1915 года..
Паводле афіцыйных, далёка не поўных дадзеных, да пачатку 1917 года ў Расіі было зарэгістравана 750 680 бежанцаў з Гарадзенскай губерні.
Божа мой ! Калі паўстане ў свеце згода тая?
Лад ці скора к людзям гляне, змоўкне бура злая?
Загарэўся, задыміўся свет вайной і далей.
Дым пажараў пакаціўся агнявістай хваляй.
Гінуць людзі, памарнелі скарбы іх і сёлы,
Ад крыві пачырванелі і горы, і долы…
Божа мой! Калі ўціхне гэта трасяніна?
Блескам сонца калі ўспыхне згоднасці часіна? Якуб Колас.
У асноўным уцекачы пачалі перамяшчацца адмысловымі бежанскімі абозамі. Гэта калона фурманак, крытых брызентам і гружаных найбольш каштоўнай маёмасцю. Унутры ехалі дзеці і старыя, астатнія члены сям'і ішлі побач, часам гонячы жывёлу.
Становішча гэтых людзей было надзвычай цяжкім. Яны ператварыліся ў масу жабракоў, галодных і бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання. Часта ўцекачы гінулі ад холаду, голаду, эпідэмій…
Усе бедствы, выкліканыя пачаткам вайны, выпрабавала на сабе і Лідчына.
Пры адступленні царская армія выконвала тактыку "выпаленай зямлі", падрывала заводы, спальвала жылыя дамы, службовыя будынкі і некаторыя вёскі.
У чэрвені 1915 г. з многіх воласцей Лідскага павета многія праваслаўныя сяляне сабраліся і паехалі. Так з праваслаўных вёсак Сліжы, Меляшы Дварышчанскага краю выехалі дзесяткі вяскоўцаў: Ігнатовічы, Васілючкі, Шамрэі, Шавелі, Паляшукі, Сарокі.
А каталіцкія сяляне засталіся. У гэтым пераканаў сваіх вернікаў тракельскі ксёндз Ян Янкевіч, ён казаў, што немцы - таксама католікі і, мажліва, гора мясцовым католікам не прынясуць.
Ігнатовіч Уладзімір запісаў:
"Разам з нашымі дзядамі паехала яшчэ пяць сем'яў.
Каля Менска яны прадалі каней з фурманкамі, загрузіліся на цягнік і паехалі ў невядомы свет. На месца дабраліся аж пад восень. Высадзіліся на станцыі чыгуначнай. Па іх прыехалі сяляне на падводах. Адразу ж у сяле атрымалі жыллё. Жылі ў асобным доме ў гаспадара. Хто хацеў, ішоў працаваць..
Багата там жылі расіяне. Гаспадаркі яны мелі добрыя, зямля без угнаенняў радзіла добры ураджай, не жыта сеялі, а пшаніцу. Гаспадыня пякла пшанічныя булкі. Варылі часта рускую гарбату ў самавары і пілі " ўпрыкуску". Гарэлкі яны не пілі.
Там так не было, як цяпер у нас стала. Тады п'яных не бачылі.
Тамтэйшыя людзі мелі багатыя гаспадаркі: па некалькі коней, кароваў, свінчоў і дзесяткі курэй. Кожны гаспадар зерне захоўваў у высокіх свіранах, бо зімою снег засыпаў усе платы і нізкія будынкі".
Насельніцтва прыфрантавой паласы выконвала цяжкія ваенныя работы: рамонт дарог, будаўніцтва мастоў, зямельных абарончых умацаванняў.
Стратэгічным ваенным аб'ектам на Лідчыне стала адрамантаваная чыгуначная станцыя. На яе днём і ноччу прыбывалі розныя грузы з Германіі, і далей ішла перавозка ваенных грузаў да лініі фронту. У Германскую імперыю вывозіліся матэрыяльныя каштоўнасці, абсталяванне, быдла, сельгаспрадукцыя, розная сыравіна. Бясследна зніклі карціны, старажытныя абразы, бібліятэкі рэдкіх кніг і іншыя каштоўнасці.
У Лідзе былі сур'ёзныя праблемы з прадуктамі харчавання. Меў месца пастаянны дэфіцыт лекаў і мыла. У вёсках жыццё было лягчэй, і немцы не прызывалі на ваенную службу.
Лідскі павет быў уключаны ў склад бецырке Беласток-Гародня і падзелены на чатыры акругі: Лідскую, Радунскую, Васілішскую і Плантаўскую.
Дворышча трапіла пад кіраванне Kreisamt Lida.
20 верасня 1915 г. кайзераўская група войск ўвайшла ў фальварак Дворышча.
Такім чынам, больш чым на тры гады ў Дворышчы ўсталяваўся жорсткі рэжым акупацыі, які суправаджаўся незлічонымі рабаваннямі і гвалтам, што яшчэ больш пагаршала і без таго бядотнае становішча насельніцтва.
Уначы дзейнічала каменданцкая гадзіна. Усе людзі ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў абавязаны былі плаціць грашовы падатак і падушную падаць у выглядзе прадуктаў харчавання, скураў, воўны, каляровых металаў.
Былі ўведзеныя падаткі на гандаль і на жывёл. Былі абмежаванні па продажы мяса, забаранялася паляваць і лавіць рыбу.
За парушэнні прадугледжваліся буйныя штрафы, пазбаўленне волі і нават смяротнае пакаранне, асабліва за захоўванне зброі.
Жыццё сялян пры акупацыі рэгламентавалася загадамі нямецкай адміністрацыі, якія вывешваліся ў спецыяльных месцах па вёсках.
Перамяшчэнне дазвалялася толькі пешшу ў межах паселішча, для перамяшчэння ў іншыя мясцовасці патрабаваўся спецыяльны дазвол.
У Дворышчы была арганізавана гаспадарка, якой кіраваў камендант, дзейнічаў паліцэйскі пост.
Нямецкае камандаванне спрабавала прышчапіць мясцовым сялянам прускі светапогляд і педантычнасць. Праводзіліся эксперыменты з рознымі збожжавымі культурамі, спрабавалі прымусіць засеяць кожную дзесяціну прыдатнай зямлі. Але, сутыкнуўшыся з нізкай ураджайнасцю і сярэднявечнай сялянскай культурай, расчараваліся.
Немцы - прыхільнікі і аматары піва. Лідскае піва немцы ацанілі як адно з лепшых на акупаванай тэрыторыі. Цяжка меркаваць пра аб'ёмы выпуску піва ў тыя гады, можна думаць, што яны былі не меншыя за раней дасягнутыя.
Аўгуст Амберг у асноўным выконваў распараджэнні каменданта, больш-менш працавалі ўсе прамысловыя заводы, актыўна вялі сельскую гаспадарку і выраблялі розную прадукцыю, частка якой выдзялялася немцам. У кузні нямецкія вайскоўцы паводзілі сябе больш чым годна - арганізавалі рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі і прыладаў працы.
Са снежня 1915 года ў Лідзе была праведзена ўсеагульная пашпартызацыя.
Кожнаму з жыхароў ва ўзросце больш за 10 гадоў выдавалі пашпарт - Personal-Ausweis.
Бланкі пашпартоў былі надрукаваны па-нямецку і па-беларуску (беларускай лацінкай). У пашпарт ўпісваліся прозвішча, імя, месца пражывання, месца нараджэння, узрост, грамадзянства, родная мова, вера, рост, асаблівыя прыкметы, уклейвалася фатаграфія, ставіўся адбітак указальнага пальца правай рукі. У выпадку смерці пашпарт праз тры дні павінен быць вернуты таму аддзелу, які яго выдаў. Так на лацінцы было надрукавана на 2-ой старонцы пашпарта.
Правілы абыходжання з пашпартам былі надзвычайнымі: пашпарт трэба заўсёды мець з сабою. У каго пашпарта не будзе, або хто будзе мець пашпарт чужы, фальшывы, падроблены ці наогул благі, таго караць будуць папраўчым астрогам да 10 гадоў. Пра страту пашпарта трэба ў 24 гадзіны паведаміць аддзел, які яго выдаў. Хто не паведаміць, таго караць турмой да 5 гадоў, або штрафам да 6000 марак.
У калекцыі пашпартоў Лідскага музея выявіліся тры пашпарты 1917 г., якія належалі сялянам вёскі Мігуны - Тарэнць Юліі, Грыгаровічу Станіславу і Грыгаровіч Еве. Сям'я Тарэнць у Мігунах мела надзельную зямлю, Грыгаровічы не мелі. Нумарацыя пашпартоў адлюстроўвае старшынства ў доме: мама (99204), дачка (99205), муж дачкі (99206). На кожнай з фатаграфій па 2 круглыя штампы з надпісам: "Рэйнгольд фон Шэфер-Баядэль, камандуючы групы".
Войскі асаблівага прызначэння "Шэфер" размяшчаліся на тэрыторыі Лідскага павета да кастрычніка 1917 г.
Асабліва ўзмоцнена акупанты разрабавалі лясныя багацці Лідчыны, якія сталі для Германіі добрай крыніцай даходаў, лесаматэрыялы пачалі карыстаццая вялікім попытам не толькі ў Германіі, але і ў далёкім замежжы.
На нарыхтоўку драўніны зганяліся мясцовыя жыхары. Перавозкай драўніны займаліся сяляне з уласнымі коньмі, запрэжанымі ў вазы, а зімой - у сані, і драўніна вывозілася да Нёмана.
Піута Андрэй (Гэнюсь) Іванавіч, 1929 г. н. захаваў бацькі - Піуты Яна Усцінавіча - пашпарт, Personal-Ausweis № 90096 і запісаў:
"Тата, Ян (Яська) Усцінавіч, уключыўся ў работу, наймаў 5-6 чалавек: закупляў лес, пілавалі, абчэсвалі і на вазах дастаўлялі да Нёмана, дзе была пабудавана прыстань: білі плыты, гердзялі плялі з лазовых дубцоў . У сухія гады вазілі праз броды і па рацэ сплаўлялі да Балтыйскага мора, у бухту порта Кёнігсберга. Адтуль тавар ішоў у замежныя краіны.
Шафар - Ян Піута - скупшчык і пераплаўшчык лесу, дарэчы, меў дазвол на пісталет, добра зарабіў і заехаўшы ў Амерыку, купіў зямлю, пабудаваў 2-х павярховы дом. Выклікаў сястру Марыю, выйшла замуж за Пашкевіча. Перадаў ім гаспадарку і сам вярнуўся прадаўжаць лесасплавы. А калі закончылася вайна і пры Польшчы давялося застацца на радзіме, актыўна вёў гаспадарку. Але захварэў і памёр у 1935 гадзе. Пахаваны на праваслаўных могілках у Князякоўцах. Пасля вайны прыязджалі да мяне сыны цёткі Марыі з Амерыкі, наведвалі магілку майго бацькі…".
Восенню 1915 года расейская армія спыніла адступленне і замацавалася на лініі фронту, якая на два з паловай гады падзяліла тадышнюю Беларусь з поўначы на поўдзень ад Браслаўскіх азёр да Палескіх балот ( на схеме).
За тры гады немцы ўмацавалі лінію фронту бетоннымі дотамі. Рэшткі гэтых умацаванняў - бункераў і земляных акопаў - захаваліся па беразе Нёмана, у ваколіцах вёсак Дакудава, Сялец, Збляны, Морына.
Паколькі ў вёсках размяшчаліся тылавыя ваенныя падраздзяленні нямецкіх салдат, мясцовых жыхароў пацяснілі, прымусіўшы пасяліцца па некалькі сем'яў у адну хату, а ў некаторых выпадках высялялі з родных месцаў.
Некалькі сялян вёсак Казевічы, Чапунь былі гвалтоўна пераселены ў вёскі Мігуны, Дубраўка. Ураджэнка вёскі Пясевічы Алімпія Адамаўна Буяк успамінала, што яе сям'ю прытулілі ў вёсцы Філонаўцы пад Лідай, дзе яны і пражылі да сыходу кайзераўскіх войскаў.
29 верасня ў Лідзе размясціўся штаб 12-й нямецкай арміі, камандаваў генерал пяхоты Макс фон Фабек. 8-9 сакавіка 1916 г. у Обер-Осце быў праведзены перапіс людзей і жывёлы "для правільнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў" камісіяй лічыльнікаў пад наглядам нямецкіх чыноўнікаў. Апытваліся рэлігійная і нацыянальная прыналежнасць.
Усяго ў Лідскім павеце налічылі 288,14 тысяч чалавек, у тым ліку палякаў 52,6 %, беларусаў 21,8%, габрэяў 20,8%, літоўцаў 1,6%. Большасць (62,3%) аднеслі сябе да католікоў.
31 траўня 1916 г. Ліду наведаў кайзер Вільгельм, і яго віталі на вакзале вышыхтаваныя ў 10 шэрагаў салдаты 49-й рэзервовай дывізіі генерала і літаратара Фрыдрыха фон Бернгардзі.
Кайзераўскія войскі прабылі ў Лідзе 3 гады і 3 месяцы, аднавілі вакзал, масты, у замку ладзілі на летні перыяд лазарэт. Правялі пашпартызацыю насельніцтва, перапіс жывёлы, стварылі адміністрацыю.
Беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся.
На акупаванай тэрыторыі былі адкрыты беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. У Вільні выходзіла газета "Гоман", дзейнічалі Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, "беларускі клуб", аб'яднанне "Золак", "Беларускае навуковае таварыства".
Беларускія прадстаўнікі з акупаваных немцамі тэрыторый прынялі ўдзел у працы арганізаваных немцамі ж у Стакгольме і Лазане ў 1916 г. канферэнцый прыгнечаных народаў Расіі. Там яны прасілі дапамогі ў народаў Еўропы ў вызваленні беларускага народа з-пад расейскай акупацыі. Мэта - стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы.
У гэтым дакуменце падкрэслівалася, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія арганізацыі прыступілі да ўтварэння канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы, якая забяспечыць усім нацыям усе правы ў межах дзяржавы. Але Германія не была зацікаўлена ў такой дзяржаве літоўцаў і беларусаў.
Тое, што Германія змагла зачапіцца на Усходнім фронце за перамогу, - выключная "заслуга" бальшавікоў. У выніку "дэмакратызацыі" расейская армія была імі цалкам развалена, дэмаралізавана. Пяхота выбірала сабе камандзіраў і галасавала: ісці ў атаку ці не ісці. Не было жадання ваяваць, адбывалася так званая" самадэмабілізацыя", а па-просту кажучы - павальнае дэзерцірства.
Да канца 1917 года рэсурсы Германіі былі практычна цалкам вычарпаны, яна стаяла на мяжы паразы, войскам не хапала самага неабходнага. Але пасля перамір'я, заключанага ў снежні ў вёсках пад Смаргонню, немцы забіралі ўсё, што ім было трэба, у рускіх салдат.
18 лютага 1918-га, калі скончыўся тэрмін двухмесячнага перамір'я, пунктуальныя немцы зрабілі пару папераджальных стрэлаў з гармат "у знак аднаўлення баявых дзеянняў", падняліся з акопаў, выйшлі на рускія пазіцыі і знайшлі іх "кінутымі і часткова запушчанымі".
Немцы занялі Менск і пайшлі далей. Падышоўшы да Пскова, яны разагналі разрозненыя атрады чырвонаармейцаў і 23 лютага адправілі тэлеграму Леніну з ультыматумам, далі дзень на роздум. Ленін паспешліва адправіў тэлеграму, што прымае ўсе нямецкія ўмовы. У выніку перамоваў 3 сакавіка 1918 года быў падпісаны Берасцейскі мір, тут і вайна скончылася.
Па дамове савецкі ўрад аддаваў немцам Заходнюю Беларусь, а таксама іншыя тэрыторыі, згаджаўся на выплату велічэзнай кантрыбуцыі.
Пасля таго, як перад заходнімі краінамі, Германія прызнала сваю капітуляцыю ў Першай Сусветнай вайне, канчаткова немцы сышлі з Беларусі толькі ў 1919 годзе.
А калі людзі даведаліся, што немцы рыхтуюцца да таго, каб пакінуць віленскую зямлю, у Лідзе зашумела, як у вуллі.
Прадстаўнікі кожнай нацыянальнасці імкнуліся стварыць нейкую сваю арганізацыю, якая б пасля адыходу немцаў мела найбольшы ўплыў на ход палітычных і нацыянальных спраў у горадзе.
Найбольш актыўнымі ў гэтай справе аказаліся палякі. Дзякуючы ініцыятыве шэрагу асоб, а таксама дзякуючы імкненню палякаў да вызвалення, у Лідзе былі створаны польскія арганізацыі. Матэрыяльную дапамогу аказвалі ўсе слаі насельніцтва польскай нацыянальнасці былога Лідскага павета.
Гэтая дапамога выражалася ў пастаўках грошай, бульбы, мукі на хлеб, фуражу для коней і нават коней для кавалерыі і абозу. Былі выпадкі, калі некаторыя вёскі доўга за свой кошт утрымлівалі цэлыя атрады.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі дваранства было пазбаўлена ўласнасці на зямлю.
Гэты дэкрэт дайшоў да абшарнікаў, і пан Аўгуст Амберг адправіў сям'ю ў Польшчу. Гертруда выйшла замуж за француза, Вернер ажаніўся з полькай, а сам Аўгуст застаўся некаторы час працаваць на млыне.
Падчас вайны драўляная частка палаца была спалена, захавалася толькі чатырохпавярховая вежа.
Першая Сусветная вайна скончылася 11 лістапада 1918 г., нямецкая дэлегацыя ў гэты дзень у Камп'енскім лесе падпісала перамір'е.
28 лістапада кайзер Вільгельм афіцыйна адрокся ад імператарскай кароны.
На тэрыторыі Беларусі за адыходзячымі немцамі прасоўвалася расейкая армія. Немцы дзейнічалі, як звычайна, больш арганізавана і выязджалі хутчэй, чым прыходзілі падраздзяленні Чырвонай Арміі.
Пачалася барацьба мясцовых нацыянальных і палітычных арганізацый за ўладу. Была створана Рада Лідскай зямлі. Намеснікам прэзідэнта Рады ад Тракельскага профільнага камітэта быў абраны Браніслаў Шаптуноўскі (1887-1947).
Апошні нямецкі аддзел пакінуў Ліду 3 студзеня 1919 года. Бальшавікі з боку Іўя заехалі ў Дворышча і спыніліся ў фальварку.
6-га студзеня 1919 г. прыйшла Чырвоная Армія. Раду бальшавікі разагналі, Б. Шаптуноўскі схаваўся ў Дворышчы.
З пачаткам рэвалюцыных дзеянняў усё змянілася і для беларускіх бежанцаў. У сельскіх жыхароў чырвоныя забіралі жывёлу і зерне, цяжка было з ежай, надышла галадоўка. Пасля заканчэння вайны бежанцы ў большасці сваёй вырашылі вяртацца дадому. Праз некалькі тыдняў цяжкай дарогі перабіраліся цераз мяжу і дабраліся да роднай мясцовасці. Некалькі гадоў давялося рамантаваць свае закінутыя будынкі і парадкаваць зямельныя ўгоддзі…
І хутка быццам ліхаманка
Расію стала калаціць.
Перавароты, грамадзянка -
аж немагчыма стала жыць.
Пачаў душыць Расію голад,
вялікі гвалт вакол стаяў.
У гарадах зімою холад
ды пошасць Бог яшчэ паслаў.
І беларус дамоў падаўся,
хто на падводзе, хто пяшком,
К мясцінам родным дабіраўся
з адзіным рэчавым мяшком.
Тым больш з'явілася нагода:
дамова Рыжская была.
Па той дамове перашкоды
Масква вяртанню іх зняла.
Старыя людзі гаварылі -
не ўсе вярнуліся дамоў.
Хто сам памёр, каго забілі,
а хто ў Расіі лёс знайшоў.
Пасля захопу Ліды і наваколля бальшавікі прыступілі да арганізацыі кіраўніцтва і цывільнай улады на свой лад. Перш за ўсё рэарганізавалі мясцовы Рэвалюцыйны Камітэт, у якім галоўныя пасады занялі прыезджыя расіяне, а тутэйшыя бальшавікі Калясінскі і Сегень былі прызначаны на другарадныя пасады. Далей пачалі арганізоўваць службу бяспекі, судовую ўладу, турэмную службу і рэвалюцыйныя камітэты ў правінцыі.
Пасля накладання на "буржуазію" кантрыбуцыі гандаль у горадзе заглох. Не толькі больш багатыя гандляры, але і дробныя пахавалі тавар, баючыся рэквізіцыі. Нічога дзіўнага няма, што ўсе магазіны і склады, якія былі пазакрываныя яшчэ да прыходу чырвонаармейцаў, і цяпер не працавалі. Тавары, якіх не паспелі пахаваць, узялі "на учёт", таму гараджане адчувалі недахоп прадуктаў і прамтавараў першачарговага попыту. Харчаваліся пераважна з запасаў, якія засталіся і якія накуплялі пры немцах, да іх адыходу.
Што датычыць сельскай гаспадаркі, то зацікаўленасць бальшавіцкіх уладаў заключалася ў тым, каб як мага больш выбіць прадукцыі сельскай гаспадаркі, неабходнай для ўтрымання войска.
Незалежна ад гэтага на ўладальнікаў фальваркаў і маёнткаў накладваліся вялікія падаткі, тых, хто не мог заплаціць, садзілі ў турмы і прымянялі жорсткія рэпрэсіі. Адначасова пачалі шырокую агітацыю за савецкі лад.
На Лідчыне ўсталёўваецца на кароткі час - тры месяцы - савецкая ўлада з 5 студзеня 1919 года па 17 красавіка 1919 года, бо пачалася польска-расейская вайна: польскія войскі выганалі саветаў, але і самі пратрымаліся толькі крыху больш за год - да 17 ліпеня 1920 года, калі расейскія войскі зноў пагналі палякаў, але зноў не надоўга. Там, пад Варшавай, атрымалі паразу і 28 верасня "чырвоныя" пакінулі Лідскую зямлю. Раніцай з боку Жырмунаў увайшлі польскія войскі, і з 30 верасня 1920 года наш раён быў у складзе Польшчы да 17 верасня 1939 года.
Вялікія ператрусы і перасцярогі давялося перажыць нашым землякам у часы савецка-польскай вайны, якая пракацілася па паселішчах і насельніцтве Заходняй Беларусі.
Ігнат Дварчанін
Вы ці ведаеце, людзі, што вайна зрабіла,
З нашым краем гаратлівым, што з ім учыніла.
Там, дзе жыў народ шчасліва, сёлы і мястэчкі
Цвілі, цветам красавалі, цяпер крыві там рэчкі.
Там, дзе нівы, збожжа, жыта душачку ласкалі -
Там пустэльня, розны быльнік,
там равы паўсталі.
А што сталася з людзямі, што з вякоў тут жылі, -
Эх, не знаць бы і не ведаць,
Людзі мае мілы.
Хлопцы ахраняць айчыну,
усе пайшлі - там тлеюць,
А дзяўчаты засталіся, ждуць іх і марнеюць.
Тут з пазіцыі на отдых маскалі прыходзяць
I, як кажуць, што "культуру" за сабой прыносяць.
Вось у гэтай то "культуры" розніца выходзіць.
Не хацеў бы яе ведаць, то сама прыходзіць…
№ 6."За польскім часам"
Частка І
" Як дрэва не можа жыць без каранёў,
так і народ не можа існаваць
без сваёй гісторыі, культуры, сваіх сімвалаў".
В. Ляшковіч.
Перамогу польскага войска над Чырвонай арміяй пад Варшавай назвалі "Цудам над Віслай".
28 верасня 1920 года"чырвоныя" пакінулі Лідскую зямлю. Раніцай з боку Жырмун увайшлі польскія войскі і праз пэўны час устанавілі на новай мяжы пагранічныя слупы.
4 лютага 1921г было ўтворана Наваградскае ваяводства, у склад якога ўключылі Лідскі павет з тэрыторыяй 6038 кв. км., з насельніцтвам 219 тысяч чалавек, у тым ліку ў Лідзе пражываў 13 401 чалавек.
У Жырмунскай гміне налічылі 9950 жыхароў, 4773 мужчын і 5177 жанчын. Палякамі сябе запісалі 9468 чалавек, беларусамі - толькі 77. У гміне было 149 паселішчаў, у тым ліку 67 вёсак, 35 фальваркаў, 11 засценкаў, 11 калоній, адно мястэчка - Жырмуны, дзве чыгуначныя станцыі - Беняконі і Гуды.
Пасля Першай сусветнай вайны на месцы былога панскага двара паўстаў фальварак Dworzyszcze. Мясцовасць адносіліся таксама да Жырмунскай гміны Лідскага павета. Паводле перапісу 30.09.1921г. у 8 жылых дамах фальварка пражывалі 103 чалавекі, 84 з іх рыма-католікі, 12 - яўрэі, 6 - евангелісты (сям'я Амберга) і нехта 1 праваслаўны.
Вёскі ўзнікалі пры дварах, калі колькасць работнікаў, патрэбных для апрацоўкі зямель двара пачынала перавышаць колькасць, якую можна было непасрэдна размясціць у двары. Па-гэтаму вёскі каля фальварка былі невялікія.
Дворышча-1 размясцілася ў бок Лідскага гасцінца на месцы старой вёскі, расселенай у 1859 г. Аляксандрам Вольскім. Тады было 8 жылых будынкаў і 50 жыхароў.
Дворышча II - ад фальварка ўздоўж дарогі ў бок Мяргінцаў, там - 9 жылых дамоў і 49 жыхароў.
Пасля заключэння мірнай дамовы паміж Расіяй і Польшчай на нашай тэрыторыі ўстанавілася польская ўлада, і прызналі ўладальнікам фальварка Дворышча вядомага ўжо Аўгуста Амберга, які тут гаспадарыў з сям'ёй з 1911 года. Латыш Амберг меў жонку польку па імені Яна - Яніна і чацвёра дзяцей, якім далі цікавыя імёны: сынам - Аляксандр і Вернер, а дочкам - Гертруда і Эльза.
Тады яны жылі ў драўляным чатырохпавярховым палацы, які стаяў тут на ўзвышшы, апраўлены з двух канцоў цаглянымі вежамі, і быў упрыгожаннем маёнтка. Але ў Першую сусветную вайну ад германцаў палац згарэў, захаваліся толькі 4-х і 3-х павярховыя вежы. І пану Амбергу з сям'ёй давялося жыць у старым эканамічным доме. Дом быў пабудаваны памерам 25,5 х 6,5 м на каменным падмурку, з ачасанага хваёвага дрэва, звонку абабіты дошкамі, дах пакрыты дранкаю, пафарбаваны цёмначырвонай фарбай. У гэтым доме было трое сенцаў, 8 абтынкованых пакояў, сталяванне і падлога з дошак, у кухні падлога, бітая з гліны, печы з двума выведзенымі на верх страхі комінамі з цэглы, дзверы на жалезных завесах, вокнаў невялікіх - з дзясятак.
Пад гэтым домам быў невялікі склеп. У кухні выкапаны калодзеж з меднаю помпою і трубою з кранамі, якая праходзілі у пральню, дзе была ўладкована печка з цэглы і ў яе змешчаны медны кацёл для награвання вады для мыцця бялізны.
Фальварак складаўся з зямельнага ўчастка каля 500 гектараў і з комплекса жылых і гаспадарчых пабудоў, дзе самастойна вялася панская гаспадарка.
За польскім часам у дваровыя збудаванні прастакутнага ўчастка ўваходзілі акрамя дома адміністратара, шасцярык і дзве невялікія хаты для працоўных парабкаў, вартаўніка і хата для мельніка. Сядзібны комплекс уключаў гаспадарчыя пабудовы: свіран з сутарэннямі, стайню для коней, два хлявы для быдла, аўчарнік, хлеў для курэй.
Па ўсім гэтым комплексе гаспадарчых пабудоў можна меркаваць, што Дворышча было ўзорным фальваркам на Лідчыне.
Фальварак заставаўся асноўным месцам працы для парабкаў і жыхароў вёсак. Працавалі крухмальны завод, вадзяны млын, мураваны бровар выганяў многа гарэлкі, якую прадавалі ў карчме.
Пан не быў злы, не катаваў сялян, якія працавалі ў яго цэлы дзень. Улетку жанчынам ён плаціў 1,5 злотага. На гэтыя грошы можна было купіць пуд жыта і 0,5 кг сметанковага масла. Узімку плаціў 1 злоты.
Пан быў багаты, сядзіба шыкоўная, шмат коней. Сыны Аляксандр і Вернер, пасталеўшы, раз'язджалі на тройках, а потым на купленым бацькам аўтамабілі.
Каб прыглядваць за працай парабкаў, пан вёў назіранне з чатырохпавярховай вежы.
Тумілевіч Станіслаў Станіслававіч расказаў:
"Бацька мой - Станіслаў Антонавіч - 1899 г.н., скончыў 2 класы царскай школы, умеў чытаць па-руску. Палюбіў простую дзяўчыну з вёскі Дворышча і ажаніўся з Пашкялевіч Соф'яй Пятроўнай,1903 г.н.
Шлюб узялі 19.09.1927 г. у Тракельскім касцёле".
"Пачаў працаваць мельнікам у памешчыка Аўгуста Амберга.
За нешта бацька пасварыўся з панам і перабраўся ў Бердаўку. Але потым Амберг прыехаў і забраў усю сям'ю назад у Дворышча. Пасяліліся ў хаце мельніка каля самай Жыжмы, якой не менш як гадоў сто, дзе мы і жылі. У Дворышчы мала хатаў было.
Старыя могілкі пры шашы абкладзены каменным плотам. Горку вакол могілак высыпалі жвірам.
Памятаю старую капліцу: была невысокая - шасцівугольная. Уваход быў ад дарогі На сцяне алтара вісеў абраз у срэбным акладзе....
Маці мая каталічка Зоф'я была верніцай, цягала і мяне на святочныя малебні.
Тады ў пачатку верасня з'явілася Мясцовае свята. Ля капліцы штогод пачалі праводзіцца набажэнствы пры вялікім зборы навакольнага народа".
У панскай сядзібе адкрылі польскую школу для сялянскіх дзяцей.
"У школу я пачаў хадзіць рана - з шасцігадоў. У школе было два пакоі, у адным пакоі-клас, у другім жылі каморнікі. Вучылі на польскай мове.
У школу апраналіся хто ў што мог: у паўкажушкі на аўчыне. Адзенне, купленнае ў краме, адзявалі рэдка. Абувалі трэпы-абутак з драўлянымі падэшвамі і верхам, змайстраваныя са старых чаравікаў. Восенню і вясной многія хадзілі босыя. Сшыткі, падручнікі і дапаможнікі насілі ў торбах, зробленых з палатна, на доўгім пасе цераз плячо. Тата Стась купіў акардэён, і я вучыўся ў музыканта.
Бацька быў галоўным мельнікам. У добрым стане захоўваў механізмы вадзянога млына: мяшкі з зернем пасля вагаў грузіліся на платформу і віндай падаваліся на трэці паверх праз драўляны балкон у тарцы будынка. Потым засыпалася зерне у бункеры і праз заслонку сыпалася ў жорны.
Дзве чугунныя турбіны круцілі вал з колам і праз доўгі пас круцілі каменныя жорны, дзе малолася зерня. На вальцах выраблялася з пшаніцы пытляваная мука, а на крупарушцы шатравалі грэцкія крупы. Частку першага паверху займаў тартак. Магутная сіла вады круціла і пілы тартака, дзе распілоўвалі бярвенні на дошкі, на бэлькі. Каб размалоць збажыну сялянам, даводзілася па некалькі тыдняў сядзець на мяшках і чакаць чаргі".
В.К . Пры сустрэчы на кватэры запісаў на дыктафоне, а потым сын Алік адкарэкціраваў расказ бацькі.
Распавядае Рамук Станіслаў Мацвеевіч:
" З бацькамі жыў у вёсцы Забалаць пры беразе Жыжмы, з вярсту ад Левашоў. Мелі дзясятак гектараў зямлі з кустарнікамі і балотам. За польскім часам трымалі карову, каня, пару свіней, дзясятак авечак і курэй. Мелі плуг, барану, цапы, сячкарню, сярпы. Зямлю аралі плугам, выраўнівалі бараной драўлянай. На палях сеялі восенню азімае жыта, ранняй вясною - авёс, ячмень, пшаніцу, і пазней - віку і грэчку. Ад актыўнай працы, але са слабых палёў збіралі невялікі ўраджай. Давялося хадзіць у Дворышча да багатай Гяцэвічыхі. Працаваў на палях, пасвіў каровы.
Падросшы адвучыўся на краўца. Удалося купіць швейную машыну "Singer" за 520 злотых, што амаль 5 кароў. (Зінгер і Сіманто - два браты пабудавалі фабрыку.) Абшываў усю акругу і нават сям'ю Амберга і зарабляў грошы.
З тканага на кроснах палатна шыў кашулі, ручнікі, дзяругі, бурносы.
Помню добра, Аўгуст ростам не высокі і жонка Яніна не высокая, а дзеці ўсе высокія. Палац быў на горцы, дзе цяпер бэз.
Амберг запрасіў дапамагаць кіраваць працаўнікамі. Пасяліў ў хаце мельніка на другой палавіне, побач з мельнікам Тумілевічам Стасям. Ён быў сур'ёзным чалавекам, сталі на ўсё жыццё закадычнымі сябрамі, а жонка Зоф'я крыху шалапаватая…
Старэйшы брат Ян некалькі гадоў аж да вайны служыў у польскім войску."
"Расказаў, як разам святкавалі Вялікдзень. Дом быў прыбраны, да сцяны прыбілі паперу. На стол ставілі пірагі, мяса, капусту. За сталом сядзелі як каму патрапіла. Пацеры кажуць, ломяць аплатку, жадаюць здароўя, потым ядуць. Пасудзіна: гліняныя збаны, бочкі драўляныя, саганы, каструлі жалезныя, драўляныя лыжкі, відэльцы".
На Вялiкдзень валачобнiкi хадзiлi по хатах, такiя словы казалi незамужнiм дзяўчатам:
Добры вечар, дама злота!
Проша адэмкнуць браму, окна.
Проша паслухаць тэй новiны,
Тэй новiны з Украiны.
Сподзевайся цо годзiны,
Цо годзiны, цо момэнта,
Бэндзеш паненка госця мяла,
Госця мяла, ктурэго не знала.
Его тэраз нема в дому,
Он поехал до Кракова,
А краковянкi аж памлелi,
Такего панiча не вiдзелi".
У вёсцы Дворышча - 1 за польскім часам жылі, працавалі, вялі гаспадарку і прайшлі навучанне, у асноўным усе чатырохкласную школу:
- Гяцэвіч Браніслава Вікенцеўна, 1886 г.н. Сыны: Францішак, 1922 г.н., Мар'ян, 1929 г.н., дочкі: Ядвіга, 1923 г.н., Уладзіслава, 1927 г.н., Аляксандра, 1935 г.н. Мелі 9 га.
- Юрша Іосіф Іосіфавіч,1904 г.н., жонка Алена, 1909 г.н., дачка Марыя, 1923 г.н. Мелі 12 га.
- Гяцэвіч Аляксандр Антонавіч, 1873 г.н., жонка Разалія Францаўна, 1889 г.н., сын Вітольд, 1918 г.н. Дочкі: Станіслава,1922 г.н.,Зоф'я, 1927 г.н., Рэгіна, 1931 г.н. Зямлі - 10 га.
- Дуброўскі Альфонс Адамавіч,1907 г.н., жонка Яніна,1914 г.н. Маці Галавач Броня Іосіфаўна,1880 г.н. Зямлі - 15 га.
- Гяцэвіч Міхаіл Антонавіч,1846 г.н., жонка Ганна Юр'еўна, 1900 г.н., дзеці: Міхаіл,1924 г.н., Яніна, 1928 г.н., Іосіф, 1929 г.н., Соф'я, 1933 г.н. Зямлі - 9 га.
- Гяцэвіч Паўліна Ігнаццеўна,1888 г.н. Дзеці: Іван, 1925 г.н., Юзэфа, 1927 г.н., Вера, 1930 г.н., Антон, 1932г.н., Эдвард, 1934 г.н. Мелі 9 га зямлі.
- Бобін Ева Іванаўна,1886 г.н., Марыя Пятроўна, 1926 г.н. Зямлі - 3,33 дзесянціны.
На працягу некалькі стагоддзяў упрыгожваннем дварышчанскага паселішча быў драўляны касцёл Святой Марыі Ружанцовай, як філіяльны касцёл ад Тракельскага касцёла, збудаваны пры езуітах у 16 стагоддзі. А праз два стагоддзі пасля зруйнавнай старога касцёла, езуіты пабудавалі новую драўляную капліцу. Дальнейшы ўладальнік Дворышчаў Аляксандр Вольскі шчыра адносіўся да веры і ў 1850 г. пабудаваў на тым жа месцы новую васьмікутную капліцу і ахвяраваў абраз у срэбнам акладзе на алтар капліцы..
Жонка Аляксандра Вольскага - Станіслава Святаполк-Мірская памерла 7 траўня 1864 года ва ўзросце 67 гадоў. І ў гэтай капліцы тракельскі прабошч Кастусь Стэфановіч адпеў пахавальны рытуал і цела Станіславы было пахавана ў шкляной труне.
У тым жа годзе адышоў ад жыцця і сам гаспадар Аляксандр Вольскі. Побач з жонкай улажылі труну ў склепе пад фундаментам капліцы.
Пасля гэтага на могілках пачалі хаваць саміх сялян, асабліва з вёсак Дворышча, Бянейкі, Марысева, Мяргінцы. Некаторыя з іх маюць помнікі і большасць надпісаў на польскай мове, а некаторыя толькі адзін крыж.
СТАРЫЯ ДВАРЫШЧАНСКІЯ МОГІЛКІ
Гэтыя могілкі сталі памяццю гісторыі Дварышчанскага краю.
Там пахаваны жыхары з тых далёкіх гадоў.
Лыскаўкі былі першымі пахаванымі на гэтых могілках.
Лыскаўка Пётр, 08.07.1842 г.
Лыскаўка Сафія, 1815-1859 гг., пражыла 44 гады.
Лыскаўка Андрэй, 1822-1874 г.г., пражыў 52 гады.
Ендза Томаша жонка Тэкла, 22.10.1886 г.
Лыскаўкі Адольф і Эмілія, у1887 годзе.
Пашнік Мацей, 07.12.1887 г.
Уласава Эва, 1878-06.05.1892 гг., пражыла 14 гадоў.
Драб Міхал, 1822-07.03.1896 гг., пражыў 74 гады.
Дзеркачовічы: Ян і Катажына, 1899 г.
Пакшыс Юзаф,1819-20.02.1901 гг., пражыў 82 гады.
Лыскаўка Агата, 1846-27.10.1901 г., пражыла 55 гадоў.
Яскель Эльжбета з Шамрэяў, 04.08.1903 г.
Лыскаўка Эва, 1886-1905 гг., пражыла 19 гадоў.
Яскель Кароль,13.05.1916 г.
Яскель (імя не выявілі), 1927 г.
Томшыс Адам,1855-20.09.1931 гг., пражыў 76 гадоў.
Пашнік Марыя,1904-02.10.1931 гг., пражыла 27 гадоў.
Клябека Ян, 1865-28.10.1931гг., пражыў 66 гадоў.
Лукашэвіч Эмілія,1861-18.12.1931 гг., пражыла 70 гадоў.
Ендза Міхал Тамашавіч,1868-25.06.1932 гг., пражыў 64 гады.
Ендза Эмілія, 1852-08.12.1932 гг., пражыла 80 гадоў.
Вяршыла Міхал, 1836-05.10.1936 гг., пражыў 60 гадоў.
Улас Мацей,1894-15.10.1936гг., пражыў 42 гады.
Лыскаўка Антоні,1872-10.03.1937 гг., пражыў 65 гадоў.
Улас Мар'янна,1877-20.03.1937 гг., пражыла 60 гадоў.
Змітровіч Пётр пражыў 83 гады і яго жонка Агата Арловіч.
Клябека Андрэй, пражыў 73 гады і яго жонка Эльжбета, пражыла 85 гадоў
Некраш Мікалай.
Бурбліс Міхал і Катажына.
(В.К. Вось на апошніх з помнікаў не ўдалося ўстанавіць гады нараджэння і смерці.)
Успаміны родных запісаў Пётр Енза з вёскі Эйтуны:
"Мяне з дзяцінства цікавіла гісторыя. Яшчэ ў школьныя гады я даведаўся ад маці Леанарды пра свае карані па яе лініі.
Мой прадзед па лініі маці Марцін Стэфановіч паходзіў са шляхецкага роду, меў вялікую гаспадарку, у іх было аж 200 дзесяцін зямлі, 4 кані, два валы, статак кароў, свіней і десятак вуллёў пчол".
Пратакол ад 21 мая 1938 года
(скарочаны пераклад)
Пасяджэнне гарадскога суда ў Іўі.
Дагавор паміж Марцінам Стэфановічам (бацька) і Мацвеем Стэфановічам (сын).
Бацька Марцін Стэфановіч аддае свайму сыну Мацвею Стэфановічу ў бязвыплатнае карыстанне 11 га зямлі ў маёнтку Ліпнішкі. Узамен сын адмаўляецца ад спадчынных правоў на нерухомую маёмасць бацькі пасля яго смерці...
"Мая маці Леанарда Стэфановіч нарадзілася ў 1939 годзе ў вёсцы Завяргане, на Івейшчыне, як яна казала: "Тое месца пры Польшы называлі Засценак". Нажаль, назва яго знікла з карты Гарадзеншчыны, як і сама ўся вёска.
Дзед па лініі бацькі Аляксандр Енза, нарадзіўся ў вёсцы Эйтуны, меў зусім невялікі надзел зямлі.
Анастасія Бурак, яго жонка, нарадзілася ў 1920 г. у маёнтку Дворышча, у той час слова вёска не ўжывалася.
У бабулі былі тры браты і дзве сястры (Ганна, а другая Эмілія - памерла, пахавана на старых магілках каля капліцы, і там бацька дзеда)".
Вось дадзеныя на помніках на старых могілках:
Ендза Міхал Тамашавіч,1868 г.н. - 25.06.1932 г., пражыў 64 гады.
Ендза Эмілія,1852 г.н. - 08.12.1932 г., пражыла 80 гадоў.
"Маёнтак ўяўляў панскі двор з гаспадарчымі пабудовамі.
Бацькі Буракі Аляксандр і Анастасія служылі ў пана Аўгуста Амберга, бо мелі мала сваёй зямлі ў Эйтунах.
Было цікава слухаць аб тым, як яны жылі пры польскім часе.
Бабуля Анастасія расказвала, што метраў 30 ад цяперашніх развалін крухмальнага завода, стаяў дом, дзе жыла прыслуга, яшчэ яго самі людзі называлі - шасцярык. Каля яго і панскага маёнтка прайшло іхняе дзяцінства.
Па яе ўспамінах, сам маёнтак з панскімі хатамі і гаспадарчымі пабудовамі стаяў на ўзвышшы.
У пана Аўгуста была багатая гаспадарка, шмат коней, кароў і свіней.
З чатырохпавярховай вежы, якая засталася ад спаленага панскага палаца, вялі тры падземныя хады: адзін у млын, другі выходзіў да сажалкі каля дарогі, трэці ішоў да рэчкі Жыжмы.
Пад другой вежай быў зроблены ляднік. Работнікі пілой рэзалі ў сажалцы лёд і завозілі яго ў лядоўню, дзе перасыпалі апілкамі, там ён ляжаў цэлае лета.
Парабчанкі-жанчыны тры разы ў дзень абдойвалі вялікі статак кароў, малако ад якіх злівалі ў вялікія бляханы і астуджалі ў карытах з ільдом. Для вырабу масла карысталіся спецыяльнай маслабойкай, кола якой круцілі два работнікі.
Гэтая прылада напамінала вал з ручкай у вясковым калодзежы, дзе ў бочцы барабанам круцілася смятана, з якой і атрымлівалі масла, якое разам з самаробнымі сырамі вазілі на продаж у Ліду, а бывала і ў Вільню. Маслёнку аддавалі не толькі панскім свіням, яе маглі забіраць і працаўнікі.
Бабуля Стася, калі трохі падрасла, працавала ў доме пана. Набірала цёплую ваду ў медны дуршляк, і прыбірала ў панскіх пакоях, мыла падлогі, а з каструлі меднай мыла вокны. У мыечнай была ванна медная, кацёл для бялізны, кадушкі невялікія дубовыя, цэбар з бярозы.
У кухні стаяла шафа драўляная ў выглядзе камоды з шасцю скрынямі з перагародкамі для ссыпкі. Дзве бодні сасновыя вялікія і дзве паменш, адна з іх акованая жалезнымі абручамі. Стол просты з сасновых дошак і дашчатая лава з хваёвымі ножкамі.
У кухні бабулька Стася са сваёю маткаю памагала рыхтаваць з паннай Янінаю святочную ежу для ўсёй сям'і ў чыгунным гаршку тушонку з бульбы, квашаніну-халадзец. У печы пяклі хлеб і булкі, да іх рыхтавалі кісель і квас.
Там было многа рознага драўлянага посуду, бярозавыя лыжкі з жалезнай ручкай і дуршляковая лыжка з ручкай.
Бабуля ўспамінала такі выпадак, калі яе маці пайшла ў камору, каб зачэрпаць маслёнкі, то здзівілася, чаму там плавае кажух? А калі разглядзелі, што там за дзіва, то аказалася, што гэта затануўшыя пацукі. Бочку з маслёнкай і пацукамі вывалаклі на падворак, вылілі і здзівіліся, колькі ж іх там было, можа з тысячу…
Але пасля гэтага выпадку ўсе пацукі збеглі з маёнтка. Гэта было дзіўна, усе, хто прыязджаў на млын хадзілі паглядзець на кучу пацукоў і меркавалі, што бы гэта значыла, чаму столькі развялося.
Перад тым, як запусціць млын на рэчцы, трохі вышэй ад моста апускалі драўляны шлюз на заставе, каб перакрыць ваду на рэчцы і накіраваць яе па канале да млына.
Гэты млын асаблівы, фундамент стаяў на сасновых палях, якія ў вадзе сотню гадоў не псаваліся, таму што вада паступала па цэнтры, а не падала на кола збоку, як на іншых млынах. Каб запусціць вадзяное кола і пачаць круціць два каменныя жарнавы, якія з зерня малолі муку і крупы, трэба было шмат вады, таму перад млыном была выкапана сажалка, вада з якой падала на кола".
У Заходняй Беларусі да 1920 года панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, таму польскі ўрад ставіў на мэту не толькі павялічыць сялянскі надзел, але і ўмацаваць сацыяльную апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродажу часткі памешчыцкіх зямель мясцовым заможным сялянам пры частковым захаванні памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна на аснове закона аб аграрнай рэформе: "Аб надзяленні салдат польскай арміі" (17.12.1920). Згодна з гэтым законам добрыя ўчасткі (парцэлы) памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі пачалі выдзяляцца асаднікам, якія маладымі дабраахвотна праслужылі некалькі гадоў у польскай арміі жаўнерамі.
Так на такарскай мясцовасці засяліліся сем'і чатырох асаднікаў.
Асаднік Жук Бярнард Іванавіч, нарадзіўся ў 1902 годзе, адслужышы пяць гадоў у польскай арміі Пілсудскага, атрымаў 18 га зямлі на ўрочышчы Больцішкі ад лесу да лесу. (Побач дзве гаспадаркі БолтуцьЧаслава Альбінавіча і брата Уладзіміра.)
Сям'ю Бярнарда складалі: жонка Ганна Людвігаўна, н. у 1903 годзе, сыны: Антон н. у 1925 г., Сцяпан н. у 1926 г., малыя дочкі: Вераніка, Леакадзія, Яніна. Добра вялі гаспадарку, трымалі каровы, свіней, авечак. Яго хата ў Такарах потым стала школай.
Мелі лес, сенажаць. Сеялі лубін, ячмень… Перад пачаткам сяўбы ўся сям'я садзілася за стол, гэта сімвалізавала дружныя ўсходы, багаты ўраджай.
Бэндар Вацлаў Іосіфавіч, 1870 г.н., жонка Марыя Фёдараўна, н. у 1874 годзе, сястра Ядвіга Іосіфаўна, н. у 1913 г., дзеці Мацаян, н. у 1930 г., Ганна н. у 1934 г., Тарэза, н. у 1935 годзе. Зямля на Крутоўшчыне перад вёскаю Сліжы.
Волах Уладзімір Іванавіч, н. у 1900 г., жонка Юзэфа Сцяпанаўна, н. у 1900 годзе. Дзеці: Тадзік, 1920 г.н., Станіслаў, н. у 1927 г., Іосіф, н. у 1930 годзе.
У Волаха зямлі было больш за дзесяць гектараў каля Ігнатовіча Пятра і Івана.
Хата і гаспадарчыя пабудовы на горцы каля лесу, а ў нізіне балотца каля Жыжмы.
Асадніка Моцевіча зямля за Такарамі, так званая Зацірка. Там у лесе хутаранін Лукаш Стась. Меў больш за десяць гектараў зямлі, трохі лесу, трохі балота, на краі вёскі.
Адразу ўраджай на новых землях быў вельмі кепскі. Пачалі сеяць лубін пад заворванне, для жывёлы - люцэрну, канюшыну. Трымалі пару кароў, быка, каня. Лубін заворвалі і паднялі ўраджайнасць, да 40 коп жыта пачалі збіраць.
Ужо з дзяцінства асаднікаўскія хлопцы старанна працавалі на гаспадарцы: у полі канём аралі, баранавалі, з сявенькай сеялі зерне. Летам сенавалі ў пойме Жыжмы, нарыхтоўвалі корм для хатняй жывёлы. З надыходам восені збіралі небагаты ўраджай бульбы, збажыны. Потым была цяжкая праца вымалаціць цапамі снапы, правеяць арфаю зерне, каб потым змалоць на жорнах у муку.
У ліпені 1925 года польскі сойм прыняў закон аб парцэляцыі, адно з асноўных мерапрыемстваў аграрнай рэформы ў Польшчы.
ПАРЦЭЛЯЦЫЯ: (франц. parcelle - часцінка), называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 1 да 20 га і продаж праз дзяржаўныя банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і пакінутых бежанцамі 1-й сусветнай вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму.
У Жырмунскай гміне парцэляцыя пачалася ў 1921 годзе. Пад прыкрыццём аграрнага закона памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па шпекулятыўных цэнах, недаступных для збяднелага сялянства.
Такая дзікая аграрная рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу.
Другая зямельная рэформа, якую ў тыя гады праводзілі польскія ўлады, прадугледжвала так званую "камасацыю" (землеўпарадкаванне). "Камасацыя" была разлічана па захаванне абшарніцкага землеўладання. На аснове Закона аб аграрнай рэформе 1925 г. найперш улічваліся інтарэсы абшарнікаў. Зямлю ў іх не адбіралі, а скарб купляў частку зямлі, каб потым прадаваць яе.
Дзяржава ў Лідскім павеце за бюджэтныя сродкі выкупіла надзелы зямлі, і частка іх была перададзена ў гмінны фонд, адкуль зямля дзялілася на невялікія роўныя надзелы (каля 0,24 га) і за 200 злотых прадавалася ў карыстанне сялянам, грошы за гэтыя надзелы сяляне маглі плаціць шмат гадоў.
Малазямелле было гадоўнай хваробай сялян, большасць сялянскіх сем'яў, цяжка працуючы, дзесяцігоддзямі збіралі злоты да злотага, каб дакупіць кавалак зямлі. Так у Жырмунскай гміне частка зямель фальварка Дворышча трапіла пад парцэляцыю і была прададзена мясцовым сялянам. Захаваўся акт Дамовы (на польскай мове) аб продажы Аўгустам Амбергам з маёнтка Дворышча адной парцэлі зямлі плошчай 1,432 га селяніну Міхаілу Гяцэвічу з вёскі Дворышча-2.
Дамова аб продажы 19 красавіка 1928 г.
(Скарочаны варыянт)
Мы, ніжэй падпісаныя: з аднаго боку Аўгуст Амберг, які жыве ў маёнтку Дворышча, а з другога боку Міхал сын Антонія Гяцэвіч (Giecewicz), які жыве ў вёсцы Дворышча-2, абодва гміны Жырмунскай, павета Лідскага, і якія ў названых мейсцах маюць права на законнае пражыванне, па сутнасці сённяшняга акту заключылі дамову аб намеры продажу нерухомай маёмасці наступнага зместу.
1) Аўгуст Амберг мае намер і абяцае прадаць Міхалу Гяцэвічу са складу земскага маёнтка пад назвай Дворышча, які знаходзіцца ў яго ўласнасці, размешчанага ў Жырмунскай гміне Лідскага павета, (№ зап. у гіпатэчным архіве ў Вільні 617) адну парцэлю зямлі, пазначаную на парцэляцыйным плане часткі таго маёнтка, упарадкаванай мернікам (землямерам) Я. Ненартовічам у 1927 г., акцэптаванага старшынём Наваградскай акруговай земскай управы ў Гародні 11 лютага 1928 г. № 7, заверанай плошчы 1,4320 га (адзін, чатыры тысячы трыста дваццаць).
2) Прадажная цана дабраахвотна была ўстаноўлена бакамі ў суме 529 зл. 50 гр. (пяцьсот дваццаць дзевяць зл. 50 гр.) за ўвесь аб'ект продажу. У залік гэтай сумы новы пакупнік заплаціў, а прадавец атрымаў з афармленнем квітанцыі 100 (сто) злотых.
Дагавор куплі-продажу ад 19.04.1928 г. участка зямлі плошчай 1,432 га, коштам 529 злотых пераклаў натарыюс Генрык Пякарскі. Засведчыў, што вышэй зробленыя подпісы былі пастаўлены ў маёй прысутнасці працаздольнымі панам Аўгустам Амбергам, які жыве ў маёнтку Дворышча і Міхаілам Гяцэвічам, які жыве ў вёсцы Дворышча, абодва гміны Жырмунскай, павета Лідскага".
Нашым сялянам пры панскай Польшчы жылося нялёгка. Вяскоўцы былі прыгнечаны высокімі падаткамі, страхоўкамі і абавязкам плаціць толькі грашыма. А каб іх мець, трэба было прадаць зерне, жывёлу, малако і масла, якіх не заўсёды хватала нават дзецям…
Нарэшце, узгадаем цэны на некаторыя прадукты харчавання, якія былі ў Лідзе. Так, бохан чорнага хлеба каштаваў 32 грошы, кілаграм пшанічнай мукі - 50 грошаў, кілаграм бульбы - 5 грошаў, кілаграм ялавічыны - 98 грошаў (а ў Варшаве ўжо 1,43 злотага), кілаграм свініны - 1,25 злотага, кілаграм сала - 1,78 злотага, літр малака - 18 грошаў, кілаграм масла - 3 злотыя 90 грошаў, дзесятак курыных яйкаў - 60 грошаў, кілаграм цукру - адзін злоты, 10 кілаграмаў вугалю - 32 грошы, літр газы - 35 грошаў, а за 10 кілават электраэнергіі трэба было заплаціць 7 злотых.
Нельга сказаць, што людзі паміралі з голаду ці навалам надзявалі жабрацкія торбы. Сяляне суседніх вёсак жылі даволі бедна, але хто не ленаваўся, неяк зводзіў канцы з канцамі. Але гэты паўсядзённы мужыцкі груз паднявольнай працы ператвараў жывога чалавека ў цяглавую жывёліну. Таму што выйсця з гэтага зачараванага кола не было. Малыя надзелы зямлі не давалі магчымасці назбіраць багацця. Яны давалі толькі магчымасць пракарміцца сям'і і то толькі пры ўмове неймавернай працы.
Вырошчвалі, як і раней, азімае жыта, у невялікіх колькасцях пшаніцу, яравыя ячмень, авёс, грэчку, гарох, сачавіцу, бабы, лён, каноплі, саджалі бульбу, буракі, капусту, агуркі. Ураджаі былі невысокімі - сам 4-5. Выкормлівалі буйную рагатую жывёлу, коней, авечак, свіней, коз, курэй, гусей.
Працоўны народ стварыў здаровую філасофію сялянскага жыцця, глыбока шанаваў прыстойныя паводзіны і ўзаемаадносіны паміж людзьмі.
Асабліва высока цанілася такія якасці чалавека, як працавітасць, кемлівасць, руплівасць, дабрата, смеласць, праўдзівасць, сціпласць.
Найбольш дрэннымі лічылася гультайства, няўмельства, дармаедства і п'янства.
Селянін лічыў сваім жыццёвым абавязкам выхаваць у дзяцей лепшыя чалавечыя якасці. Асноўнай мэтай і галоўным сродкам народнай педагогікі была праца. У традыцыйным побыце школу працоўнага выхавання чалавек праходзіў у сям'і.
З дзяцінства хлопцы прывучаліся араць, баранаваць, касіць, вучыліся традыцыйным для сваёй мясцовасці рамёствам.
Дзяўчаты авалодвалі майстэрствам вырошчваць агародніну, даглядаць жывёлу, жаць, прасці, ткаць, шыць, гатаваць ежу. Сям'я вучыла дзяцей сумленным адносінам да працы, павазе да старэйшых.
Праца фармаравала і эстэтычныя погляды, з чым былі звязаны ўяўленні аб прыгажосці. Адносіны да працы былі крытэрыем эстэтычнай ацэнкі чалавека: "Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, хто на справу гож".
За польскім часам дарога з Ліды да маёнтка была выбрукавана камянямі. Брук рабіўся метадам шарварку, кожная сям'я атрымоўвала ўчастак дарогі і мусіла без усялякай аплаты гэты ўчастак выбрукаваць. Таму гэты тракт быў вельмі ажыўленым.
Сялянскія абозы з жыўнасцю і дарамі палёў спяшаліся на кірмашы ў Тракелі, Геранёны, а то і ў Жамослаўль. Хтосьці з прадпрымальных людзей залазіў і ў Вільню, паколькі там можна было з вялікай выгадай набыць патрэбную ў гаспадарцы начынне.
У святочныя дні па гэтым гасцінцы ішлі натоўпы вернікаў пакланіцца цудатворнаму абразу касцёла ў Тракелях або пабыць на імшы ў Суботніцкім храме.
Дворышча ў тыя часы выступала як бы прамежкавым пунктам. Тут таксама можна было з выгадай набыць нейкую жыўнасць і прадукты, а хтосьці з багатых людзей мог на пару дзён спыніцца ў мясцовага ўладальніка маёнтка Аўгуста Амберга, пасядзець у карчме, агледзець яго ўладанні - крухмальны і півавараны заводы, з высокай вежы ўбачыць усё цікавае наваколле.
Напісаў успаміны Гойдзь Аляксандр Браніслававіч:
"Нашыя продкі Гойдзі пераехалі меркавана ў канцы 19-га стагоддзя з тэрыторыі пад Літвой (а магчыма, недзе з-пад Іўя - там шмат людзей з такім прозвішчам). І заснавалі гаспадарку на краі вёскі Дворышча-2, каля вярсты да Мяргінцаў.
Да гэтага дзядуля Марцін з'ездзіў на працу ў Амерыку і добра зарабіў. Так што здолеў купіць шмат зямлі ворнай, лугавой і ўчастак лесу.
Як добры будаўнічы майстар разам з немцамі ўдзельнічаў у рэканструкцыі дварышчанскага мураванага млына і добра зарабляў. Узяўся будаваць пры дарозе хату і гаспадарчыя пабудовы.
Новую хату пабудавалі значна палепшанай планіроўкі: сцены вянкамі з абчэсанах кедравых дрэваў, накрылі кулявой саломай, вокны майстравалі з дубэльтамі, у хаце - спальня, кухня, сені, камора. На ацяпленне хаты зрабілі печ, і ў зімку секлі хмызнякі, якія раслі ў межах паселішча. Прысупоніўшы, да сядла, так выцягвалі бярвенні з паляны.
Кажуць, давялося па лес на будаўніцтва ездзіць нават недзе ў Сібір. Вялікія абозы з працаўнікамі адпраўляліся ў доўгае падарожжа (да паўгода) па вельмі стойкі кедр. Можа, таму дом і стаіць так доўга.
Вакол дома ўдала гаспадарыў на зямлі, вырошчваў, збожжа, бульбу, бручку, тытунь. На забалочаным лузе гадаваў жывёлу, нарыхтоўваў сена ...
Марцін выбраў спрытную, працалюбівую дзяўчыну і ажаніўся з Тэкляй. І праз год нарадзіўся 20.09.1908 г. сын Браніслаў".
Падросшы Браніслаў актыўна дапамагаў у вядзенні гаспадаркі… быў пчаляром.
Сям'я трымала вялікую гаспадарку: кароў, свіней, авечак, хатнюю птушку. Сеялі шмат збожжавых культур. Па словах бацькі, у іх былі наёмныя работнікі-парабкі: Драб, Кузюк і іншыя, якія пасвілі кароў і дапамагалі па гаспадарцы, асабліва ранняй вясною парамі коней заворвалі поле, каб пасля баранавання пасеяць збажыну… Ураджай малацілі цапамі ноччу, таму што зімовага дня не хапала на ўсе работы. Бабы ткалі палатно да позняй ночы, таму што трэба было і апранаць сям'ю. І ў цьмянай хаце, дзе гарэла лямпа, а дзе дыміла лучына, на глінянай падлозе мясцілася дзетвара.
Дваццацідвухгадовага Браніслава ў 1930 годзе прызвалі на службу ў Польскае войска. Захавалася вайсковае пасведчанне з дадзенымі на польскай мове:
"Вайсковае пасведчанне.
Браніслаў Гойдзь, сын Марціна і Тэклі.
Нарадзіўся: 20.09.1908 у вёсцы Дворышча-2, гміна Жырмуны, павет Ліда, ваяводства Наваградак.
Рэлігія (веравызнанне) - каталіцкае.
Нацыянальнасць - паляк.
Пражывае ў вёсцы Дворышча.
Род заняткаў - селянін.
Адукацыя - чытае і піша
Рост - 169 см.
Валасы - светлыя, бровы - светлыя, вочы - блакітныя, нос - прамы, вусны - тонкія, барада, твар - авальныя".
Пастановай камісіі ў Лідзе 25.06.1930 г. залічаны шэрагі вайскоўцаў.
Адслужыўшы некалькі гадоў у польскім войску Браніслаў ажаніўся з Шурмей Марыяй Іосіфаўнай з вёскі Крупа,каля Ліды.
Дамова куплі-продажу ад 08.06.1922
Бакі дамовы: Юльян і Людвік Пілецкія - прадаўцы - Ян Шурмей - пакупнік.
Прадмет куплі-продажу - участак зямлі ў вёсцы Крупава плошчай 2 дзесяціны.
Кошт участка - 2.376.000 марак.
Сям'я Гойдзяў, мяркуючы па фота, была вялікая. Сядзяць: Марцін з жонкай Тэкляй, ззаду: сын Браніслаў з жонкай Марыяй і побач за спіною сястра Марціна Соф'я (з'ехала за мяжу, быццам бы, у Польшчу), унізе малыя ўнукі Марціна.
Звестак аб далёкіх сваяках - цётках і дзядзьках, якія рэдка прыязджалі на святы, гасцілі, апавядалі пра жыццё-быццё, дарылі фатакарткі ў бацькі не захавалася, не захаваліся іхнія імёны, акрамя адной цёткі Сафіі, якая аднойчы прыязджала аднекуль з-за мяжы.
Нарадзіўся 20.12.1933 года сын Аляксандр.
Падросшы яшчэ каля шасці гадоў пайшоў вучыцца ў першы клас польскай школы ў Дворышчы.
З польскага пісьма Дароты Гульпоўскай, жонкі Станіслава.
"Густаў Станіслававіч Гульпаўскі-Шульц, 1888 г.н., ажаніўся з Басяй (Юліяй). Вырасцілі дваіх хлопчыкаў Стася, Юрка і дочаньку Данусю.
Па ўспамінах Густава Гульпоўскага-Шульца іхняя сям'я жыла ў Лідзе, працавалі ў школе настаўнікамі. У жніўні 1937 года пераехалі ў Дворышча і жылі ў доме Бічэля на школьным двары.
З пачаткам вучэбнага года Густаў і жонка Юлія пачалі працаваць у чатырохкласнай школе. Юлія ў доме пані Маравей вучыла дзетак у першым і трэцім класах. Густаў вучыў школьнікаў у другім і чацвёртым класах у хаце Гяцэвіча. На сцяне віселі партрэты Іосіфа Пілсудскага і Ігнацыя Масціцкага. Вучні пісалі ў сшытках пер'ем і чарнілам. Кнігі, сшыткі і алоўкі куплялі самі бацькі. Настаўнік Густаў на уроках выдаваў падручнікі па фізіцы, геаграфіі, польскай гісторыі. У класе вучыліся 6-7 дзяцей".
Ліст Станіслава Гульпоўскага-Шульца (быў аднагодкам з Сашам Гойдзем і яны актыўна сябравалі).
"Шаноўная пані Ліля Гойдзь!.
Нарэшце высылаю фота і пішу ліст. Цэлы фільм з фотаапарата - гэта каля 900 фотак, і так не ўсе выцягнулі з кампутара.
Пішу па-польску, бо не хачу калечыць рускую мову. Ведаю, што вы перакладзеце на рускую.
Брат Юрак і сястрычка Дануся дзівіліся, што я зрабіў столькі здымкаў вашай старой хаты: яна ж - гэта ўсё маё дзяцінства. Памятаю кожную дэталь з тых гадоў. Да таго ж яна - помнік даўніны, ёй больш за 100 гадоў. Колькі ў ёй рэчаў, якія маглі б быць у музеі! Тая настаўніца з Дворышча збірала розныя прадметы даўніны з суседніх вёсак, верагодна, магла б узяць што-небудзь і ў вас з вашай хаты".
Пэўны ўплыў на культуру наваколля дварышчан рабіла мясцовая рэлігія.
Паводле веравызнання жыхары ў большасці былі католікі, а частка праваслаўныя хрысціяне. Так у асноўным праваслаўныя жыхары былі ў вёсках Сліжы, Меляшы.
Згодна запісаных дадзеных па дзясятку ў Эйтунах, Гурынах і Гімбутах.
Жыхары ніколі не вызначаліся глыбокай рэлігійнасцю, фанатызмам, але ў побыце па традыцыі прытрымлівалася рэлігійных святаў, пастоў.
Рэлігійны адбітак набылі некаторыя народныя святы і абрады, якія царква і касцёл прыстасоўвалі да сваіх патрэб.