Папярэдняя старонка: Гайцюнішкі

Гайцюнішкі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 13-04-2013,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Гайцюнішкі // Маладосць. 2013. №2. С. 114-118.

Спампаваць




Першы ўспамін пра Гайцюнішкі датуецца XVI стагоддзем. У 1562 годзе гэтай маёмасцю валодае Лукаш Ленскі. Згодна з інвентаром 1565 года маёнтак ужо належыць Рымшам і складаецца з двара і гаспадарчых пабудоў. У двор уваходзяць тры жылыя дамы, стайні і гароды. Гаспадарчыя пабудовы, агароджаныя дылямі, маюць дзве брамы. У 1589-м гаспадаром маёнтка з'яўляецца Себасцьян Пакаш. Менавіта ў яго каля 1600 года Гайцюнішкі набывае Пётр Нонхарт.

На поўначы сучаснага Воранаўскага раёна, у Гайцюнішках захаваўся найцікавейшы сядзібны комплекс XVII стагоддзя. Малюнак Напалеона Орды.

Нявядома, адкуль Нонхарты паходзілі і як па-сапраўднаму гучала іх прозвішча. Выглядала яно як курляндскае, таму іх лічылі курляндскай шляхтай, аднак даследчыкі высветлілі, што Нонхарты, верагодна, маюць паходжанне нідэрландскае. Два родныя браты Пётр і Станіслаў Нонхарты за вялікія заслугі перад краінай у 1590 годзе падчас вайсковых дзеянняў з Масквой і шведамі атрымалі пацверджанне свайго шляхецтва, якое атрымалі раней ад імператара германскай імперыі. Быў таксама пацверджаны іх фамільны герб: «Срэбны якар на чырвоным полі».

Пётр Нонхарт - высокакваліфікаваны прафесіянал, быў ацэнены адпаведна і атрымаў ад караля Жыгімонта Вазы дзве пасады - аршанскага старасты і будаўнічага вялікакняскага замка ў Вільні. Тут ён кіраваў рэстаўрацыяй будынкаў Ніжняга замка - палаца і капліцы Святога Казіміра ў Віленскай катэдры.

Пётр Нонхарт быў вельмі уплывовым шляхціцам-лютэранінам ВКЛ першай паловы XVII стагоддзя. Каля 1600 года ён купіў Гайцюнішкі, яму ж належалі маёнткі Халопенічы і Хацюхова ў Аршанскім павеце. Быў жанаты на пратэстанцы Падбярэзскай, меў дачку Зузану і, верагодна, дачку Эльжбету.

Для пратэстантаў ВКЛ у 1621 годзе коштам старасты аршанскага і гараднічага віленскага, лютэраніна Пятра Нонхарта ў Кракаве друкуецца кніга: «Postilla chrzescijanska to jest kazania albo wyklady porzadne Swietych Ewangelii na kazda niedziele i na kazde swieto». Аўтарам твора з'яўляецца славуты біскуп лютэранскага збору ВКЛ Самуэль Дамброўскі (1577-1625). У прадмове да другога выдання фундатар зазначае, што кніга прысвячаецца «…святой памяці найяснейшай панне яе каралеўскай мосьці Ганне, з ласкі Боскай Шведскай каралеўне... патронцы і пястунцы ўбогага касьцёлу Аўгсбургскай канфэсіі». Гэта кніга стала самай папулярнай чытанкай лютэран у Беларусі. Пачынаючы з XVII стагоддзя кніга перавыдавалася дванаццаць разоў, і апошні раз была перавыдадзена ў 2002 годзе ў Польшчы!

На скон Пятра Нонхарта 18 лютага 1633 года пастар Андрэй Шонфлісіюш напісаў і выдаў у Любчы эпітафію: «Obchod pogrzebu Jego Mosci Pana Piotra Nunharta...» Дачка Пятра Нонхарта Зузана выйшла замуж за навагрудскага ваяводу Юрыя Храптовіча (1586-1650) і перадала Гайцюнішкі яму ў пасаг. Пасля Юрыя Гайцюнішкі атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын Адам Храптовіч, жанаты на Елізавеце Ісайкоўскай. Дом-крэпасць у Гайцюнішках быў узведзены з цэглы на левым беразе ракі Жыжма па праекце гаспадара дома ў 1611-1612 гадах.

Адам Храптовіч каля 1660 года за 45 000 злотых прадаў Гайцюнішкі палкоўніку Вільгельму Корфу. У купчай значылася і «камяніца стаячая ў двары». Пры канцы XVII стагоддзя гэтая маёмасць перайшла да Шротараў (герб Любіч) - шляхце інфляндскага паходжання. Верагодна, Гайцюнішкі былі пасагам Дароты Шротар, другой жонкі Ваўжынца Путкамера, стольніка інфляндскага і гаспадара суседніх Бальцэнікаў. На пачатку XIX стагоддзя, а можа і раней, Гайцюнішкі ад Путкамераў пераходзяць да барона Караля Остэн-Сакена. Яго дачка Вераніка, вядомая прыгажосцю і навыкамі верхавой язды, каля 1840 года выйшла замуж за Адама Рымшу (герб Гоздава) і атрымала маёмасць як свой пасаг. Пасля Веранікі і Адама ўсё гэта атрымала ў спадчыну іхняя дачка Алена, жонка Рамуальда Рымшы. Перадапошнім уладальнікам Гайцюнішак быў сын Алены і Рамуальда Эдвард Рымша (1863-1937), жанаты на Яніне Лавенецкай. А апошнімі ўладальніцамі маёнтка былі ягоныя дзве дачкі: Алена (нарадзілася 19.02.1911 года, была замужам за Янам Гаштоўт-Ажынскім) і Зоф'я (нарадзілася 23.06.1913 года, жонка Напалеона Сянкевіча).

Праўнучка знакамітай Марылі Путкамер (з Верашчакаў) Яніна Жалтоўска (з Путкамераў), якая нарадзілася ў суседніх Бальцэніках і правяла там дзяцінства і юнацтва, так пісала пра сваіх суседзяў і сваякоў Рымшаў у мемуарах: «Паміж намі і двума братамі Рымшамі: Эдвардам з Гайцюнішак і Раманам з Падвярышак існавала блізкае сяброўства. Гайцюнішкі з Падвярышкамі пасля Станіслава Путкамера (дзеда Яніны. - Л. Л.) успадкавала яго дачка Галіна Остэн-Сакен, …дачка яе Вераніка, чароўная Вэрця, дазволіла, каб яе выкраў Рымша, …жанаты мужчына. Ён вывез заможную панну ў Вятку (відочна, ссылка за ўдзел у паўстанні 1831 года. - Л. Л.) і толькі праз шмат гадоў, пасля смерці першай жонкі, урэгуляваў з ёй шлюбныя адносіны. У маёй маладосці падобную прыгоду я ўспрымала як непраўдападобную. Адам Рымша і Вераніка мелі адну дачку, якая выйшла замуж за свайго кузена Рымшу, і была маткай цэлага шэрагу сыноў і адной дачкі: панны Марыі, неверагодна брыдкай. … Два браты Рымшы, нашы суседзі, былі яшчэ нежанатымі, але рабілі ўражанне старых людзей. Яны добра паканчалі ўніверсітэты. Эдвард быў інжынерам, як і мой бацька Кожны з іх на сваім фальварку працаваў з замілаваннем і нават з запалам, устаючы з рання да ўдою, а ўдзень пільнуючы працу ў полі. Былі яны занадта незалежнымі і падобнымі да герояў аповесці... Хадзілі ў доўгіх ботах і кажухах, пасмы валасоў спадалі ім на лоб, пагарджалі раскошай і жылі па-спартанску. Яны разам складалі салідарны сямейны клан, але фанабэрыстасць шляхты ў іх дапаўнялася дэмакратычным пазітывізмам».

Дом-крэпасць у Гайцюнішках быў узведзены з цэглы на левым беразе ракі Жыжма па праекце гаспадара дома ў 1611-1612 гадах. Будоўляй кіраваў інжынер-фартыфікатар Ван Данэн. Напэўна, гэта ён жа спраектаваў галандскую сістэму каналаў і сажалак, злучаных з ракой Жыжмай. Дом-крэпасць, пабудаваны ў галандскім, ці паўночна-французскім стылі, быў акружаны ровам з вадой. Будынак прамавугольны ў плане, двухпавярховы, пад высокім дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны трохпавярховай прамавугольнай вежай з невысокім кубічным арачным уваходам, прыбудаваным пазней. Чатыры вуглавыя вежы круглыя, накрыты шатрамі. Кожная вежа з вузкімі вокнамі - байніцамі, што дазваляла абаронцам з усіх бакоў кантраляваць подступы да дома. На першым паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікага гарнізона, наверсе - «панскія» пакоі і сталовая. У скляпеннях дома была вялікая студня.

У 1808 годзе Караль Остэн-Сакен зрабіў на сцяне капліцы вялікую эпітафію пра гісторыю яго сям'і XVIII і пачатку XIX стагоддзя.

У 1648 годзе сядзіба складалася з двара і фальварака, якія злучаліся паміж сабой дарогай. Галоўная брама вяла ў двор, другая стаяла на дарозе да фальварка. Акрамя дома-крэпасці вакол з'явіліся млын, ставы, карчма, будынак мыта каля мосту цераз Жыжму, драўляныя хаты ўпраўніка, дваровай чэлядзі і кухня. Каля дома на беразе ракі стаяла паперня, якую бачна на малюнку Напалеона Орды. Маёнтак акружаў стары парк плошчай 15 га, раслі ў ім ліпы і лістоўніцы, многім з якіх было ўжо больш як трыста гадоў. Фальварак размяшчаўся паміж дваром і гумном і меў два жылыя дамы, абору на пяць хлявоў, сырніцу, саладоўню і гарод. Гумно было за мостам праз роў у канцы дарогі, якая вяла да двара. Да маёнтка Гайцюнішкі належаў і двор у суседніх Падвярышках.

У 1900-1905 гадах Эдвард Рымша дабудаваў да дома-крэпасці шырокі ганак з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысціню і арыгінальнасць першапачатковага праекта. Падчас дабудовы былі знойдзены насценныя малюнкі са сцэнамі палявання, якія не былі закансерваваны. Ёсць меркаванне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага віленскага мастака і былога ўладальніка маёнтка Шротара.

У гэтым доме-крэпасці ў 1708 годзе падчас Паўночнай вайны паспяхова вытрымалі аблогу шведы, атакаваныя войскамі караля Гайцюнішкі ў 1915 годзе. Паштоўка. Аўгуста ІІ Саса. У суседніх Смаргонях, дзе была знакамітая школа дрэсіраваных мядзведзяў, так званая «Смаргонская акадэмія», сустрэліся два каралі: шведскі Карл XII і польскі Станіслаў Ляшчынскі, які разам з атрадам шведаў знаходзіўся ў суседніх Геранёнах і адтуль выправіўся на сустрэчу з каралём Швецыі праз Гайцюнішкі. У доме-крэпасці ваяры Станіслава Ляшчынскага маглі спыніцца і нават прыняць удзел у абароне дома ад нападу арміі Аўгуста ІІ Саса. Памяць пра караля Ляшчынскага і шведаў доўга жыла ў гэтых мясцінах. Нават яшчэ на пачатку XX стагоддзя быў бачны адбітак памятнай дошкі, прымацаванай над уваходам у дом і скрадзенай жаўнерамі ў 1812 годзе.

Кожная старажытная пабудова павінна мець свой прывід. Вышэй апісаныя падзеі прывялі да таго, што ў доме-крэпасці людзі пачалі сустракаць яго. Гаспадарамі дома на пачатку XX стагоддзя запісана гісторыя пра тое, як панская служка, ідучы ўвечары да склепа, сустрэла незнаёмага мужчыну, апранутага ў дзіўную вопратку з белым жабо на шыі. З далейшай гісторыі вынікала, што гэта быў шведскі жаўнер, які загінуў пры аблозе дома. Кабета вельмі спужалася, і склеп давялося асвяціць мясцоваму ксяндзу, пасля чаго прывід больш не з'яўляўся. Аднак сяляне расказвалі аб прывідах у навакольных лясах, якія, па іх меркаванні, з'явіліся пасля паўстанняў 1831 і 1863 гадоў.

У польскай філалогіі ёсць версія пра тое, што Гайцюнішскі дом-крэпасць стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых з «Пана Тадэвуша». Доўгі час лічылася, што правобразам Сапліцова былі Тугановічы. Пазнейшыя даследчыкі размяшчалі яго ў Міры ці нават у Вялікапольшчы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафесар Рышард Кярсноўскі ў артыкуле «Замак Гарэшкаў і яго жыхары» і «Гавенда Гайцюнішска». Ён сабраў шмат фактаў на карысць слушнасці версіі пра Гайцюнішкі.

Некралог па Эдварду Рымшую Słowo. 1937. № 205.

Вядома, што Міцкевіч бываў у Гайцюнішках. Пра гэта сведчаць захаваныя ў архівах сямейныя дзённікі Рымшаў, апошніх уладальнікаў маёнтка. Паводле гэтых дзённікаў у сядзібным парку, які зваўся Сола, знаходзілася альтанка - невялікі зашклёны павільён, у якім госці пакідалі свае подпісы ці нават невялікія тэксты. І там над дзвярыма быў напісаны Антонам Адынцом трыялет, які славіў прыгажосць пані Остэн-Сакен - гаспадыні маёнтка на той час. У гэтай альтанцы быў подпіс Адама Міцкевіча на аконным шкле, зроблены дыяментам пярсцёнка. У тым жа парку Тамаш Зан па вяртанні са ссылкі ладзіў вясёлыя забавы - хованкі з паннамі з ваколічных маёнткаў. Міцкевіч мог трапіць у парк у 1820 годзе, калі з сябрамі ехаў з Навагрудка ў Вільню трактам, які праходзіў недалёка ад Гайцюнішак. Мог ён быць тут і ў траўні 1822-га, калі бавіў час у суседніх Бальцэніках Путкамераў і адкуль рэгулярна выязджаў разам з Марыляй Путкамер (з Верашчакаў) на конныя шпацыры. Яны павінны былі наведваць і Остэн-Сакенаў у Гайцюнішках: суседзяў і радзіну Марылі. Такім чынам, у Міцкевіча быў час вывучыць наваколлі дома-крэпасці, каб пасля, у эміграцыі, апісаць мясцовыя рэаліі ў сваёй геніяльнай паэме. Замак Гарэшкаў, як і гайцюнішскі дом, быў «самотным будынкам», двухпавярховым, з вежай. Дом-крэпасць, як і замак ў Гарэшкаве, мае высокі дах, які бачны здалёк, і ганак, на які выходзіў стольнік, і адкуль быў зроблены фатальны стрэл Яцака Сапліцы. Як і замак, дом меў вялікія сені, выпуклыя скляпенні на калонах і падлогу, высланую каменем (да нядаўняга часу сені тут былі высланы каменнай пліткай).

Цікавыя факты і дадумкі можна прыводзіць і далей, але, верагодна, замак Гарэшкаў у Міцкевіча - сінтэтычны вобраз замкаў яго радзімы. Памяць пра Гайцюнішскі дом-крэпасць і Мірскі замак адбілася ў запамінальны літаратурны вобраз.

У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Ацалела толькі «Генеалогія роду Рымшаў», якая сягала часоў хрышчэння Літвы.

Апошні бой у Гайцюнішскім доме-крэпасці адбыўся ў навагоднюю ноч 1944 года, калі аддзел Арміі Краёвай разграміў тут залогу літоўцаўкалабарантаў.

У 1946-1949 гадах у доме-крэпасці знаходзілася школа механізатараў. З 1960-га тут месціцца абласная псіхіятрычная бальніца. Быў праведзены капітальны рамонт - і ў выніку ўнікальны дом-крэпасць добра захаваўся. Цяпер у ім знаходзіцца адміністрацыйны будынак бальніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX - 1-й паловы XX стагоддзя.

* * *

На пачатку XVI стагоддзя ў Гайцюнішках Пятром Нонхартам заснаваны лютэранскі прыход, а ў 1613-1633 гадах каля маёнтка з цэглы ім жа будуецца лютэранскі збор, у якім, нягледзячы на ўсе цяжкасці, набажэнствы служыліся аж да 1939 года. Гісторык Міхал Балінскі пісаў, што збор тут фундавалі дзве сястры: дочкі Пятра Нонхарта. У архівах захавалася пахавальнае казанне біскупа Самуэля Дамброўскага над труной Эльжбеты Нарушэвіч (верагодна з Нонхартаў) у Гайцюнішках на пачатку 1624 года. Гэта паказвае, што ўжо ў 1624-м тут праходзілі набажэнствы.

Збор - прамавугольны ў плане будынак і такая ж алтарная частка. Асноўны аб'ём быў накрыты чарапічным вальмавым дахам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, завершаны шырокімі прафіяляванымі карнізамі і ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, схілы якіх накрыты чарапіцай. У сутарэннях знаходзіліся труны з муміфікаванымі целамі пахаваных. Высокую каштоўнасць мелі алтар і казальніца XVII стагоддзя.

Пасля пабудовы збор доўгі час меў асобнага пастара, а ў XIX стагоддзі быў філіяй («прычэтнай» царквой) Віленскай лютэранскай парафіі.

Збор стаў сямейнай пахавальняй Нонхартаў, Шротараў і іншых уладальнікаў Гайцюнішак пратэстанскай веры: Статкевічаў і Остэн-Сакенаў. У 1808 годзе Караль Остэн-Сакен зрабіў на сцяне капліцы вялікую эпітафію пра гісторыю яго сям'і XVIII і пачатку XIX стагоддзя.

Капліца парушана ў часы, калі ў доме-крэпасці знаходзілася школа механізатараў. Пры гэтым гатычная цэгла выкарыстоўвалася на будаўніцтва гаспадарчых пабудоў. Руіны збора знаходзяцца ў паўднёва-ўсходняй частцы вёскі каля дарогі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX