Самая старая згадка пра Падварышкі датуецца 1690 годам, калі Стэфан Корф (?-? гг.), канонік Жамойцкі, набыў маёнтак Гайцюнішкі, у склад якога ўваходзілі Падварышкі, у Магнуса Корфа за 35 тысяч злотых. Падварышкі былі часткай маёнтка Гайцюнішкі, і таму ў галоўным іх гісторыя да XIX ст. супадае.
На пачатку XIX ст. Падварышкі разам з Гайцюнішкамі і Беняконямі належаць Каралю Остэн-Сакену (сыну Ульрыка) і яго сыну Станіславу [1]. У 1835 г. дачка Караля Вераніка Остэн-Сакен (пра якую я раскажу трошкі ніжэй), як пасаг перадала Падварышкі, Падэгуці, Лоўцы, Варнакелі, Забалаць, Ленцішкі, Беняконцы - разам 3300 дзесяцінамі зямлі і 426 душ свайму мужу Адаму Рымшу (сыну Ануфрыя), у 1844 г. Рымша меў ужо толькі 885 дзесяцін зямлі [2]. У 1842 г. у Падварышках меўся двор з трохпакаёвым домам з часанага дрэва, крыты саломай. Пад адным дахам з домам месцілася людская і варыўня (памяшканне для захоўвання садавіны і гародніны). На гаспадарчым двары меліся адрыны для жывёлы, хлеба, сена і саломы, валоўнік, птушнік, свіран, ледавік і бровар. У вёсцы Падварышкі стаяла карчма з дзвюмя хатамі і стайнямі [3].
На працягу ХІХ ст. Падварышкі належалі роду Рымшаў герба Газдава. Ганна Рымшанка, дачка Рамана († 1919 г.) і Антаніны (з сям'і Бярновічаў), выйшла замуж за Тадэвуша Кярсноўскага († 1971 г. у Лондане) і перадала маёмасць Рымшаў сям'і мужа. Апошнімі ўладальнікамі Падварышак да 1939 г. былі Ганна і Тадэвуш Кярсноўскія. У 1939 г. Падварышкі разам з прылеглымі хутарамі Рымшышкамі, Мядзінамі і лясной гаспадаркай Геленава, займалі плошчу каля 800 га.
Стары сядзібны дом разбурыўся яшчэ ў ХІХ ст. і на яго месцы быў пабудаваны новы. Трэці сядзібны дом пастаўлены ў 1930-1931 гг. па праекце архітэктара прафесара Стэфана Нарэмбскага, але будаўніцтва было амаль што скончана толькі да 1939 г. Новы сядзібны дом не толькі добра ўпісваўся ў фон старога парку, але і меў характэрныя рысы абшарніцкіх маёнткаў. Аднапавярховы, ён быў пастаўлены на высокіх падмурках у форме прастакутніка і меў двухпавярховую сярэднюю частку. З пярэдняга боку размяшчаўся традыцыйны, адносна вузкі і неглыбокі порцік з чатырма стройнымі калонамі, увянчаны трохкутным франтонам. Увесь дом быў накрыты высокім гладкім чатырохсхільным дахам [4].
Перад домам меўся вялікі газон, акружаны шырокай дарожкай, якая падымалася ад пад'езда да невялікага насыпу. Кярсноўскія лічылі, што пад'язная дарожка і ганак - гэта як быццам твар іхняга дома, які павінен мець свае асабістыя рысы і выраз твару. Сын апошніх уладальнікаў, гісторык, прафесар-медыявіст Рышард Кярсноўскі ў сваіх мемуарах пісаў: «Навокал меліся асабнякі з класічнымі рысамі, з ганарыстым і прахалодным выразам твару, іншыя былі з ганкамі на нізкіх слупах, агорнутых вінаградам, гэтыя мелі далікатныя, прыязныя і цёплыя рысы твару. Часам сядзібныя дамы былі пазбаўлены ўсялякага выразу, але тады яны ўжо не цалкам заслугоўвалі сваю назву «шляхецкі двор». Наш сядзібны дом меў выцягнутыя ў вышыню рысы твару, пазначаныя чатырма белымі калонамі, ён меў нейкі адасоблены выраз, які змякчаўся вялікім чырвоным дахам, што апускаўся да вокнаў, як лісіная шапка, насунутая на вочы» [5].
Рышард Кярсноўскі, успамінаючы бацькоўскі дом, пісаў далей: «Жылы дом быў новы, мураваны, пакрыты чырвонай дахоўкай. Бацькі пабудавалі яго ў 1930 г. на месцы былой сядзібы, якая згарэла падчас Першай сусветнай вайны з-за нядбайнасці немцаў, якія тут стаялі. Дабудаваць яго не ўдалося, бо надышлі гады крызісу, а потым, калі пачаўся росквіт, больш актуальным стала будаваць чвартакі (дом для работнікаў на 4 сям'і - Л. Л.), а таксама амбар, стайні і адрыну.... Паставілі хлеў, ... пабудавалі вялікую піўніцу на сыры, асушылі лугі. Дом застаўся неатынкаваным і не меў каналізацыі, але яго корпус з вялікім, ламаным дахам, ганкам, прарэзаным высокімі калонамі, якія падтрымлівалі порцік, здолеў урасці ў пейзаж, на фоне зялёных ліп, елак і каштанаў» [6].
Інтэр'ер дома меў традыцыйную планіроўку, з калідорамі па абодва бакі залы. Пярэднія памяшканні рознай формы і памеру служылі жылымі пакоямі, кабінетамі і г. д. З падоўжанага вестыбюля са скляпеністай столлю, з дзвюмя калонамі і дубовымі лесвіцамі, якія вялі на другі паверх, можна было наўпрост увайсці ў вялікі квадратны салон, да якога з адваротнага баку дома, падыходзіла садовая дарожка. Два пакоі, якія з бакоў прымыкалі да салона, стваралі з ім адну анфіладу [7]. Дом меў чатыры ўваходы: «З фасада праз ганак, з саду праз дзверы на тэрасу, агароджаную аркадамі з чатырох слупоў і арак, якія падтрымлівалі балкон, а таксама выхад на дзіцячую пляцоўку, і ўваход на кухню і ў службовыя пакоі. Кожныя дзверы мелі сваё прызначэнне і жылі сваім жыццём, абслугоўваючы насельнікаў дома і іх гасцей, слуг і інтарасантаў. Толькі нядаўна, у канцы ліпеня (1939 - Л. Л.), на імяніны маёй маці перад гэтым ганкам збіраліся госці; пасля вячэры яны выходзiлi на тэрасу, а потым у сад, бо вечар быў ясны i цёплы, i я таксама са сваiмi аднагодкамi дапазна блукаў па алеях i сцежках, старанна ўпрыгожаных з гэтай нагоды. Якраз ад гэтага ганка мы ад'язджалі на свежанабытай машыне - цёмна-сінім Шэўрале - з візітамі да далёкіх і бліжэйшых суседзяў: у Яшуны Солтанаў, у Сядлішча Дэмбіцкага, у Яварава Вендзягольскага. Мы не прадбачылі лёсу, які ўжо навіс над будучыняй гэтых сядзіб і іх гаспадароў. Таксама мы ездзілі па справах бацькоў у Ліду, Наваградак, на бацькаву радзіму ў Гарадзілаўку, Чамяраўку і да Свіцязі, дзе мне казалі: «Хто б ты ні быў... не забывай сваю радзіму». Нават марылася нам далёкае падарожжа на захад, на Аўгустоўскія азёры» [8].
Заўважу, што тэрасы, «агароджанай аркадамі з чатырох слупоў і арак, якія падтрымлівалі балкон», і самога балкона сёння няма, засталіся толькі падмуркі, па наяўнасці якіх можна здагадацца, што тут было раней.
Паколькі амаль усё ўбранне ранейшага сядзібнага дома ХІХ ст. было знішчана ў выніку пажару ў 1919 г., да 1939 г. толькі некаторыя пакоі новай сядзібы атрымалі стыльнае аздабленне. Зала была ўпрыгожана двума рагамі лася і іншымі паляўнічымі трафеямі, такімі, як рогі казла, пудзіла рабчыка і інш. У гасцёўні стаяў гарнітур з чырвонага дрэва ў стылі бідэрмаер [9] які складаўся са стала, канапы, двух фатэляў і чатырох крэслаў. На сценах красаваліся маляўнічыя літаграфіі з відамі Вільні і невялікім партрэтам вядомай сваёй прыгажосцю Веранікі Рымшынай, народжанай Остэн-Сакен (каля 1800-1843), партрэт гэты паходзіў з 1820-1830 гг. Вераніка была стрыечнай сястрой мужа Марылі Верашчакаўны Ваўжынца Путкамера з Бальценікаў. Пра красуню Вераніку Остэн-Сакен пісалі розныя мемуарысты, таму я не магу не расказаць пра гэтую незвычайную жанчыну [10].
З віленскіх успамінаў Станіслава Мараўскага мы даведваемся пра рамантычную натуру Веранікі: «У баранесы Сакен была малодшая дачка цудоўнай, анёльскай прыгажосці - Вераніка. Забраўшы яе з вучылішча ў 1820 г., баранеса жыла з ёй за Вострай Брамай у доме Мінінавай. Другую палову дома займалі мае бацькі, якія прыехалі на зіму ў Вільню. У маіх бацькоў было столькі знаёмых, што яны не мелі патрэбы сустракацца з суседзямі па гэтым доме, тым больш, што мая мачыха пастаянна хварэла.
… Паміж Вострай Брамай і домам Мініных ёсць даволі вялікі пляцык. Праз гэты пляцык, я, задуменны, з апушчанай галавой, .. не маючы ахвоты і звычкі глядзець у вокны, праходзіў два разы на дзень на працягу ўсяго часу знаходжання тут маіх бацькоў. […]
Раз ці два маці мне расказвала, што да нас прыязджалі яе суседзі, Сакены. Але гэта мяне не зацікавіла… пакуль аднойчы мой добры сябар Лахніцкі, сустрэў мяне на вуліцы і адразу накінуўся за тое, што я збаламуціў яго кузыну! Я глядзеў яму ў вочы і імкнуўся зразумець чаго ён хоча - ці не звар'яцеў ён? Толькі, калі, пачаўшы смяяцца, Лахніцкі сказаў мне, што панна Вераніка самым рамантычным на свеце чынам, бачачы толькі праз акно, калі я ішоў па пляцыку, закахалася ў мяне, а яе бацькі, якія любяць дачку больш за ўсё на свеце, не могуць даць сабе рады. Таму яны, як сваяку і як сябру абодвух дамоў, даверылі гэта яму і папрасілі сасватаць мяне з Веранікай. Я тады быў дзевятнаццацігадовым блазнам і папрасіў яго некаторы час нічога не расказваць пра гэта маім бацькам, а потым, пачырванеўшы, прызнаўся яму, што ніколі ў жыцці не бачыў панну Сакен, што нават не ведаю, ці наогул яна існуе на свеце. Я абавязаў сябра хаця б здалёк паказаць мне яе, таму што, калі я пачну глядзець ў іх вокны і ўбачу яе, я зраблюся дурнем і пачырванею, як вішня. Ён зрабіў гэта. Але як той дурань, Лахніцікі ўсё гэта «патаемна» разнёс па горадзе, так што праз некалькі дзён справа дайшла і да майго бацькі.
Убачыўшы панну, узрадавалася душа мая! Сапраўды, было тут ува што закахацца! І я таксама імгненна закахаўся ў яе. Але мая любоў была ад удзячнасці, а, можа, і каб проста дагадзіць сапраўднай багіні. Я палюбіў яе, але, на жаль без жарсці, і гэтых пакут ад пачуццяў! Тады ж паспеў завесці з ёй самае жывое і палкае сяброўства. Я хутка даведаўся, што яна прызначаная для кагосьці іншага! Яе пачалі выводзіць у свет, і ўсе размовы ў ім былі толькі пра яе. Мой бацька таксама быў вельмі ўсцешаны яе прыгажосцю, да таго ж яна мела добры пасаг і чакала яшчэ большага пасагу пасля сваёй гарбатай старой сястры. Што таксама ў вачах маіх старых зусім не псавала ўсю справу. Дайшло да таго, што мой бацька нават пачаў віць нам гняздо. Але калі даведаўся, што яна пратэстантка, дык ашчацініўся, як певень і не хацеў больш нічога пра яе чуць. Не таму, што быў фанатык, а таму, што, на яго думку, у жыцці столькі прычын, якія ўвесь час працуюць на раскол шлюбу, што не трэба яшчэ цягнуць сюды рэлігію, якая па сваім уплыве, калі яе шчыра несці ў сэрцы, адзіная здольная злучыць новымі вузламі нават тое, што раз'яднана.
Вядома, Вэрця, як мы яе звалі, нічога пра гэта не ведала і з поўным даверам маладой дзяўчыны яшчэ доўга ў марах будавала ружовыя замкі на лёдзе. Ва ўсіх жанчын паўсюдна ёсць свае шпіёны … таму ўвосень, як толькі Сакены даведаліся, што я ўсё яшчэ бываю ў Мюлераў, яны знялі ў іх доме кватэру і адразу пачалі іх наведваць…» [11].
А сябар Міцкевіча Антоні Адынец заўважаў: «Вераніка ОстэнСакен, дачка барона (з Гайцюнішак), па прыгажосці, гумары і манерах, як дзве кроплі вады была падобная да вобраза Дыяны Вернон з аповесці Вальтэра Скота пад назвай «Роб Рой», тым больш, што, як і тая, насіла свой зялёны капялюшык, як амазонка. Прыхільнікам яе быў пан Адам Рымша, сусед і вайсковы таварыш пана Ваўжынца (Путкамера), які па яго пратэкцыі праз пару гадоў ажаніўся з ёю» [12].
Шлюб абшарніка Наваградскага павета і ўдзельніка напалеонаўскіх войнаў Адама Рымшы з Веранікай ОстэнСакен адбыўся ў суровых, рамантычных і нават авантурных абставінах. Рымша ў 1833 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў тым, што ведаў пра экспедыцыю Юзафа Заліўскага, якая мусіла стаць пачаткам агульнага паўстання, ад яго эмісара Шыманскага [13]. Паколькі даказаць дачыненне Рымшы да справы не атрымалася, рашэннем віленскага генералгубернатара князя Далгарукава ён быў высланы на пасяленне ў Вяцкую губерню. Туды ў 1835 г. прыехала да яго баранеса Вераніка ОстэнСакен, дзе маладыя былі павянчаныя ссыльным ксяндзом Шыманам Гілеўскім без дазволу ўладаў [14].
Цікава, што ў свой час бацькі Вернікай не далі дазволу на шлюб з Адамам Рымшам, і той, у роспачы ажаніўся з іншай жанчынай і, магчыма, меў з ёй сына. Але ад свайго кахання не адмовіўся і працягваў патаемна падтрымліваць адносіны з Веранікай.
Да 1835 г. бацькі баранесы Веранікі ОстэнСакен ужо памерлі і не маглі ёй перашкодзіць. Вераніка адправілася да жанатага мужчыны, які знаходзіўся ў ссылцы і выклікала гэтым гучны скандал і асуджэнне з боку грамадства. Нават яе апякун Ваўжынец Путкамер выказваў сваё абурэнне з гэтай нагоды. Пасля атрымання звестак аб смерці жонкі Адама яны ўзялі шлюб [15].
У жніўні 1835 г. устрывожаны вяцкі паліцэймайстар Катані (адзін з герояў «Былае і думы» А. Герцана) даносіць губернатару, што ў Вятку да Рымшы прыехала баранеса Вераніка Остэн-Сакен, «девица», абшарніца Віленскай губерні, якую 21 жніўня без ведама і дазволу ўладаў абвянчаў з Рымшам ссыльны ксёндз Шымон Гілеўскі. Катані абураны «непаслушэнствам Рымшы ў дачыненні да ўлады», бо на патрабаванне з'явіцца ў паліцыю для тлумачэння, ён адказаў, што не мае вольнага часу, паабяцаў прыйсці ў іншы дзень, але так і не прыйшоў. А Вераніка стала «гераіняй Вяткі» - так назвалі яе ў вершы, які хадзіў паміж ссыльнымі. Усе ведалі, што адважная дзяўчына аформіла праязныя дакументы да Масквы і… прыехала да каханага мужчыны ў Вятку. Яна грунтоўна падрыхтавалася да будучага сямейнага жыцця: прывезла з сабой двух лёкаяў, кухара, фурмана, пакаёўку і прачку [16].
Праўнучка ўладальнікаў суседніх Бальценікаў, Ваўжынца i Марылi Путкамераў (з Верашчакаў) Янiна Жалтоўская, праз больш, чым 100 гадоў, пісала пра гэтую гісторыю як пра яшчэ больш авантурную і можна не сумнявацца, што менавіта ў такім выглядзе яна і засталася ў памяці грамадства: «Вераніку, чароўную Вэрцю, выкраў Рымша, які, як і многія дастойнікі таго часу, быў ужо жанаты. Ён адвёз заможную дзяўчыну ў Вятку і толькі праз гады, і толькі пасля смерці сваёй першай жонкі ўпарадкаваў адносіны з ёй. Калі я была маладой, такая авантура здавалася мне малаверагоднай. Адам Рымша і Вераніка мелі некалькі сыноў і адну надзвычай непрыгожую дачку Марыю, якая выйшла замуж за свайго стрыечнага брата Рымшу».
Які з варыянтаў гісторыі кахання гэтых маладых людзей адпавядае праўдзе, сёння высветліць ужо немагчыма.
У Вятцы ў шматгадовых ссылках ў той час знаходзілася шмат нашых землякоў. Аляксандр Герцан пісаў: «Адзін закаснелы сармат, стары ўланскі афіцэр яшчэ Панятоўскага, які зрабіў частку напалеонаўскіх паходаў, атрымаў у 1837 годзе дазвол вярнуцца ў свае літоўскія маёнткі. Напярэдадні ад'езду стары паклікаў мяне [...] паабедаць. Пасля абеду мой кавалерыст падышоў да мяне з куфлем, абняў мяне і з ваеннай прастадушнасцю сказаў на вуха: «Ды навошта ж вы рускі?!» У адказ я не прамовіў ні слова, але гэта заўвага моцна запала мне ў душу ...» [18].
Зрабіўшы вялікую працу з архіўнымі дакументамі, даследчыца з Вяткі Т. Дварэцкая вылічыла, што гэтым «старым», «закаснелым сарматам» мог быць толькі Адам Рышма, які меў на той момант 41 год і тагачаснаму 25-гадоваму Герцэну мог здавацца старым [19]. Рымша і насамрэч ваяваў у 1812-1814 гг. Вядома, што калі ў 1812 г. у Наваградку фармаваўся 19-ы ўланскі полк ВКЛ, адным з яго галоўных арганізатараў быў капітан Ксаверый Рымша, старэйшы брат Адама Рымшы, вопытны воін, кавалер французскага ордэна Ганаровага Легіёна [20], які не змог бы адмовіць свайму 16-гадоваму брату Адаму.
У 1837 г. Адам Рымша быў памілаваны і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. 26 жніўня 1837 г. Герцан пісаў з Вяткі да Наталлі Захар'інай: «Учора прыйшло вызваленне дзвюм сасланым сямействам. Радасць, захапленне ад таго, што яны едуць на радзіму…». Гаворка ідзе пра сем'і Адама Рымшы і яшчэ аднаго ссыльнага. Вызваленне было звязана з прыездам у Вятку ў 1837 г. спадчынніка-цэсарэвіча, будучага цара Аляксандра ІІ. Ссыльныя скарысталіся магчымасцю асабіста падаць прашэнні аб сваім вызваленні, і іх спроба ўвянчалася поспехам. Будучы імператар наведаў губернскую выставу натуральных рэчаў і вырабаў гэтага краю, арганізацыя якой была даручана чыноўніку канцылярыі губернатара Герцану. Сярод яе экспанатаў - «кошык для папер, дастаўлены на выставу спадаром цывільным губернатарам, рукадзелля спадарыні Рымшы, народжанай Остэн-Сакен» [21].
Увечары 14 верасня 1837 г. чарга падвод сямейства Рымшаў з маёмасцю і людзьмі адправілася ў далёкі шлях на радзіму. А ў Вяцкай кватэры Рымшаў застаўся цяжка хворы выпускнік Віленскага ўніверсітэта, філамат Тэадор Лазінскі, якому ўлады адрасавалі шэраг прэтэнзій, якія не паспелі выказаць Адаму Рымшы.
Расейская даследчыца Т. Дварэцкая, якая шмат працавала з дакументамі ссыльнага Рымшы, гэтак заканчвае свой вельмі змястоўны артыкул: «Што звяртае на сябе ўвагу ў двух, здавалася б, розных гісторыях з жыцця Рымшы - гісторыі жаніцьбы і гісторыі з кватэрай? У іх пры ўсёй непадобнасці ёсць адна агульная ўласцівасць - грэбаванне, калі не пагарда да мясцовых улад (будзь то паліцэймайстар ці домаўладальнік), - да тых самых рускіх, аб прыналежнасці да якіх Герцана, так шкадаваў наш герой. Спакойна і стрымана ён ігнаруе ўсе іх патрабаванні. [...]
Напрыканцы жадаю спыніцца на адным, быць можа, некалькі суб'ектыўным уражанні ад архіўных спраў [...] Рымшы, які цікавіць нас як персанаж «Былога і дум» - чалавека з ярка выяўленым моцным, ганарлівым і незалежным характарам. Рымша [...] прапануе губернатару «не рабіць распараджэнняў аб выдачы яму падарожных, прагонных грошай», адпраўляецца ў дарогу за ўласны кошт і на ўласных конях. Наш герой адносіцца да тых, пра якіх Герцэн пісаў: «…У рускіх яны не прасілі нічога». І яшчэ адна дэталь, якая характарызуе Рымшу, - паводзіны на следстве. Следчым не ўдалося яго зламаць: ён не выдаў нікога. Пра сустрэчу Рымшы з эмісарам паўстанцаў М. Шыманскім, якая стала прычынай яго высылкі, распавялі следству сам Шыманскі і яго сястра, якая пазнаёміла іх. Такія моцныя людзі вабілі маладога Герцэна, надоўга заставаліся ў памяці» [22].
У 1843 г. газета «Кур'ер Варшаўскі» паведаміла: «10 ліпеня ў Вільні закончыла дні свайго жыцця Вераніка з баронаў Сакенаў Рымшына, пакінуўшы ў няўцешнай жалобе мужа і некалькі малых дзяцей» [23].
Вераніка Сакен фон Остэн (?1800-1843), унесла маёнтак Гайцюнішкі, часткай якога былі і Падварышкі ў пасаг свайму мужу Адаму Рымшы гербу Газдава, капітану французскіх войскаў. Іх дачка Хелена Рымша выйшла замуж за Рамуальда Рымшу і маёнтак атрымаў у спадчыну іх сын Раман Рымша (1867-1919). Дачка Рамана Рымшы і Антаніны з Бярновічаў (1870-1963) Ганна ўнесла Падварышкі ў пасаг свайму мужу Рышарду Кярсноўскаму (гл. ніжэй).
Сучаснікі пісалі пра фотаздымак Адама Рымшы, зроблены ў Парыжы ў 1863 г. На ім бачны моцны плячысты мужчына з выразным шрамам на падбародку [24].
Партрэт красуні Веранікі Рымшы, які знаходзіўся ў Падварышках, загінуў падчас Другой сусветнай вайны, але засталіся яго копіі.
Аднак, вернемся да апісання дома ў Падварышках.
Сталовая сядзібнага дома была цалкам абстаўлена новай мэбляй, зробленай у Вільні па праекце мастака тэатра на Пагулянцы В. Макойніка. Гэтая мэбля стылізавалася пад эпоху бідэрмаера, зроблена была з ясеню з ўстаўкамі чорнага дубу. Абедзенны гарнітур складаўся са стала на лірападобных ножках, 18 крэслаў, буфета, кутняй шафы, канапы і самаварнага стала. На сценах вісела серыя рэпрадукцый «Літвы» Артура Гротгера ў чорных рамках. Усе гэтыя прадметы былі страчаны ў 1939 г. [25]
Верагодна, сядзібны парк плошчай у 3 га, быў заснаваны каля 1820 г. У старой частцы парку знаходзілася вузкая алея даўжынёй у 200 м з высокарослых ліп, пасаджаная ў выглядзе літары «L». Выгін яе галінаў ствараў сапраўдны тунэль [26].
Рышард Кярсоўскі ўспамінаў: «У доўгай, але ўсяго ў некалькі метраў шырынёй, алеі з густа пасаджаных высокіх ліп, галіны дрэў на невымернай вышыні над галавой злучаліся як быццам скляпенні арак вузкага нефа ў гатычным саборы. Алея, пачыналася за некалькі дзесяткаў крокаў ад задняга ганка і потым паварочвала пад прамым вуглом. Такім чынам, з двух бакоў (з усходу і з поўдня) яна стварала перыметр парку. Пасярэдзіне, паміж гэтымі алеямі, мелася як быццам круглая альтанка, якая складалася з аднолькавых лiпаў, iх ствалы датыкліся адзiн да аднаго ўнізе і крыху разыходзіліся ўверсе … і здалёк выглядалі вялізным букетам.
Такія ліпавыя алеі з альтанкай пасярэдзіне меліся і ў іншых суседніх сядзібах, ... але гэткіх, як у нас, ліп я ніколі больш не бачыў, нідзе больш ні на свае вочы, ні нават на фота не бачыў і такой альтанкі, як у Падварышках. Таму гэтая алея была прадметам асаблівай увагі фатографаў. Сам Ян Булгак, наш сябар і далёкі сваяк, доўгія гадзіны праводзіў у альтанцы, пісаў за садовым сталом свае нарысы з серыі «Блуканні фатографа» («Wеdrоwki fotografa»), а прыгажосць дрэў, ствалоў і галін фіксаваў на шматлікіх фотаздымках, якія потым, да маміных імянін аформіў у тоўсты альбом. Гэты альбом, нягледзячы на яго дзіўны лёс, захаваўся і ляжыць сёння ў мяне на стале, таму, пакуль я гэта пішу, хоць алей ужо няма, яны не толькі стаяць маіх ў вачах, але і перад вачыма» [27].
Парк, занядбаны пасля Першай сусветнай вайны, упарадкавалі падчас будаўніцтва новага сядзібнага дома. Былі расчышчаны зарослыя пляцоўкі і пасаджаны новыя дрэвы, кусты і кветкі, галоўным чынам перад пад'ездам і ў непасрэднай блізкасці ад яго. Каштоўным помнікам у складзе сядзібных забудоў з'яўляўся стары драўляны шасцігранны будынак лядоўні, накрыты саламяным дахам. Лядоўню шчыльна абкружалі ліпы, падобныя да тыя, што былі на алеі. Гэта пабудова згарэла ў 1944 г. [28] Прафесар Кярсноўскі пісаў: «Асабліва захапіла мастака (Яна Булгака - Л. Л.) лядоўня - шасцігранная пабудова з тоўстых бярвенняў, складзеных у зруб, накрытая канічнай саламянай страхой, накшталт футравай шапкі. Нізкія дзверы вялі ўнутр, у цемнату і прахалоду ад вялікіх кавалкаў лёду, якія ляжалі глыбока ў яме і былі пакрытыя пілавіннем. Лёд паходзіў з сажалкі ля млына, наразаўся і звозіўся на санях у канцы зімы, калі яго таўшчыня дасягала некалькіх дзесяткаў сантыметраў. Ён трымаўся ўсё лета, бо да ўсяго, лядоўня была акружана цесным колам цяністых ліп, такіх жа, як і ў алеі, з якой ён суседнічаў, і ліпы ледніка, можна сказаць, складалі арганічнае цэлае з ліпамі алей. Ствалы чапляліся за сцены будынка, угрызаліся ў яго дах і падпіралі яго, а гэта значыць, што лядоўня і дрэвы былі аднолькава старыя. Адны казалі, што пабудова гэтая нагадвае нейкае паганскае капішча, іншыя здзіўляліся, што ж такога цікавага ўбачыў у гэтай халупе добры фатограф, які зняў яе з усіх бакоў і такім чынам выратаваў ад забыцця помнік, якога ўжо няма, бо ў канцы вайны агонь перакінуўся з палаючага побач хлява на саламяны дах, ахапіў ляднік і абвугліў навакольныя ліпы» [29].
У другой палове ХІХ ст. у парку з'явілася алея каштанаў, якая ішла паралельна галоўнай восі дома і заканчвалася высокай лістоўніцай. Пад лістоўніцай ляжаў прывезены з поля вялікі і шурпаты валун, які нібыта быў метэарытам. Яловая алея аблямоўвала больш новую частку парку. Сярод многіх іншых відаў дрэў у парку раслі вялізныя бярозы [30].
«Над алеямі, над альтанкай, над вялізнай лістоўніцай, над домам і над усім светам было неба, адрознае ад усіх нябёсаў у блізкіх і далёкіх краінах. Гэта ведалі ўсе, хто нарадзіўся пад гэтым небам, ці доўга пад ім жыў. Менавіта пра гэтае неба калісьці казаў граф Тадэвуш Сапліца, а Фердынанд Рушчыц маляваў гэтае неба, пагрозліва завіслае над раллёй, і Ян Булгак здымаў яго ў прыгажосці аблокаў, што бялеюць над паркам. Як сцвярджаў селянін Балуць, які пасля свайго нараджэння нікуды не сыходзіў з сядзібы больш, чым на некалькі дзён, менавіта тут быў цэнтр неба, тут была самая высокая кропка, і таму, калі часам ішоў дождж у Рымшышках ці Беняконях - у Падварышках было суха, а часам здаралася і наадварот, бо самі ведаеце - усё ж тут «сярэдзіна нябёс». Больш пераканаўчымі былі сведчанні метэарыта. Яшчэ перад Першай сусветнай вайной плуг наляцеў на ўкапаны ў зямлю валун. Калі яго адкапалі, дык убачылі дзіўны камень, які меў форму амаль паўсферы, дыяметрам амаль што ў метр, цёмны, нібы жалезны, шчыльны, увесь пакрыты глыбокімі звілістымі дзіркамі, як нейкі шлак, губка, ці кавалак дрэва, з'едзены гіганцкімі караедамі. Мой дзед загадаў прывезці яго ў парк і паставіць каля лістоўніцы - ніхто не сумняваўся, што гэта метэарыт. Мне ніколі не ўдавалася сустрэць падобнага экзэмпляра ні ў геалагічных музеях, ні ў іншых парках, і таму, напэўна, менавіта тут быў цэнтр неба, з якога некалі зваліўся такі ўнікальны камень. Магчыма, гэта здарылася ў канцы жніўня, бо тады часцей за ўсё мы бачылі падаючыя зоркі [31], якія згасалі над дрэвамі саду Падварышак» [32] - гэтак рамантычна апісваў родныя мясціны гістарычнай Лідчыны Рышард Кярсноўскі.
Заўважу аднак, што гэты дзіўны камень, пра які так прыгожа расказаў Кярсноўскі, на жаль, - не метэарыт. Высновы спецыялістаў адназначныя - гэты камень з'яўляўся жвірова-галечна-валунным кангламератам. Гэтая парода ўтварылася пад ціскам ледніка пры ўдзеле мінералізаваных раствораў. Такіх камянёў шмат, і яны не ўяўляюць ніякай цікавасці для навукоўцаў з пункту гледжання навукі метэарытыкі [33].
Але, бясспрэчна, галоўным і самым прыгожым для кожнага з нас з'яўляецца неба нашай радзімы, неба нашага дзяцінства: «Нябесны купал быў не вельмі шырокі. Ён ахопліваў мястэчка Беняконі, дзе ўзвышаліся дзве касцельныя вежы, а таксама воданапорную вежу на чыгуначнай станцыі, званую па-руску «водокачка». Пад гэтым купалам знаходзіўся склад і сядзібны дом у Старых Беняконях, абаронены высокімі дрэвамі - нашым бліжэйшым наваколлем і месцам летніх шпацыраў да сажалкі, у якой мы купаліся» [34].
Кярсноўскі апісвае і маёнтак Старыя Беняконі з сямейнымі могілкамі свайго роду: «Захапленне выклікала вісеўшая на сцяне у сядзібе Старыя Беняконі мядзведжая шкура - былы трафей аднаго з паноў Галімонтаў - мядзведзяў тут даўно ўжо не было. Меўся тут таксама фотаздымак гэтай сядзібы ў рамцы з подпісам Юзафа Пілсудскага, зробленым на памяць пра начлег у Старых Беняконях, куды ён увайшоў вясной 1919 г., калі ішоў з войскам па лідскай дарозе на Вільню. У той жа час і ў нашы Падварышкі зайшлі некалькі маладых жаўнераў, якія пагрозліва патрабавалі ежы, з якой, пэўна, мелі цяжкасці. А мой дзед Раман Рымша шырока-насцеж раскрыў рукі і сказаў: «Бярыце ўсё, што трэба», - і радаваўся, што дажыў да гэтай хвіліны. Аднак радасць яго была нядоўгай, бо праз некалькі месяцаў ён захварэў на тыф. Калі памерлі мой дзед, а потым яго брат Эдвард з Гайцюнішак і сястра Марыя, - яшчэ раней, усе разам для сябе яны пабудавалі дом і двор на ўскрайку лесу, паміж двума радавымі сядзібамі і назвалі іх Рымшышкамі, тут для нашых сямейных могілак адвялі месца на невялікім пагорку і першым прынеслі ў ахвяру майго дзеда. Пазней тут дадаліся яшчэ дзве рымшаўскія магілы ...» [35].
Пра ўнукаў Адама і Веранікі Рымшаў - Эдварда і Рамана пісала Яніна Жалтоўская: «Два браты Рымшы з нашых ваколіц яшчэ не былі жанатыя, але здаліся мне старымі людзьмі. Атрымалі вышэйшую адукацыю, Эдвард быў інжынерам, як і мой бацька. Кожны з іх з замілаваннем і нават з азартам працаваў у сваім фальварку, устаючы на досвітку на ўдой кароў, а ўдзень кантралюючы работу ў полі. Яны былі занадта незалежнымі [...]. Хадзілі ў доўгіх ботах і кажухах, на лоб спадалі пасмы нячэсаных валасоў, яны пагарджалі раскошай і жылі па-спартанску. Браты стварылі сапраўдны сямейны клан, але шляхецкі гонар злучаўся ў іх з дэмакратычным пазітывізмам. Калі Часлаў Янкоўскі ў сваім «Павеце Ашмянскім» непрыязна напісаў пра Рымшу - ці пра іхняга дзеда, ці пра прадзеда, усе браты Рымшы выбраліся да яго і гэтак яму прыгразілі, што Янкоўскі забраў назад раней напісанае [36] . Сям'я Рымшаў у нядзелю не хадзіла ў касцёл, але, па словах пані Трыпольскай (суседкі - Л. Л.), яны мелі свайго Пана Бога і свае могілкі, дзе хавалі толькі сваіх нябожчыкаў, каб не змешвацца з іншымі людзьмі (былі пратэстантамі - Л. Л.) . Госці да іх прыязджалі не на падвячорак, а на вячэру, якую падавалі а сёмай гадзіне - летам яшчэ пры сонечным святле. Вячэра складалася з кіслага малака, гарбаты, хатняй вэнджанай палянгвіцы, чорнага хлеба, выдатных варэнняў, агуркоў з мёдам, г. д. [...]
Сям'я Рымшаў не ездзіла на брычцы, запрэжанай чацвёркай коней, іх фурман не меў ліўрэі, а меў толькі бурку. Дарога, якая вяла ў Падварышкі, была адной з самых праклятых маім бацькам. Як правіла, сям'я Рымшаў не рамантавала яе, таму што гэта была сумесная ўласнасць вёскі і двара, і яны хацелі прымусіць сялян да адпрацовак, але сяляне не клапаціліся пра дарогу. Калі наш экіпаж даязджаў да іх грэблі, ён захрасаў у ямах, поўных гразі, коні нерваваліся і баяліся дзіравага моста. Мы з маці ў парадных сукенках выскоквалі на край слізкай канавы, поўнай вады. Таму для візіту мы выбіралі сухое, летняе надвор'е...» [37].
І напрыканцы некалькі слоў пра сына апошняга гаспадара Падварышак Рышарда Кярсноўскага. Ён нарадзіўся 4 лістапада 1925 г. у Вільні ў сям'і абшарніка і віленскага адваката Тадэвуша Кярсноўскага і Ганны з Рымшаў (дачка Рамана), дзяцінства правёў у Вільні і ў Падварышках. Вучыўся ў славутай Віленскай гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста. Прафесар Рышард Кярсноўскі, быў членам Польскай акадэміі ведаў і Варшаўскага навуковага таварыства, напісаў 11 кніг і каля 200 артыкулаў, пераважна ў галіне нумізматыкі і гісторыі грошай у Сярэднявеччы. Памёр у Варшаве 7 ліпеня 2006 г. пасля працяглай і цяжкай хваробы. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках.
Дадатак
Рышард Кярсноўскі
Гісторыя Гайцюнішак
Сярод нешматлікіх помнікаў ваеннай архітэктуры асаблівае месца займае замак у Гайцюнішках, мястэчку, якое знаходзіцца за 45 кіламетраў на поўдзень ад Вільні.
Гэты аб'ект, які называюць замкам ці ўмацаванай сядзібай, не толькі рэдкі ўзор невялікай фартэцыі пачатку XVII ст., але таксама месца, дзе адбываліся значныя гістарычныя і літаратурныя падзеі. Прыгледзімся да гэтага будынка і ягоных ваколіц больш уважліва
Водны замак
Гэты мураваны двухпавярховы будынак, які мае форму прамавугольніка з памерамі каля 35 на каля 20 метраў, з круглымі вежамі на ўсіх чатырох кутах, якія маюць вузкія байнічкі. Вежы злучаны са сценамі таўшчынёй у паўтара метра, а ў цэнтральнай частцы маецца квадратная ў плане, трох'ярусная вежа па тыпу рызаліта, пад якой знаходзіўся ўваход у замак і лесвіцы. Высокі вальмавы дах, першапачаткова быў пакрыты дахоўкай, пазней замененай на гонту. На першым і другім паверхах ёсць вокны, першапачаткова крыху вузейшыя, чым зараз. Замак быў акружаны няісным сёння ровам, які забяспечваўся вадой з ракі Жыжма, што цячэ побач і ўпадае ў Гаўю (правы прыток Нёмана). Унутраная частка замка падзелена на некалькі пакояў, на першым паверсе размяшчалася вялікая зала, якая займала палову будынка. У склепе меўся калодзеж. Самую раннюю выяву гэтага замка зрабіў Напалеон Орда ў 1877 г., а самы старыя фотаздымкі - Ян Булак у 1912 г.
Такі тып невялікіх, можна сказаць, кішэнных замкаў, якія з'яўляліся рэзідэнцыямі буйных рыцарскіх родаў, вядомы ў Нідэрландах, а таксама ў паўночнай Францыі і Вестфаліі, дзе яны атрымалі агульную назву «замкі на вадзе» (Wasserschlаsser), бо звычайна размяшчаліся «на вадзе», на востраве, да якога можна дабрацца толькі па мосце. Нягледзячы на тое, што гэтыя цвердзі было няцяжка заваяваць, яны давалі абарону ад малых вайсковых частак, а таксама ад розных бандытаў і марадзёраў, якіх было шмат падчас войнаў, асабліва ў XVII ст. Замак у Гайцюнішках добра ўпісваецца ў гэтую схему, што нядзіўна, калі ўспомніць, што ён быў пастаўлены ў 1611-1612 гг. віленскім гараднічым, галандцам па паходжанні Пятром Нонхартам, які ў 1590 г. атрымаў набілітацыю за свае заслугі падчас войнаў Баторыя і набыў шмат зямлі, на якой пабудаваў сваю ўмацаваную рэзідэнцыю. Фактычным будаўніком замка быў іншы галандзец, Ван Данэн, які, верагодна, для гэтай мэты прыехаў з Нідэрландаў. Абодва яны, дзейнічаючы разам, перанеслі на землі Вялікага Княства той заходні ўзор, якога раней у нас не было.
Гайцюнішкі, аднак, не ствараліся на цалкам пустым месцы. Прыкладна за паўкіламетра ад замка, таксама на беразе Жыжмы, знаходзіцца мясціна, вядомая ў народзе як «Стары замак» або «Старае замчышча». Таму можна меркаваць, што і раней тут існаваў падобны аб'ект, але пра яго нічога не вядома з пісьмовых крыніц, таксама не засталося і слядоў якой-небудзь пабудовы, застаўся толькі невысокі вал, які даходзіць да Жыжмы і зарослы рэдкім хмызняком невялікі прырэчны пагорак. Гэта можа сведчыць аб тым, што раней тут было старажытнае паселішча. Аднак ніякі археолаг рыдлёўкай тут не капаў. а апошнія ўладальнікі і жыхары Гайцюнішак казалі, што ў міжваенны час на гэтым месцы часта з'яўляліся ваўкі, магчыма, спакушаныя таямніцай нашай глушы.
Неўзабаве маёнтак Гайцюнішкі папоўніўся пратэстанцкім зборам, пабудаваным у 1633 г. дачкой Пятра Нонхарта Зузаннай за некалькі сотняў крокаў ад замка. Гэта быў аднанефавы прамавугольны ў плане будынак з аднасхільным дахам і сігнатуркай, з масіўнымі контрфорсамі, крытымі шыферам. Шырокая піўніца служыла некропалем для ўладальнікаў Гайцюнішак, якія ад Пятра Нонхарта і далей, былі ў асноўным евангелістамі. Гэта сведчыць аб тым, што замак, акрамя абарончых функцый, быў яшчэ і рэзідэнцыяй, цэнтрам дысідэнтаў (пратэстантаў), пра што сведчаць імёны наступных мецэнатаў ажно да XVIII ст. У той час на Жыжме тут жа існаваў невялікі гаспадарчы комплекс з млыном, сажалкай, карчмой і маставым мытам, а таксама з папяровай фабрыкай, будынак якой стаяў на беразе ракі і бачны на згаданым вышэй малюнку Напалеона Орды.
Уладальнікі
Праз спадчыну, арэнду ці продаж, а перш за ўсё ў выніку шлюбаў маёнтак Гайцюнішкі пераходзіў у рукі ўсё новых і новых гаспадароў. Першыя звесткі пра іх паходзяць з 1562 г., калі маёмасць была перададзена ўрадніку вялікага князя Лукашу Ленскаму, але неўзабаве, ужо ў 1589 г., Ленскі прадаў маёмасць Себасцьяну Пакошу, у якога каля 1600 г. яе набыў ужо вядомы нам Пётр Нонхарт. Яго дачка Зузанна прынесла Гайцюнішкі ў пасаг ваяводзе наваградскаму Юрыю Храптовічу. Гайцюнішкі заставаліся ў руках гэтага магутнага роду прыкладна да 1660 г., калі за 45 000 злотых былі набыты палкоўнікам Вільгельмам Корфам, прыдворным Яго Каралеўскай Мосці.
У той час, згодна з купчай, у маёнтку (меўся на ўвазе, верагодна, сам замак, маёнтак Бальценікі і іншыя маёнткі, якія межавалі з Гайцюнішкамі) мелася «мураваная камяніца». Потым, каля 1700 г. Гайцюнішкі перайшлі да Шротараў, а за імі ў 1753 г. у якасці пасагу Дароты Шротараўны яны сталі маёмасцю роду Путкамераў, маёнтак якіх Бальценікі межаваў з Гайцюнішкамі.
Мужам Дароты быў лівонскі стольнік Ваўжынец Путкамер. Потым маёмасць перайшла ў рукі Рымшаў, гэты род згас толькі пасля Другой сусветнай вайны са смерцю дзвюх апошніх Рымшаўнаў: Гелены і Зоф'і, дачок Эдварда, апошняга ўладальніка замка, які памёр у 1937 г. Менавіта ён, рыхтуючыся да шлюбу, выкупіў у віленскай евангеліцкай грамады Гайцюнішскую капліцу і каля 1910 г. правёў мадэрнізацыю замка, лепш прыстасаваўшы яго пад патрэбы жылой рэзідэнцыі. У гэты час на вышыні першага паверха з фронту на масіўных слупах была прыбудавана вялікая тэраса, крыху пашыраны аконныя праёмы і лесвіца. У ходзе гэтых работ былі выяўлены насценныя роспісы са сцэнамі палявання, якія, на жаль, не захаваліся. Магчыма, гэта былі фрэскі, выкананыя віленскім жывапісцам Шротарам у той час, калі Гайцюнішкі належалі яго роду.
Калі Эдварда Рымшу абвінавацілі ў знішчэнні праз перабудову каштоўнага помніка, ён адказаў, што калі б нічога не змянялася ў часе, дык і на Вавелі да сёння было б толькі логава Цмока [38]. Трэба, аднак, прызнаць, што і пасля ўсіх перабудоваў замак у Гайцюнішках быў адным з самых захаваўшыхся будынкаў такога тыпу ў нашым краі.
Розныя завірухі
Гайцюнішскі замак не быў бы сапраўдным замкам, калі б у яго гісторыі не было б рэальных ваенных падзей. У 1708 г. у Гайцюнішках шведы Карла XII паспяхова абараняліся ад войскаў Аўгуста II Саксонскага. Ва ўсялякім выпадку, памяць пра шведаў у Гайцюнішках захавалася надоўга і заставалася на мемарыяльнай дошцы над уваходам у замак, якая знікла на пачатку XX ст. Змест надпісу на дошцы невядомы, але можна меркаваць, што ён не абмяжоўваўся ўшанаваннем абароны Гайцюнішак ад саксонскага войска, як мяркуе традыцыя і літаратура, таму што падобных сутыкненняў і сутычак было шмат. У той час было не прынята рабіць памятныя дошкі, і наяўнасць яе была хутчэй праявай гонару за знаходжанне ў Гайцюнішках караля Станіслава Ляшчынскага. Для тагачасных ўладальнікаў замка шведы маглі быць толькі фонам для гэтай падзеі.
Легенды
Гайцюнішскі замак не быў бы сапраўдным замкам, калі б у ім не з'яўляліся прывіды. Гэта здарылася ў пачатку XIX стагоддзя, калі служанка, спускаючыся ў склеп, знайшла там невядомага чалавека ў дзіўным касцюме, з белай гаргерай [39] на шыі. З яе далейшага аповеду бясспрэчна вынікала, што гэта быў шведскі салдат, які, відаць, загінуў пры абароне замка два стагоддзі таму. Жанчына так напалохалася, што з таго часу не хацела спускацца ў падполле. Толькі пасля таго, як склеп быў асвечаны святаром, прывіды, як запэўніваюць апошнія ўладальнікі замка, перасталі з'яўляцца.
Былі і іншыя падобныя гісторыі, звязаныя з магіламі ў навакольных лясах, верагодна, з гадоў паўстання 1863 г. Пра гэта могуць сведчыць строі прывідаў, падобныя да чамаркаў. Менавіта ў чамаркі былі апрануты прывіды, якіх сяляне зімой сустракалі ў гайцюнішскіх лясах. Прывіды блукалі ў адзіноце каля заснежаных магіл, а можа і на раніцы, перад усходам сонца, проста вярталіся ў магілы. Пра тое, што 100 і больш гадоў таму, гэтак жа было і ў іншых мясцінах, можа сведчыць радок аднаго з нашых паэтаў, у якім згадваюцца падобныя таямніцы:
Moze jakis zblakany
Rycerz polski albo szwedzki
Noca wracal na kurhany
A ty zlakl sie...
Можа, прыблудны
Польскі або шведскі рыцар
Ноччу вяртаўся ў курганы
А ты спужаўся...
Гайцюнішкі Міцкевіча
Акрамя гэтых больш-менш значных фрагментаў гісторыі Гайцюнішак, асобнае, а можа, і самае важнае месца займае яшчэ адзін літаратурны тэкст асаблівай значнасці, напісаны іншым аўтарам і заснаваны непасрэдна на рэаліях ці ўспамінах, якія былі забыты да нядаўняга часу. Нагадаю:
... o dwa tysiace krokow zamek stal za domem
Okazaly budowa, powazny ogromem...
А замак быў за домам - тысячы дзве крокаў,
Ён веліччу сваёй паважнай вабіў вока
(Пераклад: Пятро Бітэль.)
Той замак шагоў дваццаць сотняў
стаяў па-за домам,
паказны будоўляй, паважны вялізным агромам.
(Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч.)
Мы ўжо ведаем, што замак Гарэшкаў у «Пане Тадэвушы» ў многіх дэталях уяўлены паэтам на ўзор рэальнага прататыпа. Міцкевіч бываў у Гайцюнішках, пра што да нядаўняга часу было невядома даследчыкам, якія рупліва сачылі за кожным крокам паэта. Гэтая інфармацыя захавала сямейная традыцыя роду Рымшаў, апошніх уладальнікаў замка. Згодна з гэтай інфармацыяй, у прылеглым да замка парку пад назвай Сола, што ў перакладзе з літоўскай мовы азначае «востраў», раней была садовая альтанка, невялікі зашклёны павільён, у якім госці, якія наведвалі Гайцюнішкі, часам ставілі свае подпісы ці пісалі кароткія тэксты. Былі тут, між іншым, над дзвярыма напісаны трыялеты А. Адынца, якія ўсхвалялі прыгажосць пані Остэн-Сакен, тагачаснай уладальніцы Гайцюнішак.
Томаш Зан, вярнуўшыся сюды з ссылкі, гуляў у Солах у «хованкі» з паннамі з навакольных двароў, і ўрэшце - увага! увага! - Меўся подпіс Адама Міцкевіча, зроблены брыльянтам на шыбе альтанкі. Брыльянт, верагодна, быў устаўлены ў пярсцёнак паэта. Падобныя надпісы малады Міцкевіч пакідаў і ў іншых месцах. На жаль, сёння немагчыма праверыць гэтую інфармацыю, бо ў другой палове ХІХ ст. альтанку разабраў арандатар, які трымаў Гайцюнішкі. Аднак памяць пра гэта захавалася ў вусных сямейных паданнях.
Міцкевіч мог апынуцца ў Гайцюнішках у 1820 г., калі з сябрамі ехаў з Наваградка ў Вільню, па дарозе, што пралягала побач з замкам, ці ў маі 1822 г., калі ён на некалькі тыдняў знаходзіўся ў суседніх Бальценіках Путкамераў і адкуль разам з Марыляй рабіў конныя вандроўкі па ваколіцах. Безумоўна, яны разам наведвалі і Остэн-Сакенаў, блізкіх сваякоў і суседзяў Марылі, да якіх маглі прыязджаць як у Гайцюнішкі, гэтак і ў Падварышкі, якія таксама належалі Сакенам. Ва ўсякім разе, гэтыя мясціны ляжалі ад Бальценікаў на зручнай для верхавой язды адлегласці, а іншых падобных месцаў паблізу не было. З успамінаў мы ведаем, што гаспадары гэтых дзвюх сядзіб мелі цесныя сямейныя кантакты і часта наведвалі адзін аднаго, таму Міцкевіч меў магчымасць убачыць і зафіксаваць у сваёй памяці рэаліі, звязаныя з замкам і ваколіцамі, якія ён перанёс потым на старонкі сваёй паэмы.
Нягледзячы на тое, што замак у Гайцюнішках не быў «вялізным», ён значна перавышаў сярэднія навакольныя сядзібы, вядомыя Міцкевічу, такія як тагачасныя Бальценікі ці Туганавічы Верашчакаў і іншыя, апісаныя ім у паэме. Замак Гарэшкаў, як і замак у Гайцюнішках, уяўляў сабой двухпавярховы «адзінокі будынак» («Пан Тадэвуш», V, 788), з выступаючай вежай, з высокім, бачным здалёк дахам і ганкам, на які выходзіў стольнік і дзе ў яго стрэліў Яцак. У Гарэшкаве, як і ў Гайцюнішках, мелася вялікая зала (сені) накшталт трапезнай з выпуклым скляпеннем на слупах, «з падлогай высланай каменнем» (I, 292). Якраз у Гайцюнішках, у зале да нядаўняга часу была каменная падлога.
І яшчэ: «У гэтай вялізнай брукаванай зале не знойдзеш столькі камянёў, колькі тут выпіта бочак віна» (II 221 - 222). Аналагічным запазычаннем бачыцца і матыў абароны замка Гарэшкаў супраць рускіх, узяты магчыма, на ўзор ранейшай абароны замка Гайцюнішак, пра што паэт мог ведаць з вуснага падання ці з нейкіх іншых крыніц. Здагадкі можна множыць, напрыклад, улічваць тапаграфію мясцовасці: месцазнаходжанне сядзібы (той, што з жабкамі, адлегласць паміж замкам і сядзібай), размяшчэнне і выгляд капліцы ў Гайцюнішках, дзе быў пахаваны Яцак, і іншыя супадзенні і падабенства (размяшчэнне млына).
Акрамя замка, у першай палове ХІХ ст. непадалёк ад яго ў Гайцюнішках меўся жылы дом, меншы і, напэўна, больш зручны за замак. Аднак яго знеслі гэтак жа, як і садовую альтанку. Падчас знаходжання Міцкевіча ў Гайцюнішках прасторавая кампаноўка маёнтка складалася з сядзібы і замка, што стала асновай для вобраза замкаў Гарэшкаў і Сапліцава. Хаця іх раздзялялі не «дзве тысячы», а ўсяго некалькі дзесяткаў крокаў, дзеля сюжэту паэт павінен быў разлучыць іх. У выніку на старонках «Пана Тадэвуша» Гайцюнішкі ператварыліся ў Сапліцава з сядзібай і замкам. Падобныя ж метамарфозы зведалі і іншыя часткі гэтага краявіду, напрыклад, блізкі лес ператварыўся пад пяром паэта ў бяздонную пушчу.
Акрамя рэалій пейзажу, паэт выкарыстоўваў і вобразы некаторых асоб, перш за ўсё постаць Адама Рымшы, школьнага сябра Міцкевіча з Наваградка, у якім і варта было б бачыць прататып Яцка Сапліцы. Напэўна, невыпадкова постаць стольніка мае эквівалент у асобе Ваўжынца Путкамера, інфлянцкага стольніка, які ў 1737 г. разам з Даротай Шротараўнай сварыўся з-за сялян, што ўцяклі з Гайцюнішак. Можа, мілыя нам героі драмы менавіта тут мелі свае прататыпы, і па іх лёсах можна больш расказаць пра тыя часы і людзей, але гэта зусім іншая гісторыя.
[1] Malewski Czeslaw. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmianski i wilenski. Warszawa, 2016. S. 178.
[2] Там жа. S. 177.
[3] Федорук. Старинные усадьбы Гродненщины. Берестовицкий-Ивьевский районы. Минск, 2014. С. 256.
[4] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wroclaw - Krakow, 1993. T. 4. S. 288.
[5] Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach, w Wilnie i w puszczy 1939-1945. Warszawa. 2007. S. 5.
[6] Там жа. S. 5.
[7] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 289.
[8] Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 6.
[9] Бідэрмаер (ням., Biedermeier) - мастацкая плынь у нямецкім і аўстрыйскім мастацтве, якая атрымала развіццё ў 1815-1848 гг. Мэбля эпохі бідермайера вольная ад архітэктурных формаў і вялікай колькасці дэкору. Крытэрам якаснасці мэблі лічылася зручнасць формаў і бездакорная сталярная праца. Прастата формаў мэблі кампенсавалася яркай расфарбоўкай абіўкі і г. д.
[10] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 289.
[11] Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie. Warszawa 1924. S. 262-264.
[12] Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 212.
[13] Юзаф Заліўскі - адзін з арганізатараў паўстання на землях былога ВКЛ. Пасля паразы паўстання 1830-31 гг., на эміграцыі, пад уплывам руху карбанарыяў, была створаная арганізацыя «Помста народа». Часткай планаванага паўстання была так званая «Экспедыцыя Юзафа Заліўскага». «Экспедыцыя Заліўскага» ўяўляла сабой спробу ўзнаўлення барацьбы за незалежнасць супольна з агульнаеўрапейскім рэвалюцыйным рухам. Для гэтага, на пачатку 1833 г., на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны былі накіраваны эмісары, якія павінны былі падрыхтаваць новае ўзброенае выступленне. У адпаведнасці з распрацаваным у эмігранцкіх колах планам у Гарадзенскі і Лідскі паветы быў накіраваны ўраджэнец г. Гародні Марцэлі Шыманскі - актыўны ўдзельнік паўстання 1831 г. Яму ўдалося завязаць кантакты з многімі жыхарамі Лідчыны. Аднак Шыманскі не паспеў распачаць рэалізацыю распрацаванага ў Парыжы плана. 25 мая 1833 г. ён быў схоплены ўладамі. На следстве ён выдаў усіх асоб, з якімі сустракаўся на працягу некалькіх месяцаў. За дапамогу эмісару Шыманскаму ў чэрвені 1833 г. былі арыштаваны Ваўжынец і Марыля (з Верашчакаў) Путкамеры з Бальценікаў. Толькі зімой 1833 г. Путкамеры змаглі вярнуцца ў Бальценікі. Па гэтай справе быў высланы Рымша і некалькі дзесяткаў іншых асоб з Лідчыны.
[14] Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. С. 324., 352.
[15] Інфармацыя Юрыя Валевіча. Гл: https://m.facebook.com/story.php/?id=100002061810705&story_fbid=6988347974577194
[16] Дворецкая Т. А. Вятские знакомства А. И. Герцена. Загадочный сармат // Герценка: Вятские записки / Киров. ордена Почёта гос. универс. обл. науч. б-ка им. А. И. Герцена. Киров, 2012. Вып. 22. С. 19.
[17] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 94.
[18] Герцен А. И. Собрание сочинений в 30 томах. Т. 8. Былое и думы. Москва, С. 248-249.
[19] Дворецкая Т. А. Вятские знакомства А. И. Герцена. Загадочный сармат. С. 15.
[20] Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. Гродна, 2016. С. 39.
[21] Дворецкая Т. А. Вятские знакомства А. И. Герцена. Загадочный сармат. С. 18.
[22] Там жа. С. 20.
[23] Kurjer Warszawski. 1843. № 218. S. 1044.
[24] Skuza Zenon. Szlakiem Adama Mickiewicza po Białorusi. Warszawa 1997. S. 39.
[25] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 289.
[26] Там жа. S. 290.
[27] Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 4.
[28] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 290.
[29] Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 4.
[30] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 290.
[31] Маецца на ўвазе метэорны паток Персеіды, актыўнасць якога прыходзіцца на жнівень.
[32] Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 8.
[33] Бутов Илья, Алексинский Вадим. Аномалии и загадки Вороновского района // https://www.ufo-com.net/publications/art-8936-anomalii-voronovskogo-raiona.html
[34] Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 10.
[35] Там жа.
[36] У Часлава Янкоўскага знаходзім наступныя, не самыя лепшыя радкі пра Ксаверыя Рымшу ў 1812 г. (цікава, што ж яшчэ больш горшае, Янкоўкі напісаў першапачаткова?): «Было загадана сабраць кантаністаў (прызыўнікоў) з коньмі. Для іх прыняцця ў Ашмяны накіраваны Ксаверы Рымша, афіцэр польскага войска, які, выконваючы гэтае даручэнне, праявіў свае самыя дрэнныя схільнасці. Ён бракаваў коней, найперш для таго, каб вымагаць грошы з грамадзян. Для закупкі аднаго каня было прызначана па 20 чырвоных злотых, а ён купляў за 10 ці трошкі болей .... Карацей, быў самым нахабным рабаўніком! Аднойчы здарыўся смешны выпадак. Эканом Валадковіча з Лаздун, Макарэвіч здаваў коней і кантаністаў, а калі Рымша ўсіх забракаваў, у разгубленасці, забыўшыся, хто перад ім, працытаваў звычайную прымаўку: «Пан Бог лепшы за пана Рымшу», пасля чаго пайшоў. Гэты Рымша ўдаваў з сябе за вялікага героя. Між тым аднойчы Тэафіл Камар, чыноўнік новай паліцыі, данёс з Сурвілішак, што там з'явіліся казакі. Гэта так напалохала Рымшу, што на вачах у шматлікай публікі, галодны, ён кінуўся за парог і, забраўшы кантаністаў, уцёк у Вільню з тым, што сабраў раней. Але, сустрэты ў Медніках Абрамовічам, вярнуўся і гэтак выратаваўся, бо мог бы быць моцна пакараным за тое, што самавольна з'ехаў і прыпыніў набор у войска. Пазней высветлілася, што Камар, убачыўшы італьянскіх гвардзейцаў у доўгіх цёмнасініх шынялях, не задумваючыся, і з-за страху, даслаў ілжывае паведамленне пра казакоў, ад якога потым адмовіўся ... Вярбоўка кантаністаў была вельмі лёгкай. Сяляне прыходзілі амаль што добраахвотна і, будучы прынятымі, хадзілі па горадзе і не ўцякалі». - цыт па: Jankowski Czesław. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1. Kraków, 1896 S. 39-40.
[37] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. S. 94-95.
[38] Яма Цмока - карставая пячора ў межах Вавеля, адна з турыстычных славутасцяў Кракава. З пячорай звязана легенда пра Вавельскага Цмока. У 1972 г. перад уваходам была ўстаноўлена скульптура Вавельскага цмока. - Л. Л.
[39] Гаргера (ісп.: gorguera) ці фрэза (фр. fraise), мае і іншыя назвы - круглы гафрыраваны каўнер з накрухмаленай тканіны або карункаў, які шчыльна ахоплівае шыю. Атрыбут адзення прадстаўнікоў вышэйшага і сярэдняга класаў Еўропы XVI-XVII ст. - Л. Л.