Страчаная цывілізацыя: Гайцюнішкі і суседнія Падварышкі
Гайцюнішкі
На поўначы сучаснага Вораноўскага раёна, у Гайцюнішках, захаваўся цікавейшы сядзібны комплекс XVII стагоддзя. Гэты аб'ект, які называюць замкам ці ўмацаванай сядзібай, не толькі рэдкі ўзор невялікай фартэцыі пачатку XVII ст., але таксама месца, дзе адбываліся значныя гістарычныя і, верагодна, літаратурныя падзеі. Прыгледзімся да гэтага будынка і ягоных ваколіц больш уважліва.
Першы ўспамін пра Гайцюнішкі датуецца XVI стагоддзем. У 1562 годзе маёмасцю валодае ўраднік вялікага князя Лукаш Ленскі. Згодна з інвентаром 1565 года маёнтак ужо належыць Рымшам і складаецца з двара і гаспадарчых пабудоў. У двор уваходзяць тры жылыя дамы, стайні і гаштроды. Гаспадарчыя пабудовы, агароджаныя дылямі, маюць дзве брамы. У 1589-м гаспадаром маёнтка з'яўляецца Себасцьян Пакаш. Менавіта ў яго каля 1600 года Гайцюнішкі набывае Пётр Нонхарт.
Нявядома, адкуль Нонхарты паходзілі і як па-сапраўднаму гучала іх прозвішча. Выглядала яно як курляндскае, таму іх лічылі курляндскай шляхтай, аднак даследчыкі высветлілі, што Нонхарты, верагодна, маюць паходжанне нідэрландскае. Два родныя браты Пётр і Станіслаў Нонхарты за вялікія заслугі перад краінай у 1590 годзе падчас вайсковых дзеянняў з Масквой і шведамі атрымалі пацверджанне свайго шляхецтва, якое мелі ўжо раней ад імператара германскай імперыі. Быў таксама пацверджаны іх фамільны герб: «Срэбны якар на чырвоным полі».
Пётр Нонхарт - высокакваліфікаваны прафесіянал, быў ацэнены адпаведна і атрымаў ад караля Жыгімонта Вазы дзве пасады - аршанскага старасты і будаўнічага вялікакняскага замка ў Вільні. Тут ён кіраваў рэстаўрацыяй будынкаў Ніжняга замка - палаца і капліцы Святога Казіміра ў Віленскай катэдры.
Пётр Нонхарт быў вельмі уплывовым шляхціцам-лютэранінам ВКЛ першай паловы XVII стагоддзя. Каля 1600 года ён купіў Гайцюнішкі, яму ж належалі маёнткі Халопенічы і Хацюхова ў Аршанскім павеце. Быў жанаты на пратэстанцы Падбярэзскай, меў дачку Зузану і, верагодна, дачку Эльжбету.
Для пратэстантаў ВКЛ у 1621 годзе коштам старасты аршанскага і гараднічага віленскага, лютэраніна Пятра Нонхарта ў Кракаве друкуецца кніга: « Postilla To iest, Kazánia álbo wykłady Ewangelij Swiętych, ktore przez cáły Rok w Niedźiele y przednieysze Swiętá w Kośćiele Krześćiáńskim czytáne bywáią». Аўтарам твора з'яўляецца славуты біскуп лютэранскага збору ВКЛ Самуэль Дамброўскі (1577-1625). У прадмове да другога выдання фундатар зазначае, што кніга прысвячаецца «…святой памяці найяснейшай панне яе каралеўскай мосьці Ганне, з ласкі Боскай Шведскай каралеўне... патронцы і пястунцы ўбогага касьцёлу Аўгсбургскай канфэсіі». Гэта кніга стала самай папулярнай чытанкай лютэран у Беларусі. Пачынаючы з XVII стагоддзя кніга перавыдавалася дванаццаць разоў, і апошні раз была перавыдадзена ў 2002 годзе ў Польшчы!
На скон Пятра Нонхарта 18 лютага 1633 года пастар Андрэй Шонфлісіюш напісаў і выдаў у Любчы эпітафію: «Obchód pogrzebu Jego Mości Pana Piotra Nunharta...».
Дачка Пятра Нонхарта Зузана выйшла замуж за навагрудскага ваяводу Юрыя Храптовіча (1586-1650) і перадала Гайцюнішкі яму ў пасаг. Пасля Юрыя Гайцюнішкі атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын Адам Храптовіч, жанаты на Елізавеце Ісайкоўскай.
Адам Храптовіч каля 1660 года за 45 000 злотых прадаў Гайцюнішкі палкоўніку Вільгельму Корфу. Згодна з купчай, у маёнтку (меўся на ўвазе, верагодна, сам замак, маёнтак Бальценікі і іншыя маёнткі, якія межавалі з Гайцюнішкамі) мелася «мураваная камяніца». Пры канцы XVII стагоддзя гэтая маёмасць перайшла да Шротараў (герб Любіч) - шляхце інфляндскага паходжання. Верагодна, Гайцюнішкі былі пасагам Дароты Шротар, другой жонкі Ваўжынца Путкамера, стольніка інфляндскага і гаспадара суседніх Бальцэнікаў. На пачатку XIX стагоддзя, а можа і раней, Гайцюнішкі ад Путкамераў пераходзяць да барона Караля Остэн-Сакена. Яго дачка Вераніка, вядомая прыгажосцю і навыкамі верхавой язды, каля 1840 года выйшла замуж за Адама Рымшу (герб Гоздава) і атрымала маёмасць як свой пасаг. Пасля Веранікі і Адама ўсё гэта атрымала ў спадчыну іхняя дачка Алена, жонка Рамуальда Рымшы. Перадапошнім уладальнікам Гайцюнішак быў сын Алены і Рамуальда Эдвард Рымша (1863-1937), жанаты на Яніне Лавенецкай. А апошнімі ўладальніцамі маёнтка былі ягоныя дзве дачкі: Алена (нарадзілася 19 лютага 1911 года, была замужам за Янам Гаштоўт-Ажынскім) і Зоф'я (нарадзілася 23 чэрвеня 1913 года, жонка Напалеона Сянкевіча).
Да Рымшаў яшчэ вернемся, калі гутарка будзе ісці пра Падварышкі.
Дом-крэпасць у Гайцюнішках быў узведзены з цэглы на левым беразе ракі Жыжма па праекце гаспадара дома ў 1611-1612 гадах. Будоўляй кіраваў інжынер-фартыфікатар Ван Данэн. Напэўна, гэта ён спраектаваў галандскую сістэму каналаў і сажалак, злучаных з ракой Жыжмай, бо замак быў акружаны няісным сёння ровам, які забяспечваўся вадой з ракі Жыжма, што цячэ побач і ўпадае ў Гаўю (правы прыток Нёмана). Дом-крэпасць, пабудаваны ў галандскім, ці паўночна-французскім стылі, быў акружаны ровам з вадой. Будынак прамавугольны ў плане, двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам, які першапачаткова быў пакрыты дахоўкай, пазней замененай на гонту. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны трохпавярховай прамавугольнай вежай з невысокім кубічным арачным уваходам, прыбудаваным пазней. Чатыры вуглавыя вежы круглыя, накрыты шатрамі. Кожная вежа з вузкімі вокнамі-байніцамі, што дазваляла абаронцам з усіх бакоў кантраляваць подступы да дома. На першым паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікага гарнізона а таксама вялікая зала, якая займала палову будынка, наверсе - «панскія» пакоі і сталовая. У скляпеннях дома была вялікая студня.
Такі тып невялікіх, можна сказаць, кішэнных замкаў, якія з'яўляліся рэзідэнцыямі буйных рыцарскіх родаў, вядомы ў Нідэрландах, а таксама ў паўночнай Францыі і Вестфаліі, дзе яны атрымалі агульную назву «замкі на вадзе» (Wasserschlаsser), бо звычайна размяшчаліся «на вадзе», на востраве, да якога можна дабрацца толькі па мосце. Нягледзячы на тое, што гэтыя цвердзі было няцяжка заваяваць, яны давалі абарону ад малых вайсковых частак, а таксама ад розных бандытаў і марадзёраў, якіх было шмат падчас войнаў, асабліва ў XVII стагоддзі. Замак у Гайцюнішках добра ўпісваецца ў гэтую схему, што нядзіўна, калі ўспомніць, што ён быў пастаўлены ў 1611-1612 гадах віленскім гараднічым, галандцам па паходжанні Пятром Нонхартам, які ў 1590 годзе атрымаў набілітацыю за свае заслугі падчас войнаў Баторыя і набыў шмат зямлі, на якой пабудаваў сваю ўмацаваную рэзідэнцыю. Фактычны будаўнік замка, іншы галандзец, Ван Данэн, верагодна, для гэтай мэты прыехаў з Нідэрландаў. Абодва яны, дзейнічаючы разам, перанеслі на землі Вялікага Княства той заходні ўзор, якога раней у нас не было.
Гайцюнішкі, аднак, не ствараліся на цалкам пустым месцы. Прыкладна за паўкіламетра ад замка, таксама на беразе Жыжмы, знаходзіцца мясціна, вядомая ў народзе як «Стары замак» або «Старое замчышча». Таму можна меркаваць, што і раней тут існаваў падобны аб'ект, але пра яго нічога не вядома з пісьмовых крыніц, таксама не засталося і слядоў якой-небудзь пабудовы, застаўся толькі невысокі вал, які даходзіць да Жыжмы і зарослы рэдкім хмызняком невялікі прырэчны пагорак. Гэта можа сведчыць аб тым, што раней тут было старажытнае паселішча. Аднак ніякі археолаг рыдлёўкай тут не капаў, а апошнія ўладальнікі і жыхары Гайцюнішак казалі, што ў міжваенны час на гэтым месцы часта з'яўляліся ваўкі, магчыма, спакушаныя таямніцай нашай глушы.
У 1648 годзе сядзіба складалася з двара і фальварка, якія злучаліся паміж сабой дарогай. Галоўная брама вяла ў двор, другая стаяла на дарозе да фальварка. Акрамя дома-крэпасці вакол з'явіліся млын, ставы, карчма, будынак мыта каля мосту цераз Жыжму, драўляныя хаты эканома, дваровай чэлядзі і кухня. Каля дома на беразе ракі стаяла паперня, якую бачна на малюнку Напалеона Орды. Маёнтак акружаў стары парк плошчай 15 га, раслі ў ім ліпы і лістоўніцы, многім з якіх было ўжо больш як трыста гадоў. Фальварак размяшчаўся паміж дваром і гумном і меў два жылыя дамы, абору на пяць хлявоў, сырніцу, саладоўню і гарод. Гумно было за мостам праз роў у канцы дарогі, якая вяла да двара. Да маёнтка Гайцюнішкі належаў і двор у суседніх Падварышках.
У 1900-1905 гадах Эдвард Рымша дабудаваў да дома-крэпасці шырокі ганак з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысціню і арыгінальнасць першапачатковага праекта. Падчас дабудовы былі знойдзены насценныя малюнкі са сцэнамі палявання, якія не былі закансерваваны. Ёсць меркаванне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага віленскага мастака і былога ўладальніка маёнтка Шротара.
У гэтым доме-крэпасці ў 1708 годзе падчас Паўночнай вайны паспяхова вытрымалі аблогу шведы, атакаваныя войскамі караля Аўгуста ІІ Саксонскага. У суседніх Смаргонях, дзе была знакамітая школа дрэсіраваных мядзведзяў, так званая «Смаргонская акадэмія», сустрэліся два каралі: шведскі Карл XII і польскі Станіслаў Ляшчынскі, які разам з атрадам шведаў знаходзіўся ў суседніх Геранёнах і адтуль выправіўся на сустрэчу з каралём Швецыі праз Гайцюнішкі. У доме-крэпасці ваяры Станіслава Ляшчынскага маглі спыніцца і нават прыняць удзел у абароне дома ад нападу арміі Аўгуста ІІ Саксонскага. Памяць пра караля Ляшчынскага і шведаў доўга жыла ў гэтых мясцінах, яна захоўвалася на мемарыяльнай дошцы над уваходам у замак, якая знікла на пачатку XX ст. Змест надпісу на дошцы невядомы, але можна меркаваць, што ён не абмяжоўваўся ўшанаваннем абароны Гайцюнішак ад саксонскага войска, як мяркуе традыцыя і літаратура, таму што падобных сутыкненняў і сутычак было шмат. У той час было не прынята рабіць памятныя дошкі, і наяўнасць яе была хутчэй праявай гонару за знаходжанне ў Гайцюнішках караля Станіслава Ляшчынскага. Для тагачасных ўладальнікаў замка шведы маглі быць толькі фонам для гэтай падзеі.
Гайцюнішскі замак не быў бы сапраўдным замкам, калі б у ім не з'яўляліся прывіды. Вышэй апісаныя падзеі прывялі да таго, што ў доме-крэпасці людзі пачалі іх сустракаць. Гаспадарамі дома на пачатку XX стагоддзя запісана гісторыя пра тое, як служанка, спускаючыся ў склеп, знайшла там невядомага чалавека ў дзіўным касцюме, з белай гаргерай [1] на шыі. З яе далейшага аповеду бясспрэчна вынікала, што гэта быў шведскі салдат, які, відаць, загінуў пры абароне замка два стагоддзі таму. Жанчына так напалохалася, што з таго часу не хацела спускацца ў падполле. Толькі пасля таго, як склеп быў асвечаны святаром, прывіды, як запэўніваюць апошнія ўладальнікі замка, перасталі з'яўляцца.
Былі і іншыя падобныя гісторыі, звязаныя з магіламі ў навакольных лясах, верагодна, з гадоў паўстання 1863 г. Пра гэта могуць сведчыць строі прывідаў, падобныя да чамаркаў. Менавіта ў чамаркі былі апрануты прывіды, якіх сяляне зімой сустракалі ў гайцюнішскіх лясах. Прывіды блукалі ў адзіноце каля заснежаных магіл і перад усходам сонца, проста вярталіся ў магілы.
Прафесар Рышард Кярсноўскі высунуў версію, што Гайцюнішскі дом-крэпасць стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых з «Пана Тадэвуша». Доўгі час лічылася, што правобразам Сапліцова былі Тугановічы. Пазнейшыя даследчыкі размяшчалі яго ў Міры ці нават у Вялікапольшчы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафесар Рышард Кярсноўскі ў артыкуле «Замак Гарэшкаў і яго жыхары» і «Гавенда Гайцюнішска». Ён сабраў шмат фактаў на карысць слушнасці версіі пра Гайцюнішкі.
Вядома, што Адам Міцкевіч бываў у Гайцюнішках. Пра гэта сведчаць захаваныя ў архівах сямейныя дзённікі Рымшаў, апошніх уладальнікаў маёнтка. Паводле гэтых дзённікаў у сядзібным парку, які зваўся Сола, знаходзілася альтанка - невялікі зашклёны павільён, у якім госці пакідалі свае подпісы ці нават невялікія тэксты. І там над дзвярыма быў напісаны Антонам Адынцом трыялет, які славіў прыгажосць панны Остэн-Сакен - гаспадыні маёнтка на той час. У гэтай альтанцы быў подпіс Адама Міцкевіча на аконным шкле, зроблены дыяментам пярсцёнка. У тым жа парку Тамаш Зан пасля вяртання з ссылкі ладзіў вясёлыя забавы - хованкі з паннамі з ваколічных маёнткаў. Міцкевіч мог трапіць у парк у 1820 годзе, калі з сябрамі ехаў з Навагрудка ў Вільню трактам, які праходзіў недалёка ад Гайцюнішак. Мог ён быць тут і ў маі 1822-га, калі бавіў час у суседніх Бальцэніках Путкамераў і адкуль рэгулярна выязджаў разам з Марыляй Путкамер (з Верашчакаў) на конныя шпацыры. Яны павінны былі наведваць і Остэн-Сакенаў у Гайцюнішках: суседзяў і сваякоў Марылі. Такім чынам, у Міцкевіча быў час вывучыць наваколлі дома-крэпасці, каб пасля, у эміграцыі, апісаць мясцовыя рэаліі ў сваёй геніяльнай паэме.
Нягледзячы на тое, што замак у Гайцюнішках не быў «вялізным», ён значна перавышаў сярэднія навакольныя сядзібы, вядомыя Міцкевічу, такія як тагачасныя Бальценікі ці Туганавічы Верашчакаў і іншыя, апісаныя ім у паэме. Замак Гарэшкаў, як і замак у Гайцюнішках, уяўляў сабой двухпавярховы «адзінокі будынак» («Пан Тадэвуш», V, 788), з выступаючай вежай, з высокім, бачным здалёк дахам і ганкам, на які выходзіў стольнік і дзе ў яго стрэліў Яцак Сапліца. У Гарэшкаве, як і ў Гайцюнішках, мелася вялікая зала (сені) накшталт трапезнай з выпуклым скляпеннем на слупах, «з падлогай высланай каменнем» (I, 292). Якраз у Гайцюнішках, у зале да нядаўняга часу была каменная падлога, «У гэтай вялізнай брукаванай зале не знойдзеш столькі камянёў, колькі тут выпіта бочак віна» (II, 221 - 222).
Аналагічным запазычаннем бачыцца і матыў абароны замка Гарэшкаў супраць рускіх, узяты магчыма, на ўзор ранейшай абароны замка Гайцюнішак, пра што паэт мог ведаць з вуснага падання ці з нейкіх іншых крыніц. Здагадкі можна множыць, напрыклад, улічваць тапаграфію мясцовасці: месца-знаходжанне сядзібы (той, што з жабкамі, адлегласць паміж замкам і сядзібай), размяшчэнне і выгляд капліцы ў Гайцюнішках, дзе быў пахаваны Яцак, і іншыя супадзенні і падабенства (размяшчэнне млына).
Акрамя замка, у першай палове ХІХ ст. непадалёк ад яго ў Гайцюнішках меўся жылы дом, меншы і, напэўна, больш зручны за замак. Аднак яго знеслі гэтак жа, як і садовую альтанку. Падчас знаходжання Міцкевіча ў Гайцюнішках прасторавая кампаноўка маёнтка складалася з сядзібы і замка, што стала асновай для вобраза замкаў Гарэшкаў і Сапліцава. Хаця іх раздзялялі не «дзве тысячы», а ўсяго некалькі дзесяткаў крокаў, дзеля сюжэту паэт павінен быў разлучыць іх. У выніку на старонках «Пана Тадэвуша» Гайцюнішкі маглі ператварыцца ў Сапліцава з сядзібай і замкам. Падобныя ж метамарфозы зведалі і іншыя часткі гэтага краявіду, напрыклад, блізкі лес ператварыўся пад пяром паэта ў бяздонную пушчу.
Акрамя рэалій пейзажу, паэт выкарыстоўваў і вобразы некаторых асобаў, перш за ўсё постаць Адама Рымшы (пра яго падрабязней напішу далей), школьнага сябра Міцкевіча з Наваградка, у якім і варта было б бачыць прататып Яцка Сапліцы. Напэўна, постаць стольніка магла мець эквівалент у асобе Ваўжынца Путкамера, інфлянцкага стольніка, які ў 1737 годзе разам з Даротай Шротараўнай сварыўся з-за сялян, што ўцяклі з Гайцюнішак. Можа, вядомыя нам героі драмы менавіта тут мелі свае прататыпы, і па іх лёсах можна больш расказаць пра тыя часы і людзей, але гэта зусім іншая гісторыя.
Цікавыя факты і дадумкі можна прыводзіць і далей, але, верагодна, усё ж замак Гарэшкаў у Міцкевіча - сінтэтычны вобраз замкаў яго радзімы. Памяць пра Гайцюнішскі дом-крэпасць і Мірскі замак адбілася ў запамінальны літаратурны вобраз. У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Ацалела толькі «Генеалогія роду Рымшаў», якая сягала часоў хрышчэння Літвы. Апошні бой у Гайцюнішскім доме-крэпасці адбыўся ў навагоднюю ноч 1944 года, калі аддзел Арміі Краёвай разграміў тут залогу літоўцаў-калабарантаў.
У 1946-1949 гадах у доме-крэпасці знаходзілася школа механізатараў. З 1960-га тут месціцца абласная псіхіятрычная бальніца. Быў праведзены капітальны рамонт - і ў выніку ўнікальны дом-крэпасць добра захаваўся. Цяпер у ім знаходзіцца адміністрацыйны будынак бальніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX - першай паловы XX стагоддзя.
На пачатку XVI стагоддзя ў Гайцюнішках Пятром Нонхартам заснаваны лютэранскі прыход, а ў 1613-1633 гадах каля маёнтка з цэглы ім жа будуецца лютэранскі збор, у якім, нягледзячы на ўсе цяжкасці, набажэнствы служыліся ажно да 1939 года. Гісторык Міхал Балінскі пісаў, што збор тут фундавалі дзве сястры: дочкі Пятра Нонхарта. У архівах захавалася пахавальнае казанне біскупа Самуэля Дамброўскага над труной Эльжбеты Нарушэвіч (верагодна з Нонхартаў) у Гайцюнішках на пачатку 1624 года. Гэта паказвае, што ўжо ў 1624-м тут праходзілі набажэнствы.
Гэта быў аднанефавы прамавугольны ў плане будынак з аднасхільным дахам і сігнатуркай. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, завершаны шырокімі прафіяляванымі карнізамі і ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, схілы якіх накрыты з масіўнымі контрфорсамі, крытымі дахоўкай. Высокую каштоўнасць мелі алтар і казальніца XVII стагоддзя. Шырокая піўніца служыла некропалем для ўладальнікаў Гайцюнішак (у сутарэннях знаходзіліся труны з муміфікаванымі целамі пахаваных), якія ад Пятра Нонхарта і далей, былі ў асноўным евангелістамі. Гэта сведчыць аб тым, што замак, акрамя абарончых функцый, быў яшчэ і рэзідэнцыяй, цэнтрам дысідэнтаў (пратэстантаў), пра што сведчаць імёны наступных мецэнатаў ажно да XVIII ст. У той час на Жыжме тут жа існаваў невялікі гаспадарчы комплекс з млыном, сажалкай, карчмой і маставым мытам, а таксама з папяровай фабрыкай, будынак якой стаяў на беразе ракі і бачны на згаданым вышэй малюнку Напалеона Орды.
Пасля пабудовы збор доўгі час меў асобнага пастара, а ў XIX стагоддзі быў філіяй Віленскай лютэранскай парафіі. Збор стаў сямейнай пахавальняй Нонхартаў, Шротараў і іншых уладальнікаў Гайцюнішак пратэстанскай веры: Статкевічаў і Остэн-Сакенаў. У 1808 годзе Караль Остэн-Сакен зрабіў на сцяне капліцы вялікую эпітафію пра гісторыю яго сям'і XVIII і пачатку XIX стагоддзя.
Капліца парушана ў часы, калі ў доме-крэпасці знаходзілася школа механізатараў. Пры гэтым гатычная цэгла выкарыстоўвалася на будаўніцтва гаспадарчых пабудоў. Руіны збора знаходзяцца за паўднёва-ўсходняй часткай вёскі каля дарогі.
Маёнтак Падварышкі
Самая старая згадка пра Падварышкі датуецца 1690 годам, калі Стэфан Корф (?-?), канонік Жамойцкі, набыў маёнтак Гайцюнішкі, у склад якога ўваходзілі Падварышкі, у Магнуса Корфа за 35 тысяч злотых. Падварышкі былі часткай маёнтка Гайцюнішкі, і таму ў галоўным іх гісторыя да XIX ст. супадае.
На пачатку XIX ст. Падварышкі разам з Гайцюнішкамі і Беняконямі належаць Каралю Остэн-Сакену (сыну Ульрыка) і яго сыну Станіславу. У 1835 г. дачка Караля Вераніка Остэн-Сакен (пра якую я раскажу трошкі ніжэй), як пасаг перадала Падварышкі, Падэгуці, Лоўцы, Варнакелі, Забалаць, Ленцішкі, Беняконцы - разам 3300 дзесяцінамі зямлі і 426 душ свайму мужу Адаму Рымшу (сыну Ануфрыя), у 1844 г. Рымша валодаў ужо толькі 885 дзесяцінамі зямлі. У 1842 г. у Падварышках меўся двор з трохпакаёвым домам з часанага дрэва, крыты саломай. Пад адным дахам з домам месцілася людская і варыўня (памяшканне для захоўвання садавіны і гародніны). На гаспадарчым двары меліся адрыны для жывёлы, хлеба, сена і саломы, валоўнік, птушнік, свіран, ледавік і бровар. У вёсцы Падварышкі стаяла карчма з дзвюмя хатамі і стайнямі.
На працягу ХІХ ст. Падварышкі належалі роду Рымшаў герба Газдава. Ганна Рымшанка, дачка Рамана († 1919 г.) і Антаніны (з сям'і Бярновічаў), выйшла замуж за Тадэвуша Кярсноўскага († 1971 г. у Лондане) і перадала маёмасць Рымшаў сям'і мужа. Апошнімі ўладальнікамі Падварышак да 1939 г. былі Ганна і Тадэвуш Кярсноўскія. У 1939 г. Падварышкі разам з прылеглымі хутарамі Рымшышкамі, Мядзінамі і лясной гаспадаркай Геленава, займалі плошчу каля 800 га.
Стары сядзібны дом разбурыўся яшчэ ў ХІХ ст. і на яго месцы быў пабудаваны новы. Трэці сядзібны дом пастаўлены ў 1930-1931 гг. па праекце вельмі вядомага архітэктара прафесара Стэфана Нарэмбскага, але будаўніцтва было амаль што скончана толькі да 1939 г. Новы сядзібны дом не толькі добра ўпісваўся ў фон старога парку, але і меў характэрныя рысы абшарніцкіх маёнткаў. Аднапавярховы, ён быў пастаўлены на высокіх падмурках у форме прастакутніка і меў двухпавярховую сярэднюю частку. З пярэдняга боку размяшчаўся традыцыйны, адносна вузкі і неглыбокі порцік з чатырма стройнымі калонамі, увянчаны трохкутным франтонам. Увесь дом быў накрыты высокім гладкім чатырохсхільным дахам.
Перад домам меўся вялікі газон, акружаны шырокай дарожкай, якая падымалася ад пад'езда да невялікага насыпу. Кярсноўскія лічылі, што пад'язная дарожка і ганак - гэта як быццам твар іхняга дома, які павінен мець свае асабістыя рысы і выраз твару. Сын апошніх уладальнікаў, гісторык, прафесар-медыявіст Рышард Кярсноўскі ў сваіх мемуарах пісаў: «Навокал меліся асабнякі з класічнымі рысамі, з ганарыстым і прахалодным выразам твару, іншыя былі з ганкамі на нізкіх слупах, агорнутых вінаградам, гэтыя мелі далікатныя, прыязныя і цёплыя рысы твару. Часам сядзібныя дамы былі пазбаўлены ўсялякага выразу, але тады яны ўжо не цалкам заслугоўвалі сваю назву «шляхецкі двор». Наш сядзібны дом меў выцягнутыя ў вышыню рысы твару, пазначаныя чатырма белымі калонамі, ён меў нейкі адасоблены выраз, які змякчаўся вялікім чырвоным дахам, што апускаўся да вокнаў, як лісіная шапка, насунутая на вочы».
Рышард Кярсноўскі, успамінаючы бацькоўскі дом, пісаў далей: «Жылы дом быў новы, мураваны, пакрыты чырвонай дахоўкай. Бацькі пабудавалі яго ў 1930 г. на месцы былой сядзібы, якая згарэла падчас Першай сусветнай вайны з-за нядбайнасці немцаў, якія тут стаялі. Дабудаваць яго не ўдалося, бо надышлі гады крызісу, а потым, калі пачаўся росквіт, больш актуальным стала будаваць чвартакі (дом для работнікаў на 4 сям'і. - Л. Л.), а таксама амбар, стайні і адрыну.... Паставілі хлеў, ... пабудавалі вялікую піўніцу на сыры, асушылі лугі. Дом застаўся неатынкаваным і не меў каналізацыі, але яго корпус з вялікім, ламаным дахам, ганкам, прарэзаным высокімі калонамі, якія падтрымлівалі порцік, здолеў урасці ў пейзаж, на фоне зялёных ліп, елак і каштанаў».
Інтэр'ер дома меў традыцыйную планіроўку, з калідорамі па абодва бакі залы. Пярэднія памяшканні рознай формы і памеру служылі жылымі пакоямі, кабінетамі і г. д. З падоўжанага вестыбюля са скляпеністай столлю, з дзвюмя калонамі і дубовымі лесвіцамі, якія вялі на другі паверх, можна было наўпрост увайсці ў вялікі квадратны салон, да якога з адваротнага баку дома, падыходзіла садовая дарожка. Два пакоі, якія з бакоў прымыкалі да салона, стваралі з ім адну анфіладу. Дом меў чатыры ўваходы: «З фасада праз ганак, з саду праз дзверы на тэрасу, агароджаную аркадамі з чатырох слупоў і арак, якія падтрымлівалі балкон, а таксама выхад на дзіцячую пляцоўку, і ўваход на кухню і ў службовыя пакоі. Кожныя дзверы мелі сваё прызначэнне і жылі сваім жыццём, абслугоўваючы насельнікаў дома і іх гасцей, слуг і інтарасантаў. Толькі нядаўна, у канцы ліпеня (1939 - Л. Л.), на імяніны маёй маці перад гэтым ганкам збіраліся госці; пасля вячэры яны выходзiлi на тэрасу, а потым у сад, бо вечар быў ясны i цёплы, i я таксама са сваiмi аднагодкамi дапазна блукаў па алеях i сцежках, старанна ўпрыгожаных з гэтай нагоды. Якраз ад гэтага ганка мы ад'язджалі на свежанабытай машыне - цёмна-сінім Шэўрале - з візітамі да далёкіх і бліжэйшых суседзяў: у Яшуны Солтанаў, у Сядлішча Дэмбіцкага, у Яварава Вендзягольскага. Мы не прадбачылі лёсу, які ўжо навіс над будучыняй гэтых сядзіб і іх гаспадароў. Таксама мы ездзілі па справах бацькоў у Ліду, Наваградак, на бацькаву радзіму ў Гарадзілаўку, Чамяраўку і да Свіцязі, дзе мне казалі: «Хто б ты ні быў... не забывай сваю радзіму». Нават марылася нам далёкае падарожжа на захад, на Аўгустоўскія азёры».
Заўважу, што тэрасы, «агароджанай аркадамі з чатырох слупоў і арак, якія падтрымлівалі балкон», і самога балкона сёння няма, засталіся толькі падмуркі, па наяўнасці якіх можна здагадацца, што тут было раней.
Паколькі амаль усё ўбранне ранейшага сядзібнага дома ХІХ ст. было знішчана ў выніку пажару ў 1919 г., да 1939 г. толькі некаторыя пакоі новай сядзібы атрымалі стыльнае аздабленне. Зала была ўпрыгожана двума рагамі лася і іншымі паляўнічымі трафеямі, такімі, як рогі казла, пудзіла рабчыка і інш. У гасцёўні стаяў гарнітур з чырвонага дрэва ў стылі бідэрмаер [2] які складаўся са стала, канапы, двух фатэляў і чатырох крэслаў. На сценах красаваліся маляўнічыя літаграфіі з відамі Вільні і невялікім партрэтам вядомай сваёй прыгажосцю Веранікі Рымшынай, народжанай Остэн-Сакен (каля 1800-1843), партрэт гэты паходзіў з 1820-1830 гг. Вераніка была стрыечнай сястрой мужа Марылі Верашчакаўны Ваўжынца Путкамера з Бальценікаў. Пра красуню Вераніку Остэн-Сакен пісалі розныя мемуарысты, таму я не магу не расказаць пра гэтую незвычайную жанчыну.
З віленскіх успамінаў Станіслава Мараўскага мы даведваемся пра рамантычную натуру Веранікі: «У баранесы Сакен была малодшая дачка цудоўнай, анёльскай прыгажосці - Вераніка. Забраўшы яе з вучылішча ў 1820 г., баранеса жыла з ёй за Вострай Брамай у доме Мінінавай. Другую палову дома займалі мае бацькі, якія прыехалі на зіму ў Вільню. У маіх бацькоў было столькі знаёмых, што яны не мелі патрэбы сустракацца з суседзямі па гэтым доме, тым больш, што мая мачыха пастаянна хварэла.
…Паміж Вострай Брамай і домам Мініных ёсць даволі вялікі пляцык. Праз гэты пляцык, я, задуменны, з апушчанай галавой, не маючы ахвоты і звычкі глядзець у вокны, праходзіў два разы на дзень на працягу ўсяго часу знаходжання тут маіх бацькоў. <...>
Раз ці два маці мне расказвала, што да нас прыязджалі яе суседзі, Сакены. Але гэта мяне не зацікавіла… пакуль аднойчы мой добры сябар Лахніцкі, сустрэў мяне на вуліцы і адразу накінуўся за тое, што я збаламуціў яго кузыну! Я глядзеў яму ў вочы і імкнуўся зразумець чаго ён хоча - ці не звар'яцеў ён? Толькі, калі, пачаўшы смяяцца, Лахніцкі сказаў мне, што панна Вераніка самым рамантычным на свеце чынам, бачачы толькі праз акно, калі я ішоў па пляцыку, закахалася ў мяне, а яе бацькі, якія любяць дачку больш за ўсё на свеце, не могуць даць сабе рады. Таму яны, як сваяку і як сябру абодвух дамоў, даверылі гэта яму і папрасілі сасватаць мяне з Веранікай. Я тады быў дзевятнаццацігадовым блазнам і папрасіў яго некаторы час нічога не расказваць пра гэта маім бацькам, а потым, пачырванеўшы, прызнаўся яму, што ніколі ў жыцці не бачыў панну Сакен, што нават не ведаю, ці наогул яна існуе на свеце. Я абавязаў сябра хаця б здалёк паказаць мне яе, таму што, калі я пачну глядзець ў іх вокны і ўбачу яе, я зраблюся дурнем і пачырванею, як вішня. Ён зрабіў гэта. Але як той дурань, Лахніцікі ўсё гэта «патаемна» разнёс па горадзе, так што праз некалькі дзён справа дайшла і да майго бацькі.
Убачыўшы панну, узрадавалася душа мая! Сапраўды, было тут ува што закахацца! І я таксама імгненна закахаўся ў яе. Але мая любоў была ад удзячнасці, а, можа, і каб проста дагадзіць сапраўднай багіні. Я палюбіў яе, але, на жаль без жарсці, і гэтых пакут ад пачуццяў! Тады ж паспеў завесці з ёй самае жывое і палкае сяброўства. Я хутка даведаўся, што яна прызначаная для кагосьці іншага! Яе пачалі выводзіць у свет, і ўсе размовы ў ім былі толькі пра яе. Мой бацька таксама быў вельмі ўсцешаны яе прыгажосцю, да таго ж яна мела добры пасаг і чакала яшчэ большага пасагу пасля сваёй гарбатай старой сястры. Што таксама ў вачах маіх старых зусім не псавала ўсю справу. Дайшло да таго, што мой бацька нават пачаў віць нам гняздо. Але калі даведаўся, што яна пратэстантка, дык ашчацініўся, як певень і не хацеў больш нічога пра яе чуць. Не таму, што быў фанатык, а таму, што, на яго думку, у жыцці столькі прычын, якія ўвесь час працуюць на раскол шлюбу, што не трэба яшчэ цягнуць сюды рэлігію, якая па сваім уплыве, калі яе шчыра несці ў сэрцы, адзіная здольная злучыць новымі вузламі нават тое, што раз'яднана.
Вядома, Вэрця, як мы яе звалі, нічога пра гэта не ведала і з поўным даверам маладой дзяўчыны яшчэ доўга ў марах будавала ружовыя замкі на лёдзе. Ва ўсіх жанчын паўсюдна ёсць свае шпіёны … таму ўвосень, як толькі Сакены даведаліся, што я ўсё яшчэ бываю ў Мюлераў, яны знялі ў іх доме кватэру і адразу пачалі іх наведваць…».
А сябар Міцкевіча Антоні Адынец заўважаў: «Вераніка Остэн Сакен, дачка барона (з Гайцюнішак), па прыгажосці, гумары і манерах, як дзве кроплі вады была падобная да вобраза Дыяны Вернон з аповесці Вальтэра Скота пад назвай «Роб Рой», тым больш, што, як і тая, насіла свой зялёны капялюшык, як амазонка. Прыхільнікам яе быў пан Адам Рымша, сусед і вайсковы таварыш пана Ваўжынца (Путкамера), які па яго пратэкцыі праз пару гадоў ажаніўся з ёю».
Шлюб абшарніка Наваградскага павета і ўдзельніка напалеонаўскіх войнаў Адама Рымшы з Веранікай Остэн Сакен адбыўся ў суровых, рамантычных і нават авантурных абставінах. Рымша ў 1833 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў тым, што ведаў пра экспедыцыю Юзафа Заліўскага, якая мусіла стаць пачаткам агульнага паўстання, ад яго эмісара Шыманскага. Паколькі даказаць дачыненне Рымшы да справы не атрымалася, рашэннем віленскага генерал губернатара князя Далгарукава ён быў высланы на пасяленне ў Вяцкую губерню. Туды ў 1835 г. прыехала да яго баранеса Вераніка Остэн Сакен, дзе маладыя былі павянчаныя ссыльным ксяндзом Шыманам Гілеўскім без дазволу ўладаў.
Цікава, што ў свой час бацькі Вернікай не далі дазволу на шлюб з Адамам Рымшам, і той, у роспачы ажаніўся з іншай жанчынай і, магчыма, меў з ёй сына. Але ад свайго кахання не адмовіўся і працягваў патаемна падтрымліваць адносіны з Веранікай.
Да 1835 г. бацькі баранесы Веранікі Остэн Сакен ужо памерлі і не маглі ёй перашкодзіць. Вераніка адправілася да жанатага мужчыны, які знаходзіўся ў ссылцы і выклікала гэтым гучны скандал і асуджэнне з боку грамадства. Нават яе апякун Ваўжынец Путкамер выказваў сваё абурэнне з гэтай нагоды. Пасля атрымання звестак аб смерці жонкі Адама яны ўзялі шлюб.
У жніўні 1835 г. устрывожаны вяцкі паліцэймайстар Катані (адзін з герояў «Былае і думы» А. Герцана) даносіць губернатару, што ў Вятку да Рымшы прыехала баранеса Вераніка Остэн-Сакен, «девица», абшарніца Віленскай губерні, якую 21 жніўня без ведама і дазволу ўладаў абвянчаў з Рымшам ссыльны ксёндз Шымон Гілеўскі. Катані абураны «непаслушэнствам Рымшы ў дачыненні да ўлады», бо на патрабаванне з'явіцца ў паліцыю для тлумачэння, ён адказаў, што не мае вольнага часу, паабяцаў прыйсці ў іншы дзень, але так і не прыйшоў. А Вераніка стала «гераіняй Вяткі» - так назвалі яе ў вершы, які хадзіў паміж ссыльнымі. Усе ведалі, што адважная дзяўчына аформіла праязныя дакументы да Масквы і… прыехала да каханага мужчыны ў Вятку. Яна грунтоўна падрыхтавалася да будучага сямейнага жыцця: прывезла з сабой двух лёкаяў, кухара, фурмана, пакаёўку і прачку.
Праўнучка ўладальнікаў суседніх Бальценікаў Ваўжынца i Марылi Путкамераў (з Верашчакаў) Янiна Жалтоўская праз больш, чым 100 гадоў, пісала пра гэтую гісторыю як пра яшчэ больш авантурную і можна не сумнявацца, што менавіта ў такім выглядзе яна і засталася ў памяці грамадства: «Вераніку, чароўную Вэрцю, выкраў Рымша, які, як і многія дастойнікі таго часу, быў ужо жанаты. Ён адвёз заможную дзяўчыну ў Вятку і толькі праз гады, і толькі пасля смерці сваёй першай жонкі ўпарадкаваў адносіны з ёй. Калі я была маладой, такая авантура здавалася мне малаверагоднай. Адам Рымша і Вераніка мелі некалькі сыноў і адну надзвычай непрыгожую дачку Марыю, якая выйшла замуж за свайго стрыечнага брата Рымшу».
Які з варыянтаў гісторыі кахання гэтых маладых людзей адпавядае праўдзе, сёння высветліць ужо немагчыма.
У Вятцы ў шматгадовых ссылках ў той час знаходзілася шмат нашых землякоў. Аляксандр Герцан пісаў: «Адзін закаснелы сармат, стары ўланскі афіцэр яшчэ Панятоўскага, які зрабіў частку напалеонаўскіх паходаў, атрымаў у 1837 годзе дазвол вярнуцца ў свае літоўскія маёнткі. Напярэдадні ад'езду стары паклікаў мяне <...> паабедаць. Пасля абеду мой кавалерыст падышоў да мяне з куфлем, абняў мяне і з ваеннай прастадушнасцю сказаў на вуха: «Ды навошта ж вы рускі?!» У адказ я не прамовіў ні слова, але гэта заўвага моцна запала мне ў душу...».
Зрабіўшы вялікую працу з архіўнымі дакументамі, даследчыца з Вяткі Т. Дварэцкая вылічыла, што гэтым «старым», «закаснелым сарматам» мог быць толькі Адам Рышма, які меў на той момант 41 год і тагачаснаму 25-гадоваму Герцэну мог здавацца старым. Рымша і насамрэч ваяваў у 1812-1814 гг. Вядома, што калі ў 1812 г. у Наваградку фармаваўся 19-ы ўланскі полк ВКЛ, адным з яго галоўных арганізатараў быў капітан Ксаверый Рымша, старэйшы брат Адама Рымшы, вопытны воін, кавалер французскага ордэна Ганаровага Легіёна, які не змог бы адмовіць свайму 16-гадоваму брату Адаму.
У 1837 г. Адам Рымша быў памілаваны і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. 26 жніўня 1837 г. Герцан пісаў з Вяткі да Наталлі Захар'інай: «Учора прыйшло вызваленне дзвюм сасланым сямействам. Радасць, захапленне ад таго, што яны едуць на радзіму…». Гаворка ідзе пра сем'і Адама Рымшы і яшчэ аднаго ссыльнага. Вызваленне было звязана з прыездам у Вятку ў 1837 г. спадчынніка-цэсарэвіча, будучага цара Аляксандра ІІ. Ссыльныя скарысталіся магчымасцю асабіста падаць прашэнні аб сваім вызваленні, і іх спроба ўвянчалася поспехам. Будучы імператар наведаў губернскую выставу натуральных рэчаў і вырабаў гэтага краю, арганізацыя якой была даручана чыноўніку канцылярыі губернатара Герцану. Сярод яе экспанатаў - «кошык для папер, дастаўлены на выставу спадаром цывільным губернатарам, рукадзелля спадарыні Рымшы, народжанай Остэн-Сакен».
Увечары 14 верасня 1837 г. чарга падвод сямейства Рымшаў з маёмасцю і людзьмі адправілася ў далёкі шлях на радзіму. А ў Вяцкай кватэры Рымшаў застаўся цяжка хворы выпускнік Віленскага ўніверсітэта, філамат Тэадор Лазінскі, якому ўлады адрасавалі шэраг прэтэнзій, якія не паспелі выказаць Адаму Рымшу.
Расейская даследчыца Т. Дварэцкая, якая шмат працавала з дакументамі ссыльнага Рымшы, гэтак заканчвае свой вельмі змястоўны артыкул: «Што звяртае на сябе ўвагу ў двух, здавалася б, розных гісторыях з жыцця Рымшы - гісторыі жаніцьбы і гісторыі з кватэрай? У іх пры ўсёй непадобнасці ёсць адна агульная ўласцівасць - грэбаванне, калі не пагарда да мясцовых улад (будзь то паліцэймайстар ці домаўладальнік), - да тых самых рускіх, аб прыналежнасці да якіх Герцана, так шкадаваў наш герой. Спакойна і стрымана ён ігнаруе ўсе іх патрабаванні. <...>
Напрыканцы жадаю спыніцца на адным, быць можа, некалькі суб'ектыўным уражанні ад архіўных спраў <...> Рымшы, які цікавіць нас як персанаж «Былога і дум» - чалавека з ярка выяўленым моцным, ганарлівым і незалежным характарам. Рымша <...> прапануе губернатару «не рабіць распараджэнняў аб выдачы яму падарожных, прагонных грошай», адпраўляецца ў дарогу за ўласны кошт і на ўласных конях. Наш герой адносіцца да тых, пра якіх Герцэн пісаў: "…У рускіх яны не прасілі нічога". І яшчэ адна дэталь, якая характарызуе Рымшу, - паводзіны на следстве. Следчым не ўдалося яго зламаць: ён не выдаў нікога. Пра сустрэчу Рымшы з эмісарам паўстанцаў М. Шыманскім, якая стала прычынай яго высылкі, распавялі следству сам Шыманскі і яго сястра, якая пазнаёміла іх. Такія моцныя людзі вабілі маладога Герцэна, надоўга заставаліся ў памяці».
У 1843 г. газета «Кур'ер Варшаўскі» паведаміла: «10 ліпеня ў Вільні закончыла дні свайго жыцця Вераніка з баронаў Сакенаў Рымшына, пакінуўшы ў няўцешнай жалобе мужа і некалькі малых дзяцей».
Вераніка Сакен фон Остэн (?1800-1843), унесла маёнтак Гайцюнішкі, часткай якога былі і Падварышкі ў пасаг свайму мужу Адаму Рымшу гербу Газдава, капітану французскіх войскаў. Іх дачка Хелена Рымша выйшла замуж за Рамуальда Рымшу і маёнтак атрымаў у спадчыну іх сын Раман Рымша (1867-1919). Дачка Рамана Рымшы і Антаніны з Бярновічаў (1870-1963) Ганна ўнесла Падварышкі ў пасаг свайму мужу Рышарду Кярсноўскаму (гл. ніжэй).
Сучаснікі пісалі пра фотаздымак Адама Рымшы, зроблены ў Парыжы ў 1863 г. На ім бачны моцны плячысты мужчына з выразным шрамам на падбародку. Партрэт красуні Веранікі Рымшы, які знаходзіўся ў Падварышках, загінуў падчас Другой сусветнай вайны, але засталіся яго копіі.
Аднак, вернемся да апісання дома ў Падварышках.
Сталовая сядзібнага дома была цалкам абстаўлена новай мэбляй, зробленай у Вільні па праекце мастака тэатра на Пагулянцы В. Макойніка. Гэтая мэбля стылізавалася пад эпоху бідэрмаера, зроблена была з ясеню з ўстаўкамі чорнага дубу. Абедзенны гарнітур складаўся са стала на лірападобных ножках, 18 крэслаў, буфета, кутняй шафы, канапы і самаварнага стала. На сценах вісела серыя рэпрадукцый «Літвы» Артура Гротгера ў чорных рамках. Усе гэтыя прадметы былі страчаны ў 1939 г.
Верагодна, сядзібны парк плошчай у 3 га, быў заснаваны каля 1820 г. У старой частцы парку знаходзілася вузкая алея даўжынёй у 200 м з высокарослых ліп, пасаджаная ў выглядзе літары «L». Выгін яе галінаў ствараў сапраўдны тунэль.
Рышард Кярсоўскі ўспамінаў: «У доўгай, але ўсяго ў некалькі метраў шырынёй, алеі з густа пасаджаных высокіх ліп, галіны дрэў на невымернай вышыні над галавой злучаліся як быццам скляпенні арак вузкага нефа ў гатычным саборы. Алея, пачыналася за некалькі дзесяткаў крокаў ад задняга ганка і потым паварочвала пад прамым вуглом. Такім чынам, з двух бакоў (з усходу і з поўдня) яна стварала перыметр парку. Пасярэдзіне, паміж гэтымі алеямі, мелася як быццам круглая альтанка, якая складалася з аднолькавых лiпаў, iх ствалы датыкаліся адзiн да аднаго ўнізе і крыху разыходзіліся ўверсе … і здалёк выглядалі вялізным букетам.
Такія ліпавыя алеі з альтанкай пасярэдзіне меліся і ў іншых суседніх сядзібах, ... але гэткіх, як у нас, ліп я ніколі больш не бачыў, нідзе больш ні на свае вочы, ні нават на фота не бачыў і такой альтанкі, як у Падварышках. Таму гэтая алея была прадметам асаблівай увагі фатографаў. Сам Ян Булгак, наш сябар і далёкі сваяк, доўгія гадзіны праводзіў у альтанцы, пісаў за садовым сталом свае нарысы з серыі «Вандроўкі фатографа» («Wędrówki fotografa»), а прыгажосць дрэў, ствалоў і галін фіксаваў на шматлікіх фотаздымках, якія потым, да маміных імянін аформіў у тоўсты альбом. Гэты альбом, нягледзячы на яго дзіўны лёс, захаваўся і ляжыць сёння ў мяне на стале, таму, пакуль я гэта пішу, хоць алей ужо няма, яны не толькі стаяць маіх ў вачах, але і перад вачыма».
Парк, занядбаны пасля Першай сусветнай вайны, упарадкавалі падчас будаўніцтва новага сядзібнага дома. Былі расчышчаны зарослыя пляцоўкі і пасаджаны новыя дрэвы, кусты і кветкі, галоўным чынам перад пад'ездам і ў непасрэднай блізкасці ад яго. Каштоўным помнікам у складзе сядзібных забудоў з'яўляўся стары драўляны шасцігранны будынак лядоўні, накрыты саламяным дахам. Лядоўню шчыльна абкружалі ліпы, падобныя да тых, што былі на алеі. Гэта пабудова згарэла ў 1944 г. Прафесар Кярсноўскі пісаў: «Асабліва захапіла мастака (Яна Булгака - Л. Л.) лядоўня - шасцігранная пабудова з тоўстых бярвенняў, складзеных у зруб, накрытая канічнай саламянай страхой, накшталт футравай шапкі. Нізкія дзверы вялі ўнутр, у цемнату і прахалоду ад вялікіх кавалкаў лёду, якія ляжалі глыбока ў яме і былі пакрытыя пілавіннем. Лёд паходзіў з сажалкі ля млына, наразаўся і звозіўся на санях у канцы зімы, калі яго таўшчыня дасягала некалькіх дзесяткаў сантыметраў. Ён трымаўся ўсё лета, бо да ўсяго, лядоўня была акружана цесным колам цяністых ліп, такіх жа, як і ў алеі, з якой ён суседнічаў, і ліпы лядоўні, можна сказаць, складалі арганічнае цэлае з ліпамі алей. Ствалы чапляліся за сцены будынка, угрызаліся ў яго дах і падпіралі яго, а гэта значыць, што лядоўня і дрэвы былі аднолькава старыя. Адны казалі, што пабудова гэтая нагадвае нейкае паганскае капішча, іншыя здзіўляліся, што ж такога цікавага ўбачыў у гэтай халупе добры фатограф, які зняў яе з усіх бакоў і такім чынам выратаваў ад забыцця помнік, якога ўжо няма, бо ў канцы вайны агонь перакінуўся з палаючага побач хлява на саламяны дах, ахапіў лядоўню і абвугліў навакольныя ліпы».
У другой палове ХІХ ст. у парку з'явілася алея каштанаў, якая ішла паралельна галоўнай восі дома і заканчвалася высокай лістоўніцай. Пад лістоўніцай ляжаў прывезены з поля вялікі і шурпаты валун, які нібыта быў метэарытам. Яловая алея аблямоўвала больш новую частку парку. Сярод многіх іншых відаў дрэў у парку раслі вялізныя бярозы.
«Над алеямі, над альтанкай, над вялізнай лістоўніцай, над домам і над усім светам было неба, адрознае ад усіх нябёсаў у блізкіх і далёкіх краінах. Гэта ведалі ўсе, хто нарадзіўся пад гэтым небам, ці доўга пад ім жыў. Менавіта пра гэтае неба калісьці казаў граф Тадэвуш Сапліца, а Фердынанд Рушчыц маляваў гэтае неба, пагрозліва завіслае над раллёй, і Ян Булгак здымаў яго ў прыгажосці аблокаў, што бялеюць над паркам. Як сцвярджаў селянін Балуць, які пасля свайго нараджэння нікуды не сыходзіў з сядзібы больш, чым на некалькі дзён, менавіта тут быў цэнтр неба, тут была самая высокая кропка, і таму, калі часам ішоў дождж у Рымшышках ці Беняконях - у Падварышках было суха, а часам здаралася і наадварот, бо самі ведаеце - усё ж тут «сярэдзіна нябёс». Больш пераканаўчымі былі сведчанні метэарыта. Яшчэ перад Першай сусветнай вайной плуг наляцеў на ўкапаны ў зямлю валун. Калі яго адкапалі, дык убачылі дзіўны камень, які меў форму амаль паўсферы, дыяметрам амаль што ў метр, цёмны, нібы жалезны, шчыльны, увесь пакрыты глыбокімі звілістымі дзіркамі, як нейкі шлак, губка, ці кавалак дрэва, з'едзены гіганцкімі караедамі. Мой дзед загадаў прывезці яго ў парк і паставіць каля лістоўніцы - ніхто не сумняваўся, што гэта метэарыт. Мне ніколі не ўдавалася сустрэць падобнага экзэмпляра ні ў геалагічных музеях, ні ў іншых парках, і таму, напэўна, менавіта тут быў цэнтр неба, з якога некалі зваліўся такі ўнікальны камень. Магчыма, гэта здарылася ў канцы жніўня, бо тады часцей за ўсё мы бачылі падаючыя зоркі [3], якія згасалі над дрэвамі саду Падварышак» - гэтак рамантычна апісваў родныя мясціны гістарычнай Лідчыны Рышард Кярсноўскі.
Заўважу аднак, што гэты дзіўны камень, пра які так прыгожа расказаў Кярсноўскі, на жаль, - не метэарыт. Высновы спецыялістаў адназначныя - гэты камень з'яўляўся жвірова-галечна-валунным кангламератам. Гэтая парода ўтварылася пад ціскам ледніка пры ўдзеле мінералізаваных раствораў. Такіх камянёў шмат, і яны не ўяўляюць ніякай цікавасці для навукоўцаў з пункту гледжання навукі метэарытыкі.
Але, бясспрэчна, галоўным і самым прыгожым для кожнага з нас з'яўляецца неба нашай радзімы, неба нашага дзяцінства: «Нябесны купал быў не вельмі шырокі. Ён ахопліваў мястэчка Беняконі, дзе ўзвышаліся дзве касцельныя вежы, а таксама воданапорную вежу на чыгуначнай станцыі, званую па-руску «водокачка». Пад гэтым купалам знаходзіўся склад і сядзібны дом у Старых Беняконях, абаронены высокімі дрэвамі - нашым бліжэйшым наваколлем і месцам летніх шпацыраў да сажалкі, у якой мы купаліся».
Кярсноўскі апісвае і маёнтак Старыя Беняконі з сямейнымі могілкамі свайго роду: «Захапленне выклікала вісеўшая на сцяне у сядзібе Старыя Беняконі мядзведжая шкура - былы трафей аднаго з паноў Галімонтаў - мядзведзяў тут даўно ўжо не было. Меўся тут таксама фотаздымак гэтай сядзібы ў рамцы з подпісам Юзафа Пілсудскага, зробленым на памяць пра начлег у Старых Беняконях, куды ён увайшоў вясной 1919 г., калі ішоў з войскам па лідскай дарозе на Вільню. У той жа час і ў нашы Падварышкі зайшлі некалькі маладых жаўнераў, якія пагрозліва патрабавалі ежы, з якой, пэўна, мелі цяжкасці. А мой дзед Раман Рымша шырока-насцеж раскрыў рукі і сказаў: «Бярыце ўсё, што трэба», - і радаваўся, што дажыў да гэтай хвіліны. Аднак радасць яго была нядоўгай, бо праз некалькі месяцаў ён захварэў на тыф. Калі памерлі мой дзед, а потым яго брат Эдвард з Гайцюнішак і сястра Марыя, - яшчэ раней, усе разам для сябе яны пабудавалі дом і двор на ўскрайку лесу, паміж двума радавымі сядзібамі і назвалі іх Рымшышкамі, тут для нашых сямейных могілак адвялі месца на невялікім пагорку і першым прынеслі ў ахвяру майго дзеда. Пазней тут дадаліся яшчэ дзве рымшаўскія магілы...».
Пра ўнукаў Адама і Веранікі Рымшаў - Эдварда і Рамана пісала Яніна Жалтоўская: «Два браты Рымшы з нашых ваколіц яшчэ не былі жанатыя, але здаліся мне старымі людзьмі. Атрымалі вышэйшую адукацыю, Эдвард быў інжынерам, як і мой бацька. Кожны з іх з замілаваннем і нават з апантанасцю працаваў у сваім фальварку, устаючы на досвітку на ўдой кароў, а ўдзень кантралюючы работу ў полі. Яны былі занадта незалежнымі <...> . Хадзілі ў доўгіх ботах і кажухах, на лоб спадалі пасмы нячэсаных валасоў, яны пагарджалі раскошай і жылі па-спартанску. Браты стварылі сапраўдны сямейны клан, але шляхецкі гонар злучаўся ў іх з дэмакратычным пазітывізмам. Калі Часлаў Янкоўскі ў сваім «Павеце Ашмянскім» непрыязна напісаў пра Рымшу - ці пра іхняга дзеда, ці пра прадзеда, усе браты Рымшы выбраліся да яго і гэтак яму прыгразілі, што Янкоўскі забраў назад раней напісанае. Сям'я Рымшаў у нядзелю не хадзіла ў касцёл, але, па словах пані Трыпольскай (суседкі - Л. Л.), яны мелі свайго Пана Бога і свае могілкі, дзе хавалі толькі сваіх нябожчыкаў, каб не змешвацца з іншымі людзьмі (былі пратэстантамі - Л. Л.). Госці да іх прыязджалі не на падвячорак, а на вячэру, якую падавалі а сёмай гадзіне - летам яшчэ пры сонечным святле. Вячэра складалася з кіслага малака, гарбаты, хатняй вэнджанай палянгвіцы, чорнага хлеба, выдатных варэнняў, агуркоў з мёдам, г. д. <...>
Сям'я Рымшаў не ездзіла на брычцы, запрэжанай чацвёркай коней, іх фурман не меў ліўрэі, а меў толькі бурку. Дарога, якая вяла ў Падварышкі, была адной з самых праклятых маім бацькам. Як правіла, сям'я Рымшаў не рамантавала яе, таму што гэта была сумесная ўласнасць вёскі і двара, і яны хацелі прымусіць сялян да адпрацовак, але сяляне не клапаціліся пра дарогу. Калі наш экіпаж даязджаў да іх грэблі, ён захрасаў у ямах, поўных гразі, коні нерваваліся і баяліся дзіравага моста. Мы з маці ў парадных сукенках выскоквалі на край слізкай канавы, поўнай вады. Таму для візіту мы выбіралі сухое, летняе надвор'е...».
У гісторыка Часлава Янкоўскага знаходзім наступныя, не самыя лепшыя радкі пра Ксаверыя Рымшу ў 1812 г. (цікава, што ж яшчэ больш горшае, Янкоўкі напісаў першапачаткова?): «Было загадана сабраць кантаністаў (прызыўнікоў) з коньмі. Для іх прыняцця ў Ашмяны накіраваны Ксаверы Рымша, афіцэр польскага войска, які, выконваючы гэтае даручэнне, праявіў свае самыя дрэнныя схільнасці. Ён бракаваў коней, найперш для таго, каб вымагаць грошы з грамадзян. Для закупкі аднаго каня было прызначана па 20 чырвоных злотых, а ён купляў за 10 ці трошкі болей... Карацей, быў самым нахабным рабаўніком! Аднойчы здарыўся смешны выпадак. Эканом Валадковіча з Лаздун, Макарэвіч здаваў коней і кантаністаў, а калі Рымша ўсіх забракаваў, у разгубленасці, забыўшыся, хто перад ім, працытаваў звычайную прымаўку: «Пан Бог большы за пана Рымшу», пасля чаго пайшоў. Гэты Рымша ўдаваў з сябе за вялікага героя. Між тым аднойчы Тэафіл Камар, чыноўнік новай паліцыі, данёс з Сурвілішак, што там з'явіліся казакі. Гэта так напалохала Рымшу, што на вачах у шматлікай публікі, галодны, ён кінуўся за парог і, забраўшы кантаністаў, уцёк у Вільню з тым, што сабраў раней. Але, сустрэты ў Медніках Абрамовічам, вярнуўся і гэтак выратаваўся, бо мог бы быць моцна пакараным за тое, што самавольна з'ехаў і прыпыніў набор у войска. Пазней высветлілася, што Камар, убачыўшы італьянскіх гвардзейцаў у доўгіх цёмна-сініх шынялях, не задумваючыся, і з-за страху, даслаў ілжывае паведамленне пра казакоў, ад якога потым адмовіўся <...> Вярбоўка кантаністаў была вельмі лёгкай. Сяляне прыходзілі амаль што добраахвотна і, будучы прынятымі, хадзілі па горадзе і не ўцякалі».
Звернем ўвагу на папулярную тагачасную прымаўку «Пан Бог большы за пана Рымшу». З паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (кн. 11), даведваемся, што гэта прыслоўе паўстала ў выніку працяглага суду паміж навагрудскім абозным Рымшам і манахамі дамініканскага кляштара, у выніку якога дамініканы выйгралі. Вось гэты фрагмент паэмы ў перакладзе Пятра Бітэля:
Так справа доўгімі цягнулася гадамі
Між Рымшам і дамініканскімі ксяндзамі,
Пакуль не выйграў сундук манастырскі Дымша,
Адтуль і прыказка: Бог большы, чым пан Рымша.
І напрыканцы некалькі слоў пра сына апошняга гаспадара Падварышак Рышарда Кярсноўскага. Ён нарадзіўся 4 лістапада 1925 г. у Вільні ў сям'і абшарніка і віленскага адваката Тадэвуша Кярсноўскага і Ганны з Рымшаў (дачка Рамана), дзяцінства правёў у Вільні і ў Падварышках. Вучыўся ў славутай Віленскай гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста. Прафесар Рышард Кярсноўскі, быў членам Польскай акадэміі ведаў і Варшаўскага навуковага таварыства, напісаў 11 кніг і каля 200 артыкулаў, пераважна ў галіне нумізматыкі і гісторыі грошай у Сярэднявеччы. Памёр у Варшаве 7 ліпеня 2006 г. пасля працяглай і цяжкай хваробы. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках.
[1] Гаргера (ісп.: gorguera) ці фрэза (фр. fraise), мае і іншыя назвы - круглы гафрыраваны каўнер з накрухмаленай тканіны або карункаў, які шчыльна ахоплівае шыю. Атрыбут адзення прадстаўнікоў вышэйшага і сярэдняга класаў Еўропы XVI-XVII стст. - Л. Л.
[2] Бідэрмаер (ням.: Biedermeier) - мастацкая плынь у нямецкім і аўстрыйскім мастацтве, якая атрымала развіццё ў 1815-1848 гг. Мэбля эпохі бідермаера вольная ад архітэктурных формаў і вялікай колькасці дэкору. Крытэрам якасці мэблі лічылася зручнасць формаў і бездакорная сталярная праца. Прастата формаў мэблі кампенсавалася яркай расфарбоўкай абіўкі і г. д.
[3] Маецца на ўвазе метэорны паток Персеіды, актыўнасць якога прыходзіцца на жнівень.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
