Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Маёнткі Стрэліца і Касцянёва з Паперняй на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-11-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Страчаная цывілізацыя: маёнткі Стрэліца і Касцянёва з Паперняй на Лідчыне. Гістарычныя хронікі // Новы замак. 2023. Выпуск. 12. С. 172-192.

Спампаваць




Сяклюцкія і маёнтак Стрэліца на Лідчыне

Маёнтак Касцянёва

Пра маёнтак Паперня

Сяклюцкія і маёнтак Стрэліца на Лідчыне

У дакументах аб зацвярджэнні шляхецтва Віленскай герольдыі ад 1820 г. запісана сямейная легенда аб тым, што продкі Сяклюцкіх герба Кушаба прыбылі з Чэхіі каля 1228 г., гэты род «з многімі знанымі радамі параднёны і ўшанаваны высокімі пасадамі, пра што пісалі <...> хранікёры. За заслугі сям'я была адорана зямлёй і ўзяла прозвішча ад назвы маёнтка Сяклюкі ў Драгічынскай зямлі. Пасля бітвы з туркамі пад Хацінам 11 лістапада 1673 г. адзін з прадстаўнікоў роду Сяклюцкіх пераехаў у Літву. Аляксандр Сяклюцкі служыў у войску пад камандаваннем гетмана Паца, Андрэй быў доктарам багаслоўя, а Войцех у 1591 годзе - Драгічынскім падкаморыем. Родапачынальнікам роду, паводле Нясецкіх (т. ІV, с. 78), з'яўляецца Леанард Сяклюцкі».

Нам вядомы наступныя ранейшыя Сяклюцкія:

Тамаш Юрый Сяклюцкі, лідскі падчашы, у Лідскім павеце валодаў маёнткамі Красулі і Бярозавец (3 км ад былога маёнтка Стрэліца), які ў тастаманце ад 10 студзеня 1672 г. запісаў яго сваім пяцярым сынам. Магчыма, ён і быў першым з Сяклюцкіх, якія перасяліліся на Лідчыну.

У Жалудоцкай парафіі драгічынскі падстолі Уладзіслаў Сяклюцкі, у 1690 г. меў 26 дымоў у Бурчавічах.

Рафал Сяклюцкі, лідскі мечнік, а потым, згодна з прывілеем Аўгуста ІІІ ад 23 жніўня 1746 г., «падстолі». У 1728 г. валодаў Бярозаўцам (11 дымоў) і Красулямі (3 дымы).

Антон і Міхал Сяклюцкія з Углаўцаў (11 дымоў).

Станіслаў Сяклюцкі, арандаваў у Дэражнай 5 дымоў.

У Падымным рэестры Лідскага павета ад 1775 г. нейкі Сяклюцкі валодае маёнткам Стрэліца, мае 25 дымоў у Голдаве і 4 дымы ў Лебядзянцы.

Вядомы віленскі генеолаг Часлаў Малеўскі ў свой час пісаў пра:

Барбару Кастравіцкую з Сяклюцкіх - жонку гродскага пісара і лоўчага Лідскага павета, фундатарку касцёла Св. Духа ў Вільні, у 1786 г. яна была пахавана ў лёхах гэтага касцёла;

Люцыяна Сяклюцкага, маёра ў 1874 г.;

вайскоўца Уладзіслава Сяклюцкага;

чыноўніка Канстанціна Сяклюцкага;

васілішскага пробашча ў першай палове XІX ст. Ісідора Сяклюцкага.

З канца XVІІІ ст. па 1939 г. Сяклюцкія валодалі маёнткамі Гарнастаішкі каля Эйшышак (у 1863 г. - 800 дзесяцін) і Стрэліцай. За падтрымку паўстання 1863 г. Вінцэнтам Сяклюцкім (1793-1864) на маёнтак Гарнастаішкі быў накладзены секвестр. Але даказаць віну Вінцэнта Сяклюцкага ўлады не змаглі, і таму яго сын Уладзіслаў вярнуў маёмасць праз суд.

Апошнім уладальнікам Гарнастаішак быў афіцэр рэзерву Юзаф Сяклюцкі - удзельнік Першай сусветнай вайны і афіцэр 1-га Польскага корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Суседзі памяталі яго як вялікага гурмана, які надта любіў паесці. Таму мясцовыя сяляне пасля сытнай ежы часта казалі адзін аднаму: «Пад'еў, як пан Сяклюцкі». У 1939 г. ён быў арыштаваны і вывезены ў глыб СССР, а яго двор стаў сядзібай калгаса «Запаветы Леніна».


Сын апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална ў 1920-30-х гадах Караль Лясковіч падае цікавую інфармацыю пра род Сяклюцкіх у XІX і XX стагоддзях.

Вінцэнт Сяклюцкі, які ўжо згадваўся вышэй, цешыўся павагай усяго павета з-за годнага сэрца і лагоднага характару; ён быў апошнім лідскім падкаморыем. Меў трох сыноў і трох дачок. Старэйшы сын ажаніўся з Ганнай Ясінскай і асеў у Кракаве. Другі сын Люцыян узяў у жонкі Стравінскую і пасля смерці бацькі пераняў маёнтак Гарнастаішкі. Трэці сын, Канстанцін, быў жанаты з Ганнай Юндзіл з Сяняжыц, ён атрымаў ад бацькі маёнтак Стрэліцу разам з трыма фальваркамі. З трох дачок старэйшая, Юзэфа выйшла замуж за Люцыяна Кастравіцкага, уладальніка Касцянёва. Другая, Ганна, памерла паненкай, а Гелена выйшла замуж за павятовага лекара Альшанскага, які працаваў у Жалудку ў князёў Чацвярцінскіх.

Канстанцін меў двух сыноў: Станіслава і Вінцэнта. Яны абодва закончылі кадэцкі корпус у Полацку. Пасля таго старэйшы сын Станіслаў вывучыўся на інжынера-будаўніка чыгункі і мастоў, а Вінцэнт пасля смерці бацькі асеў у Стрэліцы і ажаніўся з Фяліцыяй з Навакоўскіх, у іх нарадзіліся чатыры дачкі: Ванда, Ядвіга, Яніна і Марыя.

Сваячка гаспадара маёнтка Ганна Вольф з Сяклюцкіх (дачка Вінцэнта, пасля бацькі яна ўспадкавала Гарнастаішкі), жонка вядомага выдаўца і гандляра кнігамі, знаўцы літаратуры, доктара Юзафа Вольфа, правяла сваё жыццё ў Варшаве. У сваіх мемуарах яна пакінула цікавыя ўспаміны пра Стрэліцу. Таксама цікавыя ўспаміны пра маёнтак Стрэліца ў 1894 г. пакінуў стрыечны ўнук Канстанціна Сяклюцкага (сын яго сястры Юзэфы) Ян Люцыян Кастравіцкі; яшчэ хлопцам ён жыў тут у свайго стрыечнага дзеда. Яго ўспаміны польскі даследчык Анатоль Стэрн надрукаваў у сваёй кнізе «Дом Апалінарыя». Грунтуючыся на гэтых тэкстах, я раскажу пра Стрэліцу ў другой палове XІX ст.

Згодна з інфармацыяй «Геаграфічнага слоўніка», у 1870-х гадах у маёнтку Стрэліца жылі 33 чалавекі. Вядома, што Стрэліца ляжала за 45 вёрст ад павятовага горада Ліда і за 20 вёрст ад мястэчка Жалудок і маёнтка Чацвярцінскіх у гэтым мястэчку (цікава, што, па сцверджанні Яна Кастравіцкага, мястэчка Жалудок пераважна было пабудавана на зямлі, якая належала маёнтку, і карыстальнікі гэтай зямлі плацілі чынш у касу маёнтка).

Дарога з Жалудка да Ліды была звычайнай, толькі трошкі шырэйшай, грунтовай з грэблямі, насыпанымі ў нізкіх і вільготных адцінках і паглыбленнямі на пагорках. У вёсцы Мыто дарога далучалася да шырокага гасцінца, які быў абсаджаны падвойнымі радамі бяроз. Гэты гасцінец бег з Гародні праз Шчучын да Ліды, а адтуль - у Вільню.

На дваццатай вярсце ад Жалудка ад гэтай дарогі адыходзіла грэбля, насыпаная на мокрым лузе. Па ўсёй даўжыні грэбля была абкапана равамі і абсаджана старымі вербамі. Грэбля даходзіла да нязначнага ўзвышша і там пераходзіла ў алею, абсаджаную разлогімі асінамі. На краі ўзвышша стаялі жылыя будынкі работнікаў маёнтка. Праз адну вярсту прысады раптоўна ўпіраліся ў драўляную, але моцную браму, якая заўсёды была замкнута на ланцуг. Ключ знаходзіўся ў жылым доме, які стаяў за брамай. Улева і ўправа ад брамы адыходзіў высокі плот-частакол з моцнага бярвення, плот меў навес, які звісаў унутр агароджы.

Ад брамы да дома вяла шырокая, высыпаная жвірам дарога, якая агінала вялікі траўнік, аточаны старымі каштанамі. Пры дарозе, насупраць брамы, месціўся драўляны, прысадзісты жылы дом. Уваходам у дом служыў досыць вялікі, зашклёны рознакаляровым шклом ганак, у якім у кадушках раслі алеандры і кактусы. Пад столлю віселі мяшкі з высушанымі лекавымі зёлкамі, а ў скрынках каля вокнаў нават зімой квітнелі пеларгоніі.

За ганкам меліся вялікія, змрочныя сенцы, вокны якіх выходзілі ў ганак. Столь у сенцах, як і ва ўсім доме, трымалася на бэльках, на якіх ляжалі дошкі столі. Столь і сцены ў сенцах былі пабелены вапнай, а падлога складалася з пафарбаваных у арэхавы колер сасновых дошак. У сенцах стаялі сасновыя лавы і вешалкі для вопраткі. З сенцаў у суседнія пакоі вялі трое дзвярэй. Над сярэднімі дзвярыма, насупраць увахода, вісела вялікая гравюра з выявай каня англійскай пароды, які ў свой час здабыў шмат узнагарод і быў продкам усіх добрых коней Стрэліцы. А на адваротным баку выявы каня быў прымацаваны партрэт дзейнага рускага цара. Звычайна цар глядзеў у сцяну, але калі ў замкнутую браму грукаўся хто-небудзь з прадстаўнікоў улады, напрыклад паліцэйскі спраўнік з Ліды ці прыстаў з Жалудка, служка, які павінен быў адчыніць браму, меў абавязкам перавярнуць выяву так, каб чыноўніка, які ўвайшоў у хату, вітаў рускі цар. Пасля чыноўніка сытна кармілі і паілі, можа, таму справы маёнтка заўсёды вырашаліся для гаспадароў станоўча. А пасля ад'езду госця выяву зноў пераварочвалі канём вонкі, і цар чакаў візіту каго-небудзь са сваіх чыноўнікаў.

Гэта было адной з прычын, чаму ўязную браму заўсёды трымалі зачыненай. Другой прычынай была наяўнасць у двары дрэсіраванага і ўжо досыць старога мядзведзя, які быў навучаны штодзень насіць дровы з адрыны на кухню і ў жылы дом. Таму сцежкі ад адрыны да дома і кухні мелі адмысловую агароджу. Мядзведзь меў добры нораў і дазваляў нават бавіцца з сабой дзецям, пры тым заўсёды нешта бурчаў, таму сяляне казалі, што мядзведзь увесь час чытае пацеры. Звер прызвычаіўся, што пасля таго, як ён усюды, куды патрэбна, наносіць дроў, старая кухарка Франуся яго добра пачастуе. Таму кухня з'яўлялася апошняй кропкай яго маршруту. Жыў ён у адмысловым логаве, якое было прыбудавана да сцяны кухні. Неяк дзяўчына, толькі што ўзятая з вёскі працаваць на кухню, убачыла, як звер прынёс вязанку дроў. Ад страху яна пляснула на яго вядро вады. Гэта вывела мядзведзя з раўнавагі - ён раскідаў дровы і павыбіваў вокны. Толькі старая Франуся змагла мятлой загнаць раззлаванага звера ў яго логава, але і там ён бушаваў яшчэ цэлы дзень. Назаўтра мядзведзь перастаў насіць дровы і пачаў кідацца на людзей. Тады некалькі мужчын з паходнямі загналі яго ў логава і зачынілі ў ім. З кожным днём мядзведзь станавіўся ўсё больш агрэсіўным, і праз некалькі тыдняў гаспадар маёнтка Канстанцін Сяклюцкі загадаў лесніку застрэліць звера. Шкура мядзведзя потым ляжала ў сенцах на падлозе.

Таксама ў сенцах, акрамя вышэйапісанай двухбаковай выявы, на сценах віселі чучалы ваўкоў з ашчэранымі зубамі, а на падлозе ляжалі ваўчыныя скуры. Адны з дзвярэй у сенцах вялі праз маленькі пакоік у спальню гувернанткі панны Цэцыліі Хаберман і стрыечнага ўнука гаспадара Яна Кастравіцкага. Другія дзверы праз буфетны пакой вялі ў сталовую. А праз дзверы пад двухбаковай выявай можна было прайсці ў більярдны пакой, вокны якога выходзілі ў сад. У гэтым пакоі мелася роўная столь, прыгожыя сцены і паркет на падлозе. З більярднага пакоя ўправа былі дзверы ў салон, які злучаўся са сталовай, а дзверы па левай сцяне вялі ў кабінет Канстанціна Сяклюцкага. З кабінета можна было прайсці ў спальню Канстанціна, а потым у спальню яго сястры.

У більярдным пакоі акрамя більярда меліся яшчэ фартэпіяна і зашклёныя шафы з біялагічнымі і мінералагічнымі зборамі. У першай шафе стаялі слоікі з рознымі земнаводнымі ў спірце, вялікія зборы матылёў і іншае. У другой шафе ў адмысловых тэчках месціліся багатыя калекцыі мінералаў. З іншай мэблі ў гэтым пакоі былі вялікія, мяккія канапы і фатэлі, на сценах віселі карціны вядомых майстроў, сярод іх - карціны мастака віленскай школы Вінцэнта Сляндзінскага [1]. Яну Кастравіцкаму запомнілася карціна, дзе была намаляваная бабуля, якая зацягвае нітку ў іголку. Тая карціна цяпер знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі (The Lіthuаnіаn Nаtіonаl Museum of Аrt), але, магчыма, яна мела некалькі копій.

У суседнім салоне віселі партрэты Сяклюцкіх: жанчын у карункавых строях і мужчын у кунтушах. Меўся там і партрэт Рафала Сяклюцкага, пра якога згадвалася вышэй. З більярднага пакоя можна было выйсці на веранду, а з яе - далей на жвіраваную дарожку, якая вяла праз сад да сажалкі. За сажалкай быў зроблены насып, на якім стаяла брама ў кітайскім стылі. У самы доўгі летні дзень з веранды можна было назіраць, як сонца заходзіць менавіта ў той браме.

Вада з сажалкі праз канал выцякала ў іншую сажалку, якая была выкапана сярод гародаў маёнтка. З гэтай другой сажалкі вада праз роў сцякала ў рэчку Лебяду. Над гэтай другой сажалкай з зямлі, выбранай пры яе капанні, быў насыпаны курган, на якім стаяў драўляны крыж. Каля крыжа, на адмыслова зробленым алтарыку, адбываліся травеньскія набажэнствы. Пра гэты крыж, пастаўлены на месцы пахавання паўстанцаў 1863 г., я напішу трошкі ніжэй, а цяпер заўважым, што крыж стаяў ужо ў 1894 г.

Вядома, што будынкі маёнтка Стрэліца разам з жылым домам неаднаразова гарэлі; звычайна пажары пачыналіся з кухні, якая месцілася ў жылым доме. Таму пасля апошняга пажару кухню вынеслі дастаткова далёка ад жылога дома, да таго ж яна была адгароджана ад дома дрэвамі і кустамі. Гэтае рашэнне аказалася вельмі практычным, і дом больш не гарэў, але калі ў халады ў дом везлі ежу, яна астывала, і таму яе трэба было падаграваць у буфетным пакоі. У тым жа пакоі гатавалі смачныя дэсерты і сочывы, і таму тут усё ж мелася невялікая кухонная печ, за якой, каб заўсёды быць недалёка ад гаспадароў, начаваў нехта са служкаў.

За садам, гародам, гаспадарчымі будынкамі, домам арандатара фальварка і жылымі дамамі рабочых маёнтка знаходзілася невялікае ворнае поле памерам каля 10 дзесяцін. Аднак галоўная ралля маёнтка ляжала за дарогай на Жалудок, за гэтай раллёй раслі лясы Стрэліцы, за лясамі стаяў фальварак Вольгаўцы, што межаваў з іншым маёнткам Хацяновічы, якім ужо валодалі Шалевічы.


Найцікавейшай гістарычнай постаццю Стрэліцы быў Канстанцін Сяклюцкі, чалавек, які нарадзіўся ў першай палове XІX ст. і жыў у другой палове ХХ. Ён рана аўдавеў - жонка Ганна памерла ад тыфу. У маёнтку адукацыяй дзяцей займалася немка, гувернантка Цэцылія Хаберман, якая пражыла ў Стрэліцы да канца сваіх дзён і лічылася членам сям'і.

Пахаваўшы жонку і забяспечыўшы будучыню сваіх дзяцей, Канстанцін Сяклюцкі даручыў кіраванне маёнткам эканому, а сам заняўся самаадукацыяй. Меў шмат сяброў, цікавае асяроддзе, досціп, жывы характар, шляхетную душу, выбітны інтэлект і замілаванне да падарожжаў і прыгод. Наведаў многія краіны Еўропы, ведаў шмат моў, у Парыжы сябраваў з Гамбета* і лятаў з ім на паветраным шары падчас асады горада немцамі. Закончыў у Парыжы матэматычны факультэт Сарбоны, а потым у Пецярбургу музычную кансерваторыю, заснаваную ў 1862 г. славутым піяністам Антонам Рубінштэйнам, які быў яго прафесарам фартэпіяна. Пасля Пецярбурга зноў жыў у Парыжы, дзе ў іншага вядомага кампазітара Пабла Сарасатэ ўдасканальваў сваю ігру на скрыпцы і віяланчэлі. Належаў да тыпу людзей, якія, маючы матэрыяльныя сродкі, выкарыстоўваюць іх, каб паглыбляць свае веды ва ўсё новых сферах дзейнасці - замест манатоннай працы на гаспадарцы.

Каля 1895 г. Канстанцін Сяклюцкі нарэшце вярнуўся ў Стрэліцу. Маёнтак, які доўгі час жыў без гаспадара, знаходзіўся ў заняпадзе. Але гэта не надта хвалявала Сяклюцкага. Ён перарабіў вялікую більярдную залу сядзібнага дома ў музычны пакой. У гэтым пакоі знаходзіліся шафы з нотамі, два фартэпіяна, тры віяланчэлі і скрыпка высокай якасці, зробленая самім майстрам Антоніем Страдывары з Крэмоны. Менавіта тут ён праводзіў канцэрты з вельмі шырокім рэпертуарам. Сам Канстанцін граў на скрыпцы ці віяланчэлі, а дзве спадарыні - яго сястра Альшанская і маці стрыечнай сястры спадарыня Вольф - на фартэпіяна. Улетку канцэрты праходзілі сярод прыгожай прыроды стрэліцкага двара - пахлі кветкі, стракаталі конікі, чуліся салаўіныя трэлі, усё гэта стварала адчуванне неверагоднай гармоніі.

Постаці Канстанціна Сяклюцкага прысвяціў фрагмент сваіх успамінаў яго стрыечны ўнук Ян Люцыян Кастравіцкі: «Па адукацыі мой дзед быў матэматыкам - закончыў Сарбону. Як гэта бывае сярод матэматыкаў, ён быў вельмі музыкальным чалавекам і пасля Сарбоны закончыў кансерваторыю ў Пецярбургу, вучыўся ў прафесара Рубінштэйна па класе віяланчэлі <...> Потым асеў у Стрэліцы, ажаніўся з Юндзілоўнай з Сяняжыц, што на Наваградчыне, і працягваў займацца матэматыкай, падтрымліваючы сталыя кантакты з еўрапейскім навуковым светам - у першую чаргу з французскімі матэматыкамі. Заняткі матэматыкай давялі яго да таго, што ён зрабіўся маньякам: калі стала зразумела, што вынікі даследаванняў, якімі ён займаўся шмат гадоў, былі памылковымі, учыніў самагубства.

Цалкам непублічна быў пахаваны ў Жалудку ў сямейным склепе - толькі ксёндз акрапіў труну святой вадой перад тым, як яе апусцілі ў магілу. Ён жадаў, каб яго так пахавалі і менавіта такі план свайго пахавання пакінуў у перадсмяротным лісце» [2].

Але суседзі лічылі, што самагубства адбылося з-за вялікай запазычанасці і дрэннага фінансавага стану маёнтка.

Замілаванне Канстанціна да музыкі, хоць і ў меншай ступені, але працягвалася ў яго сынах і ўнуках.

Атрымаўшы паведамленне пра самагубства свайго бацькі Канстанціна Сяклюцкага, Вінцэнт, які рыхтаваўся да ваеннай кар'еры, неадкладна вярнуўся ў Стрэліцу і пераняў маёмасць. Яго брат Станіслаў ужо працаваў інжынерам-пуцейцам на будаўніцтве Транссібірскай чыгункі, праз нейкі час ён ажаніўся з расіянкай, і кантакты сям'і з ім спыніліся.

Каля 1900 г. Вінцэнт Сяклюцкі жэніцца з Феліцыяй з Навакоўскіх, дачкой заможных землеўладальнікаў з-пад Любліна. Пасаг Феліцыі дапамог істотна паменшыць даўгі Стрэліцы. Да пачатку Другой сусветнай вайны Стрэліца мела 1000 га зямлі, гаспадарка спецыялізавалася на малочных прадуктах, мясе, рыбе, гародніне, садавіне, а таксама прадавала будаўнічы лес і дровы. На ферме маёнтка працавалі 10 пастаянных рабочых, якія жылі тут з сем'ямі, атрымліваючы пансіён і прытулак. Падчас жніва наймалі дадатковых работнікаў з суседніх вёсак.

Да Першай сусветнай вайны сям'я жыла ў сваім маёнтку, а пасля пачатку вайны - у Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам (разам з мужам і бацькам Вінцэнтам Сяклюцкім, неўзабаве мабілізаваным у царскую армію). Толькі ўлетку 1915 г. Феліцыя вярнулася ў Стрэліцу.

Апісаны вышэй сядзібны дом у Стрэліцы быў спалены казакамі пры адступленні рускіх войскаў у канцы жніўня 1915 г. і ніколі больш не адбудоўваўся. Як успамінала дачка Вінцэнта Ванда, «...на двор заехала казачая сотня. Яны адразу ж пачалі капаць траншэі па ўсёй даўжыні гаспадарчага двара і канфіскавалі ўсю жывёлу. 300-гадовая сядзіба з лістоўніцы была спалена...». Ад маёнтка засталіся руіны. Былі страчаны велізарныя каштоўнасці: сямейныя партрэты, старыя дакументы і бібліятэка. Акрамя сядзібы, таксама было знішчана каля дзясятка гаспадарчых будынкаў. Нягледзячы на пажар, не згарэлі «чваракі» (дом на чатыры сям'і), дзе жылі рабочыя. Потым жыхары чваракаў прымуць сваіх былых гаспадароў.

Агледзеўшы спаленую маёмасць, Феліцыя з чатырма дочкамі і настаўніцай паннай Ядвігай Шалевіч (пазней Славінскай) з'ехала са Стрэліцы. Яна знайшла сабе дах над галавой у маёнтку Семяжыцы каля Наваградка, які належаў сваякам Юндзілам. Потым сям'я Сяклюцкіх жыла ў маёнтку Ратошын, які таксама належаў сваякам Сяклюцкіх. Каля 1923 г. Вінцэнт Сяклюцкі паставіў новы драўляны дом (паводле іншай інфармацыі, перабудаваў у жылы дом мураваную стайню), і ўся сям'я вярнулася ў Стрэліцу. У 1929 г. Стрэліца мела толькі 400 га зямлі.

У 1933-м ва ўзросце 63 гадоў памёр, гуляючы са сваёй жонкай у карты, ад кровазліцця ў мозг гаспадар маёнтка Вінцэнт Сяклюцкі. Ён быў пахаваны на невялікіх могілках у Беразаўцы. Яго жонка Феліцыя на той момант мела 51 год.

Унук Вінцэнта Сяклюцкага Міраслаў Здановіч, які першыя 14 гадоў свайго жыцця правёў у Стрэліцы, успамінаў: «Мне было 8 гадоў, калі Вінцэнт памёр. Такім чынам, мае ўспаміны - гэта ўспаміны малога дзіцяці. Вось некалькі малюнкаў з маёй памяці.

Мне 5 гадоў - Вінцэнт, трымаючы мяне за руку, вядзе вакол сталовай. Пахне тытунём, і я баюся.

Мне 7 ці 8 гадоў - Вінцэнт вядзе мяне ў стайню, каб паказаць, як сесці на каня. Ён выдатны вершнік, я захапляюся ім.

Ён грае на віяланчэлі цудоўную музыку, і я слухаю яго.

Вінцэнт быў як найменш сярэдняга росту. Ён трымаў сябе надзвычай прама і хадзіў, як атлет. Вочы меў цёмна-сінія, валасы светла-шэрыя, лоб высокі і аголены.

Ён быў задаволены сваім лёсам, любіў дзяцей, часта расказваў нам гісторыі і казкі.

Я думаю, у яго былі нейкія асаблівыя планы наконт мяне. Магчыма, яму здавалася, што так ці інакш я атрымаю ў спадчыну Стрэліцу. Можа быць, гэта толькі маё ўяўленне, але хто ведае?»

Пасля смерці мужа Феліцыя Сяклюцкая падзяліла маёмасць паміж дочкамі: Ванда атрымала фальварак Прудзішча, Ядвіга - Польнае, Яніна - Багатэлі, малодшая з сясцёр - незамужняя Марыя - засталася з маці ў Стрэліцы. Восенню 1939 г. Феліцыя з унукамі і дочкамі Марыяй і Ядвігай уцякла ў Цэнтральную Польшчу. Памерла ў 1960 г.


А цяпер яшчэ раз пра крыж на месцы пахавання паўстанцаў 1863 г.

Сусед Сяклюцкіх Караль Лясковіч пісаў: «У адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўднёва-заходнім кірунку знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні - помнік 1863 г. Тут была агульная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі».

Пасля знаходкі гэтай інфармацыі на месца пахавання была зладжана экспедыцыя, і быў знойдзены той самы курган, дзе пахавалі паўстанцаў.

Да кургана вядзе добрая палявая дарога, але сам курган і зямля вакол яго не разараны. Знайсці рэшткі крыжа не ўдалося. Гэтая інфармацыя мела досыць шырокі распаўсюд праз незалежныя сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя сеткі, часткова спрыяла тое, што няўрымслівая журналісты знайшлі «прывід» каля месца пахавання паўстанцаў...

Праз адну з сацыяльных сетак да мяне звярнуўся Іван Аркадзьевіч Давідовіч (1958 г. н.), урач-неўролаг, інтэлігентны і высокаадукаваны чалавек. Ён нарадзіўся ў вёсцы Ігнаткаўцы, і хутары яго вёскі пераходзілі ў хутары засценка Станкевічы - тая мясцовасць родная для Івана Аркадзьевіча. Ён усё жыццё цікавіўся гісторыяй, чытаў і чытае шмат гістарычнай літаратуры, да таго ж многа размаўляў і размаўляе са старымі людзьмі, ды і яго бацька (1933 г. н.) - сапраўдны скарбец нашай гісторыі.

Дык вось, старыя людзі, якія нарадзіліся ў Ігнаткаўцах яшчэ на пачатку XX ст., у свой час расказвалі Івану Аркадзьевічу, што сутычка паміж паўстанцамі і казакамі адбылася каля населенага пункта Ваенполь - мясцовая легенда нават звязвала назву «Ваенполь» ці «Вайнаполе» менавіта з той сутычкай, але вядома, што Ваенполь існаваў ужо ў XVІІІ ст. Гэта не так істотна, бо сутычка паміж паўстанцамі і казакамі магла адбыцца і наўпрост каля Стрэліцы.

Фальварак Ваенполь (які каля Ігнаткаўцаў) і засценак Станкевічы ляжалі каля старажытнага гасцінца Мыто - Голдава - Жалудок, гэтак апісанага ў вопісе Жалудоцкай парафіі 1784 г.: «[Дарога] ад Ліды да Жалудка <...> ад Жалудка на карчму ў Жушме, дзе ёсць мост на рацэ Лебяда, з Жушмы праз Ходараўцы (вёска яснавяльможнага пана Валовіча, Слонімскага маршалка), каля Беразаўца (яснавяльможнага пана Шукевіча, капітана) і двор Стрэліца (яснавяльможнага пана Сяклюцкага) <...> адсюль трэба ехаць на Голдава (яснавяльможнага пана Важынскага), з Голдава да Радзівонішак (яснавяльможных паноў Нарбутаў), з Радзівонішак да Мыто (яснавяльможнага пана Паца)».

Калі сутычка адбылася каля Ігнаткаўцаў, дык забітых паўстанцаў па старажытным гасцінцы адвезлі да кургана, які знаходзіўся на зямлі маёнтка Стрэліца, і там пахавалі. Калі ж сутычка адбылася каля Ваенполя Стрэліцкага, забітых нікуды вазіць і непатрэбна было, пахавальны курган быў зусім блізка. Сутычка, магчыма, сталася вынікам засады паўстанцаў на нейкі расейскі атрад ці пошту. Па ўсім відаць, што паўстанцы з поля бою не ўцякалі, а спакойна хавалі сваіх забітых. Значыць, перамога была за імі [3]. У метрычных кнігах бліжніх праваслаўных цэркваў маглі б быць запісы пра пахаванне расейцаў на нейкіх тутэйшых могілках, бо тады расейцы сваіх забітых нікуды не вывозілі, а хавалі на полі бою ці недалёкіх могілках, але пакуль нічога падобнага не знаходзілі.

Іван Аркадзьевіч яшчэ каля 1970 г. асабіста сам бачыў той крыж на кургане. Ён памятае, што зарослы бэзам драўляны крыж быў бачны здалёк, і раней пра яго добра ведалі ўсе мясцовыя людзі. Памятае гэты крыж на кургане каля Стрэліцы і яго родная сястра Ганна Аркадзьеўна Фунт (1961 г. н.), і, канешне ж, яго бацька.

Трэба ўлічваць, што ўладальнікам маёнтка Стрэліца ў час паўстання быў Вінцэнт Сяклюцкі, які калі наўпрост не прымаў удзел у паўстанні, дык спачуваў яму. Пра іншыя рэпрэсіі супраць Сяклюцкіх, акрамя канфіскацыі Гарнастаішак, невядома, але смерць Вінцэнта Сяклюцкага ў 1864 г. выклікае пэўныя пытанні.

Іван Аркадзьевіч Давідовіч таксама расказаў, што ў 1950-х гадах з Сібіры ў засценак Станкевічы вярнуўся толькі адзін чалавек, але выжыла значна больш жыхароў гэтага старога шляхецкага асяродка - усе астатнія з Сібіры адразу ж з'ехалі ў Польшчу. Па словах Давідовіча, ад Стрэліцы ў той час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы.

14 красавіка 2019 г. беларускія актывісты ўзнавілі крыж паўстанцам Кастуся Каліноўскага на кургане ў былым фальварку Стрэліца на Лідчыне.

Маёнтак Касцянёва

У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэднявечных адміністрацыйна-палітычных адзінак «земляў» ці «княстваў», паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты і эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У памежных раёнах гарадзішчы з'яўляліся вартавымі памежнымі цвердзямі. Адным з такіх умацаваных паселішчаў на тэрыторыі гістарычнай Лідчыны было гарадзішча каля вёскі Касцянёва.

Археолагі Сяргей Піваварчык і Генадзь Семянчук пішуць пра гэтыя гарадзішчы Касцянёва і недалёкае ад яго Кульбачына (на беразе ракі Астрынкі): «Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 4-5 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянёва). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл, дзідаў, бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая цвердзь. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх пластах гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з'яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянёва таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка́, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі "плениша всю землю Новогородьскую"».

Вядомы савецкі археолаг В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянёва і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма - ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). В. Сядоў меркаваў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст., а частка ўратаваўшыхся жыхароў заснавала сучаснаю Вавёрку за 18 км ад гарадзішча ля Касцянёва. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гэтага гарадзішча выявілі знаходкі больш позняга часу - ХV-XVІІ стст. Таму археолагі перасталі звязваць летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянёва.


Дакладна вядома, што першым уладальнікам маёнтка Касцянёва (як часткай вялікага маёнтка Дзітва, ці Рулевічы) быў Януш Касцевіч падляшскі ваявода, радуньскі намеснік, уладальнік Начы, дзяржаўца Ожскі і Пераломскі. Бясспрэчна, што менавіта ад першага ўладальніка Януша Касцевіча атрымала назву і яго маёмасць - Касцянёва, тэрыторыя якой на момант надання, верагодна, была толькі лесам і неапрацаваным полем.

Пра род Касцевічаў вядома не шмат. Бацька Януша Касцевіча - Станька Касцевіч, у 1485-1498 гг. - ковенскі стараста, з 1492 г. - гаспадарскі маршалак. Станька Касцевіч упершыню згадваецца як каралеўскі дваранін у спісе палонных 1454 г. пасля бітвы пад Хацінам. Пасля гэтага ён выступае як сведка ў дакуменце 1464 г. Марціна Гаштаўта. Памёр каля 1498 г. Звесткі пра паходжанне адсутнічаюць. Браты Станькі - Алехна, згаданы ў некалькіх дакументах сярэдзіны XV ст., і, магчыма, Якуб. Паходжанне і імя жонкі таксама не высветлены. Станька Касцевіч меў сыноў Вацлава і Яна (Януша) і дачку Сусану з ордэна францішканаў-тэрцыярыяў. Цікава, што акрамя Касцянёва сям'я мела яшчэ і маёмасць з падобнай назвай Касцяневічы ў Ашмянскім павеце.

Невядома, калі Касцевічы страцілі маёнтак Дзітва разам з Касцянёвам.

Ян Кастравіцкі меў у заставе за 60 000 злотых вялікі маёнтак Дзітва, часткай якога былі Касцянёва і Паперня (як і Радзівонішкі, Вавёрка, Дылева і г.д.). Маёнткамі Дзітва, Вялікае Мажэйкава і Ішчална на Лідчыне валодалі Вішнявецкія; ад Кацярыны Яўгеніі Вішнявецкай з роду Тышкевічаў Дзітва перайшла да Канстанціна Крыштафа Вішнявецкага, які 21 чэрвеня 1668 г. прадаў за 40 000 злотых Дзітву сынам Яна, наваградскаму стольніку Самуэлю і лідскаму мечніку Габрыэлю Кастравіцкім. Дадам, што Вішнявецкія, здаецца, ніколі стала на Лідчыне не жылі, і гэтыя маёнткі для іх былі толькі часткай велічэзнай маёмасці.

Вядома, што на пачатку XVІІ ст. вялікім маёнткам Дзітва, ці Рулевічы, над ракой Дзітвой валодалі Тышкевічы. У дыярыушы мсціслаўскага ваяводы Яна Тышкевіча ад 1625 г. пад назвай «Умовы са Швецыяй» знаходзім шмат падрабязнасцяў, датычных перасылкі ў той час урадавай карэспандэнцыі паміж маёнткам Дзітва, дзе жыў ваявода, і Варшавай, месцам знаходжання караля Жыгімонта ІІ.

Для пераправы цераз Дзітву з даўніх часоў будавалі масты. Самы стары з іх ужо існаваў у 1392 г., ён быў пабудаваны на шляху з Жырмунаў да Васілішак, насупраць Рулевічаў. Мост на вялікай дарозе з Васілішак да Ліды ў Мыто вядомы з канца XV ст.

Трэба адзначыць, што Касцянёва ляжала на «Каралеўскім тракце» - артэрыі, якая злучала дзве сталіцы - Вільню і Кракаў (потым Варшаву), на галоўнай дарозе ў нашым краі таго часу. Ужо ў першай палове XV ст. дарога Кракаў - Вільня ў ваколіцах Нёмана мела два варыянты: адзін - з Ваўкавыска наўпрост на Эйшышкі, другі - з-пад Свіслачы праз Дубну і Новы Двор на Васілішкі і Эйшышкі. У першым варыянце тракт ішоў праз Шчучын і далей праз Касцянёва на Васілішкі, у другім - недалёка ад Касцянёва. Канешне ж, гэта падвышала каштоўнасць Касцянёва для ўладальнікаў гэтай маёмасці.

У 1690 г. Касцянёвам ужо валодаў Стэфан Францкевіч, маёнтак налічваў 102 дымы. З падымнага рэестра 1729 г. даведваемся, што Касцянёва належала ўжо двум Францкевічам: «Ян Стэфан Радзімінскі Францкевіч, стараста Трабскі з маёнтка Касцянёва, яго частка <…> пяцьдзясят дзевяць дымоў. Ян Марцін Радзімінскі Францкевіч, падстолі мазырскі з Касцянёва, яго частка пасля падзелу Галавічполя з Баярамі - дваццаць два з паловай дымы. Гурнофель, дваццаць адзін дым».

Наступнымі вядомымі нам уладальнікамі Касцянёва з'яўляліся Александровічы герба «Косы». З гэтага роду былі лідскі кашталян Францішак Александровіч, які памёр пры канцы XVІІІ ст., а таксама гродскі пісар, а потым лідскі маршалак Міхал Александровіч, «муж шляхетны і праведны, не было ў павеце такіх праблем, якімі б ён не займаўся». Калі шведы наклалі на павет кантрыбуцыю з нагоды ваеннага спусташэння, якой землеўладальнікі не маглі выплаціць, дык ён заплаціў кантрыбуцыю гатоўкай, якую дастаў са сваёй скарбонкі. І гэта пры тым, што і яго маёмасць была знішчана.

12 снежня 1756 г. у Лідзе ён у прысутнасці земскага пісара Францішка Александровіча і лідскага гродскага пісара Самуэля з Кастравіц Кастравіцкага падпісаў акт пераносу піярскага калегіума з Воранава ў Ліду.

У 1784 г. Касцянёва ўсё яшчэ належыць Александровічам.

Вядома, што ўжо з XVІ ст. Кастравіцкія мелі ўладанні на Лідчыне, а ў XVІІ ст. займалі розныя пасады ў ВКЛ, галоўным чынам у Менскім і Мсціслаўскім ваяводствах. Вядомы віленскі генеолаг Часлаў Малеўскі паведамляў, што ў Расійскай імперыі Кастравіцкія пацвердзілі сваё шляхецтва 21.01.1799. У канцы XVІІІ ст. яны валодалі на Лідчыне Перапечыцай, Мажэйкавам, Паперняй, Кавалямі і Касцянёвам.

Вышэй узгаданы Самуэль Кастравіцкі, лідскі лоўчы і гродскі пісар, купіў маёнтак Мажэйкава ў князя Агінскага, а Васілішскае староства - у Яна Сцыпіёна. Самуэль Кастравіцкі быў жанаты з Барбарай Сяклюцкай. Сужэнцы мелі трох сыноў: Казіміра, Ануфрыя і Ігната. Казімір - шамбелян каралеўскага двара, цыбарскі стараста, Ігнат - генерал-ад'ютант, кавалер ордэна св. Станіслава.

Скажу трошкі пра сыноў Казіміра Кастравіцкага. Сын Казіміра Рамульд Кастравіцкі, маршалак Лідскага павета ў 1828-1843 гадах, кавалер ордэна св. Уладзіміра 4-й ст., уладальнік Мажэйкава, яго брат Самуэль - віца-маршалак, капітан артылерыі польскіх войск у адстаўцы, кавалер ордэна св. Станіслава, а трэці брат Геранім - маршалак Слонімскага павета, уладальнік маёнтка Падолле.

Кавалер ордэна св. Станіслава Ігнат Кастравіцкі, які потым стаў генералам артылерыі, ажаніўся з Александравічоўнай і стаў першым з Кастравіцкіх уладальнікам Касцянёва.

У 1792 г. суд павятовай канфедэрацыі па скарзе пана Караля Лясковіча, уладальніка Вавёркі, за звычайны суседскі эксцэс асудзіў Ігнацыя Кастравіцкага, генерал-ад'ютанта Яго Каралеўскай Мосці і кавалера ордэна св. Станіслава, уладальніка Паперні, на некалькі тыдняў «вежы». Кастравіцкі для адбыцця кары прыбыў у Ліду і звярнуўся да гродскага намесніка, каб той вызначыў месца, дзе можна адбыць «вежу». Калі намеснік адказаў яму, што ў Лідзе няма адпаведнага месца, дык Кастравіцкі зрабіў так жа, як і іншыя прыгавораныя рабілі ў такіх выпадках: за ўласныя грошы наняў пакой у кляштары лідскіх піяраў і там адбыў «вежу». Традыцыя адбыцця пакарання «ў вежы» калегіума піяраў (насамрэч у кляштарным пакоі) з'явілася з моманту адкрыцця калегіума і пратрымалася да ўпадку Рэчы Паспалітай.

Пасля 1815 г. на Лідчыне ў Касцянёве пасяліўся адстаўны капітан Тадэвуш Касцюшка - пляменнік знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Тадэвуш-пляменнік - сын Юзафа Касцюшкі і Францішкі з Свідэрскіх, 15-гадовым хлопцам у лістападзе 1794 г. уступіў жаўнерам у войска паўстанцаў, але паўстанне, якім кіраваў ягоны дзядзька, ужо дагарала. Паўторна, старшым сяржантам, уступіў у польскі легіён у 1806 г. У 1807 г. атрымаў чын падпаручніка і быў паранены пры асадзе Гданьска. У 1808 г. стаў паручнікам 5-га палка пяхоты Варшаўскага княства. У 1809 г. ваяваў супраць Аўстрыі і ў 1811 г. стаў капітанам. У 1812 г. ваяваў пад Дынабургам у 2-й брыгадзе Міхала Радзівіла. У 1813 г. трымаўся ў пякельна доўгай абароне Гданьска. У 1815 г. перайшоў у 6-ы полк пяхоты Кангрэсовага Варшаўскага каралеўства і ў тым жа годзе ў Млаве напісаў вялікаму князю Канстанціну рапарт аб адстаўцы з-за слабага здароўя і хатніх праблем. Памёр капітан Касцюшка ў Пінску. Відавочна, што генерал Кастравіцкі быў баявым сябрам беднага капітана - пляменніка вялікага Касцюшкі.

Пасля напалеонаўскіх войнаў Ігнат Кастравіцкі перасяліўся ў Вену. У Касцянёве застаўся яго сын Самуэль (1788-1859), які быў жанаты з Ганнай Залескай. Пасля смерці бацькі Самуэль таксама эміграваў у Вену, дзе нарадзіліся яго дочкі Мялання і Юлія, а таксама сын Люцыян (1816-1867), які потым вучыўся ў знакамітай французскай вайсковай школе Сен-Сір.

Адзін з апошніх на Лідчыне Кастравіцкіх - Ян (ці Ян Люцыян) Кастравіцкі - пісаў: «Наш прадзед Самуэль, бацька Мяланні, Юліі і Люцыяна, быў сынам генерала артылерыі Ігната Кастравіцкага, удзельніка маскоўскай кампаніі Напалеона. На Лідчыне ён валодаў маёнткамі Кавалі, Паперня і Касцянёва, таксама валодаў і нейкім маёнткам на Палессі. Жаніўся з паннай Залескай з Валыні. Праўдападобна, з-за падзей 1812 г. Ігнат Кастравіцкі выехаў у Вену і набыў там палац.

Усе дзеці Самуэля атрымалі стараннае выхаванне і адукацыю, сын Люцыян вучыўся ў Французскай вышэйшай вайсковай школе, а дочкі былі прынятыя ў двор жонкі Напалеона Марыі Людвікі, якая пасля 1814 г. разам з сынам Напалеона, герцагам Рэйхштацкім, вярнулася да сваіх бацькоў у Аўстрыю. Вядома, што Мялання і Юлія былі вельмі прыгожымі дзяўчатамі».

Абедзвюм сваім дочкам Самуэль Кастравіцкі даў добрае выхаванне, веданне моў, гісторыі, літаратуры, музыкі і жывапісу. Сёстры былі прыняты ў аўстрыйскі двор, дзе аказаліся ў атачэнні жонкі Напалеона Марыі Людвікі, маці сына Напалеона, князя Рэйхштацкага (1811-1832) (так званага «Арляняці»). Ва ўзросце 18 гадоў, пры невядомых акалічнасцях, Мялання Кастравіцкая зацяжарала і была адаслана ў Італію, дзе нарадзіла сына, імя якога невядома. Дзіцё выхоўвалася за кошт Кастравіцкіх, але пад апекай Ватыкана. Мялання потым вярнулася ў Вену і жыла ва ўспадкаваным ад бацькі палацы, пад канец жыцця яна стала манашкай. Ёсць меркаванне, што слынны французскі паэт Гіём Апалінэр (Кастравіцкі) быў сынам гэтага таямнічага сына Мяланні і Анжалікі Кастравіцкай (дачкі Міхала), якая паходзіла з іншай лініі Кастравіцкіх. Такім чынам, Гіём Апалінэр, верагодна, з'яўляецца ўнукам «Арляняці» і Мяланні Кастравіцкай і таксама праўнукам Напалеона.

Адзін з апошніх уладальнікаў Касцянёва, сын Люцыяна - Марцін Кастравіцкі, у 1903 ці 1904 г. расказаў свайму сыну Яну Люцыяну пра радавод сям'і: «Цётка бацькі і мая бабуля Мялання Кастравіцкая, тады ўжо старая, жыла ў Вене ва ўласным доме па адной з галоўных вуліц горада, назву якой я не памятаю. Але гэта быў палац сям'і Кастравіцкіх, і жыла там графіня Кастравіцкая. Бацька быў трошкі здзіўлены, бо наша сям'я не мела ніякага тытула. <…> пасля смерці майго бацькі, атрымаў ад яго сястры (сваёй цёткі) шэраг сямейных дакументаў, і сярод іх т. зв. генеалагічнае дрэва. Яно было намаляванае на пергаменце сотню гадоў таму, дакумент меў дату, але я яе ўжо не памятаю. Дакумент быў падпісаны царыцай Кацярынай і Рапніным і пацвярджаў права на шляхецтва і герб «Байбуза».

Калі мой бацька наведаў сваю цётку ў Вене, тая была ўжо ў манаскім строі - у чорным габіце з вялікім крыжам з масіўным ланцугом на грудзях. Бацька некалькі дзён пагасцяваў у цёткі, наведаў могілкі з сямейным склепам Кастравіцкіх. Там былі пахаваны бацькі́ Мяланні і яе сястра. Там жа была пахавана Фанні Эльслер (Fаnny Elssler) - вядомая венская балерына.

Дом-палац у Вене, дзе жыла цётка майго бацькі, быў багата мэбляваны, цётка мела шмат служкаў: парцье, камердынер, некалькі асоб жаночай службы, яна была заможная асоба. Магчыма, бацька атрымаў ад цёткі нейкую карысць для свайго маёнтка.

Цётка падаравала пляменніку некалькі сваіх партрэтаў, свайго бацькі і сваёй сястры, а таксама яе дзеда і яшчэ кагосьці з нашых продкаў у латах і з паголенай галавой. Партрэты былі добрага пэндзля, я магу пра гэта меркаваць, бо потым некалькі гадоў вывучаў мастацтва. Сярод карцін быў абраз св. Францішкі добрай работы…

Акрамя карцін, бацька атрымаў некалькі старасвецкіх куфраў дзіўнага выгляду: абабітых скурай і акутых жалезам і меддзю. У куфрах захоўвалася шмат карэспандэнцыі і старых дакументаў, некалькі тэчак з гравюрамі, малюнкамі, акварэлямі і вялікая колькасць партрэтаў, якія былі хоць і не ў рамах, але нацягнутыя на дошкі. На некаторых з іх на адвароце меліся надпісы: "Рымскі кароль" ці "Герцаг рэйхштацкі". Таксама ў куфрах ляжалі копіі абразоў з Сіксцінскай капліцы, з якіх найлепшым з'яўляўся малюнак галавы св. Пятра. Захоўвалася ў куфрах і карункавая вопратка, шалі і нават жаночыя танцавальныя пантофлі… Мялання сказала, што хоча прыбраць з сваіх вачэй усё, што злучае яе са светам, што нагадвае ёй не толькі пра добрае, але і пра злое… Пасля яе смерці мы даведаліся, што свой венскі палац цётка запісала касцёлу.

Гэтыя дары бацька прывёз дахаты, партрэты былі развешаны ў пакоях маёнткавага дома ў Касцянёве, а куфры пастаўлены ў адмысловы замкнуты склад на паддашку.

Маёнтак Касцянёва быў маёмасцю майго дзядзькі Самуэля, бацькавага брата, які стала жыў у Рызе і працаваў там галоўным архітэктарам, а мае бацькі з дзецьмі ў Касцянёве бавілі вакацыі».

Падчас візіту ў Францыю рускі цар (Аляксандр І ці Мікалай І) прыехаў у Французскую вайсковую акадэмію Сен-Сір, дзе даведаўся пра брата Мяланні і Юліі Люцыяна Кастравіцкага. Цар загадаў этапаваць яго ў Беларусь. Люцыян пехатой пад канвоем прыйшоў на радзіму, але замест турмы патрапіў пад амністыю. Тым не менш выезд у Еўропу яму быў назаўсёды забаронены.

Праблемы дзяцей - Мяланні і Люцыяна - прывялі да таго, што Ганна Залеская кінула сям'ю і з'ехала на Валынь. Толькі праз шмат гадоў яна вярнулася ў Вену, каб там памерці.

Яе муж Самуэль Кастравіцкі ў Вене пазнаёміўся з слыннай балерынай Фанні Эльслер, якая выступала на лепшых еўрапейскіх сцэнах таго часу. Каханне паміж імі захоўвалася ўсё жыццё, і калі балерына памерла, дык яе пахавалі ў сямейным венскім склепе Кастравіцкіх.

Былы навучэнец акадэміі Сен-Сір Люцыян Кастравіцкі пасля вяртання на радзіму ажаніўся з лідскай падкамаранкай Юзэфай Сяклюцкай. Яны мелі чацвёра дзяцей: Вінцэнта, Самуэля, Марціна і Ганну. Сям'я жыла не ў Касцянёве, а ў Паперні. Кастравіцкім у той час належалі Паперня з 3000 га зямлі, якая была галоўнай сядзібай, Вавёрка з 6000 га, Кавалі з 3000 га, Касцянёва з 3750 га. Трошкі раней, як пасаг за Казіміру Кастравіцкую, якая выйшла замуж за Аляксандра Брахоцкага, ад Кастравіцкіх адышло Малое Мажэйкава. Такім чынам, у першай палове XІX ст. зямельныя ўладанні Кастравіцкіх складаліся з 17 000 га зямлі. Трэба сказаць, што ў другой палове XVІІІ ст. Кастравіцкія былі калятарамі Маламажэйкаўскай царквы, і пра калятара гэтай царквы, шамбеляна каралеўскага двара і цыбарскага старасту Казіміра Кастравіцкага, нават складзена «чорная легенда» (якую я падрабязна прааналізаваў у сваёй кнізе пра гэтую царкву [4]).

З 1832 па 1850 год Люцыян Кастравіцкі прадаў Кавалі, Вавёрку і Паперню - 2/3 сваёй маёмасці - і ўсе грошы перавёў сёстрам Мяланні і Юліі. Чаму Люцыян, маючы сваіх дзяцей, перавёў грошы сёстрам (хоць па тагачасных законах, наадварот, ён, як мужчына, павінен быў успадкаваць 3/4 маёмасці сям'і), з'яўляецца тайнай. Потым самі Кастравіцкія лічылі, што грошы былі патрэбны на выхаванне ўнука Напалеона. Паступова ў Люцыяна Кастравіцкага засталося толькі Касцянёва.

З-за няпростага лёсу Люцыян Кастравіцкі меў шмат дзіўных звычак. Напрыклад, ён заўсёды насіў 1000 рублёў - вялікія па тым часе грошы. Гэтыя 1000 рублёў Кастравіцкі разам з нейкімі дакументамі трымаў у адмысловым скураным ворку на плячах пад бялізнай і таму заўсёды меў выгляд гарбуна. Калі яму даводзілася выкарыстаць частку грошай і «капітал на спіне» памяншаўся, Люцыян Кастравіцкі моцна нерваваўся, пакуль зноў не папаўняў гэты запас да звыклай сумы ў 1000 рублёў. Родныя разумелі, што гэты надзвычай інтэлігентны чалавек усё сваё жыццё быў гатовы пакінуць родны кут, гатовы да дэпартацыі ў Сібір. Засталося таямніцай, якія дакументы Люцыян насіў з сабой за плячыма: падчас самазабойства нікога з родных каля яго не было, а паліцыянты, якія забралі цела нябожчыка, знялі з яго скураны ворак і не вярнулі не толькі грошы, але і паперы.

Дзеці Люцыяна мелі наступны лёс: сын Вінцэнт абраў вайсковую кар'еру ў расійскай арміі, Самуэль вывучаў архітэктуру ў Дэрпце, дзе пазней стаў галоўным архітэктарам, Марцін стаў электратэхнікам.

Пасля смерці Люцыяна ў Касцянёве нядоўга жыў Марцін Кастравіцкі (1855-1905), але неўзабаве ён разам з жонкай пераехаў у Варшаву. Наступным гаспадаром Касцянёва стаў яго старэйшы сын Станіслаў (1881-1918), а пасля яго малодшы сын Ян Люцыян (1889-1967), які быў апошнім уладальнікам маёнтка. Дарэчы, дзедам Яна Люцыяна з боку маці быў уладальнік Бердаўкі Захватовіч, якому пасля паўстання 1863 г. загадалі прадаць свой маёнтак на працягу 48 гадзін.

Згодна з сямейным паданнем Кастравіцкіх, Александровічы мелі ў Касцянёве вялікі двухпавярховы палац з лістоўніцы, які быў знішчаны ў часы Паўночнай вайны. З уцалелага бярвення была пабудавана афіцына, якая стаяла да Другой сусветнай вайны. Таксама з часоў Александровічаў захаваўся мураваны будынак, які датаваўся XVІІ ст. Гэты будынак згарэў, але быў адноўлены ў канцы XІX ст. Паводле падання, яго будавалі масоны і ён павінен быў стаць месцам збору ложы. З іншых паданняў, Александровічы пабудавалі яго як жылы дом, пасля чаго стары палац стаў афіцынай.

Мураваны будынак стаяў паблізу былога палаца і перпендыкулярна яму. Ён ўяўляў сабой прастакутнік даўжынёй 24 метры. З тыльнага боку месціўся ўезд у шырокі калідор піўніцы, а з другога, супрацьлеглага, знаходзіўся ўваход у калідор жылога паверха. Пляцоўка за домам з боку парку ляжала на 1 метр ніжэй, чым пляцоўка перад домам. Сцены дома былі выкананы з вялікіх, абчэсаных з аднаго боку камянёў, абліцаваных знутры цэглай. Таўшчыня сцен перавышала 1 метр. У сценах знаходзілі шмат дымаходаў, у якіх не было слядоў сажы, гэта маглі быць часткі старой сістэмы абагрэву гарачым паветрам. На такую думку наводзілі рэшкі вялікай печы ў піўніцы. Адбудаваны дом накрылі ламаным гонтавым дахам. З фронту палаца быў дабудаваны ганак з чатырма калонамі.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: «Люцыян Кастравіцкі жыў у часовым доме, а руіны старога дома чакалі, пакуль яго сын Самуэль закончыць курс архітэктуры ў Дэрпцкім універсітэце і пачне працаваць па прафесіі. Самуэль адбудаваў стары дом і пакрыў яго мансардавым, ламаным дахам. Пра тое, як доўга гэты дом быў закінуты, казалі дрэвы, якія раслі сярод руінаў, ствалы дасягалі ўжо 40-50 см дыяметрам. Дом стаяў так, што з галоўнага фасада ўваход вёў у жылыя пакоі, а з задняга фасада - у піўніцы, якія былі пад усім домам. Старыя піўніцы дома захаваліся без пашкоджанняў і паслужылі фундаментам пры адбудове. Скляпенні паднябенняў піўніц, выкананыя з цэглы, мелі вышыню ў 3 м. Вокны піўніц месціліся высока і былі закратаваныя жалезам. У цэнтры піўніц мелася аблямаваная каменем старая студня.

Сцены адбудаванага дома былі выкананы з вялікіх камянёў і мелі таўшчыню 1,5 метра. У сярэдзіне дома ішоў калідор, і па абодва бакі ад яго былі 22 пакоі, вышыня столяў у пакоях - 3-3,5 м.

Мясцовая легенда казала, што ранейшы дом будаваўся для масонскай ложы (людзі казалі - для "збору"), і таму можна зразумець сэнс расказу пра тое, што з гэтага дома "перакідвалі кельні" (масонскія знакі) у Шайбакпольскі дом, які знаходзіўся на адлегласці за некалькі кіламетраў і тады яшчэ будаваўся. Верагодна, у Шайбакполі павінна была паўстаць новая ложа…»

Ян Люцыян Кастравіцкі пераказваў сямейную легенду пра тое, што ў свой час масоны выклялі ўвесь род Кастравіцкіх - усе дзяўчаты гэтага роду павінны былі мець пазашлюбных дзяцей. Вядома, што ў 1817 г. ложа «Паходня Поўначы» звярнулася да літоўскай правінцыяльнай ложы «Дасканалая Еднасць» з лістом, у якім даводзіла апошняй, што чаляднік ложы Самуэль Кастравіцкі перастаў удзельнічаць у пасяджэннях і браты даведаліся, што ён нават пачаў насміхацца з масонаў. Было вырашана схіліць яго да супакаення. Выкліканы на сход, Кастравіцкі сказаў, што не можа належаць да масонаў, бо рымскі папа забараніў гэта, а калі ён уступаў у ложу, дык не ведаў пра забарону. Потым, у сваім пісьмовым адказе масонам, Кастравіцкі паведаміў, што, як рыма-католік, не можа быць масонам. Самуэль Кастравіцкі ў 1820 г. быў выкраслены са спіса менскай ложы вольных муляраў з забаронай прымаць удзел у сходах.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў, што яго аднакласнік Станіслаў Садкоўскі быў гадаванцам вядомага віленскага мецэната і адваката Урублеўскага, які быў, бадай што апошнім віленскім «шубраўцам» [5]: «Ён прывёў мяне ў дом мецэната. У размове з намі Урублеўскі сказаў мне: "Ведаеш, што твае продкі былі вядомымі масонамі?" Праз пэўны час упісаў мяне ў спіс "шубраўцаў" і расказаў пра мэты і абавязкі сяброў гэтага таварыства».

Але вяртаемся да апісання дома ў Касцянёве.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: «Калі дзед Люцыян прадаў маёнткі Кавалі і Паперню, ён пакінуў дом у Паперні, які насамрэч быў не домам, а сапраўдным палацам, і пасяліўся ў Касцянёве. Руіны старога жылога дома маёнтка Касцянёва знаходзіліся на другім баку дарогі Васілішкі - Шчучын ад часовага дома. Руіны атачаў лес, і да старога дома вяла шырокая, ліпавая алея. Ліпы былі пасаджаны так густа, што ўтваралі сапраўдную сцяну, праз якую можна было толькі з цяжкасцю праціснуцца. Ліпы стваралі сапраўдны тунэль і, калі цвілі, давалі вельмі моцны пах».

Сядзібны дом меў вялікія сенцы. Управа быў уваход у сталовую, за сталовай месціліся яшчэ два малыя пакоі. Улева меўся ўваход у чатыры жылыя пакоі. Усе пакоі франтальнай часткі палаца разам з сенцамі ўяўлялі сабой адну суцэльную анфіладу. Большасць гэтых пакояў яшчэ мела дзверы ў цэнтральны калідор, у які трэба было сысці з пакоя ўніз па прыступках. З сенцаў наўпрост, таксама па прыступках, можна было ўвайсці ў вялікі салон, які меў форму квадрата. Управа ад салона месціліся дзве гасцінныя, а за імі буфетны пакой, кухня і г. д. Улева з салона меўся ўваход у бібліятэку, за якой ішлі жылыя пакоі.

Да Першай сусветнай вайны дом меў багаты інтэр'ер і каштоўную мэблю, якую часткова вывезлі ў Вену. Асаблівай каштоўнасцю ў доме лічыўся фатэль, выкананы з разьбянага дубу, ён быў такі шырокі, што маглі сесці адразу два чалавекі. Стаяў фатэль на дзвюх разбяных калонах, а над яго спінкай мелася тарча з гербам Кастравіцкіх, сядзенне і спінка былі абабіты аксамітам. Таксама цікавымі былі камода на тры шуфлядкі з выгнутай пярэдняй часткай, інкруставанай каштоўным дрэвам і бронзай, канапа з чырвонага дрэва, якая стаяла на бронзавых ільвіных нагах, столік з чырвонага дрэва з устаўкамі з эбенавага дрэва, вялікі круглы стол, крэсла з эбенавага дрэва і іншае. Мелася тут і некалькі цікавых гадзіннікаў, сярод іх насценны, васьмігранны, памерам 90 на 90 см. Ён біў гадзіны такім нізкім тонам, як быццам быў вежавым. Іншы гадзіннік у доме меў алебастравы корпус, аздоблены пазалочанай бронзай, ён стаяў на падстаўцы ў форме століка. Апрача гэтых, у палацы былі яшчэ два гадзіннікі: з пазалочанай бронзы на чатырох ножках і шафны. Сярод іншых цікавых рэчаў меліся розныя вялікія каштоўныя падсвечнікі.

У адбудаваным доме было багата рознага посуду: парцалянавыя сервізы, адзін з іх з англійскага фаянсу пачатку XVІІІ ст., сталовы крышталь і срэбра. Меліся цікавыя дамскія шкатулкі, адна з іх, з чырвонага дрэва, з вечкам, інкруставаным золатам, перажыла ўсе ваенныя завірухі. На вечку была гербавая тарча з надпісам «Марыя Кастравіцкая, 1782, чэрвень, 15».

Кастравіцкія валодалі значнай калекцыяй жывапісу. Да самых каштоўных належалі сямейныя партрэты, сярод іх партрэты мсціслаўскага стражніка Габрыэля Кастравіцкага, намаляванага ў вобразе рыцара ў латах, палкоўніка гусарскай харугвы часоў каралёў Міхала Карыбута Вішнявецкага і Яна ІІІ, шамбеляна Ануфрыя Кастравіцкага, генерала Ігната Кастравіцкага, Люцыяна Кастравіцкага, Марыі з Залескіх, а таксама невядомых асоб венскага двара першай паловы XІX ст.

Да гэтай групы належалі і чатыры жаночыя партрэты: маладой, прыстойнай асобы ў вячэрнім строі з дэкальтэ і другі - больш старой жанчыны ў строі манашкі з крыжам на шыі. Гэта былі партрэты Мяланні Кастравіцкай у розным узросце. Трэці партрэт - выява ў профіль маладой дамы, апранутай у цёмна-бэзавую сукню ў паскі. Гэта быў партрэт сястры Мяланні - Юліі Кастравіцкай. Чацвёртым партрэтам быў партрэт слыннай танцоркі Фанні Эльслер. Усе гэтыя карціны мелі вялікія памеры і з'яўляліся працамі таленавітых майстроў. Сярод сямейных партрэтаў меўся таксама выкананы вугалем партрэт Самуэля Кастравіцкага - бацькі Мяланні і Юліі.

Паколькі дом Кастравіцкіх у архітэктурным сэнсе не ўяўляў цікавасці, знаўцы пабудоў двара вылучалі так званы «белы домік», пабудаваны ў класічным стылі тагачасных сядзібных дамоў. Калі быў пабудаваны гэты мураваны дом, невядома, магчыма ў другой палове XVІІІ ст. Ён меў атынкаваныя белыя сцены і высокі гонтавы дах. Над галоўным уваходам быў порцік на дзвюх калонах, якія трымалі паўдашак.

У сенцах «белага доміка» насупраць уваходных дзвярэй стаяў вялікі камін, які замыкаўся жалезнымі дзвярыма. Усе пакоі - сталовая, кабінет і два салоны - былі абабіты ўзорыстай тканінай і ўпрыгожаны печкамі з каляровай кафлі, кафля гэтая, верагодна, паходзіла з руін палаца Александровічаў і датавалася XVІІ ст. У кабінеце кафлі печкі мелі раслінны чырвоны арнамент на бледна-блакітным фоне, у будуары была кафля крэмавага колеру з раслінным арнаментам белага і блакітных адценняў. Таксама з руін палаца Александровічаў паходзілі і металічныя часткі печак. Падлогі ў пакоях былі зроблены з лакірованага дрэва, а ў салонах - з паркету. У часы, калі Кастравіцкія жылі ў Паперні ці Вене, «белы домік» служыў кватэрай для эканомаў маёнтка. Да нашага часу «белы домік» не захаваўся…

Ад двара Александровічаў да нашага часу засталася ўязная брама. Яна стаяла ў канцы доўгай каштанавай алеі ці нават тракту, які зігзагам праходзіў праз сядзібу і далей бег па грэблі над ставам, абсаджаным вербамі і вольхамі. Гэты тракт злучаў мястэчкі Шчучын і Васілішкі. Брама складалася з дзвюх моцных атынкаваных квадратных калон. Абедзве калоны мелі багата прафіляваныя гзымсы. На абедзвюх калонах былі выявы герба «Байбуза».

Палац атачаў вялікі парк, галоўнай аздобай якога была ліпавая алея даўжынёй каля 1 км, ліпы мелі вышыню да 50 м. На распілах ліп бачна, што дрэвы мелі ўзрост каля 340 гадоў. З аднаго боку ад алеі рос сад, а з другога парк. На самым ускрайку парку раслі некалькі старадаўніх дубоў. З паўднёва-ўсходняга боку парк быў абсаджаны бэзам, з боку вёскі Касцянёва - жоўтай акацыяй.

Уладальнік маёнтка Марцін Кастравіцкі памёр у 1905 г., і пасля яго засталіся венскія дакументы ў куфрах. Але яго сын Ян Люцыян Кастравіцкі працяглы час не меў доступу да дакументаў, бо ў маёнтку Касцянёва, дзе захоўваліся гэтыя паперы, гаспадарыла яго мачыха. Толькі пасля пачатку вайны 1914 г. мачыха выехала на сваю радзіму, на Любельшчыну, і Ян разам з братам атрымалі доступ да дакументаў. Але браты не мелі часу чытаць паперы і толькі з куфраў пераклалі дакументы, малюнкі і карціны ў скрыні і запакавалі іх.

У 1914 г. маёнтак Касцянёва складаўся з чатырох фальваркаў агульнай плошчай у 1600 га раллі і 1340 га лесу.

Пачалася Першая сусветная вайна…


У 1915 г. у маёнткавым доме Касцянёва стаяў штаб рускага корпуса, і таму Яна Люцыяна Кастравіцкага з жонкай выселілі ў адзін з малых пакояў. Яго брат прыняў на сябе адміністраванне маёнткам Стрэліца, які належаў іх сваяку Сяклюцкаму, бо Сяклюцкія пакінулі дом і перасяліліся на Любельшчыну, дзе жыла мачыха Яна Кастравіцкага (гаспадар Стрэліцы быў жанаты з сястрой мачыхі Яна). Менавіта ў той час, калі ў Касцянёве стаяў рускі штаб, увесь архіў разам з багатай бібліятэкай Кастравіцкіх быў вывезены ў маёнтак Стрэліца, які ляжаў удалечыні ад вялікіх дарог, сярод багністых лугоў і лясоў. Тут, у Стрэліцы Сяклюцкіх, і былі закапаныя куфры з паперамі Мяланні Кастравіцкай: яе лісты, дакументы, некалькі тэчак з гравюрамі, малюнкі, акварэлі і вялікая колькасць партрэтаў, намаляваных алейнымі фарбамі (на адваротным баку гэтых партрэтаў меліся надпісы «Кароль рымскі» ці «Герцаг рэйхштацкі»), і іншыя сямейныя дакументы. Але, адступаючы, рускія войскі палілі маёнткі, і хутка стала зразумела, што ў Стрэліцы таксама небяспечна. Высокапастаўленыя рускія афіцэры казалі, што яны спыняць нямецкі наступ на Нёмане, і таму мастацкія зборы і архівы, якія належалі абодвум маёнткам - Касцянёву і Стрэліцы, былі перавезены ў маёнтак Сеняжыцы на Наваградчыне, а тое, што вывезці не ўдалося, брат Яна Кастравіцкага аднаасобна вывез у лес і закапаў.

У канцы лета 1915 г. рускія войскі сілком пагналі Яна Люцыяна Кастравіцкага ў бежанства, а потым, нягледзячы на звальненне са службы па стане здароўя, яго мабілізавалі ў армію. Ягоны брат застаўся ў Стрэліцы, дзе і памёр падчас нямецкай акупацыі. Таму ніхто не ведае, куды зніклі ўсе каштоўныя мастацкія зборы і архівы двух маёнткаў. Магчыма, са сховішча ў Сеняжыцах усе рэчы вывезлі немцы, але архіў, закапаны недзе пад Стрэліцай, гэтак і не быў знойдзены.

Калі Ян Кастравіцкі ў 1918 г. вярнуўся з Расіі, жылы дом у Касцянёве стаяў цалкам разгромлены - без вокнаў і дзвярэй, і толькі адзін пакой знаходзіўся ў адносна добрым стане - падчас вайны ў ім жыў нямецкі капрал, які кіраваў гаспадаркай (насамрэч ён быў не немец, а паляк з-пад Познані).

Апошні ўладальнік суседняга маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў: «…у Кастравіцкіх застаўся толькі маёнтак Касцянёва, які ў мае дзіцячыя гады меў каля 2000 га. Гаспадарыў там Ян Люцыян Кастравіцкі - меў ён вялікія, але нерэальныя планы. Гэта давяло да таго, што, калі я вярнуўся ў Малое Мажэйкава (у 1932 г. - Л. Л.), Касцянёва мела ўжо меней за 100 га, а ўладальнік кудысьці эміграваў, пакінуўшы тое, што засталося ад маёнтка, жонцы з двума малымі сынамі».

Некалькі слоў пра сямейны склеп Кастравіцкіх на могілках Ішчалны. Ян Люцыян Кастравіцкі ў 1920-я гг. пахаваў тут свайго маленькага сына і пакінуў наступнае апісанне: «Пасля таго, як была адсунута пліта, якая замыкала ўваход, я ўбачыў досыць вялікія лёхі. Наўпрост ад увахода на цаглянай падлозе былі бачны падэшвы скураных ботаў з халявамі, з якіх выглядалі косткі ног, а далей ляжаў цэлы шкілет з чэрапам. Шкілет дзе-нідзе быў пакрыты кавалкамі сукна і нейкай срэбнай стужкай. Труны не было, яна збуцвела і рассыпалася ў прах, які быў бачны паміж костак шкілета. Па левым баку ад шкілета дзеда стаяла замкнутая труна яго жонкі і маёй бабулі, якая добра захавалася. Імя бабулі было бачна на таблічцы, якая абапіралася аб ніз гэтай дубовай труны. З правага боку было вольнае месца, але я не жадаў далёка заходзіць, і таму маленькую труну майго сынка я паставіў каля ног яго прадзеда».


У 1930-2002 гадах у доме Кастравіцкіх знаходзілася Касцянёўская школа.

З успамінаў былога дырэктара школы Родзевіч Соф'і Андрэеўны: «Да верасня 1939 г. тут была польская школа, пазней - руская. Дырэктарам школы ў 1939 г. быў Магер Люцыян Аляксандравіч. У гады вайны школа была зачынена, аднавіла сваю працу толькі ў 1945 г. Дырэктарам школы ў пасляваенныя гады была Каскевіч, пазней - Эсфіра Аляксандраўна Болтач».

- У час існавання школы, - успамінае настаўніца біялогіі Ганна Міхайлаўна Шостак, - у парку можна было праводзіць экскурсіі і ўрокі біялогіі. Тут багаты і разнастайны раслінны свет, шмат першацветаў. А нарцысы растуць па ўсім парку. Многа птушак. А ў той год, калі закрывалі нашу школу, гракі чамусьці не прыляцелі. Мо адчувалі, што дрэвы старыя і віць гнёзды на іх небяспечна. З тых часоў і не гняздуюцца тут…

Да гэтага часу засталіся пяць злучаных паміж сабой каналамі сажалак, у якіх гаспадары маёнтка займаліся вырошчваннем экзатычных відаў рыб, у тым ліку і стронгі. Сажалкі напаўняюцца вадой з крыніц, побач працякае рэчка Касцянёўка.


У 2011 годзе я разам сынам, тады яшчэ студэнтам, уважліва вывучаў дом у Касцянёве і, канешне ж, не мог не звярнуць увагі на вялікія падзямеллі пад домам. Чамусьці закінутая сядзіба пашырала вакол сябе невытлумачальную трывогу і неспакой, як быццам не хацела пускаць мяне ў свае муры і заклікала з'ехаць...

Пра маёнтак Паперня

Вядома, што рэчка Вавёрка цякла з малога возера, якое знаходзілася каля вёскі Навасады, і ўпадала ў Лебяду насупраць Бешанкаў. Перад Лебядой раней мелася вялікая грэбля, якая стварала вялікі стаў. У гэтым месцы здаўна знаходзіўся маёнтак Малая Вавёрка, якім у XVІІІ ст. валодалі князі Вішнявецкія. Інвентар Дзітвянскага ключа, да якога належала Малая Вавёрка, складзены ў 1653 г., паведамляе: «Пад тым фальваркам вялікі стаў, на якім паперня і млын, выплачана за іх паўтараста злотых». Праз нейкі час ад гэтай паперні атрымаў назву двор і вёска Паперня.

У сярэдзіне XVІІІ ст. князь Крыштаф Вішнявецкі (1635-1686), будучы падляскі, брацлаўскі і белзскі ваявода, заклаў маёнтак Паперня Яну Кастравіцкаму, мсціслаўскаму скарбніку. У 1668 г. сыны Яна Кастравіцкага Габрыэль і Самуэль выкупілі княскія землі. Такім чынам, Паперня ад князёў Вішнявецкіх перайшла да Кастравіцкіх герба «Байбуза».

Ад наваградскага стольніка Самуэля Кастравіцкага Паперня перайшла яго сыну Вацлаву Кастравіцкаму, а затым унуку, гродскаму пісару, а потым лідскаму лоўчаму Самуэлю Кастравіцкаму, жанатаму з Барбарай Сяклюцкай. У вавёрскім касцёле захаваўся абраз Маці Божай з дзіцем. На срэбнай сукенцы - родавыя гербы Кастравіцкіх «Байбуза» і Сяклуцкіх «Кушаба». Барбару Сяклуцкую пахавалі ў віленскім касцёле Святога Духа, дзе можна знайсці мемарыяльную табліцу, якую ўсталяваў яе сын ад першага шлюбу Канстанты Рыла.

Пасля смерці Самуэля Кастравіцкага Паперня належала яго сыну Ігнату, каралеўскаму генерал-ад'ютанту, удзельніку кампаніі Напалеона.

Наступным уладальнікам Паперні быў сын Ігната Самуэль Кастравіцкі. Ён атрымаў у пасаг за жонку Залескую з Валыні статак чыстакроўных арабскіх коней, для якіх пабудаваў у Паперні цікавы будынак стайні, аздоблены порцікам на калонах; архітэктурна стайня гарманізавала з жылым домам.

Праз нейкі час у Паперні жыў сын Самуэля Люцыян Кастравіцкі. Каля 1860 г. ён прадаў Паперню Слізням. У акце продажу маёнтка было запісана, што ў выпадку, калі Слізні, у сваю чаргу, вырашаць прадаць гэтую маёмасць, дык Кастравіцкія будуць мець прыярытэтнае права выкупіць Паперню (1000 га раллі і лясоў) за тыя ж грошы, за якія яны яе прадалі - за 200 000 рублёў золатам. Гэта ўмова павінна была быць дзейснай на працягу 100 гадоў пасля продажу маёнтка.

Новы ўладальнік маёнтка цешыўся ім не доўга. За падтрымку паўстання 1863 г. Слізня прымусілі прадаць Паперню расійцам Петуховым. У 1910-х гадах уладальнік Паперні калежскі дарадца Аляксандр Віктаравіч Петухоў працаваў членам Віленскага акруговага суда (на выязных сесіях быў і старшынёй суда) і жыў у Вільні па адрасе: вуліца Манастырская, свой дом № 15. Але яго жонка, хоць і была запісана па віленскім адрасе, насамрэч жыла ў сваім маёнтку, бо ў той час Кацярына Пятроўна Петухова ўваходзіла ў папячыцельскі савет Лідскай прыватнай жаночай гімназіі. Верагодна, у гэтай гімназіі вучылася дачка Петуховых.

Той жа сусед Паперні Андрэй Брахоцкі пісаў: «Паперня перайшла ў рускія рукі і <...> там гаспадарыла пані Петухова, яе дзейнасць у асноўным палягала ў спусташэнні і продажы маёнтка па кавалках».

На пачатку Першай сусветнай вайны Петуховы прадалі маёмасць нейкаму Клімовічу. Для абедзвюх гэтых сям'яў маёнтак быў толькі крыніцай хуткіх даходаў, і таму пры іх гаспадаранні палац ператварыўся ў руіны, а каштоўны парк быў выцераблены і прададзены на драўніну. У 1913 г. ад парку засталіся рэшткі маладых дрэў, а жылой заставалася толькі малая частка палаца. Ян Люцыян Кастравіцкі наведаў Паперню ў 1913 г., але тагачасная ўладальніца маёнтка Петухова пусціла яго толькі ў салон і не дазволіла агледзець цалкам спустошаны палац.

Вядома, што да зруйнавання палац меў форму прастакутніка, у цэнтральнай частцы ён быў двухпавярховы, а па краях аднапавярховы. Да цэнтральнай двухпавярховай часткі прылягаў порцік на чатырох іанічных калонах. На трыкутным шчыце порціка, сярод упрыгожання з тынкоўкі ў выглядзе расліннага арнаменту, вылучаўся герб «Байбуза». Акрамя гэтага, шчыт порціка ўпрыгожвалі дзве каменныя вазы, устаноўленыя сувосева з крайнімі калонамі. Над галоўнымі ўваходнымі дзвярыма быў невялікі балкон. Палац меў вялікія прастакутныя вокны, упрыгожаныя аблямаваннем і трыкутнымі вальмамі. З боку парку, сіметрычна ўваходнаму порціку, меўся рызаліт з тэрасай.

За ўваходнымі дзвярыма ў палац знаходзіўся хол-салон з падлогай з кафлі. З салона ўлева і ўправа багата дэкараваныя дзверы вялі ў жылыя пакоі з ляпнінай на столі і падлогамі з каштоўнага дрэва. Чвэрць салона месцілася ў рызаліце і была аддзелена ад астатняга хола дзвюма іанічнымі калонамі. Сцены салона ўнізе былі пакрыты драўлянымі панэлямі, вышэй іх мелася ўпрыгожанне са стукі (штучнага мармуру). Шырокі фрыз каймаваў салон каля столі, падзеленай на кесоны. Выкшталцона выглядалі дзве круглыя печкі з ліловай кафлі, увенчаныя шырокімі белымі вазамі, падобнымі на тыя, якія стаялі на порціку. З салона праз зашклёныя дзверы можна было выйсці на тэрасу, за якой рос прыгожы парк. Заўважу, што падобныя будынкі ў стылі класіцызму з'явіліся ў Беларусі дзякуючы італьянскаму архітэктару Карла Спампані (каля 1750 - 1783). І насамарэч, сын апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална Караль Лясковіч пісаў, што жылы дом у Ішчалне праектаваў той самы архітэктар, які праектаваў і будаваў палац у Паперні, «падобна, гэта быў італьянец, прозвішча яго страчана». Верагодным фундатарам палаца быў Ігнат Кастравіцкі.

Парк у лепшыя гады займаў некалькі дзясяткаў гектараў і, падобна, быў цалкам агароджаны плотам з ажурнай цэглы з высокімі мураванымі і атынкаванымі слупамі. Да ўязной брамы вяла алея са старых клёнаў. Перад палацам - паміж брамай і стайняй - меўся вялікі, на некалькі гектараў, траўнік, які паступова паніжаўся да вялікага става. Паміж палацам і ставам раслі бярозы, яны не перашкаджалі бачыць з палаца супрацьлеглы бераг става і лес за ім. Над ставам стаяў дастаткова вялікі мураваны млын. На гэтым месцы калісьці была папяровая фабрыка, ад якой і атрымала назву мясцовасць.

У 1920-я гады архіўныя дакументы з маёнтка Паперня тагачасныя гаспадары прадалі лепшаму гісторыку Лідчыны ХХ ст. Міхалу Шымялевічу - і, у тым ліку дзякуючы і гэтаму чалавеку, мы ведаем гісторыю Касцянёва і Паперні.



[1] Др. Станіслаў Лорэнц пісаў пра ўнука Вінцэнта Сляндзінскага Людаміра і пра род мастакоў Сляндзінскіх: «Людамір Сляндзінскі, выпускнік Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, вучань ураджэнца Вільні Дзімітра Кардоўскага, вільянін «па крыві і костцы», з'яўляўся трэцім жывапісцам і другім піяністам у сям'і. Яго дзед Аляксандр быў вучнем Рустэма, бацька Вінцэнты вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Маскве, а перад ад'ездам з Вільні ў Маскву ў 1856 г. браў урокі музыкі ў Манюшкі. Ён хацеў выхаваць свайго сына Людаміра музыкантам, адсюль і яго музычныя здольнасці. І дзед, і бацька Людаміра займаліся пераважна партрэтным жывапісам. За ўдзел паўстанні 1863 г. Вінцэнт Сляндзінскі быў асуджаны на пасяленне ў Княгінін Ніжагародскай губерні. Адзін з яго партрэтаў гэтага перыяду я нечакана знайшоў у Ленінградзе, калі быў там прыкладна ў 1970 г. Мой сябар, выдатны археолаг і дырэктар Эрмітажа Барыс Пятроўскі, запрасіў мяне да сябе на абед. Седзячы за сталом і аглядаючы пакой, я ўбачыў маленькі жаночы партрэт.

- Ведаеш, Барыс, я бачу, што гэты партрэт мае выразны віленскі характар.

Барыс падняўся, зняў партрэт са сцяны, павярнуў яго і паказаў мне надпіс - гэты партрэт яго бабулі Фаўстыны Сушчынскай, намаляваны Вінцэнтам Сляндзінскім у 1865 г. у Княгініне. І дадаў:

- Мой прадзед быў палякам, афіцэрам польскага войска, якога за ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. выслалі на Каўказ, і там ён ажаніўся з рускай жанчынай. Бацька быў генералам, брат рыхтаваўся да дыпламатычнай кар'еры, я адзіны ў сям'і «не выйшаў у людзі», бо захапляўся навукай, асабліва археалогіяй. І вось так атрымалася, што адказную пасаду атрымаў адзін я». - цыт. па: Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом. Вільня, творчая інтэлігенцыя, краёўцы. (Пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша слова.pdf . № 38 (90), 20 верасня 2023.

[2] Гл: Stern Аnаtol. Dom Аpollіnаіre'а: rzecz o polskoścі і rodzіnіe poety. Krаków, 1973.

[3] 12 мая 1863 г. памёр і 14 пахаваны на Віленскіх гарадскіх могілках «вольноопределяющийся» лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка, былы гадаванец Літоўскай семінарыі, сын праваслаўнага святара з Голдава Багдан Брэн (1845-1863). У некралогу згадваецца, што ў студзені 1863 г на адпачынак ў вёсцы Голдава спыніліся сем паўстанцаў, якія паходзілі «з мясцовай шляхты». Магчыма, гэта гсіторыя мае сувязь з згаданым пахаваннем. - Гл: ЛЕВ. 1863. № 10. С. 343-347.

[4] Гл: Лаўрэш Л. Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. Гродна, 2017. С. 47-57.

[5] Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг. Падобна, Урублеўскі хацеў аднавіць дзейнасць таварыства.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX