Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Маёнткі Касцянёва і Паперня 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 20-10-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Маёнткі Касцянёва і Паперня // Наша Слова. № 39 (1554), 30 верасня 2021.; № 40 (1555), 7 кастрычніка 2021.; № 41 (1556), 14 кастрычніка 2021.; № 42 (1557), 21 кастрычніка 2021.



У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэднявечных адміністрацыйна-палітычных адзінак «земляў» ці «княстваў», паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты і эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У памежных раёнах гарадзішчы з'яўляліся вартавымі памежнымі цвердзямі. Адным з такіх ўмацаваных паселішчаў на тэрыторыі гістарычнай Лідчыны было гарадзішча каля вёскі Касцянёва.

Археолагі Сяргей Піваварчык і Генадзь Семянчук пішуць пра гэтыя гарадзішча Касцянёва і недалёкае ад яго Кульбачына (на беразе ракі Астрынкі): «Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 4-5 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянёва). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл), дзідаў, бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая цвердзь. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх пластах гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з'яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянёва таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі "плениша всю землю Новогородьскую"».

Вядомы савецкі археолаг В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянёва і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма - ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). Сядоў меркаваў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст., а частка ўратаваўшыхся жыхароў заснавала сучаснаю Ваверку за 18 км ад гарадзішча ля Касцянёва. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гэтага гарадзішча выявілі знаходкі больш позняга часу - ХV-XVII стст. Таму археолагі перасталі звязваць летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянёва.

Дакладна вядома, што першым уладальнікам маёнтка Касцянёва быў Януш Касцевіч падляшскі ваявода, радуньскі намеснік, уладальнік Начы, дзяржаўца Ожскі і Пераломскі. Бясспрэчна, што менавіта ад першага ўладальніка Януша Касцевіча атрымала назву і яго маёмасць - Касцянёва, тэрыторыя якой на момант надання, верагодна была толькі лесам і неапрацаваным полем.

Пра род Касцевічаў вядома не шмат. Бацька Януша Касцевіча - Станька Касцевіч, у 1481/85-1498 гг. - ковенскі стараста, з 1492 г. - гаспадарскі маршалак. Станька Касцевіч упершыню згадваецца як каралеўскі дваранін у спісе палонных 1454 г. пасля бітвы пад Хацінам. Пасля гэтага ён выступае як сведка ў дакуменце 1464 г. Марціна Гаштаўта. Памёр каля 1498 г. Звесткі пра паходжанне адсутнічаюць. Браты Станькі - Алехна, згаданы ў некалькіх дакументах сярэдзіны XV ст. і, магчыма, Якуб. Паходжанне і імя жонкі таксама не высветлены. Станька Касцевіч меў сыноў Вацлава і Яна (Януша) і дачку Сусану, з ордэна францішканаў-тэрцыярыяў. Цікава, што акрамя Касцянёва, сям'я мела яшчэ і маёмасць з падобнай назвай Касцяневічы ў Ашмянскім павеце.

Трэба адзначыць, што Касцянёва ляжала на «Каралеўскім тракце» - артэрыі, якая злучала дзве сталіцы - Вільню і Кракаў (потым Варшаву), на галоўнай дарозе ў нашым краі таго часу. Ужо ў першай палове XV ст. дарога Кракаў - Вільня ў ваколіцах Нёмана мела два варыянты: адзін - з Ваўкавыска наўпрост на Эйшышкі, другі - з-пад Свіслачы праз Дубну і Новы Двор на Васілішкі і Эйшышкі. Па першым варыянце тракт ішоў праз Шчучын і далей праз Касцянёва на Васілішкі, па другім - недалёка Касцянёва. Канешне ж гэта падвышала каштоўнасць Касцянёва для ўладальнікаў гэтай маёмасці.

У 1690 г. Касцянёвам валодаў Стэфан Францкевіч, маёнтак налічваў 102 дымы. З падымнага рэестра 1729 г. даведваемся, што Касцянёва належала ўжо двум Францкевічам: «Яп Стэфан Радзімінскі Францкевіч, стараста Трабскі з маёнтка Касцянёва, яго частка … пяцьдзесят дзевяць дымоў. Яп Марцін Радзімінскі Францкевіч, падстолі мозырскі з Касцянёва, яго частка пасля падзелу Галавічполя з Баярамі, дваццаць два з паловай дымы. Гурнофель, дваццаць адзін дым».

Наступнымі вядомым нам уладальнікамі Касцянёва з'яўляліся Александровічы герба Косы. З гэтага роду былі лідскі кашталян Францішак Александровіч, які памёр пры канцы XVIII ст., а таксама гродскі пісар, а потым лідскі маршалак Міхал Александровіч, згодна з Урускім «муж шляхетны і праведны, не было ў павеце такіх праблем, якімі б ён не займаўся». Калі шведы наклалі на павет кантрыбуцыю і з-за ваеннага спусташэння землеўладальнікі не маглі яе выплаціць, ён заплаціў кантрыбуцыю гатоўкай, якую дастаў са сваёй скарбонкі, гэта пры тым, што і яго маёмасць была знішчана.

12 снежня 1756 г. у Лідзе, ён у прысутнасці земскага пісара Францішка Александровіча і лідскага гродскага пісара Самуэля з Кастравіц Кастравіцкага падпісаў акт пераносу піярскага калегіюма з Воранава ў Ліду.

У 1784 г. Касцянёва ўсё яшчэ належыць Александровічам.

Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве да 1939 г.

Вядома, што ўжо з XVI ст. Кастравіцкія мелі ўладанні на Лідчыне, а ў XVII ст. займалі розныя пасады ў ВКЛ, галоўным чынам у Менскім і Мсціслаўскім ваяводствах. Вядомы віленскі генеолаг Часлаў Малеўскі паведамляў, што ў Расійскай імперыі Кастравіцкія пацвердзілі сваё шляхецтва 21.01.1799 г. У канцы XVIII ст. яны валодалі на Лідчыне Перапечыцай, Мажэйкавым, Паперняй, Кавалямі і Касцянёвам.

Вышэй узгаданы Самуэль Кастравіцкі, лідскі лоўчы і гродскі пісар, купіў маёнтак Мажэйкава ў князя Агінскага, а Васілішскае староства - у Яна Сцыпіёна. Самуэль Кастравіцкі быў жанаты з Барбарай Сяклюцкай. Сужэнцы мелі трох сыноў - Казіміра, Ануфрыя і Ігната. Казімір - шамбелян каралеўскага двара, цыбарскі стараста, Ігнат - генерал-ад'ютант, кавалер ордэна св. Станіслава.

Скажу трошкі пра сыноў Казіміра Кастравіцкага. Сын Казіміра Рамульд Кастравіцкі, маршалак Лідскага павета ў 1828-1843 гг., кавалер ордэна св. Уладзіміра 4 ст., уладальнік Мажэйкава, яго брат Самуэль - віца-маршалак, капітан артылерыі польскіх войск у адстаўцы, кавалер ордэна св. Станіслава, а трэці брат Геранім - маршалак Слонімскага павета, уладальнік маёнтка Падолле.

Кавалер ордэна св. Станіслава Ігнат Кастравіцкі, які потым стаў генералам артылерыі, ажаніўся з Александравічоўнай і стаў першым з Кастравіцкіх уладальнікам Касцянёва.

У 1792 г. суд павятовай канфедэрацыі па скарзе пана Караля Лясковіча, уладальніка Ваверкі, за звычайны суседскі эксцэс асудзіў Ігнацыя Кастравіцкага, генерал-ад'ютанта Яго Каралеўскай Мосці і кавалера ордэна св. Станіслава, уладальніка Паперні, на некалькі тыдняў «вежы». Кастравіцкі для адбыцця кары прыбыў у Ліду і звярнуўся да гродскага намесніка, каб той вызначыў месца, дзе можна адбыць «вежу». Калі намеснік адказаў яму, што ў Лідзе няма такога адпаведнага месца, дык Кастравіцкі зрабіў так жа, як і іншыя прыгавораныя рабілі ў такіх выпадках - за ўласныя грошы наняў пакой у кляштары лідскіх піяраў і там адбыў «вежу». Традыцыя адбыцця пакарання «ў вежы» калегіюма піяраў (насамрэч у кляштарным пакоі), з'явілася з моманту адкрыцця калегіюма і пратрымалася да ўпадку Рэчы Паспалітай.

Цікава, што пасля 1815 г. на Лідчыне ў Касцянёве пасяліўся адстаўны капітан Тадэвуш Касцюшка - пляменнік знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Тадэвуш-пляменнік - сын Юзафа Касцюшкі і Францішкі з Свідэрскіх, 15-ці гадовым хлопцам у лістападзе 1794 г. уступіў жаўнерам у войска паўстанцаў, але паўстанне, якім кіраваў ягоны дзядзька, ужо дагарала. Паўторна, старшым сяржантам, уступіў у польскі легіён у 1806 г. У 1807 г. атрымаў чын падпаручніка і быў паранены пры асадзе Гданьска. У 1808 г. стаў паручнікам 5-га палка пяхоты Варшаўскага княства. У 1809 г. ваяваў супраць Аўстрыі і ў 1811 г. стаў капітанам. У 1812 г. ваяваў пад Дынабургам у 2-й брыгадзе Міхала Радзівіла. У 1813 г. трымаўся ў пякельна доўгай абароне Гданьска. У 1815 г. перайшоў у 6-ты полк пяхоты Кангрэсовага Варшаўскага каралеўства і ў тым жа годзе ў Млаве напісаў вялікаму князю Канстанціну рапарт аб адстаўцы з-за слабага здароўя і хатніх праблем. Памёр капітан Касцюшка ў Пінску. Відавочна, што генерал Кастравіцкі быў баявым сябрам беднага капітана - пляменніка вялікага Касцюшкі.

Кропельніца ў Ваверскім касцеле. Надпіс 'Samuel Kostrowicki 1659'. 1659 - відочная памылка пры прамалеўцы даты, бо форма кропельніцы і выгляд літар кажа пра XIX ст. Верагодна, кропельніца прысвечана фундатарау касцёла Самуэлю Кастравіцкаму, які памёр у 1859 г.

Пасля напалеонаўскіх войнаў Ігнат Кастравіцкі перасяліўся ў Вену. У Касцянёва застаўся яго сын Самуэль (1788-1859), які быў жанаты з Ганнай Залескай. Пасля смерці бацькі Самуэль таксама эміграваў у Вену, дзе нарадзіліся яго дочкі Мялання і Юлія, а таксама сын Люцыян (1816-1867), які потым вучыўся ў знакамітай французскай вайсковай школе Сен-Сір.

Адзін з апошніх на Лідчыне Кастравіцкіх - Ян (ці Ян Люцыян) Кастравіцкі пісаў: «Наш прадзед Самуэль, бацька Мяланні, Юліі і Люцыяна, быў сынам генерала артылерыі Ігната Кастравіцкага, удзельніка маскоўскай кампаніі Напалеона. На Лідчыне ён валодаў маёнткамі Кавалі, Паперня і Касцянёва, таксама валодаў і нейкім маёнткам на Палессі. Жаніўся з паннай Залескай з Валыні. Праўдападобна, з-за падзей 1812 г. Ігнат Кастравіцкі выехаў у Вену і набыў там палац.

Усе дзеці Самуэля атрымалі стараннае выхаванне і адукацыю, сын Люцыян вучыўся ў Французскай вышэйшай вайсковай школе, а дочкі былі прынятыя ў двор жонкі Напалеона Марыі Людвікі, якая пасля 1814 г. разам з сынам Напалеона, герцагам Рэйхштацкім, вярнулася да сваіх бацькоў у Аўстрыю. Вядома, што Мялання і Юлія былі вельмі прыгожымі дзеўчынамі».

Абедзвум сваім дочкам Самуэль Кастравіцкі даў добрае выхаванне, веданне моў, гісторыі, літаратуры, музыкі і жывапісу. Сёстры былі прыняты ў аўстрыйскі двор, дзе аказаліся ў атачэнні жонкі Напалеона Марыі Людвікі, маці сына Напалеона, князя Рэйхштацкага (1811-1832) (так званага «Арляняці»). Ва ўзросце 18 гадоў, пры невядомых акалічнасцях, Мялання Кастравіцкая зацяжарыла і была адаслана ў Італію, дзе нарадзіла сына, імя якога не вядома. Дзіцё выхоўвалася за кошт Кастравіцкіх, але пад апекай Ватыкана. Мелання потым вярнулася ў Вену і жыла ва ўспадкаваным ад бацькі палацы, пад канец жыцця яна стала манашкай. Ёсць меркаванне, што слынны французскі паэт Гіём Апалінэр (Кастравіцкі), быў сынам гэтага таямнічага сына Мяланні і Анжалікі Кастравіцкай (дачкі Міхала), якая паходзіла з іншай лініі Кастравіцкіх. Такім чынам, Гіём Апалінэр, верагодна, з'яўляецца ўнукам «Арляняці» і Мяланні Кастравіцкай і таксама праўнукам Напалеона.

Адзін з апошніх уладальнікаў Касцянёва, сын Люцыяна - Марцін Кастравіцкі, у 1903 ці 1904 г. расказаў свайму сыну Яну Люцыяну пра радавод сям'і: «Цётка бацькі і мая бабуля Мялання Кастравіцкая, тады ўжо старая, жыла ў Вене ва ўласным доме па адной з галоўных вуліц горада, назву якой я не памятаю. Але гэта быў палац сям'і Кастравіцкіх, і жыла там графіня Кастравіцкая. Бацька быў трошкі здзіўлены, бо наша сям'я не мела ніякага тытула. … пасля смерці майго бацькі, атрымаў ад яго сястры (сваёй цёткі) шэраг сямейных дакументаў і сярод іх т. з. генеалагічнае дрэва. Яно было намаляванае на пергаменце сотню гадоў таму, дакумент меў дату але я яе ўжо не памятаю. Дакумент быў падпісаны царыцай Кацярынай і Рапніным і пацвярджаў права на шляхецтва і герб Байбіза.

Калі мой бацька наведаў сваю цётку ў Вене, тая была ўжо ў манаскім строі - у чорным габіце з вялікім крыжам з масіўным ланцугом на грудзях. Бацька некалькі дзён пагасцяваў у цёткі, наведаў могілкі з сямейным склепам Кастравіцкіх. Там былі пахаваны бацькі Мяланні і яе сястра. Там жа была пахавана Фанні Эльслер (Fanny Elssler) - вядомая венская балерына.

Дом-палац у Вене, дзе жыла цётка майго бацькі быў багата мэбліраваны, цётка мела шмат служкаў: парц'е, камердынер, некалькі асоб жаночай службы, яна была заможная асоба. Магчыма, бацька атрымаў ад цёткі нейкую карысць для свайго маёнтка.

Цётка падаравала свайму пляменніку некалькі партрэтаў сябе, свайго бацькі і сваёй сястры, а таксама яе дзеда і яшчэ кагосьці з нашых продкаў у латах і з паголенай галавой. Партрэты былі добрага пэндзля, я магу пра гэта меркаваць, бо потым некалькі гадоў вывучаў мастацтва. Сярод карцін быў абраз св. Францішкі добрай работы …

Акрамя карцін, бацька атрымаў некалькі старасвецкіх куфраў дзіўнага выгляду: абабітых скурай і акутых жалезам і меддзю. У куфрах захоўвалася шмат карэспандэнцыі і старых дакументаў, некалькі тэчак з гравюрамі, малюнкамі, акварэлямі і вялікая колькасць партрэтаў, якія былі, хоць і не ў рамках, але нацягнутыя на дошкі. На некаторых з іх на адвароце меліся надпісы: "Рымскі кароль" ці "Герцаг Рэйхштацкі". Таксама ў куфрах ляжалі копіі абразоў з Сікстынскай капліцы, з якіх найлепшым з'яўляўся малюнак галавы св. Пятра. Захоўвалася ў куфрах і карункавая вопратка, шалі і нават жаночыя танцавальныя пантофелькі … Мялання сказала, што хоча прыбраць з сваіх вачэй усё, што злучае яе са светам, што нагадвае ёй не толькі пра добрае, але і пра злое. … Пасля яе смерці мы даведаліся, што свой венскі палац цётка запісала касцёлу.

Гэтыя дары бацька прывёз дахаты, партрэты былі развешаны па пакоях маёнткавага дома ў Касцянёве, а куфры пастаўлены ў адмысловы замкнуты склад на паддашку.

Маёнтак Касцянёва быў маёмасцю майго дзядзькі Самуэля, брата бацькі, які стала жыў у Рызе і працаваў там галоўным архітэктарам, а мае бацькі з дзецьмі ў Касцянёве бавілі вакацыі».


Падчас візіту ў Францыю, рускага цара (Аляксандра І ці Мікалая І) ён прыехаў у Французскую вайсковую акадэмію Сен-Сір, дзе даведаўся пра брата Мяланні і Юліі Люцыяна Кастравіцкага. Цар загадаў этапаваць яго у Беларусь. Люцыян пехатой, пад канвоем прыйшоў на радзіму, але замест турмы, патрапіў пад амністыю. Тым не менш, выезд у Еўропу яму быў назаўсёды забаронены.

Радавод Кастравіцкіх.

Праблемы дзяцей - Меланні і Люцыяна, прывялі да таго, што Ганна Залеская кінула сям'ю і з'ехала на Валынь. Толькі праз шмат гадоў яна прыехала ў Вену, каб там памерці.

Яе муж Самуэль Кастравіцкі ў Вене пазнаёміўся з слыннай балерынай Фанні Эльслер, якая выступала на лепшых еўрапейскіх сцэнах таго часу. Каханне паміж імі захоўвалася ўсё жыццё, і калі балерына памерла, дык яе пахавалі ў сямейным венскім склепе Кастравіцкіх.

Былы навучэнец акадэміі Сен-Сір Люцыян Кастравіцкі пасля вяртання на радзіму, ажаніўся з лідскай падкамаранкай Юзэфай Сяклюцкай. Яны мелі чацвёра дзяцей: Вінцэнта, Самуэля, Марціна і Ганну. Сям'я жыла не ў Касцянёве, а ў Паперні. Кастравіцкім у той час належала: Паперня з 3000 га зямлі, якая была галоўнай сядзібай, Ваверка з 6000 га, Кавалі з 3000 га, Касцянёва з 3750 га. Трошкі раней, як пасаг за Казіміру Кастравіцкую, якая выйшла замуж за Аляксандра Брахоцкага, ад Кастравіцкіх адышло Малое Мажэйкава. Такім чынам, у першай палове XIX ст. зямельныя ўладанні Кастравіцкіх складаліся з 17 000 га зямлі. Трэба сказаць, што ў другой палове XVIII ст. Кастравіцкія былі калятарамі Маламажэйкаўскай царквы і пра калятара гэтай царквы, шамбеляна каралеўскага двара і цыбарскага старасту Казіміра Кастравіцкага нават складзена «чорная легенда», якую я падрабязна прааналізаваў у сваёй кнізе пра гэтую царкву [1].

З 1832 па 1850 г., Люцыян Кастравіцкі прадаў Кавалі, Ваверку і Паперню - 2/3 сваёй маёмасці і ўсе грошы перавёў сёстрам Мяланні і Юліі. Чаму Люцыян, маючы сваіх дзяцей, перавёў грошы сёстрам (хоць па тагачасных законах, наадварот, ён як мужчына, ён павінен быў успадкаваць ¾ маёмасці сям'і), з'яўляецца тайнай. Потым самі Кастравіцкія лічылі, што грошы былі патрэбны на выхаванне ўнука Напалеона. Паступова ў Люцыяна Кастравіцкага засталося толькі Касцянёва.

З-за няпростага лёсу Люцыян Кастравіцкі меў шмат дзіўных звычак. Напрыклад, ён заўсёды насіў 1000 рублёў - вялікія па тым часе грошы. Гэтыя 1000 рублёў Кастравіцкі разам з нейкімі дакументамі трымаў у адмысловым скураным ворку на плячах пад бялізнай і таму заўсёды меў выгляд гарбуна. Калі яму даводзілася выкарыстаць частку грошай і «капітал на спіне» памяншаўся, Люцыян Кастравіцкі моцна нерваваўся, покуль зноў не папаўняў гэты запас да звыклай сумы ў 1000 рублёў. Родныя разумелі, што гэты надзвычай інтэлігентны чалавек усе сваё жыццё быў гатовы пакінуць родны кут, гатовы да дэпартацыі ў Сібір. Засталося таямніцай якія дакументы Люцыян насіў з сабой за плячыма, падчас самазабойства нікога з родных каля яго не было, а паліцыянты, якія забралі цела нябожчыка, знялі з яго скураны ворак і ніколі не вярнулі не толькі грошы, але і паперы.

Дзеці Люцыяна мелі наступны лёс: сын Вінцэнт абраў вайсковую кар'еру ў расійскай арміі, Самуэль вывучаў архітэктуру ў Дэрпце, дзе пазней стаў галоўным архітэктарам, Марцін стаў электратэхнікам.

Пасля смерці Люцыяна ў Касцянёве нядоўга жыў Марцін Кастравіцкі (1855-1905), але неўзабаве ён разам з жонкай пераехаў у Варшаву. Наступным гаспадаром Касцянёва стаў яго старэйшы сын Станіслаў (1881-1918), а пасля яго малодшы сын Ян Люцыян (1889 -1967), які быў апошнім уладальнікам маёнтка. Дарэчы дзедам Яна Люцыяна з боку маці быў уладальнік Бердаўкі Захватовіч, якому пасля паўстання 1863 г. загадалі прадаць свой маёнтак на працягу 48 гадзін.


Згодна з сямейным паданнем Кастравіцкіх, Александровічы мелі ў Касцянёве вялікі двухпавярховы палац з лістоўніцы, які быў знішчаны ў часы Паўночнай вайны. З уцалелага бярвення была пабудавана афіцына, якая стаяла да Другой сусветнай вайны. Таксама з часоў Александровічаў захаваўся мураваны будынак, які датаваўся XVII ст. Гэты будынак згарэў, але быў адноўлены ў канцы XIX ст. Згодна з паданнем, яго будавалі масоны і ён павінен быў стаць месцам збору ложы. Па іншым паданні, Александровічы пабудавалі яго як жылы дом, пасля чаго стары палац стаў афіцынай.

Брама сядзібы Кастравіцкіх у Касьцянёве да 1939  і ў 2011 г.

Мураваны будынак стаяў паблізу былога палаца і перпендыкулярна яму. Ён ўяўляў сабой прастакутнік даўжынёй 24 м. З тыльнага боку месціўся ўезд у шырокі калідор піўніцы, а з другога, супрацьлеглага, знаходзіўся ўваход у калідор жылога паверху. Пляцоўка за домам з боку парку ляжала на 1 метр ніжэй, чым пляцоўка перад домам. Сцены дома былі выкананы з вялікіх, абчэсаных з аднаго бока камянёў, абліцаваных знутры цэглай. Таўшчыня сцен перавышала 1 метр. У сценах знаходзілі шмат дымаходаў, у якіх не было слядоў сажы, гэта маглі быць часткі старой сістэмы абагрэву гарачым паветрам. На такую думку наводзілі рэшкі вялікай печы ў піўніцы. Адбудаваны дом накрылі ламаным гонтавым дахам. З фронту палаца быў дабудаваны ганак з чатырма калонамі.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: «Люцыян Кастравіцкі жыў у часовым доме, а руіны старога дома чакалі, покуль яго сын Самуэль закончыць курс архітэктуры ў Дэрпцкім універсітэце і пачне працаваць па прафесіі. Самуэль адбудаваў стары дом і пакрыў яго мансардавым, ламаным дахам. Пра тое, як доўга гэты дом быў закінуты, казалі дрэвы, якія раслі сярод руінаў, яны дасягалі ўжо 40 - 50 см дыяметрам. Дом стаяў так, што з галоўнага фасада ўваход вёў у жылыя пакоі, а з задняга фасада - у піўніцы, якія былі пад усім домам. Старыя піўніцы дома захаваліся без пашкоджанняў і паслужылі фундаментам пры адбудове. Скляпенні паднябенняў піўніц, выкананыя з цэглы, мелі вышыню ў 3 м. Вокны піўніц месціліся высока і былі закратаваныя жалезам. У цэнтры піўніц мелася аблямаваная каменем старая студня.

Сцены адбудаванага дома былі выкананы з вялікіх камянёў і мелі таўшчыню ў 1,5 метра. Па сярэдзіне дом ішоў калідор і па абодва бакі ад яго былі 22 пакоі, вышыня столяў у пакоях - 3 - 3,5 м.

Мясцовая легенда казала, што ранейшы дом будаваўся для масонскай ложы (людзі казалі для "збору"), і таму можна зразумець сэнс расказу пра тое, што з гэтага дома "перакідвалі кельні" (масонскія знакі) ў Шайбакпольскі дом, які знаходзіўся на адлегласці за некалькі кіламетраў і тады яшчэ будаваўся. Верагодна, у Шайбакполі павінна была паўстаць новая ложа …».

Ян Люцыян Кастравіцкі пераказваў сямейную легенду аб тым, што ў свой час масоны выклялі ўвесь род Кастравіцкіх - усе дзяўчаты гэтага роду павінны былі мець пазашлюбных дзяцей. Вядома, што ў 1817 г. ложа «Паходня Поўначы» звярнулася да літоўскай правінцыяльнай ложы «Дасканалая Еднасць» з лістом, у якім даводзіла апошняй, што чаляднік ложы Самуэль Кастравіцкі перастаў удзельнічаць у пасяджэннях і браты даведаліся, што ён нават пачаў насміхацца з масонаў. Было вырашана схіліць яго да супакаення. Выкліканы на сход, Кастравіцкі сказаў, што не можа належаць да масонаў, бо рымскі папа забараніў гэта, а калі ён уступаў у ложу, дык не ведаў пра забарону. Потым, у сваім пісьмовым адказе масонам, Кастравіцкі паведаміў, што, як рыма-католік, не можа быць масонам. Самуэль Кастравіцкі ў 1820 г. быў выкраслены са спісу менскай ложы вольных муляраў з забаронай прымаць удзел у сходах.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў, што яго аднакласнік Станіслаў Садкоўскі быў гадаванцам вядомага віленскага мецэната і адваката Урублеўскага, які быў, бадай што апошнім віленскім «шубраўцам» [2]: «Ён прывёў мяне у дом мецэната. У размове з намі, Урублеўскі сказаў мне: "Ведаеш, што твае продкі былі вядомымі масонамі?" Праз пэўны час упісаў мяне ў спіс "шубраўцаў" і расказаў пра мэты і абавязкі сяброў гэтага таварыства».


Але вяртаемся да апісання дома ў Касцянёве.

'Белы-домік'.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: «Калі дзед Люцыян прадаў маёнткі Кавалі і Паперню, ён пакінуў дом у Паперні, які насамрэч быў не домам, а сапраўдным палацам, і пасяліўся ў Касцянёве. Руіны старога жылога дома маёнтка Касцянёва, знаходзіліся па другі бок дарогі Васілішкі - Шчучын ад часовага дома. Руіны атачаў лес, і да старога дома вяла шырокая, ліпавая алея. Ліпы былі пасаджаны так густа, што ўтваралі сапраўдную сцяну, праз якую можна было толькі з цяжкасцю праціснуцца. Ліпы стваралі сапраўдны тунэль і калі цвілі, стваралі вельмі моцны пах».

Сядзібны дом меў вялікія сені. Управа ад прасторных сеняў быў уваход у сталовую, за сталовай месціліся яшчэ два малыя пакоі. Улева з сеняў меўся ўваход у чатыры жылыя пакоі. Усе пакоі франтальнай часткі палаца разам з сенямі ўяўлялі сабой адну суцэльную анфіладу. Большасць гэтых пакояў яшчэ мела дзверы ў цэнтральны калідор, у які трэба было сысці з пакоя ўніз па прыступках. З сеняў, напрост, таксама па прыступках, можна было ўвайсці ў вялікі салон, які меў форму квадрата. Управа ад салона месціліся дзве гасцінныя, а за імі буфетны пакой, кухня і г. д. Улева з салона меўся ўваход у бібліятэку, за якой ішлі жылыя пакоі.

Да Першай сусветнай вайны дом меў багаты інтэр'ер і каштоўную мэблю, якую часткова вывезлі ў Вену. Асаблівай каштоўнасцю ў доме лічыўся фатэль, выкананы з разьбянога дубу, ён быў такі шырокі, што маглі сесці адразу два чалавекі. Стаяў фатэль на дзвюх разьбяных калонах, а над яго спінкай мелася тарча ў гербам Кастравіцкіх, сядзенне і спінка былі абабіты аксамітам. Таксама цікавымі былі: камод на тры шуфлядкі з ладна выгнутай пярэдняй часткай, інкруставанай каштоўным дрэвам і бронзай, канапа з чырвонага дрэва, якая стаяла на бронзавых ільвіных нагах, столік чырвонага дрэва для жаночага рукадзелля з устаўкамі з эбенавага дрэва, вялікі круглы стол, крэсла з эбенавага дрэва і іншае. Мелася тут і некалькі цікавых гадзіннікаў, сярод іх насценны, васьмігранны, памерам 90 х 90 см. Гэты загарак біў гадзіны такім нізкім тонам, як быццам быў вежавым гадзіннікам. Іншы гадзіннік у доме меў алебастравы корпус, аздоблены пазалочанай бронзай, ён стаяў на падстаўцы ў форме століка. Апрача гэтых, у палацы былі яшчэ два гадзіннікі, а менавіта, гадзіннік з пазалочанай бронзы на чатырох ножках і шафны гадзіннік. Сярод іншых цікавых рэчаў меліся розныя вялікія каштоўныя падсвечнікі.

У адбудаваным доме было багата рознага посуду: парцалянавыя сервізы, адзін з іх з англійскага фаянсу пачатку XVIII ст., сталовы крышталь і срэбра. Меліся цікавыя дамскія шкатулкі, адна з іх чырвонага дрэва, з вечкам, інкруставаным злотам, перажыла ўсе ваенныя завірухі. На вечку была гербавая тарча з надпісам «Марыя Кастравіцкая, 1782, чэрвень, 15.»

Кастравіцкія валодалі значнай калекцыяй жывапісу. Да самых каштоўных належалі сямейныя партрэты, сярод іх партрэты: мсціслаўскага стражніка Габрыэля Кастравіцкага, намаляванага ў вобразе рыцара ў латах, палкоўніка гусарскай харугвы часоў каралёў Міхала Карыбута Вішнявецкага і Яна ІІІ, шамбеляна Ануфрыя Кастравіцкага, генерала Ігната Кастравіцкага, Люцыяна Кастравіцкага, Марыі з Залескіх а таксама невядомых асоб венскага двара першай паловы XIX ст.

Да гэтай групы належалі і чатыры жаночыя партрэты: маладой, прыстойнай асобы ў вячэрнім строі з дэкальтэ і другі - больш старой жанчыны ў строі манашкі з крыжам на шыі. Гэта былі партрэты Мяланні Кастравіцкай у розным узросце. Трэці партрэт - выява ў профіль маладой дамы, апранутай у цёмна-ліловую сукню ў паскі. Гэта быў партрэт сястры Мяланні - Юліі Кастравіцкай. Чацвёртым партрэтам быў партрэт слыннай танцоркі Фанні Эльслер. Усе гэтыя карціны мелі вялікія памеры і з'яўляліся працамі добрых майстроў. Сярод сямейных партрэтаў меўся таксама выкананы вугалем партрэт Самуэля Кастравіцкага - бацькі Мяланні і Юліі.

Паколькі дом Кастравіцкіх у архітэктурным сэнсе не ўяўляў цікаўнасці, таму знаўцы з пабудоў двара вылучалі так званы «белы домік», пабудаваны ў класічным стылі тагачасных сядзібных дамоў. Калі быў пабудаваны гэты мураваны дом, невядома, магчыма ў другой палове XVIII ст. Ён меў атынкаваныя, белыя сцены і высокі гонтавы дах. Над галоўным уваходам быў порцік на двух калонах, якія трымалі паўбочкавы дашак.

У сенях «белага доміка», насупраць уваходных дзвярэй стаяў вялікі камін, які замыкаўся жалезнымі дзвярыма. Усе пакоі доміка - сталовая, кабінет і два салоны, былі абабіты ўзорыстай тканінай і ўпрыгожаны печкамі з каляровай кафлі, кафля гэтая, верагодна, паходзіла з руін палаца Александровічаў і датавалася XVII ст. У кабінеце кафлі печкі мелі раслінны чырвоны арнамент на бледна-блакітным фоне, у будуары былі кафлі крэмавага колеру з раслінным арнаментам белага і блакітных адценнеў. Таксама з руін палаца Александровічаў паходзілі і металічныя часткі печак. Падлогі ў пакоях былі зроблены з лакірованага дрэва, а ў салонах з паркету. У часы, калі Кастравіцкія жылі ў Паперні ці Вене, «белы домік» служыў кватэрай для эканомаў маёнтка. Да нашага часу «белы домік» не захаваўся.


Ад двара Александровічаў да нашага часу засталася ўязная брама. Яна стаяла ў канцы доўгай каштанавай алеі ці нават тракту, які зігзагам праходзіў праз сядзібу і далей бег па грэблі над ставам, абсаджаным старымі вербамі і вольхай. Гэты тракт злучаў мястэчкі Шчучын і Васілішкі. Брама складалася з двух моцных атынкаваных квадратных калон. Абедзве калоны мелі багата прафіляваныя гзымсы. На абодвух калонах былі выявы герба Байбіза.

Палац атачаў вялікі парк галоўнай аздобай якога была ліпавая алея даўжынёй да 1 км, ліпы мелі вышыню да 50 м. Па распілах ліп бачна, што дрэвы мелі ўзрост каля 340 гадоў. З аднаго боку ад алеі рос сад, а з другога парк. На самым ускрайку парку раслі некалькі дубоў, па ўзросце яшчэ старэйшых за алею. З паўднёва-ўсходняга боку парк абсаджаны бэзам, з боку вёскі Касцянёва - жоўтай акацыяй.

Уладальнік маёнтка Марцін Кастравіцкі памёр у 1905 г., і пасля яго засталіся венскія дакументы ў куфрах. Але яго сын Ян Люцыян Кастравіцкі працяглы час не меў доступу да дакументаў, бо ў маёнтку Касцянёва, дзе захоўваліся гэтыя паперы, гаспадарыла яго мачыха. Толькі пасля пачатку вайны 1914 г., мачыха выехала на сваю радзіму, на Любельшчыну, і Ян разам з братам атрымалі доступ да дакументаў. Але браты не мелі часу чытаць паперы і толькі з куфраў пераклалі дакументы, малюнкі і карціны ў скрыні і запакавалі іх.

У 1914 г. маёнтак Касцянёва складаўся з 4-х фальваркаў агульнай плошчай у 1600 га раллі і 1340 га лесу.

Пачалася Першая Сусветная вайна.

У 1915 г. у маёнткавым доме Касцянёва стаяў штаб рускага корпуса, і таму Яна Люцыяна Кастравіцкага з жонкай выселілі ў адзін з малых пакояў. Яго брат прыняў на сябе адміністраванне маёнтка Стрэліца, які належаў іх сваяку Сяклюцкаму, бо Сяклюцкія пакінулі дом і перасяліліся на Любельшчыну, дзе жыла мачаха Яна Кастравіцкага (гаспадар Стрэліцы быў жанаты з сястрой мачахі Яна). Менавіта ў той час, калі ў Касцянёва стаяў рускі штаб, увесь архіў разам з багатай бібліятэкай Кастравіцкіх быў вывезены ў маёнтак Стрэліца, які ляжаў ўдалечыні ад вялікіх дарог, сярод багністых лугоў і лясоў. Тут, у Стрэліцы Сяклюцкіх і былі закопаны куфры з паперамі Мяланні Кастравіцкай: яе лісты, дакументы, некалькі тэчак з гравюрамі, малюнкі, акварэлі і вялікая колькасць партрэтаў намаляваных алейнымі фарбамі, на адваротным баку гэтых партрэтаў меліся надпісы «Кароль рымскі» ці «Герцаг Рэйхштацкі» і іншыя сямейныя дакументы. Але адступаючыя рускія войскі палілі маёнткі, і хутка стала зразумела, што ў Стрэліцы таксама небяспечна. Высокапастаўленыя рускія афіцэры казалі, што яны спыняць нямецкі наступ на Нёмане, і таму мастацкія зборы і архівы, якія належалі абодвум маёнткам - Касцянёву і Стрэліцы, былі перавезены ў маёнтак Сеняжыцы на Наваградчыне, а тое, што вывезці не ўдалося, брат Яна Кастравіцкага аднаасобна вывез у лес і закапаў.

У канцы лета 1915 г. рускія войскі сілком пагналі Яна Люцыяна Кастравіцкага ў бежанства, а потым, нягледзячы на звальненне ад службы па стане здароўя, яго мабілізавалі ў армію. Ягоны брат застаўся ў Стрэліцы, дзе і памёр падчас нямецкай акупацыі. Таму ніхто не ведае, куды зніклі ўсе каштоўныя мастацкія зборы і архівы двух маёнткаў. Магчыма, са сховішча ў Сеняжыцах усе рэчы вывезлі немцы, але архіў, закапаны недзе пад Стрэліцай, гэтак і не быў знойдзены.


Калі Ян Кастравіцкі ў 1918 г. вярнуўся з Расіі, жылы дом у Касцянёве стаяў цалкам разгромлены - без вокнаў і дзвярэй, і толькі адзін пакой знаходзіўся ў адносна добрым стане - падчас вайны ў ім жыў нямецкі капрал, які кіраваў гаспадаркай (насамрэч ён быў не немец, а паляк з-пад Познані).

Апошні ўладальнік суседняга маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў: «… у Кастравіцкіх застаўся толькі маёнтак Касцянёва, які ў мае дзіцячыя гады меў каля 2 000 га. Гаспадарыў там Ян Люцыян Кастравіцкі - меў ён вялікія, але нерэальныя планы. Гэта давяло да таго, што калі я вярнуўся ў Малое Мажэйкава (у 1932 г. - Л. Л.), Касцянёва мела ўжо меней за 100 га, а ўладальнік кудысьці эміграваў, пакінуўшы тое, што засталося ад маёнтка, жонцы з двума малымі сынамі».


Трэба сказаць некалькі слоў пра сямейны склеп Кастравіцкіх на могілках Ішчалны. Ян Люцыян Кастравіцкі ў 1920-я гг. хаваў тут свайго маленькага сынка і пакінуў наступнае апісанне: «Пасля таго, як была адсунута пліта, якая замыкала ўваход, я убачыў досыць вялікія лёхі. Наўпрост ад увахода, на цаглянай падлозе былі бачны падэшвы скураных ботаў з халявамі, з якіх выглядалі косткі ног а далей ляжаў цэлы шкілет з чэрапам. Шкілет дзе-нідзе быў пакрыты кавалкамі сукна і нейкай срэбнай стужкай. Труны не было, яна збуцвела і рассыпалася ў прах, які быў бачны паміж костак шкілета. Па левым баку ад шкілета дзеда стаяла замкнутая труна яго жонкі і маёй бабулі, якая добра захавалася. Імя бабулі было бачна на таблічцы, якая абапіралася аб ніз гэтай дубовай труны. З правага боку было вольнае месца, але я не жадаў далёка заходзіць і таму маленькую труну майго сынка я паставіў каля ног яго прадзеда».


У 1930 - 2002 г.г. у доме Кастравіцкіх знаходзілася Касцянёўская школа.

З успамінаў былога дырэктара школы Родзевіч Соф'і Андрэеўны: «Да верасня 1939 г. тут была польская школа, пазней - русская. Дырэктарам школы ў 1939 г. быў Магер Люцыян Аляксандравіч. У гады вайны школа была зачынена, аднавіла сваю працу толькі ў 1945 г. Дырэктарам школы ў пасляваенныя гады была Каскевіч, пазней - Эсфіра Аляксандраўна Болтач».

- У час існавання школы, - успамінае настаўніца біялогіі Шостак Ганна Міхайлаўна, - у парку можна было праводзіць экскурсіі і ўрокі біялогіі. Тут багаты і разнастайны раслінны свет, шмат першацветаў. А нарцысы растуць па ўсім парку. Многа птушак. А ў той год, калі закрывалі нашу школу, гракі чамусьці не прыляцелі. Мо, адчувалі, што дрэвы старыя і віць гнёзды на іх небяспечна. З тых пор і не гняздуюцца тут.

Да гэтага часу засталіся 5 злучаных паміж сабой каналамі сажалак, у якіх гаспадары маёнтка займаліся вырошчваннем экзатычных відаў рыб, у тым ліку і стронгі. Сажалкі напаўняюцца вадой з крыніц, побач працякае рэчка Касцянёўка.


У 2011 годзе я разам сынам, тады яшчэ студэнтам, уважліва вывучаў дом у Касцянёве і, канешне ж, не мог не звярнуць увагі на вялікія падзямеллі пад домам. Чамусьці, закінутая сядзіба пашырала вакол сябе невытлумачальную трывогу і неспакой, як быццам не хацела пускаць мяне ў свае муры і заклікала з'ехаць. Потым больш нідзе і ніколі не меў я такога адчування ...


Коратка спынюся на маёнтку Паперня.

Вядома, што рэчка Ваверка цякла з малога возера, якое знаходзілася каля вёскі Навасады і ўпадала ў Лебяду насупраць Бешанкаў. Перад Лебядой мелася вялікая грэбля, якая стварала вялікі стаў. У гэтым месцы здаўна знаходзіўся маёнтак Малая Ваверка, якім у XVIII ст. валодалі князі Вішнявецкія. Інвентар Дзітвянскага ключа, да якога належала Малая Ваверка, напісаны ў 1653 г., паведамляе: «Пад тым фальваркам вялікі стаў, на якім паперня і млын, выплачана за іх паўтараста злотых». Праз нейкі час ад гэтай паперні атрымаў назву двор і вёска Паперня.

Каля сярэдзіны XVIII ст. Паперня ад князёў Вішнявецкіх перайшла да Кастравіцкіх герба Байбуза. Першым з Кастравіцкіх, які валодаў Паперняй, быў гродскі пісар, а потым лідскі лоўчы Самуэль Кастравіцкі, жанаты з Барбарай Сяклюцкай. Пасля Самуэля Кастравіцкага Паперня належала яго сыну Ігнату, каралеўскаму генерал-ад'ютанту, удзельніку кампаніі Напалеона.

Палац у Паперні.

Да Першай сусветнай вайны ў Паперні стаяў палац у стылі класіцызму. Сын апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална Караль Лясковіч пісаў, што жылы дом у Ішчалне праектаваў той самы архітэктар, які праектаваў і будаваў палац у Паперні, «падобна, гэта быў італьянец, прозвішча яго страчана». Верагодным фундатарам палаца быў Ігнат Кастравіцкі.

Наступным уладальнікам Паперні быў сын Ігната Самуэль Кастравіцкі. Ён атрымаў у пасаг за жонку Залескую з Валыні статак чыстакроўных арабскіх коней, для якіх пабудаваў у Паперні цікавы будынак стайні, аздоблены порцікам на калонах, архітэктурна стайня гарманіравала з жылым домам.

Праз нейкі час у Паперні жыў сын Самуэля Люцыян Кастравіцкі. Каля 1860 г. ён прадаў Паперню Слізням. У акце продажу маёнтка было запісана, што ў выпадку, калі Слізні ў сваю чаргу вырашаць прадаць гэтую маёмасць, дык Кастравіцкія будуць мець прыярытэтнае права выкупіць Паперню (1000 га раллі і лясоў) за тыя ж грошы, за якія яны яе прадалі - за 200 000 рублёў золатам. Гэта ўмова павінна была быць дзейнай на працягу 100 гадоў пасля продажу маёнтка.

Новы ўладальнік маёнтка цешыўся ім не доўга. За падтрымку паўстання 1863 г. Слізня прымусілі прадаць Паперню расійцам Петуховым. У 1910-х гг. уладальнік Паперні калежскі дарадца Аляксандр Віктаравіч Петухоў працаваў членам Віленскага акруговага суда (на выязных сесіях бываў і старшынём суда) і жыў у Вільні па адрасе: вуліца Манастырская, свой дом № 15. Але яго жонка, хоць і была запісана па віленскім адрасе, насамрэч жыла ў сваім маёнтку, бо ў той час Кацярына Пятроўна Петухова ўваходзіла ў папячыцельскі савет Лідскай прыватнай жаночай гімназіі. Верагодна, у гэтай гімназіі вучылася дачка Петуховых.

Той жа сусед Паперні Андрэй Брахоцкі пісаў: «Паперня перайшла ў рускія рукі і ... там гаспадарыла пані Петухова, яе дзейнасць у асноўным, палягала ў спусташэнні і продажы маёнтка па кавалках».

На пачатку Першай сусветнай вайны Петуховы прадалі маёмасць нейкаму Клімовічу. Для абедзвюх гэтых сям'яў маёнтак быў толькі крыніцай хуткіх даходаў і таму пры іх гаспадаранні палац ператварыўся ў руіны, а каштоўны парк быў выцераблены і прададзены на драўніну. У 1913 г. ад парку засталіся рэшткі маладых дрэў, а жылой заставалася толькі малая частка палаца. Ян Люцыян Кастравіцкі наведаў Паперню ў 1913 г., але тагачасная ўладальніца маёнтка Петухова пусціла яго толькі ў салон і не дазволіла агледзець цалкам спустошаны палац.

Вядома, што да зруйнавання палац меў форму прастакутніка, у цэнтральнай частцы ён быў двухпавярховы, а па краях аднапавярховы. Да цэнтральнай, двухпавярховай часткі, прылягаў порцік на чатырох іанічных калонах. На трыкутным шчыце порціка, сярод упрыгожання з тынкоўкі ў выглядзе расліннага арнаменту, вылучаўся герб Байбуза. Акрамя гэтага, шчыт порціка ўпрыгожвалі дзве каменныя вазы, устаноўленыя сувосева з крайнімі калонамі. Над галоўнымі ўваходнымі дзвярыма быў невялікі балкон. Палац меў вялікія прастакутныя вокны, упрыгожаныя аблямаваннем і трыкутнымі вальмамі. З боку парку, сіметрычна ўваходнаму порціку, меўся рызаліт з тэрасай.

За ўваходнымі дзвярыма ў палац знаходзіўся хол-салон з падлогай з керамічнай кафлі. З салона ўлева і ўправа багата дэкараваныя дзверы вялі ў жылыя пакоі з ляпнінай на столі і падлогамі з каштоўнага дрэва. Чвэрць салона месцілася ў рызаліце і была аддзелена ад астатняга хола двума іанічнымі калонамі. Сцены салона ўнізе былі пакрыты драўлянымі панелямі, вышэй панелей мелася ўпрыгожванне з стукі (штучнага мармуру). Шырокі фрыз абягаў салон каля столі, падзеленай на кесоны. Вельмі цікава выглядалі дзве круглыя печкі з ліловай кафлі, увенчаныя шырокімі белымі вазамі, падобнымі на тыя, якія стаялі на порціку. З салона праз зашклёныя дзверы можна было выйсці на тэрасу, за якой рос прыгожы парк.

Парк у лепшыя гады займаў некалькі дзесяткаў гектараў і, падобна, быў цалкам агароджаны плотам з ажурнай цэглы з высокімі, мураванымі і атынкаванымі слупамі. Да ўязной брамы вяла алея са старых клёнаў. Перад палацам - паміж брамай і стайняй - меўся вялікі, на некалькі гектараў, траўнік, які паступова паніжаўся да вялікага става (30-40 га). Паміж палацам і ставам раслі бярозы, яны не перашкаджалі бачыць з палаца супрацьлеглы бераг става і лес за ім. Над ставам стаяў дастаткова вялікі мураваны млын. На гэтым месцы калісьці была фабрыка паперы, ад якой і атрымала назву мясцовасць.


У 1920-я гг. архіўныя дакументы з маёнтка Паперня тагачасныя гаспадары прадалі лепшаму гісторыку Лідчыны ХХ ст. Міхалу Шымялевічу і, у тым ліку і дзякуючы гэтаму чалавеку, мы ведаем гісторыю Касцянёва і Паперні.



[1] Гл: Лаўрэш Л. Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. Гродна, 2017. С. 47-57.

[2] Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг. Падобна, Урублеўскі жадаў аднавіць дзейнасць таварыства.


Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве, 2011 г.

Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Сядзібны дом Кастравіцкіх у Касьцянёве. Камень у парку Кастравіцкіх перад домам.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX