Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Паўстанцы і маёнткі: Воўчынкі, Гурнофель, Галавічполе і Голдава 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-05-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Паўстанцы і маёнткі // Маладосць. 2020. № 9. С. 94-100.

Спампаваць




Воўчынкі

Гурнофель

Галавічполе і Голдава


Жыццё - такая рэч, што ў ім вялікае заўсёды пераблытваецца з малым, велічнае і слаўнае - са звычайным і недарэчным. У гэтым і ёсць яго праўда. Я хачу расказаць пра лёс некалькіх маёнткаў Лідчыны, з якіх выйшлі героі паўстання 1863 года.

Воўчынкі

Імя чалавека, пра якога пойдзе гаворка, стала легендарным на Лідчыне яшчэ пры яго жыцці. У некаторых дробязях расповеды пра яго адрозніваюцца, але толькі ў дробязях.

У апошняй бітве з атрада Людвіка Нарбута загінулі сам камандзір і 12 яго байцоў, сярод якіх быў і 28-гадовы Уладзімір Паплаўскі. Рэшта паўстанцаў рассеялася па лясах і часткова трапіла ў рукі ўлад, часткова памерла ад ран і голаду, некаторыя далучыліся да іншых паўстанцкіх аддзелаў. Але жаўнеры ўпарта ганяліся за мяцежнікамі. Далёка ад Дубічаў, дзе адбылася бітва, у ваколіцах маёнтка Ганэлькі, які належаў Маргевічам (3 км ад мястэчка Сабакінцы, цяпер вёска Першамайскае Шчучынскага раёна), жаўнеры нагналі адну такую групу. Першым закалолі багнетамі тоўстага цукерніка з Ліды, прозвішча якога не захавалася. Яго таварыш Пётр Паплаўскі, родны брат забітага пад Дубічамі Уладзіміра Паплаўскага, адстрэльваючыся, уцякаў да ўжо блізкага лесу. Але яму прастрэлілі спачатку левую руку, а потым нагу - і паўстанец упаў. Жаўнеры скалолі параненага багнетамі (пазней у яго налічылі 16 колатых ран). Асабліва стараліся тыя, каго падстрэліў Пётр. Праз нейкі час карнікі вырашылі, што мяцежнік нежывы, знялі з яго вопратку і абутак, забралі зброю і пакінулі паміраць у адной кашулі на купіне пасярод дрыгвы.

Калі вечарам прыехалі сяляне, каб закапаць забітых, Паплаўскі апрытомнеў і папрасіў адвезці яго ў Сабакінцы. Сяляне баяліся пакарання з боку ўлад і адразу не хацелі, але злітаваліся і на голай саломе адвезлі яго ў вёску. Там няшчасны паранены знайшоў прытулак і лекаванне ў гаспадара Цыпрыяна Шалевіча.

Якраз у гэты момант у Шалевіча знаходзіўся ваенны начальнік Лідскага павета палкоўнік Алхазаў. Ён ужо развітваўся з Шалевічам, калі ўбачыў воз з паўстанцам. Дзякуючы за гасціннасць, ён прамовіў: «Чем же я вам отплачу?» «Аддайце мне гэтага мяцежніка, - адказаў Шалевіч. - Я вылечу яго або пахаваю», - і паказаў на воз, што стаяў недалёка ад брамы. Алхазаў, зірнуўшы на крывавае месіва на саломе, пагадзіўся, бо меркаваў, што аддае ўжо амаль што нябожчыка, з якім улады мелі б лішні клопат.

Трошкі па-іншаму лідскую легенду пра апошні бой Пятра Паплаўскага пераказаў адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі Вандалін Шукевіч: «Для паўнаты разумення падзей у Лідскім павеце дазволю сабе дадаць яшчэ адзін эпізод, які адбыўся ў канцы бою пад Дубічамі. Адзін з удзельнікаў быў паранены ў нагу, страціў шмат крыві і, перамагаючы боль, краўся ў бок мястэчка Забалаць. Каб набрацца сіл, ён прылёг у лесе і ўбачыў вайсковы аддзел з афіцэрам на чале, які ішоў у яго бок. Ні хвіліны не марудзячы, не думаючы пра наступствы, ён выстраліў у афіцэра з пісталета і забіў яго. Жаўнеры кінуліся да паўстанца і літаральна ўзнялі яго на багнеты, пасля чаго вырашылі, што герой загінуў, і таму пакінулі ў лесе, а цела афіцэра панеслі з сабой. Аднак, атрымаўшы шаснаццаць ран, паўстанец не памёр, яго знайшлі і перанеслі ў бліжні маёнтак. Ён выжыў, выздаравеў і цяпер тымі ранамі, якія пакрываюць яго цела, можа засведчыць праўдзівасць сваёй гісторыі».

У 1930-х гадах лідскі суддзя Юльян Грымайла-Прыбытка згадваў, як ён у дзяцінстве разам з братамі слухаў расповеды таго самага ветэрана паўстання Пятра Паплаўскага, сябра маладых гадоў свайго дзеда Юльяна. Ён пісаў, што Уладзімір і Пётр Паплаўскія паходзілі з фальварка Крэвін Сабакінскай гміны, мелі маці з Гофманаў і жылі пераважна у маёнтку Капцюхі, дзе дапамагалі па гаспадарцы свайму сябру і аднакашніку Юльяну Паплаўскаму, які не быў іх сваяком. Пасля паўстання Юльяна Паплаўскага (сына Міхала, 36 гадоў) саслалі ў Сібір.

Менавіта з Капцюхоў браты Паплаўскія і пайшлі у паўстанне. Юльян Грымайла-Прыбытка пісаў: «Уладзімір Паплаўскі загінуў пад Дубічамі, а Пятра, самым гвалтоўным чынам закатаванага … пад Ганэлькамі, ледзь не засыпалі ў агульнай магіле з палеглымі паўстанцамі, але сяляне, якім даручылі гэтую справу, заўважылі, што ён жывы, і адвезлі ў блізкія Сабакінцы да ягонага крэўнага Цыпрыяна Шалевіча, дзе ў сховішчы ён неяк залячыў свае раны. Сасланы быў потым на Каўказ, але дзякуючы старанням маёй бабкі пасля маніфеста вярнуўся дахаты. С. п. Пётр Паплаўскі быў чалавекам небывалага гарту: не раз пасля маіх просьбаў (я быў дзевяцігадовым хлопцам) паказваў мне свае шнары ад ран, а меў іх 17, бо жаўнеры, раз'юшаныя ягоным адпорам, некалькі разоў падкідвалі яго на багнетах. Адна куля патрапіла яму ў нагу, рана зажыла, і бядак хадзіў з гэтай куляй, нават не надта яе адчуваючы. Толькі падчас непагоды давалася гэтая куля яму ў знакі».

Далей Грымайла-Прыбытка пераказаў расповед сваёй маці пра тое, як аднойчы ў яе дзяцінстве пан Пётр (так звычайна яна яго называла) не прыйшоў у прызначаны час на абед і таму бабуля накіравала яе ў афіцыну, у якой пан Пётр жыў, каб паклікаць яго да стала: «Дарэмна мая маці грукала ў дзверы - у хаце было ціха. Калі ж яна зазірнула ў акно пакоя, дык убачыла наступнае: «Пан Пётр» сядзеў на лаве з аголенай нагой і заўзята калупаў сцізорыкам ў тым месцы, дзе была куля. На падлозе стаяла мядніца з крывёю і кубак з вадой, а каля яго ляжаў кавалак чыстай тканіны. Пан Пётр папрасіў, каб абед прынеслі сюды, і скончыў аперацыю - праз хвіліну здабыў кулю і забінтаваў нагу. Пасля чаго паўстанец трыумфаваў, кажучы, што ён сам для сябе найлепшы хірург. Такія гэта былі людзі».

Брат Юльяна Грымайлы-Прыбыткі Антон, лідскі лаўнік, а таксама вядомы ў 1930-я гады краязнавец і паэт, пісаў, што падобныя кровапусканні для паўстанца былі звычайнай справай, і растлумачыў іх па-іншаму: «Доўгі час Паплаўскі лячыўся. Улады даведаліся пра тое, што ён выжыў, і яму пагражала пятля. Лекар з Васілішскім прыставам рэгулярна прыязджалі да нас, каб даведацца пра стан яго здароўя, і паўстанец кожны раз аднаўляў свае раны сцізорыкам. Неяк дачакаўся амністыі і потым выехаў на Каўказ, пасля доўгі час туляўся па Палессі і праз шмат гадоў вярнуўся ў Край. Памёр у 1915 годзе ў Воўчынках у спадарыні Яніны Мейр (з Паплаўскіх. - Л. Л.)». Антон Грымайла-Прыбытка паведаміў яшчэ, што Пётр Паплаўскі «быў праўдзівым чалавекам і ніколі не лгаў». Краязнавец запісаў кароткія ўспаміны паўстанца і надрукаваў іх, і менавіта з іх я і пачаў расповед пра гэтага чалавека.

Пётр Паўлаўскі памёр у добра вядомай у той час на Лідчыне Яніны Мейр з Паплаўскіх, якая, здаецца, была яму пляменніцай.

Сусед Яніны Мейр, уладальнік Малога Мажэйкава Андрэй Брахоцкі ўспамінаў: «На поўнач … суседзяў было менш. Найбліжэй, за восем кіламетраў ад Мажэйкава, з Мажэйкаўскім лесам межаваў маёнтак Воўчынкі пані Яніны Мейер з Паплаўскіх. Маляўнічая мясцовасць на нэндзнай рэчцы з малым млынам за сто крокаў ад жылога дома маёнтка. Млын быў заўсёды зламаны, а гаспадыня і не цікавілася яго станам. Але гэты млын упрыгожваў зарослы хмызняком краявід, які не мяняўся сотні гадоў. Прыгожы куток для паэтаў і закаханых пар, якія, дарэчы, тут часта гасцявалі. Гаспадыня ўсіх гасцінна сустракала, але ніколі не клапацілася аб тым, як гасцям бавіць час. Кожны прыязджаў, калі хацеў, і адзінае, што ад яго патрабавалася, каб не быў надта нудны. Летам тут жыло шмат гасцей, збіралася культурнае кола - з моладзі, паэтаў-пачаткоўцаў і навукоўцаў. Гаспадыня шмат чытала, жыла ў інтэлектуальных мроях і мала займалася гаспадаркай, што потым прывяло да праблем з выплатай падаткаў. Заўсёды прымала ўдзел у грамадскіх справах, аддаючы ім перавагу перад справамі маёнтка. Час ад часу нават дапамагала такім інстытуцыям, як, напрыклад, войтаўства Васілішскай гміны».

Сын уладальніка маёнтка Ішчална Караль Лясковіч у мемуарах, якія захоўваюцца ў Вроцлаўскай бібліятэцы Асалінскіх, праз шмат гадоў пісаў: «Яніна Мейр з Паплаўскіх - сапраўдная з'ява ў нашым павеце. Перад Першай сусветнай вайной яна ўспадкавала ад бацькі і дзядзькі значны маёнтак, які складаўся з фальваркаў і меў агульную плошчу каля 800 га. У 1939 годзе засталося толькі 244 га. Астатнюю зямлю гаспадыня ці танна прадала, ці падарыла сябрам і сялянам з навакольных вёсак. Было ў ёй нешта ад Жорж Санд. Не надта прыгожая, але вельмі жаноцкая, самастойная, з разнастайнымі зацікаўленасцямі, поўная капрызаў, рамантычная, падобная да суфражысткі. Інтэлектуалка, якая кіравалася ў жыцці сантыментамі. У яе Воўчынках бывалі госці розных поглядаў і прафесій: літаратары, артысты, палітыкі і нават «нябесныя птушкі». Калі б у той час жыў граф Каліёстра, ён не абмінуў бы Воўчынкі, як не абмінуў іх авантурнік, перамытнік і нават бандыт Пясецкі, аўтар «Каханка Вялікай Мядзведзіцы». У Воўчынках увесь час бавіліся госці, хоць гаспадыня дома не надта думала пра кухню. Падчас летніх вакацый Воўчынкі нагадвалі нейкую рэспубліку, у якой кожны госць гаспадарыў, як у сваім доме. Дазвалялася яму ўсё, акрамя аднаго - быць нудным.

Пані Паплаўская ўсё ж вырашыла зменшыць сваю свабоду і выйшла замуж за павятовага архітэктара з Ліды, цікавага мужчыну, інжынера Аляксандра Мейра. Але яе замуства не было доўгім. Пасля заўчаснай смерці мужа ў 1930-х гадах яна атрымала пасаду войта Васілішскай гміны. У 1940-м была арыштавана і вывезена ўглыб СССР, што для яе як для энтузіясткі сялян было цяжкім прабуджэннем ад мар. Адтуль праз Персію, Палесціну і Егіпет дабралася ў Лондан і тут памерла ў 1950-х гадах у беднасці і адзіноце».

Дадам, што менавіта ў Воўчынках Сяргей Пясецкі пасябраваў з Аленай Скіндар (з Іваноўскіх, сястрой Вацлава Іваноўскага) і перасяліўся ў суседнюю Лябёдку, дзе і сустрэў верасень 1939 года [1].

Гурнофель

Разам з Людвікам Нарбутам пад Дубічамі, акрамя іншых, загінулі браты Бразоўскія з Гурнофеля - Аляксандр (лекар, 32 гады) і Францішак (35 гадоў). Адразу пасля бою, каб расшукаць целы сыноў, у Дубічы прыязджала іх маці.

У вярхоўях рэчкі Касцянёўкі, якая цякла праз Воўчынкі, знаходзіўся дастаткова вялікі, у 800 га, маёнтак Гурнофель. Вельмі цікава пра Альфрэда Бразоўскага (невядома, сынам якога з братоў ён быў) пісаў Андрэй Брахоцкі: «У мае маладыя гады гаспадаром маёнтка быў пан Альфрэд Бразоўскі - стары кавалер. Ездзіў чацвёркай коней, зімой заўсёды са званочкамі, бываў паўсюдна, не прапускаў нічыіх суседскіх імянін і нават у сталым веку сябраваў з так званай «залатой моладдзю». Меў яшчэ нейкі іншы маёнтак у іншым павеце і яшчэ перад Першай сусветнай вайной купіў сабе аўтамабіль - хоць і ўжываны, але гэта быў першы аўтамабіль у Лідскім павеце. Усе балі ў акрузе былі яго, і часта пасля балю брычка Бразоўскага начавала ў канаве. Расказвалі, што для аўтамабіля трымаў двух шафёраў, а шыны ездзіў мяняць за 100 кіламетраў. У часы Першай сусветнай вайны ажаніўся з паннай Янкоўскай і адразу пасля вайны памёр, пакінуўшы адну дачку.

Хадзіла пра яго шмат анекдотаў, якія дасціпныя сябры ахвотна расказвалі. Ён з цікавасцю выслухваў анекдоты пра сябе і сам з іх першы смяяўся. У маёй памяці засталося некалькі такіх гісторый. Расказвалі, што ў маладосці ён некалькі разоў рабіў прапановы рукі і сэрца, але безвынікова. Адным разам у кавярні яму і яго пасіі падалі дзве філіжанкі кавы з вяршкамі ў адным гаршчочку з вушкам. Пан Альфрэд звярнуўся да панны з пытаннем, ці хацела б яна мець з ім адзін агульны гаршчок на ўсё жыццё. Тая адмовілася.

Іншым разам нейкі дасціпнік запэўніў пана Альфрэда, што ведае такі фокус: поўная шклянка вады будзе перавернута над яго галавой, а ён пры гэтым застанецца сухі. Пан Альфрэд сказаў, што гэта немагчыма. Тады жартаўнік прапанаваў паспрачацца на 100 рублёў - вялікія ў той час грошы. Памятаю як наш улюбёны фурман, стары Юзаф, купіў сабе добрыя скураныя боты за 3 рублі. Пан Бразоўскі быў ашчадны і прапанаваў спрэчку на 1 рубель. Было гэта ў рэстаране, афіцыянт прынёс шклянку вады, якую штукар на вачах усяго рэстарана выліў на галаву пана Альфрэда. Пасля чаго, здзівіўшыся, сказаў, што фокус не ўдаўся, і заплаціў 1 рубель. На гэтым справа да задавальнення абодвух бакоў скончылася.

У Гурнофелі была адзіная ў павеце кур'ёзная стадола над самай рэчкай, і ў ёй вадзяное кола вярцела малатарню, сячкарню і камень млына. Рэчка там была малая, але перапад вышыні вялікі».

Адразу пасля Першай сусветнай вайны Бразоўскі разам з бацькам Андрэя Брахоцкага і ўладальнікам Лябёдкі Міхневічам, «чалавекам вёрткім і гаспадарлівым», пабудаваў тартак ў Скрыбаўцах. Але супольны бізнес не пайшоў, бо «пан Бразоўскі хутка памёр, а яго жонка нічога не разумела ў справе, мой жа бацька меў ужо 75 гадоў, пану Міхневічу таксама было больш за 60».

Сын уладальніка маёнтка Ішчална Караль Лясковіч паведаміў: «У мае часы Гурнофель належаў старому кавалеру Альфрэду Бразоўскаму, які ў познім веку ажаніўся на панне Алене Янікоўскай. Ад гэтага шлюбу нарадзілася адзіная дачка Марыя, якая пасля Другой сусветнай вайны выйшла замуж і жыла ў Лодзі».

Пра жонку старога кавалера Алену Бразоўскую на Лідчыне таксама хадзілі анекдоты. Пляменнік Вацлава Іваноўскага Казімір сярод розных смешных гісторый, якія адбыліся ў дзяцінстве, прыгадваў наступную: «Гурнофель - добра дагледжаны, самы вялікі маёнтак у нашай ваколіцы. … калі едзем па яго тэрыторыі, … успамінаем гісторыю пакрыўджанай пакаёўкі. А было гэта так.

Гаспадыня маёнтка пані Бразоўская - мілая спадарыня са спецыфічнай вымовай: замест «л» вымаўляла «р». Яна ўзяла новую пакаёўку і загадала ёй «пасЛаць у спальным пакоі». Дзяўчына была дысцыплінаваная, але ведала, што паны часам маюць дзіўныя жаданні, і таму не ўдакладніла, чаму пані жадае, каб яна пас…ла ў спальні. Выканала загад і была вельмі здзіўленая, калі ў першы ж дзень атрымала вялікую вымову».

Другі сусед Бразоўскага Андрэй Раствароўскі пісаў, што «у бок Васілішак быў Гурнофель Фрэда Бразоўскага, які меў ўжо нямала гадоў, але жаніўся на маладой панне А. Праз два гады пасля жаніцьбы памёр, а яна хутка зноў выйшла замуж за кіраўніка малочнага кааператыва Тумялевіча».

Галавічполе і Голдава

У сярэдзіне XIX стагоддзя маёнткам Галавічполе валодаў Станіслаў Губарэвіч. Ён меў сына і дзвюх дачок - Станіславу, якая стала трэцяй жонкай Станіслава Іваноўскага, дзеда Вацлава Іваноўскага, і Юстыну, што выйшла замуж за Яна Якуба Валейку герба Корвін.

Сын Станіслава Губарэвіча - Стэфан (1836 г. н.) падчас паўстання лічыўся паручнікам у адпачынку (з'яўляўся кадравым афіцэрам) і далучыўся да атрада Людвіка Нарбута пасля бітвы пад Кавалькамі. Ратуючы свайго камандзіра, ён загінуў пад Дубічамі. Даследчыца паўстання Соф'я Кавалеўская пісала: «Спадарства, халаднакроўна адстрэльвацца і адсоўвацца назад», - скамандаваў Нарбут. «Урассыпную!» - дадаў яшчэ, але яго голас заглушыў гул бітвы. Раптам камандзір захістаўся … і упаў. Андрыёлі і Пілецкі кінуліся яму на дапамогу, але атрымалі раненні і вымушаны былі ўступіць месца іншым, якія ўчатырох падхапілі Нарбута, каб вынесці яго з лініі агню ў больш небяспечнае месца. Частка атрада разбеглася па лесе, а тыя, хто нёс камандзіра - Пакемпіновіч, Леон Краінскі, Аляксандр Бразоўскі і Стэфан Губарэвіч - упалі на зямлю мёртвымі…»

Пасля смерці старога Станіслава Губарэвіча фальварак Галавічполе падзялілі паміж сабой Іваноўскія і Валейкі. У Юстыны і Яна Валейкі нарадзіліся тры сыны - Вінцэнт, Антон і Станіслаў.

Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў Вацлава Іваноўскага належаў пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка з суседняга для Іваноўскіх фальварка Галавічполе. Маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара «Свабоды». Ручную матрыцу «Свабоды» на восем старонак падрыхтавалі Мілер (зрабіў першую старонку) і Вінцэнт Валейка (усе астатнія старонкі). Усё гэта яны перавезлі ў Лябёдку, дзе падчас калядных вакацый 1902 года Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, а таксама Вінцэнт Валейка з братамі Антонам і Станіславам надрукавалі газету на гектографе накладам 200 асобнікаў. На тытульным аркушы значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.». Першая беларуская газета XX стагоддзя была надрукавана такім чынам на Лідчыне.

У 1905-м Вінцэнт Валейка разам з Вацлавам Іваноўскім быў адным з семярых сяброў-закладчыкаў беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца».

Сімвалічна, што разам з Вацлавам Іваноўскім першую ў XX стагоддзі беларускую газету «Свабода» друкавалі родныя пляменнікі героя паўстання 1863 года. У гісторыі нічога і ніколі не вырастае на пустым месцы: каб з'явілася нешта па-сапраўднаму каштоўнае, патрэбна вялікая культурная традыцыя.

Раскажу трошкі пра пляменнікаў загінуўшага паўстанца Стэфана Губарэвіча.

Цікавую інфармацыю пра братоў Валейкаў падае той самы сын уладальніка маёнтка Ішчална Караль Лясковіч: «У 1921 годзе … маёнтак Голдава з 1 500-2 000 га ўспадкавалі ўладальнік маёнтка Табарышкі з Віленшчыны Юзаф Скарбак-Важынскі і тры браты Валейкі. У якіх суадносінах падзялілі маёнтак Скарбак-Важынскі і Валейкі, не памятаю. Мне толькі вядома, што Важынскі сваю частку атрымаў лесам і ніколі ў Голдаве не жыў. З братоў Валейкаў Голдава атрымаў Антон і таму мусіў пабудаваць тут жылы дом. У Голдаве сваю долю атрымаў і Вінцэнт Валейка. Станіслаў успадкаваў фальварак Галавічполе ў Васілішскай гміне і лясы. Горны інжынер Вінцэнт меў дваіх дзяцей - сына Вітольда і дачку Ядвігу. Наколькі я ведаю, абое жывуць у Варшаве (гэта ў 1971-м. - Л. Л.)».

Дачка ўладальніка суседняга з Голдава маёнтка Стрэліца Яніна Бурак успамінала: «Уладальнікам Голдава быў Антон Валейка, арыштаваны … 2 лістапада 1939 г., а пад Боркамі гаспадарыў інжынер Вінцэнт Валейка, які выкладаў у Дамброве Горнай».

Уладальнік Голдава Антон Валейка ў міжваенны час быў членам управы павятовага Звязу землеўладальнікаў, узначальваў рэвізійную камісію Шчучынскага павятовага аддзела, быў членам рады Лябёдскай гміны і кіраўніком рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках. У 1939 годзе яго арыштавалі і выслалі ўглыб СССР. Далейшы яго лёс невядомы.

Пасля падзелу маёмасці паміж братамі ў Галавічполі гаспадарыў адзін з былых друкароў газеты «Свабода» Станіслаў Валейка. Па ўспамінах, гэта быў грузны, абсалютна лысы мужчына з поўным ротам залатых зубоў. Увесь час сядзеў на гаспадарцы, бо не давяраў эканомам, і ў яго ўсё выдатна атрымлівалася - своечасова плаціў падаткі. Станіслава Валейку добра характарызаваў яўрэй-кравец з Васілішак Абрам. Неяк яго запыталі, што новага чутно ў ваколіцы. Абрам падрабязна расказаў пра ўсе навіны і закончыў так: «А пан Валейка дапамагае іншым наракаць на цяжкі час».

Станіслаў Валейка нейкі час быў удаўцом, але потым ажаніўся зноў. Яго другая жонка працавала настаўніцай дзесьці на Валыні і наведвала мужа толькі падчас вакацый. Была гэта энергічная жанчына з рубенсаўскімі формамі ва ўзросце каля 40 гадоў. Валейкі да канца 1930-х гадоў заставаліся сябрамі Іваноўскіх. Пляменнік Вацлава Іваноўскага Казімір успамінаў такую гісторыю: «… у нашай ваколіцы гаспадарыў далёкі кузэн нашай мамы Фэлек Аскерка, былы капітан польскага войска. Меў ён вельмі маладую і прыгожую жонку - гэта была самая маладая з нашых цётак. Як заўсёды, 15 жніўня мы адзначалі імяніны нашай мамы. З'язджаліся сваякі, суседзі і сябры. Мы ўжо сядзелі за традыцыйным пірагом з капустай, калі пачулі, што адчыніліся дзверы і нехта з ганку ўвайшоў у хату. Шляхетны Лех (старэйшы брат Казіміра. - Л. Л.), які ў гэты час вучыўся ў выпускным класе, вырашыў, што прыехала цёця Аскерка, і кінуўся ў цёмны прадпакой, каб выказаць свае гарачыя пачуцці сваякам, і ў цемры моцна ўзяўся за пацалункі. Калі ўнеслі святло, дык аказалася, што спазніліся Валейкі. Пан Станіслаў быў не ў захапленні ад гэткай сардэчнасці, але яго жонка не пратэставала».

Станіслаў Валейка меў дзяцей толькі ад першага шлюбу, былі гэта Вітак і Дзюня. Дзюня перад самай вайной выйшла замуж за маладога афіцэра з рэдкім прозвішчам Вайнікініс, ён потым загінуў на вайне. Вітак пасля заканчэння курса права Віленскага ўніверсітэта адбываў стажыроўку юрыстам. Жыў у Вільні, быў заўзятым філатэлістам і ўражваў сяброў сваімі калекцыямі.

Станіслаў Валейка з'яўляўся членам Васілішскай гміннай рады, у 1939-м яго арыштавалі і вывезлі ўглыб СССР. Далейшы лёс невядомы.

Пра Вінцэнта Валейку вядома няшмат. Нарадзіўся 23 студзеня 1883 года ў фальварку Галавічполе, у 1903-м скончыў Трэцюю рэальную гімназію ў Пецярбургу, а потым стаў студэнтам сталічнага Горнага інстытута. Восенню 1910 года пасля заканчэння Горнага інстытута выехаў з Пецярбурга і ў лістападзе пачаў працаваць горным інжынерам у Шчарбінаўскай шахце на Данбасе. З 1921-га жыў у Дамброве Горнай у Польшчы, спачатку працаваў у шахтах, вядома, што ў 1923 годзе займаў пасаду галоўнага інжынера, а потым працаваў дырэктарам Дзяржаўнай горна-металургічнай школы імя Станіслава Сташыца.

Гісторык Юры Туронак пісаў, што Вінцэнта Валейку ў траўні 1940-га арыштавала гестапа і 18 кастрычніка гэтага ж года ён памёр у канцлагеры Заксенгаўзен. Але захаваліся ўспаміны вязня лагера Дахау Францішка Шоты, які быў вучнем Валейкі і пісаў пра лёс свайго настаўніка: «Трошкі ўспамінаў пра дырэктара інжынера Валейку. Як праз сон памятаю доўгія кашмарныя дні побыту ў гітлераўскіх лагерах смерці Дахау і Араніенбург у адным бараку з інжынерам Валейкам, апошнім дырэктарам горна-металургічнай школы. Лагерныя вопыты - цяжкі жыццёвы груз, не магу пазбыцца яго і сёння. Лагер вяртаецца ў фантомных снах, чакае над ложкам у выглядзе пакутлівых і жахлівых прывідаў. Калі я згадваю тыя гады, дык у думках вяртаецца да мяне вобраз майго лагернага калегі інжынера Валейкі, які прайшоў тут праз пякельныя пакуты. Ён быў ужо стары, але гітлераўцы адчулі ў ім высокую душу і ўсё самае дрэннае яго не абмінула. Біты і абшуканы пры кожнай магчымасці (а гэткіх хапала), выконваў самую цяжкую працу, але духоўна не зламаўся і заахвочваў жыць іншых. Быў сябрам усіх вязняў без розніцы ўзросту, нацыянальнасці і расы, хто ж яго не ведаў? Яго сэрца было адчынена для ўсіх, і вязні цягнуліся да яго па добрую параду, апеку і дапамогу, па яго аптымізм і веру ў блізкую волю. Няма яго паміж намі. Спрацаваны, збіты і хворы, ён упаў на пляцы падчас шасцігадзіннага стаяння без руху - гэтак пакаралі ўвесь лагер з-за спробы аднаго з вязняў збегчы. Здранцвелага ад холаду, яго прынеслі ў лазарэт, адкуль ён ужо не вярнуўся. Ніколі не забуду яго слоў, якія ён мне сказаў, калі яго адносілі санітары: «Я ўжо сыходжу, і смерць для мяне не будзе страшнай, але сэрца сціскае боль, што маё цела застанецца на варожай зямлі». Вінцэнт Валейка, сябар і сусед Вацлава Іваноўскага, які разам з ім і сваімі братамі быў выдаўцом першай беларускай газеты XX стагоддзя, закатаваны ў нацысцкім лагеры Дахаў.



[1] Гл.: Лаўрэш, Л. Алена Іваноўская / Л. Лаўрэш // Маладосць. - 2019. - № 8. - С. 20-33.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX