Дзве рэчы робяць чалавека падобным да багоў: служэнне грамадскаму дабру і словы праўды.
Піфагор.
1.
У 1882 годзе выключна прыгожая графіня Яніна Астрог-Садоўская герба Наленч, родам з Украіны, а дакладней, з Пётркаўскага павета ў Каралеўстве, дзе яе бацькам належаў вялікі маёнтак Машчаніца пасля князёў Масальскіх, а зараз маркграфіня Яніна Умястава-Умястоўская [1], на вясельным каберацы прыняла пярсцёнак з рук Уладзіслава графа Умястоўскага, уладара вялікіх маёнткаў, спадчынніка Жамыслава, Клевіцаў, Канвялішак і Гяложаў у Ашмянскім павеце, а таксама Кошалева, Нянькава, Ляўкова і Пузяневічаў у Наваградскім павеце. Зямельная маёмасць уладальніка Жамыслава тады дасягнула амаль дваццаці тысяч дзесяцін, значная частка якіх была пад прыгожым лесам.
Жамыслаўль, калісьці маёнтак магутнага роду Жамілаў, знаходзіцца ў Ашмянскай зямлі, прасякнутай многімі самымі шанаванымі гістарычнымі традыцыямі, ляжыць паміж Гальшанамі, з якіх выйшла дынастыя Ягелонаў па Зоф'і ці Соньцы, маці роду, чацвёртай жонкі караля Уладзіслава Ягайлы, каранаванага ў 1424 годзе, і Геранёнамі, адкуль Барбара Радзівіл - удава пасля наваградскага ваяводы Станіслава Гаштольда, на якім назаўсёды згас славуты род, патрапіла ў абдымкі апошняга з Ягелонаў, стаўшы разам з ім дзвюма самымі светлымі постацямі цудоўнай легенды, роўню якой цяжка знайсці сярод тронаў усяго свету.
Тут, каля Трабаў, спадчыны калісьці магнацкага роду Корсакаў, ранейшай каралеўшчыны, маецца гарадзішча, якое паходзіць з неспасціжнай цемры дагістарычных часоў. Тут, крыху на поўнач - Граўжышкі, месца старажытнай цвярдыні, якую, як мяркуецца, пабудаваў прапрадзед аднаго з напаўміфічных правадыроў, кунігаса Эрдзівіла.
Словам, куды ні глянь, вакол Жамыслава, пра што не успомні - як тыя жудасныя туманы, узнікаюць гістарычныя візіі, якія ў прыцемках, увечары падымаюцца над спрадвечнымі лугамі.
Жамыслаўль ляжыць на даволі хуткай і ў гэтым месцы незвычайна звілістай рацэ Гаўя, якая ўпадае ў Нёман. Сёння ён знаходзіцца паміж дзвюма чыгуначнымі лініямі - Ліда-Вільня і Ліда-Маладзечна. Бясконцыя апошнія спробы ўсталяваць найбольш рацыянальныя адміністрацыйныя межы, прывялі гэтую карэнную Ашмяншчыну з велізарнымі маёнткамі Умястоўскіх разам з Жамыславам у межы Лідскага павета. Вядома, гэта не ганьба... але ўсё ж! Каля 1840 года з вялікай тэрыторыі, велізарнага Ашмянскага павета быў створаны сучасны Свянцянскі павет. Цяпер зноў жа самая карэнная частка старажытнай Ашмяншчыны была адміністрацыйна перахрышчана ў раней няісны Валожынскі павет. Жамыслаўль, Ліпнішкі і Геранёны ўцяклі ... у Лідскі павет. Рэжуць гісторыю, як свежаспечаную булачку... Разрываюць тое, што змацавана бясконцым часам...
Аднак ніякім загадам нельга сцерці ці, як пясок рыдлёўкай у яму выкінуць, тое, што менавіта ашмянскі падкаморы, літоўскі скарбовы пісар Ежы Ваўжынец з Тэнчынскай зямлі, быў перадапошнім дзедзічам Жымаслава, што Жымаслаў паслядоўна пераходзіў з рук Пацаў, Шчытоў і Кяневічаў, і што не хто іншы, як Антоні Кяневіч, мазырскі земскі суддзя, у 1807 годзе прадаў Жымаслаў Якубу Умястовскаму.
Род Умястовскіх, з гербам Рох Тэрцыё (Рох ІІІ), паходзіць ад Пярхалаў, з якіх і Пшаздзецкія жадаюць мець сваіх продкаў. Войцех Пярхала з-за свайго маёнтка Умястава пад Варшавай, як піша адвакат Касінскі, атрымаў прозвішча Умястоўскі. Падобна, менавіта гэты Войцех згадваецца ў Варшаўскіх актах паміж 1430 і 1450 гадамі. Нашчадак Войцеха, Ян, які памёр у 1609 годзе, быў родапачынальнікам так званай "літоўскай" лініі роду Умястоўскіх. Але ні Ян, ні Якуб, а Тамаш, брат Якуба, заснаваў незвычайнае багацце роду Умястоўскіх і іх важнасць для нашага краю.
Ён быў перш за ўсё адвакатам [2]. У канцы Рэчы Паспалітай яго праца "Працэс Літоўскі" доўгі час служыла адвакатам кодэксам нязменных правілаў. Ён набыў Бердаўшчыну (сёння пана Браніслава Умястоўскага), дзе і пражыў сваё жыццё. Ён набыў Клевіцы, тады Гялошы. Памёр у 1822 годзе і пакінуў пасля сябе вялікі маёнтак. Жанаты з Пузынянкай, быў маршалкам ашмянскай шляхты. Пазней гэтую пасаду мелі Эміль і Казімір Умястоўскія. Казімір, ашмянскі маршалак, пакінуў пасля сябе двух сыноў: вялікага аматара старажытнасцей і гістарычных памятных рэчаў, заўзятага бібліяфіла Альберта, які жыў у сваёй спадчыннай Клевіцы, і - згаданага вышэй - Уладзіслава, дзедзіча Жамыслава. Уладзіслаў Умястоўскі меў тытул графа і паяднаўся з найбольш выбітнымі радамі старажытнай Літвы, быў ротмістрам гусараў рускай арміі, былым маршалкам Трокаў, закаханы ў свой Жамыслаўль і прывозіў сюды з замежных падарожжаў усё, што можа ўдасканаліць і ўпрыгожыць вялікапанскую рэзідэнцыю. Ён пабудаваў Жамыслаўльскі палац - копію Лазенкаўскага палаца. Падняў эканоміку на высокі ўзровень, захаваў цудоўныя лясы некранутымі, а ў Суботніках, мястэчку, ці хутчэй вялікай вёсцы, недалёка ад Жамаслава, пачаў будаўніцтва цудоўнага касцёла, які быў адкрыты і асвечаны ў 1905 годзе. Гэты касцёл, несумненна, з'яўляецца адным з самых слаўных узораў культуры і мастацтва ў вялікай ваколіцы. Вытанчана пабудаваны з цэглы на падмурках з часанага каменю, з высокай, бачнай здалёк вежай, убітай ў зямлю быццам стрэлка компаса сярод пагоркаў, лугоў Гаўі і бясконцых хваёвых лясоў.
Па-майстэрску, у гатычным стылі зробленыя, дубовы алтар і амбон, гармануюць з так званай надвіслінскай готыкай, у стылі якой пабудавана святыня. Вялікі алтар упрыгожаны фігурай святога Уладзіслава (патрона фундатара). У апсіде, па абодва бакі ў сцены ўмураваны мармуровыя пліты з імёнамі Умястоўскіх, пахаваных у лёхах касцёла. Надмагілле с. п. Альберта зроблена на ўзор знешняй табліцы віленскай капліцы святога Казіміра. На процілеглай сцяне, над мармуровай і бронзавай хрысцільніцай, знаходзіцца выява заснавальніка. Побач з апсідай маецца ложа калятараў з асобным уваходам. У бакавым алтары прыгожая Мадонна ў атачэнні святых, намаляваная Мардасевічам. Вакол келецкі мармур, па-мастацку каванае жалеза паўтарае геральдычны матыў лілей, бронза і вытанчана апрацаваны дуб. На хорах добры арган. Усё гэта стварае цудоўнае ўражанне. Багата і годна.
Але самым яркім упрыгожаннем касцёла ў Суботніках з'яўляецца крыпта ў лёхах, дзе ў катакомбах спачываюць труны. Сцены выкладзены лабрадорам. Вайна перашкодзіла пакрыць столь венецыянскай мазаікай, замоўленай у Сальвіаці. На бледна-блакітным фоне на ўзор неба намаляваны зоркі. У цэнтры крыпты нізкі алтар з чорнага мармуру з катакомбнымі эмблемамі ранняга хрысціянства. Вельмі прыгожа і высакародна. Праца па завяршэнні працягваецца.
Я прысвячаю гэтыя некалькі слоў суботніцкаму касцёлу, што можа здацца некаторым недарэчнасцю менавіта таму, што касцёл у Суботніках уяўляе сабой, як бы мовіць, апошні дотык рукі, якая сачыла за ўсёй гэтай велізарнай ваколіцай. След гэтай рукі застаецца паўсюль ... хоць тое, што яна зрабіла, было растаптана і знішчана, пачынаючы ад руж перад палацам у Жамыславе і мастацкага ўпрыгожвання касцёла ў Суботніках і да аксамітных лугоў над Гаўяй з фруктовымі садамі ў фальварках.
Я падводжу да таго, што гэты Жамыслаўльскі двор і ўсё яго наваколле, з усім яго, так бы мовіць, незалежным удзелам вялікіх зямных багаццяў, з усёй мясцовасцю, дзе ён знаходзіцца, прасякнуты прыгожымі традыцыямі і карпатлівай працай пакаленняў, напоўнены піетэтам і любоўю … гэта не проста нейкі "прыбытковы" маёнтак, нейкі "заняпалы кут".
Гэта кавалачак нашага мінулага. Гэта кавалачак нашай культурнай спадчыны. Гэта кавалак нашага любімага краю, які трэба прыціснуць да сэрца, з любоўю бачыць яго ў самым чыстым, найпрыгажэйшым святле.
Так бывае, што чужынец, прыбыш здалёк, не бачыць нічога. Бачыць толькі жменю шэрай зямлі. Якая яму справа да нашых святых рэчаў, нашых традыцый, нашай любові!
Яму не будзе стагнаць пад сякерай стогадовая сасна, яму не будзе шаптаць наш ручай, для яго колас нашага жыта мае толькі купецкую вартасць.
*
У сям'і Умястоўскіх не было дзяцей. Калі ўся надзея знікла, пад дахам Жамыслаўльскага палаца нарадзілася думка прысвяціць, калі не ўвесь магнацкі маёнтак, дык хаця б значную яго частку на грамадскія мэты ці на нешта іншае. Граф Уладзіслаў настойваў перш за ўсё на тым, каб Жамыслаўль не меў перапынку ў сваім культурным развіцці і каб яго перадалі б нейкай ўстанове, ён з часам стаў бы цэнтрам і вогнішчам адукацыі краю. Як адзін з такіх асяродкаў часта згадваліся Пулавы.
Графіня Яніна аддана падтрымлівала свайго мужа, і калі ён памёр без дзяцей, яна вырашыла рэалізаваць іх сумесныя планы.
Такім чынам, калі адрадзілася і пачала развівацца дзяржава і графіня Умястоўская, засталася апошняй дзедзічкай маёнтка свайго мужа, на пачатку 1920 года яна вырашыла заснаваць фундацыю імя Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх і перадаць яе Віленскаму ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя.
У сакавіку 1920 года Віленскі ўніверсітэт не меў рэктара, і яго пасаду замяшчаў кс.-прафесар Браніслаў Жангаловіч. Дакумент аб ахвяраванні быў падпісаны толькі ў 1922 годзе рэктарам Вітольдам Станевічам. Што гэта быў за падарунак? Што ўваходзіла ў яго склад? Далей, якая была мэта ахвяравання, дакладна вызначаная Умястоўскай? І па-трэцяе: што зрабіў да гэтага часу Сенат Універсітэта Стэфана Баторыя на чале з яго рэктарамі, каб належна выкарыстаць гэты па-сапраўднаму каралеўскі дар?
Паспрабую адказаць на ўсе гэтыя пытанні.
II.
Ахвяраваннем быў ключ Жамыслаўль, які ўключае сам маёнтак Жамыслаўль і два фальваркі, якія можна таксама смела назваць маёнткамі: Гута і Залессе. На агульнай плошчы ў 2100 дзесяцін мы маем 900 дзесяцін сельскагаспадарчых зямель і 1200 дзесяцін старога, высокавартаснага лесу.
Маркграфіня Умястоўская таксама перадала Віленскаму ўніверсітэту і грошы, якія належалі ёй ад скарбу дзяржавы за два маёнткі ў Наваградскім павеце (Кошалева і Пузяневічы), узятыя для вайсковых асаднікаў, агульнай плошчай плюс-мінус 1500 дзесяцін сельскагаспадарчых зямель.
Але гэта яшчэ не канец. Маркграфіня Умястаўская абавязалася выплаціць гатоўкай Віленскаму ўніверсітэту для мэтаў фундацыі і для арганізацыі навуковых устаноў, чвэрць грошай, атрыманых ад парцэляцыі яе іншай маёмасці і ад эксплуатацыі лясоў. Якія гэта могуць быць грошы? Уяўленне пра гэта можа атрымаць, калі даведацца, што маркграфіня Умястаўская, пасля таго, як аддала маёнтак Жамыслаўль універсітэту, усё яшчэ валодае прыблізна 9000 гектараў лесу і каля 4000 гектараў сельскагаспадарчай зямлі. Парцэляцыя і продаж, відавочна, не робяцца маланкава, але з гэтай чацвёртай часткі ў касу ўніверсітэта ўжо паступіла дзесяць даволі істотных плацяжоў, і няцяжка ўявіць сабе прыбытак, які ўніверсітэт будзе мець з гэтай крыніцы за больш працяглы перыяд.
Якая, спытаем цяпер, была мэта фундатаркі, якая дзейнічала строга ў духу намераў памерлага графа Уладзіслава?
Дагэтуль яшчэ на віленскім бруку з-за чалавечай зайздрасці, а галоўным чынам з легкадумнага запалу не могуць пазбавіцца гэтых прыкмет глыбокай правінцыйнасці, неабдумана пляткараць і распаўсюджваюць легенду, што маркграфіня Умястоўская паспяшалася ахвяраваць універсітэту Жамыслаўль ... каб пазбегнуць яго прымусовага падзелу, каб маёнтак не быў парцаляваны для дзяржаўных мэтаў, напрыклад, для зямельнай рэформы і г. д. Не варта марнаваць і дзясятка слоў на абвяржэнне такой лухты, калі, вядома, не ўлічваць тупасць некаторых розумаў. Як такое можа быць? Дзе логіка? Я баюся, каб мой капялюш не садралі з галавы і таму ... я добраахвотна аддаю яго. Своеасаблівы спосаб захаваць капялюш пры сабе! Але, у маркграфіні Умястоўскай сёння ўжо і так няма Жамыслава - ніхто ў прытомнасці не ратуе сваё, калі кідае гэта ў ваду.
Пані Умястоўская зусім не мела намеру "ратаваць" Жамыслаўль для сябе, калі ахвяравала яго ўніверсітэту. Яе намер і мэта былі дакладна акрэслены і выразна зафіксаваны ў дакуменце аб ахвяраванні. Яна мела думку закласці ў Жамыславе сярэднюю школу па ўзоры ліцэяў, якія існуюць у Англіі ці Швейцарыі, з якіх вучні (а, магчыма, і студэнты) выходзілі падрыхтаванымі для практычнай і прыбытковай працы, не праходзячы - часам так мазольна! - вучобу ва ўніверсітэце, каб атрымаць неабходны сертыфікат. Такая школа павінна не толькі адукоўваць і выхоўваць, але і ўмацоўваць (ці захоўваць) здароўе вучняў, даючы ім магчымасць па-за лекцыямі праводзіць як мага больш часу на свежым, добрым і амаль што гаючым паветры, прысвячаць як мага больш часу фізічным практыкаванням. Таму - на што заўсёды рабіла вялікі націск п. Умястоўская - школа ў Жамыславе павінна быць інтэрнатам.
Якое ж ідэальнае месца для такога інтэрната, гэты Жамыслаўль!
Увесь маёнтак ляжыць у парку. Усе гаспадарчыя будынкі разам з вінакурняй, якая зараз стаіць пустой, утвараюць самадастатковы комплекс, знаходзяцца яны на добрай адлегласці ад палаца з дзвюма афіцынамі па абодва бакі ад яго.
Сам маёнтак багата абсаджаны дрэвамі, парк амаль што непасрэдна злучаецца з вялікімі хваёвымі лясамі, якія атачаюць маёнтак. Побач працякае рака, якая віецца па лугах недалёка ад палаца. Шпацыраў хапае. Не шукайце нешта больш прыгожае на замежных курортах чым прагулка цераз мост Гаўі, праз хваёвыя гаі і пагоркі, праз лугі з бліскучай стужкай ракі - дарога, што вядзе да Галынкі. Не адвесці вачэй ад гэтай панарамы... А з-за лугоў, ад сцяны хваёвых лясоў, цягне проста ў лёгкія, бальзамічнае, насычанае смалой паветра.
Над ракой Гаўяй, у якой серабрыстажаберныя рыбы блішчаць на сонцы, прыгожа растуць чорныя алешыны, вылучаючыся сваёй цёмнай зелянінай на смарагдавым фоне лугоў. Тут і збожжавыя палі. Тут і няспыннае шчабятанне птушак. Тут пры дарозе сядзяць прысадзістыя баравікі і чакаюць, калі іх зрэжуць. І столькі ўсюды дзікіх малінаў, чарніц, суніц!.. Удосталь усяго, "чым вясковая хата багата".
- Я зараз вам пакажу, - сказала мне маркграфіня, з ветлівасцю вялікай пані, якой яна нарадзілася, дагэтуль ёй сябе адчувае і ніколі не перастане ёй быць, бо для яе гэта ёсць сапраўднай скарбонкай самых цёплых успамінаў і крыніцай невычэрпных клопатаў і планаў, - я пакажу вам месца, як быццам створанае для школы... для той установы, пра якую мы размаўлялі...
Што? Яшчэ адзін будынак? Без сумневу, зноў манументальны?
О, так, так!.. Грошы ў нас не скончацца. І цэглы дастаткова. А ў лясах дастаткова дрэва. Усё ёсць! Так, так! Нам трэба пабудаваць там інтэрнат, бачыце? За палацам, за ставам, пасярод парку, пабудаваць інтэрнат, … інтэрнат... для сотні хлопчыкаў. Каб Бог дазволіў усё гэта і даў яшчэ некалькі гадоў жыцця… Я сама абсталявала б лекцыйныя залы ў палацы…
- У палацы?
- Чаму не? Навошта адзінокай жанчыне такі вялікі палац?
- Ці вы дамовіліся пра пажыццёвае ўладанне?
- Так. Яно тычыцца толькі строга палацавай тэрыторыі з самім палацам і абодвума афіцынамі. Так сама маю дамову на частку ўраджаю, коней трымаю ў мястэчку, служкаў хутка звольню. Аднак хачу прыстасаваць свае пажыццёвыя ўмовы з тым, што ўніверсітэт будзе рабіць у Жамыславе.
Мы доўга размаўлялі пра гэта.
- Справа зараз такая. Вайна далася ў знакі Жамыславу. Ад унутранай велічы палаца не засталося і следу. Літаральна ўсё было разрабавана. Тры гады нямецкае войска стаяла тут залогай і выкарыстоўвала ўсё для ўласных выгодаў. Потым прыйшлі іншыя. Маёнтак пераходзіў з рук у рукі. Загінулі бясцэнныя культурныя здабыткі якія збіраў яшчэ Альберт Умястоўскі, бясцэнная бібліятэка пайшла дымам … і ўсё … ўсё. Не засталося нават слядоў ад кветнікаў, у парку ссеклі шмат дрэў. З усіх цудоўных руж, якія раслі вакол палаца, цудам выратаваны адзіны куст. Ён распусціўся як раз да вяртання сваёй былой пані … своечасова … і як раз пад вокнамі яе былога кабінета.
Вядома, як знутры і звонку, палац і афіцыйны патрабуюць грунтоўнага рамонту. Пані Умястоўская цалкам занята сваімі праектамі і грамадскімі планамі і таму адкладае рамонт і чакае рашэння акадэмічнага сенату, каб пачаць рэалізоўваць галоўную мэту фундушу. Тым часам сенат не паварушыў нават пальцам у тым кірунку.
Рызыкну выказаць здагадку, што калі б сенат пачаў ствараць у Жамыславе школу з інтэрнатам, маркграфіня Умястоўская неадкладна б пачала б абсталёўваць у палацы шэраг лекцыйных залаў (напрыклад у былой бібліятэцы магло б змясціцца 100 вучняў), а ў адной з афіцын - кватэры для настаўнікаў. Па энтузіязме п. Умястоўскай бачна, што яна не стрымлівала б працы. Яе кватэрай маглі б стаць толькі некалькі пакояў палаца.
- Бо бачыце, - кажа яна мне падчас шматмільнай паездкі па прыгожых Жамыслаўльскіх хваёвых лясах (якія прыгожыя мачтавыя дрэвы, якое залацістае ззянне верхніх ствалоў пад сонцам!), - бачыце, дзеці бы запісваліся б у інтэрнат, часта думаю я пра сябе, дзеці якія ніколі, ніколі не ведалі, што такое іх уласны дом і што такое сямейны адпачынак. Пра гэта трэба памятаць! Гэта, як мёд, які пчала кладзе ў свой вулей на зіму і з якога яна жыве, калі ёй цяжка... Ну, я хацела б, так горача жадала б, каб для такога бяздомнага хлопчыка, які будзе вучыцца тут у школе, Жамыслаўль стаў бы родным домам на ўсё астатняе жыццё... Што вы думаеце? Бо гэта ж неабходна? Чалавечая душа не можа жыць без гэтага? Праўда?
Што я павінен адказаць? Я сам бачыў тыя прыгожыя лясы і тыя сцежкі паміж збожжавымі палямі і тыя прыбярэжныя лугі, поўныя свабоднай, вясёлай мітусні маладых людзей, адарваных ад гарадской задухі, якія праводзілі тут самыя прыемныя, самыя каштоўныя гады свайго жыцця... Які прастор! Якое расслабленне ўсіх арганічных і духоўных функцый! Якая невымерная крыніца здароўя і радасці жыцця!
Мы некаторы час ехалі моўчкі. Першым парушыў маўчанне я, ціхай размовай, быццам бы сам з сабой.
- Рэктар Здзяхоўскі зацікавіўся першым...
- Магу сабе ўявіць, - уставіў я, - як за такі праект, з такой магчымасцю рэалізацыі, напрыклад, ухапіліся б езуіты! Я не прыхільнік езуіцкай адукацыі і выхавання, але калі гаворка ідзе пра энергію і здольнасць даводзіць справы да канца, трэба даць езуітам вялікую перавагу, хто ведае, магчыма, нават і прыярытэт, у справе адукацыі...
- Вы маеце рацыю, вы маеце рацыю! - паспяшалася ажыўлена пагадзіцца маркграфіня. - Божа мой! Якое жыццё яны маглі б удыхнуць ва ўсю гэтую мясцовасць! Тут бы ўсё квітнела, які дабратворны ўплыў гэта аказала б на ўсё мясцовае насельніцтва...
Сонца ўжо заходзіла, прадказваючы ідэальнае надвор'е.
Калі мы пад'ехалі да алеі з боку Суботнікаў, якая вядзе прама ў палац, фігура Маці Божай стала бачна прама на пачатку алеі ў дзіўным ззянні. Здавалася, што гэта не сонца на гарызонце, а хутчэй самая статуя ззяе сонечным святлом на парозе Жамыслава.
Наступны дзень быў прысвечаны наведванню гаспадаркі.
- Ха-ха! Я дазволіў сабе прамармытаць увечары. - Прафесарская гаспадарка... Не дробязь!
- Самі бачыце, - спакойна сказала маркграфіня.
Што Віленскі ўніверсітэт зрабіў з моманту атрымання велізарнага ахвяравання, г.зн. з 6 сакавіка 1922 г. па сённяшні дзень для выкарыстання яго ў мэтах, выразна акрэсленых фундатаркай у дакуменце аб ахвяраванні, як і для ўзняцца Жамыслава да даваеннага ўзроўню сельскагаспадарчай культуры, якой ён славіўся?
"На сродкі, якія атрымліваюцца ад ахвяравання, Універсітэт Стэфана Баторыя, - адзначалася ў дакуменце аб ахвяраванні, - павінен заснаваць у Жамыславе і кіраваць ёй, вышэйшую сельскагаспадарчую школу з інтэрнатам для студэнтаў, а потым мужчынскую і жаночую гімназіі, таксама з інтэрнатам". З пункта 9 дакумента мы адчуваем увесь клопат фундатарскі пра характар і кірунак установаў. Тут, між іншым, мы чытаем: "У жаночай установе адукацыя павінна быць усебаковай і поўнай, каб панны, якія яе заканчваюць, мелі рэлігійныя падмуркі жыцця, былі выкшталцоныя, старанна выхаваныя, фізічна здаровыя, знаёмыя з практычнымі аспектамі жыцця, дасведчаныя ў хатняй гаспадарцы і кулінарыі". Карацей кажучы, няма ні найменшага сумневу ў мэтах фундатаркі.
На жаль, бачым у надаўчым акце некаторыя паслабленні, накшталт "некаторыя курсы сельскагаспадарчай адукацыі можна праводзіць у Вільні" або "па меры магчымасцей", …якімі Віленскі ўніверсітэт паспяшаўся шчодра скарыстацца.
Палічыў рэсурсы і магчымасці настолькі абмежаванымі, што яшчэ не зрабіў ніякіх крокаў да стварэння вышэйшай сельскагаспадарчай школы з інтэрнатам, а таксама не зрабіў ніякіх крокаў для пераўтварэння цудоўнай загараднай рэзідэнцыі з выдатнымі кліматычнымі ўмовамі ў інтэрнат. Усё, што давала фундацыя, як грашыма, так і натурай, перавёў... у Вільню, растраціўшы і тое, і другое на так званыя "сельскагаспадарчыя даследаванні" Віленскага універсітэта, - як кажуць, - зусім не карысныя для навукі.
Вось і ўсё.
Прабачце. Вядомы сельскагаспадарчы варштат, перададзены ўніверсітэту, варты таго, каб на яго паглядзець. Я кажу пра гаспадаркі ў самым Жамыславе, у Гуце і ў Залессі. Можа, універсітэт выкарыстае ўсе свае рэсурсы, каб прадэманстраваць, што можна зрабіць у такой гаспадарцы, як Жамыслаўль?
Той, хто сам практычна займаўся сельскай гаспадаркай, з першага погляду ведае, дзе маёнтак кіруецца энергічна і ініцыятыўна - а дзе вядзецца млява і бязладна, без усялякіх мэтаў.
Кожны, хто сам займаўся гаспадараннем на зямлі, адразу бачыць, у якім маёнтку гаспадарка вядзецца энергічна і эфектыўна, а ў якім млява і хаатычна, без замілавання, ляніва і слепа. Тысячамі дэталяў, часам дробных, нават непадрыхтаванаму чалавеку, кідаюцца ў вочы - закінуты маёнтак, дзе ўсё робіцца без аглядкі на карысць, дзе ўсё застаецца без нагляду, дзе няма ні вока, ні рукі гаспадара і ўсё дзень за днём рушыць да заняпаду і здзічэння, а даходы з выдаткамі памяншаюцца. Дастаткова для гэтага прайсціся па шырокай дарозе, быццам па галоўнай вуліцы, Жамыслава, каля гаспадарчых будынкаў - ад вінакурні да моста праз раку Гаўя. Ідзеш па цудоўным ў даваенны час лузе, які цягнецца ад лясоў да палёў у бок Падваранцаў. Што з ім цяпер здарылася, прама пад маёнткам?! Ён занядбаны, не расчышчаны, не прарэджаны, ужо густа зарослы хмызняком, і, што яшчэ горш, выгараджаны тут і там на чвэрцьморгавыя кавалачкі зямлі, вырваныя... пад агароды парабкоў! На першым выгане для коней пасуцца свінні. Побач з прыгожымі жылымі будынкамі для парабкоў дазволена пабудаваць хлеўчукі з дошак, што рабіць агіднае ўражанне і ператварае вялікапанскую сядзібу ў заняпалую вёску. Выйдзем у поле... Дзясяткі дзесяцін ляжаць пад папарам. У напрамку, напрыклад, Гуты, цэлыя абшары найпрыгажэйшых палеткаў нават без следу камянёў, роўныя, як стол, практычна некранутыя рукамі гаспадара. Замест гэтага лясы, кранутая рукамі чалавека, ды яшчэ як! Напрыклад, па дарозе з Канвелішак наўмысна ссеклі шпалеры стогадовых соснаў уздоўж дарогі. Чаму? Бо адміністрацыя ўніверсітэта палічыла патрэбным менавіта тут прадэманстраваць сваю актыўнасць.
У самым маёнтку ссеклі шмат яшчэ больш каштоўных дрэваў у некалькі сотняў гадоў - ліпы, клёны... Адміністрацыя ўніверсітэта лічыла іх надзвычай шкоднымі... для капусты, якая не пераносіць ценю!
Стайні і гумны пустыя. На тры маёнткі трохі больш за дваццаць коней, а кароў - дзесяць. Быў хворы кіраўнік, яму патрэбны быў мёд для лячэння. Плаціў сялянам за гэта соснамі, іншы кіраўнік абменьваў сосны на аўчыны. Уздоўж дарог не пасадзілі ніводнага дрэва, служба фальваркаў паліць платы... Пачалі будаваць... электрастанцыю, выкапалі роў... на зямлі, поўнай крыніц. Рэчышча ракі змяніць не ўдалося (так!). Нічога не атрымалася, а выдаткавана было некалькі тысяч злотых ...
Большасць палёў і лугоў па частках аддадзена сялянам.
О, гаспадарка, гаспадарка!
Але, магчыма, хтосьці скажа, што інтэнсіўная апрацоўка беднай зямлі... не акупіцца? Дзе? На Жамыслаўльшчыне? Напэўна, большай ерасі ніколі не было і не будзе! Проста праедзьце уздоўж вясковых палеткаў. Ажно сэрца радуецца, гледзячы на ўраджай вясковых "шнуроў" і "шнуркоў", якія, напэўна, не прэтэндуюць ні на якую сельскагаспадарчую культуру. Селянін мае добрыя ўраджаі на выдатнай глебе Падваранцаў і Шуркуцаў, і ў бок Суботнікаў, і ў бок Гірдзюнаў, і як там яшчэ называюцца ўсе ранейшыя вёскі Жамыслава. Толькі на панскіх палетках не бачна трыумфаў, так, не, бачна! Дайшло да таго, што ў Залессі пачалі сеяць... лён, той лён, які кожнаму ў гэтых краях было строга забаронена сеяць. Больш за тое - калі не памыляюся, толькі гэты лён і дамінуе на палетках...
Доктар Казімір Рагойскі зараз кіруе сельскай гаспадаркай і вучыць ёй студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Ён былы прафесар сельскай гаспадаркі ў Кракаве, быў арганізатарам даследчай базы ў Мыльніках пад Кракавам. На жаль, аднак, яго арганізатарскія і навуковыя таленты не прынеслі ніякай карысці Жамыслаўльскай фундацыі. Прафесар Рагойскі быў абраны апекуном і адміністратарам фундацыі, нягледзячы на яго рэпутацыю вельмі неўраўнаважанага, рэзкага і гарачага чалавека. За апошнія тры гады ён здолеў цалкам сапсаваць стасункі ўніверсітэта з фундатаркай, маркграфіняй Умястоўскай, чым нанёс сур'ёзную шкоду грамадскай справе. Ужо ў сакавіку 1925 года маркграфіня Умястоўская, хвалюючыся за лёс свайго вялікага фундушу і ўлюбёная ў ідэю пераўтварэння Жамыслава ў адукацыйную і культурную ўстанову, якая б свяціла ўсяму краю, адчула сябе абавязанай падаць акадэмічнаму сенату натарыяльна завераную дэкларацыю, у якой скардзілася на тое, што сенат не выконвае ўмоў пагаднення, падпісанага былым рэктарам В. Станевічам, што прадстаўнік сената, прафесар Рагойскі, відавочнае дзейнічае на шкоду фундацыі і што ён сам прымушае Галоўную камісію па ахове лясоў забараняць Умястоўскай высякаць лясныя ўчасткі ў Жамыславе, а сам пачаў высякаць лес у Жамыслаўльскай кнеі Галынка на плошчы прыблізна 80 дзесяцін, што прывяло да недахопу сродкаў для далейшага развіцця фундацыі і спрыяла яе дэзарганізацыі. Найважнейшай часткай скаргі быў нелегальны доўг, які Жамыслаўль узяў на сябе праз давераную асобу, якая, ужо атрымаўшы дэпазіт у памеры 35 000 злотых ад Банка краёвай гаспадаркі, спрабавала - на шчасце, беспаспяхова - узяць новы крэдыт у тым жа банку на агульную суму 400 000 злотых.
Сенат адказаў патрабаваннем, каб фундатарка выплаціла яму сумы, прадугледжаныя ў дагаворы аб дарэнні. Карацей кажучы, узнік канфлікт. Маркграфіня Умястоўская неаднаразова прапаноўвала Сенату склікаць пасяджэнне для вырашэння невыноснай сітуацыі. Акрамя таго, найбольш вядомыя прадстаўнікі мясцовага грамадства неаднаразова ўздымалі гэтае пытанне перад Сенатам. Сенат... абяцаў яшчэ ў 1923 годзе, што створыць гаспадарчую камісію, якая будзе складацца не толькі з прафесараў, але і з аграрнікаў, якой адміністратар будзе даваць прафесійныя кансультацыі і рэкамендацыі. Відавочна, такая камісія калісьці сабралася, але без удзелу прадстаўнікоў маркграфіні Умястоўскай. Аднак усе гэтыя намаганні як з боку фундатаркі, так і прадстаўнікоў грамадства, не прывялі да ніякага выніку. Сенат нават не ўшанаваў іх адказам.
Ніхто не думае адмаўляць Сенату ў наяўнасці добрай волі і шчырай заклапочанасці Жамыславам. Але прафесар Рагойскі ганебна здрадзіў і страціў давер аказаны яму сенатам, таму неабходна скасаваць яго паўнамоцтвы датычныя фундацыі. […]
Абодва бакі (г.зн. маркграфіня і ўніверсітэт) абавязваюцца вырашаць любыя пытанні, якія могуць узнікнуць, мірным шляхам праз людзей, якіх яны выберуць пасярэднікамі, рашэнне іх будзе абавязковым для абодвух бакоў.
Даволі. Даволі! Напэўна, няма на планеце аднабаковага поўнага даверу, такога шчодрага, такога абсалютна "без агаворак".
[…] сенат павінен паклапаціцца пра тое, каб такая заснавальніца фундацыі, дабрадзейка, да канца жыцця не мела матэрыяльных праблем... А тым часам што адбываецца? Рэчы проста неверагодныя. Дзве яе каровы гоняць у поле... з каровамі парабкоў, а не з жывёлай двара, у той час як каровы адміністратара і кіраўніка пасуцца на найлепшай пашы маёнтка. Салома... недаступная для коней маркграфіні. У якасці паліва ёй, са згоды ўніверсітэцкай рады, выдаецца... дазвол на выкарыстанне дзесяці вазоў карчоў (яшчэ раз - карчоў!) (5 ліпеня 1925 г.). Гэта было б вышэйшай формай гумару, калі б не... акадэмічны сенат, інстытуцыя ў пурпуры і гарнастаях!
Магчыма, хтосьці думае, што не мая справа разглядаць усе гэтыя "прыватныя" справы? Я буду катэгарычна адмаўляць гэта.
Жамыслаўльская фундацыя - выдатная грамадская ўстанова. Гэта падарунак, зроблены не нейкаму канкрэтнаму рэктару, не нейкім канкрэтным дэканам факультэтаў, нават не канкрэтна Віленскаму ўніверсітэту як такому, але падарунак, і які падарунак, зроблены грамадству, якое мае права не толькі карыстацца ім, але і назіраць за тым, што з ёй адбываецца.
[…]
Ад перакладчыка: У адпаведнасці з рашэннем, прынятым разам з мужам, Умястоўская перадала маёнтак Жамыслаўль і яго наваколле Віленскаму ўніверсітэту актам даравання ад 6 сакавіка 1922 года, якім была заснавана Навуковая фундацыя імя Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх. У лістападзе 1923 года гаспадыня пашырыла яго, запісваючы 25% даходу ад эксплуатацыі лясоў, і пакінула нават усю сваю маёмасць універсітэту ў сваім тастаманце, напісаным 6 сакавіка 1922 года. Паколькі фундацыя дрэнна кіравалася, у 1926 годзе яна звярнулася да міністра рэлігійных канфесій і народнай адукацыі з просьбай узяць на сябе кіраванне. Умястоўская атрымала станоўчы адказ, але тым часам сам універсітэт навёў парадак у справах фундацыі. У Канвелішках быў створаны дом адпачынку для мастакоў, навукоўцаў і пісьменнікаў, а ў Клевіцы - для студэнтаў з нізкім узроўнем даходу. У 1921 годзе Папа Бенедыкт XV прысвоіў ёй тытул маркграфіні (маркізы). У 1927 годзе, пасля каранацыі абраза Маці Божай Вострабрамскай, Умястоўская ахвяравала копію карціны для касцёла Святога Станіслава ў Рыме. Умястоўская даволі часта жыла ў Італіі, а пасля пачатку Другой сусветнай вайны назаўсёды пасялілася ў Рыме, дзе памерла 6 кастрычніка 1941 года. Пахавана на могілках Кампа-Верана. Яе памяць была ўшанавана сімвалічным надпісам на Павонзскіх могілках у Варшаве.
Czesław Jankowski. Fundacja żemłosławska // Słowo. 1926, № 161; 1926, № 164.
Пераклад Л. Лаўрэша.
[1] Яніна Умястоўская (1860-1941) - дачка Яна Адама Астрога-Садоўскага герба Любіч (1807-1868) і Аляксандры, народжанай Пяхержэўскай герба Тапор (1831-1917). У 1882 г. выйшла замуж за багатага землеўладальніка з Віленскага ваяводства, графа Уладзіслава Умястоўскага. Пасля смерці мужа ў 1905 г. атрымала ў спадчыну ўвесь яго маёнтак. Яе другім мужам быў мастак і ўплывовы мецэнат і кансерватыўны публіцыст граф Ігнацы Караль Мілеўскі з Геранёнаў. Згодна з брэвэ папы Бенедыкта XV ад 1921 г. атрымала тытул маркграфіні (маркізы) дэ Жамыслаўль Умястава-Умястоўская.
[2] Тамаш Умястоўскі, рэгент земскі лідскі, потым ашмянскі, рэгент Галоўнага Трыбуналу, з 1792 г. земскі ашмянскі суддзя, потым старшыня Галоўных літоўскіх судоў. Працавіты і вельмі здольны, выдаў агульна ўжываны "Працэс Літоўскі". Пры падтрымцы літоўскага пісара Сулістроўскага, ад Казіміра Сапегі, генерала літ. артылерыі, удзяржавіў Геранёны і Ліпнішкі, у 1784 г. купіў Бердаўшчыну на Ашмяншчыне. У 1794 г. быў членам Найвышэйшай рады ВКЛ, пасля ўпадку паўстання эміграваў і перадаў маёнтак брату Якубу. У 1796 г. купіў для яго і другога брата Марціна Клевіцы. Сярод іншых маёнткаў, потым набыў Суботнікі з Жамыславам, якія пасля яго смерці ў 1822 г. перайшлі да сыноў Якуба: Антона, Людвіка і Казіміра. - Л. Л.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
