Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Нагародавічы 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-08-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Гісторыя вёскі і маёнтка Нагародавічы // Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыка-культурная і археалагічная спадчына: зб. навук. арт. / Нац. акад, навук Беларусі, ін-т гісторыі; рэдкал.: В. Л. Лакіза [і інш.]. Мінск, 2023. С. 107-117.

Спампаваць




Так атрымалася, што вёска, пра якую пойдзе гаворка ніжэй, у розныя часы знаходзілася ў Слонімскім павеце ці ўваходзіла ў склад Беліцкага графства ў Лідскім павеце [1], а царква ў Нагародавічах - толькі ў Лідскі грэкакаталіцкі дэканат [2].

Згодна са «Слоўнікам геаграфічным Каралеўства Польскага...», на працягу XVI-XVII ст. вёска Нагародавічы належала сям'і Вельямінаў­Руцкіх [3]. Па другой версіі, да пачатку XVII ст. Нагародавічы - Наваградскай кафедральнай царкве, і толькі потым маёмасць перайшла да будучага мітрапаліта Язэпа Руцкога (герба Воз) з прыдомкам Вельямін, сына Шчаснага Вельямінавіча Руцкога, «служэбніка» Яна Кішкі, жмудскага старасты [4]. Вельямiны (альбо Вельямiнавiчы) пражывалi на Наваградчыне ўжо ў канцы XV ст. і валодалі маёнткам Рута, таму і зваліся Вельямiнамi Руцкiмi [5].

З 20 па 26 ліпеня 1617 г. менавіта ў Нагародавічах адбылася 1­я генеральная капітула (кангрэгацыя) базыльянскіх манастыроў ВКЛ: «Былі скліканы з усіх манастыроў, а менавіта з Віленскага, Наваградскага, Мінскага, Жыровіцкага, Быценскага, старцы гэтых манастыроў, а з некаторых айцы... у фальварак ягамосці (Язэпа Руцкога) з'ехаліся... дзевятнаццатага ліпеня, у суботу» [6].

У пасяджэннях прымалі ўдзел два езуіты, «каб радзіцца, а не для прыняцця рашэнняў» [7]. На капітуле ў Навагародавічах прысутнічаў Язафат Кунцэвіч, якога Язэп Руцкі прызначыў тады памочнікам Полацкага архіепіскапа [8].

Ва ўступнай прамове мітрапаліт Я. Руцкі сказаў, што запланаваная ім рэформа мае на мэце славу Божую, а сродкам яе ёсць паляпшэнне духоўнага стану царквы, «стан духоўны немагчыма паправіць інакш, як толькі праз абнаўленне ордэна (базыльянскага. - Л. Л.) менавіта ў грэцкім абрадзе, каб на ўсе вышэйшыя царкоўныя пасады браліся асобы з ордэна. Для абнаўлення ордэна іх патрэбна шмат, не могуць гэта быць старыя, але паправіць ордэн можна праз маладых, калі ім будзе дадзена адукацыя, выхаванне ў ордэне як у духу, гэтак і ў навуках» [9].

Ордэн узяў на сябе адукацыю і выхаванне насельніцтва, утрыманне ўсіх уніяцкіх вучэльняў; капітула прыняла рашэнне аб стварэнні базыльянскай сістэмы адукацыі, якая мела вялікі пазітыўны ўплыў на развіццё нашай Бацькаўшчыны. У дакуменце ўніяцкай царквы 1824 г. «О средствах умножения в Греко­униатском духовенстве просвещения» ёсць такі ўрывак: «Каля 1615 г. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі задумаў даць іншае ўладкаванне цэлай рускай іерархіі і ў ёй адукацыі духавенства. ...Таму па радзе езуітаў і па ўзоры іх ордэна ён даручыў ордэну базыльянаў клопат аб свецкіх вучылішчах і на гэта атрымаў дазвол у Папы Паўла V. 3 снежня 1615 г. ...мітрапаліт завёў такія вучылішчы, а ў 1617 г. яны ўжо былі ў Наваградку і ў Мінску, як сведчыць пра гэта першы базыльянскі сход, які адбыўся ў Навагародзічах (тут памылка, насамрэч - у Нагародавічах. - Л. Л.)» [10].

Новы статут змяніў манаскае адзенне, быў уведзены чорны манаскі габіт [11]. Было ўнармавана нават ужыванне манахамі піва: «Піва да стала толькі дзве кварты належыць наліваць (кварта - 0,8 л. - Л. Л.), а калі болей, дык падпіўка (маладога, не моцнага піва. - Л. Л.) ...кожнаму брату наліваць па два разы ў кубкі... памерам у кварту...» [12].

Але галоўным у новым базыльянскім ордэне стала цэнтралізацыя. Раней манастыры не былі з'яднаны і не мелі адзінага кіраўніцтва [13]. Гісторык П. М. Жуковіч, цытуючы першага біёграфа мітрапаліта Руцкога Рафаіла Корсака, паведамляў: «Руцкі прыйшоў да думкі пра неабходнасць больш трывалай пастаноўкі ўсёй справы ўладкавання жыцця манахаў, каб пасля яго смерці справы не прыпыніліся. З гэтай мэтай ён склаў статут Базыльянскага ордэна і на Нагародавіцкай кангрэгацыі палажыў заснаванне самога ордэна» [14]. І далей: «Як вядома, толькі да часу першай (Нагародавіцкай) базыльянскай кангрэгацыі 1617 г. Руцкі напісаў... першы том правілаў манаскага жыцця» [15].

Цалкам матэрыялы Першай Нагародавіцкай кангрэгацыі надрукаваны ў томе 12 «Археографического сборника документов, издаваемых при управлении Виленского учебного округа» [16]. Тэксты гэтага тома былі знойдзены ў Жыровіцкім манастыры стацкім дарадцам Шчарбіцкім [17].

У 1635 г. Нагародавічы купіў Ян Булгак «з жонкай сваёй» Ганнай Ярашанкай. Мітрапаліт Руцкі прадаў Нагародавічы з дваром, «цяглымі і чыншавымі» сялянамі, ставам, «азёрамі і сажалкамі» і з «царквой у тым фальварку». Акт куплі­продажу ўнесены ў трыбунальскія кнігі ў 1652 г. Вінцэнт Дмахоўскі. Двор у Нагародавічах, 1843 г. (выявы царквы і 'скарбца' павялічаны). [18] У купчай ад 26 кастрычніка 1635 г., якая была складзена пры продажы мітрапалітам Руцкім фальварка Нагародавічы Яну Булгаку, напісана: «...в держанье... подали есьмо фольваркъ наш... зъ церковью въ томъ фольварку, до которое церкви и грунту придано волокъ пулторы, то есть: подъ свещенником волока одна, а под подданымъ его полъ волоки, которая то церковь вечными часы застовати маетъ...» [19].

У 1661 г. Я. Булгак прадаў нядаўна набытыя Нагародавічы Ераміі Крывіцкаму (герба Любіч), дзедзічу Крыўцаў Пінскага павета. У 1692 г. Юры Крывіцкі трэць маёмасці перапісаў сваёй сястры Тэадоры Сідаровіч, уладальніцы Парэчча ў Слонімскім павеце і потым судзіўся за перададзеную маёмасць з Сідаровічамі.

У XVIII ст. Нагародавічы належалі Тызенгаўзам, у 1782 г. маёмасць прададзена генерал­маёру войска ВКЛ Ігнату Мараўскаму (1744-1790). Пасля яго смерці праз суд маёмасць была падзелена на часткі і прададзена за даўгі, большую з якіх купіла беліцкая старасціна Ленская (без імя - у дакументах). У першай палове XIX ст. яна прадала Нагародавічы з некалькімі фальваркамі Ігнату Дмахоўскаму [20].

У першай палове XIX ст. у Нагародавічах жыў Вінцэнт Дмахоўскі (1807-1862) - мастак, вучань Яна Рустэма і Казіміра Ельскага, удзельнік паўстання 1831 г. [21] Нарадзіўся ў маёнтку Гаўя (які належаў Брахоцкім) Ашмянскага павета. Належаў да герба Побуг, быў жанаты з Саламеяй Арлоўскай, якая паходзіла з Каралеўства Польскага.

Пачатковую адукацыю В. Дмахоўскі атрымаў у піярскім вучылішчы ў Шчучыне (па некаторых звестках, вучыўся у Наваградку) і ў 1826 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара. Разам з наведваннем лекцый на філалагічным факультэце, Вінцэнт бярэ ўрокі малявання ў Яна Рустэма. Жывучы сярод студэнтаў, будучы мастак удзельнічаў у абмеркаванні пытанняў літаратуры і мастацтва, духоўнай чысціні асобы. Спрэчкі разгараліся вакол рэвалюцыі ў Францыі, пра намер цара Мікалая I задушыць яе штыкамі польскага войска. Думкі прыводзілі да неабходнасці вызваленчай вайны палякаў разам з рускімі супраць царызму - «за нашу і вашу вольнасць». Вінцэнт асабіста ведаў Міцкевіча і яго сяброў, у ягоных Нагародавічах гасцяваў Адам Міцкевіч [22].

У 1829 г. В. Дмахоўскі кінуў навучанне ва ўніверсітэце, не закончыўшы поўны курс навук. У лістападзе 1830 г. пачалося паўстанне ў Польшчы, якое перакінулася на Беларусь, Літву і Украіну. В. Дмахоўскі апынуўся ў шэрагах паўстанцаў. Да канца лета 1831 г. царскія войскі разбілі паўстанцаў у Мінскай і Віленскай губернях. Ратуючыся ад пераследаванняў, В. Дмахоўскі эміграваў ва Усходнюю Прусію, і менавіта ўменне маляваць дало яму тут надзейны кавалак хлеба.

У 1837 г. цар аб'явіў амністыю былым паўстанцам. В. Дмахоўскі вярнуўся ў Вільню і прафесійна заняўся мастацтвам. У гэтыя часы з'явілася карціна на гістарычную тэму - «Крыжакі пры аблозе цвердзі Пуня». Ён часта наведваў свой маёнтак Нагародавічы і маляваў родныя мясціны Наваградчыны. У 1843 г. з'явілася карціна «Радзіма» («Двор у Нагародавічах»): прасторны фальваркавы двор, зарослы гусінаю траўкаю і дробнымі пахучымі рамонкамі (гл. уклейку, мал. 5). Пад наглядам нянек гуляюць дзеці. Пасуцца куры і снежна бялеюць на гладзі рачулкі гусі. Сушыцца вымытае адзенне і бялізна. Удалечыні, у карэтніку, расчынены дзверы. Праз іх відаць аглоблі брычкі. У цяні - звычайны сялянскі воз. А яшчэ крыху далей - аднапавярховы драўляны прыземісты будынак фальварка пад насунутым высокім дахам. Перад будынкам - ліпы і свечкі пірамідальных таполяў, што ўскінуліся ў неба. За домам відаць кашлаты сад. Сучаснікі не ацанілі алейнай кампазіцыі В. Дмахоўскага, але спецыялісты годна ацэняць пазней, калі карціна «Радзіма» («Двор у Нагародавічах») з прыватнага збору графа Ігнацыя Корвін-Мілеўскага патрапіць на рэтраспектыўную львоўскую выставу 1894 г. [23]

Па замове археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча, у 1853 г. В. Дмахоўскі напісаў серыю відаў руін літоўскіх замкаў [24]. Сярод іх выява Лідскага замка, з якой, відочна, зроблена добра вядомая гравюра «Разваліны замка ў Лідзе», змешчаная ў 3­м томе «Жывапіснай Расіі» [25]. Частка з гэтых палотнаў - «Руіны замка ў Медніках», «Руіны замка на Трокскім возеры», «Руіны замка ў Гальшанах» захоўваюцца зараз у Нацыянальным музеі ў Кракаве. Серыю малюнкаў літоўскіх замкаў В. Дмахоўскага ўзгадвае Адам Кіркор у «Літоўскіх старажытнасцях»: «Віленская губерня - цэнтр старажытнага Літоўскаго Княства багаты на помнікі мінулага. Дзякуючы таленавітаму віленскаму мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму, нам удалося прадставіць хоць некалькі з гэтых помнікаў» [26].

Сучаснікі В. Дмахоўскага налічвалі ў яго больш за сто пейзажаў і жанравых карцін, якія знаходзілі эмацыйны водгук у мясцовай шляхты і былі папулярнымі ў наваградскіх шляхецкіх сядзібах, сярод іх «Вуліца ў Вільні», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Наваградку», «Сядзіба ў Туганавічах», «На начлезе», «Каля пераправы», «Наваградак», «Возера Свіцязь» і інш. У першай палове 1850­х гадоў В. Дмахоўскі афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры («Галька» С. Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Фаварытка» Даніцэці і інш.). В. Дмахоўскага называлі «Клодам Ларэнам [27] віленскіх ваколіц», бо, як і знакаміты французскі жывапісец XVII ст., ён быў таленавітым мастаком­рамантыкам.

Каля 1840 г. у Вільні В. Дмахоўскі адкрыў мастацкую майстэрню, якая за 20 гадоў працы стала своеасаблівай мастацкай школай, дзе вучыліся многія вядомыя майстры.

Памёр В. Дмахоўскі 22 лютага 1862 г. у Вільні.

Вінцэнт Дмахоўскі меў сына - Уладзіслава Дмахоўскага (вядомы мастак і ілюстратар) і трох дачок [28]. Уладзіслаў Дмахоўскі (1838-1913) пачаў вучобу ў Вільні, а з 1857 г. - у Парыжы. У 1862 г. ён вярнуўся на радзіму і ўдзельнічаў у паўстанні, за што быў арыштаваны і заключаны ў турму. З 1866 г. жыў у Варшаве, працаваў ілюстратарам часопісаў, а таксама выкладаў малюнак у Варшаўскім інстытуце глухіх, і з 1873 г. - у гімназіі ў Чэнстахове. У 1884 г. ён атрымаў спадчынны маёнтак Нагародавічы і з тых часоў маляваў ўсё менш і менш, а галоўным чынам займаўся гаспадаркай.

Панскі дом у Нагародавічах быў пабудаваны ў часы Тызенгаўзаў, спалучаў рысы стылю класіцызму і народнага драўлянага дойлідства. Драўляны аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак пад высокім паўвальмавым гонтавым дахам. Высокія прамавугольныя вокны ў простых ліштвах. Галоўны ўваход меў ганак з дзвюма парамі калон, завяршаўся двухсхільным пакрыццём з трохвугольным франтонам. Дом меў анфіладную планіроўку.

У канцы 1930­х гг. уладальнікам Нагародавіч быў Станіслаў Дмахоўскі, лёс якога пасля 1939 г. невядомы.


Царква і парафія ў Нагародавічах. У 1759 г. адбылося вылучэнне Нагародавіцкай парафіі з вялікай Зблянскай [29], а да гэтага часу асобнай парафіі ў Нагародавічах не было і, відавочна, царква тут была філіяльнай.

Нагародавіцкая царква. 1999 г.

Першая драўляная царква ў Нагародавічах пабудавана мітрапалітам Я. Руцкім, аб чым сведчылі дакументы, якія знаходзіліся ў царкве яшчэ ў канцы XІX ст. [30] У адным з сучасных даследаванняў напісана, што царква пабудавана ў 2­й палове XIX ст. [31], але «Слоўнік геаграфічны...» паведамляе, што да перабудовы 1894 г. яна захоўвала свой першапачатковы выгляд [32]. Таму, верагодна, старая царква толькі перабудоўвалася.

Візітацыя 1792 г. сцвярджае, што «царква пад тытулам Св. Мікалая ў павеце Слонімскім, Лідскім дэканаце, фундацыі Яснавялебнага пана Вельяміна Руцкога Мітрапаліта» [33]. У 1784 г. калятарамі царквы былі пісар войска ВКЛ Ігнат Мaраўскі і крайчы Слонімскага павета Марцін Тызенгаўз [34], у 1792 г. Мікалай Мараўскі (брат Ігната) [35].

У 1784 г. візітатар Васіль­Нупрэй Марцінеўскі, цырынскі дэкан, напісаў: «Драўляная, крытая гонтай, з дзвюма вежамі, патрабуе рамонту» [36]. У 1792 г. царква «драўляная, дах і вежы - руіны, перад усім патрэбны вялікі рамонт, могілкі з крыжамі жалезнымі 25 лакцей, агароджаныя і з брамай... Уваход у царкву праз бабінец, дзверы на падвойных жалезных завесах з зашчапкай, з ланцугом і прабоямі. Другія дзверы на падвойных жалезных завесах з зашчапкай і ланцугом, жалезнымі прабоямі і з навесным замком. У царкве хор, агароджаны балясінамі, столь... з дошкі, адзіночных лавак - дзве, амбон і канфесіянал сталярнай работы, пафарбаваныя, парэнчы з пафарбаванымі дзверцамі на жалезных завесах з зашчапкамі, двое бакавых дзвярэй, адны з іх з навесным замком» [37].

У царкве быў вялікі і чатыры бакавыя алтары. Вялікі алтар з абразом Св. Мікалая і абразом Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з срэбнымі вотамі, абразок Чанстахоўскай Найсвяцейшай Панны Марыі. Прастол драўляны, на ім даразахавальніца сталярнай работы, у якой захоўваліся Святыя дары [38]. Як вядома, прастолы ў царкве апраналіся ў тры ці па меншай меры ў два абрусы, паміж якімі захоўваўся антымінс; на абрусах заўсёды знаходзіўся карпарал (ілітон) [39]. Гэтыя абрусы праў сам святар. Старыя, якія не мела сэнсу мыць, спальваліся. Прастол заўсёды пакрываўся пасля службы покрывам, і святар павінен быў клапаціцца пра яго чысціню і ахайнасць.

У 1792 г. царква знаходзілася ў дрэнным стане: «Царква з купалам на даху падобна на руіну, і таму абавязваем... звярнуцца да яснавяльможных калятараў, каб зрабіць рамонт, а калі яны адмовяцца, рупліва звярнуцца да пабожных парафіян, каб праз складкі атрымаць грошы на дах і рэстаўрацыю гэтай святыні, бо калі праз год і 6 тыдняў пасля падпісання гэтага дакумента не будзе перакрыта і адрэстаўравана, тады выракам мясцовага дэкана павінна быць зачынена» [40].

Таксама візітатар 1792 г. Андрыян Бутрымовіч, суфраган полацкі, даводзіць, што «прастол, дзе захоўваюцца Святыя дары, павінен быць прыстойным і ахайным, таму лепей яго схаваць, чым трымаць», і прапануе мець срэбную дараносіцу Святых дароў для хворых [41]. Да хворага святар павінен быў адпраўляцца, узяўшы з сабою Святыя дары ў адмысловым срэбным ці свінцовым сасудзе. Таму ў царкве на прастоле павінна знаходзіцца даразахавальніца, у якой захоўваецца лыжачка, перад імі павінна гарэць свечка, прынамсі па нядзельных і святочных днях падчас літургіі [42].

Каля царквы, як належыць, меліся могілкі, «часткова агароджаныя, брама­дзверы на завесах. Звон вісіць у вежы, важыць 2 камяні, другі таксама падвешаны, важыць 10 фунтаў. Трэці ў купале (царквы), важыць 12 фунтаў» [43].

Мелася «капліца, на зямлі ягамосцяў паноў Мараўскіх, пісараў ВКЛ, у вёсцы Зачэпічы. Драўляная, старая, з начыння мала што мае... неагароджаная, афіляваная да Ногародавіцкай царквы, ніякіх фундушоў не мае, не мае рухомых рэчаў, якія б былі пералічаны ў генеральнай візіце...» [44]. У 1792 г. Зачэпічы належалі Развадоўскім, «капліца адрамантаваная, саломай крытая, ніякай фундушоў і начыння не мае, у патрэбах з Нагародавіч фінансуецца» [45].

Сярод іншых пабудоў каля плябаніі ў 1784 г. узгадваецца пякарня [46], у 1792 г. яе ўжо няма. Па класіфікацыі Д. В. Лісейчыкава, плябанію хутчэй можна аднесці да бедных, чым заможных. З пабудоў, якія неабходна мець, каб лічыцца заможнай, яна мае толькі варыўню.

Першым вядомым нам нагародавіцкім святаром быў Тэадор Няўлазка, ён узгадваецца як грэка­каталіцкі святар у 1696 г. [47] Васіль Кунцэвіч быў высвечаны пінска­тураўскім епіскапам Г. Дашковічам­Гарбацкім у Пінску 18.11.1776 г., з 12.03.1784 па 16.01.1792 г. адміністратар царквы [48]. Марк Канцэвіч (1746 - ?) паходзіў з сям'і святара, высвечаны ў 1767 г. (?), у 1800 г. ужо былы адміністратар царквы ў Нагародавічах [49]. Палікарп Хазановіч, высвечаны луцкім епіскапам С. Лявінскім у Варшаве 04.08.1785 г., з 08.09.1786 па 24.01.1792 г., адміністратар царквы ў Радзівонішках, з 1795 г. адміністратар царквы ў вёсцы Нагародавічы, «звычаяў незаганных, навук сярэдніх» [50]. У 1832 г. святар Нагародавіцкай царквы Юры Сцепурынскі (Сцяпура) [51], а ў дакуменце ад 25.02.1837 г. Ігнат Сцепурынскі (Сцяпура) (1810 - ?) [52].

У канцы ХIХ ст. у храме меўся абраз Казанскай Богамаці, падораны храму ў 1894 г. жыхаркай г. Кранштадта Аляксандрай Куліковай, «каб маліліся тут прад ім аб вразумленні яе мужа Георгія, які страціў веру ў Бога». Абраз у драўляным ківоце, пісаны на дрэве, меў пасярэбранаю рызу з пазалочаным ззяннем [53].

У канцы XIX ст. у царкве служылі 1 святар і 2 псаломшчыкі. Царква мела 60 дзесяцін зямлі (з іх 2 дзесяціны сядзібы, 33 - пад раллю, 13 - сенажаці, 10 - зараслі). Парафію складалі 290 двароў; колькасць вернікаў: мужчын - 1160, жанчын - 1135 чалавек [54].

Літоўскія епархіяльныя ведамасці за 1886 г. пісалі: «...85 чалавек падпісалася пад падзякай святару Яну Паўловічу, якога пераводзяць у Слонімскую царкву... наша старая царква ў в. Нагародавічы, клапатлівасцю а. Паўловіча прыведзена ў належную спраўнасць. Былая Зачэпінская прыпісная царква з руінаў прыведзена ў спраўнасць...» [55].

У 1899 г. прыход складаўся з 2523 вернікаў, (1267 мужчын, 1256 жанчын). Пры царкве дзейнічала царкоўна­прыхадское апякунства, якое мела шэсць царкоўных школак у вёсках прыходу: у Зачэпічах, Коршаках, Нагародавічах, Пагірах, Серафінах і Вусце. У гэтых школах вучыліся 111 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак. Царкоўны прычт складаўся з двух чалавек - святара і псаломшчыка, з гадавым жалаваннем 496 руб. і адсоткаў ад сторублёвага білета, пакінутага на памінанне сваякоў святара Мікіты Сцяпуры. Царква мела 60 дзесяцін 966 сажняў зямлі: сядзібнай і агароднай - 2 дзесяціны 511 сажняў, ворнай - 33 дзесяціны 586 сажняў, сенакоснай - 14 дзесяцін 1590 сажняў і 10 дзесяцін 679 сажняў - лясы. Дарэчы, пры тым, што ў канцы ХIХ ст. Нагародавічы былі ў Слонімскім павеце, прыпісная царква ў вёсцы Зачэпічы па­ранейшаму належала Лідскаму павету [56].

Пасля перабудоў і рамонтаў Нагародавіцкая сучасная «трохзрубная царква складаецца з прамавугольных у плане прытвора, малітоўнай залы і пяціграннай апсіды з бакавой рызніцай. Архітэктурная выразнасць храма дасягаецца сродкамі аб'ёмнай кампазіцыі, яе прасторавым і ярусным нарастаннем да вертыкальнай дамінанты - ад нізкага прытвора да высокага цэнтральнага зруба і, нарэшце, да паліганальнай апсіды і нізкай рызніцы», - пісаў А. М. Кулагін [57].

Газета «Слова» ў 1935 г. паведаміла, што праваслаўны люд Лідчыны паважае памяць маршала Ю. Пілсудскага: «Падчас праваслаўных адпустаў у вёсках Нагародавічы і Збляны (так званыя Пакровы), на якія сабраліся каля 2000 чалавек, пасля заканчэння набажэнства праваслаўны люд разам з святарамі прайшоў працэсіяй на могілкі да крыжа, пастаўленага ў памяць маршала, дзе на каленях адпраўлена ўрачыстае набажэнства за спакой душы маршала Пілсудскага» [58].

Скарбец да 1939 г.

Тагачасная прэса друкавала тэксты падобнага кшталту пра розныя цэрквы, вось прыклад паведамлення з Нагародавічаў: «Памерла ў нас адна бедная, бедная кабета, якая жыла амаль выключна з жабрацтва. Дачка яе, Волька, ня маючы нічога за душой, хацела пахаваць сваю матку з удзелам мясцовага сьвяшчэнніка А. Сярпова. Пайшла яго маліць, кажучы, што заплаціць яна ня можа, бо не мае за што купіць нават кавалка хлеба. Бацюшка сказаў, што ў такім выпадку ён можа ўзяць кусок палатна. А дзяўчына і гэтага не мела. Тады бацюшка і дзіякан сказалі, што няма чаго прасіць, бо задарма не паедзем, а матушка сказала, што можна і так закопваць - не вылезе» [59].

Трэба дадаць, што прыхаджанінам Нагародавічскай царквы быў Святапакутнік іерэй Уладзімір Хрышчановіч, расстраляны ў 1933 г., нарадзіўся ён у Гезгалах у 1875 г.


Скарбец. Неабходна сказаць пра яшчэ адну сакральную пабудову ў Нагародавічах, якую ўзгадвае «Слоўнік геаграфічны...», - мясцовы старажытны касцёл, пабудаваны у стылі італьянскага барока. Першапачаткова, у ХVI ст., гэта быў кальвінскі збор (бацька мітрапаліта Я. Руцкога - Фелікс Руцкі быў кальвіністам, і будучы мітрапаліт у маладосці менавіта з кальвінізму перайшоў у унію), з часам быў закінуты і ператвораны ў склад (часткова - у жылыя памяшканні) і, верагодна, па гэтай прычыне атрымаў назву «скарбец». Згодна з «Слоўнікам геаграфічным...», у варшаўскім часопісе «Каласы» за 1871 ці 1872 гг. друкаваліся малюнкі з выявамі «скарбца» [60]. Можна меркаваць, што малюнкі В. Дмахоўскага, уладальніка маёнтка, друкаваліся ў артыкуле Е. Хлапіцкага «Малюнкі з падарожнага партфелю» ў 1869 г. [61]

На згаданай вышэй карціне «Радзіма» («Двор у Навагародавічах», 1843) (гл. уклейку, мал. 5). В. Дмахоўскім адлюстраваны злева купал­«банька» [62] з крыжам царквы, у цэнтры - пабудовы фальварка, а справа - барочны «скарбец», які стаіць на пагорку сярод прысядзібнага парку. Гэта цагляны, прамавугольны ў плане будынак, які завяршаўся трохсхільным дахам ломанай формы. Архітэктурны стыль указвае, што «скарбец» ужо не быў кальвінскім зборам (у гэтым сэнсе прыкладам архітэктуры пратэстанцкага збору можа служыць капліца ў Гайцюнішках). Магчыма, рымска­каталіцкая капліца ў Нагародавічах з'явілася тады, калі ўся маёмасць яшчэ належала Наваградскай царкве ці мітрапаліту Я. Руцкому, а можа, пазней - пры Тызенгаўзах [63].

У 1934 г. гэтая былая барочная пабудова выконвала функцыі лямуса, а гаспадар Станіслаў Дмахоўскі памятаў, што раней гэта быў кальвінцкі збор (гл. мал.) [64]. Дакладна вядома, што да 1939 г. «скарбец» яшчэ існаваў, бо лідскі гісторык і краязнавец Антон Грымайла­Прыбытка ў 1936 г. пісаў пра: «жылы панскі дом з лістоўніцы, пабудаваны Тызенгаўзам ў сярэдзіне XVIII ст. і добра захаваны "скарбец" - былы кальвінскі збор і касцёл з паловы XVI ст., верагодна пабудаваны Руцкім... У 1569 г. перад Люблінскай уніяй тут быў праведзены з'езд дысідэнцкіх біскупаў» [65].

«Скарбец» у Нагародавічах не захаваўся да нашага часу, але, магчыма, ён быў адным з самых ранніх сакральных будынкаў, пабудаваных у стылі барока ў Беларусі.



[1] Мацук А. Нойбургскія маёнткі // Вялікае Княства Літоўскае : энцыкл. Мінск, 2007. Т. 2. С. 365 (карта).

[2] Гл., напрыклад, візітацыі цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата (1784 ) : LVIA. F. 634. Ap. 1. B. 53. L. 124v.

[3] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1895. Т. 14. S. 558.

[4] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wrocław ; Kraków, 1997. T. 11. S. 459.

[5] Лiсейчыкаў Дз. Мiтрапалiт Iосiф Вельямiн Руцкi i яго тастамент // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альмана. Мінск, 2010. Вып. 2. С. 34-35.

[6] АСД. Вильна, 1900. Т. 12. С. 7-8.

[7] АСД. Вильна, 1900. Т. 12. С. 8.

[8] Нарис історії Василіянського Чину Святого Йосафата. Рим, 1992. С. 117.

[9] АСД. Т. 12. С. 9.

[10] АВАК. Т. 16. Вильна, 1889. С. 521.

[11] Стрельбицкий И. Х. Униатские церковные соборы с конца XVI века до воссоединения униатов с православной церковью. Одесса, 1891. С. 70.

[12] АСД. Т. 12. С. 16.

[13] На Навагародзіцкай капітуле быў прыняты статут, распрацаваны Я. Руцкім на аснове правіл св. Васіля на ўзор статутаў рымска­каталіцкіх манаскіх ордэнаў і ўтворана Віленская (Літоўская) кангрэгацыя Св. Тройцы, якая аб'яднала манахаў пяці падначаленых Я. Руцкаму манастыроў. Галоўныя рысы абноўленага ордэна бызыльянаў можна звесці да некалькіх пунктаў: 1) адноўленыя манастыры паміж сабой будуць аб'яднаныя і будуць тварыць адно манаскае цела; 2) на чале ордэна стаіць мітрапаліт, ён клапаціцца пра яго рост; 3) мітрапаліт будзе найвышэйшым настаяцелем ордэна, але кіраваць ім будзе протаархімандрыт; капітула (манаскі збор) выбірае яго на ўсё жыццё (да яго смерці) са звычайных манахаў, ён не можа быць біскупам; 4) протаархімандрыту будуць дапамагаць кіраваць чатыры кансультары (дарадцы), выбраныя да смерці генеральнай капітулай. Калі адзін з іх памрэ (ці стане біскупам), протаархімандрыт і тры кансультары выберуць чацвёртага, які будзе выконваць гэты абавязак да новай генеральнай капітулы; 5) манастырамі кіруюць ігумены, якіх протаархімандрыт, па парадзе сваіх кансультараў, прызначае на чатыры гады; 6) генеральную капітулу без мітрапаліта склікае сам протаархімандрыт, кожныя чатыры гады, ці, калі будзе неабходнасць, часцей. Калі протаархімандрыт памрэ, генеральным вікарыем (г. зн. настаяцелем ордэна) будзе яго спавядальнік. У гэтым выпадку мітрапаліт павінен неадкладна склікаць генеральную капітулу для выбару новага протаархімандрыта; 7) ордэн і іерархія павінны быць неразрыўна аб'яднаны. Мітрапаліту Руцкому даручана атрымаць у караля прывілей, каб мітрапалітам быў толькі базыльянін. - Гл.: Нарис історії Василіянського Чину Святого Йосафата. С. 118-119.

[14] Жукович П. Н. Жизнеописание митр. Иосиф Вельямина Рутского, составленное митр. Рафаилом Корсаком, и сочинение Рутского об улучшении внутреннего строя униатской церкви // Христианское чтение. 1909. № 8-9. С. 1099.

[15] Жукович П. Н. Жизнеописание митр. Иосиф Вельямина Рутского, составленное митр. Рафаилом Корсаком, и сочинение Рутского об улучшении внутреннего строя униатской. С. 1102.

[16] АСД. Т. 12. С. 7-17.

[17] АСД. Т. 12. С. IX.

[18] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 11. S. 459.

[19] АВАК. Вильна, 1880. Т. 11. С. 114.

[20] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 11. S. 460.

[21] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Т. 14. S. 558.

[22] Chlopicki E. Kartki z teki podróżnej // Klosy. 1869. № 9. S. 404.

[23] Малiноўская Т. Р. Успаміны Я. Булгака і Туганавічы // Ян Булгак і культура заходнебеларускага рэгіёну ў канцы XIX ст. да Другой сусветнай вайны : зб. навук. арт. Гродна, 2009. С. 57.

[24] Grzymała­Przybytko A. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida, 1936. S. 30.

[25] Живописная Россия. Т. 3 : Литовское и Белорусское Полесье. С. 165 : гравюра «Развалины замка в Лидe» (1840-50 гг.).

[26] Киркор А. Литовския древности // Черты из истории и жизни литовского народа. Составлены с разрешения начальства Виленским губернским статистическим комитетом. Вильно, 1854. С. 7-20.

[27] Клод Ларэн (фр. Claude Lorrain 1600-1682) - французскі жывапісец і гравёр пейзажаў.

[28] Bieliński J. Uniwersytet Wileński. Kraków, 1899 -1900. T. ІI. S. 747.

[29] LVIA. F. 634. Ap. 1. B. 53. L. 126-126v.

[30] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Т. 14. S. 558.

[31] Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі. Мінск, 2001. С. 144.

[32] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Т. 14. S. 558.

[33] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 1.

[34] LVIA. F. 634. Ap. 1. B. 53. L. 124v. Пар.: Zielińska Z. Morawski Ignacy // PSB. T. XXI/4, z. 91. Wroclaw etc., 1976. S. 719 ; Анішчанка Я. Збор твораў : 6 т. Мінск, 2008. Т. 4 : Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім. С. 455.

[35] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 1. Пар.: Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės seimelių instukcijos (1788-1790) / par. R. Jurgaitis, A. Stankevič, A. Verbickienė. Vilnius, 2015. P. 352 ; Zielińska Z. Morawski Mikołaj // PSB. T. XXI/4, z. 91. S. 741; Wolff J. Senatorowie i Dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386-1795. Kraków, 1885. S. 283 (спасылка 6).

[36] LVIA. F. 634. Ap. 1. B. 53. L. 80.

[37] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 1.

[38] Тамсама.

[39] Абрусы на прастоле сімвалізуюць вопратку Хрыста. Верхні абрус у форме белай хусткі мае грэцкую назву «ілітон» («korporal» - у традыцыях Заходняй царквы) і сімвалізуе тканіну, якой была абвіта галава Хрыста ў момант, калі яго клалі ў труну.

[40] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 2 адв.

[41] Тамсама.

[42] Хрусцевич Г. История Замойского собора (1720 года). Вильна, 1880. С. 223-225.

[43] LVIA. F. 634. Ap. 1. B. 53. L. 82.

[44] Тамсама. L. 128v.

[45] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Арк. 2 адв.

[46] LVIA. F. 634. Ap. 1. B. 53. L. 82.

[47] Лісейчыкаў Дз. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг. Мінск, 2015. С. 402.

[48] Тамсама. С. 327.

[49] Тамсама. С. 282.

[50] Тамсама. С. 528.

[51] Тамсама. С. 498.

[52] Тамсама. С. 498.

[53] Описания церквей и приходов. Гродненский православно­церковный календарь. Воронеж, 1899. Т. 1. С. 68.

[54] Извеков Н. Статистическое описание православных приходов Литовской епархии. Вильна, 1893. С. 92.

[55] Литовские епархиальные ведомости. 1886. № 44. С. 451.

[56] Описания церквей и приходов. Гродненский православно­церковный календарь. Т. 1. С. 68, 322.

[57] Кулагін А. М. З архітэктурнай спадчыны // Памяць : гіст.­дак. хроніка Дзятлаўскага р­на. Мінск : Універсітэцкае, 1997. С. 362-364.

[58] Słowo. 1935. 19 października. № 287 (4136).

[59] Беларуская газета. 1933. № 6. 26 жн.

[60] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich... Т. 14. S. 558.

[61] Chlopicki E. Kartki z teki podróżnej // Klosy. 1869. № 9.

[62] Назва паходзіць ад лацінскага слова baneum (так зваўся пуката­ўвагнуты посуд, якім карысталіся для абмывання ў тэрмах і купальнях, пазней - у баптыстэрыях пры абрадзе хрышчэння).

[63] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 11. S. 460.

[64] Kurjer Wilenski. 1934. 6 września. № 243 (3133).

[65] Grzymała­Przybytko A. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. S. 30.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX