Ад перакладчыка. Яшчэ адзін артыкул з "Кур'ера Віленскага", які быў надрукаваны пад рубрыкай "Унёскі да манаграфіі Лідскага павета".
Назва "Нагародавічы", згодна з аўтарамі розных манаграфій, паходзіць ад слова "нагарода" - узнагарода. З гэтага можна зрабіць выснову, што Нагародавічы мусілі быць падараваны камусьці ў якасці "ўзнагароды".
* * *
Нагародавічы ляжаць на адлегласці 11 км ад мястэчка Беліцца і за 5 км ад чыгуначнага прыпынку Яцукі на трасе Ліда - Здалбуноў, над ракой Маўчадка, каля вёскі з той жа назвай.
У цяні старадаўняга парку стаіць драўляная сядзіба з лістоўніцы, пабудаваная на ўзор палацыкаў, якія яшчэ можна знайсці ў нашых мясцінах. За сядзібай знаходзяцца пабудовы фальварка, гаспадарчыя дамы і млын, а потым, над будынкам у стылі італьянскага барока ўзвышаецца вежачка. Гэта старажытная кальвінісцкая святыня.
Нас сустракае пан Станіслаў Дмахоўскі, сучасны гаспадар маёнтка Нагародавічы, і адразу запрашае нас на гарбату. Зразумела, што тут яшчэ пануюць былыя звычаі … .
Уваходзім у стары палац. Адразу бачны невялікі абраз Маці Божай Чанстахоўскай, выкананы на бронзе, з гербам гаспадароў унізе. Дом унутры падзелены на некалькі пакояў, якія сціпла, але з густам аформлены. Усё дыхае прастатой і ўтульнасцю.
На сценах вісяць старыя партрэты і мясцовыя пейзажы. На пытанне, хто ў яго сям'і займаўся жывапісам, гаспадар кажа, што ўсе яго продкі захапляліся гэтым мастацтвам, а яго бацька, с. п. Уладзіслаў Дмахоўскі, аддаваўся яму кожную вольную хвіліну.
Пасля агляду фальварка наш ласкавы гаспадар па нашай просьбе расказаў гісторыю Нагародавічаў. Мы задуменна ўслухоўваліся ў гісторыю, якая як кіно, праходзіла перад нашымі вачыма.
Блізкі сябар Літавора Наваградскага, Матэр Ёнас, з невялікім атрадам наваградскіх юнакоў рухаўся ляснымі сцежкамі вакол Навінаў і Дзятлава, каб незаўважна абысці крыжацкія лагеры, раскіданыя ў некалькіх месцах наднёманскай пушчы - пад камандаваннем Сантаса Георга ў Пагірах, а таксама ў Карытніцы і Беліцы - з двух бакоў Нёмана, гэтымі кіраваў сам камтур. Літавор хацеў дабрацца да Арлянскага шляху, дзе вялікі князь рыхтаваўся да выправы супраць чорных крыжакаў.
Праціўнік прадчуваў паход Ёнаса і кожную сцежку, пратоптаную мядзведзем ці зубрам, ён абкружыў моцнай вартай.
Была вясна. Набраклі і далёка шумелі воды Моўчадзі, яны залівалі лес вялікім павадкам. Пры такім шуме, крыжакі не лічылі патрэбным маўчаць і што раз больш гучней аддавалі каманды. Лязг зброі нібы змешваўся з шумам успененай вады, але натрэніраваны слых мясцовых лясным людзей лёгка адрозніваў любы гук, нават калі б ён даносіўся з палёў бітвы тытанаў.
Памыліўся Сантас. Малады літоўскі палкаводзец незаўважаным прайшоў да Арлянскага шляху, дзе даў кароткі адпачынак сваім коням і людзям. Высланыя ім разведчыкі неўзабаве вярнуліся і далажылі яму, што сіла крыжакоў ў два разы пераўзыходзяць ліцвінскі аддзел, але атакуючы іх з засады ліцвіны могуць усіх перастраляць з арбалетаў.
Пачаўся бой. На пачатку поспех быў на баку ліцвінаў, але калі непрыяцель пачаў хутка адступаць, малады Ёнас загадаў пераследаваць яго і патрапіў у крыжацкую пастку, дзе ліцвіны пачалі гінуць пад мячамі немцаў. Шчасце раптоўна схілілася ў бок крыжакаў.
Акружаны з усіх бакоў малады камандзір з некалькімі юнакамі, якія засталіся з ім, былі асуджаныя на смерць, але раптоўна з усіх бакоў загучалі славутыя ліцвінскія ражкі. На ўспененых конях з'явіліся ускудлачаныя Бондар і Крывіч на чале з Гезгайлам. Бой быў не доўгі. На полі бітвы засталіся трупы ў белых плашчах з чорнымі крыжамі.
Праз два дні, аб'ядналіся з Літаворам, які ўжо разбіў крыжакоў у Ліпічанскай пушчы і гераічны Ёнас загадаў паставіць на месцы перамогі вялікі камень з надпісам "Героям", які і цяпер знаходзіцца з парку Нагародавічаў, а Бондарам падараваў вялікі лясны прастор, які таму і мае назву Нагародавічы. Гезгайлу ж для абароны ад нападаў загадаў пабудаваць невялікі замак. Сёння на гэтым месцы стаіць вёска Гезгалы.
* * *
Нагародавічы, як і іншыя нашыя маёнткі, з цягам часу перайшлі ва ўладанне князёў Радзівілаў, якія, як і паўсюдна ў сваіх уладаннях, заснавалі тут пратэстанцкі збор і ў XVI ст. пералі яго біскупу-кальвіністу Вельяміну Руцкому [1], які ў 1554 г. пабудаваў апісаны вышэй барочны збор, які, дзякуючы работам па яго захаванні, і сёння знаходзіцца ў добрым стане. У 1569 г. тут адбываецца з'езд дысідэнцкіх біскупаў. Пад канец 1570 г. біскуп Руцкі выехаў у Рым, дзе гэтак горача прыняў ідэю уніі, што, вярнуўшыся на радзіму, стаў яе вялікім прапагандыстам. Нагародавічы ён перадае магутнаму роду Булгакаў, а сам паехаў у Кіеў, дзе яго абралі ўніяцкім мітрапалітам [2].
У XVIII ст. Нагародавічы перайшлі ва ўласнасць Тызенгаўзаў, якія на месцы знішчанага мураванага палаца, пабудавалі сучасны палацык і ўніяцкую царкву.
Пасля 1782 г. Нагародавічы сталі маёмасцю генерала Ігнацыя Мараўскага, а пасля яго смерці праз суды, маёнтак быў падзелены на часткі, адну з якіх купіла беліцкая старасціна Ленская і потым, у першай палове XIX ст. разам з вёскамі Нагародавічы, Коршакі, Зачэпічы, Гезгалы і некалькімі невялікімі фальваркамі, прадала маёмасць маршалку Ашмянскага павета Ігнацыю Дмахоўскаму.
Antoni Bałabański. Nahorodowicze (Przyczynek do monografji pow. lidzkiego) // Kurjer Wileński. 1934. № 243.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Вельямін Руцкі - грэка-каталіцкі біскуп. - Л. Л.
[2] Аўтар артыкула шмат у чым памыліўся ці быў недакладным. Пра гісторыю Нагародзічаў, гл: Лаўрэш Леанід. Нагародавічы // Наша слова. № 49 (1044), 7 снежня 2011.; Лаўрэш Леанід. 400-годдзе базыльянскай кангрэгацыі ў Нагародавічах // Наша слова. № 28 (1335), 12 ліпеня 2017.; Лаўрэш Леанід. Грэка-каталіцкая парафія ў Нагародавічах // Лідскі летапісец. 2017. № 2 (78). C. 28-39.; Лаўрэш Леанід. Гісторыя вёскі і маёнтка Нагародавічы // Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыка-культурная і археалагічная спадчына: зб. навук. арт. / Нац. акад, навук Беларусі, ін-т гісторыі. Мінск, 2023. С. 107-117.