Пра раннюю гісторыю яшчэ адзінага Мажэйкава я пісаў у сваёй кнізе «Маламажэйкаўская царква» [1].
Ёсць звесткі, што на пачатку XVІ ст. сядзіба, якая аб'ядноўвала Вялікае і Малое Мажэйкава, належала Міхалу Гагіну, мазырскаму намесніку, які прыняў удзел у здрадзе Міхала Глінскага. Таму кароль Жыгімонт Стары перадаў маёмасць Мажэйкава і Дзікушкі Івану Тышкевічу. Наданне Тышкевічу маёмасці ў Жалудоцкім павеце было кампенсацыяй за знішчаную Глінскім і страчаную з-за Масквы маёмасць у Кіеўскім павеце.
Унучка Івана Тышкевіча - Аляксандра (†1593 г.) выйшла замуж за Аляксандра Хадкевіча (†1578 г.) - старасту гарадзенскага, і такім чынам сядзіба перайшла да Хадкевічаў.
Вялікі літоўскі гетман Караль Хадкевіч (1560-1621), палкаводзец у войнах з Масквой і Турцыяй, пераможца ў бітве са шведамі пад Кірхольмам, які загінуў пад Хацінам, меў Вялікае Мажэйкава як адну са сваіх рэзідэнцый.
Восенню 1659 г. Вялікае Мажэйкава было цалкам знішчана рускім войскам князя Хаванскага. Нейкі час маёнтак належаў князям Вішнявецкім, але 12 студзеня 1665 г. князь Дзмітрый Юры Карыбут Вішнявецкі, бэлзскі ваявода, прадаў за 210 000 злотых Мажэйкава, Лебяду, Сурмілішкі і іншыя фальваркі ў Лідскім павеце панам Аляксандру і Тэадоры (з Сапегаў) Нарушэвічам. Гэтак маёнтак перайшоў да Нарушэвічаў. Каля 1666 г. падканцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Кшыштаф Нарушэвіч (†1668 г.) перапісаў Вялікае Мажэйкава разам з Дзікушкамі і Лябёдкай сваёй жонцы Тэадоры Аляксандры з Сапегаў. Іх дачка Мар'яна Тэкля (1662-1725) у 1710 г. выйшла замуж за абознага Вялікага Княства Літоўскага Ежы Караля Хадкевіча (1646-1691), сужэнцы мелі сына Яна Караля Хадкевіча (1686-1712). У 1725 г. маёнтак у спадчыну атрымлівае ўнук Мар'яны Тэклі, берасцейскі ваявода Адам Тадэвуш Хадкевіч (1711-1745), які быў жанаты з Евай Разаліяй (1715-1769). Вялікае Мажэйкава зноў вяртаецца да Хадкевічаў.
Ці доўга маёнтак належаў Хадкевічам, невядома, але ўжо сын Адама і Разаліі - Ян Мікалай Хадкевіч (1738-1781) - жыў у Турцы на Наваградчыне. Ян Мікалай Хадкевіч стаў уладальнікам Мажэйкава ў 1774 г. пасля смерці другога мужа Разаліі Евы, земскага падскарбія Якуба Гутэн-Чапскага. У 1781 г. удава Яна Мікалая Хадкевіча Людвіка Марыя Жавуская пачала па частках распрадаваць свае землі. На пачатку яе гаспадарання на захадзе мяжа маёмасці Хадкевічаў праходзіла ў 2 км ад маёнтка Ішчална, а на ўсходзе пачыналася недалёка ад Ліды. Галоўнай сядзібай гэтых уладанняў з'яўлялася Вялікае Мажэйкава. Маёнтак быў вельмі стары, бо нават шырокі, высаджаны двума радамі бяроз так званы тракт Баторыя (тагачасная дарога Ліда - Гародня) абмінаў яго вакол, каб потым вярнуцца да першапачатковага кірунку.
Да нашага часу захаваліся рэшткі галоўнай брамы падворка. Мясцовае паданне цвердзіць, што каменныя ядры, якія былі ўмураваны ў агароджу двара, з'яўляліся ваеннымі трафеямі гетмана Караля Хадкевіча, здабытымі падчас войнаў. Перад брамай, на абодва бакі тракту, раней меліся два ставы, якія, паводле легенды, капалі дзве тысячы татараў ці туркаў, узятыя ў палон гетманам.
Апошняя адбудова сядзібы ў стылі класіцызму пачалася на пачатку XVІІІ ст. пры Адаме Тадэвушу Хадкевічу. Комплекс аб'ядноўваў сядзібны дом, ад пачатку з трох бакоў акружаны пладовым садам, вялікі парк, мураваную агароджу, афіцыну для гасцей і гаспадарчыя пабудовы: сабакарню, лядоўню, дзве афіцыны - левую і правую, лямус, вялікі склад, альтанку, капліцу, фантан, млын, дзве сажалкі (у 1890 г. побач з сядзібай з'явілася вінакурня).
З інвентара маёнтка Вялікае Мажэйкава 1793 г. даведваемся, што: «На ўездзе на дзядзінец - брама на мураваных слупах з падвойнымі варотамі з габляванай дошкі, уверсе са штыкетам, на завесах і круках жалезны ... дзядзінец агароджаны штыкетам на атынкаваным падмурку з слупамі з цэглы, слупы пакрыты дахоўкай і з каменнымі шарамі ўверсе - такія ж слупы стаяць ад адной да другой афіцыны». Далей інвентар апісвае сядзібны дом, яго ўладкаванне і мэблю, капліцу, фальваркі маёнтка, млыны і корчмы.
У інвентары 1802 г. чытаем: «Палац стаіць фронтам уздоўж вуліцы, праз лес ад яго праходзіць Віленскі тракт. Паміж калонаў стаіць уязная брама ў драўляных кратах, на жалезных завесах і гаках. Палац і афіцыны агароджаны плотам з мураванымі калонамі. Уваход у палац праз ганак з чатырма калонамі, дзверы ў прысенне падвойныя, фасаваныя, на шрубах, замок з антабам і жалезным запорам...».
Далей, як і ў папярэднім інвентары, ідзе апісанне сядзібнага дома (палаца), афіцын, капліцы, будынка садоўніка, саду. Сядзібны дом Вялікага Мажэйкава быў будынкам прастакутнай формы на высокім падмурку з высокім ламаным гонтавым дахам. Гэты мураваны атынкаваны двухпавярховы жылы дом з калонамі ствараў уражанне чагосьці сярэдняга паміж вялікім шляхецкім дваром і палацам. Насупраць палаца меўся вялікі, роўны майдан без ніякіх упрыгожванняў, які выдатна падыходзіў для вучэнняў кавалерыйскай харугвы. На абодвух баках майдана стаялі дзве доўгія афіцыны (знешне падобныя на сядзібны дом) з лістоўніцы з падвойным дахам. У сярэдзіне кожнай з іх меліся стайні да 20 коней, а па тарцах па дзве двухпакаёвыя афіцэрскія кватэры. Пасля Першай сусветнай вайны засталася толькі адна з афіцын, бо палац і другая афіцына ў 1915 г. былі спалены казакамі. Таксама засталося ўзвышша ад ранейшага пад'езда пад дах ганка, які ляжаў на мураваных і атынкаваных калонах.
За палацам знаходзіўся 10-гектарны парк, які складаўся з некалькіх участкаў, альтанак і пастрыжаных алей агульнай даўжынёй каля 2 км. Алеі былі пасаджаны такім чынам, каб вярхі грабаў і ліп стваралі закрытае скляпенне. Андрэй Брахоцкі, сусед з Малога Мажэйкава, пісаў: «За палацам меўся вялікі парк з кіламетрамі алей, пасаджаных такім чынам, што іх верхнія галіны сыходзіліся і рабілі над алеяй скляпенне. Быў гэта малы Шэрбур [2], але мажэйкаўскія алеі былі нават прыгажэйшымі за Шэрбурскія».
У парку меўся вялікі і дасканалы разарый, а ў канцы парку стаяла вялікая мураваная грэка-каталіцкая капліца, пабудаваная Евай Разаліяй каля 1769 г. і перабудаваная як рымска-каталіцкая на пачатку XX ст. па праекту архітэктара Станіслава Раствароўскага. У Кракаве, у архіве Хадкевічаў, у інвентары маёнтка Вялікае Мажэйкава ад 1793 г. захавалася апісанне гэтай грэка-каталіцкай капліцы са спісам начыння каліцы: «Капліца ў канцы парку, насупраць палаца, мураваная з цэглы і атынкаваная, пад гонтавым дахам, з фацыятай. Уваход праз падвойныя дзверы на завесах і з клямкай жалезнымі, з унутраным жалезным замком. Столь з дошак, падлога з цэглы, шэсць вокнаў у драўляных рамах».
Усе гаспадары маёнтка былі аматарамі палявання, і да нашых часоў захаваліся мураваная сабакарня, сабакарня і сядзібная лядоўня, якія знаходзяцца ў паўночным баку сядзібнага саду, што мяжуе з сучаснай вуліцаю Леніна. Над дзвярамі лядоўні захавалася дата «1790». Усе гістарычныя каштоўнасці Вялікага Мажэйкава з піетэтам і найвялікшай стараннасцю ўтрымліваліся да 1939 г. апошнімі ўладальнікамі Верашчакамі.
…Але вернемся да ўладальнікаў маёнтка.
Род Хадкевічаў згас у дваццатых гадах XІX ст., і старадаўняя латыфундыя перайшла да графаў Грабоўскіх. У 1833 г. Вялікае Мажэйкава было прададзенае графу Каралю Рафалу Грабоўскаму, пружанскаму падкамораму, жанатаму з Цяльшэўскай. Ён быў сынам Стэфана Грабоўскага, генерала літоўскіх войскаў і прыяцеля Караля Прозара. Стэфана Грабоўскага не трэба блытаць з іншым генералам Грабоўскім, першым мужам марганатычнай жонкі караля Станіслава Аўгуста - Альжбеты з Шыдлоўскіх.
Караль Рафаіл Грабоўскі (23.01.1778-29.11.1857) гербу Окша, падкаморы Пружанскага павета і ўладальнік велізарнага маёнтка Вялікае Мажэйкава, пахаваны каля касцёла ў Ішчалне. У свой час ён пабудаваў уніяцкую Праабражэнскую мураваную царкву ў вёсцы Дзікушкі, якая была асвечана ў 1840 г. як праваслаўная і стаіць да нашага часу.
Рафал Грабоўскі меў сына і 4 дачок, а менавіта:
1. Францішку Верашчаку;
2. Тэадозію Аскерка;
3. Марыю Скарбак-Важынскую (памерла ў XІX ст., пакінула аднаго сына і тры дачкі, яе патомства сышло з гэтага свету бяздзетным);
4. Канстанцыю Скірмунт, памерла бяздзетнай у 1916 г.;
5. Станіслава Грабоўскага.
Адзіны сын Станіслаў Грабоўскі ніколі не быў жанаты і пасля смерці бацькі доўгія гады гаспадарыў у Вялікім Мажэйкаве. Прыкладна з 1880 г. ён апекаваўся сваімі сіротамі-пляменніцамі Скарбак-Важынскімі і іх маёнткам Ішчална. Такім чынам, ён практычна валодаў двума маёнткамі.
На пачатку XX ст. маёнтак Вялікае Мажэйкава меў каля 10 000 гектараў і цягнуўся бесперапынным пасам шырынёй ад паловы да двух кіламетраў і даўжынёй каля трыццаці кіламетраў ад лесу і фальварка Жукі пад мястэчкам Васілішкі, праз Вялікае Мажэйкава, далей праз шматлікія фальваркі да Шаўдзюноў на беразе Нёмана. Далей землі маёнтка перакрочвалі праз Нёман, і за ракой Вялікае Мажэйкава мела яшчэ 200 га лесу - каля лясоў Яворскай Руды, якая належала маёнтку Жалудок. У Вялікім Мажэйкаве меліся вінакурны завод, два млыны і выдатны лес, які не ведаў сякеры. На добрай зямлі маёнтка аграрная культура стаяла на высокім узроўні. Да Першай сусветнай вайны гаспадарка грунтавалася на вырошчванні збожжа, якое па меры абмалоту з аднаго фальварка перавозілася ў наступны, покуль усё збожжа не збіралася ў вялікім збожжавым амбары ў Шаўдзюнах над Нёманам. Узімку ў залежнасці ад ураджаю цесляры будавалі адну, дзве ці тры баркі-віціны і ўвесну па Нёмане шматвяковым шляхам збожжа везлі ажно да Караляўца (Кёнігсберга), дзе яго заўжды прадаваў адзін і той жа гандлёвы агент Грабоўскага. Пачынаўся абмен тэлеграмамі, агент штодзённа перадаваў кошты на зерне, і нарэшце з Мажэйкава прыходзіла каманда: «Прадаць!» І тады збожжа прадавалася разам з баркамі. У 1930-я гг. у Шаўдзюнах яшчэ жылі сяляне - патомныя рачнікі, якія шмат разоў вадзілі баркі са збожжам па Нёмане.
Станіслава Грабоўскага сяляне памяталі як добрага пана, але казалі, што ён часцяком упадаў у злосць. Адміністрацыя, эканомы і лясная варта памяталі яго строгім, але справядлівым, а ў дачыненні да непрыстойных ці непаслухмяных - часам нават жорсткім. Ён паважаў добрых гаспадароў і меў два замілаванні: паляванне і лес. Некалькі разоў бывала, што, сам маючы 5 000 га лесу, купляў дровы ў суседзяў, бо шкадаваў свой лес. У выніку яго спадкаемцы атрымалі нецярэблены лес - шмат было дрэваў з дупламі ці нават зусім спарахнелых. Шмат было соснаў у 5-6 кубаметраў драўніны і вышынёй ствала ў 30 метраў. Мокрыя нізіны параслі елкай, бярозай, алешынай.
У сваім доўгім, размераным жыцці Станіслаў Грабоўскі меў толькі два засмучэнні: першы раз - калі праз ягоныя лясы будавалася шаша Гародня - Ліда і на працягу трох кіламетраў у яго лесе выцерабілі дваццаціметровую прасеку. А другі раз - калі праводзілі чыгунку Ліда - Ваўкавыск і таксама выцялі кавалак лесу. У другі раз эканом маёнтка атрымаў загад прыкласці любыя высілкі, каб чыгуначная станцыя, якая потым атрымала назву Скрыбаўцы, не будавалася на землях маёнтка Вялікае Мажэйкава. І таму станцыя зараз стаіць больш далёка ад маёнтка, чым першапачаткова планавалася.
Сусед з Ішчалны Караль Лясковіч пісаў: «[Станіслаў Грабоўскі] любіў лес і не быў ласы на грошы. Яго лясы былі вялікім рэзервам дасканалага старога дрэва. Купцы лесу - яўрэі з цікавасцю глядзелі на гэтыя лясы і моцна жадалі, выцерабіўшы іх, напоўніць свае гаманцы. Неаднаразовы прыязджалі на перамовы, пасля якіх граф Грабоўскі кожны раз выязджаў з ім аглядаць масівы лесу, і кожны раз спакой лесу настройваў яго на сузіранне вечнасці, і ён адмаўляўся... Лес, не крануты сякерай, заўсёды аказваў на яго больш моцнае ўздзеянне, чым выгляд грошай. Таму купцы заўсёды ад'язджалі ні з чым і чарговы раз уздымалася яго слава добрага гаспадара».
Станіслаў Грабоўскі стала гаспадарыў у Малым Майжэкаве шмат гадоў, але ў 1900 г., выгадаваўшы пляменніц з Ішчалны, выправіўся ў Парыж, дзе яму так спадабалася, што пражыў там да 1905 г. Чым там займаўся - невядома, аднак шмат грошай не выдаткаваў, вось толькі да яго замілаванняў дадалося яшчэ адно - фатаграфія. Вялікая колькасць фотаздымкаў была зроблена ім з сапраўдным артыстызмам. Дахаты Грабоўскі вярнуўся ў 1905 г. і патрапіў якраз на «рэвалюцыю» - як толькі вылез з брычкі, праехаўшы з Ліды трыццаць кіламетраў да маёнтка (чыгункі Ліда - Ваўкавыск яшчэ не было), дык у першы ж дзень натоўпы сялян патрабавалі ад яго «хлеба, солі, зямлі, волі!». Таму граф загадаў замяніць коней і адразу ж выехаў у Ліду, а далей у Парыж. І больш ніколі ў Вялікае Мажэйкава не вяртаўся.
Жывучы ў Парыжы, Станіслаў Грабоўскі ўвёў навіну - кожны год перад Вялікаднем у Мажэйкаве забівалі дванаццаць свіней. З іх рабілі «літоўскія вяндліны», шынкі, сухія каўбасы і некалькі вялікіх кавалкаў найлепшага сала. Усё гэта клалася ў прыгожа зробленыя скрынкі з альховага дрэва і экспрэс-поштай дасылалася Грабоўскаму ў Парыж. З кім усё гэта спажывалася, было невядома, бо сваякі ведалі, што, акрамя мадам Валес, у Парыжы ён ні з кім больш не быў знаёмы.
У Парыжы ён дачакаўся Першай сусветнай вайны і ўдалечыні ад маёнтка, які занялі немцы, з ласкі сваёй былой дамы сэрца жыў вельмі сціпла і памёр у 1917 г. Яго дама сэрца мадам Валес атрымала запіс на 300 000 франкаў, бо Грабоўскі, як педант і аматар парадку ва ўсім, пакінуў у Парыжы тастамент. Сярод ягоных папер у Вільні засталося шмат фотаздымкаў, якія захоўваліся яшчэ ў 1930-я гг. Па здымках можна было здагадацца, што ў свой час ён таксама вельмі цікавіўся зоркай сцэны Мечыславай Цвіклінскай.
Маёнтак Вялікае Мажэйкава ў часе Першай сусветнай вайны пацярпеў адносна мала. Згарэлі два дальнія фальваркі: Станіславова і Лябёдка. У самым Вялікім Мажэйкаве не знайшлося 100 рублёў, якія патрабавалі казакі за тое, каб яны не спалілі двор. Ніхто з прыслугі не меў грошаў ці не пажадаў адкупіцца, і стары, пабудаваны з лістоўніцы дом, які памятаў яшчэ гетмана Хадкевіча, згарэў. А разам з ім згарэла шмат каштоўных карцін, абразоў, скульптур, вялікая бібліятэка і - што самае дрэннае - большасць так званага Празароўскага архіва, які датычыў паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Пра гэты архіў пісаў гісторык Мар'ян Дубецкі. Нейкая частка архіва знаходзілася ў Вільні, дзе была знішчана падчас Другой сусветнай вайны.
Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра архіў Вялікага Мажэйкава. У 1840 г. частка дакументаў з архіва ў Хойніках, якім валодаў абозны ВКЛ Караль Прозар, была перададзеная Грабоўскаму для капіявання. У Хойнікі дакументы больш не вярнуліся. Магчыма, таму, што пасля паўстання ў 1864 г., у якім удзельнічалі прадстаўнікі роду Прозараў, засцерагаючыся арыштаў, яны самі пачалі знішчаць паперы свайго архіва і лічылі, што ў Мажэйкаве дакументы будуць у небяспецы. Трэба адзначыць, што недзе з 1910 г. захавальнікам архіваў Вялікага Мажэйкава і Ішчалны працаваў лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч.
Пасля таго як у 1915 г. прыйшлі немцы, з'явілася магчымасць адбудовы згарэлых фальваркаў, бо прускі маёр, які ад імя акупацыйнай улады гаспадарыў у Мажэйкаве, быў перакананы, што маёнтак стане ягонай уласнасцю, і рабіў усё, што мог, каб аднавіць гаспадарку. Маёр падрыхтаваў матэрыял для адбудовы згарэлага дома і для гэтага нават аднекуль знайшоў фотаздымкі сядзібы, запусціў вінакурню і прыдбаў сельскагаспадарчыя машыны. Падчас краязнаўчай экспедыцыі летам 1999 г. я з сябрамі бачыў і трымаў у руках фотаздымак сядзібнага дома з агароджай пачатку XX ст., які захоўваўся ў жыхароў Вялікага Мажэйкава. Пэўна, гэта быў адзін з тых здымкаў, якія здабыў нямецкі маёр. На жаль, потым гэты здымак мясцовыя жыхары прадалі нейкаму калекцыянеру.
Сын апошняга гаспадара суседняй Ішчалны пісаў: «Падчас вайны маёнтак [Ішчална] страціў падрыхтаваны запас будаўнічых матэрыялаў (былі назапашаны, каб пабудаваць новую плябанію, а ў былой плябаніі зрабіць прытулак для старых). У 1915 г. Лідскі павет быў заняты немцамі. У Вялікім Мажэйкаве атабарыўся нямецкі маёр, прадстаўнік Lіеgеnsсhаft - арганізацыі, якая кіравала кінутымі маёнткамі. Уладальнік Вялікага Мажэйкава да таго часу памёр у Парыжы, і інфармацыя пра гэта была атрымана праз Чырвоны Крыж. Маёр, анямечаны паляк з Познані, прафесійны аграрнік, верыў у нямецкую перамогу і вырашыў зрабіць усе, каб гэта маёмасць у перспектыве стала ягонай. Таму гаспадарыў у гэтым маёнтку як сапраўдны "добры бацька". Сцягнуў сюды з Ішчалны ўсе назапашаныя будаўнічыя матэрыялы і пачаў мадэрнізацыю на заходні капыл. Пабудаваў вялікую мураваную абору і вялізарную стадолу, адрамантаваў усе гаспадарчыя будынкі. Раллю трымаў ва ўзорным стане.
Дзякуючы яму Вялікае Мажэйкава стала адзіным маёнткам у ваколіцы, які выйграў ад нямецкай акупацыі. Прайграная вайна, вяртанне дахаты і юрыдычнае наданне гэтага маёнтка спадкаемцам было для маёра адной з найвялікшых страт у жыцці».
Пасля смерці графа Станіслава Грабоўскага спадкаемцам застаўся маёнтак Вялікае Мажэйкава ў Лідскім павеце, дамы і пляц у Вільні, нейкія дэпазіты і тастаменты.
У падзеле маёмасці прынялі ўдзел Верашчакі (бо сястра Грабоўскага Францішка выйшла замуж за Стэфана Верашчаку) і Аскеркі (яго сястра Тэадозія з Грабоўскіх была замужам за Аляксандрам Аскеркам). Вырашылі падзяліць маёнтак на 36 частак. 15/36 перайшло да Верашчакаў а 21/36 да нашчадкаў Тэадозіі Аскерка. Гэта частка адышла да яе трох замужніх дачок, якія атрымалі свае часткі ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Найбольшай частка, 9/36, дасталася Марыі Мінейка з Аскеркаў, якая мела чацвёра дзяцей. Зоф'я Раствароўская з Аскеркаў, якая мела дваіх дзяцей, атрымала 7/36, а Аляксандра Ваньковіч, як адзіная дачка Ядвігі Горват з Аскеркаў, успадкавала 5/36 маёмасці. Гэтыя прапорцыі падзелу адносіліся як да нерухомасці, так і да рухомасці, якой дарэчы, было няшмат.
Калі гаспадарка для спадкаемцаў стала супольнай, кіраўніцтва раздзелам маёмасці ў свае рукі ўзялі Францішка Верашчака і Уладзіслаў Мінейка. Трэба было выселіць адсюль вайскоўцаў і аплаціць немалы падатак за спадкі. Каб паменшыць агульную плошчу і ўнікнуць забірання часткі зямлі для вайсковых асаднікаў, трэба было самім аддаць пэўную частку зямлі на парцэляцыю.
Каб мець жывыя грошы, прадалі частку лесу ў Шаўдзюнах. І тут новыя гаспадары першы раз памыліліся. Справа адбылася падчас нестабільнасці валюты, яшчэ да ўвядзення польскага злотага. Самі пакупнікі прапанавалі заплаціць доларамі, але новыя гаспадары адмовіліся, бо палічылі: калі нам прапануюць долары, дык маюць нейкі інтарэс, і згадзіліся толькі на польскія маркі. Гаспадары ўзялі вялікі задатак, якім адразу заплацілі падатак за спадкі, а праз год, з-за інфляцыі, на астатнія грошы ў марках, узятыя за прыгожыя шматкубовыя сосны, якія былі ўжо падрыхтаваныя да сплаву, можна было купіць толькі пачак запалак.
Вось як на пачатку 1920-х гг. апісваў маёнтак Вялікае Мажэйкава Андрэй Раствароўскі, маці якога, з Аскерак, была сярод спадкаемцаў: «Улетку выехаў у Вялікае Мажэйкава. Высадзіўся на станцыі Скрыбаўцы… Са станцыі ехаў па рэйках на па-нямецкай коннай вузкакалейцы Скрыбаўцы - Васілішкі на ўласнай ваганетцы, якую цягнуў адзін конь. Дарога не была далёкай, каля трох кіламетраў. Калі пераедзеш чыгунку і выедзеш з лесу, ужо бачна вялікая і моцна засаджаная дрэвамі тэрыторыя маёнтка. Прыгожа пабудаваныя будынкі атачалі падворак, трохі збоку стаялі вінакурня і ферма. З боку падворка мелася характэрная для гэтых ваколіц «сушылка сыроў». І, нарэшце, атачоная уласным мурам з брамай сядзіба. Адразу за брамай, на невялікім, пэўна, штучна насыпаным гетманам узвышшы стаяў калісьці дом - зараз руіны і ўваход у лёхі. З двух бакоў дома стаялі дзве афіцыны з лістоўніцы, крытыя ламаным гонтавым дахам. Пасярэдзіне абедзвюх былі стайні, а па чатырох кутах - жылыя пакоі. Згодна з мясцовай традыцыяй у афіцынах стаяла "падручная харугва" гетмана. Ад брамы да двара вяла алея чатырохсотгадовых елак, уздоўж афіцын таксама раслі елкі. За домам пачынаўся сад. Былі там шэрагі грабаў трохметровай вышыні, якія змыкаліся ўверсе, лабірынты, альтанкі, а на пустых месцах раслі пладовыя дрэвы. У канцы, каля мура была капліца. Яе рысунак у свой час выканаў мой бацька. Да 1905 г. забаранялася будаваць капліцы і касцёлы. Таму спачатку "будаваліся" руіны, а потым пісалася паданне аб дазволе адбудаваць "руіны". Пры адпаведных стараннях і праз хабар можна было такі дазвол атрымаць. <…>
Збоку, каля муроў стаяў дом адміністратара, там ужо быў тэлефон. Зараз дом займае пастарунак паліцыі. Адну з афіцын займалі "арыстакраты" дваровай службы: пан Якубоўскі, механік, стальмах, садавод. У другой афіцыне на адным канцы - тры пакоі з кухняй займалі Верашчакі, другі - чатыры пакоі з кухняй былі зарэзерваваны для нас, г. зн. для Мінейкаў, Ваньковічаў, Раствароўскіх. Трэбы было аб'ехаць вёскі, разабрацца ў сітуацыі і выбраць аб'ект, які б нам найбольш адпавядаў. Іншыя дзедзічы не мелі такіх праблем, бо два вялікія аб'екты: Вялікае Мажэйкава і Дзікушкі з прыгожымі мураванымі гаспадарчымі будынкамі - адразу перадаваліся Мінейкам і Верашчакам. Астатнія аб'екты не мелі такой каштоўнасці, бо пераважна не мелі будынкаў. <…>
Мы выбралі Скабейкі, невялікі фальварак, які ляжаў каля лесу і меў такія-сякія будынкі, а таксама некалькі дзясяткаў стагадовых ліп і ясеняў. <…>
Пасля доўгіх карагодаў і "прымерак", бо ніхто не меў гатоўкі для выплаты, а верагодны атрымальнік грошай не жадаў чакаць, падзел быў прыняты і зафіксаваны. Фальваркі Жукі, Лябёдка, Станіславова пайшлі на парцэляцыю… Верашчакі, маючы 15/36 ад спадкаў, атрымалі Вялікае Мажэйкава, Марніцішкі і вялікую плошчу лясоў. Мінейкі за свае 5/36 узялі Раманаўцы і частку Баярскага бору. Раствароўскія з 7/36 атрымалі Скабейкі, большую частку Баярскага бору і частку Вялікага бору - Жукі, Тамашоўцы і Валоку ІІ».
У выніку атрымаўся наступны падзел маёмасці:
Стэфан і Міхал Верашчакі - Вялікае Мажэйкава, 1 600 га.
Марыя Мінейка - Дзікушкі, 1 000 га.
Зоф'я Раствароўская, Скабейкі - 800 га.
Александра Ваньковіч, Раманаўцы - 600 га.
Рэшта, каля 500 га, як супольная маёмасць была ліквідавана.
У 1930-х гг. Вялікае Мажэйкава Верашчакаў мела вытворчасць спірту, тартак, паравы млын і электрычнае асвятленне, электроўня працавала на вадзяным млыне ў Ішчалнянах.
Сусед Караль Лясковіч пісаў: «Апошні ўладальнік Вялікага Мажэйкава сп. Міхал Верашчака па прамой лініі, па мячу быў сваяком Марылі Путрамант з Верашчакаў - вялікага кахання Адама Міцкевіча. Слынныя Туганавічы, як пасаг, перайшлі да ягонай сям'і. Іх апошняя гаспадыня запісала Туганавічы Віленскаму ўніверсітэту, гэта быў ужо невялікі маёнтак.
Міхал Верашчака вызначаўся спакойным характарам і клопатам аб сваіх працоўных. Быць уладальнікам Вялікага Мажэйкава лічылася вялікім гонарам, бо гэта быў цэнтральны, дзедзічны фальварак і да таго ж ён меў спіртзавод, які даваў добры прыбытак. Не было такога выпадку, каб нехта з рабочых, нанятых Верашчакам, кідаў працу і шукаў іншай пасады. Да таго ж тут мелася добрая апека над пенсіянерамі і члены сям'і працоўных маглі лёгка ўладкавацца на працу на розныя прадпрыемствы ў мястэчку. Кіраўніцтва лясамі і прадпрыемствамі Вялікага Мажэйкава знаходзілася ва ўмелых руках кузэна Верашчакаў Тадэвуша Шыманскага».
Сын гаспадыні Скабеек Андрэй Раствароўскі успамінаў: «Мы яшчэ жылі ўсе разам у Вялікім Мажэйкаве (напачатку 1920-х гг. - Л. Л.), але кожны клапаціўся і, як мог, будаваў сваю сядзібу. Верашчакі казалі, што ўсё добра і гэтак, і калі рэшта сваякоў пакіне афіцыну, дык будзе ажно зашмат пустога месца. Цёця Мінейка лічыла, што часы яшчэ няпэўныя, можа яшчэ адбыцца зямельная рэформа і не варта выдаваць грошы на новыя апартаменты, таму свае грошы патраціла, купіўшы супольна дом у Варшаве на Рынку Старога горада № 23. Такія ж думкі мелі і Ваньковічы, яны для пачатку пабудавалі малы домік як для эканома і толькі праз нейкі час пабудавалі нармальны жылы дом. Мы думалі інакш і жадалі як найхутчэй пабудаваць дом, каб жыць з камфортам. Мама і сястра Ружа загадзя разбілі два сады (Ружа для гэтага нават закончыла курсы ў Варшаве і Кракаве) і пачалі высаджваць дрэвы і кусты, высадзілі фруктовы сад і ружарыюм. Залажылі цяпліцы. Адначасова, з бацькам заняліся пабудовай дома. Тата (Тадэвуш Раствароўскі - вядомы віленскі архітэктар. - Л. Л.) зрабіў праект будоўлі. Будоўля доўжылася адзін год. Але і праз год маглі жыць толькі ў адным мансардным пакоі, бо дом яшчэ не быў закончаны. Таму ўвесь вольны час я прысвячаў будаўніцтву і хутка разабраўся ва ўсіх таямніцах гэтага рамяства».
Пра былую частку маёнтка Малога Мажэйкава - Скабейкі - мы ведаем больш, чым пра іншыя часткі, бо сын уладальніцы Скабеек Андрэй Раствароўскі пакінуў цікавыя ўспаміны.
Ад грамадскай дарогі да новага дома Раствароўскіх у Скабейках вяла свежапасаджаная ліпавая алея. Гэтыя дрэвы Андрэй прывёз з Лідскага лясніцтва, дзе знайшоў іх ужо добра падрошчанымі. Паміж уязной брамай і домам меўся кругавы газон, а дарога была высыпана прасеяным жвірам, які прыемна шапацеў пад коламі аўтамабіля гаспадароў. Другая знешняя алея вяла ад дома на захад у разарый з бетонным басейнам унутры, вада падагравалася і падпампоўвалася адмысловай помпай. Печы ў доме ставіў слынны Беньямін з Жалудка па мянушцы «немка» разам са сваімі сынамі. Адзін з сыноў быў сапраўдным нямым, ён, акрамя печаў, рабіў усе мулярскія працы і будаваў падвалы. Грунтовыя воды стаялі высока, і таму нельга было рабіць глыбокіх падвалаў, а трэба было ставіць іх амаль што наверсе і абсыпаць зямлёй - на паўтараметровай сцяне скляпенне поўнага профілю ў паўкола. Раствароўскі тлумачыў «немку», што тое, што ён робіць, не будзе трымацца, - трэба зрабіць скляпенне больш адкрытым. Майстар не згаджаўся і будаваў «пад сваю адказнасць». Неяк, на закончанае скляпенне ноччу паліўся лівень, і на ранку тырчалі толькі часовыя драўляныя рамы. «Немка» за пару дзён адбудаваў яшчэ раз. Скляпенне высахла, узялося - пачалі вымаць раму, і зноў усё пасыпалася. Толькі тады «немка» пакаяўся. Паднялі сцены на 20 см і зрабілі больш адкрытае скляпенне, прычым частку цэглы зрабілі «на клін». Тады скляпенне вытрывала не толькі зняцце рамы, але і метровы насып зямлі зверху. «Немка» таксама клаў дахоўку на даху, што з-за ламанага даху, мансардных вокнаў і высунутых ганкаў было складанай працай. Аднак дах не зацякаў і трымаўся добра. Горш было з падваламі пад домам, дзе паказалася вада і, што б гаспадары ні рабілі, не думала сыходзіць. Пасля нарады са спецыялістамі, вырашылі абкапаць дом ровам, зрабіць дрэнаж з фашынаў, а ваду з рова спускаць на луг. Першыя 6 гадоў гэты дрэнаж працаваў добра, падвалы былі сухія, але потым ці дрэва заплыло, ці заваліла стокі, але ў падвалах зноў паказалася вада. Тады, пры дапамозе Андрэя Брахоцкага, суседа з Малога Мажэйкава, які скончыў Варшаўскую палітэхніку па меліярацыі, залажылі надзейны дрэнаж з трубаў, і ён надзейна працаваў да самага канца.
У падвалах былі зроблены зборнікі, з імі не было праблем, і таму клазеты, зліў з кухні і ваннай працавалі добра. Раствароўскі падлічыў расход вады і вырашыў, што бак у 2 м3 будзе дастатковым. Бак зрабілі з ацынкаванай бляхі і павесілі пад столь ван най. У кухні, каля дзвярэй мелася ручная помпа, і кожны дзень з раніцы вартаўнік на працягу паловы гадзіны напаўняў бак з студні, якая з'яўлялася першай пабудовай.
Таксама «немка» пабудаваў адмысловую сцяну паміж кухняй і ваннай. У сцяне мелася сістэма каналаў, па якіх ішло гарачае паветра разам з дымам ад кухоннай пліты і грэла гэтую сцяну. Такім чынам ванная цудоўна абагравалася. Падагрэў сцяны на лета замыкаўся цэлай сістэмай засавак, і тады дым з кухоннай пліты ішоў адразу ў комін. Пакоі ў доме былі вялікія і высокія, па старой традыцыі, - 3,1 м. Вокны таксама вялікія. Толькі самыя вялікія пакоі мелі асобныя печы, меншыя мелі адну печ на два пакоі. У доме заўсёды было цёпла, і нават у самыя моцныя маразы печы паліліся «на змену», праз дзень. Палілі, зразумела, дрывамі. Пераважна гэта былі вярхі дрэў ці апалыя галіны з эксплуатаваных лясоў. Для гэта дрэва завозілася пад канец зімы, ставіліся двое работнікаў, якія пілавалі, секлі і ставілі адну ці дзве горкі дроў - як стагі сена. Дровы сохлі ўсё лета і ўзімку гарэлі, як салома.
Аднапавярховы драўляны і атынкаваны дом Раствароўскага быў не вельмі вялікі, але вельмі прыгожы. Дом меў падоўжаную форму і два ўваходы на тарцах. Галоўны, парадны, выходзіў на цэнтральную алею, другі - у бок гаспадарчых пабудоў. Гмах стаяў на ўзгорку і быў бачны здалёку, быў прыгожа аздоблены і пафарбаваны, што ў асяроддзі кветак і дрэў глядзеўся, як казачны, але ўнутры выглядаў сціпла. У 1942 г. яго спалілі партызаны.
У 1926 г. глава сям'і, архітэктар Тадэвуш Раствароўскі купіў дом у Вільні, і сям'я жыла на два дамы. Андрэй Раствароўскі ўспамінаў: «...Вільня з'яўлялася самым танным горадам у Польшчы. Трэба было моцна паднапяцца, каб за вечар патраціць 100 злотых. Якраз з'явіліся першыя таксі, але яны не мелі каго вазіць. Большасць людзей жыло недалёка, і іх не трэба было вазіць. У горшым выпадку бралі дрожкі, якія каштавалі 50 грошаў ці меней. ... Сядаючы на дрожкі, можна было сказаць: "Да пана Ваньковіча". Недалёка ад нашага дома была стаянка дрожкаў. На ранку за 20 грошаў можна было даехаць куды хочаш, бо было важна, каб першы кліент быў мужчынам - тады дзень будзе добры. [Потым] былі на "балонах", і таму было прыемна ехаць па бруку. Першы асфальт з'явіўся за пару гадоў перад Другой сусветнай вайной. А як умела рамізнік укладваў на мікраскапічныя козлы шмат валізак і іншы багаж, і пасля гэтага, добра апрануты, па-беларуску панукаў тоўстага, як мяч коніка».
У былой частцы Вялікага Мажэйкава - старажытным фальварку Раманаўцы - пасля пабудовы там жылога дома час ад часу жылі Ваньковічы. Аднак яны тут былі гасцямі, бо жылі больш у Варшаве ці ў маёнтку Горышкі ў Пазнанскім ваяводстве ў бацькі спадарыні Ваньковіч Горвата. Муж гаспадыні маёнтка Аляксандры Ваньковіч Станіслаў Ваньковіч з'яўляўся сенатарам Рэчы Паспалітай і сакратаром Крэсовага Звязу землеўладальнікаў, працаваў у Варшаве і Вільні. Ваньковічы мелі 2 сыноў: старэйшага Караля (памёр да 1939 г.) і малодшага, які пасля вайны выехаў у США, там памяняў прозвішча на Толбат і парваў усе кантакты са сваякамі. Аляксандра і Станіслаў Ваньковічы былі забіты немцамі падчас акупацыі. У апошнія гады перад Другой сусветнай вайной Раманаўцы арандаваў інжынер Ян Трацяк.
Маёнткам Дзікушкі пасля заканчэння вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве валодаў інжынер Аляксандр Мінейка. Мінейку і Яна Трацяка суседзі лічылі настаўнікамі і дарадцамі ў сельскай справе. Мінейка жыў у малым дамку з некалькіх пакояў, а вялікі, мураваны і прыгожы дом пабудаваў перад самым 1939 г. Менавіта парэшткі гэтага гмаху і выклікаюць зараз вялікую цікаўнасць сучаснікаў.
Сядзібны дом Мінейкі быў пабудаваны ў стылі неакласіцызму і, нягледзячы на сучасны разбураны стан, усё яшчэ здзіўляе размахам і элементамі вонкавага дэкору. Часцей за ўсё на фотаздымках у інтэрнэце можна ўбачыць балкон на пяці невялікіх калонах, а таксама парадны ўваход. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме Мінейкі арганізавалі саўгасную кантору, потым вясковы клуб, а з нейкага моманту проста закінулі.
Пра апошняга гаспадара Дзікушак інжынера-аграрніка Аляксандра Мінейку вядома наступнае. Ён кіраваў маёнткам сваёй маці Дзікушкі (каля 1000 га). Быў узнагароджаны Крыжам Валежных і ў 1920 г. атрымаў чын падафіцэра польскай арміі, Перад Другой сусветнай вайной быў сябрам управы малочнага кааператыва ў Дзікушках і чынным сябрам Кола гадоўцаў коней. Суседзі пісалі пра яго як пра выбітнага аграрніка, які ў Дзікушках паставіў сельскую гаспадарку на самы высокі ўзровень. У 1939 г. афіцэр парашутнай брыгады Аляксандр Мінейка выехаў у Англію і, адваяваўшы ўсю вайну, застаўся там у эміграцыі. Парэшткі дома, які пабудаваў гэты чалавек, любяць фатаграфаваць турысты.
Андрэй Раствароўскі, які жыў у суседніх Скабейках, пісаў пра цікавыя падзеі 1925 г. у Дзікушскай царкве: «Цікавым выпадкам была гісторыя з царквой у Дзікушках. Гэта царква пабудавана ў раманскім стылі без аніякіх цыбулінаў і купалоў у 1835-1840 гг. і была з уніі пераведзена ў праваслаўе. Пры царкве мелася добрая плябанія і ладны кавалак поля, а таксама фруктовы сад. Праваслаўным пробашчам быў тут вельмі цікавы тып - аматар гарэлкі. Не ведаю, па чыёй ініцыятыве, <...> раптам у нейкі дзень пробашч і ўся парафія перайшлі ва "ўніяты". Былі нейкія святы і набажэнства, ніхто не пратэставаў. Адначасова старая абарончага тыпу царква ў Скрыбаўцах была пераведзена ў каталіцкі касцёл, утворана новая парафія і паселены каталіцкі пробашч. Змены ў Дзікушках людзям нават падабаліся, яны казалі, што зараз разам будзем святкаваць святы - праваслаўныя святы спазняліся на 13 дзён». Гісторыю пра неаунію ў Дзікушках я падрабязна прааналізаваў у адным са сваіх артыкулаў [3].
Малое Мажэйкава
Гэтае мястэчка мае агульную з Вялікім Мажэйкавам старажытную гісторыю. У XІX ст. Малое Мажэйкава належала Румэрам. Каля 1868 г. дачка гаспадароў Эмілія Румэр выйшла замуж за Рамуальда Кастравіцкага і атрымала маёнтак у пасаг. Дачка Эміліі і Рамуальда Кастравіцкіх Казіміра як пасаг унесла Малое Мажэйкава свайму мужу Аляксандру Брахоцкаму герба Праўдзіц, пасля чаго Брахоцкія валодалі гэтай маёмасцю да 1939 г.
Род Брахоцкіх паходзіў з Плоцкага павета. Пасля ўпадку Барскай канфедэрацыі лёс закінуў гэту сям'ю ў Беларусь, бо вынікам іх удзелу ў канфедэрацыі была канфіскацыя маёмасці. У Беларусі, Брахоцкія за гатоўку, якую прывезлі з сабой, купілі некалькі маёнткаў і, дзякуючы карысным жаніцьбам, паступова зноў дайшлі да заможнага стану.
У XІX ст. самым выбітным з Брахоцкіх быў палкоўнік Валенты. У маладым ўзросце ён збег да легіёнаў Дамброўскага, яго згадвае Міцкевіч у «Пане Тадэвушы». Ён браў удзел ва ўсіх кампаніях Напалеона, у тым ліку і ў вайне 1812 г. Узнагароджаны залатым крыжам «Vіrtutі Mіlіtаrі», пасля войнаў асеў у Дзісенскім павеце. Паўстанне 1831 г. зрабіла Валенты Брахоцкага вайсковым начальнікам гэтага павета. Нарэшце, з корпусам Гелгуда ён перайшоў прускую мяжу і жыў у эміграцыі, памёр у Каралеўцы ў 1856 г.
Яго брат Рох меў трох сыноў: Уладзіслава, Антона і Аляксандра і быў уладальнікам маёнтка Гаўя з фальваркам Морына. Гаўя дасталася старэйшаму сыну Уладзіславу, а Морына - Антону. Уладзіслаў браў чынны ўдзел у паўстанні 1831 г. - у бітве пад Грохаўскай Альшынкай пад ім забіла каня. Пасля паўстання атрымаў вырак аб канфіскацыі Гаўі, але яго ўратаваў узрост. Меў тады 19 гадоў, а законы для няпоўнагадовых тады былі значна больш памяркоўнымі. Гаўя была вялікай рэзідэнцыяй, мела млын на рацэ з гэтай жа назвай, вялікі жылы дом у парку, у доме была аранжарэя з слаўнай у ваколіцах вінаграрняй. Аднак удзел у паўстанні 1863 г. справакаваў прымусовы продаж гэтага маёнтка. Набыў яго генерал Сахараў, ён выцяў лясы, знішчыў парк і гаспадарку, а зямлю часткова прадаў.
У часы паміж паўстаннямі Уладзіслаў жыў у Гаўі, з'яўляўся чынным сябрам Археалагічнай камісіі ў Вільні, з 1858 г. быў апошнім абраным маршалкам шляхты ў Наваградскім павеце і праславіўся тым, што скасаваў усе шынкі на тэрыторыі маёнтка. Ён падтрымліваў грамадзянскую бібліятэку ў Наваградку і да моманту яе закрыцця Мураўёвым з'яўляўся яе ганаровым куратарам і дабрачынцам. За ўдзел у паўстанні 1863 г. Уладзіслаў Грабоўскі быў адміністрацыйна сасланы ў Перм. У 1874 г. дамогся дазволу жыць у Вераскаве Наваградскага павета - маёмасці яго жонкі Гелены з Дубоўскіх.
Родны брат Уладзіслава Антон, уладальнік Морына, таксама з'яўляўся апошнім выбраным маршалкам шляхты Ашмянскага павета. І таксама быў дэпартаваны пасля паўстання 1863 г. ва Уфімскую губерню, але Морына не было канфіскавана. Невядома, чаму так адбылося, бо была гэта вялікая гаспадарка, якая перад выбухам Другой сусветнай вайны мела каля 3 000 гектараў.
А трэці брат Аляксандр, уладальнік Малога Мажэйкава, у паўстанні ўдзелу не браў, бо быў моцна хворы і памёр праз некалькі гадоў пасля яго. Пасля яго застаўся адзіны сын Уладзіслаў Брахоцкі (1857-1932).
На пачатку XX ст. да Малога Мажэйкава належалі вёскі Скрыбаўцы, Шпількі, Гасцілаўцы і Бешанкі. Агульная плошча маёнтка складала 3500 га, але да 1914 г. яна зменшылася да 1 500 га. Сядзіба маёнтка знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі і напрыканцы XVІІІ ст. і ў пачатку XІX ст. Румэры пабудавалі тут вялікі мураваны двор. Аляксандр Брахоцкі прадоўжыў будоўлю, і канчатковы выгляд сядзіба набыла ў 1908-1910 гг. - дом замест гонты быў накрыты бляхай, зроблена ўнутраная перабудова. У левай палове змяшчаўся вялікі хол, сцены ўпрыгожвалі аленевыя рогі і ваўчыныя галовы. У правай палове - чатыры пакоі, большы з якіх - сталовая.
Сядзібны комплекс складаўся з трох зонаў: цэнтральнай - жылой, заходняй - гаспадарчай і ўсходняй - паркавай. Сядзібны дом - мураваны, прастакутны, аднапавярховы будынак з двухсхільным дахам. Цэнтральная частка з мансардавым паверхам і чатырохкалонным дарычным порцікам. У гаспадарчай зоне таксама знаходзяцца дзве атынкаваныя пабудовы: маслабойня й стайня (ці вазоўня) - у класічным стылі, ад пачатку крытыя гонтам. Сядзібны парк займаў плошчу ў 6 га, некалькі ліпавых алеяй разбівалі парк на сектары. Дрэвы высаджаныя так, што галіны на вышыні 2,5 м скіраваныя да сярэдзіны дарожак і стваралі гатычныя тунэлі. Парк злучаўся з садамі, якія раслі з тыльнага боку панскага дома.
Вядома, што Уладзіслаў Брахоцкі закончыў гімназію ў Рызе, вышэйшую адукацыю атрымаў у Пулавах - вывучаў аграномію. З першай жонкай Зоф'яй (з графаў Махаў) меў шасцёра дзяцей. С другой жонкай Кацярынай з Балінскіх (памерла ў 1929 г.) дзяцей не было. Брахоцкі стала прымаў удзел у грамадскіх справах, як, напрыклад, у пабудове тэатра ў Вільні. Але ў некаторых грамадскіх справах свайго часу ўдзельнічаць прыходзілася прымусова. Сын Уладзіслава Андрэй расказваў, як бацька браў удзел у дэлегацыі дваран, якія на станцыі Ліда віталі цара Мікалая ІІ, калі той праязджаў чыгункай: «Тады мы не ведалі, што маршалак шляхты Грабоўскі (вельмі далёкі сваяк уладальніка вялікага Мажэйкава. - Л. Л.) адмыслова мабілізаваў ваколічную заможную шляхту, байкот гэтага "вернападданіцкага чыну" мог прывесці да рэпрэсій, уключаючы канфіскацыю маёнтка».
Старэйшы сын Уладзіслава Брахоцкага Аляксандр закончыў юрыспрудэнцыю і пасля вайны працаваў суддзёй, напачатку ва Уселюбе, а потым перасяліўся ў Морына і працаваў у Іўі. Тады яго бацька вырашыў, што за Вераскава будзе адказваць малодшы на тры гады сын Станіслаў, выпускнік сельскагаспадарчых студый у Кракаве. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны старэйшыя сыны былі ўжо жанатыя - Аляксандр з паннай Гэленай О'Рурк, а Станіслаў з паннай Зоф'яй Коньчы. Такім чынам, Уладзіслаў Брахоцкі Морына і Вераскаў пакінуў сваім сынам і канчаткова зняў з сабе неабходнасць рупіцца аб іншай маёмасці, акрамя Малога Мажэйкава.
Уладзіслаў Брахоцкі месцам для жыцця выбраў Малое Мажэйкава, бо, як пісаў яго сын: «У адрозненне ад Вераскава і Морына, Малое Мажэйкава мела добрае суседства. Межавала з маёнткам Жалудок князя Людвіга Святапалок-Чацвярцінскага, Вялікім Мажэйкавам - даўняй маёмасцю Грабоўскіх, якая пасля Першай сусветнай вайны перайшла да Верашчакаў, Ванковічаў, Мінейкаў і Раствароўскіх, маёнткам Ішчална, ранейшай маёмасцю Скарбак-Важынскіх, а потым моцна разгалінаванай сям'і Лясковічаў. У заходнім накірунку былі меншыя маёнткі пані Меер, Скіндараў, Іваноўскіх, Кастравіцкіх, Мікульскіх і г.д.». Да таго ж «за тры кіламетры ад Малога Мажэйкава, у Мураванцы ці Скрыбаўцах знаходзілася гатыцкая царква... на лацінскіх табліцах, умураваных у сцены царквы, яна названа Маламажэйкаўскай». Усё гэта і вызначыла выбар.
Сусед Андрэй Раствароўскі ўспамінаў: «Дзіўным чынам, большасць маёнткаў у Лідскім павеце спадкаваліся па-кудзелі [4], і, можа, таму наогул вялі рэй пані - яны адсунулі мужчын у цень. У найбліжэйшым суседстве быў маёнтак Малое Мажэйкава Брахоцкіх. Як выключэнне, галоўнай постаццю тут быў старэйшы землеўладальнік Уладзіслаў Брахоцкі. Ён жыў з жонкай і трыма дочкамі. Два старэйшыя сыны, былыя афіцэры 13-га палка ўланаў былі, жанатыя, жылі і гаспадарылі асобна. …У Мажэйкаве жыла яшчэ сястра Брахоцкага - пані Эмілія, а ўлетку дом запаўняўся сваякамі, якія з'язджаліся сюды на лета: Мах, Балінскія, Шэмёты, Вейткі, Вільскія».
Першыя гады пасля Першай сусветнай вайны былі вельмі цяжкімі, бо ўсе будынкі маёнтка немцы перарабілі на стайні і трэба было іх зноў перарабляць пад патрэбы гаспадаркі. Ворная зямля была запушчана і зарасла, бо стала пашай. Зямлю было цяжка ўзняць, бо не было нават коней і не хапала абаротных грошай на развіццё гаспадаркі. Уладзіслаў Брахоцкі купіў трактар фірмы «Фардзон» і за некалькі гадоў падняў усю закінутую ворную зямлю. Тады ён меў ужо больш за 60 гадоў і не могпрызвычаіцца да новых умоваў жыцця. А жыццё штораз падкідвала яму новыя цяжкасці і неспадзеўкі, напрыклад, вялікай праблемай для абшарнікаў стала прынятая Сеймам зямельная рэформа.
Брахоцкі неяк адужаў першыя цяжкасці - заараў зямлю і засеяў яе, вёў гаспадарку вельмі экстэнсіўна, ашчаджаў грошы і пазбягаў выдаткаў, выкарыстоўваў дзеля гэтага магчымасць адпрацовак і іншых дробных паслуг з боку сялян. Не меў ніякіх даўгоў і плаціў падаткі ва ўстаноўленыя тэрміны, надаючы ім перавагу перад іншымі выдаткамі.
Новая польская адміністрацыя здзіўляла Брахоцкага сваёй непрадказальнасцю. Вышэйшыя чыноўнікі жадалі пабудаваць усё адразу і не надта разумелі, што пасляваенныя магчымасці дзяржавы вельмі абмежаваныя. Прыкладам гэтага можа быць ініцыятыва ваяводства ў Наваградку, дзе «радасная творчасць» чыноўнікаў вырашыла пабудаваць супрацьсухотны санаторый для працаўнікоў ваяводства. Выбралі для гэтага сасновы лес на палове шашы паміж Наваельняй і Дзятлавам, лес тут рос на пяску з нізкім узроўнем грунтовых водаў. Знайшлі нейкія грошы, назапашаныя ў іншых галінах ваяводскай гаспадаркі, зрабілі адпаведны праект і пачалі будоўлю. Аднак грошай хапіла толькі на тое, каб мураваныя будынкі накрыць дахам, пасля гэтага грошы скончыліся. Усялякія намаганні знайсці грошы, каб скончыць будоўлю, завяршыліся крахам - дзяржаўная гаспадарка знаходзілася ў гаротным стане, падаткі выплачваліся нерэгулярна, і пры гэтым трэба было будаваць самае неабходнае. Паўсюдна бракавала грошай, стабілізацыя злотага патрабавала дадатковых ахвяр, і закончыць санаторый не было ніякай магчымасці. У ваяводскай управе з'явілася думка здабыць гатоўку праз добраахвотныя складкі самых заможных жыхароў ваяводства. Аднак ніхто не меў гатоўкі, бо ў той час нават дзіцячыя дамы часта фінансаваліся праз ахвяраванне ці збор складак на вуліцах гарадоў.
Але ў Наваградскім ваяводстве пастанавілі добраахвотна-прымусова сабраць складкі з абшарнікаў. Чыноўнікі вырашылі, што вышэйшыя з іх будуць ездзіць да заможных грамадзян і прасіць зрабіць неабходныя ўзносы. На Лідскі павет, ад якога ў той час яшчэ толькі пачаў аддзяляцца Шчучынскі павет, быў дэлегаваны віца-ваявода Параф'яновіч, які папярэдзіў старасту Сяляву ў Шчучыне пра дні свайго прыезду. Стараста выбраў некалькі больш заможных землеўладальнікаў, сярод якіх быў і Ўладзіслаў Брахоцкі і папярэдзіў усіх пра дзень і гадзіну прыбыцця віца-ваяводы.
У прызначаны дзень у Малое Мажэйкава прыехаў віца-ваявода Параф'яновіч разам з старастам Сялявай і яшчэ некалькімі чыноўнікамі. Брахоцкі, апрануты ў чорны сурдут да калень, які ён захоўваў з даваенных часоў, чакаў гасцей у салоне. Стараста Сялява потым распавядаў, што як убачыў старога Брахоцкага ў гэтым сурдуце, дык адразу зразумеў, што будзе нешта нядобрае. Пасля прывітання і некалькіх гжэчных фраз усе селі. Віца-ваявода ў кароткай прамове растлумачыў мэту свайго візіту. Выслухаўшы, стары абшарнік устаў, абапёрся рукамі аб стол і сказаў: «Для ўсіх нас - вялікі гонар прыняць свайго віцэ-ваяводу, бо мы лічым, што неабходна паважаць улады. І таму мы лічым, што найвышэйшыя чыноўнікі ў ваяводстве не павінны ствараць сабе сітуацыі, у якіх яны могуць спаткаць адмову». На што нехта з чыноўнікаў адказаў: «Таму мы едзем толькі туды, дзе не чакаем адмовы». Абшарнік мусіў адказаць: «Каб адмовы не было, дык ахвярую на гэту мэту сто злотых». Відавочна, госці спадзяваліся на значна большыя грошы, таму ўсе разгублена замаўчалі і потым да гэтай тэмы больш не вярталіся. Пасля халоднага развітання віцэ-ваявода хутка з'ехаў. Праехаўшы на сваім аўтамабілі каля дзесяці кіламетраў, загадаў спыніцца і спытаў старасту, які ехаў з ім: «Куды мяне пан прывёз?» Вядома, што і ў іншых абшарнікаў збор грошаў таксама ішоў не лепшым чынам.
Сын Уладзіслава Андрэй Брахоцкі пісаў, што некалькі гадоў пасля Першай сусветнай вайны былі вельмі неўраджайнымі, нават бульбы накопвалі мала. І нават у 1931 г., калі ён вярнуўся ў Малое Мажэйкава, ураджай бульбы таксама быў не самы лепшы, але пры ашчадным карыстанні пасля зімы застаўся запас, які можна было прадаць у горадзе. Калі ўвесну прыйшоў час садзіць бульбу, дык аказалася, што ў вёсках навокал сяляне за зіму ўсё з'елі і не маюць, што садзіць. Замест таго каб прадаць, Уладзіслаў Брахоцкі вырашыў размеркаваць сваю бульбу сярод сялян па восеньскім кошце ці за адпрацоўкі. Першымі бульбу атрымалі сем'і, якія хадзілі на працу ў маёнтак як падзёншчыкі. Астатняя бульба была прададзеная толькі тым вёскам, якія ў часы прыгону належалі Малому Мажэйкаву. Запас бульбы хутка разышоўся, а сяляне з дальніх вёсак спрабавалі даказаць, што раней былі мажэйкаўскімі падданымі. Малому Мажэйкаву ў часы паншчыны належала пяць вялікіх вёсак, сяляне якіх адмаўлялі ў гэтым гонары іншым сялянам. Па ваколіцах хутка разышлася вестка, што «пан Брахоцкі прадае бульбу толькі сваім падданым». Гэта нават дайшло да лідскага старасты, які зацікавіўся, што за паншчына адрадзілася ў Малым Мажэйкаве.
Старыя звычаі жылі вякамі, і абшарнік пасля вайны стараўся іх прытрымлівацца. Самыя бедныя сяляне былых мажэйкаўскіх вёсак на Вялікдзень атрымлівалі ад былога пана па некалькі кілаграмаў пшанічнай мукі «на булкі». Пасля вайны пшаніцы не было наогул, але Брахоцкі падтрымліваў звычай і раздаваў муку са сваіх невялікіх запасаў. Ён меў добрую памяць, людзей з ваколіц добра ведаў і неяк падчас раздачы мукі заўважыў, што ў чарзе стаіць уладальніца найвялікшай у акрузе гаспадаркі. Звярнуўся да яе, запытаў, чаму яна стаіць у чарзе, бо калі ўсім даваць, дык трэба мець вагон мукі, на што атрымаў адказ: «Дурны дае, а разумны бярэ». Павярнулася і пайшла. Пасля гэтага, на наступны год, Брахоцкі муку ўжо не раздаваў.
Андрэй Брахоцкі да вяртання ў Малое Мажэйкава працаваў у Афрыцы і ў Мажэйкава прыехаў на «фордзе». Як і большасць людзей яго пакалення, стары Брахоцкі не любіў аўтамабіляў, конь для яго быў усім, ён меў брычку і параконную «лінейку». Гараж будаваць было непатрэбна, бо даўняя вазоўня, у якой да вайны стаяла некалькі карэт на колах і на санках, некалькі параконных брычак, санак і некалькі аднаконных вазоў, была цалкам спустошана, усё з яе недзе згінула, тут месціўся склад дошак і хапала месца на некалькі аўтамабіляў. З таго часу «форд» і трактар «фардзон» разам стаялі ў вазоўні.
Пасля вяртання сына Андрэя стары Брахоцкі патроху пачаў адыходзіць ад спраў гаспадаркі і заняўся рознай хатняй драбязой, кшталту ўкладання дзённых меню для кухні. Напачатку гэта яго забаўляла, але хутка знудзіла, і ад гэтай справы потым застаўся толькі нататнік, у які ён для кухаркі запісваў стравы - усё было запісана акуратна і з вызначэннем коштаў. У нататніку было сем меню абедаў, і што-небудзь змяніць кухарка магла толькі пад асабістую адказнасць. Таксама Уладзіслаў Брахоцкі ўрэгуляваў справы жабракоў, якія час ад часу заходзілі ў маёнтак. Кожны жабрак атрымліваў абед і пяцьдзясят грошаў, але для гэтага павінен быў паказаць свае дакументы ці хоць нейкую паперу, пасля чаго яго прозвішча запісвалася ў адмысловы сшытак. Пасля выканання гэтай фармальнасці жабрак мог ісці далей. Калі камендант павятовай паліцыі даведаўся пра гэта, дык «вельмі пахваліў майго бацьку за дакладную рэгістрацыю жабракоў, якія прыходзяць».
Тры дні на год у Малым Мажэйкаве бывалі тлумнымі і люднымі. Гэта свята Божага нараджэння, Вялікдзень і 27 чэрвеня - імяніны Уладзіслава Брахоцкага. Тады збіралася ўся сям'я і прыязджалі шматлікія госці. У канцы чэрвеня звычайна стаяла добрае надвор'е, пасля абеду ў маёнтку звыкла квітнеў брыдж, а з раніцы - тэніс. І брыдж, і тэніс былі папулярнымі гульнямі ў ваколіцах, і таму партнёраў не бракавала. Адразу пасля імянін старога абшарніка наступала жніво.
Андрэй Брахоцкі пісаў: «Мае першыя крокі ў сельскай гаспадарцы былі шчаслівыя. Меў дзе жыць, меў утрыманне, свабоду дзейнасці, але брак гатоўкі ў кішэні даваўся ў знакі. Зрэшты, усе землеўладальнікі тады сядзелі без гатоўкі. Я хутка пераканаўся, што не надта добра ведаю сельскагаспадарчую справу. Таму звярнуў увагу на будынкі і дахі, якія бацька падчас і пасля вайны трохі занядбаў. <…> Некалькі маладых суседзяў-землеўладальнікаў з вышэйшай адукацыяй жартавалі пра маё гаспадаранне, але бацька сказаў: "Рабі, як хочаш". Наш эканом маёнтка таксама не вельмі добра ведаў аграрную навуку і больш чакаў загадаў, чым сам нешта рабіў. Але я памятаў словы бацькі, што не той мудры, хто робіць мудрыя справы, а той, хто не робіць глупства. Таму імкнуўся не рабіць глупстваў. Калісьці бацька ў размове пра адукацыю і кваліфікацыю эканомаў расказаў: "У нас… эканомы не ведаюць, як працаваць на зямлі. Калі хочаш адмыслоўца ў гэтай галіне, дык мусіш узяць кагосьці з каралеўства. Але там добрага чалавека не знойдзеш". І я пачаў чытаць кніжкі па сельскай гаспадарцы, але ўжыванне на практыцы тэарэтычных падказак не заўжды давала станоўчы эфект».
Пасля вяртання сына Уладзіслаў Брахоцкі пачаў думаць, як падзяліць паміж трох сыноў і трох дачок сваю маёмасць. Думаючы пра будучыню ўнукаў, Уладзіслаў Брахоцкі падлічыў, што, каб выхаваць траіх дзяцей і даць ім вышэйшую адукацыю, неабходна на той час мінімальна мець 300 га добрай зямлі пры ўмове, што гэта зямля будзе рацыянальна выкарыстоўвацца. Бо даход з зямлі заўсёды быў невялікі, а інвестыцыі ў гаспадарку немагчымыя з-за агульнага недахопу капіталу.
Па традыцыі землеўладальнікаў, сыны мелі прывілеі перад дочкамі, і калісьці цёткі Уладзіслава Брахоцкага з боку яго бацькі, абмінуўшы яго пяць сёстраў, запісалі свае маёнткі толькі яму. Зімнімі доўгімі вечарамі ён часта пра гэта расказваў і заўсёды прыходзіў да высновы, што па-роўнаму не можа падзяліць, бо гэта прывяло б да ліквідацыі маёнткаў. Яго цёткі, пэўна, думалі гэтак жа і таму зрабілі адзіным спадчыннікам Уладзіслава Брахоцкага. З пяці яго сясцёр тры былі замужам і жадалі свае часткі адразу забраць і перадаць сваім дзецям. Дзве другія сястры - старыя набожныя панны - адразу перадалі б свае часткі на дабрачынныя мэты дзеля будучых нябесных ласкаў у замагільным жыцці. Таму мой бацька атрымаў бы толькі адну шостую і, нічога за гэта не маючы, апекаваўся б над шасцю сёстрамі. Гэты прывяло б да ліквідацыі роду землеўладальнікаў Брахоцкіх. Аналізуючы стан сваіх гаспадарак з юрыдычнага і эканамічнага бакоў, стары абшарнік зразумеў, што падзяліць усё на некалькі частак магчыма толькі праз продаж усёй маёмасці. А гэта было немагчыма, бо прадаць можна толькі за бясцэнак. Пра сваіх дачок ён думаў, што калі яны выйдуць замуж, дык паспрабуюць як хутчэй атрымаць максімальную карысць з пасагу. Гэта прывядзе да сямейных спрэчак і ліквідацыі маёмасці. Пасля цяжкага роздуму, стары абшарнік вырашыў праз тастамент пакінуць маёнткі толькі за сынамі, а дачок трэба было гэтак выдаць замуж, каб потым не абцяжарыць сыноў выплатамі пасагу. Таму прызначыў дочкам толькі два фальваркі і купіў для іх камяніцу ў Варшаве.
У лютым 1932 г. Андрэй Брахоцкі быў запрошаны ў Жалудок да князя Чацвярцінскага на паляванне на дзіка. Стаяў моцны мароз, і было шмат снегу, аўтамабілем ехаць было немагчыма. У Жалудку князь сабраў паляванне для некалькіх асоб. За два дні было ўпалявана шмат ваўкоў і дзікоў. Але Андрэй Брахоцкі захварэў і дахаты вярнуўся з вялікай тэмпературай. Стары Брахоцкі таксама ляжаў, бо яшчэ раней захварэў на грып. Хваробы патрабавалі доктара, і, нягледзячы на страшную завею, са Шчучына прыехаў доктар Кондрат. У маладога Брахоцкага знайшоў бранхіт, а ў старога, акрамя моцнага грыпу, яшчэ пачатак двухбаковага запалення лёгкіх. Доктар сказаў, што, улічваючы ўзрост, хвароба бацькі вельмі небяспечная. Выпісаў лекі і загадаў ляжаць у ложку ажно да таго часу, пакуль тэмпература не будзе нармальнай. Андрэй Брахоцкі неадкладна паведаміў братам і выклікаў ксяндза. Браты прыехалі назаўтра вечарам. Праз нейкі час стан Уладзіслава Брахоцкага пагоршыўся, і ён памёр. «Не было пеніцыліну і іншых сродкаў, і таму практычна немагчыма было ўратаваць жыццё хвораму на моцнае запаленне», - пісаў Андрэй Брахоцкі.
Праз некалькі дзён у Ішчалнянскім касцёле адбылося пахаванне старога абшарніка. Пасля службы ў касцёле Уладзіслава Брахоцкага пахавалі на мясцовых вясковых могілках каля магіл яго родных.
Гаспадаром Малога Мажэйкава стаў Андрэй Брахоцкі. Трэба сказаць пра яго некалькі слоў. Андрэй Брахоцкі нарадзіўся ў 1895 г. у маёнтку Малое Мажэйкава. Класічную гімназію скончыў у Вільні, у 1914 г. быў залічаны на аграрны факультэт Рыжскай палітэхнікі. У 1916 г. мабілізаваны ў войска, дзе атрымаў першы афіцэрскі чын прапаршчыка. У 1918 г. уступіў у афіцэрскі легіён 1-га корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага і ў ліпені 1918 г. вярнуўся ў Малое Мажэйкава, каб фармаваць аддзелы польскага войска ў акрузе. Разам з 13-м палком уланаў у аддзелах генерала Люцыяна Жалігоўскага браў удзел у баях за Вільню. Узнагароджаны найвышэйшым польскім ордэнам «Vіrtutі Mіlіtаrі» і крыжам заслугі «Lіtvy srodkowеj». У 1921 г. выйшаў у рэзерв і прадоўжыў адукацыю ў Варшаўскай палітэхніцы, якую скончыў у 1927 г. з дыпломам інжынера-гідратэхніка.
Паступова Андрэй Брахоці акрамя гаспадаркі пачаў займацца і грамадскмі справамі, яго абралі ў павятовую Раду Звязу землеўладальнікаў, ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Лідчыны і ў працы Віленскага таварыства сяброў навукі, якому дапамагаў матэрыяльна. Па справах Звязу землеўладальнікаў маладога і нежанатага абшарніка ахвотна дэлегавалі на розныя з'езды ў Варшаву, Наваградак і Вільню. Энтузіяст кааперацыі інжынер Ян Трацяк уцягнуў яго ў малочна-сыраробчы кааператыў у Дзікушках. Потым для гандлю збожжам Трацяк прапанаваў стварыць у Шчучыне кааператыў «Рольнік», у гэтым кааператыве Брахоцкі атрымаў пасаду старшыні рэвізійнай камісіі.
Паляпшэнне эканамічнай сітуацыі дазволіла моцным гаспадаркам зрабіць інвестыцыі. Андрэй Брахоцкі ў сябе пабудаваў вінакурню, у Вялікім Мажэйкаве пабудавалі тартак з млынам і малую электроўню на рэчцы Ішчалнянцы. Малочны кааператыў у Дзікушках павялічыў выраб сыру. Кааператыў «Рольнік» у Шчучыне пабудаваў малы элеватар для збожжа.
Некалькі гадоў гаспадарання далі маладому абшарніку магчымасць удасканаліцца ў справе. Усе будынкі і дахі былі даведзены да ладу, пабудаваны новы хлеў і некалькі двухпакаёвых хат. Таксама ён пабудаваў школу з двума вялікімі класнымі пакоямі і трохпакаёвай кватэрай для настаўніка, дадаў зямлю пад настаўніцкі гарод і пляцоўку для гульняў дзяцей. Да гэтага часу школа месцілася ў сялянскіх хатах праваслаўнай вёскі Гасцілаўцы. Новапабудаваная школа знаходзілася ў цэнтральнай кропцы для тых некалькіх вёсак, якія пасылалі дзяцей у школу. Брахоцкі пісаў: «Я адмыслова зрабіў гэтак, каб прыбраць школу з беларускай вёскі і даць ёй польскае атачэнне». З успамінаў Андрэя Брахоцкага бачна, што ён дрэнна ставіўся да беларусаў - карэннага народа, сярод якога жыў. Дарэчы, адмоўнага стаўлення да беларусаў няма ва ўспамінах іншых абшарнікаў, якія я перакладаў.
«Уласна кажучы, падзел паміж палякамі і беларусамі праходзіў па веравызнанню. Католікі былі палякамі, праваслаўныя - беларусамі. Таксама польскім элементам была невялікая колькасць асаднікаў. Асаднікі, больш энергічныя і амбітныя, стараліся паўсюдна быць на вырашальных ролях і пранікалі ва ўсе інстытуцыі - самакіраванне, культуры і гаспадарку. Вайсковыя асаднікі былі нядрэнна арганізаваныя, асабліва з палітычнага боку… Яны супрацьпастаўлялі сябе землеўладальнікам, але сярод тутэйшых сялян вялікай павагі не мелі. Землеўладальнікі былі менш рухомым элементам і больш дбалі пра гаспадарку, бо з яе жылі. А асаднікамі часта былі афіцэры ці падафіцэры і з зямельных надзелаў, якія атрымалі, выжыць не маглі і не мелі грошай, каб развіць гаспадарку і будавацца. Хоць дзяржава і давала ім крэдыты і субвенцыі, аднак на жыццё мусілі зарабляць. З іх рэкрутавалася шмат кіраўнікоў самакіравання, войтаў гмін альбо старшынь кааператываў. Праца на зямлі іх не вабіла. Лепей было тым, хто жаніўся з дочкамі сялян. Гарадская жонка на вёсцы адчувала сябе дрэнна і ўплывала на мужа, каб той прадаў зямлю і пераехаў у горад. Беларусы не мелі інтэлігенцыі, якую можна было супрацьпаставіць палякам, камуністы былі цалкам дэзарганізаваны, бо Сталін у свой час распусціў кампартыю ў Польшчы», - пісаў Андрэй Брахоцкі.
А вось як бачыў нацыянальныя праблемы Заходняй Беларусі сусед Брахоцкага Андрэй Раствароўскі, дазволю сабе працытаваць вялікі кавалак тэксту і папярэджваю, што пад словам «праваслаўны» ён разумее беларусаў: «Як я ўжо пісаў, дзяржаўная палітыка і адносіны да нацыянальных меншасцяў і аўтахонаў пакідала жадаць лепшага. Можа, не было такіх яскравых памылак, як на Валыні ці Усходняй Галіцыі, тым не менш памылкі былі і давалі адмоўныя вынікі.
Па-першае, адносіны да праваслаўных. Для нікога не было таямніцай, што ў войску праваслаўны не мог узняцца вышэй за ўзровень звязавага. У дзяржаўных органах праваслаўных абыходзілі і спіхвалі на другарадныя пасады. А тым часам польскае праваслаўе парвала з Расіяй і мела свайго мітрапаліта ў Варшаве, у семінарыі вучылі польскую мову і казанні па-польску. Новае духавенства, выхаванае ў Польшчы, было патрыятычным і прадзяржаўным.
Другой балячкай было асадніцтва. Нягледзячы на іншыя адмоўныя бакі, яно выклікала крыўду ў мясцовых людзей, бо зямля, якая павінна была стаць іхняй, раздавалася чужым прыхадням і вельмі часта малавартасным людзям. А калі адбываліся выбары ў гмінную раду, у соймікі, на войта - дык усе месцы былі толькі ў асаднікаў. Адхіленне ад удзелу ў самакіраванні мясцовых людзей, якія толькі пачыналі гарнуцца і прывязвацца да польскай дзяржаўнасці, было памылкай і пхала тых самых людзей прама да... гурткоў [5]. А гэтыя людзі мелі добрыя якасці і здольнасці. Па-першае, гэта былі пачцівыя людзі і ў той жа час знаходлівыя, мелі крытычнае мысленне і пачуццё гумару. З якім гонарам насілі яны першыя бронзавыя Крыжы Заслугі і медалі 3-га Мая! Памятаю, адказ войта гміны Лебяда Сымона Коўчыка, калі нейкі "галічанін"-інспектар лаяў яго за дробны недахоп у гміне: "Я з вас гэты Крыж здыму!" - "Не вы мне яго далі, не вам яго і здымаць!".
Пра пачуццё гумару сведчыць сцэна, якой быў сведкам. Доўга раіліся радныя на пункце парадку дня "Заробак войта". Няма згоды - прапанова зрабіць, як у іншых гмінах - 200 ці 300 злотых, здаецца астранамічнай сумай, асабліва ў пераліку на кошт збожжа, яек, малака і масла. Прыхільнікі войта стараюцца абараніць прапанаваную суму і высоўваюць шэраг аргументаў. Бясплённая дыскусія доўжыцца некалькі гадзін. Пры канцы ўстае стары гаспадар і кажа: "Панове, ужо позна, а дахаты далёка. Я лічу, ці яму дамо 100 злотых, ці дамо 300 злотых, ён як краў, так і будзе красці - аб чым тут спрачацца!" - і ўсе згадзіліся на прапанаванай суме».
Падчас выбараў мясцовага самакіравання з'яўлялася канкурэнцыя толькі паміж асаднікамі, мясцовымі землеўладальнікамі і клерыкальнай інтэлігенцыяй. Яўрэі не мелі ніякай палітычнай вагі, аднак час ад часу ўплывалі на сялян, схіляючы іх у той ці іншы бок. Адзінай арганізаванай сілай быў каталіцкі касцёл, але ён не жадаў умешвацца ў мясцовыя справы, якія яго не датычылі.
Пэўныя жарсці адбываліся пад час выбараў у Сейм і Сенат, заўсёды было некалькі спісаў, там асаднікі канкурыравалі з іншымі палітычнымі сіламі. Усе жадалі мець максімальны ўплыў на старасту, і таму стараста заўсёды меў вырашальны голас ва ўсіх справах. Найбольшыя шанцы ў Сейм і Сенат мелі кандыдаты, якіх узгадніў ваявода, а ваявода гэтыя справы ўзгадняў са сваім кіраўніцтвам у Варшаве. Неяк, пасля выбараў, стараста Шчучынскага павета Кавальскі сказаў Брахоцкаму, што ён кожнага кандыдата, узгодненага з ваяводам, ведае ў сваёй акрузе і ручаецца за яго на 75% галасоў.
У 1934 г. кіраўнічыя колы Польшчы пачалі дамагацца змен у канстытуцыю. Новы асноўны закон павінен быў згуртаваць шэрагі прыхільнікаў Пілсудскага, якія разумелі, што маршал з-за цяжкай хваробы сыходзіць з палітычнай арэны. Была прынятая новая канстытуцыя, тэкст якой прэзідэнт Масціцкі падпісаў 23 красавіка 1935 г. Згодна з новай канстытуцыяй выбары ў сенат былі двухступеньчатымі, а выбаршчыкамі маглі быць толькі людзі, узнагароджаныя ордэнамі ці якія мелі выразныя прафесійныя поспехі, напрыклад былі прафесарамі і г. д. Наваградскае ваяводства, у склад якога ўваходзілі Лідскі і Шчучынскі паветы, на сходзе дэлегатаў выбірала двух сенатараў, у сваю чаргу дэлегаты выбіраліся ў павятовых акругах.
Выбарчая акруга Брахоцкага складалася з некалькіх гмін з цэнтрам у Васілішках. Старасты вызначалі сваіх кандыдатаў, якія і атрымлівалі на сходах большасць галасоў, кожны такі сход выбіраў адзінага кандыдата. На пачатку вырашылі, што кандыдатам на сход выбаршчыкаў будзе Андрэй Брахоцкі, на карысць гэтага была яго грамадская праца, ордэн «Vіrtutі Mіlіtаrі», імідж добрага гаспадара і вышэйшая адукацыя. Павятовым старастам тады быў Вярбіцкі, і малады абшарнік меў з ім, як і з яго папярэднікамі, добрыя адносіны. Аднак стараста высунуў у кандыдаты войта Васілішскай гміны Шмігеру, а Брахоцкага, каб не пакрыўдзіць, прапанаваў абраць старшынёй сходу. Аднак у гміне было трохі падначаленых Брахоцкага з 13-га палка Віленскіх уланаў, а войт Шмігера не карыстаўся вялікай падтрымкай. І былыя падначаленыя высунулі ўладальніка Малога Мажэйкава, і ён выйграў мандат выбаршчыка на сход у Наваградку.
Праз тыдзень адбыўся сход выбаршчыкаў, на які ўсіх абраных пераважна высунулі старасты. З папярэдніх планаў выходзіла, што ў сенат пройдзе адзін кандыдат ад левіцы, ён жа кандыдат ад асаднікаў і шматразовы пасол у сейм Мальскі [6]. На другое месца сенатара мог абрацца абшарнік Эмэрык Чапскі, які таксама некалькі разоў абіраўся ў сейм. Яго кандыдатуру падтрымлівалі Звяз землеўладальнікаў і войска. Згодна з законам, вайскоўцы мелі вялікі ўплыў, бо сярод іх было шмат узнагароджаных падчас вайны. Але неўзабаве навагрудскі ваявода Сакалоўскі дамовіўся з афіцэрам рэзерву Юзафам Гадлеўскім, які таксама быў яшчэ і землеўладальнікам мужам сястры Чапскага (уладальніцы маёнтка Сынкавічы ў Слонімскім павеце). І такім чынам, ваявода адобрыў кандыдатуру Юзафа Гадлеўскага.
Абшарнікі пачалі прапаганду за Чапскага, галоўнай мэтай было пераканаць ваяводу, з ім перамовы вялі вайскоўцы. Але ў дзень выбараў стала вядома, што ваявода падтрымлівае Гадлеўскага, аднак сваё меркаванне да апошняй хвіліны не выказвае. Камандзір палка, які стаяў у Слоніме, перад сходам яшчэ раз пайшоў да ваяводы, каб схіліць яго на бок Чапскага. Згодна з законам на заяве кандыдата ў сенатары павінен быў стаяць дазвол ваяводы, які не быў выбаршчыкам і таму не мог прысутнічаць на сходзе. Праз паўгадзіны пасля пачатку сходу камандзір палка сказаў мне, што ваявода цвёрда стаіць за Гадлеўскага, і кажа, што кандыдатура Гадлеўскага ўзгоднена ў Варшаве і нічога змяніць ужо немагчыма. Нічога не заставалася, як пагадзіцца з ваяводам, заява Чапскага засталася ляжаць у маёй кішэні. Сход прайшоў без неспадзяванак - нехта вылучыў Мальскага і Гадлеўскага, і ніхто не галасаваў супраць іх - старшыня сходу падсумаваў аднагалоснае выбранне сенатараў. Вось так працавала польская выбарчая сістэма ў другой палове 1930-х гг.
Цікава апісваў Андрэй Брахоцкі свой удзел у арганізацыі дапамогі вядомай віленскай газеце «Слова»: «Неяк у Вільні атрымаў запрашэнне на абед да пана прэзідэнта (Віленска-наваградскай сельскагаспадарчай камісіі) Аляксандра Мяйштовіча. На тым абедзе прысутнічала каля дзесяці асоб, і я быў самым малодшым з іх. Мэтай абеду было абмеркаванне палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў нефармальнай абстаноўцы. Гэта быў збор так званых "Крэсовых зуброў". Мяйштовіч ужо не быў міністрам справядлівасці, а толькі прэзідэнтам Банка землеўладальнікаў, але ў віленскім грамадстве лічыўся адным з лідараў групы кансерватараў - тых, хто жадаў перамен без гвалту. У асноўным тут прысутнічалі тутэйшыя землеўладальнікі, якія падтрымлівалі віленскую газету "Слова", якую рэдагаваў Кат-Мацкевіч (ці Цат-Мацкевіч. - Л. Л.)… Іншым разам мяне запрасілі ў Варшаву на сход, які праходзіў у кватэры князя Яўстаха Сапегі. …Галоўнай тэмай абмеркавання было ўзмацненне кансерватыўнай працы і павелічэння накладу газеты "Слова". Рэдактар Мацкевіч на гэтым сходзе адсутнічаў, а справу дакладваў пасол Чапскі. …Справа ішла аб разбудове друкарні "Слова". Была яна малая, мела толькі лінатыпы, што не дазваляла павялічыць наклад. "Слова" развівалася добра, наклад наблізіўся да 30 000 асобнікаў, газета чыталася ўжо па ўсёй Польшчы. Таму акрамя накладу абмяркоўваўся і змест газеты. Новы лінатып каштаваў 19 000 зл., ці 4000 дол., якіх Мацкевіч не меў. Міністр Матушэўскі горача падтрымліваў ідэю падтрымкі газеты і прапаноўваў сабраць адпаведную суму і купіць гэты новы лінатып. Арганізаваць збор даручылі мне, было вырашана не рабіць з гэтага ніякага розгаласу і не пісаць пра гэта ў газеце. Я напісаў адпаведныя лісты да некаторых асоб, якія вылучаліся сярод іншых землеўладальнікаў тым, што мелі добры прыбытак і матэрыяльныя ўмовы. Праз нядоўгі час на мае лісты пачалі прыходзіць адказы з грашовымі пераводамі. Сумы ахвяр былі ад 500 да 1 000 зл. Хутка меў ужо 11 000 зл. Мацкевіч купіў лінатып ва ўласнасць, узяўшы 8 000 зл., якіх не хапала, у крэдыт. Такім чынам, даручэнне я выканаў хутка, што, адпаведна, выклікала добрую рэакцыю нашых землеўладальнікаў».
Як бачым, абшарнікі разумелі неабходнасць падтрымкі кансерватыўнага выдання, якім была газета «Слова» і рэалізоўвалі гэта разуменне на практыцы.
У 1939 г. афіцэр запасу Андрэй Брахоцкі быў прызваны ў войска. Прайшоў праз літоўскія лагеры для інтэрніраваных вайскоўцаў у Лаздзеі і Марыянполі і савецкія ў Беластоку і Берасці. З 1941 г. жыў у Малым Мажэйкаве, нямецкія ўлады абвясцілі яго маёнтак дзяржаўнай маёмасцю, і кіраваць маёнткам прыехаў эканом немец Гнех. Ён выгнаў былога гаспадара з сястрой і шваграм у вінакурню, сам жа заняў жылы дом.
Пасля заканчэння вайны Андрэй Брахоцкі назаўсёды выехаў у Варшаву, дзе ў 1970-я гг. напісаў мемуары, машынапіс якіх захоўваецца ва Уроцлаўскай бібліятэцы імя Асалінскіх.
* * *
Цяпер ад маёнтка Вялікае Мажэйкава засталіся толькі 2 афіцыны, рэшткі былога парку і некалькі гаспадарчых пабудоў, з якіх вялікую цікаўнасць выклікае лямус.
Панскі дом у Малым Мажэйкаве захаваўся нядрэнна, цяпер у сядзібе знаходзіцца сельсавет. Астатнія сядзібныя пабудовы ў добрым стане, але адрамантаваныя без уліку гісторыка-архітэктурных асаблівасцяў аб'ектаў: накрытыя чырвонаю дахоўкай. Сядзібныя сажалкі ў гаротным стане, парку амаль што няма.
А ад маёнтка Ішчална наогул нічога не засталося. Працытую фрагменты ліста Ірэны Лясковіч, якая гадавалася ў гэты маёнтку, да свайго брата Караля Лясковіча, якога я шматразова цытаваў у гэтай аповесці. Ліст напісаны на пачатку 1970-х гг.:
«Бог учыніў цуд бо дазволіў мне нарэшце наведаць улюбёнае месца, дзе прайшлі добрыя і радасныя дні маёй маладосці. Каралю: была ў Ішчалне, ужо тры дні прайшло пасля той кароткатэрміновай выправы, а я ўсе яшчэ не магу прыйсці ў сябе. Падчас кожнага наведвання Вільні марыла даехаць да Ішчалны, але з-за адміністрацыйных праблем гэта было немагчыма. Але ў пэўную хвіліну пачула магічнае слова "Ліда". Адкінула ваганні і паехала туды са знаёмай вільнянкай. З Ліды сама заехала ў Ішчалну на таксоўцы. Праз 37 км збочваем улева і міма нашых парафіяльных могілак прыязджаем да ішчалнянскага касцёла. Уяві сабе - стаіць такі ж, як і раней! Не паверыла сваім вачам, мусіла яго нават памацаць. <…> Касцельны цвінтар не змяніўся, захаваліся усе магілы Лясковічаў, Важынскіх, Грабоўскіх. На крыжы ў бацькі надпіс так добра чытэльны, як быццам учора напісаны. Трава старанны выкашана, нідзе слядоў бруду ці смецця. Званіца цэлая і званы на месцы <…>
У касцёле нічога не змянілася. Толькі дадаліся фігуры святых, ліхтары і абразы - усё гэта прывезлі з сюды з ліквідаванага Шчучынскага касцёла. Калятарскія лавы Ішчалны і Вялікага Мажэйкава накрытыя памостамі з дошак, на гэтым памосце стаяць шэсць ліхтароў і фігур. Высока пад скляпеннямі лётала нейкая птушка. Усё ўтрымліваецца ў вялікай чысціні, метал ліхтароў блішчыць, алтар тоне ў жывых, свежа сарваных кветках. …
Пытаеш, што пабачыла? <…>
Ад каштанавай алеі, якая вяла ад двара да касцёла, засталося некалькі дрэваў якія дазваляюць прыгадаць, як яна выглядала. Сама алея ў выбоінах і ў гразі пасля нядаўніх дажджоў. Ад уязной брамы і мура, які атачыў сад, не засталося і слядоў.
Левы бок алеі ад былой брамы да дома выкарчаваны. Выкарчаваны левы бок саду, двара і парку. Адзінае, каля клубы ацалелі тры пакалечаныя ліпы. <…> Не бачна векавой алеі з елак, якая вяла ад двара да тракту, і коннай пошты, якая стаяла каля тракту - пазнейшай рамеснай школы. <…> усе пабудовы: дом, скарбец, афіцына, аранжарэя і будовы фальварка - разабраны да фундамента. На іх месцы толькі парослыя травой пагоркі друзу. На ўсім абшары даўняга двара не ўбачыла слядоў жыцця ці дзейнасці чалавека. Створаны працай шматлікіх пакаленняў асяродак культуры ператвораны ў папялішча...».
[1] Лаўрэш Л. Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. Гродна, 2017.
[2] Парк знаходзіцца ў самым цэнтры горада Шэрбур. Гэта адзін з грамадскіх паркаў, пабудаваны ў 1885 г. па плане біёлага Эмануэля Лье. Батанічны сад XІX ст. займае каля гектара французскай зямлі. Ён зачароўвае разнастайнасцю і арыгінальным спалучэннем экзатычных раслін.
[3] Лаўрэш Леанід. Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідскага павета ў 1925 г. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Варшава, 2019. № 5. С. 78-90.
[4] Атрымліваліся ў спадчыну па лініі маці.
[5] Маюцца на ўвазе гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) - масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызвольнай арганізацыя Заходняй Беларусі ў 1925-1927 гг.
[6] Уладзіслаў Мальскі нарадзіўся 24 ліпеня 1894 г. у Малапольшчы, памёр у 1941 г. Скончыў Львоўскі ўніверсітэт. У 1914 г. уступіў у 1-ю брыгаду польскіх легіёнаў Пілсудскага, дзе даслужыўся да сяржанта, у 1917-1918 гг. камандаваў звязам аўстрыйскага войска на Італьянскім фронце. У 1918 г. уступіў у Польскую вайсковую арганізацыю. З 1920 г. працаваў у Звязе абаронцаў айчыны, рыхтаваў паўстанне ў Шлёнску, тады ж узначаліў агульнапольскі Звяз Стральцоў. У 1923 г. у чыне капітана пакінуў вайсковую службу і перастаў кіраваць Звязам Стральцоў. Як асаднік разам з сям'ёй пасяліўся ў Ёдкішках (каля Больценікаў) Лідскага павета. Нейкі час гаспадарыў. Браў удзел ў працы Звязу асаднікаў і ў кааператыўным руху. З 1928 г. актывіст Беспартыйнага блоку працы з урадам (BBWR) - гэта практычна была кіроўная ў Польшчы палітычная групоўка. У 1930 г. быў абраны паслом у Сейм, а ў 1935 г. - у Сенат РП. Пасля верасня 1939 г. стаў на чале канспіратыўнай арганізацыі «Цывільная абарона» ў Лідзе. Пры канцы 1930-х у газеце «Слова» пра яго, як пра сімвал карупцыі, вельмі крытычна пісаў Юзаф Мацкевіч.