Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Страчаная цывілізацыя. Гістарычныя хронікі: Маёнтак Ішчална 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 14-12-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Страчаная цывілізацыя. Гістарычныя хронікі: Маёнтак Ішчална // Новы замак. 2021. Выпуск 10. С. 179-200.

Спампаваць




Леанід Лаўрэш

Страчаная цывілізацыя. Гістарычныя хронікі: Маёнтак Ішчална [1]


Уладальнікі маёнтка

Давойны (1505-1547 гг.).

У 1506 г. велікакняжацкая маёмасць, якую ў той час умоўна можна назваць ішчалнянскай і шчучынскай пушчамі, разам з усім, што ў яе ўваходзіла, нададзена ва ўласнасць і дзедзічнае валоданне падкамораму ВКЛ Якубу Давойне, герба Зарэмба. Давойны - стары сенатарскі род, добра вядомы ў ВКЛ.

У 1515 г. Андрэй Давойна як быццам аддае Ішчалну і Шчучын у заставу сям'і Лімантаў. Вядома, што Ліманты паходзілі з Фларэнцыі і з'явіліся ў ВКЛ дзякуючы каралеве Боне. Яны ніколі не былі звязаныя з каралеўскай службай і якраз у гэты час імкнуліся любымі сродкамі павялічыць свае ўладанні. Каб авалодаць спадчынай Давойнаў, Ліманты стварылі фальшывы акт 1515 г., паводле якога Андрэй Давойна перадаў ім усе свае ўладанні.

У 1541 г. Жыгімонт Аўгуст дазваляе Станіславу Андрэевічу Давойну памяняць статус вёскі на мястэчка і ўстроіць у Ішчалне рынак. У 1547 г. брат і сястра Станіслаў і Ганна, дзеці Андрэя Давойнавіча, перадаюць Ішчалну Лімантам. Багаты род Давойнаў, які валодаў у Лідскім павеце Ішчалнай і Шчучынам, згас пасля 1576 г. і ў 1593 г. Ліманты актыўна судзіліся за «добры давойнаўскія».

Ліманты (1547-1644 гг.).

У 1547 г. уся ішчалнская і шчучынская маёмасць разам з падданымі, а таксама з усімі лясамі, зямлёй ворнай і няворнай, згодна з урачыстым актам, напісаным на старабеларускай мове, пераходзіць ва ўласнасць Лімантаў.

Можна меркаваць, што Станіслаў Давойна яшчэ пры сваім жыцці, ці як тады пісалі, «цёплай рукой», пасля атрымання на гэта дазволу вялікага князя, падараваў маёмасць дачцэ і зяцю Ліманту. Ліманты валодалі Шчучынам і Ішчалнай каля 100 гадоў і цалкам асіміляваліся ў Беларусі. Яны разам з шляхецкім народам цешыліся дабрабытам і культурай у ВКЛ, якая ў той час якраз перажывала свой залаты век.

У 1616 г. два браты Ліманты - Ян і Мікалай - дзеляць маёмасць на дзве роўныя часткі: Ішчалну і Шчучын. З акта падзелу вынікала, што старшы брат Ян атрымаў Ішчалну, а малодшы Шчучын. У выніку кожны з іх меў па 220 валок ворнай зямлі з падданымі, якіх таксама падзялілі па-роўнаму. Плошча лясоў, бароў, сенажацей і пашы дакладна не была вядома, і таму ў дамове мелася клаўзула, што пад залог ў 15 000 злотых браты абяцалі справядліва перадзяліць гэтыя тэрыторыі пасля будучых абмераў плошчы. Не вядома, ці перамерваліся калі-небудзь іх зямля.

Мястэчкі патроху развіваліся, але ж Шчучын урбанізаваўся ў значна большай ступені, чым Ішчална. Мястэчка Шчучын стала гандлёва-рамесным і школьным асяродкам, а мястэчка Ішчална і надалей захоўвала аграрны характар, тут жылі толькі некалькі рынкавых гандляроў. Да таго ж, Ішчална мела толькі каталіцкую парафію, а ў Шчучыне была яшчэ і ўніяцкая парафія.

Пасля падзелу 1616 г. Ішчална не доўгі час заставалася ўласнасцю Лімантаў.

Вішнявецкія (1644-1662 гг.).

«Слоўнік геаграфічны» сцвярджае, што ў 1644 г. Ішчалну набыла княжна Вішнявецкая і наступны уладальнік Палупента, у свой чарод, купіў маёнтак у Вішнявецкіх. Князь Канстанцін Крыштаф Вішнявецкі, брацлаўскі ваявода, тагачасны ўладальнік Ішчалны, маючы пільную патрэбу ў грашах, аддаў яе ў 1662 г. у заклад мсціслаўскаму войскаму Пятру Яну Палупенце, а праз некалькі гадоў, калі пан войскі трохі фінансава ўзмацніўся, прадаў яму Ішчалну навечна.

Палупенты (Палупяты) - 1644-1669 гг.

Немалады ўжо войскі Ян Паўпята «як маладзён нежанаты» вёў у Ішчалне самотнае жыццё і праз некалькі гадоў клапатлівага панавання на знішчанай вайной маёмасці пасля кароткай хваробы 16 снежня 1670 г. памёр бяздзетным. Амаль што ўсю сваю маёмасць ён перапісаў кляштару Босых кармелітаў, а ішчалнянскі фальварак Талматоўшчыну (больш за 6 валок) навечна запісаў Марціну Квінце і яго жонцы Лукрэцыі з Ліндорфаў.

Тастамент сведчыць пра вялікую набожнасць ахвярадаўцы. Сын апошняга ўладальніка Ішчалны Караль Лясковіч, які шмат часу правеў у архівах свайго маёнтка, па памяці праз некалькі дзесяцігоддзяў запісаў гэты дакумент:

«У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін.

Я, нягодны слуга Божы і вялікі грэшнік, Ян Палупента, пан на Ішчалне, адчуваючы набліжэнне гадзіны маёй смерці і будучы ў прытомным розуме і духу, гэтым маім тастаментам пры ўдзеле яснавяльможных паноў сведак, чыню наступнае распараджэнне маёй волі:

…Маю грэшную душу ахвярую ласцы і міласэрдзю Пана Бога Усемагутнага і Тройцы Святой …

На святую імшу за спакой маёй душы запісваю … тынфаў касцёлам (ідзе пералік касцёлаў і сумы грошаў). Маё нягоднае цела завяшчаю пахаваць у простай, нефарбаванай сасновай труне пад парогам касцёла ў Ішчалне, так каб вернікі, ідучы да касцёла, тапталі мой гроб нагамі. Маю маёмасць (ідзе пералік усёй маёмасці - нерухомасці, інвентару жывога і нежывога, належных сум ад даўжнікоў і г. д.), як я не маю ні нашчадкаў родных майго прозвішча, якія маглі б яе успадкаваць, цалкам запісваю кляштару Босых Кармелітаў у Жалудку, апрача наступнай маёмасці для маіх слуг (ідзе пералік маёмасці). Узамен ад вялебных айцоў кармелітаў прашу, абы святая імша за супакой маёй душы адпраўлялася ў кляштарным касцёле штодзённа на вечныя часы…

…А калі хто парушыць гэтае мае астатняе распараджэнне, таго знайду на тым свеце і прызаву на Апошні і Страшны суд перад абліччам Пана Бога Усемагутнага і буду скардзіцца. Дапамажы мне Пан Бог. Амін.

У прысутнасці паважаных паноў сведак, Ян Палупента, сваёй рукой».

Пад подпісам Палупенты былі бачны подпісы і гербавыя пячаткі сведак.

Ян Палупента валодаў Ішчалнай падчас самых вялікіх бед і няшчасцяў Рэчы Паспалітай, у часы панавання чужых войскаў на ўсёй тэрыторыі дзяржавы, калі шмат жыхароў нашага краю страціла жыццё ці збегла з радзімы. Часы былі такія, што жывыя зайздросцілі памерлым. У двары пана падкаморага лідскага Казіміра Францкевіча-Радзімінскага ў той час жыло некалькі бежанцаў, выкінутых сюды ваеннай бурай - муж і жонка Ян Запольскі і Кацярына з Палупентаў, а таксама браты Павел і Мікалай Янавічы Палупенты, пляменнікі гаспадара Ішчалны. Не пабаяліся яны ні праклёнаў памерлага дзядзькі, ні Страшнага суду і распачалі судовы працэс з кармелітамі. Абвінавацілі іх у тым, што тастамент быў адрэдагаваны і аблудным чынам падсунуты паміраючаму, а сведкі падкупленыя.

Пачаўся гучны на той час працэс.

Дапытаны сведкі тастамента: пан Дуброўскі, чашнік і пісар гродскі віленскі, а таксама пан Данілевіч, падстолі ашмянскі. Яны пацвердзілі, што, едучы трактам цераз Ішчалну на сойм у Варшаву, былі запрошаны да хворага Палупенты і пакінулі свае подпісы на чыстых аркушах паперы, падпісаных толькі Палупентай. Прыціснуты прысягай Марцін Квінта прызнаў, што і тастамент і фундуш і іншыя дакументы былі на чыстых, толькі з подпісамі, аркушах. І толькі пасля смерці гаспадара Ішчалны кармеліты разам з Квінтай сфабрыкавалі дакументы. Пасля чатырох трыбунальскіх дэкрэтаў толькі ў 1678 г. спрэчка была канчаткова вырашана на карысць крэўных Палупенты: Ішчалну прызналі ўласнасцю Запольскіх і Палупентаў, а віленскія кармеліты былі прысуджаныя да выплаты тым спадкаемцам 3 000 зл. за вывезеную з Ішчалны рухомасць, а таксама да вяртання коштаў працэсу ў суме 4 315 зл.

Лепшы лідскі гісторык Міхал Шымялевіч, які асабіста працаваў з архівамі Ішчалны, лічыў, што суды з кармелітамі бедныя спадчыннікі Палупенты вялі і выйгравалі таму, што мелі за сваімі плячамі багатага пратэктара ў асобе Казіміра Францкевіча Радзімінскага, «той жа добра стараўся з таго інтарэсу, што меў ужо прыхаваны ў скрыні гатовы акт продажу на яго карысць і яго жонкі ад тых жа спадчыннікаў усіх правоў на Ішчалну, падпісаны з лістамі на прызнанне 30 чэрвеня 1676 г. А калі завяршылі апошні дэкрэт, пан падкаморы Казімір Францкевіч Радзімінскі зрабіў першы крок у бок кармелітаў, менавіта як католік, хочучы мець ад кармелітаў суфрагію душы сваёй… На тым, аднак, справа не спынілася. Відавочна, дзейнічалі нейкія закулісныя сілы, бо той жа пан падкаморы Казімір Францкевіч Радзімінскі супольна з жонкай сваёй паняй Аляксандрай з Нарушэвічаў, задавальняючы ў пэўнай ступені памкненні духавенства, 7 снежня 1682 г. падпісаў акт, паводле якога, не ў Ішчалне, а ва ўласным сваім мястэчку Жалудку, заснаваў канвент кармелітаў даўняй традыцыі - абутых, абавязваючыся пабудаваць тут дом для манахаў і касцёл, а на ўтрыманне гэтага канвента запісаў свой жалудоцкі фальварак Стацалёўшчыну з некалькімі прыгоннымі, а таксама даць пэўную суму грошай», - пісаў Шымялевіч.

У справе пахавання памерлага ў 1667 г. Яна Палупенты пад парогам касцёла засталася загадка, якая можа будзіць розныя домыслы. Вусныя расказы да нашага часу не дайшлі, а ў касцельных хроніках гэты факт не ўзгадваецца. Так, апошняя воля была выканана, і Палупенту пахавалі пад дзвярыма невялікага, драўлянага касцёла. Аднак не вядома, ці ў XVIII ст. пры пабудове новага, мураванага і значна большага касцёла знайшлі гэтую магілу. Калі знайшлі, дык што з ёй зрабілі? Пакінулі на старым месцы ці перанеслі, а калі перанеслі, дык куды? У піўніцу, пабудаваную пад новым алтаром, ці згодна з яго воляй: «Каб вернікі, ідучы на набажэнства, маю магілу тапталі нагамі», - пахавалі пад новым парогам? Старыя хронікі касцёла загінулі, а новыя пра тое маўчаць.

Вядома, што Ян Палупента быў адным з лідскіх шышоў (партызанаў) падчас крывавай вайны сярэдзіны XVII ст. Партызанскай барацьбой на Лідчыне кіраваў дзяржаўца Беліцы Фердынанд Рор (Rohr), сардэчны сябар Яна Палупенты. Маскалі былі бязлітаснымі і трэба сказаць, што Рор плаціў той жа манетай. Захопленых маскалёў вешаў, садзіў на палю і, каб даведацца сакрэтаў, пытаў. Падобна, так жа караў і здраднікаў. Разам з Рорам быў яго верны сябра Ян Палупента, рукі якога таксама маглі быць у крыві ворагаў. Магчыма, пры канцы жыцця гэта і прывяло яго да хрысціянскага пакаяння і пакоры.

Вішнявецкія (1669-1676 гг.).

Паводле меркавання Караля Лясковіча, з 1669 г., у год элекцыі Міхала Вішнявецкага на пасаду караля, маёмасць Ішчална набыла каронная канюшына (жонка канюшага) княжна Яўгенія Карыбут-Вішнявецкая. Вішнявецкія гербу Карыбут свой род выводзілі ад Гедзіміна. Княжна Яўгенія ніколі ў Ішчалне не жыла і нават ні разу тут не была. Для Вішнявецкіх гэта быў толькі адзін з многіх маёнткаў, як і суседнія маёнткі Вялікае Мажэйкава і Дзітва, якія таксама ім належалі.

Францкевічы-Радзімінскія (1676-1694 гг.).

Пасля смерці караля Міхала (1676 г.), Ішчална пераходзіць да падскарбія ВКЛ Казіміра Францкевіча-Радзімінскага герба Бародзіч.

Скарбак-Важынскія (1694-1702 гг.).

Каля 1692 г. згасае мужчынская лінія Францкевічаў-Радзімінскіх і маёмасць пераходзіць дочкам. Адна з іх у 1694 г. выходзіць замуж за тыркшлеўскага старасту Гіераніма Скарбак-Важынскага гербу Абданк, род якога паходзіў з Жмудзі.

Маці Францкевічоўны-Важынскай была з роду Нарушэвічаў і ўнесла значны пасаг згаданаму вышэй падскарбію ВКЛ Казіміру Францкевічу-Радзімінскаму, таму магчымыя спадкаемцы з бакавых галін роду Нарушэвічаў распачалі судовы працэс супраць Гіераніма Скарбак-Важынскага за вяртанне маёмасці. Працэс быў вельмі складаным і, распачаўшыся ў XVIII ст. пасля смерці цёшчы Гіераніма Скарбак-Важынскага, цягнуў ся некалькі дзясяткаў гадоў. Супраць нашчадкаў Гіераніма Скарбак-Важынскага - Валяў - выступілі сем'і Нарушэвічаў і Мацкевічаў. Пасля працэсу ў ішчалнянскім архіве засталося мноства шматстаронкавых сшыткаў, позвы і рэплікі бакоў.

Гіеранім Скарбак-Важынскі - цікавая постаць у гісторыі маёнтка Ішчална. Ён любіў гісторыю і збіраў розныя артэфакты, купляў шмат кніг. На кожнай ягонай кніжцы мелася анатацыя, дзе ўказвалася, калі, дзе і за якія грошы ён набыў кнігу. Пасля вяселля Скарбак-Важынскі пасяліўся ў Ішчалне і сюды ж перавёз са Жмудзі свае зборы, архівы і бібліятэку, чым значна дапоўніў багаты архіў свайго цесця, які пачалі збіраць яшчэ папярэднія ўладальнікі маёнтка.

Менавіта Гіеранім Скарбак-Важынскі заклаў падваліны прыгожага збору скарбаў культуры ў Ішчалне. Ішчалнянскі музей, гэтак званы «скарбец», пра які я раскажу ніжэй, быў заснаваны пазней, ужо пасля таго як ў XIX ст. Караль Лясковіч пабудаваў новы жылы дом, які атрымаў назву як палац, хоць і быў у лепшым выпадку палацыкам.

Гіеранім Скарбак-Важынскі памёр у 1707 г. Пасля яго смерці Ішчална зноў па кудзелі пераходзіць у рукі іншага роду.

Валі (1702-1798 гг.)

Ян Быстронь у «Польскіх прозвішчах» на стр. 239 пісаў: «У часы Баторыя сярод польскіх яўрэяў вылучаецца сям'я Валь (Wahl) ці Кацэнеленбогены з Брэста над Бугам. Савул Валь, фінансавы дарадца караля, згодна з яўрэйскім паданнем, быў з іншых дарадцаў вылучаны каралём».

Ян Валь, жыхар Гданьска, у 1658 г. атрымаў грамадзянства Рэчы Паспалітай і герб Валь. Яго сын Юзаф жаніўся на панне Важынскай і каля 1707 г. атрымаў Ішчалну. Ад гэтага шлюбу каля 1743 г., нарадзіўся сын Ян, стараста фрэйдэнскі (у Інфлянтах). Менавіта Ян заканчвае пабудову мураванага барочнага жылога дома - пазнейшага скарбца.

Сын Яна Валя, чарговы Юзаф, жэніцца з суседкай з Голдава паннай Мар'янай Вянцковіч, маці каторай паходзіла са старога роду Трызнаў, фундатараў уніяцкай царквы ў Голдава. Сужэнцы Юзаф і Мар'яна Валі на месцы драўлянага касцёла будуюць за ўласныя грошы прыгожы барочны мураваны парафіяльны касцёл. Гэты касцёл стаіць і сёння. У 1758 г., калі была скончана пабудова касцёла, Юзаф Валь, акрамя пасады старасты фрэйдэнскага, меў яшчэ пасаду гродзенскага харунжага.

Наколькі Юзаф Валь быў добрым гаспадаром, які пакінуў пасля сябе шмат слядоў сваёй дзейнасці, настолькі яго сын, таксама Юзаф, быў чалавекам неразумным з вельмі слабым характарам. Прыціснуты моцнай індывідуальнасцю свайго бацькі, ён вырас няздольным да самастойных учынкаў. Ва ўзросце больш за 40 гадоў жаніўся з вялікага кахання са значна маладзейшай за яго і прыгожай паннай Агнешкай Шукевіч з маёнтка Крупава. Шукевічы не былі вельмі багатай сям'ёй, і таму на згоду бацькоў Агнешкі паўплывала тое, што Валь абяцаў запісаць увесь свой маёнтак маладой жонцы, калі яна згадзіцца выйсці за яго замуж - маёнтак Ішчална быў ласым кавалкам. Закаханы стрымаў свае слова. За дзень да шлюбу перапісаў сваёй будучай жонцы ўсё, што меў, і такім чынам стаў яе слугой і нявольнікам. Пра нейкія пачуцці з боку маладой жонцы не магло быць і размовы. Прыгожая кабета стала жорсткай жонкай. Агнешка беспардонна выкарыстоўвала свае перавагі - узрост і прыгажосць, каб атрымаць уладу разам са сляпым каханнем мужа. Ніхто з завітаўшых да Валяў у госці не думаў, што гэты стары, які сядзіць на далёкім, не ганаровым канцы стала, і ёсць сапраўдны гаспадар і муж, і таму не звяртаў на яго ўвагі, а меў справу толькі з маладой гаспадыняй.

Малодшая сястра Агнешкі - лагодная і паслухмяная Элеанора - выйшла замуж за землеўладальніка з Гародні Караля Лясковіча гербу Кораб - высокага, стройнага мужчыну з рашучым і дэспатычным характарам. Дзве непадобныя сям'і зблізіліся да такой ступені, што разам жылі ў Ішчалне.

Караль Нарбут, крайчы і земскі пісар, дасціпны і вясёлы чалавек, ведаючы, як жывуць гэтыя дзве пары, дзеля жарту арганізаваў паміж жанатымі лідскімі землеўладальнікамі дзве «арміі»: Валяў і Лясковічаў. Усе мужы, якія падпарадкоўваліся сваім жонкам, атрымлівалі чыны ў арміі Валяў ажно да генерала, а тыя, якія трымалі сваіх жонак у руках, былі запісаны ў армію Лясковіча. Армія Валя мела нават сваіх капеланаў, гэта былі пробашчы, якімі кіравалі іх гаспадыні. Афіцэрам абодвух армій выдаваліся патэнты, падпісаныя іх камандуючым і начальнікам штаба з васковай пячаткай і апісаннем учынку, за які ён атрымаў намінацыю [2].

У 1796-1798 гг. памёр Юзаф Валь, і адразу за ім памерла і яго бяздзетная жонка. Ішчалнянская маёмасць перайшла ў спадкі да сястры Элеаноры Лясковіч з Шукевічаў.

Пасля смерці Яна Валя - першага з гаспадароў Ішчалны - засталася таямніца. Падчас Паўночнай вайны, у 1706 г. гаспадар Ішчалны Валь належаў да чынных прыхільнікаў сандамірскай канфедэрацыі і караля Аўгуста ІІ. Набліжэнне войскаў Карла XII і Ляшчынскага для яго нічога добрага не абяцала, і таму ён вырашыў прыхаваць самыя каштоўныя рэчы і ўцякаць. У поўнай таямніцы, пры дапамозе адзінага вернага гайдука, адданага яму душой і целам, Валь запакаваў свае скарбы ў скрыню, ад карозіі абмазаў яе алеям з тлушчам, ноччу вывез у пушчу і закапаў у падрыхтаваным цяжкадасягальным месцы. Каб не страціць гэта месца, у суседнія дрэва былі забіты вялікія цвікі. Прадбачлівасць Валя дала вынікі. Пасля таго як рускія пайшлі з Гародні, Карл XII вырашыў зімаваць у ваколіцах Ішчалны. Шведскі кароль стаяў у Жалудку, у кляштары кармелітаў, а яго сатэліт польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі ў лютым 1706 г. кватараваў у Васілішках. Войскі караля Аўгуста ІІ падышлі да Ішчалны і напалі на шведскі аддзел, які там стаяў. Пачалася крывавая сутычка, у выніку якой з абодвух бакоў меліся забітыя. Католікаў пахавалі на мясцовых могілках, у некалькіх сотнях метраў ад касцёла, за вапельняй. Шведскіх жаўнераў, як пратэстантаў, а значыць «ерэтыкоў», пахавалі асобна, у полі на адлегласці 200 м на поўдзень ад каталіцкіх могілак. Пасля пабудовы тракту Ліда - Гродна, «шведскія могілкі» аказаліся на баку тракта, з паўднёвага яго боку.

Далейшы лёс закапанага скарбу невядомы. Відочна, што таямніца не магла цалкам захавацца: з дому зніклі каштоўныя рэчы, прычым папярэдне была зроблена акаваная жалезам скрыня і выкуты вялікія цвікі, пан кудысьці выязджаў ноччу і вярнуўся на світанку, да таго ж ахмістрыня нарыхтавала вялікія тканіны, прамочаныя льняным алеям з тлушчам, а са свірна зніклі ялавыя скуры. Людзі ведалі, што дзесьці ёсць закапаны скарб, але дзе? Няма ніякіх вестак пра тое, што скарб быў знойдзены і прывезены ў двор. Але пра магчымасць гэтага кажа рэестр рухомасці, напісаны Янам Валям (сынам Юзафа Валя) пры перасяленні ў новы дом, а таксама багатая калекцыя скарбаў, якая захоўвалася ажно да 1918 г. і згадвалася ў тастаменце апошняй з Важынскіх.

Але гэтай версіі супярэчыць гісторыя, якая адбылася перад Першай сусветнай вайной.

Даўно скончылася шведская вайна, мінулі гады. Пазначанае цвікамі дрэва расло і праз некі час цвікі ўраслі ў дрэва і сталі не бачны. Неяк, у першае дзесяцігоддзе XX ст. парабак пажаліўся гаспадыні - адной з сясцёр Важынскіх, на тое, што сапсаваў сваю любімую сякеру аб цвікі ў дубе, прывезеным ў маёнтак на дровы. Дзіваваўся - адкуль у старым дубе ўзялося жалеза - і ў доказ паказаў панне старыя цвікі грубай кавальскай работы.

Сёстры жылі ў атмасферы старых гісторый і адразу зразумелі, адкуль маглі ўзяцца цвікі. Каб парабак змог набыць шмат падобных ці нават лепшых сякер, узнагародзілі яго грашыма, а на кухні ён атрымаў добры, пазачарговы абед з чаркай. Пасля чаго было загадана пачаць пільна шукаць месца, адкуль паходзіў той дуб. Аднак, нягледзячы на абяцаную ўзнагароду, месца гэтак і не знайшлі.

Лясковічы (1798-1822 гг.)

У 1798 г. Элеанора перапісала свае спадкі на мужа. Распачалося энергічнае кіраванне Караля Лясковіча. Праз некалькі гадоў у сужэнцаў нарадзілася дачка Францішка Лясковіч.

Караль меў вялікія планы. Вырашыў зрабіць з занядбанага маёнтка панскую рэзідэнцыю і для гэтага на пачатку XIX ст. пачаў збіраць будаўнічыя матэрыялы. Бурыліся драўляныя будынкі, а на іх месцы паўставалі мураваныя: сталярня, стэльмашарня з складам матэрыялаў на першым паверсе і з сушарняй на другім, кузня, стайні і вазоўні. Потым - хаты для служкаў і, нарэшце, апошнім пачаў будаваць новы жылы дом-палац па праекту здольнага архітэктара.

Будоўля новага дома разам з назапашваннем матэрыялаў цягнулася доўгія гады. За некалькі гадоў была абпалена цэгла. Лепшыя экзэмпляры цэглы выбралі для будаўніцтва дома, а горшыя пайшлі на афіцыну, гаспадарчыя будынкі і агароджу. Адначасова нарыхтоўвалі і гасілі ў ямах вапну. Нарыхтоўвалі і пілавалі лясныя матэрыялы: лепшыя лістоўніцы і сосны на бэлькі, кроквы і падлогі, а дуб на дзверы, вокны, панелі і паркет. Купляліся адмысловыя завесы, спружынныя замкі на дзверы, вялікія, стылёвыя клямкі, металічныя часткі для камінаў, кухонных, пакаёвых печак і пліт. З Навагрудка везлі кафлю, з фальварка Сліваўшчыны, які належаў Ішчалне, прывезлі лепшае дубовае дрэва, якое сушылася 8 гадоў. Будоўлю закончылі да 1810 г. У выніку атрымаўся не палац, а палацык ў стылі ампір. Да гэтага часу стары дом (будучы «скарбец») каля 70 гадоў выконваў ролю жылога дома.

Дом у Ішчалне быў пабудаваны вельмі грунтоўна. Вонкавыя сцены мелі таўшчыню ў 90 см, унутраныя - 70 см. Сцены знутры былі абшыты дубовымі панелямі, і іх агульная таўшчыня дазваляла цалкам схавацца адчыненым двухстворкавым дзвярам. Дом ніколі не перабудоўваўся, а дзверы і вокны былі зроблены настолькі якасна, што і ў 1939 г. нідзе не мелі шчыліны.

Паводле звычаяў таго часу жылы дом пафарбавалі ў белы колер. Бялізна дома адцянялася шэрым гонтавым дахам, і таму будынак выглядаў вельмі прыгожа як улетку, на фоне зеляніны, гэтак і залатой восенню і нават пры свеце Месяца на чорным тле неба. Аднатыпна з палацыкам былі пафарбаваны і пакрыты таксама суседнія скарбец і афіцына.

Жылы дом меў 14 пакояў, сені, калідор, два складскія памяшканні, веранду, два ганкі. Унутры дом меў дзве анфілады пакояў, якія ішлі праз увесь будынак і таму ён як быццам падзяляўся на дзве розныя часткі - прадстаўнічую і жылую.

У прадстаўнічай частцы меліся: перадпакой, салон, малы салон (круглае памяшканне з нішамі, у якія былі ўбудаваны невялікія канапы), васьмікутны гасцінны пакой, кабінет, буфетная, простакутны зал для більярда, пакой для карцін і круглая сталовая. Акрамя печаў, былі яшчэ і каміны. Жылая частка была падзеленая калідорам, які вёў на другі ганак. Кожная палова жылой часткі складалася з трох пакояў.

Усю мэблю жылога дама разрабавалі і знішчылі ў час Першай сусветнай вайны, ацалелі толькі адзінкавыя рэчы, а менавіта: некамплектны салон Людовіка XV, вялікае венецыянскае люстра, адзін круглы мармуровы стол і адзін стол з арэхавага камплекту, раскамплектаваная спальня, два гадзіннікі XIX ст. (адзін стаячы, шафавы, другі камінны, бронзавы з эмаллю), дзве пашкоджаныя хрустальныя жырандолі, пашкоджаная арфа Францішкі Лясковіч і восем сямейных партрэтаў, сярод іх партрэты Францішкі і яе мужа Антона Важынскага.

У 1922-39 гг., акрамя адзінкавай мэблі, як напрыклад: фартэпіяна, старога гданьскага буфета, бібліятэчнай шафы, атаманкі, ложка, стала, крэсла, былі набыты тры камплекты мэблі, а менавіта: спальня з чырвонага дрэва, дубовы сталовы набор, ясеневы кабінет і выкананы на замову масіўны кабінетны камплект з гербамі Лясковічаў. Уся мэбля знікла ў 1939 г.

Першы паверх гэтага старога жылога дома (скарбца) быў аддадзены пад бібліятэку, архіў і збор помнікаў мінуўшчыны, тут жа зроблены гасцінны пакой, бо калі дачка Лясковічаў Францішка падрасла, гучныя паляванні і суседскія пасядзелкі ўступілі месца вытанчаным балам.

У канцы красавіка 1812 г. імператар Аляксандр І аб'язджаў войскі ўздоўж заходняй мяжы і наведаў Вільню. Ён быў сустрэты натоўпамі насельніцтва: нават самыя вялікія скептыкі на гэты раз паддаліся надзеям на рэформы і аўтаномію ў межах Расіі, пра якую ўсе марылі. Але рускі імператар маўчаў і абмяжоўваўся толькі міласцю да шляхты і незвычайнай ветлівасцю з арыстакратыяй.

У Лідзе ён зрабіў агляд 6-га корпуса генерала ад інфантэрыі Дохтурава. У Лідскім павеце ў раёне Эйшышак кватаравала руская армія ў 60 000 чалавек, корпуснымі камандзірамі ў ёй былі генералы Бахмецьевы 1-шы і 2-гі. На пачатку траўня імператар Аляксандр I, аглядаючы корпусы, суткі прабыў у Эйшышках. Потым імператар наведаў маёнтак Веранова (зараз - Воранава), які належаў 70-гадовай Клары Александровіч. Гаспадыня з няведання прыняла імператара за рускага паручніка. Непазнаны Аляксандр піў з ёй гарбату, і пані пажалілася яму на тое, што ў яе сілай забралі 6 коней для будучага праезду імператара. Аляксандр, не адкрыўшы сябе гаспадыні, загадаў вярнуць коней.

Каля Ішчалны рускі імператар інспектаваў 4-ы корпус генерал-ад'ютанта Шувалава (штаб у Васілішках), які складаўся з 11-й і 23-й пяхотных дывізій, аднаго гусарскага палка з 2-й кавалерыйскай дывізіі і дзвюх артылерыйскіх брыгад. Тады ж ён пешшу наведаў Ішчалну - маёнтак Караля Лясковіча, піў з Лясковічам гарбату, слухаў ігру дачкі гаспадара Ішчалны на арфе. Абед для цара сервіраваўся ў авальнай сталовай зале, а музыку слухалі ў салоне новага жылога дома. Трэба зразумець, што прымалі цара ў Ішчалне гэтак, як і ва ўсім краі: з найвялікшай пачцівасцю. Пасля абеду дачка гаспадара панна Францішка Лясковіч з дазволу высокага госця і ў яго гонар заіграла на арфе. Прыгожая ігра ў спалучэнні са спевам модных у той час рамантычных песенек выклікала прызнанне цара. Галантнасць імператара да дам была агульнавядомай, і таму не было нічога дзіўнага, што ў адказ ён падараваў Лясковічам дыяментавую брошку ў выглядзе стралы.

У Ішчалне з піетэтам захоўвалі гістарычную арфу і дыяментавую стралу. Пашкоджаная падчас Першай сусветнай вайны, арфа дажыла да 1939 г. - стаяла на ганаровым месцы ў нішы круглага салона. Стралу ўспадкавалі Раствароўскія з Скабеек - спадкаемцы графа Грабоўскага з Вялікага Мажэйкава і захоўвалі яе да Другой сусветнай вайны. У час апошняй вайны арфа была цалкам знішчана.

У 1820 г. Францішка, дачка віцэ-маршалка лідскага павету (Караля Лясковіча), дзяўчына, якая прыгожа спявала і грала на арфе, ва ўзросце каля 30 гадоў, выйшла замуж за суседа з Голдава Антона Скарабак-Важынскага герба Абданк, пазнейшага маршалка лідскага павета.

Так злучыліся два маёнткі: Ішчална і Голдава.

Скарбак-Важынскія (1822-1918 гг.).

У 1822 г. памёр Караль Лясковіч, гаспадарамі Ішчалны сталі Важынскія.

Апрача вакальна-музычных здольнасцяў, сямейная памяць не захавала нічога пра асобу Францішкі Важынскай з Лясковічаў. На карцінах, якія былі ў Ішчалне да 1939 г., Францішка выглядала жанчынай звычайнай прыгажосці, чыя першая маладосць ужо прайшла, а яе муж Антон - высокім і прыстойным мужчынам у латах, якія, верагодна, дасталіся яму ад прашчураў. Ён меў тыпова славянскі твар - энергічны румяны бландзін з блакітнымі вачамі. Антон любіў ўцехі, якія давала жыццё землеўладальніка: браў чынны ўдзел у публічным жыцці і цешыўся сімпатыяй паважаных суседзяў, можа таму ён хутка стаў маршалкам Лідскага павета. Як павятовы маршалак шляхты, 30 мая 1831 г. у Лідзе ён пачаставаў сытым сняданкам шматтысячнае войска паўстанцаў.

З часоў Караля Лясковіча, апрача вінакурні і піўніцы, напоўненай тысячамі літраў старкі ў велічэзных бочках, якія засталіся пасля венгерскага віна, пры маёнтку меліся: водны млын, фолюш, цагельня, вапельня, смалакурня і рамесныя варштаты: кузня, сталярня, стэльмашарня, гарбарня, рымарня, слясарня, гантарня, у маёнтку працавалі пячнік, кравец і садоўнік. Зяць Караля Лясковіча, Антон Скарбак-Важынскі парадкаваў вёскі, ачышчаў палі ад каменя, палепшыў гадоўлю быдла і значна ўзняў як матэрыяльны стан, гэтак і культурныя набыткі сям'і.

Антон і Францішка (з Лясковічаў) Скарбак-Важынскія мелі аднаго сына Баляслава. Ён ажаніўся з суседкай з Вялікага Мажэйкава, графіняй Марыяй Грабоўскай. Шлюб Баляслава з графіняй Грабоўскай узняў павагу да сям'і.

Баляслаў і Марыя Скарбак-Важынская з Грабоўскіх мелі рана памёрлага сына Баляслава і 3 дачкі: Зоф'ю, Марыю і Ізабелу. Жылі шумна, з вялікімі выдаткамі і таму грошаў з 2 маёнткаў не хапала. Неўзабаве сям'я мела шмат даўгоў. Гучныя зборы шляхты з паляваннямі, моцнымі напоямі, картамі і вялікапанскімі ўчынкамі давялі маёнтак да банкруцтва. Няма такога багацця, якое б немагчыма было пусціць на вецер, і гаспадаранне Баляслава Важынскага скончылася трагічным сыходам абодвух сужэнцаў.

Вось як апісвае смерць гаспадароў Ішчалны сын апошняга ўладальніка гэтага маёнтка Караль Лясковіч: «З-за неўтаймаванай гульні ў карты і баляванняў казна маёнтка апусцела, у справу пайшлі бягучыя даходы ад зямлі, а потым і фінансавыя рэзервы. Быў прайграны пасаг жонкі з дома графаў Грабоўскіх, сумы выплат яе брата за частку маёнтка Вялікае Мажэйкава і, нарэшце, апошнія рэзервы - лясы. Паправіць справы мог адзін выйгрыш у карты! І зялёны столік стаўся апошняй надзеяй. Калі здарыўся чарговы вялікі пройгрыш у карты, Важынскі не меў ужо нават грошай, каб плаціць працэнты за пазыкі ліхвярам, і таму цалкам страціў магчымасць атрымаць крэдыт. Картачны супернік прыслаў у Ішчалну свайго сваяка з лістом. Усю ноч і раніцу дзедзіч маёнтка правёў у сваім кабінеце. Калі ўся сям'я сядзела за ранішнім сталом у авальнай зале, лакей прынёс яму ліст з кароткім зместам: тэрмін выплаты прайшоў і грошы трэба выплаціць зараз жа. Адзіным ганаровым выйсцем было самагубства. Гэта забяспечвала дзяцей сродкамі, бо тады, паводле законаў імперыі, да паўналецця самай малодшай з дачок маёмасць не магла адысці да картачнага суперніка. Баляслаў, бледны як папера, устаў з-за стала і перайшоўшы ў суседні пакой, зачыніў за сабой дзверы. Хутка пачуўся стрэл. Усхваляваная жонка ўбегла ў пакой і, убачыўшы мужа з прастрэленай галавой ў лужыне крыві, тут жа памерла ад інфаркту. Засталося чацвёра сіроткаў. На бюро ляжалі два лісты: Важанскага да швагра Станіслава Грабоўскага з Вялікага Мажэйкава з просьбай апекавацца пляменніцамі і фатальны ліст суперніка».

Апеку над дзецьмі прыняў родны брат маці, граф Станіслаў Грабоўскі - уладальнік Вялікага Мажэйкава. Станіслаў Грабоўскі быў добрым гаспадаром і таленавітым адміністратарам. Першай справай Грабоўскага быў зварот да крэдытораў - яны павінны былі прад'явіць свае прэтэнзіі. Даўгі аказаліся вялікімі, але не безнадзейнымі. Апякун падзяліў іх на дзве групы: у першую ўвайшлі галоўныя даўгі - падаткі, выплаты за зробленую працу і пазыкі; у другую - карцёжныя даўгі. Даўгі з першай групы граф сплаціў з уласных сродкаў, выплаты даўгоў з другой групы расклаў на шмат гадоў з мінімальнымі працэнтамі ці наогул ануляваў.

Наступным крокам стала існаванне маёнтка ў рэжыме эканоміі. У Ішчалне запанавала амаль што кляштарная ціша. З-за адмены паляванняў і з'ездаў шляхты, Грабоўскі цалкам разлічыўся з паляўнічымі і лоўчымі, ліквідаваў псярню з псярамі і г. д. Эканомія, аднак, не датычыла выхавання пляменнікаў. Адміністрацыю абодвух ключоў - ішчалнянскага і голдаўскага, граф даручыў свайму эканому і праз мажэйкаўскія грошы захаваў інвентар і ўсе фальваркі.

Праз нейкі час з-за сухотаў памёр адзіны сын Баляслава Важынскага. Не дапамагло яму нават лячэнне ў Швейцарыі. А дзяўчаты атрымалі стараннае дамашняе выхаванне і адукацыю, валодалі французскай, нямецкай і англійскай мовамі. Пасля здачы экзаменаў экстэрнам за курс гімназіі атрымалі вышэйшую адукацыю. Дзве з іх - Марыя і Зоф'я - мелі ступені дактароў: медыцыны і гуманітарных навук, трэцяя вывучала мастацтва. Да таго часу, калі апякунства дзядзькі стала непатрэбным, маёнтак ужо цалкам не меў даўгоў.

Тры дачкі Баляслава валодалі Ішчалнай каля 60 гадоў. Марыя бясплатна лячыла хворых. Зоф'я з'яўлялася галоўным кусташам сямейнага музея - яна з сястрой Марыяй былі добрымі архівісткамі і дасведчанымі асобамі. Ізабэла прафесійна малявала. Да канца 1930-х гг. у Ішчалне захоўваліся ўрадавыя дакументы, пісьмы губернатараў і некалькі лістоў з Францыі з адрасам:

«A Mademoiselle

Mademoiselle la Comtesse

Sophе de Skarbek-Wazynski

Iszczolna».

Шляхцянкі па бацьку, мелі маці - графіню. Таму не маглі ўжываць графскага тытулу на радзіме і дадавалі яго сабе толькі за мяжой, бо, відочна з'яўляліся ганарлівымі снобамі. Сяброўскія стасункі падтрымлівалі толькі з сям'ёй князёў Друцкіх-Любецкіх і гэтакімі знакамітымі сем'ямі, як Ваньковічы, Валадковічы, Горваты, а таксама з сваімі сваякамі Аскеркамі.

Ніводная з сясцёр Важынскіх не выйшла замуж, усе памерлі паненкамі ў часы Першай сусветнай вайны: Зоф'я у 1917 г. у Хельсінкі, Ізабела ў 1916 г. у Вільні, а самая малодшая Марыя развіталася з гэтым светам 20 лютага 1920-га года ў Варшаве. У памяці сялян засталіся тры шчабечучыя на замежных мовах паненкі, якія спявалі пад фартэпіяна і ігралі ў більярд. Вытанчаныя і незразумелыя сялянам гаспадыні маёнтка часцей размаўлялі на замежнай, чым роднай, мове і былі гарачымі прыхільніцамі коннай язды. Не засталося ніводнай мастацкай працы Ізабелы, нават ніякага малюнка. Захаваліся толькі партрэты продкаў, намаляваныя значана раней, у свой час іх не панеслі рабаўнікі. А Другая сусветная вайна змыла апошнюю памяць пра былых гаспадароў маёнтка.

Напачатку 1921-х гг. на падставе судовага выраку, Ішчална адышла Лясковічам, а Голдава - нашчадкам па пабочнай лініі Антона Скарабак-Важынскага. Але, думаю, што менавіта ў гэтым месцы майго аповеду трэба расказаць пра скарбец, які цесна злучаны з сёстрамі Скарбак-Важынскімі.

Барочны будынак гэтак званага «скарбца» ад пачатку планаваўся як жылы дом. Быў ён пабудаваны ў 1743 г. тагачасным уладальнікам Ішчалны Янам Валям, старастам фрэйдэнскім. Замена ранейшага драўлянага дома стылёвым і мураваным сведчыла пра важкасць і заможнасць роду. Ян Валь закончыў справу пабудовы ў канцы свайго жыцця. Пасля яго смерці заможнасць была яшчэ выразней падкрэслена яго сынам Юзафам, які разам з жонкай з Вянцковічаў пабудаваў барочны гмах парафіяльнага касцёла ў Ішчалне, пра які пойдзе гутарка трошкі ніжэй.

Скарбец складаўся з піўніц, першага паверха і фацыяты (паддашка, мансарды). Уверсе, на мураваным шчыце мелася дата A.D. 1743. Пад надпісам, над уваходам у дом, быў балкон з жалезнай агароджай і ініцыяламі «s.J.W.f.» (Ян Валь, стараста фрэйдэнскі), балкон мацаваўся на чыгунных бэльках. Выйсці на балкон можна было з фацыяты.

Пасярэдзіне першага паверху знаходзіўся хол з уваходнай пляцоўкай і сталовая. Па баках хола былі жылыя пакоі, якія потым памянялі сваё прызначэнне. У фацыяце мелася 4 спальныя пакоі для гаспадароў і гасцей. Разам дом меў 10 пакояў, злучаных з холам. У піўніцах столь трымалі моцныя нервюры з вялікапамернай цэглы на вапне. Муры сцен былі тоўстыя, у тры цэглы, г. з. каля 90 см., а унутраныя сцены мелі 75 см.

У піўніцу можна было ўвайсці праз двое моцных, дубовых дзвярэй. Адзін уваход у піўніцу быў з падворка - праз дзверы ў ганку, далей уніз вялі цагляныя сходы. Другі ўваход у піўніцу меўся з шчытавой сцяны будынка, адсюль можна было ўвайсці ў ніжнюю піўнічную залу, геаметрычна яна цалкам паўтарала верхнюю залу скарбца.

Галоўны ўваход на першы паверх замыкаўся аднастворкавымі дзвярыма з тоўстых дубовых дошак, збітых вялікімі цвікамі ручной кавальскай работы. Таксама ручной кавальскай работы былі і завесы, засаўкі і вялізны замок XVIII ст.

У часы Валяў у піўніцы месцілася кухня, адсюль на верх можна было падняцца па сходах. Верагодна, тут жа была і чалядная. Іншыя памяшканні ў піўніцах выкарыстоўваліся як склады. Аднак адна левая, тыльная піўніца з моцнымі дзвярыма служыла цямніцай і ўжывалася як камера для арыштантаў. У валяўскіх інвентарах гэты пакой называўся «пакоем для свавольных людзей».

На пачатку XIX ст., у часы Караля Лясковіча, які быў у канцы жыцця віцэ-маршалкам павета і жыва ўдзельнічаў у публічным жыцці, у Ішчалне адбываліся гучныя з'езды павятовай шляхты і стары дом бачыў шмат людзей. Пасля пабудовы новага, ранейшы дом стаў збройняй і афіцынай. Зяць Лясковіча Антон Важынскі меў пасаду маршалка Лідскага павету і значна ўзбагаціў зборы рэчаў культуры. Менавіта пры ім збраёўня-афіцына стала скарбцам-музеем. А для служкаў насупраць скарбца і злева ад новага дома пабудавалі афіцыну. На другім паверсе гэтай афіцыны чатыры пакоі і кухню займаў адміністратар маёнтка, а на першым паверсе жылі эканом і пісар.

На першым паверсе скарбца, справа ад уваходу, ў адным з пакояў Антон Важынскі зрабіў бібліятэку і збор дакументаў, а ў астатніх пакоях першага паверха размясціў каштоўныя гістарычныя рэчы музейнага характару, у асноўным даўнюю зброю і латы. Пры неабходнасці тут жа жылі госці: больш паважаныя на першым паверсе, а меней паважаныя ў мансардзе.

Кухня і чалядная ў піўніцы стала непатрэбнай, і тут пры неабходнасці сяліліся служкі гасцей. У неабаграваных піўніцах набіраліся моцы старкі і віно, падобна, што да адмены прыгону не пуставаў і пакой «для свавольных людзей».

Пакоі першага паверха выконвалі дзве функцыі - яны былі месцам захавання скарбаў культуры і жытлом для важных гасцей. У правым пярэднім пакоі паставілі адмыслова дапасаваныя да памераў кніг стэлажы, тут жа стаяла бюро, мяккае крэсла і некалькі крэсел. На бюро стаяла лямпа, ляжалі каталогі, меўся прыбор для пісьма (у тым ліку і з гусінымі пёрамі). У гэтым пакоі была бібліятэка, яе моцныя дзверы замыкаліся на ключ. У супрацьлеглым пакоі, улева ад хола, у куфрах захоўваліся лісты, інвентары і сшыткі спраў за некалькі стагоддзяў. Асобна, у ганаровых зашклёных кніжных шафах, ляжалі каралеўскія прывілеі і пяць слуцкіх пасаў.

У холе захоўвалася рыцарская зброя, на сценах задніх пакояў таксама вісела розная зброя. Акрамя таго, ранейшая сталовая, пераробленая ў гасціную, адначасова выконвала ролю чытальні, курыльні, пакоя для розных нарад і пакоя для картачнай гульні. Два бакавыя спальныя пакоі засталіся спальнямі, сюды была перанесеная старая каштоўная мэбля, турэцкая парча, персідскія дываны. Каштоўныя рэчы скарбца з'яўляліся здабыткамі трох апошніх родаў, які гаспадарылі ў Ішчалне: Валяў, Скарбак-Важынскіх і Лясковічаў. Зброя засталася ад Валяў і Важынскіх, кніжныя зборы ў асноўным ад Важынскіх, архівы збіраліся з 1500 г. Нумізматыка, упрыгожванні, парцаляна і іншыя каштоўныя рэчы збіраліся стагоддзямі. І ніводнага з гаспадароў Ішчалны ў XVII-XX стст. немагчыма вылучыць з шэрагу калекцыянераў.

Пры сёстрах Важынскіх, якія атрымалі выдатнае выхаванне і адукацыю, каштоўныя гістарычныя рэчы Ішчалны былі акружаны яшчэ большай апекай і ўвагай. Будынак быў цалкам перароблены і адрамантаваны, у выніку стаў скарбцам у сапраўдным сэнсе гэтага слова.

З-за таго, што зборы месціліся на першым паверсе, ва ўсе вокны піўніц і першага паверха былі ўстаўлены жалезныя краты. Доступ з кухні ў піўніцы на першы паверх быў замураваны. Паміж фацыятай і першым паверхам былі ўсталяваны моцныя, старанна акутыя жалезам дубовыя дзверы. Таксама над малой піўніцай (паміж даўняй кухняй і арыштанцкім пакоем) вымуравалі сакрэтную камору для самых каштоўных рэчаў. Гэта камора аказалася якраз паміж піўніцай і першым паверхам, на месцы былых сходаў. Падлога першага паверха над каморай з каштоўнасцямі ўзнімалася толькі на якіх 60 см, тут зрабілі спальную нішу і на ложак трэба было паднімацца дзвюма прыступкамі. У свой чарод ложак закрылі парцьерай, і таму выглядала ўсё цалкам натуральна. Моцныя дзверы ў гэту камору выходзілі на вузкую, цёмную лесвічную клетку (адсюль быў ход з першага паверху ў фацыяту), гэтыя дзверы глуха замуравалі, атынкавалі і пафарбавалі ў той самы колер, што і суседнія сцены.

Такім чынам атрымалася памяшканне вышынёй каля 2 м і памерамі 1,7 х 3 м. Частка гэтага памяшкання была аддзелена ад унутранай сцяны яшчэ дадатковым мурам, які хаваў сховішча-сейф глыбінёй ў 0,5 м, сцены гэтага сховішча ўзмацнілі сталёвымі плітамі. Сталёвых пліт не было толькі з боку каморы, гэтую сцяну замуравалі наглуха і каб патрапіць у сховішча, трэба было біць цэглу.

У сакрэтнай каморы захоўвалі залатыя і срэбныя нумізматычныя калекцыі, старыя ўпрыгожванні, напрыклад гузікі ад дэлій (плашч, падбіты мехам) і кунтушоў, запанкі з каштоўнымі камянямі, сыгнеты продкаў, ланцужкі, дыяментавая страла цара Аляксандра І, неапраўленыя дыяменты і каштоўныя камяні, залатая шкатулка і г. д.

А ў сховішчы-сейфе захоўвалася ўпрыгожаная золатам і бірузой карабэля [3], адпаведна забяспечаная ад карозіі, вялікі сервіз баранаўскай парцаляны, старасвецкія кубкі, кітайская і саская парцаляна, стары рынграф [4], старыя каваныя алавяныя ці срэбныя начынні, каштоўныя хрустальныя і шкляныя вырабы - усе яны мелі вялікую гістарычную каштоўнасць.

Для маскавання пераробкі памянялі ўзроўні падлогі між холам і сталовай, а таксама між сталовай і спальняй, ім дадалі па дзве мармуровыя прыступкі. Пераробка была спраектавана архітэктарам, які жыў у Францыі, і трымалася ў сакрэце. Змена ўзроўню падлогі выглядала як фантазія архітэктара. Усю справу можна было рэалізаваць з-за вялікай, 4-метровай вышыні піўніц і 3,5-метровай вышыні першага паверху.

Гістарычныя калекцыі ў скарбцы.

Найкаштоўнейшай часткай рухомасці маёнтка ўладальнікі і ўладальніцы лічылі зборы рэчаў культуры і гісторыі, найперш - старадрукі і архівы. Вялікую вартасць мелі старыя кнігі, дакументы і лісты, бо яны адлюстроўвалі сваю эпоху. Да Першай сусветнай вайны кнігазбор, які налічваў тысячы тамоў, быў добра каталагізаваны і старанна захоўваўся. Пасля вайны засталося ўсяго некалькі сотняў кніг. З архіва зніклі каралеўскія наданні і прывілеі. У знішчэнні каштоўнейшых збораў пісьменства бралі ўдзел усе: розныя войскі, мясцовыя людзі з двара і з бліжэйшых вёсак. Магчыма, невялікая частка кніг была забрана «на памяць», а можа нават і «каб было што пачытаць». Магчыма, некаторыя рэчы трапілі ў рукі знаўцаў, але большасць была знішчана пры распальванні печаў, выкарыстана як папера для пакункаў, альбо на цыгаркі.

З ваеннага пагрому 1914-1920 гг. не ацалеў ніводзін каталог і аповед пра калекцыі будзе грунтавацца на ўспамінах Караля Лясковіча, які ў 1920-30-я гг. штудзіраваў тыя старыя кнігі і дакументы, шматразова перачытваў кавалкі, якія яму спадабаліся і дзякуючы гэтаму, праз шмат гадоў, у 1970-я гг. быў у стане цытаваць самыя цікавыя і характэрныя фрагменты дакументаў.

Зборы спраў сягалі часоў Ягелонаў, ён трымаў у сваіх руках друкі і дакументы нават з XVI ст. Самымі каштоўнымі ацалелымі кнігамі былі: Volumina Legum [5], Сеймавыя дыярушы, Літоўскія статуты, Статут Ласькага [6], Гербоўнікі Папроцкага і Нясецкага, старыя малітоўнікі ў драўляных вокладках, апраўленых у белую скуру і з пазалочанымі акуццямі, а таксама тэксты пісьменнікаў так званага Залатога веку і ўспаміны Яна Хрызастома Паска.

Літаратурная творчасць XVII ст. найперш рэпрэзентавалі Жыццяпісы святых і казанні Пятра Скаргі. Апрача Скаргі, ацалеў Пасак (Мемуары), Вацлаў Патоцкі (Ogród, ale nie plewiony, bróg, ale co snop toinszego zboża, kram rozlicznego gatunku і г.д.) Морштын і некалькі іншых. У адной з кніг быў раздзел гістарычны - там расказвалася гісторыя да караля, які ў той час правіў, раздзел астранамічны - нават ў XVII ст. тут сцвярджалася, што Сонца абарочваецца вакол Зямлі, раздзел геаграфічна-легендарны, фізіялагічны - з апісаннямі хвароб і лекаў, кулінарных запісак і іншага. Шмат якія старыя кнігі былі ў рудых скураных вокладках; кнігі былі надрукаваныя на пергаментнай паперы вялікімі прыгожымі лацінскімі ці гатычнымі літарамі.

Акрамя рэшткаў былой багатай бібліятэкі, пасля 1920-га г. часткова захаваліся сямейныя архівы чарговых уладальнікаў Ішчалны. Усе тое, што засталося, змяшчалася ў адным абабітым скурай куфры, што раней служыў багажнікам вялікай карэты, у якую ўпрагалася чацвёрка коней. Верагодны архіў быў падрыхтаваны для транспартавання, але вывезці яго не паспелі. Былі там дакументы, лісты ад 1500 г. ажно да апошніх часоў, і апошнія ўладальнікі маёнтка працягвалі захоўваць там свае дакументы.

Са старадаўніх актаў у архіве меліся прывілеі, наданні, патэнты, узнагароджанні, тастаменты, фундушы, дароўныя акты і акты падзелу зямлі, судовыя працэсы, выракі трыбунальскіх судоў, позвы, штрафы, рэабілітацыі, наказы, адозвы і гетманскія лісты, лісты канцлераў, ваяводаў, маршалкаў канфедэрацый, рускіх губернатараў, загады пра набор рэкрутаў, пастановы рускіх судоў, маніфесты, скаргі, просьбы, застаўныя лісты, а таксама вэксалі, рэестры, інвентары, каштарысы, рахункі, квіткі выплат, рэляцыі, нататкі, пратаколы з'ездаў сям'і (як напрыклад пратакол з'езду 12-ці мясцовых Ласковічаў падчас шлюбу Францішкі Ласковічаўны і Антона Важынскага ў 1820 г.), генеалогіі, каштоўныя прыватныя лісты, якія адбіраліся на працягу стагоддзяў. Сярод дакументаў некаторыя мелі аўтэнтычныя подпісы каралеў і малыя канцлерскія пячаткі, а іншыя подпісы і гербавыя пячаткі вядомых асобаў з допісамі «Рукой сваёй».

Самыя старыя дакументы былі напісаны па-беларуску славянскім правапісам (у часы Яна Альбрыхта, Аляксандра і Жыгімонта Старога). Пазнейшыя дакументы, з часоў Жыгімонта Аўгуста, былі ўжо напісаны лацінскім алфавітам, хоць і на беларускай мове - дзяржаўнай мове ВКЛ. Пасля пераносу сталіцы дзяржавы ў Варшаву дакументы пачалі пісаць таксама і па-польску. З поступам часу па-польску ўсё часцей і часцей, але ўсё роўна з дамешкам трасянкі. Як належыць, усе паперы адной справы ці адной тэматыкі сшываліся ў сшытак ядвабным шнурком. Усе дакументы і лісты былі калісьці старанна ўпарадкаваны, апісаны і пранумараваны. Лясковіч памятаў № 1300 на адным з сшыткаў такіх дакументаў.

Пераважна гэта былі судовыя працэсы ці дакументы, датычныя ўласнасці на нерухомасць. Да самых цікавых, якія былі сапраўдным адбіткам эпохі, належалі:

- Акты куплі-прадажы ці дараванні. У гэтых дакументах скрупулёзна запісаны ўсе юрыдычныя формулы і абавязкі бакоў, указана колькасць падданых ці так званых «душ», пералічана, хто з іх агароднік, баброўнік, бортнік, рыбак, рымар і г.д. Акты пачыналіся з узгадвання персаналіі і тытула. Напрыклад, «Я, Юзаф Валь, пан Ішчалны, харунжы гродзенскі і стараста фрэйдэнскі, гэты актам абвяшчаю…».

- Дакументы судовых працэсаў, якія цягнуліся гадамі і дзесяцігоддзямі, з позвамі, эксплікацыямі, рэплікамі, выракамі. Часта пра важныя маёмасныя справы, але часамі пра дробязі, як напрыклад працэс паміж Каралем Ласковічам і магутным суседам Хадкевічам з Вялікага Мажэйкава пра межы сенажацяў. Спрэчнай сенажаццю быў луг Раманішкі, які ў выніку быў палюбоўна падзелены паміж абодвума дварамі, пры гэтым на мяжы быў выкапаны глыбокі роў, які потым яшчэ праз сто гадоў размяжоўваў тут Верашчакаў і Лясковічаў.

- Тастаменты, з іх самым цікавым быў той самы тастамент Яна Палупенты.

- Рэабілітацыі. Лясковіч памятаў толькі адну, на беларускай мове, выдадзеную рыцару, які вярнуўся з татарскай няволі.

- Спісы даўжнікоў, застаўныя акты, маніфесты. Сярод іншых, мелася даўгавая запіска Білевічам, дадзеная кімсьці з Пілсудскіх на Жмудзі. Лясковічы ў свой час паказалі гэты дакумент Пілсудскаму і атрымалі падзяку ад яго цывільнай канцылярыі. Таксама меўся маніфест апошняга віленскага ваяводы, князя Міхала Гераніма Радзівіла як апекуна малалетняга Дамініка Радзівіла да усіх, каму застаўся вінен Караль «Пане Каханку». Пасля яго засталося шмат даўгоў і спіс крэдытораў заняў некалькі старонак. Маніфест быў надрукаваны ў нясвіжскай друкарні. У канцы XVIII ст. Караль Ласковіч меў у заставе 2 радзівілаўскіх фальварка: Смолач і Бабры, з якіх Бабры потым набыў ва ўласнасць.

- Інвентары.

Самым цікавым дакументам гэтага кшталту быў напісаны ў 1743 г. Янам Валям «Рэестр усёй маёй рухомасці, кляйнотаў, сукняў, футраў, срэбра, волава (посуду) і начынняў, а таксама вупражы і коней, якія здатны да ваеннай патрэбы». Верагодна, гэты рэестр быў зроблены падчас перасялення ў новапабудаваны дом.

У спісе кляйнотаў звярталі на сябе ўвагу залатыя гузікі да плашча падбітага мехам і кунтуша, запанкі, завушніцы, бранзалеты, розныя каштоўныя камяні і перлы без аправы.

У спісе начыння фігуравалі вялікія аздобленыя срэбныя келіхі, малыя келіхі і кілішкі, алавяныя паўміскі, збаны, талеркі, медныя катлы.

У спісе ўбранняў самымі цікавымі былі невядомыя зараз гатункі тканін, іх колеры і дробязныя заўвагі пра стан адзежы. Было шмат жупаноў, жаночых спадніц, андаракаў, футраў і калпакоў з футры. Футры куніцы, собаля, лісы, а таксама мядзведзя і рысі (па адной). Скуры розных звяроў уключна нават з сарокай.

У спісе «розных тканін» прысутнічаюць ядвабныя, атласныя, залататканыя тканіны, а таксама дываны, турэцкія малітоўнікі, кілімы і пяць слуцкіх паясоў.

У «Рэчах да ваеннай патрэбы» апісана ўсялякая вупраж, сёдлы і зброя. Найлепей да XX ст. захаваўся і самы прыгожы камплект гусарскай вупражы для каня, тастаментам Марыі Важынскай ён быў запісаны разам з слуцкім пасам і карабэляй XVI ст. «Першаму Начальніку незалежнай Польскай дзяржавы». Сын апошняга уладальніка маёнтка Караль Лясковіч гэтак апісваў карабэлю: «… сталёвы клінок, з выбітымі па ўсёй даўжыні залатымі лічбамі і літарамі - датамі і кароткімі апісаннямі войнаў і бітваў, сведкам якіх была карабэля. Самая старая дата паходзіла з пачатку XVII ст., а самы стары тэкст напісаны па-беларуску. Верагодна, гэта была «батораўка» ці «жыгімонтаўка». Кідаліся ў вочы драпіны на сталі, гэта казала пра тое, што шмат разоў яна сутыкалася з клінкамі ворагаў. Рукаяць з слановай косці і крыжовым эфесам, похва абцягнутая шчыгрынам і акута рыўкамі [7] чыстага золата, у рыўкі ўстаўлена біруза». Пілсудскі атрымаў слуцкі пояс і карабэлю. Вядома, што карабэля зараз знаходзіцца ў польскім музеі ў Амерыцы, а гусарскую збрую самавольна вынес польскі афіцэр у час польска-бальшавіцкай вайны і яна не была вернута ні ў Ішчалну, ні Пілсудскаму.

У калекцыі зброі Валя былі і іншыя карабэлі, а таксама доўгія мячы, шаблі, палашы, буздыганы, дзіды, калчаны, пісталеты, ручніцы, кальчугі, шлемы, панцыры, панцырныя рукавіцы, налакотнікі, накаленнікі, шпоры і іншае.

Пасля таго, як аддалі Пілсудскаму запісаныя яму рэчы, у Ішчалне засталіся толькі адна кальчуга, пара рукавіц, у якіх скура пад сталёвымі пласцінамі ўжо збуцвела, пагнуты шлем, адна вялікая шпора і частка налакотніка.

Коні. Шмат месца ў рэестры Ян Валь прысвяціў двум сваім статкам коней: арабскім «палукровак» і польскім. Падзяляў коней на:

а) Жарабцы, мерыны, малыя рабочы конікі, кабылы, маладыя кабылы.

б) Старых і маладых жарабцоў, маткі статка, коні аб'езджаныя, трох- і двухгодкі, перазімкі і моладзь.

в) Дрыганты, цугавыя коні (цуганты), хуткія коні (цекуны), інаходцы (шляпакі), коні для лёгкіх ездакоў, паштовыя і рабочыя. Масць гэтых коней рэестр не вызначаў.

Не было ніякіх узгадак пра лоўчых птушках. Відочна, Валь не быў аматарам гэтага палявання. Не ўзгадваюцца і сабакі, але іх павінна было быць шмат.

Пры самым канцы рэестра перапісаны ўсе кнігі.

- Дакументы фінансава-эканамічныя: вэксалі, рахункі, каштарысы, спісы будаўнічых матэрыялаў, справаздачы адміністратараў, дарадцаў і эканомаў.

- Лісты. На першым месцы стаялі каралеўскія лісты з арыгінальнымі подпісамі каралеў. Гэтыя лісты мелі малыя сургучныя канцылярскія пячаткі. Каралеўскія лісты, скіраваныя да падданых, мелі розны змест. Найчасцей гэта былі адказы па справах, накіраваных да трона. Пасля каралеўскіх лістоў наступныя па іерархіі стаялі лісты гетманаў, лісты маршалкаў канфедэрацый і ваяводаў, царскія указы і лісты расійскіх губернатараў.

У адрозненне ад сваіх продкаў і папярэднікаў сёстры Важынскія мелі вялікую карэспандэнцыю з замежнымі сябрамі, у асноўным на французскай мове, сустракаліся таксама лісты па-нямецку і па-англійску.

Выбух Першай сусветнай вайны застаў уладальнікаў Ішчалны ў розных месцах. Марыя жыла ў Берліне і была там часова інтэрніраваная, Зоф'я знаходзілася ў Парыжы, адкуль у 1915 г. праз Швецыю вярнулася дахаты, але ў Ішчалну не патрапіла - тут ужо былі немцы - і таму нейкі час прыжывала ў Ваньковічаў, у маёнтку Рудакова на Міншчыне. З Рудакова Зоф'я пераехала ў Хельсінкі і там у 1917 г. памерла. У Ішчалне жыла толькі хворая на сухоты Ізабела, але і яна памерла ў Вільні як раз перад прыходам немцаў. Разам з Ізабелай у Вільню патрапілі грошы, упрыгожванні і іншыя каштоўныя рэчы, у тым ліку і гістарычная карабэля.


На пачатку вайны ўлады ўвялі «сухі закон» і прыказалі знішчыць усе запасы алкаголю. У Ішчалну прыбыла жандармерыя і прыказала апустошыць усе піўніцы - каштоўнейшыя старкі вёдрамі былі вылітыя на зямлю. Гэта была вялікая страта: 6 бочак ад венгерскага віна на 2 000 літраў кожная, у іх больш за 100 гадоў захоўваліся старкі, вырабленыя па адвечных рэцэптах на якасным спірце з уласнай вінакурні - разам каля 10 000 літраў. Немагчыма дакладна палічыць, колькі старкі было выпіта за мінулыя гады, але ва ўсякім выпадку не болей за палову запасаў, бо ў часы Караля Лясковіча старка яшчэ не даспела, а ў часы паннаў Важынскіх алкаголь наогул не ўжываўся. Вартасць «алкагольнага скарбу» была вельмі высокай, але ад яго засталося толькі тое, што ўратавалі служкі. Змарнаваная старка распачала спіс ваенных страт.

У час адступлення рускай арміі ў Ішчалну (гэтак жа як і ў Вялікае Мажэйкава, пра што яшчэ будзе ісці гаворка) прыехала казацкая сотня з загадам спаліць маёнтак і двор. Справу шчасліва вырашыў хабар. Нікога з гаспадынь маёнтка не было ў той час у Ішчалне, але патрэбную суму сабралі самі служкі. Казакі згадзіліся спаліць толькі пабудовы фальварку. Аднак потым, каб імітаваць выкананне загаду, спалілі яшчэ і скарбец, дазволіўшы служкам выносіць тое, што яны захочуць. Скарбец адмыслова спалілі гэтак, каб полымя не перакінулася на жылы дом і афіцыны.

Перад спаленнем служкі ўратавалі шмат каштоўных помнікаў культуры, да рэчаў, якія знаходзіліся ў сакрэтным пакоі скарбца, полымя не дайшло. Потым яны былі знойдзены і такім чынам ацалелі, але зніклі падчас наступнай вайны.

У часы першай нямецкай акупацыі ў Ішчалне стаяла невялікая нямецкая вайсковая адзінка. Афіцэры жылі ў палацыку, тут яны мелі сваю сталовую, а ў піўніцы зрабілі харчовы склад.

Пасля таго, як немцы занялі Варшаву, лінія фронту працягвала прасоўвацца на ўсход. У 1916 г. Марыі Важынскай было дазволена пераехаць у Варшаву. У Варшаве яна доўга хварэла, але ў 1917 г. паехала ў Ішчалну. Знішчаная бібліятэка маёнтка разам з помнікамі культуры прывялі яе ў роспач. У 1919 г. Марыя падпісала тастамент і 20 лютага 1920 г. памерла, яна была апошняя з гэтай сям'і. У часы адсутнасці гаспадароў (1915-1921 гг.) рэчы з маёнтка выносілі ўсе, хто мог гэта рабіць.

Немцы ў лясах цалкам выбілі звяроў, вывезлі з двара большасць мэблі, дываноў, карцін. Захавальнікам маёнтка і кусташам ішчалнянскага музея ў той час быў лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч. Частка яго артыкулаў грунтуецца на матэрыялах з архіваў Ішчалны і Вялікага Мажэйкава.

У 1920 г. падчас улады бальшавікоў ў жылым доме месціўся вайсковы шпіталь, а на газоне, каля ганка - магілы памерлых жаўнераў. Потым у 1920 г. камандзір польскага аддзелу знайшоў схаваную збрую для каня і забраў яе сабе. Ён не ведаў, што па тастаменту яна павінна была быць падаравана самому Пілсудскаму.

Чатыры гады Першай сусветнай вайны і адсутнасць гаспадароў - часу хапала для поўнага спусташэння. Новыя гаспадары ўбачылі пусты дом з працякаючым дахам, выгаралы скарбец з моцна пашкоджанымі ад атмасферных ападкаў скляпеннямі. Потым пробашч, мясцовы часовы кіраўнік і некалькі гаспадароў з суседніх вёсак вярнулі ў жылы дом нешта з ацалелай мэблі. Аднак гэта былі ўжо толькі адзінкавыя рэчы, фрагменты былых камплектаў. З ацалелых дакументаў і рэшты рэчаў, з аповедаў даўніх служкаў Важынскіх, з зычлівай інфармацыі суседзяў, са шматразовых уважлівых аглядаў скарбца і праз дэдукцыю сын апошняга ўладальніка Ішчалны Караль Лясковіч стварыў для сябе гэты вобраз былога, а яго не надрукаваныя яшчэ мемуары сталі падмуркам гэтага тэксту.

Апошнія гаспадары маёнтка Лясковічы (1921-1939 гг.).

У 1921 г. новымі ўладальнікамі Ішчалны сталі не блізкія між сабой сваякі Юзаф, Станіслаў і Юльян Лясковічы. У выніку сямейнага паразумення ў Ішчалне пасялілася сям'я Юзафа Лясковіча, якому па выраку суда належала палова маёнтка, Станіславу і Юльяну адышло па адной чвэрці Ішчалны. У 1924 г. пасля абмеру зямлі і лясоў, зямельнай рэформы і перадачы часткі зямлі ваенным асаднікам усім Лясковічам засталося 2 200 гектараў. Пасля сямейнага добраахвотнага падзелу двор Ішчална разам з 1000 гектараў стаў маёмасцю Юзафа Лясковіча. З астатніх 1200 гектараў каля 700 атрымала сям'я Станіслава Лясковіча, які на той момант ужо не жыў, і каля 500 гектараў высакаякасных лясоў атрымаў Юльян Лясковіч.

Новы ўладальнік двара Ішчална Юзаф Караль Філіп Неруш Лясковіч нарадзіўся ў 1858 г. і быў сынам Караля.

На пачатку 1922 г. у Ішчалне пачала працаваць лясная, а з 1 красавіка аграрная адміністрацыя новага гаспадара. З жывога інвентару на той момант у маёнтку засталіся 1 конь і 1 карова. Ва ўсім маёнтку паверхня дзіравых дахаў, якія пільна патрабавалі рамонту, складала 3 гектары.

Для кіравання маёнткам з вясны 1922 г. нанялі адміністратара. Першым адміністратарам, які кіраваў лясной і аграрнай гаспадаркай, быў Баляслаў Мірэцкі, чалавек вельмі нервовы і з цяжкім характарам. Таму на наступны год на яго месца ўзялі флегматычнага Яна Навіцкага. Па ўзаемнай згодзе ўсіх гаспадароў Юзаф Лясковіч на 2 гады для ліквідацыі супольных лясных спраў наняў Генрыка Малішэўскага, ён павінен быў назіраць за правільнай вырубкай 6 000 сасновага старадрэва і давядзення лясоў да ладу. З вясны 1926 г. Ішчална больш не мела адміністратараў. Супольныя аб'екты былі ліквідаваны, і сваімі часткамі спадкаемцы пачалі кіраваць самастойна.

У 1937 г. Юзаф Лясковіч памёр і быў пахаваны на касцельным цвінтары ў Ішчалне. Маёнтак па роўных частках успадкавалі: яго жонка Юзэфа (памерла ў 1957 г.), старшы сын Габрыэль (памёр у 1959 г.), малодшы сын Караль (успаміны якога я выкарыстоўваю) і тры дачкі: Яніна, Ева, Ірэна. Яны і былі апошнімі уладальнікамі Ішчалны да 17 верасня 1939 г., але Караль не займаўся гаспадаркай. Пасля гэтага дня Ішчална, як і ўсе маёнткі, стала дзяржаўнай маёмасцю.

Якімі абшарамі валодаў маёнтак Ішчална? Ад самага пачатку адзіная ішчалнянска-шчучынская маёмасць на карце нагадавала пляму шырынёй 5 км і ў даўжыню 30 км. Можна прыняць, што агульная плошча яе ў XVI ст. складала каля 40 000 гектараў і на момант надання прыватнай асобе не мела яшчэ шмат апрацаванай зямлі, бо прывілей караля і вялікага князя ВКЛ Аляксандра надаў Давойнам «Пушчы ішчалнянскія і шчучынскія».

У 1616 г., на момант падзелу паміж братоў Лімантаў, агульная плошча апрацаваных зямель складала 440 валок і таму кожны з іх атрымаў па 220 валок (валока ў ВКЛ - гэта 21,36 гектара). З гэтага вынікае, што Ліманты мелі каля 9 000 ворных гектараў. Паверхня агульнай плошчы маёмасці была значна большай. Паступова з-за падзелаў, продажаў, тастаментаў, шлюбаў ішчалнянска-шчучынскі абшар паменшыўся.

У 1616 г. маёмасць была падзелена на дзве роўныя паловы. Паступова абшар Ішчалны значна паменшыўся і ў 1918 г. складаўся з 3 200 гектараў. Баляслаў Важынскі, пры якім прайшла рэформа 1861 г., вылучыў з Ішчалны 7 вёсак: Ішчалну (Валоку), Кямянцы, Малыя Баяры, Вялікія Баяры, Карысць, Мацяўцы, Бабры і адначасова ліквідаваў мястэчка Ішчална, якое да гэтага часу існавала каля касцёла, рассяліўшы месцічаў па вёсках.

Пасля рэформы Важынскія валодалі двума ключамі - Ішчална (3 200 гектараў) і Голдава ( каля 2 000 гектараў). Голдава ў 1922 г. ўспадкавала сям'я Валейкаў - сваякоў сёстраў Важынскіх па лініі Юзафа Скарбак-Важынскага. Гэтыя тыя самы браты Валейкі, якія на самым пачатку XX ст. надрукавалі разам з Вацлавам Іваноўскім беларускую газету «Свабода».

Пры апошніх гаспадарах абшар маёнтка Ішчална паменшыўся да 2200 га, якімі валодалі розныя прадстаўнікі Лясковічаў.

Парафільяны касцёл у Ішчалне

З 1-й кнігі Метрыкі ВКЛ бачна, што заснавальнікам касцёла ў Ішчалне з'яўляўся падкаморы яго каралеўскай мосці Андрэй Давойнавіч, у 1515 г. «фарнаму касцёлу Святой Непадзельнай Тройцы і Панскага цела ў вёсцы Ішчална ён фундаваў маёмасць і падданых».

Касцельныя хронікі кажуць, што першы драўляны касцёл (вакол якога пачало расці мястэчка Ішчална, зліквідаванае ў час зямельнай рэформы 1861 г.) стаяў на тым самым месцы, на якім у XVIII ст. быў пабудаваны мураваны касцёл.

Новы касцёл пабудаваны ў стылі барока, у час набажэнства ў ім хапала месца для ўсіх парафіян. У прэзбітэрыюме касцёла маюцца 2 калятарскія лаўкі, левая (калі глядзець з боку алтара) для дзедзічаў Ішчалны, а правая для ўладальнікаў Вялікага Мажэйкава. Акрамя кавалка зямлі ў некалькі гектараў пад касцёл парафія мела 30 гектараў аграрнай зямлі на мяжы Ішчалны і Вялікага Мажэйкава, гэта зямля была выдзелена пароўну ад абодвух маёнткаў.

Умураваная ў левай сцяне касцёла шыльда з паліраванага ружовага граніту, аздобленая гербамі фундатараў, падае, што Юзаф і Мар'яна (з Вянцковічаў) Валі за ўласныя грошы і з Божай дапамогай пабудавалі гэты касцёл у 1758 г. і просяць маліцца за спакой іхніх душаў.

Пад алтаром касцёла маецца падземны могільнік з трунамі пробашчаў касцёла, а правая крыпта з'яўлялася склепам для былых уладальнікаў маёнтка. Касцёл стаіць на вапным грунце, з-за чаго парэшткі людзей пад зямлёй не разлагаюцца, а толькі высыхаюць гэтак жа, як у падзямеллях віленскага касцёла дамініканаў.

У бакавой крыпце ляжалі ў трунах забальзамаваныя целы дзедзічаў Ішчалны. У часы Першай сусветнай вайны гэты склеп быў апаганены рознымі нелюдзямі, якія з-за цікавасці і ў пошуках золата адмыкалі труны. Каб гэтага больш не паўтарылася, апошнія гаспадары маёнтка вырашылі закапаць труны сваіх папярэднікаў. У 1922 г. пасля пераходу маёнтка ў рукі Лясковічаў яны зрабілі продкам другое, на гэты раз для ўсіх адначасовае, пахаванне.

Перад пахаваннем усе труны былі яшчэ раз адчынены, целы сфатаграфаваны і пасля ўрачыстага набажэнства жалобна перанесены ў падзямелле і пахаваны. Мемуарыст Караль Лясковіч сам асабіста браў удзел у пахаванні і апісаў яго (цытую без зменаў вялікі кавалак ягонага тэксту):

«У двух самых старых трунах спачывалі старшыя Валі - Юзаф і Мар'яна. Ён мужчына сярэдняга росту з моцнай фігурай, апрануты ў кунтуш і ялавыя карычневыя боты. Дасканала захавалася не толькі скура на галаве, валасы і развесістыя вусы, але нават агульны выраз твару. Твар Мар'яны моцна зморшчыўся, на галаве шаль з далікатных брабанскіх карунак. Атласная доўгая сукня колеру выцвілага фіялету і ніякіх упрыгожванняў. На твары разліўся выраз спакою і лагоднай пакорлівасці.

Наступная пара - гэта іх сын Юзаф з жонкай Агнешкай з Шукевічаў. Шчуплы мужчына сярэдняга ўзросту ў цёмным сціплым убранні, пашытым па тагачаснай модзе. Стан парэшткаў горшы чым у бацькі, месцамі бачна цвіль. Яго жонка - невялікая кабета з вострым профілем. Не звярнуў дадатковай увагі на яе строі і на строі яе роднай сястры Элеаноры, пахаванай каля свайго мужа Караля Лясковіча ў трэцяй пары трунаў. Караля пахавалі ў мундзіры віца-маршалка павету з шэрагам вялікіх гузікаў. На гузіках расійскі арол з напалову ўзнятымі крыламі па ўзору, прынятаму ў час панавання цара Аляксандра І. На мундзіры сляды некалі вышытай золатам партупеі для шпагі. Шпагу скралі раней. Наогул, Караль Лясковіч быў высокім мужчынам, не меншым за 190 см. з вузкай галавой. У параўнанні з іншымі часткамі парэшткаў, усе целы мелі ненармальна ўзнятыя жываты, напханыя травой. На ўсіх захавалася ў цэласці скура і валасы. Не на адным твары не павылазілі на паверхню косткі. У той час я яшчэ не ведаў змест архіваў і таму імёны на таблічках мне нічога не казалі. Таму найбольшую увагу прысвяціў адзінай вядомай мне на той час асобе сярод уладальнікаў Ішчалны - свайму прадзеду і поўнаму цёзку Каралю Лясковічу, якога я гэтак незвычайна перазахоўваў праз сто гадоў пасля яго смерці. Здымкі нябожчыкаў былі зроблены адным з сяброў майго кузэна Юльяна Лясковіча. Не ведаю пра іхні лёс і не ведаю ці існуюць здымкі сёння.

Перад пахаванням я разам з работнікамі зайшоў ў падзямелле касцёла каб выкапаць долы. На глыбіні 25 см мы найшлі старыя труны. Дзе б мы не пачыналі капаць яны былі паўсюдна - пакладзены адна каля другой. Гэта спачывалі ранейшыя пробашчы нашага касцёла. Трухлявае дрэва лёгка пасоўвалася і я зняў некалькі дошак. Пры свеце газнічкі убачыў высахлыя парэшткі ў сутанах і доўгіх ботах. На абутку ўжо струхнела дратва і на швах зрабіліся шчыліны, тканіна сутан страціла свой першасны колер і была выцвіла-рудаватай. Аналагічна, як і ў нашых продкаў, таксама на ўсіх целах захавалася скура, валасы і высахлае мяса. Магчыма, целы ўладальнікаў Ішчалны не бальзамаваліся і на ўсе парэшткі падзейнічала гэтак званае арганічнае бальзамаванне, перад пахаваннем з іх толькі выдалілі вантробы і выпхнулі травамі. Гэта не рабілі з целамі пробашчаў. Скура на парэштках была дымна-рудовага колеру, як быццам яе павэндзілі і яна лёгка ірвалася, падобна як скура звера ці абутку. На парэштках пробашчаў я таксама не ўбачыў костак. Далейшыя пошукі палічыў немагчымымі, мы зачынілі вечкі, уладкавалі зрушаныя труны і засыпалі іх зямлёй, пасля чаго выраўнялі агульны ўзровень грунту. Назаўтра, пасля жалобнага набажэнства, мы па-чарзе перанеслі труны продкаў і паставілі на грунт паверх магілаў пробашчаў. Прысыпалі труны тонкім слоем зямлі, якой хапіла, каб толькі трошкі прыкрыць вечкі. На падставе агляду пахаваных парэшткаў маю права лічыць, што целы продкаў не павінны былі разлагацца далей. Калі пасля 1939 г. труны зноў не апаганілі, дык яны і зараз спачываюць у тым самы стане ў левай палове касцельнага падзямелля, там дзе мы іх пахавалі».

Вось такая гісторыя.

Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра сонечны гадзіннік, які знаходзіцца каля паўднёвага боку касцёла ў вёсцы Iшчална. Верагодна, гэта адзіны гадзіннік такога класа ў Беларусі [8]. Ён быў знойдзены мною разам з сябрамі ў 1999 г. падчас вандроўкі і ўпершыню апісаны ў навуковым артыкуле [9].

Ён уяўляе з сябе круглы абчасаны пастамент з каменю вышынёю каля 1 м і дыяметрам каля 0,5 м. Двума сталёвымі стрыжнямі да яго прымацавана медная круглая пласціна дыяметрам 0,3 м. Трохкутная стрэлка была напалову зламаная і зараз адсутнічае. На пласціне выгравіраваны: цыферблат, прозвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата - 54° 41′′ 2′ (гэта не геаграфічная шырата вёскі Ішчална, а шырата Вільні, вылічаная Марцінам Пачобутам, у Ішчалне гэты гадзіннік паказвае час з невялікай хібнасцю). Гэты гадзіннік адносіцца да класа гарызантальных сонечных гадзіннікаў з трохкутнай стрэлкай, верхні кут якой накіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыферблат, часавыя падзелы якога няроўныя між сабою.

Вераемна, гадзіннік быў заказаны на заканчэнне будаўніцтва касцёла. Гэта цікавы ўзор дакладнай механікі, выраблены ў Вільні ў XVIII ст.


Сёння ад маёнтка Ішчална наогул нічога не засталося. Працытую фрагменты ліста Ірэны Лясковіч, якая гадавалася ў гэтым маёнтку, да свайго брата Караля Лясковіча, якога я шматразова цытаваў у гэтай аповесці. Ліст напісаны на пачатку 1970-х гг.:

«Бог учыніў цуд бо дазволіў мне нарэшце наведаць улюбёнае месца, дзе прайшлі добрыя і радасныя дні маёй маладосці. Каралю: была ў Ішчалне, ужо тры дні прайшло пасля той кароткатэрміновай выправы а я ўсе яшчэ не магу прыйсці ў сябе. Падчас кожнага наведвання Вільні марыла даехаць да Ішчалны, але з-за адміністрацыйных праблем гэта было немагчыма. Але ў пэўную хвіліну пачула магічнае слова «Ліда». Адкінула ваганні і паехала туды з знаёмай вільнянкай. З Ліды сама заехала ў Ішчалну на таксоўцы. Праз 37 км збочваем улева і міма нашых парафіяльных могілак прыязджаем да ішчалнянскага касцёла. Уяві сабе - стаіць такі ж як і раней! Не паверыла сваім вачам, мусіла яго нават памацаць. … Касцельны цвінтар не змяніўся, захаваліся ўсе магілы Лясковічаў, Важынскіх, Грабоўскіх. На крыжы ў бацькі надпіс так добра чытэльны, як быццам учора напісаны. Трава старанны выкашана, нідзе слядоў бруду ці смецця. Званіцы цэлая і званы на месцы. …

У касцёле нічога не змянілася. Толькі дадаліся фігуры святых, ліхтары і абразы - усё гэта прывезлі з сюды з ліквідаванага шчучынскага касцёла. Калятарскія лавы Ішчылны і Вялікага Мажэйкава накрытыя памостамі з дошак, на гэтым памосце стаяць шэсць ліхтароў і фігур. Высока пад скляпеннямі лётала нейкая птушка. Усе ўстрымліваецца ў вялікай чысціні, метал ліхтароў блішчыць, алтар тоне ў жывых, свежа сарваных кветках.

Пытаеш, што пабачыла?

Ад каштанавай алеі, якая вяла ад двара да касцёла засталося некалькі дрэваў якія дазваляюць прыгадаць як яна выглядала. Сама алея ў выбоінах і ў гразі пасля нядаўніх дажджоў. Ад уязной брамы і мура, які атачыў сад не засталося і слядоў. Левы бок алеі ад былой брамы да дома выкарчаваны. Выкарчавана левая старана саду, двара і парка. Адзінае, каля клубы ацалелі тры пакалечаныя ліпы. … Не бачна векавой алеі з елак, якая вяла ад двара да тракту і коннай пошты, якая стаяла каля тракту - пазнейшай рамеснай школы. … усе пабудовы - дом, скарбец, афіцына, аранжарэя і будовы фальварка разабраны да фундамента. На іх месцы толькі парослыя травой пагоркі друзу. На ўсім абшары даўняга двара не ўбачыла слядоў жыцця ці дзейнасці чалавека. Створаны працай шматлікіх пакаленняў асяродак культуры ператвораны ў папялішча…».



[1] У гістарычным нарысе скарыстаны ўспаміны пра 1920-30-я гады лідскіх абшарнікаў: Раствароўскі Андрэй. Мемуары // Ад Лідскіх муроў. 2015. № 8. С. 354-397; Брахоцкі Андрэй. На пераломе дзвюх эпох // Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020. С. 355-404; Karol Laskowicz: (Kresowy dwór i jego sąsiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnień // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu, sygn. 15480/II. Успаміны Раствароўскага і Брахоцкага выдадзены па-беларуску (пераклад Л. Лаўрэша), а пераклад цікавага і важнага тэксту Караля Лясковіча яшчэ чакае свайго часу.

[2] Гл: Мірон Браніслаў Нарбут. Лідскі павет у сярэдзіне XIX ст. Шлюбныя войскі / пераклад Галіны Лаўрэш, каментары Леаніда Лаўрэша // Асоба і Час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 6. Мінск, 2015. С. 123-124.

[3] Карабэля - парадная шабля ў XVI-XVIII стст., якую выкарыстоўвалi выключна для ўпрыгожвання шляхецкага ўбору.

[4] Металёвая пласціна з гербам ці выявай святога, якую рыцары насілі на грудзях.

[5] Валюміна Легум (лац. Volumina Legum - збор законаў) - шматтомны збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і іншых заканадаўчых актаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793-1795 гг.

[6] Ян Лаські або (польск. Jan Łaski, 1455-1531) - арцыбіскуп Гнезненскі і прымас Польшчы ў 1510-1531 гг. Меў вялікі ўплыў на дзяржаўныя справы і кіраваў складаннем статута Ласького - першай кадыфікацыі польскага права.

[7] Рыўка - элемент акуцця похвы шаблі.

[8] Вельмі просты, але дзейны сонечны гадзіннік усталяваны на паўднёвай сцяне побач з уваходам у касцёл у Жалудку. Ён уяўляе з сябе сталёвы прут, амаль што вертыкальна прымацаваны да сцяны.

[9] Лаўрэш Леанід, Круцікаў Уладзімір. Сонечны гадзіньнік у в. Ішчална // Cпадчына. 2000. № 2. С. 139-141.; Лаўрэш Леанід, Круцікаў Уладзімір. Сонечны гадзіньнік у в. Ішчална // Лiдзкi Летапiсец. 2000. № 8. С. 21.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX