Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Вашкевічы 


Аўтар: Шымялевіч Міхал,
Дадана: 24-01-2024,
Крыніца: Шымялевіч Міхал. Вашкевічы // Наша слова.pdf № 3 (107), 17 студзеня 2024.



Ад перакладчыка: У "Кур'еры Віленскім" за 1934 г. мной выяўлена тры артыкулы па гісторыі Лідчыны, якія выходзілі пад рубрыкай "Унёскі да манаграфіі Лідскага павета". Цікавейшы артыкул Якуба Пупко ў свой час быў надрукаваны ў "Лідскім летапісцы" [1]. Гэтая публікацыя дадала яшчэ аднаго аўтара ў пантэон даследчыкаў Лідчыны.

На жаль, ніжэй надрукаваную публікацыю лепшага знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча не удалося знайсці да моманту выхаду ў друк зборніка яго твораў, які стаў сапраўдным падмуркам лідскай лакальнай гісторыі, і ў ім няма "Вашкевічаў". Тым каштоўней для нас публікацыя гэтага артыкула. Заўважу, што матэрыялы гэтага артыкула, Шымялевіч часткова скарыстаў пры напісанні свайго тэкста пра Белагруду, які ёсць ва вышэйзгаданым зборніку.

На высокім, правым беразе Нёмана, за 22 км на поўдзень ад Ліды, каля новай дарогі да Наваградка, знаходзіцца старое, разбуранае сёння, шляхецкае гняздо Вашкевічы. Тут, каля Вашкевічаў, праз мост бяжыць вузкакалейка. Яна злучае чыгуначную станцыю Нёман з гутай шкла Столе, якая ляжыць за 5 км ад станцыі. Слаўная ва ўсім свеце гута працуе праз некалькіх кіламетрах за ракой Нёман. Падчас геадэзічных вымярэнняў, якія 100 гадоў таму праводзілі афіцэры генеральнага штаба, геаграфічныя каардынаты Вашкевічаў (паўночны кут палаца) быў вызначаны як 53° 43' 12.4" паўночнай шыраты і 43° 7' 19,6" усходняй даўгаты. Шырокая, ясная стужка Нёмана, пясчаныя пагоркі, купы зеляніны далёкія сінія лясы - усё гэта робіць гэты куток адным з найпрыгажэйшых у наднёманскім краі.

Раней Вашкевічы мелі назву Васькавічы - відочна ад невядомых сёння Васькавічаў, г. зн. дзяцей ці нашчадкаў нейкага Ваські, які некалькі валодаў гэтай маёмасцю.

Самы старажытны ўспамін пра Вашкевічы захаваўся ў ІІІ кнізе запісаў Метрыкі ВКЛ, дзе змешчаны зямельныя наданні вялікага князя Казіміра Ягелончыка: "У Белицкой волости и у Здетеле. У Васковичохъ Ромашковичъ Тарасъ, Мартинъ, Дмитръ, Супря, Трухонъ, Мась, Микулица, Олекса, Еско, Новгородецъ." [2].

Грунтуючыся на старых паперах, сабраных у шляхецкіх сядзібах, удалося аднавіць гісторыю валодання Вашкевічамі да найшоўшых часоў.

У канцы XV ст. Вашкевічамі валодаў Ян Завіша, у 1491 г. - каралеўскі дваранін. Пасля яго маёмасць у спадчыну атрымаў яго сын Андрэй Завіша - у 1519-1522 гг. віленскі цівун. Пасля смерці Андрэя Завішы яго ўдава Барбара з Кезгайлаў у 1541 г. судзілася за Вашкевічы з Кішкамі, а ў 1546 г. з Кшыштафам Завішам, стрыечным братам яе мужа, за збіццё васькаўскіх падданых [3]. Дзеці Андрэя Завішы - Мікалай, Ян і Мальхер прадалі Вашкевічы князю Андрэю Вішневецкага, які, згодна з попісам войска 1567 г. з Вашкевічаў і Белагруды выстаўляў людзей і коней [4]. Пасля смерці валынскага ваяводы Андрэя Вішневецкага, яго дочкі разам з сваімі мужамі 5 студзеня 1593 г. у Берасці падпісалі акт падзелу бацькоўскіх і мацярынскіх маёнткаў. Згодна з гэтым падзелам, Вашкевічы ва ўласнасць атрымала Ганна з Вішнявецкіх, жонка віцебскага ваяводы Мікалая Сапегі [5]. Непрацяглы час яна валодала Вашкевічамі, бо 5 чэрвеня 1594 г. прадала іх за 6 000 коп літоўскіх грошаў Мацею Чэканоўскаму. Чэканоўскі пакінуў пасля сябе дзве дачкі, адна з іх выйшла замуж за Галоўню, а другая за Навіцкага. Каля 1645 г. яны прадалі Вашкевічы за 42 500 зл. княгіні Яўгеніі Вішнявецкай з Тышкевічаў, кароннай канюшай, а яна ў сваю чаргу прадала маёнтак лідскаму падсудку Мацею Альшэўскаму. Новы ўладальнік Вашкевічаў пабудаваў на рэчцы Місявец на Лідскім гасцінцы стаў з млынам, пабудаваў мост і атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей на права атрымання маставога збору за праезд цераз мост і правоз тавараў (мыта).

Віленскі ваявода і вялікі літоўскі гетман князь Крыштаф Радзівіл († 1640 г.) валодаў над Нёманам дзедзічным фальваркам Ганцавічамі (ці Сцяпкоўшчынай) і разам з вёскамі Ганцавічы і Супраўшчына прадаў яго ксяндзу Тамашу Хацішэўскаму. Пасля смерці кс. Тамаша яго пляменнік Пётр Янавіч Хацішэўскі 29 жніўня 1669 г. прадаў Ганцавічы з падданымі за 10 000 зл. уладальніку Вашкевічаў Мацею Альшэўскаму.

Сыны Мацея - Станіслаў і Юзаф Альшэўскія пасля смерці бацькі, 22 траўня 1684 г. прадалі Вашкевічы з Ганцавічамі за 85 000 зл. старадубскаму маршалку Крыштафу Летаву і яго жонцы Ганне Дэраф'еўне [6]. Маршалак Летаў павялічыў абшар Вашкевічаў праз пакупку ў Сідаровіча 20 снежня 1688 г. за 1500 зл. зямлі Правілоўшчына і ў Даўгялаў 23 красавіка 1697 г. за 300 зл.

Пасля смерці Летава Вашкевічы перайшлі ў спадкі яго ўнуку па дачцэ - літоўскаму стражніку, а потым віленскаму ваяводзе Людвіку Пацею, які 6 чэрвеня 1714 г. дакупіў да Вашкевічаў у Францкевіча вёску Навасады, а потым, 22 лістапада 1722 г., прадаў усе Вашкевічы за 250204 зл. вялікаму літоўскаму падскарбію Яну Салагубу. Спадчыннікам маёмасці стаў сын падскарбія, віцебскі ваявода Юзаф Салагуб, які дакупіў да Вашкевічаў Зайчычы (знаходзіліся адразу за Пескамі пасля моста цераз раку Дзітва - Л. Л.) і Мінойты. У 1783 г. увесь гэты вялікі абшар памерам больш за 5 000 гектараў, разам з падданымі ён прадаў Пузыням. У 1789 г. Пузыні прадалі маёмасць Паўлу Ленскаму.

Згодна з люстрацыяй ключ Вашевічы аб'ядноўваў двор Вашкевічы і фальваркі: Масявічы, Місіўшчына, Ганцавічы, Зайчычы і вёскі: Ганчары, Супраўшчыну, Мінойты, Агароднікі, Ганцавічы, Бенявічы, Дроздава, Масявічы, Навасады - разам 197 сялянскіх дымоў. У 1826 г., пасля смерці старасты любавіцкага Паўла Ленскага, маёмасцю валодала яго жонка Петранеля Ленская. У той час яна мела ў падданых: 544 мужчынскія і 490 жаночых душ - разам 1034. Потым, як спадкі, Вашкевічы перайшлі ва ўласнасць Веранікі Аборскай з Ленскіх - дачцэ Паўла і Петранелі, якая перад смерцю запісала маёмасць сваёй пляменніцы, дачцэ Аляксандра Ленскага, графіні Аляксандры Ледахоўскай. Тастамент гэты быў зацверджаны цывільным судом у Менску 31 траўня 1876 г. Аляксандра Ледахоўская 11 лістапада 1882 г. падарвала маёнтак свайму сыну графу Ігнацыю Антонію Галко-Ледахоўскаму.

Старасвецкі драўляны палац у Вашкевічах пабудавалі Салагубы. Ён згарэў 50 гадоў таму (артыкул надрукаваны ў 1934 г. - Л. Л.). Пра былы бляск гэтай сядзібы сведчаць захаваўшыся вялікі фруктовы і шпацыровы сад, руіны барочнай брамы, вінакурні і бровара.

У садзе пры былым палацы знаходзіцца прыватная мураваная капліца, якую ў 1763 г. пабудаваў Юзаф Салагуб. У 1766 г. капліца ад віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага атрымала прывілей на правядзенне ў ёй публічных службаў. З 1840 г. капліца стала філіялам парафіяльнага касцёла ў Ельні. Нядаўна, побач з капліцай заснавалі могілкі. Штогод на св. Ганну ў Вашкевічах адбываецца маляўнічы кірмаш які звычайна наведвае вялікая колькасць лідзян і мясцовых жыхароў.

M. Szymielewicz. Waszkiewicze (Przyczynek do monografji pow. lidzkiego) // Kurjer Wileński. 1934. № 214.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Гл: Лаўрэш Леанід. Гарадское самакіраванне Ліды ў другой палове XIX ст. // Лідскі Летапісец. 2023. № 1(101). С. 44-52.

[2] Метр. Лит. Кн. Записей ІІІ, С. 91. (РИБ, XXVII).

[3] Boniecki. Poczet Rodow. S. 410.

[4] Метр. Лит. Кн. Пулічных дел, С. 469. (РИБ, XXVIII).

[5] АЮЗР. I. С. 246.

[6] Кшыштаф Віктарын Збігнеў Ворбэк-Летаў († 16.12.1691). Стражнік польны літоўскі ў 1656 годзе, старадубскі маршалак (1692-1707), старадубскі падкаморы (1681-1683), суддзя земскі старадубскі з 1671 г., старадубскі войскі (1669-1671), стольнік новагародскі ў 1664 г. Пасол ад старадубскага сойміка на першы сойм 1666 г. Як старадубскі пасол на элекцыйны сойм 1669 г. падпісаў "pacta conventa" Міхала Вішнявецкага ў 1669 г. Падпісаў "pacta conventa" Яна Сабескага ў 1674 г. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX