На сёння лепшым выкладам старадаўняй гісторыі Жалудка з'яўляецца праца Міхала Шымялевіча «Нататкі да манаграфіі Жалудка», якая ўвайшла ў яго зборнік (гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. - Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2019. - 326 с., кніга ёсць у інтэрнэце). Таму, каб не паўтараць напісанае да мяне, гісторыю гэтага мястэчка да сярэдзіны XIX ст. падам у некалькіх радках.
Першае ўзгадванне мясцовасці вакол Жалудка знаходзім у «Паведамленнях аб літоўскіх шляхах», тэксце напісаным паміж 1385 і 1404 г. шпіёнамі крыжакоў. Нейкі Сцегявіла Шалутка меў двор каля сучаснага Жалудка. Магчыма, ад яго прозвішча «Шалутка» і атрымалася назва мястэчка Жалудок? Таксама, назва мясцовасці можа паходзіць ад слова «жолуд», бо вядома, што ў тым ліку і жалудамі тутэйшыя падданыя ў ранейшыя часы плацілі падаткі жалудоцкаму намесніку, а мясцовасць вакол Жалудка славілася сваімі дубравамі.
Як і большасць маёнткаў, вакол якіх потым выраслі мястэчкі, Жалудок на пачатку быў вялікакняскай маёмасцю, якая кіравалася намеснікамі ці цівунамі. Юры Стырнель, «чинивший суд и управу» ў Жалудоцкай воласці ў канцы княжання Казіміра і на пачатку княжання Аляксандра, у дакументах зваўся жалудоцкім цівуном ці жалудоцкім намеснікам. Пераемнік яго па ўраду, дворны канюшы пан Марцін Храбтовіч, тытулуецца ў актах «наместникомъ» Жалудоцкім. У 1511 г. вялікі князь апавяшчаў жалудоцкага намесніка пана Шымку Кібартавіча пра тое, што віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу пакідаецца «землица пустовскоя лейтская Можейковщины», якую яму даў папярэднік пана Шымкі Кібартавіча, пан Мікалай Юр'евіч Пацэвіч. У 1516 г. кароль здаў у заставу (арэнду) за 600 коп грошаў князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму свой двор Жалудок Троцкага павета, з усімі людзьмі Жалудоцкай воласці, з іх службамі і падаткамі і з усімі прыбыткамі. Князь Палубенскі, які трымаў Жалудок, завецца ў актах «державцею Жолудским».
Потым Жалудок становіцца маёмасцю Сапегаў і праз дачку Івана Сапегі Ганну пераходзіць да яе мужа, Мікалая Францкевіча-Радзімінскага. У 1726 г. дачка Давіда Францкевіча-Радзімінскага Аляксандра прыносіць палову гэтай маёмасці свайму мужу Міхалу Тызенгаўзу. Міхал за 5000 талераў купляе ў цесця другую палову і становіцца гаспадаром усяго маёнтка. Унукам Міхала быў знакаміты надворны падскарбі ВКЛ Антоні Тызенгаўз. Тызенгаўз залажыў тут вялікі парк, у якім раслі прыгожыя ліпавыя алеі. Адна з гэтых алей вырошчвалася гэтак: да галін прывязваліся камяні, якія нагіналі іх да зямлі, пры гэтым канцы галін імкнуліся расці ўгару. У выніку атрымалася алея ў выглядзе перавернутай літары «V».
У 1835 г. дачка былога палкоўніка артылерыі арміі Напалеона Рудольфа Тызенгаўза Германцыя (7.08.1822, Жалудок - 6.11.1891, Піза), выходзіць замуж за графа Севярына Урускага, і Жалудок становіцца маёмасцю гэтай сям'і.
Севярын Урускі (1817, Львоўшчына - 1890, Піза) валодаў шматлікімі маёнткамі ў Галіцыі, Люблінскай, Віленскай і Гарадзенскай губернях. Таксама Урускі меў палац у Варшаве, вядомы як Палац Урускіх, пабудаваны ў 1844-1847 гг. архітэктарам Андрэем Галонскім, у гэтым палацы зараз размешчаны Геалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.
З 1857 г. Севярын Урускі - маршалак шляхты Варшаўскай губерні, член Дзяржаўнага Савета Царства Польскага Расійскай імперыі, тайны дарадца і гофмайстар расійскага імператарскага двара, старшыня геральдычнай камісіі Царства Польскага. Пры абмеркаванні сялянскага пытання Севярын Урускі адкрыта выступіў за адмену прыгоннага права. Самае цікавае для нас тое, што Севярын Урускі - аўтар 15-томнага працы «Сям'я. Гярбоўнік польскай шляхты» (Rodzina. Herbarz szlachty polskiej), выдадзенай пасля яго смерці ў1904-1917 гг.
У 1854 г. на сродкі графіні Германцыі Урускай па праекце архітэктара Караля Падчашынскага ў Жалудку быў пабудаваны мураваны касцёл Успення Маці Божай, у алтарнай частцы касцёла знаходзяцца памятныя дошкі ў гонар Германцыі (1822-1891) і Севярына Урускіх (1817-1890) якія пахаваны ў Варшаве на Павонзках. У крыпце храма месціцца фамільны склеп Тызенгаўзаў. У ім пахаваны Антоні Тызенгаўз (1733-1785) і маецца надпіс на польскай мове, які абвяшчае: «Тут спачываюць парэшткі членаў роду графаў Тызенгаўзаў з XVIII ст., перанесеныя з магілаў старога касцёла ў гэтую святыню. Вечны супакой дай ім, Пане!»). Таксама тут пахаваны Iгнат Тызенгаўз (1760-1822), Адольф Тызенгаўз (1780-1830), Генуэфа Пуслоўская (1802-1827), Матэвуш Урускі (1843-1857). Трэба дадаць, што ў 2007 г. да сцяны храма была прымацавана мемарыяльная дошка ў гонар малодшага сына Iгната Тызенгаўза, заснавальніка беларускай арніталогіі Канстанціна Тызенгаўза (1786-1853), сам пахаваны ў Ракішках, у касцёле Святога Мацвея.
Вядома, як Германцыя Уруская пасля паўстання 1863 г. перашкодзіла царскім уладам пабудаваць у Жалудку царкву. Улады выбралі для храма найлепшае месца - сярэдзіну рыначнай плошчы мястэчка і накіравалі план пабудовы на зацвярджэнне ў Вільню. Але пакуль члены камітэта па пабудове царквы вярнуліся ў Жалудок, пасярэдзіне рынка ўжо стаялі масіўныя сцены гандлёвых залаў, якія пабудавала абшарніца.
Дачка Гермацыі і Севярына Урускіх Марыя (1853-1931), у 1872 г. выйшла замуж за удзельніка паўстання 1863 г. князя Уладзіміра Чацвярцінскага (1837-1918) і ўнесла сваю маёмасць Чацвярцінскім. Апошнім уладальнікам Жалудка быў сын Марыі і Уладзіміра - Людвік Чацвярцінскі (1877-1941) жанаты з Ружай з нясвіжскіх Радзівілаў (1884-1949). Шлюб паміж Людвікам Чацвярцінскім і Ружай Радзівіл - старэйшай дачкой Ежы Радзівіла, XV ардыната Нясвіжскага і Марыі Браніцкай, у 1906 г. адбыўся ў Рыме.
З часоў Тызенгаўзаў у парку стаяў жылы палацык у неагатычным стылі з вежай і цікавым ўваходным парталам. На вежы меўся бляшаны сцяжок з лічбамі і словам «Тызенгаўз».
Але ў новыя часы палацык Тызенгаўзаў, дзе раней жылі ці толькі спыняліся на нейкі час Урускія і Чацвярцінскія, ужо стаўся малым, і незадоўга перад Першай Сусветнай вайной, у 1907-1908 гг., Чацвярцінскія пабудавалі новы палац у стылі неабарока (суседзі Чацвярцінскіх казалі пра старафранцузскі стыль гэтага палаца) па праекце вядомага варшаўскага архітэктара Уладзіслава Марконі. Але сучаснікі пісалі, што першасны праект палаца распрацаваў віленскі інжынер-архітэктар Тадэвуш Раствароўскі (жанаты з адной са спадкаемец маёнтка Вялікае Мажэйкава), а Марконі толькі ўнёс пэўныя змены. Раствароўскія былі незадаволены ўдзелам Марконі, бо сын Тадэвуша Раствароўскага Андрэй пісаў, што менавіта яго бацька спраектаваў палац Чацвярцінскіх у Жалудку, а потым, «па жаданні гаспадароў, Марконі няўдала перарабіў яго». Дадам, што бацька Уладзіслава Марконі Генрык, у свой час недалёка ад Жалудка, у Ражанцы, пабудаваў прыгожы неагатычны касцёл.
Знаўца архітэктуры Анатоль Кулагін лічыць, што палац князёў Чацвярцінскіх мае велічны і арыстакратычна-імпазантны выгляд. «Двухпавярховы будынак (з трэцім мансардным паверхам - Л. Л.), на франтальных фасадах раскрапаваны [1] глыбокімі прамавугольнымі бакавымі і авальным цэнтральным рызалітамі з аўтаномнымі фігурнымі шатровымі завяршэннямі на фоне пластычнага мансардавага даху. Галоўны ўваход выдзелены балконам на чатырох парных калонах, з боку дваровага фасада яму адпавядаў высокі шкляны вітраж параднай лесвіцы. Паміж рызалітамі дваровага фасада працягнута балюстрадная тэраса, на якую выходзілі парадныя памяшканні першага паверха. Да буйных архітэктурных форм дададзены лёгкія элементы ракако - авальныя люкарны, вазы, картушы, гірлянды, высокія панелі, фігурныя ліштвы і рустоўка», - піша Анатоль Кулагін.
Рэдактар «Лідскай зямлі» Людвік Абрамовіч у 1938 г. зрабіў такое апісанне сядзібы [2]: «За кіламетр ад мястэчка, у цяні прыгожага парку, слыннага сваімі алеямі, знаходзіцца маёнтак князя Людвіка Рудольфа Святаполк-Чацвярцінскага. Апрача вялікага палаца заслугоўваюць увагі арыгінальныя мураваныя афіцыны, пабудаваныя графам Рудольфам Тызенгаўзам, млын і піўніца і так званы стары палацык з вежай, які мае выгляд сярэднявечнага феадальнага замка. У глыбіні парку знаходзіцца выбітая ў адным вялікім гранітным камені лаўка з датай 1823 г. Дрэвы ў алеях парку пасаджаны так, што верхнія галінкі робяць скляпенні над алеямі, і таму алеі нагадваюць падземны тунель».
Гэтую каменную лаўку з высечанай датай A.D. 1823 узгадвалі розныя аўтары. « У далечыні ад серпантыну сцяжынак, у цяні дрэў, над хуткім струменем, які цячэ з вышыні апрацаваных палёў, ёсць старая каменная лаўка. ... Імхом параслі літары, але цвіль ад вільгаці выпісала на старым камені дзіўныя знакі, якія пакінуў на лаве хуткабежны час. Зараз ужо ніхто не шукае тут натхненне, бо ў сонечнай частцы парку з'явіліся новыя паркавыя павільёны для князёў і княжон, рэдка хто сюды прыходзіць, і ўжо даўно старая лава, не чула слоў рамансаў, якія раней тут гучалі...», - пісаў аўтар артыкула «Наднёманскае княства Чацвярцінскіх» Фелікс Дангель у часопісе «As» (№17. 1936 г.)
Жалудоцкі месціч Мірон (Меер) Мардуховіч (1929 г.н.) [3] наступным чынам апісаў жалудоцкі палац у сярэдзіне 1930-х гг.: «Адмысловае месца ў жыцці мястэчка займаў маёнтак графа Чацвярцінскага. Ён размяшчаўся за кіламетр ад горада, туды вяла дарога, абсаджаная векавымі дрэвамі, перад маёнткам яна ператваралася ў цяністую алею, у канцы якой стаялі масіўныя вароты. Далей шляху не было. Праз краты варот можна было бачыць пышны траўнік з кветнікам, цёмна-зялёныя дэкаратыўныя дрэвы, а ў глыбіні двара стаяў двухпавярховы будынак палаца мудрагелістай архітэктуры з чырвоным чарапічным дахам і высокім імпазантным ганкам. За варотамі ішло ціхае і таямнічае жыццё графскага сямейства, і местачковыя хлапчукі хутчэй са здзіўленнем, чым з зайздрасцю, глядзелі на прыбраных панічоў, якія гулялі на лузе перад палацам».
За палацам размяшчаўся выдатны парк, а за ім сажалка, у цэнтры якой мелася таямнічая зялёная выспа з альтанкай. За сажалкай стаяў «фальварак», дзе месціліся хаты шматлікай прыслугі, свіраны, стайні, склады. Каля плаціны з аднаго боку стаяў вадзяны млын а з другога невялікі спіртзавод. Абодва будынка былі пабудаваны з чырвонай цэглы і бутавага каменю.
Падчас Першай сусветнай вайны немцы занялі палац пад ваенны шпіталь. У тыя часы розныя арміі цалкам разрабавалі маёнтак, зніклі каштоўныя мастацкія калекцыі. Пасля вайны палац стаяў нежылы і без мэблі - з-за таго, што зімой 1918 г. палопаліся трубы цэнтральнага ацяплення і потым не былі адрамантаваны. Палац служыў летняй рэзідэнцыяй для моладзі. Калі-нікалі тут праводзіліся прыёмы і балі, але толькі летам ці ранняй восенню.
Сусед Чацвярцінскіх з Ішчалны Караль Лясковіч апісаў некалькі такіх баляў. Першы баль у Жалудку, які ён памятаў, даваўся ў гонар афіцэрскага корпусу 2-га палка Грохаўскіх уланаў, які стаяў у Сувалках, у ім служылі маладыя князі. На баль прыехалі ўсе афіцэры палка разам з камандзірам брыгады, брыгадным генералам графам Мараўскім, прыехалі сваякі і сябры князёў, а таксама суседзі. Разам сабралася каля 70 чалавек.
Вячэру падалі ў вялікую залу. Увагу гасцей прыцягвалі не багаты і вытанчаны смак ежы, а сталовыя прыборы. Сервізы былі з парцэляны вышэйшага гатунку і кожная адзінка сервіза аздоблена падвойным гербам: Чорным арлом з трубамі ў сярэдзіне - Радзівілаў і Пагоняй - Чацвярцінскіх. Разам яны выглядалі як падвойны герб Рэчы Паспалітай. Дапаўнялі сервізы залатыя покрыўкі з гербамі і знакамі пробы каштоўнага металу. Не вядома, з якой колькасці тузінаў складаўся гэты парцалянавы сервіз і колькі было залатых покрывак з усімі дадатковымі прыборамі, пачынаючы ад апалонікаў і падмісаў і заканчваючы малымі лыжачкамі для перцу і солі. Каля кожнай покрыўкі ляжаў поўны камплект патрэбных прыбораў, і Караль Лясковіч нават не ведаў, якую назву маюць і для чаго служаць прыборы, якімі ён у той вечар не карыстаўся.
Іншая падзея, якую апісаў Лясковіч, таксама мела месца ў мурах Жалудоцкага палаца, гэта была вячэра і раўт у гонар прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага, які адбыўся ў верасні 1929 г. Прэзідэнт наведваў Наваградскае ваяводства і прыехаў з Ліды ў Жалудок каля 17-й гадзіны. Узгоднены з ўладамі спіс запрошаных гасцей уключаў у сябе паслоў і сенатараў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання. Баль не праводзіўся, і мела месца толькі ўрачыстая вячэра, падчас якой у гонар госця выступіў гаспадар дома князь Людвік Чацвярцінскі. Прысутнічала каля 60 чалавек. Пасля вячэры адбыўся раўт з удзелам гасцей як з кола землеўладальнікаў, гэтак і з чыноўнікаў. Спадары былі ў фраках з ордэнамі, спадарыні ў вячэрніх туалетах.
Халодны, афіцыйны настрой перапыніў малады энтузіяст, кузен Караля Лясковіча, Юльян Лясковіч. Юльян, высокі, прадстаўнічы бландзін з тыповай славянскай знешнасцю, хутка наблізіўся да прэзідэнта і ўкленчыў:
- Шаноўны наш спадар прэзідэнт! - сказаў ён глыбока ўзрушаным голасам. - Першы раз у жыцці маю шчасце бачыць першага саноўніка Рэчы Паспалітай. Прашу дазволіць мне, як сыну, прывітаць цябе!
Прэзідэнт выцягнуў далонь, якую шчаслівы Юльян пацалаваў, пасля чаго абняў Юльяна за галаву, прыціснуў да сябе і выказаў яму сардэчную ўдзячнасць. Караль Лясковіч заўважыў, што гэтая сцэна была, як быццам з ранейшых вякоў, гэтак калісьці віталі сваіх каралёў.
Пасля Першай сусветнай вайны, Чацвярцінскія мелі вялікія эканамічныя праблемы. Апошні ўладальнік суседняга маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў, што калі яго бацька купіў сабе брычку, дык «пасля вайны нейкі час быў адзіным уладальнікам брычкі ў павеце. Тады нават большыя абшарнікі, як напрыклад, кн. Чацвярцінскі з Жалудка, ці таксама кн. Друцкі-Любецкі са Шчучына брычак яшчэ не мелі, і пакупка брычкі для Малога Мажэйкава была вялікім выдаткам, пра які шмат гаварылі...».
28 снежня 1925 г. польскі сойм прыняў законы пра аграрную рэформу і пастановай Рады Міністраў былі прымусова прадзены 300 га з маёнтка Жалудок (фальваркі Хацееўшчына і Варацішча) князя Людвіка Чацвярцінскага, а ў 1927 г. яшчэ раз прымусова прададзены 100 га княгіні Марыі Чацвярцінскай каля мястэчка Жалудок.
Паступова матэрыяльны стан маёнтка паправіўся, сучаснікі памяталі, што ў толькі што створаным Шчучынскім павеце, толькі чатыры чалавекі мелі аўтамабілі: Андрэй Брахоцкі з Малога Мажэйкава, князь Чацвярцінскі з Жалудка, Міхал Верашчака з Вялікага Мажэйкава і Андрэй Раствароўскі (сын архітэктара) са Скабеек што каля Дзікушак. І толькі гэтыя землеўладальнікі ў маёнтках мелі тэнісныя пляцоўкі. Жалудоцкі месціч Мардуховіч пісаў: «Першыя легкавыя машыны з'явіліся ў пачатку 30-х гадоў, гэта былі графскія машыны, і хлапчукі бегалі за кожнай з іх, пакуль яны не хаваліся ў аблоках пылу».
Аднак і пасля гаспадарчай і фінансавай стабілізацыі Чацвярцінскія вялі аскетычнае штодзённае жыццё. Андрэй Раствароўскі ўспамінаў, што сыны Людвіка і Ружы, хлопцы Чацвярцінскія, часта гасцявалі ў яго і неяк запыталіся ў сваёй маці, Ружы з Радзівілаў, сястры апошняга ардыната Нясвіжа: «Чаму ў Раствароўскага на сняданак ёсць такая смачная кава, а мы п'ем такую дрэнную?». У княжацкім жалудоцкім доме панавала прастата, і штодзень ужывалася кава са збожжа. Сям'я жыла ў невялікім белым мураваным доміку, які летам тануў у моры кветак.
Уладальнікі Жалудка князі Чацвярцінскія былі сапраўдный арыстакратыяй і з'яўляліся ўзорам сацыяльнай адказнасці багатых за стан жыцця народа. На пачатку 1909 г. народны карэспандэнт «Нашай Нівы» пад псеўданімам Дзяцел паведамляў: «М. Жалудок Лідскага павета. У нас ёсць гаспадарская суполка, але надта моцна яна не працуе. Аткрылі тут хаўрусную краму, за 7 месяцаў яна дала 400 руб. чыстага даходу. Хаўруснікаў у краме 120-140, кожны даў па 10 рублёў. Яшчэ большая была бы карысць, каб у нас была не толькі хаўрусная крама, дзе мужык толькі купляе за свае грошы, але яшчэ хаўрусы для прадажу мужыцкага дабра, здабытага мужыцкай працай - напрыклад, малака, масла, збожжа і др. Тут ёсць вялікая старасвецкая карчма, якая належыць памешчыку князю Чацыярцінскаму. Ён перабудаваў нанава гэтую карчму пад краму і чайную, хочуць зрабіць тут і заезд дзеля начлега. З крамы кн. Чацыярцінскі бярэ 50 руб. арэнды, - значыць ня шмат. Вядома рэч, што як багатыя людзі памагаюць завясці карысныя для грамады рэчы, то гэта добра. Але хаўрусныя крамы і таварыства будуць моцныя толькі тады, калі самі мужыкі будуць на іх складацца. Мужыцкі грош будзе цвярдзейшы! Княгіня аткрыла тут бальніцу на 10 ложкаў, лечаць дарма».
Усе працаўнікі маёнтка Чацвярцінскіх разам са сваімі сем'ямі мелі медыцынскае абслугоўванне, і таму пры двары жыў лекар. Ён жа працаваў у шпіталі св. Ружы ў мястэчку, які фундавала княгіня Ружа. Шпіталь працаваў без усялякіх датацый з боку дзяржавы ці мясцовага самакіравання і быў адчынены для ўсіх, грошы за медычныя паслугі бралі па дзяржаўным каштарысе [4], тыя ж, хто плаціў дзяржаўную медыцынскую страхоўку, абслугоўваліся бясплатна. Лекары шпіталя мелі права прыватнай практыкі. Для работнікаў маёнтка працаваў дзіцячы садок.
Князі ніколі не адмаўлялі ў дапамозе тым, хто меў у гэтым патрэбу. Сялянам і сваім рабочым, хаты якіх згарэлі пры пажары, дрэва на пабудову новых хат давалася дарэмна разам з грашовай дапамогай. Журналіст Фелікс Дангель пісаў, што, «калі напрыклад, захварэе ляснік Пятрук, дык князь без ваганняў выдае 5 000 злотых для лячэння ... у Закапанэ, а колькі грошай было дадзена працоўным паціху ...». Чацвярцінскія паважалі працавітых людзей, але былі жорсткія да хуліганаў і п'яніц, гэтых нават маглі выселіць з мястэчка на хутары.
У 1936 г. жалудоцкі маёнтак у выглядзе заробкаў выплаціў сваім работнікам каля 1 мільёна злотых. Лічба красамоўная, і ведаючы прыкладныя заробкі таго часу, не цяжка падлічыць, што ў маёнтку працавала да 1000 чалавек.
Чацвярцінскія мелі каля 17000 гектараў зямлі, большая частка з якой, да 15000 гектараў, была пад лесам. Таму для маёнтка лясная гаспадарка была галоўнай крыніцай даходаў.
Адміністрацыя жалудоцкага маёнтка пасля Першай сусветнай вайны знаходзілася ў энергічных руках Юзафа Славінскага. У 1936 г. той жа Фелікс Дангель пісаў пра гэтага чалавека: «Юзаф Славінскі, шляхціц і сын гэтай зямлі, вырас на ёй, добра ведае патрэбы і норавы мясцовых людзей. ... Няўдзячная яго праца. Усё добрае - заўсёды заслуга князя, а дрэннае застаецца з ім. Але гэта яго заслуга, што стаўшы каля князя ў цяжкія пасляваенныя часы, ён дапамог яму стварыць моцную, а зараз ужо і ўнікальную гаспадарку, якая нават падаткі плаціць наперад». Са сваёй сям'ёй Славінскі жыў у будынку з белымі балюстрадамі і балконамі, які стаяў справа ад палаца.
Найбольшым аграрным аб'ектам маёнтка - 600-гектарнай Ліпічной, кіраваў сярэдні сын князя Станіслаў. Аднак галоўны грашовы даход давалі лясы, і лясной гаспадаркай кіраваў інжынер Пясецкі. Пясецкаму падначальваліся два лясніцтвы, у якіх працавала 88 аб'ездчыкаў і леснікоў. Гаспадарка мела школкі маладых дрэў, прамысловы адбор саджанцаў, вялікі паравы тартак над Нёманам і ўласны рачны порт. Таксама ўзорна была пастаўлена справа падкормкі і адстрэлу жывёл і гадоўля фазанаў.
Узровень лясной гаспадаркі ў Жалудку стаяў настолькі высока, што Управа дзяржаўных лясоў прысылала сюды для вучобы сваіх ляснічых. Высечкі рабіліся згодна з планам і вельмі ашчадна. Выцярэбліваліся толькі 200 гадовыя асіны і дубы (замест 100 гадовых, як звычайна). Рымскае права лічыла, што бясспрэчным доказам права ўласнасці з'яўляецца гаспадаранне, якое робіцца з пазіцыі «добрага гаспадара». У Жалудку гаспадарка вялася менавіта такім чынам. Высокі ўзровень аграрнай, лясной, жывёлагадоўчай і рыбнай гаспадарак даваў добрыя вынікі.
Прамысловасць маёнтка не абмяжоўвалася вялікім тартаком з сушылкай і млынам у Зачэпічах (заўважу тут, што ў Зачэпічах князь у 1933 г. пабудаваў драўляную капліцу, куды прыязджаў ксёндз з Жалудка). Маёнтак меў дзве вінакурні (спіртзаводы) і сваю электроўню, якая акрамя маёнтка асвятляла яшчэ і мястэчка. Мірон Мардуховіч успамінаў: «У 1937 г. была пабудавана невялікая электрастанцыя пры паравым млыне. Усё мястэчка хадзіла глядзець на гэтае будаўніцтва стагоддзя. Пачалі праводзіць электрычнасць па хатах, прычым не ва ўсе, а ў самыя заможныя. Я памятаю тую зімовую ноч, калі на вуліцах успыхнулі электрычныя ліхтары і ўсё насельніцтва шпацыравала да позняй ночы, любуючыся нябачаным відовішчам».
Паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў другой палове 1930-х гг. дазволіла значна пашырыць тартакі. Да канца 1930-х гг. меўся адзін паравы і два вадзяныя млыны, гадоўля пародзістых коней і кароў. Яшчэ ў 1902 г. маёнткі Жалудок і Ліпічну злучыла тэлефонная сувязь, да канца 1930-х гг. тэлефонная сувязь злучала паміж сабой усе суседнія маёнткі.
Арыгінальна было вырашана водазабеспячэнне Жалудоцкага палаца. Вада да яго паступала з крыніц за 2 км ад палаца самацёкам. На месцы вада фільтравалася і запампоўвалася ў рэзервуар на 3-м паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Для працы помпаў на працягу месяца дастаткова было 2-х балонаў са сціснутым паветрам.
Чацвярцінскія ніколі не ашчаджалі грошы для грамадскіх патрэбаў. «За польскім часам» князь быў сталым старшынём Павятовага звязу землеўладальнікаў і дэлегатам ад павета ў ваяводскім звязе, дзе меў пасаду члена кіраўніцтва. Княгіня за свае грошы ўтрымлівала ткацкія майстэрні і ўстанову, якая апекавалася дзецьмі рабочых маёнтка. Князі фінансавалі шматлікія грамадскія і харытатыўныя акцыі. Усталявалася традыцыя, што на ўсе грамадскія акцыі адзін Жалудок даваў столькі ж грошай, колькі ўсе астатнія землеўладальнікі павета.
Князі і адміністрацыя Жалудка бралі чынны ўдзел у працах сельскагаспадарчых вясковых гурткоў (колаў), княгіня ўдзельнічала ва ўсіх жаночых таварыствах, такіх як "Кола землеўладальніц", "Кола вясковых гаспадынь" і іншых, часта фінансавала мерапрыемствы, якія праводзілі гэтыя арганізацыі. Сусед Андрэй Раствароўскі ўспамінаў: «... грамадскія справы ... прыбывалі амаль што з кожным выездам. Гэтых выездаў было шмат, таму князь Людвік Чацвярцінскі, старшыня Звязу землеўладальнікаў і праз нейкі час Сельскагаспадарчага Таварыства, Стась Ваньковіч (землеўладальнік, сваяк Раствароўскага - Л. Л.) і я былі змушаны часта начаваць у Лідзе, супольна нанялі пакой ... Нашым чацвёртым таварышам быў Юзаф Славінскі, адміністратар з Жалудка. ... У "Коле вясковых гаспадынь" ... старшынствавала княгіня Ружа Чацвярцінская. Да абавязковых атрыбутаў начлегу належала вячэрняя партыя ў брыдж, і неяк хутка аказалася, што я - не самы дрэнны гулец. ... Пасля брыджу часта наступала партыя чагосьці хуткага, звычайна покеру, які спадабаўся князю. Але князь ніколі не граў настойліва і з высокімі стаўкамі».
Сусед Караль Лясковіч пісаў, што «сям'я Чацвярцінскіх мела вялікі аўтарытэт, цешылася павагай і сімпатыяй. Дабрыня і дабрачыннасць гэтай сям'і была добра вядома сялянам, і яны неаднаразова ёй карысталіся. Жалудок у нашым павеце з'яўляўся моцным культурным асяродкам».
Сучаснікі адзначалі, што Людвік Чацвярцінскі быў гарачым апякуном мясцовага краязнаўчага руху.
Жалудок Чацвярцінскіх славіўся сваімі паляваннямі, якія князь ладзіў для гасцей у сваіх занёманскіх пушчах. У Першую сусветную вайну ў лясах быў цалкам вынішчаны лось, але паляўнічым хапала сарнаў, ваўкоў, рысяў, дзікоў, зайцоў. Фелікс Дангель адзначыў, што ў 1936 г. Людвік Чацвярцінскі падстрэліў свайго сотага ваўка. Мардуховіч гэтак апісваў графскае паляванне: «… праз мястэчка, праз вузкія, бедныя вуліцы цягнуліся шумныя, вясёлыя кавалькады з мноства карэт, верхавых мужчын і жанчын, цягнуліся фуры з правіянтам, ехалі егеры і паляўнічыя; уся гэтая кампанія выязджала на паляванне ў графскія лясы. Праз некалькі дзён яны вярталіся з трафеямі: у вазах ляжалі падстрэленыя дзікі, алені, сарны. Часам трапляліся і ваўкі. Ах, як мы захапляліся маладымі панічамі, іх выглядам і выпраўкай, і разумелі, што гэта іх жыццё, іх лёс, а наша жыццё і лёс - гэта наша бедная местачковая вуліца».
Князі Чацвярцінскія мелі 5 дзяцей - 3 сыны і 2 дачкі:
- Ежы, старшы сын, юрыст. Перад Другой сусветнай вайной займаў пасаду віца-старасты Касцянскага павета ў Вялікай Польшчы. Афіцэр рэзерву, падчас вайны вязень Офлага ў Германіі, пасля вайны эмігрант, разам з маці жыў у Бруселі, дзе ажаніўся з графіняй Жалтоўскай. Меў 2 сыны і 2 дачкі.
- Станіслаў (1910-1997), быў жанаты з Евай Буксхэўдан (1911-1991). Усю Другую сусветную вайну правёў у нямецкіх турмах і лагерах. Пасля вайны, за нейкую малую правіннасць быў арыштаваны службай бяспекі ПНР і звольнены толькі ў 1956 г. Пасля звальнення пачаў дабівацца права на эміграцыю ў Канаду, у 1961 г. эміграваў туды разам з сваёй сям'ёй. Меў 5 сыноў і 4 дачкі.
- Андрэй, трэці сын. Афіцэр рэзерву 3-га палка Грохаўскіх уланаў, у верасні 1939 г. прызваны на службу. Расстраляны каля Скідзеля разам з жонкай (жонка з дома графаў Тараноўскіх).
- Ружа, старшая дачка, чацвёртае дзіця ў сям'і. Перад Другой сусветнай вайной выйшла замуж за графа Плятэра з Лужкоў Дзісненскага павета. Падчас вайны выехала ў Швейцарыю, дзе і жыла потым. Мела 2 сыны і 1 дачку.
- Марыя, малодшае дзіця. Падчас вайны выехала ў Францыю. Там закончыла курс медыцыны і працавала лекарам недалёка ад Парыжа. Мела сына і дачку. Пасля разводу другі раз выйшла замуж за Раствароўскага.
У верасні 1939 г. князь Людвік не паслухаў парады свайго дасціпнага адміністратара Юзафа Славінскага, які ўгаворваў яго неадкладна пакінуць Жалудок. Замест таго, каб на аўтамабілі ці коньмі ехаць у бок літоўскай мяжы, князь вырашыў ехаць у Вільню чыгункай. У Лідзе на чыгуначнай станцыі быў апазнаны і разам з жонкай арыштаваны. Пазнаць яго было не цяжка, бо меў рост 190 см, вельмі характэрны профіль твару і характэрную вымову. Чацвярцінскіх пасадзілі ў мясцовую турму, дзе яны прабылі 7 месяцаў, пасля чаго адвезлі ў Маскву. Там, па просьбе італьянскага караля Віктара-Імануіла III, Чацвярцінскія былі звольнены і адпраўлены ў маёнтак свайго брата на тэрыторыю Польшчы, акупаваную нацысцкай Германіяй. Але з-за дыверсійнай акцыі ў ваколіцах маёнтка, князь як закладнік быў арыштаваны і вывезены ў лагер Асвенцым, дзе і памёр у 1941 г.
Былы месціч Жалудка Мардуховіч занатаваў пра падзеі 1939 г.: «Бацька працаваў у маёнтку графа, займаўся нацыяналізацыяй графскай бібліятэкі, якая перавозілася ў нядаўна арганізаваны клуб, куды мог зайсці кожны. ... У графскім маёнтку размясцілася вайсковая частка, і ўваход туды быў забаронены. Графская маёмасць была вывезена і пакрысе расцягнута новымі начальнікамі, якія прыбылі з усходу».
Нямецкія войскі ўступілі ў Жалудок 27 чэрвеня 1941 г. Пасля пажару мястэчка ацалела толькі Арлянская вуліца, дзе фашысты арганізавалі гета. У сядзібе Чацвярцінскіх размясціўся шпіталь і гэта выратавала яе ад знішчэння. 9 траўня 1942 г. каля 2000 вязняў яўрэйскага гета Жалудка (70% ад усяго насельніцтва) і ўсе яўрэі вёскі Орля былі расстраляны побач са старымi габрэйскімi могілкамі.
Пасля Другой сусветнай вайны сядзібу занялі савецкія войскі супрацьпаветранай абароны, але да 1983 г. вайсковая частка пакінула палац. На пачатку 1990-х гг. палацава-паркавы комплекс перадалі лідскаму прадпрыемству «Конус», які належаў Навукова-практычнаму цэнтру па механізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пасля чаго пачалася кінематаграфічная гісторыя палаца. Тут былі зняты першы беларускі фільм жахаў «Масакра» (2010 г., рэжысёр Андрэй Кудзіненка), а таксама фільмы «Дом» (2011 г., рэжысёр Арцём Лобач) і «Кіндэр-Вілейскi прывiд» (2014 г., рэжысёр Алена Турава).
Вядома, што пачынаючы з 1990-х гг. сваю дапамогу ў рэстаўрацыі сядзібы прапаноўвала старэйшая дачка Станіслава Святаполк-Чацвярцінскага Ізабэла Дзюбуа Дэш (унучка Людвіка Чацвярцінскага і Ружы Радзівіл), якая нарадзілася ў 1934 г. у Варшаве і з 1958 г. жыла ў Бруселі. Частку сродкаў мог вылучыць Еўрапейскі Саюз, але пры ўмове, што 30% усіх выдаткаў возьме на сябе Беларусь. Аднак гэты праект не быў ажыццёўлены. Нягледзячы на гэта, княгіня рэгулярна аказвала дабрачынную дапамогу мясцовым касцёлу і шпіталю, і жыхары Жалудка да гэтай пары з асаблівай дапамагала вяртаць здароўе і ратаваць жыцці сваіх землякоў. Таму было на Жалудоцкай пасялковай бальніцы размясцілі памятную дошку з ўдзячнасцю да спадарыні Ізабэлы Дзюбуа Дэш за яе гуманізм і дабрачыннасць.
У 2014 г., пасля некалькіх няўдалых спроб, сядзіба Чацвярцінскіх праз аўкцыён была прададзеная за суму, эквівалентную 90 000 долараў. Пакупнікамі сталі расійскія прадпрымальнікі Соф'я Гаўрылава і Васіль Лебедзеў, якія мелі турыстычную фірму ў Маскве і гатэль у Рызе. Гэтая сямейная пара жадала стварыць тут вялiкi турыстычны комплекс. Але ўладальнікі не выканалі дамовы, і ў 2020 г., яны, магчыма, страцілі права на гістарычную сядзібу.
[1] Раскрапоўка - спосаб пластычнага дзялення фасада, калі калона (ці пілястр) разам з часткай бэлечнага перакрыцця, якое знаходзіцца над ёй, высунута адносна сцяны.
[2] Гл: Abramowicz Wladyslaw. Strony Nowogrodzkie: szkice krajoznawcze. Lida, 1938.
[3] Гл: Мирон Мордухович. Местечко Желудок // Желудок: память о еврейском местечке. Москва, 2013. С. 267-302.
[4] У Шчучынскім павеце ў той час былі 4 лекары і 2 фельчары. Аднаго лекара і аднаго фельчара князь Людвік Чацвярцінскі ўтрымліваў у Жалудку на свае сродкі ў пабудаванай ім бальніцы.