Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Заполле: экскурс з мінулага ў сучаснае 


Аўтар: Хітрун Алесь,
Дадана: 28-10-2018,
Крыніца: Хітрун Алесь. Заполле: экскурс з мінулага ў сучаснае // Лідскі Летапісец. 2017. № 4(80). С. 12-21.; 2018. № 1(81). С. 16-36.



Заполле: экскурс з мінулага ў сучаснае або Аб тым, чый след тут пакінуты ў гісторыі Беларусі і далёка за яе межамі

(Да 215 годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі)

Частка І . Алея напамінае пра былое Заполле, а малітоўнік - пра дзеда Юзафа

Сустрэчы з цікавымі людзьмі, з якімі пасля заводзіш гутаркі аб мінулым, пераходзяць парой у сяброўскія адносіны. Тым больш, калі суразмоўцы з'яўляюцца землякамі, суседзямі з бліжняй вёскі, якія, слова за слова, раскрываюць гістарычны шлях родных мясцін. Праз пэўны час міжволі цікавішся, як жывуць гэтыя суразмоўцы, што іх турбуе на гэты раз, што змянілася ў іхнім жыцці за апошнія гады.

Пра жыхарку з хутара вёскі Янцавічы Дзітвянскага сельсавета Бярнарду Іосіфаўну Лукуць "Лідская газета" расказвала ў снежні 2005 года (матэрыял "Да ўсяго і тэлефон падасць ім голас"). У той раз аўтар матэрыялу Крысціна Майская пісала пра гэтую жанчыну і яе мужа Баляслава Станіслававіча як пра юбіляраў, якія адзначалі залатое вяселле - 50 год сумеснага жыцця.

Час унёс свае карэктывы. Бярнарда Іосіфаўна ўжо пяць гадоў жыве без мужа, але не пакідаюць яе ў адзіноце дзеці - Марыя, Хрысціна і Аня, а таксама 9 унукаў і столькі ж праўнукаў.

І на гэты раз жанчына гасцінна запрасіла мяне да сябе ў хату і шчыра дадала:

- "Лідскую газету" я выпісваю даўно і як сямейную рэліквію захоўваю той нумар газеты, дзе змешчана публікацыя пра мяне і майго мужа. Ужо больш як дзевяць гадоў з тых пор прайшло, а ўспаміны аб залатым вяселлі засталіся, дзякуючы газеце…

Першую споведзь трымала ў Слабадскім касцёле

Нарадзілася Бярнарда Лукуць у 1929 годзе ў вёсцы Хрулі, што знаходзіцца зусім побач з Заполлем, як кажуць, рукой падаць. Бацька, Іосіф Казіміравіч, быў кавалём, а маці, Вера Іосіфаўна, хатняй гаспадыняй. У сям'і гадаваліся тры браты і яна, Бярнарда.

- А дзе адукацыю атрымалі? - спытаў я.

- У Хрулях, - адказвае жанчына. - У гэтай вёсцы калісьці была польскамоўная пачатковая школа, у якой я скончыла тры класы. Добра памятаю сваю настаўніцу па прозвішчы Аляхновіч. На тры класы, ды і на ўсю школу яна спраўлялася адна.

Была і ў суседнім Заполлі школа. У яе сценах выкладанне вялося на беларускай мове. Там я скончыла чацвёрты клас. Нягледзячы на цяжкія ўмовы пражывання, мы, дзеці, знаходзілі час як на вучобу, так і на малітвы. Дзесьці ў 1937-1938 гадах, калі мне было дзевяць год, адбылася мая першая споведзь у Слабадскім касцёле. Службу ў ім праводзілі ксяндзы Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі, якія ў час вайны былі расстраляны нямецкімі акупантамі.

Калі дрэвы былі вялікімі

У той час Заполлем кіравала пані Галена Шалевіч (Шалявіч), якую ў народзе называлі Шалевічыхай. Са слоў маёй суразмоўцы, гэтая пані любіла шпацыраваць па алеі, сярод ясеняў, клёнаў і дубоў. Ужо тады, як зазначае Бярнарда Іосіфаўна, гэтыя дрэвы былі вялікімі. Пазней большасць з іх была спілавана мясцовымі жыхарамі. А цяпер ад тых прысадаў засталася невялікая купка гэтых нямых сведкаў гісторыі.

- Пані Галена вельмі любіла прыроду, бо, адпачываючы ў алеі, яна наталялася водарам кветак і зеляніны, - працягвае Бернарда Лукуць. - Любіла прагульвацца з маленькімі сабачкамі з цікавымі мянушкамі: Вілюсь і Бася. Паціху, абапіраючыся на кіёчак, худзенькая і сівенькая пані Шалевіч шпацыравала аж пад нашу хату, у Хрулі.

Дарэчы, у паноў была свая, шляхецкая, ганарлівасць: пры сустрэчы з простымі вяскоўцамі яна працягвала сваю руку для пацалунку. Хто адмаўляўся, у таго здзіўлена пыталася: "А скон ты?" Мела яна і свой сад з наліўнымі яблыкамі. Але перад Другой сусветнай вайной Шалевіч выехала ў Польшчу, захапіўшы з сабою торбачку з запольскай зямлёй.

Клікаў Бэрхман: "Пойдзем да мяне жонць"

- Калісьці тут жыў і пан Бэрхман, - дзеліцца далейшымі ўспамінамі Бярнарда Іосіфаўна, - які таксама з'яўляўся кіраўніком Заполля. Ён падпарадкоўваўся пані Галене, якая давала яму пэўныя загады, а той іх выконваў. Звычайна ён аб'язджаў палеткі, аглядаў іх, сачыў за парадкам. Памятаю і яго фурмана, Лаўрэнція Каско (таксама пахаваны на мясцовых могілках у 1947 годзе. - Аўт.).

Пан Бэрхман быў немцам па нацыянальнасці, добрым і незласлівым. Росту ён быў невысокага, круглатвары, з кароткай сівой бародкай. Сяляне яму жалі жыта, але з той умовай, каб пасля на гэтае поле выгнаць кароў, бо пасвіць не было дзе. Але першапачаткова ён лічыў копы і толькі тады па іх колькасці прызначаў дні для пашы. Бэрхман расплачваўся за работу збожжам і нават грашыма. Калі ён звяртаўся да кабет і пытаўся: "Хто пойдзе да мяне жонць?" (жаць. - Аўт.) - жанчыны прад'яўлялі свае ўмовы: патрабавалі большую плату за сваю нялёгкую працу. Бывала, што і па 2 злотыя плаціў. А вось мужчын наймаў на касьбу. У той час жыццё было нялёгкім, кожны імкнуўся зарабіць сабе на хлеб. А куды было наняцца на працу, як не да пана? Соль, газа, запалкі, цукар былі вельмі дарагія, не заўсёды выпадала магчымасць іх купіць.

Дзівам была тая "таксоўка"

Як далей згадала суразмоўца, ужо "за немцамі" кіраваў запалянскай ваколіцай новы гаспадар - пан Шаноўскі. Ён жыў у тым жа самым доме, дзе калісьці гаспадарылі пані Шалевіч і яе наступнік Бэрхман. Цікава, што з бацькамі Бярнарды Іосіфаўны Лукуць ён быў у добрых зносінах, нават ёй, дзяўчыне-школьніцы, прапаноўваў працаваць гандляркай у магазіне. Казаў, што акажа дапамогу ў навучанні. Меў вялікі кавалак зямлі для агародніны, на якім таксама ўвіхаўся просты люд.

- Захавалася ў памяці, як на "таксоўках" везлі хаваць на рапейскія могілкі яго швагерку, - далей кажа Бярнарда Лукуць. - І мы, дзеці, як убачылі гэтыя машыны, павыбягалі са школы, каб падзівіцца. Як памятаю, дзверы ад магільнага склепа, што ад дарогі, якая пралягае побач, замуроўваў Стась Бубен з Заполля. Тут знайшлі апошняе прыстанішча і выхадцы з родаў Квяткоўскіх, Шалевічаў, Гарбатоўскіх. А яшчэ стаялі калісьці тут і два чорныя мармуровыя польскія помнікі. Як ні прыкра, ужо ў наш час знаходзіліся ахвотнікі да лёгкай нажывы, якія раскопвалі магілы і шукалі олата ў трунах. Як памятаю, хавалі памерлых у жалезных трунах з жалезнымі вянкамі.

Непадалёку знаходзіліся Сукурчы і Баяршчына

З ўспамінаў кабеты мне стала вядома, што непадалёку ад Заполля размяшчаўся маёнтак Сукурчы, якім кіраваў пан Вітольд Пілецкі. Вышэй, на горцы, жыў яго парабак Дубжанскі, а яго жонка звалася Антося. У баку ад Сукурчаў жыла таксама пані, звалася Баярская. Яна кіравала фальваркам, які потым празвалі Баяршчынай. Цяпер прыкладна ў тым месцы, каля дарогі, размяшчаецца кудра.

- Гэтая невялікая ростам пані трымала пчол, - далей згадвае жанчына. - За кавальскую работу, якую для яе выконваў мой дзед у кузні, аддзячвала мёдам. Добра запомнілася, як яна часта прамаўляла словы: "Маш, маш" (па-нашаму "вазьмі". - Аўт.).

Ручная работа - не толькі сродак ад самоты

- Цяпер людзі жывуць у раскошы, бо ўсяго хапае, - працягвае гутарку кабета, - толькі гультаю цяжка пастаянна, бо працаваць не хоча. Калісьці спецыяльна пашпартоў не выдавалі, каб вяскоўцы не выязджалі ў горад на работу. У вёсцы жыў чалавек па прозвішчы Кравель, які працаваў у горадзе на чыгунцы, але, каб звольніцца адтуль і займацца гаспадаркай на сваёй зямлі, яму прыйшлося туды завезці авечку. Тое, што рабілі сваімі рукамі, надоўга захоўвалася, як, напрыклад, вырабы з тканіны: ніжняя і верхняя бялізна, ручнікі і посцілкі, а таксама бурносы з сукна на зімовы час для паездкі на возе.

Быццам бы пра ўчарашні дзень, у памяці Бярнарды Іосіфаўны застаўся працэс апрацоўкі лёну. Спачатку яго ўручную сеялі, палолі, як паспяваў, затым рвалі, малацілі, укладвалі, каб адляжаўся, выціралі, атрэпвалі, на дзве шчоткі ачэсвалі (адна - жалезная, цвікамі нагнаная, другая - круглая, у выглядзе трубкі са свіной шэрсці). Пралі, ткалі, набела выбельвалі, каб кашулю пашыць. А пасцель была такая: на ложак, які высцілаўся дошкамі, клалі кулі саломы, якую засцілалі дзяружкай. Між іншым, з такой самай дзяружкі шылі сяднік, начынка якога была такой: верх і ніз з саломы, а пасярэдзіне адходы лёну - цвёрдая кастрыца. Ложкі былі драўляныя, у іх заводзіліся клапы, якія жылі і ў сценах хаты. Падлога была з току (са збітай гліны), бо толькі багаты чалавек мог мець яе з дошак.

- А якія былі танцы ў Хрулях! - узнёсла прамаўляе жанчына. - Збіралася ў вёсцы моладзь, музыкі былі свае, мясцовыя, напрыклад, мой старэйшы брат іграў на дудцы. Весяліліся ад душы, нягледзячы на тое, што заўтра чакае нялёгкая праца ў полі. Першую зарплату, як помню, падліковец прынёс у Хрулі, дык гэта былі першыя капейкі. Уся вёска адзначала гэты дзень, спявалі, радаваліся.

- Дзед Юзаф, па лініі маці, акрамя таго, што быў кавалём, часаў воўну (для гэтага меў шаткі), - напрыканцы падзялілася са мною жанчына. - Ён і алей ціснуў (меў спецыяльнае прыстасаванне), а таксама рамантаваў гадзіннікі, пераплятаў кніжкі. Да гэтага часу ў памяць аб ім засталіся невялікая "ксёнжка" - малітоўнік са скураной вокладкай ("10 grudnia (снежня) 1930" - пазначана на ёй. - Аўт.), - а таксама мікалаеўскі самавар. Малітоўнікам, якому амаль столькі ж год, колькі і мне, я да гэтых пор карыстаюся, праз малітвы прашу ў Бога здароўя маім дзецям і ўнукам, як вучылі мяне бацькі…

…Нягледзячы на свой пажылы ўзрост, Бярнарда Іосіфаўна дагледжана, бо не забываюць яе дзеці, унукі і праўнукі, а яшчэ тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Ды і сама, як кажа, мае рукі: трымае невялікую жыўнасць на падворку - курэй, сабаку, ката - а як толькі сыходзіць зіма, выходзіць у агарод. Бо разумеее, што без зямлі цяжка: яна спакон веку з'яўляецца карміцелькай - асновай усіх асноў.

* * *

Глыбей за "польскія часы" памяць Бярнарды Іосіфаўны не сягае. Але кожнаму адукаванаму лідзяніну вядома, што ў Заполлі некалі жыў славуты вучоны Ігнат Дамейка, а гісторыя таго Заполля цягне вельмі глыбока ў стагоддзі.

Пасля гутаркі з Бярнардай Іосіфаўнай прыйшоў час наведаць само Заполле, дзе захаваўся фундамент панскага дома і домік эканома.

Не ў самым лепшым стане знаходзіцца той фундамент. Аб яго жахлівым стане аўтар матэрыялу напісаў у "Лідскай газеце" ў № 97 (12505) за 28 жніўня 2014 года "Запольская зямелька з сядзібай Дамейкі, або Аб тым, у якім стане захоўваецца маёнтак чылійскага вучонага".

Гэты матэрыял быў напісаны пасля роварапрабегу з вучнямі Крупаўскай школы гуртка "Літаратурнае краязнаўства Лідчыны" пры ДУА "ЛРЦТ і КНМ". Аўтар зазначыў, што год пяць назад, калі ён сюды наведваўся, знайсці фундамент не выклікала праблем. А на гэты раз яны ўзніклі. З дапамогай жыхара з суседняй хат, яны ледзве знайшлі той гістарычны падмурак. Праз адзічэлыя кусты, калючы зараснік і пякучую крапіву яны выйшлі на месца былой сядзібы. Аб тым, што тут некалькі год назад быў наведзены парадак (высечаны хмызнякі, прыбрана смецце) нічога не гаварыла. Жахлівая карціна прывяла да разгубленасці: паўсюль парослыя дрэвы сваімі каранямі разбуралі мур.

У матэрыяле аўтар задаваў рытарычнае пытанне: як гэта можа быць, каб месца, на якім стаяў дом, у якім жыў хоць бы і некалькі год сусветна вядомы вучоны, знаходзілася ў занядбалым стане?

олькі ў 2017 годзе на сядзібе быў наведзены адносны парадак. Але ці надоўга? Год-два і зноў забуяюць кусты і дрэвы. І так будзе бясконца, бо перспектыў аднаўлення сядзібы пакуль не бачыцца. Наваколле бязлюдзее, і тут не да музея.

Прыступкі ганка панскага дома вядуць ці то ўверх, ці то ўніз, каму як хочацца. Мы паспрабуем спусціцца па іх углыб гісторыі Заполля, трошкі глыбей за жывыя ўспаміны Бярнарды Іосіфаўны.

Частка ІІ. Сведкі тых часоў далёкіх, або чарговыя разгадкі пра былы панскі маёнтак у Заполлі

Заполляў у нас двое: былы фальварак і вёска.

Вёска Заполле, пра якую пойдзе далейшая гаворка, знаходзіцца на тэрыторыі Дзітвянскага сельскага савета. Як тлумачыць тапаніміка, што Заполле - гэта назваарыенцір, ці прасцей - паселішча за палямі. У кнізе - гістарычна-дакументальнай хроніцы "Памяць: Ліда і Лідскі раён" пазначаецца, што ад горада яна адстаіць на 8 км на паўднёвы захад і столькі ж ад лідскай чыгуначнай станцыі. На пачатку ХХ стагоддзя вёска ўваходзіла ў тэрыторыю Лідскай воласці Лідскага павета, у той час налічвалася 195 жыхароў, 229 дзесяцін зямлі. У 1900 годзе была адкрыта школа царкоўнай граматы. З сакавіка 1921-га па верасень 1939-га года гэтыя абшары ўжо з'яўляюцца землямі Лідскай гміны Лідскага павета Наваградскага ваяводства, уваходзяць у склад Польшчы. Згодна са звесткамі польскага перапісу ў Заполлі налічвалася 38 жылых дамоў, 222 жыхары, знаходзіўся аднаіменны фальварак, 3 жылыя пабудовы, 29 жыхароў. На сённяшні час налічваецца 65 дамоў, з іх толькі 25 жылыя, а пражывае 39 чалавек (1 - школьнік, 23 - працаздольныя, 15 - пенсіянераў).

У былым фальварку Заполле некалькі жылых дамоў і згаданыя ўжо руіны.

Пра паходжанне назвы Заполле піша колішні ўладальнік маёнтка Сукурчы Вітольд Пілецкі ў свааёй паэме "Сукурчы".

У Наваградскай зямлі над рэчкай Лідзейкай,

Што плыве ля замка Гедыміна,

Раскінуўся дамоў вясёлаю сямейкай

Ліда-горад з цёплым іменем дзяўчыны.

Ад Ліды на захад кіруючы стала,

Покуль Дзітвы не дасягнеш плыні,

Перад Крупкаю - рэчкай, што плыне памалу,

З цяжкасцю згледзець двор можна стары,

Што тоіцца ў зараслях з даўняй пары.

Тут Сукурчы ляжаць з іхнім светлым мінулым,

У памяці люду даўно патанулым.

Сукурчы з-за земляў так шчодрых пшаніцай

Яблыкам тут залатым называлі,

І соснамі бору маглі пахваліцца,

Што ад двара аж да Ліды стаялі.

З-за "мяцежнасці" ў часе былога паўстання

Ў Сукурчаў маскоўцы частку лесу забралі

І ў дзяржаўнае іх уладанне

На вечныя поры ўсё перадалі.

Раней, як уладанняў было болей вельмі,

Паміж сям'ёю падзялілі землі,

Сукурчы брату аднаму аддалі,

Другому двор за полем збудавалі

І таму Заполлем без выдумкі назвалі.

Шчэ колісь вёска пры самых Сукурчах ліпела,

Што назву Дамейкі па дзедзічах мела.

А потым, каб лепш гаспадарку весці,

Рашылі за лес недалёкі яе перанесці.

Сядзіба Сукурчы з вёскай Дамейкі,

Як і Заполле з вёскай Рупейкі,

З рыштункам і рабочаю сілай

Жылі ў гармоніі і згодзе мілай.

Давалі прыклад ладу і павагі,

Як рабочай сілай, гэтак і развагай,

Заўсёды па суседску памагалі

І людзям добра ў сэрцы западалі

Ды доўга ў памяці людской трывалі...

(Пераклад з польскай Станіслава Судніка.)

Адсюль можна зрабіць выснову, што двор Заполле "малодшы" за двор Сукурчы і што менавіта адносна Сукурчаў Заполле было "за полем".

Загадка панскай сядзібы як і самога прозвішча "Дамейка / Данейка"

- Казалі, што раней, яшчэ да будаўніцтва панскага палаца, была іншая пабудова. Яе называлі афіцыня, - гаворыць адзін з сённяшніх жыхароў фальварка Заполле Франц Круглы. - У той час гэтымі землямі валадарыў нейкі малады, яшчэ халасцяк, пан. У кожную суботу ён збіраў у гэтым будынку вяскоўцаў, якія сыходзіліся з вялікіх вёсак - Хрулёў і Рапеек. Тут народ весяліўся, танцаваў. А пан у гэты час заляцаўся да маладых прыгажунь. Але ж аднойчы гэтую афіцыню хтосьці падпаліў. Дарэчы, яна была большых памераў за будучы панскі палац. А будаваўся ён яшчэ гадоў з трыццаць да майго нараджэння, у канцы ХІХ стагоддзя. Як мне казалі бацькі, гэты палац вырас, дзякуючы запольскім мужчынам па прозвішчах Кулеш, Касы, Ляўшук. Будоўля ішла пад кіраўніцтвам пані Шалевіч-Квяткоўскай (якая і жыла затым у гэтым доме). Дык якая гэта была праца! Ставілі палац сапраўдныя майстры! Сядзіба была двухпавярховай. З другога паверха, дзе былі два вялікія пакоі, на ніз вяла лесвіца. Вельмі шмат збіралася ў сценах палаца заможных людзей. Хтосьці казаў, што і сваякі Дамейкі наведваліся. Бо яшчэ раней, менавіта на гэтым месцы стаяў другі дом - у ім жыў Ігнацый Дамейка. Дарэчы, у свой час у нас называлі таго вучонага Данейкам, нават і мой тата так казаў.

А, ці ж быў такі Данейка? Разабрацца з гэтым прозвішчам, дапамог старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валерый Сліўкін:

"Каля 1540 года Заполле належыла Яленскаму герба "Корчак", а з 1550 года - Юршу Пятровічу. У 1690 годзе ў Заполлі жылі Адам Данейка (1 дым), Юзаф Залескі (1 дым), Петранэла Заблоцкая-Залеская (1 дым), Юры Круповіч (1 дым), удава Давіда Круповіча (1 дым) і Іона Парэмбская - Даўгяла (5 дымоў)."

Згадвае Заполле і яго ўладальнікаў і Міхал Шымялевіч у "Нататках да манаграфіі Жалудка" ("Лідскі летапісец" № 1 (77), 2017 г.) " ... Казімір Францкевіч Радзімінскі, сын Міхала і ўнук Юрыя, "найперш, - як паведамляе Нясецкі - цівун вякснянскі, стараста крэўскі, потым падскарбі надворны літоўскі, стараста лідскі, з сойму 1690 г. камісар кароннага скарбу, быў спачатку падкаморым лідскім у 1674 г.; з жонкай сваёй Ганнай Нарушэвіч, дачкой падскарбія надворнага літоўскага, фундаваў айцоў кармелітаў у добрах сваіх дзедзічных жалудоцкіх, што дазволіла канстытуцыя 1685 г.; тры разы прэзідыюваў маршалкам у трыбунале літоўскім, г. зн. у 1682, 1688 і 1693". Быў гэта пан моцны, бо валодаў Жалудком, Ішчалнай, Нявішай, Галавічполем, Заполлем пад Лідай, дваром у Лідзе і іншымі добрамі. Пайшоў з гэтага свету бяздзетным, а перад смерцю 22 жніўня 1694 г. падпісаў у Жалудку доўгі тастамант, арыгінал якога я маю ў руках...

... У Заполлі пад Лідай, у двары пана Казіміра Францкевіча Радзімінскага, падкаморага лідскага, жыло некалькі бежанцаў, выкінутых сюды ваеннай бурай з Белай Русі - Ян і Кацярына Паўпяцянка, муж і жонка Запольскія, а таксама Павел і Мікалай Янавічы Паўпяты, браты той апошняй, якія называлі сябе блізкімі крэўнымі памерлага мсціслаўскага войскага. Яны выступілі з акцыяй супраць кармялітаў, сцвярджаючы, што тастамант памерлага Паўпяты ні меней, ні болей як быў падроблены тымі ж кармялітамі. Пачаўся гучны на той час працэс. Дапытаны сведкі тастаманту: пан Дуброўскі, чэснік і пісар гродскі віленскі, а таксама пан Данілевіч, падстолі ашмянскі, пацвердзілі, што, едучы трактам цераз Ішчалну на сойм у Варшаву, былі запрошаны да хворага Паўпяты і тут на чыстых аркушах паперы, падпісаных тым жа Паўпятой, пакінулі і свае подпісы, а прыціснуты прысягай Марцін Квінта прызнаў, што і тастамант, і фундуш, і лісты на прызнанне былі на тых жа чыстых з подпісамі толькі аркушах сфабрыкаваны ўжо пасля смерці войскага 6 жніўня 1671 г. тымі самымі аа. кармялітамі з удзелам яго, Квінты. Пасля чатырох трыбунальскіх дэкрэтаў спрэчка была канчаткова развязана аж у 1678 г. на карысць крэўных Паўпяты, усе запісы яго прызнаны за няважныя, Ішчална прызнана ўласнасцю Запольскіх і Паўпятаў, а віленскія кармяліты прыгавораны да ўплаты тым жа спадкаемцам 3 000 зл. за вывезеную з Ішчалны рухомасць і таксама да вяртання коштаў працэсу ў суме 4315 зл..."

Ізноў Валерый Сліўкін:

"Праз 85 гадоў, а дакладна, у 1775 годзе, у ваколіцы Заполле па адным дыме мелі Антоні Круповіч, Казімір Рапушка, Марцін Залескі і Феліцыян Данейка гербу "Сас", якому таксама належала вёска Заполле (13 дымоў), фальварак Пяцюлеўцы (1 дым) і вёска Пяцюлеўцы (4 дымы).

У 1784 годзе Феліцыян Данейка ў Заполлі меў ужо двор і карчму пры гасцінцы, вёска таксама пакідалася за ім, а ваколіца - за Круповічам, Рапушкам і Залескім.

Феліцыян Данейка (каля 1730-1799) - лоўчы інфлянцкі, дэпутат Галоўнага Літоўскага Трыбунала (1755), лоўчы лідскі (1756), суддзя земскі наваградскі (1765), прэзідэнт Наваградскага земства. Судовая практыка прыносіла нядрэнны прыбытак.

Двум сваім сынам Іосіфу і Тэадору ён пакінуў даволі значую спадчыну: двор у Наваградку, вёскі Каросна, Цыневічы, Данейкі ў Наваградскім павеце, Пяцюлеўцы, Абрубы і Заполле ў павеце Лідскім.

Унук Феліцыяна - Міхаіл Данейка (нарадз. у 1801 г.), выпускнік Віленскага ўніверсітэта, кандыдат філасофіі, быў членам таварыства філарэтаў".

У вопісе Лідскай парафіі Лідскага дэканату ў 1784 г. (З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошка) (Лідскі летапісец" № 1 (61), пераклад Леаніда Лаўрэша) падаюцца населеныя пункты з цікавага для нас абшару:

"Заполле (Zapole), двор і вёска васпана Дамейкі, суддзі земскага Наваградскага, на летні захад міля, і карчма на гасцінцы.

Крупава (Krupa), двор васпана Нарбута, войскага Лідскага, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу вялікая міля.

Крупава (Krupa Wielka i Krupa Mala), касцёл філіяльны Лідскі, паміж касцёлам і вёскамі карчма васпана Нарбута, войскага Лідскага, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу вялікая міля.

Сукурчы (Suchurcze), двор і вёска васпана Нарбута, падкаморага Лідскага на летні захад міля".

Гаспадар Заполля мае тут прозвішча Дамейка, але пасада суддзі земскага Наваградскага, гады жыцця гавораць, што гэта той самы Феліцыян Данейка (каля 1730-1799). Г. зн. блытаніна Данейка/Дамейка мела месца і ў дакументах гэтага часу.

Ізноў В. Сліўкін:

"У 1817 г. маёнтак Заполле купіў Ігнацый Казіміравіч Дамейка гербу Дангель.

Пра гэты герб стала вядома з 1792 года. Мяркуецца, што Дамейкі атрымалі яго ў 1798 годзе, калі яны ўдакладнілі сваю прыналежнасць дакументамі перад Віленскай (Wywodnowoj) дэпутацыяй, якая вызначала паходжанне. Ігнат Казіміравіч Дамейка (02.1767-1844) з'яўляўся адвакатам Трыбунала ВКЛ, рэгентам асэсарскага суда ў 1794 годзе, ён жа і сакратар Іоахіма Храптовіча, маршалак шляхты Слонімскага павета ў 1817 годзе. Нарадзіўся ў сям'і камісара судовага старасты Менскага ваяводства Казіміра-Адама-Яна-Ануфрыя-Ксаверыя Дамейкі (1725-пасля 1775) і Багумілы Адахоўскай (1743-17.09.1775) з лідскіх Свентаржэцкіх.

Вядома, што ў Казіміра і Багумілы было 9 дзяцей: Тадэвуш, Антоній-Іпаліт, Мацвей, Лявон, Марыянна, Іосіф, Дзіанісій, Ігнат, Іаанна. Бацькі памерлі, калі деці былі яшчэ малагадовымі. У сваім тастаманце Казімір-Адам прасіў сваякоў Свентаржэцкіх і Быкоўскіх не пакідаць яго дзяцей без дапамогі. А для выканання гэтай просьбы прызначыў двух суддзяў - менскага і старадубскага. Усе дзеці дасягнулі паўнагоддзя, атрымалі адукацыю і пасады, дапамагалі адзін аднаму, абзавяліся маёнткамі і фальваркамі.

Пасля ранняй смерці брата Іпаліта, пакінуўшага ўдаву і 5 дзяцей, Ігнацый Казіміравіч стаў апякуном сям'і брата і пастаянна яе падтрымліваў. У 1827 годзе ён перадаў маёнтак Заполле ў кіраванне свайму пляменніку Ігнацыю Іпалітавічу (сыну Антонія-Іпаліта) Дамейку, які пасля трапіў у непрыемнасці (далучыўся да паўстання, войска якога праходзіла праз Ліду пад кіраўніцтвам генерала Дэзыдэры Хлапоўскага) …"

Запольскае жыццё Ігнацыя Дамейкі

Кожны мінак ці падарожнік, які пракладвае свой шлях праз гэтую вёску (калі ехаць дарогай з аграгарадка Крупава), адразу зверне ўвагу на ўстаноўлены (1 верасня 1995 г. пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і мастацтваў Польшчы) абеліск з памятнай дошкай, на якой пазначана, што ў гэтым маёнтку жыў і працаваў вучоны сусветнай славы Ігнацый Дамейка.

Крышку адступіўшыся, хачу сказаць, што дзякуючы І. Дамейку, вёска Заполле вядома сусветнаму грамадству, пра нас ведаюць у далёкай Чылі. Для Беларусі гэта вялікі гонар. Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, сюды ён быў сасланы ў канцы студзеня - пачатку лютага 1824 г. пасля царскага суда над сябрамі таемнага таварыства філаматаў. У гэтай палёгцы пасадзейнічалі дзядзькі Тадэвуш, Ігнат і Іосіф. У прыгаворы пазначалася: "Ігнацыя Дамейку… пажадана пакінуць на месцы цяперашняга знаходжання, аднак, пад пільным наглядам паліцыі, з тым, каб… не прызначаць ні на якую пасаду без дазволу яго царскай высокасці Вялікага князя Канстанціна". Тут І. Дамейка займаўся навукай. На сённяшні час у Крупаўскай сярэдняй школе размяшчаецца гістарычна-краязнаўчы музей "Час. Падзеі. Людзі", у якім захоўваюцца кнігі, матэрыялы, дакументы і нават мінералы, што маюць дачыненне да дзейнасці слыннага вучонага.

За пражытыя гады ў Заполлі пад наглядам паліцыі ў дзядзькавым маёнтку (таксама Ігната), у будучага вучонага сабралася даволі багатая бібліятэка: кнігі па фармакалогіі, хіміі, фізіцы, астраноміі на французскай мове (аб гэтым сведчыць рэестр канфіскаваных кніг у 1834 годзе). Доказам служыць і яго дзённік, у якім ён занатаваў некаторыя моманты, праведзеныя ў Заполлі. Але гэта больш датычыцца перапіскі з яго сваякамі і сябрамі, якія добра ведалі яго запольскі адрас. Але ж, нажаль, на сёння ні сядзіба, ні бібліятэка ў ёй не захаваліся. Якая яна была на той час - таксама складана адказаць, бо ніякіх фотавыяваў не дайшло да нас. Тое, што тут адбывалася пад час жыцця Ігнацыя Дамейкі - іншая гісторыя, якая патрабуе таксама глыбокага даследавання.

Сярод запісаў, што засталіся ў дзённікавым нататніку Дамейкі дапамагае ўявіць нам адзін з момантаў - планаваў збудаваць яшчэ адзін дом, аб якім, рыхтуючыся да паўстання, Ігнацый пазначыў: "Не цешылі мяне зазелянелыя руні, маладая лістота ліпаў, свежанарыхтаваная драўніна на будаўніцтва дома, ржавела шабля, я марнаваў порах і кулі на стралянне ў мішэнь." У пісьме Ануфрыю Петрашкевічу за 12.06.1829 год ён піша: "Прайшло пяць тыдняў, калі вярнуўся ў Заполле, знаходжуся ў адзіноце і цікаўлюся новымі кнігамі, якія прыйшлі для мяне з Германіі, а да гэтага не раз быў ахоплены шматлікімі дзяржаўнымі непрыемнасцямі; займаюся лячэннем хворых сялян, і на гэты раз быў ашуканы цырульнікам і абрабаваны; з дрыжаннем, з бояззю пасылаю п'яўкі, візіты, а гарачка не ведае літасці і страшна ў тых краях прагрэсіруе. Займаюся лячэннем хворай жывёлы: ды з гэтым у мяне таксама складанасці".

Як бачна з некаторых лістоў - дзённікавых запісаў, з перапісак з сябрамі, Ігнат Дамейка займаецца кніжнымі справамі: прадае "Санеты" Адама Міцкевіча, з мясцовым ксяндзом Дз. Халявінскім перакладае з французскай на польскую мову "Каран" (выданне было забаронена касцельнай цэнзурай), перакладае з англійскай мовы ўрыўкі з паэмаў Асіяна, дасылаў невялікія нататкі для "Віленскага календара", выпісвае часопісы на рускай і нямецкай мовах, займаецца навуковай дзейнасцю. Доказам служыць і такая цытата: "Кожныя два тыдні каля Заполля па дарозе Гародня-Вільня праязджала паштовая карэта, і паштальён гукам ражка клікаў прымаць пошту". Акрамя гэтага, тут, у Заполлі, малады вучоны вырошчвае і прадае збожжа, лечыць сялян, робіць садовыя прышчэпы. Дамейка быў мастаком, здольнасць да малявання праглядваецца ў захаваных яго малюнках, на якіх адлюстраваны дом Міцкевічаў у Наваградку і двор у Больценіках.

Аднойчы ён сам аб гэтым прызнаўся ў лісце да А. Петрашкевіча ад 27 траўня 1825 г.: "Жыццё маё цяпер - як тая вада, што не мае ніякага спаду і, стоячы на месцы, паволі загнівае. Часцей за ўсё замыкаюся ў маім пакоі і чытаю, а ў чытанні шукаю не навукі, а ўцехі; музыка і маляванне часта з'яўляцца адзіным маім збаўленнем".

Але грымнула лістападаўскае паўстанне.

Успаміны, якія занатаваў сам Ігнацый (пры вяртанні на Радзіму, у Жыбуртоўшчыне, 1884 г.), перадаюць настрой аўтара, яго патрыятычны погляд на жыццё, трывогу за Радзіму: "Я вярнуўся ў Заполле на змярканні… Якая была гэтая апошняя ноч у Заполлі, то толькі Пану Богу вядома. Хутка ўпарадкаваў гаспадарчыя рэестры і паперы, кніжкі занеслі на гарышча… З усходам сонца коні ўжо былі асядланы, чэлядзь стаяла каля ганка - для развітання. Мне неяк было не па сабе: трэба хутчэй збірацца, але мяне ахапіла невядомая дасюль трывога. Я затрымаўся і вярнуўся ў свой пакой, думаючы, што нешта забыўся, але глянуў на гадзіннік - ужо пара. Іду, і зноў на парозе быццам нехта за крысо мяне прытрымаў. Здалася ў думках мая маці, як бы з папярэджаннем, што нядобра пачынаю, не параіўшыся з Богам, не заклікаўшы Яго на дапамогу. Я вярнуўся ў спальню, зачыніў за сабою дзверы і, укленчыўшы, згаварыў "Ойча наш…" і малітвы, якім мяне навучылі ў дзяцінстве; і прыйшліся мне да душы гэтыя словы: "Пане Божа Усемагутны, у Святой Тройцы адзіны, учыні, каб думкі мае, словы і ўчынкі на служэнне Табе і хвалу Тваю былі скіраваны і ніколі волі Тваёй святой не працівіліся" (Ад таго моманту пяцьдзесят гадоў, аж да сённяшняга дня, была і ёсць для мяне абярэгам гэтая малітва, што дае мне сілы, прамаўляю яе штодня і ў кожнай прыгодзе). Я пацалаваў любімую зямельку і падхапіўся жвава і з жаданнем, прыпяў шаблю, лёгка ўскочыў на свайго Каштана і - з Богам!... Так я развітаўся з Заполлем назаўсёды, апошні раз глянуўшы на прыгожыя зялёныя руні, плён якіх збярэ хтось іншы…"

…Паўстанне на Літве працягвалася не доўгі час. У ліпені 1831 года Ігнацый Дамейка ў складзе 25-га пяхотнага палка перайшоў мяжу Прусіі, дзе быў інтэрніраваны. Каля сотні ўраджэнцаў Лідскага павета прынялі ўдзел у паўстанні, трэцяя частка іх назаўсёды эмігравала ў Францыю.

Невядома як склаўся б далейшы лёс Ігнацыя, калі б не ўзнікла паўстанне 1830-1831 года, у якім ён з ахвотай прыняў удзел за вызваленне Радзімы ад маскоўскага "прылучэння" пад кіраўніцтвам генерала Дэзыдэры Хлапоўскага, то, магчыма, працоўная і творчая дзейнасць Дамейкі працягвалася б яшчэ не адзін год. Але ці гаварылі бы пра яго так, як пра вядомага і слыннага вучонага? Гэта толькі здагадкі…

Усё ж такі ліст, які быў дасланы Адаму Міцкевічу ад 12.01.1854 г. паведамляе: "Калі б была магчымасць вярнуцца і паслужыць яшчэ, хоць на старасці год, свайму краю, то не ўседзеў бы тут…" Мара, каб вярнуцца на радзіму не пакінула славутага ўжо на той час вучонага: ён вяртаецца ў Жыбуртоўшчыну: "А як жа горача забілася маё сэрца, калі, выехаўшы з Дзятлава, убачыў я - праз пяцьдзесят тры гады - знаёмы алешнік, дзве ліпы ў полі, далей двор, сад, узгадаваны рукамі дзядзькі, купку густых ліпавых прысадаў, якія ў 1812 годзе пасадзіў мой апякун, а за імі белы мураваны дом". Дом у Жыбуртоўшчыне яшчэ захаваўся.

Але як сцвярджаюць сродкі масавай інфрмацыі (газета "Новы час", 04.09.2016 г., матэрыял "Жыбуртоўшчына: гістарычная сядзіба Дамейкаў гіне незваротна!?") "Гістарычная сядзіба ў Жыбартоўшчыне, што пры самым раённым цэнтры Дзятлава, імкліва разбураецца, вельмі верагодна, што хутка ад яе застануцца толькі падмуркі. З гэтай мясцовасцю звязана асоба філамата, выдатнага навукоўца, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Чылі Ігната Дамейкі. Тут у сядзібе роднага дзядзькі прайшло яго дзяцінства. Пазней жа ў сядзібе жыў Леан Дамейка, яго пляменнік, удзельнік паўстання 1863 года. На сцяне ўмуравана таблічка з напісам "Тут у 1884-88 гады жыў вядомы ў свеце вучоны, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка". Сядзіба, якой фактычна 200 гадоў (на адным з кутніх камянёў падмурку выбіты старадаўні напіс "1819. R Ignacy DOMEYKO"), зараз знаходзіцца проста ў гаротным, скрайне занядбаным стане. Праблема ў тым, што рознае гарадзенскае абласное і дзятлаўскае раённае начальства цягам многіх дзесяцігоддзяў так і не парупілася, каб занесці гэты будынак у рэестр тых, якія складаюць нацыянальную архітэктурную, гістарычна-культурную спадчыну і адпаведна ахоўваюцца дзяржавай. Доўгі час у сядзібе месціўся адзін з раённых шпіталяў. Спакваля будынак разбураўся, а ніхто і не думаў яго рамантаваць. Урэшце пару гадоў таму абрынуўся дах, і сядзіба стала зусім непрыдатнай для выкарыстання. Цяпер тэрыторыю сядзібы выкупіў прыватнік, які вядзе на ёй іншае будаўніцтва. Сродкаў жа на аднаўленне старадаўняга будынка, які патрабуе значных капіталаўкладанняў, у яго, канешне, няма. Спробы ж грамадскасці прыцягнуць увагу ўладаў да жахлівага стану гістарычнага будынка пакуль што марныя."

Заполле пасля Ігната Дамейкі

Па рашэнні Гарадзенскай губернскай следчай камісіі ад 08.10.1832 года І. Дамейка быў аднесены да 8-га разраду злачынцаў, што прадугледжвала канфіскацыю маёмасці: маёнтак Жыбуртоўшчына з 186 душамі мужчынскага полу і Заполле з 44 душамі. І нягледзячы на тое, што дзядзька Ігнат прадставіў дакументы аб прыналежнасці яму маёнткаў, камісія не прыпыніла следчую справу.

Дзядзька Ігнат пісаў у адной са скаргаў: "Пляменнік мой Ігнат на працягу трох гадоў (з 1828 года) пражываў ў фальварку Заполле і ад майго імя быў эканомам гэтых зямель. У маёнтку Заполле засталіся яго кнігі, гардэроб і бялізна, якую перапісаў камандзірованы Задунайскі з Гарадзенскай казённай палаты". У рэестры гэтага чыноўніка было 178 кніг на лацінскай, 80 - на французскай, англійскай, нямецкай і польскай мовах. Кнігі былі накіраваны ў Гародню, іх кошт склаў 41 рубель 95 капеек. Але не ўсе кнігі трапілі ў рэестр. Аб гэтым дзядзька пазней паведаміў Ігнацыю: "Кнігі твае, складзеныя ў куфар, знаходзяцца ў Заполлі, у амбары, на гарышчы", "пакінутыя ў Заполлі кнігі захоўваюцца ў поўнай цэласці". Наконт уласных рэчаў Ігнацыя, то іх заставалася не многа: некалькі кашуляў з хатняга палатна і галандскага вырабу, мундзір, фракі, плашч, чорны кажух з барана, пакрыты суконнай накідкай, капялюш, суконныя шапкі з казырком.

У 1834 годзе ў Ігната Казіміравіча Дамейкі ў Заполлі налічвалася 49 прыгонных сялян.

Праз тры гады, у 1837 годзе, маёнтак Заполле быў куплены ротмістрам Андрэем Квяткоўскім (каля 1780 - каля 1850), у дваранстве зацверджаны ў 1834 годзе. Пазней, пасля яго смерці, маёнтак перайшоў у спадчыну ўдаве Юзэфе Антонаўне Квяткоўскай з роду Шалевіч (1780 г.н., магчыма, ураджэнка Крупава). За маёнткам лічылася 836 дзесяцін зямлі і 105 рэвізскіх душ, а асноўным заняткам з'яўлялася земляробства. У сакавіку 1846 года Юзэфа Квяткоўская перадала Заполле на адзін год у арэнднае карыстанне памешчыкам Гарадзенскага павета Восіпу і Сафіі Браўнам за 800 рублёў срэбрам. У 1857 годзе па дарчым дакуменце ад маці маёнтак перайшоў ва ўласнасць адстаўнога штабс-ротмістра Антона Андрэевіча Квяткоўскага (1821-8.10.1885), звольненага па хваробе з лейб-уланскага Курляндскага палка. У 1863 годзе ў маёнтку жылі Антон Андрэевіч Квяткоўскі, яго маці Юзэфа Антонаўна, а таксама яго жонка Людвіка Казіміраўна з роду Хршчановіч (1839 г. нар.) і дачка Марыя (1860 г.нар.). Маёнтку належалі 882 дзесяціны зямлі і 16 сялянскіх двароў. 8 кастрычніка 1885 года ротмістр памёр і быў пахаваны на могілках у Рапейках, дзе па сённяшні дзень захавалася надмагільная пліта.

Заполле перайшло да дачкі Антона Андрэевіча Квяткоўскага і Людвікі Казіміраўны Квяткоўскай з роду Хршчановіч Гелены.

Як згадваюць жыхары, у Заполлі яна паставіла двухпавярховы дом, мела немалую бібліятэку, куды прыязджалі наведвальнікі нават здалёк. Сама пані па характары была добрай, дапамагала сялянам. А замуж выйшла за багатага памешчыка Казіміра Шалевіча, які хварэў, ратуючыся ад хваробы, ездзіў у Францыю, але і там не вылечыўся. Памёр ён 8 лістапада 1914 года, пахаваны на могілках у Рапейках. Аўдавелая пані засталася адна, маёнтак Заполле здала ў арэнду немцу Бэрхману. Мела яна таксама шасціпакаёвы дом у Заполлі, але адзін з пакояў перадала для навучання сялянскіх дзяцей. Вучыла іх яе гувернантка - немка. На Лідчыне Г. Шалевіч жыла да 1939 года. Памерла ў пажылым узросце (больш за 80 год).

Аднак жа існаваў на гэтым месцы дом, дзе, мяркуецца, жыў слынны вучоны Ігнат Дамейка. Над гэтым пытаннем працавалі і працуюць лідскія даследчыкі гістарычнага мінулага. Яшчэ ў часопісе "Лідскі летапісец" і ў газеце "Наша слова" быў змешчаны матэрыял "Расчыстка сядзібы Ігната Дамейкі ў Заполлі" (№ 3 (35), 2006 год), у якім пазначалася, хто прыняў удзел у расчыстцы фундамента, а старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валеры Сліўкін нават зрабіў замеры, якія дапамаглі ўявіць той гістарычны дом. Стала вядома, што дом меў памер 15, 4 х 28, 4 м. Прыйшлі да думкі, што пасля 1831 года будынак дабудоўваўся ці перабудоўваўся і, магчыма, не адзін раз. Было вызначана і тое, што пры апошніх больш значных работах будаўнікі выкарыстоўвалі цэмент і сілікатныя ваўкавысцкія блокі, выраб якіх ажыццяўляўся ў міжваеннай Польшчы.

Што паведаміш нам, сведка?

Як стала вядома, непадалёку ад былой панскай сядзібы Заполля жыве доўгажыхар. Хто, як не ён, можа раставіць кропкі над "і"? Алея, якая засаджана векавымі ліпамі, адразу прыводзіць мяне да драўлянага пафарбаванага дома, ваколле якога прыгожа апанавала кветкавая зеляніна. Злосны брэх сабакі прымушае гаспадара выйсці з хаты. Вітаемся, знаёмімся. Зразумеўшы задачу майго прыезду, па-бацькоўску запрашае на падворак. Усаджваемся на лаву.

Ён - Круглы Франц Адамавіч. Нарадзіўся 10 лістапада 1929 года, тут, у маёнтку Заполле. А вось школу (4 польскамоўныя класы) закончыў у вёсцы Заполле, будынак якой размяшчаўся ў хаце сям'і Хабуноў. Бацька Адам Сцяпанавіч працаваў брыгадзірам у калгасе, а маці - Чайко Ганна - даяркай. У іх сям'і было 9 дзяцей: Вацюк, Ядзя, Яська, Чэська, Стась, Броня, Франак, Уладак, Эдзік.

- Усім хапала працы, - кажа суразмоўца. - Мы, малыя, пасвілі кароў. Тут, непадалёку, калісьці стаялі хлявы, у адным змяшчаўся статак на 80 галоў кароў, у другім - цялятнік, два гумны для захоўвання корму і збожжа. На пастаяннай рабоце заўсёды было 6 парабкаў, якіх трымаў пан Бэрхман.

- А што вам вядома пра будаўніцтва панскага палаца? - задаю агульнае пытанне.

- Гэта вельмі доўгая гісторыя. У той час, як будавалі палац, то ў Шайбаках, вядома, не было цаглянага завода. (Ёсць звесткі, што ў 1902 годзе завод ужо існаваў - А.Х.). Але ясна, што абпякалі цэглу ў печах. Я ведаю, што за Бароўкай існаваў іншы завод, ці як называлі, смалярня. Там выпальвалі карчы, а з іх атрымлівалі дрывяны вугаль. На гэтай смалярні працавалі вясковыя мужчыны і добра зараблялі. А сам вугаль прадавалі, вазілі за мяжу.

Са слоў Франца Адамавіча, Бароўка ўзнікла раней, чым маёнтак у Заполлі. У той час кіравала ёй пані Галена Шалевіч. Агульная колькасць зямлі, якая належыла ёй, складала 520 моргаў. Але не доўга, бо ў 1924 годзе афіцэры і салдаты 77-га пяхотнага палка выкупілі Бароўку з прылеглым лесам і падаравалі гэтыя землі генералу Эдварду Рыдз-Смігламу.

Як ім удалося, суразмоўца не ведае, але яму ўсё ж вядома, што суддзём у Кашарах (Казармах) быў пан Шаноўскі (гэта сваяк Шалевіч). А Рыдз-Сміглы час ад часу прыязджаў у Бароўку і ў летні час адпачываў і выкарыстоўваў як лецішча разам з цесцем і цешчай. У той час рос там вялікі сад. Цяпер на тых землях таксама размяшчаюцца дачы, але сучасныя. Гэтае месца ўжо больш называюць як Гаёўка. Дарэчы, пад час размовы стала вядома, што Гаёўка некалі лічылася запольскай вёскай. Але ж перад вайной яе разагналі і апынулася яна на хутарах. Рапейкі - таксама раскіданая вёска. Усе гэтыя землі, пачынаючы ад Бароўкі ў накірунку да Заполля, раней лічыліся запольскімі.

- Казалі, што раней, яшчэ да будаўніцтва панскага палаца, была іншая пабудова. Яе называлі афіцыня, - далей працягвае Франц Круглы. У той час гэтымі землямі валадарыў нейкі малады, яшчэ халасцяк, пан. У кожную суботу ён збіраў у гэтым будынку вяскоўцаў, якія сыходзіліся з вялікіх вёсак - Хрулёў і Рапеек. Тут народ весяліўся, танцаваў. А пан у гэты час заляцаўся да маладых прыгажунь. Але ж аднойчы гэтую афіцыню нехта падпаліў. Дарэчы, яна была большых памераў за будучы панскі палац. А будаваўся ён яшчэ гадоў за трыццаць да майго нараджэння, у канцы ХІХ стагоддзя. Як мне казалі бацькі, гэты палац вырас дзякуючы запольскім мужчынам па прозвішчах Кулеш, Касы, Ляўшук. Будоўля ішла пад кіраўніцтвам пані Шалевіч-Квяткоўскай (якая і жыла затым у гэтым доме). Дык якая гэта была праца! Ставілі палац сапраўдныя майстры! Сядзіба была двухпавярховай. З другога паверха, дзе былі два вялікія пакоі, на ніз вяла лесвіца. Вельмі шмат збіралася ў сценах палаца заможных людзей. Нехта казаў, што і сваякі Дамейкі наведваліся. Бо яшчэ раней, менавіта на гэтым месцы, стаяў другі дом - у ім жыў Ігнацый Дамейка. Дарэчы, у свой час у нас называлі таго вучонага Данейкам, нават і мой тата так казаў.

А што тычыцца ранейшай афіцыні, то захаваліся ўспаміны і ў Валерыя Сліўкіна. Вось што ён распавядае на гэты конт:

- Калісьці Феліцыя Феліксаўна Круглая ўпэўнівала, што дом, дзе жыў Ігнацый Дамейка, не захаваўся: "Пасля таго, як Дамейка пакiнуў маёнтак, яго арандаваў нейкi пан-халасцяк. Дом Дамейкі стаяў трохi ўбаку ад цяперашнiх развалiн. Потым ён згарэў, а новы дом ставілі Квяткоўскiя (зараз ад яго застаўся фундамент). У пана-халасцяка было шмат работнiкаў (усе былi нежанатыя). Былi яны дужыя, рослыя, нават, прыгожыя. Калi наладжвалi танцы, то на ўсю акругу чуваць была музыка. А сам пан любiў дзяўчат мясцовых запрашаць на гэтыя танцы. Выбiраў сабе найбаявейшую. Гэты дом спалілі пры пане-халасцяку. Яшчэ як былi дзецьмi, то капалiся на развалiнах гэтага дома, знаходзiлi чарапкi ад панскiх люстраў".

Ёй у спадчыну Заполле засталося

Акрамя заможных прадстаўнікоў Шалевіч збірала на набажэнствы, звычайна ў траўні месяцы, у свае пакоі і вяскоўцаў. Усім хапала месца. А хто не з'яўляўся ў той дзень, то потым прылюдна перад усімі яна яго сароміла. Пані сама чытала малітвы. Увесь гэты "працэс" цягнуўся гадзіну-паўтары. На развітванні, кожны цалаваў яе руку. На рост была высокая, па складу - хударлявая. Мела сабак, з якімі хадзіла па алеі.

А ля палаца знаходзіўся пастаянны вартаўнік, які ў выпадку чаго падаваў гук са свістка. Паненка толькі апоўначы клалася спаць: пастаянна чытала кнігі. Бібліятэка ў яе была вельмі вялікая. Магчыма, яшчэ некаторыя кнігі мела і ад Дамейкі.

- А вось гэты высокі падземны падвальчык, што за плотам, застаўся яшчэ ад самой пані Шалевіч, - знаёміць мяне з гістарычнай пабудовай спадар Круглы. - Ён глыбокі, увесь ацэментаваны, калісьці на самы яго верх вялі сходы. Па іх падымалася паненка і доўгі час, на версе сядзела, пільнавала сад. Кожны год ён даваў плады. Быў агароджаны абразной дошкай вышынёй у чатыры метры. Ужо пасля цвіцення яго даглядалі яўрэі, якім яна прадавала садавіну, а яны ўжо ў сваю чаргу, вывозілі за мяжу. Дык іншым разам, гуляючы ля плоту, Шалевіч высоўвала руку (апранутую рукавіцай, але з голымі пальцамі) праз шчыліну з мэтай атрымаць пацалункі.

Даглядаў паненку Лаўрук (Лаўрэнці) Коска з Рапейкаў.

Неяк ён праткнуў пятку нагі калючкай акацыі, і пачалося загнаенне. Хутка вылечыўся, але потым увесь час кульгаў на гэтую нагу. Тады яго ўзяла да сябе Шалевіч. Коска чысціў сцежкі ля хаты, нават карміў, мяняў бялізну нямоглай пані. Яна за старанні, перадала Лаўруку тры гектары зямлі для трох яго сыноў. Дык адна хата за Хрулямі яшчэ стаіць, а другую ўжо разабралі. Былі выпадкі, калі Коска адпрошваўся на адпачынак, то Шалевіч прасіла ў пана Бэрхмана, каб той замяніў яго на майго тату. Тады бацька хадзіў на ноч і вартаваў палац. Што толькі ён не распавядаў нам, як вяртаўся да хаты! Аднойчы ў палацы паненкі прыпыніўся на тыдні два нейкі пан. Як сцямнела, то бацька прылёг на самаробны ляжак пад лесвіцай. Дык у той момант пачуў скрыпы дзвярэй, бразганне па цэментаванай падлозе з канца аднаго калідора ў другі. Бацька думаў, што гэта пан ходзіць, і не звяртаў асаблівай увагі, бо такія гукі чуў неаднаразова. Але ж пан-госць хутка спусціўся сам з другога паверху і запытаў, адкуль гэтая бразгатня ў доме. Бацька і пан былі здзіўленыя, бо кожныя дзверы мелі своеасаблівы скрып, зусім не такі, які пачуў пан. Магчыма, гэта хадзілі нейкія прывіды.

- А вось тут, - адводзіць у бок Ф. Круглы і паказвае мне не зусім кідкае месца, - калісьці і размяшчалася афіцыня, якая збудавана была раней за палац. Пры пажары яна рухнула, і фундамент ад яе апынуўся пад цэглай. Чорнакапальнікі тут знайшлі шмат розных прыгожых люстраў. Дарэчы, калі на месцы палаца была школа, то там, дзе калісьці размяшчалася афіцыня, стаяў генератар, які выпрацоўваў на салярцы электрычнасць.

- З вашых слоў атрымліваецца, што пані Галена Шалевіч жыла адна, была незамужняй?

- Не, муж у яе быў - багаты памешчык Казімір Рудольфавіч Шалевіч. Яшчэ пры ім, здаецца, быў збудаваны дом для эканома маёнтка. Будынак гэты потым выкарыстоўваўся для запольскіх настаўнікаў. Ён і цяпер захаваўся.

Пра мужа Шалевіч шмат што казалі, розныя легенды хадзілі, што ён хварэў, нават у Францыі быў на лячэнні, але так і не вылечыўся; а хтосьці гаварыў, што яго забілі на дуэлі. Памёр ён 8 лістапада 1914 года, а пахаваны непадалёку - на мясцовых, на сёння ўжо старых могілках, што непадалёку ад Заполля, у Рапейках. Быў маёнтак Шалевічыхі і за Лідай (бліжэй пад Гародню), называўся Шалева.

Ён, напэўна, першапачаткова належаў мужу. Але калі сама не змагла кіраваць тым Шалевам, то і перадала землі ў арэнду нейкаму пану. З узнікненнем калектыўнай гаспадаркі ад гэтай мясціны нічога не засталося.

Каментар. Звесткамі пра маёнтак Шалева са мной падзялілася мая родная бабуля Руцкая (Каравайская) Яніна Янаўна, якая калісьці жыла непадалёку, кіламетраў тры ад яго, у вёсцы Каламыцкія.

- Жыў там малады, як цяпер помню, гадоў трыццаці, пан Жылінскі. Я была нанятая да яго: капала бульбу. Мне было ў той час 16 гадоў. Аднойчы, як наведаліся туды белапалякі, то пачалася страляніна. У выніку былі забітыя з гэтага маёнтка ўкраінец і немец. А пан застаўся жывы і пайшоў у польскія партызаны. Больш пра яго нічога невядома. Ведаю толькі, што яшчэ доўгі час стаялі тыя панскія пабудовы. Цяпер бліжэй да былога маёнтка Шалева, каля 1 кіламетра, знаходзяцца вёскі Зенявічы і Мікуты.

Былі і такія тут паны

- А ў цэлым, паны-эканомы добра адносіліся да вяскоўцаў? - працягваю гутарку са спадаром Круглым.

- Адкажу так: паны дружылі з немцамі, а тыя за добрыя адносіны іх паважалі, - прызнаецца Франц Адамавіч. - Немец, хоць і жорсткім быў, але ж паважаў працавітых людзей, гаспадароў сваёй зямлі. Напрыклад, як у 1941 годзе прыйшлі немцы, то ў Заполлі з'явіўся пан Шаноўскі. Ён меў тут таксама зямлю, быў гаспадаром. Немцам дастаўляў збожжа і іншае, што выпадала на той час. Куды ўсё ішло, - невядома, магчыма нямецкім салдатам для пражыцця. Сёння, безумоўна, гэта і прыкра гучыць, але ж Шаноўскі спагадліва адносіўся да вяскоўцаў. У час нямецкага рэжыму, пры ім тут быў парадак, нават аб'ездзіў вёскі і загадаў вярнуць усё, што было расцягнута і раскрадзена: каровы, вазы, сельскагаспадарчыя прылады працы, механізмы і іншае. Ведаю аб тым, што Шаноўскі служыў у 77 палку ў Лідзе і быў суддзём, а яшчэ - здаецца, з'яўляўся сваяком Шалевіч Галены. Дык вось, калі з'явілася магчымасць выехаць у Польшчу (выдавалі палякам дакумент на свабодны выезд), то шмат рапейкаўскіх жыхароў пакінулі гэтыя мясціны. Шаноўскі таксама выкарыстаў гэты момант: ён вывез пані Шалевіч. Але ж перад ад'ездам па яе просьбе, ён прынёс ёй торбачку зямлі з мясцовых могілак з мэтай, калі памрэ пані на чужыне, то каб па яе труне пасыпалі роднай зямелькай. У вельмі сталым узросце яна пакінула Заполле.

У тым, што паны былі дбайнымі гаспадарамі, захоўвалі парадак на сваіх землях, а за неахайныя адносіны сялянаў на зямельных угоддзях маглі нават жорстка пакараць, на сваім прыкладзе зведаў сам Франц Круглы:

- Помню, як мяне, дзесяцігадовага хлопца, у 1939 годзе, пасадзілі вярхом на чорнага каня, спераду і ззаду паклалі некалькі пустых мяхоў для збору зерня. І я іх павёз у панскі маёнтак Сукурчы. У той час касілі жыта: ляжалі на палетках пракосы. Я вырашыў спраставаць свой шлях і паехаў праз гэтае поле. Ужо здалёк вершніка на кані заўважыў пан Пілецкі. Мяне ён прыняў за партызана. Ён выбег з ружжом і прыцэліўся. На шчасце падаспелі парабкі і папярэдзілі яго. Такім чынам, каб не працаўнікі, то мне мала не было б, а так абышлося праз маральнае пакаранне.

Як далей узгадаў Франц Адамавіч, што ў час прыходу другіх саветаў, Пілецкія вымушаны былі пакінуць Сукурчы. Дык перад ад'ездам яны перавезлі ў Хрулі да яго цесця пчаліныя вуллі, конскую вупраж. Для таго, каб захаваць хоць гэтую маёмасць. Але ж з прыходам немцаў панства Пілецкіх назад сюды не вярталася. На жаль, маёнтак Сукурчы да сённяшняга дня не захаваўся.

- А вось, як ад'язджаў пан Бэрхман, - працягвае Ф. Круглы, - то майму тату ён падараваў насценны гадзіннік, які добра адбіваў звон. З цягам часу свой ход ён спыніў, і яму месца знайшлося ў гаражы. Меў я і фотакарткі самога Бэрхмана і Шалевіч. Але ж як і гадзіннік, так і іх я перадаў прыязджаўшым калісьці да мяне сваякам гэтых паноў.

Як далей згадаў спадар Круглы, у панскай сядзібе, якая налічвала 12 пакояў, захоўвалася вельмі шмат кніг, а сцены былі аздоблены рознымі здымкамі. Дык пасля 1939 года, як прыйшлі рускія, метраў 30 ад палаца, у канец саду былі вынесены гэтыя кнігі, відокі, крэслы ў адну вялікую кучу і падпалілі іх. Дык я, дзесяцігадовы хлапчук, мае сябры, людзі з вёсак, узяўшы доўгія калы, потым выцягвалі спаленае панскае абсталяванне з вогнішча.

І тут нямецкі быў разгром

- А якія ўспаміны захаваліся з часоў ваеннага ліхалецця? - задаю чарговае пытанне.

- Пасля таго, як адышло польскае войска, то непадалёку ад нашай хаты стаяў полк рускіх салдатаў, якія дзеля месца пражывання выкарыстоўвалі панскую сядзібу. А пазней гэты дом належаў нямецкім салдатам, якія ўвайшлі на нашу тэрыторыю. Дык, як цяпер помню, сюды з'ехалася жандармерыя, у войску якой быў нейкі важны хлопец, камендант паліцыі, 12 паліцэйскіх, а астатнія - немцы. А было гэта ў час жніва, калі абмалочвалі збожжа, якое, як мы разумелі, перавозілі ў Германію. Дадзенае размяшчэнне немцаў у Заполлі вельмі растрывожыла рускіх салдатаў. Узброенныя боепрыпасамі, яны ўварваліся сюды і разбілі немцаў. Стаяў страшны грукат. Наша хата размяшчалася на доле Заполля, то мы хаваліся ў падвале каморы пад лавай, дзе захоўваліся буракі. Але ж непадалёку расла альшына, праз якую 2 немцы ўцяклі ў Ліду. Тады, як зайшло сонца, страляніна закончылася, бо баяліся рускія, што пачуе ў Лідзе патруль. Але маўчала толькі агнястрэльная зброя. Салдаты на гэтым не спыніліся: пайшлі на атаку ўручную. Важнага хлопца з жандармерыі яны забілі бярозавым калом за захаваным яшчэ на сёння домам эканома маёнтка. А каменданта распаласавала гранатай, кінутай у акоп, які быў выкапаны ля сходаў панскага палаца. Потым мой брат па загаду рускіх запрог коней і забітых немцаў завезлі ў Ліду. Салдатаў таксама было не мала: яны хаваліся з коньмі то ў лесе, то ля могілак, то на балотах са зброяй. Усё ж, немцы, што змаглі ўратавацца ад агнястрэлу, паведамілі свайму лідскаму кіраўніцтву пра ваеннае дзеянне, якое адбылося ў Заполлі. Нямецкае начальства імгненна з'явілася ў маёнтку і загадала сабраць з акругі ўсіх жыхароў у хлеў і спаліць. Але заступіўся пан Шаноўскі, які валодаў нямецкай мовай і растлумачыў, што мясцовыя жыхары ў гэтай справе не вінаватыя. Урэшце рэшт загад быў адменены.

Каментарый. У шматлікіх літаратурных крыніцах, у якіх сабраны звесткі пра ваенныя падзеі на Лідчыне, не змяшчаецца інфармацыя пра бой у вёсцы Заполле. Гэта першы аповед ад сведкі тых часоў. Такія напады, як вядома, былі ў вёсках Дакудава, Беліца і Тарнова. Ва ўсіх гэтых выпадках дзейнічалі невялікія партызанскія групы. Яны складаліся з чырвонаармейцаў, якія засталіся тут летам 1941 года. Пазней, у траўні 1942 года, немцы паспрабавалі іх паставіць на ўлік. Тых, хто з'яўляўся, арыштоўвалі і накіроўвалі ў Германію, а астатнія пачалі хавацца па лясах і фармаваць партызанскія групы. Верагодна, што такая група і арганізавала гэты бой. Узгаданы факт з'яўляецца важным для нас, бо пра яго не было вядома да сённяшняга часу.

Ваенны ўспамін - балючы

- Калісьці (1944-1945 гг.) былі так званыя хапуны (лапуны), - працягвае суразмоўца, - якія вярхом на конях апярэджвалі фронт і хапалі людзей. У іх рукі трапілі і мае два браты Чэсь і Стась, якія хаваліся пад страхой другога паверха панскага палаца. Не змог схавацца ў панскім агародзе і Янак Дзехцярэвіч. Усіх забралі на фронт… Мой брат Чэсь вярнуўся з фронту кантужаным ад снарадаў і распавёў нам пра тыя жахі, якія давялося яму перажыць. Мы дазналіся, што Стась быў у пяхоце, моцна паранены ў правае плячо. На нямецкай тэрыторыі, паблізу Одэра і Нісы, немцы захапілі салдат у палон. Пазней пэўная колькасць палонных вырвалася з рук фашыстаў, іншых германцы пагналі на так званы "амерыканскі" фронт, а слабых і раненых палонных зганялі ў нейкі падвал і там іх спальвалі… Пасля вайны сын мамінага брата ездзіў у Польшчу і на могілках бачыў пліту з пералічанымі прозвішчамі загінуўшых ахвяр, сярод якіх пазначаны і мой брат, Круглы Станіслаў.

Даведка. У спісе "Ураджэнцы Рэспублікі Беларусь, прызваныя Лідскім раённым ваенным камісарыятам, што загінулі або зніклі без звестак за межамі рэспублікі", які захоўваецца ў фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея, пазначаецца, што Іван Станіслававіч Дзехцярэвіч лічыцца зніклым без вестак у сакавіку 1945 года, а браты Круглыя Станіслаў і Часлаў запісаны толькі як прызыўнікі Лідскага ваенкамата за 2 жніўня 1944 года.

Франц Адамавіч падзяліўся наступным успамінам з мэтай, што можа адклікнецца хто-небудзь, калі прачытана будзе ў друку.

- Непадалёку ад хаты, дзе жыла наша сям'я, у бок вёскі Хрулі размяшчаўся вялікі агарод, на якім вырошчваліся памідоры, капуста і іншая агародніна. А на ім увіхаўся 25-гадовы яўрэй у якасці агародніка, але пад наглядам пана Шаноўскага. Сюды ён збег з Ліды разам з жонкай і з трохгадовым дзіцём, а месцам жытла для іх стаў панскі палац. Чуткі аб тым, што тут пражывае яўрэй, разносіліся па вёсках. А гэты малады хлапец яўрэйскай нацыянальнасці, ведаючы што ў маёнтак едуць немцы, то праз сад імгненна прыбягаў да нас і пачынаў круціць жорны, каб свае чорныя кучаравыя валасы забяліць мукой, бывала што і проста абсыпаўся ёй. І вось аднойчы з маім татам ён рызыкнуў паехаць у Ліду, каб прадаць памідоры на рынку. У гэты ж час у маёнтак прыехаў Шульц - адзін з галоўных немцаў над Лідай, камендант, а з ім - перакладчыкі. Шульц пацікавіўся ў Шаноўскага пра агародніка. Пан не затаіў, прызнаўся. Тады немец і яго каманда спраставалі дарогу і спаткалі іх каля "Кумавай ямы" (месца, дзе прыпыняліся перад хрышчэннем дзіцяці кум і кума дзеля інтымнага збліжэння), што за Гаёўкай. Папрасілі яўрэя злезці з воза і яго, ужо збялелага, павялі ў лес і застрэлілі. А жонка, дазнаўшыся пра гэтае няшчасце, з дзіцём уцякла ў вёску Бельскія. Там яго і пакінула на апякунства людзям, а разам з тым перадала ім грошы, якія засталіся ад продажу памідораў. Дык куды падзелася маці - невядома. Тое ж самае, ніхто не ведае пра лёс дзіцяці. З тых пор прайшло нямала часу, і дазнацца ўжо складана.

За школьнай партай у сядзібе панскай

…Штосьці сканчае свой век, штосьці працягвае дзейнічаць. Школы ў тым ліку. На сённяшні дзень, на жаль, спынілі існаванне звыш за 40 афіцыйных вясковых школ на Лідчыне: Споркаўская (базавая), Зблянская (базавая), Панямонская (базавая), Моцевіцкая (сярэдняя), Голдаўская (сярэдняя), Сямашкаўская (базавая), Ігнаткаўская (пачатковая), Парэцкая (сярэдняя), Красноўская (сярэдняя, затым - базавая), Мейраўская (базавая), Папернеўская (базавая), Навасёлкаўская (базавая), Мыцкая (пачатковая), Крыніцкая (базавая), Дзітрыкаўская (сярэдняя), Дакудаўская (сярэдняя), Яўсеевіцкая (базавая), Далекская (базавая, затым - пачатковая), Кенцеўская (базавая), Шайбакоўская (базавая), Вялічкаўская (базавая), Запольская (сярэдняя, потым пачатковая), Белявіцкая (базавая), Сцеркаўская (пачатковая), Табальская (базавая, затым - пачатковая), Траццякоўская (пачатковая), Астраўлянская (пачатковая), Буцілаўская (базавая, затым - пачатковая), Вангінская (пачатковая), Гарнеўская (пачатковая), Заброеўская (пачатковая), Беневіцкая (базавая), Нёманская (вёска Сялец) (базавая), Радзівонішская (базавая), Мастаўлянская (пачатковая), Белевіцкая (базавая), Леснікоўская (пачатковая), Канюшанская (вёска Вялікія Канюшаны) (базавая), Няцецкая (базавая), Гервянікская (базавая). У гэты лік, як бачым, уваходзіць і Запольская школа, якая мае сваю цікавую гісторыю.

Пасля вайны па савецкай традыцыі панскі палац, калі яго не паспявалі спаліць, або расцягнуць на дровы нашы добрыя, памяркоўныя людзі, мусіў адысці пад нейкую дзяржаўную інстытуцыю (сельсавет, кантора, клуб, чытальня). У выпадку Заполля палац адышоў пад школу. Праз пэўны час ад школы застаўся толькі падмурак.

Рэдакцыя часопіса "Лідскі летапісец" некалькі разоў прыступалася да гісторыі Запольскай школы.

Пасля расчысткі сядзібы ў 2006 годзе рэдакцыя часопіса, між іншым, звярнулася да тых чытачоў, якія могуць дапамагчы развеяць міфы аб адсутнасці звестак і фотаздымкаў раней размешчанай тут Запольскай сярэдняй школы. Спадзяванне было недарэмным: у "Лідскім летапісцы" чытачы пазнаёміліся з новым матэрыялам "Доўгачаканая знаходка" ў № 2 (38), 2007 год, які дапоўніў папярэдні матэрыял. У гэтым паспрыяў выпускнік Запольскай сярэдняй школы Іосіф Іосіфавіч Лоўкіс, які з 1958 па 1968 год вучыўся ў сценах адукацыйнага будынка і з'яўляецца выпускніком апошняга выпуску ўзгаданай школы. Ім жа і былі дасланыя фотаздымкі, а таксама складзены план размяшчэння памяшканняў.

Аднак, гэта было не апошняй прыступкай у даследаванні няіснай ужо школы. Прыйшла мая чарга заняцца гэтым пытаннем.

Што ж мяне, як краязнаўца, прымусіла пранікнуць у мінулае жыццё не захаванага адукацыйнага будынка ў Заполлі? Першапачатковым адказам можа стаць павага да Радзімы, да свайго краю, да сваіх каранёў. Сюды можна дабавіць моцнае слова ПАТРЫЯТЫЗМ. Аднак, кожны свядомы беларус павінен задумацца: тое, што захаваем мы сёння, перадасца нашым нашчадкам. Разам з гэтым мы здолеем зберагчы культуру, пэўныя традыцыі… Ва ўсім стаіць адно слова - ГІСТОРЫЯ. У гэтым перакананы і самі лідзяне.

Пасля публікацыі ў "Лідскай газеце" ў № 97 (12505) за 28 жніўня 2014 года "Запольская зямелька з сядзібай Дамейкі, або Аб тым, у якім стане захоўваецца маёнтак чылійскага вучонага" паступілі просьбы ад зацікаўленых чытачоў. Некаторыя прасілі, каб аўтар прадоўжыў далейшую вандроўку па ўзгаданай вёсачцы Заполле, шырэй падаў звесткі пра панскі маёнтак і яго эканомаў, а іншыя, нават, казалі, што гэты край насычаны каштоўнымі гістарычнымі звесткамі, якія трэба паспець даследаваць, пакуль жывуць іх носьбіты. Што ж, вельмі слушныя былі просьбы і парады, якіх абысці было проста немагчыма, і таму я зноў рушыў туды - наперад па мінулае.

Публікацыя дала яшчэ адзін штуршок: на адрас рэдакцыі быў дасланы ліст - успаміны ад былой настаўніцы Запольскай школы Круглай Лідзіі Міхайлаўны, якая, між іншым, падзялілася і каштоўнымі фотаздымкамі гэтай адукацыйнай установы.

Ліст быў змешчаны таксама ў "Лідскай газеце" (17 студзеня, 2015 г., № 5 (12561)) у матэрыяле "Запольская школа? Дык гэта ж мая школа!", якім яна дапамагла раскрыць далейшы лёс гэтай пабудовы - ужо Запольскай школы.

Вось гэты ліст.

"Дарагая рэдакцыя "Лідскай газеты". У адным газетным нумары я прачытала матэрыял пра Ігната Дамейку. У ім часта ўзгадвалася пра Запольскую школу. Пры чытанні маё сэрца білася ўсё мацней і мацней. Чаму? Дык гэта ж мая школа!!! Менавіта тут я пачала сваю працоўную дзейнасць, адпрацавала 6 гадоў - з 1958 па 1964 год.

У 1958 годзе пасля заканчэння Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П. Чкалава (цяпер універсітэт імя Францыска Скарыны) я была накіравана ў Лідскі раён на працу ў Запольскую сярэднюю школу выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. У гэты год усе, хто закончыў ВНУ (гісторыкі, матэматыкі, біёлагі і інш.), былі накіраваны ў Лідскі раён. З чым гэта звязана, не ведаю, але думаю, што не хапала ў той час кадраў.

Вось і школа. Мяне сустрэлі вельмі добра. Дырэктар школы Кашпар Валянцін Фёдаравіч папрасіў сваю жонку Урбановіч Аляксандру Аляксандраўну, каб яна накарміла і напаіла мяне, а завучу школы Блажэю Пятру Іванавічу загадаў завесці на кватэру.

Мне далі класнае кіраўніцтва ў 5 класе і выкладаць урокі рускай мовы і літаратуры ў 5-7 класах.

У школе быў харошы, згуртаваны педкалектыў, а галоўнае, лёгка, весела і цікава мы праводзілі час. Удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ездзілі па вёсках з канцэртамі, ніколі не сумавалі. А ў якіх умовах мы там працавалі?! Не было святла. Але генератар падаваў святло ў школу раніцай і вечарам. Адказваў за гэта адзін з выкладчыкаў школы.

Не было ніякага транспарту. А ад нас да Ліды было 8-9 кіламетраў. Але затое ў школе быў конь. Яго глядзеў рабочы Хадарук Вацлаў, які летам запрагаў яго ў воз, а зімою - у сані і тады вёз усіх ахвочых у Ліду па пакупкі, па прадукты, і, нават, у лазню. Як было рамантычна! Не распавесці!

Што сабой уяўляла Запольская школа? Гэта былая панская сядзіба з двума паверхамі, абсаджаная вакол кустамі бэзу. На першым паверсе з калідора на другі паверх вяла прымітыўная лесвіца. Тут размяшчалася сцэна, быў калідор з глядзельнай залай, дзе арганізоўвалі танцы. Ды якія танцы! Лепшыя за ўсякую дыскатэку! На другім паверсе размяшчаліся класы, кабінеты з нагляднасцю па мовах, матэматыцы, фізіцы, біялогіі і іншых прадметах.

У школе быў інтэрнат і сталовая для дзяцей, якія пражывалі ў ім. Рыхтавала абеды душэўны, чулы чалавек Лукуць Соф'я. За школай рос вялікі фруктовы сад. Школа здавала яблыкі на харчканцэнтраты, а на выручаныя грошы куплялі падарункі дзецям, розныя прызы.

Канешне, было зацесна, але праз некалькі год Запольская школа пераехала ў Крупаўскую, новую школу.

Вёска Заполле і школа сталі для мяне родным домам і другой радзімай. Я ж нарадзілася, вучылася і закончыла школу на Украіне, у Чарнігаўскай вобласці. А ў Заполлі і ў самой Запольскай школе акружылі мяне цяплом і клопатам. Тут з'явіліся добрыя сябры і таварышы. А якія выдатныя былі бацькі маіх навучэнцаў. Тут у Заполлі я знайшла сваё шчасце - выйшла замуж за выкладчыка працоўнага навучання Круглага Барыса Іванавіча, тут я нарадзіла дзвюх дачок.

З Запольскай школы выйшла шмат выбітных асоб. Напрыклад, Бручыкава (дзявочае прозвішча Калошка) Людміла Леанідаўна - былы член рэдакцыі "Лідскай газеты", а таксама Лапко Тадэвуш Іванавіч - былы мой пяцікласнік і пасля загадчык Лідскага РАНА.

Кожны год вясной ў школе была традыцыя фатаграфавацца. Я дасылаю некалькі фотаздымкаў.

А цяпер я жыву адна ў аграгарадку Тарнова, але адзінокасць не адчуваю, бо да мяне прыязджаюць мае дзеці, падтрымліваю сувязь з педкалектывам Тарноўскай сярэдняй школы, дзе я адпрацавала 20 гадоў. У дадатак мяне акружаюць добрыя сябры, таварышы і выдатныя суседзі.

З павагай Круглая Лідзія Міхайлаўна".

Гэтай інфармацыі, здаецца, ужо было б дастаткова. Урэшце-рэшт, яшчэ адна старонка нашай гісторыі адкрыта. Але, перабіраючы храналогію развіцця школы, прыйшлося задумацца: у якім жа годзе была афіцыйна адкрыта Запольская сярэдняя школа?

Адказ, хочацца верыць, удалося знайсці ў самім горадзе. А, менавіта, у аднаго з першых вучняў Запольскай сярэдняй школы, з якім пазнаёміла мяне дачка былога дырэктара Кашпара Валянціна Фёдаравіча Таццяна Валянцінаўна. Ён - Шурмей Казімір Станіслававіч, родам з суседняй вёскі Рапейкі.

На шчасце, Казімір Станіслававіч захаваў і фотаздымкі гэтай Запольскай школы. Справа ў тым, што аўтарам іх з'яўляецца менавіта ён сам. Паколькі не было электрычнасці (з'явілася яно ў Заполлі толькі ў 1962 годзе), каб праявіць плёнку, то малады фатограф з дапамогай дзённага святла і сонца вырабляў фотаздымкі. Такі працэс называецца кантактнай фатаграфіяй. Сярод шматлікай колькасці гэтых каштоўных кадраў ужо смела можам уявіць саму школу - яе фасад, яе архітэктурныя асаблівасці, а таксама адно з памяшканняў - клас, дзе ідзе занятак, ёсць групавыя фотаздымкі вучняў і настаўнікаў падчас пэўнага дзеяння.

Як ён мне сам прызнаўся, у школу пайшоў позна, бо так склалася ў яго здароўе, не ў першы клас, а адразу ў другі. На той час яму было 12 год. Было гэта ў 1949 годзе. Закончыў родную школу ў 21 год - у 1958 годзе. Як мне зазначыў суразмоўца, што ў пачатку школа размяшчалася ў суседняй вёсцы Хрулі, але называлася Запольскай. Дзе размяшчалася школа ў Хрулях: не вядома, бо ніякіх фотаздымкаў не засталося.

У канцы 60-х гадоў ХХ стагоддзя Запольскую сярэднюю школу закрылі.

А чаму закрылі сярэднюю школу, жыхарка аграгарадка Крупава Масла Тарэса Канстанцінаўна - былая настаўніца школы ў Заполлі (але ж не сярэдняй, а ўжо пачатковай) тлумачыць тым, што гэты будынак з'яўляўся аварыйным. Апошнім дырэктарам на той час быў Вільбік Іван Іванавіч, які, між іншым, адразу стаў першым дырэктарам Крупаўскай сярэдняй школы, адкрытай у 1969 годзе.

Для ўдакладнення гэтага пытання прыйшлося звярнуцца ў Лідскі занальны дзяржаўны архіў. Стала вядома, што на 1968-1969 гг. (гады закрыцця школы) Запольская сярэдняя школа была рэарганізавана ў пачатковую, а потым наогул перамясцілася ў адкрытую новую - Крупаўскую сярэднюю школу. Зазначу, што з першага навучальнага года ў гэтай навучальнай установе ў пачатковых класах вучылася 58 вучняў, з 5 па 8 класы - 97, а ў 9 і 10 класах - 31 школьнік. Агульная колькасць складала 186 навучэнцаў з наведваннем школы ў адну змену. Меўся прышкольны ўчастак памерам 1,5 га.

- Шкада, што не захаваўся гэты палац. Яго цяпер маглі бы выкарыстоўваць як турыстычную сядзібу ці нават як аздараўленчы цэнтр, бо тут выдатнае месца: шмат незадзейнічанай зямлі, чыстае паветра… На маіх вачах разбіралі той палац…, - гаворыць Франц Адамавіч Круглы.

Як стала вядома, было гэта ў канцы 60-ых гадоў. Франц Адамавіч у той час працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе. А на тэрыторыі калгаса "Новы Нёман", у вёсцы Панямонцы не хапала бярвёнаў для пабудовы школьнай сталовай і класаў. І было вырашана: разабраць панскую сядзібу ў Заполлі. 12-14 хлопцаў з той мясцовай гаспадаркі не маглі ўручную зрушыць панскія сцены. Да гэтай справы прыйшлося далучыцца трактарысту Ф. Кругламу, які, закінуўшы трос за бярвёны, разадраў сцены. І палац зрушыўся. Па словах суразмоўцы, бярвёны былі вельмі моцна змацаваны паміж сабою нейкім незвычайным спосабам.

- Мне, нават, дазволілі некалькі бярвёнаў узяць, - прызнаецца Франц Адамавіч. - Дык я з іх для гумна ніжні рад сцяны змайстраваў. З тых пор прайшло не мала часу, але ад іх і цяпер разносіцца звон, як з новага матэрыялу. Ды яшчэ і падлога ў каморы маёй хаты заслана з дошак таго палаца.

Каментарый. Больш дакладны лёс будматэрыялу з Запольскага палаца прыйшлося высветліць аўтару гэтага артыкула ў жыхара вёскі Панямонцы Дзірбука Канстанціна Канстанцінавіча, звязаўшыся па тэлефоне. Як стала вядома, К. Дзірбук у тыя гады (1969-1970) быў брыгадзірам той будаўнічай брыгады, якая прымала ўдзел у разборцы панскай сядзібы. На сённяшні дзень, ён застаўся адзін з тых хлопцаў. Як зазначыў суразмоўца, у дапамогу былі запрошаны і салдаты. Сярод мэблі, якая змяшчалася ў будынку, былі варштаты з урокаў працы, а разам з тым і печкі для абагрэву школы, між іншым, сцены былі атынкаваныя, моцна змацаваныя між сабою. У той час загадчыкам РАНА быў Кашпар Валянцін Фёдаравіч, які да гэтага працаваў дырэктарам Запольскай школы, а намеснікам старшыні райвыканкама быў Баранаў Георгій Паўлавіч. Разбор палаца ішоў пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Лідскага райвыканкама Кірчука Івана Казіміравіча, а старшынём калгаса "Новы Нёман" быў Блажэй Уладзімір Іванавіч. З прывезеных бярвёнаў дабудавалі класы, сталоўку Панямонскай базавай школы, нават і інтэрнат. Памер школы атрымаўся: у даўжыню 18 м, у шырыню - 12 м, а памер інтэрната - 9 м х 6 м адпаведна, будынак якога пасля атрымаў форму пабудовы ў выглядзе літары "Г". Доўгі час існавала Панямонская базавая школа, і толькі ў 2002 годзе яе дзейнасць спынілася: яна пераехала ў Пескаўскую сярэднюю школу. Цяпер гэты будынак перададзены на баланс АТ "Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых".

Запольская пачатковая школа

Пасля закрыцця сярэдняй школы ў Заполлі адкрылі пачатковую. А размяшчалася яна ў доме, дзе жылі настаўнікі, якія таксама пакінулі гэтыя мясціны і былі накіраваны на працу ў іншую школу. Масла Тарэса Канстанцінаўна паведаміла, што пасля таго, як закрылі сярэднюю школу, побач ля яе будынка адкрылася менавіта новая пачатковая школа, якая існавала з 1968 па 1983 год. Але ж і гэтая школа скончыла сваё існаванне. Прычына яе закрыцця: зменшылася колькасць дзяцей у бліжайшых вёсках. Сама суразмоўца працавала там з 1974 па 1979 год (да адкрыцця дзіцячага садка ў Крупаве), прытым, адзінай на школу і мела ў класе 17 вучняў. На шчасце, гэты будынак захаваўся да нашага часу (там жыве адзін з жыхароў вёскі Заполле).

Між іншым, у Тарэсы Канстанцінаўны захаваліся фотаздымкі, на якіх, менавіта, адлюстраваны дзеці пачатковай школы.

На той час, у Запольскай пачатковай школе мова выкладання таксама была беларуская. У першым класе было 11 вучняў, у другім - 16, у трэцім - 13, у чацвёртым - 15, усіх налічвалася 55 вучняў, і ўсе вучыліся толькі ў першую змену. Выкладчыкаў было толькі двое. На 210 метрах квадратных было 2 класныя пакоі. Ля школы быў прышкольны ўчастак, які меў памер 0,30 га. Адлегласць да пачатковай школы складала 6 км, да сямігадовай - 3 км, да сярэдняй - 4 км.

- Шмат вады ўцякло з тых пор праз нашу Крупку. Калі ўсё узгадаць, то цэлую кнігу можна было бы сабраць, - кажа Франц Круглы. - Усяго ўдалося пабачыць на сваім вяку. За працай нават не заўважыў як і гады паляцелі. Адзін застаўся з братоў. Я і цяпер не складаю рукі. Маю трактар. Але вось, каб яе трасца: аднойчы займаўся зварачнымі работамі ў камбайне і залез у цёмнае месца, хацеў як найлепш выканаць зварку, дык шчыток у гэтых нязручных умовах калі-нікалі выкарыстоўваў. Дык потым суткі не мог глядзець, ноччу вочы рэзала, быццам, жвірам хто па іх цярушыць ці напільнікам шаруе. Адно вока прайшло, а другім - перастаў бачыць. Урэшце рэшт, пасля звароту да лекара прыйшлося ампуціраваць левае вока, на якое цяпер пастаянна накладаю павязку. Нічога, жыць можна. Абы горш не было… Кватэры, машыны, сучасная тэхніка, дачы за горадам, дахоп прадуктаў - чаго болей хацець? Унукі раяць пажыць у Лідзе. Я адмаўляюся: таксама прыязджае аўталаўка, якая прывозіць усё, што замаўляеш. Праблем няма… Мне тут лепш падабаецца: прырода, агарод, свабода, сам сабе гаспадар. Я загартаваны і пранікнуты тым часам, які насычаны ў маім жыцці разнастайнымі шляхамі, праз якія прайшоў ужо амаль восьмы дзесятак гадоў і пакінуць свае мясціны не дазваляе сэрца, бо гэта тое самае, што адрачыся ад спадчыны, якая мне засталася ад продкаў.

* * *

Трэба зазначыць, што гэты матэрыял рыхтаваўся да юбілею Ігната Дамейкі. Напрыканцы 2016 года ў Ліду, а менавіта ў Лідскі гістарычна-мастацкі музей, завіталі даследчыкі жыццёвай і творчай дзейнасці вучонага. Аўтару гэтых радкоў давялося сустрэцца з цікавымі суразмоўцамі - са старшынём літоўскага таварыства імя Ігнацыя Дамейкі, акадэмікам Альгімантасам Грыгялюсам і старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Алегам Гайдукевічам.

Ад Альгімантаса Грыгялюса стала вядома, што хатняя бібліятэка Ігната Дамейкі сапраўды захавалася. Аб гэтым вядома з даследчай працы даследчыкаў Л. Коўкель і С. Мароз (Kowkiel, L. Ksiagozbior Ignacego Domeyki (w swietle inwentarza rekopismiennego z 1834 roku). In.: Od strony kresow. Studia i szkice. Cz. 2. Pod red. Haliny Bursztynskiej. Krakow: Wydawnictwo Naukowe Akademii Pedagogicznej, 2000, s. 123-135. 2. Rejestr knigam, konfiskovannym u miatieznika Ignatija Domejki, ijulj 1834 goda. Sostavil S. Moroz (in Russian). Kept at: Panstwowe Archiwum Historyczne w Grodnie (State Historical Archive in Grodno, further - PAHG), unit 31, cover 2, file 59, page 153-164v.). Ад даследчыкаў стала вядома, што рыхтуецца да выдання чарговая кніга пра нашага знакамітага земляка да 215-годдзя з дня нараджэння, у якой змесцяцца новыя звесткі і факты з яго жыцця.

Сапраўды, у першыя дні жніўня 2017 г. Беларусь адзначыла гэтыя ўгодкі: былі праведзены імпрэзы ў Менску, у якіх прымалі ўдзел прамыя нашчадкі вучонага з Чылі, Аўстраліі, ЗША. Сярод іх - праўнучка навукоўца Пас Дамейка Леа-Пласа з Аўстраліі, якая, між іншым, напісала кнігу пра свайго знакамітага продка (нядаўна кніга была перакладзена на беларускую мову).

Яна і яе сваякі ў суправаджэнні прадстаўнікоў навуковай грамадскасці, журналістаў наведалі памятныя месцы на Гарадзеншчыне, звязаныя з жыццём іх продка. Не абмінулі яны і Лідчыну, у прыватнасці - аграгарадок Крупава, дзе на базе Крупаўскай школы размяшчаецца музей, прысвечаны знакамітаму навукоўцу.

Далейшы шлях быў пракладзены ў знакамітае Заполле, што ля Крупава, дзе размяшчаецца памятны абеліск і дзе жыў вучоны.

Там, між іншым, з нагоды юбілею прайшла чарговая вырубка таго адзічэлага месца, дзе размяшчалася школа, а папярэдне - дом І. Дамейкі, што і дало магчымасць уявіць тую сядзібную хату, ад якой, на жаль, захаваліся толькі прыступкі і падмуркі.

Здаецца, на гэтым можна паставіць кропку. Але ж, працяг быў. А менавіта падчас паездкі ў Растоўскую вобласць, Няклінаўскі раён Расіі на міжнародны маладзёжны фестываль-конкурс паэзіі і паэтычных перакладаў "Берагі сяброўства", дзе мне пашанцавала пазнаёміцца з гамяльчанкай Вольгай Раўчанкай.

Так, з той жанчынай, якая пераклала кнігу аўстралійскай пісьменніцы Пас Дамейка Леа-Пласа "З Мядзвядкі - у Санцьяга-дэ-Чылі (1802-1889)". Як пазначаецца ў яе анатацыі: "Гэтае выданне - новы погляд з-за мяжы на жыццё і дзейнасць беларускага дзеяча, вучонага з сусветным імем - Ігнацыя Дамейкі, прадзядулі аўтаркі.

Яна акцэнтуе ўвагу на душэўных якасцях і высокіх маральных прынцыпах асветніка, які знайшоў сваё месца ў Чылі, але сэрцам заўсёды заставаўся на Радзіме. У кнізе аўтарка выкарыстоўвае дзённікі свайго знакамітага продка і яго перапіску з вядомымі асобамі XIX стагоддзя. Яна засяроджвае ўвагу на пачуццях свайго героя, паказвае, што дасягненні вялікага навукоўца, якія займаюць пачэснае месца ў гісторыі, навуцы і культуры Беларусі, Літвы, Польшчы і Чылі, ідуць побач з глыбокімі перажываннямі і чулай душой. Пас Дамейка гэтым даводзіць думку аб тым, што важна берагчы наш далікатны свет.

Першапачатковы пераклад Вольгі Раўчанкі быў зроблены на рускай мове, таму ёсць мажлівасць выхаду кнігі і на рускай мове. А пакуль, праз аўтара гэтых радкоў, адзін з асобнікаў на беларускай мове Вольга Іванаўна падаравала ў музей Ігнацыя Дамейкі Крупаўскай школы. Гэта значыць, што фонд яго зноў павялічыўся.

P. S. Калі ў вас ёсць цікавая гісторыя з мінулага нашагапрынёманскага краю, калі ласка, падзяліцеся, напішыце. Давайце разам збіраць і занатоўваць гісторыю роднай зямлі!

Аўтар выказвае падзяку ў дапамозе па падрыхтоўцы матэрыяла старшаму навуковаму супрацоўніку Лідскага гістарычна-мастацкага музея Сліўкіну Валерыю Васільевічу, а таксама загадчыку гістарычна-краязнаўчага музея "Час. Падзеі. Людзі" Крупаўскай сярэдняй школы Гівойну Івану Барысавічу і настаўніцы Гівойна Марыі Аляксандраўне, дырэктару Лідскага занальнага дзяржаўнага архіва Свірко Святлане Генадзеўне, былым настаўнікам і вучням Запольскай школы і іншым сведкам, якія ўзгаданы ў матэрыяле.

Спіс выкарыстаных крыніц:

1. Суднік С. Расчыстка сядзібы Ігната Дамейкі ў Заполлі // Лідскі летапісец, № 3 (35), 2006 г.

2. Суднік С. Доўгачаканая знаходка // Лідскі летапісец, № 2 (38), 2007 г.

3. Суднік С. Закончана расчыстка сядзібы Ігната Дамейкі ў Заполлі // Наша слова, № 36 (772), 2006 г., 6 верасня.

4. Хітрун А. Запольская зямелька з сядзібай Дамейкі, або Аб тым, у якім стане захоўваецца маёнтак чылійскага вучонага // Лідская газета, № 97 (12505), 2014 г., 28 жніўня.

5. Хітрун А. Запольская школа? Дык гэта ж мая школа! // Лідская газета, № 5 (12561), 2015 г., 17 студзеня.

6. Хітрун А. Алея напамінае аб былым Заполлі, а малітоўнік аб дзедзе Юзэфе // Лідская газета, № 39 (12595), 2015 г., 20 мая.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX