Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Лідчына ў паўстаньні 1863 года 


Аўтар: Суднік С., Сліўкін В.,
Дадана: 01-02-2000,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 4.



Лідзкі павет Віленскага краю, на паўдарозе паміж дзьвюмя сталіцамі Наваградкам і Вільняй, цэнтр летапіснай Літвы, унікальны славяня-балцкі кангламерат. На працягу 500 гадоў ён выконваў адну дзяржаўную задачу; стратэгічнай важнасьці. Ён рэгулярна з года ў год, з вайны на вайну пастаўляў людзкія і матэрыяльныя рэсурсы ў войска Вялікага Княства. Сіняя вада, Ворскла, Грунвальд, Ворша, Смаленск, Масква, Пскоў - усюды былі лідзкія харугвы. Усюды дзе ішла бітва за незалежнасьць свайго Краю, сваёй Радзімы. Пад камандай Гедыміна Альгерда, Кейстута, Ягайлы, Вітаута, Радзівілаў, Сапегі, Глінскіх, Касьцюшкі, Ясінскага, Панятоўскага, пад сьцягамі з Пагоняй біліся за свой Край. Праходзіла 20-30 гадоў пасьля чарговай паразы, падрастала новае пакаленьне і Лідзкі павет ізноў быў гатовы паслаць сваю моладзь на бітву. Панёсшы вялікія страты ў паўстаньні 1794 года, ў вайне 1812 года, у паўстаньні 1813 года Лідзкі павет у 1863 годзе быў адной з самых падрыхтаваных да паўстаньня тэрыторый.

Густа заселены, зь вялікім працэнтам баявой, ганаровай і гарачай шляхты, з балоцістай і лясной мясцовасьцю ён мусіў сказаць сваё важкае слова ў гэтым паўстаньні. Мусіў і сказаў. Цэнтрам паўстаньня 1863 года на Беларусі была сталіца - Вільня. Лідзкі павет быў суседнім зь Віленскім. Лідзян вельмі шмат было ў Вільні . Яны былі знаёмыя паміж сабой. Далучэньне да паўстанцкага руху аднаго цягнула далучэньне другога. Вакол Каліноўскага мы бачым некалькі відных лідзян, прычым на самых высокіх пасадах.

Перш за ўсю гэта Валеры Урублеўскі (нарадзіўся 27 сьнежня 1836 г. у мястэчку Жалудок Лідзкага павету). Адзін з выдаўцоў "Мужыцкай праўды",начальнік паўстанцкіх сілаў на Гродзеншчыне, камандзір атрада, палкоўнік ВКЛ.

Цітус Далеўскі (нарадзіўся 13 травеня 1840 г. у фальварку Кункулка Лідзкага павету. Дакладнае месцазнаходжаньне фальварка нам не вядома. ) Найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага.

Францішак Далеўскі (1825-25.04.1904г., фальварак Руднікі Лідскага павета), брат Цітуса. Адзін з кіраўнікоў партыі белых.

Кастусь Далеўскі (1837 - 25.05.1871г.) брат Цітуса, камандзір атрада на Ковеншчыне.

Апалонія Далеўская (1841 - 1915), сястра Цітуса, жонка Зігмунта Серакоўскага.

Эмануэль Юндзіл, сын вядомага, батаніка Станіслава Юндзіла з в.Ясенцы Лідзкага павета.

Нейкім чынам можа была зьвязана зь Лідчынай і нарачоная Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант. Нарадзілася яна ў Вільні . Бацька яе, Тадэвуш Ямант, узначальваў адміністрацыю маёнткаў князя Вітгенштэйна, якому належала і Дакудава. У Марыі былі тры сястры і чатыры браты . Марыя, яе бацька, маці, дзьве сястры і брат Юзаф былі арыштаваны і сасланы ў Сібір. Лёс трох малодшых непаўналетніх братоў Марыі дакладна невядомы. Ці яны дабраахвотны паехалі за бацькам ў Сібір, ці засталіся ў нейкай радні. Але ў 1886 годзе ў Дакудаве ў сям'і Казіміра Яманта, якому ў час паўстаньня было 13 гадоў, нараджаецца вядомы мастак Браніслаў Ямант. Значыць Яманты мелі сувязі з Вітгенштэйнам і Лідчынай. А гэта дае падставы меркаваць, што калі да паўстаньня Яманты і не жылі ў Дакудаве, то, прынамсі маглі бываць, у тым ліку і Марыя, нарачоная Кастуся Каліноўскага.

2 лютага, праз 10 дзён пасьля пачатку паўстаньня ў Польшчы Літоўскі правінцыйны камітэт заклікаў падтрамаць паўстаньне.

13 лютага Людвік Нарбут атрымаў зь Вільні загад узначаліць паўстаньне ў Лідзкім павеце. І павет паўстаў .

Лідзкі павет паўстаў першым на тэрыторыі Беларусі. На Гарадзеншчыне, дзе ў гэты час быў сам Каліноўскі і само-сабой Урублеўскі, паўстаньне пачалося толькі 24 красавіка.

У Лідзкім павеце на тую пару ўжо ва ўсю ішлі баі.

Выключная роля ў пад'ёме павета належала каталіцкаму касьцёлу. У большасьці парафій ксяндзы з амбонаў зачыталі маніфест паўстаньня і заклікалі народ да барацьбы. Гісторыя захавала імёны некаторых зь іх. У аддзел Людвіка Нарбута пасьля зачытаньня маніфесту паўстаньня ў Эйшышкаўскім касьцёле (тады Лідзкі павет) прыбыў малады ксёндз Юзаф Гарбачэўскі. 22 травеня 1863 года пасьля прызначэньня Віленскім генерал-губернатарам, Мураўёвыу - вешальнік расстраляў першага паўстанца. Ім быў Жалудокскі вікары ксёндз Станіслаў Ішчора. 24 травеня 1863 года ў Вільні быў расстраляны ваверскі пробашч ксёндз Земацкі, 22 чэрвеня 1863 года ў Лідзе расстраляны ішчолнскі пробашч ксёндз Адам Фалькоўскі. Ксёндз Ануфры Сырвід, пробашч Васілішскі сасланы ў Сібір. Гэта тыя, што сталі вядомымі, а колькі іх засталося па-за паперай і памяцьцю, але яны не менш мужна і чэсна зрабілі сваю справу. Яны паднялі народ і ішлі з гэтым народам да канца.

Да паўстаньня ў Лідзкім павеце было 20 касьцёлаў. Пасьля паўстаньня засталося 13. Сем было зачынена.

Адразу, пасьля атрыманьня загаду Людвік Нарбут сабраў першы атрад з васьмі чалавек. У яго ўвайшлі сам Людвік, яго брат Баляслаў, Уладзіслаў Пілецкі і пяць сялянаў. Дарэчы, трэба адзначыць, што, як бы хто гэта не хацеў замоўчаць, паўтаньне 1863 года ў Лідзкім павеце, як і ў цэлым па Беларусі было не шляхочым, а ўсенародным. Сасланую, растраляную, павешаную, эміграваную шляхту па ўсёй Беларусі мы лічым на сотні. Агульную колькасьць сасланых у Сібір, на катаргу, у арыштанцкія роты на дзесяткі тысяч. Адкуль яны ўзяліся? Адказ просты: зь сялян і мяшчан.

9 сакавіка Нарбут даў першы бой. Перад гэтым да аддзелу далучыўся Лявон Краінскі з групай сялян і ўжо згаданы ксёндз Юзаф Гарбачэўскі, які стаў капеланам аддзела. Пры пераходзе ў Рудніцкую пушчу пад Руднікамі пры выхадзе зь лесу аддзел Нарбута колькасьцю каля 80 чалавек шляхты, студэнтаў і сялян сустрэў сотню казакоў і дзьве роты стралкоў. Пасьля першых стрэлаў казакі ўцяклі. А пяхота адступіла. Аддзел у паходным парадку пераправіўся цераз рэчку Сольчу. Пасьля гэтай сутычкі да аддзела далучылася група моладзі зь Вільні на чале з мастаком Міхалам Эльвірам Андрыёлі (1836-1893).

У сакавіку аддзел вярнуўся ў Начскую пушчу і стаў лагерам поблізу в. Паддубічы. 11 красавіка адбыўся другі бой. Ноччу конныя паўстанцы разабралі пад Берштамі мост цераз р.Котру. Сюды пасьпеў аддзел пад камандваньнем гвардзейскага капітана Цімафеева сілаю ў дзьве роты Паўлаўскага палка і 36 казакоў Данскога палка.

Па атрыманых ім зьвестках аддзел Нарбута знайходзіўся каля фальварка Глямбокі памешчыка Мікульскага, дзе Нарбут разам з ксяндзом Ю. Гарбачэўскім прыводзіў да прысягі прыбыўшых у аддзел сялян. Выведка папярэдзіла Л.Нарбута пра набліжэньне непрыяцеля, і ён вырашыў даць бой. Як толькі ланцуг стралкоў выйшаў на ўзлесьсе, па яму быў адкрыты агонь. Дзякуючы лічэбнай перавазе і наяўнасці штуцараў царскія роты наступалі "рухаючыся месцамі па пояс у вадзе па густым балоцістым лесе". Паўстанцы адступілі ведучы моцны ружэйны агонь. У расейцаў забіта два, паранена пяць, у паўстанцаў забіты адзін, паранена пяць.

Акрамя нарбутаўскага, ў Лідзкім павеце дзейнічала яшчэ некалькі аддзелаў. Адным зь іх камандваў Баляслаў Навіцкі.

Вялікія бітва паўстанцаў з царскімі войскамі адбылася на полі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы. Паўстанцы панеслі тут вялікія страты і адступілі праз балоты ў бок Нёмана. Нажаль, ні прозьвішча камандзіра аддзела, ні імёны палеглых у гэтай бітве невядомыя. Але ўжо сёньня мы можам гаварыць пра аднаго з магчымых удзельнікаў гэтай бітвы. Гэта Кастусь Кашыц ( Kaszyc, 1828 -1881 гг.), сын Юзафа Кашыца, маршалка Наваградзкага. Кастусь Кашыц - выпускнік Дэрпцкага (Талінскага) універсітэта, беларускі пісьменьнік, уладальнік Тарнова, Белагруды, Малога Ольжава. За ўдзел у паўстаньні быў сасланы і да 1866 года быў у высылцы. Тэрмін высылкі невялікі, таму казаць, што Кашыц кіраваў гэтым аддзелам няма вялікіх падстаў. Камандзір аддзела мог быць проста расстраляны, а калі сасланы, то надоўга. Магчыма, што Кашыц ваяваў зусім у іншым месцы. Але тут ёсць невялікае "але".

Перш на конт тэрміну высылкі. Царскія сьледчыя маглі і ня ведаць паслужнога сьпісу Кашыца. Другое. Пасьля бітвы, якая адбывалася на землях самога Кашыца пад Малым Ольжавам і Белагрудай, усе паўстанцы былі пахаваны проста на полі бою. Было пастаўлена некалькі помнікаў. Пры Саветах гэтыя помнікі пасьцягалі трактарамі ў балота, але адзін ацалеў і зараз абноўлены. Пасьля паўстаньня маёнткі Кашыца перайшлі да расейскага палкоўніка, пазьней генерал-лейтынанта Зьміцера Маўроса. Маўрос на сваіх землях помнікі паўстанцам ня ставіў бы. Відочна, помнікі пасьпелі паставіць яшчэ ў час паўстаньня. Пастаноўка гэтых помнікаў - вялікая рызыка. Хто мог на яе пайсьці? Хутчэй за ўсё той, каго нешта вельмі моцна лучыла з палеглымі. Лучыць магло перш за ўсё сумеснае змаганьне. У гэтым выпадку матывы пастаноўкі гэтых помнікаў зразумелыя.

У красавіку аддзелы Нарбута і Навіцкага перамясьціліся ў Гарадзенскую пушчу. 8 красавіка палкоўнік Вернер, у падпарадкаваньні якога былі тры роты пяхоты, эскадрон уланаў, 20 казакоў і гармата - усяго 805 штыхоў і шабель атрымаў паведамленьне, што Лідзкі аддзел у колькасьці ня менш 300 чалавек разьмясціўся лагерам у ваколіцах возера Думбля ў Лапшуцянскім лесе. Тут адбыўся трэці бой аддзела, вядомы як бой пад Кавалькамі. Бой цягнуўся 4 гадзіны. Страты ў царскіх жаўнераў - 10 параненых, у паўстанцаў - 7 забітых, у тым ліку Войтак Нарбут і Уладзіслаў Навіцкі і каля дзесяці параненых. Людвіку Нарбуту тым не менш удалося вывесці аддзел з акружэньня і захаваць сілы. Яму была нададзена годнасьць палкоўніка і загадам 18 красавіка ён быў прызначаны начальнікам усімі баявымі сіламі паўстанцаў па Беларусі і Летуве.

24 красавіка нарэшце выступіў Гарадзенскі павет. І Нарбут павярнуў на Лідчыну. 4 травеня лёс зноў зьвёў Нарбута з капітанам Цімафеевым, на гэты раз на рэчцы Котра пад Дубічамі. Цімафееву дапамог мясцовы селянін Базылевіч, які за грошы вывез пераапранутага ў сялянскую вопратку Цімафеевва пад самы лагер аддзела. Першая рота Паўлаўскага палка засьпела паўстанцаў зьнянацку, але біліся яны па-майстэрску: адступалі перакатамі ў дзьве лініі - адна лінія адстрэльвалася, другая перабягала і залягала. Людвік Нарбут стаў адной зь першых ахвяр: пахіснуўся, упаў на калені, калі да яго кінуліся на дапамогу, гукнуў:"Гэта нічога, нічога…" Яго падхапілі на рукі і панесьлі, але выратаваць ужо не маглі, ранены ён быў смяртэльна. Людвік пасьпеў перадаць паперы і грошы аднаму са сваіх памочнікаў, але і той упаў побач забіты кулямі. У гэтым баі загінулі Л.Красінскі, Т.Скірмунт, Я.Ёдка, Гемза, Ігнат Тарасевіч, Лідзкі фельчар Лукашэвіч і яшчэ 5 ці 6 чалавек. 25 паўстанцаў трапіла ў палон.

Цімафееў дазволіў пахаваць каля Дубіцкага касьцёла ўсіх загінуўшых. Мураўёў-вешальнік загадаў Дубіцкі касьцёл разбурыць, а могілкі зраўняць зь зямлёю. 6 жніўня 1933 года тут быў пастаўлены помнік.

Рэшткі Лідзкага аддзела ўзначалілі Баляслаў Нарбут і Парадоўскі - Астрога. Яны вывелі аддзел у Гарадзенскую пушчу, а затым у Аўгустоўскія лясы.

А ў гэты час лідзяне біліся з ворагам на ўсіх абшчарах Вялікага Княства. Францішак Нарбут быў капітанам паўстанцаў на Валыні.

Фелікс Калышка з таго ж фальварка Карманішкі Лідзкага павета ўзначальваў аддзел на Віліншчыне і Аўгустоўшчыне. Бяляслаў Калышка з таго ж фальварка Карманішкі, камандзір паўстанцкага аддзела на Ковеншчыне.

У гісторыі захаваліся імёны далёка ня ўсіх герояў, але мы мусім пералічыць тых, каго ведаем.



Ураджэнцы і жыхары Лідзкага павета забітыя ў баях:
Нарбут Людвік, (26.08.1832 -22.04./5.05/1863), 31 год, начальнік паўстаньня на Лідчыне, забіты пад Дубічамі.
Нарбут Войтак-Юліян (1847-1863), 16 гадоў, сын Карнелія-Андрэя, забіты пад Кавалькамі.
Беразоўскі Аляксандар, забіты пад Дубічамі.
Беразоўскі Францішак, забіты пад Дубічамі.
Гемза, забіты пад Дубічамі.
Ёдка Я., забіты пад Дубічамі.
Жукоўскі Уладзіслаў.забіты пад Дубічамі.
Краінскі Лявон з Хрышанішак. Забіты пад Дубічамі.
Лукашэвіч, забіты пад Дубічамі.
Навіцкі Уладзіслаў, забіты пад Кавалькамі.
Паплаўскі Уладзімір з фальварка Крэвін Сабакінскай гміны, забіты пад Дубічамі.
Ракемпіновіч, забіты пад Дубічамі.
Скірмунт Т., забіты пад Дубічамі.
Тарасевіч Ігнат, забіты пад Дубічамі.
Хабаровіч Стэфан, забіты пад Дубічамі.
Дзесяткі, сотні невядомых.

Растраляны і павешаны:
Ксёндз Земацкі Раймунд, ваверскі пробашч растраляны 22.05.1863 года ў Вільні па выраку вайсковага суда за чытаньне ў касьцёле маніфеста паўстаньня.
Ксёндз Ішора Станіслаў, жалудокскі вікары, растраляны 22.05.1863 года ў Вільні па выраку ваеннага суда.
Ксёндз Фалькоўскі Адам, ішчолнскі пробашч, растраляны ў Лідзе на выгане (зараз гарадзкі парк на вуглу вуліц Перамогі і 8-га сакавіка) 24 чэрвеня 1863 года за чытаньне ў ішчолнскім касьцёле маніфеста паўстаньня.
Далеўскі Цітус (1/13/05.1840-30.12/11.01./1864 года) публічна растраляны на Лукішскім пляцы ў Вільні.
Калышка Баляслаў (26.07/7.08/1837-20.05/9.06/1863 года, камандзір Ковенскага аддзела, павешаны на Лукішскім пляцы ў Вільні.
Ласковіч Альберт, малады памешчык з Кір'янаўцаў, растраляны 5 чэрвеня 1863 года за тое, што ў Наваельнінскім касьцёле спытаў ксяндза, чаму той не чытае маніфеста паўстаньня.
Лясьноўскі Юльян, памешчык зь Ліды, павешаны ў Вільні за прачытаньне маніфеста сялянам. Усяго на Беларусі і Літуве пакарана сьмерцю было 8 ксяндзоў. Трое зь іх зь Лідзкага павету. Было выслана 36 ксяндзоў.

Сасланы ў Сібір на катаргу:
Вільбік Стэфан з Ліпкунцаў, вярбоўшчык паўстанцаў. Яго дыялог з сукамернікамі: "Што са мной будзе?" "Могуць павесіць". "А ці траплю я ў гісторыю?" "Абавязклва". "Слава Богу, хай вешаюць".
Далеўскі Францішак, 10 гадоў катаргі ў Сібіры да паўстаньня і 20 гадоў катаргі пасьля паўстаньня.
Клімантовіч Уладзіслаў, капітан.
Мінскі Войтак.
Пясецкі, рэктар.
Струміла, рэктар.
Таленская Альжбэта.
Таленская Антаніна.

Сасланы ў Сібір на пасяленьне:
Альхімовіч Казімір (1840-1916), вядомы мастак.
Андрэйкавіч.
Вільканец Фёдар. Губернскі сакратар, чыноўнік Гарадзенскай казённай палаты, высланы ў Шчадрынск Пермскай губерніі.
Гажыч Вітольд. Грамадзянскі начальнік Лідзкага павету з травеня 1863 года, праваслаўны, памёр ад тыфу па дарозе ў Сібір.
Далеўская (Серакоўская) Апалонія, выслана ў Ноўгарад, аўтар успамінаў пра паўстаньне.
Жукоўскі Ян.
Кашыц Кастусь.
Нарбут Баляслаў (24.112.1843-8.09.1889), 20 гадоў, ад'ютант і брат Людвіка Нарбута, сасланы ў Краснаярск, памёр у Шаўрах ад туберкулёзу.
Нарбут Крысціна (1803-1899), у дзявоцтве Падзеўская). Маці Людвіка і інш. Нарбутаў (6 сыноў і 4 дачок), выслана ў Пермскую губернію, пахована ў Шаўрах.
Нарбут Мірон -Браніслаў, сакратар наваградзкай канцылярыі, напісаў успаміны, сасланы ў арэнбургскую губернію.
Петрыкоўскі Анзелем.
Ксёндз Сырвід Ануфры, пробашч Васілішкі, за чытаньне маніфеста быў асуджены на сьмерць, але, дзякуючы заступніцтву губернатаршы Патапавай з дому князёў Абаленскіх памілаваны і сасланы ў тамбоўскую губернію, дзе праз некалькі гадоў памёр.
Тышкевіч Кароль, з Жырмун, доктар, сасланы ў пермскую губернію на пасяленьне.
Шукевіч Томаш, Лідзкі павятовы суддзя, сябар паўстанцкага камітэта, збіраў падаткі для паўстанцаў. Сасланы ў Ніжагародзкую губерню.


Усяго зь Беларусі ў Сібір было вывезена 1329 чалавек, у войска было аддадзена яшчэ 12 тысяч чалавек.

Аказаліся па эміграцыі:
Александровіч Ксаверы з Нявешы.
Бердаўскі Эдвард з Няпрахі.
Грымайла Фелікс.
Далеўскі Кастусь, расстраляны версальцамі пад час разгрому Парыжскай камуны.
Захватовіч Вінцэнт - уладальнік Бердаўкі.
Зьвяровіч Адольф.
Зьвяровіч Аляксандар.
Клімантовіч Генрык.
Клюковіч.
Юндзіл Эмануэль.
Масальскі.
Масальская, у дзявоцтве Захватовіч.
Манчунская Тэадора, у дзявоцтве Нарбут.
Марачэўскі Адам.
Двое Марачэўскіх.
Нарбут Браніслаў (1854-?).
Нарбут Францішак-Салезі (9.11.1845-7.10.1892), капітан паўстанцкіх сілаў на Валыні, эміграваў у Венгрыю.
Паплаўскі Юльян, уладальнік Капцюхоў, Кажаняк і Ваўчынак, быў арыштаваны за дапамогу паўстанцам - дастаўка зброі, вопраткі, жыўнасьці - пасаджаны ў вязніцу пры касьцёле Св.Пятра ў Вільні. Вызвалены за хабар. Дзед па мацеры Грымайла-Прыбыткі, аднаго з аўтараў "З.л.".
Пульяноўскі Напалеон.
Расніцкі Станіслаў.
Рыхлевіч Ян.
Сямашка Ян.
Сумарок Юзаф.
Таленскі Кіпрыян.
Таленскі Яраслаў.
Урублеўскі Валеры (1836-1907), начальнік Сакольскай лясной школы, у канцы паўстаньня - начальнік узброеных сілаў Гарадзенскай губерніі, генерал парыжскай камуны, асабісты сябар Маркса і Энгельса.
Хензел Кастусь з Валдацішак, студэнт матэматыкі і медыцыны ў Пецярбургу, грамадзянскі начальнік Лідзкага павета, уцёк у Парыж у травені 1863 года.
Хеншал Уладзіслаў.
Хеншал Людвік.
Шалевіч Казімір.
31-34 чатыры браты Янкоўскія, Пётр, Аляксандр, Кастусь і Стэфан, сыны Пятра Янкоўскага з маёнтка Рачкоўшчына.

У большасьці ўдзельнікаў паўстаньня, якія мелі маёнткі, гэтыя маёнткі былі канфіскаваны. Сярод іх Мілінкеквіч Казімір і многія іншыя, што не трапілі ў папярэднія сьпісы. Усе Лідзкія чыноўнікі адлічвалі ад свайго "жалаваньня" на 2 працэнты на паўстаньне. Таму і зь іх шмат хто мусіў расплачвацца і маёмасьцю і эміграцыяй…


Вечная слава палеглым і ацалелым на векі вякоў !
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX