Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута [1]
«Колькі будуць Панары стаяць,
а воды Нёмана цячы і віраваць,
столькі наканавана дому Нарбутаў
на зямлі Лідскай славу збіраць!»
Раздзел І
Род Нарбутаў. Шаўры. Гісторык Літвы Тэадор Нарбут. Год 1812. У герцага Басано. Далейшыя прыгоды. Амністыя. Вяртанне ў Шаўры. Сужэнства з Крысцінай Садоўскай. Гаспадарства.
Так калісьці гаварылі пра старажытны род Нарбутаў і яго значэнне для Лідскай зямлі. Істотным было тое, што Остык-Нарбуты жылі ў Літве з незапамятных часоў і, шырока разгалінаваўшыся, стварылі заможны і ўплывовы род.
Знакаміты гісторык Літвы Тэадор Нарбут сваё паходжанне вёў ад Лідзейкі. Аднак насамрэч Нарбуты былі нашчадкамі Остыка, аднаго з літоўскіх князёў, імя якога Нарбуты насілі як прыдомак да свайго прозвішча. У 1413 годзе Нарбуты атрымалі права на герб Трубы. Гэты род заўсёды і пры кожнай патрэбе верна служыў свайму краю, набываючы з часам гонар і значнасць.
У XVI-м стагоддзі Нарбуты атрымалі пасапраўднаму каралеўскі дар - значная частка маёмасці была нададзена ім пасля Міхала Глінскага: вялікія зямельныя ўладанні ў Лідскім павеце, вялікія маёнткі ў Ашмянскім і Віленскім паветах, а таксама маёмасць на Жмудзі.
Адна з галін роду Нарбутаў асела ў Лідскім павеце ў маёнтку Шаўры, назва якога паходзіць ад літоўскага слова «сіеўрас», што азначае яшчарка.
У гэтых самых Шаўрах і прыйшоў на свет у 1784 годзе Тэадор Нарбут - даследчык Літвы, бацька Людвіка - кіраўніка паўстання 1863 года.
Ужо ў дзяцінстве Тэадор Нарбут вызначаўся незвычайным розумам. У падлеткавым узросце яго зацікавіла гісторыя паганскай Літвы: нават бачыў сны пра Міндоўга і вайдэлотаў [2]. У 1803 годзе Тэадор скончыў курс навукі ў Віленскім універсітэце і апынуўся на вайсковай службе ў Пецярбургу. Як склаўся там лёс будучага даследчыка Літвы ўявіць цяжка.
Падчас адной з ваенных сутычак Расіі са Швецыяй Нарбут атрымаў кантузію і амаль зусім страціў слых. Па прычыне глухаты быў пераведзены ў штаб, дзе яго і напаткаў 1812 год.
Падзеі гэтага года ўзрушылі Нарбута так глыбока, што пакінулі ў яго памяці незабыўныя ўражанні да самай старасці.
Гарачы патрыёт роднага краю - Тэадор душыўся і мучыўся ў абціскаўшым яго расійскім мундзіры, чакаў вызваліцеля Напалеона і выказваў свае экзальтаваныя пачуцці ў паэзіі. У адным са сваіх тагачасных твораў ён апавядае пра сустрэчу на Замкавай гары ў Вільні з духам Лідзейкі. Першае, што робіць дух прыняўшы вобраз архікаплана ў такі важны для Літвы момант - знімае з галавы Тэадора трохкутны капялюш [3], ненавісны і непрыстойны для Нарбута. Гэты паэтычны твор доўгі час захоўваўся ў сям'і і загінуў пад час падзей 1863 года.
У 1812 годзе Тэадор Нарбут у складзе рускага штаба знаходзіцца ў Вільні, туды ў той самы час прыбывае Аляксандр I. З вокам павернутым на Захад, будучы гісторык Літвы разам з іншымі суайчыннікамі жывіўся надзеяй і чакаў збегу акалічнасцей. Як раз тады да яго зайшоў малады штабіст, князь Кацэбу [4] з весткай аб прызначаным на заўтрашні дзень адступленні расійскіх войск з Вільні.
- Што думаеш рабіць? - запытаў Кацэбу.
- Схавацца і застацца тут, - шчыра адказаў Нарбут. - Можа сваім на што-небудзь прыдамся.
Цар Аляксандр I пакінуў горад. Напалеон пераправіўся цераз Нёман і наблізіўся да сталіцы Гедыміна. Назаўтра, на світанку расейскія палкі пачалі выходзіць з Вільні, маршыруючы праз завулкі і вуліцы горада. Усе дзверы і вокны былі шчыльна зачынены і завешаны.
Нарбут схаваўся ў знаёмага купца. Падчас хаосу адступлення яго адсутнасць пры штабе не заўважылі. З першымі промнямі ўзыходзячага сонца ў Вільню ўвайшоў французскі авангард - аддзел польскіх уланаў князя Радзівіла. Умомант абудзіўся ад сну цэлы горад, адчыняліся дзверы, вокны і людскія сэрцы.
Шалёны энтузіязм ахапіў месцічаў. Пачуцці выбухнулі ў крыкі радасці. Жанчыны кідаліся да коней, лашчылі і нават цалавалі іх. Армія французаў уваходзіла ў горад.
Падхоплены на вуліцах людскімі хвалямі, Нарбут быў запхнуты ў нейкую невялічкую крамку, дзе зусім змучаны затрымаўся на хвілінку. На стале ляжалі пашарпаныя лісткі старога друку. Прыгледзеўся і закрычаў ад радасці. Гэта былі рэшткі Дыярыюша крыжацкіх дарог на Літве [5], Бог ведае, якім лёсам тут апынулася гэтакая каштоўнасць.
Думка пра гістарычную мінуўшчыну ўзяла верх над настроем тагачаснай хвіліны. Забыўшыся пра час, пра Напалеона, Тэадор занатоўваў словы старога друку. Не многа змог выкарыстаць з гэтых шматкоў будучы гісторык Літвы. І толькі пазней, асеўшы ў Шаўрах, ён грунтоўна выканаў даследніцкую працу.
Выбег з крамкі і, каб убачыць Напалеона, Нарбут накіраваўся да Зялёнага моста.
Імператар сядзеў на вялікіх бэльках і наглядаў за работай сапёраў, якія будавалі мост цераз Вілію - стары мост спалілі расейцы пакідаючы горад. За ракой, падпаленыя казакамі, гарэлі склады са збожжам, прадмесце Вільні і вёскі. Дым у паветры зацямняў яснасць раніцы.
Нарбут вырашыў адразу пайсці на службу да імператара Францыі. Каля Напалеона, аточанага цесным колам маршалаў і ад'ютантаў, стаяў тутэйшы настаяцель айцоў піяраў, ксёндз Гладоўскі. Непасрэдна да яго і звярнуўся Нарбут па пратэкцыю. Хацеў працаваць перакладчыкам, бо ведаў дзевяць еўрапейскіх моваў. Напалеон на хвіліну павярнуў галаву. Сталёвыя вочы ўважліва агледзелі постаць Нарбута.
Загадаў прыняць Нарбута ў канцылярыю міністра Басано [6] і не звяртаў болей увагі на просбіта. Нарбут атрымаў абмундзіраванне і грашовае забеспячэнне: дзесяць франкаў у дзень, сівую кабылу для раз'ездаў і грошы на яе ўтрыманне.
Большага Тэадор і не жадаў. Пачуваўся шчасліва, але меў шмат работы.
Канцылярыя герцага Басано атрымоўвала палітычная і дыпламатычныя паперы большай або меншай важнасці, прыходзілі прыватныя петыцыі, ішла прыватная карэспандэнцыя. Усё гэта патрэбна было прачытаць, зарэгістраваць у кнізе і перакласці.
Герцаг Басано часта нават уначы пастаянна меў нейкія пытанні і, паколькі Нарбут быў глухі, дык даваў яму пісьмовыя загады. Часта Нарбута пасылалі з важнымі заданнямі, якія ён выконваў сумленна, і таму здабыў давер князя і павагу калег.
Нарэшце надышоў эпілог гістарычнай драмы - трагічнае вяртанне з Масквы.
Нарбут не пакідаў Вільні і з вялікім непакоем назіраў за тым, як з галоўнага імператарскага штаба пачыналі наплываць туманныя загады і няясныя рапарты. Злавесныя весткі ішлі ў Вільню з хуткасцю тэлеграфа, якога яшчэ і не было. У канцылярыі герцага Басано нарастаў хаос. Напалеон з-пад Бярэзіны, едучы ў Парыж таемна прамчаўся праз Вільню, за ім імчалася смерць.
За Напалеонам з Вільні спешна рушыў увесь штаб. Урэшце пацягнуліся недабіткі Вялікай арміі, абазначаючы трупамі свой снежны шлях адыходу.
Ваенная эпапея заканчвалася. Год 1812 сыходзіў у бездань вякоў! Прайшоў, як ураган, як сон, поўны казачных прывідаў.
Разам з канцылярыяй Басано пацягнуўся за Нёман на сваёй Сіўцы і Нарбут. Але ўжо каля Аўгустова ён зразумеў, што не можа бадзяцца недзе на чужыне і вырашыў застацца на Радзіме. Павярнуў Сіўку і паехаў да свайго сваяка Прота Нарбута, які жыў тут недалёка. Прот - сын вядомага прыгажуна Нарбута, які быў аздобай салона на «чацвярговых абедах» [7] караля Станіслава Панятоўскага.
Спадар Прот і яго дачка Клемянціна прынялі Тэадора са стараліцвінскай гасціннасцю, і гісторык змог тут адпачыць ад перажытага. Час бавілі за размовамі пры каміне. Клямуся, займаючыся вышыўкай, уважліва слухала сваяка і выходзіла толькі каб у стайні папесціць Сіўку.
У Краі тым часам канала астатняе рэха той буры, якая яго страсянула. Кароткі сон мінуў. Тутэйшую грамадскасць будзіла цяжкая рэчаіснасць. Усе правінцыі атрымалі новую ўладу і новыя правы. Шукалі дэзерціраў. Чуйнае вушка Клямусі з непакоем прыслухоўвалася да ўсіх чутак. І аднойчы яна прыбегла з весткай пра набліжэнне казакаў.
Сіўка стаяла каля ганка пад сядлом. Казакі ўжо ўязджалі праз браму, таму часу ў Тэадора амаль не было. Сіўка з вершнікам адным скокам пераскочыла цераз плот і пагнала. За ёй пусціліся казакі, але, не здолеўшы дагнаць, сыпанулі градам куль. Параненая раз і другі Сіўка яшчэ бегла. Урэшце яе дабіла трэцяя куля, і Сіўка звалілася каля зарослага густым чаротам возера. Тэадор схаваўся і перасядзеў тут да ночы, але яшчэ доўга разлятаўся тупат коней, доўга свісталі кулі над чаротам.
Калі ўсё сціхла, начны змрок ахінуў зямлю. Нарбут выйшаў з укрыцця і асцярожна скіраваўся да бліжэйшай плябаніі. Падалося, што ксёндз-пробашч чакаў яго. Ціха сам адчыніў яму дзверы і правёў ва ўнутр. Тут пераапрануў парабкам і пасадзіў яго як вазніцу на вазок, загадаўшы як быццам везці ксендза да хворага. Узяў з касцёла св. Сакрамант.
Ксёндз у начной цемры падказваў дарогу. Праз некаторы час стаялі перад леснічоўкай.
Ксёндз паставіў св. Сакрамант на стале, паклікаў усю сям'ю лесніка і загадаў ім прысягнуць, што яны не здрадзяць таму, каго ён прывёз, не выдадуць расейцам, схаваюць і зберагуць у сябе. Прысягнулі ўсе.
У лясной глушы сярод сумленных людзей Нарбут адчуваў сябе ў бяспецы. Апека кузіны Клямусі і тут яму дапамагала.
Было дамоўлена, што калі Тэадор пойдзе кудысьці з хаты, а ў яе прыйдзе нехта чужы, дык на знак небяспекі будуць вывешаны белыя хусткі. Пасярод гэтай лясной цішы Нарбут пачаў працаваць над гісторыяй Літвы. Старанна збіраў усялякія легенды, байкі і паданні, будуючы на іх падставе гмах адважных высноў і карцін з дагістарычных, паганскіх часоў.
Час ад часу леснічоўку наведваў спадар Прот, а яго дачка ў казакаў выкупіла шкуру Сіўкі і загадала пашыць з яе доўгі дарожны куфэрак, у якім гістарыёграф Літвы праз усё жыццё захоўваў свой французскі мундзір, лісты герцага Басано, загады Напалеона і іншыя сувеніры тых часоў.
У наступным годзе цар Аляксандр абвясціў амністыю для ўсіх удзельнікаў ваеннай драмы. Амністыя была шчырай і выбачала ўсіх без наступстваў. Нарбут звярнуўся да ласкі манарха і атрымаў звальненне са службы і пагашаную за ўвесь час грашовую запазычанасць.
Нарэшце ён вярнуўся ў свае Шаўры і пачаў жыць пад сямейным дахам з набытым куфэркам і сваімі ўспамінамі.
Нарбута паглынула гістарычная праца. Збіраў і аб'ядноўваў матэрыялы, набываў каштоўныя дакументы. Расла яго бібліятэка. Перад першай краёвай бурай Тэадор Нарбут пабраўся шлюбам з Крысцінай Садоўскай [8], дачкой жаўнера Касцюшкі. Яны пазнаёміліся на касцельнай службе ў Бутрыманцах. Крысціна была маладая, вясёлая, чарнавокая прыгажуня і, хоць не мела добрай адукацыі, але, як тады казалі, мела прыроджаны розум і шляхетную душу, што кампенсавала ўсякія салонныя недахопы. Бацькоўскія традыцыі развілі ў ёй глыбокі патрыятызм, а дзейны і энергічны характар зрабіў з яе выключную дзяўчыну.
Звяз з беднай шляхцяначкай не падабаўся гордай сям'і Нарбутаў. Гэта ўспрымалася як мезальянс, які аслабіў сувязі са сваякамі, але прынёс Тэадору шчасце. Маладая жонка стала неацэнным скарбам і як кіраўнік гаспадаркі і як выхавацелька дзяцей.
Гісторык мог спакойна аддавацца сваёй літаратурнай працы. У 1835 і 1841 гадах у Вільні пабачыла свет яго вялікая праца ў 9-ці тамах, выдадзеная пад назвай "Гісторыя народу Літоўскага" ("Dzieje starozytne narodu litewskiego"). Праца трохі грашыць перабольшанымі фантазіямі, бо абапіраецца на паданні, байкі і легенды. Прафесар Спасовіч [9] гаворыць пра працу Нарбута так: "... гэта праца вялікая, арыгінальная, але некрытычная". Пры ўсім пры гэтым Нарбут заслугоўвае вялікай пашаны, як адзін з піянераў у даследаванні мінуўшчыны Літвы і тым, што сваім прыкладам заахвоціў іншых да далейшага вывучэння гісторыі краю. Тэадор Нарбут працаваў бесперапынна, і ў 1846 годзе выдаў "Помнікі гістарычных падзей літоўскіх" (Pomniki do dziejow litewskich… Wilno, 1846.), у 1847 годзе "Кароткі выклад гісторыі літоўскай" (Dzieje narodu litewskiego w krotkosci zebrane. Wilno, 1847.), у 1856 годзе "Нарысы гістарычныя ..." (Pomniejsze pisma historyczne, szczegolnie do historii Litwy odnoszace sie. Wilno, 1856.) Некалькі прац Нарбута засталіся ў рукапісах.
Калі першы гістарыёграф Літвы сядзеў, паглыбіўшыся ў даследаванні мінулага, яго жонка ўзяла стырно ў доме ў свае рукі. Заняпалая гаспадарка пачала патрохі ўзнімацца, разгаліноўвацца. Перад усім заквітнелі хатнія рамёствы, задавальняючы ўсе патрэбы дома, як гэта было ў большасці тагачасных гаспадарак. Вельмі пашырылася вырошчванне ільну і канопель, адначасова да такой ступені развілося ткацтва, што ткацкія вырабы дому Нарбутаў мелі выключную славу.
Шаўры паволі ператвараліся ў мястэчка. Мелі піва і ўласную гарэлку, якая не абкладалася акцызам, а перараблялася на знакамітыя літоўскія старкі, вядомыя ў Краі і за яго межамі. Вуллі давалі мёд, які таксама перарабляўся на гаспадарцы: з яго выраблялі воцат і настойкі. Ураджаі хлеба на палях былі дастатковымі; лясы, амаль некранутыя, давалі будаўнічы матэрыял, паліва, дзёгаць і смалу; аборы і хлявы адзявалі і кармілі; сады славіліся садавінай, а ставы рыбай. Гэтыя Божыя дары патрабавалі таго толькі, каб прыстасаваць іх для хатняга ўжытку.
Шаўры мелі цэлую арганізацыю ўласных рамеснікаў: цесляры, дахаўшчыкі, сталяры, гарбары, рымары, ткачы, краўцы. Кравец Кароль, які абшываў усю сям'ю Нарбутаў з тканін, вырабленых ў гаспадарцы, быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Ваколічныя модніцы замаўлялі ў яго свае ўборы. Кухар Юрак мог дагадзіць самым вытанчаным кулінарным густам, а яго "свянцонае" славілася на ўвесь Лідскі павет.
У тагачасным эканамічным жыцці грош не пакідаў кішэнь так лёгка, як сёння, і гэтак жа цяжка ў яе патрапляў, бо сельскагаспадарчыя прадукты былі вельмі танныя.
Дом у Шаўрах уяўляў сабой згасаючы тып стараліцвінскіх двароў. Ён яднаў вакол сябе вясковую моладзь, якая падчас вучобы рамёствам знаходзілася пад уплывам народных традыцый. Суадносіны з вёскай насілі характар партнёрскай інтымнасці. Тое, аб чым пішам, у тагачасныя "прыгонныя" часы выглядала ідыліяй, аднак акрамя пануючага паўсюдна ўціску вяскоўцаў, часта знаходзіліся двары падобныя да Шаўроў, дзе хаты падданых атачаліся бацькоўскай любоўю і клапатлівай апекай. Да такіх патрыярхальных двароў належалі і Горкі [10] Магнушэўскіх ў Наваградскім павеце.
Добразычлівыя адносіны, якія злучалі Нарбутаў з вёскай, перайшлі і ў наступныя пакаленні і не знікалі доўгі час пасля скасавання паншчыны. У 1863 годзе вёска Шаўры не запляміла сябе аніводнай здрадай, а ні даносам. Наадварот, заўсёды жадала дапамагчы і паслужыць сваім "даўнейшым панам".
РАЗДЗЕЛ II
Сям'я Тэадора Нарбута. Нараджэнне Людвіка. Гады неспакою. Уплыў бягучых абставін. Дзятва ў Шаўрах. Герадоўскі. Атмасфера ў доме.
Нарбуты мелі многа дзяцей - пяць сыноў: Людвік, Аляксандр, Францішак, Баляслаў і Станіслаў, а таксама тры дачкі: Яна, пазнейшая Кунцавічова; Амелія, пазнейшая Стрыенская; і Тэадора, якая праз некалькі гадоў аўдавела па шлюбе з Манчунскім.
З усіх сыноў Тэадора на ўсю Літву праславіўся Людвік, памяці якога прысвечаны гэтыя старонкі.
Яго імя пакрытае славай як правадыра паўстанцаў 1863 года. Розгалас аб ім шырока разляцеўся па Краі і запісаны ў гісторыі тагачаснай барацьбы за Айчыну, як пра чалавека ідэі і знакамітага партызана.
З братоў Людвіка актыўны ўдзел у паўстанні бралі Баляслаў і Францішак. Апошні ваяваў у Каралеўстве ў шэрагах Лангевіча. Гарачай і актыўнай патрыёткай была сястра Людвіка - Тэадора Манчунская, правая рука Людвіка. Яна служыла народнай справе з поўнай самааддачай.
Вяртаючыся да акалічнасцей, якія характарызавалі жыццё ў Шаўрах, разгледзім іх больш падрабязна, таму што менавіта сям'я ад самай калыскі ўплывала на фарміраванне душы Людвіка, на яго пазнейшыя думкі і памкненні.
Людвік Нарбут прыйшоў на свет у Шаўрах. Датай яго нараджэння паводле метрычных кніг у Начы быў верасень 31-га дня 1832 года. Аднак сямейная традыцыя гаворыць, што наш герой нарадзіўся ў 1831 годзе падчас найбуйнейшай завірухі ў Краі. Маці Людвіка, якая тады насіла яго ў сваім улонні, перажывала цэлую гаму пачуццяў: ад ап'янення радасцю і надзеяй пры поглядзе на аддзел Гелгуда, які праходзіў праз Шаўры, да пазнейшых балючых наступстваў. Такія ўзрушэнні не маглі не паўплываць на дзіцятка. З малаком маці ён усмоктваў потым горыч народнага болю. З яе грудзей чэрпаў міласць да Краю, якая пазней стала найважнейшай ідэяй яго жыцця. У маленстве яго калыхалі пад патрыятычныя песенькі, якая ціха напявала маці. У дзяцінстве чуў вакол людское шаптанне прозвішч Канарскі [11], Рэр [12], Валовіч [13] і іншых, звязаных з такімі выразамі, як вязніца, застрэліць, шыбеніца, высылка на Сібір.
Гэта былі амаль першыя выразы, якія моцна затрымаліся ў галаве дзіцяці, хаця іх значэнні яшчэ не ўсведамляліся. Чуў таксама шкадаванні і разважанні аб скасаванні уніі, аб подлай і здрадніцкай дзейнасці Сямашкі і г. д. Няня расказвала яму страшныя гісторыі пра гнюсны пераслед усіх тых, хто на "православие" перайсці не захацеў, пра збіццё іх нагайкамі, высылку ў Сібір, пра гвалтоўнае забіранне ўніяцкіх цэркваў.
Лідскі павет у тыя часы належаў да Гарадзенскай губерні, якой кіраваў знакаміты сваім зверствам Мураўёў, празваны за тое потым віленскім сатрапам. Значным было супраціўленне тутэйшага насельніцтва, і таму ў Лідскім павеце пераслед быў большым, чым дзе-небудзь.
Неаднаразова званочкі кібіткі чуліся і ў Шаўрах, адсюль гвалтоўна забіралі бацьку Людвіка - Тэадора і везлі ў Вільню, дзе ён павінен быў тлумачыць свае артыкулы ў "Кур'еры" ці сваю даўнейшую прыналежнасць да "Таварыства Шубраўцаў" [14] ці іншыя падобныя "злачынствы". Аднак, даючы зарабіць дзяржаўным мужам на "кашу і соль", гісторык Літвы заўсёды здымаў з сябе абвінавачванні і шчасліва вяртаўся дадому, дзе яго з вялікай радасцю вітала сям'я.
Год 1840 выцяў па Літве новым гвалтам. Указам ад 9 верасня ліквідавана старажытнае цывільнае права: Літоўскі Статут.
Дагэтуль цывільныя суды былі адкрытыя. Справы абаранялі адвакаты, дзяржаўных службоўцаў выбіралі, пастановы і судовыя акты пісалі па-польску. Цяпер уводзілася мова расійская і працэдуры закрытыя. З гэтым прыйшло хабарніцтва і дэмаралізацыя дзяржаўных службоўцаў.
Засмучэнне дарослых прыгнятала сэрцы дзіцяці. Не разумеў добра, што адбываецца, але адчуваў крыўду, хацеў абараніць, яго розум пастаянна аналізаваў і на яго дзіцячым твары Божая рука пакінула сляды ахвяраў і пакутаў.
У дзяцінстве найбольш вылучалася сваім яднаннем чацвёрка: Людвік, Баляслаў, Францішак і сястра Тэадора. Верхаводзіў у ёй Людвік, інтэлектуальна развіты вышэй за свой узрост.
Дзеці мелі дарослага прыяцеля: нейкага Гератоўскага, які ад 1831 года стала жыў у Шаўрах. Адкуль прыйшоў, кім быў, як уласна называўся, ніхто не ведаў. Таямніца засталася да самай яго смерці і з ім разам пайшла ў труну.
Гератоўскі трохі навучаў дзятву і апавядаў цікавыя рэчы з мінуўшчыны, асабліва пра 1831 год. Часта гістарычныя падзеі станавіліся тэмай дзіцячых гульняў у дальнім куце сада. Дзеці разам з Гератоўскім гулялі ў вайну. Людвік выступаў у ролі Касцюшкі. Баляслаў быў яго ад'ютантам, а сястра Тэадора - Плятароўнай [15]. Пасля гульні, дзеці, знясіленыя бегам, сядалі на вялікім камені і па-свойму вырашалі пытанні пакутніцтва і цярпення Краю і народа:
- А што было б, каб я вам здрадзіла? - спытала аднойчы Тэадора ў братоў.
- Адракліся б ад цябе, - сказаў Баляслаў.
- А я б цябе забіў уласнай рукой, - дадаў паважна Людвік.
Гісторык Літвы Тэадор Нарбут вельмі любіў сваіх дзяцей, песціў іх, а калі меў магчымасць адарвацца ад пяра, расказваў ім пра Напалеона, пра 1812 год і аб сваіх прыгодах. Моладзь гэтыя аповеды вельмі займалі.
З-пад страхі выцягваўся куфар са скуры Сіўкі, у якім стары прыхільнік Напалеона хаваў памятныя рэчы старых часоў, рэчы паважна вымаліся, і бацька ўзрушана, са слязьмі на вачах, як рэліквіі, раскладаў іх вакол сябе. Дзеці з вялікім хваляваннем пачціва маўчалі і слухалі бацьку, а потым нават падносілі да вуснаў гэтыя скарбы.
Найбольш хваляваў Тэадора стары мундзір, сукно паблякла, але бліскучыя эпалеты ўсё яшчэ будзілі ў ім прывіды 1812 года - часоў яго маладосці і надзеі.
"Старога прыяцеля", як называў ён свой мундзір, нават ушанаваў вершам, які пачынаўся гэтак:
Калі я ўсё страціў падчас краёвых бур,
Ты адзін са мной застаўся,
мой стары мундур!
Ты блішчаў на мне ў часы,
калі Край быў у патрэбе,
Я ж рызыкоўна падстаўляў
пад удары себя і цебя.
Зніклі мае прыгожыя дні,
як дым у начныя хвіліны,
Але ўсё ж шчаслівы той,
хто мае ўспаміны.
Тэадор Нарбут жыў гэтымі ўспамінамі і мацаваўся імі да позняй старасці, пры гэтым часта паўтараў: "О, лёс! Хто цябе бачыў у нашым Краі…"
Творы Міцкевіча, такія як "Пан Тадэвуш", "Дзяды" і іншыя хадзілі тады пераважна перапісаныя ад рукі, бо іх друк быў забаронены. Дзеці Нарбутаў ведалі цэлыя раздзелы на памяць, хапаючы на ляту тое, што ім уголас чыталі бацькі або дэкламаваў Гератоўскі.
Аднаго дня, калі маці дома не было, па дарозе за гародам цягнуўся расійскі эскадрон.
Дзеці вырашылі здзейсніць, як ім уяўлялася, геройскі ўчынак: голасна маніфеставаць свае патрыятычныя пачуцці. Забеглі ў кусты парэчак і агрэсту каля плоту пры дарозе і з усяе сілы свайго дзіцячага голасу запелі патрыятычную песню.
Яны былі ўпэўнены - іх павесяць, прыгатаваліся да пакутніцкай смерці, але эскадрон цягнуўся, не звяртаючы на спеў ніякай увагі, што вельмі збянтэжыла маладых патрыётаў.
Доўгімі вечарамі дамавая чэлядзь збіралася на супольныя спевы "гадзінак" ці на спевы калядных песняў. Часам маці, якая мела чысты і моцны голас, спявала з кухарам Каралем, які быў адораны шыкоўным басам, дуэт "Барацьба анёла з шатанам". Спадарыня Манчунская, якой мы абавязаны ўсімі падрабязнасці хатняга жыцця ў Шаўрах, гаворыць, што нават опера і славутыя артысты, каторых яна чула ў сваім жыцці, не выклікалі ў яе такога моцнага ўражання, як сціплы дуэт дзіцячых гадоў у Шаўрах. Калі Людвік дарос да падлеткавага ўзросту, яго аддалі ў школу ў Лідзе [16]. Аднак вучоба не магла заглушыць яго патрыятычныя пачуцці. Калі прыязджаў дадому на святы ці вакацыі, гэтыя пачуцці станавіліся ўсё мацней. Стоячы перад маці, не раз дэкламаваў патрыятычныя вершы, а яна плакала, прыкрываючы вусны сына сваёй далонню і цалавала, тулячы да грудзей яго галаву.
Адзін раз Людвік ёй сказаў: "Буду, мама, ці вялікім чалавекам, ці бандытам". Маці хвалявалася і трывожылася за свайго ўлюбёнца, бо адчувала, што вісіць над ім нешта фатальнае, здольнае вырваць сына з матчыных рук.
РАДЗЕЛ III
Людвік Нарбут у Вільні. Рэха з захаду. Фермент школьнай моладзі. Арышт і следства. Вырак і выкананне. Пасівеўшая маці. Выгнанне Людвіка. Побыт на Каўказе. Удзел у партызанскай барацьбе. Вяртанне ў Край. Жаніцьба. Падрыхтоўчая праца.
У 1848 годзе Людвік Нарбут па заканчэнні школы ў Лідзе знаходзіўся ў так званым Шляхецкім інстытуце. Там яго наведвала маці, якая заўсёды сама займалася пытаннямі вучобы і жылля сыноў, дамовамі з прафесарамі і г. д. На рэдкасць адважная жанчына, яна мела практычны мужчынскі розум і са здаровым сэнсам падыходзіла да жыццёвых спраў, ва ўсім давала сабе рады. Паглыблены ў свае кнігі гістарыёграф Літвы заўсёды ахвотна дзяліўся хатнімі справамі з жонкай.
Як ў сямейным доме, так і ў школах Людвік аказваў на калег вялікі ўплыў.
Яго духоўная перавага заўсёды брала верх, і да яго хілілася моладзь. А ў яго сэрцы і галаве гартавалася адзіная думка: вызваленне Краю. Марыў пра вялікія, смелыя ўчынкі, прыслухоўваўся да рэха эміграцыі, якое наплывала з захаду, да розгаласу барацьбы народаў за незалежнасць. Гады 1846, 47 і 48 забяспечылі яго багатым матэрыялам і горача хвалявалі маладое ўяўленне.
У Краі з'яўляліся розныя эмісары, мелі распаўсюд рэвалюцыйныя брашуры і звароты, якія траплялі ў рукі моладзі і распалялі кроў у яе жылах.
Паўстанне ў Бадэне [17] і ўдзел у ім палякаў з Міраслаўскім, Лютаўская рэвалюцыя, нарэшце вайна 1848 года ў Венгрыі [18] - усе гэтыя падзеі спарадзілі ўздым патрыятычнага руху ў краі і ўзбудзілі дух моладзі амаль ва ўсіх установах адукацыі Літвы. Асабліва ўзрасло абурэнне ў Шляхецкім інстытуце. Паўсюдна ўтвараліся таварыствы і складаліся арганізацыі школьнай моладзі, якія камунікавалі паміж сабой. Вільня была запальнікам гэтага моладзевага руху. З Вільні, як павуцінне, цягнуліся ніці, якія ахоплівалі Менск і іншыя гарады.
Людвік, прыбыўшы ў Вільню, адразу трапіў у гэтую сетку - знайшоў выхад для свайго арганізацыйнага таленту. Хутка ён ужо быў у першых, найбольш адказных, шэрагах.
Калі прыязджаў з Вільні на вакацыі ў Шаўры, родныя заўважалі яго сталенне. З непакоем гледзячы на любага сына, гэтыя змены заўважала і маці. Апошнія дні вакацый у бацькоўскім доме былі насычаны незвычайным дзіўным сумам. Родныя глядзелі на Людвіка з трывогай, адчуваючы, як нешта вялікае і грознае выспявае ў яго сэрцы. Аднак ніхто не адважваўся аб гэтым запытаць.
Дні ішлі...
Напярэдадні ад'езду, калі, як і ў дзяцінстве, апынуліся разам у садзе, Людвік адкрыў сцізорык і ўторкнуў яго ў зямлю, потым паказваючы на затопленае ў пяску лязо, сказаў: "Можа і мне хутка вось так уваб'юць нож у сэрца".
Гэтыя загадкавыя словы дрыжыкамі жаху працялі родных. Людвік доўга блукаў па садзе засмучаны і задуманы, як бы развітваўся, вырэзваў на дрэвах даты, літары і розныя іерогліфы.
Калі ад'язджаў, дык туліўся даўжэй, чым звыкла, да грудзей бацькоў са слязьмі на вачах, быў моцна ўзрушаны. Забіраў разам з сабой малодшага брата Баляслава, якога пад яго апеку аддавалі бацькі, не маючы магчымасці гэтым разам самім адвезці сына ў школу.
У гэтым маўклівым расставанні быў такі балючы смутак, што пасля ад'езду Людвіка сям'ю ахапіў вялікі неспакой. У хуткім часе Шаўры атрымалі жорсткі ўдар. Найперш даведаліся аб бурленні моладзі ў школах, потым атрымалі паведамленне пра арышт Людвіка і тую жудасную кару, якая яму гразіла.
Патрыятычны моладзевы рух прыцягнуў увагу куратараў і адміністрацыйнай улады. Паколькі першыя з бацькоўскім паразуменнем трактавалі ўзбуджэнне сярод вучняў і хацелі надаць моладзевым эмацыйным выбухам характар аднаразовага свавольства і адпаведна яго пакараць, то другія ўчынілі вялікі алярм, надаўшы справе велізарнае палітычнае значэнне, хоць насамрэч гэта была канспірацыя нявінная і не мела пад сабой аніякіх важных эфектаў.
Генерал-губернатар Бібікаў загадаў прымяніць самыя цяжкія сродкі.
Пачаліся ператрусы, суровае следства, арышты.
Аднак знайшлі на дзіва мала: нязначныя абрыўкі занатовак, вершыкі, патрыятычныя песні. Вучняў прывозілі з Менска і іншых гарадоў у Вільню з мэтай расследавання і вочных ставак з калегамі. Легкадумна прыведзены ў моладзевую арганізацыю вучнем Паўлам Вейхнерам нейкі Плонскі збаяўся і замнога нагаварыў, пачаліся новыя арышты.
Людвік Нарбут, у якога знайшлі нейкія дробныя абрыўкі - занатоўкі, з некалькімі сваімі калегамі атрымаў сто "розаг" і "вечныя салдаты". Гэта была найвышэйшая мера пакарання.
Свой вырак прыняў з поўным спакоем.
Некалькі соцень іншых вучняў пакараны на 75 розаг і выключэнне, увесь час секлі на холадзе, падзяліўшы на 4 катэгорыі. Першая атрымала 100 розаг, другая - 75, трэцяя - 50, а чацвёртая - 25.
Цялеснае пакаранне практыкавалася тады ва ўсіх школах. Гэтыя экзекуцыі адбываліся ціха, пры дапамозе школьных вартаўнікоў, якія шкадавалі вінаватых, і таму пакаранне насіла хутчэй характар бацькоўскай кары. Аднак на гэты раз па судовай пастанове прымянілі хлысты "для маладых палітычных злачынцаў" і надалі гэтаму пакаранню паказальны характар. Так рабілася, каб паўплываць на грамадства і нанесці большае маральнае прыніжэнне асуджанаму.
Вучняў секлі розгамі публічна.
Прысутнічалі пры экзекуцыі прадстаўнікі адміністрацыйнай, судовай і школьнай улады, маршалкі і куратары. Вучні, якія не падлягалі пакаранню, стаялі ў шэрагах адзетыя ў школьныя мундзіры, і павінны былі глядзець на пакаранне гэтак жа, як бацькі і апекуны асуджаных.
На гэтую бацькоўскую Галгофу прыбылі з Шаўроў і Нарбуты, яны стаялі ў шэрагу з іншымі і глядзелі на мукі свайго сына. Многія маці млелі. Крысціна Нарбут стаяла, як каменная статуя з сухімі вачамі, якія палымнелі глыбокім болем. Людвік не выдаў ані аднаго енку. Пасля экзекуцыі схіліўся да ног бацькоў. І тады іх вусны прыпалі да збляднелага ілба сына, а дрыжачыя рукі складалі дабраслаўленне на гэтую ўлюбёную галаву.
Людвіку толькі ледзь споўнілася 17 гадоў, але яго твар меў выраз дарослага ўпэўненага ў сабе чалавека. Маці ганарылася сынам, хоць былая брунетка і вярнулася з Вільні сівой жанчынай. Вялікі смутак агарнуў Шаўры. Можа нават смерць не нанесла б сэрцу бацькоў такой вялікай раны, як гэтае выпадзенне з-пад бацькоўскіх крылаў, ссылка ў далёкую старану, да чужых людзей, ніжэйшых маральна і культурна, дзе чалавечая годнасць сына, яго пачуцці і амбіцыі павінны былі падвяргацца пастаяннаму прыніжэнню.
Паштовая сувязь працавала кепска. Доўгія месяцы і амаль што гады можна было чакаць ліст ад беднага салдата, вестачку ад сына і брата. І сын, і брат, акружаны арэолам пакутніцтва, стаў для сям'і святым! Прыпаміналі яго словы, выказаныя ім думкі. Малодшае пакаленне брала яго за прыклад.
Час ішоў, праходзілі цяжкія дні, месяцы, гады. Людвік закінуты далёка ад роднага гнязда не здрадзіў сваім прынцыпам, сумленна выконваў вайсковую службу і цярпліва зносіў розныя прыніжэнні, супраць якіх працягвала бунтаваць яго чыстая і шляхетная натура.
Аднойчы, даведзены да адчаю, кінуўся з багнетам на афіцэра ... аднак вайсковыя ўлады, улічваючы маральную перавагу ліцвінскіх асуджаных, дастаткова справядліва ацанілі яго дзёрзкі ўчынак. Адзіным пакараннем стаўся перавод Людвіка ў дзейную армію на Каўказ, дзе, як і ў арыштанскіх ротах, знайшлося многа суайчыннікаў, якіх у той час дэпартавалі пераважна не ў Сібір, а на Каўказ. Усе гэтыя краёўцы мелі ад вайсковага камандавання добрыя водгукі.
Былі заўважаны здольнасці Людвіка, яго паводзіны і погляды, ён карыстаўся павагай не толькі калег, але і афіцэраў. Афіцэры ахвотна дапамагалі яму ў вучобе на вайсковых курсах, якія Людвік з вялікім задавальненнем наведваў. І тое, што павінна было стаць пакараннем, прынесла яму ў будучыні многа карысці.
Тут, пасля цяжкіх выпрабаванняў на радзіме, ён мог вольна падумаць, асэнсаваць былыя падзеі і ўдасканаліцца. Яго адвага і прысутнасць духу, вытрымка ў барацьбе з горцамі-партызанамі рыхтавалі яго да будучыні.
Людвік удзельнічаў у некалькіх дзясятках бітваў і сутычак з чачэнцамі. Усе гэтыя падрабязнасці чэрпаем з рукапісу сястры Людвіка Тэадоры Манчунскай "Успаміны з дзяцінства".
За здабытыя непрыяцельскія сцягі, як салдат, Людвік атрымліваў 5 рублёў узнагароды, але атрымаў яшчэ нешта больш каштоўнае: досвед у партызанскай барацьбе і яе глыбокае веданне. Вывучаў вайсковую тактыку, думаў пра Край.
Пры захопе Карскіх фартоў Людвік быў першым на турэцкім рэдуце і, хоць паранены, але сваім учынкам дапамог здабыць умацаванні, за што атрымаў званне афіцэра і крыж св. Георгія.
Памёр цар Мікалая I, і на расійскі трон узышоў яго сын Аляксандр II.
Як вядома, пасля Крыскай вайны ўсталяваліся больш ліберальныя парадкі. Пакідаючы па сабе добрую памяць, сімпатыю з боку расійцаў, выгнанцы вярталіся ў свае родныя гнёзды.
Праз дзесяць год вярнуўся ў родны кут і Людвік Нарбут. Сталася гэта ў 1854 годзе. Вялікая радасць запанавала ў Шаўрах. Дзесяцігадовая адсутнасць пакінула свае сляды на тварах і жыццях родных, але ў іх сэрцах біліся тыя ж самыя пачуцці.
Людвік з маладзёна таксама ператварыўся ў дарослага чалавека. Ён быў невысокага росту, худы, трошкі лысаваты. Меў задуменны і меланхалічны твар. Мілы ў абыходжанні, разважны ў радах і дзеяннях, ахвочы да паслугі і дапамогі іншым, ён хутка пакарыў сэрцы ўсіх знаёмых і суседзяў.
Неўзабаве ажаніўся з ўдавой Амеліяй Седлікоўскай з Кунцэвічаў, прыгожай жанчынай, якую горача пакахаў. Яна ўжо была маці двух сыноў, для якіх Людвік стаў добрым бацькам.
Адразу яны пасяліся ў Сербянішках, што каля Шаўроў, але хутка дзеля выхавання пасынкаў, а быць можа, каб наблізіцца да цэнтра народнага руху, які пачаў адраджацца, Людвік асеў з сям'ёй у Вільні.
Жонка Людвіка вылучалася сваёй інтэлігентнасцю і ўзвышалася над агульным разумовым узроўнем тагачасных жанчын. Мела розум цвярозы і халодны, што было ў кантрасце з характарам мужа. Людвік яе вельмі кахаў і заўсёды называў "даражэнькая". Мелі дачушку, але яна памерла ў маленстве. Праз каханне да жонкі расквітнела ў Людвіку вялікае і святое пачуццё да Айчыны.
Думкі аб Радзіме насіў на выгнанні, з імі ж вярнуўся ў Край і чакаў толькі адпаведнага моманту, каб пачаць дзейнічаць. У 1860 годзе з Захаду, з Варшавы пачалі даносіцца яшчэ невыразныя знакі і званочкі пра абуджэнне. Нарэшце, праз спевы і дэманстрацыі на іх адазвалася і Літва, яна таксама рыхтавалася да найважнейшай справы. Людвік Нарбут рупліва браў удзел у гэтым - няспынна працаваў над свядомасцю народа і гадаваў у ім добразычлівасць.
Слухаючы малельныя спевы, якія грымелі ў касцёлах, ён не без падставы верыў, што гэтыя грудзі, якія з такой сілай просяць дапамогі ў нябёсаў, стануць пры першым поклічы, як адзін, на барацьбу за Айчыну. Меркаваў аб людзях па сабе і верыў у трываласць гэтых распаленых пачуццяў.
Паволі пачалася арганізацыйная праца, у якой вызначыліся два цэнтры: адзін поўны легкадумнай экзальтацыі, другі - цвярозай развагі. Людзі знаёміліся паміж сабой, з'ядноўваліся і раіліся, скасоўваючы пры гэтым найбольш неадпаведныя заклікі і адозвы з цэнтра руху - з Варшавы.
У падрыхтоўчай працы вялікую дапамогу Людвік знайшоў у сваёй сястры Тэадоры Манчунскай. Яе не палохала небяспека. З рашучасцю і мужчынскай адвагай ішла ўсюды, дзе была патрэбна яе дапамога. Была знаёма з вялікай колькасцю моладзі і ведала канспірацыю. Хадзіла па хатах вяскоўцаў, разагравала простыя сэрцы і яднала іх дзеля будучай справы. На простых людзей спадзяваўся і Людвік - менавіта з імі звязваў свае надзеі.
РАЗДЗЕЛ IV
Нявыкананыя праекты. Народная справа. Згасанне ў 1846 годзе. Бальтазар Калясінскі. Пачатак 1863 года. Арганізацыя. Геншаль, Гажыц. Паляванне на кіраўніка ўзброеных сіл Нарбута. Ашмянская арганізацыя.
Ідэя аб праве выбарчага голасу для вяскоўцаў, аб скасаванні прыгону і паншчыны, аб наданні іншай формы адносінам паміж дваром і вёскай віравала, як вядома, здаўна сярод пэўных груп нашага насельніцтва, аднак не паспела распаўсюдзіцца на ўсё грамадства. Зрэдку да вышэйшай улады даходзілі розныя праекты землеўладальнікаў са шляхты з канкрэтнымі прапановамі, але ўсе яны з грозным папярэджаннем і патрабаваннем адмовіцца ад усялякага руху ў гэтым кірунку скасоўваліся.
Справы людзей цесна звязаны са справай Краю. Гэтая сувязь прайшла праз сэрца многіх асоб, якія моцна верылі, што толькі ідучы разам з народам, можна марыць аб перамозе народнага руху.
У 1846 годзе ў Лідскім павеце прыпынілася агітацыя, якая, як здавалася, заклікала да народнага паўстання з мэтай дабіцца пэўнай палёгкі і вольнасці.
Гэта адбывалася ў той час, калі па ўсёй Еўропе рух у бок свабоды пашыраўся. Яго адгалоскі павінны былі і ў нас выклікаць пэўнае ўзбуджэнне, якое непакоіла ўлады. Справа праводзілася ціха і патаемна, і сёння перад намі вырысоўваецца даволі цьмяна. Пасля 70 гадоў цяжка пранікнуць у яе глыбіню. Відочна, што яна мела сувязь са згасаннем актыўнасці сярод школьнай моладзі ва ўсім Краі.
Хто ў Лідскім павеце падняў агітацыю і да якой ступені яна распаўсюдзілася, сёння даведацца цяжка. Не абышлося, як заўсёды, і без ахвяр, сярод каторых быў лідскі землеўладальнік Бальтазар Калясінскі [19], які і стаўся адным з галоўных ініцыятараў руху. Гэта быў нязломны дзеяч, чалавек моцнай волі, які ўпарта імкнуўся да сваёй мэты.
Яго арыштавалі ў сваім маёнтку Сядзеймы [20], дзе ён жыў разам з жонкай, якая паходзіла з дому Більдзюкевічаў. Сваю жонку Бальтазар выкраў ад бацькоў. Маладзіца прынесла ў яго дом абраз Маці Божай Вострабрамскай, які знаходзіўся ў сям'і Більдзюкевічаў з незапамятных часоў і, паводле падання, ціхім звонам папярэджваў сям'ю пра блізкую бяду. У хвілю, калі жандары наблізіліся да маёнтка ў Сядзеймах, каб арыштаваць Бальтазара, абраз, які вісеў на сцяне, загучаў сам па сабе.
Як быццам маланка ўдарыла ў дом Калясінскага. Яго пасадзілі ў вязніцу і пасля доўгага следства вынеслі вырак: "Вечныя салдаты" са скасаваннем усіх правоў і шляхецкіх прывілеяў. Паводле тагачаснага звычаю, усё адбывалася з пэўным цырыманіялам - Бальтазара ўзвялі на эшафот і над яго галавой зламалі шпагу.
У 1848 годзе Бальтазар Калясінскі знаходзіўся на Каўказе [21] сярод іншых мясцовых асуджаных, адбываў цяжкае пакаранне адначасова з Людвікам Нарбутам.
Пасля дзесяці гадоў, згодна з маніфестам цара Аляксандра II, Калясінскі быў вызвалены ад жаўнерскай службы і прызначаны камендантам [22] Арэнбургскіх стэпаў, якія былі пад камандаваннем губернатара Пяроўскага, бацькі Соф'і, пазней вядомай рэвалюцыянеркі.
Маральная, культурная і разумовая перавага нашых выгнанцаў нараджала павагу ў непрыяцеля і часта выносіла пасля заканчэння тэрміну пакаранага на высокія пасады ў Расіі. У 1860 годзе Бальтазар Калясінскі знаходзіўся на радзіме, дзе выспяваў новы выбух. Як стары баявы конь, пачуўшы гук трубы, якая грае пабудку, кідаецца ў шэрагі, так і Бальтазар Калясінскі, прасякнуты патрыятычнай атмасферай, ірваўся да дзеяння.
Пасля вяртання дадому Калясінскаму прапанавалі месца суддзі ў Лідзе, а пасля сялянскай рэформы - "міравога пасярэдніка". Гэта была вельмі адпаведная пасада для яго дзейнасці. Калясінскі мог зблізіцца з людзьмі і ўздзейнічаць на іх. У гэтым быў практычны сэнс, бо Бальтазар мог паўплываць на розум селяніна і выклікаць яго павагу. Трэба дадаць, што грунт, на якім ён працаваў, з'яўляўся больш жыватворным, чым дзе-небудзь у іншым месцы.
Лідскі павет быў заселены дастаткова вялікай колькасцю дробнай засцянковай шляхты, якая захоўвала даўнія традыцыі. Сяляне з паветаў літоўскіх і беларускіх моцна трымаліся веры сваіх бацькоў, тым больш, што ў Лідскім павеце жыло шмат нашчадкаў мазураў, якіх калісьці прывезлі з-за Віслы заможныя гаспадары для працы ў маёнтках, якія атрымалі за розныя заслугі перад краінай. Гэтыя мазуры ўжо абеларусіліся, хоць і насілі часта польскія прозвішчы, аднак па жылах цякла гарачая польская кроў [23]. Як Калясінскі, так і Нарбут бачылі ў людзях галоўную сілу для будучай і ўжо дастаткова блізкай барацьбы. І праўдападобна, не ведаючы адзін аднаго, падрыхтавалі адпаведны матэрыял, магчыма ідучы рознымі шляхамі, аднак да адной мэты.
Тым часам падзеі разварочваліся хутка. Год 1861 прынёс вядомыя маніфестацыі з крывавымі ахвярамі. 1862 год прагрымеў у спевах і расплыўся ў маніфестацыях. На іх была выдаткавана частка патрыятычнай і грамадзянскай энергіі. Кроў закіпала ў жылах, сляпіла вочы. З захаду наплывалі заклікі да барацьбы, абяцанні дапамогі з боку мацнейшых дзяржаў.
Французскі імператар Напалеон III, як і яго папярэднік ў 1812 годзе, заблытваў палякаў.
Дарэмна старэйшыя і памяркоўныя настаўлялі малодшых і гарачых быць разважлівымі.
Патаемнае парушэнне правоў арыштаваных перапоўніла чашу цярплівасці і выклікала заўчасны выбух, у выніку чаго арганізацыйныя работы на землях даўнейшай Рэчы Паспалітай павінны былі паскорыцца, таксама неабходна было знайсці мясцовыя кадры для будучага кіраўніцтва паўстаннем.
Радыкальныя элементы масава далучаліся да руху, але знаходзіліся ў яго шэрагах і больш памяркоўныя людзі, яны і кіравалі арганізацыяй і ўсімі сіламі жадалі з мінімальнымі ахвярамі выратаваць Край ад небяспечнай згубы. У той час калі частка грамадства ў Вільні працягвала мітынгаваць, ў камяніцах на вузкіх віленскіх завулках ішла ціхая і карпатлівая арганізацыйная праца.
Людзі працавалі як краты.
Як толькі сфарміраваўся Цэнтральны камітэт Народнага ўрада ў Варшаве, на пачатку студзеня 1863 года з'явіўся яго аддзел у Вільні [24]. Віленскі аддзел павінен быў знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Цэнтральным камітэтам, падпарадкоўвацца яго загадам і быць ў пэўнай ступені ад яго залежным.
Віленскі аддзел у сваю чаргу фарміраваў павятовыя структуры. Кіраўніком Лідскага павета стаўся Канстанцін Геншаль з Валдацішак - сын Людвіка і Стэфаніі з Пуцілоўскіх. Меў дваццаць з невялікім гадоў. Пасля заканчэння школы ў Вільні, вывучаў медыцыну ў Пецярбургу. Потым перавёўся на факультэт матэматыкі, пасля заканчэння навукі вярнуўся да бацькоў у Валдацішкі. Належаў да моладзі, якая прапагандавала народны рух. Выключныя здольнасці Геншаля былі ўлічаны Віленскім аддзелам Народнага ўрада пры яго прызначэнні на адпаведную пасаду. Ён павінен быў назіраць за паветам, апекавацца ўсялякімі патрэбамі паўстанцаў і падтрымліваць шчыльную сувязь з аддзелам Народнага ўрада ў Вільні.
Геншаль да апошняга выконваў свае абавязкі сумленна і разумна. Выключна праз цуда здолеў застацца жывым. Улада, напаўшы на яго след, правяла пкератрус у Валдацішках і арыштавала бацьку.
Геншаль у гэты час знаходзіўся ў Вільні, жыў у гатэлі Пазнаньскага (сёння гатэль не існуе). Выйшаў у горад, калі жандары атачылі гатэль і ператрасалі яго нумар. Атрымаўшы паведамленне ад сяброў, Геншаль адразу знік з віленскага гарызонту. Апынуўся ў Парыжы, куды шчасліва здолеў дабрацца. Там зноў вучыўся медыцыне і абараніў вучоную ступень доктара. У 1870 годзе браў удзел у франка-прускай вайне. Ажаніўся з французскай літаратаркай. Яе артыкулы аб польскіх падзеях часта сустракаліся ў парыжскіх часопісах.
Гаворачы пра Геншаля, мы трошкі аддаліліся ад тэмы. Вяртаемся да падзей і занатоўваем, што адразу пасля прызначэння Геншаля, Цэнтральны варшаўскі камітэт прыслаў у Вільню, таксама з намінацыяй на кіраўніка руху Лідскага павета, маладога 21-гадовага Вітольда Гажыца. Ён быў сынам Юр'я Гажыца, маршалка шляхты Брэст-Літоўскага павета і Канстанцыі з Якубоўскіх.
Пасля заканчэння школы вучыўся ў Пецярбургу, адкуль пераехаў у Парыж, дзе вучыўся ў Сарбоне. Ніякай іншай кваліфікацыі не меў. Даручэнне такога адказнага становішча недасведчанаму і блізка незнаёмага з Вільняй маладзёну, занепакоіла Віленскі аддзел. Аднак, зважаючы на прызначэнне ад Цэнтральнага камітэта, Гажыца пакінулі.
Засцярогі Віленскага аддзела не былі марнымі. Гажыца хутка арыштавалі. Падчас судовага следства ён выдаў некалькі імён. Быў высланы этапам у Расію і там памёр ад тыфу.
Віленскі аддзел Народнага ўрада надалей заставаўся перад выбарам кіраўніка ўзброеных сіл Лідскага павета. Мы амаль не мелі людзей з досведам ваеннай навукі. Іх належала шукаць сярод дэзерціраў ці звольненых афіцэраў. Нарэшце выбар выпаў на Уладзіслава Навіцкага, экс-вайскоўца. Людвік Нарбут прызначаўся толькі кіраўніком часткі павета. Аднак хутка справы змяніліся па невядомай нам прычыне.
Мажліва, узяўшы пад увагу веданне Людвікам Нарбутам тактыкі партызанскай вайны, аддзел віленскага Народнага ўрада прызначыў яго кіраўніком узброеных сіл усяго Лідскага павета. Уладзіслаў Навіцкі заставаўся яго ад'ютантам. Сваё прызначэнне Людвік прыняў з радасцю і гонарам за павагу братоў, бо яму было прыемна, што яго лічылі выпрабаваным чалавекам і сапраўдным афіцэрам, загартаваным у партызанскіх баях на Каўказе.
Зашумелі лідскія лясы і пушчы вітальным шумам. Ён глядзеў на іх з любоўю і надзеяй. Яны павінны былі замяніць яму горы і скалы Каўказа. У іх гушчары ўжо бачыў цвердзі, у непранікальных ценях - месцы засады.
З галавой поўнай планаў Людвік пачаў рыхтавацца да выправы.
У Шаўрах маці зноў хвалявалася за свайго каханага сына, якога нядаўна знайшла і зноўку магла страціць. Аднак найперш яна з'яўлялася грамадзянкай і толькі потым - маці, а таму была гатовая на ахвяру дзеля краіны.
Цывільным кіраўніком Віленскім аддзелам Народнага ўрада ў Ашмянскім павеце быў прызначаны Цэзары Нарбут, сын Казіміра і Юстыны з Мікульскіх, сваяк Нарбутаў з Шаўроў, які меў прыналежнасць да роду жмудскіх Нарбутаў. Пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце Цэзары быў прыняты ў арганізацыю і арыштаваны напрыканцы 1863 года. Асуджаны на выгнанне і быў высланы ўглыб Пензенскай губерні. Па вяртанні на радзіму жыў у Мітаве, дзе і памёр. Яго сямейны маёнтак Юстыніянаў быў канфіскаваны, атрымаў яго генерал Рэненкампф.
Кіраўніком узброеных сіл у Ашмянскім павеце быў прызначаны Мінейка а потым Чаховіч. І ўрэшце аддзел віленскага Народнага ўрада прыслаў Аляксандра Парадоўскага - адважнага камандзіра, знанага пад псеўданімам "Астрога".
РАЗДЗЕЛ V
Сходы. Сесіі. Дэбаты. Вяртанне моладзі. Людвік Нарбут. План паўстання. Дзень 1 лютага. Першы рух на Літве. Маніфест. Ксёндз Гінтаўт. Ахвяры маніфеста і яго эфект. Сяляне ў Забалаці. Нястача зброі. Сімпатыя народа. Барталамей Кандрат. Высылка цэлых сямей на Сібір.
Ужо чутны быў шолах у каралеўстве, але Літва яшчэ не зрушылася. Яна збірала і арганізоўвала свае сілы. Пачатак бунту быў прызначаны на 1 красавіка. Між тым праходзілі з'езды і нарады як чальцоў арганізацыі, так і добраахвотнікаў.
Такія сходы часта адбываліся ў Бальтазара Калясінскага, які пераважна жыў у Лідзе. У гэтых сходах прымалі ўдзел Геншаль, Тышкевіч з Жырмун, Станіслаў Путкамер і многія іншыя. Падчас дэбатаў па-ранейшаму паднімалася пытанне аб мажлівым ўдзеле ў паўстанні простых людзей.
Адусюль з вышэйшых вучэльняў вярталася да краю акадэмічная моладзь. Назапашвалася зброя і амуніцыя, вербаваліся добраахвотнікі, якіх звязвала прысяга.
Людвік Нарбут прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх гэтых сходах як галоўны кіраўнік раёна. У той час Лідскі павет быў падзелены на парафіяльныя раёны, якія павінны былі паўстаць адначасова. Але калі раёны яшчэ не падавалі знакаў жыцця, дык Нарбут ужо быў гатовы да барацьбы. Атрымаўшы намінацыю кіраўніка ўзброеных сіл Лідскага павета, Людвік атрымаў шаблю, і, пацалаваўшы яе, прысягнуў ваяваць да апошняга дыхання.
Ён першым актывізаваў паўстанчы рух на Літве - 1-га лютага выйшаў з дому і распачаў сваю партызанскую дзейнасць.
Здавалася, прырода сама заахвочвала да дачаснага выбуху.
Цёплая бясснежная зіма 1863 года палегчыла ўмовы барацьбы, месцам правядзення якой павінны былі стаць пушчы і лясы Літвы. Нарбут хацеў пачаць раптоўна, не даць ворагу часу для сцягвання большай сілы. З мапай у раках ён акрэсліў сабе пэўны план дзеяння.
Неабсяжныя лясныя абшары, злучаныя паміж сабой пушчанскія ваколіцы Радуні, Гародна і іншыя, сталі адпаведным полем партызанскай барацьбы. Ён мог патаемна вырушыць да Вільні або рушыць у Гарадзенскую губерню. І, не чакаючы больш агульных адозваў, Нарбут 1-га лютага пакінуў Шаўры.
Акрамя яго маладога брата Баляслава, які ўзяўся за зброю нават не закончыўшы школу, Людвік вёў за сабой невялікую жменьку людзей: радца Душман і некалькі чалавек з вёскі і маёнтка. Адзетыя яны былі ў шэрыя сялянскія кажухі "світкі", перакінутыя праз плячо палатняныя торбы для прыпасаў і ежы. Пакуль не ўзняліся іншыя раёны, Нарбут хацеў выкарыстаць час для муштры сваёй жменькі людзей у ваеннай навуцы, прывучыць іх да дысцыпліны, каб потым мець здольных жаўнераў.
Пра апошні дзень Людвіка ў Шаўрах расказвае яго сястра Тэадора Манчунская: "Усё ўжо было гатова. Людвік павінен быў пайсці з дому вечарам ... аб гэтым ведала ўся сям'я, усіх гэта турбавала, але ўсе хавалі пачуцці, не мажліва было паводзіць сябе па-іншаму, немагчыма, каб гэты дзень чымсьці адрозніваўся ад іншых. Усё павінна было ісці сваім ходам, як і звычайна, а тым больш сняданак, абед ... хоць кавалак не лез у горла. Уся сям'я сядзела пры стале да самай вячэры … трэба было пільнаваць словы, утойваць біццё сэрцаў. Каб хутчэй прайшоў бясконца доўгі дзень, чыталі ўголас "Карлінскага" Сыракомлі" [25].
Тэадора, перапоўненая пачуццямі, зрывалася да фартэпіяна і, нервова наносячы ўдары па клавішах, грала народныя гімны. Час ішоў і нарэшце надышла хвіліна расставання.
Людвік захоўваў абсалютны спакой, не праяўляў сваіх пачуццяў нават каля маладой жонкі, якую вельмі кахаў. Холадна даваў розныя распараджэнні для сястры Тэадоры, яго даверанай асобы і галоўнай памочніцы ў розных пытаннях.
У рукі Тэадоры аддаў ён Маніфест Народнага ўрада і наказваў перадаць яго заўтра пробашчу касцёла ў Начы для чытання перад вернікамі з амбона.
Хаваючы паперу, сястра жартаўліва спытала:
- А калі б пра мяне дазналіся, шкадаваў бы мяне?
- Не час думаць пра ружы, калі гараць лясы, - адказаў вытрымана Людвік.
Развітанне было кароткім. Людвік на хвіліну прыціснуўся да грудзей бацькі, ужо вельмі старога.
- Вазьміце Вільню, - шапнуў узрушаны стары, - і мяне - туды ... да артылерыі … я - усё ж-такі інжынер!
Даўжэй Людвік затрымаўся ў абдымках маці, жонкі і сястры. Тэадора выбегла за ім да самай брамы, дзе ўжо стаяў на варце раней пастаўлены Людвікам малодшы брат Баляслаў з ружжом.
У вечаровых ценях замаячылі шэрыя світкі братоў і зніклі ў цемры.
Назаўтра 2-га лютага, у дзень Грамнічнай Маці Божай, Тэадора Манчунская выбралася ў Начу на сустрэчу з пробашчам Гінтаўтам. Яна везла з сабой Маніфест Народнага ўрада і распараджэнне кіраўніка. Ксёндз збляднеў, хвіліну вагаўся, нарэшце прыняў Маніфест. Няпэўным крокам падняўся на амбон і пачаў чытаць. Чытаў кепска, невыразна, а калі скончыў, дадаў: "Назімаў". Хітры жмудзін гэтак сябе ўратаваў. Калі потым распачалося следства і пераслед тых, хто зачытаў людзям з амбона Маніфест, тутэйшыя сяляне прызналіся пад прысягай, што іх пробашч чытаў ім з амбона нейкае распараджэнне генерал-губернатара Назімава. Ксёндз Гінтаўт застаўся не пакараны, у той час як іншыя ксяндзы з Лідскага павета за зачытванне Маніфеста былі асуджаны на смерць загадам Мураўёва. Так загінулі: ксёндз Ішора - пробашч з Жалудка, расстраляны ў Вільні, ксёндз Фалькоўскі - пробашч з Ішчалны (стары паважнага веку, расстраляны ў Лідзе), ксёндз Зямацкі - пробашч з Ваверкі, расстраляны ў Вільні на Лукішках адначасова з маладым Альбертам Лясковічам, землеўладальнікам з Кір'янаўцаў. Як данеслі чуткі, Лясковіч быў арыштаваны за тое, што ў Наваельні папракаў ксяндза за адмову прачытаць Маніфест. Пра Альберта Лясковіча падрабязней пагаворым пазней.
Іншыя ксяндзы, над якімі таксама вісела "злачынства" чытання Маніфеста з амбона, цудам пазбеглі смяротнай кары. Адзін з іх: ксёндз Гарбачэўскі зачытаў Маніфест ужо прыгатаваўшы загадзя лясны кафтан, і проста з амбона пайшоў у лес. Сабраўшы некалькіх таварышаў, далучыўся да партыі Нарбута. Браў удзел ва ўсіх сутычках, а пасля смерці кіраўніка змог перайсці мяжу і ўратавацца.
Не менш шчасліва ўдалося выкруціцца ад адказнасці маладому землеўладальніку Станіславу Калясінскаму, стрыечнаму брату Бальтазара. Яму было даручана перадаць Маніфест для агалошвання пробашчам некалькіх парафій, аднак па дарозе Калясінскі сам зачытваў Маніфест па вёсках.
Уплыў Бальтазара Калясінскага на сялян, а таксама намаганні павятовага маршалка Стэфана Буткевіча, з якім Станіслаў меў сваяцтва па крыві, дапамаглі яму ўратавацца. Маршалак Стэфан Буткевіч спецыяльна арганізаваў паляванне для ваеннага начальніка Алхазава, дзе сярод паляўнічых быў і Станіслаў. Пасля палявання Алхазаў застаўся ў захапленні ад паляўнічых і разумовых здольнасцей Станіслава Калясінскага, хаця і падазраваў яго ў нелегальнай дзейнасці. Станіслаў заслужыў прыязнь Алхазава "на вякі вечныя" і пераслед спыніўся.
Рэха Маніфеста Народнага ўрада пранеслася ў Лідскім павеце. У некаторых мясцовасцях узрушыў ён зацвярдзелыя сялянскія душы. Можа абяцанне адмены чыншу і ў перспектыве бясплатнае атрыманне ва ўласнасць зямлі расчулілі сялян, хочацца аднак верыць, што прычынай былі іншыя, больш шляхетныя памкненні, а менавіта: памяць пра даўнія часы і вызнанне хрысціянскай веры.
У Забалацкай парафіі пасля праслухвання Маніфеста, зачытанага ксяндзом Зарэцкім, і гарачай прамовы капітана «Х» каля 300 сялян былі гатовы павялічыць кадры паўстанцаў. Стаялі абозам пад касцёлам тры дні і чакалі зброю, якой не было, не хапала і энергічнай рукі, якая магла б прывесці новыя сілы ў шэрагі паўстанцаў.
Сімпатыя народа напачатку была на нашым баку. Падчас сваёй кампаніі Нарбут гэта адчуваў. Сяляне апекавалі яго аддзел, дапамагалі з ежай, давалі знаць пра рух непрыяцеля, часамі аддавалі падводы. Сялянскія жанчыны мылі паўстанцам адзенне.
Жыхары вёскі Паддубна, што недалёка ад Начы, аказвалі для аддзела Нарбута вялікія паслугі. Быў паміж імі і ўрадавы ляснік Барталамей Кандрат. У сваёй леснічоўцы на стайні, як быццам для догляду лесу, заўсёды трымаў запрэжанага каня. Насамрэч рабіў гэта, каб хутка папярэдзіць Нарбута аб руху непрыяцельскага войска. Хаця сам Кандрат непасрэдна ўдзелу ў паўстанні не прымаў, але з ўсяе душы служыў яму. Выдаў яго сусед з вёскі - Мацкевіч. Указаў маскалям на запрэжанага ў стайні каня, правёў іх па слядах колаў ад воза, на якім паўстанцам вазілі харчаванне. Кандрата арыштавалі, а вёску Паддубна аддалі на рабунак маскальскім жаўнерам. Выратавалі яе стрэлы, якія сталі чутны з боку вёскі Кавалькі. Гэта пачынаўся бой ў Лакштуцянскім лесе. Рота жаўнераў паспяшала на дапамогу сваім, і, дзякуючы гэтаму, Паддубна пазбегла лёсу вёскі Зубрава.
Мацкевіч, хоць яго здрада і выявілася, дажыў да старасці ў сваёй вёсцы. Кандрат быў высланы ў Кастрамскую губерню. Праз доўгія гады здолеў вярнуцца ў Паддубна, дзе пражыў да смерці.
Пра прыязныя адносіны людзей ў Лідскім павеце да паўстання красамоўна сведчаць цэлыя вёскі, сядзібы і шляхецкія засценкі, спаленыя і зруйнаваныя з зямлёй. Сведчаць вялікія дэпартацыі цэлых сямей як дробнай шляхты, гэтак і сялян з вёсак Леніцы, Кракшлі, Зубрава і іншых.
Толькі пазней, калі расійская ўлада пачала няслушна тлумачыць народу мэту паўстання, а праваслаўнае духавенства шаптала яму, што паны змагаюцца не за Айчыну, а толькі за паншчыну, цёмныя сялянскія масы адвярнуліся ад нас. Хутка пасля паразы паўстання, пасля таго як стала зразумелай наша слабасць, у сэрцах людзей пасялілася непрыязнае да нас пачуццё.
РАЗДЗЕЛ VI
Першыя разлікі. Казначэйства. Перабольшванні і парушэнні. Слабое ўзбраенне паўстанцаў. Гераічныя высілкі. Шляхта. Расійцы пра тактыку Нарбута. Першая засада. Павелічэнне атрада. Тэадора Манчунская. Дапамога і сімпатыя людзей. Галоўныя бітвы Нарбута. Догляд хворых паўстанцаў па вёсках.
Паўстане ў Лідскім павеце магло разлічваць на поспех, бо мела сімпатыі людзей, як мы ўжо гаварылі, пераважна сярод каталіцкага насельніцтва. Падавалася несумненным, што агітацыі за ўдзел у паўстанні сялян не прайшла дарма. Верыў у гэта і Нарбут, пачынаючы барацьбу. Заўчасны выбух не даў магчымасці адпаведным чынам падрыхтаваць людзей і зброю, недахоп якой стаўся адчувальны з першых хвілін і аказваў уплыў на шэраг сутычак аддзела з непрыяцелем.
Віленскі аддзел Народнага ўрада быў арганізаваны паспешна і з гэтай прычыны не мог прадухіліць многія недапрацоўкі, але раз за разам нагадваў Варшаве пра недахоп зброі. Высылаў дзеля яе закупкі значныя сумы грошай за мяжу, аднак зброя не прыходзіла. Складкі і ахвяраванні паступалі без перапынкаў, грошай у фондзе хапала, аднак дзесьці па дарозе яны прападалі бясследна. Толькі нязначная колькасць зброі была прывезена на Віленшчыну. Фінансавая справа ў тайнай арганізацыі паўсюдна знаходзілася ў напаўразбураным стане. Ніякія разлікі немагчыма было правесці па дакументах, таму што любы знойдзены квіток пагражаў стратай свабоды і нават жыцця. Справаздача аб абароце грошай не магла быць прадстаўлена публічна, а таму часта з'яўлялася розная інфармацыя. Распараджаліся грашыма найшляхетнейшыя людзі, але здаралася, што грошы траплялі ў рукі людзей легкадумных, якія не адчувалі поўнай адказнасці за свае абавязкі, альбо што яшчэ горш, станавіліся здабычай розных аферыстаў, кар'ерыстаў, якія жадалі палавіць рыбку ў мутнай вадзе для сябе. Рыцараў падобнага промыслу мела кожная правінцыя, кожны горад. Многія з іх былі раскрытыя, але многім удалося ўнікнуць кары і пакінуць патомству маёнткі, альбо камяніцы, праўда з плямай на прозвішчы. Знакамітым быў у той час нейкі Янчэўскі з Познані, які загадваў плаціць яму за адну і тую ж дастаўку зброі з Уроцлава па некалькі разоў.
Кожная такая справа, якая станавілася вядомай, давала журналістам варожых газет поле для іроніі і абсмейвання. Таму выкрытую праблему неабходна было ціха ўрэгуляваць дома. З-за нараканняў грамадства, каб адсочваць рух кожнага публічна выкарыстанага грошыка, восенню 1863 года Траўгут арганізаваў у Парыжы Палату аўдытараў. Але неадпаведна выбраныя чальцы Палаты сталі на шлях бюракратыі так непатрэбнай у такі час, і ініцыявалі спрэчкі з графам Дзялыньскім у Парыжы, спасылаючыся на Народны ўрад у Варшаве. А падмурак паўстання ў той час ўжо валіўся, ломячы ўсё: і Народны ўрад, і рахункі, што вяло да жудасных наступстваў для Краю [26].
З пазнейшых, не вельмі дакладных звестак, можна даведацца, што было закуплена поўнае ўзбраенне для 50 000 пяхоты і 4 000 кавалерыі. Аднак значную частку гэтага ўзбраення канфіскавалі ў Прусіі і Аўстрыі, а таксама на мяжы з Расіяй. З гэтага выходзіць, што на 3 закупленыя карабіны звычайна губляліся 2, тут улічваюцца і часта неабгрунтаваныя звесткі аб злоўжываннях пастаўшчыкоў зброі.
Узбраенне ў Літву даходзіла з яшчэ большай цяжкасцю, чым у Каралеўства. Барацьба ў нашым краі распачыналася з той зброяй, якая была ў доме, па большай частцы з паляўнічым узбраеннем, вельмі далёкім ад тагачаснага ўзроўню ваеннай зброі. За выключэннем болей заможных асоб, уладальнікаў англійскіх ружжаў, бальшыня паўстанцаў мела на ўзбраенні простыя фузыі і дубальтоўкі, а найчасцей - пад'ядынкі (аднарулькі). Яны мелі драўляны шомпал, што абцяжарвала іх набіццё і зніжала тэмп стральбы. Шомпалы часта проста ламаліся ў дрыжачых руках. Было немагчыма зрабіць запас куль для такога рознакалібернага арсенала. Кожны сам павінен быў іх адліць адпаведна сваёй зброі. Даволі часта, калі не хапала сапраўдных куль, фузеі набівалі карцеччу ці нават шротам.
Порах і волава для куль куплялі ў яўрэяў, якія мелі добры запас гэтага матэрыялу і добра на гэтым зарабілі. Аднак пазней, ці то з разлікаў, ці, можа, з засцярогі, перасталі яго прадаваць, і недахоп амуніцыі сказаўся яшчэ выразней. Тайная перавозка ўзбраення станавілася больш небяспечнай і больш цяжкай.
Тамтэйшыя стрэльбы білі на невялікую адлегласць. Часта ружжы не стралялі больш чым на 100 крокаў, а з дубальтоўкі - больш, чым на 200. Маскоўскае войска ўжывала гладкарульныя штуцары з багнетамі, якія стралялі на 600 крокаў. Якія ж няроўныя ўмовы для бою стварала гэтая розніца ва ўзбраенні! Сёння нават удасканаленая паляўнічая зброя бывае шматзараднай. Унукі маюць лепшае ўзбраенне, калі палююць на зайца, чым мелі іх дзяды, калі ішлі ў смяротны бой. Вялікае пачуццё патрыятызму прыводзіла іх да звышчалавечых высілкаў. Гэта былі сапраўдныя героі! Не пакінулі па сабе высокіх помнікаў, многіх імён не захавала гісторыя, але памяць пра іх жыве ў сэрцы народа.
Недахоп зброі вымушаў шукаць дапамогі ў косах, якія насаджвалі на кій стырчаком. Такія работы выконваліся ў кузнях, а кузня і каваль былі ў кожным аддзеле. Часамі гэтая зброя магла адыграць вырашальную ролю ў бліжнім баі. Аднак стрэлы непрыяцельскіх штуцэраў адкідвалі аддзелы касінераў, і справа не даходзіла да рукапашнага бою.
Некаторыя паўстанцы мелі шаблі і пісталеты. Часам узбраенне дапаўнялі стылеты.
Вось у такіх умовах распачыналася барацьба 1863 года.
Калі разлік на ўдзел у паўстанні сялян не апраўдаўся нават у Лідскім павеце, дык увесь цяжар барацьбы зваліўся на плечы шляхты, і трэба сказаць, што ішла яна ў бой з самаадрачэннем, не шкадуючы крыві і жыцця. Здараліся выключэнні, калі адзінкі клапаціліся пра сябе і выходзілі з агульнага руху ці з'язджалі за мяжу, але гэта былі адзінкі.
Застаўся невыказны жаль з-за таго, што з-за гэтай партызаншчыны, лясных схронаў і сутычак засталося толькі рэха, утаймаваная трывога, чаканне віхуры новых трагедый. Лясныя тайны схавалі ад нас многія геройскія ўчынкі, вусны сведкаў закрыў пераслед уладаў: куля, вязніца, дэпартацыя. Толькі прыпомнім сабе часы Мураўёва. Хто ж мог што-небудзь пісаць або занатоўваць? Тое, што тады пісалася за мяжой, мела даволі вялікую долю зразумелай і справядлівай ў тую эпоху экзальтацыі.
Гісторыю тых часоў у нашым Краі тварыў толькі ціхі баязлівы шэпт мацярок, якія, як страшны сон, пераказвалі дзецям пра тое, што адбылося. Край доўга абуджаўся ў крыві і жалобе, гінулі і сціраліся з памяці даты і выпадкі, якім на разе не прыдавалася вялікага значэння, а сёння яны набываюць гістарычны сэнс. Значна пазней, з вяртаннем выгнанцаў, расшырыўся гістарычны гарызонт, але час аслабіў яго жывы каларыт. Параўнальна нядаўна, калі ўжо большая частка ветэранаў пайшла з жыцця, забраўшы з сабой у магілы таямніцы сваіх выпрабаванняў, пачалі прыбіраць паўвекавую павуціну з абразоў мінулага, аднаўляючы часта спрэчныя і незразумелыя выпадкі. Не захаваўся ніводзін ліст, напісаны рукой паўстанца ў часы лясной партызанкі, які мог бы кінуць святло на дзейнасць аддзелаў, на іх ваенныя сутычкі і трагічныя драмы.
Падобна існаваў нейкі дзённік Баляслава Свентаржэцкага з Багушэвічаў, вядомага дзеяча і арганізатара аднаго з буйнейшых аддзелаў Ігуменскага павета Менскай губерні. І хаця аддзелам кіраваў Ляскоўскі, назвалі яго аддзелам Свентаржэцкага [27]. Ваявалі ўмела, чым выклікалі пострах у ворага. Дзённік напэўна мог захоўваць каштоўныя і цікавыя рэчы, аднак быў спалены падчас ператрусу ў Вільні.
З тых крошак, якія мы маем перад сабой, вельмі цяжка ўявіць увесь рух у Лідскім павеце, а менавіта партызанскую барацьбу Нарбута. З-за недахопу інфармацыі і падрабязнасцей справы немажліва дакладна вызначыць нават працягласць паўстання. Нітка нашага аповяду пастаянна заблытваецца і рвецца. Таму прашу чытача з разуменнем ставіцца да памылак і недахопаў у ланцугу апісаных гістарычных падзей.
Пакінуўшы Шаўры, Людвік Нарбут скіраваўся ў Серпянішкі, дзе быў прызначаны пункт збору. Там да аддзела далучыліся некалькі новых таварышаў. Разам вырушылі да Салапацкага лесу, адтуль - да вёскі Паддубна.
Нарбут меў намер перахапіць па дарозе атрад жаўнераў, які суправаджаў рэкрутаў з-пад Аран. Засада не ўдалася. Частка рэкрутаў змагла ўцячы, але ні адзін не далучыўся да аддзела.
Аднак першыя стрэлы ў акрузе зрабілі розгалас пра пачатак паўстанчага руху. Сталі абуджацца суседнія парафіі, і да Нарбута прыбывалі ахвотнікі з розных сацыяльных класаў і палажэнняў. Сястра камандзіра, Тэадора Манчунская, пасвечаная ва ўсе справы брата, накіроўвала іх да месца яго побыту, яна была злучнікам, які нітаваў пушчу і свет. Засцерагала атрад перад небяспекай, апекавалася яго рознымі патрэбамі і часта сама ў сялянскай вопратцы прыносіла харчаванне і інфармацыю. Не ваявала са зброяй у руках, але ўсёй душой брала ўдзел у паўстанні, станавілася, як калісьці ў дзіцячых гульнях, новай Эміліяй Плятэр, гатовай ахвяраваць жыццём дзеля Радзімы.
Нарбут глядзеў ў бок Вільні і таму нейкі час знаходзіўся ў лясах паміж Эйшышкамі і Начай. Аднаго разу яго аддзел высачылі і, каб папярэдзіць людзей пра небяспеку, Манчунская знайшла старога каваля, які, рызыкуючы жыццём, выратаваў сотню людзей ад смерці, бо сама дайсці да аддзела не магла, а іншыя знаёмыя людзі папросту баяліся.
- Пайду, - сказаў селянін падумаўшы. - Свет нічога не страціць, калі на аднаго каваля стане меней.
Пайшоў, не загінуў, а аддзел уратаваў.
Падобную добразычлівасць і паслугі сялян Нарбут меў паўсюдна, аднак пры паглядзе на яго аддзел, сяляне гаварылі: "Лепш такі, паночку, арганізаваць тут ранейшае войска, таму што з гэтымі маладымі ... цяжка будзе", - сніўся ім яшчэ 1831 год. Няісныя палкі да гэтага часу жылі ў іхнім уяўленні. Здаровы сялянскі сэнс верыў толькі ў моц рэгулярнага войска і ахвотна яго прызнаваў.
Аддзел Нарбута хутка вырас да ста з некалькімі дзясяткамі чалавек. Гэта лічба то павялічвала, то памяншалася. З такой невялікай жменькай людзей Нарбут тры месяцы аказваў супраціў вялікім атрадам непрыяцеля, і хаця ніводнай бітвы, ва ўласным значэнні гэтага слова, не выйграў, стамляў ворага неспадзяванымі нападамі, дапякаў засадамі, а ўдалай абаронай прыносіў ворагу значныя страты. Ваенныя здольнасці Нарбута праяўляліся ўсё больш яўна. Сярод расійскіх жаўнераў расла паніка, і нават само імя Нарбута выклікала іх хваляванне. Казалі, што мае моц чараўніка і ні адна куля яго не возьме, што ловіць яе, як мяч, і адкідваючы яе назад у ворага, кладзе мёртвымі дзясяткі жаўнераў. Падобных легенд віравала мноства.
Нарбут так разумна ўмеў расставіць сваіх людзей, што ў вачах непрыяцеля яны разрасталіся да тысяч жаўнераў. Аднак гэтыя пагалоскі шкодзілі паўстанцам, бо супраць іх канцэнтравалася войска, якое сцягвалі з розных месцаў. Ладзіліся аблавы, з якіх Нарбут павінен быў выслізгваць. Гэта руйнавала яго партызанскія планы. Прасіў сястру пярэчыць чуткам пра яго моц, а падтрымліваць чуткі пра жменьку паўстанцаў. Нарэшце, калі нават і вялікае войска не змагло перамагчы Нарбута, які хаваўся ў лясах, расійцы прызначылі цану за яго галаву. Здраднік за захоп Людвіка жывым павінен быў атрымаць тысячу рублёў.
Раёнам партызанскай дзейнасці аддзела Нарбута была галоўным чынам даліна ракі Котра, а таксама Ковенская, Ягелонская і Аранская пушчы, што давала магчымым зрабіць пераход да Рудніцкай пушчы, а далей да пушчы Гарадзенскай. Гэтыя пушчы і багны з'яўляліся для паўстанцаў свайго роду ляснымі фартамі, дзе людзі маглі адпачыць бяспечна.
Да найбольш значных сутычак Нарбута, якія праславілі яго імя, належаць:
1. Бітва пад Руднікамі, 25 лютага паводле дадзеных ўрада;
2. Бітва, названая бітвай пад Дубічамі, ці інакш, бітва ў Паддубіцкіх лясах, ці бітва пад Старжынамі, 30 сакавіка;
3. Бітва пад Кавалькамі ў Лакштуцянскім лесе, 8 красавіка;
4. Апошняя бітва пад Дубічамі, у якой Нарбут загінуў, 22 красавіка.
Гэтыя дадзеныя маем з урадавых крыніц, бо сцерліся яны ўжо ў людской памяці, за выключэннем апошняй, крывавы фінал якой моцна ўразіў людскія сэрцы і розум.
Сяляне давалі схованкі параненым, а вясковыя жанчыны старанна іх апякалі. Пазней дзяржаўныя ўлады загадалі пад пагрозай суровай кары паведамляць пра такіх параненых. Гэтых нешчаслівых забіралі ў шпіталь, а пасля выздараўлення аддавалі пад суд.
Аднак літасць і добрыя сэрцы сялянак дазволілі схаваць параненых паўстанцаў і ўратаваць іх ад згубы. Але ўсё часцей аддзел павінен быў забіраць з сабой такіх інвалідаў і з-за бытавых нязручнасцяў многія з іх паміралі. Раслі ў лесе хутка насыпаныя магілы з крыжыкамі і прозвішчамі, выцятымі на кары дрэў.
З высяканнем лясоў сляды гэтых магіл страціліся назаўжды. Бывае толькі, што часамі араты, апусціўшы плуг глыбей у лясную глебу, падыме на паверхню людскія косці.
РАЗДЗЕЛ VII
Над Мерычанкай. Малы прырост сіл. Першая параза пад Руднікамі і Стажынамі. Урадавыя крыніцы. У пушчы пад Зубравым. Бітва пад Кавалькамі. Выхад з пасткі. Розгалас імя Нарбута і павелічэнне сіл аддзела. Нефартунная засада. Пройгрыш бітвы пад Дубічамі.
Затрымаўшыся на нейкі час у лясных ваколіцах Начы і Эйшышак, Нарбут са сваім ненамнога павялічаным аддзелам, выправіўся ў Руднікі, што ў бок Вільні, таму што спадзяваўся, што там да аддзела далучацца новыя людзі. І сапраўды, падчас пастою над Мерычанкай да лагера Нарбута далучыўся Андрыёлі са жменькай віленскай моладзі. Ён нарадзіўся ў 1837 годзе ў Вільні. Маці яго была полькай, а бацька грэкам, меў гарачы паўднёвы тэмперамент, яго палымяныя чорныя вочы выдавалі ўзвышаныя пачуцці. Маці выхавала ў сына глыбокую прывязанасць да Краю, дзе нарадзіўся і якому павінен быў верна служыць да смерці. У дзяцінстве Андрыёлі меў слабое здароўе і таму загартоўваў сябе праз спорт. Гэтыя заняткі далі плён: ён развіў у сабе нязвыклую фізічную сілу і дасканаласць, што вельмі прыдалося ў будучым жыцці. Мог асядлаць любога каня, выдатна веславаў і плаваў, быў чэмпіёнам па фехтаванні. Пасля заканчэння школы ў Вільні вучыўся медыцыне ў Маскве, але хутка гэтыя заняткі кінуў, паступіў у школу малявання, адтуль быў залічаны ў Акадэмію Мастацтва ў Пецярбургу. Пасля заліку апошніх экзаменаў Андрыёлі выехаў у Рым, потым у Парыж, дзе прадоўжыў вывучэнне жывапісу. У 1862 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе ўжо ўсё кіпела і рыхтавалася да паўстання. Андрыёлі не застаўся пасіўным сведкам. Ён знайшоў кантакт з Нарбутам і далучыўся да яго шэрагаў.
Зламаная ў адпаведным месцы лесу сасонка была знакам, што тут будзе чакаць праваднік, які прывядзе ў лагер. Аднак замест правадніка Андрыёлі сустрэў маладую жанчыну. Ён незадаволена зморшчыў лоб і толькі даведаўшыся ад яе, што перад ім Тэадора Манчунская, весела павітаўся, адгукнуўшыся да таварышаў: "Панове! Шапкі ўгару! Сястра Галоўнага!"
Манчунская прынесла інфармацыю і кош з ядой для добраахвотнікаў. Не звяртаючы ўвагі на сур'ёзнасць хвіліны, з вуснаў моладзі зрываліся вясёлыя неасцярожныя словы. Андрыёлі абяцаў Манчунскай прынесці у якасці паска "стужку", сарваную з гвардзейца, яна абавязалася сама пашыць для яго канфедэратку. Рассталіся поўнымі веры ў будучыню. Праваднік, якога прывяла Манчунская, давёў добраахвотнікаў да лагера Нарбута. З гэтага часу Андрыёлі не пакідаў лагер да самай апошняй хвіліны.
Гэта яму мы абавязаны тым, што маем зарысаванае аблічча Галоўнага, бо Нарбут не любіў фатаграфавацца. Андрыёлі намаляваў вобраз Нарбута па памяці і па рысах падобнага на Людвіка малодшага брата Баляслава.
Гэта ён, Андрыёлі, пераказаў нашчадкам пра апошнія хвіліны Галоўнага і яго верных таварышаў, якія пад градам маскоўскіх куль выносілі параненага Людвіка ў бітве пад Дубічамі, намаляваўшы карціну пад назвай "Смерць Нарбута", якая цяпер знаходзіцца ў школе Бацінёл [28] прадмесця Парыжа.
25 лютага каля Руднікаў над Мерачанкай адбылася першая важная бітва аддзела Нарбута з маскоўскім войскам. Шалі поспеху напачатку схіліліся на бок паўстанцаў, якія давалі годны адпор расійскім ротам, а потым спрытна адступілі ў глыбокую пушчу.
Ва ўрадавых выданнях першы ўспамін аб знаходжанні аддзела Нарбута ў Эйшышскіх лясах з'явіўся толькі 19 лютага ў "Рускім Інвалідзе", адначасова з паведамленнем пра выбух паўстанчага руху пад кіраўніцтвам Рагінскага ў Мазырскім павеце Менскай губерні. Гэта былі дзве першыя знакавыя аб'явы пра рух на Літве.
Праз пару дзён "Інвалід" паведамляў: "Дня 28-га лютага з Ліды была выслана 1 рота жаўнераў і палова эскадрона ўланаў, а з Вільні - рота лейб-гвардыі маскоўскага палка, 1 плутон [29] казакаў. Гэты атрад, рушыў з чыгуначнай станцыі Алькенікі ў бок Руднікаў каб далучыцца да галоўных сіл, якія выйшлі з Ліды і напаткаў банду паўстанцаў у Рудніцкім лесе. Пасля кароткай сутычкі, у якой былі паранены 3 жаўнеры і адзін казак, маскоўская рота і казакі рушылі ў лес і разагналі банду, якая разбеглася. У гэтай сутычцы здабылі 3 фузыі і косы, забіты 4 паўстанцы і конь камандзіра. Банда, рассыпаная па лесе, на другі дзень пераследавалася палкоўнікам Вінбергам. З Вільні ў Руднікі высланы на падводах 2 роты лейб-гвардыі стралковага батальёна і рота лейб-гвардыі фінляндскага палка па чыгунцы з Алькенікаў для супольнага дзеяння."
Гэтая справаздача характарызуе тую занепакоенасць, якую выклікаў Нарбут і колькасць войскаў, якія сцягваліся супраць яго невялічкага аддзела, які паводле "Інваліда" адразу разбегся.
Памяць пра бітву пад Руднікамі захоўваецца сярод людзей да гэтага часу. Яшчэ жывуць старыя, што бачылі ўсё на ўласныя вочы. Гэтыя сведкі гавораць, што пад Руднікамі ваяваў не адзін Нарбут, а аб'яднаныя паміж сабой тры аддзелы: Віславуха, Парадоўскага і Нарбута. Аднак, здаецца, што тут закралася памылка: Парадоўскі, як вядома, прыняў кіраўніцтва значна пазней. Гэта мог быць ашмянскі аддзел, але на яго чале не мог стаяць Парадоўскі. Дарэчы, бітва адбылася 25-га лютага, калі акрамя Нарбута, які выклікаў самы ранні рух у Лідскім павеце, пра арганізацыю іншых паўстанчых аддзелаў у Віленскай губерні, наогул не было чуваць. Можа пад Руднікамі біліся тры аддзелы атрада Нарбута? Людское паданне гаворыць аб іншым. Указваюць на магілы палеглых і з даўняй сімпатыяй, узгадаванай яшчэ дзядамі ва ўнуках, гавораць пра Нарбута. Пад Руднікамі загінуў таксама і адзін афіцэр расійскай арміі. На яго магіле стаіць помнік з адпаведным надпісам.
Нарбут меў звычай: дзеля канспірацыі сваіх планаў раскідваць аддзел на дробныя пададдзелы - "дзясяткі", якія разыходзіліся і з'яўляліся тут і там, а потым збіраліся ў абумоўленым месцы. Пасля выступу маскалёў, Нарбут скарыстаўся хвілінай і перайшоў да Паддубіцкіх лясоў, а потым рушыў у Забалацкую пушчу. Праз час яго аддзел быў на краі Гарадзенскай пушчы. Навакольныя жыхары выказвалі паўстанцам вялікую сімпатыю і забяспечвалі аддзел правізіяй. Праз нядоўгі час Нарбут зноў рушыў у бок Дубічаў, і там спыніўся ў лясах непадалёк вёскі Старжыцы.
30 сакавіка пачалася новая бітва. Паўстанцы, седзячы ў засеках за драўлянай сцяной, густым агнём сеялі смерць сярод шэрагаў расійскіх жаўнераў. Затым Нарбут высунуўся з засекаў і манеўрам вывеў непрыяцеля ў балота пасярод лесу, і там, загразшага па калені ў балоце, пачаставаў новай порцыяй агню. Роты паламалі шэрагі і адступілі, пакідаючы за сабой многа забітых.
Пасля гэтага годнага адпору ворагу, Нарбут зноў павярнуў у пушчу, а слава яго пачала расці, пашырацца, ахопліваць сялянскія двары і шляхецкія засценкі, вёскі і мястэчкі. І той, і гэты бралі зброю і выходзілі з дому, каб папоўніць шэрагі паўстанцаў.
Маскоўскія дзяржаўныя выданні ў гэты час давалі даволі цьмяную інфармацыю. "Северная почта" 30 сакавіка пісала: "Атрад Нарбута, якога пераследаваў капітан Цімафееў, разбіўся на дзясяткі, рушыў да вёскі Зубрава і зноў злучыўся за Новым Дваром. Для затрымання Нарбута з Гародні былі выслана тры роты і эскадрон уланаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Вінберга".
Праз некалькі дзён "Кур'ер Віленскі" № 38 пісаў: "У Лідскі павет высланы 2 роты лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і 50 казакаў пад кіраўніцтвам капітана Цімафеева. 30 сакавіка яны рушылі да вёскі Бершты, дзе на рацэ Котра знайшлі мост, разабраны паўстанцамі. Аддзел дайшоў да вёскі Пілаўцы, дзе даведаліся аб тым, што камандзір банды Нарбут і ксёндз Гарбачэўскі перайшлі лясамі пад Дубічы, куды і павярнуў капітан Цімафееў. Як толькі ланцуг жаўнераў уступіў на ўскраек лесу, паўстанцы спаткалі яго шчыльным агнём з засекаў. Ланцуг, падтрыманы рэзервам кінуўся на паўстанцаў, але паўстанцы пакінулі засекі і расцерушыліся па лесе. Ланцуг, часам ідучы па пояс у вадзе, пераследаваў іх у густым багністым лесе. Паўстанцы рассыпаліся ў розныя бакі і пакінуўшы свае рэчы, катлы і адну фурманку. Далейшы пераслед быў спынены з-за стомленасці коней. У вайскоўцаў забіта 2, паранена 6 чалавек. Параненых і забітых паўстанцаў бачылі каля 25-ці. У той жа час казакі захапілі жыхара ваколіцы Янкоўскага, які накіроўвася да паўстанцаў. У яго возе зайшлі зброю, волава і пуд пораху. Вайсковы аддзел, зрабіўшы ў гэты дзень па лесе пятлю ў 50 вёрст, прыбыў на начлег у маёнтак Новы Двор".
Падобна на тое, што і Нарбут праходзіў каля Новага Двара, кіруючыся да Забалацкай пушчы. У тых паданнях, што дайшлі да нас, часта прыпамінаецца бітва ў гэтым месцы. На самай справе там здарылася некалькі дробных нязначных сутычак. Некалькі паўстанцаў выбеглі з лесу, каб забраць пасылкі ў мястэчку, а калі яны ўжо вярталіся ў лес, на іх напаў дробны атрад жаўнераў. Пад час узаемнага абмену стрэламі быў забіты расійскі афіцэр. Маскоўскі атрад павярнуў у бок Эйшышак, а паўстанцы - спакойна пайшлі ў лагер.
Пасля бітвы пад Старжынамі ў Паддубіцкіх лясах аддзел Нарбута зноў адпачываў некалькі дзён у Гарадзенскай пушчы каля вёскі Зубрава, дзе меў верных сабе сялян. Пад час пастою да аддзела далучыліся некалькі чалавек. Сэрцы забіліся мацней, бо вырасла вера ў поспех.
Нязломным пастаўшчыком добраахвотнікаў у аддзел быў Стэфан Вільбік, шляхціц - вясковец з Радунскага філіяла паўстанцаў. Як музыка са скрыпачкай у руках граў на вячорках у ваколіцах Начы, Эйшышак і Радуні і паціху вербаваў людзей у аддзел. Заўсёды ведаў месцазнаходжанне лагера і раз-пораз прыводзіў новых паўстанцаў. Аднаго разу, калі Вільбік з невялікай жменькай людзей спяшаўся ў лагер, сяляне з вёскі Такароўшчына далі яму знаць, што Нарбут адышоў на некалькі міль далей. Не вагаючыся, Вільбік пусціўся са сваімі людзьмі ўслед. Былі ўжо даволі блізка, калі пачулі стрэлы. Рота жаўнераў абстрэльвала лес дзе знаходзіліся паўстанцы. Шалёная куля трапіла ў аднаго з добраахвотнікаў Вільбіка, селяніна Карчмаера, які забіты паваліўся на месцы. Вільбіку ўдалося з астатнімі людзьмі далучыцца да лагера ,дзе ніхто з паўстанцаў не быў паранены або яшчэ як пашкоджаны.
З-пад Зубрава Нарбут перайшоў у Лакштуцянскія лясы, дзе паблізу вёскі Кавалькі ў правадную нядзелю - 8-га красавіка адбылася адна з найвялікшых сутычак якая пакрыла славай яго імя.
Ён меў 200-250 чалавек, калі ў Такштуцях яго аддзел акружылі з двух бакоў вялікія фарміраванні маскоўскага войска. Акрамя конніцы, для захопу былі высланы сем рот пяхоты і аддзел лёгкай артылерыі. Войска, якое месцілася ў Начы, раздзялілася на дзве часткі, адна павінна была атакаваць Нарбута з боку вёскі Кавалькі, другая - з вёскі Паддуб'е.
Першая частка, якая ішла проста, адразу наткнулася на паўстанцаў. Пачалася страляніна. Другая затрымалася у Паддуб'і, дзе сусед Кандрата селянін Мацкевіч здрадзіў яму, данёсшы маскалям, што Кандрат спрыяе Нарбуту і папярэджвае аб руху войска. Кандрата арыштавалі, а вёску прызначылі знішчыць. Аднак наперад маскоўскія жаўнеры хацелі пагуляць: пачалі есці, піць і рабаваць, і тады яны выразна пачулі стрэлы з-пад Кавалькаў. Афіцэры хутка адклікалі жаўнераў і пагналі іх пад Кавалькі. Гэта ўратавала паўстанцаў. Расійскі атрад, страціўшы многа часу ў Паддуб'і, не пайшоў згодна плану да вёскі Грыбошы, дзе павінен быў перакрыць паўстанцам мажлівасць для адступлення. Замест выканання плана атрад павярнуў да бліжэйшай дарогі. Менавіта гэтая акалічнасць дазволіла ацалець аддзелу Нарбута. Пасля некалькіх гадзін бітвы Нарбут зручным манеўрам вывеў свой аддзел з пасткі і правёў праз тыя самыя Грыбошы, якія ператварыліся ў адзіна свабодны праход. Прайшоўшы паўночным берагам возера Дэмбля, пераправіўся цераз раку Улу і паглыбіўся ў лясы Гарадзенскай пушчы. Там над ракой Котрай недалёка ад Зубрава, якое апекавалася атрадам і забяспечвала жыццёва важныя патрэбы, стаў лагерам.
За гэтую ўстойлівую павагу і падтрымку, расійцы пазней зруйнавалі вёску разам з зямлёй, а жыхароў выслалі на выгнанне ў Сібір.
Гераічная бітва пад Кавалькамі яшчэ раз паказала рэдкі вайсковы талент Нарбута, які з невялікім аддзелам зваяваў непрыяцеля большага па колькасці ў некалькі разоў і выслізнуў з яго рук. Гэта не была перамога, а толькі пераможны манеўр, які звярнуў увагу не толькі сваіх, але і замежнікаў. Гэта бітва вядомая як Лакштуцянская, але павінна была называцца бітвай пад Кавалькамі, таму што назоў вёскі выразна пазначаны на ўсіх большых мапах, у той час як скарбовы лес у Лакштуцях не фігуруе на іх зусім. Кожны, хто праглядвае мапу Лідскага павета і знаходзіць на ёй Кавалькі, прыпамінае, што менавіта гэта месца было заліта нашай крывёй у 1863 годзе.
У № 40 "Кур'ера віленскага" таго часу чытаем: "Банда Нарбута, рассеяная капітанам Цімафеевым, 30 сакавіка вырушыла да вёскі Зубрава. 31 сакавіка ў пагоню з маёнтка Новы Двор да мястэчка Сабакінцы выйшаў аддзел Цімафеева. Па прычыне блытаных звестак было немажліва даведацца пра банду Нарбута. І толькі 3-га красавіка атрымалі дакладную інфармацыю: банда знаходзіцца зноў каля вёскі Дубічы за Новым Дваром, куды і вырушыў капітан Цімафееў."
З другога боку на Нарбута ішоў палкоўнік Алхазаў і палкоўнік Вернер, высланы з Гародні з 3-мя ротамі пяхоты.
"Кур'ер віленскі" ад 8-га красавіка надрукаваў пра бітву ў Лакштуцянах наступнае: "... на след паўстанцаў патрапілі каля вёскі Руда ў лясных балотах, далей над возерам Дэмбля каля вёскі Кавалькі. Бітва доўжылася каля шасці гадзін. Вечарам каля васьмі паўстанцы кінуліся да вёскі Грыбошы і Бручаніцы. Узялі ў палон 4 зняволеных, згодна з іх паказаннямі ў атрадзе Нарбута было каля 600 добра ўзброеных людзей. Між іншымі забіты ад'ютант начальніка і ксёндз Гарбачэўскі".
Падобна на тое, што справа пад Кавалькамі была гарачай і для расійцаў, як скора дзяржаўная прэса назвала яе шматгадзіннай бітвай. Аднак памылковай была звестка пра колькасць аддзела Нарбута, узбраенне і смерць ксяндза Гарбачэўскага. Насамрэч там быў забіты Уладзіслаў Навіцкі, якога Віленскі аддзел Народнага ўрада адразу хацеў паставіць начальнікам узброеных сіл Лідскага павета. У гэтай бітве былі забіты Міхалоўскі і малады Войцех Нарбут, сакратар павятовага суда ў Лідзе і крэўны камандзіра. Калі маскалі, абдзіраючыя адзенне з трупаў, знайшлі ў забітага воіна дакумент з прозвішчам Нарбут, дык моцным "Ура" віталі здабычу. Адразу вырашылі, што палеглы - кіраўнік атрада і вялікая радасць была у маскоўскай роты. Усіх забітых пахавалі разам пры касцёле ў Начы. Сярод забітых расійцаў быў і афіцэр.
Ксёндз Стэфан Гарбачэўскі - вікарый з Эйшышак атрымаў лёгкае раненне, але адпраўляў набажэнствы, асвячаў косы паўстанцам, даглядаў параненых, прычашчаў паміраючых. Ніколі не страляў. Калі падчас першай сутычкі з ворагам Нарбут хацеў, каб першы стрэл быў з рукі ксяндза, адхіліў яго прапанову, цвёрда прамовіўшы: "Не прыстала мне служцы Божаму забіваць людзей. Страляйце самі. Я вам іншымі паслугамі дапамагаць буду". І выконваў свае абяцанні да канца.
"Кур'ер Віленскі" ад 18-га красавіка пісаў наступнае: "Аддзелы Алхазава, Цімафеева і Вернера аб'яднаўшыся разам, акружылі атрад Нарбута з трох бакоў, але Нарбут зручна выслізнуў з атачэння, заціраючы свае сляды адзеннем ці ідучы задам-наперад. Яго аддзел ішоў паўночным бокам возера Дэмблі і некалькі разоў перапраўляўся праз раку Улу. Загінула каля 30 паўстанцаў. Акрамя пары стрэльб і некалькіх вазоў з катламі другой здабычы не было".
"Кур'ер Віленскі" прыпамінае наступнае аб дробнай сутычцы над ракой Улай на ўскрайку леса паміж разасланымі выведвальнікамі і новай партыяй паўстанцаў пад кіраўніцтвам Чудоўскага. Напэўна гэта быў невялічкі аддзел Нарбута, высланы дзеля збіцця са шляху непрыяцеля. Бітва пад Кавалькамі становіцца адметнай кропкай у кампаніі Нарбута. Прыгожы, слаўны дзень Лідскага паўстання. Майстэрскі прарваўшы кола непрыяцеля, Нарбут паглыбіўся ў Гарадзенскую пушчу. Людзі глядзелі на правадыра, як на паўбога, і стваралі аб ім легенды. Яго імя было ва ўсіх на вуснах. Гэта віхура распаліла рух, які драмаў у Лідскім павеце. Да абозу Нарбута далучылася трохі свежых сіл, сярод якіх былі двое братоў Бразоўскіх, Губарэвіч, Паплаўскі і іншыя.
Аднойчы над распаленым вогнішчам пад вялікай сасной, зляцеў з яе чорны крук і пранізліва закаркаў над галовамі паўстанцаў. Многія палічылі гэта за злы знак.
Праз кароткі час абоз вырушыў да вёскі Ганэлькі, фальварка Маргевічаў, адкуль прыйшло паведамленне аб тым, што да пушчы высланы значныя маскоўскія сілы з мэтай выцясніць з яе паўстанцаў.
Нарбут, папярэджаны аб маршруце непрыяцеля, вырашыў зрабіць засаду каля Раманава. Аднак у тым накірунку каля Сабакінцаў, маёнтка Кіпрыяна Шалевіча, аказаўся маскоўскі атрад. Хтосьці прапанаваў павесіць тамтэйшага папа, які вызначаўся шпіянажам, але Нарбут не дазволіў, бо не жадаў перакладаць адказнасць на Шалевіча, годнага і высакароднага чалавека.
Так добра задуманая засада ў Раманове, якая магла кардынальна змяніць лёс лідскага паўстання, не ўдалася. Адзін з паўстанцаў, хоць і было яму сурова загадана трымацца ціха, падчас чысткі зброі неасцярожна стрэліў і насцярожыў ворага.
У той колькасці людзей, з якіх складаўся аддзел Нарбута, павінны былі мецца недысцыплінаваныя элементы, якія сваімі паводзінамі не раз псавалі добра задуманыя планы камандзіра. Пасля няўдалай засады неабходна было мяняць месца стаянкі і шукаць новы, больш бяспечны пункт. Нарбут накіраваўся да Дубічаў, але яшчэ нейкі час манеўраваў па лясах, каб заблытаць непрыяцеля.
Аднойчы здарылася так, што адзін з паўстанцаў па прозвішчы Раманоўскі, выйшаў з лесу і сустрэўся нос у нос з расійскім афіцэрам, які відочна шпегаваў за паўстанцамі і меў у суправаджэнні селяніна з Дубічаў. Абодва, сустрэўшыся, узаемна кінуліся ў процілеглыя бакі наўцёкі. Калі пра гэта даведаўся Нарбут, то з незадавальненнем сказаў: "Дарэмна носіш зброю, мог яе і ўжыць" [30].
У аддзеле тым часам некаторыя паўстанцы перашэптваліся: "Крук! Злы прадвеснік! няшчасце прадказвае!" Гэта непакоіла менавіта прастакоў, якія верылі ў забабоны.
І зноў Нарбут вырашыў спыніцца ў недаступным месцы. Дзеля гэтага выбраў лясісты ўзгорак паміж Забалаццю і Дубічамі пасярод непраходнай, як здавалася, багністай мясцовасці над возерам. Стаў там лагерам, маючы вузкі сухі пярэсмык да пушчы. Паблізу ўзносіўся стары дубіцкі касцёл і такая ж плябанія. Месца выглядала як бяспечнае і цяжкадаступнае. Аддзел налічваў у той час 13 дзясяткаў, або 130 чалавек.
Кіраўнік выслаў свайго брата Баляслава да Віславуха, камандзіра гарадзенскага атрада, ад якога спадзяваўся атрымаць дапамогу, якая б дала магчымасць пашырыць дзейнасць.
Раздзел VIII
Народны рух. Зацішша каля Ліды. Альберт Лясковіч. Прызнанне Бальтазара Калясінскага. Рэліз. Агульны ўздым. Публічная ахвярнасць. Петрыкоўскі і яго заступні.
Была ўжо палова красавіка, час які быў больш-менш вызначаны Віленскім Народным урадам як пачатак агульнага вызвольнага руху ва ўсіх ваяводствах і паветах. У большых або меншых памерах паўстанне пачалося паўсюдна, паўстанчы рух ахапіў Жмудзь.
У Лідскім павеце адзіным дзейным аддзелам было фарміраванне Нарбута, а вызвольны рух найбольш праявіўся пасля бітвы пад Кавалькамі. Бальтазар Калясінскі падбухторваў гміны, бо меў некалькі прыведзеных да прысягі войтаў. У ваколіцах пачалі з'яўляцца розныя карэты з такімі таямнічымі постацямі як ксёндз Робак [31]. Навіны аб поспехах Нарбута панавалі пад кожнай страхой, будзілі ад сну, заахвочвалі да дзеянняў. Моладзь шляхецкага паходжання аб'ядноўвалася і збліжалася з сялянамі. Былі распрацаваны праекты стварэння Лідскага атрада і яго далучэння да Нарбута. Цэнтрам руху была Ліда і яе ваколіцы, бракавала толькі галавы, якая б магла гэты рух скіраваць на практычную працу, і рукі, якая б моцна трымала стырно кіравання.
Арганізацыйны камітэт, які ўжо знаходзіўся пад пільным наглядам расійскай улады, дзейнічаў слаба. Пачаліся арышты. Пайшоў пад ключ і Бальтазар Калясінскі. І хоць яго хутка выпусціл, аднак больш працаваць сярод народа ён не мог.
З-за паказанняў маладога Альберта Лясковіча з Кір'янаўцаў былі арыштаваныя і іншыя землеўладальнікі. Лясковіча арыштавалі з-за нейкіх легкадумных словаў у мястэчку Беніца; арыштоўваў яго афіцэр этаповай камендатуры Свінавухаў і тутэйшы ключвойт [32].
Выпадкова ў вязніцы Лясковіч апынуўся разам з нейкім Адамам Сасёнкам, які падгаворваў маладзёна да складання фальшывага прызнання і ўключэння ў яго як мага большай колькасці асоб, пераконваючы, што гэтак справа пойдзе лепш і хутчэй скончыцца нічым.
Сам гэты Сасёнка, сын тутэйшага землеўладальніка, з невядомых прычын агаварыў сябе, бацькоў і сястру ў распаўсюдзе Маніфеста Народнага ўрада, пастаўках зброі паўстанцам і г.д. Нудзячыся ў вязніцы, ён казаў Лясковічу, што калі больш знаёмых апынецца разам з імі ў астрозе, дык будзе весялей. Недасведчаны маладзён прыслухаўся да нашэптвання таварыша, і калі яго выклікалі на допыт, а ваенны начальнік павета Казаналі [33] падпаіў яго віном, скампраметаваў сябе і многіх іншых асоб. Начальніку павета толькі гэта і было патрэбна. Гэта быў годны паплечнік знакамітага Барэйшы, вайсковага начальніка Вілейскага павета.
У хуткім часе на суседскіх пасядзелках у Юліяна Лясковіча, старэйшага брата Альберта "міравога пасярэдніка", у яго маёнтку Чаплаёўшчына быў арыштаваны сам гаспадар і яго госці: Зыгмунт Гадачэўскі з Мінайлы і Вільгельм Грабоўскі з Семятоўшчыны, якая пасля перайшла ў чужыя рукі. Адначасова былі арыштаваны Караль Тышкевіч з Жырмунаў і Браніслаў Нарбут з Нікадзімава, які ў той час знаходзіўся ў Наваградку па пасадзе сакратара З'езду міравых пасярэднікаў. Ён быў зусім недатычны да палітычных спраў і стаў ахвярай нейкага фальшывага даносу.
У Лідзе арыштавалі Бальтазара Калясінскага. Улада даўно ўжо мела на яго вока, але не спяшалася з арыштам, бо Калясінскі меў вялікую павагу сярод сялян і такі крок мог выклікаць вялікае хваляванне, адпор або якія-небудзь іншыя праблемы. Хітры ваенны начальнік павета вырашыў узяць яго падманам.
Некалькімі днямі раней ад апісаных падзей, калі ў Калясінскага сабралася кола знаёмых, Казаналі прыслаў капітана Баранава з патрабаваннем неадкладна прыбыць у канцылярыю. Бальтазар Калясінскі адмовіўся і патлумачыў гэта тым, што ў яго госці. Аднак, калі афіцэр дастаткова настырна паўтарыў загад, Калясінскі страціў цярпенне і буркнуў: "Пану Казаналі дарога да мяне такая ж роўная, як і мне да яго". Афіцэр пайшоў, а Казаналі вырашыў дзейнічаць па-іншаму. Ён паведаміў арыштаванаму Юльяну Лясковічу, што той будзе хутка высланы ў Расію, аднак, калі хоча, то можа паклікаць каго-небудзь са знаёмых у Лідзе, напрыклад Калясінскага, і перадаць яму пад апеку сваю сям'ю і інтарэсы.
Хуткая, бяспраўная дэпартацыя, такая частая ў тыя часы, не здзіўляла ўжо нікога. Таму вестачка, прысланая з вязніцы, не здзівіла Калясінскага і, прыгнечаны лёсам Лясковіча, ён тут жа пайшоў да яго, пакінуўшы дом і гасцей на свайго крэўнага Станіслава Калясінскага. Як толькі Бальтазар пераступіў парог вязніцы, яго атачылі ахоўнікі і замкнулі на ключ у камеры.
Занепакоены доўгай адсутнасцю родзіча Станіслаў Калясінскі выбег у горад, каб даведацца, што здарылася. Усе ўжо ведалі пра арышт Бальтазара. У любую хвіліну мог пачацца ператрус у яго доме. Там маглі быць дакументы, якія кампраметавалі іншых, нейкія сведчанні пра сувязь з камітэтам у Парыжы, грошы на патрэбы паўстання.
Знерваваны Станіслаў Калясінскі амаль што з боем дабіўся аўдыенцыі ў Казаналі, які не хацеў яго адразу прыняць. Калясінскі прасіў дазвол на сустрэчу са стрыечным братам. Казаналі яму адмовіў, і толькі пасля таго, як Калясінскі давёў, што ў кузена, як у міравога пасярэдніка могуць захоўвацца дзяржаўныя грошы, і што яны могуць страціцца падчас ператрусу, за што Казаналі будзе асабіста адказваць, пан вайсковы начальнік змякчэў і, выклікаўшы афіцэра, загадаў суправаджаць Станіслава Калясінскага да вязніцы і прысутнічаць пры размове братоў.
"Казённые деньги" заўсёды давалі шанец на поспех сярод чыноўнікаў. Калі па дарозе да турмы ў казармах, дзе сядзеў Бальтазар Калясінскі, міналі рэстаран Андрушкевіча [34], Станіслаў прапанаваў афіцэру, які ішоў разам, невялікі сняданак.
За кілішкам шчыра разгаварыліся. Афіцэр вярнуўся з Каўказа і сімпатызаваў тутэйшым, з якімі там пазнаёміўся. Ён дазволіў братам спатканне сам-на-сам, без сведак. Потым Станіслаў змог зайсці ў кватэру брата і прагледзець паперы. Яго эскорт трымаўся каля дзвярэй, на адлегласці. Станіслаў забраў усё, што трэба, і выехаў з Ліды. Вольна ўздыхнуў толькі за горадам.
У хуткім часе Казаналі выслаў усіх арыштаваных у Вільню, дзе яшчэ кіраваў Назімаў. У палітычнай атмасферы яшчэ адчуваліся лагодныя плыні. Старшынём следчай камісіі ў той час быў Вісяліцкі, чалавек адносна добры. Судовае следства пра неабачлівыя словы Альберта Лясковіча цягнулася даволі доўга, потым Альберт адмовіўся ад іх, быў апраўданы і выйшаў на волю [35].
Бальтазар Калясінскі вярнуўся ў Ліду і зноў энергічна ўзяўся за працу. Яго арышт разарваў многія ніці ў папярэдне старанна сплеценай павуціне, аднак паводзіны Нарбута ўздымалі ў людзей што раз то большую сімпатыю і ўмацоўвалі веру ў будучыню, хаця бальшыня сялян паводзіла сябе пасіўна. Даўнія грахі шляхты, цемната сялян, адсутнасць нацыянальнай свядомасці і яшчэ свежая памяць пра цяжкую паншчыну не маглі выклікаць іншыя пачуцці сярод народных мас, таксама трэба асабліва ўлічваць актыўныя дзеянні царскага ўрада, які будзіў нянавісць да землеўладальнікаў у сялянскіх сэрцах і галовах. Заставалася яшчэ рэлігійная струна, на якую народ рэагаваў найбольш уразліва і на якой удавалася граць лягчэй.
У Дакудаўскай гміне войт Кохан меў напагатове некалькі соцень людзей, пераважна праваслаўных з даўнейшых уніятаў. Чакалі толькі выкліку.
У Тарноўскай гміне, дзе праца Калясінскага пакінула глыбокі след, прыведзены пад прысягу войт Марцін Якубоўскі стварыў першую сярод сялян арганізацыю і нават падрыхтаваў трошкі зброі. Планавалася, што сяляне паўстануць тады, калі падымецца Ліда. Народу заўсёды імпануе сіла. Калі б насельніцтва разгледзела яе ў паўстанні, дык напэўна падтрымала б яго.
Тым часам у ваколіцах Ліды ішла гарачая агітацыйная праца, ствараліся ўсё новыя праекты, іншым разам зусім фантастычныя. Думалі нават пра захоп казарм і пра арышт камандавання лідскай залогі і г.д. Больш цвярозымі былі думкі пра арганізацыю лідскага аддзела, які б мог злучыцца з Нарбутам. Гэтую работу даверылі некалькім актыўным і разумным маладым людзям, у тым ліку і Станіславу Калясінскаму. Вярбоўка ішла лёгка, ахвяраванні і складкі сыпаліся неспадзявана шчодра, некаторыя ўдовы нават ахвяравалі амаль апошнія грашы.
Калі Нарбут падышоў да Дубічаў, глеба была прыгатаваная. Агульны запал у Лідзе і ваколіцах узняла прамова Баляслава Колышкі, які падаўся ў аддзел Серакоўскага, дзе потым стаў памочнікам. Колышка паходзіў з дробнай шляхты Лідскага павета. Адразу служыў у павятовым судзе ў Лідзе. Пры першым рэху рэвалюцыі падаўся ў Грэцыю [36] і паступіў у Вайсковую Акадэмію ў Кунеа [37]. Меў намер там застацца. Аднак, атрымаўшы весткі пра пачатак вызвольнага руху на радзіме, тут жа вярнуўся. Ён спяшаўся ў аддзел Серакоўскага. Аднак затрымаўся ў Лідзе, каб пабачыцца з роднымі. Пані Табенская [38], якая ўтрымоўвала жаноцкі пансіянат і жыла ў Лідзе, арганізавала Колышку ўрачысты прыём, за які потым была арыштавана і выслана на Сібір [39].
За кароткі час каса Петрыкоўскага напоўнілася 18-цю тысячамі рублёў, а публічная ахвярнасць і рух, які распачаўся ў ваколіцах Ліды, даваў надзею на хуткае фармаванне атрада. Петрыкоўскі з пэўнай сумай грошай вырушыў пад Дубічы ў лагер Нарбута, каб павітаць правадыра, папоўніць яго касу і паінфармаваць аб стане рэчаў. Петрыкоўскі меў намер застацца ў лагеры паўстанцаў і дачакацца прыбыцця лідскага атрада і перадаць яго пад кіраўніцтва Нарбута.
Гарачы патрыёт і сумленны чалавек, Петрыкоўскі меркаваў пра людзей па сабе, сваёй меркай. Пакідаючы Ліду, ён даручыў збор грашовых ахвяраванняў аднаму з месцічаў - пану Каліноўскаму, нават прозвішча якога выклікала пэўны давер, але не ўзяў пад увагу слабы характар гэтага чалавека і вялікі ўплыў на яго жонкі, якая мела яўрэйскае паходжанне.
Петрыкоўскі, выязджаючы з Ліды, наказваў свайму намесніку не выпісваць ахвярадаўцам на мэты паўстання ніякіх квітанцый. Адзіным доказам свайго паўнамоцтва на збіранне грошай можна было паказаць дакумент Народнага Урада, які быў схаваны пад бэлькай на столі. Гэта ўсё стварала непераадольную, схільную да граху спакусу. І сталася рэч ганебная. Публічныя грошы зніклі бясследна. Як тады перадавалася з вуснаў у вусны - прагная жанчына, як другая Ева, падгаварыла да граху Адама.
Паводле пазнейшых падлікаў, у касу не патрапіла каля 30 000 рублёў, што можа даць уяўленне аб памеры ахвяраванняў у Лідскім павеце. Уся гэта мутная справа пры іншых абставінах магла быць толькі простай растратай, аднак, у той час аказала вялікі ўплыў на лёс лідскага паўстання.
Раздзел IX
Чаканне над Дзітвой. Станіслаў Калясінскі. Фальшывая трывога. Расцярушванне лідскага атрада. Крадзеж зброі. Ніколка. Надмагільная пліта. Нападзенне на ксяндза. Пакаранне. Канцэнтрацыя войска. Перасцярога афіцэра ў Лідзе. Запозна
Тым часам ва ўсіх ваколіцах Лідскага павета пачалі фарміравацца малыя і большыя паўстанчыя аддзелы, якія павінны былі сабрацца 11 красавіка на зборным пункце ў вёсцы Аўсядава, якая належала Зянкевічу (некалькі вёрст на поўнач ад Ліды).
Там яны павінны былі атрымаць зброю, амуніцыю, правіянт, нават некаторае абмундзіраванне, грошы і, злучыўшыся ў адно цэлае, як лідскі аддзел, рушыць у Дубічы пад камандаванне Нарбута. Усё было старанна прадумана і разлічана.
У Крупаўскім лесе аддзел чакаў тутэйшы землеўладальнік Тамаш Шукевіч, адзін з найбольш уплывовых людзей, які пры Геншалі выконваў абавязкі цывільна-прававога памочніка кіраўніка павета. Разам з адважным Вільбікам, тагачасным сувязным-музыкам, які дастаўляў добраахвотнікаў у лагер паўстанцаў Нарбута, яны пачалі розныя прыгатаванні.
У Гейштаўтах і Гудэлях над ракой Дзітвой паўстанцаў чакалі 60 лодак для пераправы. Меліся запасы зброі, жыўнасці і амуніцыі. Станіслаў Калясінскі завербаваў 60 чалавек, пераважна са службоўцаў, рамеснікаў і засцянковай шляхты. Зброі было нават болей, чым было неабходна аддзелу. Да таго, як прагучыць сігнал збору ў Аўсядаве, усю яе неабходна было сабраць разам. Калясінскі знайшоў добрага памочніка, шчыра адданага справе чалавека: Андрэя Буткевіча (родам са Жмудзі), які вельмі палегчыў выкананне гэтага задання.
Добраахвотнікі мелі сабрацца ў маёнтку Клепцаўшчына [40], якім ў той час валодалі Калясінскія і адкуль потым павінны былі выправіцца ў Перапецкі лес. Там, сфарміраваўшы шэрагі з яшчэ недысцыплінаваных элементаў, Калясінскі павёў іх праз Раслякі, млын у Пастаўшчыне, каля фальварка Адамовіча ў Малэйкаўшчыну (фальварак сёння знаходзіцца ў чужых руках). Па дарозе сустрэлі семярых казакаў і, каб яны не нарабілі алярму ў ваколіцах, вырашылі іх застрэліць. Але казакі павярнулі ў другі бок.
Калі ў маёнтку сабраліся аддзелы з Ашмянскага, Наваградскага і Лідскага паветаў, агульным лікам некалькі соцень чалавек, як пярун з яснага неба, зваліўся з Ліды Ігнат Каліноўскі (той самы, у руках якога, як потым высветліцца, растварыліся грошы сабраныя ў Лідскім павеце на патрэбы паўстання) і ўзняў трывогу, што як быццам у Аўсядава выправіліся вялікія сілы маскоўскага войска. Гаспадара абвінаваціў у здрадзе, крычаў, што той хоча свядома ўсіх загубіць, пасля чаго незаўважна знік. Тым часам уражаныя прастачкі пачалі разбягацца, і нават іх лідары, людзі разумныя, разгубіліся і скамянелі. Становішча было страшнае.
Нарбут, падвергнуўшы сваіх людзей небяспецы, наўмысна даўжэй затрымаўся пад Дубічамі і чакаў гэтае папаўненне. Калясінскі, каб праясніць сітуацыю, пакінуў свой аддзел у лесе пад апеку Дарашкевіча і накіраваўся ў Ліду. У горадзе было ціха і спакойна. Ніхто не чуў пра блізкае маскоўскае войска. Ніхто не разумеў, з якой мэтай Каліноўскі нярвуе людзей сваімі расказамі. Хутка справа стала праясняцца. Гэты Каліноўскі па навучанні жонкі, такім чынам хацеў скарыстацца з хаосу і схаваць сляды зніклых грошай, якія павінен быў атрымаць лідскі аддзел. Боль, ганьба, гнеў апанавалі людскія сэрцы. Лідары аддзелаў рвалі валасы на галовах, што так лёгка далі сябе ашукаць!
Тагачасныя палітычныя абставіны прымушалі людзей да маўчання, і толькі нямая пагарда сталася выразам агульнага абурэння. Ганебны факт не страціўся ў людской памяці. Гэтая авантура знішчыла гэткую цяжкую, мазольную арганізацыю лідскага і іншых аддзелаў і тым самым нанесла страшэнны ўдар па тутэйшым паўстанні.
Аднак аўсядаўская гісторыі паказала і вялікую ахвярнасць. Юльян Кашыц [41] з Новага Ольжава - рэспектабельны чалавек з бездакорнай рэпутацыяй - даслаў значную колькасць бельгійскіх штуцараў, імпартаваных з-за мяжы. Іншыя двары давалі на патрэбы паўстання, што толькі мелі: дарагія дзядоўскія памяткі - аздобленыя золатам і срэбрам пісталеты, карабіны і г. д.
Пасля сумнага здарэння ў Аўсядаве Станіслаў Калясінскі загадаў свайму памочніку Дарашкевічу прывезці зброю ў Клепцаўшчыну. Аднак Дарашкевіч ужо не знайшоў у лесе самай каштоўнай зброі. Яна знікла разам з вопраткай, канфедэраткамі і іншым. У хуткім часе даведаліся, што яе скраў завербаваны ў аддзел праваслаўны шавец з Ліды па прозвішчы Ніколка, які ў Аўсядаве першым пачаў хваляванне і пабудзіў да ўцёкаў іншых. Неўзабаве Ніколка пачаў прадаваць яўрэям скрадзеныя прадметы, выдзіраючы золата, срэбра і іншую каштоўную аздобу.
Часы былі такія, што ўсялякія падобныя злачынствы заставаліся без пакарання. Але праз некалькі тыдняў Ніколка раптоўна звар'яцеў. Гэта зрабіла пэўнае ўражанне на ніжэйшыя пласты насельніцтва. "Боская кара, - шапталіся - Абмінуў руку людскую, але не пазбег рукі Божай".
Каятан Дарашкевіч памёр праз некалькі гадоў і пакінуў пасля сябе памяць як пра чалавека годнага, сумленнага і з пачуццём гонару. Пазней Станіслаў Калясінскі паставіў на яго магіле на могілках у Лідзе невялікі надмагільны камень з надпісам: "Каятану Дарашкевічу, вахмістру народнага войска". Гэты помнічак захаваўся і па сёння.
Як мы ўжо гаварылі раней, непадалёк ад лагера Нарбута пад Дубічамі стаяў стары касцёлік, у плябаніі якога жыў ксёндз Савіцкі - вядомы тады прапаведнік.
У касцёліку захоўваўся цудадзейны абраз Хрыста. Шчодрыя ахвяраванні складаліся на алтары і хадзіла пагалоска, што сабраўся ўжо неблагі капітал, які ксёндз Савіцкі трымае ў плябаніі.
Неаднаразова хто-небудзь з паўстанцаў патаемна забягаў у плябанію. Ксёндз Савіцкі кожнага прымаў з прыязнасцю і дапамагаў ежай, тытунём і ўсім іншым. Аднойчы ўначы на плябанію напалі нейкія бандыты з патрабаваннем выдаць ім грошы, а калі ксёндз адмовіўся, кажучы што не мае грошай, яму заткнулі рот кляпам, збілі і вывалаклі ў адной бялізне ў лес. Потым вярнуліся да плябаніі, дзе ператрэслі ўсе куты і каморы, дарэмна шукаючы схаваныя грошы.
Перапалоханыя служкі не адважваліся нават падаваць знакі жыцця, і ксёндз, напэўна, замёрз бы пад дрэвам, каб да плябаніі не прыехалі нейкія парафіяне, якія прывезлі пахрысціць дзіця. Толькі тады гаспадыня (жанчына, якая гатавала ксяндзу ежу) ударылася ў плач і расказала пра начное здарэнне. У адным з нападнікаў служкі апазналі паўстанца, які часта бываў у ксяндза. Узнялася трывога. Распачаліся пошукі ксяндза. Паінфармавалі аб здарэнні Нарбута. Праз кароткі час напаўжывога ксяндза знайшлі пад дрэвам. Выкрылася, што напад здзейсніў паўстанец Рыла з яшчэ адным шарагоўцам.
Нарбут быў страшна разгневаны і абодвух пакараў смерцю. Гэты выпадак выклікаў вялікі розгалас сярод ваколічнага люду і розныя домыслы. Адны сцвярджалі, што камандзір загадаў закапаць Рылу жыўцом, другія - што засячы палкамі. Словам, на гэтым фоне нараджаліся розныя міфы, якія жывуць і па сённяшні дзень. Нарбут насуперак сваёй звычайнай практыцы затрымаўся на адным месцы даўжэй, можа чакаў пад Дубічамі аддзел з Ліды, можа падмогу з Ашмян ад Парадоўскага, ці Віславуха з Гарадзеншчыны, да якога выслаў свайго брата Баляслава.
Маскоўскія войскі сцягваліся да Ліды з Гародні, Шчучына і Трок. Капітан Цімафееў з некалькімі ротамі стаяў у Дубічах, аднак не рабіў ніякіх крокаў. Яго дзеянні нагадвалі хутчэй род аблавы, ці нават жаданне даць Нарбуту час паглыбіцца ў пушчу.
Лідар пастаянна меў звесткі аб рухах маскалёў і цяпер атрымаў паведамленне пра тое, што Цімафееў пасля некалькіх дзён пастою ў Дубічах пакінуў іх і павярнуў у Ліду.
Выкарыстоўваючы момант, Нарбут хацеў папоўніць запас правіянту ў ваколіцах і толькі потым паглыбіцца ў пушчу. Не ведаў ён аднак аб тым, што калі Цімафееў павярнуў да Ліды на сёмай вярсце яго дагнаў стражнік урадавых лясоў, тутэйшы селянін Базыль Карповіч, званы ў народзе "Базылюк", і паабяцаў правесці маскоўскае войска праз балоты да лагера Нарбута. Ён добра ведаў усе мажлівыя пераходы, бо не раз разам з іншымі сялянамі прыносіў паўстанцам хлеб. Здраднік спакусіўся на абяцаную за галаву Нарбута ўзнагароду ў суме адна тысяча рублёў.
Як гаварылі людзі, Цімафееў успрыняў селяніна з пагардай і доўга вагаўся, але потым павярнуў да Дубічаў і адначасова паведаміў у Ліду, каб дасылалі дапамогу для акружэння Нарбута.
Вечарам 21 красавіка жыхары Ліды заўважылі пэўны рух сярод маскоўскага войска. Адзін з афіцэраў, затрымаўшы на вуліцы Станіслава Калясінскага, завёў яго ў цукерню Андрушкевіча і там пад закуску, нібыта выпадкова, абмовіўся пра тое, што рыхтуецца аблава на Нарбута. Калясінскі зразумеў, што афіцэр, як чалавек добры і сумленны, хоча папярэдзіць пра пагрозу і небяспеку паўстанцам. Асядлаў сваю адважную выпрабаваную кабылу і пагнаў у Дубічы. Ужо світала, калі праехаўшы некалькі міль, амаль на апошняй вярсце пачуў стрэлы.
Прыехаў запозна!...
Прыгнечаны павярнуў да Плашак, урадавай фермы, якую арандаваў адзін з Краінскіх. Другі брат быў у лагеры Нарбута. Знясіленая кабыла Калясінскага пала каля ганка. У двары з-за стрэлаў пачыналі абуджацца. Задыханы малады чалавек уварваўся ў пакой.
У маўчанні, якое перапынялася шэптам ружанца і ўздыхамі, сям'я разам з Калясінскім у роспачы чакала звестак з поля бітвы. Хвіліны здаваліся гадзінамі...
Раздзел X
У Шаўрах. Паход Манчунскай у лагер. Апошнія хвіліны Нарбута. Разгром пад Дубічамі
У Шаўрах жылі надзеяй! Стары Тэадор Нарбут, даследчык Літвы, знаходзіўся ў Вільні ў жонкі Людвіка, куды яго адвезла сям'я, каб пазбегнуць збыт моцных для 80-ці гадовага старога хваляванняў, а таксама таму, што яго адсутнасць дазваляла больш свабодна і актыўна прымаць удзел у паўстанчым руху.
Сувязь паміж дваром у Шаўрах і пушчай была пастаяннай. Людвік Нарбут высылаў з лагера да сястры Манчунскай розныя каманды і загады, якія яна выконвала дакладна, без аглядкі на розную небяспеку. Яна таемна перадавала ў лагер сакрэтныя дакументы і інфармацыю, ежу і адзенне, а калі і амуніцыю. Мела на вёсках адданых справе людзей, мела сваіх шпіёнаў і засакрэчаных сувязных, паслугамі якіх карысталася ў выпадках, калі сама не магла дайсці.
З мужчынскай адвагай, па-рознаму апранутая, Тэадора Манчунская не раз падвяргала сябе вялікай небяспецы, але заўсёды шчасліва абмінала пагрозу. Напярэдадні бітвы пад Дубічамі выбралася ў лагер да брата. Павінна была прайсці некалькі міль прасторы ноччу, але яе гэта ўвогуле не палохала.
Пра гэты паход пані Манчунская расказвала так: "... Дзень 21 красавіка ўжо скончыўся. Было ціха, вясновая ноч поўная таямнічага шуму і шолаху... У леснічоўцы перад хатай лесніка Баняшкі, старога слугі Нарбута, стаяў вазок, нагружаны бялізнай, адзеннем, ежай ... была там і чамарка для камандзіра, падбітая аўчынай, і шаўковая кашуля, пашытая суседскімі дзяўчатамі для маладзенькага Баляслава Нарбута і шапачка, абяцаная Андрыёлі".
Везла яна таксама розныя лекі, а таксама сігары і ліст ад жонкі Людвіка. Найважнейшымі з'яўляліся паперы з Вільні - танюсенькія лісты, абрыўкі якіх можна было лёгка схаваць, і трошкі залатых манет. Гэта былі першыя грошы, якія Народны ўрад перасылаў Людвіку. Да гэтага часу паўстанне фінансавалася ўласнымі сіламі: праз зборы і ахвяраванні, якія праходзілі праз рукі Манчунскай. Яна іх адсылала ці адвозіла ў лагер, у сваю чаргу атрымлівала квітанцыі, завівала іх у алавяную паперу і ў бутэльках закопвала ў шаўроўскім садзе. На патрэбы паўстання пані Манчунская выдала ўвесь свой пасаг, што складаў дзве тысячы дукатаў, і грашовую дапамогу, якую атрымала пасля смерці мужа.
"Вазок стаіць гатовы. Начныя цені атулілі зямлю. Са сваім скарбам я рушу ў Дубічы да незнаёмага лесу, кіруючыся адзіна падказкамі пачцівага Баняшкі.
Каштанка не мела падкоў, і колы не былі акутыя, таму можна было ехаць ціха...
Перажагналася і, прамаўляючы любімую бацькам даўнішнюю малітву "Бог - наша прыстанішча і сіла..." выправілася ў дарогу", - расказвала сястра Людвіка.
"Пазбягаючы шырокіх шляхоў, выбірала вузкія сцяжыны. І хоць я была адна, не адчувала ніякага страху. Думка аб паслузе брату і народу, якую я рабіла, напаўняла сэрца хутчэй радасцю і весялосцю. Па пясках, лясным моху і верасе ціха рушыў наперад мой вазок. Старанна абмінала паселішчы, бо паўсюдна па вёсках стаялі загародкі - шлагбаумы.
Вось у начных ценях замаячыла перада мной вялікая вёска, з аднаго боку балота, з другога бездарожны выган, так як амаль ва ўсіх нашых вёсках. Абмінуць цяжка.
Вырашыла ехаць дарогай па сярэдзіне вёскі ... ціха адчыніла першую браму, другую, зачыненую плеценым вянком ... цішыня паўсюдная, не абудзіўся ніхто, ні адзін сабака не забрахаў. Пацягнула лейцамі Каштанку і ... мінула ўжо апошнюю браму ... у рагатак нікога.
Перада мной у начной цемры ўжо вырысоўваюцца контуры старой плябаніі ў Дубічах.
Паўсюль ціха і цёмна, але каля брамы мяне чакае мой праваднік - каваль. Без слоў узяў каня, навязаў, кінуў яму сена, падсунуў вядро з вадой. Забраў больш цяжкія пакункі з воза, мне аддаў драбнейшыя ... подбегам мы дабраліся да лесу. Тут ужо было бяспечна. Лес! Гэта апякун! Сябар! Атуляе і абараняе!
Адзін паўстанцкі пікет, другі …, прамаўляю пароль. Ужо бачу Людвіка ..., ён сядзіць абапёршыся аб сасну, двое паўстанцаў са зброяй стаяць каля яго. Хвіліна - і я падаю да яго ў абдымкі, найперш аддаю танюсенькія паперкі і манеты з Вільні, затым ліст ад жонкі і сігары. Раздае таварышам. Потым пры вогнішчы прачытаў паперы, пералічыў грошы. Было дзвесце штук залатовак. Усміхнуўся і сказаў мяне: "За маю галаву болей дадуць. Гэтыя панове пільнуюць мяне дабраахвотна, змяняючыся што гадзіну."
З удзячнасцю паціснула далоні незнаёмцаў. Пачалі збірацца старшыні: двое Краінскіх і некалькі іншых.
- Гэта звяз маёй будучай кавалерыі, - адазваўся Людвік. - Нядаўна двое з іх конна падманулі цэлы эскадрон расейскіх драгунаў. А гэта браты Бразоўскія, твае танцоры, - прадстаўляў тых хто падыходзіў, - а вось і Андрыёлі, якога ты нядаўна з іншымі вільнянамі прывяла ў лагер.
Мы пачалі свабодна размаўляць і жартаваць. Андрыёлі непрызвычаены да ляснога жыцця уздыхаў:
- Ах! Выпіць бы гарбаткі пад дахам, седзячы ўтульна пры стале... .
Атрымаў бы катар, як Душман [42] , які выспаўся аднаго разу пад дахам, - прамовіў Людвік. - Мы прызвычаеныя да лесу, і здароўе нам служыць.
У лясной глыбіні запалілі невялікі пучок агню для мяне і лідара. Спытала Людвіка:
- Хто найбольш баявы?
Яго адказ магла данесці жонкам, сёстрам і паненкам у ваколіцы, бо ведала што многа паўстанцаў было з нашай стараны. Людвік хвіліну памаўчаў:
- Трыцкевіч, Пілецкі і брат наш Болесь. Заўсёды рвуцца наперад, засланяюць мяне ў сутычках.
Расказвала Людвіку, што пра яго гавораць. Станавіўся легендарным.
- Найгорш - сказаў - тое, што кажуць пра тысячы маіх байцоў. Непрыяцель сцягвае што раз большыя сілы. Апошні раз нас трымала ў аблозе ажно шэсць тысяч з гарматамі. Трэба пусціць пагалоску, што у нас вельмі мала людзей.
Тым часам маю ўвагу прыцягнуў незвычайны цырыманіял. Уначы на фоне лесу сярод зялёных карунак галін ксёндз Гарбачэўскі ў белай комжы і арнаце свянціў касу. Гледзішча было насамрэч цікавае!..
Мне прыпомніўся кафтан са скуры лася на ксяндзы, у якім ён з амбона адразу пайшоў ў лес пасля агалашэння Народнага Маніфеста. Ці носіць яго пад комжай?...
На развітанне Людвік нічога не гаварыў мне пра свае намеры, толькі сказаў:
- Не даю табе ніякіх загадаў, вяртайся той жа дарогай. Мы пасунемся бліжэй да Дубічаў. Там нам прыгатуюць хлеб, можа пойдзем на Гародню. З Дубічаў атрымаеш вестачку, а гэтыя пячоначнікі [43] - дадаў, падаючы мне букет кветак, - завязі жонцы і бацьку.
Мы развіталіся...
Краінскія перадалі мне лісты да жонак, напісаныя алоўкам на кары.
- Першы дзясятак правядзе маю сястру праз пікеты, - загадаў Людвік.
Выступіла жменька маладых людзей, сярод якіх быў Андрыёлі, Пілецкі і некалькі лідзян. На развітанне акінула лагер вокам. Усе твары былі спакойныя, але каля пікетаў адчуваўся нейкі насцярожаны парадак. Пароль: "Толя". Спыніліся перад глыбокім ровам поўным вады.
- Зрабіць насілкі, - выкрыкнуў нехта. - Перанясём пані.
Але каваль, які ўжо чакаў, падхапіў мяне на рукі і так перайшоў роў.
- Ну што вы, панічы? - пракрычаў з іроніяй.
Пачуўся сігнал: свісток. "Панічы" заспяшаліся ў лес. Каваль хапіў мяне за руку і пацягнуў, шэпчучы:
- Хутчэй, хутчэй з лесу, ужо світае.
Беглі. Можа праз чвэрць гадзіны пачуліся грымоты, штосьці падобнае на гром. Каваль уздрыгнуў і пабег яшчэ шпарчэй. Зноў ... нібы трэск дрэва, нібы грукат возу на мосце з бярвення ... каваль здрыгануўся і прыспешыў хаду ... Мне ўжо не хапала дыхання, не магла зразумець, што гэта ўсё азначае ... пытаць не асмельвалася. Прыйшоў на памяць доктар Рэніер [44] - ахвяра часоў Канарскага, які меў звычку казаць:
- Не пытацца пра лішняе, не больш за тое, што неабходна. Прозвішчы, даты вырываць з памяці, таму што, калі цябе схопяць, ты можаш у сне, у стане гарачкі выдаць.
Болей не пыталася. Падобна на тое, што каваль вызнаваў такія ж прынцыпы, таму не прамовіў ні воднага слова. Мы дабеглі да нашага вазка, моўчкі каваль упарадкаваў сядзенне і запрог каня - вырушылі.
Пачынаўся белы ясны вясновы дзень. На дарозе нас сустрэла нейкая незнаёмая паненка ... мела ўстрывожаныя вочы і валасы не ў парадку. Затрымалася прамовіўшы:
- Не пушчу пані адну, паеду з паняй...
Я ўжо звыклася з тагачаснай экзальтацыяй жанчын і шанаваннем майго брата, таму адазвалася спакойна:
- Не час на чуллівасць, але калі пані мае дабрату, дык прасіла бы перадаць Краінскім, у гэты двор, направа, лісты, якія вязу з лагера, гэта мне вельмі скароціць час.
Паненка паглядзела на мяне непрытомным позіркам...
- Няхай пані ідзе напрасткі, - дадала. - Тут дарога робіць вялікі круг...
Узяла лісты, хацела штосьці сказаць, але павярнулася і памчала як страла.
Паглядзела ёй услед і паехала далей. Вярталася простай шырокай дарогай. Адчувала сябе ў бяспецы, таму што пры сабе не мела нічога кампраметуючага... Конь жвава бег дадому. Яшчэ некалькі бродаў, адна горка, другая і ўжо наш лясок. Перад хатай стаіць ляснік Баняшка, увесь заліты слязьмі!.. Што здарылася?! Ускочыла ў хатку ... там ... Болесь! ... абарваны, акрываўлены...
- Людвік забіты, - выбухнуў здушаным голасам. Свет пацямнеў, вочы перасталі бачыць! Я толькі што з ім была! Але ж гэтыя грымоты ... гэты трэск ... нарэшце я зразумела. Павольна вярталася памяць, а з ёй ... Маці!...
Кінулася да дзвярэй, спяшаючыся да свайго двара. Да яго было каля палову вярсты ... белы ... ціхі!...
Прабегла сені і сталовую з партрэтамі Нарбутаў.
Здавалася, што глядзяць на мяне са сцяне здзіўленым позіркам. Спынілася на парозе матчынага пакою ... і скамянела ... Страшная вестка дабегла сюды хутчэй за мяне!
Маці глядзела на мяне выцвілымі вачыма, твар мела бледны, сівыя валасы распушчаныя ... Скочыла да мяне і адразу з крыкам падалася назад ... Мне падалося - яна звар'яцела.
Стаяла на парозе як прыкутая ... праз некаторы час маці наблізілася да мяне, дакранулася сваёй рукой майго твару ... свядомасць вярталася, у вачах ужо быў толькі бязмерны сум і незвычайная пяшчота.
Кінулася да яе ў абдымкі. Ціхі плач прынёс нам невялікую палёгку. Маці, ведаючы, што я паехала ў лагер, была ўпэўнена, што я загінула разам з Людвікам. Пабачыўшы маю постаць вырашыла, што гэта толькі мой прывід ... аплаквала дваіх дзяцей.
- Ах! Якое шчасце, - паўтарала маці, нібы шукаючы ў гэтым уцехі. - Ты засталася жывая, і Людвіка не ўзялі жывым.
- Пайду шукаць яго цела, - сказала я і зноў запяшалася ў Дубічы.
Раздзел XI
Смерць лідара і яго дванаццаці таварышаў. Базыль і Цімафееў. У Палашках.
У папярэднім раздзеле амаль даслоўна было прыведзена апавяданне пані Манчунскай, відавочцы апошняй ночы ў лагеры Нарбута перад бітвай пад Дубічамі. Ён не быў у стане апатыі, за каторую яго ў той час асуджалі, але меў дрэннае прадчуванне, бо гаварыў сястры пра новы загад, які яна яму прывезла:
- Не дадуць мне яго выканаць, крук ужо заклекатаў над маёй галавой.
Гэтыя словы, перавернутыя на жарт, не выклікалі трывогі на фоне агульнага даволі спакойнага і добрага настрою. Развітаўшыся з сястрой. Нарбут выйшаў на ўскраек лесу і сеў пад дрэвам. Яго ад'ютанты і асабліва Краінскі, як бы прадчуваючы няшчасце, хацелі перавесці лідара ў больш бяспечнае месца. Аднак Нарбут не пагадзіўся і застаўся ў суме і задуменні. Можа ў думках бег да каханай жонкі і сямейнага вогнішча, а можа апанаваў яго перадсмяротны сум, як гэта часта бывае з некаторымі людзьмі перад сконам.
Увогуле ён не ведаў пра тое, што Базыль павярнуў Цімафеева з дарогі, калі той адступаў ад Дубічаў, не ведаў пра яго здраду, пры тым што той знаў усе пераходы паміж багнамі да лагера паўстанцаў.
Ужо потым расказвалі, што на возеры бачылі лодку і двух чалавек. Падобна на тое, што гэта былі Цімафееў з Базылём, які паказваў ваколіцы і даступныя дарогі. Хтосьці з паўстанцаў хацеў па іх стрэліць, але Нарбут забараніў, бо думаў, што гэта могуць быць тутэйшыя сяляне-рыбакі.
Здаля ў перадсвітальным змроку сярод балот замаячылі цені, падобныя на постаці людзей.
Андрыёлі першы звярнуў на гэта ўвагу.
- Сяляне нясуць хлеб, - спакойна нехта пракаментаваў.
- Замнога чалавек! - заўважыў Андрыёлі.
Камандзір падняў да вачэй бінокль.
- Спадарства, гэта ўзброеныя людзі, - выгукнуў ён. - Але яшчэ не страляць!
У лесе раздаліся нягучныя сінгалы, атрад займаў баявую пазіцыю. З ранняй імглы вынырвалі чалавечыя постаці адзетыя як бы ў сялянскія сярмягі...
- Жаўнеры ў шынялях!, - крыкнуў нехта.
Нарбут, як расказваў сведка Паплаўскі, яшчэ стаяў з біноклем, калі з боку ракі, са стараны, з якой зусім не чакалі небяспекі, выгукнулі стрэлы. І адразу другі залп з іншага боку - патрапілі ў засаду, яны былі акружаны ... пачалася паніка.
- Спадарства, халаднакроўна адстрэльвацца і адыходзіць назад, - скамандаваў Нарбут. - У рассыпную! - дадаў яшчэ, але яго голас заглушыў гул бітвы. Раптам камандзір захістаўся ... і ўпаў. Андрыёлі і Пілецкі кінуліся яму на дапамогу, але атрымалі раненні і вымушаны былі саступіць сваё месца іншым, якія ўчатырох падхапілі Нарбута, каб вынесці яго з лініі агню ў больш бяспечнае месца.
Частка аддзела разбеглася па лесе, а тыя, хто нёс камандзіра - Пакемпіновіч, Леан Краінскі, Аляксандр Бразоўскі і Стэфан Губарэвіч, упалі на зямлю мёртвымі.
У імгненне вока, тых, хто паваліўся на зямлю, змянілі чатыры іншых таварышы: Францішак Бразоўскі - брат Аляксандра, Уладзімір Паплаўскі, Уладзіслаў Жаброўскі і Станіслаў Ёдка.
Гэта ім сказаў Нарбут:
- Пакіньце мяне, панове, ратуйце ўласнае жыццё.
Але кулі забівалі іх па чарзе. З бязмежнай адданасцю, месца забітых займалі іншыя паўстанцы. Паспелі аднесці Нарбута толькі на невялікую адлегласць і новая куля трапіла яму ў шыю. Стрэл быў смяротным. Камандзір змог толькі прамовіць:
- Паміраю за Айчыну! - ... і сканаў...
Гэта былі яго апошнія словы. Разам з ім загінула і тая трэцяя чацвёрка маладых людзей, якая коштам свайго жыцця ратавалі камандзіра. Гэта быў цвет моладзі з землеўладальнікаў Лідскага павета, верных да апошняга дыхання ідэі, за якую змагаліся, і лідару, які іх вёў.
Вось іх імёны:
1. Леан Краінскі з Грачанішак Лідскага павета;
2. Стэфан Губарэвіч, сын Станіслава з Галавічполя;
3. Уладзіслаў Жукоўскі з Ляцка;
4. Аляксандр Бразоўскі і
5. Францішак Бжазоўскі - сыны Аляксандры з Бейнаровічаў і Францішка, жыхары Гурнафеля; старэйшы Аляксандр скончыў медычную навуку, а малодшы вывучаў яе на другім курсе;
6. Скірмунт з Піншчыны;
7. Лукашэвіч з Міцкунцаў;
8. Юзаф Пакемпіновіч, студэнт з Кракава;
9. Уладзімір Паплаўскі;
10. Пётр Янкоўскі;
11. Генша з Міцкунцаў;
12. Станіслаў Ёдка з Петрашанцаў.
Пра апошняга апавядалі, што перад тым як пайсці з дому ў паўстанцкі атрад, ён быў на пахаванні ў Палашках у Адольфа Краінскага. Там, адна з паненак разгледзела на яго адзенні чырвоную пляму на грудзях, і паказала гэта іншым. Некалькі асоб гэтую пляму таксама разгледзелі. Пляма знікала, калі набліжаліся да Ёдкі, і выразна бачылася на адлегласці. Каб не ствараць дрэннага ўражання, яму пра гэта ніхто не сказаў, але тыя, што разгледзелі злавесны знак, зрабілі сумныя высновы пра яго лёс. Цяжка паранены пад Дубічамі Станіслаў Ёдка, звярнуўся да аднаго з таварышаў: «Маю пры сабе трошкі грошай, вазьміце, каб не трапілі ў рукі маскалёў...» Не дакончыў ... расійскі багнет ударыў яму грудзі. Калі на полі бітвы былі знойдзены парэшткі Станіслава Ёдкі, дык на яго грудзях убачылі глыбокую рану, якраз у тым самым месцы, дзе раней бачылі яе выяву.
Параненыя і захопленыя ў палон былі:
1. Уладзіслаў Клімантовіч;
2. Нікалаі, былы капітан [45] расійскіх войск;
3. Кіпрыян Пясецкі - доктар, і іншыя.
У пагроме ацалелі: Геншаль, Тэадора Манчунская, ксёндз Гарбачэўскі, Францкевіч, Пётр Паплаўскі, Андрыёлі.
Адразу ж па заканчэнні бітвы маскоўскія жаўнеры, як шакалы, кінуліся абдзіраць дагала параненых і забітых. Яны яшчэ не былі ўпэўнены ў тым, што забілі самога Нарбута, але ўжо гучала радаснае «Ура!» Крыкі салдат мяшаліся з краканнем варон і крукоў, якія зляцеліся на жор.
Лес прыцішыўся і як бы знямеў ад жаху. Дробныя птушкі адляцелі, пакінуўшы свае вясновыя гнёзды. Сонца на хвіліну абліло апошнімі прамянямі лясную паляну на якой скончыўся бой, адлюстраваўшыся ў вялікіх лужынах крыві і зноў схавалася за аблокі. Потым неба над беднай гаротнай зямлёй і над яе вернымі сынамі заплакала вялікімі кроплямі дажджу. Гэтак закончылася 22 красавіка (4 траўня) трохмесячная партызанка Людвіка Нарбута. Ён скончыў сваё пакутніцкае жыццё, прысвечанае ідэі вольнасці. Герой Літвы, гонар Ліды, адзін з самых адважных кіраўнікоў паўстання, найвысакароднейшы з людзей і лепшы сын нашага Краю.
Па заканчэнні бітвы здраднік Базыль у якасці узнагароды за галаву Нарбута пачаў дамагацца ў капітана расійскіх войскаў Цімафеева абяцаную тысячу рублёў. Афіцэр з агідай, як сабаку, кінуў яму трохрублёўку, сказаўшы: «Не успеешь и этого пропить, мерзавец».
Цімафееў разумеў, што чакала здрадніка. Хутка пасля паразы пад Дубічамі ў Лідскім павеце, як пярун, з'явіўся Парадоўскі (псеўданім «Астрога»), павесіў Базыля Карповіча на шыбеніцы.
У Палашкі, дзе ў Краінскіх [46] чакаў вестак з поля бітвы Станіслаў Калясінскі, яе рэха дабегла з хуткасцю маланкі. Хтосьці ціха пастукаў у вакно, і нечыя збляднелыя вусны расказалі пра разгром. У доме Краінскіх запанавала жалоба. Безнадзейная роспач ахапіла сэрцы, таму што ў смерці Нарбута ўсе ўбачылі паразу Лідскага паўстання.
Раздзел XII
На полі бою. Ахвяры з Дубічаў. Пахаванне. Пані Табенская. Жалоба ў народзе. Пані Бразоўская. Нечуваныя абвінавачванні. Песні і легенды пра Нарбута
Звяртаемся ізноў да апавядання спадарыні Манчунскай пра бітву пад Дубічамі.
«Пасля ранішняй паездкі гнала да Дубіч па другім разе. Па конях! Па конях! У вёсках паўсюдна адкрывалі мне брамы і рагаткі. Жанчыны плакалі і прыгаворвалі: «Забіты! Забіты!...» Бліжэй да Дубіч усё часцей трапляліся атрады расійскага войска ... конныя і пешыя, а на вуліцы ад касцёліка да кладкі над Котрай, якая вяла проста ў лес, сабраўся такі тлум жаўнераў, што ехаць стала немагчыма. Сцяна жаўнераў перагарадзіла мне дарогу. Моцна закрычала: «Сястра Нарбута! Шукаю яго цела. Хачу яго пахаваць!»...
Нехта голасна спытаў: «Что она говорит?» Да мяне падышоў Цімафееў. «Сястра Нарбута, - паўтарыла. - Шукаю брата». Прылажыў, салютуючы, руку да галавы: «Мы брата Вашего уважаем как настоящего солдата… Расступиться!»... - крыкнуў жаўнерам. Падаў знак рукой. Шэраг раздзяліўся, і я ўбачыла палянку і голыя абкрываўленыя целы! У маёй галаве пранеслася: «Укленчу перад першым лепшым трупам … скажу што гэта Нарбут. Можа ён жывы, то няхай яго не шукаюць». Але ўжо бачыла Людвіка. Меў рану на шыі. Упала на калені. Сэрца напоўнілася невыносным жалем … Вакол мяне таўкліся жаўнеры, чуліся крыкі: «Нарбут! Нарбут!»
Да гэтага часу яны не былі ўпэўнены, што забілі яго, і толькі цяпер узняўся крык: «Это я его убил. Нет, это я доколол!» Гэтак яны спрачаліся і што раз шчыльней атачалі мяне. Мне здавалася, што прыйшла мая апошняя хвіліна. І тут пачулася каманда - паміж мной і жаўнерамі праціснуліся багнеты… Уздыхнула. Афіцэры сталі каля мяне, а войска атачыла труп навокал.
Праз шэрагі войска з плачам праціскаліся сялянкі з грубымі самаробнымі кашулямі, каб прыкрыць аголеныя целы. «Не плачце пры ворагу!» - закрычала я, трацячы розум ад болю.
На маё шчасце паявілася Тоня Табенская [47], якая на той момант знаходзілася ў Шаўрах. - «Ціха... ціха... Адсочваюць цябе, запісваюць кожнае тваё слова!... Я ўсім займуся!»
«И вы тоже ищете брата?» - іранічна спытаў Табенскую нейкі афіцэр.
«Яны ўсе мае браты!» - адказала горда.
Ёй дазволілі заняцца пахаваннем забітых, але найперш было загадана тэлеграфаваць да Назімава, каб атрымаць яго дазвол на пахаванне.
Назімаў дазволіў.
Войска выходзіла з Дубічаў.
На вазах, высланых свежай саломай, вывозілі ў плябанію параненых з абодвух бакоў.
За мной пайшоў нейкі афіцэр і пачаў распытваць: «Это Ваша записка была найдена при нём? А деньги - это его деньги?»... і г. д.
Адчувала, што ад болю і роспачы трачу над сабой кантроль. Кінулася да яго як раз'ятраная ільвіца … афіцэр выйшаў за дзверы... і толькі тады я апрытомнела...
Прыехала пані Краінская шукаць свайго мужа. Затым на пошукі парэшткаў сваіх сыноў прыехала пані Бразоўская. Яна хоць і была зламана асабістай стратай, казала маёй маці: «Такія як мае яшчэ знойдуцца ... але хто заменіць сына спадарыні? ...» Любоў да Айчыны ў тыя часы верхаводзіла над усім, прыглушала боль страшнай асабістай страты.
Цімафееў дазволіў перанесці на ноч целы забітых у бабінец касцёліка ў Дубічах».
На гэтым перарываюцца ўспаміны спадарыні Манчунскай і далейшыя падрабязнасці чэрпаем з успамінаў спадарыні Табенскай «З долі і няволі»:
«З трупаў лілося столькі крыві, што здавалася яны плаваюць у крывавым патоку.
Касцельныя бабкі абмылі трупы ад крыві, вясковыя жанчыны, з плачам, як па ўласных сынах, накрылі іх сваёй грубай бялізнай і прасцінамі.
Ранкам прыбылі некалькі пань і паноў з суседніх гаспадарак. Прывезлі бялізну і адзенне для забітых, посцілкі і бандажы для параненых.»
Адзін з іх - Уладзіслаў Нікалаі, афіцэр штаба, потым быў расстраляны ў Вільні. Дарма ён уратаваў жыццё. Другі - доктар Кіпрыян Пясецкі, атрымаў выгнанне ў Сібір і памёр у Табольску, пакінуў косці ў чужой зямлі. Пётр Янкоўскі атрымаў вырак на цяжкія работы. Іншых прозвішч пані Табенская не прыпамінае.
«Змрочная сур'ёзнасць ляжала на галовах усіх, хто прыбываў на гэты балючы людскі рытуал… З вялікай роспаччу глядзелі на тое, як палягла моладзь, з якой яны звязвалі так многа надзей, ляжыць, як скошаная трава, на бабінцы касцёла. Тут ляжалі найлепшыя і найшляхетнейшыя сыны Лідскай зямлі, яе будучыня, а можа, і слава.
Ляжаў і ён, камандзір - Людвік Нарбут, у каторым не толькі Ліда, але і ўся Літва страціла свайго самага слаўнага ваяра за вольнасць.
З прыбыўшых на пахаванне спадарынь найбольшую дапамогу аказалі: Тараевічава з Салтанішак і Юзэфа Вісмант - настаўніца.
Нарэшце ўсё падрыхтавана.
Дванаццаць белых нефарбаваных трун былі пастаўлены ў касцёле без катафалку, проста на зямлі і ўтварылі піраміду, верхам якой была абабітая чорным аксамітам труна камандзіра.
Развітаўшыся з нягодамі і цяжкасцямі свайго кароткага жыцця, прысвечанага Краю, якое налічвала крыху болей за 31 гады, спаў ужо ў гэтай труне вечным сном Людвік Нарбут, над дванаццаццю сваімі вернымі таварышамі, а людзі, углядваючыся ў яго дамавіну як у святыню, выціралі заплаканыя вочы і паўтаралі: «Зусім як Хрыстос з дванаццаццю апосталамі».
24 красавіка (6 траўня) з вялікай урачыстасцю адбылося пахаванне ахвяр, палеглых пад Дубічамі.
Прыбылі чатырнаццаць ксяндзоў і каля 200 асоб з тутэйшых землеўладальнікаў.
Тлумы людзей перапаўнялі касцёл, звонку атачаючы яго вялікай рухомай хваляй.
Усе сюды прышлі, каб аддаць пасмяротную даніну пашаны ўлюбёнаму лідару і яго таварышам. Людзі галасілі ўголас, а з грудзей матак, жонак, сясцёр і нарачоных вырываліся раз за разам балесныя ўздыхі і здушаны енк.
Спадарыня Бразоўская, заліваючыся слязьмі, паўтарала: «Вельмі шкадую сваіх дзетак, але яшчэ болей - Нарбута. З ім уся Літва сваю надзею на вольнасць кладзе ў магілу».
Вялікая, загадзя падрыхтаваная магіла, чакала палеглых за вольнасць ваяроў. Усе труны былі пастаўлены ў дол у адзін рад. Лідская зямля прыгарнула сваіх верных сыноў, прымаючы іх у сваё лона на вечны адпачынак.
З пяску, насыпанага жменямі вырас высокі капец, які закідалі вясновымі кветкамі.
Яшчэ не высахлі слёзы ў сем'ях, як гэты курган казакі зруйнавалі капытамі сваіх коней.
Паражэнне пад Дубічамі было сумным фіналам трохмесячнай партызанкі Нарбута. Праходзіла яна ў незвычайна цяжкіх умовах: нястача добрай цывільнай арганізацыі па-за лагерам, непадпарадкаванне аддзелаў і іх слабая падрыхтоўка з-за працяглых маршаў, неабходных каб дэзарыентаваць ворага, нястача зброі і амуніцыі. Атрад Людвіка Нарбута налічваў максімальна да 400 чалавек. Акрамя страт у сутычках, здаралася дэзерцірства сярод маладушных, асабліва пасля абвяшчэння ўрадавага маніфеста, які абяцаў памілаванне ўсім тым, хто са зброяй у руках, або без яе, дабраахвотна выдасць сябе ўладам.
Партызанка ў такіх умовах была свядомым геройскім учынкам, і трэба браць пад увагу яшчэ і тое, што камандзір працяглы час даваў адпор значна больш колькаснаму непрыяцелю і ўдала выслізгваў з яго рук. Сапраўды, расійскае войска дрыжала толькі пры адным упамінанні імя Нарбута. Аднак сілы для барацьбы былі вельмі няроўныя.
У сярэднім аддзел Нарбута стала налічваў 150-180 чалавек. І з гэтай невялікай жменькай людзей ён не мог сам напасці на значна больш колькаснае рэгулярнае маскоўскае войска, лепш узброенае і здольнае ў любую хвіліну ўзмацніцца.
Памяць пра дзеі Нарбута для вольнасці Айчыны, якую ён так горача любіў з самага дзяцінства, застанецца ў людскіх сэрцах навечна і будзе абуджаць вялікую павагу да гэтага чалавека. Боль і горыч ад расчаравання ў грамадстве з-за няспраўджаных надзей былі прычынамі згасання паўстанцкага руху. Нарбута падазравалі ў тым, што пад Дубічамі паддаўся апатыі і абыякавасці. Вусны прасякнутыя жалем, асуджалі яго за брак энергіі і ўпадак духу.
Гэта былі недарэчныя і беспадстаўныя абвінавачванні. Пра супрацьлеглае сведчыць тое, што Нарбут даслаў Віславуху праз свайго брата Баляслава загад падрыхтаваць харчаванне. Планы і праекты, дасланыя праз сястру Манчунскую ў тую памятную ноч за некалькі гадзін перад апошняй бітвай, у якіх ішла гаворка пра неабходнасць сыходзіць у лясы пад Гародню; нарэшце, напісаны за тры дні да смерці ліст да сваёй жонкі, поўны надзеі на будучыню.
Гэты ліст, захаваны ў "Таварыстве сяброў навукі" ў Вільні і прыводзім яго тут даслоўна:
"Мая найдаражэйшая каштоўнасць!
Дзякую табе за памяць пра мяне. Ліст з-пад тваёй каханай ручкі, напісаны Толем (-) дайшоў да мяне і вялікай радасцю напоўніў маё прагнае сэрца навінамі пра маю наймілейшую котачку. Я ўжо засумняваўся, што ты мяне кахаеш, але Толя запэўніў, што памятаеш пра мяне і перадаеш, што кахаеш яшчэ мацней. Гэта мяне вельмі цешыць і дадае сілы выносіць пакуты дзеля Айчыны і цябе, мая Амелія! Бясконца рады, што тваё здароўе, мая маленькая, паляпшаецца. Я таксама не магу наракаць. Як там Пятрушак і Уладзюшак (--) і іх прыяцелька Жалігоўская - (словы нечытэльныя), айцу Серафіну, сп. Сафіі, сп. Карнэлю перасылаю найлепшыя пажаданні. Цалую дзетак, а цябе мая наймілейшая, найдаражэйшая, цалую мільён разоў і моцна абдымаю. Часта думаю, мару і сумую па табе. Бог ласкавы, Маці Яго Святая, што апякуецца над нашай Літвой, можа дазволяць яны дачакацца той шчаслівай хвіліны, калі зноў будзем разам і будзем буркаваць і любіць адзін аднаго, дзякаваць Тварцу Найвышэйшаму за ласкі Яго святыя.
Сумна мне, што павінен перарваць мае крамзолі, таму што маю толькі лічаныя хвіліны.
Твой моцна кахаючы і сардэчна прывязаны да сваёй найдаражэйшай
ЛЮДВІК.
1 траўня ( 19 красавіка).
(-) Тэадора Манчунская
(--) пасынкі Людвіка Нарбута."
Людзі ў Лідскім павеце яшчэ доўгі час не хацелі верыць у смерць Людвіка Нарбута і спадзяваліся на яго вяртанне. Гэтыя надзеі з'явіліся на падставе розных легенд, якія апявалі чарадзейскую сілу Нарбута, для якога няма нічога немагчымага. Многія з гэтых легенд забыліся або страцілі свой першасны змест. Перакажу адну, якая з'явілася праз некалькі гадоў пасля смерці Нарбута, імя якога народ не мог забыць і звязваў з рознымі датычнымі да яго з'явамі. Легенда гэтая захавалася да цяперашніх часоў і гучыць так:
"Скульптур Хрыста было тры. Адна - у Вільні на Антокалі, другая - у Дубічах, у касцёле, трэцяя - недзе ў свеце, невядома дзе зараз валадарыць. Нарбут не загінуў, але пайшоў у свет шукаць каралеўства трэцяга Хрыста, а як знойдзе, дык прыдзе разам з ім адпомсціць за ўсе крыўды і забярэ тады з Начы [48] фігуру другога Хрыста".
Праўдападобна гэтая легенда з'явілася ў 1869 годзе, і яна патрабуе пэўнага тлумачэння. У 1869 годзе быў разабраны моцна знішчаны пад час паўстання стары касцёлік у Дубічах, а фігуру Хрыста, якая лічылася цудадзейнай, ксёндз Гінтаўт перанёс да касцёла ў Начы.
Гэта быў балесны ўдар для тамтэйшых людзей, таму што трацілі яны адразу і свой стары малітоўны дом і свайго Хрыста, каля стоп якога ад дзядоў і прадзедаў пакорна схілялі галовы, шукаючы дапамогі і суцяшэння ў кожнай бядзе і смутку.
Смерць Нарбута, разбурэнне касцёла ў Дубічах, перанос так горача шанаванай фігуры Хрыста, злучыліся ў людскім уяўленні ў адзінае цэлае, на фоне якога склалася легенда, прыведзеная вышэй, поўная ціхага болю і яшчэ нязгаснай надзеі.
Мноства песень і вершаваных твораў пра Нарбута курсіравала тады ў Лідскім павеце, але на жаль бальшыня з іх згубілася з людской памяці і страчана незваротна. Гэтыя паэмы і песні склаліся ў людскіх сэрцах і ў пэўнай ступені яны характарызавалі тагачасную эпоху і тагачасныя падзеі. Нічога з таго, што дайшло да нас і што зараз маем пад рукой, не падлягае друку.
Таксама адразу пасля паразы пад Дубічамі быў напісаны гімн у гонар Нарбута. Самаробныя вершаваныя радкі, не заўсёды гладкія, з журботай апявалі гераічную смерць яго і іншых палеглых, пералічвалі ўсіх пайменна і характарызавалі кожнага. Гэта быў плач над магілай камандзіра і над усёй Лідскай зямлёй. Праўдападобна, твор нарадзіўся ў шляхецкім доме і з піетэтам захаваўся да сёння.
Палова веку ўцякло з тых часоў!... І хоць рэха падзей прыгасла, адзываецца яшчэ калі-нікалі не толькі ў сядзібных дамах, але і ў сялянскіх хатах. Трэба яго толькі ўмець выклікаць.
Раздзел XIII
Жменька выжыўшых. Напад пад Ганелькамі. Чароўнае ўратаванне Паплаўскага. Прызначэнне Парадоўскага - "Астрогі". Пакаранне здраднікаў, розныя версіі. Астрога або Віславух. Андрыёлі.
Пасля паразы пад Дубічамі частка рассеяных паўстанцаў зноў сабралася пад Ганелькамі і не ведала, што рабіць далей. Аднак раптоўна напаўшы маскоўскі атрад, зноў рассеяў паўстанцаў. У гэтай сутычцы між іншымі загінуў і Тарашкевіч, практыкант Лідскай аптэкі, а паранены ў нагу Пётр Паплаўскі, які жадаў патрапіць у двор Забалаці быў акружаны жаўнерамі сярод балота. Уцякаць не мог, таму, не доўга раздумваючы, стрэліў у бліжэйшага афіцэра. Раззлаваныя жаўнеры кінуліся на Паплаўскага і закалолі яго штыкамі, але не забілі. Вада была за некалькі крокаў ад яго, ён бачыў яе, але сілы да яе дацягнуцца ўжо не было. У страшэнных пакутах чакаў смерці.
Каб пахаваць целы забітых з бліжэйшай вёскі пад вечар прыйшлі сяляне з рыдлёўкамі. Знайшлі Паплаўскага і злітасцівіліся над ім - прыцягнулі воз з саломай і палажылі на яго параненага, але са страху, што ўлады прымуць гэта за знак спачування нават не накрылі голае акрываўленае цела і гэтак везлі яго да Сабакінцаў - уласнасці Шалевіча.
У гэты самы час там знаходзіўся расійскі ваенны начальнік павета Алхазаў. Сяляне, якія везлі Паплаўскага якраз трапілі ў той момант, калі Алхазаў ад'язджаў і развітваючыся з Шалевічам казаў, дзякуючы за гасціннасць: "Чем же я Вам за всё отплачу?" "Аддайце мне гэтага паўстанца, - адказаў Шалевіч. - Вылечу яго або пахаваю", - і паказаў на воз, што стаяў непадалёк на дзядзінцы.
Алзахаў хвіліну павагаўся, аднак кінуўшы вокам на акрываўленае цела, якое ляжала на саломе, ахвотна пагадзіўся, бо меркаваў, што аддае труп, з якім сам меў бы дастаткова клопату. Гэты выпадак уратаваў Паплаўскаму жыццё, бо, дзякуючы намаганням і той увазе, якімі яго атачылі ў доме Шалевіча, змог ён загаіць цяжкія раны і паволі вярнуць здароўе. Хварэў досыць доўга, за гэты час змяніліся расійскія чыноўнікі, і пра яго забыліся. Гэтак шчасліва пазбавіўся далейшага пераследу. Змог дажыць да спакойнага часу, але насіў на сабе памятку аб маскоўскіх штыках: шаснаццаць вялікіх плям.
Другім выжыўшым з аддзела Людвіка Нарбута быў Андрыёлі, гісторыя яго таксама вельмі цікавая. У часе бітвы пад Дубічамі, калі ратаваў параненага камандзіра, атрымаў рану ў руку. Нарбута падхапілі іншыя таварышы, а ён, адчуўшы, што не здольны больш ваяваць, шчасліва выйшаў з-пад агню і трапіў у бяспечнае месца, дзе яго хутка агарнула наша знакамітая клапатлівасць якая ратавала ўсіх выжыўшых.
Хутка пасля пахавання сына Крыстына Нарбут сама адвезла пераапранутага Андрыёлі да бацькоў у Вільню. Калі вылечыўся, дык яго адправілі ў мундзіры марскога афіцэра ў Пецярбург, разлічваючы, што над Нявой будзе бяспечней, чым у Вільні, дзе ён лёгка мог быць апазнаны. Была надзея, што з Пецярбурга Андрыёлі зможа перайсці морам мяжу.
Але шанец здрадзіў. У дарозе да сталіцы нейкі марак убачыў недакладнасць ва імправізаванай форме Андрыёлі і даў знаць пра гэта ўладам. Ён быў арыштаваны і вернуты ў Вільню ў часы страшэннага мураўёўскага тэрору, пранізаўшага ўсю Літву.
Пачаліся цяжкія допыты следчай камісіі, судовыя паседжанні. Андрыёлі абвінавачвалі ў дзейным удзеле ў паўстанні, прыналежнасці да банды Нарбута, і нават у тым, што ён часова замяняў камандзіра! Быў прысуджаны на смерць, але перад гэтым паўстанца выслалі ў Наваградак на вочную стаўку з другім вязнем. У наваградскай турме, убачыўшы на свае вочы мноства смярцей, Андрыёлі вырашыў паставіць усё на адну карту і паспрабаваць уратаваць жыццё праз уцёкі з турмы.
Знайшоў паразуменне яшчэ з двума такімі ж арыштантамі і чакаў адпаведнага моманту. Аднаго дня ў поўдзень, пад час агульнай прагулкі пад наглядам варты, трое арыштантаў раптоўна ўскочылі на мур, якім быў абнесены падворак турмы. Невялікі спрытны Андрыёлі быў далёка за мурам, калі двое другіх яшчэ пералазілі праз плот. Узнялася вялікая трывога, замяшанне, і гэта дало Андрыёлі час, каб адбегчы ад турмы на значную адлегласць. Калі ахоўнікі кінуліся за ўцекачом, Андрыёлі быў ужо даволі далёка і бег з усяе сілы праз вуліцы горада.
Была зіма, на двары пачыналася завіруха, яна дапамагла арыштанту ўцячы.
Ніводзін з мінакоў не затрымаў уцекача, хаця яны і бачылі жаўнераў, якія беглі за паўстанцам. За горадам завіруха сцірала сляды. Андрыёлі скінуў з сябе цяжкае адзенне арыштанта і ў адной бялізне паімчаўся да бліжэйшага лесу, дзе нарэшце вольна ўздыхнуў.
Ахоўнікі страцілі след уцекача і вярнуліся ў горад. Андрыёлі, каб не замерзнуць, пачаў шукаць сабе схованку. Знайшоў стог сена і глыбока закапаўся ў сярэдзіну. Так правёў ноч, а на досвітку, адчуваючы, што замярзае, зноў пабег. Праз нядоўгі час убачыў фальварак і змучаны, рызыкуючы ўсім, але без роздуму увайшоў у дом чэлядзі. Там быў толькі стары парабак, заняты нейкай работай. Прасякнуты літасцю, ён не выгнаў Андрыёлі а зняў з сябе кажух і загадаў яму адзець, потым даў кавалак хлеба і кубак вады, бо адчуваў голад і смагу ўцекача.
Андрыёлі толькі ў цяпле пачаў адчуваць здранцвелыя канечнасці, але на парозе ўжо стаялі жаўнеры з пытаннем пра беглага арыштанта, якога шукаюць з учарашняга дня.
Селянін, не перарываючы штосьці габляваць, флегматычна адказаў, што ніякага арыштанта тут не было і ніхто яго не бачыў.
- А это кто? - спыталі, паказваючы на Андрыёлі.
- Хворы, - прамармытаў селянін - Трасе яго трасца.
Жаўнеры задаволіліся адказам і выйшлі. Гэтак дзякуючы добраму чалавеку, Андрыёлі быў выратаваны. Потым селянін адвёз Андрыёлі з адмарожанымі рукамі і нагамі ў Вільню да бацькоў, і так гэта зручна і асцярожна зрабіў, што ахова нідзе не звярнула на іх увагу.
У Вільні ў часы страшнага тэрору знаходзіцца параненаму было небяспечна. Здрада і шпіянаж, які добра аплачваўся, запаўзалі ў кожны кут. Бедныя бацькі Андрыёлі вымушаны былі замураваць сына ў каміне, куды праз дзверцы падавалі яму ежу і лекі. Гэта быў не першы такі выпадак у нашым Краі.
Жаданне выратаваць сваіх блізкіх нараджала дзіўныя месцы схованак для тых, хто аказаўся пад пераследам. Дзякуючы гэтаму ацалелі многія, каму наканавана была непазбежная згуба.
Як толькі Андрыёлі стаў мацнейшы і здаравейшы, ён, адзеты як "кацап" (г. зн. як старавер - гэтак мясцовы люд называў каланістаў з Волгі, якіх насадзіла тут яшчэ Кацярына II), з возам льну выехаў у Рыгу. Стараверы пераважна гандлявалі льном, які ў вялікай колькасці выраблялі ў нашай старане.
"Кацап", які вёз цалюткі воз гэтага тавару не выклікаў у дарозе ніякага падазрэння і шчасліва даехаў да Рыгі. Там Андрыёлі ўдалося праслізнуць на карабель. Дабраўся да Капенгагена, а адтуль праз Англію пераехаў у Парыж, дзе ўжо змог спакойна адпачыць. У Парыжы Андрыёлі сустрэў шмат знаёмых і сяброў, між іншымі і сястру камандзіра - спадарыню Тэадору Манчунскую, якая на радзіме знаходзілася пад часовым арыштам, але змагла шчасліва ўцячы за мяжу.
У кароткія часы побыту ў Парыжы, трымаючы ў памяці свежы вобраз крывавай сцэны ў полі бітвы пад Дубічамі, Андрыёлі перанёс яе на палатно пад назвай "Смерць Нарбута" і захаваў нам такім чынам рысы загінуўшага камандзіра, твары яго таварышаў і свае чорныя прамяністыя вочы. Арыгінал гэтай карціны знаходзіцца ў Бацінёльскай школе ў Парыжы.
Грошы Андрыёлі пераважна зарабляў малюнкамі для ілюстраваных парыжскіх часопісаў. Аднак моцна сумаваў па Айчыне. Таму скарыстаўся з першага ж маніфеста, па якім для эмігрантаў, якія вярталіся ў край, гарантавалася адносная бяспека, і паспяшаў вярнуцца на айчынную зямлю. Праз нядоўгі час адбыўся паўторны суд, праз які павінны былі прайсці ўсе паўстанцы. Суд пакараў Андрыёлі ўжо не смерцю, а пажыццёвай высылкай на Сібір.
Быў вымушаны падарожнічаць зноў, але цяпер ужо на поўнач. Пасяліўся ў Іркуцку, дзе было шмат выгнаннікаў. Хутка знайшоў там сяброў і шмат настаўніцкай і афарміцельскай працы. Губернатар запрасіў Андрыёлі займацца малюнкам з яго дочкамі. Цэрквы давалі замовы на маляванне розных "ікон". Хлеба хапала. Аднак шчаслівым адчуў сябе толькі вярнуўшыся нарэшце на радзіму. Далейшы яго лёс вядомы хіба ўсім. Пасяліўся ў Варшаве. Ажаніўся. Супрацоўнічаў з часопісамі, запаўняючы іх сваімі малюнкамі. Вёў жыццё, якое трошкі адпавядала стылю жыцця землеўладальніка. На вялікі жаль, заўчасна памёр ад раку.
Расцярушванне апошняй жменькі паўстанцаў пад Дубічамі зусім супакоіла маскоўскую ўладу. Дзякуючы гэтаму, адважны Аляксандр Парадоўскі, знакаміты пад мянушкай "Астрога", змог незаўважна вярнуцца ў Лідскі павет.
Віленскі аддзел Народнага ўрада паслаў яго, як намесніка Людвіка Нарбута, мяркуючы, што паўстанне ў Лідскім павеце ўдасца падтрымаць і пасля смерці лідара. Парадоўскі меў заданне сабраць рэшткі разбітых пад Дубічамі і знайсці новых паўстанцаў, стварыўшы такім чынам новы аддзел.
Парадоўскі паходзіў з Беразянаў у Галіцыі і прыбыў на Літву па закліку Народнага ўрада, каб узначаліць у Ашмянскім павеце пакуль што малаколькасны паўстанцкі аддзел. Хутка праявіў сябе як здольны арганізатар. Умеў адважна ваяваць і належаў да тых, якія трымаліся як даўжэй і змагаліся да позняй восені.
Высланы на замену забітаму Нарбуту, Парадоўскі павінен быў узняць згасаючы агонь паўстання і падняць народны дух. Заданне было цяжкае. Смерць Нарбута, любімага ва ўсіх пластах грамадства, пасля першых выбухаў болю, як бы замарозіла пачуцці бальшыні, забіла веру ў поспех справы.
Калі Парадоўскі прыбыў з невялікім аддзелам у Лідскі павет, дык адрадзіць нанова паўстанне ўжо было немагчыма. Першымі справамі Астрогі было пакаранне здраднікаў. У Начы ён павесіў пісара гміны Даўнаровіча, хоць, як потым гаварылі, быў не надта і вінен, і Базыля Карповіча, які нават у хвіліну смерці, зласловіў на адрас паўстанцаў, і так з праклёнамі павіс на браме ўласнага двара.
Без весткі прапаў і селянін Талочка, якога падазравалі ў супрацоўніцтве і здрадзе.
Потым Парадоўскі заняўся збіраннем ацалелых пад Дубічамі, з якімі меў намер пайсці ў Гарадзенскую губерню. Не ведаючы ні людзей, ні ваколіц, Астрога безвынікова блукаў сярод лясоў, аж пакуль у нататцы пра асобы, якія маглі б даць яму патрэбную інфармацыю, не знайшоў прозвішча Манчунскай. Змог таемна з ёй сустрэцца. Даведаўся, што пэўная частка ацалелых паўстанцаў хаваецца ў лясах каля Шаўроў пад апекай двара Нарбутаў. Хутка яна звяла яго з братам забітага камандзіра Баляславам Нарбутам, якога выслалі з нейкім заданнем да Віславуха, і ён вярнуўся ўжо пасля пагрому пад Дубічамі. Аднак Баляслаў прабыў у аддзеле нядоўга, таму што быў слабы і нездаровы, вымушаны быў выйсці са справы паўстання.
Тэадора Манчунская дастаўляла аддзелу Парадоўскага ежу і адзенне. Аднойчы яна прыйшла ў лагер Парадоўскага ў той самы час, калі паўстанцаў выкрылі і па іх следу ўжо ішло маскоўскага войска. Аддзел адходзіў у Гарадзенскую губерню. З Манчунскай быў Гажыц, якога прыслалі з Вільні ад Народнага ўрада, каб на месцы спраўдзіць сітуацыю. Вяртаючыся з лагера ў Шаўры, Манчунская і Гажыц ледзь здолелі размінуцца з ворагам.
Парадоўскі, аддзел якога павялічыўся, правёў некалькі вялікіх сутычак, як напрыклад, паміж Доцішкамі і Каркунянамі недалёка ад Шумнай, дзе 24 чэрвеня ваяваў з дзвюма ротамі Паўлаўскага палка пад кіраўніцтвам палкоўніка Уласава і адной ротай Інгермандланцкага палка. З гэтай сутычкі Астрога выйшаў пераможцам. 23 ліпеня Парадоўскі разам з аддзелам Лянкевіча атакаваны маскоўскім войскам каля Азёр у Гарадзенскай губерні. Паўстанцы вымушаны былі адступіць, страціўшы семярых людзей.
У Аўгустове 21 жніўня Парадоўскі разам з аддзеламі Сэндака, Любіча і Лянкевіча браў удзел у бітве пад Мазурышкамі. Астрога трымаў там рэзерв і, толькі дзякуючы яго гераічнай барацьбе і прысутнасці духу, аб'яднаныя аддзелы паўстанцаў былі ўратаваныя.
Хутка пасля гэтага Парадоўскі з'яднаўся з аддзелам Глеба, які паходзіў з Аўгустова. Разам аддзелы налічвалі 230 чалавек. 19 верасня пад Доўгай Вёскай і Мазуркамі каля Сейнаў былі раптоўна атакаваныя дзвюма ротамі пяхоты, 50-ю казакамі і 60 "аб'ездчыкамі" пад камандваннем Нікіціна. Паўстанцы пад кіраўніцтвам "Астрогі" ваявалі, як ільвы. Маскалі панеслі адчувальныя страты. Былі забітыя 2 афіцэры і 20 жаўнераў. Паўстанцы мелі некалькі забітых і параненых. Забітых пахавалі на могілках у Рынгалішках. Аднак потым пад Шлявятамі, 9-га кастрычніка злучаныя аддзелы Астрогі і Глеба былі так моцна прыціснуты князем Баратынскім, што расцярушыліся, каб выжыць.
Парадоўскі здолеў потым уцячы за мяжу. Жыў у Парыжы, дзе ажаніўся з французскай пісьменніцай, якая публікавала ў парыжскіх часопісах цікавыя артыкулы на тэмы французска-польскіх адносін.
Аддзел Парадоўскага - Астрогі ў Лідскім павеце пасля смерці Нарбута называлі аддзелам Віславуха. Магчыма, што падставай для гэтага была распаўсюджаная вестка аб просьбе Нарбута да Віслаўха пра харчаванне.
Раздзел XIV
Ператрус у Шаўрах. Лёс бібліятэкі Нарбута. Уцёкі Манчунскай. Яе наступныя дзеянні. Граф Пшаздзецкі. На Чорным Востраве
Пасля смерці Людвіка Нарбута пад пераслед улады трапіла яго сям'я ў Шаўрах. Асабліва гэта было адчувальна паcля таго, як у Вільню прыбыў Мураўёў.
Паводле загаду "вялікадзяржаўцы" Літвы за "бандытызм" Людвіка і Баляслава адказваць павінна была ўся сям'я Нарбутаў. Ператрусы раз за разам страсалі жыццё цэлага дома. У той час там жыла толькі Крыстына Нарбут з дачкой Тэадорай Манчунскай і самым малодшым сынам Станіславам, яшчэ зусім малым хлопчыкам, які аднак вельмі перажываў за падзеі на радзіме і ў сям'і, і які ў меру сваіх дзіцячых магчымасцяў аказваў родным розныя паслугі. Не раз, падняўшыся на страху, падаваў сігналы пра блізкую небяспеку. Падчас бесперапынных ператрусаў, смела круціўся сярод жаўнераў і ўмеў зручна прыхаваць прадметы, якія маглі выклікаць падазрэнне.
Стары гісторык Літвы Тэадор Нарбут жыў у Вільні ва ўдавы сына Людвіка ці ў дачі Кунцэвіч, якая таксама жыла ў гэтым горадзе. Адразу сям'я хацела забраць з Шаўроў і маці, каб зберагчы яе ад бясконцых нягодаў і шоку, але энергічная жанчына мужна перажывала розныя беды і была вельмі карысная, калі яе дачцэ Тэадоры трэба было схавацца.
Падчас ператрусаў у Шаўрах варварскаму знішчэнню падверглася каштоўная бібліятэка Тэадора Нарбута і ўсе яго старанна сабраныя за многія гады зборы. У пошуках кампрамату былі парваны і знішчаны многія старыя друкі, рукапісы і рэдкія дакументы. Іх таксама забіралі ў Вільню, каб больш старанна вывучыць. З-за нястачы адпаведных ёмістасцяў усю бібліятэку ўціснулі ў бочкі з-пад квашанай капусты, а тое, што выходзіла за берагі бочак, абсякалі сякерай. Сыпаліся ў бочкі жмуты з найкаштоўнейшых артэфактаў і зборы найкаштоўнейшых гістарычных дакументаў! Сістэма пераследу дапускала такі дзікунскі вандалізм.
Пасля разгляду ў Вільні кнігазбору Нарбута, кнігі адаслалі ў Маскву, дзе патанула бальшыня падобных скарбаў гісторыі і навукі нашага Краю. На шчасце гісторык Літвы не ведаў пра руйнаванне працы свайго жыцця, бо гэта магло стацца прычынай яго смерці. Кватэра жонкі Людвіка Нарбута гэтак жа трапіла пад ператрус, як і ўсе патрыятычныя дамы і кватэры. Але як і ў Шаўрах, гэтак і ў Вільні, не было знойдзена нічога, што кампраметавала сям'ю.
Тэадор Нарбут стаў такім слабым, што амаль увесь час праводзіў у ложку. Мураўёў, у якасці помсты за дзеянні сыноў, загадаў вывезці старога і слабога Нарбута ў Расею. Такія адміністратыўныя загады былі раўнасільныя пастановам суда і практыкаваліся вельмі часта.
Мураўёву данеслі, што Нарбут такі стары і хворы, што хіба разам з ложкам яго можна пасадзіць у кібітку. Увайшоўшы ў запал, Мураўёў загадаў паставіць старога перад сабой. Нарбута амаль што прынеслі на руках. Мураўёў абрынуў на развітанне паток брудных ілжывых слоў, якія зусім глухі стары ўспрыняў абыякава, хаця мог чытаць па губах.
- А знаешь, подлец, - закрычаў напрыканцы Мураўёў, - твой сын убит! Вон! Вон!
І падаў знак вывесці Нарбута.
Гэтае здарэнне яшчэ больш падарвала сілы старога. Праз няпоўны год гісторык Літвы ўжо не жыў. Пераслед з поўнай сілай абрынуўся на сястру Людвіка Нарбута Тэадору Манчунскую. Быў выданы загад на яе арышт. У Шаўры прыбыў ваенны начальнік Алзахаў з атрадам жаўнераў пад кіраўніцтвам двух маладых афіцэраў.
Тэадора ўжо не магла болей хавацца. Маці з дачкой прынялі вайскоўцаў гасцінна. Адзінае, аб чым прасілі: даць магчымасць пераначаваць яшчэ адну ноч дома. Алзахаў выдаў загады і паехаў, а маладыя афіцэры, змучаныя маршам, ахвотна пагадзіліся на начлег. Дом атачылі казакі і жаўнеры, якіх сыта накармілі і напаілі.
Ахова, сытая і задаволеная, заняла варту пры кожным акне і дзвярах. Пасля багатай вячэры афіцэры выправіліся на адпачынак. Калі ўсё заціхла, Тэадора Манчунская, заўсёды адважная і рызыкоўная (можа верыла ў сваю шчаслівую зорку, якая яе дагэтуль берагла), вырашыла ўцякаць, аб чым папярэдне дамовілася з маці.
Ціхенька адчыніла дзверы, якія вялі ў сад, уважліва прыглядзелася да ахоўнікаў... Жаўнеры спалі стоячы, абапёршыся на свае карабіны. Ніводзін не варухнуўся... У мужчынскім адзенні Манчунская ціха, як цень, збегла з ганку і схавалася за кустом язміну. Ахова спала... Пабегла далей, спынілася каля другога куста. Хвіліну пачакала... Ахова не абудзілася. Тады з усяе сілы маладых ног прыпусціла ўздоўж парэчкавай алеі ў канец сада, пералезла праз стары струхнелы плот і адразу за садам звалілася ў капальні вапны. Вось нарэшце і азёрны чарот над ставам, і далей, далей у лес знаёмай сцяжынай да хаты Баняшкі... Знікла...
На досвітку маці ўзняла страшны крык. Збляднелая, з распушчанымі валасамі пабудзіла афіцэраў воклічам:
- Дзе мая дачка?... дзе дачка? Што вы з ёй зрабілі?...
Афіцэры падхапіліся... Страшэнная мітусня ўзнялася ў доме. Старая Нарбут удала выказвала роспач і крычала:
- Вы яе выкралі, можа забілі або ўтапілі... Аддайце мне дачку!
Сканфужаныя афіцэры кінуліся на пошукі, ператрасаючы ўсе будынкі і ўсе куты... шукалі ў ставе... закідвалі невад.
- Напэўна патанула! - енчыла маці. - Шукайце! Аддайце дачку!...
Шукалі... аднак дарма. Прапала без следу. Гэта затрымала пагоню і дало Манчунскай час для далейшых уцёкаў. Мела тысячы прыгод, спаткала мноства добрых людзей, пераапраналася па дарозе ці то селянінам, ці то сялянкай, ці то заможнай дамай, настаўніцай ці служанкай, гэтак дабралася да Гародні.
Аднаго разу, калі Тэадора была ў мужчынскім адзенні, а яе праваднік падняўся на ўзгорак, каб упэўніцца, што ваколіца вольная ад жаўнераў, падышоў да яе нейкі селянін і, уважліва прыглядаючыся, спытаў: "Часам ці не Нарбут Вы, паніч?" А калі Тэадора запэўніла яго, што Нарбут забіты, пакруціў галавой з недаверам і, уздыхнуўшы, прамовіў: "Гэтак гавораць, але мы ведаем, што ён жывы. Вы да яго моцна падобныя". Калі ў вачах Манчунскай заблішчэлі слёзы, селянін, перажагнаўшы яе, з пачуццём прамовіў: "Няхай Бог дабраславіць Вас, паніч! ... Мы ведаем, што Нарбут жывы". Вялікую дапамогу пры ўцёках Манчунскай зрабіла сям'я Боландзяў і шмат іншых асоб, якія перахоўвалі і перадавалі адны другім Тэадору. Усё гэта рабілася ў вялікай таямніцы пад пагрозай страшнай адказнасці. Грамадзянскія ўстановы не працавалі, вельмі цяжка было знайсці пашпарт, які б палегчыў уцёкі ... Многа разоў Манчунская знаходзілася ў стане роспачы... Здавалася, што ёй ніколі не ўдасца перайсці мяжу.
Пасля многіх неверагодна цяжкіх дзён, яна аказалася на тым баку Нёмана, а потым дасягнула Дрэздана, дзе знаходзілася мноства ліцвінаў, у бальшыні сваёй эмігранты, якія з вялікімі цяжкасцямі здолелі ўцячы за мяжу. Была вайна! З Дрэздана перабралася ў Парыж, дзе павінна была знайсці сабе які-небудзь прытулак.
Там жыла графіня Пуслоўская - сваячніца па бацьку з дома Нарбутаў. Гэтая пані мела на радзіме славу апякункі над тымі, хто пацярпеў. Сама дзяцей не мела, была досыць заможная, сваю апеку распаўсюдзіла на ўвесь род Нарбутаў і аплачвала са сваіх грошай адукацыю для бяднейшых з маладых Нарбутаў. Яшчэ перад паўстаннем заснавала ў сябе ў гістарычным Воўчыне школку для бедных сваякоў, потым другую ў Мітаве, фінансавала выдаткі на адпаведных настаўнікаў, падтрымоўвала моладзь і выводзіла яе ў свет.
Да каго ж, як не да гэтай сваячніцы, магла падацца Манчунская?... Аднак гэтая пані не прыняла Манчунскую. У расейскай амбасадзе, куды звярнулася пра звесткі аб Манчунскай, не сама, а праз францужанку, якая жыла з ёй як кампаньёнка, адказалі: "Гэта - не эмігрант, гэта - паўстанка". Гэтага было дастаткова!... Графіня Пуслоўская ў страсе перад амбасадарам замкнула дзверы свайго дома перад Манчунскай, матывуючы гэтак адказ: "Хіба ты хочаш, каб канфіскавалі мае маёнткі на Літве?"...
Такім чынам Манчунская засталася ў чужым горадзе без падтрымкі. Аднак хутка перад маладой жанчынай адчыніліся дзверы гатэлю Ламбэр - прытулку нашых эмігрантаў. Манчунская аказалася пад апекай графа Чартарыйскага. У Парыжы сустрэла шмат знаёмых па лідскім паўстанні: Геншаля, Парадоўскага ("Астрогу"), ксяндза Гарбачэўскага, які жыў з таго, што адпраўляў св. Імшу і намашчаў памерлых, а потым выехаў у Амерыку. Геншаль вывучаў медыцыну і практыкаваў як лекар. У 1870 годзе браў удзел у франка-прускай вайне.
Праз нейкі час, пасля таго як Манчунская апынулася ў гатэлі Ламбэр, яна пазнаёмілася з ксяндзом Ялавіцкім, які актыўна настойваў на тым, каб Манчунская стала манашкай-законніцай. І выстаяла яна толькі дзякуючы апецы княгіні Чартарыйскай з Сапегаў (жонка кн. Адама Чартарыйскага) і графіні Пшаздзецкай (жонка Караля Пшаздзецкага), з якой пазнаёмілася ў гатэлі.
Графіня прапанавала маладой вандроўніцы застацца пры яе маленькіх дочках выхавацелькай. Сродкі Манчунскай былі ўжо амаль вычарпаны і, не жадаючы надалей злоўжываць гасціннасцю князёў Чартарыйскіх, яна ахвотна прыняла прапанову графіні Пшаздзецкай, якая моцна і сардэчна абняла яе і сказала: "Прысягаю, што буду табе сястрой". Пад гэтай прысягай была 37 гадоў. Не разлучаліся аніколі, да дня смерці графіні, якая перад сконам пакінула сваёй названай сястры і шматгадовай кампаньёнцы фінансавае забеспячэнне далейшага існавання.
Граф Караль Пшаздзецкі быў нашчадкам вядомага ў свой час палкоўніка Пшаздзецкага, слаўнага ў 1831 годзе гаспадара Смаргоні (маёмасць канфіскаваная за ўдзел у паўстанні). Яго жонка была дачкой генерала Лахмана, які паводле, Пузырэўскага [49], браў удзел у бітве за Варшаву 1831 г. Яе маці Пашкоўская з Валыні, выхоўвала дачок у польскім духу. Абедзве былі каталічкі. Ян Лахман, праз кароткі час развёўся і ажаніўся паўторна з спадарыняй Бадэн з дому Патоцкіх. Дачка ад гэтага сужэнства была непаўторнай прыгажосці, яна выйшла замуж за Роджэра Рачынскага. Графіня Пшаздзецкая, жонка Караля, таксама вылучалася прыгажосцю і добрым характарам. Была зоркай пры манаршым двары каралевы Яўгеніі. Жыла ў атачэнні найвыбітнейшых людзей свайго часу. Аднак высокае становішча не зруйнавала яе польскі дух. Памерла ў Чорным Востраве на Падоллі, там і была пахавана.
Маёмасць перайшла да Пшаздзецкіх па кудзелі, а праз нейкі час трапіла ў чужыя рукі.
Сярод сямейных партрэтаў у Чорным Востраве Манчунская бачыла партрэт жанчыны з наступным надпісам: "Народжаная Пшаздзецкая, дачка Радзівіла, унучка Агінскага, праўнучка Вішнявецкага, жонка Чартарыйскага".
Тэадора Манчунская пасля смерці графіні не захацела заставацца ў Краі. Заглянула толькі ў Шаўры, дзе была пахавана яе маці, і асела ў Кракаве. Там была аточана людской павагай і мела кола знакамітых сяброў і знаёмых.
Раздзел XV
Арышт і высылка Крысціны Нарбут. Смерць Тэадора Нарбута, гісторыка Літвы. Вяртанне і смерць яго жонкі. Пахаванне ў Шаўрах. Смерць жонкі Людвіка Нарбута.
Уцёкі Манчунскай пасля паўстання не прайшлі беспакарана для яе маці. На немаладую жанчыну наваліліся новыя беды. Любую іншую такія няшчасці бясспрэчна зламалі б, але яе энергічная натура супрацьстаяла ўдарам лёсу.
Аднойчы ўначы яе раптоўна выцягнулі з ложка, не далі нават адзецца належным чынам, і босую без панчох пацягнулі ў лідскую вязніцу. Аказалася, што нехта даў знаць уладам, што ў Шаўрах захоўваецца закапаная ў зямлю невялікая гармата і значная колькасць пораху, пра што Нарбутова нават і не чула. Пасля смерці Людвіка, калі агульная непрыязь пачала ўплываць і на даўнейшыя добрыя, амаль сямейныя стасункі паміж дваром і вёскай у Шаўрах, стасункі гэтыя пачалі паступова псавацца. Дэзінфармацыя пра гармату паходзіла ад сялян.
У турме Крысціну Нарбут падверглі самым суровым допытам. Выклікалі ноччу на допыты перад следчай камісіяй, раптоўна ўрываліся ў камеру і задавалі розныя пытанні, лавілі на слове, прыгняталі страхам і рознымі спосабамі прымушалі пакутаваць. Яе дачка Яна (Кунцэвіч), якая прыехала з Вільні, знайшла сваю моцна хворую маці ў шпіталі.
Крысціна Нарбут вытрымала ўсё. Не вымавіла ніводнага неасцярожнага слова, не выдала нікога, не выдала ніводнага сакрэту. Разгневаны следчы закрычаў: "Павесіць яе, гэтую матку бунтаўшчыкоў! Відаць па яе вачах, што нічога не скажа... Ну, старая, рыхтуйся да смерці!"...
Жанчыну, якая слабела і траціла прытомнасць, адвялі ў камеру, дзе яе ледзь удалося вярнуць да жыцця і зусім слабую вывезці ў Вільню. Аднак ёй для адпачынку далі толькі некалькі дзён пабыць разам з мужам і нявесткай. Пасля цяжкіх выпрабаванняў падчас следства Крысціна Нарбут была асуджана на высылку ў Чанхар Пермскай губерні.
Страшнай была хвіліна расставання немаладых сужэнцаў!...
Мураўёў выбраў удар у самае сэрца, разрываючы гэтую адзіную да труны сівую, як галубы, пару, якая ўсё жыццё пражыла разам...
Развітваліся назаўжды, ведаючы, што ў гэтым жыцці болей ніколі не сустрэнуцца!...
Пасля дэпартацыі жонкі Тэадор Нарбут апынуўся ў стане меланхоліі і згасаў на вачах. Перад самай смерцю дрыжачай рукой яшчэ здолеў напісаць апошні верш:
Ах! Яе ўжо няма, а я знямог, хварэю,
Зраненае сэрца замірае...
Плачу дзень і ноч, ціха слёзы праліваю
Сэнс жыцця журбота адбірае!..
Няма прычыны далей жыць,
Быць адзінокім і самотным.
Найлепей успаміны адпусціць
І супакой знайсці ў магіле!... [50]
Прыгнечаны смуткам, думаючы толькі пра жонку, Тэадор Нарбут ціха згас у Вільні 13 лістапада 1864 года на руках сваёй старэйшай дачкі Яны Кунцэвіч, на Скапоўцы ў доме № 5.
Пасля жалобнага набажэнства ў касцёле св. Яна труну з целам гісторыка Літвы перавезлі ў Шаўры і пахавалі на могілках пры касцёле ў Начы. Крысціна Нарбут перажыла мужа на 35 гадоў. Пасля ўсіх балючых і цяжкіх страт на радзіме, яна цягнула сваю самотную долю ў выгнанні. Смерць мужа, непакой аб дзецях... Не зламалі яе ні фізічныя нягоды выгнання, ні небяспечнае падарожжа і нястачы.
З вялікімі цяжкасцямі графіня Пшаздзецкая праз пасярэдніцтва Мезінцава, пазнейшага шэфа жандармерыі, дабілася для беднай ссыльнай скасавання тэрміну. Нарбутовай было дазволена выехаць у Варшаву, куды, каб даглядаць маці, вярнулася і яе дачка Тэадора Манчунская.
У Варшаве яны сустрэлі многа родных і знаёмых з Літвы...
З-над Віслы ўжо было лягчэй перабрацца ў родны кут. І праз некаторы час Крысціна апынулася нарэшце ва ўлюбёных Шаўрах, поўных для яе ўспамінамі пра мінулае. Там 16 ліпеня 1899 года ва ўзросце 100 гадоў спакойна адышла з гэтага свету Крысціна Нарбутова. Праз трыццаць з невялікім гадоў, перад самай смерцю маці, прыехала ў Шаўры і Тэадора Манчунская. Паміраючы, маці дабраславіла яе словамі: "Няхай Бог так цябе любіць, як я люблю цябе".
Пахаваць нябожчыцу каля мужа на могілках у Начы, як яна таго хацела, было забаронена. Улада баялася дэманстрацыі, ксяндзу нават было не дазволена суправаджаць труну з целам.
Сяляне зрабілі гэта, паводле традыцыі: з крыжам і свянцонай вадой, як для сваіх памёрлых... Ксёндз праводзіў труну да брамы, а адтуль сяляне на сваіх плячах панеслі яе на вясковыя могілкі, дзе ўжо спачываў сын памёрлай Баляслаў.
На сціплым надмагіллі маці Манчунская заказала выбіць такія ж простыя словы: "Маці сыноў. Мела 100 гадоў. Памерла дня 16 ліпеня 1899 года".
Нябожчыца Крысціна Нарбут мела звычку гаварыць: "Сыны - гэта мой гонар! Дочкі змяняюць прозвішча".
Жонка лідара паўстанцаў Людвіка Нарбута памерла ў Вільні хутка пасля смерці мужа. Маладзенькі ад'ютант загінуўшага камандзіра паўстання, яго брат Баляслаў, быў, як мы ведаем, пасланы да Віславуха і вярнуўся пасля разгрому пад Дубічамі. З таго крывавага поля, узрушаны да глыбіні душы, вычарпаны і зламаны, аказаўся ў хаце Баняшкі, дзе, як мы ведаем, знайшла яго сястра, якая вярталася з лагера вакольнай дарогай і з яго вуснаў пачула першыя весткі пра смерць Людвіка.
Апека сям'і атачыла маладзёна і іншых пацярпелых і расцярушаных па шаўраўскіх лясах паўстанцаў.
Двор падвяргаўся бясконцым ператрусам і пераследу...
Малады рыцар, нягледзячы на слабыя сілы, надалей рваўся да барацьбы, і як толькі з'явіўся Парадоўскі, адразу ж далучыўся да яго невялікага атрада. Нястача сілы не дазволіла Баляславу суправаджаць атрад да Гарадзенскай губерні, куды пасля нядоўгага побыту ў Лідскім павеце, накіраваў сваіх паўстанцаў "Астрога".
У гэты час кузіна Нарбутаў, пані Альшэўская, каб яму было зручней пераехаць за мяжу, вывезла Баляслава ў Друскенікі. Пераслед у Краі нарастаў. Каб палепшыць здароўе, па вечарах Баляслаў веславаў на Нёмане. Удзень гэта было немагчыма, бо яму прыходзілася старанна хавацца.
Падчас аднаго з такіх падарожжаў Баляслава злавілі, збілі, адабралі грошы і кінулі ў вязніцу. Як аказалася: нейкі дапытлівы паручнік (маскаль), прозвішча якога сцерлася з памяці, здаўна пільнаваў Баляслава Нарбута, і, знайшоўшы яго на рацэ, абышоўся з тыгрынай жорсткасцю. Звязанага кінуў яго ў нейкую халупу, дзе той праляжаў, як куль, цэлую ноч. Назаўтра галоднага і слабага, Баляслава пагналі ў Гародню.
Там у турме, у цеснай перапоўненай камеры, прасякнутай выдыхамі і дымам тытуню, аслабелы маладзён страціў прытомнасць. Калегі па няшчасці кінуліся яму на дапамогу, паднеслі да акенца, каб змог дыхнуць свежым паветрам. Фатальныя ўмовы ў вязніцы забілі б вымучанага Баляслава, каб яго не ўратаваў шчаслівы выпадак.
Князь Баратынскі наведваў турму ў Гародні. Увайшоўшы ў камеру, дзе сядзеў Баляслаў Нарбут, адразу адхіліўся назад да парогу, збіты страшным паветрам з камеры.
Загадаў прывесці да яго Баляслава, пра знаходжанне якога ў турме ведаў.
Убачыўшы збляднелага вязня, слабога ў нагах, яго падтрымоўвалі пад рукі жаўнеры, князь Баратынскі падняўся і падсунуў яму крэсла. Сеў пры ім і пачаў распытваць пра ўсё, прасіў не таіцца і гаварыць праўду.
Баляслаў шчыра прызнаўся, што быў ад'ютантам у свайго брата Людвіка, а пасля яго смерці хацеў пераправіцца за мяжу і таму меў пры сабе дастатковую суму грошай, якія адабраў афіцэр пры яго арышце. Расказаў таксама пра брутальнасць затрымання, пра цесную камеру, дзе ўжо месціліся дваццаць другіх вязняў. Вынікам гэтай размовы была значная палёгка для ўсіх арыштаваных.
Князь Баратынскі шчыра заняўся лёсам Баляслава, забяспечыў даволі зносныя ўмовы існавання і ўратаваў ад пятлі, якая гразіла хлопцу.
Баляслаў Нарбут быў асуджаны на выгнанне ў Краснаярск.
На дэпартацыю была асуджана і пані Альшэўская, якая апекавалася ім у Друскеніках.
У Маскву Нарбута прывезлі чыгункай, далейшую дарогу, як і ўсе ссыльныя, ён павінен быў прайсці пешшу па этапе. У Маскве партыя ссыльных, сярод якіх быў Баляслаў, затрымалася даўжэй. І гэта дало магчымасць атрымаць спачуванне ад дачкі турэмнага наглядчыка, якая часта наведвала "бедных палякаў", прысылала ім бялізну, віно, белы хлеб і іншыя рэчы. Урэшце паненка так прывязалася да маладога вязня, што хацела ехаць з ім у Сібір. Па дарозе каля Табольска Баляслаў напаткаў афіцэра, які яго арыштаваў. Аказалася, што ён быў асуджаны князем Баратынскім, паніжаны ў званні і таксама высланы на Сібір.
Цяжкая дарога, маральная і фізічная стома зусім зруйнавалі здароўе Баляслава.
У Краснаярску ён не мог заняцца аніякай працай, бо пухлі рукі.
І хаця яму і вярнулі грошы, адабраныя пры арышце, запас іх вычарпаўся, а трэба было жыць. Нарбут заняўся дробным гандлем, які даваў такі-сякі даход для жыцця.
Графіня Пшаздзецкая пры пасярэдніцтве князя Арлова, расійскага амбасадара ў Парыжы, атрымала для Баляслава дазвол на вяртанне ў Край. Баляслаў вярнуўся ў цудам не канфіскаваныя Шаўры. Там ажаніўся са сваёй кузінай Габрыэляй Нарбут, дачкой Валерыя Нарбута, уладальніка Капыля.
Памёр ад сухотаў у 1889 годзе, пакінуўшы двух сыноў: Зыгмунта ды Тадэвуша і адну дачку.
Раздзел XVI
Мураўёў. Узнаўленне закрытых спраў. Новыя арышты. Прысуды і пакаранні смерцю. Ксёндз Ішора. Першая ахвяра. Расстрэл ксяндза Фалькоўскага ў Лідзе. Смерць Альберта Лясковіча і ксяндза Зямацкага ў Вільні. Выгнанне. Бальтазар Калясінскі. Падзеі ў лідскім касцёле. Вынішчэнне вёсак і засценкаў.
14 траўня 1863 года ў Вільню прыехаў Мураўёў. Аддзел Віленскага Народнага Урада яшчэ нібыта дзейнічаў.
Першым быў арыштаваным Гажыц, паступова, па-чарзе вылавілі астатніх членаў арганізацыі.
Новы "вялікадзяржаўца" Літвы некалькі дзён у цішы прыглядаўся да сітуацыі.
Перад яго палацам прайшла нейкая легкадумная, але ўжо апошняя працэсія са спевам народнага гімна. Слухаў яго з балкона, але не даваў каманды на разгон. І трошкі пазней са знакамітай лютасцю прыступіў да работы.
Пачаўся страшны пераслед, следствы, прысуды і смяротныя пакаранні. Падымаліся дакументы ўжо скончаных спраў, і следства па іх зноў аднаўлялася. Падлягалі арышту раней вызваленыя ад пакарання, у Вільню вярталі з Расіі асуджаных, каб пакараць больш сурова.
Першай ахвярай Мураўёва ў Вільні 26 траўня стаўся ксёндз Станіслаў Ішора, пробашч з мястэчка Жалудок, асуджаны на смерць за зачытванне ў касцёле Маніфеста Народнага Урада.
Расстрэл ксяндза зрабіў на жыхароў Вільні вельмі прыгнятальнае ўражанне.
Яшчэ больш цяжкае ўражанне мела правінцыйная Ліда, калі 10 чэрвеня каля 10-й гадзіны раніцы смерць ад кулі прыняў ксёндз Адам Фалькоўскі, пробашч з Ішчалны, які зачытаў з амбона Маніфест. Ён нават не дапускаў за гэта такога страшнага пакарання.
Калі ксяндза пад ахоўвай як вялікага злачынцу прывезлі ў Ліду, ён яшчэ не разумеў, што можа пагражаць смерць. Упэўніўся ў гэтым толькі тады, калі ў турму ў апошнюю хвіліну прыйшоў мясцовы пробашч ксёндз Свірскі, каб спавядаць Фалькоўскага перад смерцю.
З каменным спакоем каплан шасцідзесяці з некалькім гадоў ішоў да месца пакарання на выгане за горадам, дзе пасвіліся яўрэйскія козы. Ішоў сам, нягледзячы на значную адлегласць, і толькі раз у яго падкасіліся калені. Камандаваў атрадам жаўнераў Перасвет-Солтан, афіцэр прапанаваў вязню сесці на вазок, які ехаў за імі. Асуджаны адмовіўся. Хацеў як Хрыстос данесці свой крыж да канца. Збляднелымі вуснамі шаптаў пацеры ... а калі голас яму здраджваў і ламаўся, прадоўжыць малітву дапамагаў ксёндз Свірскі, які суправаджаў Фалькоўскага.
Каля слупа быў ужо выкапаны дол. Тлум з простага народу атачаў месца пакарання [51].
Ксёндз Фалькоўскі штосьці прамовіў каля слупа, але барабаны заглушылі яго словы...
Прагучала каманда і выбухнуў залп.
Цела, якое яшчэ торгалася, скацілася ў дол.
У горадзе зараз жа пачалі біць касцельныя званы, і ва ўсіх касцёлах пачалася жалобная імша.
Магілу, насыпаную на месцы пакарання, казакі зруйнавалі з зямлёй капытамі коней.
Жаўнеры штыкамі разганялі тлум людзей, якія ціснуліся да магілы, каб узяць пясок, прасякнуты крывёй расстралянага ксяндза.
Ліда віравала болем і жахам.
Зноў былі арыштаваны Бальтазар Калясінскі, Юльян Лясковіч, Зыгмунд Гадачэўскі, Вільгельм Грабоўскі, Яраслаў Табенскі, Браніслаў Нарбут. Пачалося новае следства. Такі ж лёс напаткаў і Альберта Лясковіча, які знаходзіўся пад арыштам і быў асуджаны на два гады арыштанцкіх рот.
Гэты вырак яшчэ не быў падпісаны Назімавым. Мураўёў скарыстаўся з гэтага і, шукаючы новую ахвяру, прысудзіў амаль нявіннага Лясковіча да смерці. Гэтае самавольства "вялікадзяржаўца" абурыла ўсе пласты грамадства, бо акрамя легкадумнай гаварлівасці за Альбертам Лясковічам не было болей ніякага палітычнага злачынства.
Другі раз Лідскі павет гнуўся пад цяжкай рукой Мураўёва. Першы раз - калі ён быў губернатарам у Гародні, а Лідскі павет уваходзіў у склад Гарадзенскай губерні, і другі - калі сатрап запанаваў над усёй Літвой. Страшэнны боль раздзіраў сэрцы лідзян, бо дзве новыя ахвяры з іх зямлі палі ў Вільні.
На Лукішках у самым росквіце быў расстраляны сын землеўладальніка Альберт Лясковіч і ксёндз Зямацкі, пробашч з Вавёркі, асуджаны за чытанне Народнага Маніфеста перад людзьмі.
Паўторна пад новым следствам у турме апынуліся Б. Калясінскі, Ю. Лясковіч, З. Гадачэўскі, В. Грабоўскі і Бр. Нарбут, потым іх дэпартавалі ў глыб Расіі. Табенскі памёр у турме падчас следства. Адначасова ў асуджаных канфіскоўвалі маёмасць, з чаго, як заўсёды і паўсюдна, карысталіся яўрэі.
Браніслаў Нарбут, вярнуўшыся праз некалькі гадоў выгнання, страціў сваю спадчынную маёмасць Нікадзімава. Яму забаранялася жыць у Літве, і рэшту жыцця правёў, туляючыся ў пошуках працы па розных месцах. Дзяржаўныя пасады для мясцовых былі забаронены, а прыватным бізнесам заняцца было надзвычай цяжка.
Многія з эмігрантаў, для якіх жыццё ў Айчыне было забаронена, паміралі з голаду ў Варшаве, Рызе і іншых гарадах, не маючы сродкаў да існавання і працы. Былі і тыя, хто не знаходзячы хлеба на Айчыне сярод сваіх, паўторна вяртаўся ў Расію. Тагачасныя ўмовы жыцця нараджалі часта страшна трагічныя сітуацыі.
З народных актывістаў, якія разам з Бальтазарам Калясінскім працавалі над свядомасцю людзей і займаліся іх арганізацыяй падчас перад паўстаннем быў і старшыня (войт) Кохан з Дакудаўскай гміны, ён здолеў пазбегнуць пераследу. У той час, як другі старшыня, Марцін Якубоўскі з Тарноўскай гміны, быў асуджаны з-за занадта шчырага прызнання Кашыца.
У Якубоўскага захоўваліся розныя дакументы, зброя і грошы. Аднак ён меў талент, узгадніўшы ўсё з калегамі, зручна ўхіліцца ад падазрэнняў, бо меў неабмежаваны ўплыў на людзей. Калі паліцыя прыбыла для арышту Якубоўскага, ён не страціў розум і здолеў спаліць усе дакументы, аднак схаваць зброю яму не хапіла часу. Пад час следства не здрадзіў і нікога не выдаў. З усёй сям'ёй быў высланы ў Табольскую губерню, дзе ў выгнанні і памёр у 1873 годзе. Ледзь заплюшчыў вочы, як прыйшоў дазвол на вяртанне ў край. Сям'я сумавала па Айчыне і скарысталася з гэтага дазволу. Сыны памерлага Якубоўскага - Юзаф і Ігнат былі абавязаны пісьмова пацвердзіць, што ніколі не будуць мець прэтэнзій да спадчыннай зямлі бацькі, якая была адабрана за ўдзел у паўстанні.
Маладых Якубоўскіх як леснікоў прыняла ахоўваць свае лясы пані Красіцкая і, маючы жаданне хоць неяк кампенсаваць нанесеную ім крыўду, падаравала 30 моргаў зямлі.
Бальтазар Калясінскі праз шмат гадоў ссылкі, атрымаў права вярнуцца з умовай пражывання ў Варшаве. Едучы праз Пскоў, выпадкова сустрэўся з Жамчужнікавым, тагачасным пскоўскім саноўнікам, які ў часы, калі Калясінскі займаў даволі значную пасаду ў Арэнбургскіх стэпах, быў дробным клеркам і яго падначаленым. Жамчужнікаў захаваў да Бальтазара добрыя пачуцці і, калі даведаўся, што вяртанне ў Варшаву не радуе Калясінскага, прапанаваў яму даволі добрую пасаду ў Пскове, а калі быў прызначаны на пасаду губернатара Вільні [52], зрабіў магчымым вяртанне Бальтазара ў Ліду. Дзякуючы гэтаму, двойчы ссыльны здолеў нарэшце ўдыхнуць паветра радзімы і мець магчымасць злажыць свае косці ў зямлі бацькоў.
Аднак сямейныя адносіны Калясінскага праз усе нягоды былі парушаны. Сваё жыццё ён скончыў у самоце. З жонкай амаль не сустракаўся. Меў адну дачку, якая выйшла замуж за Нарымскага, і адзіную ўнучку, у замустве - спадарыню Умястоўскую. Бальтазар Калясінскі памёр у Вільні, дзе пасля жыццёвых прац спачыў на Бернардынскіх могілках.
Гэта быў адзін з выбітных людзей свайго часу. Чалавек ідэі і глыбокага патрыятычнага духу.
Цудадзейны абраз Маці Божай, які зазвінеў у хвіліну першага арышту Бальтазара, жонка аддала ў лідскі касцёл. Паводле тагачаснага падання, гэты абраз забраў у сваё жытло ксёндз Карповіч. Аднак абраз не ўпадабаў новае месца і без перапынку звінеў над галавой ксяндза. Карповіч вымушаны быў яго зняць. Легенда гаварыла, што абраз быў знішчаны. Людзі перасталі хадзіць у касцёл, верачы, што сваім звонам абраз папярэджваў пра небяспеку.
І насамрэч, хаця касцёл і захаваўся, але Карповіч, які выконваў у той час абавязкі лідскага дэкана, першы пачаў служыць па-расійску, заспяваўшы каля алтара: "Господи помилуй". Людзі з гневам і абурэннем тлумамі пакінулі святыню і занялі настолькі ўпартую пазіцыю, што падобная спроба болей ніколі не паўтарылася.
Мураўёў моцна тачыў зубы на Геншаля, цывільнага начальніка Лідскага павета. Аднак яму пашанцавала выслізнуць за мяжу. Хутка арыштавалі Стэфана Вільбіка, вярбоўшчыка добраахвотнікаў у лагер паўстанцаў, і шмат іншых падазраваных у зносінах з Нарбутам або ва ўдзеле ў паўстанні асоб з Лідскага павета, між іншымі і Ансельма Пятрыкоўскага.
Трагічныя драмы разыграліся ў некаторых вёсках і шляхецкіх ваколіцах, спаленых і вынішчаных датла. Так згінулі вёскі Зубрава, Кракшлі і многа іншых. Цэлыя сем'і вывезены ў Сібір.
Хто ў той час чуў тыя енкі жанчын, плач дзяцей, той да смерці гэта не забудзе.
Мясцовых людзей звольнілі з усіх дзяржаўных пасад, а на іх месца, як лавіна, зваліліся чыноўнікі з Расіі, якія не ведалі стану і ўмоваў тутэйшага жыцця. Сюды пераважна заваблівалі сацыяльную свалату, якая кіравалася не палітычнымі поглядамі, а жаданнем кар'ернага росту і асабістага абагачэння.
Каб дагадзіць Мураўёву, яны пераследавалі мясцовых людзей з усіх сацыяльных слаёў грамадства, пад страхам даносу вымушалі даваць ім хабар і г. д. Пасярод гэтых маскоўскіх адкідаў былі і людзі больш-менш культурныя і шляхетныя, аднак яны танулі ў агульнай плыні.
Усё гэта аслабляла народны арганізм, а повязь рускіх чыноўнікаў з яўрэямі высмоктвала апошнія сілы. Яўрэі заўсёды ўмелі выкарыстаць часы блытаніны, болю і эканамічнага руйнавання для ўласнага інтарэсу.
Раздзел XVII
Францішак Нарбут. Яго жыццё. Смерць у Венгрыі. Пераслед на радзіме. Пакаранне за наведванне магілы Нарбута. Продаж Шаўроў
Наймалодшы брат Людвіка Францішак быў самым вялікім патрыётам у сям'і. Спакойны, маўклівы, ён хаваў у сэрцы агонь патрыятычных пачуццяў. Ужо ў дзяцінстве не выносіў ваеннай музыкі, якая часамі чулася ў Шаўрах, уцякаў калі гралі, затыкаў вушы або крычаў. Уздрыгваў ад віду гімназічнага мундзіра, а калі падрос і неабходна было яго адзець, жадаў уцячы са школы. Аднак розум перамагаў пачуцці.
Калі прыязджаў дадому на святы або вакацыі, прывозіў розныя забароненыя вершы і песні, хаваўся ад маці і дэкламаваў або з запалам спяваў у садзе перад братамі і сёстрамі. Гульні ў вайну былі наймілейшай забавай. Стараўся загартоўвацца і прызвычайвацца да дыскамфорту, быць цягавітым.
Калі Людвіка арыштавалі ў Вільні, Францішак вучыўся ў школе. Частка кампраметуючых дакументаў захоўвалася ў ложку Францішка пад сеннікам. Уначы, пад час ператрусу, хлопца раптоўна разбудзілі, бо лічылі, што ён, яшчэ не цалкам абудзіўшыся ад сну, зможа нешта выдаць. Аднак ён застаўся абсалютна спакойны і так удала выглядаў сонным, які ні пра што не ведае, што жандары пакінулі яго і пайшлі.
Калі Людвік вярнуўся з Каўказа, Францішак скончыў універсітэт у Пецярбургу, дзе вывучаў права. Рэвалюцыйная моладзь, рыхтуючыся да будучай барацьбы, арганізавала таварыства і таемна выдавала невялікі часопіс "Жаўрук" ("Skowronek").
Манчунская мела кантакт з моладдзю і таксама друкавала ў часопісе некаторыя свае творы. Гэта непакоіла і раздражняла яе мужа Альберта Манчунскага, які служыў на ўрадавай пасадзе і быў настроены больш спакойна і лаяльна. Для студэнтаў яго дом быў зачынены.
Аднойчы, калі муж быў на працы ў бюро, на парозе дома перад сястрой раптоўна з'явіўся Францішак. У Пецярбургу паліцыя выйшла на след арганізацыі. Многіх яе сяброў арыштавалі, некаторыя былі ўжо высланы ў Расію.
Францішак прасіў сястру, каб праз мужа дапамагла яму атрымаць пашпарт і так званую "падарожную", якая дазваляла ехаць поштай, а таксама дапамагчы грашыма. Прасіў, каб дазволілі на некалькі дзён схавацца, бо з гэтым было найцяжэй. Дворнік ставіўся да студэнтаў непрыхільна, але пакаёўка была верная сваёй маладой пані і ўдала адаслала дворніка, чым дала Манчунскай магчымасць схаваць брата.
Тэадора прызначыла Францішку сустрэчу ў касцёле св. Яна, а сама пайшла да мужа. Ніколі раней яна не была ў мужа на працы. Таму пабачыўшы яе, Альберт адразу зразумеў, што здарылася нешта надзвычайнае. Калі даведаўся, пра што ідзе гаворка, адказаў: "Дзеля цябе зраблю, што заўгодна. Але гэта згуба, гэта мая смерць!"
Зрабіў усё, пра што яна прасіла, дазволіў сустрэцца з баратам у касцёле св. Яна.
Знайшла Францішка ў лаўцы, дзе калісьці сядзела разам з маці. Незаўважна перадала яму дакументы і грошы, і, нібыта молячыся, паразмаўлялі паміж сабой і развіталіся.
Францішак Нарбут найперш паехаў у Брусель, адтуль пераехаў у Жэневу, а потым запісаўся ў вайсковую польскую школу ў Генуі. Выбух паўстання ў Польшчы прывёў Францішка ў шэрагі Лангевіча [53], дзе ён адразу служыў у пяхоце ў рангу капітана, вызначаючыся мужнасцю і доблесцю, потым браў удзел у фарміраванні коннага аддзела. Калі паўстанне згасла і трэба было думаць пра паратунак ад няволі і смерці, Францішак Нарбут перад уцёкам за мяжу, давёў справаздачу аб усіх сваіх грашовых высілках начальніку павета Замойскаму.
Падаю ніжэй копіі з арыгінальных дакументаў, якія меў Францішак.
П а с в е д ч а н н е
Начальніка павета Замойскага
"Матэрыяльныя каштоўнасці, якія належаць коннаму аддзелу Грубешава [54], пячатку таго ж аддзела і карту ад капітана Францішка Нарбута - прыняў. Рахункі з узятых на патрэбы фарміравання аддзела злотых польскіх 304 і грошаў 20 - прыняў.
Начальнік павета Замойскі".
(Унізе - пячатка Люблінскага ваяводства)
Акрамя вышэй пададзенага сведчання Францішак Нарбут атрымаў наступнае пасведчанне. Копія з арыгінала.
№ 22
П а с в е д ч а н н е
Грамадзянін Нарбут Францішак, капітан пяхоты, у наступным добраахвотнік у конным паўстанчым войску, студэнт аддзялення права ва ўніверсітэце Пецярбурга, а потым вучань вайсковай польскай школы ў Генуі.
Р а д а в о д
Нарадзіўся 2 красавіка 1842 года ў Шаўрах Лідскага павета Гарадзенскага ваяводства ў сям'і Крысціны з Садоўскіх і Тэадора Нарбута.
Яшчэ раз Францішку пашанцавала перайсці мяжу. Цяпер ён аказаўся на парыжскім бруку без сродкаў да жыцця. Яшчэ не ведаў, што сястра Тэадора Манчунская таксама знаходзіцца ў Парыжы ў гатэлі Ламбэр. Яму казалі пра нейкую Нарбутоўну, але ён не спадзяваўся адшукаць сястру пад такім прозвішчам.
Аднойчы, ідучы па вуліцы, галодны і прыгнечаны, уголас прагаварыў праклён па-польску. Парыж у той час быў поўны эмігрантаў, розных нешчаслівых уцекачоў разбітага паўстання. На гукі гэтай мовы да Францішка наблізіліся двое незнаёмых і запыталі, чаму ён так заўзята кляне. З размовы з імі даведаўся, што ў гатэлі Ламбэр знаходзіцца нейкая пані, уцякачка з Краю пад прозвішчам Нарбутоўна. Павярнуў да гатэля і з радасцю ўбачыў родную сястру, а калі запытаў яе, чаму яна карыстаецца дзявочым прозвішчам, тая растлумачыла, што яно болей вядомае ў колах эміграцыі. Дзякуючы дапамозе сястры, Францішак Нарбут хутка знайшоў магутных фаварытаў у асобе князя Чартарыйскага і графа Дзялынскага. Дарэчы, апошні вельмі сардэчна адносіўся да маладзёна.
Праз адпаведны час навучання ў Бельгіі Францішак стаў дыпламаваным інжынерам і ў гэтай жа дзяржаве атрымаў працу. Аднак Дзялынскі пераправіў яго ў Галіцыю і горача рэкамендаваў князю Адаму Сапегу і Уладзіславу Чартарыйскаму.
Пісьмо адрасаванае князю Адаму Сапегу (спісана з арыгінала)
Дарагі Адась!
У Вашу старану, у Перамышль выязджае дыпламаваны інжынер пан Нарбут у якасці чыноўніка чыгункі данцынгска-венгерскага напрамку, покуль на трохмесячнае выпрабаванне, але мы ўсе, хто яго ведае, перакананы, што назаўжды, бо не дапускаю, што захочуць адпусціць у іншую частку Польшчы такога шляхетнага і разумнага маладога чалавека. Рэкамендую Табе асабіста пераканацца ў яго высакароднасці і руплівасці. Спадзяюся, што Ты зможаш выкарыстаць былога вучня, а цяпер добрага інжынера ў розных годных мэтах.
Карыстаюся з нагоды, каб яшчэ раз перадаць Табе самыя сардэчныя вітанні і пажадаць найлепшых поспехаў у працы.
Твой брат і слуга Дзялынскі.
Парыж. Гатэль Ламбэр.
22 сакавіка 1880 г.
Францішак Нарбут з гэтага часу ніколі не пакідаў Аўстра-Венгрыі. Служыў на Малдаўскай чыгунцы, на пасадзе старшага інжынера на будоўлі чыгункі ў Венгрыі, дзе бальшыня мастоў, якія заслугоўваюць увагі, была вынікам яго праектаў. Вывучыў малдаўскую і венгерскую мовы, пазнаёміўся з прыгажуняй венгеркай Ізай Сэйляр і ажаніўся з ёй. Аднак, яго з'ядала хвароба, выбух якой прыспешыў такі выпадак.
Дзеля маёмасных інтарэсаў жонкі Нарбут павінен быў прыняць венгерскае грамадзянства. Найперш з гэтым пагадзіўся, аднак, калі патрэбныя дакументы былі ўпарадкаваны, сям'я жонкі на ўрачыстасці неспадзявана выбухнула тостам: "За новага венгра!", Францішак несвядома атрымаў нервовы зрыў, сарваўся з крыкам: "Не! Я - не венгр! Я - паляк ад дзеда і прадзеда!"...
Біў сябе ў грудзі, паўтараючы: "Я - паляк! Я - паляк!"... [55]
Гэта думка не адпускала яго да смерці. Заспакойваўся толькі тады, калі жонка чытала яму па-польску, хоць і не разумела прамаўляных слоў. Памёр у 1892 годзе ў Венгрыі. Пахаваны ў Торначы [56] (прэфектура Нітра).
На помніку Нарбута венгры выбілі надпіс, які ў перакладзе гучыць гэтак:
"Остык - Нарбут Францішак.
Польскі паўстанец 1863 года.
Старшы інжынер Імператарскай аўстра-венгерскай чыгункі.
Хвала памяці Яго!
Нарадзіўся на Літве ў Шаўрах, 1841 г.
Адышоў да Бога ў Торначы, 1892 г., кастрычніка, 7 дня.
У шчаслівым сужэнстве - 14 гадоў.
Жыццё яго было працавітым.
Гонар маці.
Сум па Айчыне разарваў яго найшляхетнейшае сэрца.
І таму ўжо не мог тут жыць бедны выгнанец.
Прыйшоў паміраць сярод братэрскага народа, на яго вольную зямлю".
Сястра памерлага Тэадора Манчунская дадала да венгерскага надпісу такія словы па-польску:
"Тут ляжыць Францішак Остык-Нарбут
Сын Тэадора і брат Людвіка Нарбутаў.
Хто ведае, кім яны былі,
Схілі галаву перад гэтым каменем!
Падумай, уздыхні і памаліся
За ўсіх трох разам!"
За выключэннем Францішка Нарбута, усе чальцы сям'і Нарбутаў знайшлі спачынак у айчыннай зямлі, якую гэтак горача любілі.
Магіла Людвіка Нарбута яшчэ доўгі час пасля паўстання пільна назіралася ўладамі, асабліва ў часы кіравання ў Лідскім павеце ваеннага начальніка Алхазава. Не дазвалялася нікому а ні стаць на калена перад ёй, а ні згаварыць пацеры за памерлых і палеглых. Адганяліся нават сяляне, якія напачатку часта прыходзілі на магілу свайго ўлюбёнага камандзіра і яго таварышаў. Немажліва было ані пакланіцца памяці, ані памаліцца за "бунтовщиков".
У 1864 годзе ў гадавіну бітвы пад Дубічамі да магілы прыйшло пэўнае таварыства з пані Геншаль, сястрой былога сябра арганізацыі. Іх адразу ж атачылі жаўнеры і пагналі ў Ліду. Не дапамаглі ніякія просьбы і тлумачэнні.
- Раз моліцеся на магіле Нарбута, то вы такія самыя бунтаўшчыкі, як і ён.
Яўрэі ў Лідзе, якія звычайна выбіраюць бок мацнейшага і ліслівяць уладзе, не пускалі на начлег "палітычных", якія прыбылі пад канвоем, ні ў якую карчму. Усе дзверы перад імі былі зачынены, так бы і стаялі пад дажджом цэлую ноч, калі б жаўнеры не прамоклі таксама, і не адчынілі дзверы карчмы штыкамі.
Ранкам вязняў прывялі да спраўніка Чартова.
- Что это за поляки? - запытаў, а даведаўшыся аб злачынстве, адаслаў да ваеннага начальніка. Алхазаў прыйшоў у гнеў, амаль ашалеў ... тупаў нагамі, біў кулакамі ў стол, лаяўся і крычаў.
Пасля гэтай разыгранай для страшання сцэны, выбег з пакоя, ... арыштанты стаялі доўгія гадзіны, не ведаючы што рабіць, чаго чакаць. Нарэшце зноў з'явіўся Алхазаў і ўжо спакайней сказаў, што калі не заплацяць па 25 рублёў штрафу, то пойдуць у турму.
- Иначе в острог! - дадаў гучней [57].
Такіх грошай з сабой ніхто не меў, але паводле беларускай прымаўкі "калі бяда, дык грошы будуць", дасталі неабходную суму і аддалі Алзахаву, тады на сваіх нагах спакойна вярнуліся дамоў.
Падобныя выпадкі паўтараліся шмат разоў. Гэтак маскоўскія клеркі збіралі сабе капітал, але адначасова заціралі сляды паўстання.
Пасля згасання ваяўнічага народнага духу, аглушаны Лідскі павет, знямелы ад болю, глядзеў на сваіх сыноў, якіх гналі ў Сібір альбо на смерць, глядзеў на сваю парваную зямлю, на руіны адвечных гнёздаў, на насаджэнне новых, чужых гаспадароў.
Страх і роспач прыгіналі ўсіх да зямлі. Людзі жылі, як у гарачцы, чакалі найгоршага, бо што раз новыя загады былі больш цяжкімі, а пераслед больш жорсткім. Не здзіўляла ўжо нішто, хіба толькі тое, што яшчэ жывуць на радзіме і над галовамі ёсць дах. Вечарам жагналіся з надзеяй, каб хоць ноч праспаць і ў неспакойным сне з трывогай шапталі пацеры, каб надыходзячы дзень не прынёс новай бяды [58].
Маліліся за пакараных, а за тых, якія яшчэ жывуць на свабодзе, проста забыліся. Жалобная цішыня запанавала ў дварах, падворках, загродах [59] і засценках. Яны панеслі найбольшыя ахвяры і найцяжэйшыя ўдары прыйшліся таксама па іх. У кожным доме ціха аплаквалі забітых, высланых, або зачыненых у турмах. Доўгая і суровая зіма пакрыла снегам руіны спаленых вёсак і загродаў... зрэдку забягаў на іх які-небудзь гаспадарскі сабака і жаласна выў, а зграі крумкачоў дзяўблі штосьці ў снезе.
Невялікія збройныя аддзелы, разбітыя ворагам, ужо зніклі з лясоў ці былі пералоўлены. Дзе-нідзе туляўся занядбаны падранак, але і ён стараўся схавацца ў бяспечнай хаце, падлячыць раны або падсілкавацца і пайсці, калі будзе шчасце, за мяжу. У маўклівых барах і пушчах насіліся толькі крывавыя прывіды ўспамінаў.
Чужынскія ворагі ўсё болей уплывалі на мясцовы люд, адварочвалі яго ад нас.
Са зменамі эканамічнага жыцця змянілася структура насельніцтва павета. Яўрэйскай сякерай высякаліся лясы і пушчы, якія не раз ратавалі айчынную зямлю - уласнікі былі вымушаны іх прадаваць. У павучыных сетках маскалёў і ёселяў драбнеў стан землеўладальнікаў, а некаторыя з іх знікалі зусім. З'яўлялася напружанасць, павялічылася няволя, змяняліся людзі... Але дух мінулага выжыў, абуджаючы сонных і пранікаючы ў сэрцы маладога пакалення.
У юбілейную гадавіну паўстання, у 1913 годзе, якая святочна адзначалася ва Львове, з'явілася новая карціна Юзафа Беркмана [60], якая прадстаўляла смерць Нарбута пад Дубічамі. Як вядома, падобную карціну пакінуў Андрыёлі. Праз паўвеку з'явілася новая карціна на гэтую ж тэму, яна таксама складае даніну памяці лідару паўстання.
На львоўскіх урачыстасцях ушанавалі і сястру героя пані Манчунскую.
У 1863 годзе Шаўры падлягалі канфіскацыі. Два тагачасныя маскоўскія дзеячы Станскі [61] і Шпэйер вастрылі зубы на смачны кавалак і канкуравалі паміж сабой. Кожны з іх адцягваў прыняцце апошняга рашэння, пакуль яны не дачакаліся маніфеста, які выбіў з рук драпежнікаў чаканую здабычу. Такім чынам Шаўры ацалелі, і праз многа гадоў пазней, пасля смерці Баляслава Нарбута, удава Баляслава прадала маёнтак на карысць дзяцей.
Праз многія гады пасля смерці кіраўніка Лідскага паўстання Людвіка Нарбута яго постаць бачыцца нам праз імглу мінулага ў прамяністым арэоле, і наша сэрца б'ецца ад гэтага мацней.
Яго дзейнасць у пэўнай ступені перадае характар той эпохі і шмат скажа будучаму гісторыку, які напіша пра падзеі Лідскага паўстання маладому пакаленню, нагадаўшы такім чынам пра ўжо далёкую даўніну.
Народ, які не ведае і не шануе сваёй гісторыі, не можа называцца народам.
Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша
[1] Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.
[2] Вайдэлоты (літ.: Vaidilos, лат.: Vaidelosi) - святары ў свяцілішчах агню старажытных прусаў і ліцвінаў, абавязкам якіх было прымаць ахвяры, даглядаць вогнішча, сачыць за каляндаром святаў, навучаць і даваць парады, а таксама апяваць на пахаваннях герояў-нябожчыкаў. - заўвага перакладчыцы.
[3] Трохвуголка - форменны капялюш рускай арміі. - Л. Л.
[4] Верагодна - Морыц Аўгуставіч Кацэбу (1789-1861) - генерал-лейтэнант, сенатар. Сын нямецкага пісьменніка Аўгуста фон Кацэбу. Кадэтам прыняў удзел у кругасветным плаванні 1803-1806 гадоў на фрэгаце «Надзея» пад камандаваннем Крузенштэрна. Потым паступіў на ваенную службу. Удзельнічаў у вайне 1812 года і быў узяты ў палон французамі і вызваліўся толькі ў 1814 годзе. - Л. Л.
[5] Гэта не маглі быць лісткі старога друку, бо гэты тэкст быў выдадзены ў 6-ці тамах, з 1861 па 1874 гг. пад назвай «Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preussischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft». Малаверагодна, што Нарбут бачыў рукапіс гэтага найкаштоўнейшага дакумента. - Л. Л.
[6] Юг-Бернар Марэ (1763-1839) - французскі дыпламат, журналіст, адвакат, палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1811-1813 гг. - міністр замежных спраў, у 1834 г. - прэм'ер-міністр. З 1809 г. насіў ганаровы (беззямельны) тытул герцага Басано. - Л. Л.
[7] На «чацвярговых абедах» караля з найбліжэйшымі паплечнікамі, падданым падаваўся прыклад ашчаднасці і цвярозасці. На гэтых абедах укладаліся планы па ўратаванні Рэчы Паспалітай. «Абеды» ў 1770-77 гг. штотыдзень нават выдавалі свой неафіцыйны орган - часопіс «Забаўкі прыемныя і карысныя, сабраныя ад розных аўтараў», які прапагандаваў прынцыпы станіславаўскага класіцызму. Гэта першы літаратурны часопіс у РП, яго заснавальнік і рэдактар - Ю. Альбертрандзі, рэдактар з 1771 г. - А. Нарушэвіч. У «Забаўках...» дэбютавалі: І. Красіцкі, С. Тамбэцкі, Т. К. Венгерскі, Ю. Шыманоўскі. - Л. Л.
[8] Маецца на ўвазе паўстанне 1831 г. Але Тэадор Нарбут ажанiўся з Крысцiнай каля 1840 г. - Л. Л.
[9] Уладзімір Данілавіч Спасовіч (1829-1906) - беларускі, рускі і польскі юрыст, грамадскі дзеяч, публіцыст і крытык. - Л. Л.
[10] Горкі - былая маёмасць Магнушэўскіх, тут захаваўся прысядзібны парк XIX-XX ст. Зараз аграгарадок у Стаўпецкім раёне Менскай вобласці. - Л. Л.
[11] Шыман (Сымон) Канарскі (1808-1839) - дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, быў у эміграцыі ў Францыі. У 1835 г. нелегальна вярнуўся з эміграцыі ў Расію і стварыў падпольную арганізацыю "Садружнасць польскага народа". Фактычна Шыман Канарскі рыхтаваў новае паўстанне. У траўні 1838 г. быў арыштаваны і ў 1839 г. расстраляны. - Л. Л.
[12] Ян Рэр (ці Ройр, Rоhr, Roehr, Rer, Rher, 1816-1877). Закончыў гімназію ў Познані і Уроцлаўскі ўніверсітэт. З 1844 г. быў членам канспіратыўнай арганізацыі. У 1845 г. быў пасланы ў Літву для стварэння падпольнай арганізацыі. У 1847 г. арыштаваны і прысуджаны на 12 год катаргі. У Сібіры знаходзіўся да 1857 г. У 1863 г. далучыўся да паўстання ў Польшчы. - Л. Л.
[13] Міхал Валовіч (1833-1833) - рэвалюцыянер, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстання (1830-1831). - Л. Л.
[14] Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг. - Л. Л.
[15] Маецца на ўвазе гераіня паўстання 1831 г. Эмілія Плятэр. - Л. Л.
[16] Людвік Нарбут вучыўся ў Лідскай павятовай вучэльні і, скончыўшы яе каля 1846 года, паступіў у Віленскую гімназію. - Л. Л.
[17] Пасля атрымання вестак пра лютаўскую рэвалюцыю 1848 года ў Францыі, у першых днях сакавіка ў розных дзяржавах Германіі - Бадэне, Вюртэмбергу, Баварыі, Гесэн-Дармштаце, Саксоніі і іншых - адбыліся хваляванні. У 1849 г. для абароны пастаноў парламента ў Гайдэльбергу (Бадэн) адбыліся народныя паўстанні, але яны хутка былі задушаны пры дапамозе прускіх войскаў. - Л. Л.
[18] Маюцца на ўвазе падзеі рэвалюцыя 1848-1849 гадоў у Венгрыі. - Л. Л.
[19] Бальтазар Калясінскім (30.12.1818 - 30.09.1888) - нарадзіўся ў Сядзеймах, сын Бальтазара і Тэклі з Луткевічаў, у 1864 г. сасланы ў Кастрамскую губерню. Потым вярнуўся ў Вільню і быў тут пахаваны на Бернардынскіх могілках. - Л. Л.
[20] Маёнтак Сядзеймы, Лідская парафія, каля р. Дзітвы, недалёка ад Заполля, Вострава, Янцавіч. - Л. Л.
[21] Калясінскі праходзіў службу ў Сярэдняй Азіі. - Л. Л.
[22] За гераічны ўчынак атрымаў ніжэйшы чынавенскі чын. - Л. Л.
[23] Інфармацыя пра мазураў не адпавядае рэальнасці. - Л. Л.
[24] Тым, хто цікавіцца падрабязнасцямі, а таксама складам Віленскага аддзялення, можна звярнуцца да ўспамінаў Якуба Гейштара, выдадзеных у Вільні ў 1913 годзе.
[25] Маецца на ўвазе гістарычная драма У. Сыракомлі "Каспар Карлінскі" ("Kasper Karlinski"). - Л. Л.
[26] Пра фінансавыя пытанні паўстання і злоўжыванні ў гэтай справе апавядае Пшыбароўскі ў "Астатніх гадах студзеньскага паўстання". Гэта ж адзначае Гейштар у сваіх мемуарах. - Л. Л.
[27] Баляслаў Часлававіч Свентаржэцкі (1831, маёнтак Багушэвічы, Ігуменскі павет - 1888) - кіраўнік паўстання 1863 г. у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. - Л. Л.
[28] Школа Бацінёл (Szkola Batignolles) - польскі ліцэй паўстаў у 1842 г. у раёне Парыжа Бацінёл. - Л. Л.
[29] Плутон - ўзвод. - заўвага перакладчыцы.
[30] Па словах Паплаўскага з атрада Нарбута.
[31] Ксёндз Робак (Яцак Сапліца) персанаж паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". У паўстанні 1863 г. пад такой мянушкай дзейнічаў ксёндз з Ковенскага павета Антон Мацкевіч. Павешаны ў Коўне 16 снежня 1863 г. - Л. Л.
[32] Ключвойт - выбраны прадстаўнік ад жыхароў ўсяго ключа. Ключ - вялікі двор, які дзяліўся на фальваркі ці засценкі. - заўвага перакладчыцы.
[33] Ці Казаўлі, вайсковы начальнік Ваўкавыскага і Лідскага паветаў, палкоўнік. - Л. Л.
[34] Знакамітая цукерня Андрушкевіча знаходзілася на рагу вуліц Віленскай і Каменскай. - Л. Л.
[35] Паводле тагачасных аповедаў атрымаць волю арыштаваным дапамог такі выпадак: сярод членаў следчай камісіі быў генерал Беклямішаў, знаёмы Бальтазара Калясінскага з часоў яго выгнання і службы ў "вечных салдатах". У тыя часы ён быў маёрам і начальнікам Бальтазара. Падчас бою за Ацкмячэць куля адарвала Беклямішаву нагу, і ён загінуў бы, каб не Бальтазар, які, узваліўшы камандзіра на плечы, вынес яго пад градам куль у бяспечнае месца. Калі арыштаваныя сталі перад следчай камісіяй, Беклямішаў пазнаў Бальтазара, сардэчна яго прывітаў і прадставіў Вісяліцкаму як свайго выратавальніка, чым дапамог Бальтазару і яго таварышам.
[36] Насамрэч, у Італію. - Л. Л.
[37] Вайсковай школа паўстанцаў, мела лагер у італьянскім горадзе Кунеа. - Л. Л.
[38] Альжбета Табенская, аўтарка ўспамінаў "З долі і няволі", старэйшая сястра знакамітай Антаніны Табенскай. - Рэд.
[39] Паводле ўспамінаў Альжбеты Табенскай, яе за гэтую акцыю толькі выслалі з Ліды да бацькі, а пансіянат закрылі. Сібір - пазней. - Рэд.
[40] Фальварак каля в. Перапечыца - Л. Л.
[41] Сын Юзафа Кашыца (1795-1868), які на баку французаў, у складзе 17-га ўланскага палка, удзельнічаў у вайне 1812 года. У 1812-1815 гг. у эміграцыі, з 1815 г. асеў у Наваградскім павеце. У 1830 г. абраны наваградскім маршалкам, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Брат Канстанціна Кашыца (1828-1881), які валодаў Тарновам з фальваркамі. Менавіта на зямлі Канстанціна Кашыца быў устаноўлены помнік (крыжы) загінулым у баі паўстанцам. З вясны 1863 г. цывільны паўстанцкі начальнік Наваградскага павета. 25.5.1866 вымушаны быў "добраахвотна" падпісаць акт продажу маёнтка Тарнова разам з фальваркамі генералу Маўрасу. - Л. Л.
[42] Невядомая асоба. - Л. Л.
[43] Кветкі Hepatica - заўвага перакладчыцы.
[44] Генадзь Кісялёў пісаў: «Рэніер Мамерт - доктар, сябар беларускага рэвалюцыянера і паэта Ф. Савіча. У 40-я гады разам з братам Аніцэтам абвінавачваўся ў сувязях з эміграцыяй і рэвалюцыйнай прапагандзе. Пісаў па-беларуску». Гл: Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. С. 236. - Л. Л.
[45] Нiкалаi Уладзiслаў, насамрэч былы падпаручнік Нарваўскага палка, шляхціц Вiленскай губерні, паранены ў бітве пад Дубiчамi, трапіў у палон, 13 верасня 1863 г. расстраляны ў Вiльнi на Лукiшскiм пляцы. - Л. Л.
[46] Краінскія паходзілі з Галіцыі. Іх дзед - Тадэвуш Дунін Краінскі асеў у Літве ў палове XVIII ст. Леан, загінуўшы пад Дубічамі, пакінуў жонку Юзэфу са Шчукаў і некалькі дзяцей. Яго маёнтак Грачанішкі ацалеў амаль што цудам. Яго Брат - Адольф з Палашак, быў зняволены і высланы ў Варонеж, дзе і памёр.
[47] Антаніна Табенская, сястра Альжбеты. Абедзве з'яўляліся актыўнымі ўдзельніцамі паўстанчага руху і былі высланыя на Сібір. Антаніна знаходзілася ў Іркуцку, дзе выйшла замуж за Эдварда Лазоўскага. Альжбета працавала настаўніцай у Енісейску. У 1876 годзе вярнулася і пасялілася ў Варшаве. Антаніна потым працавала настаўніцай у Смаленскай губерні, пасля чаго зноў пераехала ў Варшаву. Скончыла свае дні ў прытулку для настаўнікаў. Бацька Табенскіх памёр у турме.
[48] Пасля разбурэння ў 1869 г. касцёла ў Дубічах, фігура Хрыста захоўвалася ў Нацкім касцёле. - Л. Л.
[49] Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. С-Петербург. 1886. - Л. Л.
[50] Ach! juz jej niema, a ja boleje
Serce zranione zamiera…
Dzien i noc placze, ciche lzy leje
Bolesc mi zmysly odbiera!...
Po co mi zyc dluzej z bоlu cierniami
Samotnym bedac w tej dobie!
Mnie znekanemu przypomnieniami
Spokoj jedyny juz w grobie!...
[51] Адам Фалькоўскі нарадзіўся ў 1812 г., то бок у 1863 г. меў каля 50 гадоў - заўвага перакладчыцы.
[52] Жамчужнікаў А.М. ніколі не быў віленскім губернатарам. Аднак ён стаў пскоўскім віца-губернатарам і, верагодна, маючы гэтую пасаду, дапамог Калясінскаму - Л. Л.
[53] Мар'ян Лянгевіч (1827-1887), адзін з кіраўнікоў паўстання ў Польшчы.
[54] Грубешаў (Hrubieszоw) - горад у Люблінскім ваяводстве, цэнтр павета.
[55] Кавалеўская паказвае Франацішка занадта нервовым для інжынера, тым больш будаўніка мастоў, чалавекам. - Л. Л.
[56] Зараз горад у Славакіі. Па-славацку - Trnovec nad Vаhom, па-венгерску - Tornоc. - Л. Л.
[57] І насамрэч, Алказаў, які потым стаў генералам, на Лідчыне праславіўся сваім хабарніцтвам. - Л. Л.
[58] Гэтая пачуцці цалкам адпавядаюць тым, якія адчувалі мае бацькі ў апошнія гады Сталіна, гэтакія расказы я чуў у дзяцінстве. - Л. Л.
[59] Загрода - шляхецкі двор па-за межамі буйнога населенага пункта. Загродкавая - простая, нярэдка зусім бедная шляхта. Вядома прымаўка, якая цвердзіла пра роўнасць беднай шляхты і магнатаў: "Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе". - Л. Л.
[60] Юзаф Беркман (1838, Валожын - 1919, Варшава) - мастак, публіцыст. Падчас паўстання 1863-64 г.г. ваяваў на Ашмяншчыне і Лідчыне, у тым ліку ў аддзеле Зыгмунта Мінейкі. 12.10.1863 г. у баі каля в. Рудзішкі паранены і трапіў у палон. Асуджаны на 4 гады катаргі, якую адбываў у Нерчынску на сярэбраных капальнях. За спробу ўцячы тэрмін катаргі быў падоўжаны на 4 гады. - Л. Л.
[61] Станскі атрымаў маёнтак Геншаляў у Волдацішках. - Л. Л.