Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Гісторыя з пахаваннем паўстанцаў аддзела Людвіка Нарбута 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 23-02-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Гісторыя з пахаваннем паўстанцаў аддзела Людвіка Нарбута // НАША СЛОВА № 22 (1433), 29 траўня 2019.



Пасля паразы аддзела Людвіка Нарбута пад Дубічамі 4 траўня 1863 г. трэба было пахаваць паўстанцаў і, каб аб атрымаць дазвол, патрабавалася адмыслова тэлеграфаваць у Вільню генерал-губернатару Назімаву і атрымаць ад яго дазвол.

На ноч целы забітых паўстанцаў перанеслі ў бабінец касцёла ў Дубічах. Сяброўка Тэадоры Манчуньскай Тося Табенская, якая займалася пахаваннем, успамінала:

«З трупаў лілося столькі крыві, што здавалася яны плаваюць у крывавай плыні.

Касцельныя бабкі абмылі трупы ад крыві, вясковыя жанчыны, з плачам, як па ўласных сынах, накрылі іх сваёй грубай бялізнай і прасцінамі.

Ранкам прыбылі некалькі спадарыняў і спадароў з суседніх гаспадарак. Прывезлі бялізну і адзенне для забітых, посцілкі і бандажы для параненых …

Змрочная сур'ёзнасць ляжала на галовах усіх, хто прыбываў на гэты балючы людскі рытуал… З вялікай роспаччу глядзелі на тое, як палягла моладзь, з якой яны звязвалі так многа надзей, ляжыць як скошаная трава ў бабінцы касцёла. Тут ляжалі найлепшыя і найшляхетнейшыя сыны Лідскай зямлі, яе будучыня, а можа і слава.

Ляжаў і ён, камандзір - Людвік Нарбут, у якім не толькі Ліда, але і ўся Літва страціла свайго найслаўнейшага ваяра за вольнасць.

З прыбыўшых на пахаванне спадарыняў найбольшую дапамогу аказалі: Тараевіч з Салтанішак і Юзэфа Вісмант - настаўніца.

Нарэшце ўсё падрыхтавана.

Дванаццаць белых нефарбаваных трунаў былі пастаўлены ў касцёле без катафалка, проста на зямлі і ўтварылі піраміду, верхам якой была абабітая чорным аксамітам труна камандзіра.

Помнік на магіле паўстанцаў у Дубічах, 2013 г.

Развітаўшыся з нягодамі і цяжкасцямі свайго кароткага жыцця, прысвечанага Краю, якое налічвала крыху болей за 31 год, спаў у труне вечным сном Людвік Нарбут, над дванаццаццю сваімі вернымі таварышамі, а людзі, углядваючыся ў яго "дамавіну", як у святыню, выціралі заплаканыя вочы і паўтаралі: "Зусім як Хрыстос з дванаццаццю апосталамі» [1].

Пахаванне з вялікай урачыстасцю адбылося 24 красавіка (6 траўня). Акрамя шматлікіх сялян прысутнічалі 14 ксяндзоў і каля 200 тутэйшых землеўладальнікаў. Тлумы перапаўнялі касцёл, яшчэ большая колькасць людзей стаяла каля касцёла.

Вялікая, загадзя падрыхтаваная магіла, чакала палеглых за вольнасць. Усе труны былі пастаўлены ў дол у адзін рад. Лідская зямля прыгарнула сваіх верных сыноў, прымаючы іх у сваё лона на вечны адпачынак. З пяску, насыпанага жменямі вырас высокі капец, які закідалі вясновымі кветкамі. Яшчэ не высахлі слёзы ў сем'ях, як гэты курган казакі зруйнавалі капытамі сваіх коней [2].

У 1864 годзе ў гадавіну бітвы пад Дубічамі да магілы прыйшлі сябры загінуўшых разам са спадарыняй Геншаль, сястрой былога сябра арганізацыі. Каля магілы іх адразу ж атачылі жаўнеры і пагналі ў Ліду: «Раз моліцеся на магіле Нарбута, дык вы такія самыя бунтаўшчыкі, як і ён». Аднак у Лідзе ваенны начальнік Лідскага павета палкоўнік Алхазаў атрымаў «у лапу» 25 рублёў і ўсіх адпусціў [3]. Як тут не ўспомніць словы Вяземскага: «У Расіі суровасць законаў сцішаецца іх невыкананнем», і дадам ад сябе, хабарніцтвам.

У Лідскім павеце людзі яшчэ доўгі час не верылі ў смерць Людвіка Нарбута і спадзяваліся на яго вяртанне. Хадзіла шмат легенд. Вось адна з іх: «Скульптур Хрыста было тры. Адна ў Вільні на Антокалі, другая ў Дубічах, у касцёле, трэцяя недзе ў свеце, невядома дзе зараз валадарыць. Нарбут не загінуў, але пайшоў у свет шукаць каралеўства трэцяга Хрыста, а як знойдзе, дык прыйдзе разам з ім адпомсціць за ўсе крыўды і забярэ тады з Начы [4] фігуру другога Хрыста» [5].

У ліпеньскім нумары 1909 г. «Курьера Літоўскага» настаўнік пецярбургскай мужчынскай гімназіі пры касцёле Св. Кацярыны Алойзы Сцерла-Арліцкі (Alojzy Sterlo-Oricki) напісаў пра свае ўражанні ад наведвання мястэчка Дубічы. Сярод іншага ён паведаміў: «На ўзгорку, пасярод маляўнічых могілак, раней стаяў драўляны касцёлік, у ім мелася фігура Пана Езуса. Да гэтай фігуры здалёк прыходзілі пілігрымы, і тут адбываліся дзіўныя рэчы: сляпыя пачыналі бачыць, глухія чуць, нямыя гаварыць, а хворыя выздараўлівалі. У Дубічах заўсёды было шмат паломнікаў.

Наступіў 1863 г. Касцёл разабралі на дровы для вайсковай часткі ў Васілішках, цудоўную фігуру разам з алтарамі перавезлі ў касцёл Начы. Гэтак цягналася 40 гадоў.

Зараз, калі бліснуў прамень рэлігійнай свабоды, сяляне ў Дубічах вырашылі адбудаваць святыню і перанесці ў яе цудадзейную фігуру Езуса. … 5 ліпеня адбылося залажэнне кутняга каменя новага касцёла …

На Дубіцкіх могілках разам з сваімі паплечнікамі спіць вечным сном гераічны камандзір паўстанцаў Людвік Нарбут. Доўга я шукаў хоць нейкага помніка ці крыжа з надпісам, і, не знайшоўшы, звярнуўся па дапамогу да сялян, якія стаялі каля могілак.

Адзін з іх, сівы як голуб стары, сведка паразы паўстанцаў Нарбута, прывёў мяне на пагорак, падобны на вал які атачае могілкі. Паказваючы на працяглую, але ледзь бачную нізінку, сказаў:

- Тут супольная магіла Нарбута і яго таварышаў.

І, паказаў месца кожнага з іх:

- Тут мы паклалі Красінскага, тут Лукашэвіча, тут двух братоў Бразоўскіх

І гэтак паказваючы - сказаў:

- А тут ляжыць наш любімы і справядлівы камандзір.

Сказаўшы гэта, стары замігаў, па зморшчаным і загарэлым твары пацяклі слёзы.

- Там, куды спадар глядзіць, там на балоце палеглі ўсе, - сказаў ён паказваючы мне рукой на супрацьлеглы бераг возера. - Адтуль чуліся стрэлы, але потым усё сціхла, і праз некалькі гадзін нам аддалі знявечаныя целы для пахавання.

- Чаму, - пытаю ў яго, - няма помніка ці хоць крыжа з надпісам, што гэта магіла Нарбута і паўстанцаў?

- Раней было не можна, а зараз, хоць і можна, але няма каму гэта зрабіць.

- А ці засталіся крэўныя, ці можа хто з грамады хоча сціплы помнік паставіць?

- Крэўныя? … не ведаю. Некалькі гадоў таму прыязджаў нейкі багаты спадар, запытаў, дзе магілы паўстанцаў і дзе пахаваны Нарбут. Калі яму паказалі - здзівіўся, што няма помніка, сеў на мураву, пасядзеў пяць хвілін і паехаў. І шмат да яго і пасля яго было такіх наведвальнікаў, і кожны шкадаваў, што няма помніка. Здаецца, нікому гэта не патрэбна.

Са смутнымі думкамі я пакінуў старога, а ён яшчэ доўга стаяў каля магілы і пра нешта думаў. Няма там аніводнай кветкі, аніводнага дрэўца. Ці дачакаемся мы хоць сціплага помніка?» [6]

Як бачым, прыгожа напісаны тэкст настаўніка гімназіі па-свойму тлумачыць, чаму на месцы пахавання паўстанцаў не было помніка.

Праз некалькі нумароў газеты, на тую ж тэму выказаўся Вандалін Шукевіч - член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі, жыхар суседняй Начы і надзвычай дасведчаны чалавек у гісторыі нашага краю.

Шукевіч паправіў гістарычныя памылкі, пецярбургскага настаўніка, сярод іншага ён паведаміў, што стары касцёл у Дубічах існаваў да 1869 г. і быў зачынены, бо, як быццам, мог паваліцца ад старасці. Яго можна было адрамантаваць, але гэтага зрабіць не дазволілі. Замест рамонту, касцёл быў зачынены і разабраны, а касцельную зямлю, «урад аддаў папам у Лідзе», - піша Вандалін Шукевіч.

Гісторык, паправіўшы настаўніка, пераказаў сапраўдную гісторыя мястэчка Дубічы. Мястэчка заўсёды было каралеўскай маёмасцю, а яшчэ раней - уласнасцю Вялікіх князёў ВКЛ. На супрацьлеглым ад мястэчка беразе возера Пелясы, Вітаўт меў паляўнічы двор. З усёй маёмасці, па прывілеі Казіміра Ягелончыка і Жыгімонта І, толькі возера Пеляса і зямля вакол яго была прыватнай маёмасцю Яна Касцевіча, падляшскага ваяводы. Наступнымі пасля Касцевіча ўладарамі возера былі: Радзівілы, Садоўскія, Францкевічы, Тышкевічы, а ў XIX ст. ім валодала графіня Вансовіч, пасля яе возера мелі Патоцкія.

Але самае цікавае Шукевіч расказаў пра магілу паўстанцаў 1863 г. Працытую гэты фрагмент тэксту цалкам: «Магіла Людвіка Нарбута і яго таварышаў, палеглых у бітве каля Дубічаў 22 красавіка (па старым стылі) 1863 г. знаходзіцца на зямлі, якая належыць папам, з-за гэтага да нашага часу цяжка марыць пра ўстаноўку хоць якога помніка. Гэта адзіная прычына яго адсутнасці. Нядбайнасць сваякоў ці грамадскасці не мае да адсутнасці помнікаў ніякага дачынення. Ці зменіцца гэта калі-небудзь да лепшага - хто ведае? Да гэтага часу памяць пра гэтых пакутнікаў мы захоўваем у скарбніцах сваіх душ, і тут ужо даўно стаіць помнік нашым героям» [7].

«Папы ў Лідзе», якім належала зямля былога Дубіцкага касцёла (дарэчы, таму новы касцёл будаваўся ў баку ад старых могілак) - гэта лідскі дабрачынны таго часу Іосіф Каяловіч, родны брат гісторыка і добра вядомы на Лідчыне, зацяты русіфікатар. Але Каяловіч як барацьбіт з помнікамі - гэта нешта новае пра гэтага чалавека.

І толькі ў 1933 г., дзякуючы iнiцыятыве жаўнераў i афiцэраў 76-га Лiдскага палка пяхоты, у Дубiчах паставiлi помнiк памяцi Людвiка Нарбута i палеглых паўстанцаў. Сродкi на яго пабудову былi сабраны спецыяльным, для той мэты сабраным Камiтэтам Лiдчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Смiглы. Праект выканаў прафесар Унiверсiтэта iмя Стэфана Баторыя, знакаміты мастак Фердынанд Рушчыц. Адкрыццё помнiка 6 жнiўня 1933 г. было вялiкай падзеяй i святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з'явiлiся спецыяльныя публiкацыi, прысвечаныя Людвiку Нарбуту i студзеньскаму паўстанню, а таксама гiсторыi 76-га Лiдскага палка пяхоты, якому было нададзена iмя геройскага камандзiра (полк у той час дыслакаваўся ў Гародні). У адрозненне ад іншых, гэты помнік перажыў савецкія часы, бо ў савецкай гістарыяграфіі, тое паўстанне лічылася толькі сацыяльным і антыцарскім.

Пасля пабудовы новага касцёла ў Дубічах, туды вярнулася алтарная фігура Хрыста, якая да гэтага часу захоўвалася ў Нацкім касцёле. А ў цяжкім 1947 г., перад пачаткам нядзельнай службы ў Дубіцкім касцёле, на вачах у сотняў вернікаў, за паўгадзіны аднавілася фігура Хрыста на крыжы які стаяў перад касцёлам [8] і вернікі злучылі ў сваім уяўленні гэты цуд з памяццю пра Людвіка Нарбута.

Дарэчы, у той год на Лідчыне, аднаўленні крыжоў і абразоў стала амаль што масавай з'явай, расказы пра гэта я чуў шмат ад каго, некаторыя з іх запісаны і апублікаваны ў інтэрнэце, але гэта ўжо іншая тэма.



[1] Elżbieta Tabeńska. Z doli i niedili. Wspomnienia wugnanki. Kraków, 1897. S. 34-35.

[2] Kowalewska Zofja. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 54.

[3] Там жа. S. 78-79.

[4] Пасля разбурэння з 1869 г. касцёла ў Дубічах, алтарная фігура Хрыста захоўвалася ў суседнім Нацкім касцёле.

[5] Kowalewska Zofja. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 56.

[6] Kurjer Litewski № 158, 16(29) lipca 1909.

[7] Kurjer Litewski № 166, 25 lipca (7 sierpnia) 1909.

[8] Ziemia Lidzka. 2002. №1(48).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX