Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Пра што маўчыць помнік 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 16-11-2022,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Пра што маўчыць помнік // Наша слова.pdf № 46, 16 лістапада 2022.



"... мы, беларусы, у адрозненне ад нашых суседзяў па паўднёвай, заходняй і паўночнай межах, не ваюем з мёртвымі", - сцвярджаецца на сайце "Лідскай газеты" (http://lidanews.by/news/life/27139news.html) у артыкуле, у якім ідзе гаворка і пра пашкоджанне помніка каля вёскі Феліксава Лідскага раёна.

Не ўдараючыся ў спрэчкі з аўтарам артыкула і ва ўсе перыпетыі вакол гэтага помніка, узнікшыя ў наш час, звярнуся толькі да пытання, што гэта за помнік і па кім ён там стаіць. У свой час гісторыяй гэтых мясцін займаўся былы рэдактар "Лідскай газеты" Аляксандр Жалкоўскі, але пра гэта пазней.

На помніку напісана па-польску "Жаўнерам 1920 года". Што ж было ў гэтых мясцінах у 1920 годзе. А была тут так званая "Нёманская бітва", дакладней, фрагмент гэтай вялікай бітвы. Бітва апісана ў многіх крыніцах, але найлепшае апісанне гэтага фрагмента ўдалося знайсці ў кнізе "Bitwa Niemenska", выдадзеная ў Беластоку ў 2000 годзе. Найбольш каштоўнай часткай кнігі з'яўляюцца рэляцыі (данясенні), а па факту - успаміны - удзельнікаў бітвы. У кнігу яны ўзяты з Цэнтральнага вайсковага архіва - Вайсковага гістарычнага бюро Польшчы. Для нас найбольш цікавы раздзел "Z dni chwaly 1 dywizji Litewsko-Bialoruskiej 14-27.IX.1920 r.". Рэляцыя не падпісана, але па тым, што найбольшая ўвага ўдзяляецца Менскаму палку і ў тэксце трапляюцца некаторыя беларусізмы (няшмат), можна зрабіць выснову, што пісаў яе афіцэр менавіта Менскага палка 1-й Літоўска - Беларускай дывізіі.

Таму спачатку прывядзём гэты тэкст, паправіўшы памылкі, якія зрабілі выдаўцы кнігі пры расчытванні рукапіснага тэксту рэляцыі.

З дзён славы 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі 14-27.ІХ.1920 г.

У час, калі вораг канцэнтраваў свае сілы ў Берасці Літоўскім для паўторнага ўдару на Варшаву, наша дывізія займала адрэзак фронту пад Гародняй. 13 верасня мы атрымалі загад аб перакідванні дывізіі ў іншае месца. На працягу трох дзён ганібалаўскі марш у 130 км вымагаў велізарнага напружання ўсіх сілаў. Частка коней пала ад знямогі, слабейшая частка людзей адстала па дарогах, але дывізія стаяла ў прызначаны тэрмін ў сваім раёне, гатовая да бою.

Вайна з Літвой!

Цяжкая праблема. Большасць жаўнераў - сыны Літвы і Беларусі, ад вякоў звязаны кроўнымі вузламі з тымі, якіх заўтра падымем на штыкі…

- Як жа ваяваць з ліцвінамі, там у іх твой брат?

- Гэта сабачая хеўра, пане маёр, калі ваюе з палякамі, а тыя літвакі чаго да нас лезуць?

Пазбегнуць пралівання крыві было нельга. Літва падтрымлівала Саўдэпію, праводзячы вялікія вайсковыя транспарты праз сваю тэрыторыю для падтрымкі савецкага фронту, слала свае падмацаванні пад Гародню, а нашым заданнем было перарэзаць гэтую сувязь і выйсці ў тылы бальшавіцкай арміі, якая рыхтавала новае наступленне на Польшчу.

22 верасня распачаліся дзеянні польскіх войскаў: атака на Гародню, на Масты і наш марш праз Літву ў бальшавіцкія тылы.

Урачыста з павагай рушылі шэрагі для спаўнення ахвяры разам з 1-й дывізіяй легіёнаў для нанясення паспяховага ўдару па савецкай арміі.

Першы літоўскі супраціў пад Гібамі знесены: некалькі трупаў з абодвух бакоў. А ў руках нашых войскаў 1500 літоўцаў і 10 гармат. Уражаная гэтым ударам Літва сканцэнтравала ўсе свае сілы для абароны Коўні, тым часам наша войска з Гіб і Сейн павярнула на ўсход і амаль без значных баёў прайшло паўднёвую частку Літвы, кіруючыся на Нёман, на Друскенікі.

Высланая наперад кавалерыя выгнала некалькі дзясяткаў літоўцаў з горада і распачала пераправу.

Аддыхаліся - рух паспяховы, сітуацыя больш пэўная.

А за намі, займаючы пакінутыя тэрыторыі, пасоўвалася літоўскае войска. Мы акружаны з усіх бакоў. Перад намі бальшавікі і літоўцы, за намі ковенскае войска, прадуктаў і боепрыпасаў было толькі, што з сабой. Загады аэрапланамі, і ваюем.

З Друскенікаў накіроўваюць 1 дывізію легіёнаў на Ліду, марш нашай дывізіі на чыгуначную станцыю Парэчча і ў бок дарогі Гародня - Ліда ў раён чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.

Ахоўваючыся з усіх бакоў перад непрыяцельскай конніцай і пяхотай, якая нас кусала, адразаючы адстаўшых і людзей, высланых па фураж, мы падходзім пад станцыю Парэчча. Станцыя занятая літоўцамі, якім гвалтоўна падвозяць новыя падмацаванні з Вільні.

Адзін удар, і ў нашых руках палонныя, кулямёты і цягнік, які стаіць на станцыі.

Коратка гэта апавядаецца, і коратка трываў наш чын, але энергія камандзіра дывізіі і камандзіра 1-й брыгады мусілі падпарадкоўваць сабе час і волю тысяч жаўнераў.

Знешніх загадаў няма. Здаецца, што Гародня яшчэ не пала. Дывізія легіёнаў дае нам пра сябе знаць агнём артылерыі, але арыентавацца цяжка.

Тым часам наша радыё прыносіць загады: "Цяпер яе… Рэ… у паспешн… дл…дапамога 47 рк…". Д'ябал ведае, што такое.

Нарэшце перадалі нам чаканыя загады. Гародня трымаецца. Сканцэнт-раваныя там непрыяцельскія арміі не здаюцца, нягледзячы на тое, што правае крыло нашага фронту пасля фарсіравання Нёмана выходзіць ужо пад Ваўкавыск. Вярхоўнае камандаванне скіроўвае перапраўлены за намі дабраахвотны полк і нашую брыгаду кавалерыі на Гародню. З поўначы нашая 2-я брыгада скіравана на Старую Руду і м. Азёры для наступлення на Гародню і адрэзвання бальшавікоў, якія ў беспарадку адступалі з-пад Гародні.

1-я дывізія легіёнаў была накіравана на Новую Руду, далей на ўсход на Бершты - Новы Двор - Бакшты для больш глыбокага абходу і выхаду ў тыл непрыяцеля.

Ад пачатку нашага выхаду мы праходзілі штодзень 30-45 км маршу з доўгім абозам, бо ўсё мусілі былі ўзяць з сабой.

Задача грандыёзная, намаганні шалёныя. 2-я брыгада сустрэла пад Старой Рудой моцную непрыяцельскую калону з артылерыяй, якая спяшалася на дапамогу Гародні. У вырашальнай бітве, удараючы некалькі разоў у штыкі, разбіла непрыяцеля, адкідваючы яго на ўсход, на поўдзень, а сама з багатымі трафеямі пайшла на Азёры і Астрыну, каб потым злучыцца з намі ў раёне Скрыбаўцаў. Марш, абцяжараны ўзарванымі мастамі і пашкоджанымі дарогамі, не дазволіў ёй прыбыць у час на месца апошняга акту савецкай трагедыі - пад Скрыбаўцы.

1-я дывізія легіёнаў павярнула з Новай Руды на ўсход і з напружаннем усіх сіл маршыравала далей услед за адступаўшым непрыяцелем, які сагнаны з дарогі маршу на Гародню, уцякаў абы далей…

Высланы наперад эскадрон ехаў пастаянна перад намі на 5 км, чуцён быў перад намі ў ціхай ночы скрып бальшавіцкіх абозаў па лідскай шашы з-пад Гародні, але ў нас ужо не было ніякіх сіл для іхняга затрымання. Кавалерыйскія коні клаліся на землю, як матэрыял на кансервы.

Зрэшты суцяшала нас надзея: тое, што не возьмем мы, трапіць у рукі 1-й дывізіі легіёнаў у Лідзе.

А заўтра - вялікі дзень.

Бітва. Паперня - Скрыбаўцы.

На світанні 27 верасня рушыла наша брыгада на Васілішкі-Паперню, каб перарэзаць шашу, тракт і чыгунку з Гародні на Ліду, займаючы мясцовасць: Роўбы, Феліксава, Лябёдка, Ігнаткаўцы, Станкевічы.

Нашыя сілы: палкі Менскі, Літоўскі (Віленскі), батальён маёра Матчынскага, тры палявыя батарэі, дзве цяжкія батарэі і адзін эскадрон.

Задача: перарэзаць дарогі адступлення непрыяцеля, захапіць усё, што ўдасца.

Сітуацыя агульная: невядомая. Непрыяцель, ведаючы ўжо наш кірунак руху, збірае ўсё для дыспазіцыі сілы, каб стрымаць наш марш, атакуе нас спераду, з флангаў і з тылоў. Першае сутыкненне пад Васілішкамі прыносіць нам значныя страты. Прабіваемся далей, калі бальшавікі ўдараюць па нас з бакоў артылерыйскім агнём, псуюць нашыя абозы. Сапёрскую і тэлеграфічную роты, абозы пільнуем высунутымі наперад і ў бакі аддзеламі, разгортваем перад сабой дарогу маршу, якая за намі зноў замыкаецца.

У Васілішках пакінулі два батальёны з задачай утрымання мястэчка любой цаной аж да загаду, з рэштай аддзелаў і абозам рваліся, каб апанаваць шашу. Эскадрон, які меў гэтае заданне, увяз у баі з непрыяцелем на нашым правым фланзе і застаўся ў тыле.

Нарэшце а 12-й гадзіне перадавыя аддзелы Менскага палка дапалі да шашы з калонай абозаў і артылерыі непрыяцеля.

Залп. Ура! Крык, лямант і здабыча ў нашых руках. Але за артылерыяй падступаюць ужо галоўныя бальшавіцкія сілы, якія адходзяць з-пад Гародні. Разгортваюцца ў ланцуг і наперад - наш батальён раскіданы. Высланы другі батальён Менскага палка акружае фланг непрыяцеля. Выстралаў не чуваць, бой ідзе толькі штыкавы. На шашы грукат і адзін звярыны крык і выццё.

З нашага боку шашы - лес, гушчар. За шашой з бальшавіцкага боку - вёска Феліксава, тракт, далей шэраг дарожак і чыгунка.

Даляцела наша артылерыя, стала на пазіцыі і, не маючы дадзеных, страляе па карце, куды папала. Нашы пад напорам адступаюць у лес, непрыяцель, высунуўшыся трактам, абходзіць наш левы фланг, выстралы чутны ўжо добра ў тыле. Бітва пераносіцца ў гушчар. Нічога не відаць, нельга здаць сабе справу са становішча, арыентуемся толькі па выстралах, а яны злева, чуем, пасоўваюцца што раз далей і далей углыб к нам. Высланы ў тым кірунку апошні батальён Менскага палка стрымлівае абходзіўшых нас бальшавікоў, але сам, страціўшы ў гушчары большую частку людзей, не можа пераследаваць непрыяцеля.

Усе нашыя абозы ў Паперні, каля іх некалькі соцень бальшавіцкіх палонных, якіх павялічылася ўдвая ў выніку ішоўшай бітвы, сілы і колькасць непрыяцеля невядомыя. Апошнія два батальёны рэзерву мы мусім трымаць на крайні выпадак.

Пакінутыя пад Васілішкамі два батальёны, якія забяспечвалі праход брыгады, атрымліваюць загад прыбыць на поле бою. Стрэлы на адрэзку змоўклі, Менскі полк збіраецца каля Паперні і парадкуе свае батальёны - 17 гадзін. З двух, стаяўшых на месцы ў рэзерве батальёнаў Віленскага палка адзін паслалі на шашу для разведкі сітуацыі.

Шаша вольная. Непрыяцель прарваўся, пакінуўшы свой абоз і артылерыю.

У тую хвілю паслалі батальён Віленскага палка для заняцця ўказанага адрэзка. (Трэці батальён Віленскага палка і батальён маёра Мітчынскага да гэтага часу не прыбылі з Васілішак.) Жаўнеры, якія цэлы дзень нічога не елі, рушаць подбегам, але ўжо змрок, цёмна, нічога не відаць.

Адна батарэя пакінута на пазіцыі на ўсякі выпадак, іншыя выцягваюцца на вузкай лясной дарожцы для маршу і падходзяць ужо да шашы, за імі Менскі полк.

У той момант, калі першыя аддзелы Віленскага палка прайшлі н.п. Феліксава, кіруючыся на н.п. Лебяда, трапілі пад моцны ружэйны агонь з боку чыгункі. Адначасова шаша аказалася пад моцным кулямётным агнём.

Зменшылі фронт у бок непрыяцеля, але і не думалі пра заняцце выгадных пазіцый, і бітва з другой партыяй непрыяцеля распачалася.

На вузкай дарожцы артылерыя, вазкі з боепрыпасамі і кулямётамі, увесь Менскі полк - усё пад абстрэлам.

Але жаўнер, які тысячы вёрст прайшоў "у бою і зною", ужо сам апераджае загады. Адпрэгчы перадкі, развярнуць на месцы гарматы, вазкі - у тыл, полк - у месца, закрытае ад стрэлаў, задумана і выканана як па даткненні чароўнай палачкі.

А бітва набірае сваю працягласць і разлегласць. Непрыяцельскія дывізіі намагаюцца абавязкова прабіцца, а стрыманыя спераду варам нашых куль, падаўжаюць сваё правае крыло ў бясконцасць, каб абавязкова абхапіць нашы фланг і прарвацца ў тыл.

Доўгі час мы пазбягаем захопу нашых бакоў, нарэшце нашыя сілы аказваюцца слабыя, і непрыяцель ад Голдава пачынае ліквідоўваць наш фронт. Хутка з'явілася ўласная пазіцыя, пакідаем тракт і шашу і выбіраем лінію фронту ўздоўж шашы, трымаючы пастаянна пад абстрэлам дарогі маршу непрыяцеля.

Артылерыя наша б'е, і бальшавікі вывелі свае гарматы на ўзлесак, хочучы выгнаць нас і адкрыць сабе праход.

Мы мусім напружваць усе сілы для ўтрымання на ўзлеску, яны абходзілі што раз большым кругам, каб узяць нас з тылу і сапхнуць з лініі нашай абароны.

І зноў пачалася смяртэльная барацьба, беспаспяховая для ворага, пакуль ён не вызначыў краёў нашага ланцуга.

Бой ідзе ў лесе. Малыя, густыя хваінкі закрываюць на дзесяць крокаў усю прастору перад намі.

Чуцён толькі пякельны шум, свіст і выццё… выццё, якое дрыжыкамі ідзе па скуры.

З далёка… далёка прарывалася што раз бліжай і кожны раз новае. Савецкая армія сама перапужаная хоча напужаць нас і сабе дадае духу.

Дзікасць агарнула ўсіх, і звераняты хацелі крыві.

Два батальёны, якія прыкрывалі флангі брыгады ў поўнай гатоўнасці прытаіліся ў гушчары, напружыўшыся як тыгры да скачку, і выразна чуваць, як людская маса валіць праз гушчар.

Залп адзін! Другі! У нажы.

Змяшаліся ўсе, зблыталіся… свой ворага, свой свайго хапаў за карак, біў прыкладам у лоб… увесь свет закруціўся, завіраваў, і ў лужыне крыві згубілася свядомасць… Не пытайся іх, што ў той час зрабілі, куды гналі ворага; не пытайся.

Але новыя, усё наплываўшыя сілы непрыяцеля, спіхвалі нас пастаянна ў тыл, нервы не ва ўсіх вытрымлівалі, і слабейшыя рэфлексіўна трацілі памяць і шукалі ратунку ў тылах.

Камандзір брыгады і камандзіры палкоў сярод граду куль абходзячы шарэнгі, напаўнялі адвагай сэрцы жаўнераў, дадавалі ім моцы, але лінію ўжо агарнула паніка, знямога фізічная і маральная.

У гэтую хвілі разгарнуўся да бою апошні рэзервовы батальён, а камандзір брыгады палкоўнік Бейнар, камандзір Віленскага палка выбягаюць перад яго фронтам, затрымліваюцю бязладна адходзячыя групы, звяртаюцца да іх амбіцый і гонару, парадкуюць іх і самі вядуць у бой.

Непрыяцель быў выбіты з лесу, і нашы роты зноў занялі ўзлессе, адкрыўшы агонь па рухаўшыхся бальшавіках. Але неўзабаве, адкінутыя, зноў губляюцца ў лесе.

Камандзір брыгады і камандзіры палкоў паўторна збіраюць аддзелы, якія могуць, і становяцца з імі самі на пазіцыі.

Адразу дзве роты пад камандаваннем палкоўніка Бейнара трапілі пад неспадзяваны кругавы агонь і разбегліся.

Нельга і думаць тут пра нейкую сталую лінію, паасобныя грамадкі часта без кантакту паміж сабой, сабраныя вакол афіцэра, прыслухваюцца ва ўсе бакі, то высоўваюцца наперад, то знікаюць, як камфара.

І сапраўды сталёвыя трэба было мець нервы і не чалавечую ўпэўненасць у сабе, каб вытрымаць гэтую ноч і не сагнуцца.

Не вытрымлівае гэтага балагану наш брыгадны суддзя. Бачачы адступаўшыя грамады, думае: гэтыя напэўна ведаюць дакладную дарогу і падаецца разам з імі ў лес. Але паглядзеў сабе пад ногі і чуе збоку скрып вазоў, пакінуў сваіх камялотаў і з кіем у руках выбег на шашу. Бачыць шэраг вазоў і кучу людзей і, каб лепей зарыентавацца, пытаецца, які полк.

Ой, нарабіў, то нарабіў панікі ў бальшавіцкім абозе, але і сам, бачачы, што робіцца, чмыхнуў у лес. Добра запыхаўшыся, сеў і заснуў.

- І чаму ж ты не загінуў, - зрабіў яму сяброўскую вымову шэф суду, - апраменіў бы бляскам геройства ўвесь суд 1-й дывізіі.

А тут падцягнуўся ўжо прыбылы з Васілішак батальён Віленскага палка і з прымкнутымі штыкамі бягом ішоў падтрымаць сваіх.

Усё хвалюецца, наша лінія фармуецца і знікае. Усцяж ствараюцца новыя аддзельчыкі, рассыпаюцца і ствараюцца новыя. Такім чынам бітва трывала цэлую ноч. Дэталёва хто ж апіша яе ход. Хіба асобныя эпізоды, апавяданыя жаўнерамі, могуць даць пра яе паняцце: і як бальшавіцкі афіцэр у замяшанні вёў у атаку нашую роту, як два бальшавіцкія аддзелы ўзаемна мардаваліся, аж пакуль нашы наскочылі на тую грамаду і г.д.

Апошнія бальшавікі прапалі, а ранак застаў нас усіх спячымі без памяці. Каля нас спачывала незлічоная колькасць палонных, а па палях раскіданы некалькі дзясяткаў гармат і непрыяцельскія абозы.

Непрыяцель звёў з сабой некалькі дзясяткаў нашых палонных, якіх з помсты памардаваў лютым чынам, сам звярнуў з дарогі на Ліду і ўцякаў бязладна на ўсход. Паво-дле паказанняў палонных мы разбілі той ноччу чатыры савецкія дывізіі.

А падчас найгарачэйшага бою, каля 24 гадзін, па нашых тылах праз Васілішкі праходзіла 21-я савецкая дывізія. Чуючы з усіх бакоў бітву і мяркуючы, што акружаная, перабіла сваіх афіцэраў і камісараў і здалася цалкам 1-й дывізіі легіёнаў.

Аглядаючы раніцай поле бою мы стаялі ўражаныя. Усё поле пакрыта трупамі, раны пераважна колатыя і ад прыкладаў.

Не апісаць заснуўшых сном смерці і фантастычныя позы палеглых. Французскі палкоўнік, які быў пры нас, сцвярджаў, што падчас самых крывавых бітваў у Францыі не бачыў такога жніва смерці. Наша брыгада страціла ў той час каля 400 герояў.

Гэтая акцыя, якая адабрала ў непрыяцеля фактыч-ную магчымасць аказання далейшага супраціву і змусіла да ўцёкаў за Беразіну, атрымала поўнае прызнанне Вяр-хоўнага Галоўнакамандуючага.

А 1-я Літоўска-Беларуская дывізія да сваёй слаўнай гісторыі дадала новыя геройскія старонкі.

Крыніца : CAW, Wojskowe Biuro Historyczne. Relacje, sygn. I. 400.1798.

Такім чынам, калі 1-я брыгада, якая перамагла, страціла ў гэтай бітве 400 чалавек, то страты дывізій Чырвонай Арміі, якія былі разбітыя і адышлі, былі не меншыя, а, магчыма, і большыя. Усяго атрымліваецца - на полі бою засталося пад 1000 трупаў.

Хто і як іх хаваў?

А хавалі дакладна, бо на зямлі ж пакінуць не маглі. Ці то была якая пахавальная каманда, ці задзейнічалі палонных або сялян. Але давялося хаваць і жаўнераў 1-й брыгады, і чырвонаармейцаў.

І вось тут вернемся да даследванняў Аляксандра Жалкоўскага. Ён устанавіў, што пасля 20-га года засталося шмат магіл. Але недзе ў 1930-м, магчыма, да 10-годдзя бітвы польскія ўлады вырашылі сабраць парэшткі ўсіх загінулых у адну брацкую магілу. Таму ў гэтай магіле аказаліся і жаўнеры Войска Польскага, і чырвонаар-мейцы. Нарэшце памірыліся.

Пры ўстаноўцы ў 90-я гады, згаданага "Лідскай газетай" помніка, быў прабіты невялікі шурф. Сапраў- ды - пад помнікам косці, здзівіла, што на невялікай глыбіні. Ну, і няхай ляжаць спакойна. Беларусы не ваююць з мёртвымі...

Станіслаў Суднік.

Карта ўзята з кнігі Януша Адзямкоўскага "Ліда 1920" (сайт Pawet.net). На карце паказаны толькі рух 1-й брыгады 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі. Рух 2-й брыгады, якая пайшла на Азёры і Астрыну, не паказаны.

Сілы, якія меліся наступаць на Ліду. Табліца ўзята з кнігі Януша Адзямкоўскага "Ліда 1920" (сайт Pawet.net). У табліцы пададзены баявы склад 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі ў 5283 чалавекі. Адпаведна, у 1-й брыгадзе была прыблізна палова, г.зн., 2600-2700 чалавек.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX