Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

9-я рота: 1914 - 2014 гг. 


Аўтар: Арлукевіч А.Б.,
Дадана: 19-04-2015,
Крыніца: Лідскі Летапісец №4(68)-2014.



У артыкуле апісваюцца вычын 9-й роты 172-га Лідскага пяхотнага палка на тэрыторыі Ўсходняй Прусіі 27 жніўня - 1 верасня 1914 г.

...

Відавочна, што кроў герояў, якія пайшлі, не толькі таямнічым чынам карае нашчадкаў за непамятлівасць, але і час ад часу нагадвае ім пра свае вычыны. Інакш нельга растлумачыць якім чынам напярэдадні стагоддзя Першай сусветнай лідзянамі ў Маскоўскім архіве быў выпадкова выяўлены часопіс баявых дзеянняў Лідскага пяхотнага палка (полк быў сфармаваны ў 80-я гг. XIX ст. і з гэтага часу да пачатку Першай сусветнай кватараваў у нашым горадзе). Аб'ёмная справа ў тысячу старонак адразу ж адкрылася на спісаных алоўкам жоўклых старонках, дзе камандзір 9-й роты капітан Шмідт апісваў падзеі, перажытыя ротай з 27 жніўня па 1 верасня 1914 г. ... Аднак, чым далей мы ўчытваліся ў лаканічныя радкі Шмідта, тым выразней праступалі контуры падзеі, годнай быць упісанай у скрыжалі ваеннай гісторыі: 9-я рота Лідскага палка, практычна цалкам знішчаная, кінутая сваімі адыходзіўшымі часткамі, адкрытая для ўдараў цяжкай нямецкай артылерыі, шэсць гадзін утрымлівала адкрытую пазіцыю, прыкрываючы адыход разрозненых груп нашага войска. Дачытаўшы да канца рэзкае апавяданне капітана, прыйшло разуменне таго, што аповед Шмідта трэба абавязкова перадаць сучаснікам:

"Ноч на 27 жніўня правялі ў акопах на ўмацаванай пазіцыі пад Фрайдэнталем. З раніцы над намі пачалі лётаць нямецкія аэрапланы, і каля 11 гадзін нямецкая артылерыя адкрыла безвыніковы агонь па акопах 10-й, 11-й і 12-й рот з вялікім пералётам. У 3 гадзіны дня немцы ўвялі ў справу цяжкую артылерыю, якая неўзабаве прымусіла спыніць агонь нашых батарэй. Пасля чаго ўвесь гарматны агонь праціўніка засяродзіўся спачатку на ўчастку 1-га батальёна і неўзабаве я пачуў у тэлефон на нашым назіральным пункце, як падпалкоўнік Екіменка дакладваў камандзіру палка, што 4-я рота сышла з акопа, а 3-я рота, ён не ведае дзе, і што ён трымаецца толькі з адным звязам. Такім чынам, паміж трыма батальёнамі ўтварыўся прарыў. Зараз жа немцы перанеслі засяроджаны агонь шрапнэллю, гранатамі, брызантнымі снарадамі і бомбамі цяжкай артылерыі на наш участак, так што вышыня ахінулася завесай дыму і пылам рваўшыхся снарадаў. Бліндажы добра вытрымлівалі нават гранаты, але бомбы цяжкай артылерыі вытрымаць не маглі. Да шчасця, шэсць гэтых снарадаў не даляцела да акопаў, зрабіўшы каля іх сажанныя вырвы.

Затым артылерыйскі агонь праціўніка зноў пачаў паслядоўна засяроджвацца на акопах 10-й, 11-й і 12-й роты. Асабліва пачала пакутаваць 10-я рота, і падпалкоўнік Базарэвіч паслаў пісьмовы загад кулямётам заняць пазіцыі 10-й роты, але кулямётны падпрапаршчык прыслаў дакласці, што выканаць гэтага нельга з прычыны абстрэльвання снарадамі ўсяго шляху да 10-й роты. Тэлефонныя правады, якія злучалі нас са штабам палка былі два разы перабіты адразу ў пяці месцах, што прымусіла телефоншчыкаў Крукава, Сакалова і Васіцына пад пагібельным агнём артылерыі зрошчваць правады.

Каля 6 гадзін вечара з нашага назіральнага пункта было заўважана, як захісталіся рэшткі 10-й роты, і адзіночныя людзі пачалі пакідаць зраўнаваныя з зямлёй акопы. Артылерыйскі і ружэйны агонь па мне ўзмацніўся, і адразу ж пачаліся страты забітымі і параненымі. Бачачы поўную нашу бездапаможнасць у агнявой барацьбе нашых ружжаў з гарматамі праціўніка (наша артылерыя даўно маўчала), немцы да таго пасмялелі, што выступілі густымі ланцугамі на ўвесь рост каля акопаў 11-й роты. Тады я загадаў кулямёту адкрыць агонь па гэтай пышнай цэлі, і яна ў адну хвіліну была зрэзана нашым кулямётам. Трохі раней ад гэтага да мяне прыйшоў камандзір 11-й роты штабс-капітан Гудкоў з вінтоўкай і сказаў: "Што ж мне цяпер рабіць? Рота мая ўся загінула". Я яму параіў пакуль пачакаць і пабыць у мяне ў роце. Ён лёг у ланцуг і адкрыў агонь з вінтоўкі, папраўляючы прыцэлы ў ніжніх чыноў. Услед за Гудковым прыбег паручнік Мысліцкі, таксама з вінтоўкай, і пацвердзіў сумную вестку, дадаўшы, што з 10-й ротай яшчэ горш, і таксама залёг у ланцуг. Змяншэнне ў людзях працягвалася. Тут я атрымаў вестку, што падпалкоўнік Базарэвіч паранены і перадае мне камандаванне батальёнам, а сам сыходзіць.

Неўзабаве з'явіўся камандзір 12-й роты капітан Кабардынцаў, які адыходзіў з купкай людзей (чалавек 30), і заявіў, што 10-я, 11-я і 12-я роты амаль знішчаны, і што пара ўжо сыходзіць. Пасля адкрыцця мною кулямётнага агню з мэтай прыкрыць адыходзіўшых, увесь артылерыйскі і ружэйны агонь праціўніка засяродзіўся на маім участку. Неўзабаве ад маёй роты засталася толькі змейка гарматнага мяса, якая кешкаецца і адстрэльваецца пры трунным маўчанні нашай артылерыі. Павярнуўшыся назад і ўбачыўшы, што Кабардынцаў не толькі не падтрымлівае мяне агнём, але яшчэ і не заняў паказанай мною вышыні, я загадаў пачаць адыход звёнамі з левага флангу. Кулямёту ж загадаў прыкрыць агнём адыход 2-й паўроты і адыходзіць з 1-й паўротай. У такім парадку я адыходзіў, узяўшы кірунак на Рагулеўкен, абстрэльваны ўвесь час на працягу пяці вёрст. Акрамя таго, абсыпаючы бліскаўкамі, нас пераследваў нямецкі аэраплан. Рагулеўкен аказаўся пусты, а ззаду выявілася 7 кінутых намі гармат.

З наступленнем цемры я пачаў уцягвацца ў лес, дзе сустрэў ішоўшага наперадзе падпалкоўніка Базарэвіча ў зусім растрапаным стане і загадаў двум салдатам весці яго пад рукі. Неўзабаве на лясной паляне я сустрэў частку кобрынцаў і гарматныя перадкі з зараднымі скрынямі, на адзін з якіх пасадзіў Базарэвіча, які адмовіўся ісці з прычыны слабасці. У такім складзе прыбыў у Лісен, дзе падлік пазасталых людзей высветліў, што з 230 чалавек роты я прывёў толькі жалю вартыя рэшткі ў 52 чалавекі. Ад трэцяга батальёна засталося 173 чалавекі!

Не паспелі выступіць з начлегу, як полк, выступаўшы ў ар'ергардзе, увязаўся ў бой з пяхотай і кулямётамі праціўніка, страціўшы некалькі афіцэраў і ніжніх чыноў забітымі і параненымі. Потым нас адвялі ў рэзерв, і мы размясціліся каля фальварка Ягелен, дзе полк, кулямётная каманда і зарадныя скрыні патрапілі пад шрапнельны і гранатны агонь і мы зноў страцілі шмат забітымі і параненымі як людзей, так і коней. Тут нашыя войскі пры актыўным садзейнічанні кулямётаў і палявой артылерыі збілі немцаў з пазіцыі і далейшы наступ спыніла цемра. Не гледзячы на гэты відавочны поспех II корпусу загадана было адступіць на Сталупенен.

З раніцы зноў пачаўся бой. Мы стаялі на пазіцыі, пакуль прыкрываная намі артылерыя не сышла з пазіцыі. Пасля чаго і мы сышлі за ёй, згарнуўшыся ў паходную калону. Цемра заспела нас на шашы. Шлях нашага адступлення асвятляўся немцамі паабапал пажарамі. Пры адным са шматлікіх прыпынкаў з правага боку шашы, поруч могілак, былі заўважаны перабягаваўшыя людзі, відавочна, з мясцовых жыхароў, якія пачалі страляць у калону, тады я загадаў штабс-капітану Гудкову выбіць з могілак гэтых імправізаваных стралкоў, што ён на працягу 10 хвілін і выканаў. Такім чынам, змучаныя і галодныя рэшткі нашага палка не спалі другую ноч, знаходзячыся ў бесперапынным руху двое сутак.

31 жніўня ззаду і злева калона была атакавана немцамі і апынулася ў агнявых артылерыйскіх абцугах. Каля Сталупенена ішоўшыя наперадзе абозы патрапілі пад флангавы агонь цяжкай артылерыі. Неўзабаве нашы войскі, якія пераследваліся гарматным агнём немцаў, перайшлі мяжу і занялі пазіцыі ўжо на нашай зямлі. Не гледзячы на тое, што ніжнія чыны пачалі засынаць стоячы, генерал-маёр Беймельбург прызначыў наш полк у вартаўнічае ахоўванне. У той час, калі я выехаў наперад палка па дарозе на Шакі, з боку немцаў раптам адкрылася кананада па ўсёй пазіцыі, якую мы ўмацоўвалі. Нечакана я ўбачыў, што наша пазіцыя таксама абстрэльваецца з поўдню флангавым агнём нямецкай батарэі, якая пачала атакаваць усю нашую пазіцыю падоўжна. Да яе далучылася і цяжкая артылерыя. Пачаўся агульны адыход войскаў. Надышоўшая цемра спыніла бой. Не бачачы адна адну, часткі перамяшаліся і ў такім стане пачалі адыходзіць на Ваўкавішкі. Ніхто не ведаў, куды трэба ісці.

Убачыўшы, што ўся дарога закаркавана абозамі, я вырашыў адвесці ўсё, што засталося ад палка на начлег у маёнтак Паазёры. У 8 гадзін раніцы палявая варта данесла мне, што за возерам рухаецца нямецкая конніца. Я вывеў полк (ад якога засталося 300 чалавек) і паставіў яго ў чакальным становішчы. Да 9 гадзін я не атрымліваў ніякіх загадаў і вырашыў самастойна ісці на Ваўкавішкі. Не паспеў я адысці і паўвярсты, як нямецкая палявая артылерыя адкрыла прыцэльны агонь па абозах, якія рухаліся па шашы. Не прымусіла сябе доўга чакаць і цяжкая нямецкая артылерыя. Злева спешаная кавалерыя таксама адкрыла агонь па няшчасным абозе з відавочным намерам атакаваць яго ў конным шыхце. Тады я вырашыў выбавіць абоз, у якім ужо пачалася паніка ад падрываў цяжкіх снарадаў.

Мы з падпаручнікам Браневічам спынілі каля 150 чалавек і занялі вышыню наперадзе, направа ад Ваўкавішак, адкрыўшы агонь па спешанай кавалерыі, і прымусілі яе, такім чынам, не толькі адмовіцца ад намеру атакаваць абоз, але і схавацца. Калі ж усе абозы сышлі з Ваўкавішак, я працягнуў адыход да Ваўкавішскіх казармаў. Не дайшоўшы да чыгункі, мы нагналі 170-ты полк, які знаходзіўся ў ар'ергардзе, а таксама адыходзіўшую назад нашую конніцу.

Такім чынам, з 27 жніўня па 1 верасня рэшткі 3-га батальёна Лідскага палка не толькі ўдзельнічалі ў баях, але знайходзілі запас доблеснай мужнасці даваць праціўніку належны адпор, пры сталых дзённых і начных паходах, без хлеба і сухароў у апошнія дні. Па абавязку службы лічу неабходным дакласці пра выбітныя баявыя якасці штабс-капітана Гудкова і паручніка Мысліцкагя, якія самааддана выканалі свой высокі абавязак да канца. Наўрад ці ў немцаў знойдзецца частка, якая змагла б выстаяць пры дадзеных умовах і становішчы, пры страце да 4/5 асабовага складу. У гэтым баі па-геройску загінулі абодва мае малодшыя афіцэры падпаручнік Паўлаў і Войніч, падпрапаршчыкі Ратчук і Хадасевіч. У баі 27 жніўня 1914 г. 9-я рота Лідскага палка, знаходзячыся 8 гадзін пад бесперапынным агнём лёгкай і цяжкай артылерыі праціўніка, пры поўным трохгадзінным маўчанні нашых гармат, заліваючы крывёй адкрытую пазіцыю для прыкрыцця адходзіўшых рэшткаў 3-га батальёна і сама, сцёкшы крывёй, здзейсніла вычын, годны быць упісаным у скрыжалі ваеннай гісторыі як прыклад найупарцейшага супраціву і гераічнага самаахвяравання".

На гэтым капітан Шмідт скончыў сваё апавяданне, а яго 9-я рота разам з бязмежнай процьмай забытых герояў паглыбілася ў бездань векавога забыцця. І толькі атрутны архіўны пыл цэлае стагоддзе захоўваў вестачку слаўнаму гораду Лідзе, якая ў 1914 г. так і не даляцела да яго сцен.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX