Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Галівудскі фільм пра яўрэйскі партызанскі атрад Бельскіх 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 02-11-2010,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 46.



“Defiance” - “супраціў”

У Галівудзе пачалі здымаць беларускае партызанскае кіно. Першая ластаўка - кінастужка Defiance" (што можна перакласці як "Супраціў" альбо "Выклік").

Фільм прысвечаны яўрэйскаму супраціву на тэрыторыі захопленай немцамі Беларусі, а канкрэтна добра вядомаму на Лідчыне партызанскаму атраду Бельскіх.

Стужка рэжысёра Эдварда Цвіка выглядае падобнай да ягоных папярэдніх працаў накшталт "Апошняга самурая". Зноў экзатычнае для амерыканскага гледача асяроддзе. Зноў моцныя мужчынскія характары. Зноў вайна. Зноў каханне ў небяспечных бставінах. Але ж ёсць і шэраг новых элементаў. Па-першае, падзеі разгортваюцца не ў Японіі ці Нігерыі, а зусім недалёка - у Ліпічанскай і Налібоцкай пушчах, Наваградку, Баранавічах і іншых блізкіх да Ліды мясцінах. Па-другое, галоўныя героі - браты-кантрабандысты Бельскія, якія жылі ў Лідзе. Зусім не гераічная каманда, якая пад ціскам абставінаў пераўтвараецца ў партызанскіх лідэраў. Па-трэцяе, тут беларускія жыхары змагаюцца не за Леніна і Сталіна, а за выратаванне ўласнага жыцця. Такім чынам, кіно атрымалася постыдэялагічнае. Яно зроблена на падставе гістарычных фактаў, якія супярэчаць савецкім казачкам пра тое як выглядаў "усенародны супраціў". Масавы глядач даведваецца, што акрамя Арміі Краёвай быў яшчэ адзін, так бы мовіць, від несавецкіх партызан.

Фільм зняты пад Вільняй. Славуты Дэніэл Крэйг выконвае ролю камандзіра яўрэйскага атрада Тувы Бельскага. Беларускія студэнты ЕГУ здымаліся ў масоўках.

Цвік зрабіў кіно пра звычайных герояў, ратавальнікаў простых грамадзян. Магчыма, што атрымалася пажаданая - то бок, палепшаная і папраўленая - карціна драматычных падзеяў Другой Сусветнай вайны. Усе немцы - забойцы і пачвары, усе беларускія паліцаі - здраднікі і забойцы. Савецкія партызаны - суворыя камандзіры і дуркаватыя антысеміты.

Фільм нельга разглядаць як дапаможнік па гісторыі партызанскага атрада Бельскіх. У фільме яўрэйскі партызанскі атрад ствараецца адразу пасля пачатку вайны ў 1941 годзе - рэальна ён быў створаны ў 1942-м. У адзін год (канец 1941 - пачатак 1942) у фільме зпрасована ўся дзейнасць атрада ў 1942-44 гадах.

Вобраз галоўнага героя - Тувы Бельскага - праходзіць скрозь фільм, як вобраз месіі, пасланага для выратавання яўрэйскага народу, хаця і не ўсяго, а толькі той часткі, якая аказалася тут і цяпер. Парадокс месійнасці Тувы Бельскага, што ён былы крымінальнік, кантрабандыст, якому да вайны ні адзін сапраўдны, дабрадзейны яўрэй не падаў бы рукі і не пусціў бы ў хату. Пра гэта ў фільме не раз нагадвае Зус Бельскі - старэйшы брат Тувы. І канфлікт паміж братамі - гэта канфлікт паміж стратэгіяй помсты за забітых бацькоў, жонак, дзяцей (Зус Бельскі) і стратэгіяй выратавання як мага большай колькасці тых, чужых па ўсіх мерках, людзей (Тува Бельскі). У жыцці і ў фільме перамагла стратэгія Тувы. На канец вайны ў атрадзе Бельскіх было 1200 выратаваных імі яўрэяў. Бельскія ніколі не прэтэндавалі на нейкае асаблівае прызнанне, на званне герояў Савецкага Саюзу ці Ізраіля, але сёння ў свеце жывуць дзесяткі тысяч дзяцей і ўнукаў тых людзей, якіх выратавалі Бельскія, арганізаваўшы свой атрад.


Атрад Бельскіх і Ліда

(Гістарычная даведка)

1. Тувія (Анатоль Давыдавіч) Бельскі, капрал даваеннага Войска Польскага, быў жанаты на лідскай яўрэйцы і перад вайной жыў у Лідзе.

2. Увесну 1942 г. браты Бельскія: Тувія, Асаэль і Зусь уцяклі з Лідскага гета. Яны стварылі партызанскую групу з 17 чалавек і ў канцы 1942 г. пачалі ўзброеную барацьбу. Да восені 1942 г пад камандаваннем Бельскіх было 200 партызан-яўрэяў. У атрад прымалі ўсіх яўрэяў без выключэння: маладых, старых, жанчын, дзяцей. Найдаўжэй атрад базаваўся ў Налібоцкай пушчы. Сюды ішлі яўрэі з усіх бакоў. Па дарозе іх лавілі, рабавалі і забівалі. Даходзілі не ўсе.

3. Камандаванне Баранавіцкага партызанскага злучэння мела намер расфармаваць яўрэйскі партызанскі атрад і размеркаваць усіх байцоў па розных атрадах. А пакінутыя старыя і нямоглыя яўрэі павінны былі жыць асобным сямейным лагерам. Ад гэтага намеру камандаванне адгаварыў Гірш Смоляр. Дамовіліся падзяліць атрад на дзве часткі: баявое падраздзяленне - атрад імя Арджанікідзэ ў колькасці 180 партызан пад камандаваннем рускіх і Зуся Бельскага і сямейны атрад пад камандаваннем братоў Тувіі і Асаэля Бельскіх. У траўні 1944 г. атрад атрымаў назву імя Калініна.

4. Браты Бельскія арганізавалі буйную партызанскую базу ў Налібоцкай пушчы. На базе меліся: штаб, кухня, шпіталь, лазня, цырульня, майстэрні, дзе шылі абутак і адзежу, рамантавалі зброю, гадзіннікі. Былі свае сталярны і мясны цэх. Гэта было маленькае мястэчка, са сваімі вуліцамі з замаскіраванымі зямлянкамі па абодва бакі. На 17 красавіка 1944 г. у атрадзе Бельскага было 940 чалавек, узброеных 162, рэзерва 488. Тысячу чалавек ва ўмовах вайны трэба было карміць - у пошуках ежы ўзброеныя групы па 10-15 чалавек адпраўляліся з пушчы за 50-100 км. Не заўсёды іх сустракалі з радасцю, акаўцы яўрэяў жывымі не адпускалі. За тры гады атрад Бельскага страціў 50 чалавек.

5. Тувія Бельскі ў ліпені-жніўні 1943 г. здолеў выратаваць сваіх людзей падчас карнай аперацыі "Герман". Шэсць сутак людзі праляжалі ў балоце і немцы іх не заўважылі.

6. Камандзірам атрада імя Арджанікідзэ быў прызначаны Міхаіл Аляксеевіч Ляшэнка, камісарам - Васіль Гаўрылавіч Кіян з атрада "Іскра", начальнікам штаба - Пётр Харытонавіч Падкавырзін , начальнікам асобага аддзела - Сяргей Фёдаравіч Пішчыкаў, у 1944-46 гг. дырэктар Лідскага піўзавода. Атрад падрываў цягнікі, масты, чыгуначную каляю, знішчаў тэлефонную сувязь. Побач з мужчынамі ваявалі каля 30 жанчын. За год пусцілі пад адхон 6 цягнікоў, падарвалі 800 м палатна, падарвалі чыгуначны мост і 11 мастоў на шашэйных дарогах, ліквідавалі 9 км тэлеграфна -тэлефоннай сувязі. Падарвалі лесапільна-сушыльны завод. Правялі 12 баёў і засад. Ад іх рук загінуў 261 вораг.

7. Выхадцы з Ліды ў атрадзе імя Арджанікідзэ.

Бішанскі Абрам Хаімавіч, 1912 г.н.

Дзеравянскі Маісей Зэлікавіч, 1924 г.н.

Каменскі Франц Ізраілевіч, 1922 г.н.

Кантаровіч Шлёма Рубінавіч, 1923 г.н.

Манская Рахіль Шлёмаўна, 1912 г.н.

Манскі Айзік Евелевіч, 1909 г.н.

Манскі Міша Калманавіч, 1923 г.н.

Мітлянскі Самуіл Маісеевіч, 1922 г.н.

Маўчадскі Янкель Мордухавіч, 1912 г.н. з Беліцы

Наркунская Буня Абрамаўна, 1921 г.н.

Наркунскі Леў Абрамавіч, 1917 г.н.

Ажахоўскі Іосіф Зэлікавіч, 1917 г.н.

Ажахоўская Эстэр Аўсееўна, 1917 г.н.

Ажахоўскі Лейб Цалькавіч, 1916 г.н.

Старадворская Бэла Хонаўна, 1926 г.н.

Цыпілевіч Лявон Іосіфавіч, 1929 г.н.

Фельдман Рыгор Маркавіч, 1909 г.н., загінуў 29.12.1943.

8. У ліпені 1944 г. атраду Бельскага, які налічваў 1200 чалавек, было загадана эвакуяваць базавы лагер і ісці ў Наваградак. На апошнім шыхтаванні перад Наваградкам кожны з яўрэяў атрымаў даведку аб удзеле ў партызанскім руху. На гэтым атрад спыніў сваё існаванне. У сямейным лагеры выратавалася звыш дзвюх соцень выхадцаў з Ліды: Сямён Пупко,дачка Маша, Міхаіл і Бэла Сталавіцкія, Рут Навапрудская.

9. Большасць чальцоў атрада з часам выехала за мяжу, дабраліся да ЗША, Мексікі, Ізраіля, Аўстраліі. Асаэль Бельскі ўступіў у Чырвоную Армію і загінуў пад Кенігсбергам. Тувія Бельскі памёр 12 чэрвеня 1987 г у Нью-Ёрку, Зусь -18 жніўня 1995 г у Нью-Ёрку, у 1999 г. у жывых заставаўся чацвёрты брат Арчык (Арон), які падчас вайны хлапчуком так-сама быў у атрадзе. У Ліду ўвосень 2009 г. прыязджала Маша Пупко з мужам, сынам і нявесткай з Мексікі і Галіна Рубін з Аўстраліі. Абедзве яны былі ў лагеры Бельскага.

Даведку падрыхтаваў

Валеры Сліўкін.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX