Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Знішчэнне лідскіх яўрэяў 


Аўтар: Сліўкін В.,
Дадана: 15-05-2003,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 18.



На 17 верасня 1938 г. у Лідзе жылі 7227 яўрэяў (27,5 %), і яшчэ каля 700 яўрэяў жылі ў Беліцы. Паводле ацэнкаў летам 1941 г. колькасць яўрэйскага насельніцтва ў Лідзе дасягала 8500 чалавек.

Пасля бамбёжак 22-23 чэрвеня даваенная Ліда знікла назаўсёды. Зніклі крамы, вялікія і маленькія, з элегантнымі вітрынамі, зніклі кінатэатры, увайсці ў якія можна было ў сярэдзіне сеансу, зніклі кавярні і рэстарацыі. Знік, цалкам згарэў яўрэйскі раён. Згарэла прыгажуня - сінагога. Толькі ва ўспамінах засталіся прадаўцы, якія сустракалі кожнага пакупніка шматразовым паясным паклонам і асабіста праводзілі да дзвярэй, завяраючы ў сваёй гатоўнасці служыць і далей. Гэты свет знік з пачаткам вайны, а пажар знішчыў усе яго сляды.

У адпаведнасці з гітлераўскай ідэяй панавання арыйскай расы семіты павінны былі быць знішчанымі. У пачатку ліпеня ў горадзе з'явіліся эсэсаўскія падраздзелы. 3 ліпеня 1941 г. былі расстраляны прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі лікам 151 чалавек і закопаны ў ямах парахавых склепаў (Акт ад 17.08.1944) . "Яўрэяў, злоўленых у горадзе, выводзілі на галоўную плошчу. Там забойцы сабралі адвакатаў, інжынераў, настаўнікаў і іншых людзей свабодных прафесій... Адабраную групу з 92 яўрэяў, пад суправаджэннем аховы, адвялі на разбураныя склады боепрыпасаў і расстралялі" (Eliahu Demesek. The german occupation. // Sepher Lida. Tel-Aviv. 1970, у перакладзе Б. Гаркавай ) . " Я была на дварэ. Гляджу - шмат прыгожых людзей, магчыма каля 100 чалавек, шмат яўрэяў, вядуць ў той бок з вінтоўкамі. Я паглядзела на іх, яны на мяне. Усіх пастралялі ў КЭЧы. Гаварылі, страшна крычалі, я не чула той стральбы. У мяне керагаз гарэў. Там пасярод КЭЧы была вельмі вялікая яма - там шмат касцей. " (Валодзька Сафія Вікенцеўна, 1900 г.р.)

8 ліпеня расстраляна 120 чалавек з псіхіятрычнай бальніцы ў Мінойтах і Малэйкаўшчыне. У Іх ліку - вядомы доктар Рубіновіч. (Акт ад 17.08.1944) . У тыя ж ліпеньскія дні ў Беліцы каля праваслаўнай царквы былі расстраляны 47 мужчын - яўрэяў, а ў Сяльцы - 50 чалавек, сярод іх - старыя, жанчыны і дзеці.

У Лідзе акупацыйнымі "ўладамі была створана яўрэйская рада "Юдэнрат". У яе ўвайшлі настаўнік Ліхтман, прамысловец Каток, адвакат Керзнер, банкаўскі службовец Сакалоўскі, школьны настаўнік Хабер, настаўнік Зарцын, бухгалтар Шалатскі, шавец Канопка - вядомы лідар тутэйшых рабочых, лавачнік Сталіцкі, лавачнікі Левін і Файнштэйн, доктар М.Д. Кантар, лавачнікі Голдберг і Шайнбойм... Усе мужчыны і жанчыны былі падзелены на рабочыя аддзелы. Дзень за днём тыя, хто мог працаваць, адпраўляліся на расчыстку смецця ад разбураных дамоў, вуліц, на пілоўку драўніны і г.д. Тыя, хто выходзіў на працу, атрымоўвалі гарачы суп з гнілой бульбы адзін раз у дзень. Час ад часу нямецкія ўлады дазвалялі скары-стоўваць у супе галовы і косці жывёлы. Яўрэйскае насельніцтва атрымлівала 125 грамаў хлеба на чалавека ў дзень. Яўрэям забаранялася есці тлушч. Тых, у каго знайходзілі мяса, масла ці яйкі, забівалі" (Э. Дэмесек) .

У верасні па ўсім горадзе быў расклеены загад на 3-х мовах: нямецкай, польскай і рускай. На працягу 24 гадзін яўрэі павінны былі пакінуць свае дамы і перасяліцца ў гета, прышыць на вопратку: на спіну і на левую частку грудзей жоўтыя меткі памерам 10 см на 10 см (неўзабаве меткі былі заменены на жоўтыя звёзды Давіда). Яўрэям забаранялася ездзіць у іншыя гарады, хадзіць па тратуарах, паказвацца на вуліцах днём без спецыяльнага дазволу, уваходзіць у кантакт з людзьмі іншых нацыянальнасцяў, размаўляць з імі, уваходзіць у іх дамы ці гандляваць з імі. Кіраўнікі работ павінны былі запісваць усіх, хто не з'яўляўся на працу ці спазняўся хаця б на некалькі хвілін без важнай прычыны. Яўрэяў пачалі вадзіць на работы групамі па 50 чалавек. Невыкананне гэтага загаду цягнула за сабой смерць. "За невялікі перыяд (верасень - кастрычнік) 16 яўрэяў былі расстраляны за спазненне на працу" (Э. Дэмесек) .

"Немцы неўзабаве пасля свайго прыходу ўвялі нашэнне яўрэямі жоўтых зорак на левым баку грудзей. Потым забаранілі ім карыстацца тратуарамі. З гэтага часу яўрэі мелі права перамяшчацца толькі па праезджай частцы разам з коньмі. Тым самым яны былі прыраўнаваны да жывёлы. Я ўспрымала ўсё гэта, як страшны здзек над чалавечай годнасцю, і адчувала гэта, як, датычнае асабіста мяне. Некалькі раз я бачыла групкі яўрэйскай моладзі з венікамі і рыдлёўкамі на прыборцы горада. Сярод іх былі мае аднакласніцы. Я так моцна саромелася іх прыніжэння, што рабіла выгляд, быццам нікога з іх не пазнаю...

Аднойчы да нас прыйшла Двэрка, дачка Соркі, былой гаспадыні піўной. Яна смяялася і гэты смех зрабіў на мяне страшнаватае ўражанне. Яна расказвала, што ў такой безнадзейнай сітуацыі, у якой аказаліся яўрэі, ім нічога не засталося акрамя смеху. Гэта быў выраз безнадзейнача адчаю. Тады я ўбачыла слёзы, што паволна спаўзалі па яе шчаках. Здавалася, яна не заўважае гэтых слёз." (Ярмант Я. У цені замка Гедыміна. Ліда. 1995. С. 124.)

На Песках: вул. Яловая (Л. Чайкінай), Жураўліная (Дакучаева), Орліч-Дрэшара (Камуністычная); уздоўж вул. Пастаўскай (зараз тэрыторыя завода "Лідсельмаш"); па вул Кашаравай (Чырвонаармейскай), уздоўж Паўночнага вайсковага гарадка і па вул Гастэла былі створаны гета. Жыхароў-хрысціян гэтых мікрараёнаў перасялілі ў цэнтр горада, а ў іх жытло засялілі яўрэяў.

"Пры немцах на месцы, дзе цяпер знайходзіцца завод "Сяльмаш", было створана яўрэйскае гета. Адгарадзілі плотам з друх радоў калючага дроту цэлую вуліцу з усімі дамамі каля рэчкі. У будынку рамеснай навучальні немцы арганізавалі швейную майстэрню. Жыхары гета шылі вайсковую вопратку, пазней майстэрня згарэла, і немцы расстралялі групу яўрэяў проста каля майстэрні... У гета мне даводзілася лазіць і не адзін раз, таму што пад калючы дрот па разоры магло пралезці толькі дзіця. Часцей за ўсё я насіў туды пісулькі і з тога боку мяне чакалі..." (Малашкевіч Крыштаф Мартынавіч. Успаміны дзяцінства. // "Принёманские вести" 2.11.2000 г.)

У канцы 1941 г. у Ліду пераехала некалькі дзесяткаў яўрэяў з Вільні. Яны папрасілі дазволу застацца тут жыць і кіраўнікі "Юдэнрата" дапамагліім атрымаць неабходныя дакументы. "Аднойчы некалькі яўрэйскіх зладзеяў паспрабавалі абрабаваць праваслаўнага святара. Спроба не ўдалася і некаторыя з іх былі арыштаваныя. Жонкі гэтых зладзеяў звярнуліся ў "Юдэнрат" па дапамогу ў вызваленні сваіх мужоў. "Юдэнрат" не мог ім дапамагчы і адмовіў. Тады зладзеі вырашылі адпомсціць "Юдэнрату". Яны вырашылі выдаць яўрэяў з Вільні, што прыехалі ў Ліду. У сакавіку 1942 г. яўрэяў выгналі са сваіх дамоў і ў 8 гадзін раніцы прыгналі на плошчу каля пошты. Іх паклалі ў рад на снег, каб зладзеі маглі апазнаць яўрэяў з Вільні. 50 яўрэяў арыштавалі і расстралялі ў двары турмы. Жудасная карціна паўстала перад вачыма яўрэяў, якія вярнуліся ў той дзень дадому. Іх дамы ўяўлялі сабой магілы. Усе дзеці, якіх бацькі пакінулі дома з-за моцнага холаду, дзеці ўсіх узростаў, хворыя і тыя, хто быў пры смерці, усе, хто не пайшоў на апазнавальны парад, былі знойдзены ляжаўшымі ва ўласнай крыві, якая яшчэ не паспела замерзнуць... У той дзень загінула 200 чалавек.

Праз тыдзень кіраўнікі "Юдэнрата былі арыштаваныя. Старшыня "Юдэнрата" Кальман Ліхтман, які доўга працаваў настаўнікам у яўрэйскай сярэдняй школе; Сімха Каток - гандляр, далікатны і чэсны чалавек; Эрэтс - Ісраэль - чалец Паалезійскага руху ў Лідзе, бізнесмэн, чалец Саюза рабочых, адзін з дырэктараў хімічнага завода "Карона"; Ісраэль Керцнер і Беньямін Сідаровіч - адвакаты. Гэтых людзей катавалі, яны прынялі гвалтоўную смерць. Іх целы вярнулі ў "Юдэнрат" пасля таго, як знявечылі да непазнавальнасці. Твар Ліхтмана ўяўляў сабою кавалак сырога мяса, яго вочы вылезлі з арбіт. Мы пазналі яго толькі па вопратцы..." (Э. Дэмесек) . Згодна з актам ад 17 жніўня 1944 г. гэтае жорсткае забойства было праведзена пасля катаванняў, якія суправаджаліся пераломамі верхніх і ніжніх канцоўняў. Расстрэл быў праведзены ў двары турмы. Былі расстраляны 8 чалавек, сярод іх адвакаты Карзнер, Цыдаровіч, настаўнік Ліхтман.

"Новымі кіраўніком "Юдэнрата" быў абраны доктар Чорны (Чарны). Інжынер Альтман, былы дырэктар ліцейнага завода "Бенланд", прапанаваў "Юдэнрату" набыць дазвол на адкрыццё майстэрняў. Прапанова была прынятая. Тэхнічная школа на Сувальснай вуліцы была прызнаная прыдатным месцам для гэтай справы... Праз некаторы час быў атрыманы адказ, які дазваляў адчыніць комплекс лёгкай прамысловасці, у якім будуць вырабляцца розныя тавары для мясцовага карыстання і для адпраўкі ў Германію. "Юдэнрат" і Альтман пачалі гэтую справу ў сакавіку і праз некалькі тыдняў змаглі адчыніць першыя майстэрні: цяслярныя і бляхарскія ды абутковую фабрыку. Неўзабаве былі адчынены і іншыя майстэрні для вырабу такарных і электрычных тавараў, вопраткі, трыкатажу, пераплётныя цэхі, вырабу цацак, вяровак, расчосак, сумак і г.д., быў адчынены вялікі гараж для рамонту ўсіх тыпаў аўтамабіляў і транспарту. У гэтых майстэрнях працавалі высокакваліфікаваныя майстры. Многія верылі, што дазвол, атрыманы для працы ў майстэрнях выратуе іх і іх сем'і ад смерці. "Юдэнрат" і Альтман планавалі павялічыць колькасць рабочых у майстэрнях, каб выратаваць, як можна больш яўрэй-скага насельніцтва... высокапастаўленыя нямецкія афіцэры прыязджалі з Берліна правяраць працу ў майстэрнях. Яўрэі працавалі добра, яны спадзяваліся прадоўжыць сваё жыццё..." (Э. Дэмесек) .

"Мы насілі ў гета газеты "Goniec codzienny" - дарагая была газета. Нам прадавалі, мы іх перапрадавалі. У гэты час немцы тут падрывалі снарады. Не адзіна дзень падрывалі снарады непрыдатныя - ямы рыхтавалі. Яўрэі ведалі:

-Немец для нас ямы рыхтуе.

-Чаго не ўцякаеце?

-Нам няма куды ўцякаць. На нас будзе пагібель."

(Гайда Уладзіслаў Стэфанавіч, 1932 г. н.)

"7 траўня 1942 г. падчас працы ўсе адчулі, штосьці жудаснае павінна здарыцца, як быццам зямля пачала гарэць пад нагамі. Думка пра масавую экзекуцыю з'явілася ў іх у галавах, але ніхто не адважваўся паказаць свай страх " (Э. Дэмесек) .

"Гадзіны ў 4 раніцы прышлі - самага старэй-шага майго брата ўзялі: "Уставай - папркцуеш рыдлёўкай." З нашай вуліцы ўсіх мужчын туды ўзялі. Спірт прывезлі - пеце. І самі. Возьме кубачак і пацягне. Цэлы дзень там мужчыны былі - ні кроку ў бок. Мы, хлопцы, паляцелі паглядзець, Бяжыць паліцыянт: "Дзеці ўцякайце агэтуль". На пяту і ходу. Яўрэяў усіх ноччу сабралі. (Гайда Уладзіслаў Стэфанавіч, 1932 г. н.)

8 траўня 1942 г. у пятніцу здарылася самае жудаснае злачынства на землях Лідчыны за ўсе стагоддзі яе існавання. Распрануты дагала і расстраляны 5670 лідскіх яўрэяў. Гэтае масавае забойства было падрыхтавана загадзя і ажыццяўлялася паводле адпаведнага плану. Гета былі акружаны паліцыяй і жандармерыяй з вечара 7-га траўня. 8 траўня з раніцы пачалі выводзіць усіх яўрэяў калонамі пад канвоем на плошчу каля казармаў Паўночнага гарадка. Тут гэбітскамісар Ганвег (Ханвег) разам са сваім памочнікам Віндышам праводзілі сартаванне "направа" і "налева". Налева адходзілі тыя, каму на час было падаравана права на жыццё. Направа адходзілі дзяды, бабкі, дзеці, хворыя. Налева - рамеснікі і тыя спецыялісты, якія яшчэ былі патрэбныя акупантам. Па дарозе да месца страты людзі збіваліся прыкладамі, у адстаўшых стралялі. Сотні старых і хворых, якія былі не ў стане выйсці з дому, былі расстраляныя ў памяшканнях і на вуліцах гета.

Расстрэльвалі з кулямётаў у велізарных зараней падрыхтаваных ямах. Першымі былі расстраляныя жыхары гета Пескі, другімі - насельніцтва з Пастаўскай вуліцы, апошнімі - жыхары Кашаравай вуліцы. Жывымі сведкамі гэтай карціны, што з-за свайго зверства не паддаецца апісанню, з'яўляюцца жыхары г. Ліды Белабародаў Фішаль, 1921 г. н. і Левін Абрам, 1918 г. н. А. Левіну ўдалося ўцячы ад канвою і схавацца ў кустах непадалёк месца страты. Ф. Белабародава немцы расстрэльвалі, але ён быў толькі паранены. Са слоў Белабародава: людзей, прызначаных да расстрэлу, прымушалі распранацца, пасля чаго заганялі па чарзе, па 100 чалавек шэрагамі ў ямы. Будучыя ахвяры знайходзіліся ў 60 м ад месца страты за дрэвамі, самой страты яны не бачылі. Першымі ахвярамі сталі дзеці, якіх адбіралі ад мацярок і кідалі ў яму, яма закідвалася ручнымі гранатамі. Невялікую групу дзяцей немцы падкідвалі ў паветра і лавілі іх на штыхі і ў гэты момант фатаграфавалі. Пасля знішчэння дзяцей дарослыя былі расстраляныя з кулямёта, жывыя чэргі ўстанаўліваліся на трупах і расстрэльваліся да таго часу, пакуль не запаўнялася яма. Распранутага Белабародава штурхнулі ў яму. Кулямётнай чаргой ён быў паранены, прыйшоўшы ўсвядомасць, заўважыў, што немцаў блізка не было, відавочна яны пайшлі па чарговую партыю ахвяраў. Вакол яго ў яме чуліся стогны паміраючых, яма была глыбокай, ён не мог вылезці, палажыў дваіх забітых анаго на другога каля сцяны ямы, стаў на іх, вылез на паверхню і ўцёк. У далейшым Белабародаў хаваўся. Таемна апераваўся ў бальніцы ў дактароў Месніка і Сянкевіча, і калі рана зажыла пайшоў у партызаны.

Ямы засыпаліся тонкім пластом зямлі. Параненыя засыпаліся таксама, на наступны дзень з ямы тырчалі рукі і ногі. Немцы сагналі 500 сялян з вазамі, якія зрабілі высокі насып над магіламі. (Акт ад 17.08. 1944 г.)

"У пятніцу, 8 траўня 1942 г. з самай раніцы, калі людзі толькі пачалі прачынацца, мы раптам выявілі, што цесна абкружаны узброенай паліцыяй. Час ад часу мы чулі пальбу. Тыя, хто нас акружаў, выглядалі злымі. Падобныя на ведзьмаў і ідыётаў, яны выконвалі свае абавязкі без роздуму і пытанняў. Яны атрымалі загад расстрэльваць кожна-га, хто паклідаў дом без дазволу... На іх тварах мы маглі бачыць крыважэрнасць і марадзёрства. Ужо раніцай яны забілі шмат яўрэяў, чыёй віной было толькі тое, што яны выглядвалі з дзвярэй, каб паглядзець, што адбываецца, і каб павітацца.

6 гадзін раніцы. Нацысты пачалі выганяць яўрэяў з дамоў на двор. Тых, хто адразу не падпарадкоўваўся, збівалі з лютай жорсткасцю. Мы выходзілі з дамоў, прыціскаліся адзін да аднаго, як перапужаныя авечкі ці непаслухмяныя дзеці. Загад: "Шыхтуйцеся ў калоны сям'я за сям'ёй!" П'яныя гітлераўцы, з пахам смерці, шныралі туды і сюды, збіваючы ўсіх на сваім шляху. Для масавага забойства прыбылі спецыяльныя аддзелы СС і СД. Раённы камісар і Альтман бегалі вакол, каб знайсці спосаб выратаваць некаторых рабочых ад смерці.

У 9 гадзін раніцы калоны адправіліся на месца збору. Перад калонамі бедных людзей стаялі групы забойцаў, якія вырашалі, хто будзе жыць, а хто памрэ. Спачатку яны правяралі працоўныя пропускі некаторых лавачнікаў. Але праз некаторы час яны стаміліся ад гэтай работы і адпраўлялі цэлыя групы на смерць, не прымаючы да ўвагі, ёсць у іх пропускі ці не. Нават спроба раённага камісара была безпаспяховай. Ён атрымаў строгую вымову за невыкананне ўказа СС і СД і быў фармальна адхілены. Яму загадалі не перашкаджаць выконваць "Акцыю". І лік прыгавораных рос і рос. Усе, каго адпраўлялі направа, паміралі. Спачатку іх жорстка збівалі спецыяльныя аддзелы рознай зброяй і жаленымі прутамі. Жудасную і гідкую карціну можна было ўбачыць, калі яўрэяў Ліды збівалі жалезнымі прутамі. Яны бегалі акрываўленыя да таго часу, пакуль замертва не падалі пад ногі сваім сем'ям. Апошні лідскі рабін Ахарон Рабіновіч хадзіў вакол, чытаў псалмы і, звяртаючыся да Бога, пранізліва крычаў: "Яўрэяў забіваюць ў Тваё імя".

Мая мама, якая ўвесь час трымала мяне за руку, была адкінута направа. Я, атрымашы люты ўдар польскага паліцыянта, адляцеў у бок, дзе стаяла група яўрэяў - рамеснікаў. Перш, чым я апамятаўся, пачуў злы голас польскага паліцыянта: "Вы застанецеся жывымі, але павінны стаяць ціха, не рухаючыся, калі нехта павернецца паглядзець, што адбываецца, будзе забіты на месцы"

Прыгавораных да смерці, 80% з якіх было яўрэйскае насельніцтва Ліды, адвялі да лесу за 2 км ад горада, да армейскіх казармаў. Пазней мы даведаліся, што адбывалася на тым страшным месцы ад лідскага пекара і гандляра мукой Мардахая Гяршовіча. Гяршовіч быў паранены ў шыю, але яму ўдалося ўцячы з месца расстрэлу. Ён распавядаў: "Калі нас прывялі на месца забойства, я ўбачыў падрыхтаваныя глыбокія траншэі. Усіх яўрэяў падзялілі на групы па 100 чалавек. Ім загадалі раззуцца і распрануцца дагала. Першую групу штурхнулі ў яму і расстралялі. Затым наступную, і наступную, і наступную групу пхалі ў яму і знішчалі. Дзяцей вырывалі з рук бацькоў і кідалі жывымі ў ямы, дзе іх калолі штыхамі на вачах у бацькоў. Мардахай і некалькі іншых яўрэяў вырашылі ўцячы з месца расстрэлу. Велізарная колькасць куль была выпушнана ў іх. Мардахай уратаваўся . Сярод уцякачоў быў таксама хлопец па прозвішчу Камёнскі, які зараз жыве ў ЗША. А яго бацькі загінулі. Пасля расстрэлу "Юдэнрату" загадалі адправіць групы яўрэяў засыпаць ямы глінай і пяском. Расстраляныя ў ямах яшчэ варушыліся тут і там, але нас прымусілі іх засыпаць. Яўрэяў, якіх не выбралі для расстрэлу, сабралі разам на пустым месцы і загадалі стаць на калені, уткнуўшы твары ў зямлю. Цераз некаторы час загадалі ўстаць і, схіліўшы галовы, падзякаваць за тое, што іх пакінулі жывымі.

Нас унеслі ў спісы, і мы павінны былі паведамляць уладам пра кожнага яўрэя, які прыбываў сюды.

Вопратку расстраляных сабралі і знеслі на склад. Нашую групу паслалі рассартаваць гэтую вопратку. Кожная рэч была дасканала прагледжана ў пошуках каштоўнасцяў ці золата, схаваных там. Рэч у добрым стане адкладвалася ўбок. Паношаную вопратку прадавалі сялянам, а лепшыя рэчы былі адпраўлены ў якасці падарункаў сем'ям забойцаў у Германіі (Э. Дэмесек).

"Я ведаю, што некалькі чалавек уцякло з гета. Выратавала сваё жыццё дачка небагатага шаўца, а яе старэйшая сястра была застрэлена ў той момант, калі выскачыла з шарэнгі і кінулася ўцякаць. Мы, дзяўчаты, паміж сабой гаварылі, што яна, мабыць, прадчувала блізкую смерць, таму, што зусім не берагла свае прыгожыя сукенкі, як гэта мы ўсе рабілі. Казалі, што ў расстрэле яўрэяў удзельнічала паліцыя, якую набралі з тутэйшых хлопцаў. Гэта было свайго роду ганьбаванне немцамі маладых палякаў." (Ярмант Я. У цяні замка Гедыміна. Ліда, 1995. С. 124).

У пачатку сакавіка 1943 года на плошчы перад паштамтам "была сабрана невялікая колькасць застаўшыхся мясцовых яўрэяў і звыш 2 тысяч, прывезеных з іншых месцаў . Снег раставаў, утвараючы вадзяністую кашу. Яўрэі адчувалі, што прыйшоў канец: знішчалі грошы, выкідвалі ў снег і гразь біжутэрыю, якую адбіралі ў іх гестапаўцы. Злачынцы расстралялі іх на так званых "Барах". Сведкі называлі некаторыя прозвішчы і імёны: Бярковіч, Меер і сын яго Ліпка, Оран, Мейшке, Лейзар, Нахман, Руўка, Лейба і шмат іншых." (І. Каrdasz, Lida prawdziwa.)

Гэтую магілу летам 2001 г. раскопваў сапёрны батальён. Былі падняты парэшткі 200 трупаў. Гэта мужчыны, жанчыны і дзеці. Месцамі дрэнна разлажыў-шыеся - валасы, кавалкі скуры, часткі целаў. Ляжаць нагамі ўверх, бокам, уперамежку. Засыпаліся вапнаю. Абутак паношаны, з латкамі і падклейкамі: боты мужчынскія, жаночыя паўбоцікі і боцікі з абцасікам, гумовыя галёшы, падэшвы дзіцячага абутку. Вопратка ўцепленая - фрагменты паліт з драпу, суконных вырабаў. Цырульніцкія машынкі, небяспечныя брытвы, пянснэ, партманэ, савецкія манеты 1935-1940 гг., фляжка армейская, выпушчаная 11 ліпеня 1941 г. у Ленінградзе на заводзе "Чырвоны выбаржац". Фрагмент дакумента, які сведчыць асобу з графамі на нямецкай і польскай. Чаравікі з абмоткамі. Чаравікі лендлізаўскія амерыканскага паходжання. Адзін з трупаў - жанчына з чорнымі валасамі, заколкамі, рукі і ногі яе звязаны жалезным дротам. Па просьбе лідскай яўрэйскай грамады раскопкі былі спынены.

Што памятаюць жывыя?

"У 41-м, калі пачалася вайна, мы жылі на Чырвонаармейскай вуліцы ў доме № 84. Калі было арганізавана гета нас перасялілі на вуліцу 7 лістапада, дзе мы жылі да таго часу, пакуль не расстралялі яўрэяў, якія жылі ў нашых дамах. Мы хлапчукамі хадзілі, шукалі яду і бадзяліся з 9 раніцы да вечара. Заходзілі ў гета, у свае дамы. У доме Каменскага глядзім - галава яўрэйкі адрэзаная ляжыць на пліце, а цела на падлозе. Страшна стала, выскачылі. Зайшлі да нас дадому: домік маленькі быў - кухня, пакой. У спальні былі анучы да столі навалам. Дом быў ужо пусты. Гэта было пасля расстрэлу.

Мы ведалі, што яўрэяў расстрэльвалі каля лесу і ў лесе. Мы туды і пайшлі. Магіла на паляне мела форму апалоніка (гітары) - даўжыня каля 25 м. У самай шырокай частцы - 4 - 5 м., выцягнутая на ўсход. Дзве іншыя магілы былі ў лесе, апошняя самая вялікая. Іх выцягнутыя часткі былі накіраваныя на поўдзень, ува ўсіх трох магілах былі толькі яўрэі." (Бенька Зянон Баляслававіч, 1936 г. н.)

"Памятаю, як вялі яўрэяў. Самі скакалі ў яму. Памятаю, як магіла дрыжала. Пена. Кроў канавай. Жанчына руку выцягнула: "Ратуйце!" Прыехалі немцы, выстралілі. Былі і эсэсаўцы." (Шчытко Ніна Іванаўна, 1914 г. н.)

"Калі яўрэяў павялі, сказалі нічога не браць, зшыхтавалі ў калоны і пайшлі, а на вуліцы ўжо стаіць натоўп. Спачатку давераныя, а потым натоўп, хто падушку цягне, хто кадушку, хто ложка. Каля нас на Маладварцовай цераз дарогу жыў паліцай Сукуль-моўскі, пажылы дзядзька. Ён з мамай размаўляў: "Я так смачна паабедаў, тыле жыдуў выбіў." (Мірановіч Ірына Вікенцеўна, 1936 г. н.)

"Вопратку з забітых раздавалі палонным рабочым. Былі тры вялікія яўрэйскія магілы: дзве -- у лесе, адна -- на полі. На полі забівалі вечарам, апрану-тых. Вазілі хлорку машынамі. Зямля варушылася два тыдні. Стралялі з 4-х кулямётаў. Яўрэяў забівалі ў дарозе па аднаму. 16 чалавек забілі для страху. У Шалаховіча засталася жонка і дачка -- выехалі ў Ізраіль. Хаваліся па вёсках. Больш за ўсё яўрэяў было ў Тракелях. Ткачук хаваў яўрэяў. Немцы забівалі без актаў, не разбіраючыся." (Раманка Уладзіслаў Анто-навіч, 1925 г. н.)

"Памятаю, як з гета выводзілі яўрэяў, быццам бы на вакзал, а сапраўды вялі на расстрэл па дарозе каля цяперашняга мясакамбіната. Жыхарам на маршруце руху забаранялася выходзіць на вуліцу. Я, Пухоўскі, Дыбоўская і яшчэ нехта стаялі ў завулку, і раптам з калоны выскачыла дзяўчынка гадоў 10-12 і стала побач з намі, а праз некалькі шэрагаў мужчына з белымі валасамі, праходзячы кіўнуў галавой, развітваючыся. Дзяўчынку забралі дарослыя, больш пра яе лёс нічога не ведаю." (Малашкевіч Крыштаф Мартынавіч. Успаміны дзяцінства. // "Принёманские вести" 2.11.2000 г.)

Калі гналі - канец каля мясакамбіната, пачатак ужо страляюць. Расстрэльвалі з кулямётаў перакрыжаваным агнём. Адзін уцёк, выляцеў і па дарозе, як заяц. Немец на матацыкле паехаў, бабахнуў з аўтамата. Яны не ўцякалі, рабін сказаў: "За грахі нашыя". Набілі, набілі, - бочкі з хлоркай - шуфлем пасыпалі. Зноў б'юць. Цэлае лета было - не ўседзець, як вецер з тога боку - смурод. Засыплюць кроў зноў наверх." (Гайда Уладзі-слаў Стэфанавіч, 1932 г. н.)

"Як гналі яўрэяў, не бачыла. Нас адсюль выселілі, а яўрэяў пасялілі ў нашыя дамы. Выселілі нас восенню 1941 г. на вул. Ленінскую. Пражылі там больш года...

Магіла акруглая і прадаўгаватая... Хадзілі глядзець... Была яма. Яму капалі, маёй стрыечнай сястры муж кіраваў. Яму людзей далі. Калі капалі, ніхто не ведаў, для чаго. Расстрэльвалі над гэтай ямай. Летам гэта ўжо былі магілы. Пахла хлоркай. Людзі гаварылі, што расстралялі яўрэяў. Былі яшчэ расстраляныя, якіх з турмы вазілі на машынах. Машыны не даходзілі да канца вуліцы з-за снегу. Бралі на шарварак людзей, трупы кідалі з машын на падводы і вазілі.

Пасля вайны там стаяла вайсковая частка, месца было агароджана калючым дротам. Зурсаўцы стаялі, машыны, лакатары, яны і зараўнялі магілу. Калі забралі ўсё і паехалі, людзі пачалі бульбу садзіць." (Белка Люцыя Уладзіславаўна, 1934 г. н.)

Некаторыя маладыя яўрэі ўцякалі за Нёман ў Налібоцкую пушчу - там дзейнічалі два партызанскія аддзелы Шалома (Шымона) Зорына і Туўі Бельскага. Яны размяшчаліся поблізу в. Бакшты і ўяўлялі сабой сямейныя лагеры. Аддзел Шалома Зорына складаўся з 700 чалавек - гэта былі жанчыны, дзецлі, старыя. Мужчын было няшмат. Па дарозе ў Пушчу яўрэяў лавілі, рабавалі і забівалі. Партызан - яўрэяў акаўцы жывымі не адпускалі. У кастрычніку 1943 г. у Налібоцкай пушчы эскадрон Здзіслава Пуркевіча расстраляў групу партызан з яўрэйскага аддзела Шалома Зорына.

У Налібоцкай пушчы знайшлі прытулак сотні яўрэяў. Ледзь не ў кожным партызанскім аддзеле было па некалькі дзесяткаў яўрэяў. З лідскага гета былі выведзены і выратаваны лекары Кевілевіч, Гордзін, зубны лекар Арлюк. Камандзір аддзела ім. Шчорса П.В. Пранягін упэўнена назваў самым адважным партызанам свайго аддзела школьнага настаўніка фізікі і матэматыкі, сына беліцкага аптэкара Зораха Крэменя.

Яўрэйская трагедыя працягваляся і пасля вызвалення Лідчыны. Многія ўцалеўшыя партызаны - яўрэі былі прызваны ў Чырвоную Армію і загінулі на фронце. Шараговец Дзеравянскі Майсей Зэлікавіч 1924 г.н. з Ліды, загінуў у баі 27.08.1944г. пахаваны ў в. Любоцін Беластоцкага ваяводства. Шараговец Мордух Вяленскі 1926 г.н. з Ліды памёр ад ранаў 13. 02.1945 г.; пахаваны ў г. Раўнаў (Усходняя Прусія). Шараговец Градзянчук Хаім Якаўлевіч, 1926 г. н. з Ліды памёр ад ранаў, пахаваны ў г. Забург (Усходняя Прусія). Малодшы сяржант Юрканскі Шлема Хаймавіч, 1925 г.н. з Лідскага раёна загінуў у баі 16.04.1945 г., пахаваны на гарадской плошчы ў г. Лебус на р. Одар (Германія). Гвардыі сяржант Злацэўскі Якаў Ізраілавіч 1924 г. н. з Беліцы загінуў у баі 1.05 1945 г., пахаваны у г. Сафіенхор, р-н г. Бляў (Германія). Малодшы сяржант Іцкевіч Лазар Самуілавіч 1911 г.н. з Ліды загінуў у баі 14.08.1945г., пахаваны ў Манч-журыі ў 40 км паўночна-заходней в. Градзекава.

Гінулі і ў тыле. 30 жніўня 1944 г. у Тракельскім сельсавеце быў забіты загадчык гандлёвага аддзела райспажыўсаюзу Ізраіль Рафаілавіч Міневіч 1904 г. н.; з 4 на 5 верасня 1944г. у Дакудаўскім с!с у Хадзюкоў-скім лесе загінуў падаткавы інспектар РайФО, былы партызан Міхаіл Шлемавіч Замкавы.

Пасля вайны ў горадзе, дзе кожны трэці быў яўрэем, засталося жыць сямёра; Віленскі Якаў Абрамавіч, Капялевіч Хацкель Генухавіч, Карабельнік Ісак Герцавіч, Палякоў Майсей, Галемполь Давід Яўхіма-віч, Галубовіч Меір Ізраілевіч, Дзвілянскі Якаў Абрамавіч. Шасцёра з іх пахаваны ў лідскай зямлі. Кожны з іх быў асобаю і пакінуў пра сябе добрую памяць. Выратавалася ад знішчэння, як я аднойчы пачуў, каля трохсот лідскіх яўрэяў. Магілы іх сёння рассеяны па ўсім свеце: у ЗША, Францыі, Уругваі, Аргентыне. Большасць тых, хто выратаваўся, дабра-ліся да Ізраіля. Там знайлі сабе вечны прытулак Хаім Басіст, Тувія Бельскі, Эліяху Дэмесех, Майсей Палякоў.

У 1965 г. пасля шматлікіх зваротаў і доўгіх хаджэнняў па кабінетах улады намесцы расстрэлу быў устаноўлены абеліск. У 1967 г. на другой магіле была пакладзена мемарыяльная пліта. У 1992 г. прадпрымальнік Барыс Мееравіч Галубовіч па праекту скульптара Аляксандра Тухто на месцы самай вялікай з магілаў пабудаваў мемарыяльны манумент з металу, агарадзіў месца расстрэлу і паставіў два камяні з надпісамі на іўрыце і рускай мове. Штогод 8 траўня тут збіраецца лідская яўрэйская грамада і госці з іншых гарадоў і краінаў. Прамаўляюць словы памяці, ускладваюць кветкі і здзяйсняюць малітву па забітых. Зрэдку з'яўляюцца адзінокія турысты, якія доўга галосяць над магілай - там ляжаць іх бацькі, браты і сёстры.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX