Папярэдняя старонка: Мастацтва

Францішак Смуглевіч (1745-1807) 


Аўтар: Узембла Люцыян,
Дадана: 16-01-2026,
Крыніца: Узембла Люцыян. Францішак Смуглевіч (1745-1807) // Наша слова.pdf № 52 (208), 24 снежня 2025.

Спампаваць




Францішак Смуглевіч нарадзіўся ў Варшаве 6 кастрычніка 1745 г., у бацькі, мастака Лукаша і маці, пляменніцы славутага Шымана Чаховіча. Яго браты Антон і Люцыян таксама былі мастакамі. Першы з іх стаў знаным у Вільні мастаком-дэкаратарам старога тэатра ў палацы Аскеркаў. Ф. Смуглевіч вучыўся ў Чаховіча, а потым у Акадэміі св. Лукі ў Рыме.

Ва ўзросце 20 гадоў ён ужо атрымаў славу, роўную славе Давіда, адрадзіцеля французскага жывапісу. Быў вучнем знакамітага Рафаэля Менгса, не дасягнуў узроўню прыгожай каларыстыкі свайго настаўніка, але пераўзышоў яго ў экспрэсіі малюнка. У часы жыцця ў Італіі яго фінансава падтрымліваў кароль Станіслаў Аўгуст, ад якога потым, за свае мастацкія дасягненні ён атрымаў залаты медаль Merentibus. У 1785 г. вярнуўся ў край. Маляваў у Варшаве, найбольш прыкметнай яго карцінай сталі: «Найсвяцейшая Панна ў атачэнні апосталаў», «Смерць св. Базыля» і «св. Ануфры». У Вільні ў катэдры маюцца яго слынныя «Дваццаць апосталаў», «Мелхіседэк», «Памнажэння хлябоў у пустыні», (значна лепшыя па колерах і кампазіцыі, чым суседнія карціны Вілані), «св. Ян Непамуцен». З іншых віленскіх абразоў: «св. Каэтан памнажае хлябы», «Развітанне са святымі Пятром і Паўлам» і іншыя. У Варшаве Смуглевіч некаторы час меў школу жывапісу. 1 кастрычніка 1797 г. (паводле знойдзеных нататак праф. М. Палінскага) атрымаў годнасць прафесара рысунку і жывапісу ў Галоўнай Школе (Віленскім універсітэце), напачатку выкладаў на фізічным, а з 1803 г. - на гуманітарным факультэце. Выкладаў з вялікім поспехам, але не мог пераадолець забабоны гараджан і таму не выкарыстоўвай жывую мадэль, і ён меў вельмі абмежаваную колькасць злепкаў з класічных скульптур.

Яму дапамагалі такія выключана таленавітыя ад'юнкты ўніверсітэта як Пешка, Дамель, Ян Храсціцкі і Рустэм, які пасля смерці Смуглевіча 18.10.1807 г. заняў яго кафедру. Лепшымі вучнямі Смуглевіча былі: Антон Бялькевіч, пераважна мастак гістарычных тэм, Гаспар Бароўскі, таксама гістарычны мастак і пераймальнік Смуглевіча, Брушкевіч Ігнат, партрэтыст і настаўнік гімназіі, Лізандэр, партрэтыст, Юзаф Аляшкевіч, рэлігійны мастак (вядомы містык), Францішак Пелікан, таленавіты мініяцюрыст, паводле яго малюнка ў 1799 г. была зроблена гравюра з выявай Маці Божай, якая спыняе маравую чуму ў Вільні.

Сярод гістарычных карцін Смуглевіча, якія асабліва цікавы нашаму краю, можна назваць «Зацвярджэнне нададзенай сялянам уставы ў Паўлаве каля Вільні ў 1769 г. канонікам Віленскім, реферэндарыем ВКЛ п. Ксаверыем Бжастоўскім», «Ахвяра Вясталкі», сярод лепшых прац Смуглевіча карціна з партрэтам княгіні дэ Лігне з дому Масальскіх, «Смерць генерала Якуба Ясінскага 4 лістапада 1794 г.», «Генерал Ясінскі, абапіраючыся на меч, топча мёртвую галаву, сімвал пагады да смерці», «Акт аддзялення Літвы ад Мазавецкага княства ў 1358 г.», «Сесія Люблінскага трыбуналу пад патранатам Каэтана Алізара, кароннага пастолія, у прысутнасці караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага», «Сямейны партрэт Прозараў» - медальён з бюстам Прозара, смаленскага ваяводы, трымаюць яго сыны. Іншыя партрэты: Станіслава Аўгуста, аўтапартрэт мастака, партрэт віленскага каноніка кс. Мікалая Тышкевіча і партрэт п. Граноўскай, які знаходзіцца ў зборах Таварыства аматараў навук. Згадаем, што прафесар Смуглевіч за роспіс плафона, які аздобіў залу ўніверсітэта, 26 красавіка 1805 г. пры пасярэдніцтве куратара ўніверсітэта, атрымаў дыяментавы пярсцёнак ад імператара Аляксандра І (з нататак прафесара М. Палінскага).

У 1912 г. кнігар Ф. Завадскі пад рэдакцыяй Вацлава Студніцкага і С. Пешкі, а таксама пад мастацкім кіраўніцтвам прафесара Ф. Рушчыца, выдаў вельмі прыгожы альбом відаў Вільні, заснаваны на акварэлях Смуглевіча, выкананых з натуры, арыгіналы знаходзяцца ў Кракаве ў музеі братоў Чапскіх. У гэтым альбоме рэпрадуктаваны 21 з 24 ацалеўшых малюнкаў старой Вільні. Заслужаная кнігарская фірма павінна была б перавыдаць гэты альбом, бо першы наклад даўно ўжо стаў вялікай рэдкасцю.

Смуглевіч моцна любіў свой край. Яго не зманілі добрыя ўмовы працы ў Англіі, ён меў шмат заказаў ад замежнікаў, але імкнуўся працаваць на бацькаўшчыне.

У нашых касцёлах і дварах ёсць шмат твораў Смуглевіча, чыя творчасць і нястомная працавітасць выклікаюць захапленне. Ён меў намер выдаць 200, потым толькі 100 гістарычных ілюстрацый. Але з-за цяжкасцяў з пошукамі гравёраў для выдання, атрымалася толькі 9.

Смуглевіч, безумоўна, не быў майстрам, якога стыль, праўда і бляск ўзвышаліся над акадэмізмам формы, руцінных колераў і тэхнікі, але ніхто не аспрэчыць самага высокага становішча Смуглевіча як першага ў краі, хто стварыў незалежныя і творчыя напрамкі ў рэлігійным, гістарычным і жанравым жывапісе. Ён не быў такім бяздушным і няпэўным у каларыстыцы, як часам здавалася крытыкам. Яго прыхільнікі-сучаснікі, як маглі, баранілі Смуглевіча ад націску фанатыкаў эстэтыкі. Вось які адказ атрымаў вядомы драматург Кацэбу ад паэта Антона Шагіна за бессаромны напад на славу пэндзля Смуглевіча:


Дарма немец паклёпніцкае пяро у жоўць мачае

І чорныя пасквілі ў подлым друку піхае.


Нягледзячы на сціплыя патрэбы, мастак не здолеў забяспечыць сябе бесклапотнае існаванне ў старасці. Ён памёр пасля працяглай хваробы ад вадзянкі і пахаваны ў катакомбах могілак Росы.


Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Lucjan Uzięblo. Franciszek Smuglewicz (1745-1807) // Słowo. 1927. № 219.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX