Папярэдняя старонка: Мастацтва

Іаган Крыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII стагоддзя 


Аўтар: Лоранц Станіслаў,
Дадана: 18-08-2026,
Крыніца: Іаган Крыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII стагоддзя : Матэрыялы да біяграфіі і творчасці / Станіслаў Лоранц. 2026. - 74 с.

Спампаваць




Download epub book

Пераклад аднаго з першых грунтоўных даследаванняў творчасці вядомага віленскага архітэктара. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Ад перакладчыка

Раней я ўжо публікаваў выбраную падборку ўспамінаў Станіслава Лоранца (1899-1991) - мастацтвазнаўца, прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, ганаровага члена многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперта ЮНЕСКА [1].

Гэтая кніга - пераклад вельмі важнай для нас кнігі Лоранца пра выдатнага віленскага архітэктара Іагана Крыштафа Глаўбіца. У сваёй кнізе "Іаган Крыштаф Глаўбіц. Віленскі архітэктар XVIII стагоддзя, матэрыялы да біяграфіі і творчасці". Др. Лоранц успамінаў: " Падчас майго знаходжання ў Вільні мне ўдалося ўстанавіць, што гэты амаль невядомы раней архітэктар быў сапраўдным стваральнікам найвялікшых твораў барока і ракако ў Вільні і ваколіцах. Спраектаваў касцёл св. Кацярыны ў Вільні, перабудаваў інтэр'еры і аформіў цудоўныя алтары ў касцёле св. Яна, пабудаваў касцёл і кляштар у Беразвеччы, перабудаваў касцёл св. Саф'і ў Полацку і г. д. Гэта было маё вялікае адкрыццё, заснаванае на знойдзеных архівах. Ужо ў Варшаве, у 1937 г., у выдавецтве Варшаўскага навуковага таварыства я апублікаваў дысертацыю, прысвечаную Глаўбіцу" [2].


Мастацтвазнаўца др. Лоранц вызначае некалькі галоўных, характэрных рыс стылю славутага віленскага архітэктара:

1. Напрыклад, у касцёле св. Кацярыны ў Вільні характэрныя асаблівасці стылю Глаўбіца бачны ў характары ляпнога дэкору капліцы Божага Провіду - часткі гэтага касцёла (дэкор паўтарае матывы, вядомыя па віленскім евангеліцкім зборы архітэктара Глаўбіца) - арнаментальная ляпніна па геаметрычным узоры вакол чашы купала, вазоны на цокалях у пасах паміж вокнамі купала і ляпніна над вокнамі: "Дэкаратыўная арнаменталістыка першага перыяду Глаўбіца ў Вільні моцна і выразна скампанаваная з сіметрычных кампазіцый. Яскравым познебарочным адпаведнікам раннебарочнай геаметрычнай арнаменталістыкі скляпенняў … ёсць моцна прафіляваны геаметрычны арнамент скляпенняў на тынку ў евангеліцскім зборы, капліцы Божага Провіду ў касцёле св. Кацярыны, капліцы кармеліцкага манастыра і ў капліцы св. Барбары касцёла св. Яна. … У больш позні перыяд, пасля 1748/50 гадоў, характар арнаментацыі кардынальна змяніўся на карысць арнаменту ракако, стаў плоскім, больш маляваным, чым разьбяным, асіметрычнай формы".

2. Вертыкалізм фасадаў і інтэр'ераў. Гэта характэрная рыса можа выяўляцца ў паслядоўным вертыкалізме інтэр'ераў касцёлаў, пры адсутнасці якіх-небудзь гарызантальных падзелаў, з моцным акцэнтам на вертыкальныя пілястры.

3. У базыльянскай царкве св. Сафіі ў Полацку для дасягнення стройнасці вежаў самыя высокія іх ярусы былі значна звужаны і замест вежаў з адкрытымі галерэямі, зроблены два прамежкавыя мураваныя элементы. Для стылю Глаўбіца "асаблівае значэнне мае моцнае расчляненне шчыта фасада і арыгінальная форма вежаў, стрэлападобнасць якіх архітэктар часткова атрымлівае сродкамі, вядомымі па касцёле св. Кацярыны і касцёле ў Сталовічах. Як і ў касцёле св. Кацярыны, тут прысутнічаюць высокія вежы, нізкія паверхі з авальнымі вокнамі і чатырма вуглавымі валютамі, якія трымаюць вазоны. Роднасць з касцёлам у Сталовічах … выяўляецца ў звужаным верхнім ярусе вежаў нармальнай вышыні і зноў жа валютамі па кутах. У полацкай царкве архітэктар уводзіць новы, раней невядомы матыў - падымае вежы праз яшчэ адзін нізкі і звужаны паверх, у выніку чаго агульны сілуэт вежаў мае амаль што пірамідальную форму".


Ёсць меркаванне, што ў другой палове XVIII ст. у Лідзе, магчыма, па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, у стылі барока быў пабудаваны фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу.

Lorents St. Jan Krzysztof Glaubitz, architekt wileński XVIII wieku: Materiały do biografii i twórczości. Warszawa, 1937.

Аднак аўтарства барочнага касцёла з'яўляецца спрэчным. Імя Іагана Крыштафа Глаўбіца часта згадваецца ў якасці меркаванага архітэктара касцёла не толькі ў навукова-папулярных даследаваннях, але таксама і ў навуковых артыкулах і энцыклапедыях. Але імя гэтага найвыдатнейшага архітэктара віленскага барока згадваецца ў тастаменце біскупа Міхала Зянковіча ад 1761 г., у якім выканаўцам тастамента рэкамендуецца пабудаваць новы касцёл у Лідзе. Здаецца, першым апублікаваў гэты фрагмент тастамента біскупа з узгадваннем Глаўбіца Эўзебіюш Лапацінскі перад 1939 г. [3]

Біскуп Зянковіч памёр 23 студзеня 1762 г., а будаўніцтва мураванага парафіяльнага касцёла ў Лідзе пачалося толькі ў 1765 г. Праз два гады, 30 сакавіка 1767 г., памёр і Глаўбіц. У гэтым выпадку стылістычны аналіз формаў фарнага касцёла не можа быць эфектыўным інструментам, арыгінальнай засталася толькі канструкцыя прэзбітэрыюма 1765-1770 гадоў, астатнія ж часткі - фасад і бакавыя фасады сталі вынікам перабудоў з апошніх гадоў XVIII ст. Першапачаткова фасад меў дзве трохпавярховыя вежы, ніжнія часткі якіх захаваліся да нашых дзён. Варта таксама адзначыць, што ўжо праз сем гадоў пасля завяршэння будаўніцтва, касцёл знаходзіўся ў дрэнным стане, дэфекты пагражалі сур'ёзным пашкоджаннем або нават абвальваннем скляпення з-за выкарыстання дрэнных матэрыялаў і несумленнай працы муляроў. Праўда, і дзве пабудовы Глаўбіца абваліліся (вежы віленскіх катэдры і ратушы), але гэта, хутчэй за ўсё, адбылося не з-за адсутнасці прафесіяналізму ці халатнасці. Глаўбіц ніколі не прысутнічаў на будаўніцтве касцёла ў Лідзе, але калі б ён зрабіў праект, дык, безумоўна, хаця б зрэдку кантраляваў ход будаўнічых работ, вядома, толькі да сваёй смерці ў 1767 г.

Варта таксама адзначыць, што біскуп Зянковіч у сваім тастаменце толькі рэкамендаваў наняць Глаўбіца, і гэта патрабаванне выканаўцы не былі абавязаны выконваць. Нягледзячы на тое, што сума, выдзеленая біскупам (50 000 тынфаў і 7 500 чырвоных злотых) была даволі значнай, магчымасці падрадчыкаў і ў першую чаргу віленскага суфрагана Тамаша Зянковіча (які ўзяўся за пабудову фары) былі, безумоўна, далёкімі ад тых, якія меў Міхал Зянковіч. І таму шанцы наняць Глаўбіца былі малымі.


Што можна сказаць пра стыль Лідскай фары?

Барочны галоўны фасад лідскага касцёла завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам і расчлянёны слаістымі пілястрамі. Пілястры, разам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах ствараюць рытміку бакавых фасадаў з вытанчана прафіляваным антаблементам.

Таксама і бакавыя вонкавыя фасады касцёла прарэзаны пілястрамі і маюць яўныя вертыкальныя тэндэнцыі. Але з-за адсутнасці вежаў, якія святыня страціла ў хуткім часе пасля заканчэння яе будаўніцтва, касцёл, у цэлым, не пакідае ўражання імкнення ўверх, але і не здаецца прыземленым, прыціснутым да зямлі, што было б натуральным для будынка, які страціў свае дамінанты - вежы.

Пра выгляд вежаў можна меркаваць толькі па адным панарамным малюнку Ліды, выкананым нейкім з вучняў Лідскай піярская школы, на якім мы бачым Лідскую фару з вежамі але без усялякіх падрабязнасцяў канструкцыі. Касцёл намаляваны ў праекцыі, пры якой контуры дзвюх вежаў зліваюцца ў адну, тым не менш, бачна, што вежы Лідскай фары не мелі стрэлападобнасці, уласцівай вежам касцёлаў Глаўбіца.

Алтар Лідскай фары падобны на іншыя алтары позняга барока ці ракако таго часу, але больш дэталёвы аналіз стылістычных асаблівасцяў лідскага алтара знаходзіцца па-за межамі маёй кампетэнцыі.

ІАГАН КРЫШТАФ ГЛАЎБІЦ, ВІЛЕНСКІ АРХІТЭКТАР XVIII СТАГОДДЗЯ

Станіслаў Лоранц

Матэрыялы да біяграфіі і творчасці


1. Жыццяпіс

Імя віленскага архітэктара Яна (так у Лоранца - Л. Л.) Крыштафа Глаўбіца да гэтага часу вядома толькі па дзвюх згадках, апублікаваных з розніцай у некалькі дзесяцігоддзяў. Нягледзячы на нядаўнюю знаходку даволі багатых матэрыялаў, прадстаўленых ніжэй, было б заўчасна спрабаваць напісаць поўную, манаграфічную працу пра яго жыццё і творчасць. Пакуль што не ўдалося скласці поўны спіс дзеяў Глаўбіца, высветліць яго паходжанне або даведацца пра дату нараджэння. Меркаванне, выказанае ў сярэдзіне XIX стагоддзя гісторыкам віленскага пратэстанцкага збору, пра тое, што яго род паходзіць ад сакратара караля Стэфана Баторыя Сабінуса, наглядчыка Віленскага манетнага двара [4], не знаходзіць пацвярджэння і здаецца цалкам беспадстаўным [5]. Хутчэй за ўсё, ён мог быць выкліканы ў Вільню або сам прыбыў сюды пасля вялікага гарадскога пажару 1737 года, калі ўзнікла патрэба ў адбудове шматлікіх касцельных і свецкіх будынкаў. Можна таксама выказаць здагадку, што Глаўбіц па рэкамендацыі сваіх аднаверцаў, як асоба аўгсбургскага евангелісцкага веравызнання [6], быў запрошаны віленскай супольнасцю для аднаўлення згарэўшага збора на вуліцы Нямецкай. У любым выпадку, самая ранняя праца ў Вільні, якую мы можам прыпісаць яму - ляпніна, датаваная 1738 годам, знаходзіцца ў будынках евангелісцка-аўгсбургскага збора, а яго імя мы ўпершыню сустракаем 16 красавіка 1739 года ў запісах гэтага ж збора [7].

Lorents St. Jan Krzysztof Glaubitz, architekt wileński XVIII wieku: Materiały do biografii i twórczości. Warszawa, 1937.

З таго часу і да сваёй смерці Глаўбіц пастаянна пражываў у Вільні, гэта мы бачым у пратаколах пасяджэнняў евангелісцка-аўгсбургскай грамады. Ён адсутнічаў толькі ў 1743, 1745, 1747, 1753 і 1754 гадах. У 1748, 1755, 1757, 1760 і 1764 гадах згадваецца, што Глаўбіц адсутнічае ў Вільні, аднак, гэта ніколі не доўжылася больш за некалькі месяцаў. У 1743 і 1753 і верагодна, у 1745 і 1747 гадах Глаўбіц быў у Літве, і можна меркаваць, што з моманту пераезду сюды, ён не пакідаў межаў Вялікага Княства Літоўскага [8].

У 1742 годзе Глаўбіц у Вільні ажаніўся з Барбарай Людвікай Сухланд, дачкой кантара евангелісцка-аўгсбургскага збора [9]. З 1746 года займаў розныя пасады ў сваёй рэлігійнай грамадзе. У 1746 годзе быў абраны ў раду грамады, а ў 1748 годзе - у раду трыццаці мужоў [10]. З 1756 года - старэйшына і наглядчык (senior i prowizor) будынкаў збора, прычым падчас выбараў на гэтую пасаду, ён паведаміў, што не ўвесь час знаходзіцца ў Вільні і гэта прымушае яго прызначаць сабе намесніка падчас паездак [11]. У 1762 годзе ён адмовіўся ад перавыбрання на пасаду наглядчыка, але захаваў нагляд за будаўнічымі працамі на карысць збора і ў 1766 годзе ўсё яшчэ значыўся як "Bau Conducteur der Kirchenhauser" ("Кіраўнік будаўніцтва дамоў рэлігійнай грамады") [12]. На працягу ўсіх гэтых гадоў Глаўбіц пастаянна выконваў абавязкі ацэншчыка, наглядчыка і кіраўніка будаўнічых праектаў яго рэлігійнай грамады. У прыватнасці, у 1749-1752 гадах кіраваў адбудовай будынкаў збора, якія згарэлі падчас двух гарадскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў [13].

У 1739-1749 гадах Глаўбіц жыў у Сатаноўскай камяніцы [14], якая належала рэлігійнай грамадзе, насупраць брамы францысканскага касцёла, гэтую камяніцу ён сам адрамантаваў у 1739 годзе [15]. У 1749-1767 гадах ад грамады арандаваў афіцыну дома Мюлера [16] (ранейшы дом Гажушоўскі), якую па просьбе рады сваёй рэлігійнай грамады адрамантаваў у 1741-1742 гадах. З таго часу паходзіць мур і брама, якія захаваліся ў двары дома па вуліцы Нямецкай № 5 і сёння аддзяляюць гэтую маёмасць ад дома па Францішканскім завулку № 3/5. У 1748-1749 гадах Глаўбіц цалкам перабудаваў афіцыну і здаў яе ў арэнду паводле дамовы ад 27 верасня 1749 года. У той час гэты дом быў ужо пад дахам, але яшчэ не атынкаваны [17].

Глаўбіц памёр 30 сакавіка 1767 года і быў пахаваны ў Вільні [18].


2. Евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання ў Вільні

Першай вялікай архітэктурнай працай Глаўбіца ў Вільні, калі глядзець храналагічна, была рэканструкцыя евангелісцкага збору аўгсбургскага веравызнання пасля пажару 1737 года, пачатая ў 1738 годзе. Нягледзячы на тое, што імя Глаўбіца згадваецца ў пратаколах пасяджэнняў рады рэлігійнай грамады толькі 18 чэрвеня 1739 года, яму прыпісваецца ляпніна на скляпенні ў зале архіва на другім паверсе вежы збора, пазначанай датай MDCCXXXVIII на тынку над дзвярыма, якія вядуць на хор старэйшын (seniorów). Першапачаткова гэтая зала служыла месцам пасядженняў рады грамады, і, магчыма, таму была адноўлена першай.

1. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, від на лаву з дэкаратыўнай накладкай і хорам; 2. Вільня, евангелісцка-аўгсбургскі збор, хор старэйшын.

Гмах збора, у якім ад папярэдняй пабудовы пасля пажару засталіся толькі сцены, быў цалкам перабудаваны паміж 1739 і 1743 гадамі, а ў наступныя гады зроблена толькі ўнутранае ўпрыгожанне. У 1739 годзе былі пастаўлены прысценныя слупы, у 1740 годзе - вымуравана скляпенне, аркады музычнага хора (мал. 1) і хора старэйшын (мал. 2), а таксама распачаты працы па амбоне (завершаны ў 1741 годзе), атынкавана скляпенне, зроблены кроквы даху, пакладзена падлога і пабудаваны алтар, у 1742 годзе была завершана перамуроўка вокнаў і будаўніцтва хораў, а таксама вымуравана шэсць слупоў і дзве пілястры алтара, пасля чаго пачаліся ляпныя работы на алтары, якія завершаны вясной 1743 года [19] (мал. 3). Як бачна з архіўных запісаў, сучасны выгляд збору, зразумела, што акрамя памераў будынка, якія вызначаюцца сценамі ранейшай пабудовы, паходзіць з часоў адбудовы, якая вялася па праекту і пад кіраўніцтвам Глаўбіца [20].

Роля Глаўбіца выразна акрэслена ў пратаколах пасяджэнняў рады рэлігійнай грамады і бачна з рахункаў часоў адбудовы. Ён з'яўляецца кіраўніком будаўніцтва, за што атрымлівае штомесячны заробак [21], а таксама праектантам не толькі архітэктуры, але і ўнутранага аздаблення, у прыватнасці, ляпніны. Пра гэта сведчыць запіс у пратаколе пасяджэнняў муніцыпальнай рады ад 9 сакавіка 1742 г., які пацвярджае, што др. Арловіюс (Orlovius) ахвяраваў на будаўніцтва алтара 355 фл. запісанных яго памерлай жонкай, і ад імя старэйшын заключыў кантракт з архітэктарам Глаўбіцам на ўпрыгожванне ляпнінай ужо ўсталяванага алтара. Мы можам зрабіць выснову, што Глаўбіц меў свабоду выбару з таго факту, што пытанне замуроўкі акна ў алтары ці размяшчэнне барэльефа са сцэнай Унебаўзяцця было пакінута толькі на яго меркаванне [22]. Гэта таксама пацвярджаецца запісам ад 4 снежня 1742 г. у "Рэестры прыходаў і выдаткаў" адносна разліку выдаткаў на будаўніцтва алтара:

"Архітэктар Крыштаф Глаўбіц разлічыўся за … алтар нашага збора, хай дабраславіць і вітае яго Бог, таксама завяршыў 6-ю круглую калону, 2 пліты на сцяне, 2 капітэлі ў верхняй частцы калоны і многае іншае... заплаціў... фл. 504".

3. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, алтар.

Першапачатковы, сціплы праект алтара быў распрацаваны Глаўбіцам падчас будаўніцтва, а ляпніна алтара, акрамя фігурнай ляпніны, была выканана мастакамі не толькі паводле праекта, але і пры непасрэдным удзеле Глаўбіца.

4. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, сцэна пакланення пастухоў у алтары; 5. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, інтэр'ер.

Для вырабу фігурнай ляпніны, распрацаванай Глаўбіцам, быў наняты раней невядомы скульптар Марсэлі. Аб'ём яго супрацоўніцтва дакладна вызначаны ў "Рэестры даходаў і выдаткаў", які змяшчае наступныя запісы ад 17 снежня 1742 г.:

- Устаноўка 2 анёлаў на вяршыні алтара, выплачана скульптару Марсэлі... фл. 128;

- Яшчэ раз скульптару Марсэлі, за скульптуры Вячэры Панскай, праца ў гіпсе ля алтара... фл. 120;

- Таму ж самому за выяву Труны Гасподняй... фл. 96;

- За партрэт das Bildniiss des Heylandes am Kreutz, Марселі.., фл. 80.

У наступным годзе 20 красавіка 1743 г.:

- Скульптару Марсэлі за 6 статуй побач з алтаром: 4 Евангелісты і 2 апосталы - Пятра і Паўла... фл. 432.

6. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, амбон і хрысцільня.

Сюды ўваходзяць усе гіпсавыя фігурныя скульптурныя ўпрыгожванні алтара, якія захаваліся да нашых дзён у нязменным стане [23] (мал. 4).

Акрамя ўжо згаданых архітэктурна-будаўнічых работ і алтара ў евангелісцка-аўгсбургскім зборы, Глаўбіц з'яўляецца аўтарам наступных твораў:

1) вапнавыя тынкаваныя скляпенні ў выразна барочным стылі з геаметрычнымі ўзорамі з дамінантнымі S-вобразнымі аркамі і арачнымі зводамі, якія праходзяць па скляпенню (1741) [24] (мал. 5);

2) хрысцільна з чатырма купідонамі, увянчаная на вечку фігурамі Немаўляці Ісуса і св. Яна Хрысціцеля, зроблена раней за алтар, на што паказвае дата MDCCXLI на краю чашы (мал. 6);

3) упрыгожванне амбона, а менавіта дзве постаці анёлаў на балюстрадзе прыступак, над балдахінам постаць Хрыста - добрага пастыра, барэльефы на палях балюстрады, якія сімвалізуюць статак Панскі, і жалезныя краты, якія закрываюць уваход на прыступкі, з выкутай на іх датай 1746. Магчыма, скульптурнае ўпрыгожванне амбона таксама датуецца гэтым годам, але ў любым выпадку яно не згадваецца ў "Рэестры прыходаў і выдаткаў".

І нарэшце, наступныя прадметы, несумненна, былі выкананы паводле праекта Глаўбіца:

1) рамы дзвюх дошак для спеваў, падораных у 1745 годзе Карлам Фрэйзерам, выразаныя з дрэва [25];

2) дзве лавы з багатым разьбяным (сніцарскай работы - Л.Л.) арнаментам, балдахін над хорам старэйшын (мал. 8);

3) лавы нефа, асабліва лавы першага рада з разьбяной драўлянай накладкай (мал. 1);

4) шафа аргана, пабудаваная ў 1753 годзе Н. Янцэнам [26].

7. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, дошка спеваў

Мы можам зрабіць выснову пра аўтарства Глаўбіца як з-за яго шматграннай ролі ў адбудове збору, так і з-за падабенства кампазіцыі і арнаментальных матываў з арнаментамі, якія сустракаюцца ў іншых працах архітэктара. Лаўкі, верагодна, былі зроблены пасля 1743 года, бо яны не згадваюцца ў "Рэестрах даходаў і выдаткаў", якія вельмі старанна вяліся да гэтага года, і не пазней за 1746 год, калі, здаецца, адбудова збору была канчаткова завершана.

8. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, лаўка пад хорам старэйшын

Маецца пытанне - якія скульптары супрацоўнічалі з Глаўбіцам у гэтай працы, акрамя выканаўцы скульптур алтара Марсэлі. Разьба па дрэву, магчыма, была выканана невядомым "скульптарам, які стварыў скульптуры для гэтага горада і для пратэстантаў". Скульптары і барэльефы хрысцільні і амбона, калі яны не з'яўляюцца працай Марсэлі, мог выканаць Ёган Карл Фрэзер [27] - скульптар, які згадваецца ў метрыках, ахвярадаўца дошак для спеваў, або Ёган Юліюс [28].


3. У храналагічнай паслядоўнасці вядомых прац Глаўбіца, пасля евангелісцкага збору, ідзе касцёл св. Кацярыны ў Вільні, да адбудовы якога Глаўбіца запрасілі пасля знішчэння касцёла пажарам у 1737 годзе

Калі 16 лістапада 1741 года абатыса Сібіла Рэйтаноўна ад імя Віленскага кляштара бенедыктынак заключыла кантракт з Глаўбіцам, сцены і скляпенні касцёла ўжо існавалі. Глаўбіц абавязаўся пабудаваць толькі багата ўпрыгожаныя дэкаратыўнай і фігуратыўнай ляпнінай двухвежавы фасад (мал. 9) і франтон над прэзбітэрыюмам (мал. 10) паводле ўласнага праекта, які ён ужо прадставіў, але яшчэ павінен быў падрабязна дапрацаваць. Глаўбіц таксама абавязаўся кантраляваць будаўніцтва, аднак папярэдзіў, што ён не зможа "пастаянна прысутнічаць на гэтай пляцоўцы з-за іншых праектаў". Ляпныя работы павінен быў выканаць спецыяльна наняты для гэтай мэты, у адпаведнасці з патрабаваннямі і інструкцыямі Глаўбіца, майстар [29].

Існыя сцены і скляпенні касцёла датуюцца апошнімі гадамі XVII стагоддзя. Больш дакладную дату пабудовы дае адна з візітацый пачатку XIX стагоддзя. У ёй ёсць заўвага, што ў 1692 годзе дзве дачкі Яна Фелікса Паца, камергера Вялікага Княства Літоўскага, пайшлі ў кляштар і прынеслі з сабой кляштару маёнтак Дзісна, і "пасля гэтага, з гэтай падзеі і даты, з 1692 года, з-за павялічэння колькасці законніц, маючы іх грашовы ўнёсак і іх коштам, пабудавалі як памяшканне кляштара, гэтак і сам касцёл з усім яго ўнутраным і вонкавым убранствам" [30]. Будаўніцтва, несумненна, было завершана да 1703 года, калі касцёл быў асвечаны [31].

Праз сорак гадоў шчодрае ахвяраванне Пацаў было адзначана картушом з іх гербам на фасадзе касцёла над сярэднім акном другога паверха і ўключэннем матыву геральдычнай лілеі ў арнамент вонкавай ляпніны касцёла.

Будаўніцтва фасада заняло тры гады, пра што сведчаць лічбы 1743 на жалезных кратах балюстрадаў вежаў. Магчыма, што яшчэ ў 1744 годзе завяршаліся ляпныя работы на фасадзе і на франтоне над прэзбітэрыюмам. У тым жа і наступным гадах працягваліся работы над упрыгожваннямі інтэр'еру касцёла. Пра гэта напісана ў найстарэйшым з інвентароў, з захаваўшыхся ў кляштары, напісаным у 1746 годзе [32]: "Гэты касцёл, пад уладай памерлай у Богу ЯВ панны Сібілы Рэйтаноўны, абацісы кляштара... праз вялікія выдаткі быў адноўлены. У выніку фацыята (цэнтральная частка фасада) ля ўваходу ў касцёл мае гіпсавыя капітэлі, ганачак з жалезнымі кратамі і дзве высокія вежы, пакрытыя меднай бляхай... Другая фацыята за вялікім алтаром (з боку горада), зроблена са стуку [33] з гіпсавымі капітэлямі" . У той час ужо была скончана капліца Божага Провіду (мал. 9 і 11), якая стала асобным элементам у касцёле, цяперашні стан якой ва ўсіх дэталях адпавядае апісанню інвентара ад 1746 года [34]. Капітэлі і алтар зроблены Іаганам Гедлем, "майстрам тынкоўкі і фальшывага мармуру", у адпаведнасці з кантрактам, які ён заключыў у 1746 годзе з абатысай Мехтыльдай Хільсенаўнай, і "згодна з архітэктарам" [35]. Гэтым архітэктарам, несумненна, быў Глаўбіц, хоць яго імя не згадваецца ні ў кантракце, ні ў інвентары. Мы можам, безумоўна, зрабіць выснову пра гэта з характару ляпнога дэкору капліцы, які паўтарае матывы, вядомыя нам па евангелісцкім зборы і па знешнім упрыгожванні касцёла св. Кацярыны: арнаментальная ляпніна па геаметрычным узоры вакол чашы купала, вазоны на цокалях у пасах паміж вокнамі купала і ляпніна над вокнамі. Як вынікае з нататак Гедля на кантракце, і тут, як і ў евангелісцкім зборы, першапачатковы, больш сціплы праект алтара быў узбагачаны падчас працы праз дадаванне фігур Найсвяцейшай Панны і св. Яна, звязаных з выявай укрыжаванага Пана Езуса, у той час як першапачаткова, верагодна, меркавалася размясціць па баках алтара толькі фігуры св. Пятра і св. Паўла. Акрамя архітэктуры, Глаўбіцу можна прыпісаць праект усяго ўбранства капліцы, у тым ліку кратаў на ўваходных дзвярах, і, верагодна, усе ляпныя работы, за выключэннем алтара і знешніх капітэляў, якія выкананы пры яго непасрэдным удзеле.

Пацверджанне падпарадкаванай ролі Гедля, які быў толькі рамеснікам па ляпніне, можна знайсці і ў іншым выпадку. Калі ў 1759-1765 гадах Гедль збудаваў ляпныя алтары, амбон і канфесіянал у касцёле бернардынак у Слоніме, план таксама быў прадстаўлены архітэктарам, і Гедлю было даручана толькі мураванне і ляпніна [36].

9. Вільня, касцёл св. Кацярыны, від на вежы і капліцу Божага Провіду; 10. Вільня, касцёл св. Кацярыны, шчыт над прэзбітэрыем.

Узнікае пытанне, ці выконваў Гедль таксама і вонкавую ляпніну касцёла ў 1743-1744 гадах. Здаецца, адказ станоўчы, і Гедль, верагодна, быў таксама і мастаком па ляпных работах, якога прызначалі бенедыктынскія сёстры ў адпаведнасці з іх кантрактам з Глаўбіцам, які распрацаваў не толькі агульны, але і падрабязны ляпны дэкор (мал. 12). Такім чынам, Гедль зноў быў выканаўцам, а Глаўбіц - фактычным творцам вонкавай ляпніны, пры гэтым несумненна, што ў пэўнай ступені, ён залежаў ад пажаданняў фундатараў. Гэта тычылася выбару сюжэтаў і, верагодна, сімвалаў, якія мастак меў прадставіць. Бо галоўны партал павінен быў падкрэсліваць ролю бенедыктынскага ордэна ў вяршэнстве касцёла. У цэнтры знаходзіцца эмблема ордэна - падвойны крыж. Штандары з узлятаючым арлом і пагоняй, размешчаныя па баках над ваенным рыштункам: гарматамі, пірамідамі з ядраў, шлемам, бубнам і бочкай з порахам, прызначаны падкрэсліць удзел бенедыктынцаў, ці наогул касцёла ў гэтай барацьбе (мал. 13). Надпіс "Pro Ecclesia Triumphanti Pugnamus In Militanti" тлумачыць намер фундатарак. Тэма ляпніны над сярэднім акном фасада цесна звязана з законам бенедыктынак і іх віленскім кляштаром. Надпіс Vineae Meae Nec Liliae Desunt", размешчаны вакол картуша з гербам Пацаў Газдава, мае двайное значэнне - як напамінанне пра Пацаў і пра кляштар бенедыктынак, што сімвалізуе двухвежавы касцёл і капліца з купалам, апраўленым вінаграднымі лазамі. Акрамя таго, праграма, распрацаваная бенедыктынкамі, мела за мэту паставіць фігуру св. Бенедыкта і св. Схаластыкі ў нішах фасада, а ў нішах шчыта над прэзбітэрыюмам - св. Рамуальда і св. Кацярыны (мал. 10). Дабрачынцаў ўвекавечылі сваімі гербамі - ужо згаданай Газдавай Пацаў на фасадзе і на картушы над акном вежы. Герб Багорыя Валовічаў у картушах над вокнамі другога паверха вежаў і ў знешнім картушы капліцы Божага провіду, а Грыф і Корчак (?) на шчыце над прэзбітэрыюмам, верагодна, звязаныя з Янам Каралем Хадкевічам [37].

11. Вільня, касцёл св. Кацярыны, купал капліцы Божага Провіду

На момант напісання інвентара 1746 года ўнутранае ўбранне касцёла набліжалася да завяршэння. Шэсць бакавых алтароў былі цалкам завершаны і толькі галоўны алтар і алтар св. Гертруды былі яшчэ не пазалочаныя. Гэта драўляныя алтары, часткова сталярнай, часткова разьбяной (сніцарскай) работы, з калонамі, фігурамі святых і анёлаў, усе двух'ярусныя, за выключэннем меншага алтара Маці Божай Балеснай. Побач з уваходам у капліцу Божага Провіду, там дзе і сёння, стаяў амбон. Ён быў "часткова сталярнай, часткова разьбяной работы, падтрымліваўся двума пазалочанымі серафімамі, па баках гэтага амбона ёсць выявы васьмі святых доктараў касцёла, упрыгожаных срэбрам і золатам". Злева ад галоўнага ўваходу, ля сцяны, стаяў невялікі драўляны хор для свецкай музыкі. Інвентар выразна кажа, што ўнутранае ўбранне касцёла выканана нядаўна.

Спраектаванае Глаўбіцам і выкананае значным коштам і вялікай працай унутранае ўбранне касцёла, па невядомых прычынах, усяго праз некалькі гадоў было заменена на значна больш дасканалы комплекс ляпных алтароў і амбона з памаляванага стуку, які існуе і сёння. Будаўніцтва новых алтароў і амбона, верагодна, пачалося з галоўнага алтара ў 1752-53 гадах, што паказвае надпіс на алтары "D.O.M. 1753", і, магчыма, працягвалася да 1759 года, калі былі прывезены абразы Чаховіча. Да 1762 года спраектаваны і выкананы Яўхімам Гертэгенам ("Konsztu Sztukteryi Magister" [38]) два хоры з памаляванага стуку. Нягледзячы на выразнае сцвярджэнне ў кантракце, падпісаным Гертэгенам з абатысай Ганнай Валовічаўнай, што ён павінен выканаць абодва хоры, "згодна з прадстаўленым абрысам, зробленым ім самім, з любым вынаходніцтвам, якое б яно не было", няма дастатковых падстаў, каб прыпісваць яму таксама і аўтарства алтара і амбона. Паміж праектаваннем алтароў і падпісаннем кантракту з Гертэгенам на будаўніцтва хораў прайшло прыблізна 10 гадоў. У кантракце няма згадкі пра яго папярэднюю працу ў касцёле, але ў ім ёсць пункт, які сведчыць пра адваротнае, што майстар павінен быў зрабіць ляпніну па ўзорах існых ужо алтароў і амбона. Акрамя таго, малаверагодна, што майстар сам распрацоўваў складаную архітэктуру алтара, бо звычайна гэта ўваходзіла ў абавязкі архітэктара. Супрацоўніцтва Гертэгена ў справе пабудовы алтара і амбона не выключаецца, але толькі ў якасці выканаўцы стукавых работ.

12. Вільня, касцёл св. Кацярыны, шчыт фасада

Варта меркаваць, што аўтарам новых алтароў і амбона быў не Глаўбіц, а выканаўцам - не Гедль. Бо алтары, спраектаваныя Глаўбіцам, былі дэмантаваныя і замененыя на новыя, якія ў параўнанні з фасадам касцёла і капліцай Божага Провіду, уяўляюць з сябе выразна наступны, зусім іншы этап развіцця архітэктуры і архітэктурнага ўпрыгожвання Вільні, які сімвалізуе росквіт стылю ракако. Трэба меркаваць, што алтары для касцёла св. Кацярыны былі спраектаваны іншым архітэктарам, з пакалення, маладзейшага за Глаўбіца, якія, магчыма, прыбылі ў Вільню пасля гарадскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў.

У манастырскіх будынках мы не знаходзім слядоў дзейнасці Глаўбіца. Тры крылы мураванага манастыра паўсталі ў ранейшыя часы, а чацвёртае, якое замыкае ўнутраны дворык, было пабудавана толькі на пачатку XIX стагоддзя. Найстарэйшая частка манастыра - гатычная зала з няправільным, амаль што квадратным планам, перакрытая чатырохполевымі сотавымі (алмазнымі) скляпеннямі, якія падтрымліваюцца адной калонай. Зала, несумненна, была часткай камяніцы, запісанай бенедыктынкам у 1622 годзе разам з дзвюма сядзібамі і пляцам фундатарамі Віленскага кляштара Мікалаем і Кацярынай Гарадыскімі [39]. Такія скляпенні з'явіліся ў познягатычнай віленскай архітэктуры ў другім дзесяцігоддзі XVI стагоддзя. У гэты час былі пабудаваны знакамітыя скляпенні Бернардынскага касцёла, а таксама сотавыя скляпенні, якія захаваліся ў апсідах царквы св. Мікалая і царквы св. Тройцы, фундаваных у 1514 годзе Канстанцінам Астрожскім. З таго жа часу паходзіць і гатычная зала ў сценах манастыра бенедыктынак, яе першапачатковае прызначэнне, несумненна, было свецкім, а не касцельным. Як можна меркаваць з планіроўкі кляштарных будынкаў, камяніца фундацыі Гарадыскіх, стаяла пры вуліцы, якая вяла ад Рыначнай плошчы міма Дамініканскага касцёла да віленскай брамы (сённяшняя вуліца Шкляная і завулак св. Ігнацыя), і перпендыкулярнага ёй завулка, які вядзе да Віленскай вуліцы, скасаванага з-за разбудовы кляштара і касцёла. Таму вялікая зала, верагодна, першапачаткова выкарыстоўвалася ў гандлёвых мэтах. Пра гэту залу няма згадкі ні ў інвентары 1746 года, ні ў інвентарах і візітацыях наступных гадоў, што сведчыць аб тым, што з пачатку XVIII стагоддзя, як і сёння, яна выкарыстоўвалася выключна як склад.

Тры крылы мураванага кляштара, апісаныя ў інвентары 1746 года, былі пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя, хутчэй за ўсё, пасля 1692 года, калі фундацыя Пацаў заклала трывалы падмурак для росквіту гэтага Віленскага кляштара. Барочныя аркады на двух паверхах цэнтральнага крыла працягваюць традыцыю значна ранейшых аркадных двароў Акадэміі і алюмінату ў Вільні. Толькі брама кляштара датуецца часам адбудовы касцёла ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, яна з'явілася пасля 1746 года, як можна меркаваць з заўвагі ў інвентары: "Першая брама, якая мае бляху...". Гэтая брама, хутчэй за ўсё, звязана з другім этапам адбудовы, калі паўсталі стукавыя алтары, чым з больш раннім этапам, калі з'явіліся фасад і шчыт над прэзбітэрыумам і капліца Божага Провіду.

Як вынікае з гэтых меркаванняў, роля Глаўбіца ў адбудове гмахаў бенедыктынак у Вільні, верагодна, абмяжоўвалася выключна адбудовай касцёла, і можна упэўнена сцвярджаць пра яго актыўную і вырашальную ролю як архітэктара, аўтара ляпніны і ўнутранага аздаблення, а таксама будаўніка ў перыяд з 1741 па 1746 год [40].


4. Адначасова з будаўніцтвам касцёла св. Кацярыны ў Вільні Глаўбіц будуе касцёл Камандорыі рыцараў Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах (мал. 14)

13. Вільня. Касцёл Святой Кацярыны, фрагмент галоўнага партала.

Камандорыя была заснавана тут у 1610 годзе Мікалаем Кшыштафам Радзівілам для свайго сына Жыгімонта Караля [41], які паставіў драўляны касцёл Найяснейшай Панны Марыі і св. Яна Хрысціцеля, а потым, у 1639 годзе, мураваную ларэтанскую капліцу [42]. Будаўніцтва мураванага касцёла пачалося каля 1740 года тагачасным уладальнікам Сталовічаў, камандорам Мальтыйскага ордэна Міхалам Дамброўскім. Юзаф Фантана, якога ён наняў у якасці архітэктара і кіраўніка работ, пагадзіўся пабудаваць касцёл за 50 000 злотых, пры тым што заснавальнік забяспечваў цэглу і вапну [43]. З-за смерці Дамброўскага будаўніцтва на доўгі час прыпынілася, як мяркуецца, па віне Фантаны, і таму на яго месца нанялі Глаўбіца. У позве супраць Фантаны, пададзеным кс. Жулкоўскім у сакавіку 1743 года, ісцец згадвае, што Фантана пабудаваў "толькі траціну пачатага касцёла", а пасля скасавання з ім дамовы адмовіўся прадставіць эскіз усяго гмаха [44].

У існым касцёле мы выразна адрозніваем працу Фантаны ад працы Глаўбіца. Да спадчыны Фантаны адносяцца гарызантальная планіроўка будынка і муры першага паверха, у тым ліку галоўны партал.

Раней пабудаваная ларэтанская капліца стаяла асобна ад драўлянага касцёла і яго званіцы [45], але Фантана па восі галоўнага нефа ўключыў капліцу ў новы касцёл, за прэзбітэрыюмам, паміж нядаўна пабудаванымі сакрыстыямі і дапаможнымі памяшканнямі, размешчанымі ў пашырэннях бакавых нефаў. Глаўбіц не абмежаваўся працягам будаўніцтва ў рамках праекта Фантаны, але падрыхтаваў свой уласны праект для далейшага будаўніцтва, адрозны ад праекта Фантаны, у межах ужо існых сцен. Праца Глаўбіца ўключае верхнія ўзроўні касцёла, у прыватнасці, двухвежавы фасад, за выключэннем першага паверха, і ўнутранае ўбранне.

У 1870-х гадах, падчас пераўтварэння касцёла ў праваслаўную царкву, яго канструкцыя была зменена, фасад збарбарызаваны, інтэр'ер значна збяднеў з-за разбурэння бакавых алтароў і амбона. Інвентар царквы, складзены ў 1746 годзе, адразу пасля завяршэння будаўніцтва Глаўбіцам, дазваляе зрабіць прыблізную рэканструкцыю яе першапачатковага выгляду [46]. Дах касцёла і капліцы быў значна вышэйшы, пакрыты "чырвонай дахоўкай, рыфленай па кутах, зялёнай, глазураванай". Першапачатковая вышыня даху сведчыць, што ён прымыкаў да сцяны, што бачна на цэнтральным шчыце фасада з боку страхі. Вежы мелі тры ярусы, пакрытыя "ніжэйшымі і вышэйшымі купаламі, багата абабітыя бляхай, з вялікімі крыжамі сталярнай работы, з пазалочанымі разеткамі і прамянямі". Фасад быў упрыгожаны "калонамі, пастаментамі і вазамі, багата пакрыты бляхай, на вяршыні знаходзіўся пазалочаны крыж сталярнай работы". На даху меліся дзве сігнатуркі, адна над прэзбітэрыюмам, другая над капліцай, "абедзве багата пакрытыя бляхай".

Гэтая інфармацыя дапамагае зразумець накірунак зменаў Глаўбіца ў параўнанні з першапачатковым праектам і пацвердзіць высновы, зробленыя пры аналізе фасада. На шырокім першым ярусе фасада, спраектаванага Фантанай, Глаўбіц пабудаваў верхнія ярусы, канцэпцыя якіх характарызуецца выразнымі вертыкальнымі тэндэнцыямі. Тут ён быў вымушаны шукаць рашэнні, якія адрозніваліся ад яго рашэнняў з аднастайна аформленым, замкнёным фасадам касцёла св. Кацярыны. Ён вырашыў значна звузіць верхнія ярусы вежаў, над якімі, як вядома з інвентара, узвышаўся яшчэ і трэці ярус. Відавочна, улічваючы значную шырыню фасада, архітэктар палічыў гэта недастатковым, і таму замест сярэдняга, нізкага яруса, на якім устаноўлены купалы касцёла св. Кацярыны, ён спраектаваў высокія вежы "з ніжэйшымі і вышэйшымі купаламі", верагодна, тыповыя познебарочныя вежы з адкрытымі галерэямі. Іншае рашэнне гэтай ідэі можна знайсці крыху пазней у фасадзе базыльянскай царквы св. Сафіі ў Полацку, дзе для дасягнення стройнасці вежаў пры таксама шырокім фасадзе, які закрывае трохнефную царкву, самыя высокія ярусы вежаў былі значна звужаны і замест вежаў з адкрытай галерэяй зроблены два прамежкавыя мураваныя элементы. У выніку звужэння і, верагодна, у сувязі з гэтым, паніжэння вышыні верхніх паверхаў вежаў, карніз шчыта, які калісьці маскіраваў высокі двухсхільны дах, цяпер выступае над лініяй карнізаў вежаў. Гэта не мае аналагаў у іншых двухвежавых касцёлах Вільні і Віленшчыны з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Трэба меркаваць, што з кутоў звужаных вежаў уніз спускаліся валюты [47]. Размяшчэнне гэтых валют, якія, напэўна, апраўлялі франтон фасада з бакоў, цяжка рэканструяваць. Віленскі касцёл місіянераў пераконвае нас, што архітэктар не заўсёды мог злучыць валюты шчыта і вежаў, калі пры праектаванні шчыта ён быў абмежаваны старымі сценамі касцёла.

14. Сталовічы. Касцёл, зараз царква

У той час як ніжняя частка касцёла - справа Фантаны, верхнюю частку інтэр'еру трэба прыпісаць Глаўбіцу. Характэрным для яго ёсць паслядоўны вертыкалізм інтэр'ера касцёла, які выяўляецца ў адсутнасці якіх-небудзь гарызантальных падзелаў і ў моцным акцэнце на вертыкальных пілястрах. Глаўбіц таксама з'яўляецца аўтарам музычнага хора, пры гэтым ён паўтарыў у змененых прапорцыях план ранейшага хора старэйшын Віленскага евангелісцкага збору, а таксама аўтарам алтароў, з якіх захаваўся толькі галоўны алтар, а таксама зніклага зараз амбона і арганнай шафы. Тлумачэнне канцэпцыі вялікага алтара (мал. 15) можна знайсці ў вышэйзгаданым інвентары 1746 года: "Вялікі алтар мае два ярусы ляпніны з гіпсам, у ніжнім ярусе дзве гіпсавыя статуі Пана Езуса і св. Яна Хрысціцеля, у верхнім - Святога Духа, пасярэдзіне - адлітая галава св. Яна. Па баках знаходзяцца чатыры калоны, пафарбаваныя ў блакітны колер і паліраваныя, з гіпсавымі капітэлямі. У самым верхнім ярусе, у Славе - ваза з кветкамі, таксама ляпная". Гэтае апісанне дапаўняецца інвентаром 1793 года: "На ніжнім узроўні дзве статуі з гіпсу: св. Ян Хрысціцель, які хрысціць Пана Езуса ў Ярдане, у задняй частцы цымборыюм; на другім, верхнім узроўні, галава святога Яна з гіпсу на паўмісе...". Скульптура хрышчэння ў Ярдане, якая разбурана падчас перабудовы ў царкву, месцілася ў вялікай аркадзе ў бок Ларэтанскай капліцы, была цэнтральным і галоўным матывам вялікага алтара, што адпавядала назве царквы. Архітэктура і скульптуры алтара былі зроблены з белага стуку, а чатыры калоны - са стуку, пафарбаванага ў светла-блакітныя колеры. Канструкцыя вялікага алтара Сталовіцкага касцёла з'яўляецца развіццём тыпу алтара Віленскага евангелісцкага збору, яго арнамент паўтарае матывы, вядомыя з евангелісцкага збору і касцёла св. Кацярыны. У прыватнасці, картуш з галавой святога Яна з'яўляецца варыянтам картуша ў надалтарным акне купала капліцы Божага Провіду, а вазы - варыянтамі алтарных ваз евангелісцкага збору.

Два алтары ля слупоў нефа: Найсвяцейшай Панны Шкаплернай і св. Антонія, а таксама алтар св. Тадэвуша ля ўваходу ў Ларэтанскую сакрыстыю, былі "двух'ярусныя, цеслярска-разьбярскай работы", багата пазалочанымі і пасярэбранымі [48]. Разбураны падчас рэканструкцыі амбон быў "цяслярска-разьбярскай работы з пазалочанай каронай уверсе, а ў сярэдзіне Святы Дух з пазалочанымі прамянямі, зверху дасканалая сфера з крыжам, пафарбаваная ў блакітны колер з намаляванымі евангельскімі фігурамі" [49], "з багата пазалочанай разьбой" [50]. Акрамя таго, у інвентары 1746 года пералічаны: новыя лавы, пафарбаваныя ў арэхавы колер, "на кожнай панэлі маюць жоўтыя і чырвоныя зоркі", і новы арган, "пафарбаваны ў сіні колер пад мармур з залатымі пражылкамі, усе разьбяныя элементы … багата пазалочаныя, а некаторыя часткі пакрытыя срэбрам". Больш няіснае касцельнае начынне, распрацаванае Глаўбіцам, было дапоўнена "баптыстэрыем... круглай сталярнай работы... пафарбаваным пад чырвоны мармур... На вяршыні баптыстэрыя знаходзіцца статуя св. Яна Хрысціцеля, пафарбаваная ў алебастравы колер..." [51].

15. Сталовічы. Касцёл Камандорыі Мальтыйскіх рыцараў, фрагмент вялікага алтара.

У Ларэтанскай капліцы ад ранейшага засталіся толькі сцены. Глаўбіц замест першапачатковай столі пабудаваў скляпенне і перапрацаваў увесь інтэр'ер. Паколькі ў капліцы захаваліся толькі сцены, я цытую апісанне, дадзенае ў інвентары касцёла ад 1746 года: "За Вялікім алтаром капліцы, нядаўна атынкаваная, пабеленая скляпеністая столь, пафарбаваная ў сіні колер з зоркамі, з жалезнымі кратамі ў цэнтры, на якіх вісіць крыштальная люстра з чатырма падсвечнікамі, з такім жа начыннем, як і ў касцёле [52] ... Табулатура (форма запісу музыкі, тут табліца з запісам музыкі - Л. Л.) з кратамі адрамантаваная, з новым карнізам, на якім пазалочанае імя Марыі, выразанае з аблокамі, а аблокі пасярэбраныя. Табулатура з карнізам пафарбаваная пад мармур у розныя колеры, з пазалочанымі імем "Марыя" разьбяной работы ў аблаках, аблокі пасрэбраныя. Краты з ліштвамі пасярэбраныя, над якімі ў карнізе выказаны словы "Radiviliadas Tu Pia Virgo Rege". Распрацаваныя Глаўбіцам дубовыя дзверы ў капліцу з багатым латунным акуццем, якое захавалі да сёння, былі "пафарбаваны ў розныя колеры на белай аснове". У новым рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле ў Сталовічах захоўваецца табернакль (даразахавальніца - Л. Л.), перанесены з Мальтыйскага касцёла, з галоўнага алтара Глаўбіца, згаданага ў інвентары 1746 года: "...разбяной работы, пазалочаны. In medio Imago Crucifixi (пасярэдзіне - выява Распятага)"...

Іншыя ўдзельнікі будаўніцтва Сталовіцкага касцёла невядомыя. Улічваючы непасрэднае кіраўніцтва Глаўбіца дэкаратыўнымі ляпнымі работамі ў Евангелісцкім зборы, а таксама знішчэнне скульптур алтара, цяжка з упэўненасцю сказаць, ці наймаў архітэктар майстроў ляпніны, якія працавалі з ім у Евангелісцкім зборы і ў касцёле св. Кацярыны. Гэтае пытанне, верагодна, можна вырашыць толькі шляхам выяўлення дадатковых архіўных матэрыялаў з гісторыі будаўніцтва касцёла [53].


5. Характар і памеры ўдзелу Глаўбіца ў будаўніцтве евангелісцка-аўгсбургскага збора і касцёла св. Кацярыны ў Вільні, а таксама касцёла Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах у 1738-1746 гадах, можна вызначыць з поўнай дакладнасцю, абапіраючыся на архіўныя матэрыялы і аналіз саміх помнікаў. Аднак звесткі і пра яго пазнейшыя працы больш агульныя. Палепшыць іншыя нашы веды цяжка, бо больш важныя з вядомых нам будынкаў, пастаўленых Глаўбіцам пасля 1748 года, знаходзяцца ў Беларусі, за дзяржаўнай мяжой.

16, 17. Забелы-Валынцы, вежы былога дамініканскага касцёла. 17. Мсціслаў, вежы былога кармеліцкага касцёла.

У 1749 годзе Глаўбіц пачаў будаўніцтва дамініканскага касцёла ў Забелах-Валынцах. Паміж 1736 і 1742 гадамі прыёр Алян Тракеніцкі ініцыяваў будаўніцтва мураванага касцёла на месцы былога драўлянага. Былі падрыхтаваны цэгла і вапна, а ў 1741 годзе нават прывезлі муляроў з Вільні, але па невядомых прычынах будаўніцтва было спынена. Яго аднавіў толькі прыёр Рэгінальд Ленартовіч, які за заробак у 50 дукатаў у год замовіў Глаўбіцу праектаванне касцёла і кіраўніцтва работамі. Будаўнічыя работы праводзіў майстар Лаўбэ. Будаўніцтва прасоўвалася павольна, і на момант асвячэння касцёла ў 1756 годзе ні вежы, ні інтэр'ер касцёла яшчэ не былі завершаны. У 1756-1759 гадах быў пабудаваны двухпавярховы мураваны кляштар, злучаны з касцёлам калідорам. Алтары пабудавалі пасля 1759 года, пасля таго, як з Вільні прывезлі мастака ляпніны і скульптараў, але ўпрыгожванне вялікага алтара было завершана толькі ў 1764-1766 гадах. У той жа час былі пабудаваны і вежы [54] (мал. 16).

Узнікае пытанне, ці Глаўбіц, які пачаў будаўніцтва ў 1749 годзе, завяршыў яго і ці былі алтары і вежы, а таксама манастыр, пабудаваны па яго праектах. Я лічу, што няма падстаў сумнявацца ў гэтым. Інтэр'ер касцёла мае характэрныя моцныя пілястравыя вертыкальныя падзелы, знаёмыя па касцёле ў Сталовічах.

Скампанаваныя разам двухвежавы фасад з высокім шчытом і крухта [55] ўяўляюць сабой далейшае развіццё тыпу фасада касцёла св. Кацярыны і Сталовіцкага касцёла. Аналагічную крухту мы знаходзім і ў капліцы Божага Провіду. Калі дадаць да гэтага інфармацыю пра запланаваны выезд Глаўбіца ў Полацк у 1764 годзе, непадалёк ад якога знаходзяцца Забелы-Валынцы, дык мы яшчэ больш пераканаемся ў тым, што ён працяглы час займаўся будаўніцтвам і цалкам яго завяршыў [56].

Касцёл у Забелах-Валынцах, у параўнанні з папярэднімі працамі Глаўбіца, сведчыць пра новы, выразны перыяд ракако ў творчасці архітэктара. Гэта датычыць як фасада, так і багата аформленага, шмат'яруснага вялікага алтара, які замыкае ў сябе хор кляштара [57]. У касцёле было 10 алтароў, якія, верагодна, утрымлівалі шмат абразоў высокай мастацкай каштоўнасці, і таму касцёл лічыўся адным з самых велічных у Літве і Беларусі [58]. Недастатковая колькасць ілюстрацыйных і апісальных матэрыялаў у маім распараджэнні не дазваляе скласці больш дакладнае ўяўленне пра комплекс глаўбіцкіх будынкаў у Забелах-Валынцах і зрабіць больш абгрунтаваныя высновы.


6. Адначасова з Забельскім касцёлам, у 1749 годзе Глаўбіц пабудаваў трохпавярховы цагляны палац у Струнях каля Полацка для мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага [59]. Будаўніцтва акружанага вялікімі садамі палаца, верагодна, распачалося некалькі раней, прынамсі ў 1748 годзе, таму можна меркаваць, што забельскія дамінікане прызначылі для будаўніцтва свайго касцёла архітэктара, якога раней прывёз у Полацк мітрапаліт. Акрамя кароткіх згадак, пра палац у Струнях няма ніякай інфармацыі, а тутэйшая ўніяцкая царква не з'яўляецца вынікам творчасці Глаўбіца [60]. Таму асаблівую цікавасць выклікае інфармацыя пра супрацоўніцтва Глаўбіца з уніяцкім мітрапалітам, архібіскупам Полацкім, базыліянінам Фларыянам Грабніцкім, ініцыятарам і фундатарам значнага пашырэння базыліянскай царквы св. Сафіі ў Полацку, аднаго з самых велічных помнікаў архітэктуры ракако ў Вялікім Княстве Літоўскім (мал. 18).


7. Прафесар М. Марэлоўскі выказаў здагадку, што архітэктарам адбудовы царквы св. Сафіі быў Блажэй Касінскі, варшавянін, майстар мулярства і тынку, з якім архібіскуп Грабніцкі ў 1738 годзе заключыў у Варшаве кантракт на рэканструкцыю сабора [61]. Аднак сама фармулёўка кантракту прымушае нас істотна абмяжоўваць ролю Касінскага. Архітэктары займалі значна больш высокае становішча ў сацыяльнай іерархіі XVIII стагоддзя, чым рамеснікі - майстары мулярства, тынку, слясарства і г. д. і заўсёды выразна падкрэслівалі свой тытул у кантрактах, таму і сам Касінскі не прамінуў бы згадаць гэты тытул. Не быў ён архітэктарам, і цяжка ўявіць, што муляру або тынкоўшчыку было даручана праектаванне маштабнага будынка, якое патрабуе навуковых ведаў. Узнікаюць сур'ёзныя сумневы і па іншых прычынах. Базыльянская царква ў Полацку па сваёй архітэктуры належыць да групы віленскіх касцёлаў сярэдзіны XVIII стагоддзя і не мае дачынення да тагачаснай архітэктуры Варшавы, што слушна адзначыў прафесар Марэлоўскі. Аднак яго іншыя здагадкі, напрыклад, што развіццё таленту Касінскага адбылося ў нашым краі і залежала ад мясцовых уплываў, або што ён, магчыма, пераехаў у Вільню і сваёй творчай індывідуальнасцю паўплываў на фармаванне архітэктуры Віленшчыны, неабгрунтаваныя. Мне здаецца, што Касінскага, безумоўна, варта лічыць толькі рамеснікам - тынкоўшчыкам і муляром. Яго прыезд з Варшавы ў 1738 годзе можна растлумачыць візітамі архібіскупа ў сталіцу па справах царкоўнай палітыкі ў сувязі са складаным становішчам грэка-каталіцкай царквы ў той час, а таксама заклапочанасцю віленскіх мастакоў і рамеснікаў аднаўленнем горада пасля пажару 1737 года. Маштаб дзейнасці Касінскага, несумненна, не выходзіў за межы рэканструкцыі старога будынка, і кардынальная адбудова царквы адбылася толькі значна пазней.

18. Полацк. Базыльянская царква св. Сафіі, фасад.

Параўноўваючы даты працяглага знаходжання архібіскупа Грабніцкага ў Вільні ў 1747 годзе, яго прызначэнне мітрапалітам і архімандрытам Кіеўскім 5 студзеня 1748 года, будаўніцтва Глаўбіцам жылога палаца архібіскупа ў Струнях (3 км ад Полацка) у 1748/49 годзе і паўторнага асвячэння царквы св. Сафіі ў 1750 годзе, а таксама ўлічваючы, што Полацк заставаўся рэзідэнцыяй Грабніцкага і пасля яго прызначэння мітрапалітам, мы бачым, што будаўнічыя пачынанні архібіскупа Грабніцкага цесна звязаны з яго новай высокай царкоўнай годнасцю. Верагодна, Грабніцкі сустрэў Глаўбіца, які ў той час быў самым вядомым або адным з самых вядомых віленскіх архітэктараў, падчас свайго знаходжання ў Вільні ў 1747 годзе і даручыў яму кіраваць запланаванымі архітэктурнымі праектамі - не толькі палацам у Струнях, але, відочна, і царквой у Полацку. Выбар архітэктара не цяжка растлумачыць, улічваючы, што Глаўбіц раней ужо вызначыўся ў галіне сакральнага будаўніцтва. Больш за тое, цверджанне, што архітэктарам быў Глаўбіц, найбольш пераканаўча пацвярджаецца аналізам помніка.

19. Полацк, царква Святой Сафіі, гарызантальны план паловы (правы бок). Цёмным пазначаныя сцены, якія захаваліся ад былога гмаха.

У 1748-1750 гадах, гэта значыць ад пачатку будаўніцтва да асвячэння царквы, асноўная частка будынка магла быць гатовая толькі ў агульных абрысах. У любым выпадку, завяршэнне інтэр'еру (мал. 20) і абсталяванне царквы алтарамі, мабыць, заняло больш часу і, магчыма, было завершана нават пасля смерці Грабніцкага ў 1762 годзе, бо Глаўбіц быў у Полацку яшчэ і ў 1764 годзе. Гэтае меркаванне пацвярджаецца і параўнаннем амбона і бакавых алтароў полацкага касцёла з амбонам і алтарамі касцёла бернардзінак у Слоніме, пабудаванага майстрам ляпніны Гэдлем у 1759-1765 гадах (мал. 21). Амбоны і алтары абедзвюх цэркваў не толькі роднасныя, але і амаль што ідэнтычныя, што, з аднаго боку, дапамагае вызначыць даты ўнутранага аздаблення св. Сафіі ў Полацку, а з другога, дазваляе ўстанавіць, што гэтым невядомым архітэктарам, які падрыхтаваў для Гэдля праект алтара, амбона і канфесіянала ў слонімскім касцёле, быў Глаўбіц.

Сыходзячы з вышэйсказанага, Глаўбіцу можна прыпісаць ўсё пашырэнне царквы св. Сафіі ў Полацку з 1748 па 1760/65 гады. Ён быў аўтарам агульнага праекта, які змяніў вось царквы, каб захаваць трохапсідную алтарную частку як правае крыло трансепта (мал. 19), і ён жа быў стваральнікам фасада з дзвюма высокімі вежамі і развітым на два паверхі шчытом, а таксама ўнутранага ўбрання царквы [62]. Для вызначэння характару і маштабу працы Глаўбіца, асаблівае значэнне мае моцнае расчляненне шчыта фасада і арыгінальная форма вежаў, стрэлападобнасць якіх архітэктар часткова атрымлівае сродкамі, вядомымі па касцёле св. Кацярыны і касцёле ў Сталовічах. Як і ў касцёле св. Кацярыны тут прысутнічаюць высокія вежы, нізкія паверхі з авальнымі вокнамі і чатырма вуглавымі валютамі, якія трымаюць вазоны. Роднасць з касцёлам у Сталовічах, як я ўжо адзначаў, выяўляецца ў звужаным верхнім ярусе вежаў нармальнай вышыні і зноў жа валютамі па кутах. У полацкай царкве архітэктар уводзіць новы, раней невядомы матыў - падымае вежы праз яшчэ адзін нізкі і звужаны паверх, у выніку чаго агульны сілуэт вежаў мае амаль што пірамідальную форму.


8. Евангелісцка-аўгсбургскі збор і касцёл св. Кацярыны ў Вільні, Мальтыйскі касцёл у Сталовічах, дамініканскі касцёл і манастыр у Забелах-Валынцах, палац у Струнях, царква св. Сафіі і, верагодна, размешчаны побач з ёй базыльянскі манастыр, а таксама алтары, амбон і спавядальня ў касцёле сясцёр бернардзінак у Слоніме - вось пералік найважнейшых прац Глаўбіца, якія мы можам з упэўненасцю прыпісаць яму.

21. Слонім, касцёл сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны (раней касцёл сясцёр бернардзінак), амбон.

Але, мне здаецца, мы можам дапоўніць гэты спіс. Найперш я згадаю двухвежавы кармеліцкі касцёл у Мсціславе [63], вельмі падобны да касцёла ў Забелах-Валынцах (мал. 17). Гэты касцёл у стылі ракако можна было б уключыць у лік будынкаў Глаўбіца, пастаўленых пасля 1750 года. У больш ранні перыяд на Віленшчыне мы бачым удзел Глаўбіца ў перабудове кармеліцкіх гмахаў, прылеглых да касцёла св. Тэрэзы і ў рэканструкцыі касцёла св. Яна. Унутры кармеліцкага кляштара працай Глаўбіца, верагодна, з'яўляецца кляштарная капліца са скляпеннем, упрыгожаным ляпнінай з геаметрычнымі матывамі, накшталт ляпніны, якую сустракаем на скляпеннях евангелісцкага збору і капліцы Божага Провіду ў касцёле св. Кацярыны.


9. Здаецца, што ў касцёле св. Яна сфера дзейнасці Глаўбіца была значна шырэйшая. Пасля пажару касцёла ў 1737 годзе Глаўбіц перабудаваў капліцу св. Барбары і ўпрыгожыў скляпенне геаметрычным арнаментам (мал. 22). У нядаўна ўсталяваным Глаўбіцам алтары, акрамя скульптур - статуй св. Пятра і Паўла, крылатых анёлаў на валютах над карнізам, путаў (амураў) і крылатых анёлаў у аблоках, мы сустракаем дэкаратыўныя матывы ў распрацоўцы, падобнай на ўпрыгожвання евангелісцкага збору і касцёла св. Кацярыны, створаных у той жа час. Паколькі гісторыя перабудовы касцёла св. Яна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пакуль не вывучана, пры тым, што перабудова, несумненна, працягвалася шэраг гадоў і, магчыма, праводзілася не адным архітэктарам, было б заўчасна рабіць далёкайдучыя высновы з адбудовы Глаўбіцам капліцы св. Барбары. Хутчэй, варта абмежавацца ўказаннем на тое, што хор у трохаркаднай цэнтральнай частцы, які падтрымліваецца круглымі калонамі, несумненна, варта аднесці Глаўбіцу, бо ён ідэнтычны па свайму тыпу хору старэйшын у евангелісцкім зборы ў Вільні і музычнаму хору касцёла ў Сталовічах (мал. 23). Прыбудоўкі пад хорамі, якія пакрываюць уваходы на сходы, цесна звязаны па кампазіцыі з капліцай Божага Провіду ў віленскім касцёле св. Кацярыны, з пазнейшымі крухтамі касцёла ў Забелах-Валынцах і з касцёлам Місіянераў у Вільні. Можна таксама меркаваць, што па праекце Глаўбіца былі роблены канфесіяналы (мал. 24) і лавы з выпуклым разьбяным арнаментам (мал. 25), акрамя канфесіяналаў і лавак з інкруставаным арнаментам.

20. Полацк, царква Святой Сафіі, від з вялікім алтаром.

Нарэшце, у нас ёсць сур'ёзныя падставы меркаваць, што ён таксама ўдзельнічаў у адбудове званіцы і фасада касцёла св. Яна, і, хутчэй за ўсё, алтара (мал. 26 і 27). Гэта пацвярджаецца параўнаннем са значна пазнейшым, складанакампазіцыйным галоўным алтаром касцёла ў Забелах-Валынцах і архіўнай інфармацыяй пра скульптуры са сцэнамі Ярданскага хрышчэння ў адкрытай аркадзе галоўнага алтара сталовіцкага касцёла, і найбольш пераканаўча - у дэкаратыўных матывах, падобных на арнаменты хораў і алтара капліцы св. Барбары, а таксама ў арнаментах іншых будынкаў Глаўбіца ранняга перыяду яго творчасці. Варта адзначыць, што тры алтары, якія замыкаюць правы бакавы неф, ужо маюць у сваёй арнаментацыі асіметрычныя матывы і былі зроблены трошкі пазней, чым цэнтральная частка з іншымі алтарамі, магчыма, нават не Глаўбіцам.

Сярод групы віленскіх алтароў, зробленых з каляровага стуку, вялікі алтар касцёла св. Яна займае асобнае месца і, што не зусім слушна, звычайна лічыцца стылістычна цалкам роднасным іншым алтарам, якія таксама датуюцца сярэдзінай XVIII стагоддзя. Гэта самы ранні алтар з выразным, амаль што барочным колерам стуку, падобны на алтар капліцы Божага Провіду ў касцёле св. Кацярыны. Познебарокавыя ўпрыгожванні з арнаментам з белага стуку сіметрычныя, выразнай формы. Алтары касцёлаў св. Кацярыны, св. Казіміра, св. Духа і Усіх Святых цалкам ужо адносяцца да перыяду ракако.

Удзел Глаўбіца ў рэканструкцыі касцёла св. Яна прыпадае на першы перыяд яго дзейнасці ў Вільні, які можна прыблізна вызначыць 1738-1748/50 гадамі.


10. Сярод іншых прац Глаўбіца ў Вільні, пра якія ў нас маецца архіўная інфармацыя, найбольш важнай з'яўляецца рэканструкцыя ратушы ў 1749-1753 гадах [64]. У 1749 годзе Глаўбіц прадставіў эскізы перабудовы крам вакол ратушы і даў інструкцыі ў справе рамонту франтона ратушы з боку Нямецкай вуліцы. У 1750-1751 гадах ён кіраваў рамонтам знішчанай у пажары ратушы. У 1752 годзе заключыў з ратушай дагавор на адбудову вежы ратушы. У 1753 годзе адбудова будынка ратушы, праведзеная Глаўбіцам, была завершана. Глаўбіц значна падняў вежу, пабудаваў тры васьмігранныя цагляныя паверхі са скляпеннем замест папярэдняга аднаго драўлянага паверха. Новыя паверхі рэзка звужаліся ўверх: у той час як дыяметр ніжняга складаў 10 футаў, а сярэдняга - 9 футаў, дыяметр найвышэйшага паверха складаў усяго 6 футаў 4 цалі. Верхні паверх, утвораны чатырма адкрытымі аркадамі, быў завершаны паўкруглым скляпеннем, пакрытым медным лістом, над якім узвышалася харугвачка. Пасля Глаўбіца справу перабудовы ратушы ўзяў на сябе малавядомы архітэктар Расэл, які ў 1756 годзе завяршыў перабудову ратушы і так званых цёмных крамаў. Надбудова Глаўбіца абвалілася 19 чэрвеня 1781 года, гэтак жа, як, на жаль, 2 верасня 1769 года абвалілася і вежа над капліцай Імя Марыі ў Віленскім кафедральным саборы, пабудаваная Глаўбіцам [65]. На яго імя ўскосна наводзіць пазнейшае згадванне.

Каб завяршыць спіс работ Глаўбіца, неабходна згадаць некалькі менш важных работ, пра якія няма дадатковай інфармацыі. У 1757 годзе, паводле ўказанняў Глаўбіца, побач з евангелісцка-аўгсбургскай капліцай у Гайцюнішках была пабудавана плябанія [66]. У 1758 годзе Глаўбіц спраектаваў дом, які павінна была пабудаваць евангелісцка-аўгсбургская грамада ў Вільні на плошчы пад назвай "Munstersches hoffchen" [67]. У 1744 годзе ён рамантуе, а ў 1749, 1751, 1759 і 1762 гадах адбудоўвае, а затым упрыгожвае араторыюм на евангелісцка-аўгсбургскіх могілках у Вільні [68]. У 1757 годзе адрамантаваў магілы сям'і фон Зэйферт на тых жа могілках [69]. Акрамя таго, у розныя гады ён па просьбе грамады выканаў шэраг другарадных будаўнічых работ, такіх як сцяна паміж садам кантара і броварам, які належаў цесляру Флейшару, рамонт даху збора, рамонт дамоў збора і г. д.


11. Галоўныя з вядомых прац Глаўбіца пасля 1748/50 гг., гэта: былы дамініканскі касцёл у Забелах-Валынцах, былая па-базыліянская царква ў Полацку і, верагодна, таксама спраектаваны ім кармеліцкі касцёл у Мсціславе - яны ўтвараюць групу двухвежавых касцёлаў у стылі ракако. Гэтую групу можна было б яшчэ пашырыць падобнымі помнікам з паўночна-ўсходніх памежных тэрыторый Рэчы Паспалітай. Аднак найбольш блізкім да іх па стылю будынкам з'яўляецца касцёл Місіянераў у Вільні (мал. 28), які варты ўвагі. У іх узаемасувязі пераконвае супастаўленне амаль што аднолькавай формы шчытоў фасадаў віленскага касцёла і полацкай царквы, супастаўленне крухт віленскага і забельскага касцёлаў і, нарэшце, параўнанне веж усіх чатырох гмахаў, якія былі спраектаваны паводле агульнай канцэпцыі і з выкарыстаннем роднасных элементаў і ўпрыгожаны шматлікімі дэкаратыўнымі вазамі аднолькавага тыпу, зробленымі з бляхі на драўляных рамах. Розніца паміж імі не выходзіць за межы, накладзеныя мясцовымі ўмовамі або існуючымі раней мурамі ранейшых гмахаў, і застаецца ў межах творчасці Глаўбіца. Сучасны фасад касцёла Місіянераў у Вільні разам з яго крухтай паўстаў паміж 1750 і 1757 гадамі, гэта значыць адначасова з групай вышэйзгаданых гмахаў. Параўнанне гэтага фасада з іншымі, ранейшымі працамі Глаўбіца выяўляе відавочныя аналогіі. Фасад касцёла Місіянераў у сваіх агульных абрысах, а не ў дэкаратыўных дэталях, з'яўляецца далейшым, стылістычна пазнейшым развіццём тыпу фасада касцёла св. Кацярыны ў Вільні, а крухта місіянерскага касцёла атрымлівае сваю форму ад капліцы Божага Провіду. Калі б мы абапіраліся выключна на па-за віленскія касцёлы Глаўбіца перыяду пасля 1748/50 гадоў як на доказ яго аўтарства праекта касцёла Місіянераў у Вільні, доказы былі б недастатковымі і непераканаўчымі. Гэтак жа праўдападобна можна было б выказаць здагадку, што місіянерскі касцёл быў спраектаваны архітэктарам з маладзейшага чым Глаўбіц пакалення, у якім увасобіўся росквіт стылю ракако, пакалення, якое прыбыло ў Вільню пасля гарадскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў. З гэтага можна было б зрабіць выснову, што гэты меркаваны архітэктар аказаў вырашальны ўплыў на пазнейшую будаўнічую дзейнасць Глаўбіца. Аднак, у параўнанні з касцёлам св. Кацярыны, касцёл Місіянераў хутчэй варта лічыць далейшым этапам у развіцці творчасці Глаўбіца [70].

 23. Вільня, касцёл св. Яна, від на цэнтральную частку музычных хораў.

Прадстаўленыя матэрыялы, несумненна, не ахопліваюць цалкам усю архітэктурную дзейнасць Глаўбіца і пакуль не дазваляюць растлумачыць генезіс і дакладны характар яго творчасці. Глаўбіц, верагодна, прыбыў у Вільню ў 1738 годзе, ужо будучы кваліфікаваным архітэктарам. У нас няма звестак пра яго паходжанне або пра крыніцы, з якіх ён чэрпаў свае веды. Зыходзячы з агляду яго працы ў першае дзесяцігоддзе, мы можам прынамсі зрабіць выснову, што архітэктурны стыль і архітэктурны дэкор Глаўбіца паходзяць з нямецкага мастацтва позняга барока. Шырокі спектр формаў у галіне архітэктурнай арнаменталістыкі, з якімі Глаўбіц прыехаў у Вільню, вядомыя нам праз шырокае ўжыванне ў познябарочнай архітэктуры Сілезіі, Багеміі і Аўстрыі паміж 1720 і 1735 гадамі, што, вядома, не азначае, што Глаўбіц запазычыў іх непасрэдна адтуль. Дэкаратыўная арнаменталістыка першага перыяду Глаўбіца ў Вільні моцна і выразна скампанаваная з сіметрычных кампазіцый. Яскравым познебарочным адпаведнікам 28. Вільня, касцёл Місіянераў, фасад. раннебарочнай геаметрычнай арнаменталістыкі скляпенняў, якая сустракаецца ў шматлікіх касцёлах Польшчы на пачатку XVII стагоддзя, ёсць моцна прафіляваны геаметрычны арнамент скляпенняў на тынку ў евангелісцкім зборы, капліцы Божага Провіду, у касцёле св. Кацярыны, капліцы кармеліцкага манастыра і ў капліцы св. Барбары касцёла св. Яна. Гэта правінцыялізаванае спрашчэнне багатых барочных ляпных упрыгожванняў скляпенняў і плафонаў, упрыгожванняў, якія часта сустракаюцца ў нямецкай архітэктуры, асабліва ў сілезска-аўстрыйскім рэгіёне. Найбольш распаўсюджанымі дэкаратыўнымі матывамі ёсць картушы і ўпрыгожаныя полымем або кветкамі вазы, ракавіны, рогі багацця, краты з разеткамі ў праёмах або на скрыжаваннях, а таксама раслінныя матывы, якія ў вапнянай ляпніне часта спрашчаюцца да геаметрыі. У разьбе па дрэве (сніцарстве) канструкцыйным шкілетам арнаменту звычайна з'яўляецца стужачны арнамент, шматразова выгнуты і звіты ў выглядзе валют, вакол якіх абвіваюцца і пераплятаюцца мясістыя лісці аканта (мал. 29).

У больш позні перыяд, пасля 1748/50 гадоў, характар арнаментацыі кардынальна змяніўся на карысць арнаменту ракако, стаў плоскім, больш маляваным чым разьбяным, асіметрычнай формы. Шлях мастацкай эвалюцыі Глаўбіца пакуль незразумелы. Наколькі нам вядома, ад прыбыцця ў Вільню ў 1738 годзе і да самай смерці ён заставаўся ў межах Вялікага Княства Літоўскага. Таму разумна выказаць здагадку, што Глаўбіц пазнаёміўся з новымі арнаментальнымі формамі ракако праз ілюстраваныя выданні, ці, магчыма, праз архітэктара ці архітэктараў, якія прыбылі ў Вільню праз дзесяць гадоў, каля 1748-1750. У нас няма звестак пра гэта, але можна выказаць здагадку, што ажыўленне будаўнічай актыўнасці пасля гарадскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў, мабыць, стварыла патрэбу ў архітэктарах, здольных справіцца з такімі велізарнымі задачамі. Мне здаецца, што пошук аўтара ці аўтараў праектаў алтароў у стылі ракако з каляровага стуку ў касцёлах Вільні (св. Кацярыны, св. Казіміра, Усіх Святых, св. Духа, царквы св. Духа) дазволіў бы нам зразумець контуры гісторыі віленскай архітэктуры сярэдзіны XVIII стагоддзя.


Глаўбіц адыграў ключавую ролю у гэты перыяд, ролю, якую далейшыя даследаванні, несумненна, змогуць вызначыць больш дакладна. Гэта запатрабуе высвятлення сувязі з творчасцю Глаўбіца касцёла Візітак а таксама брамы і фрагментаў ракако былога па-базыліянскай царквы ў Вільні, а за па-за межамі Вільні, з па-базыліянскім гмахам ў Беразвеччы, фасадам па-кармеліцкага касцёла ў Глыбокім і вежай па-бернардзінскага касцёла ў Гародні - пытанні, на якія пакуль што няма адказу.

ANEKSY

1

Archiwum Klasztoru PP. Benedyktynek w Wilnie, teka 23

I. I. C.

Ia Ian Krzysztof Glaubic Architekt, czynię Wiadomo tym Moim dobrowolnie danym kontraktem Wielmożney y Nayprzewielebnieyszey 24. Вільня, касцёл св. Яна, канфесіянал w Bogu IEyMc Pannie Sybilly Reytcnownie Xieni y Całemu Konwentowi Wileńskiemu Zakonnic Świętego Oyca Benedykta, Iżem się zgodził, y zkontraktował z Ich Mościami na Robotę Kościoła Ich Mciów Świętey Katarzyny, że mam wystawić y dwie Facyaty, z których ledna ma byc ze dwiema Wieżami podług Abrysu odemnie danego, y otynkować One, iako też y Kościół wszystek z drugą Facyatą, odemnie wystawioną, których Osobliwy deklaruię podać Abrys, co będę miał uczynić z dobrym Polorem y ze Wszytkiemi do tego należącemi ozdobami, zgodziłem się tedy zwyż Namienioną Wielmożną y Nayprzewielebnieyszą w Bogu IEy Mcią Panną Xienią y Całem Konwentem S, Katarzyny, że mam zacząć Robotę wprzyszłym Roku 1742, na Wiosnę, y kontinuować w nastempuiących Leciech, póki się doskonale we Wszytkim tym co wyzey wyrażono, nie zakończy, A Ich Mcie maią mie punktualnie wypłacać na Początku Każdego Miesiąca po Siedm Czerwonych Złotych dobrey Wagi, to iest od tego dnia rachuiąc, iak się Robota zacznie koło Rysztowania, Komputuiąc aż do dnia równego w drugim Miesiącu, y obliguią się. Oprócz tego deklaruią mie przy Konkluzyi Roboty na parę Sukien Niemieckich Sukna Francuskiego. Ia zaś łan Krzysztof Glaubic Architekt z swey strony powinien będę doglądać codziennie, rozporządzać, rozmiary czynić, co mie będzie należało, odważać, Rysztowania dysponować y wszelką Proporcyą niezawodnie według daney odemnie delineacyi wyprowadzać, Biorę y tę na Siebie, obligacią, iż będę powinien Starać się o Towarzyszów Niemców dwuch, łub więcey ieżeli więcey będzie można dostać, którzy będą powinni brać na dzień po Szostaków Siedm przy garcu Piwa y Kieliszku Wódki z Rana. Ta zaś Zapłata dla nich tygodniami do Rąk moich wypłacona bydź ma, nie inkluduiąc Święta, w które robić nie będą. A że do tey Roboty y Mularzow Polskich potrzeba, tedy Ich Mość Same o tych się Starać będą, Którzy także do dyspozycyi y rozporządzenia mego należeć maią, A wszyscy Mularze będą powinni robić godzyn dwanaście codzień, wiele zaś godzin nie będą robili, ma im bydź zapłata potrącona, A ponieważ znayduie się w Abrysie odemnie danym mało Wiele Sztukatoryi z Figurami, tedy ma bydź od Ich Mościów na to zaciągniony osobliwy Rzemieślnik taką Ceną, iako się można będzie zgodzić. Któremu la Abrysy dawać y onego informować powinien będę. A lubo dla inszych Zabaw przy tey Robocie ustawnie przytomnym bydź nie mogę, iednak powinien będę o to się starać według moiey Obligacyi, aby Robota wszelka pospieszna była, tak wiernie y Życzliwie, żebym się potym tak przed Bogiem, iako y Światem nie wstydzył, w niczym nie zawodząc Klasztoru przez Móy Niedozor. Dla mnie zaś to waruie, że Oprócz Wielmożney y Nayprzewielebnieyszey IEy Mci: Panny Xieni dyspozycyi, do Żadney inney Władzy nie będę należał. Y natom dał Kontrakt y Assekuracią z podpisem Ręki Moiey, Pisań w Wilnie Roku 1741, Miesiąca Novembra Dnia Szesnastego.

22. Вільня, касцёл св. Яна, капліца св. Барбары

Johan Christoph Glaubitz

Na odwrocie: Kontrak P. Architekta

2

Archiwum Klasztoru PP. Benedyktynek w Wilnie, teka 23.

Ia Ian Hedl kunsztu Sztukatorskiego y Falszmarmuru Magister, natenczas Obywatel Miasta Stołecznego Wilna. Daię ten Kontrakt moy w Bogu Nayprzewielebnieyszey 1: Mci Pannie Mechtyldzie Hilzenownie Przeoryszy Konwentu Wileńskiego Zakonu S: Benedykta przy Kościele S: Katarzyny po Zmarłey S. P. Imc Pannie Sibilli Reytenownie Xieni Tegoż Konwentu y Wszytkiin Pannom Zakonnym na robotę Sztukatorską, Iz wystawiwszy iuż zwierzchu kaplicy Kapitelów Szt 18. Powinienem będę wewnątrz w teyże kaplicy Opatrzności Boskicy Ołtarz Wielki tak Sztukateryą iako Falszmarmurem wygotować to iest Słupów Szesc płaskich y dwa okrągłe podług inwcncy Architekta y ozdobę Ołtarza iak należy, Osobliwie tym kontraktem tym się obowiązuję leżeliby się która Sztuka roboty moiey miała zepsuć powinienem będę one przyszłego Roku naprawić, którą Robotę iak mogąc będę się Starać ażebym mógł wystawie przed Świętem S: S: Apostołow Symona y ludy ze wszytkiemi temi Czterma osobami co należy do tego Ołtarza Za Summę Talerow bitych Sto złł: 100. y Beczkę żyta iedne w Roku Tysiącznym Siedmsetnyin Czterdziestym Szóstym. Na co dla lepszey wiary Ręką własną podpisuię się w Wilnie Roku Tysiącznego Siedsetnego Czterdziestego Szóstego,

Johannes Hedl


Na tej samej karcie przy pokwitowaniu z odbioru pieniędzy adnotacja: Azem był kontraktowany abym całe Kolumny wszytkie dał Marmoryzowane ze zas na tych kolumnach zastąpiły Osoby S. lana y N. Panny gdzie niedawałem falszmarmuru więc na to mieysce powinienem dac na pobocznych kolumnach Fałsz Marmur z przyobiecaną Konsolacyą ieżeli miara będzie wynosiła Mieysca, Na Co się podpisuję

Joannes Hedl

3

Archiwum Klasztoru PP. Benedyktynek w Wilnie, teka 23,

Między Wielmożną w Bogu Nayprzewielebnieyszą Imcią Panną Anną Wołłowiczowną, Xienią Konwentu ZSB, z iedney a Panem Joachimem Hertegen Konsztu Sztukateryi Magistrem z drugiey Strony, stanął kontrakt, y w niczym nieodmienne postanowienie w ten sposob: Iż pomieniony Pan Joachim, ma dwa Chórki Muzykalne w Kościele S. Katarzyny, wystawić na Filarach z obydwuch Stron koresponduiące Sobie, blisko Choru Wielkiego, iedney sztuki, proporcyi, kształtu naydoskonalszego, według podanego Abryssu przez siebie uczynionego, y owszem, iaką tylko inwencyą nayprzednieyszą być mogą; te Chórki Mozaikowane podług kwadrowania się Ołtarzów, y Ambony, czyli falszmarmoryzowane, z danemi Wschodami, Gipsową Sztukateryą i Owo Zgoła: Wystawie, wykształcić naydoskonaley, nayproporcyonalniey ma tylko same excypuiąc pozłotę według potrzeby mieysc... Działo się w Wilnie Roku P. 1762. dn. 1. Miesiąca Czerwca.

Joachim Herdegen
Mgy[magister?]

4

Archiwum Państwowe w Wilnie (Arch. akt dawn.), Nr 4755, fol. 203.

25. Вільня, касцёл св. Яна, лавы ў галоўным нефе. 27. Вільня, касцёл св. Яна, гарызантальны план прэзбітэрыя і вялікага алтара.

Process WIm Xdza Żółkowskiego Kustosza Wilen: Na Pana lózefa Fontaniego mieniącego się Architekta.

Roku Tysiąc Siedmset Czterdziestego Trzeciego Msca Marca piątego Dnia.

Na Urzędzie JK: Mści Grodz Wileńskim Przedemną Mikołajem Antonim Petrussewiczem Czesnikiem y Podwoiewodzym Wilen. Żałował y solenniter Manifestował się Wielm Im, Xiądz Antoni Iozef Żółkowski Kustosz, Prałat, y Officyał Grlny Wileński; na Pana Iozefa Fontaniego Mieniącego się Architekta otto: Iż co w Bogu zeszły Wielm IP Michał Dombrowski Kawaler Maltański Komendator Poznański y Stwołowicki iako Kolator Kościoła Stwołowickiego z pobożności y gorliwości swoiey ku chwale Bożey, chcąc murowany wystawić w Stwołowiczach Kościół z Obżałłnym Panem Iozefem Fontanim uczynił kontrakt, ogulnie za Summę Piędziesiąt Tysięcy złłch, oprócz swoiey cegły y wapna; tedy Obżałłny Pan Fontani wziowszy y odliczywszy do rąk swoich połowę tey summy to iest Dwadzieście pięć Tysięcy złłch obowiązanym był do wystawienia co nayprędszego połowy zaczętey struktury murowaney, ale tey obligacyi swoiey y kontraktowi częścią przez Niedbalstwo y niedozór swoy, częścią przez zaszłe Fata w Bogu zeszłego pomienionego fmć Pana Dombrowskiego Kawalera Maltańskiego zadość nieuczynił, gdy ledwo trzecią część zaczętego Kościoła wystawił, y daley oney kontynuować nie chciał, lubo oto, y o kalkułacyą, także o abrys od Załł0 Delłra po przyiacielsku niepoiednokrotnie reąuirowany był, Iednak na to mnie Apprehenduiąc, jeszcze odpowiedzi y pochwałki na Umówionego Inszego Architekta lana Glaubicza czynić waży się, Żałłcy Delłr z Obżałłnym Panem Fontanim chcąc prawem czynić in eodem Foro Antę omnia do otaxowania wymurowaney części Kościoła Stwołowickiego, Do kalkulacyi sumy wziętey. Do położenia Kontraktu y Abrysu, Do obwarowania securitatem zdrowia pomienionemu łanowi Glaubiczowi. Do wskazania poen de turę na Obżałł0 Fontaniego śćiągaiących się, y Oto wszytko, co czasu Prawa fusius deducetur. Żałłcy Dellr dał tę swoią protestacyą z wolną melioracyą do Xiąg Grodzkich Wa Wilen zapisać, co iest zapisano.


Uwaga: Illustracje 9, 10, 12, 13, 23, 26 i 28 wykonano według fotografii prof. Jana Bułhaka w Wilnie, ill. 1-8, 11, 21, 22, 24, 25 i 29 - według fotografii E. i B. Zdanowskich w Wilnie, ill, 27 - według pomiaru M. Siwińskiego ze zbiorów Zakładu Architektury Polskiej i Historii Sztuki Politechniki Warszawskiej, ill. 18 i 20 - według fotografii ze zbiorów Biblioteki Publicznej i Uniwersyteckiej w Wilnie, ill. 14, 15 i 21 - według fotografii ze zbiorów Oddziału Sztuki Urzędu Wojewódzkiego w Wilnie, ill. 19 - według reprodukcji planu w wydawnictwie: Труды девятого археологического съезда в Вильне. 1893, T. I., Moсквa, 1895, С. 9, ill. 16 i 17 - według reprodukcii w wydawnictwie ks, D. Bączkowskiego i ks. J. Żyskara, Nasze Kościoły, Warszawa-Petersburg 1913, s, 421 i s, 85. Klisze cynkograficzne wykonano w Zakładach Graficznych B. Wierzbicki i S-ka w Warszawie.


Гэтую працу 10 мая 1937 года на пасяджэнні Адзела 2-га Варшаўскага навуковага таварыства прадставіў сябар Таварыства Зыгмунт Батоўскі.



[1] Гл: Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом (Наваградчына) // Наша слова.pdf № 23 (75) 7 чэрвеня 2023, № 36 (88) 6 верасня 2023; № 37 (89) 13 верасня 2023, № 38 (90), 20 верасня 2023, № 39 (91) 27 верасня 2023; № 40 (92) 4 кастрычніка 2023, № 41 (93) 11 кастрычніка 2023; № 15 (119) 10 красавіка 2024, № 16 (120) 17 красавіка 2024; № 17 (121) 24 красавіка 2024; Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом: Скарочаны пераклад. (пер. Леанід Лаўрэш). 2026.

[2] Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом: Скарочаны пераклад. С. 54.

[3] Гл: Łopaciński E. Wiadomości o artystach Wilna i ziem okolicznych // Prace i Materiały Sprawozdawcze Sesji Historii Sztuki Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. T. 3. Red. M. Morelowski. Wilno, 1938/39. S. 327-328.

[4] A.F.A.[damowicz]. Kościół Augsburski w Wilnie. Wilno, 1855. S. 32.

[5] Іаган (Ян) Крыштаф Глаўбіц (Jan Krzysztof Glaubitz) нарадзіўся каля 1700 г. у Свідніцы, памёр 30 сакавіка 1767 г. у Вільні. - гл: Глаубиц Иоган (Ян) Кристоф // Биографический справочник. Минск, 1982. Т. 5. С. 148. - Л. Л.

[6] Евангелісцкая царква Аўгсбургскага веравызнання (скарочана Евангелісцкая царква), заснавана на канонах Аўгсбургскага вызнання (лац.: Confessio Augustana, ням.: Augsburger Bekenntnis). Аўгсбургскае вызнанне складаецца з 28 веранавучальных артыкулаў і да гэтага часу з'яўляецца адной з асноўных багаслоўскіх нормаў для лютаран. Аўгсбургскае вызнанне - самы ранні з афіцыйных веравызнавальных дакументаў, які быў выпрацаваны Меланхтонам і ўхвалены Лютарам як выклад праўдаў веры лютаранскай царквы. Дакумент быў прадстаўлены Карлу V на рэйхстагу ў Аўгсбургу 25 чэрвеня 1530 г. - Л. Л.

[7] Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год (Protokul Sessiiny od r. 1732 do 1750). У першым томе пад датай 16 красавіка 1739 года сярод членаў дэпутацыі пазначаны і "Hr architector Glaubit". Дэпутацыя павінна была ацаніць камяніцу Яксталоўскую, бо гэта камяніца станавілася маёмасцю евангелісцкай парафіі. Камяніца межавала з евангелісцкім зборам і камяніцай Солтаноў на вуліцы Замкавай каля касцёла св. Яна.

[8] Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай "Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год" (Protokul Sesiiny, j, w,, t, I (1732-1750). Далей, гэты том буду пазначаць як "Пратаколы І", а другі том (1751-1780) як "Пратаколы ІІ".

[9] Там жа, Metrica Ecclesiae Vilnensis Invariatae Augustane Confessionis, першы запіс ад. 1726 г.). Запіс шлюбаў, С. 8, дата: 05.II.1742.

[10] Там жа, Пратаколы І, С. 9 i 4.

[11] Там жа, Пратаколы II. С. 4, 5, 8, 69.

[12] Там жа, Пратаколы II ад 01.IX.1762 і 07.VII.1766.

[13] Там жа, кніга рахункаў будоўляў: з 18.06.1737 і па 19 лютага 1759 г. Рэестр даходаў і выдаткаў пасля пабудовы двух евангелісцкіх збораў у Вільні. Я буду працягваць цытаваць гэтую кнігу як "Рэестр".

[14] Сатанская ці Сатаноўская камяніца па вулачцы Панны Марыі насупраць брамы францішканскага кляштара, была прададзеная збору Міхалам Дэмерам. Камяніца таксама называлася Людвікоўскай і яшчэ да ўніі Літвы з каронай мела прывілеі. У 1639 г. яна прыносіла збору штогадовы прыбытак у памеры 400 злотых. Яе двор быў трэцім, калі лічыць ад камяніцы Клоца па вуліцы Нямецкай, якая мела ўласную браму паміж другім і трэцім дварамі. - Л. Л.

[15] Там жа, Пратаколы I ад 16.IV.1739, 21.VII.1749. Пратаколы II ад 19.IX.1760, 19.X.1767.

[16] Пра пазнейшы лёс дома Мюлера гл. ва ўспамінах Станіслава Мараўскага. - Л. Л.

[17] Там жа. Рэестр за красавік і жнівень 1741 г., 17 снежня 1742 г., Пратакол I ад 19 чэрвеня 1748 г., 17 верасня 1748 г., 4 лістапада 1748 г., - 27 верасня 1749 г. Копія дамовы паміж панам Янам Крыштафам Глаўбіцам, мясцовым архітэктарам і яго жонкай Людвікай Глаўбіц, народжанай Сухланд. А менавіта, яны бяруць для рамонту суседні дом збора пад назвай "Прыбудова дома Мюлера", размешчаны насупраць францішканскай брамы. Пратакол II ад 11 чэрвеня 1755 г. і 19 кастрычніка 1767 г., са спрэчкі, якая ўзнікла паміж грамадой і спадкаемцамі Глаўбіцамі, вынікае, што перабудова прыбудовы дома Мюлера каштуе 8091 фл.

[18] Там жа, Metrica Ecclesiae Vilnensis Inv. Аўг. канф., запіс: 1767 г, датаваны 1 красавіком, архітэктар Ян Крыштаф Глаўбіц, старшыня грамады, памёр 30 сакавіка. Жонка Глаўбіца была пахавана 22 снежня 1766 г. У Метрыках занатаваны пахаванні трох сыноў і трох дачок Глаўбіца ў 1743, 1750, 1755, 1757, 1758 і 1760 гадах. Пасля смерці Глаўбіца, яго спадчынніцамі былі тры дачкі: Ганна (жонка Ё. Б. Хоера, сына старшыні калегіюма), Кацярына-Ружа і Барбара, Пратаколы II, С. 319-323, 327-329, 332.

[19] Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год (Protokul Sesiiny, j, w,, t, I (1732-1750). Пратаколы I - 30.VII i 6.VIII. 1739 г. Рэестр, падрабязныя запісы з 1739-1744 гг.

[20] Там жа. Адбудова была выканана нямецкімі мулярамі і цеслярамі, прывезенымі з Кёнігсберга (Пратаколы I - 18.VI i 30.VII.1739 г. Рэестр - студзень і кастрычнік 1740 г.), а таксама мулярамі з Вільні, якіх прадстаўляў майстар-муляр Каперскі (Пратаколы I - 30.VII.1739 г.). Звычайна цэгла закуплялася ў цагельні Віленскіх айцоў-бернардзінцаў, фармаваная цэгла для гзымсаў у Міхалішках пісара ВКЛ Бжастоўскага, гіпс прывозілі з Біржаў, медзь з Рыгі, а золата з Кёнігсберга (Рэестр - снежань 1739 г., студзень і люты 1740 г. Пратаколы I - 6.VIII.1739 г.). У студзені 1740 г. разглядалася пытанне, ці трэба паклікаць майстроў, якія працавалі на будаўніцтве скляпенняў касцёла Візітак у Вільні (Рэестр).

[21] Там жа. Пратаколы I - 30 VII 1739, Рэестр - 25.XII.1741, Рэестр - 29.XI.1740, 28.I.1741, 4.XII.1741 - 25.XII.1741, травень 1742, 20.X.1742.

[22] Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год (Protokul Sesiiny, j, w,, t, I (1732 -1750). Пратаколы - 7.VI.1742 - 16.VI.1742.

[23] Здаецца, што барэльеф Унебаўзяцца ў архівах памылкова называўся "das Bildniiss des Heylandes am Kreutz", гэты запіс не датычыць выразанага з дрэва распяцця.

[24] Архіў евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні. Рэестр - чэрвень, ліпень і жнівень 1741 r.

[25] Архіў евангелісцка-аўсбургскага збора ў Вільні. Рэестр - чэрвень, ліпень і жнівень 1741 r. Пратаколы I - 18.VIII.1745.

[26] Там жа. Пратаколы II - 4.XII.1753. У гэтым жа годзе і метрычнай кнізе занатаваны шлюб з "арганным майстрам Янцэнам".

[27] Там жа. Першыя звесткі пра яго ўтрымліваюцца ў метрычнай кнізе смерцяў ад 22 кастрычніка 1743 г. " Ёган Карл Фрэзер, скульптар", хавае сваю дачку.

[28] Там жа. Кніга запісаў шлюбаў ад 26 лістапада 1739 г. "Ёган Юліюс, скульптар з дзявіцай Яганай Людовікай Фрэзер".

[29] Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, справа 23. "Дамова архітэктара". Гл. дадатак 1 у канцы гэтай працы. Тэкст гэтай дамовы прыведзены ў камунікаце Станіслава Дамброўскага пад назвай: "Рэканструкцыя касцёла св. Кацярыны ў Вільні архітэктарам Янам Крыштафам Глаўбіцам". Biuletyn Historji Sztuki i Kultury wydawany przez Zakł. Arch, Pol. i Hist. Sztuki Polit. Warsz. R. II. Warszawa, 1933. S. 222/3. Паколькі аўтар камуніката абапіраўся на копію другой паловы XIX ст., якая ўтрымлівала недакладнасці, я прыводжу арыгінальны тэкст дамовы ў дадатку.

[30] Там жа. Візітацыя 1820 г.

[31] Там жа. Візітацыя 1830 г. Касцёл, пабудаваны з пасагу паненак, а менавіта Пацавянак, і "асвечаны ЯВ Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім, біскупам Віленскім, у 1703 г., ліпеня, 9-га".

[32] Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, справа 23. Інвентар касцёла пад тытулам св. Кацярыны пры Віленскім кляштары Найсвяцейшай Панны закона св. Бенедыкта і ўсяго кляштара пасля генеральнай візітацыі і абрання ЯВ Мехтыльды Хільсеноўны, абатысы згаданага кляштара, падрыхтаваны ў тысяча семсот сорак шостым годзе, месяц лістапад.

[33] Стук (таксама стука ці стукко; ад італ. stucco) - штучны мармур і адзін з найстарэйшых матэрыялаў для дэкаратыўнага аздаблення сцен, столяў і для выканання архітэктурных дэталяў. Вырабляецца з сумесі гіпсу, вапны, мелу, мармуровай пудры (ці дробнай крошкі) і спецыяльных клеючых рэчываў. Для атрымання патрэбнага колеру дадаюцца натуральныя або штучныя фарбавальнікі. Пасля нанясення і высыхання паверхню старанна шліфуюць і паліруюць. Гэта дазваляе стварыць эфект глыбокага і бліскучага натуральнага мармуру. Магчыма, што ад гэтага стуку паходзіць слова штучны (ненатуральны) - Л. Л.

[34] Капліца існавала і да пажару, але была цалкам перабудавана Глаўбіцам. Інвентар 1746 года змяшчае наступнае апісанне капліцы пасля яе рэканструкцыі: "Пасля амбона злева маецца нядаўна адрамантаваная цагляная капліца Божага Провіду, у якой, пры ўваходзе ёсць дзверы з жалезных кратаў у кветкі, памаляваная часткова ў зялёны, а часткова ў чырвоны колер, адчыняюцца напалам, зверху гэтых дзвярэй таксама ёсць кратоўка ў кветкі з надпісамі - з аднаго боку імя Ісуса, а з другога імя Марыі. У гэтай капліцы ёсць алтар Божага Провіду ў два ярусы, часткова пабелены вапнай, часткова пад мармур... У першым, ніжнім ярусе знаходзіцца намаляваны абраз Пана Езуса ўкрыжаванага…".

[35] Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, фонд 23. Гл. дадатак 2 у канцы гэтай працы.

[36] Архівы манастыра сясцёр Беззаганнага Зачацця, раней бернардынак у Слоніме, Збор усіх дакументаў манастыра вышэйзгаданых бернардынак са Слоніма, пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаванага ў 1644 годзе і падзеленага на наступныя часткі. Anno Dni 1766. с. 208: "1759, у час, калі абацісай была вялебная панна Гіяцынта Камянецкая за тры алтары і цагляную кафедру…"; с. 209: "П. архітэктару за абрыс 36 злотых. Яму ж за заключаны дагавор аб прывозе рамеснікаў з Вільні, 360 злотых, пану Гедлю за вымураванне алтароў і ляпныя работы 1800 злотых. За вымураванне амбона і ляпныя работы яму жа 497 злотых, 26 грошай. Як задатак тынкоўшчыку за пачаты канфесіянал … 180 злотых... Застаецца 310 злотых, якія будуць выкарыстаны наступным чынам: калі пан Гедль скончыць канфесіянал, тынкоўшчыку будзе заплачана 270 злотых". У 1764 годзе Гедль усё яшчэ у працуе ў кляштары, пра што сведчыць запіска на с. 90: "Ад ЯВп Гедля, тынкоўшчыка, спадчына 116 злотых". Мастак ляпніны Антоні, пра якога згадваецца ў 1762 г. (С. 212), верагодна, быў памочнікам Гедля. Гедль выканаў 5 алтароў: 1. Вялікі алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 2. Алтар укрыжаванага Пана Езуса, 3. Алтар св. Францішка, 4. Алтар Найсвяцейшая Панны Шкаплернай і 5. Алтар Святога Юзафа (пазначаны як новапабудаваны ў 1764 г. - С. 47). Імя архітэктара, які спраектаваў алтары, амбон і канфесіянал, не згадваецца. Кс. Ігнацы Авадовіч, якога правінцыял у 1764 г. назваў "архітэктарам" пры будаўніцтве мураванага кляштара, быў толькі будаўніком і не можа лічыцца стваральнікам алтароў, амбона і канфесіянала. Шмат інфармацыі пра кляштар змяшчаецца ў працы пад назвай: Siostra M. K. Z dziejów klasztoru Panien Bernardynek Słonimskich. Przegląd Współczesny. T. XLIX. Kraków. S. 247-265.

[37] Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, візітацыя касцёла і кляштара 1820 года. Падкаморы трокскі Пётр Валовіч фундаваў капліцу Божага Провіду ў 1641 годзе. Біскуп Яўстафій Валовіч рупліва клапаціўся пра кляштар пасля смерці фундатараў - сям'і Гарадыскіх. Сярод ахвярадаўцаў пасля пажару 1737 года - падкаморы мсціслаўскі Кшыштаф Валовіч. Ян Караль Хадкевіч быў адным з першых дабрадзеяў Віленскага кляштара. Усе надпісы і некаторыя гербы выкаваны з жалеза і прымацаваны да вапнавага тынку на жалезных штыфтах. Жалезныя крыжы над шчытом фасада і на капліцы Божага Провіду маюць надпісы: "Providende Vivimus".

[38] Там жа. файл 23. Гл. дадатак 3 у канцы гэтай працы.

[39] Там жа. Візітацыя касцёла і кляштара ў 1804 г.

[40] У архіўных актах кляштара бенедыктынак у Вільні, акрамя згаданага раней, ёсць наступнае: а) Альбрыхт Кноф, "майстар слясарнага рамяства", які ў 1746 і 1747 гадах займаўся вырабам кратаў, магчыма, таксама рабіў краты на фасадах і ў капліцы; б) Карла Франчэска Рандэлі, які ў 1772 годзе падпісаў кантракт на рамонт касцёла, а менавіта на пабелку знутры, рамонт карнізаў, абнаўленне пазалоты на алтарах і амбоне і г. д., в) Мікалай Эрле ці Эйрле, які ў 1765 годзе вырабіў 6 срэбраных падсвечнікаў, г) Пётр дэ Росі, літоўскі губернскі архітэктар, які ў 1799 годзе скардзіцца, што яму не заплацілі за 2 гады, бо ён меў пагадненне аб фіксаваным заробку "за нагляд за работамі як у Вільні, так і ў фальварку, які належыць гэтаму кляштару, і розныя чарцяжы для будоўлі". Паўнамоцную даверанасць, выдадзеную Росі ў 1803 годзе для вядзення справы аб пратэрмінаваным заробку, пацвярджае Францішак Смуглевіч; д) "Ян Барэці, майстар мулярскага рамяства", заключае ў 1802 годзе дагавор на рамонт касцёла, а менавіта рамонт даху, карнізаў, тынку і рынваў, пабелка касцёла і г. д.

[41] Архівы Рымска-каталіцкага касцёла ў Сталовічах, Інвентар 1759 г.

[42] Там жа. Інвентар ад 1733 г.

[43] Z. Rewski, Działalność architektoniczna warszawskich Fontanów. Biuletyn Historji Sztuki i Kultury, там жа R. II. Warszawa 1934. S. 267. Аўтар артыкула мяркуе, што тастамент Юзафа Фантаны ад 1739 г. быў пацверджаны ў 1741 г. пасля яго смерці. Тым часам ён пабудаваў касцёл у 1741-42 гг. па замове Дамброўскага і яшчэ быў жывы ў 1743 г. Таму можна меркаваць, што тастамент быў пацверджаны да яго працяглага знаходжання ў Сталовічах.

[44] Дзяржаўны архіў у Вільні (Архівы гістарычных актаў), № 4755. воп. 203. Гл. Дадатак 4 у канцы гэтай працы. Дакумент быў ласкава прадстаўлены мне даследчыкам Віленскіх архіваў п. Эўзебіюшам Лапацінскім.

[45] Архіў рымска-каталіцкага касцёла ў Сталовічах. Visitatio Ecclesiae Praepositalis Stwolowicensis, sub Titulo S: Ioannis Baptistae erectae, expedita... Anno Domini 1733 Die 2 Mensis Februarij... Ecclesia haec lignea iam aliquoties reparata... Erecta autem erat in figura crucis... (Візітацыя касцёла Сталовіцкага пад тытулам Святога Яна Хрысціцеля, пастаўленага... у год Панскі 1733, 2 лютага... Гэты драўляны касцёл ужо некалькі разоў рамантавалі... ён быў пабудаваны ў форме крыжа).

[46] Архіў рымска-каталіцкага касцёла ў Сталовічах. "Інвентар касцёла і Сталовічскага пробаства, 1746 г, жнівень", падрыхтаваны пасля завяршэння новага будынка разам з унутраным абсталяваннем касцёла. Храналагічна гэта першы з інвентароў, якія захаваліся ў архіве. Наступныя інвентары 1759, 1765 і 1793 гадоў паўтараюць тэкст інвентара 1746 года з невялікімі дапаўненнямі. У інвентарах падрабязна цытуюцца дакументы аб падмурку і фундушах. Візітацыя касцёла 1733 года, цытаваная ў зносцы да гэтай працы (з апісаннем драўлянага касцёла, які ў той час усё яшчэ рэстаўраваўся, і з апісаннем ларэтанскай капліцы да рэканструкцыі яе Глаўбіцам), змяшчае наступную інфармацыю пра статую Маці Божай Ларэтанскай, вывезеную ў Расію ў 1915 годзе: "Intra crates in muro superius quam Cyborium habetur Statua B. V. Mae Lauretanae cum parvulo IESU, sculpta ex ligno ut asseritur allato ex Italia ab eodem Principe Radziwill Sierotka peregrinante. Supra caput tam B. V. quam Dni I, sunt coronae argenteae ad instar Pontificalium totae deauratae... In manu Statuae parvulae Dni I, pomum argenteum deauratum cum Cruce de super, utraque haec Statua contegitur oblongis vestibus infra scriptis...". Былы мальтыйскі касцёл дагэтуль выкарыстоўваецца праваслаўнай царквой. У 1934 г. часткова разабраны царкоўныя надбудоўкі, аднак будынак не быў прыведзены ў першапачатковы стан. Унутры захаваўся іканастас, ён закрывае былы вялікі алтар.

[47] Валюта (італ.: voluta - завіток, спіраль) - пластычнае аздабленне ў выглядзе спіральнага завітка. - Л. Л.

[48] Там жа. Інвентар 1746 г.

[49] Там жа. Інвентар 1793 г.

[50] Там жа. Інвентар 1746 г.

[51] Там жа.

[52] Там жа. Інвентар 1746 г. Пасярэдзіне касцёла вісіць крыштальная люстра з 12 падсвечнікамі, размешчанымі на трох узроўнях, на якой знаходзяцца крыштальныя фігуркі сіняга, жоўтага і белага колераў.

[53] Каб дапоўніць інфармацыю пра гэты помнік, варта адзначыць, што на дарозе з мястэчка да касцёла маецца мураваная калона, на якой калісьці стаяла статуя святога Яна Непамуцкага, статую прыбралі расіяне. Яна не ўключана ў інвентар 1733 года, але зафіксавана ў інвентары 1746 года. З-за вельмі сціплай архітэктурнай формы калоны і пашкоджання скульптуры, немагчыма вызначыць, ці звязана яна з дзейнасцю Глаўбіца ў Сталовічах. Над вялікім акном на другім ярусе фасада знаходзілася памятная дошка, якая ў інвентары 1793 года згадваецца як "шліфаваны камень з выразаным і вылітым з волава надпісам заснавальнікаў касцёла". Гэтую дошку прыбралі царкоўныя ўлады, у цяперашні час у Сталовічах яна не знойдзена.

[54] Wołyniak [M. Giżycki], Wiadomości o Dominikanach Prowincyi Litewskiej. Kraków, 1917. Cz. I. S. 299. Аўтар абапіраўся на невядомыя архіўныя матэрыялы і не ўказаў свае крыніцы. Nasze Kościoły. Opis ilustrowany kościołów i parafii na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyleglych. T. I. Archidiecezja Mohylowska, wydali ks. D. Bączkowski i ks. J. Żyskar. Warszawa-Petersburg 1913, s. 421-424. (невялікія, невыразныя рэпрадукцыі на с. 421 і 424). Рэпрадукцыя на с. 421 была выкарыстана для мал. 16, а рэпрадукцыя на с. 85 для мал. 17 гэтай працы).

[55] Крухта - паўкруглы апсідны прытвор пры уваходзе ў храм, які нагадвае абарончы барбакан. - Л. Л.

[56] Archiwum Kościoła Ewangelicko-Augsburskiego w Wilnie, Protokuły II, 6 жніўня 1764 г.: "... hat der Hr Glaubitz vorgetragen, dass Er das grosse Kirchenschloss welches schon zweymahl ist repariret worden, und doch nicht verkauffen konnen, nach Polock mitnehmen wollen umb dorten verkaufen zu konnen...".

[57] Nasze Kościoły, рэпрадукцыя на С. 424.

[58] Там жа.

[59] Wołyniak [M. Gizycki], С. 299. Прозвішча напісана няправільна: "Glaubier", у той час як у заўвазе ранейшага аўтара пра Струні ў "Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага". Т. XI. Варшава, 1890. С. 420, напісана больш правільна "Glaubicz".

[60] Nasze Kościoły. С. 386 - рэпрадукцыя.

[61] M. Morelowski, Katedra unicka w Połocku (sprawozdanie z referatu). Prace Komisji Historji Sztuki P. A, U., T. II, Kraków. 1922. S. LXXXIX. У тэксце была памылка друку: "малярскі" замест "мулярскі", пра што мне паведаміў прафесар Марэлоўскі.

[62] А. М. Павлинов. Древние храмы Витебска и Полоска. Труды 9 археологического съезда в Вильне. Mocквa 1895-97, T. I. Nasze Kościoły, j, w., S. 387, 389, 390.

[63] Nasze Kościoły. С. 85-90. (там жа, рэпрадукцыя на С. 85).

[64] Інфармацыя пра рэканструкцыю ратушы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя была ласкава прадастаўлена мне, грунтуючыся на матэрыялах з віленскіх архіваў, панам Эўзебіюшам Лапацінскім, які прачытаў даклад пра гісторыю будаўніцтва віленскай ратушы на пасяджэнні секцыі гісторыі мастацтва Таварыства гісторыі польскага мастацтва ў Вільні. Гэты даклад будзе апублікаваны ў III томе прац секцыі.

[65] Wizerunki i roztrząsania naukowe. Poczet nowy drugi. T. 23. Wilno, 1842. S. 224-228. Пра вежу ратушы ў Вільні і яе абвальванне.

[66] Архіў евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні. Пратаколы II - сакавік 1757 г.

[67] Там жа. Пратаколы II - 26 мая 1758 г., 2 верасня 1758 г., 14 снежня 1758 г.

[68] Там жа. Пратаколы I - красавік 1744 г., 21 ліпеня 1749 г. Рэестр - красавік 1751 г. Пратаколы II - 10 студзеня 1759 г., 1 жніўня 1762 г.

[69] Там жа. Пратаколы II - 4 кастрычніка 1757 г.

[70] Дацэнт, др. А. Бохнак, выказаў здагадку - з якой я не магу пагадзіцца, - што аўтарам фасада з'яўляецца Тэадор Швертфегер, немец з Прусіі, які актыўна працаваў у Расіі ў 1716-1733 гадах і, сярод іншага, у 1720-1723 гадах зрабіў мадэль сабора Аляксандра-Неўскага манастыра ў Санкт-Пецярбургу. Кароткі змест яго камунікату пад назвай: Меркаваны архітэктар фасада місіянерскай царквы ў Вільні, прадстаўлены на пасяджэнні Камісіі па гісторыі мастацтва 21 сакавіка 1935 г. Гл: Sprawozdania z czynności i posiedzeń Polskiej Akademii Umiejętności. t. XL Kraków, 1935. S. 49-50.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX