Папярэдняя старонка: Мастацтва

Лабачэўская Вольга. Biленская выстава 1913 г. 


Аўтар: Лабачэўская Вольга,
Дадана: 20-06-2014,
Крыніца: Лабачэўская Вольга. Biленская выстава 1913 г. // Спадчына №4-1995. С. 23-34.



1(14) верасня 1913 г. у Вільні нельга было прайсці па Вастрабрамскай вуліцы, не заўважыўшы пабудаванай перад уваходам у гарадскую канцэртную залу саламянай страхі на чатырох драўляных слупах, пад якой змяшчалася велізарная каляровая афіша. На афішы на цёмна-чырвоным фоне была намаляваная выява чорнага рыцара «Пагоні» ў абрамленні звязаных паміж сабой віленскіх велікодных пальмаў i ўзгорыстых народных паяскоў, якія мілавалі вока відам чэрвеньскага лугу, што квітнее ўсімі колерамі вясёлкі. Незвычайная афіша-карціна запрашала на Першую краёвую выставу дробнага промыслу i народнага мастацтва Літвы i Беларусі.

Выстава, на якую было прывезена 8 тысячаў экспанатаў з Віленскай, Горадзенскай, Ковенскай, Віцебскай, Менскай 1 Магілеўскай губерняў, шырока разгарнулася ў канцэртнай зале - на сцэне, ва ўсіх памяшканнях, на галерэі, а пачыналася яна ўжо ў гардэробе.

Наведвальнікі маглі ўбачыць на выставе шмат цікавага, дагэтуль мала вядомага, небывалага. Экспазіцыю параўноўвалі з велізарным квяцістым шатром сялянскага чараўніцтва, дзе былі сабраныя скарбы неўсвядомленага пачуцця прыгажосці, праявы творчай сувязі чалавека з прыродай.

Выстава гэтак i засталася ў гісторыі адзінай падобнай з'явай, другой не было - перашкодзілі сусветная вайна, распачатая неўзабаве, а затым i рэвалюцыйны пераварот. У віры гістарычных падзеяў забылася, што Віленская выстава 1913 г. мае непасрэднае дачыненне да гісторыі i культуры Беларусі, а не толькі Літвы. Сёння ж, гледзячы скрозь гістарычную перспектыву ў мінулае, прыходзім да высновы, што тая імпрэза сталася не толькі першай, але й самай буйной рэпрэзентацыян беларускага народнага мастацтва, дзе былі прадстаўленыя скарбы мінуўшчыны XVII-XIX стст. i тагачасная мастацкая творчасць беларусаў.

Ідэя арганізацыі выставы выспявала ў Вільні некалькі гадоў. Бйнае ажыццяўленне падштурхнула II Усерасейская саматужная выстава, што адбылася ў Санкт-Пецярбурзе на пачатку 1913 г. i прадэманстравала шырокія магчымасці ў развіцці саматужных i асабліва мастацкіх промыслаў, усю шматлікасць i разнастайнасць твораў мастацтва народаў, што насялялі Расейскую імперыю.

У Санкт-Пецярбурзе ўпершыню дэманстраваліся вырабы народных промыслаў з Беларусі i Літвы, якія былі адзначаныя медалямі i пахвальнымі лістамі. Высока ацэньваліся яны таксама i расейскай прэсай, якая не шкадавала словаў захаплення, асабліва пра тканыя вырабы, называючы ix «казачнымі». Усё гэта падштурхнула Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, што адбірала экспанаты для II Усерасейскай выставы ад Віленскай губерні, арганізаваць падобную імпрэзу i на сваёй зямлі.

Экспазіцыя ў Вільні была задуманая арганізатарамі як уступны іспыт для далейшай працы ў развіцці хатніх i саматужных промыслаў. Яна мела на мэце даць уяўленне пра стан народнага мастацтва i мастацкіх промыслаў, падказаць шляхі іхнага развіцця ды пашырэння вытворчасці. «Выстаўка мае мэту паказаць, што i як вырабляецца ў нашым краі, як народ нашага краю (беларусы i літвіны) разумеюць красу, як гэтую красу выражаюць у вытворах сваіх рук i свайго розуму, што ёсць у нашым краі цікавага i арыгінальнага, годнага развіцця і паказу на шырокім сьвеці», - пісала «Наша ніва».

Планавалася прывезці экспанаты з усіх шасці беларуска-літоўскіх губерняў. Рэалізаваў гэты праект камітэт дробнага промыслу Віленскага сельскагаспадарчага таварыства. На сваім першым паседжанні, прысвечаным выставе, ён утварыў арганізацыйны камітэт з гарадскіх дзеячоў i прадстаўнікоў таварыства, з якога быў вылучаны выканаўчы орган. У выканаўчы камітэт былi запрошаныя прадстаўнікі ад сельскагаспадарчых таварыстваў усіх шасці губерняў, а таксама ад мясцовых арганізацый, што цікавіліся справамі народнага мастацтва i промыслаў. Старшынёй камітэта была абраная Паўліна Кончанка. У ягоны склад увайшлі таксама асобы, якія цікавіліся народнымі промысламі i займаліся ix арганізацыяй, - Ганна Моль з Рэжыцы Віцебскай губерні, Алена Сакалоўская з Наваградка, Ігнаці Турскі i Вітольд Чыж (ён жа А. Бульба) з Вільні. Мастацкае кіраўніцтва выставай было даручана прафесару Фердынанду Рушчыцу i мастаку Антонію Жмуйдзінічысу, старшыні Літоўскага мастацкага таварыства.

Выканаўчы камітэт звярнуўся ў Міністэрства сельскай гаспадаркі ў Пецярбурзе па фінансавую дапамогу i атрымаў 2500 рублёў пры ўмове, што такую ж суму збярэ на правядзенне выставы ў Вільні мясцовая грамадскасць. Дзеля збору неабходных сродкаў была мабілізаваная ўся Вільня, далучаныя ўсе, хто цікавіўся народным мастацтвам. Камітэт збіраў дабрачынныя ўклады па 100 рублёў, якія планавалася вярнуць, калі прыбытак ад выставы пакрые выдаткі. Акрамя прыватных асобаў, фундатарамі сталі гарадская ўправа Вільні i сельскагаспадарчае таварыства.

Дзеля арганізацыі збору экспанатаў выканаўчы камітэт дэлегаваў на месцы сваіх прадстаўнікоў. Разгарнулі дзейнасць губернскія i павятовыя земствы, саматужныя камітэты сельскагаспадарчых таварыстваў, навучальна-паказальныя майстэрні, рамесныя школы, дабрачынныя арганізацыі i прыватныя асобы. Уся падрыхтоўчая праца завяршылася, ў вельмі кароткі тэрмін - менш чым за паўгода.

Усяго на выставе было прадстаўлена 795 экспанатаў. У каталозе пазначаныя 3433 адзінкі, аднак на самой справе ix было значна больш, бо пад адным каталожным нумарам нярэдка пазначалася некалькі аднастайных вырабаў. Акрамя экспанатаў, прысланых з месцаў, у экспазіцыю выставы былі ўключаныя зборы народнага мастацітіа розных арганізацыяў i асобаў.

Літоўскую частку выставы істотна дапоўнілі археалагічныя i этнаграфічныя калекцыі Таварыства сяброў навукі, прыватныя зборы М. Брэнштайна, Ужэнблы, Ф. Рушчыца i П. Кончанка, якія экспанавалі са сваіх збораў велікодныя віленскія пальмы, што сталіся сымбалем выставы.

Беларускую частку вылучала калекцыя «старасветчыны» А. Брадоўскага з 214 прадметаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVII-XIX стст. i ўласнаручна выкананыя ім вырабы. Вельмі разнастайныя творы дэкаратыўна-прыкладнога i народ нага мастацтва з дрэва, бяросты, керамікі, шкла, металу, а таксама карункі, вышыўкі залатымі ніцямі i пацеркамі, каптуры i гарсэты-паясы, у тым ліку славутыя слуцкія, дэманстравала калекцыя ca 176 прадметаў, што належала рэдакцыі газеты «Наша ніва».

Экспазіцыя выставы будавалася па губернях i ў дэкаратыўным плане, паводле выказванняў сведкаў, яна была незвычайная. Ідэя мастацкага вырашэння належала Ф. Рушчьщу. Мастак, народжаны на беларускай зямлі ў маёнтку Багданава на Валожыншчыне, услаўляў у сваіх творах ейную прыгажосць. Ен быў захоплены хараством народнага мастацтва, ведаў яго карані i добра разумеў душу творцаў - простага народа. Сябра мастака, вядомы віленскі фотамастак Яи Булгак пісаў ва ўспамінах: «Ен вельмі любіў нашыя ўзорыстыя тканіны, каляровыя дываны, паяскі і велікодныя пальмы, высока цаніў мастацкае пачуццё народа». Невыпадкова Таварыства падтрымкі хатняга промыслу i народнага мастацтва, створанае у Вільні на пачатку 1913 г., абрала яго намеснікам старшыні.

Ф. Рушчыц здолеў зрабіць з выставы своеасаблівую мастацкую маніфестацыю. Ідэя еднасці, агульнага гістарычнага лесу абодвух народаў, што мел i ў мінулым адзіную дзяржаўнасць пад гербам Пагоні, сталася ўвасобленай мастаком у афішы, што адчыняла выставу i была растыражаваная ў Варшаўскай друкарні Вяржбіцкага. Велікодныя квяцістыя пальмы i ўзорыстыя паяскі, сплеценыя вакол старажытнага герба, сымбалізавалі народ i ягоныя творчыя здольнасці. Звычайная афіша набыла вартасць мастацкага твора, дзе сродкамі мастацкай выразнасці была абагульненая ідэя выставы.

Найбольшую ўвагу прыцягвала экспазіцыя Менскай губерні. Пабудаваная Ф. Рушчыцам, яна перадавала характар беларускага краю з яго шэрым небам, гармоніяй i спакоем краявідаў. На белым фоне палотнаў, якія пакрывалі сцены, віселі дзве Пастуховы трубы, i больш нічога. Толькі па баках звешваліся ад верху да нізу два ручнікі ў папярочныя палоскі. На простым стале расстаўленыя драўляныя i ганчарныя вырабы, народныя музычныя інструменты. Тканіны, што экспанаваліся побач, вызначаліся тонкім пачуццём колеру i гармоніі, пяшчотным спалучэннем фарбаў. Пераважалі белы i шэра-белы колеры з дамешкам чырвонага i чорнага. У экспазіцыі не было ніякіх дысанансаў. «Словам, бачым тут тое самае, што ў песні беларускай, на першы погляд, манатоннай... аднак гарманічнай i заўсёды сумнай, як душа беларуская», - пісаў пра гэтую частку выставы У. Загорскі.

Найбольш прадстаўніча дэманстравалася ткацтва. Посцілкі, дываны, тканіны з воўны, i льну i бавоўны на адзенне, ручнікі, абрусы, спадніцы, фартухі выяўлялі высокі ўзровень развіцця народнага ткацтва на Беларусі і. Літве. Наведвальнікі адразу заўважалі, што пры ўсёй разнастайнасці матываў i малюнкаў у беларускіх i літоўскіх тканінах шмат падобнага, агульнага. Але кідалася ў вочы i розніца ў каларыце, спосабах выканання. Побач ca спакойнымі, вытрыманымі ў светлых танах тканінамі (літоўскімі, горадзенскімі, менскімі) чырванелі тканіны Магілеўшчыны. Самай высокай якасцю вылучаліся тканіны Горадзеншчыны, дзе ткацкі промысел меў найвышэйшы ўзровень развіцця, таму яны былі i найдаражэйшыя.

Звяртала на сябе ўвагу вялікая колькасць i разнастайнасць тканых узорыстых паясоў з Віленскай, Ковенскай, Горадзенскай губерняў. Вылучаліся незвычайнасцю выканання дываны, сшытыя з мноства паясоў, адзін нават налічваў ix 56. Народныя тканіны i ўзорыстыя паяскі ўваходзілі ў той час у моду ў гарадскім асяроддзі, ў колах інтэлігенцыі, што адчувала сваю роднасць з простым народам, разумела лепшыя традыцыі народнага мастацтва як выражэнне нацыянальнага духу. Таму не здзіўляла што на выставе экспанаваліся спробы прыстасавання народных мастацкіх вырабаў для гарадскога побыту. Выразным прыкладам гэтага былі альбомы з пераплётамі з самаробных вясковых тканінаў i заслоны на дзверы, прыбраныя арнаментаванымі паяскамі, якія выканаў Ян Еленскі з Вільні.

Народнае адзенне было паказана менш прадстаўніча, чым тканіны. Выстава не давала агульнага малюнка багацця мастацкіх традыцыяў народных строяў беларусаў i літоўцаў. Два поўныя строі - жаночы i мужчынскі, з Бабруйскага навету, у якіх пераважаў чырвоны колер,- экспанаваліся на манекенах у раздзеле Магілеўскай губерні. Сярод экспанатаў Менскай губерні былi паказаныя строі з Піншчьшы i Случчьшы. Горадзеншчына прадстаўляла некалькі строяў з Сакольскага навету. Поўныя беларускія дзявочыя i мужчьшскія строі прывезла на выставу Пецярбургская выдавецкая суполка «Загляне сонца i ў наша ваконца»; Асобныя часткі народнага адзення - фартухі, кашулі, наміткі, шырынкі, спадніцы - паходзілі з Кобрынскага, Слонімскага, Быхаўскага паветаў.

Надзвычай цікавай была калекцыя жаночых чапцоў-каптуроў з Ашмянскага i Вілейскага паветаў. Галаўныя ўборы, выкананыя з шаўковых i ваўняных тканінаў, упрыгожаныя шырокімі залацістымі стужкамі, на той час ужо выйшлі з ужытку. На выставе ix было наказана больш за 200, i шмат якія прапаноўваліся на продаж. Напярэдадні гэтая калекцыя экспанавалася на II Усерасейскай саматужнай выставе ў Санкт-Пецярбурзе. Кідалася ў вочы тое, што народныя каптуры, а таксама гарсэты з розных куткоў Бе л ару сі, былі вельмі падобныя паводле формы да ўзораў XVII-XVIII стст., вышываных залатымі, срэбнымі ніцямі i пацеркамі, якія дэманстраваліся сярод гістарычных экспанатаў. Гэта сведчыла пра адзінства каранёў i пераемнасць у беларускай культуры.

Народная кераміка была прадстаўлена ганчарным посудам i глінянай цацкай з розных цэнтраў іхнае вытворчасці: Магілева, Воршы, Крычава, Глыбокага, Бешанковічаў, Горыцкага павету. Разнастайны гліняны посуд - збанкі, дваякі, кубкі, міскі i вазоны, а таксама мноства цацак (47 «лялек» i 41 «казака») - паказваў i прадаваў ганчар В. Ланеўскі з Ракава. Каля ста керамічных вырабаў коштам ад 5 да 30 капеек выставіла на наказ i продаж Віцебскае губернскае земства.

Сярод драўляных вырабаў нельга было не заўважыць старой, вельмі простай паводле формы, бажніцы ca сціплай салярнай арнаментыкай з Менскай губерні. Шмат было плёценых вырабаў з саломы - капелюшы з Горадзенскага, Кобрынскага, Брэсцкага, кошыкі з Ашмянскага, Гомельскага, кузубы на зерне з Кобрынскага, павукі з Вілейскага паветаў.

У раздзеле Горадзенскай губерні вылучаліся арнаментаваныя яйкі-пісанкі. Традыцыя ix выканання на Вялікдзень не мела пашырэння ў іншых мясцінах Беларусі. Пісанкі (каля 65 штук) былі распісаныя спецыяльна для выставы ў тэхніцы васкавання жанчынамі з вёсак Навасёлкі Ваўкавыскага i Дулебава Бельскага паветаў.

Некаторыя экспанаты, што паходзілі ад аўтараў, можна было набыць, іхны кошт пазначаўся ў каталозе. Аднак бальшыня выстаўленых прадметаў экспанавалася як творы мастацтва. У сувязі з гэтым аглядальнік «Нашай нівы» шкадаваў аб адсутнасці прадпрымальнасці ў беларускім народзе, бо не памкнуліся людзі зарабіць з такой зручнасці, як выстава: «Няхай бы ганчар навёз гаршкоў, гладка i сціпна нарабіўшы, i ён ix распрадаў бы ўсе; няхай бы які хлопец настругаў цацак, i ix бы расхапалі за добрыя грошы для гарадскіх дзяцей, каб якая зручная дзяўчына наткала палатна, які столяр нарабіў рамак - усё б гэта раскупілі людзі».

Пры ўсёй разнастайнасці сучасных вырабаў, ix параўнанне з тым, што належала да адабраных калекцыяў, наводзіла сучаснікаў на думку пра страту шмат якіх традыцыяў у культуры беларускага народа, заняпад некаторых мастацкіх тэхнік i рамёстваў. «Тое, што наш народ цяпер тварыць, гэта толькі грубы ўспамін старасьвецкага багацьця», - з горыччу адзначалася ў нашаніўскім аглядзе выставы. Аднак яна падказвала арганізатарам i ўсім зацікаўленым у развіцці народных промыслаў, па якіх шляхах трэба ісці беларускай нацыянальнай культуры, што варта захоўваць i адраджаць. Вытворцы ж маглі параўнаць свае вырабы з іншымі, пазнаёміцца з патрабаваннямі пакупнікоў.

Адной з асаблівасцяў выставы ў Вільні.было i тое, што побач з вырабамі саматужнікаў, асобных вытворцаў яна шырока дэманстравала дасягненні навучальна-паказальных майстэрняў, школаў рамёстваў, арганізаваных губернскімі i павятовымі земствам i, якія імкнуліся да развіцця народных промыслаў, навучання сялянаў больш дасканалым прыёмам рамёстваў. Гэтая дзейнасць пашыралася на Беларусі ў гады, што папярэднічалі выставе. У значнай ступені гэтаму садзейнічала набыццё Менскай, Магілеўскай, Віцебскай губернямі ў 1911 г. земскага статусу. Наваствораныя беларускія земствы, абапіраючыся на расейскі земскі досвед i дзейнасць у згаданай галіне сельскагаспадарчых таварыстваў, распачалі актыўную працу па дапамозе вясковым саматужнікам, засваенні імі лепшых узораў, рамесных прыёмаў, набыцці палепшанага абсталявання для вытворчасці. Кал i на выставах саматужных промыслаў, што ладзіліся сельскагаспадарчымі таварыствамі ў 1901 г. у Менску i ў 1904 г. у Магілеве, былі прадстаўленыя толькі адзінкавыя такія школы i майстэрні, дык на Віленскай выставе ix было ўжо значна больш.

Акрамя вядомай, першай на Беларусі ткацкай школы i навучальна-паказальнай майстэрні Ганны Моль у Рэжыцы Віцебскай губерні, паказвалі свае вырабы ткацкія школы з Севасцьянавічаў Магілеўскай губерні, з Леплі, Чачэрска, што былі створаныя мясцовымі земствамі, ткацкі гурток пры сельскагаспадарчым таварыстве з в. Сарочыцы Ашмянскага павету, кашыкарская майстэрня Гомельскага павятовага земства, а таксама розныя майстэрні пры дабрачынных арганізацыях. Вырабы з гэтых майстэрняў былі больш прыстасаваныя да гарадскога пакупніка, ягоных густаў i патрабаванняў, чым тое, што рабіў сялянскі майстар. Кашыкарскія майстэрні выпляталі сталы, крэслы, канапы, дзіцячую мэблю, кашы i розныя дробныя вырабы з лазы» чароту, а таксама з прывазной сыравіны: рафіі, трыснягу, бамбуку. За ўзоры браліся тыя, што прапаноўвалі папулярныя тагачасныя альбомы, выдадзеныя за мяжой.

Адначасна з традыцыйнымі посцілкамі i абрусамі ткацкія школы выраблялі тканіны з бавоўны на адзенне, сурвэткі i нават ваўняныя тканіны - драпы i шавіёты, падобныя да фабрычных. Ад школы Ганны Моль на выставе было ўстаноўлена пяць палепшаных шырокіх варштатаў, на якіх ткачыхі дэманстравалі публіцы магчымасці ткання нясшыўных посцілак. Гэта было нагляднай прапагандай удасканаленага ткацкага абсталявання, якое дазваляла палепшыць якасць саматужных тканінаў, пашырыць іхны збыт сярод гарадскіх пакупнікоў.

Наведвальнікаў выставы ўражвала майстэрства ткачых, сам працэс ткання, што адбываўся на іхных вачах. Працавалі на гэтых варштатах сялянскія жанчыны, якія прыехалі з далёкіх вёсак. Палатно, што яны ткалі, здзіўляла па-мастацку гарманічным спалучэннем колераў i адценняў. Як успамінаў Ян Булгак» нехта з гледачоў запытаў адну жанчыну, як яна прыходзіць да такіх мастацкіх вынаходак, аднак «неўсведамлёная мастачка» не магла адказаць на гэтае пытанне.

Выстава працавала цэлы месяц. Яна сталася сведчаннем цікавасці інтэлігенцыі да народнага мастацтва, да мастацкіх заняткаў народа ды выявіла ў грамадстве працэс асэнсавання скарбаў народнага мастацтва. Выстава шырока асвятлялася ў прэсе. На яе адгукнуліся шматлікія разнамоўныя выданні: беларуская «Наша ніва», «Tygodnik Wilieński», што выходзіў на польскай мове, расейскія газеты. Часопіс Польскага краязнаўчага таварыства «Ziemia» змясціў вялікі артыкул з аглядам выставы Уладзіслава Загорскага. Дзевяты нумар варшаўскага часопіса «Wieś ilustrowana» з вокладкай, намаляванай Ф. Рушчыцам, быў цалкам прысвечаны народнаму мастацтву Літвы i Беларусь Успаміны пра гэтую незвычайную падзею ў культурным i грамадскім жыцці шматнацыянальнай Вільні, усяго краю пакінулі яе сведкі.

Выстава працавала не толькі дзеля патрэбаў развіцця народнага мастацтва i промыслаў. Вельмі наглядна яна сцвярджала культурную самабытнасць беларусаў i літоўцаў. Для народаў, што былi над моцным уціскам суседніх культураў, гэтая падзея мела надзвычай важнае значэнне, бо вылучала са свайго асяроддзя першых нацыянальных інтэлектуалаў - дзеячоў літаратуры, навукі, мастацтва.

Арганізатары выставы, у бальшыні прадстаўнікі польскамоўнай культуры, з павагай ставіліся да роднай мовы народаў, мастацтва якіх яны рэпрэзентавалі. На афішах, абвестках надпісы падаваліся побач з расейскай i польскай, таксама i на беларускай ды літоўскай мовах. Каталог, выдадзены да выставы, быў надрукаваны на беларускай мове. Гэта выявіла тую сітуацыю, пра якую пісаў нашаніўскі аглядальнік: «Калішні «мужык» стаўся беларусам, чалавекам роўным паміж людзей, ён вымагае пашаны для сябе, сваёй мовы i сваёй нацыянальнай годнасці...». Выстава ў некаторай ступені сталася плынню нацыянальнага руху за адраджэнне Беларусі, распачатага ў Віленскім i Пецярбургскім асяроддзі маладой беларускай інтэлігенцыі на пачатку стагоддзя.

Невыпадкова, што разам з адкрыццём выставы ў Варшаве выйшаў у свет вераснёўскі дзевяты нумар часопіса «Wieś ilustrowana» цалкам прысвечаны народнаму мастацтву Беларусі і Літвы. Пры падрыхтоўцы гэтага тэматычнага ну мара рэдакцыя кіравалася высака родным i мэтамі i ў прадмове адзначыла: «Няхай нашы сціплыя намаганні будуць сведчаннем таго, што польскі народ можа ацаніць i зразумець тое, што з яўляецца істотнай і каштоўнасцю іншых народаў». Нумар быў выдадзены «як відавочны знак міру, як незабыўны след любавання тымі высакароднымі элементамі народнай душы, што маўчаць, здушаныя ў гомане барацьбы».

Дзякуючы змешчаным у часопісе матэрыялам па фальклоры, тэкстам песняў з нотамі, вершам, мноству фотаздымкаў твораў народнага мастацтва i этнаграфічных тыпаў, абмежаваная выставачная прастора быццам бы пашыралася да сапраўднай рэчаіснасці, краявідаў той зямлі, з якою звязаны лёс беларусаў i літоўцаў. У беларускай частцы нумара былі змешчаныя фальклорны тэкст вясельнага блаславення, роздум пра душу беларуca - «Абразкі» Пятра Простага, беларуская легенда «Тры карты», верш М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», надрукаваны лацінкай па-беларуску i ў перакладзе на польскую мову. У падборку ўваходзіў таксама артыкул А. Бульбы «Некалькі слоў аб дзявочай вопратцы на Беларусі».

Аднак у параўнанні з літоўскай часткай часопіса гэтыя матэрыялы ў меншай ступені адлюстроўвалі разнастайнасць беларускага народнага дойлідства, адзення, прадметаў мастацтва, a ў падборцы фотаздымкаў знайшло нават увасабленне распаўсюджанае ўяўленне пра жабрацтва, убоства беларусаў, смутнасць краявіду беларускай зямлі. Гэта не было наўмысным скажэннем, a вынікам няведання культуры беларускага народа i яе агульнае нявывучанасці. На шчасце, выстава пераконвала ў адваротным.

Акрамя культурна-грамадскай значнасці, выстава мела навуковую каштоўнасць. Яна ўпершыню дала праўдзівы вобраз народнай творчасці, жыцця народа, яго паняццяў, густаў, веравызнанняў у беларуска-літоўскіх губернях. У. Загорскі ў аглядзе выставы, змешчаным у часопісе «Ziemia», падкрэсліваў, што яна становіць сабой багатую крыніцу для этнографа. Умела сабраныя i размешчаныя, экспанаты даюць магчымасць зрабіць i хны параўнальны аналіз i высветліць шмат якія пытанні агульнага развіцця народнага мастацтва беларусаў i ліцвінаў, сведчаць пра ўзаемаўплывы i ўзаемапранікненні культураў.

Вывучэнне i збіранне народнага мастацтва беларусаў i літоўцаў у той час толькі распачыналася. Без сумнення, выстава ў Вільні 1913 г. падштурхнула навуковыя даследаванні, паспрыяла стварэнню праз некалькі гадоў аддзялення этнаграфіі ў Віленскім універсітэце i яго Этнаграфічнага музея. Яна заклала падмурак дзеля першага нацыянальнага беларускага музея, які арганізоўваў у Вільні I. Луцкевіч.

У гісторыю беларускай культуры Віленская выстава 1913 г. павінна ўвайсці як першы прадстаўнічы наказ скарбу народнага мастацтва, да якога грамадства мусіць імкнуцца заўсёды, i асабліва ў часы, калі ўзнікае патрэба ў захаванні нацыянальнай самабытнасці, пошуку этнічных каранёў, абароне культурных адметнасцяў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX