Папярэдняя старонка: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва

Ад аўтара 


Аўтар: Шчакаціхін Мікола,
Дадана: 24-07-2012,
Крыніца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва, Мінск, 1993.



Асноваю гэтых нарысаў зьявіліся матар'ялы, распрацаваныя намі пры падрыхтоўцы курсу гісторыі беларускага мастацтва,прачытанага ў першы раз у 1923/1924 акадэмічным годзе ў Беларускім Дзяржаўным Універсытэце. Разам з тым, у цяперашнім, крыху болей дапоўненым і пераробленым відзе яны наагул павінны быць першаю спробай больш-менш сыстэматычнага гістарычнага вывучэньня беларускіх мастацкіх старажытнасьцяй. Зразумела, аднак, што гэтая спроба ні ў якім разе ня можа прэтэндаваць ні на закончанасьць ні на належную паўнату.
Гісторыя беларускага мастацтва зусім нядаўна заняла вядомае месца як у дасьледчай працы Інстытуту Беларускае Культуры, так і сярод дысцыплін, якія выкладаюцца з універсітэцкай катэдры ў вышэйшай навучальнай установе Беларусі. У гэтай галіне ў сучасных умовах далёка не заўсёды магчыма канчатковая апрацоўка нават сабранага ўжо матар'ялу, - паколькі часьцей за ўсё самае зьбіраныне яго яшчэ патрабуе найбольшае ўвагі. Чарговай задачай, у большасьці, зьяўляюцца тут толькі папярэднія "разьведкі", датычныя некаторых асноўных пытаньняў, апублікаваньне помнікаў і крыніц, пастаноўка пэўных проблем, - часам бяз іх вырашэньня, - бо кожная новая галіна дасьледваньня няўхільна мае ў сабе шмат чаго спрэчнага і няяснага, і часта знаходка новага матар'ялу вымагае паўторнага перагляду тых ці іншых першапачатковых вывадаў.
Выбар распрацаванага тут у першую чаргу матар'ялу абумоўлсны як усімі, зазначанымі вышэй, так, часткова, і хронолёгічнымі меркаваньнямі. Нам здавалася найбольш мэтазгодным перш за ўсё даць хаця-б самую агульную характарыстыку кургановае эпохі ў адносінах да ўласьцівых ёй стылістычных форм, паколькі формы гэтыя зьяўляліся вынікамі тых сталых суадносін і сувязяй Беларусі з іншымі краінамі, якія адыгралі самую істотную ролю і ў разьвіцьці яе ўласнага мастацтва ўжо ў пазьнейшыя гістарычныя часы. Далей, пачынаючы з XII ст., галоўным прадметам увагі зьявілася эволюцыя архітэктуры, як тэй найболей важнай галіны нашага старадаўняга мастацтва, помнікі якой у межах з XII да XVI сталецьця захаваліся да цяперашняга часу ў досыць значным ліку.
Зразумела, гэтыя першыя нарысы, даведзеныя - і то па абмежаваных тэмах ― толькі да паловы XVI сталецьця, далёка ня могуць лічыцца поўным вырашэньнем пастаўленай намі сабе задачы, нават у абхваце папярэдняга дасьледваньня: беспасрэдным працягам іх павінен быць шэраг далейшых студый, прысьвечаных помнікам барочнай архітэктуры ХVІІ-ХVIII сталецьцяў, архітэктурным формам драўлянага будаўніцтва, помнікам малярства, разьбярства, гравюры, нарэшце, рознага роду ўжытковых мастацтваў, пачынаючы з старадаўніх ювэлірных вырабаў, разьбы, гафтаваньня, тканіны і канчаючы сучаснай народнай орнамэнтыкай. Па нашым пляне ўся гэтая праца разьлічана, прыблізна, на пяць тамоў, наколькі можна судзіць па характары і памерах як ужо сабранага намі, так і намечанага для чарговага вывучэньня матар'ялу.
Друкаваньне гэтага першага тому, скончанага ў асноўных рысах сваіх яшчэ чатыры гады назад, затрымалася да цяперашняга часу з шэрагу тэхнічных прычьтн. Гэта дало магчымасць, аднак, яшчэ дапоўніць яго некаторымі вынікамі нашых пазьнейшых досьледаў, а таксама грунтоўна перарабіць увесь першапачатковы тэкст у зусім новай рэдакцыі. Далейшая падрыхтоўка матар'ялаў да друку і выданьне іх па намечаным намі пляне пойдзе, мы спадзяемся, болей сыстэматычна ў выніках концэнтрацыі ўсяе дасьледчае працы ў данай галіне ў Інстытуце Беларускае Культуры, што забясьпечвае ёй цяпер магчымасьць належнае пляновае пастаноўкі і правядзеньня.
М. Шчакаціхін. Менск, чэрвень 1927 г.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX