Папярэдняя старонка: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва

Разьдзел IV 


Аўтар: Шчакаціхін Мікола,
Дадана: 26-07-2012,
Крыніца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва, Мінск, 1993.



Беларуская готыка ХV - ХVІ сталецьця

1. Пачатковае готыцкае будаўніцтва і два тыпы готыцкіх помнікаў у Беларусі

Пытаньне аб пахаджэньні готыцкіх форм у беларускай мураванай архітэктуры, таксама як і пытаньне аб часе зьяўленьня іх на беларускай тэрыторыі, само па сабе не належыць да ліку пытаньняў складаных. Апроч некаторых романскіх дэталяй, якія ў свой час адыгралі вядомую ролю для беларускага будаўніцтва, готыцкія формы, як мы ўжо бачылі, зьявіліся наагул аднымі з першых заходня-эўропейскіх форм, прынятых і распрацаваных беларускай архітэктурай. У папярэднім разьдзеле мы паказалі, што першыя ўзоры ваеннае готыкі, створаныя пад беспасрэдным уплывам нямецкіх "крыжацкіх" будоў, сустракаюцца ўжо ў самых старых з ліку беларуска-літоўскіх замкаў, і што ў канцы XIV сталецьця, у кожным разе, у некаторых з іх ужо ўсталяваліся досыць складаныя готыцкія сыстэмы. Прыблізна да гэтага самага часу, хутчэй за ўсё, можа быць таксама дапасаваны і пачатак царкоўнае готыкі ў Беларусі. Рашучым момантам тут, мабыць, зьявіўся офіцыйны пераход беларуска-літоўскага вялікага князя да каталіцтва, які адбыўся ў 1385 годзе, пасьля чаго, пераважна ў Вільні, быў змураваны цэлы шэраг касьцёльных будынкаў, - магчыма пры беспасрэдным удзеле нямецкіх майстроў, і ў характары тыповае нямецкае цаглянае готыкі. Той самы готыцкі і разам з тым ласьне нямецкі характар маюць шмат якія пазьнейшыя як замковыя, так і царкоўныя пабудовы Беларусі ў цягу ўсяго XV сталецьця.
Калі, аднак, самае пахаджэньне готыцкае архітэктуры ў Беларусі і зьяўляецца досыць ясным, - дык таго самага зусім нельга сказаць адносна далейшага разьвіцьця готыцкіх архітэктурных форм у гэтай краіне, і адносна тых відазьмен, якім формы гэтыя тут падлеглі. Апошнія водгукі готыцкіх конструкцый мы сустракаем у беларускай архітэктуры яшчэ і ў XVII сталецьці; готыцкія сыстэмы ўпарта і традыцыйна захоўваліся тут нават побач з архіктурнымі формамі Рэнэсансу, і канчаткова зьніклі толькі пад магутным націскам барокко. Але за час з XV да XVII сталецьця яны прарабілі тут сваеадменную эволюцыю. У той час як першыя готыцкія пабудовы Вільні ў шмат чым можна лічыць яшчэ толькі за помнікі нямецкае готыкі на тэрыторыі Беларусі, - у пазьнейшую эпоху, а галоўным чынам пачынаючы з XVI сталецьця, характар готыцкіх будоў у Беларусі настолькі істотна відазьмяняецца, што для належнага стылістычнага іх азначэньня ўжо адчуваецца патрэба ў нейкім новым тэрміне. Захоўваючы чыста готыцкія схэмы, асабліва ў сваіх асноўных конструкцыйных прыёмах, а таксама ў некаторых нутраных дэталях, будовы гэтыя ў той самы час ужо настолькі ўхіляюцца ў агульнай сваёй композыцыі ад пачатковых сваіх першаўзораў, і набываюць настолькі адменны ад усіх вядомых нам заходня-эўропейскіх готыцкіх помнікаў характар, - што ў іх ужо прыходзіцца бачыць зусім асобную архітэктурную групу, якая стварае нейкі новы адменьнік готыцкага архітэктурнага стылю. Такім чынам, калі да XVI сталецьця мы можам казаць толькі аб готыцы ў Беларусі (пры гэтым ласьне аб нямецкай готыцы), - дык пачынаючы з гэтага часу мы павінны ўжо казаць аб асобнай беларускай готыцы, укладаючы ў гэтае паняцьце ня толькі тэрыторыяльны, але таксама і формальна-стылістычны сэнс.
У гэтых адносінах усе готыцкія помнікі Беларусі падзяляюцца на дзьве групы, паміж якіх не адразу можна выявіць пасьлядоўную генэтычную сувязь. З першага погляду часам нават здаецца, што абедзьве гэтыя групы маюць паміж сабой вельмі мала супольнага, за выняткам толькі самых асноўных конструкцыйных схэм. Нельга, аднак, лічыць, каб гэтае першае ўражаньне зьяўлялася абсолютна правільным. У разьвіцьці беларускае архітэктуры ў ХV - ХVІ сталецьцях мы не знаходзім сьлядоў якога-колечы рэзкага павароту, які спрыяў бы-нейкаму раптоўнаму пераходу нямецкіх готычных форм у новыя самастойныя формы беларускае готыкі, бяз жадных прамежкавых этапаў і органічнае эволюцыйнае сувязі. Гэтыя прамежкавыя этапы, бясспрэчна, павінны былі існаваць, ― але ў цяперашні час, на жаль, іх немагчыма вызначыць зусім ясна. Захаванасьць готыцкіх архітэктурных помнікаў Беларусі нельга лічыць асабліва добрай, і можна гададь, што тыя помнікі, якія яшчэ існуюць тут да цяперашняга часу, складаюць толькі частку ўсяе ранейшае готыцкае архітэктуры ў Беларусі. У аднэй толькі Вільні, напрыклад, шмат якія спачатку готыцкія будынкі (напр. касьцёл Яна, Катадральны касьцёл і інш.) былі ў пазьнейшыя часы грунтоўна перабу до ваны ў розных стылях, пр ычым бо льшасьць з іх асабліва былі відазьменены ў эпоху барокко, так што ад іх ранейшай готыцкай асновы ўжо зусім нічога не засталося. Іншыя пабудовы, як напр. віленскі касьцёл Марціна на Замковай гары, былі канчаткова зруйнаваны і зьнішчаны. Часам наўмысьля руйнаваліся ня толькі напалову разбураныя пад уплывам часу, але нават і вельмі добра захаваныя будынкі, як напр. званіца віленскага Францішканскага касьцёлу, разабраная ў 1869 годзе але вядомая нам з аднаго старадаўняга малюнку [1]. Апроч усіх гэтых занатаваных фактаў маглі быць, зразумела, таксама і іншыя выпадкі пазьнейшых перабудовак, або зьнішчэньня готыцкіх помнікаў. Магчыма, што ласьне ў гэтых зьнішчаных пабудовах мы і маглі-б знайсьці якія-колечы сьляды паступовае відазьмены і перапрацоўкі заходня-эўропейскіх готыцкіх форм на беларускім грунце. Але, на жаль, усе яны выключаюцца з нашага разгляду і вывучаючы беларускую готыку, мы мімаволі павінны лічыцца з вядомай непаўнатой належнага матар'ялу.
Перш за ўсё гэта датычыць самых пачатковых касьцёльных будынкаў на тэрыторыі Заходняе Беларусі, якія павінны былі тут зьявіцца з канца XIV сталецьця, і ад якіх да цяперашняга часу не захавалася нават ніякіх рэштак. Толькі па аналёгіі да пачатковага разьвіцьця замковае архітэктуры мы можам лічыць, што ў аснову іх былі пакладзены, пэўна, нямецкія, дакладней кажучы крыжацкія ўзоры, якія паступова павінны былі падлягаць мясцовай перапрацоўцы. Але пачатку гэтага пераробчага процэсу мы заўважыць ня можам. Калі мы зварачаемся да першах больш-менш захаваных да нашага часу помнікаў, якія належаць ужо да XV сталецьця, - дык мы знаходзім у іх, пры агульным нямецкім характары, ужо некаторыя досыць ясна аформленыя дэталі, якія бясспрэчна зьявіліся ў іх у выніку нейкіх спэцыфічна мясцовых модыфікацый готыцкае асновы. Ня маючы болей грунтоўнага матар'ялу з ранейшых часоў, мы змушаны ў гэтых адносінах задавальняцца толькі памянёнымі дэталямі, шукаючы хаця-б у іх тых злучальных зьвеньняў, якія яднаюць старадаўнія готыцкія помнікі Беларусі з пазьнейшымі ўзорамі яе ўласнае царкоўнае готыкі. Праўда, у канцы XV сталецьця і ў самых конструкцыях, не зважаючы на агульную нямецкую іх аснову, мы ўжо таксама знаходзім некаторыя мясцовыя асаблівасьці, так што калі мы і ня можам адзначыць ва ўсіх дэталях процэс відазьмены нямецкіх готыцкіх форм у Беларусі, - дык у кожным разе маем магчымасьць заўважыць хоць некаторыя пазьнейшыя характэрныя моманты гэтага процэсу.
Трэба гадаць, што першапачаткова пры пабудове касьцёлаў у Беларусі павінна было адбывацца амаль тое самае, што мы на глядаем у старадаўняй замковай архітэктуры, а ласьне, што чужаземныя готыцкія формы цалком нязьменена пераносіліся на беларускі грунт, і можа толькі ў самых нязначных дэталях крыху дапасоўваліся да тых ці іншых мясцовых умоў. У данай галіне гэта магло выяўляцца нават яшчэ болей выразна ў параўнаньні да замковага будаўніцтва, бо з аднаго боку тут з самага пачатку зьяўляўся магчымым беспасрэдны ўдзел чужаземных майстроў, з другога-ж боку, з тае прычыны, што беспасрэднаму пераносу чужаземных архітэктурных форм у пачатковае касьцёльнае будаўніцтва тут яшчэ мала магла перашкаджаць якая-колечы ранейшая будаўнічая традыцыя. На жаль, аднак, як мы ўжо адзначалі, самыя раньнія помнікі беларускага касьцёльнага будаўніцтва, а ласьне віленскія касьцёлы Марціна, Станіслава (Катадральны) і Яна, для вывучэньня страчаны канчаткова. Першы з іх яшчэ з XV сталецьця быў напалову зруйнаваны, у канцы XVIII сталецьця складаў бясформенныя руіны, і ў пачатку XIX сталецьця быў зьнішчаны дашчэнту. Разам з Катадральным касьцёлам ён мабыць належаў да ліку найболей старых касьцёлаў у Вільні, - але конструкцыя яго застаецца для нас зусім невядомай, і нават адзін з малюнкаў Смуглевіча ня можа дапамагчы ў гэтай справе, бо ў часе складаньня малюнку пазасталыя рэшткі будынку ўжо зусім страцілі сваю конструкцыйную выразнасьць. Другі з ліку памянёных намі будынкаў, Катадральны касьцёл Станіслава, у пачатковай сваёй пабудове належаў, магчыма, яшчэ да 1386 г., але ў часе шматлічных пажараў і разбурэньняў Дольняга замку ён не адзін раз перарабляўся і перабудоўваўся, прычым у апошні раз, у 1783-1801 г., ён быў цалком перароблены нанова ў клясычным стылі. Праўда, на думку Weber'a, нават і ў сучасных пропорцыях яго нутраное прасторы можна яшчэ заўважыць некаторыя рысы яго сярэднявечнай конструкцыі. Weber правільна зазначае, што аніводны з віленскіх касьцёлаў, апроч Катадральнага, ня мае такіх абрысаў і такіх прасторавых суадносін [2]. Але гэтага, зразумела, яшчэ занадта мала, каб мець хаця-б прыблізнае ўяўленьне яго ранейшых форм. Крыху болей у гэтых адносінах можа даць нам рысунак Катадральнага касьцёлу на пляне Брауна, які ў агульных рысах мы ўжо разглядалі ў папярэднім разьдзеле. Готыцкі характар будынку выяўлены на гэтым рысунку зусім ясна: касьцёл падзяляецца на тры нэфы, з якіх сярэдні значна вышэй за бакавыя; альтарная апсіда мае, здаецца, многасьценную форму; у вокнах ужыты выключна вострыя лукі; усе гэтыя рысы, разам з высокай завостранай вежай, сьведчаць аб досыць чыстых формах нямецкае царкоўнае готыкі амаль што яшчэ не закранутых мясцовай перапрацоўкай. Рысунку Брауна нельга, аднак, надаваць асабліва важнага значэньня ў стасунку да першапачатковых форм касьцёльнае готыкі ў Беларусі, бо Катадральны касьцёл паказаны тут ужо ў аднэй з пазьнейшых пераробак. Застаецца, нарэшце, толькі касьцёл Яна, закладзены ў 1388 годзе і скончаны першай пабудовай у 1426 годзе, - але ён яшчэ меней як Катадральны можа быць выкарыстаны для характарыстыкі раньняе беларускае готыкі, бо ў 1571 годзе ён быў грунтоўна перабудаваны ў стылі Адраджэньня [3], ніякіх-жа старадаўніх яго малюнкаў не захавалася. У сучасным сваім выглядзе ён захоўвае толькі самыя нязначныя першапачатковыя рысы свае конструкцыі, часткова ў нутраной прасторы, і галоўным чынам у вокнах, дзе ў некаторых выпадках яшчэ захаваліся вострыя лукі.
Такім чынам, з усяе пачатковае эпохі готыцкага будаўніцтва ў Беларусі мы ведаем надзвычайна мала. Аднак, тут усё-ж варта адзначыць адну досыць важную дэталь, а ласьне форму востралуку ў вокнах Катадральнага касьцёлу на малюнку Брауна і ў старых частках касьцёлаў Яна, якая пазьней у Беларусі ўжо ня ўжываецца, што пацьвярджае нямецкія асновы ў раньніх готыцкіх помніках беларускага касьцёльнага будаўніцтва.
Асновы гэтыя захоўваюцца, праўда, яшчэ і пазьней, але тут яны падлягаюць паступовым досыць істотным відазьменам. Прыкладам тут можа быць віленскі касьцёл Міколы, закладзены ў 1440 годзе на месцы ранейшага драўлянага будынку, і скончаны, мабыць, у другой палове XV сталецьця [4]. У нутраным яго ладзе яшчэ цалком пануе нямецкія готыка ў выглядзе пышных вахлярападобных і зорчатых скляпеньняў, надзвычайна блізкіх, напрыклад, да аналёгічных скляпеньняў Марыенбурскага замку [5]. Але характэрна, што тут за ўзор быў узяты помнік ужо не царкоўнае, а замковае готыкі, болей блізкае да ранейшай мясцовай архітэктурнай традыцыі. Магчыма, што ў сувязі з гэтым таксама і надворны выгляд Мікольскага касьцёлу набыў тую адносную прастату, якая робіць яго з першага погляду падобным хутчэй да цывільнага, ніж да касьцёльнага будынку. Мікольскі касьцёл складае параўнальна невялікую, простакутную ў пляне будыніну, пакрытую досыць высокім двохспадным дахам. Па рагох аднаго з вузкіх фасадаў, дзе знаходзіцца галоўны ўваход, зьмешчаны два нявысокія, але масыўныя контрфорсы. У апрацоўцы фасадаў ня відаць ніякіх дэкорацыйных дэталяй. Фасады разьбіты толькі разворамі вокан і ўваходаў, дзе ранейшыя вострыя лукі ўжо заменены на паўцыркульныя аркі, што можа лічыцца за вельмі характэрную рысу пазьнейшых готыцкіх помнікаў Беларусі, і сьведчыць аб паступовай відазьмене ранейшых форм нямецкае царкоўнае готыкі. На галоўным фасадзе параўнальна нізкі, паўцыркульны згары ўваход, апрацаваны вузкім налічнікам з пастаўленых кантам цаглін. Беспасрэдна над ім зьмешчана вялікае вакно ў глыбокай нішы, арка якога таксама была спачатку паўцыркульнай, і толькі пазьней засталася пераробленай, сьляды чаго выразна відаць на муры. Над гэтым вакном знаходзіцца яшчэ адно маленькае ваконца, абкружанае вяночкам цаглін. Нарэшце з абодвых бакоў галоўнага ўваходу знаходзіліся яшчэ два вузкія вокны з паўцыркульнымі аркамі, у пазьнейшы час закладзеныя.
Апрацоўка бакавых фасадаў Мікольскага касьцёлу яшчэ значна прасьцейшая. Кожны з іх мае адзін бакавы ўваход і два вялікія вокны з паўцыркульнымі аркамі. Апроч таго, увесь будынак абведзены наўкола вузкім гзымсам, які праходзіць пад самым дахам. Вежа над адным з вузкіх фасадаў зьяўляецца пазьнейшай надбудоўкай.
Найболей цікавую рысу будынку складае апрацоўка яго фронтонаў з дапамогай плоскіх няглыбокіх ніш, што мы сустракаем у готыцкіх помніках Беларусі асабліва часта, і чаму ў даным выпадку мы маем адзін з першых прыкладаў. Падобную апрацоўку мы ўжо бачылі ў папярэднім разьдзеле ў вежах Мірскага замку, з тэй толькі роьніцай, што ў Міры, як болей позьняй будове, нішы ўжо атрымалі паўцыркульныя заканчэньні, тады як у Мікольскім касьцёле яны яшчэ маюць выключна вострыя лукі, дый наагул па сваіх абрысах шмат болей набліжаны да асноўных сваіх першаўзораў з нямецкіх готыцкіх фронтонаў. Дэталь гэтая дае падставы для дапушчэньня, што паступовы пераход востралукаў у паўцыркульныя аркі пачаўся ў беларусіх готыцкіх будовах з дзьвярэй і вокан, якія можа ўжо ў XV сталецьці набылі паўцыркульныя аркі, у той час як у дэкорацыйных частках яшчэ захоўваліся ранейшыя формы, і адпаведная іх відазьмена наглядаецца толькі ў першай палове XVI сталецьця, напрыклад у нішах Мірскага замку, а таксама ў фронтонах некаторых царкоўных будынкаў, разгляд якіх мы падамо ніжэй.
Прыклад Мікольскага касьцёлу сьведчыць, што ўжо ў палове XV сталецьця можна заўважыць у віленскім будаўніцтве некаторыя элемэнты мясцовае перапрацоўкі готыцкіх архітэктурных тыпаў. Але побач з тым тут яшчэ захоўваюцца часам і зусім нязьменныя формы. Так, напрыклад, у Францішканскім касьцёле, які належыць у сваёй асноўнай конструкцыі прыблізна да таго самага часу, мы знаходзім пад болей позьнім барочным налічнікам просты готыцкі портал з моцна выцягнутым вострым лукам упэўненага і цьвёрдага абрысу. Аднак, у званіцы таго самага касьцёлу, можа толькі крыху болей позьняй, г. зн. канца XV сталецьця, паўцыркульная форма арак, нават у чыста дэкорацыйных дэталях, мае ўжо поўную перавагу над востралукам, Званіца гэтая, якая да цяперашняга часу не захавалася, бо яна была разабрана ў 1869 годзе, вядома нам толькі з аднаго старадаўняга малюнку [6]. Але малюнак гэты настолькі дакладны і ясны, што ён цалком можа граць ролю докумэнтальнае крыніцы для поўнага аднаўленьня як агульнага знадворнага выгляду, гэтак і стылістычных асаблівасьцяй былага будынку. Перш за ўсё, тут ізноў зьвяртае ўвагу хутчэй цывільны, а не царкоўны яго характар. Званіца стаяла зусім асобна ад касьцёлу, выходзячы галоўным свам фасадам у вузкі завулак, і разьмяшчалася поперак яго шырыні, маючы ў дольняй частцы сваёй невялікую браму з паўцыркульнай аркай. Уздымаючыся прыблізна ў два разы вышэй за вакольныя будынкі, яна такім чынам мела выгляд надбрамнае вежы. У аснову яе быў пакладзены чатырохкутны плян, на якім самы корпус званіцы быў змураваны ў выглядзе масыўнага чатырохсьценьніку з плоска сьцятымі рагамі, вышынёй на тры паверхі, горні з якіх быў роўны двом дольнім разам па сваёй вышыні. У першым паверсе знаходзілася брама, а з пярэдняга фасаду да яго была шчыльна далучана нізкая прыбудоўка аднаго з суседніх будынкаў. Фасад быў пакінуты бяз жадных аздоб, і толькі з рагоў меў патоўшчаньні ў выглядзе двох кантовых выступаў (лік кантаў на малюнку паказаны нявыразна). Згары ён быў абмежаваны няшырокім, крыху высунутым наперад гзымсам. Другі ярус званіцы меў па рагох два тонкія, мабыць, шасьцікантовыя дэкорацыйныя слупкі, якія падымаліся да паловы вышыні трэцяга ярусу. Кожны з гэтых слупкоў быў складзены з дзьвёх частак, прычым горнія былі болей тонкія за дольнія; пераход ад аднэй да другой, якраз на мяжы паверхаў самае вежы, быў адзначаны як-быццам маленькімі стрэшкамі кантовае формы, якія пакрывалі дольнія часткі слупоў. Нарэшце згары слупы канчаліся дэкорацыйным перакрыцьцём у выглядзе шырокага паяска і полусфэры. Самы ярус меў, мабыць, у сабе нейкае нутраное памяшканьне, бо ў цэнтры галоўнага фасаду тут знаходзілася готыцкае вакно з адзіным ва ўсім будынку востралукам і аналёгічнай апрацоўкай пераплёту. Над гэтым вакном па ўсёй шырыні фасаду праходзіла досыць шырокая дэкорацыйная паласа, аздобленая лёгкім, празрыстым орнамэнтам. Тло яго было цалкам затынкавана і выдзялялася з цёмнае роўніцы цаглянага муру; на гэтым тле орнамэнт быў выкладзены таксама цэглаю, а можа нават алебастрам, у выглядзе як-бы краткі з выцягнутых шасьцікутнікаў. Уся паласа была зьмешчана на фасадзе з такім разрахункам, каб адлегласьць між ёю і дольнім гзымсам была аднолькавая з тым прамежкам, які аддзяляў гэты гзымс ад горняга краю пралёту брамы, чым дасягаўся надзвычайна гармонічны падзел, і разам з тым найболей вытрыманая аздоба фасаду.
Мяжа другога і трэцяга паверхаў званіцы нічым ня была спэцыяльна падкрэсьлена, але калі правесьці ўмоўную лінію між перадзеламі бакавых слупкоў, дык беспасрэдна на гэтай лініі пачыналася эфэктоўная дэкорацыя, якая складала быццам ужо пачатак трэцяга паверху. Тэхнічна яна была зроблена зусім таксама як і папярэдняя дэкорацыйная паласа, але мела зусім іншы орнамэнт. На белым атынкаваным тле, паглыбленым у мур, тут былі разьмешчаны тры вялікія, тонкія, шчыльна прылеглыя адна да аднэй акружыны, у сярэдзінах якіх знаходзіліся як-быццам квадраты з прагнутымі бакамі, а ўсё гэта наўкола было абведзена аднэй суцэльнай лініяй. Гэтая простая, але надзвычайна ўдалая ў сваіх абрысах аздоба складала падставу для галоўнае часткі фасаду, якая цалкам пераважала ў будынку і надавала яму конструкцыйны сэнс.
Трэці паверх зьяўляўся ласьне званіцай, і памяшканьне для званоў раскрывалася ў надворны бок на фасадзе праз два пралёты рознае велічыні, але аднолькавае формы, у выглядзе вузкіх простакутнікаў з паўцыркульнымі аркамі. Пралёты гэтыя былі зроблены ў спэцыяльным полі, якое мела аналёгічныя пралётам, але зусім іншых пропорцый абрысы, было крыху высунута з фасаду наперад і ў адмену ад іншых частак яго - цалком затынкавана. Апроч пралётаў, у гэтым полі была яшчэ адна маленькая круглая бойніца. Уся гэтая частка фасаду ў агульным уражаньні адразу высоўвалася на першы плян, і разам з плаўнымі, закругленымі лініямі орнамэнтыкі іншых паверхаў як-бы давала асноўны стылістычны тон будынку, які канчаткова заглушаў адзін супярэчны яму востралук у вакне другога паверху, Вакно гэтае набывала значэньне амаль зусім няістотнае дэталі, у той час як мотыў паўцыркульнае аркі і акружыны меў поўную перавагу.
Згары ўвесь будынак быў абведзены вузкім паяском і гзымсам, дзе зьмяшчалася яшчэ некалькі бойніц, а далей пачыналася пакрыцьцё ў выглядзе пірамідальнага чатырохспаднага даху.
Трэба зазначыць, што калі паасобныя дэталі гэтае званіцы і можна яшчэ вытлумачыць з заходня-эўропейскіх готыцкіх форм, - дык усё-ж у цэлым мы маем тут ужо прыклад нейкае зусім новае концэпцыі готыцкага будынку, дзе роля мясцовае перапрацоўкі гэтых форм зьяўляецца асабліва значнай. Чужаземны ўзор не пераняты тут беспасрэдна, але ўмела і свабодна відазьменены. Уся композыцыя неяк пановаму выяўляе свае складальныя элемэнты, прыводзячы іх між сабой у поўную гармонічную роўнавагу. Часткова тут яшчэ болей, ніж у памянёных вышэй будынках адчуваецца, магчыма, залежнасьць ад тыпаў цывільнае і ваеннае готыкі, аж да зьяўленьня бойніц, адносна якіх невядома, праўда, ці ў даным выпадку яны запраўды мелі абароннае прызначэньне. Разам з тым і грунтоўна ўжо зьменены ўвесь агульны стыль, асабліва што да дэкорацыйных аздоб. Важна пры гэтым тое, што фактычна хіба толькі мала істотнае вакно з востралукам можа лічыцца тут за дэталь, узятую беспасрэдна з заходня-эўропейскае готыкі, а ў іншых мастках ужо нават цяжка пазнаць іх асноўныя чужаземныя першаўзоры. Сярод простакутных абрысаў агульнае архітэктурнае масы пануюць лёгкія закругленыя дэкорацыйныя лініі, і ўся композыцыя здаецца нібыта нейкай зусім нанова знойдзенай формай архітэктурнага выяўленьня. У гэтым ужо зусім выразна намячаюцца рысы ўласнае эволюцыі готыкі на тэрыторыі Беларусі, дзе процэс утварэньня сваеадменнага тыпу готыцкага будынку яшчэ цалком не аформлены, але дзе ўжо зроблены першы крок у гэтым напрамку. Праўда, з гэтага моманту яшчэ не адразу мы можам казаць аб беларускай готыцы ў поўным абхваце, і быў патрэбны пэўны прамежак часу, пакуль яна здолела выявіцца ў болей закончаных формах, і разам з тым у болей монумэнтальным будаўніцтве.

2. Група Бэрнардынскіх касьцёлаў у Вільні

усе-ж, аднак, застаецца бясспрэчным значнае падабенства галоўнага яго фасаду да нутраных фасадаў Марыенбурскага замку, а таксама і наагул выяўна адбітая ў ім характэрная пышнасьць позьня-нямецкае готыкі, зусім невядомая нам у іншых готыцкіх помніках Беларусі.
У Бэрнардынскім касьцёле, наадварот, адчуваюцца толькі некаторыя асноўныя рысы, якія набліжаюць яго да нямецкіх готыцкіх цэркваў, пры гэтым пераважна ў нутраным ладзе будынку; цалком-жа ён выяўляе настолькі істотныя конструкцыйныя і стылістычныя асаблівасьці, што ў шмат якіх адносінах яго ўжо можна лічыць за адзін з ліку першых узораў больш-менш самастойнага готыцкага будаўніцтва на беларускім грунце, дзе чужаземнае ядро глыбока схавана за шэрагам мясцовых напластаваньняў і модыфікацый агульнага архітэктурнага аблічча будынку. Увесь будынак тут як-быццам ужо зусім органічна вырастае з беларускага грунту і шчыльна лучыцца з ранейшай будаўнічай традыцыяй, - хаця-б, напрыклад, у такім конструкцыйным прыёме як рагавыя вежы, пашыраныя ва ўсім ранейшым замковым будаўніцтве Беларусі, і перанесеныя адтуль у касьцёльны будынак, што ў нямецкай царкоўнай архітэктуры было зусім невядома.
Абодва памянёныя будынкі, аднак, паўсталі амаль што адначасна, і нават былі злучаны ў адну суцэльную архітэктурную групу, так што кожны з іх на свой лад зьяўляецца характэрным для пэўнага часу і адбівае ў сабе адзін з бакоў таго агульнага процэсу разьвіцьця готыцкае архітэктуры ў Беларусі, які ў даным выпадку нас цікавіць. Касьцёл Ганны можа лічыцца за адзін з найболей яскравых паказьнікаў чыста нямецкіх уплываў на беларускае будаўніцтва і быць узорам цалком чужаземнага тыпу, прыстасаванага да віленскае глебы; у той самы час, Бэрнардынскі касьцёл дазваляе вызначыць вядомую сувязь такога тыпу.з мясцовай традыцыяй і найболей важныя элемэнты яго органічнага ператварэньня ў новых умовах, з чаго вынікае ўсё далейшае разьвіцьцё беларускае готыкі пазьнейшага часу. Такім чынам, абодва гэтыя помнікі, бязумоўна, варты аднолькавае ўвагі з боку дасьледчыка, які жадае выявіць найболей істотныя рысы беларускае готыкі і высьветліць асноўныя крыніцы яе пахаджэньня.
У першую чаргу такую ўвагу мы аддамо касьцёлу Ганны. Адзначаючы, што гэты будынак зьяўляецца амаль што вынятковым узорам нямецкае готыкі на беларускім грунце, мы павінны асабліва падкрэсьліць беспасрэдную яго залежнасьць ласьне ад чыста царкоўных готыцкіх будынкаў Нямеччыны з усімі іх характэрнымі стылістычнымі рысамі, у процілегласьць іншым готыцкім пабудовам Беларусі, у аснову якіх у большасьці былі пакладзены якраз не царкоўныя, але ваенна-замковыя або цывільныя першаўзоры. Касьцёл Ганны зьяўляецца ў Беларусі адзіным помнікам, дзе выяўлены тыповыя рысы позьняе царкоўнае готыкі стылю flamboyant, з яе падробненымі дэталямі, замілаваньнем да вострых і стрэльчатых дэкорацыйных форм і асабліва ўзмоцненым вылучэньнем асноўных вэртыкаляй у рознастайных высокіх вежах і завостраных шпілях. Усе гэтыя рысы цалком супадаюць з характэрнымі асаблівасьцямі позьняе нямецкае готыкі і прымушаюць лічыць запраўды магчымым беспасрэдны ўдзел у яго пабудове якіх-колечы нямецкіх майстроў, зьвязваючы яго з тэй нямецкай часткай насельніцтва Вільні, якая, мабыць, яшчэ з пачатку XV сталецьця займала досыць значнае месца ў складзе віленскага гандлёвага і рамесьніцкага мяшчанства. Увесь легендарны матар'ял, датычны часу пабудаваньня касьцёлу Ганны, трэба, зразумела, адхіліць, і ўжо па адных стылістычных падставах нельга лічыць магчымым, каб ён быў збудаваны ў канцы XIV сталецьця, як кажа пашыранае паданьне. Паданьне гэтае грунтуецца, магчыма, і на гістарычным факце пабудаваньня аднайменнага касьцёлу праз жонку Вітаўта Ганну, пацьвярджэньнем чаму можа быць тэстамэнт віленскага біскупа Андрэя ад 27 кастрычніка 1398 году, дзе гэты касьцёл запраўды памінаецца. Але бясспрэчна гэта быў ня той касьцёл, што існуе цяпер, бо ўжо бяручы хаця-б на ўвагу сьведчаньне вандроўніка de Lannoy ад 1414 году аб тым, што Вільня складаецца выключна з драўляных будынкаў і ня мае аніводнае мураванае царквы, - трэба лічыць, што гэты першапачатковы касьцёл Ганны быў збудаваны з дрэва, таксама як і першапачатковы Бэрнардынскі касьцёл 1469 г. Апошні пазьней, у 1475 годзе, зьнішчаны быў пажарам, які закрануў і касьцёл Ганны, але з вестак аб гэтым пажары відаць, што ў касьцёле Ганны абваліліся скляпеньні, і што даўгі час пасьля таго яго не ўдавалася аднавіць. Адсюль вынікае, што ў 1475 годзе на месцы ранейшага драўлянага будынку існаваў ужо мураваны касьцёл, і такім чынам пабудову яго, хутчэй за сё, можна дапасаваць да сярэдзіны XV ст. Пасьля пажару 1475 году да асноўнае масы касьцёлу далучыліся, зразумела, розныя дадаткі, асабліва з грунтоўнае адбудовы 1501 - 1502 г. і нават з яшчэ значна болей позьняга часу [7], - але ў аснове тут усё-ж застаўся нязьмененым характэрны нямецкі позьня-готыцкі будынак, стылістычна тыповы якраз для XV сталецьця.
Будынак касьцёлу Ганны мае звычайны простакутны плян і перакрыты двохспадным дахам па трыкутных фронтонах. У гэтай асноўнай частцы ён мае сьціслую сувязь і з апісаным намі вышэй Мікольскім касьцёлам і з бліжэйшым да яго касьцёлам Бэрнардынскім, прычым з апошнім яго яшчэ болей яднае амаль што такі самы прыём апрацоўкі бакавых фасадаў. Як гэта звычайна ў помніках позьняе царкоўнае готыкі, у абодвых выпадках бакавыя муры тут амаль што зусім зьнішчаны як суцэльныя роўніцы і заменены як- бы на шэраг слупоў, пастаўленых на нізкім цокалі і злучаных згары востралукамі, паміж якіх знаходзяцца вялікіх памераў вокны. Таксама значнае падабенства заўважаецца паміж касьцёлам Ганны і Бэрнардынскім касьцёлам у формах альтарнае часткі: і тут, і там яна мае выгляд вялікай выцягнутай кантовай апсіды, далучанай з аднаго боку да асноўнага простакутнага будынку, болей нізкай за гэты будынак, і перакрытай самастойным дахам. Але ў надворнай апрацоўцы гэтае апсіды ўжо пачынаецца розьніца; у той час як у Бэрнардынскім касьцёле прамежкі між вакон падтрыманы простымі, не орнамэнтаванымі контрфорсамі, у касьцёле Ганны яны маюць складаную апрацоўку ў выглядзе высокіх, фігурных эскарпаў з дадаткам завостраных дэкорацыйных вежак нагары. Лініі гэтых эскарпаў цалком панямецку падкрэсьліваюць у гэтым месцы асноўны вэртыкалізм пабудовы, і ўзгадняюць апрацоўку апсіды з дэкорацыяй галоўнага фасаду, выяўляючы яшчэ болей усю істотную прынцыповую розьніцу гэтага будынку ад аналёгічна расплянаванага, але зусім іначай апрацаванага знадворку Бэрнардынскага касьцёлу.
Галоўны фасад касьцёлу Ганны дэкораваны з дапамогаю цэлага шэрагу рознастайных арак, пілястраў, во кан ды іншых дэталяй, і мае характэрнае заканчэньне ў выглядзе пяці высокіх і тонкіх веж, аздобленых вострымі шпілямі [8]. Архітэктурны падзел гэтага фасаду зьяўляецца досыць складаным. Дольнюю частку яго аддзяляе роўны горызонтальны гзымс, ніжэй якога у асобна абрамаваных палёх, знаходзяцца тры ўваходы з порталамі; бакавыя порталы маюць тут востралукі, у той час як сярэдні, у два разы болей шырокі, канчаецца паўцыркульнай аркай; але гэта ёсць вынік пазьнейшае пераробкі, бо на аднэй з акварэляй Смуглевіча з канца XVIII сталецьця мы бачым і ў сярэдзіне такі самы як і з бакоў готыцкі портал з востралукам [9]. Беспасрэдна над уваходамі ўся сярэдняя частка фасаду мае складаны падвойны падзел: адзін элемэнт яго расчляненьня складаюць некалькі раз паўтораныя моцныя простыя лініі, у выглядзе вертыкальных пілястраў і абапёртых на іх горызонтальных гзымсаў, што стварае адпаведныя абрамаваньні наўкола асноўных вокан.; гэты першы мотыў архітэктурнага падзелу ня меней моцна перабівае другі, які ўносіць ужо лініі выгнутыя, супярэчныя яго простакутным абрысам, і прымушае асноўныя вокны разьбіцца на шэраг паасобных частак розных памераў і форм. Абапіраючыся ў асновы бакавых пілястраў, і як-бы перацінаючы просталінейнае абрамаваньне асяродкавых вокан, тут перакінута праз увесь фасад паўцыркульная арка, крыху вышэй якой разьмешчана яшчэ адна арка, але ўжо, "кілепадобнае" формы, зьведзеная сваёй верхавінай да асяродкавага найболей магутнага пілястру, што разьздзяляе ўвесь фасад пасярэдзіне і служыць для падтрыманьня горняе яго часткі. У сувязі з гэтым падзелам у асяродку фасаду ствараюцца паасобныя вокны, з якіх два горнія закончаны востралукамі, але сьцяты ў асновах адпаведнымі часткамі кілепадобнае аркі, у той час як дольнія захоўваюць у асновах простакутную форму, згары-ж абмяжоўваюцца архівольтам паўцыркульнае аркі. Усё гэта робіць у выніку вельмі напружаны і моцны эфэкт перакрэсьленых між сабою і супярэчных адна аднэй архітэктурных ліній, паміж якіх адбываецца, быццам, нейкая нутраная барацьба, дзе канчатковую перамогу мае нарэшце моцны лук асяродкавае кілепадобнае аркі, сьмела вынесены ўгару як база для надбудаванай над ім завостранай лёгкай вежы.
На самым грабяні аркі, падтрыманы яшчэ і цэнтральным пілястрам, знаходзіцца кантовы, калісьці дэкораваны кронштэйн, які падтрымлівае высокую, таксама кантовую аснову сярэдняе вежы. З абодвых бакоў аснова гэтая абхоплена яшчэ раз паўтораным мотывам кілепадобнае аркі, якая абапёрта ў верхавіны дзьвёх іншых, стрэльчатых арак, перакінутых ад кронштэйну да бакавых пілястраў, з маленькімі дэкорацыйнымі шпілямі ў бакавых пунктах абапоры. Уся гэтая лёгкая, празрыстая аснова выносіць на сябе грацыёзны кантовы корпус самае вежы, які імкнецца ўгару сваім завостраным, багата дэкораваным шпілем.
З бакоў гэтай асяродкавай вежы знаходзяцца дзьве іншыя, меншых памераў, асновы якіх пакладзены на горнія часткі абрамаваньняў бакавых вокан. Асновы гэтыя спачатку высунуты наперад, у выглядзе прызматычных "ліхтароў", прарэзаных стрэльчатымі ваконцамі, далей ідуць досыць высокія, мала дэкораваныя чатырохсьценьнікі, і нарэшце ўсё закончана крыху меней стромкімі як у асяродкавай вежы, але таксама завостранымі і паготыцку дэкораванымі шпілямі.
Нарэшце, з рагоў усяго фасаду агульнае імкненьне ўсіх яго асноўных ліній па вэртыкалі яшчэ раз падкрэсьлена і асабліва падмацавана з дапамогаю яшчэ дзьвёх высокіх складаных веж. Асновамі іх зьяўляюцца бакавыя часткі фасаду, падзеленыя дэкорацыйнымі паглыбленьнямі і фігурнымі рагавымі пілястрамі. У дольніх частках саміх веж на гэтыя пілястры ізноў абапёрты шпілі і востралукі кілепадобнае формы, якія абкружаюць асноўныя васьмісьценьнікі веж. Вышэй падымаюцца болей тонкія, дэкораваныя васьмісьценьнікі, з вузенькімі праёмамі, закончанымі паўцыркульнымі лукамі. На самай гары нарэшце ізноў уздымаюцца тонкія, вострыя шпілі ў складаных пяцідольных комбінацыях.
Агульнае ўражаньне ўсяе гэтае лёгкае і прыгожае будовы - амаль што бездакорна ў сваёй гармоніі і стылістычнай вытрыманасьці. Трывожная барацьба горызонталяй і вэртыкаляй у дольняй частцы фасаду, усё-ж аднак сьмела прарэзанай моцным абрысам цэнтральнае кілепадобнае аркі, разьвязваецца ў горняй частцы яго так свабодна і лёгка, што амаль не заўважаеш, як адбываецца тут канчатковы пераход да пераможных вэртыкаляй, - і ў цэлым здаецца, нібыта ўвесь фасад нястрымана імкнецца ўгару ў лёгічнай складанасьці сваіх бязьлічных вострых вуглоў і яшчэ болей завостраных шпілей. Бясспрэчная нязвычайнасьць і вынятковасьць гэтага будынку сярод іншых помнікаў як наагул беларускай, гэтак, часткова, віленскай архітэктуры - яшчэ асабліва падкрэсьлівае ўсё майстэрства яго выкананьня. Варта пры гэтым увагі, што адзіным тэхнічным прыёмам у апрацоўцы яго складанага і так удала зробленага фасаду зьявілася звычайная цаглянай кладка, пры поўнай адсутнасьці скульптурных аздоб, пашыраных у готыцкіх будовах Захаду. З дапамогай аднэй толькі цэглы тут была створана самая жвавая ігра строга прадуманых ліній, якія чытэльна разьбілі фасад і надалі яму магчымасьць закрасаваць глыбокімі і эфэктоўнымі модуляцыямі сьвятла і цені. Звычайная цагляная кладка дазволіла дасягнуць дынамічнай і ў той самы час высока гармонічнай суцэльнасьці. Але трэба гадаць, што якая-колечы скульптурная аздоба ў даным разе нават і ня прыдалася-б, - настолькі стройны ўвесь фасад цалком і скончаны ў сваіх дэталях. I ў гэтым асабліва выразна тут яшчэ раз выяўляюцца бязумоўна нямецкія будаўнічыя прыёмы, найбольш дасканалыя ласьне ў цаглянай готыцы. Калі параўнаць касьцёл Ганны да гэтых нямецкіх готыцкіх помнікаў, - дык мы павінны будзем адразу-ж залічыць яго ласьне да гэтае групы, і ў гэтым сэнсе, напрыклад, набліжэньне фасаду віленскае Ганны да аналёгічна апрацаваных фронтонаў царквы Тройцы ў Гданску можа быць асабліва паказальным.
Усе пералічаныя намі дадатныя рысы касьцёлу Ганны ня здолелі, аднак, замацаваць за ім асабліва важнае ролі ў беларускай архітэктуры таго часу. Не зважаючы на ўсю сваю дасканаласьць і стылістычную скончанасьць, ён застаўся ўсё-ж нейкім выключным зьявішчам, адзначаючы пэўны характэрны момант у архітэктурнай гісторыі Беларусі XV сталецьця, які, аднак, ня можа лічыцца за асабліва істотны этап у агульным поступе беларускага готыцкага будаўніцтва. Значэньне гэтага помніку амаль што ня выходзіць за яго ўласныя межы і мала адбіваецца ў процэсе далейшага аформленьня беларускага готыцкага тыпу, які вынікае ня з гэтае асновы, і амаль што нічога з яе не бярэ. Далейшае разьвіцьцё беларускае готыкі, наадварот, зусім адкідае і тую агульную концэпцыю будынку, і тыя надворныя дэталі дэкорацыйнага характару, якія выявіліся ў касьцёле Ганны пры ўмовах вядомае выпадковасьці гэтага чужога архітэктурнага організму для беларускае глебы, і замяняе іх на зусім іншую і новую манеру архітэктурнага выяўленьня, што вынікла, у процілегласьць касьцёлу Ганны, ужо цалком з мясцовых крыніц і традыцый. Праўда ў пераходным тыпе віленскага Бэрнардынскага касьцёлу мы яшчэ маем вядомае падабенства агульнага пляну будынку ў выглядзе простакутніку з дадаткам вялікае многасьценнае апсіды; таксама асноўны характар галоўнае архітэктурнае масы, пакрытае двохспадным дахам, застаўся нязьмененым нават і ў далейшых адменьніках. Рысы гэтыя, аднак, зусім ужо не такія істотныя, каб тут можна было казаць аб якой-колечы беспасрэднай генэтычнай сувязі з касьцёлам Ганны. Грунтоўна адменная апрацоўка аналёгічнага пляну нават ужо і ў Бэрнардынскім касьцёле дазваляе бачыць зьявішча зусім іншага стылістычнага парадку, а яшчэ далей і падабенства пляну зусім зьнікае. Такім чынам, касьцёлу Ганны даводзіцца адвесьці ў беларускім готыцкім будаўніцтве цалкам адасобненае месца: гэта яшчэ тыповы помнік "готыкі ў Беларусі", занесены ў Вільню ў чыстых нямецкіх формах, і ніяк ня зьліты з лініяй самастойнага разьвіцьця беларускага готыцкага будаўніцтва, якое, аднак, ужо ў часы пабудовы гэтага касьцёлу распачынала выяўляцца ў болей органічных і сваеадменных формах, часткова выходзячы з традыцый ранейшае замковае архітэктуры.
Для характарыстыкі гэтае новае архітэктурнае плыні, дзе ўжо вызначаюцца асноўныя элемэыты таго архітэктурнага стылю, да якога мы дапасоўваем назву "беларускае готыкі", і які канчаткова аформіўся толькі ў першай палове XVI сталецьця, - як мы ўжо зазначылі, трэба аддаць увагу больш-менш адначаснаму з касьцёлам Ганны, можа крыху толькі пазьнейшаму, Бэрнарданскаму касьцёлу, як аднаму з найболей выдатных узораў.
Віленскі Бэрнардынскі касьцёл, заснаваны ў 1468-1469 г., быў спачатку драўляным, але пасьля зьнішчэньня яго пажарам 1475 году на тым самым месцы распачата была пабудова мураванага касьцёлу, скончаная па адных вестках у 1512-1516, па другіх - у 1525 годзе, але ў кожным разе ў пачатку XVI сталецьця [10]. У часе маскоўскае вайны будынак гэты быў часткова разбураны і падлягаў рэпарацыі ў 1661-1667 г. [11] Нарэшце ў 1794 г. ён быў закрануты пажарам, пасьля чаго адбыліся ізноў некаторыя аднаўленьні [12]. Такім чынам, першапачатковая яго конструкцыя паходзіць прыблізна з таго самага часу як і касьцёл Ганны, але часткова яна відазьменена пазьнейшымі пераробкамі. Так, напрыклад, абодва фронтоны будынку былі змураваны нанова ў стылі барокко, цалком перакладзены крыжовыя скляпеньні сярэдняга нэфу, і нарэшце перабудаваны рагавыя вежы заходняга фасаду. Іншыя часткі засталіся ў першапачатковым выглядзе, і сярод іх асаблівую характэрнасьць мае паўднёва-ўсходняя рагавая вежа, а таксама бакавыя фасады з вялікімі готыцкімі вокнамі і абапорнымі эскарпамі, шэрагі бойніц у паўночным муры, і перакрыцьці абодвых бакавых нэфаў з складанай сыстэмай позьня- готыцкіх скляпеньняў. Нарэшце, што важней за ўсё, не зважаючы на ўсе пазьнейшыя дадаткі і пераробкі, цалкам нязьменена захаваўся ўвесь агульны першапачатковы характар будынку, які мае вельмі просты і ў той самы час монумэнтальны выгляд вялікага простакутнага гмаху з двохспадным дахам і рагавымі вежамі. Вежы гэтыя далучаны да асноўнага масыву будынку ў ліку трох: дзьве па рагох заходняга фасаду, і адна - з паўднёва-ўсходняга рогу; з характару агульнай конструкцыі будынку тут можна было-б чакаць і яшчэ аднае, чацьвертае вежы з супроцьлеглага боку, г. зн. з паўночна-ўсходняга рогу, - што мы запраўды і бачым у пазьнейшых помніках канчаткова аформленай беларускай готыкі, - але ў гэтым месцы будынак Бэрнардынскага касьцёлу беспасрэдна злучаны з будынкамі кляштару, так што чацьвертае вежы няма. Паколькі, аднак, будынкі кляштару паходзяць ужо з пазьнейшага часу, а ласьне з XVII сталецьця, - пастолькі магчыма, што першапачаткова тут і была гэтая чацьвертая вежа; у кожным разе, гэткае дапушчэньне ўжо выказвалася ў спэцыяльнай літаратуры [13]. У такім выпадку, Бэрнардынскі касьцёл быў адным з першых узораў таго характэрнага для беларускае готыкі чатырохвежавага тыпу царкоўнага або касьцёльнага будынку, які так дакладна быў распрацаваны ў беларускім будаўніцтве крыху пазьней, г. зн. у сярэдзіне XVI сталецьця.
Пытаньне аб пахаджэньні гэтага сваеадменнага архітэктурнага тыпу нам давядзецца яшчэ закрануць больш падрабязна ў далейшым. Зьяўленьне яго ў Беларусі нельга лічыць нечаканым, калі ўзяць на ўвагу шырокае ўжываньне рагавых веж у замковых будынках, пачынаючы яшчэ з XIV сталецьця. Але надзвычайна цікавай зьяўляецца бясспрэчная генэтычная сувязь яго зусім не з ранейшай царкоўнай, а ласьне з ваенна-замковай архітэктурнай традыцыяй, якая асабліва ўзмацняецца яшчэ і тым, што ўсе царкоўныя будынкі гэтага тыпу, у тым ліку і Бэрнардынскі касьцёл, зьяўляюцца будынкамі ўмацаванымі, запраўды напалову цытадэльнага характару, дзе ёсьць цэлы шэраг спэцыяльных абаронных прылад, з дапамогай якіх касьцёл ці царква набываюць запраўднае значэньне як-быццам маленькага абароннага замку. Сам па сабе такі характар царкоўнага будынку ня ёсьць нешта выключнае ці надзвычайнае: лічныя прыклады ўмацаваных цэркваў вядомы ў архітэктуры Заходняе Эўропы, а таксама ў Польшчы, і, часткова, на Украіне. Варта ўвагі, аднак, што нідзе такая сыстэма цытадэльнае царквы не засталася дапасаванай да якога- колечы аднаго архітэктурнага тыпу, і толькі ў Беларусі такі тып быў створаны ў XVI сталецьці ў цалкам сваеадменных архітэктурных формах, чаму спрыяла, мабыць, уся ранейшая будаўнічая практыка ў сувязі з конкрэтнымі вымаганьнямі царкоўнага і касьцёльнага будаўніцтва ў умовах рэлігійнае барацьбы. Гэтая характэрная асаблівасьць беларускіх цытадэльных цэркваў выяўляецца асабліва выразна пры параўнаньні іх да бліжэйшых аналёгічных узораў, г. зн. да абаронных касьцёлаў Польшчы, у якіх пануе поўная неўсталяванасьць тыпу, што між іншым ужо адзначалі некаторыя польскія дасьледчыкі [14].
Віленскі Бэрнардынскі касьцёл зьявіўся, мабыць, адным з першых помнікаў цытадэлыіа-царкоўнага будаўніцтва ў Беларусі, з прычыны чаго абаронны характар яго паасобных частак быў выяўлены, можа, і ня зусім яшчэ выразна. Часткова, магчыма, гэта было ў сувязі з тым, што даны касьцёл, які знаходзіўся ў цэнтральнай частцы вялікага места, яшчэ і ня меў патрэбы ў асабліва грунтоўным умацаваньні і не складаў цалком адасобненае цытадэльнае адзінкі: хутчэй, ён проста ўваходзіў у лінію ўмацаваньняў Дольняга замку ў адпаведнасьці таму палажэньню, якое ён займаў у стасунку да замковае тэрыторыі; аднак, ужо і тут у конструкцыю будынку былі ўнесены спецыяльныя абаронныя прылады ў выглядзе шэрагаў бойніц наўкола муроў і ў вежах. У цяперашні час адзін з такіх шэрагаў захаваўся на паўночным фасадзе; таксама бойніцы розных форм відаць па ўсіх паверхах усходняе вежы; у іншых мясцох, аднак, абаронныя прылады зьнішчаны ў часе пазьнейшых пераробак, так што сучаснае становішча будынку нават і не дае нам поўнага ўяўленьня адносна яго першапачатковае ўмацаванасьці.
Усе пералічаныя конструкцыйныя асаблівасьці досыць блізка ўжо далучаюць Бэрнардынскі касьцёл да помнікаў пазьнейшае беларускае готыкі, якая выявілася ласьне ў тыпах умацаваных царкоўных будынкаў. Побач з гэтым, аднак, некаторыя часткі Бэрнардынскага касьцёлу сьведчаць яшчэ і пра вядомую яго залежнасьць ад папярэдніх нямецка-готыцкіх форм. Папершае, тут яшчэ ўжыта, як мы казалі, амаль што такая самая як і ў касьцёле Ганны сыстэма агульнага расплянаваньня будынку, які складаецца з асноўнага трохнэфнага корпусу і прыбудаванай да яго з аднаго боку вялікай многасьценнай апсіды, моцна выцягнутай у даўжыню. Падругое, нават пры ўсёй агульнай розьніцы ў надворнай апрацоўцы гэтага пляну, тут усё-ж яшчэ раз паўторана аналёгічная касьцёлу Ганны апрацоўка бакавых фасадаў, якія ва ўсю вышыню прарэзаны вялікімі вокнамі з востралукамі на гары, з тэй толькі розьніцай, што з прычыны большых памераў будынку і большае складанасьці скляпеньняў у яго бакавых нэфах - прамежкі між вокан атрымалі ў Бэрнардынскім касьцёле спэцыяльныя абапоры ў выглядзе высокіх, але досыць тонкіх эскарпаў. Аналёгічныя эскарпы знаходзяцца тут і на заходнім фасаде, - але цалком першапачатковы выгляд яго моцна зьменены пазьнейшымі пераробкамі: можна гадаць, аднак, што спачатку тут таксама было вялікае стрэльчатае вакно, з бакоў якога зьмяшчаліся дэкорацыйныя нішы, што, зразумела, ужо не супадае з апрацоўкай аналёгічнага фасаду ў касьцёле Ганны.
У нутраным ладзе касьцёлу, у тых яго частках, якія захаваліся нязьмененымі ад пазьнейшых пераробак, мы знаходзім складаныя сыстэмы позьня-готыцкіх скляпеньняў, якія таксама яшчэ выходзяць з чыста нямецкіх архітэктурных крыніц. Першапачатковае накрыцьцё захавалася тут ва ўсходніх частках бакавых нэфаў і ў закрыстыі; у першых мы бачым дасканала зробленыя зорчатыя скляпеньні з пучкамі энэргічна профіляваных нэрвюр, з нутранога боку абапёртых аб шэрагі зграбных васьмісьценных філяраў з характэрнымі валікамі па кантах, а з надворнага боку зьлітых з прамежкамі між вокан, падтрыманымі з надворку абапорнымі эскарпамі. У закрыстыі сустракаюцца каморкавыя скляпеньні (Zellengewölbe), без нэрвюр, з абапорай на куты памяшканьня. Іншыя часткі будынку ў цяперашні час перакрыты нэрвюрнымі крыжовымі скляпеньнямі, якія, здаецца, ёсьць вынік пазьнейшае пераробкі. Не зважаючы на гэта, аднак, уся нутраная прастора касьцёлу цалком захавала свой пачатковы позьня-готыцкі характар, які ў аснове сваёй яшчэ набліжаны да ўзораў паўночна-нямецкае царкоўнае готыкі.
Як мы ўжо зазначалі, аднак, пры ўсіх гэтых рысах, агульны надворны выгляд Бэрнардынскага касьцёлу выяўляе ўжо зусім новы стылістычны характар, дзе цалкам. адкінуты звычайныя архітэктурныя эфэкты нямецкае царкоўнае готыкі, з заменай іх на нейкі сваеадменны, крыху болей суровы і важкі, але надзвычайна паважны монумэнталізм. Галоўную ролю тут, зразумела, грае асноўны мотыў рагавых веж, які грунтоўна відазьмяняе ўсё аблічча будынку і ў той самы час надае яму асаблівую формальную закончанасьць. Нават цяпер, калі дзьве першапачатковыя вежы перабудованы нанова, і толькі адна ўсходняя вежа захавала цалком ранейшую сваю конструкцыю, агульнае ўражаньне ад Бэрнардынскага касьцёлу застаецца глыбока суцэльным і строгім, дазваляючы залічыць гэты помнік у лік найлепшых помнікаў беларускага касьцёльнага будаўніцтва, дзе наглядаецца адзін з першых крокаў да вызваленьня беларускае готыкі ад чужаземных прыёмаў і форм у напрамку да самастойнае, і вельмі ўдала знойдзенае архітэктурнае концэпцыі. Але да гэтага ўражаньня шмат спрычыняецца і тое, што ня толькі ў агульнай композыцыі будынку, але і ў паасобных частках яго мы тут знаходзім ужо элемэнты таксама відазьмененага і абноўленага стылю, які далучае да готыцкае конструкцыйнае асновы зусім новыя прыёмы дэкорацыі, ды іншыя дэталі, ператвараючы гэтую аснову ў істотна адменных формах. У першую чаргу гэта ласьне датычыць веж, з якіх, зразумела, мы вылучаем на першы плян усходнюю, як цалкам нязьмененую і захаваную ў сваім першапачатковым выглядзе.
Запраўды, вежа гэтая, разам з апісанай намі вышэй і цяпер ужо зьнішчанай Францішканскай званіцай, нават узятая паасобку, бяз сувязі з агульнай архітэктурнай масай касьцёлу, можа лічыцца за адзін з найболей выдатных помнікаў віленскага будаўніцтва. Варта ўвагі, напрыклад, з якім захапленьнем пісаў аб ёй у свой час вядомы польскі дасьледчык, проф. М. Сакалоўскі, зазначаючы, паміж іншым, што "калі-б гэтая вежа была вышэй і болей па сваіх памерах, і калі-б яна стаяла асобна, - дык яна магла-б зьявіцца для Вільні тым самым, чым для Флёрэнцыі зьяўляецца Campanile" [15]. З свайго боку, мы ў гэткай ацэнцы ня бачым перавялічэньня, бо і фактычна як Бэрнардынскі касьцёл цалком, так, магчыма, і яго паасобыя вежы павінны былі адыграць вялікую ролю ў віленскім будаўніцтве, вызначаючы тыя асновы новага архітэктурнага стылю, якія ў хуткім часе набылі шмат болей шырокае і важнае значэньне, ня толькі ў Вільні, але і ў іншых мясцовасьцях Беларусі. Паралель да флёрэнцкае Campanile тут, такім чынам, зусім да рэчы.
Агульная форма ўсхлдняе вежы Бэрнардынскага касьцёлу вытрымана ў выглядзе высокага васьмісьценьніку з нізкім шатровым пакрыцьцём. Рагі яе маюць такія самыя дэкорацыйныя валікі, якія мы вызначылі як характэрную дэталь у апрацоўцы нутраных, таксама васьмісьценных філяроў касьцёлу, ― і гэтая рыса варта, бязумоўна, асаблівае ўвагі. Адзначаная ўжо і М. Сакалоўскім, яна выяўляе нейкую, наогул не ўласьцівую готыцы тэндэнцыю да ўзмоцненага падкрэсьліваньня конструкцыйных ліній у гранях і кантах як у горызонтальным напрамку, што рэзка адрозьнівае беларускую готыку ад готыкі польскай, і яшчэ раз набліжае яе да крыжацкае архітэктуры., а таксама і наагул да помнікаў паўночна-ўсходняе Нямеччыны, напр. у Вісмары, Ростоку і Гданску. Але разам з тым яна і настолькі тыпова ласьне для беларускае готыкі і настолькі органічна вынікае з усяе ранейшае сувязі беларускага будаўніцтва з будаўніцтвам крыжацкім, што бязумоўна цалком мае рацыю той самы проф. М. Сакалоўскі, калі ён зазначае, што "ўсе орыгінальныя і зарактэрныя рысы віленскае Бэрнардынскае вежы сьцісла звязаны з мясцовымі вырункамі і маюць свае крыніцы ў будаўнічых традыцыях гэтага краю" [16]. Разам з апрацоўкай рагоў асноўнага васьмісьценьніка з дапамогаю памянёных валікаў, якімі адзначаны і горызонтальныя перадзелы паверхаў вежы, да ліку гэтых орыгінальных і характэрных рыс належаць таксама яшчэ і высокія, ярусныя абапорныя эскарпы, ужытыя, як мы зазначалі, ня толькі ў падставе вежы, але і ў галоўным корпусе самага будынку, замест звычайных контрфорсаў, якія засталіся ў Бэрнардынскім касьцёле толькі ў альтарнай апсідзе. Нарэшце, вельмі сваеадменны характар мае і наагул уся дэкорацыйная апрацоўка вежы, якая складаецца з ніш і пралётаў, ужо пазбаўленых востралукаў, але закончаных паўцыркульнымі аркамі. Асобныя паверхі вежы выразна падзелены па гарызонталях, абхопленых гзымсамі або перарванымі рэльефнымі паяскамі; у фасадных палёх, апроч таго, сустракаецца яшчэ і вэртыкальны падзел з дапамогай пілястраў; усё гэта разам узятае стварае гармонічнае і лёгкае расчляненьне корпусу вежы, разрахаванае на самы тонкі эфэкт модуляцый сьвятла і цені, прычым у гэтым формальным багацьці канчаткова зьнікае той абаронны характар вежы, які яна ў запраўднасьці мела, і які робіцца амаль што няпрыкметным з агульнага выгляду, паколькі спэцыяльныя абаронныя прылады, а ласьне рознастайныя бойніцы, дасканала схаваны тут у складанай сыстэме дэкорацыі. Чым вышэй, тым гэтая дэкорацыя набывае ўсё большую складанасьць і эфэктоўнасьць, прычым найболей удалага разьмеркаваньня элементаў аздобы дасягае самы горні паверх з яго багатымі абрамаваньнямі бойніц, атынкаванымі нішамі і навакольнай аркатурай. Усюды, пры гэтым, зьвяртае на сябе асаблівую ўвагу асноўная просталінейнасьць абрысаў, выразнасьць ня толькі вэртыкальных, але таксама і горызонтальных падзелаў, і нарэшце выключнае ўжываньне паўцыркульных арак, што адбівае ў сабе характэрную для беларускае готыкі новую стылістычную плынь.
Як-бы, аднак, ні былі цікавы ўсе гэтыя дэталі Бэрнардынскага касьцёлу, - усё-ж з найбольшай увагай мы павінны ізноў вараціцца да яго агульнай конструкцыі, якая мае найболей істотнае значэньне. Мы ўжо зазначылі, што ў даным выпадку першы раз у беларускай архітэктуры мы сустракаем больш-менш ясна аформлены тып умацаванага царкоўнага будынку з рагавымі вежамі, што зьявілася пачаткам цікавага процэсу самастойнага разьвіцьця беларускае царкоўнае готыкі ў новым стылістычным напрамку. У гэтым сэнсе Бэрнардынскі касьцёл вызначыў ужо зусім выразную мяжу, пасьля якой разьвіцьцё готыцкага будаўніцтва ў Беларусі зрабілася значна болей органічным, выяўляючы свае асноўныя формы не з беспасрэднага перайманьня чужаземных узораў, але з сваіх уласных ранейшых тыпаў, прыёмаў і традыцый.
Нельга, зразумела, адмаўляць, што ў готыцкім будаўніцтве Беларусі ў пэўны час мелі важнае значэньне таксама і гэтыя чужаземныя ўзоры, з якіх вынікалі такія на свой манер дасканалыя, хоць і пазбаўленыя самастойнасьці помнікі як, напрыклад, касьцёл Ганны. Але значэньне гэтае захавала сваю моц толькі да пэўнага моманту, паколькі побач з тым у Беларусі яшчэ захоўвалася і ўласная архітэктурная традыцыя, узгадаваная за некалькі сталецьцяў рознастайнага монумэнтальнага будаўніцтва. Пачынаючы з XVI сталецьця далейшы шлях беларускай царкоўнай архітэктуры якраз і быў пракладзены далейшым ростам гэтае традыцыі з перанясеньнем у царкоўныя будынкі ўсіх тых прыёмаў, форм і прынцыпаў, якія выпрацаваліся ў Беларусі за доўгі час амаль што выключна замковага будаўніцтва. Калі спачатку распашырэньне каталіцтва і прынясло з сабой на беларускі грунт гатовыя чужыя формы царкоўнае архітэктуры, - дык ужо параўнальна ў хуткім часе архітэктура Беларусі і ў гэтай галіне варацілася ў сваё ўласнае рэчышча. Не зважаючы на ўсю моц першапачатковых нямецкіх уплываў, можна ўсё-ж лічыць, што нямецкая царкоўная готыка неяк не ўвайшла органічна ў беларускае будаўніцтва, пакінуўшы ў ім хіба толькі зусім мала зьвязаныя з пазьнейшымі помнікамі ўзоры: формы замковае і ваеннае готыкі, хоць і пазнчаныя ў сваёй аснове ад крыжакоў, але за доўгі час органічна пераапрацаваныя,былі тут значна мацней, - так што калі на рубяжы XV і XVI сталецьцяў, у рознастайнай складам свайго насельніцтва Вільні, яшчэ і было магчыма зьяўленьне такога будынку, як касьцёл Ганны, - дык быць адзінай крыніцай далейшае эволюцыі ён ужо ня мог. Усё папярэдняе беларускае будаўніцтва ўжо падрыхтавала да таго часу належны грунт, калі ў монумэнтальным царкоўным будаўніцтве магчыма было разьвіцьцё таксама і зусім самастойнага архітэктурнага стылю, хоць і пагрунтаванага на готыцкай аснове, але апрацаванага пераважна на ўзорах якраз не царкоўнае, але замковае готыкі. Той факт, што амаль адначасна з касьцёлам Ганны ў Вільні паўстае Бэрнардынскі касьцёл, - зьяўляецца найлепшым довадам гэтага зацьвярджэньня.

3. Цэрквы чатырохвежавага тыпу: Сынкавічы, Мала-Мажэйкава, Супрасьль

Характэрны для беларускае готыкі тып цытадэльнага царкоўнага будынку, умацаванага з дапамогай рагавых веж, які ў першы раз намеціўся ў конструкцыі віленскага Бэрнардынскага касьцёлу, знайшоў сваё канчатковае выяўленьне ў шэрагу пазьнейшых пабудоў, дзе ўжо ўсе чатыры рагі простакутнае ў пляне царквы набылі абаронныя вежы, пры захаваньні позьня-готыцкіх сыстэм у кладцы асноўных муроў і ў скляпеньнях. Да нашага часу на тэрыторыі Заходняе Беларусі захаваліся тры помнікі гэтага тыпу: Міхалаўская царква ў Сынкавічах (Слонімскага павету, на Горадзеншчыне), царква ў Мала-Мажэйкаве (Лідзкага павету на Віленшчыне), і нарэшце царква Добравешчаньня ў Супрасьлеўскім манастыры (Беластоцкага павету на Горадзеншчыне). Гэтыя тры будынкі, вельмі падобныя між сабой у агульных конструкцыйных і стылістычных рысах, і толькі часткова розныя ў некаторых дэталях, як- быццам вызначаюць нейкія асноўныя этапы ў паступовым разьвіцьці і аформленьні таго сваеадменнага стылю беларускіх готыцкіх будоў, які, выходзячы з кораняў ранейшага замковага будаўніцтва, стварыў у першай палове XVI сталецьця найболей орыгінальныя ўзоры беларускае архітэктуры, цалком непадобныя ані да воднага з ліку вядомых нам архітэктурных помнікаў іншых краін [17].
Першы з памянёных намі будынкаў - Міхалаўская царква ў Сынкавічах - зьяўляецца, мабыць, і хронрлёгічна першым у шэрагу аналёгічных пабудоў, дзе новая чатырохвежавая конструкцыя ў першы раз была канчаткова замацавана ў вельмі простых, але закончаных і монумэнтальных формах. У агульных рысах царква гэтая мае вядомае падабенства да Бэрнардынскага касьцёлу, - але ўжо робіць значны крок наперад у сэнсе сваёй конструкцыйнай суцэльнасьці і стылістычнай вытрыманасьці, што выяўляецца ў шмат болей компактным агульным абрысе, у зграбнасьці паасобных частак будынку, і ў поўнай пропорцыяльнасьці яго нутранога і знадворнага падзелу. На жаль, для бясспрэчнага датаваньня гэтага помніку няма ніякіх крыніц. Калі ў шэрагу чатырохвежавых будынкаў мы аддаем яму першае месца, - дык гэта выключна на падставе стылістычных адзнак, і на падставе гэтых самых даных і наагул больш або менш дакладна мы маем магчымасьць дапасаваць яго да пэўнага часу, адкідаючы ўсе тыя фантастычныя дапушчэньні, якія часам адносілі яго пабудову ледзь не да X-XI сталецьця [18]. Агульная готыцкая конструкцыя Сынкавіцкае царквы ўжо сама па сабе паказвае на пэўную эпоху; але прысутнасьць у гэтым будынку характэрных позьня- готыцкіх скляпеньняў, асабліва так званага "крышталёвага" зорчатага скляпеньня ў дзяканіку, яшчэ болей звужвае тыя хронолёгічныя межы, у якіх паўстаньне такога будынку можна лічыць магчымым: для Беларусі - гэта канец XV або пачатак XVI сталецьця, прычым якраз аб XVI сталецьці хутчэй за ўсё сьведчаць, у дадатак да сыстэмы скляпеньняў, тыя іншыя конструкцыйныя рысы царквы, якія выяўляюцца ў ёй у параўнаньні да Бэрнардынскага касьцёлу, і якія змушаюць лічыць яе хаця-б крыху пазьнейшай за гэты апошні.
У стасунку да Бэрнардынскага касьцёлу царква ў Сынкавічах здаецца лёгічным вынікам далейшага разьвіцьця аналёгічнае архітэктурнае схэмы. У аснове яе мы бачым той самы простакутны масыў, пакрыты высокім двохспадным дахам і ўмацаваны рагавымі вежамі. Але веж гэтых, замест Бэрнардынскіх трох, зьявілася тут ужо чатыры, а таксама вядомая розьніца наглядаецца ў пропорцыях: будынак мае адносна меншую даўжыню і значна болей высокі дах з болей стромкімі спадамі, агульная вышыня якога такая самая як і вышыня асноўных муроў ад грунту да горняга краю. Рысы гэтыя, у параўнагьні да Бэрнардынскага касьцёлу, надаюць будынку Сынкавіцкай царквы болей монумэнтальны характар, і разам з тым крыху відазьмяняюць агульныя абрысы знадворнага перакрыцьця, паколькі стромкі дах уздымаецца тут вышэй за рагавыя вежы.
Аднак, яшчэ большую розьніцу мы знаходзім тут у дэталях самай канструкцыі, прычым выяўляюцца некаторыя зусім новыя і надзвычайна важныя яе элемэнты. Перш за ўсё, мы тут сустракаем задавалася-б зусім нечаканую архаічнасьць агульнага пляну. Не зважаючы на чыста готыцкую апрацоўку муроў і скляпеньняў будынку, плян яго вытрыманы ў характары старадаўніх плянаў шасьціслуповых цэнтральна-кумпальных бізантыцкіх цэркваў , што можа сьведчыць аб паўторным звароце старой, яшчэ з XII сталецьця ня згубленай традыцыі. У пляне Сынкавіцкая царква мае выгляд выцягнутага прастакутніку, які разьбіты з дапамогай шасьці нутраных слупоў на тры прадоўжаныя нэфы, закончаныя з усходняга боку паўкруглымі апсідамі. Аналёгія да бізантыцкага пляну тут ствараецца поўная, і толькі ў асобных частках ён мае вядомае ўскладненьне праз новыя дадаткі, а ласьне праз невялічкі, асобна прыбудаваны прытвор з заходняга боку, і праз чатыры рагавыя вежы, дзьве з якіх у пляне круглыя, а дзьве васьмісьценныя; вежы гэтыя, аднак, амаль што выдзелены, і толькі дакранаюцца рагоў асноўнага простакутніку, злучаючыся з памяшканьнем царквы з дапамогай нутраных праходаў, зробленых у яе вельмі тоўстых мурох.
Было-б, аднак, памылкай лічыць, што ў Сынкавіцкай царкве мы маем справу з беспасрэдным аднаўленьнем бізантыцкае архітэктурнае схэмы, бо, не зважаючы на бізантыцкі ў сваёй аснове плян, мы тут знаходзім у самай істоце адменную агульную концэпцыю будынку, дзе плян гэты атрымаў чыста готыцкую апрацоўку у сваім конструкцыйным аформленьні, ствараючы новы, сынтэзаваны архітэктурны організм цалком орыгінальнага тыпу. Па сутнасьці, асобныя часткі пляну нават страцілі тут тое значэньне, якое яны мелі ў запраўдных бізантыцкіх сыстэмах, так што агульнае расплянаваньне будынку хутчэй набыло ў даным выпадку характар нейкае старасьвецкае для свайго часу рэмінісцэнцыі, а не запраўднае спробы пагрунтаваньня новае конструкцыі на старадаўнім пляне. Так, напрыклад, нутраныя слупы будынку, - досыць тонкія, васьмікантовыя, параўнальна мала моцныя, - бясспрэчна, і не маглі-б на сябе ўтрымаць важкую масу бізантыцкага перакрыцьця з яго падпорнымі аркамі, парусамі і падкумпальным барабанам, і адразу відаць, што для гэтае мэты яны ніколі і не прызначаліся, што бізантыцкае іх разьмеркаваньне не выклікалася жаданьнем пакласьці па іх запраўдную бізантыцкую сыстэму. Наадварот, яны з самага пачатку былі прызначаны для іншае ролі, якая з посьпехам на іх і ўскладзена: замест бізантыцкага кумпальнага пакрыцьця яны трымаюць шэрагі готыцкіх крыжовых скляпеньняў з нэрвюрамі, болей высокіх у асяродкавым нэфе і болей нізкіх у бакавых, прычым у апошніх з надворнага боку скляпеньні гэтыя абапёрты аб бакавыя муры, і як звычайна ў готыцкіх помніках яшчэ падтрыманы знадворку з дапамогай невялічкіх контрфорсаў, разьмешчаных па два на кожным бакавым фасадзе. Усходнія слупы злучаны паміж сабой, а таксама з бакавымі мурамі з дапамогай готыцкіх востралукаў, якія абмяжоўваюць згары пралёты альтарных апсід. Нарэшце, пры звычайным пакрыцьці дзьвёх апошніх, у дзяканіку мы яшчэ раз знаходзім чыста готыцкае зорчатае скляпеньне. Такім чынам, ня гледзячы на бізантыцкі плян, нутраная прастора царквы мае цалкам готыцкае аблічча, што яшчэ болей падкрэсьлена, апроч конструкцыйных прыёмаў, яшчэ і готыцкай стрэльчатай формай вокан.
Да гэтага, зразумела, няма ўжо чаго і казаць аб тым, што ўвесь надворны выгляд будынку, як вынікае з паданага намі вышэй адносна яго агульных форм, знаходзіцца ў поўнай супярэчнасьці з абы-якой бізантыцкай схэмай, і выяўляе, замест таго, зусім процілеглыя архітэктурныя тэндэнцыі, якія вынікаюць з яго готыцкай асновы, апрацаванай у падворных масах у сваеадменным, тыповым для беларускае готыкі характары. Гэтая сваеадменнасьць, апроч агульнай чатырохвежавай конструкцыі, таксама наглядаецца тут і ў цэлым шэрагу дэталяй як конструкцыйнага, гэтак і чыста дэкорацыйнага прызначэньня, прычым некаторыя з іх, да вядомай ступені, як-быццам дазваляюць нам болей конкрэтна высьветліць тыя ці іншыя наогул магчымыя крыніцы данага архітэктурнага тыпу.
Асноўным мотывам надворнае апрацоўкі Сынкавіцкае царквы зьяўляецца мотыў паўцыркульных арак у рознастайных адменах і комбінацыях. Востралукі параўнальна маленькіх вокан тут наагул занадта нязначныя, каб граць якую-колечы прыкметную ролю. Але гэтая перавага паўцыркульных абрысаў мае ў некаторых частках будынку выразныя конструкцыйныя падставы ў сувязі з сыстэмай абароннага ўмацаваньня царквы, што можа лічыцца досыць важным для высьвятленьня паходжаньня і генэзы гэтай пашыранай формы, якую мы ўжо адзначалі як форму тыповую для беларускіх адменьнікаў нават позьняе готыкі. Выяўлена гэтая конструкцыйная пагрунтаванасьць у тым, што ўся горняя частка будынку Сынкавіцкае царквы, апроч толькі ўсходняга фасаду, абхоплена магутнай аркатурай, абапёртай на шэраг ступеньчатых патройных кронштэйнаў, якая адпавядае запраўднаму баявому апасаньню будынку і мае ў сабе, у прамежках між арак, шэраг акруглых бойніц, выведзеных з нутраных абаронных памяшканьняў, разьмешчаных на гары царквы над скляпеньнямі і ў яе рагавых вежах. Апошнія таксама абкружаны потым аркатурным поясам з бойніцамі, які, такім чынам, перарваны толькі на ўсходнім муры над альтарнымі апсідамі, што пакідае гэты бок царквы крыху меней умацаваным; але магчыма, што гэта ёсьць вынік пазьнейшых пераробак, напрыклад, у часе рэмонтаў 1841 і 1880-81 г. г., і што раней абаронная аркатура цягнулася наўкола ўсяго будынку цалкам.
Уся гэтая абаронная сыстэма, якая ў надворным сваім выяўленьні ўжо мае ў сабе элемэнты пэўнае дэкорацыйнасьці, бясспрэчна, можа быць пастаўлена ў беспасрэдную сувязь з аналёгічнай сыстэмай абаронных прылад, якую мы ўжо сустракалі ў некаторых частках апісаных намі вышэй віленскіх цытадэльных муроў 1505-1522 году, што сьведчыць аб нейкіх блізкіх узаемных дачыненьнях, якія маглі існаваць у пачатку XVI сталецьця паміж запраўднай ваенна-абароннай архітэктурай і часткова пагрунтаваным на ўласьцівых гэтай апошняй прыёмах і формах, новым цытадэльна-царкоўным будаўніцтвам. Запраўды, у абодвых выпадках характар прарэзанай бойніцамі аркатуры цалкам аналёгічны ў сваіх абрысах і мае зусім тое самае прызначэньне. Але гэта яшчэ ня ўсё: ня толькі ў аднэй абароннай сыстэме, але і наагул у стасунку да ўсяе конструкцыі Сынкавіцкае царквы, аналёгія можа быць яшчэ болей паглыблена шляхам набліжэньня гэтай конструкцыі да такога, напрыклад, абароннага будынку, як брама Субач у тых самых віленскіх цытадэльных мурох, дзе падабенства да Сынкавіцкае царквы ўжо не абмяжоўваецца аднэй толькі баявой аркатурай, але выяўляецца таксама і ў разьмяшчэньні гэтае аркатуры наўкола блізка падобнага ў сваіх агульных абрысах будынку. Калі параўнаць між сабою браму Субач і Сынкавіцкую царкву, дык можна адразу адзначыць вельмі блізкае агульнае іх падабенства і ў асноўным простакутным масыве будовы, і ў характары высокага даху, і ў разьмяшчэньні рагавых веж, блізка прысунутых да будынку і зьвязаных з ім баявым аркатурным поясам у суцэльную абаронную адзінку, - прычым ані розьніца пляну, ані дэталі апрацоўкі фасадаў, ані нарэшце тое, што брама Субач мае дзьве вежы, а Сынкавіцкая царква - чатыры, ня зьнішчае і не паслабляе гэтага агульнага падабенства найболей істотных элемэнтаў архітэктурнае схэмы. На нашую думку, такое падабенства нельга лічыць выпадковым, але наадварот - яго трэба выводзіць з бясспрэчнае супольнасьці самых будаўнічых прынцыпаў і прыёмаў у абодвых паказаных намі помніках, і нават бачыць у ім магчымыя рысы болей блізкае іх узаемнае сувязі. Цалком натуральна, што царкоўнае будаўніцтва XVI сталецьця, маючы на мэце стварэньне спэцыяльнага ўмацаваных, царкоўна-цытадэльных будынкаў, павінна было скарыстаць з тае практыкі, якую ўжо раней мела беларускае абароннае будаўніцтва, і мела магчымасьць узяць сабе за ўзор ужо нейкія больш-менш аформленыя тыпы абаронных пабудоў. З ліку апошніх у першую чаргу лепей за ўсё маглі быць узяты тыя, якія найболей лёгка было дапасаваць для новых мэт, унікаючы патрэбы ў апрацоўцы цалкам новай конструкцыі, абаронная прыдатнасьць якой ня была-б бясспрэчна засьведчана ранейшай практыкай. А такім вымаганьнем найлепей адпавядаў абаронны будынак якраз тыпу брамы Субач, або да яе падобнага, дзе цалкам ужо былі закладзены належныя магчымасьці далейшае яго распрацоўкі і паступовага разьвіцьця ў патрэбным кірунку.
У такім разе, процэс аформленьня цытадэльнае царквы чатырохвежавага тыпу мог адбывацца наступным парадкам. Асноўная простакутная форма будынку, разам з двохспадным перакрыцьцём, магла быць цалкам захавана, як зусім адпаведная для царкоўнай будовы, дый ужо і вядомая раней, напрыклад у касьцёльнай архітэктуры. Таксама былі захаваны вежы, прызначаныя для абароны галоўнага ўваходу, і ўся сыстэма бойніц у надворнай аркатуры. Але нутраная прастора будынку павінна была ўжо набыць царкоўнае аблічча, і з гэтай мэтай яна была падзелена слупамі, а таксама атрымала спэцыяльны дадатак з супроцьлеглага ад уваходу боку для разьмяшчэньня альтарнае часткі. У магчымых каталіцкіх цэрквах такога тыпу зьявілася, мабыць, адна вялікая апсіда, а ў праваслаўных, згодна з спэцыяльнымі вымаганьнямі культу, а таксама, можа, і з даўняй традыцыяй, - тры апсідальныя прыбудоўкі, што зьвяло ў апошнім выпадку самы плян царквы да бізантыцкае схэмы. Такі мусіў быць першы дапушчальны этап разьвіцьця цытадэльна-царкоўных будынкаў, адпаведныя якому помнікі да нашага часу маглі не захавацца; але аб запраўдным існаваньні чагосьці падобнага мы ўсё-ж маем пэўныя зазначэньні з некаторых старадаўніх крыніц, - напрыклад з рысунку Берасьцейскага Катадральнага сабору, які знаходзіцца на загалоўным аркушы рукапіснае візытацыйнае кнігі берасьцейскіх цэркваў з XVIII сталецьця [19]. Хоць гэты рысунак і вельмі схэматычны, усё-ж, аднак, з яго выразна відаць, што берасьцейскі Катадральны сабор калісьці меў выгляд звычайнага простакутнага будынку з высокім дахам, галоўны фасад якога абаранялі дзьве круглыя рагавыя вежы, аднолькавыя з усім будынкам сваёй вышынёй. Конструкцыя гэтая, яшчэ вельмі блізкая да брамы Субач або якога-колечы іншага аналёгічнага будынку, як бачым, цалком супадае з нашым папярэднім дапушчэньнем.
Далейшае разьвіцьцё цытадэльных царкоўных будынкаў павінна было ісьці ў напрамку іх органічнага ўскладненьня ў мэтах наданьня ім належнае поўнае абароназдольнасьці. Конструкцыя Субачы, зусім прыдатная для мескае брамы, ужо не магла задаволіць усе фортыфікацыйныя патрэбы пры перанясеньні яе ў царкоўны будынак, бо яна мела толькі дзьве вежы з галоўнага фасаду, зьвернутага ў надворны бок, адкуль магла пагражаць небяспека нападу, у той час як задні яе фасад, які выходзіў у места, пакінуты быў, натуральна, без спэцыяльнага ўмацаваньня. Разьмешчаны паасобна, цытадэльны царкоўны будынак, наадварот, ужо вымагаў пасіленае абароны з усіх небясьпечных бакоў, набываючы характар самастойнае абароннае адзінкі. Адсюль вынікала патрэба ў павялічэньні ліку веж, а таксама ў распашырэньні сыстэмы іншых абаронных прылад наўкола ўсяго корпусу будынку. Першы крок у гэтым напрамку зроблены быў, мусіць, у такіх пабудовах як, напрыклад, віленскі Бэрнардынскі касьцёл, дзе зьявілася трэцяя вежа з боку альтарнае часткі, пры беспасрэдным далучэньні чацьвертага рогу будынку да іншых пабудоў, у даным выпадку - да кляшторных корпусаў. Але гэта было не заўсёды магчыма і не заўсёды мэтазгодна, - дый нельга забывацца на тое, што віленскі Бэрнардынскі касьцёл быў усё-ж змураваны ў цэнтры вялікага места, дзе ня было такой няўхільнай патрэбы ў цалком непадступнай фортыфікацыі. З гэтай прычыны, трохвежавая конструкцыя Бэрнардынскага касьцёлу зрабілася як-бы прамежкавай на шляху да канчатковага аформленьня беларускага тыпу цытадэльнае царквы, наступным-жа і апошнім крокам было лёгічнае далучэньне чацьвертае абароннае вежы, што і замацавала тыя цалком закончаныя чатырохвежавыя конструкцыі, якія захаваліся да нашага часу ў Сынкавічах, Мала-Мажэйкавае і Супрасьлі, г. зн. ужо ня ў местах, але ў невялічкіх, мала заселеных мястэчках.
Такім чынам, чатырохвежавыя абаронныя цэрквы Заходняе Беларусі, трэба, на нашую думку, амаль што цалком выводзіць з ваенна-замковага будаўніцтва, і толькі часткова браць на ўвагу іх значна меней істотную сувязь з папярэдняй чыста царкоўнай архітэктурай. Зразумела, конструкцыя такога, напрыклад, будынку, як віленскі Бэрнардынскі касьцёл, мае ў сабе некаторыя рысы залежнасьці ад ранейшае касьцёльнае готыкі нямецкага тыпу; таксама, будынак Сынкавіцкае царквы можна лічыць за вядомае сынтэтычнае спалучэньне бізантыцкага царкоўнага пляну з апрацоўкай яго ў характары готыцкага царкоўнага будынку ў нутраных частках. Але ў агульнай трактоўцы ўсяго суцэльнага архітэктурнага організму беларускае чатырохвежавае царквы XVI сталецьця гэтыя элемэнты ўсё-ж ня граюць кіраўнічае ролі. Як пэўны сваеадменны тып, чатырохвежавая царква цалком вырастае з папярэдняе абароннае архітэктуры [20].
З такога погляду асаблівую цікавасьць набываюць для нас і некаторыя іншыя, раней не адзначаныя намі дэталі ў апрацоўцы будынку Сынкавіцкае царквы, якія яшчэ выразьней выяўляюць у ім рысы замковай архітэктурнай традыцыі ня толькі ў конструкцыйных прыёмах, але таксама нават і ў зусім незалежных ад гэтых прыёмаў формах надворнае дэкорацыйнае аздобы. Як мы ўжо казалі, асноўным элемэнтам апрацоўкі фасадаў зьявіўся тут аркавы пояс з бойніцамі, які апроч свайго абароннага прызначэньня, часткова граў таксама і дэкорацыйную ролю. Да вядомай ступені пояс гэты надаў нейкі асноўны тон усёй орнамэнтыцы будынку, што выявілася ў некаторых частках яго ў перанясеньні аналёгічнага мотыву ў прыёмы чыстае дэкорацыі муроў. Такую дэкорацыю мы бачым на ўсходніх вежах, а таксама на альтарных апсідах, якія на вышыні каля 3 мэтраў абхоплены плоскай рэльефнай аркатурай, складзенай з паўцыркульных арак романскага тыпу, абапёртых на маленькія трыкутныя кронштэйны. Пры крыху меншых агульных памерах, аздоба гэтая цалком узгоднена ў сваёй форме з асноўнай баявой аркатурай, і быццам зьяўляецца нейкім яе дапаўненьнем, вытрыманым у тым самым характары і рытме,што, паміж іншым, стварае зусім сваеадменны эфэкт у альтарнай частцы, грунтоўна відазьмяняючы звычайную трактоўку надворных апсідальных паўкружын. Другая вартая ўвагі форма - гэта высокі конусападобны дах, якім пакрыты альтарныя апсіды ў адпаведнасьці з высокім трыкутнікам усходняга фронтону, што супярэчыць іх бізантыцкаму пляну, але таксама зусім невядома і ў помніках царкоўнае готыкі, і хутчэй набліжаецца да тых прыёмаў перакрыцьця, якія сустракаюцца ў замковых вежах. Цікава, пры гэтым, што тут будаўнік царквы відавочна хацеў паслабіць уражаньне тае трохпадзельнасьці альтарнае часткі, якая была ім дапушчана ў пляне, складзеным з трох паасобных акружын, і абавязкова імкнуўся да аднаго супольнага даху, які перакрыў-бы ўсе тры апсіды разам, і як-мага болей быў-бы набліжаны да правільнага конусападобнага пакрыцьця. З гэтай мэтай ён змушаны быў ужыць орыгінальны прыём падвядзеньня горняга краю апсід пад адну больш- менш правільную паўкруглую лінію з дапамогай зьмяшчэньня ў горніх частках паміжапсідных паглыбленьняў асобных концэнтрычных арачак паступова павялічанага памеру [21].
Нарэшце, трэці прыём, які таксама, мабыць, мае вядомае дачыненьне да замковае архітэктуры, мы знаходзім у апрацоўцы фронтонаў Сынкавіцкае царквы, дзе шырака ўжыта тая сыстэма складанае дэкорацыі паверхні муроў з дапамогаю цэлага шэрагу рознастайных затынкаваных ніш, якуга мы ўжо сустракалі ў вежах Мірскага замку. Асабліва ўдала дэкорацыя гэтая дапасавана ў Сынкавіцкай царкве да заходняга яе фронтону, якому ня гледзячы на значныя яго памеры надана такім спосабам нейкая быццам празрыстасьць і лёгкасьць, што цалкам узгадняе яго абрысы як з усім характарам высокага перакрыцьця будынку, так і з лёгкай страхой альтарнае часткі, і з вэртыкальнымі масамі веж. Эфэкт гэты дасягаецца, з аднаго боку, прадуманым і дакладна разрахаваным разьмяшчэньнем памянёных дэкорацыйных ніш у полі фронтону, з другога-ж боку - шляхам наданьня ім надзвычайна рознастайных форм і памераў, што стварае вельмі багатага і ў той самы час спакойную, пропорцыянальную аздобу. Самы прыём гэты, зразумела, ня мае ў сабе нічога выключнага, бо ён вядомы часткова і ў Польшчы і на Украіне, а таксама вельмі пашыраны ў Беларусі, дзе з ліку ўжо апісаных намі помнікаў можна назваць, напрыклад, Мікольскі касьцёл у Вільні, і асабліва - ужо памянёны намі Мірскі замак. Але ў Сынкавіцкай царкве мы маем узор найболей складанага яго разьвіцьця на беларускай глебе, дзе ён набывае ўжо рысы вядомае самастойнасьці, і цалкам сваю ўласную стылістычную афарбоўку, што намячалася яшчэ ў Мірскім замку, тут-жа было канчаткова выяўлена і замацавана. У гэтым стасунку, мабыць, якраз Мірскі замак і трэба лічыць за тую асноўную крыніцу, якая была пакладзена ў аснову для дэкорацыі Сынкавіцкае царквы, што нават давала магчымасьць некаторым аўтарам выказваць дапушчэньне, нібыта абодва гэтыя помнікі маглі быць творам тых самых майстроў [22]. Бясспрэчнага пацьвярджэньня правільнасьці гэтае думкі мы ня маем; але беспасрэдную стылістычную сувязь Мірскага замку і Сынкавіцкае царквы - адмаўляць, бязумоўна, нельга, хаця ў апошняй мы і знаходзім значна болей ужо разьвітыя і ўдасканаленыя формы аналёгічнае ў прынцыпе дэкорацыі.
Як бачым, усе адзначаныя намі характэрныя рысы Сынкавіцкае царквы, як у конструкцыі гэтага будынку, так і ў дэкорацыйнай яго апрацоўцы, нязьменна прыводзяць нас да ўзораў замковае архітэктуры, і ласьне ў гэтай апошняй знаходзяць папярэднія свае аналёгіі. Зразумела, той новы архітэктурны тып, які ў першы раз выразна аформіўся ў Сынкавіцкай царкве, ня вырас з беспасрэднага перайманьня гэтых узораў, але быў вынікам органічнае перапрацоўкі старых асноў у новай галіне будаўніцтва. Аднак, для высьвятленьня гэтага процэсу ўсе паданыя намі набліжэньні могуць быць досыць істотнымі. I ў сувязі з гэтым асабліва выразна выяўляецца ўласнае значэньне Сынкавіцкае царквы ў гісторыі беларускае архітэктуры XVI сталецьця, як помніку, з дапамогай якога мы хоць часткова вызначаем паходжаньне і генэзу сваеадменных форм беларускае царкоўнае готыкі.

Наступным этапам у разьвіцьці беларускіх чатырохвежавых цэркваў XVI сталецьця можна лічыць пабудову царквы ў Мала-Мажэйкаве. Тут трэба рашуча адхіліць пагрунтаванае па даных спрэчнага докумэнту ад 1648 году [23] пераконаньне, нібыта гэтая царква была збудавана ў 1407 годзе, на падставе чаго ў 1907 г. сьвяткавалася, нават, пяцісотлецьце яе існаваньня; папершае, гэтая дата - 1407 год - падана ў докумэнце зусім беспадстаўна і без вызначэньня крыніц, адкуль яна вядома, а ў палове XVII сталецьця ўжо магло стварыцца легендарнае паданьне адносна пабудовы царквы, запраўдны час якой быў забыты; падругое, - што найболей важна, - самыя формы гэтага будынку, асабліва складаная сыстэма скляпепьняў, ніяк не даюць магчымасьці адносіць яго пабудову да пачатку XV сталецьця, і бязумоўна сьведчаць, што ён мог быць збудаваны не раней як у пачатку XVI сталецьця. Апроч таго, захаваны ў царкоўным архіве фундушовы запіс ад 1542 году выразна вызначае, што ў гэты час царква ўжо існавала. Такім чынам, больш-менш дакладна можна яе датаваць першай паловай XVI сталецьця, пры гэтым, аднак, крыху пазьней за Сынкавіцкую царкву, аб чым сьведчаць некаторыя стылістычныя асаблівасьці Мала-Мажэйкаўскага будынку.
Да нашага часу Мала-Мажэйкаўская царква захавалася ня зусім у першапачатковым выглядзе і ў некаторых частках сваіх зьменена пазьнейшымі перабудоўкамі, якія адбыліся ў 1817 і асабліва ў 1871-72 г, г. Перабудоўкі гэтыя найболей закранулі надворныя фасады будынку, якія шмат у чым пазбаўлены цяпер ранейшае свае характэрнасьці, і найменей выявіліся ў агульным пляне, дзе цалкам захавана ўся пачатковая структура. Але якраз, выходзячы з пляну, і можна лепей за ўсё вызначыць беспасрэдную сувязь Мала-Мажэйкаўскае царквы з царквой у Сынкавічах, і ўбачыць у некаторых дэталях далейшы шлях разьвіцьця аналёгічнага архітэктурнага тыпу. У агульных рысах пляны гэтых абодвых будынкаў, а адпаведна таму і ўсё надворнае іх аблічча. блізка падобны паміж сабою. Аднак, у асобных частках тут наглядаецца і вядомая розьніца. Перш за ўсё, гэта датычыць разьмяшчэньня веж у стасунку да галоўнага корпусу будынку: у Сынкавічах мы бачылі далучэньне веж самастойнага пляну да рагоў асноўнага чатырохкутніку як амаль што незалежных адзінак, беспасрэдна з гэтым чатырохкутнікам ня зьлітых і як-бы ад яго адасобненых; у Мала-Мажэйкаве, наадварот, мы знаходзім ужо досыць шчыльную і органічную сувязь веж і асноўнага корпусу; калі ў Сынкавіцкай царкве вежы былі яшчэ толькі дадаткам да разьбітага ў бізантыцкай схэме пляну, - дык тут яны ўжо цалком уваходзяць у гэты плян і ператвараюць яго ў новую схэму. Вежы Мала-Мажэйкаўскае царквы ўжо ня маюць поўных акружын у плянах, але нібыта ўцягнуты ў рагі будынку, муры якога беспасрэдна пераходзяць у іх акруглыя корпусы і як-бы складаюць з імі адну суцэльную архітэктурнуго масу. У параўнаньні да Сынкавіцкае царквы гэтым спосабам дасягаецца яшчэ болей компактнае і закончанае адзінства пляну, і гэта нават магло- б мець вынікам значна ўзмоцненую монумэнтальнасьць усяго будынку цалком, пры ўмове іншае надворнае апрацоўкі веж і фасадаў; аде ў апошняй, як мы ўбачым ніжэй, атрымалі перавагу чыста-дэкорацыйныя элемэнты, што паслабляе агульнае монумэнтальнае ўражаньне. Другая істотная розьніца палягае ў форме альтарнае часткі. Як мы зазначалі, у Сынкавіцкай царкве, ня гледзячы на готыцкі характар усяе яе конструкцыі, яшчэ цалком была перанята старадаўняя бізантыцкая схэма пляну, пры характэрнай трохдольнасьці і ў разьбіўцы асноўнае прасторы на тры ўздоўжныя нэфы і ў падзеле альтарнае часткі на тры паасобныя апсіды. Але ўжо ў перакрыцьці ўсіх трох апсід пад адзін супольны высокі дах у Сынкавічах адчуваецца імкненьне хаця-б да надворнага адзінства альтарнае групы; надворная- ж апрацоўка фасадаў, а таксама асноўнае перакрыцьцё ўжо зусім ня лічыцца з нутраным падзелам будынку, і не выяўляюць яго патройнага расчляненьня. У Мала- Мажэйкаўскай царкве мы таксама знаходзім нутраны падзел пляну з дапамогай чатырох аналёгічных слупоў, прычым падабенства да бізантыцкіх тут нават яшчэ павялічвае прысутнасьць заходніх хораў звычайнага царкоўнага тыпу; таксама як і ў Сынкавічах, аднак, гэтая сыстэма слупоў ня злучана з запраўднай бізантыцкай конструкцыяй перакрыцьця, замест чаго слупы трымаюць на сабе складаныя позьня- готыцкія скляпеньні, - дый апроч таго і самы падзел будынку на тры прадоўжныя нэфы ўжо згубіў тут сваю конструкцыйную выразнасьць з прычыны адсутнасьці паасобных апсід па канцох гэтых нэфаў, і наагул пры адсутнасьці абыякога падзелу адзінага вялікага альтара. У цяперашні час альтар ад царквы аддзяляе нутраны мур, дзе зроблены тры традыцыйныя пралёты; але мур гэты ёсьць пазьнейшы дадатак, ды нават і ў ім разьмяшчэньне пралётаў ня ўзгоднена з самым падзелам будынку на нэфы; спачатку-ж альтар раскрываўся ў царкву аднэй вялікай паўцыркульнай аркай, сьляды якой добра відаць у мясцох, дзе яна замурована пазьнейшай дабудоўкай, а сам ён мае выгляд аднэй вялікай і шырокай апсіды, правільна паўкруглай у пляне, асновы якой беспасрэдна зьліты з мурамі ўсходніх веж. Бізантыцкі характар альтарнае часткі тут ужо канчаткова страчаны, і формай сваёй яна хутчэй набліжаецца да романскіх або раньня-готыцкіх апсід, да чаго, часткова, дапасавана таксама і надпорная яе дэкорацыя. Такім чынам, у параўнаньні да Сынкавіцкае царквы Мала- Мажэйкаўскі будынак, нават у пляне, як-быццам робіць яшчэ адзін крок у бок готыкі, хоць праўда і досыць сваеадменнай, што наагул уласьціва беларускім чатырохвежавым цэрквам. Пасіленьне готыцкіх элемэнтаў у Мала-Мажэйкаўскай царкве таксама выразна выяўлена і ў яе нутраной конструкцыі. Увесь будынак пакрыты з дапамогай вельмі складаных зорчатых скляпеньняў з рэзка профіляванымі нэрвюрамі, якія ў некаторых мясцох пераходзяць у г. зв. крышталёвыя скляпеньні, дзе нэрвюрны касьцяк ужо зьліваецца з распалубкамі перакрыцьця. Нэрвюры густымі пучкамі зыходзяцца да цэнтральных слупоў, а з супроцьлеглага боку абапіраюцца аб кронштэйны ў мурох, ня маючы з надворнага боку ніякіх спэцыяльных абапорных прылад. Уся гэтая сыстэма ў параўнаньні да Сынкавіцкае царквы з яе звычайнымі крыжовымі скляпеньнямі зьяўляецца значна болей разьвітай і выяўляе значна большае ўдасканаленьне ў прыёмах готыцкага будаўніцтва, разам з шырокім разуменьнем багатых дэкорацыйных магчымасьцяй позьня- готыцкіх конструкцый.
Пераходзячы да надворнага выгляду Мала-Мажэйкаўскае царквы, трэба перш за ўсё мець на ўвазе тыя зьмены, якія былі ў яго ўнесены пазьнейшымі пераробкамі. За доўгі час свайго існаваньня будынак царквы быў досыць моцна разбураны, так што, нават, у пачатку XIX сталецьця, як сьведчыць візыта ад 1804 г., царкве пагражала канчатковае зачыненьне. Апошняе, аднак, не адбылося, і з 1811 году пачалося паступовае аднаўленьне будынку, якое скончылася грунтоўным рэмонтам у 1871-72 г.г. Пры гэтых рэпарацыйных працах вельмі мала лічыліся з архэолёгічнай каштоўнасьцю помніку, і вельмі мала дбалі аб захаваньні яго першапачатковага выгляду, так што некаторыя часткі яго падлеглі досыць грунтоўным пераробкам. Папершае, да царквы быў прыбудаваны прытвор, які засланіў ранейшыя ўваходныя дзьверы і значна зьмяніў усё агульнае аблічча заходняга фасаду. Падругое, абедзьве заходнія вежы былі надбудаваны ў вышыню, прычым адна з іх была перароблена на званіцу. Патрэцяе, нарэшце, першапачаткова незатынкаваныя часткі фасадаў былі пакрыты пластамі тынку і афарбаваны, што зусім зьнішчыла ранейшы характар іх дэкорацыі, пагрунтаванай калісьці, таксама як і ў Сынкавіцкай царкве, на эфэктоўным контрасьце цёмна-чырвоных цагляных муроў і белых плям тынку ў дэкорацыйных нішах.
Адкідаючы ўсе гэтыя пераробкі, мы, аднак, досыць лёгка можам мець уяўленьне адносна першапачатковага аблічча будынку, якое, апроч некаторых дэталяй, б ыло досыць б лізка падобным да Сынкавіцкай царквы. Асноўны простакутны масыў, пакрыты двохспадным дахам, а таксама чатыры рагавыя вежы былі тут цалкам аналёгічны, і толькі вышыня веж здаецца адносна меншай, таксама як і вышыня пакрыцьця альтарнае часткі. Крыху большая розьніца выяўляецца ў апрацоўцы ўсіх гэтых асноўных частак, - хоць і яна, магчыма, выходзіць з тэй самай дэкорацыйнай схэмы, якая была прынята ў Сынкавічах.
За аснову для дэкорацыі тут узяты аналёгічны прыём апрацоўкі паверхні муроў з дапамогаю дэкорацыйных ніш, прычым аднак, такую апрацоўку атрымалі ня толькі фронтоны, як у Сынкавіцкай царкве, але таксама і ўсе фасады, а формы ніш і сыстэма іх разьмяшчэньня былі відазьменены, часткова ў сувязі з дробнай відазьменай і самых форм тых частак будынку, якія атрымалі гэтую дэкорацыйную аздобу. Апошняе лепей за ўсё выяўляецца, напрыклад, у заходнім фронтоне, які падняты крыху вышэй даху ў выглядзе дэкорацыйнага шчыта, мае ступеньчатыя бакавыя спады з вэртыкальнымі стрэльчатымі падвышэньнямі; такая форма значна ўзмацняе агульны вэрты калізм усяго заходняга фасаду, і асабліва палягае самы фронтон, чаго ён патрабуе меншага падзелу і тым самым магчымасьць зусім адменнага ад Сынкавіцкай царквы разьмеркаваньня дэкорацыйных ніш, у значна меншым ліку і ў меней дробных памерах. Увесь фронтон падзелены на дзьве часткі па горызонталі; дольняя з іх мае тры вялікія нішы складанае патройнае конструкцыі, дзе нішы меншых памераў зьмешчаны ў сярэдзіне большых, а горняя частка запоўнена аднэй вялікай нішай з падвойнай аркай. Усё гэта, агулам кажучы, досыць проста; але разам з тым, асноўныя дэкорацыйныя лініі знойдзены тут настолькі ўдала, што гэтая простая дэкорацыя надзвычайна гармонічна расчляняе належную паверхню, і нават здаецца амаль што багатай, асабліва з прычыны ўжываньня орыгінальнага спосабу разьмяшчэньня адных ніш у сярэдзінах іншых. Другая дэкорацыйная асаблівасьць Мала-Мажэйкаўскае царквы - гэта тое, што аналёгічная дэкорацыя вынесена і за межы фронтонаў, пашырыўшыся на бакавыя фасады, на мур альтарнае апсіды і па дольнія часткі веж. Усе гэтыя месцы ў параўнаньні да Сынкавіцкае царквы атрымалі, такім чынам, значна болей пышную апрацоўку, страціўшы характэрную для Сынкавіч конструкцыйную монумэнтальнасьць. Прычына гэтага палягае ў тым, што ў Сынкавічах дэкорацыя фасадаў і веж складаецца з абароннага поясу бойніц, абведзеных аркатурай, у той час як у Мала-Мажэйкаве, пры захаваньні зусім аналёгічнае абароннае сыстэмы, апошняя не атрымала надворнага выяўленьня, але наадварот - была замаскавана ў дэкорацыі. Пояс бойніц, якія раскрыты з аналёгічнае баявое галярэі над скляпеньнямі царквы, ня высунуты тут наперад, і ня толькі пазбаўлены аркатуры, але нават ня мае і якіх-колечы абкаймленьняў наўкола бойніц, замест чаго фасады згары абведзены звычайным гзымсам і чыста дэкорацыйна апрацаваны ў горніх частках над вокнамі, паміж вокан, наўкола веж і па апсідзе з дапамогай розных памераў ніш, пераважна з падвойнымі аркамі, сярод якіх абаронныя прылады займаюць зусім няпрыкметнае месца. Крыху іншая дэкорацыя аздабляе заходні фасад, складаючыся з ніш болей значных памераў, адпаведна паднятаму над гэтым фасадам фронтону, і круглага дэкорацыйнага вакна пасярэдзіне над уваходам; але і тут сыстэма абаронных бойніц ня грае ніякае ролі.
Уся гэтая пераважная дэкорацыйнасьць надворнае апрацоўкі Мала- Мажэйкаўскае царквы зьяўляецца, такім чынам, зусім незалежнай ад яе цытадэльнай конструкцыі, у чым можна бачыць асноўную рысу далейшага стылістычнага разьвіцьця ўмацаваных царкоўных будынкаў. Належная прыстасаванасьць будынку да абароны, выяўленая ў вежах, у досыць значным ліку бойніц, і ў спэцыяльных прыладах для аховы ўваходных дзьвярэй у выглядзе падвеснай жалезнай краткі на ланцугох, цяпер ужо зьнішчанай, - ужо не замінае ў даным выпадку таму, каб уся апрацоўка будынку мела ў той самы час і досыць багатую дэкорацыю, адпаведную яго царкоўнаму прызначэньню. Адыходзячы ад суровага ўзору Сынкавіцкае царквы, хоць і захоўваючы яе асноўны тып, беларускае будаўніцтва стварыла тут значна болей лёгкую, болей прыаздобленую будову, дзе абаронная аснова засланілася незалежнай ад яе апрацоўкай надворных форм, і дзе нават часткі беспасрэдна абароннага прызначэньня, як напрыклад вежы, шмат у чым былі трактаваны ў разрахунку на дэкорацыйны эфэкт. Цікава пры гэтым, што такія рысы надворнага выгляду злучыліся тут і з ускладненьнем самае конструкцыі ў нутраным перакрыцьці, дзе, як мы ўжо зазначалі, складаная сыстэма скляпеньняў таксама пераважна служыць дэкорацыйным мэтам. У выніках, надалей разьвіты і болей распрацаваны ў дэталях Сынкавіцкі тып, бясспрэчна, набыў у Мала-Мажэйкаве нейкую адменную формальную выразнасьць з рысамі новае стылістычнае афарбоўкі, з магчымасьцю новага агульнага ўражаньня, не зважаючы на блізкую супольнасьць асноўнае конструкцыі абодвых гэтых будынкаў. Адсюль ужо лёгка было зрабіць і яшчэ адзін крок у тым самым напрамку, і перайсьці ў далейшым да таго найболей складанага і орыгінальнага ўзору беларускае царкоўнае готыкі, які мы знаходзім крыху пазьней у Супрасьлі.

Царква Добравешчаньня ў вядомым Супрасьлеўскім манастыры была заснавана ў 1503 годзе [24], - але няма дакладных вестак, ці з самага пачатку тут распачаў будавацца той самы будынак, які захаваўся да нашага часу, і сколькі ласьне цягнулася яго пабудова. У кожным разе, аднак, паколькі вядома, што нутраны росьпіс царквы паходзіць з 1557 году, - пастолькі бясспрэчна, што ў гэты час будынак быў ужо скончаны, і такім чынам прыблізная дата яго вызначаецца як палова XVI сталецьця. Таксама бясспрэчна, што ён мог паўстаць ніяк не раней, але бязумоўна пазьней за Мала-Мажэйкаўскую царкву, і што наагул па сваіх стылістычных адзнаках ён павінен лічыцца за адзін з самых позьніх, нават апошніх помнікаў беларускае царкоўнае готыкі.
У сваім паступовым разьвіцьці апошняя набыла ў Супрасьлеўскай царкве настолькі сваеадменныя формы, што без знаёмства з усім папярэднім готыцкім будаўніцтвам у Беларусі формы гэтыя нават і немагчыма зразумець. Адсюль вынікаюць тыя характэрныя непаразуменьні зацікаўленых гэтым помнікам, але мала дасьведчаных у гісторыі беларускае архітэктуры аўтараў, якія, падыходзячы да Супрасьлеўскае царквы адразу заўважалі ў ёй усе яе орыгінальныя рысы, пазбаўленыя жадных аналёгій у якім-колечы з іншых помнікаў эўропейскага царкоўнага будаўніцтва, - але заставалася цалком беспараднымі пры ўсялякіх спробах вытлумачэньня гэтай орыгінальнасьці і змушаны былі высоўваць у гэтым пытаньні самыя фантастычныя дапушчэньні. Найболей тыповым прыкладам зьяўляецца тут, здаецца, недарэчная тэорыя П. Пакрышкіна, аўтара монографічнага апісаньня Супрасьлеўскае царквы [25], згодна якой сваеадменныя асаблівасьці гэтага будынку тлумачацца нібыта "жаданьнем мала знаёмага з готыкай будаўніка надаць праваслаўлай царкве готыцкі стыль і цытадэльнае прызначэньне", рагавыя-ж вежы разглядаюцца як дэкорацыйнае перайманьне маскоўскае пяцікумпаловае схэмы.
Зразумела, адносна гэтай тэорыі нават нельга казаць сур'ёзна, настолькі выразна з самага першага пагляду ўся яе недарэчнасьць. Але мы лічылі патрэбным пра яе памянуць, як пра найболей характэрную ў досыць багатай усё-ж літаратуры аб Супрасьлеўскай царкве. Праўда, пазьнейшыя, ужо адзначаныя намі агульныя працы Іодкоўскага і Шышкі-Богуша, болей правільна зьмясьцілі помнік у Супрасьлі ў групу абаронных цэркваў Беларусі, побач з будынкамі ў Сынкавічах і Мала-Мажэйкаве, - але разглядаючы ўсе гэтыя будынкі выключна ў стасунку да іх "абароннасьці", абодва гэтыя аўтары ня здолелі вызначыць таго чыста архітэктурнага шляху, які прывёў да сваеадменных форм Супрасьлеўскае царквы, і такім чынам асноўнае пытаньне аб пасьлядоўным разьвіцьці гэтых форм, аб беспасрэдных крыніцах іх пахаджэньня, і нарэшце аб тым, якое месца займаюць яны ў гісторыі беларускага будаўніцтва, і тут усё-ж засталося неразьвязаным.
Выходзячы з суцэльнага ўяўленьня аб паступовым аформленьні і пасьлядоўным ўскладненьні беларускіх готыцкіх будынкаў чатырохвежавага тыпу, мы, зразумела, адразу знаходзім больш моцны грунт для належных вывадаў у стасунку да Супрасьлеўскае царквы. Праўда, у шмат якіх паасобных дэталях гэтага будынку мы можам заўважыць досыць істотна новыя рысы ў параўнаньні да чатырохвежавых цэркваў у Сынкавічах і Мала- Мажэйкаве, што надае яму вельмі сваеадменную стылістычную выразнасьць; асабліва гэта датычыць перакрыцьця, часткова - агульных пропорцый будынку і яго дэкорацыйнае апрацоўкі; але ўсё гэта не мяняе самых асноў яго агульнай конструкцыі. Калі мы возьмем плян Супрасьлеўскае царквы, - дык знойдзем тут той самы асноўны простакутнік, падзел на тры нэфы, чатыры рагавыя вежы; ёсьць тут пэўныя відазьмены, што мы адзначым ніжэй, - але прынцып пакінуты той самы як і ў ранейшых будынках, і толькі болей свабодна распрацаваны, выяўлены ў болей складаных формах, што сьведчыць аб органічным далейшым росьце адпаведнага архітэктурнага стылю.
У параўнаньні да папярэдніх помнікаў плян гэты мае большы прадоўжны працяг з усходу на захад, пры значным звужэньні бакавых нэфаў. Асновы рагавых веж маюць адносна меншыя памеры і болей шчыльна злучаны з асноўнымі мурамі будынку. З ранейшых чатырох цэнтральных слупоў фактычна захавалася вольнай толькі ўсходняя пара, у той час як заходняя (зьлілася з нутраным мурам, які аддзяляе прытвор і хоры, але мае вельмі шырокія аркавыя пралёты. Альтарная частка трактавана трохдольна, аднак адпаведна вузасьці бакавых нэфаў малыя апсіды ня граюць значнае ролі, зьвярнуўшыся ў невялічкія прыбудоўкі, далучаныя з абодвых бакоў да вялізнай асяродкавай апсіды, пры гэтым ня толькі значна меншых памераў у пляне, але таксама і вельмі нязначнае вышыні [26]. Цэнтральная апсіда мае пяцісьценную форму і вельмі масыўныя муры. Як бачым, пры ўсіх адменах у дэталях, плян гэты досыць звычайны для беларускіх чатырохвежавых цэркваў і не выяўляе ніякіх асабліва значных асаблівасьцяй, цалком выходзячы з тых плянаў, якія былі аформлены ў ранейшых аналёгічных помніках, г. зн. у Сынкавічах і ў Мала-Мажэйкаве.
Усё тое новае, што было ўнесена ў Супрасьлеўскую царкву, выявіліся пераважна ў самай апрацоўцы гэтага пляну, што можна заўважыць, разгляждаючы перакроі будынку, і, асабліва, формы надворнай яго конструкцыі. Перш за ўсё, тут варты ўвагі асноўныя пропорцыі ўсяе царквы. Базылікальная выцягнутасьць будынку, пры болей вузкіх адносна заходнім і ўсходнім фасадах, надае яму значна большую стройнасьць у параўнаньні да ранейшых помнікаў. Вузкія фасады як- быццам сьціснуты тут паміж рагавых веж, што, не зважаючы на іх горызонтальны падзел, адразу асабліва ўзмацняе асноўныя вэртыкалі будынку. Апошнія, перш за ўсё, выяўлены ў вежах, якім наагул аддана вельмі значнае месца ва ўсёй композыцыі царквы. Захоўваючы абароннае сваё прызначэньне, вежы ў той самы час і дакладна ўзгоднены тут з агульным характарам фасадаў і, нават, чыста дэкорацыйна трактаваны, асабліва ў горніх сваіх частках. Апроч таго, асноўная роля іх у будынку яшчэ болей пасілена значнай іх вышынёй, большай за вышыню сярэдняга даху, а таксама далучэньнем да звычайных чатырох рагавых веж яшчэ аднэй пятай, асяродкавай вежы. Падругое, усё гэта мае сьціслую сувязь з зусім новым характарам перакрыцьця як асноўнага корпусу будынку, так і паасобных веж. У папярэдніх чатырохвежавых цэрквах мы бачылі высокія двохспадныя дахі і параўнальна нізкія конусападобныя перакрыцьці ў вежах. У Супрасьлеўскай царкве ўся гэтая сыстэма значна болей складаная: асноўны двохспадны дах перацяты папярочным перакрыцьцём, якое выходзіць на бакавыя фасады ў выглядзе асобных дадаткаў з самастойнымі фронтонамі; на гэтым перакрыжжы зьмешчана памянёная намі пятая вежа, якая грае конструкцыйную ролю цэнтральнага кумпалу; нарэшце вежы маюць складаныя ярусныя пакрыцьці з фігурнымі галоўкамі і высокімі шпілямі.
Асабліва цікавым тут можна лічыць зьяўленьне пятае вежы, якая здаецца як-быццам зусім нечаканым дадаткам да ўсталяванага чатырохвежавага тыпу. Але яна ня мае характару выключна дэкорацыйнага элемэнту, бо яна органічна зьвязана з нутраным ладам будынку, займаючы ў ім месца звычайнага кумпалу, і тым самым значна відазьмяняючы ўвесь падзел яго нутраной прасторы. Аснова яе вынесена ў гару з дапамогай цэнтральных слупоў і пакладзеных на слупы абапорных арак, і высунута праз грэбень даху ў выглядзе высокага двох'яруснага васьмісьценьніку. З нутранога боку васьмісьценьнік гэты мае кумпальнае скляпеньне з росьпісам, асьвятленае праз вокны яго дольняга ярусу, а над скляпеньнем знаходзіцца яшчэ адно памяшканьне. З бакоў ён аздоблены дэкорацыйнымі нішамі і зубчатымі фрызамі, згары-ж пакрыты кантовай галоўкай, якая нясе на сябе высокае складанае завяршэньне ў выглядзе аналёгічных, паступова паменшаных васьмісьценьнікаў і галовак, закончаных шпілем. Уся гэтая вежа, зразумела, ужо ня грала абароннае ролі, і ў лепшым выпадку магла служыць за найболей падвышаны ў будынку наглядальны пункт.
Амаль што такія самыя перакрыцьці маюць і рагавыя вежы, з нязначнымі адменамі ў дэталях. Круглыя корпусы іх пераходзяць на гары ў васьмісьценьнікі, абведзеныя аналёгічнымі цэнтральнай вежы зубчатымі паяскамі, і аздобленыя з дапамогай дэкорацыйных ніш; вышэй знаходзяцца гатовыя палавінныя галоўкі; далей уздымаюцца тонкія празрыстыя васьмісьценьнікі на слупкох, і нарэшце высокія шпілі. Усе, гэтыя часткі перакрыцьця як у цэнтральнай, так і ў рагавых вежах маюць жывыя, раздробненыя, але вельмі ўдала знойдзеныя абрысы, так што ўсё заканчэньне будынку згары надзвычайна прыгожа і гармонічна. Але агульны эфэкт яго яшчэ ўзмацняецца часткова ўжо памянёнай намі новай трактоўкай асноўнага перакрыцьця пад васьмісьценьнікам асяродкавай вежы. З абодвых бакоў да двохспаднага даху далучаны тут асобныя, таксама двохспадныя дадаткі, падобныя да г. зв. "бочак", пашыраных у драўлянай архітэктуры, але вельмі значных памераў, якія ствараюць два дадатковыя самастойныя фронтоны на ўзроўні бакавых фасадаў. У сярэдзінах гэтых фронтонаў перакінуты паўцыркульныя архівольты, абапёртыя ў шырокія гзымсы з зубчатамі фрызамі, а ў самых палёх знаходзяцца дэкорацыйныя нішы і бойніцы. Памеры гэтых бакавых фронтонаў такія самыя як асноўных фронтонаў заходняга і ўсходняга фасадаў, так што ўсё перакрыцьцё зьяўляецца быццам крыжовым, складаючыся з асноўнага двохспаднага даху і папярочнага пакрыцьця аналёгічных абрысаў і ня меншае шырыні. Поўнае адзінства ўсяго гэтага як-бы васьміспаднага даху падмацавана яшчэ і зусім аналёгічнай баковым фронтонам апрацоўка асноўных фронтонаў, дзе мы знаходзім, асабліва ў заходнім, такія самыя архівольты і дэкорацыйныя нішы. Маленькая розьніца палягае толькі ў тым, што асноўны дах мае зусім простыя, а папярочны - крыху выгнутыя спады, у сувязі з чым нязначна адрозьніваюцца таксама і агульныя абрысы фронтонаў.
Сваеадменная орыгінальнасьць конструкцыйных прыёмаў. ужытых пры пабудове перакрыцьця ў Супрасьлеўскай царкве, вызначае амаль што бясспрэчна магчымыя іх крыніцы. Прысутнасьць "бочак", формы кантовых галовак, конструкцыя і форма асяродкавай вежы, нарэшце характэрныя абрысы горніх частак ў пакрыцьцях веж, - усе гэтыя рысы, хутчэй за ўсё, змушаюць бачыць у перакрыцьці Супрасьлеўскае царквы выразны вынік уплыву з боку драўлянага будаўніцтва, конструкцыйныя формы якога былі перанесены тут у мураваны будынак, часткова таксама ў конструкцыйным, а часткова і толькі ў дэкорацыйным значэньні, што наагул, як вядома, нярэдка здараецца ў архітэктуры. Для беспасрэднага тлумачэньня тыповых асаблівасьцяй будынку ў Супрасьлі, на нашую думку, вельмі мала можа прыдацца зробленае, напрыклад, Іодкоўскім, досыць выпадковае набліжэньне яго бакавых фронтонаў да аналёгічных дэталяй Богаяўленскае царквы ў Астрозе 1521 году [27], бо мы ня маем падстаў лічыць, каб гэтыя будынкі ў сваім пахаджэньні былі чым-колечы зьвязаны паміж сабою; агульныя тыпы іх - істотна розныя, а ў падобных сваіх дэталях абодва яны маглі вынікаць з нейкіх супольных першаўзораў. Тым часам, ласьне ў драўляным будаўніцтве Беларусі мы якраз знаходзім амаль што ўсе ўжытыя ў Супрасьлі формы, прычым характэрны крыху сплюшчаныя васьмікантовыя галоўкі, а таксама празрыстыя барабанчыкі ў выглядзе васьмісьценьнікаў з асобных слупкоў. Праўда, помнікі драўлянае архітэктуры, дзе мы сустракаем гэтыя формы, належаць да значна болей позьняга часу за Супрасьлеўскую царкву, г.зн. ужа да XVII, або нават да XVIII сталецьця. Але гэта мала мяняе справу, бо драўлянае заўсёды мела надзвычайна сталыя традыцыі, і захаваныя да нашага часу будынкі ХVII-XVIII сталецьцяў у пераважнай большасьці ўсходзяць да значна болей раньніх тыпаў. У кожным разе, у XVI сталецьці такія формы, бясспрэчна, былі ўжо магчымы ў драўляных будынках, адкуль яны і маглі быць перанесены ў Супрасьлеўскую царкву. Запраўды, вельмі цяжка лічыць, каб яны маглі ў даным выпадку вырасьці органічна, з паступовага разьвіцьця ўласнага стылю чатырохвежавых цэркваў. Готыцкая аснова апошніх, не зважаючы на ўсе відазьмены яе ў беларускім будаўніцтве, зусім ня мела ў сабе таго беспасрэднага грунту, адкуль яны маглі-б вынікаць, але б той самы час пакідала магчымасьць свайго ўскладненьня, асабліва ў дэкорацыйным стасунку, праз далучэньне новых мясцовых элемэнтаў. У гэтым сэнсе тое, што адбылося ў Супрасьлеўскай царкве, - зьяўляецца вельмі характэрным для беларускае готыкі, як вынік самай апошняя мясцовай яе модыфікацыі ў тыпе чатырохвежавага будынку.
У іншых частках царквы ў параўнаньні да пакрыцьця мы знаходзім значна меней складаную апрацоўку. Аспоўнае месца, падобна да Сынкавіцкай царквы, займаюць тут модныя гзымсы з аркатурай, дзе пераважна згуртаваны бойніцы абароннага поясу; аркатура мае тут толькі меншыя памеры і размяшчаецца выключна па фасадах, не закранаючы рагавых веж, якія даходзяць аж да самага накрыцьця ў выглядзе роўных круглых масываў. Апроч таго, яна часткова заходзіць таксама і на альтарную частку, дзе, аднак, у звычайны гзымс уведзены толькі паасобныя навесныя аркі з пралётамі бойніц. Ніжэй аркатуры па фасадах праходзяць чыста-дэкорацыйныя вузкія фрызы з дробных зубчыкаў, аналёгічныя тым, якія ўжыты і ў перакрыцьці, Сярэднія часткі муроў пакінуты без апрацоўкі і маюць толькі параўнальна нязначны лік вокан у крыху паглыбленых і зьлёгка орнамэнтаваных зубчыкамі нішах. На бакавых фасадах разьмяшчэньне вокан дакладна адпавядае нутраному ладу будынку, а разам з тым сымэтрычна ўзгоднена з асноўнымі формамі перакрыцьця, крыху ссунутага ва ўсходнім кірунку ў залежнасьці ад конструкцыі асяродкавай вежы. Нарэшце, увесь цокаль будынку аддзелены яшчэ раз зубчатым фрызам і прыгожа аздоблены пракладкамі жалязьняковае цэглы ў выглядзе сетчатага рысунку з ромбаідальных фігур.
Апрацоўка заходняга фасаду першапачаткова мела, мабыць, крыху іншы характар, - але зьмененая пазьнейшай прыбудоўкай яна дакладна нам цяпер невядома. У кожным разе, аналёгічна Мала-Мажэйкаўскай царкве, тут быў калісьці абаронены ўваход, які закрываўся пад'ёмнай жалезнай заслонай на ланцугох, для чаго былі спэцыяльныя прылады на хорах, а вышэй яго яшчэ і цяпер відаць напалову заслоненае дахам прыбудоўкі круглае вакно, з бакоў якога зьмяшчаюцца дзьве вялікія бойніцы. Ніякіх дэкорацыйных дэталяй заходні фасад ня мае, у той час як альтарная апсіда з супроцьлеглага боку будынку апрацавана больш-менш таксама, як і бакавыя фасады.
Незалежна ад апрацоўкі, самая конструкцыя альтарнае часткі надзвычайна цікава. У пляне, як мы ўжо зазначалі, альтар мае тут бізантыцкі патройны падзел, але цэнтральная вялікая апсіда цалкам пануе тут над бакавымі. Апошнія маюць вельмі нязначныя памеры, і як-бы заціснуты паміж асяродкавай апсідай і ўсходнімі вежамі ў выглядзе маленькіх прыбудовак пацісьценнае формы. Такое сваеадменнае ператварэньне бізантыцкае альтарнае схэмы дазваляе бачыць і ў гэтай частцы будынку рысы вядомай набліжанасьці да ўзораў драўлянага будаўніцтва, дзе вельмі часта бакавыя альтарныя памяшканьні знаходзяцца ў зусім аналёгічных маленькіх прыбудоўках з бакоў вялікай цэнтральнай апсіды, прычым і самая кантовая форма апсід лёгічна грунтуецца ў гэтых выпадках на конструкцыйных магчымасьцях дрэва. Скарыстаньне такой альтарнай сыстэмы драўлянага будаўніцтва, пры запазычаньні іншых драўляных форм, магло тым лягчэй адбыцца ў Супрасьлі, што і ў драўлянай архітэктуры сыстэма гэтая была конструкцыйна зьвязана з традыцыйным бізантыцкім мотывам, і значыцца ня была ў супярэчнасьці да агульнага супрасьлеўскага пляну.
Адзначым, нарэшце, яшчэ адну вартую ўвагі дэталь у надворным абліччы Супрасьлеўскае царквы: гэта ўжо памянёныя намі дэкорацыйныя фрызы, складзеныя з шэрагу падвойных зубчыкаў у выглядзе маленькіх простакутных выступаў, пад якімі знаходзяцца абапорныя цагліны. Хаця ў Супрасьлі аздоба гэтая і зроблена ў цаглянай кладцы, аднак у сваім пахаджэньні яна, бясспрэчна, можа быць зьвязана ізноў-жа з пашыранымі ў драўляным будаўніцтве зубчатымі гзымсамі або накладкамі, што найболей выразна якраз у тых частках будовы, якія мы лічым магчымым выводзіць з драўляных форм, бо ў гэтых мясцох зубчатая дэкорацыя зьмяшчаецца ласьне там, дзе аналёгічная орнамэнтыка запраўды сустракаецца ў драўляных будынках. У іншых частках Супрасьлеўскае царквы яна магла ўжо быць ужыта па аналёгіі, і для захаваньня суцэльнага дэкорацыйнага адзінства. Пры гэтым яна перайшла і ў такія месцы, якія ўжо ніякай залежнасьці ад драўлянай архітэктуры не выяўляюць, між іншым, нават, і ў нутраную апрацоўку будынку, напрыклад у капітэлі цэнтральных слупоў.
Пераходзячы да нутранога ладу Супрасьлеўскае царквы, трэба перш за ўсё адзначыць тую выключную ролю, якая надана ў агульнай композыцыі будынку яго асяродкавай частцы пад цэнтральную вежаю, што сьцісла зьвязана і з трактоўкай надворных форм, і з тымі крыніцамі, адкуль мы гэтыя формы выводзілі. Як мы ўжо зазначалі, цэнтральная вежа ня мае ў даным выпадку характару толькі дэкорацыйнага дадатку, але настолькі органічна злучана з усёй сыстэмай нутранога перакрыцьця, што ў апошнім, у параўнаньні да папярэдніх помнікаў, асноўная готыцкая конструкцыя засталася грунтоўна відазьмененай, прызахаваньні, аднак, запраўдных позьня-готыцкіх скляпеньняў у паасобных нутраных памяшканьнях. Цэнтральная частка будынку, закончаная згары высокім васьмярыком вежы, хоць і накрытым усярэдзіне кумпальным скляпеньнем, набыла тут зусім іншыя прасторавыя адносіны, ствараючы зусім нязвычайнае ўражанне сярод готыцкіх скляпеньняў і стрэльчатых падпорных арак. Высокі і вузкі пралёт гэтага нутранога васьмярыка, які пачынаецца на вышыні асноўных муроў і цягнецца аж за горні край даху ў выглядзе быццам нейкае нутраное, здолу адчыненае вежы, - нібыта разрывае тут звычайную аднастайнасьць готыцкага перакрыцьця і нечакана выносіць усю сярэднюю частку будынку да гары, у формах блізка падобных да перакрыцьця драўляных шатровых цэркваў. Такім чынам, тут яшчэ раз мы сустракаем прыёмы, бясспрэчна набліжаныя да прыёмаў драўлянага будаўніцтва, - але ўжо ў найболей істотных частках конструкцыі, дзе ўжываньне такіх прыёмаў патрабавала спэцыяльнага прыстасаваньня некаторых чыста-конструкцыйных дэталяй нутранога ладу будынку, і мела вынікам грунтоўную зьмену пропорцый у расчляненьні нутраное прасторы царквы. Запраўды, для таго, каб стрымаць высокі і важкі васьмярык вежы, тут зьявілася патрэба ў асобнай сыстэме абапорных прылад. З заходняга боку ён быў абапёрты ў нутраны мур, якім цэнтральная частка будынку аддзелена ад прытвору і хораў, і які быццам вырас з патоўшчаньня і ўзмацненьня звычайнай пары заходніх слупоў. З супроцьлеглага боку абапорай зьявіліся ўсходнія слупы, якія трымаюць на сабе тры магутныя падпорныя аркі ў форме востракулаў, перакінутыя паміж гэтых слупоў, а таксама ад іх да заходняга муру. Тым часам, іншыя часткі будынку атрымалі готыцкія скляпеньні розных форм, што асабліва выдзеліла якраз цэнтральную частку з яе васьмярыком, але разьбіла суцэльнасьць нутранога перакрыцьця, а разам з тым і агульнай прасторы.
Вытрыманы ў пляне падзел будынку на тры ўздоўжныя нэфы застаўся тут толькі ўмоўнай схэмай і не атрымаў запраўднага выяўленьня ў нутраной прасторы. Болей высокая цэнтральная частка замкнулася ў сабе як паасобная адзінка, набыўшы пераважнае значэньне самага галоўнага памяшканьня ў царкве. У той самы час прылеглыя да яе іншыя часткі будынку аформіліся зусім ад яе адасобнена. З заходняга боку, з дапамогай нутранога муру з пралётамі, ад яе аддзелена вялікае падзеленае на два паверхі памяшканьне, дзе знаходзяцца хоры і прытвор. Памяшканьне гэтае мае зусім самастойны характар і ў прасторавым сэнсе з іншымі часткамі будынку ня зьвязана; абодва паверхі яго маюць, зразумела, розныя перакрыцьці - тры складаныя крышталёвыя скляпеньні ў прытворы і тры крыжовыя скляпеньні над хорамі. Пры ўваходзе ў будынак першае месца займае, такім чынам, досыць нізкі прытвор, пераход ад якога да высокай цэнтральнай часткі здаецца асабліва рэзкім. Цэнтральная частка адразу за ім стварае асабліва моцнае ўражаньне свабоднага імкненьня ў вышыню ў лёгкім уздыме падпорных арак і асяродкавага васьмісьценьніка з кумпальным скляпеньнем. Аднак, за падпорнымі аркамі прылеглыя да яе часткі будынку ізноў паніжаюцца; з бакоў застаюцца вузкія памяшканьні, пакрытыя крыжовымі скляпеньнямі; з усходняга боку амаль што квадратовая прастора пакрыта крыху важкаватым зорчатым скляпеньнем з магутнымі нэрвюрамі, перакінутым на вышыні асноўных муроў будынку, г. зн. нават ніжэй за падпорныя аркі цэтральнае часткі. Яшчэ далей, нарэшце, альтар, які аддзелены асобным мурам з пралётам, ужо зусім нізкі, ня вышэй за прытвор, бо аналёгічна апошняму ён таксама падзелены на два паверхі, з баявым памяшканьнем у горнім. Такім чынам, уся нутраная прастора будынку разьбіта ў перакроі па шэраг паасобных памяшканьняў рознае вышыні, кожнае з якіх досыць рэзка адасоблена ад суседніх. Суцэльнасьць готыцкага будынку тут ужо зусім страчана, хаця ў асобных частках ужыты складаныя і добра распрацаваныя готыцкія конструкцыі, што можа лічыцца за вельмі характэрную рысу ў гэтым позьнім узоры беларускае готыкі. Мы бачым тут, бязумоўна, вынік нейкага надзвычайна цікавага і сваеадменнага стылістычнага процэсу, у пасьлядоўным разгортваньні якога ад віленскага Бэрнардынскага касьцёлу і яму падобных будынкаў да Супрасьлеўскае царквы - чыстыя готыцкія формы паступова страцілі сваё асноўнае значэньне, зрабіўшыся толькі адным з элемэнтаў ужо зусім новага архітэктурнага організму, амаль што цалкам самастойнага і ў сваёй агульнай концэпцыі і ў сваім стылістычным абліччы.
Наколькі, аднак, і гэты новы організм усё-ж быў сьцісла зьвязаны з усёй папярэдняй традыцыяй, якая выходзіла з цытадэльнае архітэктуры і апрацоўвала ў Беларусі пэўны тып абароннае царквы, - сьведчыць тое, што нават ствараючы часткова зусім адменныя формы, Супрасьлеўская царква ў той самы час цалком захавала свой асноўны характар добра ўмацаванай цытадэльнай будовы, дзе нават дэталі, узятыя з зусім незалежных ад цытадэльнага будаўніцтва драўляных узораў, ня толькі былі органічна зьліты з агульнай конструкцыяй, але ў некаторых мясцох і бсспасрэдна скарыстаны для традыцыйных у будынках данага тыпу абаронных мэт, не парушаючы, пры гэтым, ані суцэльнасьці стылю, ані гармонічнай закончанасьці ўсяе композыцыі. У гэтым сэнсе Супрасьлеўская царква, бясспрэчна, займае найболей выдатнае месца ў шэрагу тых беларускіх чатырохвежавых будынкаў, дзе сваеадменны архітэктурны стыль, які мы вызначаем тэрмінам "беларуская готыка", знайшоў найболей поўнае сваё выяўленьне. Зьяўляючыся адным з апошніх помнікаў гэтага стылю, будынак у Супрасьлі асабліва падкрэсьлівае яго органічнае разьвіцьцё ў беларускім будаўніцтве XVI сталецьця, і ўвесь тыповы яго сынтэтычны характар, пагрунтаваны на органічным ператварэньні і спалучэныіі ўсіх папярэдпіх яму архітэктурыых асноў. На прыкладзе Супрасьлеўскае царквы мы наогул лепш за ўсё можам убачыць, з якіх элемэнтаў вырас, нарэшце, гэты як-быццам зусім новы стыль, найболей орыгінальны і самастойны ва ўсёй беларускай архітэктуры. Бізантыцкая схэма пляну, готыцкая цытадэльная конструкцыя, дэталі, пазычаныя з драўлянага будаўніцтва, - усё гэта зьлілася тут у адно гармонічнае цэлае, стылістычна цалкам закончанае. Але ў гэтых асноўных складальных элемэнтах мы знаходзім выразны адбітак усіх тых папярэдніх этапаў, праз якія пасьлядоўна прайшло старадаўняе беларускае будаўніцтва. Процэс аформленьня чатырохвежавых готыцкіх цэркваў у Беларусі адбыўся цалкам дыялектычна, складаючы з супрацьлеглых асноў адзіную сынтэтычную форму, дзе гэтыя асновы грунтоўна былі перароблены і пагоджаны між сабой у цалкам новай стылістычнай манеры. Зьяўленьне гэтага стылю зусім органічна закончыла, такім чынам, усю даўгую гісторыю папярэдняе эволюцыі, адзначыўшы завяршэньне яшчэ аднаго этапу старой беларускай архітэктуры ў момант найбольшага стылістычнага росквіту.

Важнейшая літаратура

1. Dr Paul Weber: Wilna, eine vergessene Kunststätte. Wilna 1917. Разьдзел III: "Deutsch-mittelalterische Kulturdenkmäler in Wilna"/
2. В. Фронцкевич: Краткое описание римско-католических костелов г. Вильны. - Труды IX Археологического С'езда в Вильне, т. II.
3. М. Sokołowski: Dwa gotycyzmy, wileński i krakowski, i źródła ich znamion charakterystycznych. ― Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce, t. VIII, 2052. zesz. I i II, Kraków 1907.
4. И. Иодковский: Церкви, приспособленые к обороне в Литве и Литовской Руси. - Древности. Труды Комиссии по сохранению древних памятников, состоящей при Московском Археологическом Обществе. Т. VI. М. 1915.
5. Adolf Szyszko-Bohusz: Warowne zabytki architektury kościelnej w Polsce i na Litwe: Ptkanów, Brochów, Synkowicze, MałomoŜejków, Supraśl, Wilno. ― Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce, t. IX, zesz. III i IV, Kraków 1914.
6. И. Иодковский: Сообщение о Сынковичской церкви. - Древности т. IV, М. 1912, стар. 275-281.
7. Мало-Можейковская Рождество-Богородицкая церковь Лидского уезда Виленской губернии. - Виленский Календарь на 1908 год.
8. П. Покрышкин: Благовещенская церковь в Супрасльском монастыре. - Сборник археологических статей, поднесенных гр. А. А. Бобринскому. СПБ. 1911.
9. Kronika Lawry Supraślskiej. - Археографический сборник. т. IX.
10. Арх. Николай (Далматов): Супрасльский Благовещенский монастырь. СПБ. 1892. Апроч таго, цэлы шэраг часам досыць цікавых замотак і паведамленьняў адносна Сынкавіцкай, Мала-Мажэйкаўскай і Супрасьлеўскай цэркваў можна знайсьці ў наступных выданьнях:
12. Литовские Епархиальные Ведомости: 1865 г., №№ 3-6, 11, 23; 1866 г., № 1, 23- 24; 1867 г., №№ 4-5, 7; 1873 г. №№ 33-34, 36, 42.
13. Вестник Западной России: 1867 г., г. I-II, №№ 2-7.

[1] Гл. рыс. у Weber'a: Wilno, № 31.

[2] Weber; Wilno, стар. 22.

[3] Труды IX Археологического с'езда в Вильне, т. II (аргыкул В. Фронцкевича: Краткое описание римско-католических костелов гор. Вильны).

[4] Kraszewski: Wilno, II, 309. Некаторыя аўтары, аднак, адносяць яго ўжо да пачатку XVI ст. М. Balinskі: Historya miasta Wilna, II, 80.

[5] Пар. Essenwein: Handbuch der Architektur, IV, 2, мал. 403, 406.

[6] Рысунак гэты рэпродукаваны ў Weber'a: Wilno, № 31.

[7] Напрыклад, вялікі князь Жыгімонт-Аўгуст у сваім тэстамэнце ад 6 траўня 1571 г. (з шчорсаўскага архіву Адама Хрэбтовіча) завяшчае "dokonać kościoła S. Anny w Wilne", а таксама загадвае, у выпадку, калі яму давядзецца памерці ў Вялікім Княстве, пахаваць яго "na zamku w kościełe nowym S. Anny". M. Baliński:, I. II, 162, 180. Адсюль відаць, што ў канцы XVI ст. касьцёл Ганны яшчэ лічыўся "новым" пасьля нядаўніх аднаўленьняў, і што ў гэты час нават прадбачылася яшчэ нейкае яго " даканчэньне". Няма падстаў, аднак, лічыць, каб гэтае апошняе магло датычыць істотных частак конструкцыі; магчыма, што ў даным выпадку мелася толькі на ўвазе канчатковая адбудоўка пахавальных капліц, або што-колечы падобнае да таго.

[8] Вежы гэтыя ў пачатку бягучага сталецьця рэмонтаваліся і часткова перакладаліся (" Древности", т. III, М. 1909, стар 141-143), але формы іх ня былі зьменены, як сьведчыць параўнаньне сучаснага выгляду будынку да тэй акварэлі Смуглевіча, аб якой мы кажам у вынасцы 2, а таксама да іншых старадаўніх малюнкаў, напрыклад, да літографіі Ph. Benoist, якую надрукаваў I. Wilczyński ў Прыжы ў 30-40 гадох XIX ст. (Ёсьць у маім уласным зборы, № 232).

[9] Акварэль гэтая рэпродукавана ў выданьні: Die St. Annenkirche und die Klostenkirchen von St. Bernhardin und St Michael in Wilna. Bearbeitet von Walter Jäger. Wilna 1918.

[10] Аб Бэрнардынскім касьцёле наогул гл. наступнае: A. Szyszko-Bohusz: Warowne zabytki architektury Koscielnej w Polsce i na Litwie. - Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce/ IX, zesz. III і IV. 1914, str. 370−375; И. Иодковский: Церкви, приспособленые к обороне в Литве и Литовской Руси. - " Древности", VI, 269. Die St. Annenkirche und die Klostenkirchen von St. Bernhardin und St. Michael in Wilna, стар. 25−40; Труды IX Археологического с'езда в Вильне, II, 208−209.

[11] Kraszewski: Wilno, 11, 315.

[12] Ibidiem, 317.

[13] М. Sokolowskі: Dwa gotycyzmy, wileński i krakowski, w architekturze i zlotnic wie i zródła ich znamion charakterystycznych. - Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce, VIII, zwsz. I і II, 1907, str. 5-6.

[14] А. Szyszko-Bohusz, ор. сіt., str. 331, 375−376.

[15] М. Sokolowski: Dwa gotycyzmy, стар. 4.

[16] Dwa gotycyzmy, стар.7.

[17] Апісаньне ўсіх гэтых будынкаў, разам з значным лікам фотографічных здымкаў, рысункаў, плянаў і перакрояў падана ў памянёных намі ніжэй артыкулах A. Szyszki-Bohusza: Warowne zabytki architektury kościelnej, I И. Иодковского: Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси.

[18] Пар. думкі розных аўтараў, цытаваныя Иодковским, стар. 290.

[19] Liber visitationum Ecclesiae Cathedralis et Ecclesiarum Brestensium. Рыс. сабору рэпродукаваны ў кнізе Батюшкова: Белоруссия и Литва стар. 141.

[20] Між іншым, лічым патрэбным адзначыць, што гэтыя нашы пагляды на беларускую готыку, таксама як і наогул на беларускую архітэктуру XI-XVI ст., былі ў свой час выкладзены ў популярнай форме М. Касьпяровічам, якому яшчэ з 1923 г. нашыя "Нарысы" вядомы былі ў рукапісу. Гл. яго артыкулы: " Беларускае мастацтва і яго дасьледчыкі" - "Савецкая Беларусь" за 1924 год, №№ 197 (1194) і 198 (1195) ад 27-28 жніўня; " Беларуская архітэктура" - выд. Віцебскага Акруговага Т-ва Краязнаўства, Віцебск, 1925; "Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідзтва" - "Полымя" за 1927 г. № 5, стар. 183 і наст.

[21] Трэба зазначыць, што гэты прыём, апроч Сынкавіцкае царквы, сустракаецца таксама і ў некаторых іншых беларускіх будынках. Так, напрыклад, мы знаходзім яго ў віленскай Траецкай царкве ў злучэньні з аналёгічнай апрацоўкай альтарных апсід з дапамогаю дэкорацыйнае аркатуры, што засталося ў гэтым будынку нязьмененым, не зважаючы на пазьнейшыя грунтоўныя яго пераробкі. Гл. Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce, IV, стар. ХCІІІ, табл. 31. Хутчэй за ўсё, ласьне з Беларусі ён быў перанесены і ў Маскву, дзе ён сустракаецца, як вынятак, у саборнай царкве Ражэсьцьвенскага манастыра паловы XVI сталецьця. И. Грабарь: История русского искусства, II, 109.

[22] Иодковский, ор. сіt., стар. 300.

[23] Знаходзіцца ў архіве царквы.

[24] Археографический сборник, IX, 2-3. - Kronika Lawry Supraślskiey.

[25] П. Покрышкин. Благовещенская церковь в Супрасльском монастыре. - "Сборник археологических статей, поднесенных А. А. Бобринскому". СПБ 1911.

[26] Паўднёвая бакавая апсіда ў цяперашні час ужо ня існуе; на месцы яе ў пазьнейшыя часы была зроблена вялікая, простакутная ў пляне прыбудоўка, дзе зьмяшчалася закрыстыя.

[27] Ор. сіt., 259. Зазначым, між іншым, што як Пакрышкін, так пад уплывам яго і Іодкоўскі, ужываюць чамусьці ў стасунку да гэтых фронтонаў зусім неадпаведны тэрмін: "закамары", з чым ніяк ня можна згадзіцца.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX