Папярэдняя старонка: Мастацтва

Архітэктура Яна Самуэля Бэкера 


Аўтар: Kaлнін Валянцін,
Дадана: 19-01-2020,
Крыніца: Kaлнін Валянцін. Архітэктура Яна Самуэля Бэкера // Спадчына. 1998. №3. С. 65-85.; №4. С. 74-85.



Архітэктурная спадчына Яна Самуэля Бэкера падаецца найбольш значнай сярод вядомых творцаў XVIII ст., якія працавалі ў Беларусі. Дагэтуль захавалася некалькі пабудоваў, звязаных з ягонай дзейнасцю. Бальшыня ix знаходзіцца ў Ружанах Пружанскага раёну: палацавы ансамбль Сапегаў, царква i кляштар базылянаў, парафіяльны касцёл, заезная карчма «Пад Залатой Зоркай», капліца Св.Казімера на могілках.

Захаваліся i праекты Бэкера для Ружанаў: палацавага парку, шпіталю, палацыка i афіцыны ў Крыстыянполі - падместачковым фальварку. Ёсць праекты для іншых уладанняў Сапегаў у Вільні, Высокім-Літоўскім, Дзярэчыне i ў некаторых нявызначаных месцах. Усе вядомыя чарцяжы Я.С. Бэкера знаходзяцца ў Кабінеце Гравюраў бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Частка чарцяжоў апублікавана ў беларускіх выданнях 70-80-х гг., але пададзеныя пры гэтым каментары i заўвагі недакладныя, часта памылковыя. Між тым, апошнія даследаванні дазваляюць болып дакладна акрэсліць праектную спадчыну i дзейнасць Я.С. Бэкера - неардынарнага архітэктара другой паловы XVIII ст., які амаль цалкам працаваў у Беларусі i заставаўся тут да канца жыцця. Далека не ўсё ў творчасці Бэкера высветлена, i нашая публікацыя разлічана таксама, акрамя больш шырокага знаёмства з напаўзабытым імем, на зацікаўленасць да далейшых пошукаў i знаходак.

1. Жыццё i творчасць Я.С. Бэкера

Жыццё i творчасць Яна Самуэля Бэкера даследаваныя вельмі мала. Ранейшая знаёмасць з ім заснаваная галоўным чынам на аналізе праектаў ружанскіх пабудоваў. Зыгмунт Батоўскі ў 1928 г. першы сказаў пра Бэкера як «архітэктара класіцыстычнага, напэўна, дрэздэнскай школы». Затым пра Бэкера коратка выказаліся суадносна творчасці Шымана Багуміла Цуга як «найбліжэйшага стылістычна... але прадстаўляючага клас значна ніжэйшы».

Вядома, што быў ён прыдворным архітэктарам Сапегаў у Ружанах i Дзярэчыне, у Ружанах у 1793 г. утрымліваў жыллё, у 1798 г. атрымаў пажыццёвую пенсію ў памеры 2160 злотых.

У беларускай літаратуры творчасць Я.С. Бэкера была прадстаўленая выключна на прыкладзе палацу ў Ружанах. Пры гэтым падаваліся толькі апісанне яго сучаснага стану. Спроба аналізу гэтага помніка ў параўнанні з захаваным праектам зробленая ў 1974 г. архітэктарам Т.В. Хадыкай.

Датаваліся творы Я.С. Бэкера на падставе звестак пра наведванне Ружанаў у 1784 г. каралём Станіславам Аўгустам, а таксама тэксту з даравальнага аркушу 1788 г. пры аўтарскіх чарцяжах архітэктара. Зацвердзілася перакананне, што захаваныя праекты Бэкера выкананыя ў межах менавіта гэтага перыяду - 1784-1788 гг.

Адзначаныя вышэй меркаванні пра творчасць Я.С. Бэкера маргінальныя, звязаныя з разглядам мастацтва класіцызму i яго галоўных прадстаўнікоў.

Матэрыялы, якія значна дапаўняюць звесткі пра жыццё i дзейнасць Бэкера, сабраныя аўтарам гэтага артыкулу паводле літаратурных i архіўных крыніцаў у Беларусі, Польшчы i Літве. Частка матэрыялаў апублікаваная.

Па першым, саксонскім, перыядзе жыцця Я.С. Бэкера дакументальных сведчанняў няма. Характарыстыка перыяду складзеная паводле ўскосных звестак i аналогіяў. Можна сцвярджаць, што Бэкер нарадзіўся i вучыўся архітэктуры ў Саксоніі, прыехаў у Беларусь дарослым (каля 25-30 гадоў).

Прысутнасць саксонскіх архітэктараў у нашым краі звязана з каралеўскай уладай Рэчы Паспалітай, якая належала ў 1697-1763 гг. саксонскім курфюрстам Аўгусту II i Аўгусту III. Каралеўскія рэзідэнцыі ў Варшаве i Горадні будаваліся ў першай палове XVIII ст. на французскі густ дрэздэнскімі прыдворнымі архітэктарамі: бацькам М.Д. i сынам К.Ф. Пёпельманамі, Я.Д. Яўхам, Я.З. Дэйбелем i іншымі. Некаторыя з памянёных архітэктараў праектавалі таксама палацы i сядзібы для заможнай шляхты. Попыт на навамоднае будаўніцтва спрыяў наплыву ў Рэч Паспалітую дрэздэнскіх майстроў ад архітэктуры, паколькі сваіх адпаведна падрыхтаваных фахоўцаў яшчэ не было. Значны прыток саксонцаў адбыўся падчас Сямігадовай вайны (1756-1762), калі ўвесь дрэздэнскі двор пераехаў у Варшаву.

стар. 68-69: Капліца на могілках у Ружанах. Фасад. 49,8x65,2 см.; GR BUW: 776. У 1792 г. новазбудаваная капліца дадзена базылянскаму манастыру. Праект датуецца на канец 1780-х гг. (Друкуецца ўпершыню.).

Дарэчы, у сапежынскім зборы чарцяжоў разам з творамі Бэкера маецца праект палацу з 1750 г., падпісаны Я.З. Дэйбелем у Варшаве. Вядома, што ад 1731 г. амаль да самай смерці ў 1752 г. Дэйбель шмат праектаваў для канцлера літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі. Менавіта ў 1748-1750 гг. даўні палац Сапегаў у Ружанах перабудоўваецца (тады ён належаў Крыстыне з Сапегаў Масальскай). Дэталі тае познебарочнае перабудовы, якія відаць i зараз, вельмі блізкія да наменклатуры Дэйбеля.

Гэтым жа часам блізкія стасункі з К. Масальскай меў яе пляменнік Аляксандр Сапега (1730-1793), які потым атрымаў ад яе ў валоданне Ружаны. Пратэктарам Аляксандра быў ужо згаданы канцлер Я.Ф.Сапега. Зусім верагодна, што малады А.Сапега, у 1750 г. генерал-маёр i падскарбі надворны, a ў 1753 г. ваявода полацкі, мог нагледзець сабе ў прыватныя архітэктары аднаго з вучняў Дэйбеля, менавіта Бэкера.

Што датычыцца непасрэдна Я.С. Бэкера, то пра яго нацыянальнае паходжанне гавораць найперш напісы па-нямецку, зробленыя на некаторых ягоных чарцяжах. Асабліва вымоўныя заўвагі алоўкам на плане малога тэатра (N-23), напісаныя па-польску, але з нямецкім акцэнтам: «Color czerwonny do jest Mur nowe» i «Według dego Planta ma bic reformo wanna Proma». Падобны акцэнт характэрны для людей дарослых, каля 30 гадоў, якім ужо цяжка засвоіць адметнасці іншай мовы.

Па-другое, з актавых запісаў ружанскага касцёлу вядома, што Бэкер быў «некаталіком», напэўна, пратэстантам; Саксонія ж - пратэстанцкая краіна. З тых жа ружанскіх актаў маем імёны радакоў архітэктара (усе яны таксама запісаныя як «некаталікі»): Аўгуста Бэкера, капітана войскаў каралеўскай мосці з жонкай Фрыдэрыкай; Рахелі Фрыдэрыкі, Яанны i Яанны Фрыдэрыкі Бэкеровых. Магчыма, пад апошнімі двума імёнамі мелася на ўвазе адна i тая асоба, у розныя гады па-рознаму менаваная - Яанна Фрыдэрыка Бэкерова, жонка архітэктара. У касцельных запісах на хрэсьбінах яна заўсёды асістуе Я. Бэкеру. Што да Рахелі, то гэта магла быць дачка архітэктара. 3 пададзеных звестак відавочна моцная сувязь Я. Бэкера з родным народам, i карані ягонага паходжання напэўна знаходзяцца ў Саксоніі.

стар. 70-71: Малы тэатр у Дзярэчыне ці Зэльве. Папярочны разрэз. GR BUW: 789-790. План з даклеенай накладкай павелічэння глядацкай залі i сцэны. Праект датуецца пачаткам 60-х гг., накладка - пачаткам 70-х гг.

Меркаваная дата нараджэння Бэкера-пачатак 1730-х гг. Дзеля яе вызначэння прааналізаваныя звесткі пра архітэктараў, творчасць якіх блізкая да творчасці Бэкера. Найбольш стасуецца да яго біяграфія Шымана Багуміла Цуга (1733-1807), вядучага архітэктара эпохі класіцызму Рэчы Паспалітай: нарадзіўся ў Мэрзенбургу ў Саксоніі, ва ўзросце 14 гадоў вучыўся ў майстэрні знакамітага дрэздэнскага архітэктара Я.К. Кнофеля, у 1752 г. прыняты да Саксонскага Будаўнічага Дэпартаменту, у 1754 г. наведаў Італію, у 1756 г. з'явіўся ў Варшаве, дзе памёр i пахаваны на евангелісцкіх могілках. Асабістае жыццё Цуга амаль невядомае, але адзначаецца ягоная прыязнь з Э. Шрэгерам, Я.Х. Камзэтцэрам, таксама варшаўскімі архітэктарамі саксонскага паходжання. Напэўна, да яго сяброў трэба далучыць i Бэкера, як «найбольш блізкага да яго стылістычна». Магчыма нават навучанне абодвух, Цуга i Бэкера, у аднаго майстра - Кнофеля.

Першым сведчаннем пра сапежынскі перыяд лічыцца запіс у ружанскіх рахункавых кнігах за 1773 год: «16 apr. za lat 2 zaległych W Panu Architektorowi 360 zł.». Адкінуўшы два гады, атрымаем дату 1771 г. Прозвішча архітэктара не пададзена; што ім быў Я.С. Бэкер, мяркуецца на падставе датаванага праекту шпіталю з касцёлам баніфратараў у Высокім-Літоўскім з 1773 г.

Магчымае i ранейшае датаванне першых працаў Бэкера на падставе праекту царквы базылянаў у Ружанах. Вядома, што царкву заклалі ў 1762 г., потым будаўніцтва на дзесяць гадоў перапынілася. Архітэктура існуючага будынку ў асноўным адпавядае захаванаму праекту Я.С.Бэкера. На чарцяжах царквы няма праектных дадаткаў, як, напрыклад, на чарцяжах ружанскага касцёлу, збудаванага яшчэ ў 1617 г. Гэта сведчыць пра пачатковае праектаванне царквы Бэкерам, i яго можна датаваць 1762 г.

Дату з'яўлення маладога саксонца на Беларусі можна пасунуць яшчэ далей. Як ужо адзначалася, будучы патрон архітэктара Аляксандр Сапега ўжо на пачатку 1750-х гг. набывае палітычную вагу сярод магнатэрыі Рэчы Паспалітай. У 1757 г. князь пашлюбаваўся зМагдаленаю Агнешкаю з Любамірскіх, вельмі актыўнай у палітычных i культурніцкіх справах. Дзякуючы яе намаганням, у 1762 г. Аляксандр Сапега становіцца гетманам польным літоўскім, a ў 1775 - канцлерам літоўскім.

Княгіня Магдалена была заўзятай тэатралкай. 21 снежня 1764 г. занатавана прысутнасць яе з дачкой на прадстаўленні трагедыі Карнэлі на адной з варшаўскіх сцэнаў. Ca студзеньскіх рахункаў 1765 г. Дзярэчынскага i Зэльвенскага графства, што належала А.Сапегу, вядомы выдаткі на тэатр з 60 артыстамі. Пра раннія тэатральныя захапленні княжацкай пары сведчыць рэестр бібліятэкі Сапегаў, складзены ў 1761 г., дзе меліся творы драматургаў Італіі, Францыі, Іспаніі, польскія выданні Багамольца i Уршулі Радзівілавай.

Вонкавае афармленне амбітных мэтаў Сапегаў магло ісці толькі праз не менш амбітную архітэктуру. Патрэбны для гэтага модны архітэктар мог з'явіцца ў ix на мяжы 5060-х гг. Да гэтага перыяду трэба аднесці праект малога тэатру ў Дзярэчыне ці Зэльве. Праз некалькі гадоў да яго дат дадзена накладка, калі спатрэбілася пашырыць сцэну. Напісы на накладцы гавораць, што гэта была не карэктура праекту, а пераробка існуючага будынку. I асноўны праект, i накладка выкананыя адным аўтарам - Я.С. Бэкерам.

Такім чынам, з'яўленне Бэкера на Беларусі вызначаецца канцом 50-х - пачаткам 60-х гг. XVIII ст.

Архітэктурныя чарцяжы Я.С. Бэкера недатаваныя. Але ўскосныя звесткі дазваляюць скласці пэўную храналогію яго творчасці: 1762, 1772-1778 г. - царква базылянаў у Ружанах; да 1765 г.- малы тэатр у Дзярэчыне ці Зэльве; 1768 г.- фундацыя капліцы Езуса ў ружанскім касцёле (аўтарства Бэкера няпэўнае). 1768 г.- звесткі пра закладанне «Акадэміі» ў Дзярэчыне, будаўніцтва ад 1773 г.; 1772- 1775 гг. - галоўны корпус ружанскага палацу; 1772-1777 гг. - уезная брама ружанскага палацу з бакавымі карпусамі; 1773 г. - кляштар баніфратараў у ВысокімЛітоўскім; 1773-1775 гг.- працы ў ружанскім парку; 1776-1777 гг. - галерэя (аркады), палацавая афіцына (тэатр?) у Ружанах; 1778 г.- карчма ў Ружанах; 1779 г. - пераробка дэкору ў ружанскім касцёле; 1786 г. - пераробка дзярэчынскай «Акадэміі» на палац; 1787 г. - узвядзенне капліцы св. Барбары ў ружанскім касцёле; 1790 г. - капліца св. Казіміра на ружанскіх могілках; 1790 г.- пачатак будаўніцтва шпіталю ў Ружанах (у 1795 г. не скончаны); 1793 г. - пераробка дзярэчынскага палацу для Францішка Сапегі з жонкай.

Фасад кляштару бызылянаў у Ружанах. 49,5x65,5 см. GR BUW: 774. Дакладная дата ўзвядзення невядомая, магчыма, пасля пабудовы царквы ў 1779 г. Будынак захаваўся, размешчаны побач з царквой. (Друкуецца ўпершыню.).

Пасля смерці жонкі ў 1780 г. Аляксандр Сапега пераважна жыве ў Варшаве. Звестак пра будаўніцтва ружанскага палацу ў далейшым няма - ён так i застаўся незавершаным. У сваім тастаменце князь даручае сыну як мага хутчэй перарабіць тэатры ў Дзярэчыне i Зэльве пад капліцу i касцёл.

Аналізуючы складзеную намі храналогію, творчасць Я.С.Бэкера пры Сапегах можна падзяліць на два перыяды. Першы, умоўна названы тэатральна-палацавым, доўжыўся ад пачатку 1760-х па 1780 г. i вызначаўся познебарочнай стылістыкай. Другі перыяд прыпадае на 1780-1793 гг. Тут пераважае касцельна-кляштарнае будаўніцтва ў стылі класіцызму.

1793 год у сям'і Сапегаў адзначаны смерцю Аляксандра - яго змяніў сын Францішак. Цяпер ужо дакладна вядома, што з 1794 г. прыдворным архітэктарам пры княжацкім двары становіцца Міхал Кадо (1765-1824). Творчасць Бэкера для Сапегаў скончылася.

Пра асабістае жыццё Бэкера амаль нічога невядома, акрамя таго, што паводле запісаў ружанскага касцёлу за 1782-1808 гг. ён быў у Ружанах у 1783, 1785, 1787 гг.; згодна інвентару 1793 г. у тым жа мястэчку за ім лічыўся драўляны аднапавярховы дамок над Каналам: «Дом архітэктарамі Бэкерамі заняты, увайшоўшы ў сені - па правым баку пакой, да якога дзверы з унутраным замком, печ з зялёнай кафляй, далей алькеж, да якога дзверы з унутраным замком; па правым жа баку падобны пакой з алькежам, дзверы з унутранымі замкамі, у сенцах малая кухня».

Першую звестку пра пенсію для Бэкера падае Е.Лапацінскі з Архіву даўніх актаў у Вільні. У 1798 г. архітэктару выдадзена 2160 злотых пажыццёвай пенсіі.

стар. 76-77; Парафіяльны касцёл св. Тройцы ў Ружанах. На партале дата: стар. «1617». 65,3x49,4; GR BUW: 770. Праект датуецца сярэдзінай 1770-х гг.

Бэкер заставаўся ў Беларусі, відаць, да самае смерці. Дакументы сведчаць пра атрыманне ім пенсіі ад Сапегаў аж да 1810 г. улучна. Згодна з «Рэестрам аплаты» з ружанскае касы за 1799-1813 гг., Бэкеру выдадзена: 1802 г.- 2400 зл., 1805 г.- 2320 зл. (120 руб.), 1806 i 1807 гг.- па 2400 зл. (120 руб.), 1808 - 2632 зл. (120 руб.), 1809 г. да 1 ліпеня 1809 г.- 2600 зл. (120 руб.). Гэтая сума заплочана 7 сакавіка 1810 г. у Мінску. У 1810 г., калі плацілі да ліпеня 1811 г., Бэкеру аддалі 2520 зл. (120 руб.), прызначаныя да 1 ліпеня 1810 г. Больш выплатаў архітэктару няма, хоць іншым яны ёсць. Напрыклад, былому капельмайстру Фінучы за 4 месяцы 1812 г. выплачана 1360 зл. Такім чынам, апошняя дата жыцця Я.С.Бэкера прыпадае на 1810 год. Магчыма, што памёр ён i пахаваны ў Менску.

2. Гісторыя збору чарцяжоў

Збор чарцяжоў складаўся на працягу XVII-XVIII ст. i захоўваўся сярод папераў i дакументаў роду Сапегаў, Працяглае месца знаходжання яго да пачатку XIX ст. - рэзідэнцыя князёў у Ружанах. Тагачасны вопіс асобных чарцяжоў невядомы. У інвентары ружанскага палацу за 1793 г. сярод мноства прадметаў мастацтва i культуры (карціны, скульптуры, гравюры, кнігі, калекцыі старажытных манет, даўнія зброя i посуд, навуковыя i музычныя інструменты i г.д. на 16 аркушах) чарцяжы маглі ўвайсці ў агульнае пералічэнне «коперштыхаў [гравюр] меншых i большых у рамках без шкла - 89, ...малых за шклом - 46, .. .ландшафтаў дужых у чорных залачоных рамах - 4,.. .перспектываў чатыры» альбо ў пералічэнне кніг.

Характар прадметаў у інвентары i вызначэнне ix колькасці нагадваюць інфармацыйную даведку пра які-небудзь значны музей еўрапейскага маштабу. Але гэта яшчэ не ўсё. Перадапошні з ружанскіх Сапегаў Францішак (1772- 1829) ведамы як заўзяты калекцыянер. Амаль усе даходы з агромністых уладанняў, якія раней збываліся на будаўніцтва i тэатры, пры ім ішлі на набыццё мастацкіх рарытэтаў. Астатнюю палову жыцця Ф.Сапега правёў за мяжой, галоўным чынам у Італіі. Адтуль багаты збор у Ружанах i Дзярэчыне папаўняўся творамі сучаснымі i часоў антычнасці.

Праект студні. 39,2x63,7 см. Папера з вадзяным знакам «С

Паводле некаторых звестак на мяжы XVIII-XIX стст. усе рухомасці перавезеныя з Ружанаў да палацу ў Дзярэчыне.

Апошні ўладар Ружанаў i Дзярэчына Яўстахі Сапега (1797-1860) удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1830-1831 гг. Пасля паразы паўстання Сапега эміграваў спачатку ў Прусію, потым у Францыю. Ягоныя ўладанні на тэрыторыі Беларусі, якая ўваходзіла тады ў склад Расейскай імперыі, былі канфіскаваныя ў скарбніцу. Прапанову цара Мікалая 1 аб вяртанні маёмасці замест складання вернападданіцкай прысягі Я.Сапега не прыняў.

Падчас канфіскацыі дзярэчынскія даглядчыкі спрабавалі ўратаваць палацавыя каштоўнасці: частку ix тэрмінова перавезлі ў Юндзілавічы пад Ружанамі. Але пасля строгага допыту, праведзенага афіцыйнымі прадстаўнікамі, схаванае было вернутае да агульнага абозу.

Канфіскаваную маёмасць перапісалі ў рэестры, асобнымі спісамі пералічаліся творы мастацтва. У рэестры канфіскацыі сустракаюцца этрускія вазы, рымскія манеты i скульптура. Спіс карцінаў складаўся з 22 аркушаў, сярэбраных вырабаў - з 18 i г.д. Пералік адных толькі спісаў маёмасці займаў 3 аркушы дробным почыркам на абодва бакі.

Бальшыня твораў мастацтва з Ружанаў i Дзярэчына разам з іншымі зборамі i каштоўнасцямі (у тым ліку г.зв. каралеўскім зборам графікі з калекцыі Станіслава Аўгуста, дзе таксама маюцца беларускія рэаліі) пасля канфіскацыі была адвезеная да імператарскай рэзідэнцыі - палацу ў Беластоку. Калі апошні пачалі перарабляць пад сельскагаспадарчы інстытут, усе гэтыя скарбы разам з мастацкімі рухомасцямі Беластоку перавезлі да Пецярбургу i Царскага Сяла. Тут адбылося размеркаванне каштоўнасцяў, кантраляванае самім царом, па імператарскіх палацах i ўстановах. Архітэктурныя чарцяжы i малюнкі апынуліся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, дзе яны знаходзіліся да 1923 г.

Больш за дзесяць гадоў канфіскаваны графічны збор праляжаў у шафах Акадэміі. Тагачасны хавальнік акадэмічных эстампаў прафесар Варнек здолеў скласці толькі танюсенькі сшытак на 24 старонкі. Набытак у ім фіксаваўся сотнямі аркушаў без папярэдняй інвентарызацыі.

Фасад шпіталю з касцёлам баніфратараў у Высокім-Літоўскім. 56,4x128,5 см. Першую рэзідэнцыю ад 1753 г. А. Сапега меў у Высокім, куды пазней (каля 1773 г.) запрасіў баніфратараў, закладаючы шпіталь i кляштар, a ў 1785 г. касцёл св. Яна Непамуцэна. Лёс будынкаў невядомы. Праект датуецца каля 1785 г.; Фасад i планы дому ветэранаў у Вільні. 47x67,5 см. Мяркуючы па архітэктуры i тэхніцы выканання, праект датуецца 50-60 гг. XVIII ст.

У маі 1843 г. дзеля прывядзення збору да ладу ў Акадэмію мастацтваў быў запрошаны вядомы на той час рускі графік М.І.Уткін, які выконваў абавязкі хавальніка эстампаў у Эрмітажы. Праз год, пасля папярэдняга прагляду, Уткін дакладаў, што: "а) усе прадметы знаходзяцца ў захаванасці, б) неабходна зафіксаваць i закаталагізаваць эстампы, якія паступілі ў Акадэмію з розных месцаў i налічваюць 125 сшыткаў".

У 1843-1853 гг. уся канфіскаваная графіка (не толькі з сапежынскага збору) была ўнесеная ў каталог. Пра гэтую працу ёсць успамін Ул. Стасава, вядомага мастацкага крытыка, а тады вучня Уткіна: «Мы амаль усю калекцыю разабралі разам з Уткіным удваёх, паколькі папярэдні хавальнік праф. Варнек, дарэчы, зусім не гравёр i нават не знаўца гравюры, a толькі партрэтыст i мініяцюрыст, зусім пакінуў гэтую калекцыю некранутай, без вопісаў i парадку. Такім чынам, мы разабралі i прыгатавалі да апісання гэтую калекцыю, а самае апісанне выконваў на працягу дзесяці гадоў пры назіранні Уткіна адзін малады галандзец, з пецярбургскіх прыказчыкаў-бухгалтараў, вельмі акуратны, які валодаў цудоўным почыркам».

Каталог запісаны на французскай мове (з таго часу на некаторых чарцяжах-арыгіналах засталіся кароткія размашыстыя напісы алоўкам, відаць, Уткіна) у 27 сшытках, падзеленых на 5 тамоў. Да кожнага малюнку ці чарцяжу падаваліся кароткае апісанне з прозвішчам аўтара (часта памылковым), назва (таксама не заўсёды адпаведная зместу) i вельмі рэдка, часам недакладна, тэхніка выканання. Замест памераў арыгіналу падаваўся фармат: 8°, 4° альбо fol. Зрэдку пазначалася дата на малюнку.

На падставе Рыжскага замірэння паміж Польшчай i Савецкай Расіяй, апошняя ў 1923 г. звярнула канфіскаваныя пасля паўстання 1831 г. калекцыі мастацкіх каштоўнасцяў, на якія меліся дакументальныя звесткі. У лік вернутых уключаныя зборы з Ружанаў i Дзярэчына, паколькі гэтыя мясціны апынуліся ў межах польскай дзяржавы. У тым жа 1923 г. графічныя матэрыялы па архітэктуры, будаўніцтве, планіроўцы, паркавай архітэктуры, аздабленні i абсталяванні інтэр'ераў, некаторых тэхнічных чарцяжоў перададзеныя Кабінету Гравюраў бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Першы надрукаваны перагляд вернутага набытку зрабіў польскі мастацтвазнаўца Зыгмунт Батоўскі. Ягоныя запісы каштоўныя тым, што зробленыя перад Другой сусветнай вайной, у часе якой калекцыя Кабінету Гравюраў моцна пацярпела. Пра сапежынскі збор (названы дзярэчынскім) Батоўскі адзначыў, што «ён невялічкі i выглядае знешне вельмі сціпла. Складаецца з 12 папак з гравюрамі, 8 etuis [футаралаў] з мапамі i планамі i з 27 ілюстраваных твораў. Усяго з дадаткам гравюраў у тых 27 творах налічваецца звыш 4000 нумароў. Лічба здаецца больш паважнай, чым прастора, якую збор займае, бо яго можна змясціць... у адной невялічкай шафцы.

Знаходзяцца тут гравюры мяшанага зместу, пераважна XVII, a асабліва XVIII ст. Гравюраў ХІХ ст. зусім мала, польскіх твораў нязначная частка...

У гэтым зборы (...) назіраецца перадусім плён захапленняў Аляксандра Сапегі, канцлера літоўскага часоў Станіслава Аўгуста. Пра дачыненні да мастацтва гэтага пана, а таксама ягонага бацькі i сына сведчаць рэшткі кнігазбору, сярод якіх побач з ілюстраванымі творамі i атласамі маюцца, напрыклад, пад назвай recueils factices [збор мастацтваў], арыгінальныя гравюры Белота Каналета (20), значны камплект штыхоў па Вато (з яго выдання «Oeuvres» 1750 г.)

Дадатковае ўяўленне пра збор дае адна папка, у якой знаходзяцца толькі чарцяжы пабудоваў у некаторых сапежынскіх уладаннях: Ружанах, Дзярэчыне, Друі, Горадні, Высокім-Літоўскім i г.д., а таксама ў Варшаве. Сярод аўтараў тых чарцяжоў ёсць архітэктары дрэздэнскія i мясцовыя.

Заезная карчма ў Дзярэчыне i Ружанах. Вадзяны знак паперы «J. Kool». GR BUW: 796. Надпіс па-француэску: «Фасад карчмы «Пад залатой зоркай», што выходзіць на рынак, размешчаная ў Дзярэчыне па левым баку». Пра карчму ў Дзярэчыне звестак няма. Падобны будынак захаваўся ў Ружанах на старой плошчы побач з касцёлам. Праект датуецца на канец 70-х гг. XVIII ст.

Каштоўнымі з'яўляюцца два чарцяжы фасаду палацу i разрэзы 1750 г., падпісаныя «J. S. Deybel a Varsovie» i збор чарцяжоў класіцыстычнага архітэктара, дрэздэнскай напэўна школы... 3 іншых чарцяжоў, што знаходзяцца ў папцы, (...) цікавым ёсць, у сувязі з сённяшнім выглядам, варшаўскі палац Сапегаў - вайсковы шпітальны гмах на вул. Закрачынскай». У гэтай папцы з Дзярэчына было 135 чарцяжоў амаль выключна архітэктурных.

На другі дзень пасля заняцця Варшавы ў верасні 1939 г. нямецкімі войскамі бібліятэка ўніверсітэту была абстаўленая вайсковай паліцыяй. Дазвол уваходу ў яе быў выдадзены толькі некаторым супрацоўнікам. Праз месяц з Кракава прыбыла нямецкая камісія з мэтай рабунку ўніверсітэцкіх музейных i бібліятэчных каштоўнасцяў. Праводзілася гэтая акцыя пад назвай «забеспячэння». З Кабінету Гравюраў творы вывозілі па некалькі разоў: спачатку старадрукі i гравюры выбраных нямецкіх аўтараў, а потым i іншых, ужо цэлымі папкамі i скрынямі.

У 1940 г. нямецкія акупацыйныя ўлады загадалі перанесці пазасталыя пасля селекцыі творы i кнігі з універсітэту да Бібліятэкі Красінскіх, куды ўжо былі звезеныя графічныя зборы з іншых значных бібліятэк i музеяў Варшавы, У часе перавозкі супрацоўнікам удалося частку збору пакінуць у патаемных месцах ва ўніверсітэце. Пасля задушэння Варшаўскага паўстання ў кастрычніку 1944 г. пачалося руйнаванне гораду немцамі. Бібліятэка Красінскіх была падпаленая, у ёй згарэлі сабраныя там творы разам з каталогамі ды карткамі.

Згодна з умовамі капітуляцыі Варшаўскага паўстання ад нямецкіх уладаў удалося атрымаць дазвол на вываз з наканаванага на зруйнаванне гораду выбраных каштоўнасцяў польскай культуры. У спешцы на ад'язджаючыя ў розных накірунках машыны грузілі скрыні без разбору, i дагэтуль невядома, што i куды вывезена. Ужо пасля вайны, пры здзяйсненні акцыі вяртання, у аўстрыйскім горадзе Фішгорн знайшлася частка ўніверсітэцкага збору, у тым ліку частка копіі каталогу М. Уткіна. Гэта была каштоўная знаходка, бо тыя некалькі спісаў з каталогу, якія рабілі супрацоўнікі ўніверсітэту патаемна ў часе акупацыі, загінулі ў ваеннай завірусе разам з астатнім томам асноўнага каталогу,

Пасля вайны ўдалося вярнуць некаторыя з твораў, забраныя немцамі перад паўстаннем. Асобныя часткі ix знаходзіліся ў Кракаве, Сілезіі; яшчэ некалькі твораў у 1958 г. былі дастаўленыя з Савецкага Саюзу, дзе яны апынуліся сярод мастацкіх каштоўнасцяў, уратаваных чырвонай арміяй у заходніх землях Польшчы.

Але большая частка ўніверсітэцкага збору, які маецца ў ім сёння, захавалася менавіта з тых патаемных месцаў, укрытых ад нямецкага грабяжу. Агульныя страты даваеннага збору склалі каля 60% (больш за 60 тысячаў гравюраў).

Падставай для складання інвентарнага спісу ўратаваных твораў i стратаў ваеннага часу з Кабінету Гравюраў бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту быў каталог Уткіна. У 1958 г. пры садзейнічанні дырэкцыі Эрмітажа з Ленінграду ў Варшаву дасланы мікрафільм астатняй часткі згаданага каталогу. У 1954-1956 гг. прыгатавана першая скарочаная версія каталогу чарцяжоў i малюнкаў, што тычацца архітэктуры, дэкарацыі, інжынернага i прамысловага будаўніцтва XVIII i XIX стст. Яна была падзеленая на тры часткі, але ў тую пару не надалася магчымасць публікацыі.

У 1960 г. удалося выдаць працу па стратах, панесеных Кабінетам Гравюраў у 1939-1945 гг. Пры складанні спісу стратаў, калі не мелася іншых пэўных звестак з даваенных публікацыяў, захоўваліся тэксты i атрыбуцыя Уткіна, якія дапаўняліся нататкамі З. Батоўскага альбо напісамі на ўратаваных фотакопіях.

Абагульнены характар пераліку архітэктуры чарцяжоў і малюнкаў з папкі№7 сапежынскага збору, зроблены ў каталозе Уткіна, не дазваляе дакладна апісаць згубленыя экземпляры. Папка № 7 пазначаная: «Portefeuille cont. 282 pieces et feuilles separees represent. Architecture en dessins et grav [У папцы маюцца 282 творы i лісты, якія прадстаўляюць архітэктуру ў малюнках i графіцы]». Агулам з папкі загінулі 68 аркушаў: 23 чарцяжы з планамі, разрэзамі i фасадамі архітэктурных помнікаў Рыму, а таксама 45 чарцяжоў нявызначаных мясцовасцяў, сярод ix праекты палацаў, кляштару, капліцаў, дамоў, іншых неакрэсленых пабудоваў, план могілак з 1814 г., узоры арнаментаў, праект машыны i 9 чарцяжоў гарматаў i мартыры 1485 г.

Толькі праз 10 гадоў справу з выданнем поўнага каталогу ўдалося зрушыць. Пасля дадатковай апрацоўкі ў 1967 г. надрукавана першая частка каталогу, прысвечаная Варшаве i ваколіцам, у 1969 г.- другая частка іншых мясцовасцяў, у 1972 г. - трэцяя, названая «Varia», куды ўключаныя чарцяжы i малюнкі невядомай або нявызначанай мясцовасці, а таксама дапаўненні да першых дзвюх частак.

Праца над каталогам працягваецца. Вялікую дапамогу ў атрыбуцыі аказваюць публікацыі даследнікаў. Супрацоўнікі Кабінету Гравюраў занатоўваюць не толькі гэтыя публікацыі, але i асабістыя заўвагі далесднікаў нават гіпатэтычнага характару.

Палацавы комплекс у Ружанах

Галоўны, з захаванага творчага набытку Я.С. Бэкера, - палацавы комплекс у Ружанах. Гэта адзін з самых цікавых i значных архітэктурных помнікаў на Беларусі. Нават у моцна разбураным стане пабудова апаноўвае гледача велічнасцю кампазіцыі, багаццем i прыгажосцю далікатна выкананых дэталяў.

Але не толькі ў велічнасці i далікатнасці прыцягальнасць помніка. Ён будаваўся не адным разам. Кожнае ягонае новае аблічча вызначалася высокім архітэктурна-мастацкім стылем. Пільнае, трошкі падрыхтаванае вока зможа i сёння адзначыць сляды былых абліччаў. Для такога наведніка тут, у Ружанах, кожны раз дзівосная метамарфоза - трагедыя разбурэння ператвараецца ў каскад раскрыццяў былое раскошы. Чарцяжы Я.С. Бэкера дапамагаюць больш поўна раскрыць таямніцы помніка.

1. Папярэднія падзеі

Пры набыцці ў 1598 г. ружанскіх уладанняў канцлерам літоўскім Львом Сапегам ніякага палацу ці замку ў мястэчку не было. У дакументах за 1605 г. сустракаюцца звесткі пра будаўнічыя працы пры «Малым», «Сярэднім», «Вялікім», «Гасцінным» дамах (так называліся першыя пабудовы новай сядзібы Сапегаў) i каналах у садзе. У 1607 г. у Ружанах нарадзіўся сын канцлера Крыштаф. Праз чатыры гады сам Лeў Сапега прымае тут маскоўскіх паслоў (адзначаныя выдаткі на напоі, посуд, свечкі). Першую пабудову палацу можна датаваць 1598-1605 гг.

Фасад палацавага комплексу з боку ўяздной брамы; Разрэз галоўнага корпусу і фасад тэатру з манежам; План палацавага комплексу ў Ружанах, скпадзены з чарцяжоў Я.С.Бэкера. 1 - галоўны корпус; 2 - афіцына тэатру з манежам; 3 - галерэя i бібліятэка; 4 - вартоўня; 5 - канцылярыя; 6 - стайня; 7 - кухня; а - муры галоўнага корпусу з XVI ст.; b - будынкі i перабудовы, выкананыя паводле праектаў Я.С. Бэкера; с  - нерэалізаваныя пабудовы Я.С. Бэкера.

У сапежынскім зборы чарцяжоў захаваліся планы першага i другога паверхаў ружанскага палацу з XVII ст. Абрысы першапачатковых сценаў амаль цалкам супадаюць з планам палацу ў Ксёнжы Велькім (Малапольшча), запраектаванага вядомым скульптарам i архітэктарам паходжаннем з Фларэнцыі Санці Гучы (1538-1600). Таксама падобна вырашэнне планіроўкі вакол ружанскага i ксёнжаўскага палацаў: шырокі двор перад галоўным фасадам i тэраснае паніжэнне рэльефу на процілеглым баку. Вынікае дапушчэнне аўтарства Санці Гучы на палац у Ружанах, тым больш што будаваліся абодва аб'екты адзін за адным (1585-1595 i 1598-1605). Ёсць яшчэ шэраг падабенстваў паміж абодвума палацамі: шматпавярховыя сутарэнні, дэкор сграфіту на фасадах, анфіладнае ў два рады размяшчэнне памяшканняў з абодвух бакоў вялікае залы. Апошняе ёсць асаблівасцю творчасці С.Гучы i не сустракаецца ў іншых майстроў, якія працавалі на той час у Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, вядома, што Санці Гучы ўдзельнічаў у рэканструкцыі каралеўскага палацу ў Горадні.

Паўночны фасад галоўнага корпусу, праект Я.С. Бэкера, 1760-1770 гг. 61,3x105 см. GR В U W:785.; Паўночны фасад палацу, здымак да 1914 г. З архіву Інстытуту Мастацтваў Польскай Акадэміі навук, Варшава.

Наступная перабудова ружанскай рэзідэнцыі Сапегаў звязваецца з іншым знакамітым архітэктарам Рэчы Паспалітай італьянскага паходжання - Джанбатыста Джыслені (1600-1672). Яму дапісваецца праектаванне ў 1648 г. кляштару картузіянцаў у Бярозе на замову падканцлера літоўскага Казімера Льва Сапегі (1609-1656), уладара Ружанаў. У ружанскіх гаспадарчых запісах за 1648-1649 г. ёсць выдаткі на падлогу, новыя шафы ў бібліятэцы, заканчэнне структуры ў пакоях Ягамосці, а таксама на выкананне партрэтаў i карцін «Даніэлю мастаку», напэўна, знакамітаму Д.Шульцу (1615-1683). З апісання палацу 1728 г., тады ўжо пашкоджанага, бачна, што гэта была выдатная пабудова з мармуровымі абкладзінамі падлогі, парталаў i вокнаў, стукавай ляпнінай, роспісамі з выявамі каралёў i розных гарадоў. Казімер Леў Сапега быў надзорцам каралеўскіх мастакоў у Вільні, i выкарыстанне выдатных майстроў на ўласныя патрэбы не ўяўлялася яму цяжкім. Магчымае аўтарства Дж.Джыслені ў перабудове ружанскага палацу ў сярэдзіне ХVІІст. пацвярджаецца выкананнем ім надмагільнага помніку для жонкі Сапегі Тэадоры Крысціны ў віленскім касцёле св.Міхала ў 1652-1653 г.

Чарговая значная перабудова ружанскага палацу, вядомая з фрагментаў у натуры, адносіцца да перыяду ракако. 3 таго часу ў сапежынскім зборы чарцяжоў маецца план перабудовы. Пераробка тычылася спрашчэння аб'ёму i накладання новага стукавага дэкору. З ружанскіх гаспадарчых рахункаў вядома пра будаўнічыя працы пры палацы ў 1748-1750 гг., уладарамі якога ад 1746 г. былі князь Казімер Масальскі з жонкай Крысцінай родам з Сапегаў.

Сярод чарцяжоў сапежынскага збору маецца праект палацу з 1750 г., падпісаны ў Варшаве каралеўскім архітэктарам Я.З.Дэйбелем. Вядома, што ад 1731 г. Дэйбель нешта праектаваў для канцлера літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі (1680-1751). Дэталі познебарочнай перабудовы палацу ў Ружанах, якія відаць i зараз, вельмі блізкія да наменклатуры саксонскага архітэктара.

3 пералічаных вышэй архітэктурных пераўтварэнняў ружанскага палацу перш-наперш вылучаецца трываласць той кампазіцыі пабудовы, якую стварыў Санці Гучы. Архітэктары, якія працавалі тут пасля, толькі ўзбагачалі гэтую кампазіцыю.

2. Пераўтварэнні другой паловы XVIII ст.

Перабудова сапежынскай рэзідэнцыі ў Ружанах, распачатая з ініцыятывы ваяводы полацкага, затым канцлера літоўскага Аляксандра Сапегі (1730-1793), пераўзыходзіла размахам усе папярэднія праекты.

Прысутнасць Аляксандра Сапегі i ягонай жонкі Магдалены ў Ружанах упершыню адзначаецца ў 1758 г. Тагачасная гаспадыня ружанскіх уладанняў Крысціна Масальская, пасля прызнання ў 1756 г. мужа неправаздольным i не маючы ўласных дзяцей, вырашыла прызначыць сваім спадчыннікам пляменніка Аляксандра. Ад 1773 г. Ружаны цалкам пераходзяць да А.Сапегі. Паміж гэтымі датамі i мусяць паўстаць цраекты новай перабудовы рэзідэнцыі.

Адзіным аўтарам праектаў быў Ян Самуэль Бэкер - на бальшыні захаваных чарцяжоў маецца толькі ягоны подпіс. Будаўнічыя працы доўжыліся шмат гадоў, некаторыя датаванні бачныя з сапежынскіх гаспадарчых кнігаў за 1772-1779 гг. A менавіта:

1772 г. - на палацы: падлога i столь, мармуровыя парталы, зашкленне вокнаў у капліцы; на абваху (вартоўня каля брамы) - печы;

1773 г. - на палацы праца муляраў, маляроў, страхароў, сталяроў i ганчароў; выплата архітэктару належнага за два гады;

1774 г. - на палацы вапнавыя працы ў пакоях; у садзе земляныя працы;

1775 г. - на палацы пазалота рамаў у капліцы, рознакаляровая афарбоўка пакояў, дастаўка тлушчу на свечкі i лямпы; працяг земляных працаў у садзе;

1776 г. - на палацы афарбоўка вокнаў i фасадаў галерэі (аркады), рамонт дахоўкі, дастаўка тлушчу на свечкі i лямпы; на тэатральнай афіцыне рамонт дахоўкі;

1777 г. - на палацы рамонт даху, дастаўка тлушчу на свечкі; на афіцыне палацавай (тэатры?) пакрыццё даху дахоўкай; «на будынку новым пры абваху» муроўка комінаў i афарбоўка вокнаў;

1778 г. - земляныя працы ў садзе, іншага будаўніцтва не адзначана;

1779 г. - капанне каналу ў садзе.

Відавочна, што ўжо ў 1772 г. у палацы вяліся нутраныя працы, муроўка фасадных сценаў з вокнамі была выкананая значна раней. Заканчэнне тэатру з манежам прыпадае на канец 60-х - пачатак 70-х гг., a паўднёвых карпусоў пры браме - на 1777 г. Такім чынам, пачатак праектавання комплексу можна ўпэўнена аднесці да канца 1760-х гадоў.

Працы на ансамблі былі спыненыя ў 1777 г., працягваліся яны толькі ў садзе.

Дастаўка тлушчу на свечкі азначае, што палац ад 1776 г. быў заселены гаспадарамі, праз два гады гэтага ўжо не рабілі, a ў студзені 1780 г. княгіня Магдалена памерла ў Варшаве. Пасля гэтага Аляксандр Сапега з'яўляўся ў Ружанах зрэдку. Памёр ён у 1793 г. у Варшаве.

Параўнанне праектнага фасаду галоўнага корпусу з натурай i фотаздымкамі, зробленымі да пажару 1914 г., сведчыць, што паўднёвы фасад быў выкананы дакладна згодна праекту, нават у дэталях.

Аркады паміж карпусамі ансамблю меліся быць крытымі, складзенымі з дзвюх сценаў - пярэдняй (з каланадай), звернутай у двор i тыльнай, глухой, з адным праёмам. У натуры былі выкананыя толькі каланады, але i яны засталіся незавершанымі. На левым крыле паркавы бок каланады дэкараваны пілястрамі дарычнага ордэру i атынкаваны, а на правым крыле, звязаным з манежам i тэатрам, выкананы толькі ніжнія часткі пілястраў у цэгле без наступнай тынкоўкі i прафілёўкі.

Параўнанне іншых чарцяжоў з натурай паказвае, што рэканструкцыя палацу, запраектаваная Бэкерам, не была завершаная. Усе фасады, размешчаныя на поўнач за аркадамі, засталіся нерэканструяванымі. Напрыклад, паўночны фасад галоўнага корпусу. Арыентацыя праекту гэтага фасаду вызначаецца загалоўным надпісам: «з боку гораду», гэта значыць ад поўначы.

Праекты паўднёвага i паўночнага фасадаў вельмі падобныя, але аднолькава выглядаюць толькі бакавыя часткі. Значныя разыходжанні маюцца ў дэталях цэнтральнага рызаліту.

На паўночным рызаліце вылучана цэнтральная частка, акцэнтаваная дзвюма парамі калонаў i складанай скульптурнай кампазіцыяй на франтоне. Франтон з бакоў акаймаваны адзінкавымі пілястрамі з раскрапоўкамі на вуглах.

На паўночным фасадзе франтон цалкам абапіраецца на чатыры пары калонаў, на полі франтону - выява картушу з манаграмай «AS» (Аляксандр Сапега). Апорная частка паўночнага рызаліту на вышыню першага паверху паказаная руставанай, на паўднёвым фасадзе рустоў няма. Ліштвы вокнаў другога паверху паўночнага рызаліту значна прасцейшыя, як на паўднёвым, іхны малюнак падобны да малюнку ліштваў вокнаў на бакавых частках палацу. Вокны трэцяга паверху паказаныя сляпымі i маюць іншыя суадносіны, як паўднёвыя,- яны выцягнуты гарызантальна. Франтон паўночнага рызаліту больш плыткі за паўднёвы.

Партал паўночнага рызаліту разам з франтонам меркавалася цалкам узнесці нанова. На фотаздымку паўночнага фасаду, выкананым да пажару 1914 г., франтон рызаліту зусім не падобны на праектны варыянт Я.С. Бэкера. Але бачныя дэталі, якія дазваляюць аднесці змены на кошт таго ж Бэкера: франтон завершаны выступам, які нагадвае пастамент пад скульптурную групу; гербавы картуш на полі франтону ўпрыгожаны на баках пальмавымі галінкамі. Не адпавядае праекту i выкананы ў натуры ўнутраны дэкор вокнаў музычнай, або вялікай, залы на другім паверсе. Прыналежнасць выкананага дэкору да стылю Бэкера не падлягае сумневу. Гэта сведчыць пра тое, што праект складзены задоўга перад пачаткам будаўнічых працаў, на працягу якіх адбываліся аўтарскія папраўкі. Не знойдзена ў натуры аніякіх слядоў пад'язных тэрасаў i ступеняў перад палацам.

Разрэз тэатру, праект Я.С. Бэкера, 1760-1770 гг. 41,2x61,7 см. GR BUW:784.; Уязная брама, 1920-я гг. Са збору Ю. Малішэўскага.

Пазначаныя несупадзенні пацвярджаюцца «Апісаннем неабходных будоўляў» ад 21 красавіка 1795 г. Там жа гаворыцца пра неабходнасць заканчэння «распачатай вялікай залы разбярскімі, сталярнымі i фарбавальнымі працамі».

Афіцына з тэатрам i манежам амаль цалкам збудаваная згодна з праектам Бэкера. Выключэнне складае каланада цэнтральнага порціку. У часе даследаванняў 1974 г. у натуры слядоў фундаменту калонаў не выяўлена. На плане пераробкі афіцыны пад «генеральны магазін», складзеным М. Кадо ў 1794 г., каланада порціка таксама адсутнічае.

Адсутнічаюць у натуры сляды фундаменту стайні i брамы пры ёй, але ёсць фундаменты агароджы ад тэатральнай афіцыны да афіцыны пры ўязной браме. На вядомых чарцяжах Бэкера гэтай агароджы няма, няма чарцяжоў бакавой брамы пасярод агароджы, якая захавалася дагэтуль i мае рысы, характэрныя для творчасці Бэкера. Наяўнасць гэтых элементаў комплексу выключав магчымасць будаўніцтва запраектаванай стайні, бо інакш яна кампазіцыйна адсякалася ад палацавага ансамблю. Напэўна, новы варыянт агароджы з'явіўся пасля 1780 г., калі запланаванае будаўніцтва пачало згортвацца. У інвентары 1793 г. адзначана, што «ўвесь двор абгароджаны штакетам, за оперхаўзам знаходзіцца лядоўня, пакрытая гонтам, далей кухня з прускага муру, рамонту патрабуе».

Разрэз тэатральнае залы ў асноўным адпавядае праектнаму плану тэатру. Розніца паміж імі - у размяшчэнні аркестравага долу. На плане тыльная сцяна долу (яна ж пярэдні край сцэны) паказана на лініі апошніх калонаў партэру, а на разрэзе - па лініі перадапошніх калонаў. З-за гэтага частка бакавых ложаў на разрэзе аказваецца па-над сцэнаю. Праверыць здзейснены варыянт немагчыма - падмуркі тэатральнай каланады i аркестравага долу перакапаныя яшчэ ў мінулым стагоддзі, у будынку ставілі ткацкія станкі.

У тым жа інвентары 1793 г. ёсць апісанне тэатру i манежу, якое супадае з праектным вырашэннем. Апісаныя таксама мэбля i абіўкі сценаў. Адзначана наяўнасць дэкарацыяў, «якіх тут знаходзіцца дваццаць сем штук i вялікая палатняная заслона, цудоўна размаляваная». На адной з верхніх ложаў «пры вокнах тры з бардовага сукна заслоны, старыя i папсутыя». Усё гэта гаворыць пра працяглую дзейнасць тутэйшага тэатру.

Што да афіцыны-галерэі i кухні, то да 1794 г. былі выкананыя толькі падмуркі, працягу будаўніцтва не было. Цяпер тут застаўся катлаван без камянёў, на адным са здымкаў 1930-х гг. каля катлавана яшчэ бачныя некалькі вялізных валуноў.

Праект фасаду ўязной брамы з прылеглымі афіцынамі выкананы ў двух варыянтах: на адзін i на два паверхі. Да аркушу прыклееныя дадаткі з другім паверхам афіцынаў, скульптурнай постаццю i паноплямі (трафеямі) на верее брамы. Менавіта гэты варыянт быў выкананы ў натуры. У інвентары 1793 г. адзначаныя «брама мураваная з цудоўнай гіпсатурай, на верее самой брамы пастамент з асобай».

Афіцыны, значна пераробленыя i пашкоджаныя, захоўваліся да 1990 г., разабраныя падчас незавершанай рэстаўрацыі. Брама, пазбаўленая скульптураў, часткова рамантавалася ў 1938 г., захавалася разам з гербавымі картушамі з дрэва (мораны дуб) на абодва бакі аркі.

Фасад уязной брамы з вартоўняй i канцылярыяй, праект Я.С. Бэкера, 1760-1770 гг. 38,7x118 см. GR BUW:786.; Афіцына перад палацавай брамай.

Параўнанні натуры з апісаннем 1793 г. паказалі, што паўднёвыя праёмы афіцынаў былі сляпыя з намаляванай па тынку сталяркай. Запаўненне арачнага праезду i фортак у самой браме кратамі не было выканана, пра што сведчыць запіс у інвентары 1793 г. Там жа пазначана, што афіцыны выкарыстоўваліся пад жыллё, а не пад канцылярыю i кардыгарду, як было запланавана. Гэта яшчэ раз сведчыць пра незавершанасць ансамблю i згортваине пачатковай праграмы.

У зборы чарцяжоў Я.С.Бэкера ёсць яшчэ фасады i планы аднапавярховых афіцынаў на 21 i 17 восяў, раней не атрыбутаваныя, Яны адпавядаюць апісанням афіцынаў з інвентару Ружанаў 1793 г.: «Ідучы ад палацу правым бокам, афіцына дужа мураваная... Насупраць той афіцыны злева другая падобная да той афіцына, маючая тры калідоры i восем станцыяў (пакояў), у кожнай станцыі па два акны...».

Будынкі не захаваліся. Магчыма, што будаваліся яны як жыллё для артыстаў.

Праект парку, выкананы Я.С. Бэкерам, заснаваны на тыповай планіроўцы звярынцаў пры магнацкіх рэзідэнцыях Рэчы Паспалітай ХVІ-ХVІІ стст. Такі звярынец існаваў у Ружанах, напэўна, яшчэ з часоў Льва Сапегі, які валодаў мястэчкам з 1598 г. На расійскіх мапах-трохвёрстках XIX ст. на ўсход ад мястэчка або на паўночны ўсход ад палацавага комплексу пазначаны парк у выглядзе звярынцу. Цяпер тэрыторыя часткова забудаваная, старыя жыхары Ружанаў называюць гэтае месца «звярынцам». Слядоў планіроўкі ці пабудоваў не захавалася.

Планіровачныя элементы палацу на чарцяжы парку не адпавядаюць рэаліям палацавага ансамблю. Відаць, на праекце паказаны нейкі іншы палац, хутчэй за ўсё летняя прыгарадная рэзідэнцыя. Яе апісанне ёсць у інвентары Ружанаў 1793 г. Там жа адзначаны «дзве невялічкія хаткі, што патрабуюць рамонту... зруйнаваны склепчык на напіткі i дзве адрынкі для даніэлькаў (аленяў)».

3. Далейшы лес комплексу

Пасля смерці А.Сапегі прыдворным архітэктарам пры ягоным сыне Францішку становіцца Міхал Кадо. Ён запраектаваў варыянт заканчэння паўночнага фасаду палацу i пераробку тэатральнай афіцыны на «генеральны магазін». 3 апісання «неабходных працаў» 1795 г. вядомая дата выканання чарцяжоў - 1794 г. Напэўна, праекты не былі здзейсненыя, бо ў 1796 г. архітэктар пакінуў княскі двор разам з бальшынёю прыдворных майстроў i творцаў.

На пачатку XIX ст. палацавыя пабудовы прыстасоўваюцца пад ткацкую вытворчасць, якая існавала тут да 1939 г. Пасля канфіскацыі ў царскую скарбонку маёмасці ўдзельніка паўстання 1931 г. Яўстафія Сапегі ўсе каштоўнасці з ружанскага палацу былі вывезеныя да Пецярбургу, палац заселены ўладарамі фабрыкаў. У 1914 г. на палацы адбыўся пажар, пасля чаго ён паступова разбураўся, цяпер ён знаходзіцца ў руінах.

Афіцына былога тэатру згарэла ў часе Вялікай Айчыннай вайны, часткова захаваліся вонкавыя сцены.

Афіцына пры браме яшчэ эксплуатавалася да 1962 г. пад цэх па вырабе кафлі, але з-за аварыйнасці канструкцыяў пакінута пустой. На пачатку 1990-х гг. з мэтай аднаўлення карпусы пры браме разабраныя i выкладзеныя новыя падмуркі. Сама брама падлягала частковай рэстаўрацыі ў 1938 г. i кансервацыі ў 1971 г.

Мінула чатырыста гадоў, як выдатныя майстры мінулых эпохаў пачалі збірацца на двары ружанскага палацу i крыху болей за дзвесце гадоў, як яны пакінулі гэты двор. На бліжэйшыя часы наўрад ці знойдзецца мецэнат, здольны аднавіць хоць бы крыху таго жыцця, якое тут калісьці панавала. Тыя крохкія намаганні, здзейсненыя на пачатку 1990-х гг. з адзінай мэтай выканання рэстаўрацыі дзеля рэстаўрацыі, нічога не далі, акрамя паскарэння разбуральных працэсаў.

На пачатку лета гэтага году Ружаны наведалі калегі-мастацтвазнаўцы Польскай Акадэміі навук на чале з прафесарам Е. Кавальчыкам. Даволі добра абазнаныя з палацавым комплексам па публікацыях i дакладах аўтара гэтых радкоў, яны былі моцна ўражаныя жывымі агледзінамі таго, што засталося ў руіне. З тых агледзінаў ёсць плен i для нас. Часам вельмі карысна паглядзець на сваю спадчыну чужымі вачыма.

Не чапайце руінаў! Пасля прыгожага жыцця дайце ім прыгожа памерці! Абы самі не памерлі i не ўнеслі з сабою памяць пра нашую мінуўшчыну.

Літаратура

БВУ, F. 4/А-1419. Regestr opłaty... Rożanskiey 1799-1813.

Принцева Г.А. Николай Иванович Уткин (1780-1863). «Иск-во», Л., 1983.

Batowski Z. Zbiór graficzny w Uniwersytecie Warszawskim. W-wa, 1928.

Katalog rysunków z Gabinetu Rycin BUW w Warszawie. Rysunki architektoniczne. Wwa, Cz. 1: Varsoviania, 1967; Cz. 2: Miejscowości różne, 1969; Cz. 3: Varia, 1972.

Kwiatkowski M. Szymon Bogumił Zug. W-wa, 1971.

Łopaciński E. Nieznane dane archiwalne... // Prace i Materiały Sprawozdawcze Sekcji Historii Sztuki TPN w Wilnie. T. 3. Wilno, 1938-1939.

Sawicka S., Sulerzyska T. Straty w rysunkach z Gabinetu Rycin 1939-1945. // Acta

Bibliothecae Universitatis Varsoviensis, III. W-wa, 1960.

GR BUW - Кабінет гравюраў Бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Гістарычны архіў Летувы ў Вільні [далей ГАЛ], F.11/2-128:64-65; Бібліятэка Віленскага ўніверсітэту [далей БВУ], F.4/R-4050:2-4.

БВУ, F.4/R-4017:6.

Захватович Я. Польская архитектура. - Варшава, 1967. - С. 157.

Дзярновіч A., Калнін В. Гісторыка-археалагічныя даследванні Бярозаўскага кляштара картузаў. // З глыбі вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. - Мн.,1992.

ГАЛ, F11/2-128:7,26,59,60.

Дзяржаўны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь, Мінск, ф. 1785/116:1-5.

Бібліятэка Акадэміі навук Летувы, FЛ 798,1.6.

Sapiehowie. Materiały historyczno-genealogiczne. - Petersburg. T.III, 1894. - S.172.

БВУ, F.4/R-2969:41-52; F.4/R-4050:2-13.

БВУ, F.4/A-1466:2-4.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX