Папярэдняя старонка: Мастацтва

Габрусь Тамара. Таямніцы старажытнага Нясвіжа 


Аўтар: Габрусь Тамара,
Дадана: 10-06-2014,
Крыніца: Габрусь Тамара. Таямніцы старажытнага Нясвіжа // Спадчына. 1995. №2. С. 27-39.



У эпоху Сярэднявечча дойлід выяўляў некалькі галінаў ведаў, якія ў Новы час падзяліліся на асобныя спецыяльнасці архітэктара, будаўніка, дызайнера, скульптара. У сваёй дзейнасці яны адштурхоўваліся ад матэматыкі, дакладней - практычнай геаметрыі, метадаў прапарцыянавання збудаванняў з ужываннем пэўнай геаметрычнай фігуры. Паводле параметраў пакладзенага ў аснову квадрата альбо прастакутніка вызначаліся астатнія памеры збудавання, і, такім чынам, у працэсе будаўніцтва складваўся адзіны модуль. Гэтая методыка была сакрэтам сярэднявечнага дойліда, i таму будаўнічы модуль i спосаб прапарцыянавання ў розных мясцовасцях былі розныя i адпавядалі пэўнаму колу аб'ектаў, узведзеных адным цэхам альбо арцеллю будаўнікоў. Так, у полацкай i горадзенскай школах дойлідства XI - XII стст. у якасці модуля пераважае рымскі фут, у адрозненне ад грэцкага фута, які быў асноўным модулем іншых старажытнарускіх рэгіянальных школаў. Рымскі фут пакладзены ў аснову архітэктонікі Сафійскага сабора i Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, Дабравешчанскай царквы ў Віцебску, царквы Міхаіла Архангела ў Смаленеку, Ніжняй царквы ў Горадні.

У перыяд абарончага дойлідства ў Вялікім Княстве Літоўскім прафесійныя будаўнічыя прыёмы, што прыйшлі з візантыйскай i раманскай архітэктуры, былі амаль што страчаныя. Планы бальшыні помнікаў беларускай готыкі становяць сабой недакладна размешчаныя чатырохкутнікі, як, прыкладам, замкі ў Крэве, Лідзе, Міры, цэрквы-крэнасці ў Сынковічах i Мураванцы.

У Заходняй Еўроне, як сведчыць альбом Вілара дэ Анекура, ужо ў XIII - XIV стст. гатычныя майстры ўжывалі для працы чарцяжы планаў, замалёўкі фасадаў i фрагментаў, але без маштабу. Яны былі практычна прыдатнымі для рэалізацыі. Вядома, што канструкцыі гатычных храмаў складваліся эмпірычна, а таму часта абвальваліся. I толькі з начаткам эпохі Адраджэння ўзнікае практыка панярэдняга архітэктурнага праектавання з дапамогай чарцяжоў, на якіх у пэўным маштабе былі прадстаўленыя планы, фасады, разрэзы збудавання з дакладным інжынерным разлікам канструкцый.

Планы збудаванняў Нясвіжа.

Сярод усходнеславянскіх дзяржаваў Беларусь, як i ў кнігадрукаванні, стала піянерам у сферы архітэктурнагь праектавання. Пра гэтае сведчаць архітэктурныя чарцяжы канца XVI ст., выяўленыя беларускім гісторыкам Г. Галенчанкам у рукапісных фондах былой бібліятэкі Кіеўскага Сафійскага сабора. У каталозе гэтай бібліятэкі выдадзеным у 1904 г., у раздзеле «Науки физико-математические и прочее» пазначана: «Книга, включающая в себяп ланы, фасады, детальные чертежи различных зданий конца XVI в.». Нашай задачай стала навуковая атрыбутацыя гэтых графічных матэрыялаў.

Планы збудаванняў Нясвіжа.

Чарцяжы зробленыя на паперы з вадзянымі знакамі, якая ўжывалася ў кнігадрукаванні i справаводстве ВКЛ у канцы XVI ст. Графічныя аркушы (агульнай колькасцю 71) размешчаныя вертыкальна i сшытыя ў альбом, які па фармаце нагадвае кнігу. Чарцяжы выкананыя пераважна на абодвух баках аркушаў кітайскай альбо звычайнай чорнай тушшу над лінейку, пластычныя дэкаратыўныя фрагменты i накіды - ад рукі, пяром. За рэдкім выняткам, для ix уласцівая агульная тэхніка выканання. Нягледзячы на тое, што ў паслядоўнасці размяшчэння графічных аркушаў у альбоме адсутнічае пэўная праграма, паводле зместу ix можна падзяліць на дзве асноўныя груцы.

Першую складаюць чарцяжы планаў, фасадаў, разразаў i фрагментаў канкрэтных збудаванняў, якія зробленыя ў артаганальнай праекцыі i пэўным маштабе. Метрычны модуль у ix літоўскі альбо польскі локаць. Бальшыня чарцяжоў мае графічную шкалу маштабу, у шэрагу выпадкаў памеры будынкаў дадзеныя пісьмова.

Адметнай рысай гэтай груцы ёсць тое, што амаль усе яны адносяцца да Нясвіжа альбо рэгіёну ягонага ўплыву. Менавіта ix генетычная сувязь з Нясвіжам - галоўнай рэзідэнцыяй буйнейшых магнатаў ВКЛ князёў Радзівілаў - служыць зыходным пунктам дзеля навуковай атрыбутацыі згаданых архіўных матэрыялаў. На шмат якія аркушы наклееныя экслібрысы з выяваю фамільнага герба Радзівілаў. Шэраг чарцяжоў дапоўнены тлумачальнымі надпісамі на мяшаным старапольска-старабеларускім дыялекце. Выкананыя яны лацінкай, у надпісах упамінаюцца тагачасны ўладальнік Нясвіжа Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, ягоны брат Юры Радзівіл - біскуп віленскі, іхны стрыечны брат ардынат клецкі Альбрыхт Радзівіл - маршалак Вялікага Княства Літоўскага. На чарцяжах прадстаўленыя план i фасад цэнтральнага корпуса палацава-замкавага комплексу Радзівілаў у ягоным першапачатным варыянце, планы заходняга палацавага корпуса, ратушы з гандлёвымі радамі, касцёла i калегіума езуітаў (усе гэтыя збудаванні адлюстраваны на гравюры Нясвіжа пачатку XVII ст. Т. Макоўскага), а таксама план загараднага дома Радзівілаў у прадмесці Альба.

Істотным этапам даследавання стаў падзел гэтай групы графічных матэрыялаў на праектныя i абмерныя чарцяжы. Для вызначэння аўтарства i датавання альбома асаблівае значэнне маюць чарцяжы, звязаныя з будаўніцтвам езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, які стаў пунктам адліку эпохі барока ў мастацкай культуры Рэчы Паспалітай.

На запрашэнне М. X. Радзівіла Сіроткі ў 1582 г. у Нясвіж прыехалі езуіты. На падставе фундуша ад 19 жніўня 1584 г. ім выдзелілі дзве пляцоўкі па баках вуліцы Воднай, на ўсходнім баку якой меркавалася ўзвесці калегіум з гаспадарчымі пабудовамі, садам i агародам. З заходняга боку, як пазначана ў дакуменце, у гэты час ужо будаваўся касцёл, што дазваляла доўгі час датаваць пачатак ягонага будаўніцтва прыблізна 1582 - 1584 гг. Аднак польскі даследнік Е. Пашэнда на падставе шматлікіх архіўных крыніцаў удакладніў, што на гэтым месцы ў той час будаваўся першы ў горадзе мураваны каталіцкі храм, які спачатку быў фарным i толькі назней перададзены езуітам. У ліставанні між сабою выказвалі незадавальненне абліччам i памерамі храма рэгіянальны кіраўнік ордэна езуітаў I. Кампана i сам заказчык (Сіротка), i ягоны брат біскуп Юры Радзівіл. У выніку ў 1586 г. «свежыя муры» касцёла былі разабраныя, нягледзячы на снрэчнасць i стратнасць гэтай справы. Адзначаныя падзеі пацвярджаюцца аркушам альбома, дзе прадстаўлены план культавага будынка з надпісам над ім, што гэта першы касцёл нясвіжскі, закладзены ў 1581 г. i разбураны з ініцыятывы Юрыя Радзівіла; Аналіз плана збудавання паказвае, што не толькі ягоныя памеры i недастатковая пышнасць былі прычынай знішчэння муроў. Становіцца зразумелым таксама i тэкст ліста I. Кампана ў Рым ад 26 чэрвеня 1586 г., у якім фундатар запатрабаваў «змураваць касцёл па нашым узоры». Справа ў тым, што першы касцёл у Нясвіжы меў план у выглядзе роўнаканцовага грэцкага крыжа. Як вядома, у залежнасці ад формы крыжа ў плане ці на ўзроўні карніза - роўнаканцовага (грэцкага) альбо выцягнутага (лацінскага) - прасочваюцца адпаведна візантыйскія альбо раманскія вытокі тэктонікі храма. Барацьба паміж гэтымі семантыка-сымбалічнымі аб'ёмна-прасторавымі кампазіцаямі (цэнтрычнаи i базілікальнай) на працягу амаль стагоддзя назіралася пры праектаванні i будаўніцтве галоўнага храма каталіцкага свету - сабора св. Пятра ў які паводле першапачатнага праекта меў у плане грэцкі крыж, але ў выніку, з начаткам контррэфармацыі, набыў форму лацінскага.

На наш погляд, менавіта ўсходні генезіс кампазіцыі першага нясвіжскага касцёла не задавальняў езуітаў, таму што не адпавядаў іхнай ідэалагічнай праграме. Яны прапанавалі новы праект храма - трохнефавую 6-слуповую крыжова-купальную базіліку з верхнім сячэннем у выглядзе лацінскага крыжа. Такім чынам, ідэалагічная завостранасць контррэфармацыйнай дзейнасці езуітаў спрыяла пранікненню ў мясцовае дойідства эстэтычнай канцэнцыі стылю барока, яго семантычнага дуалізму i сымболікі.

План дома Радзівілаў у прадмесці Альбаў, да 1604 г. Праектны план фарнага касцёла у Горадні, 1580-я гг.

У альбоме прадстаўленыя чарцяжы плана, падоўжнага разрэзу i франтальнай артаганальнай праекцыі купала існуючага цяпер касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Параўнанне гэтых чарцяжоў з больш познімі абмерамі i выявай касцёла на гравюры Т. Макоўскага сведчыць, што на ix прадстаўлены праект збудавання. На падставе шматлікіх архіўных i апублікаваных крыніцаў гісторыкі архітэктуры Беларусі i Польшчы трымаюцца агульнага меркавання, што аўтар гэтага славутага помніка нацыянальнага дойлідства - архітэктар-італьянец, манах ордэна езуітаў Джавані Марыя Бернардоні. Дойлід прыбыў у Нясвіж на запрашэнне Сіроткі ў ліпені ці жніўні 1586 г. Асвячэнне краякутнага каменя пры закладцы касцёла адбылося 14 верасня 1587 г. З гэтага вынікае, што распрацоўка праекта ажыццёўлена ў другой палове 1586 - пачатку 1587 гг., i менавіта гэтым часам можна датаваць адзначаныя чарцяжы.

Адзінства логікі архітэктурнага мыслення, ужытых канструкцый i дэкаратыўных прыёмаў, агульная тэхніка i майстэрства выканання шмат якіх аркушаў альбома дае падставы меркаваць, што бальшыня з ix належыць аднаму аўтару - Бернардоні. Гэтая гіпотэза ўпершыню выказаная намі ў 1989 г. у Варшаве на канферэнцыі, прысвечанай мастацкай культуры эпохі барока ў Вялікім Княстве Літоўскім. З таго часу намі апублікаваны шэраг артыкулаў, якія раскрываюць гісторыка-мастацкую каштоўнасць альбома чарцяжоў XVI ст. з Нясвіжа ў цэлым i асобных ягоных матэрыялаў.

На аркушы 24 альбома прадстаўлены план мураванага будьшка з надпісам, што гэта калегіум, збудаваны ў Нясвіжы «яснавяльможным панам Радзівілам, ваяводам трокскім». Гэта першы вядомы план ужо даўно неіснуючага нясвіжскага калегіума езуітаў i, відавочна, яго скарэктаваны праектны варыянт. Як лічыць Е. Пашэнда, праект калегіума быў складзены ў Нясвіжы i адасланы ў Рым на зацвярджэнне. Там былі зробленыя нязначныя заўвагі, а праект узгоднены для рэалізацыі. Але пасля гэтага, як вядома з тагачаснага ліставання, фундатар пажадаў павялічьщь унутраны двор i зрабіць яго 40х40 локцей замест 30х35, а таксама ў адпаведнасці з мясцовай традыцыяй збудаваць для школы асобны ад манастыра ўваход. На адзначаным плане ўсе гэтыя пажаданні ўжо ўлічаныя: унутраны двор мае форму квадрата, а школьныя класы ў паўднёвым крыле будынка выходзяць у ізаляваны дворык з асобным уваходам на галоўным заходнім фасадзе.

Будаўніцтва калегіума пачалося ў 1586 г. i закончылася, як паведамляе хроніка, у 1599 г. Таму ўсе гэтыя карэкціроўкі зробленыя, безумоўна, таксама Бернардоні, які ўвесь гэты час, на працягу 13 гадоў, працаваў у Нясвіжы, а пасля завяршэння працаў пераехаў у Кракаў для кіраўніцтва будаўніцтвам касцёла св. Пятра i Паўла, дзе i памёр у 1605 г.

На адваротным баку другога аркуша альбома прадстаўлены план мураванага культавага збудавання з надпісам «фундамент касцёла горадзенскага». Гэта так званая «Фара Вітаўта» - першы касцёл у Горадні, заснаваны яшчэ ў канцы XIV ст. Але ўжо ў канцы XVI ст. кароль Стэфан Баторы ў ліставанні з рэгіянальным кіраўніком ордэна езуітаў I. Кампана адзначаў, што горадзенскі фарны касцёл «самы вялікі i самы цудоўны ў Вялікім Княстве Літоўскім, але драўляны». Ен меў намер запрасіць езуітаў у Горадню дзеля развіцця адукацыі, пабудаваць школу, калегіум i мураваны касцёл, дзе жадаў быць пахаваны.

Гісторыя шматпакутнай фары Вітаўта, якая ў розных станах праіснавала ў Горадні каля шасці стагоддзяў, шмат разоў гарэла, перабудоўвалася і, у рэшце рэшт, была варварамі знішчаная ў 1961 г., прыцягвала i да сенняшняга дня прыцягвае ўвагу шматлікіх даследнікаў. Толькі ў апошні час Е. Пашэнда на падставе архіваў Ватыкана дакладна акрэсліў час узвядзення мураванага касцёла: 1584 - 1587 гг. Аналіз розных графічных матэрыялаў, прысвечаных гэтаму помніку, паказвае, што выяўлены намі план касцёла - праектны, што Дж. М. Бернардоні быў стваральнікам не толькі касцёла езуітаў у Нясвіжы, але i фарнага касцёла у Горадні.

Яшчэ адна каштоўная крыніца па гісторыі беларускага дойлідства - план фарнага касцёла ў Клецку, таксама ўжо не існуючага. Да нашага часу застаецца спрэчным час пабудовы храма. Бальшыня даследнікаў адносіць яго да сярэдзіны XVI ст. Аднак археолаг А. Кушнярэвіч, прааналізаваўшы вынікі раскопаў фундамента помніка, датуе яго XV ст. На нашу думку, дадзены чарцёж - карэкціровачны праект храма. Фрагменты ўваходнай вежы на ім пазначаныя больш шчыльнай штрыхоўкай. Магчыма, чарцёж выкананы падчас прыбудовы да касцёла магутнай шмат'яруснай вежы-званіцы. Звычайна гэта рабілася крыху пазней, пасля асадкі асноўнага будынка, з мэтай дакладнага размеркавання нагрузкі розных канструкцыйных частак.

На шмат якіх аркушах прадстаўленыя планы фасадаў i фрагменты свецкіх забудоваў Нясвіжа, што дае новую i надзвычай цікавую інфармацыю пра шырока вядомыя i этапныя для гісторыі беларускага дойлідства помнікі. Гэтыя чарцяжы можна кваліфікаваць як абмерныя. Яны дапоўненыя разгорнутымі тлумачальнымі надпісамі, з якіх можна даведацца пра месцазнаходжанне будынка, ягоныя намеры, колькасць паверхаў, фундатараў ды іншае. У двух выпадках аўтар чарцяжоў выступае ад уласнага «Я»: ён назначае, што будынак існуе драўляны, але «я нарысаваў як мураваны». Гэтыя заўвагі тычацца «семінарыума месца нясвіжскага» i «дома пана Радзівіла, ваяводы трокскага, што зроблены ў фальварку яго, які завецца Альба». З якой мэтай зробленыя гэтыя чарцяжы? Інвентарызацыя, рэканструкцыя ці што іншае? Хто гэты «я»? Мясцовая мова надпісаў не пярэчыць гіпотэзе пра аўтарства Бернардоні, таму што статутам ордэна прадугледжваецца валоданне мясцовьші мовамі ў краінах, дзе ажыццяўляецца іхняя місіянерская ці іншая даейнасць. Аднак аўтарам абмерных чарцяжоў, дарэчы, больш слабых паводле тэхнікі выканання, мог быць хто-небудзь з вучняў Бернардоні.

Нясвіжская ратуша, пабудаваная ў 1586 - 1596 гг. - адзіная са шматлікіх ратушаў Беларусі XV-XVII стст., якая захавалася да нашага часу, але ў значна змененым выглядзе. Тым больш каштоўны ейны першапачатны праектны чарцёж, прадстаўлены ў альбоме з надпісам «план ратушы места нясвіжскага». Так, як i было характэрна для магістрацкіх будынкаў Цэнтральнай i Заходняй Еўропы таго часу, нясвіжская ратуша таксама становіць сабой прастакутны будынак з уваходам з тарцовага боку праз масіўную шмат'ярусную вежу. Паралельна падоўжным бакавым фасадам ратушы месціліся гандлёвыя рады. У сярэдзіне XVIII ст. гандлёвыя рады былі перабудаваныя, значна павялічаныя i пераарыентаваныя крамамі да пляца, а былая зала магістрата пераабсталяваная для аматарскіх тэатральных наказаў.

Другую значную, а паводле аб'ёму нават большую, групу чарцяжоў альбома прадстаўляюць архітэктурныя штудыі класічных ордэраў, выявы арачных канструкцыяў, узоры свецкіх познерэнесансавых пабудоваў, лесвічных блокаў, камінаў, схемы для атрымання іррацыянальных велічыняў пры падзеле круга на 3, 5, 7, 9, 11 частак, пабудовы ў плане эліпса i іншае. Як вызначыў праф. Е. Кавальчык, гэтая частка чарцяжоў уяўляе копіі з архітэктурных трактатаў тэарэтыкаў італьянскага Адраджэння Віньёлы, Паладзіо, Серліо i швейцарскага паслядоўніка апошняга Яна Блюма. Дасканаласць тэхнічнага выканання сведчыць за тое, што гэтыя графічныя аркушы былі зробленыя Бернардоні, хутчэй за ўсё, дзеля публікацыяў, а значыць, дзеля пашырэння архітэктурнай навукі на землях Рэчы Паспалітай.

Тым не менш некалькі чарцяжоў у альбоме вылучаюцца з агульнага кантэксту. Так, прыкладам, на другім баку аркуша, дзе прадстаўлены план горадзенскага фарнага каецёла, змешчаны план яшчэ аднаго культавага збудавання, выкананы ў іншай манеры, больш эскізна, без маштабу, з надпісам лацінкай на самым чарцяжы: «Мацей Фалькоўскі Лета Божае 1654». У адрозненне ад бальшыні чарцяжоў, дзе таўшчыня сценаў шчыльна заштрыхаваная, тут яны залітыя зялёнай акварэллю. Паводле гэтай прыкметы, а таксама паводле іншага фармату i якасці паперы намі вылучаныя аркушы №№ 20, 28, 69 i 71 з планамі невядомых культавых будынкаў i комплексаў. Ix аўтарства, верагодна, таксама належыць М. Фалькоўскаму, якому нейкім чынам трапілі чарцяжы канца XVI ст.

Невядомае дасюль імя Мацея Фалькоўскага падказвае гіпотэзу, якім чынам чарцяжы з Нясвіжа трапілі ў бібліятэку Кіеўекага Сафійскага сабора. У тым жа раздзеле каталога бібліятэкі, дзе пазначаны дадзены альбом, большасць архіўных справаў прадстаўляюць рукапісы Ірынея Фалькоўскага - епіскапа Смаленскага i Чыгірынекага, каад'ютара Кіеўекай мітраполіі, які памёр у 1823 г. Ягоныя рукапісы ўтрымліваюць пачаткі матэматыкі, механікі, оптыкі, гідраўлікі, астраноміі, а таксама архітэктуру цывільную i ваенную. Магчыма, епіскап быў нашчадкам М. Фалькоўскага i карыстаўся захаванымі тым старажытнымі чарцяжамі.

Другі магчымы варыянт - што альбом чарцяжоў доўгі час захоўваўся ў полацкім езуіцкім калегіуме, дзе выкладалася архітэктура i ў бібліятэды якога зберагалася шмат старажытных рукапісаў, дысертацый, энцыклапедычных выданняў i дапаможнікаў па асобных дысцыплінах. Створаная на базе калегіума полацкая езуіцкая акадэмія ў 1820 г. была зачыненая, будынкі i маёмасць езуітаў перададзеныя ордэну піяраў, якія валодалі імі да 1830 г., калі i гэты ордэн быў таксама скасаваны. Бібліятэчныя зборы разукамплектаваныя i разасланыя ў Пецярбург, Сімбірск i іншыя месцы. Вядома, што значная частка кніг i рукапісаў праз Віцебскую духоўную семінарыю трапіла ў Кіеўскую духоўную акадэмію.

На падставе выяўленых архіўных чарцяжоў можна сцвярджаць, што ў апошняй чвэрці XVI ст. з пачаткам эпохі барока на Беларусі з'явілася i атрымала пашырэнне праектная архітэктурная практыка, што яшчэ не мела прэцэдэнту ва ўсходнеелавянскім рэгіёне. Выкарыстанне праектнага чарцяжа адлюстравала новае разуменне архітэктурнай творчасці як праяўлення індывідуальнага таленту дойліда, фарсіравала тэмпы будаўніцтва i больш дакладна акрэсліла сацыяльны заказ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX