Папярэдняя старонка: Мастацтва

Шэстак Ю. Капліца ў в. Просці - сведка пералому эпохаў. Аспекты рэканструкцыі 


Аўтар: Шэстак Юлія Тадэвушаўна,
Дадана: 25-10-2017,
Крыніца: Шэстак, Ю. Т. Капліца ў в. Просці - сведка пералому эпохаў. Аспекты рэканструкцыі / Ю. Т. Шэстак // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў : матэрыялы VII Міжнар. навук.-практ. кан-ф. : у 2 т. - Мінск, 24-251 лістапада 2016 г. / НАН Беларусі; рэдкал.: А.І. Лакотка [і інш.]. - Мінск : Права і эканоміка, 2017. - Т.1. - С 213-215.



Пахавальная капліца шляхетнага роду Пратасевічаў была пабудавана ў эклектычным стылі каля 1850 г. ў в. Просці Нясвіжскага раёна. Слоўнік геаграфічны каралеўства Польскага апісвае "Proście - пенькныя добры над ракой Ушою ў павеце Навагрудскім, гміне Гарадзейскай ... даўняя уласнасць Пратасевічаў" [1, с. 52]. У парадку богаслужэння для духавенства Віленскай епархіі адзначаецца, што ў сярэдзіне XIX ст. тут, у маёнтку, на мясцовых могілках была ўзведзена з цэглы фамільная капліца-пахавальня, прыпісаная да Ішкалдскай парафіі. З 1824 г. па 1864 г. капліца належала да парафіі Мір, а падчас яе закрыцця ў 1864 г. і да 1920 г. - да парафіі Паланэчка (сёння Баранавіцкі раён Берасцейскай вобласці) [2, с.160]. Затым да Другой сусветнай вайны капліца дзейнічала як малітоўны храм Ішкалдскай парафіі. У пасляваенны час была зачынена і паступова прыйшла ў заняпад. Апошняя ўладальніца маёнтка Просці з роду Пратасевічаў з'ехала адсюль у 1939 г.

Мал. 1 Агульны выгляд капліцы пасля рэстаўрацыі. Фота А.В. Яроменкі.

Не выпадковым з'яўляецца той факт, што будаўніцтва адбылося ў сярэдзіне XIX ст. Раней капліца ў в. Просці была проста непатрэбная. У 1839 г. Полацкі царкоўны сабор абвясціу скасаванне Берасцейскай уніі і прыняў рашэнне пра далучэнне ўніяцкай Царквы да праваслаўнай. Каля 1,5 млн. беларускіх уніятаў, аб'яднаных у 1470 парафій, было афіцыйна перапісана ў праваслаўную веру [3, с.70]. Перад гэтымі падзеямі ў суседніх з в. Просці паселішчах амаль усе цэрквы былі ўніяцкімі. Найбліжэйшы каталіцкі касцёл знаходзіўся ў Ішкалдзі (сёння Баранавіцкі раён). Невялікая колькасць парафій рыма-каталіцкіх, а таксама значная адлегласць паміж імі, адваротна прапарцыйная колькасці, вынікала са спецыфікі рэгіёну - слаба заселенага, з перавагай насельніцтва грэка-каталіцкага абраду [4, с.8]. У суседняй в. Астроўкі, якая фактычна злучаная з в. Просці ў адзінае паселішча паны Пратасевічы ў 1834 г. пабудавалі драўляны ўніяцкі храм, у якім праводзіліся набажэнствы і паводле ўсходнега, і паводле лацінскага абрадаў [1, с.725]. Захавалася памятная дошка, якая сведчыць аб тым, што гэтую царкву гаспадары маёнтка фундавалі для сваіх падданых. Аднак паколькі да бліжэйшага ад в. Просці касцёла ў Ішкалдзі было даволі далёка, найбольш імаверна, Пратасевічы хадзілі менавіта туды на каталіцкую імшу, традыцыйна разглядаючы храм як агульны для абодвух абрадаў. На карысць гэтага можа сведчыць напрыклад той факт, што перад уваходам у царкву захавалася масіўная бутава-цагляная каплічка-надмагілле Марыі Магдалены Пратасевіч (пам. у 18?? г. - дакладная дата не чытаецца), жонкі Францішка Пратасевіча. З 1839 г. царква ў Астроўках дзейнічае ўжо як праваслаўная [5, с.24]. У архітэктуры самой царквы назіраюцца рысы тыповыя для каталіцкіх храмаў і зусім не характэрныя для праваслаўных цэркваў маскоўскага патрыярхата. Асабліва заўважна вылучаецца падоўжаны прэсбітэрый, звычайны для каталіцкай будаўнічай традыцыі. У гэтай частцы храма могуць месціцца ордэнскія лавы, цэлібранс або лавы фундатарскія. Яскравы прыклад апошніх можна ўбачыць у касцёле ў Вішнева, дзе лава Храптовічаў з'яўляецца сапраўдным упрыгожаннем унутранай прасторы храма.

Мал. 2 Ваконнае аздабленне бакавога фасада.

Пасля 1839 г. адбываецца масавая перадача ўніяцкіх цэркваў да праваслаўных, а таксама закрыццё шматлікіх касцёлаў паводле палітыкі абмежавання і выцяснення польскага ўплыву ў краі [3, с.72]. Рэакцыяй на гэтыя падзеі стала пашырэнне будаўніцтва пахавальных капліцаў, якія не маглі быць зачыненымі або пераведзенымі ў праваслаўе. Менавіта ў гэты час узводзіцца капліца на могілках у в. Просці. Раскопкі паказалі, што падмуркі пад капліцай значна даўжэйшыя за сам будынак. Такім чынам, можна меркаваць, што першапачаткова ён мусіў быць большага памеру. Гэта выглядае абсалютна лагічным, ўлічваючы, што вялікая частка уніятаў адмовілася пераходзіць у праваслаўе і задэкларавала лацінскае веравызнанне, што сур'ёзна павялічыла колькасць прыхаджанаў [4, с.8]. Да таго ж, многія з былых грэка-католікаў працягвалі таемна прытрымлівацца сваіх абрадаў, якія традыцыйна маглі выконвацца ў рыма-каталіцкім храме.

Пасля наступнага паўстання, ад таго часу, калі касцёл у Ішкалдзі ў 1864 г. улады зрабілі праваслаўнай царквой, і да падзення Расійскай імперыі, бліжэйшым ад в. Просці каталіцкім храмам быў нясвіжскі касцёл Божага Цела з крыптай рода Радзівілаў. Такім чынам, пасля скасавання уніі капліца Пратасевічаў была знакавым месцам рыма-каталіцкага культу ў гэтых мясцінах [6].

Капліца была зроблена з цэглы на бутавым падмурку і атынкаваная. У падземнай частцы размяшчалася фамільная крыпта Пратасевічаў. Эклектычны стыль будынка спалучае ў сабе тыповыя рысы класіцызма і неаготыкі (мал.1). Даволі кампактны аб'ём у цэлым дэманструе прыемныя воку прапорцыі. Галоўны фасад капліцы мае выразныя абрысы і завяршаецца высокім шчытом, багата дэкараваным шматпрофільнымі карнізамі. Разнастайнасць прафіляваных гзымсаў - гэта адна з асаблівасцяў збудавання. Агульная колькасць відаў карнізаў, з улікам магчымых дэфармацый малюнка праз празнейшыя наслаенні тынку, складае каля 19. Восевая сіметрыя галоўнага фасада дадаткова падкрэслена ў ніжняй частцы ордэрнай пластыкай і класічным уваходным парталам с трохкутным франтонам. Статыка ўваходу імкліва змяняецца выразным памкненнем уверх акцэнтаванага карнізамі вострага франтона са спічастым вакном пад ім. Верхняя частка шчыта мае водступ з двума вазонамі па кутах. Над ёй вянчае кампазіцыю і яшчэ больш падкрэслівае дамінантнасць вертыкалі ў агульным вобразе зграбная невялікая вежа з малым літургічным звонам у сярэдзіне. Другая вежачка - глаўка-сігнатурка - знаходзіцца над прэсбітэрыем і пазначае алтарнае памяшканне.

Бакавыя фасады выглядаюць аднолькава. У сярэдзіне плоскасці фасада ўжыты арыгінальны і вельмі прыкметны архітэктурны прыём (мал.2). Прастакутны ваконны праём дапоўнены з двух бакоў пляскатымі пілястрамі, зверху - развітым гарызантальным франтонам-броўкай, знізу, з заўважным водступам ад падваконня, - вузкім карнізам-паліцай. Паміж гэтымі дэкаратыўнымі элементамі і вакном знаходзіцца тонкая прафіляваная аблямоўка праёма, якая абгінае яго, апускаецца двума вертыкальнымі стужкамі ўніз, потым праходзіць па карнізе і завяршаецца чатырма сухарыкамі, такімі ж, як у аздобе вакна на галоўным фасадзе.

Прастакутны ў плане аб'ём з вылучаным прэсбітэрыем перакрываўся ў інтэр'еры пляскатай падшыўной столяй. Над уваходам былі ўсталяваны хоры.

Капліца мае апсіду ўнікальнай формы з простай алтарнай сцяной па знешнім контуры. З сярэдзіны яна фактычна паўцыркульная, але звонку, з дапамогай масіва муроўкі, апсіда атрымлівае выгляд прастакутніка з закругленнямі з бакоў бліжэй да асноўнага аб'ёма.

На пілястры прэсбітэрыя захавалася надмагільная пліта Францішкі Пратасевіч, уроджанай Пуслоўскай (пам. у 1891 г.). У крыпце пад капліцай знайшлі вечны супакой Міхал Пратасевіч (пам. у 1860 г.), наваградскі харунжы і верагодны фундатар будаўніцтва капліцы, а таксама Габрыела Пратасевіч (пам. у 1858 г.) і маленькі Цітус (пам. у 1838 г. або 1858 г. - дакладная дата не чытаецца), якому было толькі 6 гадоў. Побач з храмам было знойдзенае надмагілле Хрызастома Пратасевіча (пам. у 1888 г.).

Як было адзначана вышэй, пасля Другой сусветнай вайны капліца перастала функцыянаваць як рыма-каталіцкі малітоўны храм і паволі ператварылася ў руіну, хоць і прастаяла на працягу ўсёй вайны, падчас якой у будынак патрапіла толькі некалькі куль ад перастрэлкі. Падобна, што найбольшую шкоду пабудове прынеслі шукальнікі золата [6]. Храм цалкам страчвае вежу, гэтак жа, як дах і столю. Не гледзячы на тое, што капліца-пахавальня Пратасевічаў не ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, па ініцыятыве ўласніка - каталіцкай епархіі - на аб'екце адбываецца ашчадная і павольная рэстаўрацыя з рэканструкцыяй, якія пачаліся ўвесну 2009 г. і працягваюцца да бягучага часу. Працы па аднаўленню будынка з наступным выкарыстаннем згодна асноўнай функцыі адбываюцца па праекце і пад кіраўніцтвам мінскага архітэктара А. В. Яроменкі.

Даволі вялікая колькасць генетычна блізкіх пабудоваў-аналагаў, характэрных для дадзенага рэгіёна, канфесійнай і будаўнічай традыцый, дазволіла выкарыстаць шматлікія натурныя ўзоры і звязаныя з імі гістарычныя фотадакументы і інвентары для таго, каб вызначыць традыцыйныя прыёмы аб'ёмна-прасторавай, канструктыўнай і архітэктурна-мастацкай арганізацыі вежачак (былі знойдзеныя іх рэшткі), запаўненняў ваконных і дзвярных праёмаў, а таксама інтэр'ерных рашэнняў, якія былі характэрнымі для рыма-каталіцкіх храмаў Беларусі XIX ст.

Амаль двухсотгадовая муроўка будынка паводле даследавання была прызнаная дастаткова трывалай і фактычна цалкам захавалася. У самым лепшым стане знаходзіліся сцены сутарэння. Падчас раскопу ў ім былі знойдзеныя пяць нішаў-саркафагаў для трунаў: чатыры вялікія і адна меншая, а таксама тры чугунныя адлітыя пліты. Разам з дзвюма плітамі на пілонах аркі прэсбітэрыя ў сярэдзіне храма пахавальных плітаў атрымалася таксама пяць. Нажаль, адна з іх уяўляла з сябе толькі дробныя фрагменты, таму немагчыма аднавіць напісаны на ёй тэкст. Муроўка крыпты была цалкам адрэстаўраваная, знойдзеныя косткі пакладзены ў труне ў адну з нішаў, тры іншыя нішы змясцілі ў сабе тры надмагільных пліты. У 2016 г. адбылося ўрачыстае перапахаванне парэшткаў Пратасевічаў - адзінае набажэнства пасля сканчэння Другой сусветнай вайны.

Перад пачаткам рэстаўрацыйных працаў быў вырашаны шэраг спецыфічных праблемаў, звязаных са зладжаннем запаўненняў ваконных і дзвярных праёмаў як істотных складовых частак вобліку фасадаў і вежы. Арыгінальныя дакументы, якія маглі б прадэманстраваць першасны выгляд гэтых сталярных вырабаў, не былі знойдзеныя ў архівах. У наяўнасці меліся толькі ўскосныя звесткі. Таму праектныя рашэнні былі прынятыя па так званым метадзе выкарыстання аналагаў. На аснове праведзеных вышукванняў былі распрацаваны наступныя прапановы: гістарычна даставерныя архітэктурна-мастацкія, аб'ёмна-прасторавыя і канструктыўныя вырашэнні па аднаўленню ваконных праёмаў у разбураных і рэстаўраваных фрагментах муроў, а таксама рэканструкцыі запаўненняў у дзвярных і ваконных праёмах. У прынятых рашэннях была вытрымана арыентацыя на агульны эклектычны накірунак будынка са спалучэннем рысаў класіцызму і неаготыкі. Таксама вырашаныя задачы стварэння збалансаванай гармоніі паміж цэлым фасадам і яго сталярнымі дэталямі.

Асобнай увагі вартыя аздабленні ваконных праёмаў бакавых фасадаў капліцы. Паводле версіі архітэктара Яроменкі, іх архітэктурны сюжэт запазычаны з інтэр'ернай арганізацыі і імітуе сабой марфалагічныя рысы алтароў. Лапаткі пілястраў, якія звычайна фланкіруюць куты фасада, тут знаходзяцца ў яго цэнтры і дадаткова вылучаюць вакно. Тонкая аблямоўка верхняй і бакавых частак праёма нагадвае рушнік вакол абраза, дзе яго кутасы - гэта сухарыкі на канцах вертыкальных гзымсаў. Ніжняя гарызантальная цяга мае падабенства з паліцай для лампадак пад уніяцкай іконай. Сабраныя разам, гэтыя элементы не маюць узораў падабенства на фасадах іншых храмаў. Верагодна, што з дапамогай архітэктуры, фундатар Пратасевіч, у якога перад тым забралі астроўскую царкву, пазбавіўшы магчымасці наведваць сямейнае пахаванне, мог выказваць думку ў супрацьвагу праваслаўным апанентам, што яго Бог - не іншы, ён таксама сапраўдны, і ён жыве ў любым хрысціянскім храме і бачны з ваконных "абразоў". Тады таксама лагічна спалучаюцца на фасадах грэчаскія (галоўны ўваход, вокны) і лацінскія (спічастыя вокны) праёмы як сімвал гарманічнай еднасці ўсходняй і заходняй традыцый.

Рэзюмэ

Артыкул прысвечаны апісанню гісторыі стварэння і аднаўлення капліцы ў в. ПросціНясвіжскага раёна. Разглядаюцца асноўныя архітэктурна-мастацкія характарыстыкі пабудовы, а таксама сімвалічная роля дзвярных і ваконных аздабленняў і праёмаў.

Summary

This article deals with the history of elevation and the renewal of the chapel in village Prosty, which is situated in Niesvizh region. The article considers the main architectural and artistic characteristics of this building, as well as the symbolic role of door and window finishings and the fillings.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Słownik Geograficzny Kròlestwa Polskiego i innych krajòw słowiąskich : w 15 t. / nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego. - Warszawa : Druk "Wieku" Nowy-Swiat Nr.61., 1880-1914. -T. 9. - 1888. - 960 s.

  2. Порядок богослужения для духовенства римско-католического исповедания Виленской Епархии на 1878 г. / Вильна : Печатня А. Г.Сыркина. - 1878. - 160 c.

  3. Ярмусік, Э. С. Канфесійная гісторыя Беларусі : вучэб. дапам. / Э. С. Ярмусік - Мінск : РІВШ, 2016. - 200 с.

  4. Materiały do dziejów sztuki sakralnej na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej: w 5 cz. / red.: prof. Jan K. Ostrowski. - Kraków : Międzynarodowe Centrum Kultury, 1993-2015. - Cz. 2, t. 4 : Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa nowogródzkiego : w 4 t. / red.: M. Kałamajska-Saeed. - 2014. - 470 s.

  5. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с.

  6. Сайт Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі [Электронный ресурс]. - Режим доступа: http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/101626-kaplica-pachavalnia-vioska-prasci.html - Дата доступа: 10.03.2016.

Ілюстратыўны матэрыял.

Мал. 1 Агульны выгляд капліцы пасля рэстаўрацыі. Фота А.В. Яроменкі.

Мал. 2 Ваконнае аздабленне бакавога фасада.

Шэстак Юлія Тадэвушаўна, Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт, г. Мінск, Беларусь

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX