Нарадзіўся 5 сьнежня 1886 г. ў маёнтку Капланцы Чэрвеньскага раёну (былы Ігуменскі павет), дзе ягоны бацька працаваў садоўнікам. Надзеленаму ад прыроды музычным талентам М. Равенскаму музычная адукацыя давалася паступова, этапамі. У 1895 - 1903 гг. ён вучыўся ў менскім архірэйскім хоры, дзе атрымаў пачатковую музычную адукацыю. У 1903 г. быў накіраваны ў Менскі мужчынскі манастыр як дырыгент тамтэйшага хору.
У 1905 г. пераехаў у Наваградак, дзе працаваў дырыгентам царкоўнага хору й выкладаў музыку ў школах. У 1912 - 1914 гг. ён прайшоў курсы рэгента царкоўнага хору ў Маскве. У 1920 г. стаў працаваць кіраўніком хору пры Беларускім Работніцкім Клюбе (эсэраўскім) у Менску. Тады зьявіліся ягоныя першыя кампазыцыі - песьні на вершы Максіма Багдановіча («Ня кувай ты, шэрая зязюля», «Завіруха», «Слуцкія ткачыхі»), Канстанцыі Буйлы (несьмяротная «Люблю наш край», «Каб я крыльле мела», «Я шукала»), сюіта «Курган» (на словы паэмы К. Буйлы), уступ да паэмы «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча, песьня «Ах ты, Нёман-рака» на словы Ц. Гартнага. Акрамя арыгінальнай музыкі, М. Равенскі пісаў гарманізацыі не сваіх мэлёдыяў («Чаму-ж мне ня пець», «Адвеку мы спалі»). У 1922 г. у Менску выйшаў друкам амаль увесь тагачасны ягоны песьневы рэпэртуар -«Зборнік песьняў з нотамі». Пасьля забароны дзейнасьці эсэраў М. Равенскі на нейкі час перайшоў на працу хормайстра ў Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны тэатар. Пісаў музыку да апэрэты «Залёты» (на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча).
У 1923 г. М. Равенскі выехаў у Маскву працягваць сваю музычную адукацыю. У Маскве ён пражыў сем гадоў, закончыўшы музычны тэхнікум пры кансэрваторыі (1927) i кампазытарскі аддзел кансэрваторыі (1930). Лес сутыкнуў яго там з выдатным паэтам «узвышэнцам» Уладзімерам Дубоўкам. Уплыў У. Дубоўкі на нацыянальна-ідэёвае фармаваньне М. Равенскага быў надзвычай моцны й неаднаразова адзначваны самім кампазытарам у пасьлейшых га дох. У Маскве М. Равенскі шмат кампанаваў (22 фугі, кантата для хору з аркестрам, прэлюдыя для фартэпіяна). Песенныя кампазыцыі пісаў на словы У. Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына», «Такая ноч») i Я. Купалы («У вырай»). Пад уплывам Дубоўкі зьвярнуўся да музычнае крытыкі й напісаў два крытычныя артыкулы ва «Узвышша». Скампанаваў опэру «Браніслава» на лібрэта У. Дубоўкі (не захавалася).
У 30-х гадох М. Равенскаму нейкім цудам удалося пазьбегчы лёсу ўсяе беларускае творчае інтэлігенцыі: ён застаўся на волі, хоць ягоная камдазыцыя «Ліпнёвы гімн» (на словы У. Дубоўкі) партыйнымі прыганятымі акрэсьле ная як «нацдэмаўская». М. Равенскі працаваў выкладчы кам у музычным тэхнікуме ў Менску, потым у кансэрваторыі. Скампанаваў смычковы квартэт i сюіту. У 1940 г пераехаў у Магілёў, у 1941 г. зноў вярнуўся ў Менск Дзень пасьля выбуху нямецка-савецкай вайны ў пажары згінулі ўсе ягоныя рукапісныя й надрукаваныя кам пазыцыі.
Ад 1943 г. М. Равенскі працаваў рэгентам царкоўнага хору ў Чэрвені, дзе кампанаваў музыку да малітваў. Тут таксама паўторна напісаў два акты апэрэты «Залёты». У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну («Залёты» згінулі ў дарозе). Працаваў настаўнікам сьпеваў у Беларускай Гімназіі ймя Янкі Купалы (1945/46 i 1949/50) i ў беларускай гімназіі ў Остэргофене (1947/48 i 1948/49). У Нямеччыне скампанаваў наступныя свае выдатныя творы: «Беларускую фантазію» для скрыпкі й фартэпіяна, раманс «Ноч над Менскам» на словы У. Дубоўкі, царкоўны гімн «Магутны Божа» на словы Н. Арсеньневай. У 1950 г. пераехаў у Лювэн у Бэльгіі, дзе арганізавалася актыўнае беларускае студэнцкае асяродзьдзе. Зарганізаваў студэнцкую вакальную групу, выступаў зь ёю ў Бэльгіі, Францыі й Нямеччыне, запісаў грамафонныя кружэлкі зь беларускімі сьвецкімі й рэлігійнымі песьнямі. Памёр 9 сакавіка 1953 г. у Лювэне.