Папярэдняя старонка: Мастацтва

Куляшова Галіна. Сьпявак Петра Конюх 


Аўтар: Куляшова Галіна,
Дадана: 16-11-2017,
Крыніца: Куляшова Галіна. Сьпявак Петра Конюх // Спадчына 1997. №4. С. 96-105.



Падчас экспэдыцыйнай выправы ўлетку 1996 г., зьвязанай з плянавай навуковай тэмаю, мне давялося наведаць адзін з гістарычных цэнтраў беларускае нацыянальнае культуры - Наваградак. Сярод шматлікіх матэрыялаў, ласкава прадастаўленых супрацоўнікамі гісторыка-краязнаўчага музэю, маю ўвагу прыцягнулі грамафонныя запісы сьпевака Петры Конюха - ягоныя сольныя эпізоды ў хоры Данскіх казакоў Сяргея Жарава й літургіі праваслаўнае царквы ў St. Catarines, ONJ (Канада). Яны даюць падставы разважаць пра маштабнасьць таленту сьпевака, прыгажосьць ягонага голасу ды высокую выканаўчую культуру. Сьпеў Петры Конюха выклікае глыбокае ўражаньне й ня можа не ўсхваляваць тых, каму сапраўды блізкае i дарагое беларускае вакальнае мастацтва. Мяркуючы па ўсім, сьпявак быу выбітным мастаком, вялікім музыкантам, майстрам сусьветнага ўзроўню ca шчасьлівым i трагічным лесам, шмат у чым падобным да лесу Міхася Забэйды-Суміцкага, зорка якога таксама ўзышла далека ад роднай Беларусі. Ён падзяліў увесь цяжар жыцьця прадстаўнікоў беларускага музычнага замежжа, імёны якіх, асьветленыя талентам i добрымі справамі, доўгі час заставаліся невядомымі на Радзіме i ўпісаныя ў трагічныя старонкі гісторыі Беларусі.

Ведамы за мяжою сьпявак Петра Конюх з посьпехам Петра Конюх. гастраляваў па краінах Эўропы, Амэрыкі й Японіі, але быў зусім невядомы на Радзіме, якую наведаў толькі пасьля трыццацігадовай адсутнасьці ў 1972 г. у якасьці замежнага турыста.

Скупыя зьвесткі пра яго ёсыдь у нешматлікіх артыкулах, дзе асьвятляюцца асобныя старонкі жыцьцёвага шляху выбітнага сьпевака [1]. Літаральна па драбках даводзіцца аднаўляць асноўныя этапы ягонага жыцьцёвага шляху, насычанага нечаканымі паваротамі й падзеямі. Зьезьдзіўшы амаль увесь сьвет, перажыўшы дзьве сусьветныя вайны, ен спазнаў жабрацтва й напружаную працу, творчы ўзьлёт i шырокую вядомасьць.

Нарадзіўся Петра Конюх у 1910 г. у вёсцы Турцы Наваградзкага раёну ў сям'і безьзямельнага селяніна. Незвычайная музычнасьць праявілася вельмі рана. Паводле сьведчаньня родных i сваякоў, ён зь дзіўнай чуйнасьцю ўспрымаў сьпевы, а потым i інструмэнтальную музыку, якая выклікала ў яго зачараваньне: або гэта гучаньне губнога гармоніку, які ён слухаў у выкананьні нямецкага салдата ў гады акупацыі падчас Першай сусьветнай вайны, або чаротавая дудачка, на якой граў ягоны аднавясковец. Усё гэта сталася грунтам авалоданьня вяршынямі вакальнага й акторскага майстэрства.

Вялікае спрыяньне разьвіцьцю таленту аказала й музычнасьць сям'i. Маці - Ганна Зьмітраўна - мела добры голас i слых, любіла выконваць беларускія народныя песьні. Старэйшая сястра - Марыя [2] - таксама была вельмі музычная й артыстычная. Яшчэ падчас свайго школьніцтва брат i сястра актыўна ўдзельнічалі ў гуртку мастацкай самадзейнасьці. Пастаноўкі мясцовага драмгуртка зь іхным удзелам карысталіся асаблівым посьпехам.

Але свой прафэсійны шлях Петра Конюх вымушаны быў пачаць не на музычнай ніве, а ў галіне сельскай гаспадаркі. Будучы сьпявак спасьцігаў гэную галіну дзейнасьці на спэцыяльных курсах у Вільні, а потым езьдзіў у якасьці бракоўшчыка па Беларусі, выбіраючы й скупляючы лён i каноплі. Ільнаводзтва ў той час лічылася досыць выгоднай галіною гаспадаркі. Асабліва наваградзкі лён вылучаўся высокай якасьцю. Па сканчэньні курсаў Конюх праходзіў практыку ў фальварку пад Варшаваю. Ад пачатку Другое сусьветнае вайны быў прызваны ў шэрагі Войска Польскага i з арміяй генэрала В.Андэрса браў удзел ва ўсіх баявых дзеяньнях 2-га корпусу, пачынаючы ад Монтэ-Казына, дзе загінулі сотні палякаў i беларусаў, i скончваючы трыюмфальным завершаньнем ваенных дзеяньняў у Балёньні.

Ужо ў войску выявілася, што прырода адарыла Пётру Конюха сакавітым i прыгожым голасам. Упершыню ўсьвядоміць сябе сьпеваком яму дапамог шчасьлівы выпадак - ягоны голас выпадкова пачула італьянская сьпявачка. Яе ўразіў талент маладога жаўнера. Высокая ацэнка галасавых здольнасьцяў пасеяла ў душу Петры мару пра сапраўднае навучаньне сьпевам. Так празь песьню ён прыйшоў да разуменьня музыкі, адчуваньня вялізарных мажлівасьцяў музычнага мастацтва й собскага імкненьня ствараць музычныя вобразы. Неадольнае жаданьне вучыцца вакальнаму мастацтву знайшло падтрымку у польскага камандаваньня, якое выдзяляе П.Конюху стыпэндыю на вучобу ў Акадэмічным цэнтры 2-га корпусу Войска Польскага ў Італіі, куды ён па сканчэньні вайны быў выпраўлены з рэкамэндацыяй капітана Дрэўноўскага, шэфа Аддзелу дабрабыту жаўнера. У Акадэмічным цэнтры функцыянаваў гурток музыкантау на чале з прафэсарам Браніславам Руткоўскім, а пазьней - магістрам Хенрыкам Свалкінем (аўтарам кнігі "Вэрдзі"). Пётра Конюх быў залічаны ў кляс опэрнага сьпеву, дзе навучаўся вакальнаму мастацтву шэсьць гадоў.

Напачатку П.Койюх мала чым розьніўся ад іншых вучняў Акадэміі - разам зь іншымі студэнтамі жыў на вуліцы Санта Стэфана Ратандо, 9, у Таварыстве ірляндцаў, дзе месьцілася студэнцкая харчоўня й Ватыканская грамадзкая апека над эмігрантамі. Выкладчык вакалу прафэсар Рамэа Ардуні, у якога вучыўся П.Конюх, усяляк спрыяў творчым пошукам свайго вучня, ягонаму імкненьню знаходзіць нечаканыя нюансы й вобразныя асацыяцыі, глыбей унікаць у тэкст.

Досыць важна, што музычную адукацыю Петра Конюх атрымаў у Італіі, дзе ён набыў умельства й досьвед на клясычных узорах італьянскае вакальнае школы. Яго прафэсійнаму росту ў немалой ступені садзейнічала самое асяродзьдзе, абставіны, у якіх ён жыў i вучыўся: шматлікія канцэртавыя залі, опэрныя тэатры высокіх музычных традыцыяў, запрашэньні ў якія ёсьць вышэйшым прафэсійным i мастацкім прызнаньнем. Будучы сьпявак уважліва слухаў знаных майстраў, быў сьведкам ix посьпехаў. Менавіта ў Італіі Конюх пачаў цяжкі шлях узыходжаньня да вяршыні свайго прызнаньня. Тут быў закладзены пачатак таго, што ягоны сябар i савучань па Акадэмічным цэнтры Тадэвуш Валік потым у артыісуле "Сьпеўны сьвет Петры Конюха" ляканічна й трапна вызначыў прафэсійны шлях свайго таварыша: "Надзвычайны голос. Незвычайная кap'epa" [3]. У гэтым артыкуле ёсьць каштоўныя факталягічныя зьвесткі, якія даюць мажлівасьць аднавіць асноўныя этапы творчай дзейнасьці беларускага сьпевака.

Прынята лічыць, што падмурак акторскага поспеху - вынік вялікай таленавітасьці, творчай інтуіцыі, забываючы падчас, якой працаю дасягаецца посьпех i прызнаньне вялікага майстра, які складаны шлях набыцьця прафэсійнага майстэрства, пошук свайго шляху у мастацтве. I ў гэтым пляне прыродны талент Петры Конюха шчасьліва спалучаўся з дзівоснай працаздольнасьцю, працавітасьцю, мастакоўскай патрабавальнасьцю, найстражэйшай дысцыплінай i арганізаванасьцю. Падчас свайго навучаньня ў Акадэмічным цэнтры ён не шкадуе часу на настойлівую, штодзённую працу з музычным матэры-. ялам, які меркаваў дадаць у свой творчы набытак, i на штодзённыя выкананьні вакалізаў з тым, каб набыць i падтрымаць добрую вакальную форму. Увесь вольны час прысьвячаў працы ў бібліятэцы, паглыбляючыся ў чытаньне спэцыяльнай музычнай літаратуры, успамінаў, біяграфіяў знакамітых людзей, імкнучыся ўзяць як мага больш карысьці для сябе. Ягоным кумірам, безумоўна, быў Шаляпін i ўсё тое, што зьвязана зь ягонай творчасьцю: аўтабіяграфія вялікага сьпевака "Душа й Маска", поўны камплект кружэлак, сяброўства зь піяністам Іванам Базылеўскім - былым акампаніятарам Шаляпіна. Яны дапамагалі Пётру спасьцігаць найважны запавет улюбёнага сьпевака - жыць i працаваць у мастацтве зь бязьмежнай адданасьцю справе, фармаваць сваё творчае мысьленьне, сваю артыстычную індывідуальнасьць.

П.Конюх паступова далучаўся да дзейнасьці прафэсійнага выканаўцы. Ужо на апошніх курсах Акадэміі ён даваў сольныя канцэрты, выступаў у ансамбалевым сьпяваньні, браў удзел у конкурсах i тэматычных канцэртах. У прыватнасьці, пры Associazione Pugliese Ассаdemia Mondiale Deglu Artisti e Professionisti, Радыё Італіі, Радыё Ватикана, у канцэртовых залях Palazzo Barberini, Castel San Angelo, Circo lo Artistio, Associazione JRA i Romani; вельмі сур'ёзна й настойліва рыхтаваўся да опэрнага дэбюту.

Такая разнастайнасьць вакальнай дзейнасьці на самым пачатку творчага шляху сьведчыць пра шматграннасьць таленту П.Конюха, аднолькава ўласьцівага i для камэрнага, i для опэрнага сьпевака. Ягонае выкананьне вылучала ансамблевая чуйнасьць; прыдатнасьць да партнэрства спалучалася з гнуткасьцю фразыроўкі й тонкім пачуцьцём тэмпу, рытму, уменьнем раскрыць адначасна некалькі сэнсавых пластоў Ягоны голас - густы, глыбокі й разам 3 тым мяккі бас шырокага дыяпазону (дзьве з паловаю актавы), роўна гучаў на ўсіх рэгістрах i вылучаўся прыгожым тэмбрам падчас выкананьня вядучых партыяў у опэрах "Барыс Гадуноў", "Дон Карлас", "Фаўст" i г д. Ён меў права выбару любой галіны вакальнага мастацтва й пасьля працяглых роздумаў, пакутлівых хістаньняў аддаў перавагу канцэртавай дзейнасьці, а не кар'еры опэрнага сьпевака (да якой меў асаблівую схільнасьць). I на тое былі важкія прычыны: дзеля таго, каб стаць вядучым салістам опэрнага тэатру сусьветнае клясы, неабходнае апекаваньне багатай радні або імпрэсарыа, якому ня толькі пачынаючы, але й нават спрактыкаваны сьпявак павінен працяглы час выплочваць ад 60%, а часам i 80% свайго прыбытку. Дарэчы, пра гэта даволі яскрава й падрабязна піша Тадэвуш Валік у згаданым намі артыкуле. Якая магла быць падтрымка ў эмігранта зь Беларусі ад багатай радні? Эміграцыя адняла ў яго й Радзіму, i сям'ю, i матчын дом. Усё трэба было пачынаць з нуля. Узгадаем, як цяжка М.Забэйда-Суміцкі торыў сабе шлях да опэрнага мастацтва, але ў значна ранейшьім веку. Вакальную адукацыю Петра Конюх атрымаў у сорак гадоў - i разьлічваць на трывалы й працяглы посьпех у галіне опэрнага мастацтва было ўжо рызыкоўна. Пасьля працяглага роздуму Петра Васільевіч канчаткова вырашае прысьвяціць сябе канцэртавай дейнасьці. Адна за аднэй ладзіліся гастролі па Італіі, Бэльгіі, Галяндыі, дзе ён сустракае захоплены прыём патрабавальнай публікі, чаму ў немалой ступені садзейнічала своеасаблівая інтэрпрэтацыя выканаўцы кампазытарскае задумы i высокае акторскае майстэрства. Рэпэртуар выступаў быў самы разнастайны: беларускія i ўкраінскія народныя песьні, рамансавая лірыка, арыі з клясычных опэраў, старых італьянскіх аўтараў, кампазытараў бэльканта. Пасьля працяглага э эўрапейскага турнэ П.Конюх дае шэраг канцэртаў у Паўднёвай i Паўночнай Амэрыцы ў самых знаных залях, у тым ліку i ў Camegie Recital Hall.

У Амэрыцы лес зьвёў яго з заснавальнікам i мастацкім кіраўніком знакамітага хору Данскіх казакоў Сяргеем Жаравым. Гэтая сустрэча (як чарговае ўмяшаньне ў лёс мастака яго вялікасьці выпадку) крута зьмяніла жыцьцё Петры Конюха, які з 1958 п становіцца салістам хору, аддаўшы яму амаль трыццаць гадоў творчай дзейнасьці, аж да 1985 г. [4]. прыцягнуў П.Конюха (тады ўжо вядомага сьпевака) высокім прафэсіяналізмам, стабільным заробкам i мажлівасьцю выступаць на лепшых канцэртавых пляцоўках сьвету, а галоўнае - творчай атмасфэрай, якая панавала ў гэтым мастацкім калектыве дзякуючы ягонаму кіраўніку. Жараў шмат экспэрымэнтаваў у галіне тэмбравага спалучэньня харавых партыяў, ix разьмяшчэньня, нюансіроўкі, філіграннасьці аздобы, вымагаючы стэрэафанічнасьці гучаньня. Ён патрабаваў ад харыстаў жалезнай дысцыпліны, безупыннага прафэсійнага ўдасканальваньня. Дамовы з салістамі заключаліся толькі на адзін год. Конкурсы праводзіліся штогадова, праводзіўся новы адбор, далучаліся новыя галасы. Шырокая вядомасьць харавога калектыву была зьвязаная ня толькі з канцэртавай дзейнасьцю, але й з выступамі ў фільмах, запісам кружэлак, магнітафонных касэтаў, якія разыходзіліся мільённымі накладамі ў Эўропе, Амэрыцы i Японіі. Падчас працы з хорам Жарава П.Конюх зьдзейсьніў шмат вандровак, значна папоўніўшы свой творчы набытак i ўзбагаціўшы мастацкія ўражаньні. Адпачываў звычайна або ў Нью-Ёрку, або ў Нямеччыне, дзе вырашыў запісаць на магнітафон увесь свой рэпэртуар. Як адзначае Тадэвуш Валік, ён зьдзейсьніў гэтую задуму ў Гамбургу, мяркуючы потым перапісаць сьпевы на кружэлкі й касэты фірмы ARJA Record. Гэта запісы ўсіх ягоных канцэртаў, якія Пётра Васільевіч зьбіраў з мэтаю перадаць на Радзіму. Але якое ж было ягонае ўзрушэньне, калі даведаўся, што ўсе катушкі са стужкамі зьніклі падчас рамонту дома, дзе яны захоўваліся. Гэтая страта стала непапраўнаю ня толькі для сьпевака, але й прыхільнікаў ягонага таленту й ягоных суайчыньнікаў.

Пасьля скананьня С.Жарава Конюх пакінуў хор Данскіх казакоў i пасяліўся ў Канадзе, дзе прайшлі апошнія гады ягонага жыцыдя. Тут ён вёў вялікую пэдагагічную працу, кіраваў хорам у праваслаўным Саборы St. Саtarines, ONJ. Меў зносіны ў асноўным зь беларускімі эмігрантамі, якія складалі супольнасьць, што грунтавалася на любові да роднага краю i няспыннай працы дзеля захаваньня й разьвіцьця роднай культуры. Ix яднала любоў да роднае мовы, да праваслаўнае царквы - духовага цэнтру й месца сустрэчаў у дні рэлігійных i нацыянальных народных сьвятаў.

У 1994 г скончыўся жыцьцёвы й творчы шлях чалавека, народжанага дзеля таго, каб сьпяваць, спазнаўшага шчасьце сапраўднага творчага посьпеху i горыч незваротных стратаў...



[1] Снітко А.С. "Спевакі з Наваградчыны". Наваградскія чытанні. Выд. IV. Мн., 1996 г.

"Народная газета", 13.ІХ,1993 г.

"Новае жыццё", 21.ІХ,1994 г.

"Голас Радзімы", 2/11,1995 г.

[2] Марыя Васільеўна Конюх (па мужу Кісьцень) цяпер жыве ў Наваградку.

[3] Tadeusz Walik."Spiewajacy świat Piotra Koniucha" Dzennik Związkowy (zgoda) december 22-23, 1989.

[4] Хор Данскіх казакоў, у асноўным з расейскіх эмігрантаў, заснаваны 4 ліпеня 1923 г. (дэбют адбыўся ў Вэне) музыкантам, кампазытарам, выпускніком Царскай Музычнай Акадэміі С.Жаравым, выступаў ва ўсіх краінах сьвету, акрамя Кітая i Савецкага Саюзу. З 1930 г. хор стала працуе ў Амэрыцы. Рэпэртуар яго складаўся ў асноўным з народных сьпеваў i славянскай літургіі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX