Папярэдняя старонка: Мастацтва

Міхал Забэйда-Суміцкі 


Аўтар: Шырма Рыгор,
Дадана: 15-11-2023,
Крыніца: Шырма Рыгор. З песьняй па сьвеце. Міхал Забэйда-Суміцкі // Калосьсе. 1937. № 2(11). С. 117-119.



Пойдзеш мо' ня раз па сьвеце песьняй,
Воплескі разсыплюць табе градам, -
Але не забудзеш ты Палесься,
Не забудзеш Край Свой на эстрадах!

А калі спаткаеш людзей сьмелых
I людзей такіх, як мы, ў нядолі, -
Не забудзь, запей аб Русі Белай
I аб Нашых Песьнях і аб Волі!..

МАКСІМ ТАНК


Беларускі народ стварыў багатую песьню, якая даўно прыкавала да сябе ўвагу прадстаўнікоў высокай музычнай культуры. У гэтай песьні паэзія слова і арыгінальнасьць яснай, плястычнай мэлёдыі зьпіваюцца ў адно арганічнае цэлае, твораць тыя скарбы, дзе можа найболей захавана духовай красы - характэрнай адзнакі ўсёй беларускай народнай творчасьці.

Такія вартасьці маглі радзіцца толькі ў народзе жывым, здольным, перад якім адкрывгюцца шырокія гістарычныя пэрспэктывы.

Сьледам за беларускай песьняй народ наш з нізоў сваіх пасылае ў сьвег пяюноў і музыкаў, якія ўжо карыстаюцца эўрапэйскай славай.

Праўда, ня ўсе з іх выступаюць пад сваім уласным імям. Ёсьць такія, што саромліва хаваюць сваю народную прыналежнасьць, сваё імя ў чужыя рызманы. Такая псыхіка - гэта спадчына нявольніцтва, якую пакінула па сабе прыгонная царская Расея.

Але побач з гэтым народ пасылае і тых, што не саромяцца сваей роднай сьвіткі, не дэкаруюцца чужымі плашчамі, а шануюць імя таго народу, з гушчаў якога яны выбіліся на паверхню. Да ліку гэтых слаўных сыноў Беларусі на сьпявацкай ніве трэба залічыць у першую чаргу саліста ў опэры, тэнара Міхала Забэйду-Суміцкага і баса Паўла Пракапеню. Абодва яны - дзеці нашай палескай вёскі (Косаўскага лавету), з якою ніколі не парываюць сувязі.

М. Забэйда-Суміцкі радзіўся ў 1900 годзе ў в. Шэйпякі каля Ружаны. Вырас у сялянскай сям'і, пазнаў жыцьцё з яго вясковымі бедамі і радасьцямі, навучыўся ад маткі любіць народную песьню - душу "простага народу" - і гэтую любоў пранёс пазьней праз увесь сьвет ад Далёкага Усходу ў Заходнюю Эўропу.

У 1915 годзе ваенная завіруха выкінула яго на ўсход: Смаленск, Пенза, Барнаул на Сыбіры і ўрэшце далёкі Харбін. За гэты час Забэйда-Суміцкі скончыў вучыцельскую сэмінарыю, вучыцельскі інстытут, а ў Харбіне ўжо эканамічны аддзел юрыдычнага факультэту мясцовага унівэрсытэту. Здабываючы асьвету, ён адначасна працуе, як настаўнік, у розных школах, апошняя з якіх - сярэдняя гандлёвая школа ў Харбіне.

Яд дзіцячых гадоў Забэйду-Суміцкага цягне да сьпеву. Зарабляючы ў школе на кавалак штодзеннага хлеба, ён знаходзіць хвілінку і для песьні. Яле грунтоўна пачаў працаваць над сьпевам і наогул над музыкай у Харбіне, пад кіраўніцтвам партнэркі Шаляпіна Юліі Плотніцкай, Мэттэра і Томашынскай. У гэтым часе пачынаюцца яго першыя выступленьні ў Харбінскай Опэры, як саліста ў ролі Ленскага ў оп. "Евгеній Онегін" -Чайкоўскага, у ролі князя ў оп. "Русалка" - Даргомыжскага і Леля ў оп. "Снегурочка" - Рымскага-Карсакова. Аб тагачасных яго выступленьнях крытыка ў адзін голас прарочыла яму вялікую будучыню артыста.

Так пасьля "Евгенія Онегіна" з удзелам М. Забэйды харбінская "Зоря" у № 300 з 1929 году пісала: "Ему (М. Забэйдзе) отлично удалась сцена на балу ў Лариных, но в сцене дуэли он превзошел ожидания". Кітайская газэта "Гунбао" у тым-жа часе піша, што "чуткій музыкальный певец, Забэйда старается осмыслить роль в мельчайших деталях и по возможности перевоплотиться при исполненіи роли. Артист со временем наверное будет пожинать лавры на этом завидном поприще".

Артыст, як чуткі мастак, не паддаецца на аднагалосную хвальбу. У 1932 годзе пакідае Харбін і выяжджае ў сонечную Італію, у Мілан, каб там далей працаваць над сваім голасам пад кіраўніцтвам ведамага прафэсара Фэрнандо Карпі. I тут, як і ў Харбіне, дзякуючы сваім здольнасьцям і працавітасьці, зьвяртае на сябе ўвагу - яго ангажуюць у Міланскую Опэру "La Scala". Італьянская музычная крытыка ў афіцыяльным органе Акадэміі Музыкі "Giormale del arte" раўняе М. Забэйду-Суміцкага з бязсьмертным італьянскім тэнарам М. Скіпай ды з ведамым усей Эўропе расейскім сьпеваком Л. Собінавым. Падобна адзываліся аб ім таксама іншыя італьянскія крытыкі, падчас ягонага канцэртавага турнэ па Італіі, якія трафна зазначалі, што артыст сьпявае ня толькі голасам, але і душой. Напр. "Corriere di Savona" пісала: "Тэнар Міхал Забэйда-Суміцкі і гэтым разам пацьвердзіў здабычы з апошніх сваіх артыстычных падарожжаў. Ён здраджае ўражлівую душу мрыючага паэта, гэтак характэрыстычную для славянаў. Ягоны голас робіць уражаньне дасканальнага інструмэнту, які здабывае і чаруе слухачоў".

Пасьля амаль чатырох гадовага пабыту ў Італіі артыст-сьпявак вярнуўся ў 1935 годзе на Бацькаўшчыну, ад якой быў адарваны роўна 20 гадоў. Пасьля некалькіх удачных канцэртных выступленьняў, ён прыняў запросіны ў Пазнань, дзе выступаў салістам у опэрах: "Галька" - Монюшкі, "Рыголетто" - Верді, "Сэвільскі цырульнік" - Россіні, "Фауст" - Гуно і інш. Кончыўшы свой кантракт з Пазнанскай Опэрай, Забэйда-Суміцкі не пажадаў узнавіць яго, а пераехаў у Варшаву - дзе карыстаецца вялікім пасьпехам, даючы публічныя канцэрты і ў Польскім Радыё. Аб яго артыстычных здольнасьцях як найлепей адзываецца польская прэса розных палітычных кірункаў пачынаючы ад "Дзеньніка Народовага" і віленскага абшарніцкага "Слова" і канчаючы "Работнікам". Асабліва зьдзівілі варшаўскую польскую публіку выкананыя Забэйдай грэчанінаўскія беларускія народныя песьні на канцэрце ў Варшаўскай кансэрваторыі 27 лютага 1937 г., якія артыст быў змушаны паўтараць. Віленскае "Слово" даючы агляд рэпэртуару М. Забэйды-Суміцкага і яго выступленьняў у Варшаве і ў Пінску, між іншым піша: "Нязвычайная музыкальнасьць, пекны голас, вельмі добра апанаваны тэхнічна ува ўсіх дынамічных ступенях, надзвычай павабная вонкавая індывідуальнасьць артысты і выразная інтэрпрэтэцыя твораў з рознаякімі настроямі, падымаюць артыста да праўдзівых нештодзенных эстрадных зьяваў".

Што-ж датычыць радыёвых канцэртаў Забэйды, то можна сьмела сказаць, што яны зьяўляюцца скарбам для Польскага Радыё. Такога сьпевака, такога выявіцеля народнай душы, асабліва ў народных песьнях, - усёроўна польскіх ці беларускіх - у Польшчы нам не прыходзілася чуць. Нават праслаўлены Кепура не перадасьць і ня здоляе так дэлікатна выявіць усей глыбіні польскага народнага музыкальнага духу, як гэта ўмее зрабіць М. Забэйда-Суміцкі з польскімі народнымі песьнямі. Калі ў Кепуры стыхія голасу забівае душу, зводзіць усё да нямецкае халоднасьці, то ў Забэйды-Суміцкага наадвэрот - голас разам са словам служыць для выяўленьня ўсіх тых адценьняў нават самых далікатных і тонкіх у перэжываньнях і настроях, якія захаваны ў песьнях.

Толькі такі мастак-артыст, як Забэйда-Суміцкі, патрапіў вывясьці беларускую народную песьню ў шырокі культурны сьвет. Яму першаму належыць чэсьць і ў перадачы гэтых песень праз грамафонныя пліткі для шырокага карыстаньня ў краі і заграніцай.

Р. ШЫРМА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX