Папярэдняя старонка: Мастацтва

Павал Пракапеня 


Аўтар: Бужанскі А.; Шырма Рыгор,
Дадана: 14-10-2023,
Крыніца: Бужанскі А. [верагодна, Аўген Бартуль], Шырма Рыгор. Павал Пракапеня // Калосьсе. 1937. № 2(11). С. 120-121.



У 1936 г. падчас канцэрту ў Кракаве Ян Кепура прадставіў публіцы Паўла Пракапеню, каторы прапяяў некалькі арыяў i песьняў. Ён спаткаўся з бурнымі воплескамі i агульным захапленьнен. Потым цэлая сэрыя трыумфальных выступаў у важнейшых гарадох Польшчы i нашага Краю.

Вялізарныя рэцэнзыі ў прэсе, партрэты маладога артыста ў журналах: Пракапеня перад выездам у Рым, Пракапеня накручвае фільм у Бэрліне i г. д i г. д.

Хто-ж такі i скуль узяўся Пракапеня?

Павал Пракапеня - сын беларускай беднай сялянскай сям'і з Косаўскага павету. Пасьля цэлага сьцягу злыбедаў спаткаўся з Кепурай. Перад гэтым быў статыстам у Варшаўскай опэры; пры помачы Кепуры дастаў стыпэндыю на студыі ў Вену.

Пасьля быў у Мілане, a потым вучыўся ў Рыме ў прафэсара Астольфо Пэккія.

Пракапеня - сьпявак з аграмадным діапазонам i тэхнікай, зорка каторага не дайшла яшчэ да зэніту.

Толькі як кожны малады талент, ён яшчэ ня вычувае, з чым яму "да твару". Паміж іншым пяе ён нікаторыя мала эфэктоўныя італьянскія рэчы, тады, як выканаўшы арыю торэадора з "Кармэн" змусіў-бы публіку літаральна насіць сябе на руках. На канцэрце, аб каторым ідзе гутарка, у канцы праграмы на нямоўкнутыя бісы Пракапеня сказаў, што выканае песьню са свайго Косаўскага павету і... прапяяў нейкую расейскую песьню аб "Ваньцы i Матрёне"!

Аніводнае беларускае песьні ня выканаў Пракапеня, a расейскія рэчы пяяў ён з нейкім нават піетызмам.

Чулася, што беларускасьць у ім пакрыта покастам (павярхоўным) чужых культур.

Падросткам, нейкіх 15 год маючы, выйшаў ён са сваёй вёскі, пехатой дайшоў да Слоніма, скуль як амэрыканскі трамп, бяз білета, даехаў цягнікам да Баранавіч.

Я потым Варшава, Вена, Мілан i г. д.

На чужыне спатыкаўся з палякамі i расейцамі. Усе праканаўшыся, што маюць дзела з буйнейшым талентам, "чулі" да яго сымпатыю i рабіліся "сваякамі".

Вялікая шкода, калі Пракапеня акажыцца страчаным для свайго народу. Гэта бас-барытон, роўнага катораму ў Польшчы нямашака.

Дзе-б ён не знаходзіўся, - ці ў роднай вёсцы Запольле, ці ў кінастудыях бэрлінскае фабрыкі "Ufa", ці на рымскім Corso, - ёсьць магчымасьць, што гэтыя радкі дойдуць да яго.

Жадаючы найвялікшых пасьпехаў i уздоймаў, адначасна хочацца прыпомніць словы народнага паэта Якуба Коласа:

...на вашым сумленьні нясплочаны доуг векавы,

То доўг прад народам, то доўг разуменьня.

Якое зачэрпалі вы з народнага скарбу

Душы самабытнай i з скарбу яго мазалёў,

То ён працаўнік наш, то ён старадаўны

Угору вас моўчкі узьвеў!...


А. Бужанскі


* * *

Дапаўняючы артыкул грамадзяніна Бужанскага аб вялікім артысьце беларускай зямлі, мне прыемна падаць да аўтаравага ведама, як i да ведама огулу беларускага грамадзянства, што насупроць энунцыяцыяў польскай i нікаторай загранічнай прэсы аб тым, быццам артыст - польскай нацыянальнасьці - ёсьць ён з крыві i косьці Беларусам. Аб гэтым я даведаўся беспасрэдна ад самога гр. Пракапені, з каторым меў гонар пазнаёміцца падчас ягонага быцьця ў Вільні. Паважаны i слаўны артысту гутарцы са мною сказаў: "быў Беларусам i астануся ім" - астанецца такім, якім маці нарадзіла, якім фігуруе ў пашпарце. Дагэтуль у сваіх канцэртных выступленьнях нічога не даваў з рэпэртуару беларускага, бо ня знаў яго. Чаму так сталася? Сталася гэта таму, што дасюлешні жыцьцёвы шлях артыста ня спрыяў абзнаямленьню з беларускай музычнай літаратурай. Артыст мае сяньня скончаных 27 год (нарадзіўся ў 1909 г.). Сусьветная вайна тысячы Беларусаў змусіла пакінуць родны край. Гэткі лёс не абмінуў i малога Паўла. Ён разам з бацькамі выяжджае ў 1915 г. у Расею i там (у Ніжнім Ноўгарадзе) астаецца да 1922 г. У гэтым годзе прыяжджае на Бацькаўшчыну. Кароткі час прабывае ў роднай вёсцы Запольле, пазьней апынуўся ў чужым асяродзьдзі.

Вялікі талент артыста заграніца належна ацаняе. У 1932 г. у выніку міжнароднага конкурсу сьпеву гр. Пракапеня здабывае першую нагароду - залаты мэдаль i дыплём, a ў 1936г. атрымлівае ад папы рымскага ватыканскі ордэн сьвятога Юрага, a ад італіянскага ураду - кавалерскі крыж італіянскае кароны. Малады наш артыст праславіўся сваімі канцэртнымі выступленьнямі ў Італіі, Аўстрыі, Швайцарыі, Нямеччыне, Англіі i ў мінулым годзе ў Польшчы i ў краю. Толькі за два з палавінаю гады перад рымскім мікрафонам даў 54 канцэрты, a ў Мілане, Нэаполю i іншых местах Італіі - 34 канцэрты. Усюды цешыцца прызнаньнем i добрымі ацэнамі. Цяпер перад выездам заграніцу концэртуе ў краю. Дня 4-га красавіка выступаў у Вільні. Незадоўга выяжджае ў Парыж a адтуль на некалькі год у Рым. Артыст запэўнівае, што канцэртуючы будзе даваць i рэпэртуар беларускі. Незадоўга - кажа - пачуеце з рымскага мікрафону нашыя родныя беларускія песьні. Аб часе сваіх выступленьняў будзе паведамляць беларусаў у краю.

Будучы ў Вільні, гр. Пракапеня знаёміўся з беларускім жыцьцём. Адведаў рэдакцыю "Калосься" i іншыя беларускія часапісы, a так-жа установы i арганізацыі, што месьцяцца пры Завальнай № 1, адведаў i Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча на Вострабрамскай 9, гдзе ў кнізе адведывальнікаў запісаў свае ўражаньні з Музэю i выразіў радасьць з награмаджаных у ім памяткаў i з развою беларускай культуры.

Я. Ш.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX