Ад перакладчыка:
а) Артыкул перакладзены даслоўна з выкарыстаннем мастацтвазнаўчых тэрмінаў, прынятых да 1939 г.
б) Інфармацыя з віленскай прэсы пачатку 1939 г.:
1."Выстава твораў Браніслава Яманта будзе працаваць з 5 па 27 лютага ў салонах кааператыва віленскіх мастакоў "Спаў" па вул. Ажэшкі, 11-б з 10-00 да 17-00. Адкрыццё выставы 5 лютага а 13-й гадзіне". Slowo. 1939. № 32.
2. "… Радавіты вільнянін, для якога наш любімы горад столькі гадоў быў невычэрпнай крыніцай натхнення, стаў вядомы ўсяму свету ўключна з Амерыкай, але Вільня заставалася выключэннем. Гэты парадокс нарэшце скончыўся. Выстава паказала нам зрэз усёй творчасці мастака, пачынаючы з 1922 г. і дала магчымасць прасачыць працэс эвалюцыі … творчасці. 17 гадоў напружанай працы - гэта паслядоўны і вельмі характэрны ланцуг ад абстракцыянізму да рэалізму …"
Slowo. 1939. № 37.
Карціны Яманта на яго выставе - не толькі прыгожае відовішча. Яны выклікаюць цэлы шэраг разважанняў пра мастацтва і майстэрства. Толькі сукупнасць усяго даробку, якой і з'яўляецца выстава, дазваляе больш зразумець мастака, дазваляе зазірнуць у сакрэты яго тэхнікі, убачыць яго шырокія зацікаўленасці ў мастацтве і жыцці і … дазваляе крытыку не трымаць свае высновы ў таямніцы.
Аднак, на самым пачатку мы павінны з павагай прызнаць, што перад намі творчасць сапраўднага, спелага мастака. І паводле старой французскай максімы, у творах Яманта трэба бачыць наяўнасць двух базавых элементаў, з якіх складаецца мастацкі твор: з майстэрства і пачуцця. З жывапіснага майстэрства і натхнення, заснаванага на асабістым досведзе.
Але раз ужо гаворка зайшла пра майстэрства мастака, трэба сказаць і пра тэхніку жывапісу, якой ён карыстаецца. Узровень майстэрства, якога Ямант дасягнуў, вынікае з тэхнікі тэмперы, якую ён увесь час выкарыстоўвае, за выключэннем некалькіх ранейшых карцін, намаляваных алеем.
Фарбы тэмперы, як і любыя іншыя фарбы складаюцца з фарбавальніка і звязваючага рэчыва, гэта значыць - са стойкіх каляровых субстанцый, якія змяшчаюцца ў ліпкай завісі, якую можна разводзіць вадой. Асноўным кампанентам гэтай завісі з'яўляецца яечны жаўток. Прыгатаванне тэмперных фарбаў было вядома яшчэ ў далёкім мінулым, і гэтымі фарбамі можна маляваць практычна на любой аснове, якая ўбірае ў сябе ваду. Ямант малюе на бездраўняным белым картоне ручной працы, які таксама ўжываецца і для акварэлі.
Выкарыстоўваючы гэты від жывапісу на працягу доўгага часу, ён выпрацаваў уласную тэхніку, валоданне якой з'яўляецца вынікам шматгадовай практыкі. З вопытам, падмацаваным часам, ён прыйшоў да той віртуознасці і майстэрства, якое можна ўбачыць у яго апошніх творах.
Першапачаткова, малюючы метадам пакрыцця, г. з. так, каб бель паперы цалкам пакрывалася пластамі фарбы, ён паступова пераходзіць да глазурнага, празрыстага метаду, г. з. такога, пры якім бель паперы прасвечвае праз слаі фарбы. Такім чынам ствараюцца незвычайныя каляровыя эфекты. Нарэшце, ён выкарыстоўвае метад ачысткі раней напластаваных фарбаў нажом ці шпаталем і такім чынам дасягае выключных эфектаў, якія сустракаюцца толькі ў яго працах тэмперай. Гэта асабістыя дасягненні Яманта, якія вынікаюць не з бяздумнага вывучэння тэхнікі жывапісу дзеля самой тэхнікі, а з патрэбы знайсці ўласную мову, каб выказаць тое, што загадвае выказаць яго існасць.
Карціны Яманта, напісаныя вышэйзгаданымі спосабамі, надзвычай трывалыя і могуць служыць даўжэй, чым алейныя.
Калі глядзець на яго творы вачамі строгага крытыка, аналізаваць яго малюнак, каларысціку, тон (ці святлацені) і, нарэшце, кампазіцыю, трэба прызнаць, што ва ўсіх яго работах усё гэта ў парадку, усё гэта сугучнае і гарманічнае паміж сабой. Нічога з вышэйпералічанага не занядбана на шкоду іншаму. Гармонія вынікае не толькі з прафесійнасці, але і з яснай, свядомай канцэпцыі вобраза, які трэба стварыць.
Усю творчасць, прадстаўленую на выставе, можна падзяліць на тры катэгорыі.
Першая катэгорыя - гэта замалёўкі, пераважна невялікага памеру, надзвычай непрымушаныя і тэхнічна бездакорныя.
Другую складаюць карціны, створаныя на аснове вывучэння натуры з невялікімі адхіленнямі ў бок паляпшэння кампазіцыі. Пераважна, гэта віленскія і не віленскія матывы старога горада.
Трэцяя - манументальныя, ландшафтныя кампазіцыі.
Гэтыя апошнія, уласна, найбольш цікавыя. Надзвычай складана напісаць карціну з бездакорнай, закончанай кампазіцыяй. Але толькі такая карціна можа быць сапраўдным мастацтвам, і толькі ў такім творы мастак можа праявіць сябе цалкам. Карціна, над якой мастак працуе доўга, можа і некалькі месяцаў, калі ў ёй зыдуцца ўсе крытэрыі, пра якія мы ўжо казалі, і калі - што самае важнае, яна кранальна ўздзейнічае на гледача - такая карціна выконвае сваю ролю мастацкага твора.
Напісанне вялікай закончанай карціны патрабуе вялікіх намаганняў, якія, аднак, не павінны стамляць аўтара. Такая праца не можа стаць пустой стратай часу, бяздумным рукадзеллем. Выкарыстанне пры гэтым уласных штудыяў павінна ўносіць навізну, каб не ператварацца ў рабскае капіраванне самога сябе. Зробленая такім чынам карціна, становіцца манументальны творам, а аўтар, які яе намаляваў - майстрам. У пейзажным жывапісе гэта такая жа складаная справа, як і ў фігурнай кампазіцыі.
Яманту ўсе гэта ўдаецца, і ў гэтым яго самы вялікі поспех.
На такую карціну можна глядзець працяглы час, яе можна адчуваць, дэталёва вывучаць і яна заўсёды будзе заставацца цікавай і новай.
У экспазіцыі ёсць некалькі такіх палотнаў: "Старыя вербы", "Дубы на Палессі", "Руіны", "Рамантычны пейзаж", "Царква ў Драгабычы" і некалькі карцін меншага памеру, але ў прынцыпе таксама манументальных, у тым ліку "Дрэвы каля вады" (№ 27).
Большасць вядомых манументальных кампазіцый Яманта з папярэдніх выстаў, ужо перайшлі ў прыватныя рукі альбо ў музеі - польскія і амерыканскія.
Да апошняга часу тэмай Яманта быў толькі пейзаж. Пішучы толькі пейзажы, Ямант паказаў, якую гаму колераў і якое багацце зместу можна выцягнуць з гэтай, здавалася б, аднастайнай тэмы.
Гледзячы на шматгадовую творчасць мастака, у ёй можна ўбачыць пэўныя плыні, характэрныя для Еўропы нашага часу. Аб гэтым некалькі дзён таму пісаў з выставы мастака рэпарцёр Кяневіч. Тым не менш, Ямант заўсёды заставаўся самім сабой і нават стварыў свой уласны стыль: "Пейзаж у стылі Яманта", стаўся дастаткова вядомым і мае сваіх паслядоўнікаў.
Дасканала ведаючы еўрапейскае мастацтва, Ямант не паддаўся распаўсюджанай модзе - малпаванню Ван Гога, Поля Гагена, Морыса Утрыла і іншых, наогул адмовіўся ад малпавання парыжскага жывапісу. З'яўляючыся, па-сапраўднаму, сучасным мастаком, ён заўсёды застаўся самім сабой. Гэта сведчыць пра яго жыццяздольнасць і ўнутраную мастацкую стойкасць.
Бачна, што магутны пейзажыст Рушчыц, паўплываў на некаторыя творы Яманта. Узор гэтага падабенства мы можам заўважыць у "Бярозах пры двары" (№ 55), але гэты ўплыў вынікае проста з характарыстыкі пейзажу а не з мастацкай школы. Мастакоў злучае паходжанне з агульнага для іх краю.
Ямант прайшоў у сваёй творчасці шмат этапаў: ад лінеарызму да імерсыўнага мастацтва [1]. У ім можна убачыць рэмінісцэнцыі Каро, Канстэбля, Брэйгеля і можа, нават рускіх мастакоў. Але так і павінна быць у таго, хто жыве мастацтвам усіх народаў і ўсіх стагоддзяў.
Нягледзячы на тое, што мы прымяняем строгія крытэрыі для аб'ектыўнай ацэнкі карцін, выпрацаваных гісторыяй мастацтва, заўсёды ёсць адзін крытэрый, які быў так лёгка ўкінуты французамі але ад гэтага ён не стаў менш важкім. Размова ідзе пра густ, смак. Што ж, трэба аддаць належнае Яманту, што яму гэтага не бракуе. Ён мае добры густ, мае прыроджанае пачуццё прыгожага, якое заўсёды гэтак накіроўвала яго пэндзаль, што ў яго ўсё атрымлівалася. Добры густ, якому сёння супрацьстаяць сучасныя плыні мастацтва.
Сапраўдны мастак павінен мець добры густ. […]
Ямант, як мы ўжо абгрунтавалі, цалкам арыгінальны жывапісец, але яго арыгінальнасць не заключаецца ў выхадзе з формаў, прынятых мастацкай культурай і традыцыяй жывапісу. У наш час, калі імпрэсіянізм адкрыў для кожнага шлях у мастацтва і права на яго асабістае ўспрыманне, калі тлумам "мас" індывідуальнасць атаясамліваецца са стварэннем мастацкіх вырадкаў, Ямант абраў сабе праз вузкую браму цяжкую дарогу ў краіну прыгажосці.
Ямант - такі адзін, і няма іншага мастака, падобнага яму. Ямант - вільнянін і гонар Вільні.
Jerzy Hoppen. Artyzm Bronislawa Jamontta // Slowo. 1939. № 42.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
P. S. Браніслаў Ямант нарадзіўся 5 жніўня 1886 года каля вёскі Дакудава на Лідчыне, маці мастака - з роду шляхціцаў Свяцкевічаў. Недалёка ад галоўнага ўвахода на старыя лідскія могілкі знаходзіцца помнік Казіміра, Генрыка і Уладзіслава Ямантаў. Казімір Ямант - бацька вядомага мастака Браніслава Яманта і банкіра Уладзіслава Яманта. У лістападзе 1932 г. газета "Слова" паведаміла, пра смерць шматгадовага кіраўніка лідскага аддзела Віленскага прыватнага банка Уладзіслава Яманта: "... 21 лістапада памёр пасля нядоўгай хваробы".
[1] Імерсіўнасць (ад аншл. immersive - "прысутнасць, пагружэнне") - гэта спосаб успрымання, які стварае эфект пагружэння ў штучна створанае асяроддзе.