Папярэдняя старонка: Мастацтва

Нячаева Галіна. Ікона на Ветцы 


Аўтар: Нячаева Галіна,
Дадана: 09-10-2013,
Крыніца: Нячаева Галіна. Ікона на Ветцы // Спадчына №3-1994. С. 59-68.



З гісторыі стараабрадчае культуры ў Беларусі

Ікона на Ветцы (а пра нізку стараабрадчых паселішчаў у гэтым рэгіёне казалі даўней менавіта так: «на Ветцы», у адрозьненьне ад пазьнейшага «ў Ветцы», г. зн. уласна ў мястэчку) - зьява амаль недасьледаваная. Адзін-два артыкулы ў навуковых зборніках, гэтулькі ж публікацыяў у часапісах ды экспазыцыя Веткаўскага музэю - вось i ўсё. Да абразоў, аднак, прыглядаюцца. Акрамя некаторых прыватных збораў, каля паўсотні іконаў, сабраных у 1969-1972 гг. з рэгіёну Ветка - Старадуб, - у Трацьцякоўцы. Есьць калекцыі ў Чарнігаве, Гомлі, Навазыбкаве - перадусім там, дзе некалі i працавалі майстры-стараверы. Пачалі ix набываць іншыя музэі - на аўкцыёнах. Ладную частку «здабычы» заходніх мытняў складаюць таксама веткаўскія абразы. Тут i губляюцца іхныя біяграфіі, i недзе ў антыкварных лаўках Мюнхена ці то на кракаўскай таўкучцы дошкі йдуць ужо проста за «рускія іконы».

Нібыта ў крывым люстэрку, ізноў паўтараецца колішняя сьветлая слава цэнтра старога іконапісаньня: «Абразамі ды кнігамі забясьпечвала Ветка ўвесь стараверскі сьвет». Толькі ўжо ня новымі, веткаўскага пісьма, якія з таемнаю радасьцяй не адно стагодзьдзе правозілі запаветнымі сьцежкамі ў Старадуб, на Чарнігаўшчыну, на Дон ды ў Малдову, у Віцебск, на Волгу, у сталіцы ды глухія скіты - паўсюдна, дзе жылі людзі «цьвёрдае веры», былі неабходныя старыя майстры ды іхныя творы. Сёньня крадком вывозяцца апошнія сьведкі тае вядомасьці, счарнелыя «васямнашкі» i «дзевятнашкі», забраныя ў бабкі альбо абмененыя ў бестурботных хлопчыкаўунукаў. Толькі чые яны ўнукі - забыта.

Апостал. 1639 г. Масква. Аправа. ХУІП-XIX стст. Ветка.

«Ах,- уздыхаюць веткаўскія бабулі, урачыста заходзячы ў музэй, - тое, што засталося, - з камаровую жменьку! (мяркуецца, што існаваў некалі ўвесь чалавек-сьвет веткаўскае іконы - яе пісьма i быцьця ў дамох старавераў). Жывуць яшчэ i легенды-ўспаміны, наккшталт тае, як заначаваў аднойчы госьць ды, шукаючы выйсьця, у цемры прыняў за дзьверы слабое сьвятло іканастасу.

Пацягнуў за ніжні кіёт - і... пасыпалася, загрымела, запалала золатам. Бо покуці (красныя куты) тыя налічвалі дзесяткі абразоў «ад столі й да падлогі». Багата якія былі ў рэзаных, з пазалотай кіётах. Ціхуткімі каляровымі зоркамі цяпліліся-служылі ўсяночную лампады.

Былое багацьце дамовых іканастасаў- рэальная й неад'емная ўласьцівасьць веткаўскае народнае культуры. У ім высьвечвае тое, чаго сучасны глядач зазвычай не ўспрымае: іканапіс i ўсе дадатковыя рамёствы, што бытавалі на Ветцы да 30-х гг. XX ст., працавалі найперш для дому, для жытла чалавечага.

Паўнатою свайго жыцьцёвага цыклу гэтае жыльлё - ці то сялянская хата ў далёкдй слабадзе, альбо вялікі купецкі дом у горадзе - узнаўлялі архетып старажытнага «дому-космасу». Цяля, узятае на зіму ў «ніжні ярус» гэтага сьвету-прасторы, не супярэчыла багатаму аўтару ў ягоным «верхнім ярусе». Вось у гэты дамовы космас, які меў свае законы гравітацыі ды ўладкаваньня, i памкнулася ў сярэдзіне XVII ст. магутная энэргія старажытнарускага мастацтва, адміністрацыйна скасаванага ў трагедыі маскоўскага расколу. Храмы ж i вольная багаслужба ў гісторыі стараверскай узьнікалі хутчэй як выняткі ў доўгай чарадзе забаронаў.

«Пишут Спасов образ Еммануила... I весь яко немчин брюхат и толст учинен, лише сабли той при бедре не писано» - перадаваў свой адчай ад «новай» іконы ўтрапёны Авакум. Адчай гэты быў пачуцьцём мільёнаў, бо столькі было абаронцаў «старое веры», згодна з даносамі цару, на мяжы XVII-XVIІІ стст.

Дзіўна - старадаўняе іконы ніхто нібыта й не адмяняў. Выдаваліся ўказы пра пераемнасьць у іканапісе запаветаў А. Рублёва. Але кола гісторыі, прабуксаваўшы ў крывавай кашы лёсаў першых стараабрадцаў, павярнулася й пайшло, i колішняя сутнасьць ужо была ўціснутая ў форму заходняга чалавека... Трагізм уласьцівы быў i новаму разьвіцьцю - бо новая культура «здымалася з чужога пляча», i гэтак, праз чужаземства, успрымалася. Спакуса далучэньня да новае, вышэйшае формы цывілізацыі, суіснавала зь непазьбежнаю другаснасьцяй культурных формаў. Уласны духовы набытак размовы з Богам быў спрошчаны, тлумачыўся на новы лад, у ім зьяўляліся ня толькі новыя пышнацелыя ўзоры, але й іншая структурнасьць. Чаго, узгадаваны эпічным ды казачным духам свае зямлі, космас народнай культуры далека не заўсёды мог вытрымаць. «Там чудеса!» - казаў пра яго Пушкін.

Чакала трагедыі i самое мастацтва стараабрадцаў. Забароны, абвінавачваньні ў ерасі, здаецца, мелі за мэту дзяржаўны клопат пра кананічнае i правільнае іконапісаньне. Але словы й паняцьці былі да мяжы спалітызаваныя, задміністраваныя, зьмененыя... Дыба ў XVIІІ («Просвещенном!») стагодзьдзі, ссылкі ды катарга ў XIX... I толькі ў 1883 г., ненадоўга, дазволілі ўваходзіць у іканапісныя цэхі майстром-стараверам. На ўсю Расею прагучаў тады аповяд Ляскова «Запечатленный ангел» - амаль што першыя словы захапленьня прыгажосьцяй народнае культуры стараабрадцаў, старажытнаю традыцыяй замілаваньня іконамі. Расказвалася ў ім пра жыцьцё будаўнічай арцелі з нашых мясьцінаў. Нечакана вялікі грамадзкі рэзананс выклікаў гэты твор. Пачалі зьвяртацца да традыцыяў іканапісу ў старавераў, дзівіліся з «наіўнага» - сьвяточнасьці калярыту. I... знайшлі пад черным, сьпечаным пакостам старых ацалелых іконаў тую сьвятлыню ды прыгажосьць. А забыцьцё старое мовы абразоў імкліва саступіла мейсца зьдзіўленьню перад чысьцінёю ix душы i ўяўнаю прымітыўнасьцяй мысьленьня, а потым - пакланеньню перад духовым i мастацкім скарбам продкаў, пра што авангардыст Матыс сказаў: «Вам, рускім, ня трэба недзе вучыцца... У вашай іконе ёсьць усё...»

Энэргія старарускае мастацкае сыстэмы, якая, нібыта сьвяты агонь, два зь нечым стагодзьдзі захоўвалася ў дамох старавераў, узьнялася, высьвечваючы i твары сучасьнікаў, на мяжы XIX- XX стст. То былі Мамантавы й Трацьцяковы, Марозавы й Мальцавы - буйныя мэцэнаты ды калекцыянэры, неабыякавыя да ўсялякае формы творчасьці: ад драўлянае народнае цацкі да нявартага ўвагі ў Расеі заходняга авангарду. Расейскае купецтва, узгадаванае ў тых самых дамох-космасах пасадзкай культуры, патрабавала пераацэнкі ўласнае нацыянальнае мінуўшчыны. Пераглядаліся ўжо тыя каштоўнасьці, якія раней не належалі да афіцыйнай культуры.

Самая ж рака пасадзкае культуры нясе Ў сабе i веткаўскую плынь.

Ну, а калісь, напрыканцы XVII ст., на старадубскія землі, а потым i «за польскую мяжу», у Вялікае Княства Літоўскае, ва ўладаньні паноў Халецкіх ды Любамірскіх зьбіраліся тысячы й тысячы - болей як з дваццацёх губэрняў Расеі. Акрамя сялянаў, што пакаштавалі дарогаю да раю ўсялякіх «дабротаў» у бранскіх лясох, абрала сабе лес выгнаньнікаў бязьбеднае й незалежнае племя купцоў. Вось каму ўжо ня варта было баяцца заходніх уплываў, бо на працягу пакаленьняў гадаваліся ў ix пераемнасьць ды павага да іншых культураў. Дый беглі ў заходнюю дзяржаву, у Княства. У Хальчы нейкі час быў нават фарпост езуітаў. «Ревнуя по полноте церковной», пасадзкія людзі зь Веткі зьбіралі хадакоў у Канстанцінопаль, ажно ў Папы Рымскага шукалі дазволу мець свайго біскупа «дрэўляга праваслаўя».

Нарэшце біскупа адбілі па дарозе на катаргу, куды яго выпраўлялі на царскі загад. Узрадаваушыся волі, той гнаны біскуп «вярнууся» да старой веры, i, атрымаушы поуны чын сьвятарства, Ветка радавалася ды расстауляла папоу «па ўсёй Русі». Праўда, плацілі за тую радасьць крывёю у лёхах Праабражэнскага прыказу i сьцюдзёных астрожных зрубах. А у патаемных кельлях манастыроў упартыя былі закаваныя ў ланцугі... Уратаваны ж ад катаргі біскуп i гэтым разам здрадзіў, i на ягоную мальбу «аб вызваленьні», дасланую Ў Пецярбург, ужо былі накіраваныя i прабіраліся па лясох войскі. «Вызваляючы» катаржніка-біскупа, салдаты палілі паселішчы й храмы, «канфіскоўвалі» каштоўную маёмасьць веткаўскіх цэркваў i манастыроў, забівалі й хапалі абаронцаў свае вольнасьці; каго засьпелі зьнянацку, гналі сем'ямі праз усю Расею на Алтай.

Нам не падняць цяжару ўсіх тых пытаньняў, якія тады абрынуліся ў адначасьсе, утварыўшы раскол у духовым храме. Розныя для людзей усялякага стану тлумачэньні «веткаўскай вабнасьці» аб'ядналіся ў тым, што выдыхнуў адзін з узьнятых на дыбу: «На Ветцы жыць добра... мірна й вольна!»

Новыя мясьціны называліся ў «Летапісе Веткаўскай царквы» «зьверапасьвеннымі», што зразумець няцяжка, згадаўшы пра запаветныя дубровы па берагох старых славянскіх рэкаў. Багацьце воднае ды лясное здавалася ўвасабленьнем раю (пазьней у нашчадкаў тых «сямейскіх» веткаўцаў на Алтаі М. Рэрых запіша легенду пра Белаводзьдзе - Рай на Зямлі). Сюды ж, на Ветку, несьлі цёмнымі калускімі лясамі з пакінутае царквы антымінс, асьвячоны яшчэ патрыярхам Іосіфам. Несьлі i цудадзейны абраз Маці Божай Казанскай (ці ня той, xvii ст., які зараз у экспазыцыі Веткаўскага музэю - шкада, што пакуль часова, г. зн. музэю не належыць). Антымінс несла любімая вучаніца Авакума, Маланьня. У 1695 г. быў асьвячоны храм Пакрова - адзіны, дзе служба ішла па-старому да 1764 г., году другога выгнаньня Веткі. Пасьля запаветы Веткаўскае царквы, «калыскі нашае», як завуць яе стараверы, пяроймуць Іргіз, Масква. Але здарыцца гэта ў канцы XVIII ст. А пакуль што цэнтар старое веры быў тут, i толькі рэшткі ягонае значнасьці даходзяць да нас у дзясятках царскіх загадаў, тамох барацьбы й выкрываньняў, пратаколаў i гістарычных трактовак, прысьвечаных Ветцы й Старадубу. Тамы выдаваліся пад царкоўнаю ды царскаю цэнзураю, i веткаўцаў там ня надта хвалілі, а культуру ігнаравалі ўвогуле.

Як не хвалілі i ў адной-дзьвюх кнігах, якія выйшлі пасьля рэвалюцыі. Аўтары na традыцыі працягвалі ганіць старавераў, але ўжо не за ерась, а за рэлігійны фанатызм. Багата знайшлі сярод ix i «ворагаў народу». Так што мала хто з майстроў памёр сваей сьмерцяй i дома, а культурнай традыцыі была назаўсёды закрытая дарога ў нашую «сьветлую будучыню». Услаўляць жа «боскім пісьмом» райскія перавагі калгаснага жыцьця, як тое рабілі ў Палеху (чым рамяство й мастацтва захавалі!),- не знайшлося разумнага інтэлігента. Уласны, арыгінальны вобраз тутэйшае прыгажосьці, матчыным улоньнем для якой была зямля Веткі, памежжа культураў славянскіх народаў, з усім буянствам характараў i людзей яе, дый самога мастацтва - вобраз той прыгажосьці быў не патрэбны «сацыялістычнай культуры» ніводнага з гэтых народаў. «Чужы клясава ды ідэялягічна», ён не ўпісаўся ў стэрэатып фальклёрнага вобразу-ўзору, дазволенага кожнай рэспубліцы - накшталт кветачкі для зацьверджанага вянка «пятнаццаці сёстраў».

«Шуфлядкавага» паходжаньня i некаторыя сучасныя вызначэньні. Гэтак, стараабрадчае шытво пацеркамі ў маекоўскім тэлерэпартажы з чарнігаўскае выставы названае старадаўнім народным украінскім мастацтвам, беларускія знаўцы доўгі час зусім не зважалі на Ветку як рассаднік «чыста расейскай культуры», а ў Цэнтральнай Расеі пра веткаўскія іконы гавораць: у нас не было такога i быць не магло!

Воды гісторыі - ня сетка мэліярацыйных каналаў. У XVII-XVIII стст. беларускія майстры пераходзілі часам у «старую веру» на Ветцы, каб навучыцца мастацтву, роднасьць якога тады беларускі іканапіс выразна адчуваў i захаваў для нас у помніках. А сама Ветка піла тутэйшае паветра, чэрпала прыгаршчамі жывую ваду беларускіх рэк.

«I тыя слабоды нібы прысьветлыя гарады расстаўленыя»,- адзначаў мясцовы летапісца напрыканцы XVIII ст., перадаючы міталягізаванае, адухоўленае адчуваньне гэтай зямлі. Усьлед за «мейсцамі зьверапасьвеннымі» рэалізавалася другое ўвасабленьне раю - горад. Нядоўга было чакаць i трэйцяга. Вобраз саду, цудоўнага й жывога, быў, бадай што, асноўным у культуры веткаўцаў, жыцьцё якіх зноў вярнулася да зямлі, у кругазварот прамога супроціпастаўленьня стыхіі й чалавека. Стыхія ў жыцьці перамагалася садам, што стараверы разумелі літаральна. «Яблыкі на берлінах, на баржах сплаўлялі - да Чаркасаў, да Чорнага мора...»,- узгадваюць старажылы. Што ж тычыцца духовай іпастасі саду, дык трэба спачатку адзначыць, што дзёрзкая Ветка ўспрымала мастацтва як сынтэз i занялася адразу: будаўніцтвам, фрэскай, іканапісам, залатым шытвом ды саджэньнем каменьняў i пэрлінаў, чаканкаю ва ўсіх яе формах (ад чэрні да залачэньня й гравіроўкі), разьбою залочаных іканастасаў i кіётаў; пісаньнем i ўпрыгожваньнем кніг, ix пераплётам, складаньнем тамоў выбраных твораў - кананічных, апакрыфічных i ўласных. Духовая музыка, запісаная некалі старажытнымі нотамі - «крукамі», данесла да нас «веткаўскія расьпевы». I яшчэ да трыццатых гадоў навучаліся дзеткі ў «майстрых» сьпяваць па крукох. Акрамя таго, за традыцыяй, асяродкамі збору й захаваньня сапраўдных шэдэўраў былі самавольныя манастыры, майстэрні дый сем'і старавераў.

Стаўленьне да іконы, гэтак цудоўна паказанае ў Ляскова, сустрэлі мы сёньня. «Дзеткі мае, я імі (іконамі.- Г. Н.) толькі й красуюся»,- сказала гаспадыня хаты, сьветлай ад беднасьці й чысьціні, з цудоўным іканастасам на покуці. Ікона была неад'емная ад цэльнага разумейьня «майстэрства». «Яны майстэрствам сваім i сёньня ў купецкім стане вольна карыстаюцца»,- пісаў пра веткаўцаў у XVIII ст. А. Іаанаў. Захаваліся тут ня толькі шматлікія стылістычныя рысы, але нібыта i сам сынтакс, сам дух старажытнай сыстэмы разуменьня сьвету ды мастацкага мысьленьня.

Вобраз саду, зь ягонаю багатаю традыцыяй у хрысьціянскай культуры, быў пераняты на Ветцы горача й цалкам i не апускауся ніколі да «пустой» арнамэнтальнасьці. Сама арнамэнтальнасьць успрымалася як адзінае цэлае, таму што нараджалася з жыцьця гэтага вобразу, празь ЯГО ажыцьцяўляўся увесь сынтэз веткаўскіх «мастацтваў» (ад таго, што ў гэтым стараабрадчым сьвеце настолькі цесна суіснавалі эсхаталёгія сялянаў-«беспапоўцаў» i жыцьцесьцьвярджальная энэргія саду, родная для пасадзкага, «папоўскага» расколу; таму, што тыя й другія ЖЫЛІ на Ветцы - веткаўскі «космас» быў толькі больш поўны, больш экзыстэнцыйны). «Траўныя пісьмы» злучалі культавае (але хатняе, якое жыло ў доме) мастацтва з каляровым побытам: расьпісным начыиьнем ды хусткамі (мануфактуры раскольнікаў займалі па вытворчасьці далека не апошняе мейсца, i ў квяцістых арнамэнтах «атласак» знаходзіш часам забытыя паганскія сымбалі). Гэты арнамэнт яднаў «нутраны» дамовы побыткосмас з вобразам рэальнае прасторы: веткаўскі дом прарастае ў жывую прыроду, «перацякае» ў сьвет праз карункі дамовае разьбы, дзе тая ж стыхія расьлінаў нясе ў сабе перуновыя стрэлы й калёсы. Распрацоўваючы ўласныя арнамэнтальныя матывы, мясцовыя чаканшчыкі, разьбяры, іконьнікі ды пісцы спалучалі элемэнты стыляў розных эпохаў, імкнучыся да адзінства рытмаў i глыбіннае вобразнасьці.

Расьлінны «код» быў моваю ў дыялёгу паміж Усходам i Захадам. Сярод прычынаў раптоўнае блізкасьці культуры барока стараверам - старанная распрацоўка ў ёй будовы сусьвету, i чалавечай душы ў прыватнасьці, у расьлінным ключы. Празь яго выяўляўся ўвесь эмацыйны парадак: ад тактыльнага, датыкальнага замілаваньня падрабязнасьцямі прыроднага i зямнога да захапленьня перад божым провідам у фантастыцы райскага саду, да разрыву й трагізму незьяднанасьці дзьвюх гэтых хваляў прыгажосьці, што вечна імкнуцца адна да адной. Энэргія гэтага вобразу на Ветцы нагэтулькі моцная, што й сёньня можаце вы адчуць яе, калі зьвернеце ўвагу на дамовую разьбу: ліштвы кожнага вакна доўжаць тую ж рытмічную i вобразную драму «верхняга» й «ніжняга» - ад усплёску барочнае хвалі да ідэі райскага саду ў самым арнамэнце, з паганскімі матывамі агню ды вады, Арла й Рыбы.

...Калекцыя прорысаў, якую зьнялі мы з гарышчд дома майстра-іканапісцы, складалася зь лістоў XVII-XX стст. На адным зь ix - надпіс XVII ст.: «Нікіціна іконьніка Халмагорца». Што ў гэтых рысунках? Умоўныя абазначэньні патрэбных колераў на фонах ды вопратцы тых, хто напісаны. Сотні іконаграфічных узораў, i зь ix - каля дзясятка варыянтаў аднаго сюжэту; прорысы, зьнятыя з абразоў у розныя часы i ў розных мейсцах. Дэталізацыя арнамэнтаў, надпісаў, службовыя надпісы «с весьма древняго», уладарчыя «отца Феодосія», даты, шыфроўкі, спробы ўласнага майстэрства й заўвагі настаўніка. I мабыць, адныя з надзвычай рэдкіх (калекцыя ж унікальная ўвогуле) - ператворы выяваў зь іканапіснай манэры ў жывапісную i наадварот.

Так, трэйцім, найбольш значным пластом сярод старавераў (пасьля ўзгаданых раней купцоў-прамыслоўцаў i сялянаў) былі мастакі ды майстры-рамесьнікі. Тыя, хто самой матэрыяльнасьцяй увасабленьня духовай культуры ва ўласным майстэрстве зьвязаны з культураю гэтаю як наймацней - мастацтвам рукі i веданьнем рамяства, рытмамі й праўдай таго асяродзьдзя, у якім працавалі з маленства й жылі. Трывалая была памяць пра ролю майстра, ягоную духовасьць. «Калі працавалі-сьпявалі ўсе. Сядуць за варштат у падвале свайго дома i засьпяваюць - усё сьвятое. Людзі, бывае, ідуць па вуліцы i спыняюцца, i слухаюць. Зьбяруцца i стаяць, пайсьці ня могуць...» - распавядае жанчына пра сваіх дзядоў-чаканшчыкаў. «Прышоў неяк да дзеда старац i кажа (як сёньня помню словы ягоныя, такімі дзіўнымі падаліся): - Розныя будуць майстры. Але вашая праца ўжо не паўторыцца. Гэткіх майстроў больш ня будзе.- Дык жа праўду сказаў»,- гаспадыня гартае лісты сьпеўнай кнігі, перапісанай адным зь яе дзядоў, i мацнеючым голасам пачынае сьпяваць старадаўні матыў. I мігціць на сьцяне залочаны мэталь аправы на вобразе Збаўцы. Сьвятло драбіцца на ягонай філіграннай паверхні i чамусь расплываецца...

А ці мог за кароткі час існаваньня веткаўскае духовае гравітацыі сфармавацца тут уласны стыль іконнага пісьма? Двойчы спаленая, Ветка ў 1772 г. далучаецца да Маскоўскае дзяржавы і, значыць, губляе сваю былую недасягальнасьць. Перадаўшы энэргетычны імпульс наступным цэнтрам стараабрадзтва, яна засталася аўтарытэтам у ягонай гісторыі i культуры. Але сусьвет тут, хоць i нядоўга, існаваў; i віраваў кругазварот духовых ды мастацкіх каштоўнасьцяў. Адбітак жывога гэтага руху застаўся на тутэйшых іконах. Ужо самая спадчына старажытнай Русі была напоўненая небясьпечнымі «заходнімі» ідэямі ў

ст., да заснаваньня Веткі, куды i несьлі яе першыя перасяленцы. А беглі яны сюды з Поўначы, Дону I Волгі, з Масквы. Працавалі тут майстры i з абодвух Ноўгарадаў.

Пра тое, што Ветка мысьліла сябе духовым эпіцэнтрам, што тут адбываўся адбор i кадыфікацыя ўсяго збору Іконных сюжэтаў, сьведчыць уласная рукапісная традыцыя. Сярод знаходак Маскоўскага ўнівэрсытэту (археаграфічная экспэдыцыя 1970-1972 гг.) - мясцовыя зборнікі, спэцыяльна прысьвечаныя абразам ды іканапісу. Адзін зь ix - «аграмадны канвалют» мяжы XVII - XVIIІ стст.- «цалкам аддадзены цудам Божае Маці i зьяўляецца адметнаю i вельмі поўнаю энцыкляпэдыяй рускай марыялёгіі». Кніга адлюстроўвае псыхалёгію старавераў зь яе глыбокаю павагаю да старажытных рукапісаў і, разам з гэтым,- высокую культуру пісца, ягоную шырокую дасьведчанасьць у падзеях ва ўсіх куткох Расеі, а пры цудоўным веданьні беларускага матэрыялу - павагу ды цікавасьць да іншых мясьцінаў. Філялягічная адметнасьць зборніка дазваляе «ўбачыць у ягоным складальніку... хутчэй за ўсё беларуса». Намаляваныя мініятуры ў падобных выданьнях дапаўняліся ўшыванымі гравюрамі, у тым ліку заходнімі. А знаходкі ў нашыя, «пасьляпажарныя» часы ў рэгіёне Веткі кніжных помнікаў, пачынаючы з XV ст., сьведчаць ня толькі пра звыклую «кансэрватыўнасьць» старавераў, што пакідае адно варыянт мэханічнага захаваньня асьвячоных памяцяй узораў, але й пра каштоўны духовы пласт не вядомае нам народнае культуры. Згадайма, што адначасова ў культурнай прасторы ВеткІ бытавалі кнігі, якія прыйшлі сюды з розных мясьцінаў i эпохаў i маюць разьлегласьць у часе ў сотні й сотні гадоў. Тэраталягічны стыль балканскага арнамэнту суіснаваў са зьвярыным, але цалкам іншым стылем часоў Адраджэньня. Кнігі XVI, XVII i наступных стагодзьдзяў, захаваныя i пісаныя тут, увасабляюць нязвыклае для нас нараджэньне, перацяканьне стыляў. «Драбнатраўныя» літары з гатычных манускрыптаў абрасталі «рыцарскімі» плюмажамі, візантыйскі канон «сумеўся» ад маньерызму, клясыка ініцыялаў Адраджэньня й самых шрыфтоў закіпала барочным рухам. У глыбіню народнае касмалягічнае сьведамасьці траплялі клясыцызм i ракако.

Веткаўцы былі спадкаемцамі пасадзкага мастацтва - найбольш дэмакратычнай, пераймальнай ды жыцьцярадаснай стыхіі з усяго набытку старажытнае культуры. I да «новых» стыляў яны ставіліся адпаведна, сьвята трымаючыся прынцыпу дыялёгу культураў, які заўсёды быў сутнасьцяй усялякае жывое традыцыі.

I яны прыйшлі на зямлю, якая ў тым самым XVII ст. выпраўляла сваіх майстроў упрыгожваць Маскву цудоўнаю драўлянаю рэзяй ды паліванаю кафляй, на зямлю, што дала мастакоў ды філёзафаў; у мясьціны, якія знаходзіліся паміж двума цэнтрамі духовасьці - Кіевам i Магілевам. Гэта былі, згодна з касьмічнаю тэрміналёгіяй, «пульсары» праваслаўя, і, жывучы стагодзьдзямі ў абшары дачыненьняў розных тыпаў культуры, яны ўжо мелі ўласны набытак. Абодва цэнтры былі найбуйнейшымі вытворцамі прадметаў культу, поўных «сьвецкага зачараваньня»: чаканкі, жывапісу, разьбы, гравіраваных кніг... Палемічная й палымяная Ветка разумела, што для дыялёгу патрэбная агульная мова, таму абразы i кнігі яе не былі ніколі замкнёнымі на сабе копіямі старадаўніх узораў, не былі мёртвым).

У тэрміне «нізавое ўзаемадзеяньне культураў» гучыць для нязвыклага вуха адценьне пагарды. Уяўленьне пра тое, што «высокая» культура стваралася па волі каралёў i ў іхных майстэрнях, спарадзіла непазьбежнае адчуваньне «горшасьці» па меры аддаленасьці ад палацаў, а сялянства наагул выносіць за межь) культурнасьці. Што прызнаюць i сялянскія дзеці, імкнучыся ў гарады.

А старажытнае разуменьне таго, што Бог бывае «іде же захощет», вызначае культурную патэнцыю мейсца як амаль непарыўную i прызнае ўзьнікненьне новых крыніцаў энэргіі (напр., зьяўленьне іконаў) за цудоўную, але неад'емную i трывалую ўласьцівасьць культуры. Сучасная культуралёгія трымаецца, хутчэй за ўсё, гэтага назіраньня. А генэратарамі адметнай культурнай энэргіі зьяўляюцца менавіта абшары ўзаемадзеяньня культураў, найболей далёкія ад абодвух (ці некалькіх) цэнтраў.

На тэрыторыі нашага рэгіёну існуе нейкае ірэальнае «заглыбленьне», якое прымушае межы, зварушаныя перасяленьнем народаў, гандлем ды войнамі, на працягу стагодзьдзяў ці нават тысячагодзьдзяў ізноў вяртацца назад.

Заплаціўшы за волю асабістаю трагедыяй, веткаўскія майстры працавалі «як Бог дасьць» (пазьней мы сказілі ў сэнсе прымаўкі найвышэйшую цэнзуру сумленьня). «Нізавое» ўзаемадзеяньне культураў праходзіла праз рукі й душы яе непасрэдных творцаў - мастакоў, разьбяроў i ўсіх, усіх... Для веткаўцаў гэты працэс ня быў далёкім ад іхнага зямнога жыцьця дзівацтвам «паноўных клясаў», якое, у лепшым выпадку, магло паўплываць на стыль правінцыйнае моды. Пытаньне стаяла пра лад i будову сусьвету. I яно хвалявала кожнага, бо раскол закрануў лёс любога з тысячаў тых, хто зьбіраўся тут некалі на свае «міры» - сходы ca старой вечавой традыцыяй («1853 году чэрвеня 20 дня быў мір у мястэчку Чарнобылі», - чытаем мы запіс на старонцы старадрукаванае кнігі i сьцінаемся ад супадзеньня й тугі па сваім страчаным міры). I ў іншым мейсцы, у летапісе: «Чарнобыльцы ж веткаўцаў (тады Веткай ужо называлі самое мястэчка) папракаюць: «вашыя жонкі, маўляў, у вашу царкву ходзяць у какошніках i сарафаны носяць з выемкамі».

«Мірскі» характар культуры веткаўцаў заўважылі ня толькі чарнобыльскія раўніўцы. I ўсе значэньні слова «мір» былі культурна засвоеныя тут. Жывучы «ў міру», «веткаўскія слабоды разрасьліся за нейкія 5-10 гадоў у буйны гандлёвы цэнтар, які трымаў у руках гандаль паміж левабярэжнай Украінай i Беларусяй». Жывучы «ў міру», Ветка ўражвала сьвяточнасьцяй свайго быту - на жаль, назаўсёды згубленага, бо не глядзяць у ліхія часы расьпіснога начыньня ці шытых тамбурам мусьлінавых рукавоў. Важкія пэрлы з какошнікаў ды завушніцы-«кошыкі» ратавалі ад голаду (гэтыя рэчы й багата што іншае са старажытных убораў бачыў яшчэ ў 1907 г. этнограф I. Абрамаў). Падчас пажару выносяць з агню тры каштоўнасьці: роднае, сьвятое і надзённае. I грэлі, хаваючы на грудзёх, дзіцё, ікону ды лусту хлеба. А што ўжо лічыць надзённым, што сьвятым - нам сёньня i не зразумець.

...Мы заходзім у дом. Старая жанчына, седзячы ля вакна, чытае «Апостал» работы Івана Фёдарава - кнігу 1574 году...

Кніга ў народнай культуры - тэма грунтоўнага неабыякавага дасьледаваньня. Нам жа, каб зразумець мастацтва Веткі, важна ўявіць, наколькі значнаю была роля кнігі i якім асаблівым перапляценьнем старажытная біблейская вобразнасьць прарастала ў гэткі ж стары славянскі фальклёр, як цудоўна i непаўторна - ужо назаўсёдыі - плыла мова, рассыпаліся i зноўку зьбіраліся на нітку пэрліны гутаркі, як яны складваліся ў малюнак, падобны да тога, што вышывалі майстрыхі на тутэйшых аправах іконаў. Аправы тыя рабіліся каляровыя - да дваццацёх i болей адценьняў пацерак налічваюць некаторыя творы мясцовага шытва. Набліжанасьць да зямлі, каляровая атмасфэра быту, жыцьцярадаснасьць культуры адбіліся ў фарбах шытва, але, пэўна, найбольш адпавядае яму багацьце мовы старых веткаўчанак. Нам важна ўявіць i тое, што апавядальная і сымбалічная аснова мясцовых абразоў, таксама як багацьце іканаграфіі, збораў аднаго сюжэту, грунтуецца на значнай пісьменнасьці стараабрадцаў. Болей за тое, пісьменнасьць пераважна была «на слыху», вобразы й тэксты хутка аднаўляліся на памяць і, суадносячы надзённае зь вечнасьцяй, ператваралі ўласна быт - у быцьцё. У духовай «палітры» веткаўцаў абавязкова прысутнічае неба, што толькі й надае культуры свабоду існаваньня, бо паказвае дзейнасьць чалавека ў прасторы між духовым i матэрыяльным.

Гэтак, пісьменнасьць была адным з «заказчыкаў» i дыктавала асаблівасьці іканапісу. Таму найбольш поўную калекцыю складаюць варыянты любімага сюжэту «Пакроў Найсьвяцейшае Маці Божае». Нюансы думкі перадаваліся наказам Марыі ў розных іпастасях, выяваю Хрыста, рытмічным малюнкам самой кампазыцыі, маштабам, складам ды колькасьцяй пэрсанажаў, будоваю храма i спосабамі паказу самога покрыва: у выглядзе пакрывала-мафорыя, паднятага анёламі, ці то як поясаамафора, які трымае на ўзьнятых руках Маці Божая. Усе дробязі свабодна тут чыталіся i шчыра перажываліся. Найбольш характэрная рэдакцыя, дзе зьмешчаныя разам абодва сымбалі покрыва: накідка-мафоры над Маці Божаю i пояс у яе руках (Ноўгарад i Масква малявалі па-рознаму). Міжволі ўзгадваюцца словы з даносу пач. XVIII ст.: «А сёлета бегла на Ветку: слабада наўгародзкіх ды ніжагародзкіх, ды дамская слабада, ды маскоўскіх двароў пад трыста старых слабодаў...».

Вясковая «бабуля» (валявое й палымянае аблічча якой аніяк не вязалася з гэтым словам) прамовіла: «Нарэшце i гаспадар у доме зьявіўся!» - i заплакала з палёгкаю. То мы прывезьлі ёй кнігу «Николино житіе». Ікона Міколы ў доме была, але зараз вобраз займеу сваё жыцьцё, як мае яго блізкі чалавек. I на ўсё яе мінулае жыцьцё ўжо падала сьвятло духовага шляху Міколы. Па старонках i гадох можна было зразумець i ўласны лес. Душа (адвечна жаночае, любоу i ахвяриасьць) знаходзіла Гаспадара (спрадвеку мужчынскае, Дух).

Падобнае адушаўленьне - не дэградацыя сэнсу. Успрыманьне вобразу як асобы ўласьцівае для старажытнай культуры. Сучасныя культуролягі вызначаюць, што аўтэнтычны культурны тэкст паводзіць сябе ў дачыненьні да нас як асоба. На асабісты кантакт быў разьлічаны й сам абраз, i ягонае аздабленьне, i ўвесь комплекс Покуці (Краснага Кута). Кіёт быў прыстасаваны для цяжкага жыцьця абраза ў хаце, доме... Сьпераду дзьверцы са шклом, ззаду - глухая сьценка, часта i шчыліны заклееныя папераю - амаль гермэтычны, а «дыхае». Заўважце: абраз у кіёце не чарнее гадоў сто. Кіёт значна большы за ікону памерамі: ікона каля 30-40 см, а ён - 60-80. Усё мейсца ад абраза да рамы займала разьба. Рэзалі ліпу i крылі сусальным золатам. Разьба гэтая ў старавераў-веткаўцаў паходзіць ад барочнай «беларускай рэзі навылётнай», што ўпрыгожыла ў XVII ст. іканастасы маскоўскіх хорамаў. Улюбёныя ўзоры кіётаў - вінаградныя гронкі й лісьце, кветкі яблыні, ружы. Па кутох - барочныя завіткі, ад чаго залаты сад пасярод прастакутнай сваёй «агароджы» нібы пастаянна рухаецца. Кіёт - не іканастас. I не барочная пышная рама, хоць i паходзіць ад ix. Тут бляск, ілюзорнасьць ды фантастычнасьць разьбы служаць іншаму вобразу (таму, які закрывае ў хораме дарогу на аўтар, а Ў хаце робіцца ўваходам Краснага Кута). Гэты райскі сад нібыта нараджаецца з агню, рытмічна асьвятляючыся сьвечкаю падчас малітвы. Унутраная рама-аснова пад навылётнымі гронкамі й кветкамі - таксама накрытая золатам i гнутая, таму полымя сьвечкі адбіваецца й факусуецца ў форме сьвятлівае сфэры, якая аддзяляе нас ад штодзённай мітусьні, ад пабытовай прасторы дома. I вы, стоячы на мяжы таго сьветлага арэолу, далучаныя да іншае, цудоунае існасьці.

Адпаведнасьць чалавеку i дому (выява невялікая, але й ня дробная) і характер вобразу Маці Божае (у якім чысьціня спалучаецца з душэунай адкрытасьцяй, даступная для перажываньня, але ніколі не пераходзіць у саладжавую вонкавую сантымэнтальнасьць), i «веданьне» асабістых, хатніх бедаў ды радасьцяу (выбраныя сюжэты) - усе гэтыя «этнаграфічныя» падрабязнасьці былі фарматворчымі чыньнікамі. Таксама як тое, пра што мы казалі вышэй: культавая дасьведчанасьць веткаўцаў i адначасна насычанасьць абразоў даўнім паганскім духам; магутная па захаванасьці структурная арганізацыя мовы іканапісу i жывое адчуваньне яе здольнасьці спасьцігнуць i сучасную для іканапісцы рэальнасьць; жывы дыялёг заходніх i ўсходніх рысаў, які замацоўваўся ды разьвіваўся на Ветцы ва ўмовах «нізавога ўзаемадзеяньня культураў»...

Усе гэтыя ды іншыя рысы былі нібы сілавымі лініямі, якія ўтвараюць духовае поле веткаўскае культуры. Ікону, створаную тутэйшымі майстрамі, ужо можна пазнаць між іншымі.

Убраньне іконы - шытая рыза, каваная аправа - захавалі багацьце старых тэхналёгіяў, але ахіналі абраз больш цёпла i шчыра, як любоўна вышытая кашуля. Ікону ўпрыгожвалі, мабыць, не як паганскага бога, а як чалавека блізкага, хатняга. Тэма народзінаў складанага мясцовага арнамэнту, спалучэньня й асэнсаваньня ў ім элемэнтаў розных эпохаў, як i імёны вышывальніц, чаканьнікаў, разьбяроў ды пазалотчыкаў - тутэйшых майстроў, знойдзеныя намі за апошнія гады - нагода для асобнай размовы. Травы i кветкі дыхалі ў арнамэнце, перадаючыся праз многія дзясяткі пакаленьняў. Шытво, i чаканка, i рэзь, як i сам вобраз іконы, захавалі блізкае для народнай культуры ды іконнага мысьленьня ўяўленьне пра стварэньне сьвету, сьветабудову,- у кожнай рэчы, няхай то ручнік-набожнік, хлеб, рукапісная кніга альбо шытая рыза для іконы й сама ікона.

...Сёньня мы ледзь закранулі ў гэтых нататках культуру Веткі. Магчыма, пяром неабыякавым, бо нарадзіліся й вырасьлі тут. Але такія зьявы, як Ветка, безумоўна, цікавыя, i ня толькі для гісторыі расейскай культуры, як гэта думалася раней. Ветка была сынкрзтычным, «білінгварным» утварэньнем. Гэтая, маленькая зараз, крынічка належыць усім усходнеэўрапейскім культурам. Яна цікавая й патрэбная нам сёньня - у нашай экзыстэнцыйнасьці.

Як культурны тэкст - веткаўская традыцыя мела свой твар, здольная была да асабістай размовы з намі, што i зьяўляецца галоўным доказам ейнага існаваньня. Невядомага, праўда, ды гэтага нам не пазычаць...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX