Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Лідзянка Каміла Юрэвіч з Нарбутаў – наша першая феміністка 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 01-03-2026,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідзянка Каміла Юрэвіч з Нарбутаў – наша першая феміністка // Наша слова.pdf № 12 (221), 25 сакавіка 2026.

Спампаваць




Пісьменніца XIX ст. з Лідчыны Каміла Юрэвіч з Нарбутаў (~1815–1881), якая жыла і працавала ў маёнтку Юршышкі, дачка аднаго з піянераў нашай гістарыяграфіі Юстына Нарбута, сваячка Тэадора Нарбута, мала вядомая навуковаму свету і шырокай публіцы.

Творчы даробак Камілы Нарбутоўны (дэбютавала ў друку ў 1829 г., яе апошні твор апублікаваны ў 1874 г., апошні твор, які захаваўся ў рукапісе, датуецца 1879 г.) уключае два раманы, аповесці, апавяданні, дарожныя нататкі, шмат вершаў, пераклады з французскай мовы і г. д. Усе яе галоўныя творы былі надрукаваны ў Вільні, у вядомых друкарнях таго часу.

Пераклад невялікага твора лідскай аўтаркі, які друкуецца ніжэй, можна вызначыць як першы ў нашым краі фемінісцкі тэкст, які Каміла надрукавала ў 1852 г. у Вільні, у друкарні Адама Завадскага (1814–1875) і ўключыла ў свой калядны зборнік[1]. У сярэдзіне XIX ст. такія літаратурныя калядныя зборнікі-падарункі, так званыя «калядкі», былі даволі распаўсюджаныя ў Еўропе. Зборнікі ўтрымлівалі як вершаваныя, так і невершаваныя творы, папулярныя песні, шарады, лагагрыфы і малюнкі. Часам такія кніжкі прызначаліся для канкрэтных асоб, часам для больш шырокай аўдыторыі. Назва кнігі Камілы сведчыць аб тым, што яна прысвяціла свае «Калядкі» родным і сябрам.

«Ліст да Аляксандры М...» – важны і цікавы твор з гэтага зборніка, бо ў ім упершыню ў нашым краі ставяцца пытанні роўнасці і свабоды жанчын і жаночай адукацыі. Адрасатам менавіта гэтага літаратурнага ліста магла быць Аляксандра – дачка дзядзькі Камілы Казіміра Нарбута (~1770 – да 1834 гг.). Кніга з'яўлялася і своеасаблівым развітаннем з яе дзявоцтвам – праз год Каміла выйшла замуж за шляхціца Ігната Юрэвіча (1820–1872). Калядную кнігу Нарбутоўны таксама можна звязаць з важным эпізодам у яе творчай біяграфіі – супрацоўніцтвам з рэдакцыяй віленскага альманаха «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік») Рамуальда Друцкага-Падбярэскага (1812–1856). Са спісу падпісчыкаў у IV томе (1849 г.) бачна, што Каміла Нарбутоўна і Тэадор Нарбут выпісвалі гэтае выданне, у гэтым жа томе друкуюцца вершы самой Камілы, а таксама вершы Адынца, Сыракомлі, Зана і Габрыэлі Гюнтароўны (потым Пузыні).

У 1843–1846 гадах Paмyaльд Падбярэскі ўласным коштам выдаў у Пецярбургу тры тамы літаратурна-навуковага альманаха «Rocznik Literacki», чацвёрты том – Вільні ў 1849 годзе, у якія ўклаў значныя сродкі. На яго старонках публікаваліся творы Я. Баршчэўскага, Т. Лады-Заблоцкага, Л. Штырмера, а таксама музычная паэма Антона Абрамовіча «Беларускае вяселле». Важна, што ў сваіх публіцыстычных артыкулах, Падбярэскі горача і паслядоўна абараняў беларусаў ад шавіністычных нападкаў, адстойваў прыгажосць беларускай зямлі і шляхетнасць яе жыхароў. З ycёй твopчaй cпaдчыны Paмyaльдa Пaдбяpэcкaгa acaблiвyю цiкaвacць мae ягo пpaгpaмны apтыкyл «Бeлapycь i Ян Бapшчэўcкi», дзe aўтap зpaбiў aгляд бeлapycкaй лiтapaтypы cвaйгo чacy. Baжным мoмaнтaм y гэтым apтыкyлe былo тoe, штo aўтap acaблiвyю ўвaгy звяpтaў менавіта нa бeлapycкaмoўнyю твopчacць пicьмeннiкaў, нaдзяляючы ix тытyлaм «нapoдныx». «Kaб быць нapoдным, тpэбa cлyжыць нapoдy – тpэбa пicaць нa мoвe гэтaгa нapoдa», – пісаў Падбярэскі. Гэтыя cлoвы кpытыкa мoжнa лiчыць кpaeвyгoльным кaмeнeм нoвaгa бeлapycкaгa лiтapaтypaзнaўcтвa, нoвaй бeлapycкaй лiтapaтypы, зaўвaжыў прафесар Miкoлa Xaўcтoвiч y aўтapэфepaцe cвaёй дыcepтaцыi.

Творчасць Камілы Нарбутоўны дэманструе не толькі ўсебаковую адукаванасць аўтаркі, але і яе ўнутраную свабоду, незалежнае мысленне і нават вялікую смеласць, пры  ўсё яшчэ скептычным стаўленні большасці грамадства да жанчыны-пісьменніцы, пра што Каміла пісала у сваёй аповесці «Вандроўка ў Беларусь»:

«За два дні да нашага ад'езду з Яўсташына, з'явіўся пан Р. – стары ўжо чалавек, з тварам, які ззяў чырванню. Ён меў прыгожыя, вялікія вочы, быў сярэдняга росту, хадзіў з узнятай галавой, на якой меўся пецярбургскі парык са старанна і з густам укладзенымі валасамі.

Павітаўшыся і пазнаёміўшыся з сур'ёзным госцем і, растлумачыўшы яму, хто я (бо мой бацька пайшоў спаць пасля абеду), гаспадар указаў яму на крэсла побач са мной.

- Мне было прыемна чытаць маральныя аповесці, выдадзеныя пад вашым імем, – сказаў пан Р.

Не ведаючы, што яму адказаць, я прамаўчала.

- Нічога дзіўнага ў іх няма, аднак думаю, што іх стваральнікам ёсць ваш тата?

- Мужчыны займаюцца больш сур'ёзнымі справамі. Аповесці, якія вы чыталі, я напісала сама, з парадамі і падказкамі маёй маці.

- Я меў гонар ведаць вашу маці, калі яна яшчэ была не замужам. Я бачыў яе пазней, замужам, але яна ў той час нічога не пісала.

- Яна не піша і зараз, мама толькі выпраўляе мае памылкі.

- Цяжка паверыць, што маладая дзяўчына, амаль дзіця, аддае сябе літаратурнай творчасці.

- Працы там мала, вы самі бачылі, што нічога дзіўнага ў гэтых аповесцях няма.

- Аднак, такая праца заўсёды занадта сур'ёзная для жанчын, асабліва ў маладыя гады весялосці і гуляў»[2].


Першы раз я пачаў перакладаць тэкст маёй зямлячкі ў 2023 г., калі рыхтаваў кнігу пра бацьку Камілы – Юстына Нарбута. У гэтай кнізе я таксама расказаў і пра яго дачку Камілу, надрукаваў пераклад яе аповесці «Вандроўка ў Беларусь»[3]. Але зрабіўшы каля паловы працы, я спыніў пераклад, бо палічыў тэкст неактуальным у наш час. Пры гэтым я не звярнуў увагу на вельмі важны гістарычна-культуралагічны аспект тэкста Нарбутоўны, на які ўпершыню звярнула ўвагу паважаная даследчыца др. Рэда Грышкайтэ, працу якой я выкарыстоўваў ў падрыхтоўцы перакладу, які друкуецца ніжэй[4].

Ліст да Аляксандры М...[5]

Si la science et la sagesse se trouvent

unies en un mеme sujet, je ne m'informe

plus du sexe.

Les Caractresde la Bruyre


Калі навука і мудрасць аб'яднаны

ў адным чалавеку,

 я не пытаюся, якога ён пола.

Жан дэ Лабруер


Вы пытаеце мяне, любая кузынка, як я бавіла час калі некалькі тыдняў пражыла ў Вільні і патрабуеце падрабязнага апісання ўсіх маіх уражанняў? Я паспрабую, калі гэта магчыма, задаволіць вашу просьбу.

Хворая і сумная, я нікуды не хадзіла. Грукат транспарту, шум вуліц, стогны бедных – карацей кажучы, задушлівая гарадская атмасфера, задурылі маю бедную галаву. Былі, сапраўды, і ціхія гадзіны, звычайна ўначы, калі гэты хаос мне не перашкаджаў – тады я адгортвала кнігу і знаходзіла прыемнае суцяшэнне ў жыцці духу і думкі.

Часцей за ўсё я адгортвала філасофскія творы і з задавальненнем чытала пра тое, што чалавечы род імкнецца да нейкай пэўнай мэты; што ўсё, што адбывалася і адбываецца, паходзіць з загадзя вызначаных планаў адвечнага розуму – і хоць гэтыя ж філосафы сцвярджаюць, што ніхто не можа зразумець увесь той велізарны гмах, у які тысячы гадоў – тысячы пакаленняў – клалі цэглу, я прыстасоўвала яго да ўласных жаданняў і любіла падманваць сябе надзеяй (такой жа няпэўнай, як і ўсе надзеі смяротных людзей), што аднойчы ў гэтым тэатры крывавых злачынстваў і жахлівых жарсцяў – на гэтай зямлі, якая ёсць далінай слёз, запануюць цнота, братэрская любоў і нязменны дабрабыт. Звычайна я засынала ў такіх снах; але за некалькі дзён да ад'езду з Вільні іншая тэма ўразіла маё ўяўленне і нават парушыла спакой начной цішы.

Я мела гасцей на гарбату; мы абмяркоўвалі літаратуру: кожны выказваў сваё меркаванне пра аўтараў і аўтарак. Я радавалася справядлівай пашане, якую выказвалі пані Гофман, пані Заменцкай і пані Раўтэнштраўх[6]. Раптам у нашым колку малады чалавек з румяным тварам, які прыгожа кантраставаў з яго чорнымі вусамі, педантычным тонам заўважыў, што пані Заменцкая без патрэбы займаецца філасофскімі творамі, бо жанчына не здольная спасцігнуць ісціну і стварыць належную сістэму.

 - Я не ведаю, ці нават мужчыны змаглі б цалкам спасцігнуць гэта[7], – адказала я, – І ці варта называць належнай сістэмай тое, што немагчыма даказаць матэматычна? Праўда павінна быць адзінай, але спрэчных сістэм надзвычай шмат. Дык, што страціць грамадства, калі геніяльная жанчына дадасць сваю ўласную старонку ці свае высновы да гэтых фаліянтаў?[8]

Румяны кавалер здзекліва ўсміхнуўся і, спачуваючы бездапаможнай жанчыне, хацеў ужо перавесці размову на нешта больш даступнае яе кволаму розуму, калі мой блізкі сваяк, адстаўны афіцэр з вялікімі русымі вусамі, моцным голасам усклікнуў:

- Ніколі не было жанчыны-генія: у вас, мае пані, можа быць добрая памяць, часам досціп, і нічога больш. Здольнасцяў да рэчаў, якія патрабуюць не толькі моцны розум, але і здаровы сэнс, у вас няма. Характар ваш такі ж лёгкі, як пух, што лунае ў паветры. Сяброўства, каханне і нават літасць – гэта імгненныя пачуцці ў вашых сэрцах, пачуцці, на якія не павінен спадзявацца ніводзін мужчына, і мне здаецца, што жанчыны дарэмна вызваліліся з рабскага стану, які калісьці быў іх лёсам.

- Мой кузэн, ты, мабыць, нарадзіўся не ад маці, – сказала я яму, – бо сын жанчыны павінен больш паважаць жанчын.

- Я – жаўнер і кажу, што думаю.

- Шкада, што ты не пакінуў такую нягжэчную шчырасць у вайсковым лагеры, – ціха дадала я.

Мой сваяк зірнуў на дзвюх сур'ёзных замужніх жанчын, аб прысутнасці якіх ён спачатку відавочна забыўся, і перастаў далей разважаць.

Гадзіннік прабіў дзесяць: госці раз'ехаліся.

Стаўленне майго кузэна раздражняла больш, чым меркаванне кавалера з чорнымі вусамі. Я доўга сядзела панура, мяне мучыла нейкае непрыемнае, цяжкавыказнае пачуццё. Нарэшце я ўзяла пяро і накідала на паперы некалькі заўваг пра наш пол, якімі я таксама дзялюся з табой, дарагая Алеся.


Я не веру, што Бог, даўшы жанчыне душу, падобную да мужчынскай, несмяротную душу, адмовіў ёй у такім жа дары розуму. Паняцце пра немач жаночага полу, напэўна, узнікла ў часы маральнага невуцтва, у часы дзікунства чалавечага роду.

Да эпохі развіцця сілы духу, у тую эпоху, калі цялесная сіла лічылася самым карысным набыткам прыроды бо абараняла ад лютых жывёл, будавала хаціны, змяняла плынь раўчукоў і вырашала лёс чалавека, жанчына з больш далікатнай фізічнай канстытуцыяй, схільная да слабасці кожны раз, калі станавілася маці, магла паверыць у сваю ўласную непаўнавартаснасць і прызнаць шырокаплечага мужа сваім гаспадаром.

Несумненна з гэтага ўзнік рабскі стан нашага полу, якому Ромул, заснавальнік Рыма, першым даў сілу закона. Моцны мужчына з дубінай у руцэ, перасякаў горы і лясы, сузіраў цуды прыроды, развіваў свой розум праз назіранні і ўласныя прыгоды, да таго, як з'явілася жанчына, якая ахоўвала хату, карміла дзяцей і гатавала ежу для ўсёй сям'і. Гэта прывяло да інтэлектуальнай перавагі мужчыны, але чым далей ён адыходзіў ад стану дзікунства, тым менш жорсткім станавілася яго абыходжанне з жанчынай. Тады і ў яе пачаў праяўляцца востры, не саступаючы мужчынскаму розум і адкрыліся скарбы пяшчоты, якімі Творца больш шчодра адарыў жаночы пол. Тады нявольніца часта станавілася гаспадыняй. Такія прыклады сустракаліся нават сярод патрыярхаў – Дэбора[9] была абраная суддзёй у Ізраілі.

Калі верыць старажытным гісторыкам, сярод бактрыйцаў[10], фракійцаў і галаў жанчыны карысталіся роўнымі з мужчынамі правамі ў абрадах і дзяржаўных справах.

У слаўныя часы Рымскай рэспублікі жанчына – нявольніца ў вачах закона, публічна атрымлівала найвышэйшае ўшанаванне. Калі консул ішоў па вуліцы і ліктары[11] наперадзе яго разганялі тлумы народа, ён саступаў дарогу рымскай матроне.

Такая павага да нашага полу была ўведзена там з часоў Ветурыі[12] – выратавальніцы айчыны.

Вызваленне жанчын ад неабмежаванай улады мужоў – ад строгай апекі сыноў і сваякоў, адбылося ў Рыме ў часы праўлення імператара Клаўдзія[13]. Сенека і Тацыт ілжыва сцвярджаюць, што гэта прывяло да бессаромных сцэн і скандалаў. Але гэта было агульнае псаванне маралі, якое пачалося з псавання звычаяў і прычыны трэба шукаць у гісторыі мужчын. Нясціпласць Лівіі, жонкі Аўгуста, Юліі, дачкі Аўгуста[14], і іншых жанчын у сталіцы сусвету на шмат гадоў прыпыніла роўнасць.

Слабасць характару, слабасць розуму, карацей кажучы, усе духоўныя калецтвы, аднолькава размеркаваны прыродай паміж дзвюма паловамі чалавечага роду; і калі яны больш прыкметныя ў жанчынах, то гэта вынікае з выхавання – з недаразвітасці ў ёй маральных сіл. Многія навукі, якія лічацца непатрэбнымі для нас, служаць для ўдасканалення розуму мужчын: з юнацтва матэматыка прывучае іх да дакладнага меркавання пра рэчы; фізіка – да даследавання, да аналізу кожнага прадмета; логіка надае сістэматычны парадак іх думкам. Таму не дзіўна, што мы, пазбаўленыя гэтых сродкаў, часам недакладныя ў сваіх выказваннях, менш высакародныя ў сваіх думках і не заўсёды зразумелыя пры тлумачэнні нашых ідэй.

Я згодна, што спроба знайсці квадратуру круга ці вырашыць пытанне: пусты ці поўны зямны шар усярэдзіне, не з'яўляецца неабходным заняткам для жанчын; але, акрамя таго, я лічу, што навучанне вышэйзгаданым навыкам, нават толькі ў самых агульных рысах (вядома, у больш заможных класах), не перашкодзіць выкананню абавязкаў жонкі і маці. Нарэшце, няхай здзяйсняецца воля нашых апекуноў! Няхай дакладныя і абстрактныя навукі назаўжды застануцца іх асобнай уласнасцю! Але ні высокая павага да чорных і русых вусоў, ні філасофская сур'ёзнасць пана Трэнтоўскага (які ў гэтай справе выказаў вельмі старасвецкія меркаванні) не пераканаюць мяне ў тым, што Творца даў жанчынам слабейшы розум, чым мужчынам. Знакаміты філосаф Платон лічыў жанчын здольнымі да найважнейшых прафесій; Лікург[15], заканадаўца Спарты, змог ператварыць іх у мужчын – умацаваныя жорсткім выхаваннем яны не раздражнялі свае нервы, а прынцыпы, прышчэпленыя з дзяцінства, далі ім такую моцную стойкасць, што ніводная маці не плакала па сыне, забітым на вайне.

- Чаму, – спытала чужая жанчына ў жонкі Леаніда, – з усіх жанчын у свеце толькі лакедэманянкі[16] пануюць над мужчынамі?

- Відавочна, толькі яны маюць магчымасць рабіць гэта, – адказала царыца[17].

Няма такой прафесіі, у якой жаночы пол не дэманструе здольнасцей роўных здольнасцям супрацьлеглага полу. Пералічыць славутыя імёны і падрабязна апісаць іх учынкі было б занадта цяжка для мяне, аслабленай працяглай хваробай. Таму я магу прыгадаць некалькі найбольш выбітных асоб, згадкі пра якія знайшла ў сваіх нататках.

Тэана[18], жонка ці дачка Піфагора, паводле Парфірыя, пасля смерці філосафа разам з двума яго сынамі стала кіраўніком школы і чытала публічныя лекцыі.

Хуткасць розуму Аспасіі[19], незалежна ад яе чараў, здзівіла Сакрата.

Хто можа адмовіцца ад захаплення Зянобіяй[20], імператрыцы Усходу, годнай вучаніцай Лонгіна, пра якую знакаміты Тома («Эсэ пра жанчын») казаў, што яна ўмела дагаджаць, пісаць і заваёўваць. Абвясціўшы свайго непаўнагадовага сына Вабалата Аўгустам і цэзарам, яна заваявала Егіпет, Сірыю і Кападокію; і калі яе лёс змяніўся, змагла са стаічнай мужнасцю перанесці нягоды і знайшла ў сваім розуме тысячу суцяшэнняў, каб падсаладзіць страту кароны.

Не аднойчы каранаваныя жанчыны змаглі годна адгукнуцца на высокае пакліканне манархаў.

Імёны Лізаветы і Маргарыты[21] заўсёды будуць нагадваць пра слаўную эпоху краін, якія знаходзіліся пад іх уладай; калі яны і мелі недахопы, дык іх можна знайсці і ў многіх знакамітых каралёў.

Прафесія рыцара таксама не была чужой нашаму полу: кожны раз, калі прага жанчыны да славы ці любоў да сваёй краіны давалі ёй у рукі зброю, яе нязломная мужнасць часта выклікала захапленне мужчын.

Не звяртаючыся да, магчыма, казачных амазонак, не паглыбляючыся ў занадта далёкую старажытнасць, дастаткова ўзгадаць Маргарыту Анжуйскую[22], жонку нямоглага караля Англіі Генрыха VI, герцагіню Брэтані Жанну Манфорт[23], Арлеанскую дзеву і Бабеліну Грэчаскую[24].

Але няхай гэтыя гераічныя лаўры больш не ўпрыгожваюць жаночае чало! Я не жадала б крывавай славы для свайго полу. Я нават не жадала б, каб жанчыны ўдзельнічалі ў грамадскіх справах ці займалі пасады толькі таму, што гэта магло б адцягнуць іх ад найсвяцейшага абавязку, ад найважнейшага служэння агульнаму дабру – дбайнага выхавання дзяцей.

О, колькі разоў я чула ад мужчын, што літаратура зусім не патрэбная жанчынам, бо, займае шмат часу і перашкаджае выкананню іх абавязкаў. Я не падзяляю гэтай думкі; я нават думаю, што забавы вялікага свету, якія прыводзяць да аддалення ад дома і імкнення да моднага ўбрання, прычыняюць большую шкоду мужам і дзецям, чым ціхая літаратурная праца; і, нарэшце, цяга і схільнасць да літаратуры не могуць быць універсальнымі, што мы бачым і ў другой палове чалавецтва, у якой, нягледзячы на ўсе прывілеі, якія спрыяюць набыццю ведаў, толькі невялікая колькасць людзей прысвячае сябе выключна гэтаму.

Такія дробязі не парушаць парадак сусвету.

Якую шкоду панесла Францыя ад таго, што мадам Дас’е[25] старанна вывучала Гамера, што мадам дэ Шатле вывучала сістэму Ньютана разам з Вальтэрам; што мадам Сталь напісала «Карыну», кожны разумны чалавек лёгка прызнаў бы карысць гэтага?[26] А якую шкоду прынеслі сваёй краіне вучоныя англічанкі?

Што страцілі Польшча і Літва з таго, што некалькі жанчын узяліся за пяро? Ніводная з іх не напісала нічога скандальнага – антырэлігійнага, антысацыяльнага.

Творы нашай паважанай пані Гофманавай заўсёды будуць узорам для добрых маці і зернем хрысціянскай цноты для маладзейшых пакаленняў. Не менш заслуг мае і пані Заменцкая, якая з выключным геніем і ўсебаковымі ведамі імкнецца да той жа мэты. Я ўпэўнена, што многія мужчыны з задавальненнем чыталі «Успаміны пра Парыж», «Альпы і за Альпамі» пані Раўтэнштраўх, паэзію панны Гюнтар[27], маральныя раманы пані Вільконьскай[28], цудоўныя творы пані Кракуў[29] і многіх іншых варшаўскіх аўтараў.

Таму не варта адмаўляць жанчынам у карысных і нявінных занятках; не варта абвінавачваць іх у якой-небудзь слабасці, калі добры Бог па-роўнаму надаў дары розуму сваім сынам і дочкам.

А што да багаццяў сэрца! Выбачаюся перад маім кузэнам, адстаўным афіцэрам, але  магу з упэўненасцю сказаць, што Найвышэйшай Існасці было прыемна шчодра адорыць гэтым жанчын.

Каханне маці, дачкі, жонкі, каханай жанчыны ёсць амаль заўсёды бясконца вышэйшае за самалюбства. Дастаткова ўспомніць старажытную Алькесту[30], якая аддала сваё жыццё за жыццё мужа, і прачытаць гісторыю Французскай рэвалюцыі часоў Рабесп'ера, або цудоўную паэму П. Легувэ «Жаночыя заслугі»[31], каб пераканацца ў гэтым.

Шмат жанчын, каб падзяліць лёс асуджанага на смерць каханага чалавека, выгукнулі страшныя словы таго часу: «Слава каралю!», – і пайшлі пад меч ката. Не адна з іх ахвяравала сваім жыццём, каб падсаладзіць хаця б некалькі хвілін няшчаснага бацькі, мужа ці брата. Былі і тыя, хто з чыстай чалавечнасці, без якой-небудзь іншай думкі, падвяргалі сябе адкрытай небяспецы.

Мужчыны часта ахвяруюць сабой дзеля гонару, славы, агульнага дабра, але я ніколі не чула пра іх ахвяры дзеля сваіх жонак, сясцёр і каханых.

Шануючы праўду, я павінна прызнацца, аднак, што той скарб пачуццяў, той анёльскі прамень, з якім жанчына прыходзіць у свет, часта знішчаецца з-за няправільнага выхаваннем яе сэрца. Я таксама павінна сказаць, што выхаванне жаночага полу патрабуе поўнай рэформы: вытанчаная знешнасць, вывучэнне замежных моваў, музыкі і танцаў без грунтоўных рэлігійных прынцыпаў, без прывіцця абавязкаў жонкі, маці і грамадзянкі, недастаткова, каб удасканаліць жанчыну або пераканаць мужчын, што Провід не абмяжоўвае нас сваімі дарамі.

Маем шмат па-сапраўднаму узорных асоб нашага полу, але я лічу павелічэнне іх колькасці неабходнай патрэбай грамадства; бо маці – галоўныя настаўніцы не толькі дачок, але і сыноў – ад іх у значнай ступені залежаць цноты і заганы цэлых пакаленняў.


Алеся, пакуль ты чытаеш гэты ліст, у якім я абвясціла вайну двум мужчынам, не абвінавачвай мяне ў тым, што я стала львіцай. Маё абурэнне несправядлівым меркаваннем пра характар нашага полу не мае ніякага дачынення да прынцыпаў сацыялізму. Я не выступаю і ніколі не буду выступаць за поўную эмансіпацыю жанчын, якую лічу супярэчлівай грамадскаму ладу – няхай вопратка нявіннасці, няхай найпрыгажэйшая грацыя, якую дорыць сціпласць, заўсёды будзе ўпрыгожваннем і гонарам жанчыны!

На гэтым завяршаю свае заўвагі на гэтую тэму, да якіх я дадаю выраз нязменнай дружбы да цябе”.



[1] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciłek na rok 1852. Wilno: Drukiem Jzefa Zawadzkiego, 1852.

[2] Лаўрэш Л. Л. Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго дачка Каміла. Издательские решения, 2025. С. 87–88.

[3] Гл: Лаўрэш Л. Л. Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго дачка Каміла. Издательские решения, 2025; Лаўрэш Леанід. Лідская пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў // Наша слова.pdf № 35 (191), 27 жніўня 2025; Ад лідскіх муроў. Літаратурна-мастацкі зборнік. 2025. № 11. Кн. 1. С. 17–66. Лаўрэш Леанід. Лідскія Нарбуты // Ад лідскіх муроў. 2025. № 11. Кн. 2. C. 348–412.

[4] Гл: Reda Griškaitė. Kamilės laiškas Aleksandrai, arba Ne tik laiškas // Literatūra. 2024, vol. 66(1), pp. 142–157; Griškaitė Reda. Moteris ir istorija: Kamilės Narbutaitės patirtys. Lietuvos istorijos institutas. 2024.

[5] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciłek na rok 1852. S. 95–112.

[6] Вядомыя пісьменніцы: Клементына з Танскіх Гофманава (1798–1845), Элеанора Аляксандра з Гагаткевічаў Заменцкая (1815–1869), Барбара Яна Паўліна Люцыя Раўтэнштраўх (1798–1886). Першая славілася сваёй дыдактычнай літаратурай, другая – філасофскай, а трэцяя – падарожнай літаратурай. Танская-Гофманава – самая вядомая жанчына, якая пісала па-польску ў першай палове XIX ст., першая, хто так глыбока і ўсебакова заняўся адукацыяй і выхаваннем дзяўчат у былой Рэчы Паспалітай. – Л. Л.

[7] У сваёй працы «Крытыка чыстага розуму» Кант сцвярджае, што чалавечы розум – слабы інструмент для пазнання ісціны.

[8] «Яны прыгнятаюць бедную філасофію і ўціскаюць яе ў рамкі. Адны кажуць пра прыроджаныя здольнасці да яе; іншыя аддаюць перавагу знешнім уплывам; трэція аддаюць скіпетр інтэлекту і пачуццям; іншыя праніклі ў самае сярэдзіну пачуццяў і разбурылі іх з упэўненасцю, быццам гэта і былі апоры; іншыя агніста даказваюць, што яны спасціглі душу і бачаць яе ясна; адны ўпрагаюцца ў трыумфальную калясніцу Шэлінга; іншыя – ад'ютанты Гегеля, другія – Трэнтоўскага і г. д. І кожны з іх заўзята абараняе не здагадкі, а праўду, так яны называюць свае мары, разважанні, высновы і меркаванні». – Караль Качкоўскі. (Аўтарка спасылаецца тут на выказванні лекара, педагога і пісьменніка Караля Мацея Качкоўскага (Karol Maciej Kaczkowski, 1797–1867), на яго эсэ ў кіеўскім часопісе «Gwiazda» – Л. Л.). Бактрыя – гістарычны рэгіён у Цэнтральнай Азіі (сучасныя паўночны Афганістан і паўднёвы Таджыкістан і Узбекістан), адзін з найстарэйшых цэнтраў цывілізацыі. У 328 г. да н.э. Бактрыя была заваявана македонскім царом Аляксандрам Македонскім (356–323 гг. да н.э.). – Л. Л.

[9] Дэбора – біблейскі персанаж, ізраільская прарочыца і суддзя (XII–XI гг. да н. э.), калі ізраільцяне былі ў палоне ў хананейцаў. Дэбора натхніла ізраільцян на перамогу над хананейцамі. – Л. Л.

[10] Бактрыя – гістарычны рэгіён у Цэнтральнай Азіі (сучасныя паўночны Афганістан і паўднёвы Таджыкістан і Узбекістан), адзін з найстарэйшых цэнтраў цывілізацыі. У 328 г. да н.э. Бактрыя была заваявана македонскім царом Аляксандрам Македонскім (356–323 гг. да н.э.). – Л. Л.

[11] Ліктар быў адным з найніжэйшых дзяржаўных службоўцаў у старажытным Рыме. Першапачаткова ліктары былі асабістай аховай і выконвалі цырыманіяльныя функцыі. Консула заўсёды суправаджалі дванаццаць ліктараў (імператара – дваццаць чатыры). – Л. Л.

[12] Ветурыя была маці Гнея (Гая) Марцыя Карыялана, маладога рымскага патрыцыя, які захапіў вольскі горад Карыёлі ў 493 г. да н.э. і атрымаў за гэта сваю мянушку. Пазней Карыялан павёў варожае войска да рымскай мяжы, але маці Ветурыя і жонка Валумнія (паводле Плутарха, маці Валумнія і жонка Вергілія) угаварылі яго не падымаць зброю супраць радзімы. – Л. Л.

[13] Клаўдзій рымскі імператар у  41–54 да н.э. – Л. Л.

[14] Рымскі імператар Аўгуст, імператар у 27 да н.э. – 14 н.э., яго трэцяя жонка Лівія (59 да н.э. – 29 н.э.) і яго дачка ад другога шлюбу Юлія Старэйшая (39 да н.э. – 14 н.э.). – Л. Л.

[15] Афінскі палітык і аратар Лікург (каля 390–325 гг. да н.э.). – Л. Л.

[16] Лакедэмон – рэгіён на паўвостраве Пелапанес і яго сталіца, вядомая як Спарта. – Л. Л.

[17] Царыца Горга, дачка цара Спарты Клеамена I і жонка цара Спарты Леаніда I (508 ці 507 – 480 гг. да н.э.). Пазнейшыя гісторыкі менавіта ёй прыпісваюць словы «Са шчытом або на шчыце”. – Л. Л.

[18] Тэана (VI ст. да н.э.) – жонка або вучаніца грэчаскага філосафа Піфагора Самоскага (каля 569 г. – каля 500–475 гг. да н.э.), заснавальніка піфагорскай школы або паводле іншых крыніц – жонка або дачка піфагарэйца Бранціна з Метапонта (VI ст. да н.э.). – Л. Л.

[19] Аспасія (каля 400–470 да н.э.), жонка афінскага палітыка, аратара і ваеннага лідара Перыкла. Сакрат быў часткай яе інтэлектуальнага кола. – Л. Л.

[20] Зянобія (памерла пасля 274 г.) – царыца Пальміры (горада ў Сірыі) (у 267 ці 268 – пасля 272 г.). Французскі паэт і літаратурны крытык Антуан Леанар Тома (1732–1785), якога згадвае аўтарка, апублікаваў даследаванне « Essai sur le caractre, les mœurs et l’esprit des femmes dans les diffrens sicles» («Эсэ пра характар, мараль і розум жанчын у розныя стагоддзі», Парыж, 1772). Кніга атрымала водгук ад Дэні Дзідро (1713–1784) – у тым жа годзе ён напісаў працу «Essai sur les femmes» («Эсэ пра жанчын»), якое была апублікавана ў штомесячніку «Correspondance littraire, philosophique et critique» («Літаратурная, філасофская і крытычная перапіска»). Магчыма, цытуючы працу Тома, Каміла Нарбутоўна толькі скараціла яе назву, але магчыма і памылілася. – Л. Л.

[21] Каралева Англіі Лізавета I (каралева ў 1558–1603 гг.) і Маргарыта Цюдар, шатландская каралева англійскага паходжання (каралева ў – 1503–1513). Першая дапамагала заснаваць англіканскую царкву ў Англіі, часта ваявала з Францыяй і не выходзіла замуж, верагодна, каб пазбегнуць патэнцыйнай палітычнай канкурэнцыі з боку мужа. Апошняя, пасля смерці мужа Якава IV (1473–1513), нягледзячы на супраціў шатландскай шляхты, здолела стаць рэгенткай і кіраваць замест свайго непаўналетняга сына Якава V (1512–1542). У адрозненне ад Лізаветы I, яна некалькі разоў выходзіла замуж. – Л. Л.

[22] Маргарыта Анжуйская (каля 1430–1482), жонка Генрыха VI Англійскага, з-за дрэннага здароўя мужа ўзначаліла ўрад. – Л. Л.

[23] Жанна Фландрская (Jeanne de Flandre; каля 1295 – 1374) – герцагіня Брэтані, жонка герцага Жана IV. Актыўная ўдзельніца вайны за Брэтонскую спадчыну (1341–1364). – Л. Л.

[24] Жанна д'Арк (каля 1412–1431), або Арлеанская Дзева, – святая і нацыянальная гераіня Францыі. Ласкарына Бубуліна (1771–1825) – гераіня вайны за незалежнасць у Грэцыі, якая на ўласныя сродкі ўтрымлівала невялікі флот і войска паўстанцаў супраць турэцкага панавання і фінансавала падполле. – Л. Л.

[25] Мадам Дас’е (Ганна Ле Феўр Дас’е, 1645–1720), сяброўка Вальтэра, французскі філолаг, даследчыца класічнай літаратуры і перакладчыца. Сярод іншых старажытных твораў яна пераклала на французскую мову «Іліяду» (1699) і «Адысею» (1708) Гамера. – Л. Л.

[26] У лік геніяльных жанчын я не адважваюся ўключыць мадам Дзюдэван (французская раманістка Саланж Дзюдэван, нарадзілася 13 верасня 1828 года ў Наан-Віку, памерла 17 сакавіка 1899 года там жа), бо гэтая аўтарка, лічыцца адным з наймагутнейшых розумаў Францыі, прыняўшы імя, адзенне і звычаі мужчын, выключыла сябе з жаночага полу. Таму я лічу яе нейкім выключэннем. (Каміла згадвае французскую пісьменніцу Жорж Санд (таксама вядомая як мадам Санд; насамрэч Аманцін-Аўрора-Люсіль Дзюпен, таксама вядомая як Дзюдэван і як мадам Дзюдэван, 1804–1876). Санд часта насіла мужчынскі касцюм на публіцы – не толькі таму, што ён быў таннейшым, але і таму, што дазваляў ёй адчуваць сябе больш свабодна, і, больш за тое, яна была адной з першых жанчын, якія палілі люльку на публіцы).

[27] Габрыэля Пузыня з Гюнтараў (1815–1869), пісьменніца. Гл. яе ўспаміны: Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў // Наша слова.pdf № 40 (196), 1 кастрычніка 2025 – 18 сакавіка 2026. – Л. Л.

[28] Празаік і мемуарыст Паўліна Вільконская з Лаўчува (~1815–1875). – Л. Л.

[29] Празаік, выдавец і рэдактарка Паўліна Кракувава з Радзееўскіх (ці Кракуў; 1813–1882). – Л. Л.

[30] «Алкеста»  – трагедыя старажытнагрэцкага драматурга Эўрыпіда, пастаўленая ў 438 годзе да н. э. Прысвечана міфу аб самаахвяраванні Алкестыды, жонкі Адмета. – Л. Л.

[31] Паэма «Le mrite des femmes» («Заслугі жанчын») Габрыэля-Мары-Жана-Батыста Легувэ (1764–1812). У тым жа годзе твор быў перакладзены і на польскую мову. Перакладчыкам быў Юзаф Ігнацы Касакоўскі (1757–1829), палітык і ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, пісьменнік, гісторык і масон. – Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX