Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Руцкі Язэп 


Аўтар: Руцкі Язэп,
Дадана: 09-09-2012,
Крыніца: Руцкі Язэп. Падвойная віна. Тэзес … // Старажытная беларуская літаратура (ХІІ-XVII стст.). Мінск, 2007. C. 378-390.



Язэп Вельямін Руцкі - выдатны пісьменнік-палеміст, філосаф, педагог, тэолаг, трэці уніяцкі мітрапаліт. З імем Я. В. Руцкага лучыцца ўмацаванне Уніяцкай Царквы Вялікага Княства Літоўскага, час яе росквіту і заўважнага ўплыву на духоўнае жыццё беларусаў. У асобе Я. В. Руцкага арганічна спалучаліся талент тонкага дыпламата, майстэрства літаратара, рэдкія здольнасці практыка-арганізатара і лідэра, здатнага праводзіць глыбокія рэформы.

Нарадзіўся Я. Руцкі ў 1574 г. у родавым маёнтку Рута, што паблізу Наваградка, у шляхецкай сям'і. Бацька Фелікс Руцкі і маці Багуміла Корсак належалі да кальвінскага веравызнання. Пачатковую адукацыю падлетак атрымаў у першай палове 80-х гадоў у наваградскіх анабаптыстаў. Мусіць, з парады настаўнікаў бацькі накіравалі яго ў Вілен скую кальвінскую школу, дзе ён студыяваў колькі гадоў, старанна вывучаючы класічныя мовы - лаціну, грэцкую і іўрыт.

У 16-гадовым веку Я. В. Руцкі накіроўваецца за мяжу, каб прадоўжыць навучанне. Нейкі час ён слухае лекцыі ў славутым Пражскім Карлавым універсітэце, затым тры гады праводзіць у Нямеччыне і з выдатнымі адзнакамі заканчвае Вюрцбургскі універсітэт. Матэрыяльную падтрымку ў часе навучання за мяжой ён меў ад маці, бо бацька памёр у 1590 г., яшчэ да ягонага ад'езду ў Чэхію. Але адданая кальві нізму Багуміла Корсак, неяк дачуўшыся пра сімпатыі сына да Каталіцтва, пазбавіла яго ўсялякіх сродкаў да існавання. Пракуратар веліка княскай і польскай каталіцкіх правінцыяў айцец Бокса, які пазнаёміўся з Руцкім, даведаўшыся пра яго фінансавыя цяжкасці, параіў юнаку ехаць у Рым і паступіць у Грэцкі калегіум, дзе багаслоўскую адукацыю можна было атрымаць бясплатна. Руцкі так і зрабіў, блізу 1600 года ён быў залічаны ў Грэцкі калегіюм у Рыме. Тады ж адбылася вельмі важная ў ягоным жыцці падзея, ён урачыста пакляўся заўсёды трымацца ўсходняга веравызнання, бо гэта было адной з умоваў прыняцця ў калегіум.

Дзесьці ў 1601 г. Я. В. Руцкі вярнуўся на Радзіму. Сустрэўшыся ў Вільні з І. Пацеем, асвечаны юнак прапанаваў свае паслугі й веды на карысць Уніяцкай Царквы. Але мітрапаліт стрымана паставіўся да прапазіцыі выхаванца еўрапейскіх універсітэтаў і параіў яму накіравацца ў новае падарожжа па Еўропе з дзецьмі віленскага ваяводы князя Радзівіла. Разгублены і занепакоены няўдачай, Я. В. Руцкі едзе ў Руту да маці, каб адпачыць і вызначыцца з будучым заняткам. Час няпэўнасці быў кароткі. У 1602 г. памёр рэктар Віленскай уні яцкай семінарыі Пётра Федаровіч, і І.Пацей, пасля настойлівай просьбы каталіцкага біскупа Бенядзікта Войны, згадзіўся прызначыць Я. В. Руц кага кіраўніком семінарыі. З гэтага моманту пачалася яго сталая дзейнасць.

На пасадзе рэктара, якую Я. В. Руцкі займаў на працягу трох гадоў, выявіўся яго бліскучы педагагічны талент і здольнасці рэфарматара. Як творчая асоба Я. В. Руцкі адразу ж ажыццявіў шэраг зменаў у сістэме навучання у Віленскай семінарыі і падрыхтаваў выдатны паводле свайго зместу навукова-педагагічны трактат пад тытулам «Дыскурсус» (блізу 1605 г.), у якім якраз абгрунтаваў неабходнасць карэнных рэформаў у сферы адукацыі і выхавання. Гэтыя рэформы, на яго думку, мусілі істотна змяніць жыццё ўсёй Уніяцкай Царквы.

Рэктар Віленскай семінарыі не меў, аднак, рэальных магчымасцяў карэнным чынам рэфармаваць сістэму навучання ўсёй Уніяцкай Царквы. Ягоныя радыкальныя педагагічна-асветніцкія праграмы хоць і знайшлі разуменне сярод іерархаў, відочна не маглі быць здзейсненыя ў найбліжэйшым часе ў маштабах усяе Царквы. Магчыма, што й сам ініцыятар рэформаў не выявіў тады асаблівай настойлівасці і паслядоўнасці ў дасягненні пастаўленай мэты.

У 1606 г., захапіўшыся місіянерскай ідэяй, Я. В. Руцкі накіроўваецца ў Маскву, дзе ўбачыў магчымасць рэалізаваць сябе, ажыццявіць свае задумы ўдасканалення Хрыстовай Царквы. На маскоўскім паса дзе на той момант знаходзіўся цар Дзмітрый І (пазней названы Ілжэ дзімітрыем), які ў 1605 г. прывёў у Маскву беларускія і польскія вайсковыя аддзелы. Я. В. Руцкі меў цесныя стасункі з новым маскоўскім гаспадаром і неаднаразова прапаноўваў яму накіроўваць юнакоў па навуку ў Вялікае Княства Літоўскае з тым, каб пасля, з іх дапамогай, праводзіць дзяржаўныя і царкоўныя пераўтварэнні ў Маскоўскім княстве. Але і ў Маскве здзейсніць свае задумы Я. В. Руцкі не змог, бо ўлада Дзмітрыя І неўзабаве пахіснулася, пачаліся ўнутраныя забурэнні, у выніку якіх цар быў забіты, а ў Маскоўскім княстве наступіў «смутны час».

Увесну 1606 г. Я. В. Руцкі, сутыкнуўшыся ў Маскве з неспрыяльнымі для рэформаў умовамі, намерыўся паехаць разам з кармелітам Паўлам у Персію. Праўда, падарожжа на Усход не адбылося. Як апавядае легенда, па выездзе місіянераў з Масквы, праз суткі блуканняў, яны раптам зноў апынуліся ля яе сцен, хоць іх і суправаджалі дасведчаныя праваднікі. Руцкі ўспрыняў гэтае здарэнне як Божы знак, адмовіўся ад наведвання Персіі і ў хуткім часе вярнуўся на Радзіму.

У Вільні Я. В. Руцкі зблізіўся з манахам Свята-Траецкага манастыра Язафатам Кунцэвічам і, мусіць, пад ягоным уплывам 6 верасня 1607 г. падаўся ў уніяцкі манастыр. 1 студзеня, па сканчэнні тэрміну выпрабавання, адбылося яго пастрыжэнне ў манахі пад імем Язэпа. У тым жа годзе архімандрыт Свята-Траецкага манастыра Самуль Сянчыла пасвяціў Я. В. Руцкага ў дыяканы, а затым надаў яму сан прасвітара. З гэтага моманту жыццё і чыннасць Я. В. Руцкага становяцца цалкам знітаванымі з Уніяцкай Царквою.

Пасля таго як Свята-Траецкі манастыр папоўніўся моладдзю, пераважна шляхецкага паходжання, Я. В. Руцкаму было даручана яе выхаванне. Ён чытаў навіцыянам лекцыі з багаслоўя, навучаў лацінскай і царкоўнаславянскай мовам. Менавіта ў перыяд знаходжання ў Віленскім уніяцкім манастыры, ад 1607 да 1613 г., канчаткова сфармавалася філасофска-тэалагічная дактрына Я. В. Руцкага, пра што красамоўна сведчаць ягоныя «Тэзісы», выдадзеныя на старабеларускай і польскай мовах недзе ў канцы 1607 ці на самым пачатку 1608 г.

Нягледзячы на тое, што Я. В. Руцкі не займаў нейкіх значных царкоўных пасадаў, ён паступова станавіўся ўсё больш аўтарытэтнай асобай сярод віленскіх уніятаў. Таму спрыялі ягоныя неаднаразовыя вы ступленні ў часе дыспутаў, паспяховая педагагічная дзейнасць і, несумнеўна, асабістая абаяльнасць. Па-еўрапейску асвечаны чалавек, ён досыць лёгка заваёўваў сімпатыі людзей, без асаблівых цяжкасцяў знаходзіў агульную мову з прадстаўнікамі розных канфесіяў, а таксама дзяржаўнымі дзеячамі Вялікага Княства Літоўскага. Невыпадкова мітрапаліт І. Пацей у ліпені 1608 г. прызначыў менавіта Я. В. Руцкага сваім намеснікам, хоць гэтую пасаду, паводле заведзенага звычаю, мусіў заняць архімандрыт Віленскага Свята-Траецкага манастыра. З гэтым прызначэннем на яго плечы лёг увесь цяжар кіраўніцтва Уніяцкаю Царквою, бо састарэлы і хворы І. Пацей быў не ў стане штодзённа «даглядаць духоўныя парадкі». Перад Я. В. Руцкім паўстала найскладанейшая задача: праз рэформы ўмацаваць Царкву - арганізацыйна і эканамічна, зрабіць яе прыцягальнай для вернікаў, узняць аўтарытэт у вачах Хрысціянскага свету. І ён, як паказаў час, змог дасягнуць пастаўленых мэтаў.

Перш за ўсё Я. В. Руцкі дамогся канчатковага захавання Траецкага манастыра за уніятамі, бо праваслаўныя, не зважаючы на вырак манарха, у сакавіку 1609 г. паспрабавалі сілай авалодаць ім. Архімандрыт 20 сакавіка 1609 г. падаў скаргу ў магістрат, патрабуючы пакарання вінаватых. Яго падтрымаў І. Пацей. 30 красавіка 1609 г. у адказ на дзеянні уніятаў Віленскае праваслаўнае брацтва выступіла з заявай, у якой адзначалася, што праваслаўныя ніколі не прызнаюць яго рашэнняў. Яны не абмежаваліся толькі словамі. Праваслаўны месціч Максім Шэмбель зрабіў замах на жыццё Я. В. Руцкага, і толькі дзякуючы шчасліваму збегу абставінаў архімандрыт застаўся жывы.

Найважнейшы кірунак дзейнасці Я. В. Руцкага на шляху ўмацавання Уніяцкай Царквы - пабудова новых бажніцаў і заснаванне манастыроў, якія сталі грунтам, фундаментам новай Царквы. Так, Я. В. Руц каму і яго аднадумцу Кунцэвічу ўдалося схіліць багатага шляхціца Рыгора Трызну да думкі аб пабудове ў Быцені мужчынскага манастыра. Дзякуючы іхным намаганням блізу 1613 г. на месцы бажніцы ў Жыровічах таксама быў закладзены уніяцкі манастыр, які з часам стаўся выбітным асяродкам хрысціянскай культуры. Сродкі на яго пабудову ахвяраваў смаленскі кашталян Ян Мялешка. Пад уплывам Я. В. Руцкага і Кунцэвіча Я.Мялешка схіліўся да уніяцкай веры і з часам стаў адным з найбольш актыўных яе прапагандыстаў сярод шляхты. Плён намаганняў Я. В. Руцкага і яго манахаў-аднадумцаў - адкрыццё буйнога уніяцкага манастыра ў Наваградку.

Мітрапаліт І.Пацей, які стаяў ля вытокаў Уніяцкай Царквы, высока ацэньваў чыннасць Руцкага і цешыўся з таго, што не памыліўся ў сваім выбары. 16 чэрвеня 1612 г. ён выдаў прывілей аб узвядзенні архімандрыта Траецкага манастыра на епіскапію Галіцкую і наданні яму сана «надворнага ўладыкі» - кіраўніка ўсёй царкоўнай адміністрацыі.

Да найбольш значных заслугаў Я. В. Руцкага належыць і далучэнне да Уніяцкай Царквы Мінскага Узнясенскага манастыра. Менавіта з яго хадайніцтва Жыгімонт Ваза 30 сакавіка 1613 г. выдаў Прывілей, паводле якога гэты старажытны куток царкоўнай духоўнасці станавіўся уніяцкім.

Не на апошнім месцы ў дзейнасці Я. В. Руцкага быў і клопат пра навучанне моладзі і падрыхтоўку новых пастараў. Ён не толькі ствараў умовы для паляпшэння навучання ў школцы пры Траецкім манастыры, але й па дамове з каталіцкімі іерархамі накіроўваў моладзь у Нясвіжскі, Калішскі і Пултускі езуіцкія калегіумы, дзе падлеткі мелі магчымасць атрымаць выдатную адукацыю еўрапейскага ўзроўню. Пасля некалькіх аўдыенцыяў у вялікага князя Я. В. Руцкі 31 сакавіка 1613 г. дастаў Прывілей на заснаванне школаў у Мінску, Наваградку і іншых месцах, падпарпадкаваўшы іх выключна духоўным уладам. У заснаваных навучальных установах, паводле прывілею, прадугледжвалася навучанне пяці мовам - беларускай, польскай, царкоўнаславянскай, грэцкай і лаціне, а таксама выкладанне цыкла «вызваленых мастацтваў». Да таго ж пазней, у снежні 1615 г., Я. В. Руцкі дамогся ад папы рымскага пацверджання для ўсіх уніяцкіх школаў тых правоў, якія мелі езуіцкія калегіумы.

Новы этап у жыцці Я. В. Руцкага пачаўся па смерці уніяцкага мітрапаліта І.Пацея, які адышоў у нябыт 8 жніўня 1613 г. Праз некалькі дзён пасля пахавання І. Пацея Жыгімонт Ваза выдаў Прывілей, паводле якога новым уніяцкім мітрапалітам прызначаўся менавіта Я. Руцкі. З гэтым прызначэннем Уніяцкая Царква без забурэнняў і прыкметных зменаў уступіла ў новы перыяд, які стаўся найбольш значным ува ўсёй яе гісторыі. Што асабіста да Я. В. Руцкага, дык ён разам з новым санам атрымаў дадатковыя землі і маёнткі, перадусім тыя, што калісьці належалі М. Рагозу і І. Пацею, а таксама маёнткі ў Наваградку і Прылепічах.

Па ўзыходзе на мітраполію Я.Руцкі разгарнуў яшчэ большую дзейнасць, накіраваную на ўмацаванне Уніяцкай Царквы, якая на той момант улучала 5 буйных царкоўна-адміністрацыйных адзінак - архіепіскапіяў: Полацкую, Уладзімірскую, Пінскую, Холмскую і Смаленскую. Ён найперш пачаў дамагацца палітычных правоў для Уніяцкай Царквы, увядзення яе найвышэйшых іерархаў у склад Рады - найвышэйшага выканаўча-распарадчага органа Вялікага Княства Літоўскага. Захаваўся дакумент ад 20 студзеня 1615 г., у якім якраз паведамлялася пра настойлівую просьбу мітрапаліта да дэпутатаў, абраных на Генеральны Сойм ад Слоніма, паставіць перад заканадаўчым органам пытанне пра ўлучэнне некалькіх прадстаўнікоў Уніяцкай Царквы ў склад Рады. Я. В. Руцкі звярнуўся і да папы рымскага Паўла V, каб той са свайго боку падтрымаў гэтыя справядлівыя патрабаванні і паўплываў на Жыгімонта Вазу. Нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, ён праз нейкі час ўсё ж дамогся свайго, і некалькі уніяцкіх іерархаў увайшлі ў Раду.

Я. В. Руцкі няспынна наведваў епархіі, манастыры і прыходы, каб ведаць рэальнае становішча і ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю іерархаў. Гэта дазволіла мітрапаліту зрабіць шэраг удалых і своечасовых перамяшчэнняў сярод найвышэйшага і асабліва сярэдняга святарства. Так, архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра ён у 1617 г. паставіў Льва Крэўзу. 3 ліпеня 1614 г. Я. В. Руцкі ўзвёў на Уладзімірскую кафедру свайго паплечніка І. Марахоўскага, а архіепіскапам Полацкім, на змену Гедэону Бральніцкаму, зрабіў адданага уніяцкага дзеяча Язафата Кунцэвіча.

Я. В. Руцкі таксама спрабаваў падпарадкаваць Уніяцкай Царкве праваслаўныя асяродкі Кіева, найперш славутую Кіева-Пячорскую лаўру. Працяглае змаганне уніятаў за лаўру скончылася, аднак, безвынікова; яна засталася ў руках праваслаўных.

Я. В. Руцкі дзейнічаў у досыць складаных абставінах жорсткага супрацьстаяння з праваслаўнымі. Аднак ні супраціў апанентаў, ні ўнутраныя перашкоды не спынілі яго. Ён пачаў падрыхтоўку да карэнных, глыбокіх рэформаў Царквы, найперш манастырскага жыцця. Найважнейшы крок на гэтым шляху, паводле яго задумы, - утварэнне ордэна, на які ўскладалася б функцыя флагмана, збіральніка ўсіх духоўных сілаў Царквы.

Вынік шматгадовай аналітычнай працы Я. В. Руцкага - аб'ёмны рукапісны том «Правілаў манаскага жыцця», закончаны да 1617 г., дзе дэталёва вызначаліся структура новага ордэна, яго мэты і характар дзейнасці. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, афармленне Базыльянскага ордэна, набыццё ім пэўнага юрыдычнага статуса адбылося ў часе шасці з'ездаў прадстаўнікоў манастыроў - у Наваградку (1617), Лаўрышаве (1621, 1626), Руце (1623), Жыровічах (1629) і Вільні (1636). Абсалютнаму трыумфу Уніяцтва на абшарах Вялікага Княства Літоўскага перашкодзіла, аднак, узнаўленне ў 1620 г. ерусалімскім патрыярхам Тэафанам Праваслаўнай мітраполіі. У 1621 г. Я. В. Руцкі распачаў літаратурную палеміку з праваслаўнымі. Ён апублікаваў два публіцыстычна-палемічныя трактаты - «Падвойная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1621). Літаратурная дыскусія, вядома, не зняла ўсіх пытанняў. Мітрапаліту давялося наладжваць дачыненні з Праваслаўнй Царквой.

Пасля працяглых філасофскіх разважанняў Я. В. Руцкі прыйшоў да высновы, што напружаныя дачыненні паміж праваслаўнымі і уніятамі ў Княстве можна грунтоўна ўрэгуляваць толькі праз утварэнне Патрыярхіі ў ВКЛ. Такім чынам, галоўную мэту ўтварэння Патрыярхіі Я. В. Руцкі бачыў у дасягненні кансалідацыі ўсіх вернікаў усходняга абраду, зліквідаванні інстытуцыянальных і дактрынальных падставаў для грамадскага напружання на рэлігійнай глебе. Грандыёзны праект Патрыярхіі - найвышэйшага інстытута ўлады для вернікаў усходняга абраду - не быў, аднак, з-за шматлікіх прычын ажыццёўлены. Я. В. Руцкі выявіў сябе як выдатны літаратар, майстар мастацкапубліцыстычнага слова, філосаф і аналітык. У сваіх творах ён прапанаваў развязванне актуальных пытанняў грамадскага і царкоўнага жыцця.

Закранаючы на старонках сваіх твораў праблему ўзаемадачыненняў паміж свецкай і духоўнай уладамі, Я. В. Руцкі схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх уладаў у краіне. У «Падвойнай вiне» ён падкрэсліваў: «У многiх хpысцiянскiх кpаiнах - Гpэцыi, Балгаpыi, Сеpбii, Валахii, Масковii нiхто без дазволу манаpха не можа займаць пасады мiтpапалiтаў i епiскапаў».

Я. В. Руцкі абгрунтоўваў антызаконнасць узнаўлення праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ. У твоpы «Экзамен Абаpоны» пісьменнік-палеміст раскрытыкаваў пpаваслаўную дактpыну, рэзка асудзіў «pазбу pальную» дзейнасць пpаваслаўнага святаpства. Hазваўшы М. Сматрыцкага, аўтаpа «Абаpоны Веpыфiкацыi», чалавекам «абмежаваных здольнасцяў», якi iмкнецца «сцвяpджаць iсцiну не фактамi i аpгументамi, а непpыстойнай лаянкай і абpазамi», Я. В. Руцкi сфаpмуляваў пяць асноўных антытэзiсаў супраць узнаўлення пpаваслаўнай iеpаpхii Вялiкага Княства Лiтоўскага. У сваіх творах пісьменнік даводзіў, што ў ВКЛ здаўна існуе закон, паводле якога менавіта манарх прызначае («прэзентуе») на найвышэйшыя духоўныя пасады ў Княстве, а патрыярх толькі робіць пасвячэнне. Мітрапаліт Я.-В.Руцкі, абураўся дзеяннямі патрыярха Тэафана, выступаў супраць яго з рэзкім пратэстам, называў «парушальнікам спакою», «маскоўскім агентам», і «турэцкім шпіёнам». Ён заклікаў вялікага князя і ўрад любым шляхам спыніць «разбуральную дзейнасць дызунітаў».

Я. В. Руцкі паслядоўна адстойваў ідэю паяднання ўсіх «вернікаў адзінага народа» на грунце грамадзянскасці. Абураючыся фактамі міжканфесійнай канфрантацыі, ён заклікаў да паразумення, супольнага і мірнага вырашэння спрэчных пытанняў: «Тыя прыкрасці паміж намі, людзьмі адзінага народу і набажэнства, не гвалтоўным і бяздумным наступленнем на нас, як цяпер, не трыбунальскімі, не сеймікавымі, не соймавымі пастановамі, як заклікае Верыфікатар, галасамі і дамаганнем тых ды іншых канстытуцыяў, бо тыя сродкі дагэтуль толькі ўзмацнялі варажнечу. Але толькі з'ехаўшыся ў адзінае месца, і зносінамі супольнымі ў міласці братэрскай, маючы перад вачыма толькі Пана Бога і яго праўду, супакоіцца патрэбна».

Пісьменнік-палеміст усебакова абгрунтоўваў неабходнасць поўнай еднасці вернікаў усходняга абраду, прапануючы дзеля гэтага толькі мірныя сродкі: «Мэта нашай справы, - пісаў ён, - памнажэнне еднасці. Сродак - згуртаваць работнікаў добрых. І менавіта такога сродку патрабуе браная мэта. Бо не праз анёлаў, а праз людзей. А людзей належыць побажна і ўмела весці. Чым болей іх будзе, тым спарней справа пойдзе. І мы не чынілі інакш. Толькі гэтак! Таму лучнасць пашыраецца. Той сродак добры з гледзішча Бога і з гледзішча людзей. Ён з моцы нашай. Добрае паразуменне сярод нас».

Я. В. Руцкі запэўніваў у цвёрдасці і нязменнасці абранага шляху: «Не чакаем узнагароды за працу рук нашых ад тых людзей, дзеля якіх працуем. Але й няўдзячнасць, зласлоўе, дзякуючы Божай помачы, у той справе нас не спалохае». Сваіх шматлікіх паслядоўнікаў і аднадумцаў Я. В. Руцкі параўноўваў з жаўнерамі, добра падрыхтаванымі да бою.

Іван Саверчанка

ПАДВОЙНАЯ ВІНА

Парушэнне «права надавання», калі хто пасвячаецца, не атрымаўшы прэзентацыі

Фундамент, на якім будуе Верыфікатар усю сваю абарону тэзіса аб тым, што не абразіў маястату, калі атрымаў пасвячэнне ад таго чужаземца без прэзентацыі яго каралеўскай міласці, наступны: «Дзве рэчы ў епіскапстве - духоўны сан (dostoieсstwo) і пасада (benificium). Духоўны сан і намінацыя на яго - у руках саміх духоўных. Пасада (benificium) і надаванне яе - у каралеўскіх руках. Праз сваё пасвячэнне яны здабылі першае, да чаго кароль яго міласць не мае аніякага дачынення. А другое яны і браць не хацелі, бо гэта сапраўды павінен даць ім яго міласць кароль, у руках якога прызначэнне на пасады».

Як пабурым той фундамент, дык усё, што ён на ім узвёў, мусіць паваліцца. Яго пабурым, калі пакажам, што прэзентацыя мусіць папярэднічаць пасвячэнню, а не за ім ісці.

Праваслаўныя епіскапіі не вольныя ад надання каралёў польскіх

Кажа Верыфікатар: «Тое права неаднаразова прымянялася пры ўсіх мітрапалітах, калі за пасвячэннем у патрыярхаў мітрапаліты ехалі без прэзентацыі каралёў». Давядзём перадусім, як робіцца ва ўсіх іншых краінах, дзе ёсць Грэцкае набажэнства.

У Грэцыі - аж жах прыгадваць! Там гандлююць святымі рэчамі: хто больш дасць, становіцца патрыярхам, нават пры жывым папярэдніку. Скажу, аднак, не дзіўна гэта, бо яны ў няволі ў ворагаў Хрысціянства

У Балгарыі, Сербіі, Італіі, як ўсім вядома, духоўныя асобы ў санах і пасадах сваіх залежныя ад свецкіх уладароў. З таго вынікае, што свецкія паны адных духоўных узводзяць, іншых здымаюць паводле ўласнай волі. Нават ў Маскве, дзе тая вольнасць духоўная мусіла б захоўвацца, бо там усе аднае веры і аднаго набажэнства, як сам манарх, гэтак і яго падданыя, але й там ніхто не можа без волі cвецкага гаспадара ўзысці на духоўны пасад, пакуль не будзе пазнаны in bonis, vita et honore.

Добрыя ўчынкі уніятаў

Айцы нашыя, каторыя лучнасць святую ў тым каралеўстве даўно заснавалі і ўгрунтавалі, аднавілі паводле той сентэнцыі diu delibera, cito fac (доўга думалі, імгненна вырашылі. - І. С.) захавалі яе і насуперак тым правілам «добрай парады», вышэй памянёным, ні яны, ні мы не пакінулі яе, а, наадварот, ва ўсім дастаткова ўмацавалі.

Што да першай часткі той сентэнцыі, досыць доўга дэліберавалі, чаго нельга было на той час прыспешваць. Няхай так будзе, як гаворыць Верыфікатар, адзін год, хоць узапраўды і тры гады было. Для той справы, якую не яны зачыналі, досыць было часу, бо паўтараста гадоў перад тым закручаная яна была сусветным саборам Фларэнційскім. А хто сабора сусветнага не шануе - няхай будзе як паганец, аб чым гаворыць напісаны і зацверджаны дэкрэт найвышэйшага суддзі.

Учынілі досыць і другой частцы сентэнцыі - cito fac, бо затрымаліся з той справай даўжэй, чым належала. Прычына ў тым, што некаторыя з свецкіх паноў нашага набажэнства (тыя, якія самі выступілі ініцыятарамі справы яднання перад айцом уладыкам) пачалі радзіцца з ерэтыкамі, а менавіта з новахрышчэнцамі, каб толькі нічога не здарылася з такой добрай справай. Сам Пан Бог на той момант імі кіраваў, што ў той справе паступалі абачліва, каб непрыяцель душаў людскіх не пашкодзіў.

Што да рэгулаў «добрай парады», то ім таксама досыць учынілі. Так скажу, тое было ўзважаным сродкам, з улікам канчатковай мэты. Мэта ж іх была - з'яднацца з братамі сваімі, з якімі перад тым разам былі, і з пастырам тым, якому падпарадкоўваліся нашыя святыя айцы, маючы нядаўнія прыклады некалькіх мітрапалітаў праваслаўных, якія жылі паводле пастановаў Фларэнційскага сабора, поўнасцю прымаючы яго.

Схіліліся да наступнага сродку, з дапамогай якога можна было дасягнуць канчатковай мэты, г. зн. пастанавілі, каб мітрапаліт і ўладыкі аддаліся ў паслушэнства рымскаму біскупу. 1. Згадзіліся на тое ўсе, nemine penitus penitusque repugnante, бо і Капысценскага, уладыкі перамыскага, і Балабана, львоў скага, маем подпісы. 2. У тым сродку нічога злога не было! Нічога не супярэчыла аніякаму праву! Бо найвышэйшае права - гэта права сусветных сабораў. Менавіта пастановы Фларэнційскага сабора давалі ўпэўненасць, яны былі найпэўнейшымі на свеце! Ідучы за імі нельга было заблудзіць! І таму сродак той - слушны, бяспечны дабру ўнутранаму і вонкаваму. 3. У моцы тых нашых іерархаў быў і яшчэ адзін сродак - з'ехац ца, дазволіць, спісацца, да караля яго міласці выправіцца. Надзвычай добрая рада была ў айцоў нашых. Таму беспадстаўна Верыфікатар называе тую справу няўзгодненай змоваю.

Мэта нашай справы - памнажэнне еднасці. Сродак - згуртаваць работнікаў добрых. І менавіта такога сродку патрабуе такая мэта. Бо не праз анёлаў, а праз людзей. А людзей належыць побажна і ўмела весці. Чым болей іх будзе, тым спарней справа пойдзе. І мы не чынілі інакш. Толькі гэтак! Таму лучнасць пашыраецца. Той сродак добры з гледзішча Бога і з гле дзішча людзей. Ён з моцы нашай. Добрае паразуменне сярод нас. Пытаеце, якая карысць з тае еднасці?

Адказваю. Збавенне душам, якое без яе не можа быць. «Адзін Бог, адна вера, адзін крыж» (Эфес. 4), - кажа апостал. Таму і адна царква мусіць быць. Іншых, зямных даброцяў у той справе і не шукаем, і наагул, вялікая заслуга быць у пашане Пана Бога. Не чакаем узнагароды за працу рук нашых ад тых лю дзей, дзеля якіх працуем. Але й няўдзячнасць, зласлоўе, дзякуючы Божай помачы, у той справе нас не спалохае.

Кажаце, што дваццаць пяць год як зачалася тая еднасць, а не ведаеце яе.

Адказваю. 1. Ведаеце добра, але разумець не хочаце. Спачатку жаўнера ўзбройваюць і навучаюць у справах рыцарскіх, а потым вайну распачынаюць. Што чынілі ў тыя дваццаць пяць год, тое і цяпер чынім. Няўжо не знаеце здатных да бою жаўнераў у набажэнстве нашым! Была патрэба збіраць моладзь, даваць ім добрае выхаванне, як у побажнасці, гэтак і ў навуцы. І такіх, за ласкай Божай, ужо маем у сваім законе больш за сто. Вядома, з імі яшчэ давядзецца доўга працаваць, пакуль яны авалодаюць навукамі патрэбнымі дзеля той справы, а затым самі пачнуць уласную чыннасць. Не дзіўна, што дзеля гэтага па трэбна шмат часу. Але не сумуй, як арэш ды сееш, што не адразу жнеш! Чакай, пакуль колас дазрэе! 2. На саборах нашых, якія праводзім штогод па ўсіх епіскапіях, прысутнічаюць і тыя папы, што ў вялікай колькасці ў Літоўскіх краях засталіся ў схізме. Сярод іх і яўныя парушальнікі царкоўнага права, якія пазбягаюць пакарання. Ці ж прыганяе іх хто да еднасці, ці прадпісвае ім хто яе! 3. Цяпер у той Уніі заслужаныя людзі не толькі ніжэйшых, але й найвышэйшых станаў, гэта значыць - сенатары, ураднікі земскія і дворныя, і павятовыя, шляхта і мяшчане ў гарадох, а пра люд просты і казаць не варта, той, нібы авечкі, ідзе, куды яго павядуць духоўныя айцы і святыя, абы ў царкве ўсё было па-старому. 4. Не надта імкліва ўсталёўваецца Унія, але таму ёсць вялікія і важкія прычыны.

Найперш, поглядам Пана Бога, гнеў Яго справядлівы за шматгадовае адшчапенства. Ён вельмі цяжкі, уключае пакаранне за дзве вышэйпамянёныя схізмы. У Старым Законе, апрача іншых учынкаў у духоўным і свецкім стане, праклён Божы за сабой цягнуць наступныя: абрыдлае п'янства сярод духоўных асобаў, а таксама хаджэнне без споведзі да алтара Божага і прыманне ў замерзлыя страшныя вусны святасць Цела і Крыві Панскай, без усялякіх пакутаў сумлення. Яны або не вераць, што ў найсвяцейшым сакраменце ёсць праўдзівае цела Панскае, або калі вераць і так робяць, дык яны вялікія злачынцы перад Панам Богам. Прычым не ведаюць і не імкнуцца ведаць, як належыць паводзіць сябе асобам капланскага стану […]

Не малая перашкода пашырэнню Уніі - цяжкасці з нашымі братамі. Адны толькі нямыя і глухія размаўляць з намі і слухаць нас не хочуць! І такіх вельмі шмат. Ім надта цяжка што-небудзь параіць, толькі трэба прыйсці з гары таму Медыку, каторы вылечыў нямога і глухога. Іх не змаглі вылечыць вучні Яго, хоць іншых і вылечвалі. Толькі тое нас суцяшае, што тая хвароба ў моцы кожнага, тая хвароба залежыць ад хворага, можа яе пазбавіцца кожны, калі захоча. Тое нам патрэбна, мілыя браты, каб выказаліся і пачулі свой голас, не будзе гэта без карысці […]

Тыя прыкрасці паміж намі, людзьмі адзінага народа (iednego narodu) і набажэнства, не гвалтоўным і бяздумным наступленнем на нас, як цяпер, не трыбунальскімі, не сеймікавымі, не соймавымі пастановамі, як заклікае Верыфікатар, галасамі і дамаганнем тых ды іншых канстытуцыяў, бо тыя сродкі дагэтуль толькі ўзмацнялі варажнечу. Але толькі з'ехаўшыся ў ад зі нае месца, і зносінамі супольнымі ў міласці братэрскай, маючы перад вачыма толькі Пана Бога і яго праўду, супакоіцца па трэбна.

ТЭЗЕС, СИРЕЧ ИЗЪВЕСТНЫ ПРЕДЪЛОЖЕНІЯ ОТ УЧЕНІЙ, ЕЖЕ О ТАЙНАХ ЦЕРЪКОВНЫХ. НА РАЗМЫШЛЕНІЕ КЪ ОБЪЩЕМУ СОСТЕЗАНІЮ ДАНЫ ЧЕСТНЫМ ОТЦЕМ ІОСИФОМ ВЕЛЯМИНОМ РУТЪСКИМ, ИНОКОМ ЗАКОНУ СВЯТАГО ВАСИЛІЯ В МОНАСТЫРУ ВИЛЕНЪСКОМ СВЯТОЕ ЖИВОНАЧАЛНОЕ ТРОЙЦЫ. СОСТЯЗАНІЕ ЖЕ СЕ НА ОБЫЧНОМ МЕСТЕ УЧЕНІЙ БУДЕТ, ПРЫ МОНАСТЫРИ ПРЕД РЕЧЕННОМ. РОКУ ОТ НАРОЖЕНЯ ХРИСТОВА 1608, МЕСЯЦА ГЕНВАРЯ, ДНЯ 11, ЧАСУ ВТОРОГО ПО ПОЛУДНИ

1

Понеже человек от душа ест составлен и тела. Подобне благій Бог, кроме иных изрядъных образ ими же своя дарованія души невидимо уделяет строити обыче, видимая знаменія ими же нами въспріемлемыми подает грехом прощеніе и изобильно благодати умноженіе. Прелесть убо изъобретенъна от многа уже времени супостаты православныя веры, и ныне некими ереси казательми отновленъна. Судити неподобъну быть вещ христіяном вне удиых знаменій къ содеянію спасенія требоваті.

2

Суть некая знаменія вне удия, яже по достоянію отцы святые, именем от тых писаній и святых апостол прыятым, елиньски misterion, латиньски сакраменъта нарицают. Въ словенском же языку тайны именоватися могут. Имя се тайна особне сему приподаетъся. Еже знаменіем ест чувъственным, вещы святыя освящающыя человека, еже существа тайны ограниченье единогласно прыподаетъся, и Ветхаго Завета тайнам и Новаго. Сего ради несть умышлейно имя се тайна. Яко же глаголет Кальвин, от человек само извольне. А ограниченье тайны, еже вносять лютерани, новокрещеньцы и кальвиніани, ученію правоверныя церкви суть противны.

3

Ко соверъшенію тайны новозаветныя трех вещей требе ест: вещы, образа и воле тайну действующаго. Сице яко недостающы или единой от трех - тайна не соверъшается. Матерыя ест вещ ко содеянію тайны от Бога узаконенъна, яко вода в тайне Крещенія, хлеб и вино в тайне Евхаристии. Форъма паки, словеса суть, Богом узаконенъна. Ими же тайна совершается. Матерыя сугуба ест, далечайша, вещы суть самыя. А ближайша, вещы требованіе. В словесех премененіе, егда сущаго разума от Христа подайного не разоряет ко соверъшенію тайны довлеет, и яко же ничто же, ни въ вещы, ни въ образе от Христа преданных пременити возможно естъ. Тем же нелепо Лютер, Бреит и Звинкгель измененія о словесех таинъственных шыроко изволяют. Зле же и Кальвин образ таинъственный, ученіе казатель о обещаніях Божественных, быть непщует.

4

Тайны новозаконныя поистинне суть орудія Божественна. Ими же Бог оцыщает грехи и благодать свою на душу изливает, еже излияніе ест истиннодейство дару сотворенънаго. Его же отцы святые благодатію Божественною нарыцают. Имуть убо тайны, яко орудія Божественъная, силу отпущенія грехом и посвещенія душа. Тако яко не токмо знаменьми суть являющими, но и содевающыми благодать. Ибо прелестне учит Кальвин. Дабы тайны были узаконенъны от Бога на возбуженіе веры токмо. О обещаніих Господних, Писанію паче веруем, еже учит нас яко действо вещы таинъственъныя, благодать кровію Сына Божія содеянъную нам подает. И исповедуем, яко не прелщатися Вселенъней Правоверъней Церъкви, яже детей не ожидающе времени даже уверять, ради истинънаго греха прощенія, и поданія благодати Божія, тайну святаго Крещенія, и Миром помазанія, Тела и Крове Христовы от апостол наученъна подает.

5

Всяка вещ сътворенъна творъцы своему повинуется, въ исполненіе и въ воспріятіе всякого съверъшенъства, паче естества своего, отнюду же указаніем Писанія. И святых отец праведъно богословы наказуют, яко тайны не токмо нравоучительным нравом, но и вещезрительным, или физицъским детелію своею, яко же вне уду касающися телеси, тако и внутр уду силою от Бога на се воспріятою касающися душа, очищают ону от греха и благодати Божія дар на ней исполъняют. От Писаній наказаніе се, от отец исчерпаем. Сего ради несть умышленіе наго и смерътоносно, яко же дух Кальвинов молъвит.

6

Тайн от Христа в Церъкви Хрістіянъской Вселенъской Православной узаконенъных ест седм - Крещеніе, Миропомазаніе, Тело и Кров Господня, Покаяніе, или Исповеданіе, Свещенъство, Брак, и последнее, Маслом помазаніе. Непреклонъна же о тайнах и единомысленъна вера, и ученіе, съединенія знаменіем ест святыя Божія Церъкви. Ему же противустоятель Зизанія не покараяся Писанію, святым отцем противу исповеданія веры Никейскаго и Костанътинополского Собора исповести не хощет, лист [...], но по Дню Судном. Нововеръници о тайнах лестне, иже или един токмо яко Лютер. Или два токмо, яко неціи лютерани, или три токмо, яко Калвин. Наймнее, иеже седм, или вящъше тайн исповедуют.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX