Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Волян Андрэй. Пра дзяржаўнага мужа i яго асабістыя дабрачыннасці 


Аўтар: Волян Андрэй,
Дадана: 31-10-2012,
Крыніца: Волян Андрэй. Пра дзяржаўнага мужа i яго асабістыя дабрачыннасці // Спадчына № 6 - 1991. С. 95-104; Спадчына № 1 - 1992. С. 90-98.



ПРА ВОЛЯНА

Андрэй Волян нарадзіўся у 1530 г. у Навагрудку (Велікапольшча). Бацька яго паходзіў з сілезскіх немцаў, быў чалавек адукаваны i карыстаўся асаблівай гасціннасцю сям'і Вастрарогаў - вядомых прыхільнікаў Яна Гуса.

Калі яму споўнілася 13 гадоў, яго аддаюць вучыцца ва універсітэт у Франкфурце-на-Одэры. Гэтая навучальная ўстанова ў тыя часы ветліва расчыніла свае дзверы прыхільнікам гуманізму i рэфармацыі. Праз тры гады юнак вяртаецца да бацькоў. Займаецца юрыспрудэнцыяй, вывучае кіраванне сельскай гаспадаркай. У наступныя тры гады праходзіць стажыроўку пад опекаю свайго дзядзькі Гераніма Квілецкага, які ўпраўляў маёнткамі каралевы Боны. Пасля гаго як Андрэю Воляну мінула 19 гадоў, Квілецкі рэкамендуе пляменніка сакратаром князю Мікалаю Радзівілу. Аднак Волян хоча вучыцца далей. Неўзабаве пры пэўнай згодзе i матэрыяльнай падтрымцы Радзівіла юнак едзе вучыцца ў Кёнігсбергскі універсітэт. Тут ён вывучае антычную філасофію, гісторыю, прававыя навукі, дасканаліць свае веды ў лацінскай мове. Значна паўплывалі тады на студэнта лютэранскія ідэі, шырока распаўсюджаныя ў Кёнігсбергу. Волян становіцца гарачым прыхільнікам Рэформы.

Праз тры гады малады рэфарматар вяртаецца ў Вялікае княства Літоўскае. Паступае на працу сакратаром Мікалая Радзівіла Чорнага. За добрую службу Мікалай Радзівіл дорыць Воляну маёнтак Біюцішкі, непадалёку ад Ашмянаў. Праз пэўны час князь Радзівіл рэкамендуе свайго таленавітага аднадумца сакратаром польскаму каралю Жыгімонту Аўгусту.

Займаючы пасаду каралеўскага сакратара, Волян выконвае розныя дзяржаўныя даручэнні. За адданую службу кароль надзяляе яго землямі па суседстве з Біюцішкамі.

У 1574 г. Волян надрукаваў кнігу «Праўдзівае i артадаксальнае вучэнне царквы аб вячэры Гасподняй». У гэтым трактаце ён упершыню выступае публічна супраць езуітаў. Напісаць кнігу прымусіла Воляна спроба каталіцкіх духоўнікаў схіліць яго да каталіцкай веры. Найбольш актыўны ў гэтым быў Пётр Скарга. Неяк у сваім пасланні ён прапанаваў Воляну адрачыся ад пратэстанцкай ерасі i прыняць каталіцкую веру. У адказ на гэта Волян i напісаў сваю кнігу.

На жаль, твор гэты паку ль што не знойдзены. Але трэба думаць, што ён змяшчае ў сабе выказванні, якія пярэчылі афіцыйнай дактрыне каталіцкай царквы. Тагачасны віленскі біскуп Валерыян Пракаповіч пісаў: «Кніга поўнасцю ерэтычная, вартая агню i ўсялякага ганення. Пад страхам экскамунікацыі мы забараняем кожнаму чалавеку чытаць, прадаваць i набываць яе».

У наступныя гады Волян надрукаваў яшчэ некалькі трактатаў супраць каталіцкай царквы. Найбольш змястоўны твор такога напрамку - трактат «Пяць кніг супраць Скаргі» (Вільня, 1584).

Волян быў не толькі рэлігійным рэфарматарам, але i палітычным дзеячом, філосафам i юрыстам. У 1581 г. яго выбіраюць у Вярхоўны суд Польшчы. Ен мае даволі значны ўплыў пры каралеўскім двары. Можа, з гэтай прычыны пасля смерці караля Сцяпана Ватуры новы польскі кароль Зігізмунд VIII, які быў, дарэчы, заўзятым католікам, пакінуў Воляна на пасадзе свайго сакратара. I Андрэй Волян працягвае выконваць важныя дзяржаўныя даручэнні. У прыватнасці, у 1595 г. ён прымае ўдзел у далікатнай дыпламатычнай місіі, якая павінна была нармалізаваць адносіны Польшчы з Масковіяй.

Волян быў добрым знаўцам сацыяльна-палітычных праблем. Самы першы трактат яго меў назву «Аб палітычнай i грамадзянскай свабодзе» i быў выдадзены ў 1572 г. у Кракаве. Даючы апрабацыю гэтаму твору, вядомы ў той час вучоны Аўгустын Ратундус пісаў аўтару: «Сярод нашых палякаў, чые скрыпты мне давялося бачыць i чытаць, мала знойдзецца такіх, якія маглі б тут зраўняцца з табой».

Грамадскія, дзяржаўна-прававыя, этычныя праблемы знаходзяць сваю інтэрпрэтацыю i ў такіх працах, як «Прадмова на кнігу Андрэя Фрыча Маджэўскага «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (1577), «Надмагільнае слова памяці князя Мікалая Радзівіла» (1584), «Прамова да жыхароў Каралеўства Польскага» (1588), «Разважанні над пісьмом святога апостала Паўла да эфесян» (1592), «Зварот да шляхты Каралеўства Польскага i Вялікага княства Літоўскага» (1595), «Хвалебное слова ў гонар Мікалая Хрыстафора Радзівіла» (1598), «Аб несправядлівым законе, караючым за ўчыненае забойства» (1599), «Прамова да Радзівілаў i Хадкевічаў» (1600), іншых.

Гуманіста i рэфарматара Андрэя Воляна надзвычай займае праблема найлепшага манарха. Свае погляды адносна гэтага пытання ён выказаў яшчэ ў «Прамове да Сойма», калі ў 1552-1554 гг. Польшча аказалася без караля па смерці Жыгімонта Аўгуста. Не называючы канкрэтнай кандыдатуры на каралеўскі трон, Волян галоўную ўвагу скіроўвае на станоўчыя якасці манарха. На думку Воляна, галава дзяржавы павінен клапаціцца найперш пра дабрабыт грамадзян, валодаць усімі добрымі якасцямі, якія ўласцівыя чалавеку. Але нават самы лепшы манарх у рэальным жыцці мае нейкія заганы. Таму абавязак сапраўдных сенатараў устрымліваць манарха ад благіх учынкаў.

Палажэнні, выказаныя ў «Прамове да Сойма», атрымалі сваё далейшае развіццё ў трактаце Воляна над назвай «Пра дзяржаўнага мужа i яго асабістыя дабрачыннасці» (Гданьск, 1608). Гэта быў апошні твор нашага знакамітага суайчынніка. 6 студзеня 1610 г. Андрэй Волян памёр у сваім маёнтку Біюцішкі, дзе пражыў плённае жыццё. Там яго i пахавалі.

Андрэй Волян ведаў некалькі замежных моваў, пісаў пераважна на лаціне. Ён любіў гэтую мову, пастаянна ўдасканальваў свой лацінскі стыль. Калі чытаеш творы Воляна, то захапляешся майстэрствам элегантна выказваць свае думкі. Імкненне карыстацца жывою класічнаю лацінай было разам з тым адмаўленнем няўклюднай варварский лацінскай мовы, характэрнай для вучоных сярэднявечча. Аддаючы перавагу лаціне, Волян хацеў таксама, каб яго кнігі чыталі i разумелі ва ўсёй Еўропе.

Пры ўсім гэтым наш суайчыннік быў патрыётам сваёй радзімы. Ен любіў свой народ, верыў у яго творчыя магчымасці i горда заяўляў: «Наш літоўскі народ вызначаецца норавамі, набожнасцю i ўсякімі харошымі якасцямі настолькі, што сваімі дабрачыннасцямі можа з поспехам пасапернічаць з іншымі народамі».

Зразумела, што літоўскім народам Волян называе тут усіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага.

Уладзімір ШАТОН



Прысвячэнне
САМАМУ ЗНАКАМІТАМУ I ШЛЯХЕТНАМУ, ДАБРАЧЫННАМУ I НАБОЖНАМУ ПАНУ ПЯТРУ ГАРАЙСКАМУ З ГАРАЯЎ, ВАРТАМУ НАЙГЛЫБОКШАИ ПАШАНЫ

Калі ты, яснавяльможны i шляхетны пане, прыехаў на Літву і, знаходзячыся ў гасцях славутага Георгія Радзівіла, па боскім наканаванні ўзяў шлюб з найвысакароднай жанчынай, яго аўдавелай сястрой, то я вельмі радаваўся, што прысутнічаў пры гэтым i ў нейкай меры садзейнічаў тваім добрым імкненням. Па ўласцівай табе добразычлівасці i выключнай гуманнасці ты быў настолькі ласкавы, што, вяртаючыся назад у Польшчу, пажадаў завітаць да мяне i пабываць у маіх пенатах. Калі я зазнаў на тым часе плён вельмі прыемнай блізкасці, калі зведаў тваю дабрачыннасць, набожнасць, вучонасць i мудрасць, то вырашыў аддзячыць такому вядомаму чалавеку нечым большым i пакінуць табе нейкі сталы залог як знак маёй любові i пашаны.

I тут надарыўся даволі зручны выпадак, які ўзмацніў тое вялікае жаданне засведчыць табе маю самую шчырую прыхільнасць. Як вось думаю i разважаю аб уласцівасцях, якімі павінен валодаць знакаміты дзяржаўны муж дзеля добрай славы наймення свайго, то ў табе якраз бачыцца мне ўвасабленне ўсіх дабрадзейнасцей. I гэта ў такой меры, што магу сказаць: ты з'яўляешся ўзорам таго прынцэпсу, з якога неабходна браць прыклад. Зыркім святлом праменіць твая выключная набожнасць i твая любоў да сапраўднай рэлігіі. Найболей ты рупішся пра тое, каб у тваіх уладаннях гучала сапраўднае слова Евангелля i каб тое вучэнне i святасць былі ў сэрцы пастыраў, якія не ўводзяць народ у зман i не жывуць разбэшчаным жыццём, поўным гнюснасці i злачынстваў.

А што сказаць пра тваю дасведчанасць у справах рэлігіі, пра пазнанне ўсіх мастацтваў, набытае вялікай працай i незвычайным талентам за час вучобы Ў знакамітых акадэміях Германіі, Італіі, Францыі. Сярод знаці нашага народу лічышся ты першым i чаруеш кожнага сваёй вучонасцю. На публічных дыспутах аб дзяржаве прысутныя ўхвалялі твае глыбокія думкі i адразу ж пагаджаліся з імі, бо іншае было б тут недарэчным. Усе ў адзін голас сцвярджаюць, што ў цябе i розум, i талент, а ў другіх - адна толькі шматслоўнасць. Народ з жаданнем слухае тваё слова i гатовы ісці за табою, куды паклічаш.

У свядомасці людзей закладзена пачуццё справядлівасці i прыстойнасці, i яны імкнуцца да таго, хто ў гэтым больш дасканалы. Чалавек, апынуўшыся ў коле тваіх знаёмых, падтрымлівае з табою пастаяннае сяброўства. Пад уздзеяннем чараў тваёй асаблівай гуманнасці ён заўсёды адчувае да цябе прыхільнасць.

Павага да дзяржаўнага мужа ў значнай меры залежыць ад яго набожнасці i сціпласці ў сямейным жыцці. I ты ў часе першага шлюбу жыў, як сцвярджаюць, так, што нічога аніколі не абясславіла твой дом. Сваё патомства імкнешся выхоўваць у такой манеры, што яму ўласцівыя прыстойнасць, сціпласць i адметная набожнасць. А якая цнатлівая, памяркоўная i набожная твая другая жонка з сям'і Радзівілаў! Здаецца, што гэтая паўбагіня ўвасабляе ў сабе ўсё жаноцкае хараство.

Я ўжо не кажу пра тваю шчодрую i дабрадзейную руку, гатовую хутка i неадкладна дапамагчы кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Ты нібы толькі i скіроўваеш свае намаганні на тое, каб рабіць усім дабро. Кожнага вабіць твая бязмежная веліч, непахісная сіла мыслення, пастаянная вытрымка пры ўсіх зменах лёсу. У адзін голас цябе хваляць усе i ўзносяць аж да нябёсаў. I, бадай, няма такой дабрачыннасці, для дасягнення якой ты не праявіў бы найвялікшага старання i працавітасці. Ты дасягнуў такой высокай чысціні i высакароднасці духоўнага складу, што ў цябе няма нічога грубага. Уся твая дзейнасць сведчыць толькі пра найвялікшую бездакорнасць уласнага жыцця.

Гэта якраз i ёсць, на маю думку, тыя дабрачыннасці, якія ўздымаюць дзяржаўнага мужа i кожнага знатнага чалавека на вяршыню яшчэ большай пашаны i праз якія ён будзе варты пахвалы на цэлыя вякі. Таму я палічыў неабходным напісаць кнігу, у якой прапаную зусім пэўны вобраз сапраўднага прынцэпсу i паказваю тым, хто знакамітага роду, верны шлях да яшчэ большага ўшанавання іхняга імені.

Але перш за ўсё табе, слаўны асілак, я прысвячаю гэты невялічкі твор, каб ты Ў ІМ бачыў самога сябе, нібы ў люстэрку. Іншым я даводжу да ведама, што яны павінны ладзіць жыццё сваё адпаведна гэтаму ўзору, калі хочуць зберагчы добрую вядомасць наймення свайго i заставацца ва ўлонні найвышэйшых пахвал.

Я малю ўсемагутнага Бога, каб ён ашчасціў твой новы шлюб, увянчаўшы яго сваім боскім блаславеннем, i каб з боскае ласкі патомства тваё квітнела на многія гады.

Адпраўлена з уласнага маёнтка ў Біюцішках

дня 1 месяца жніўня, года божага 1605.

З найвялікшай павагай слуга твой Андрэй Волян каралеўскі сакратар

РАЗДЗЕЛ I

Гэта вялікі дар божы, калі пашчасціла каму-небудзь нарадзіцца прынцэпсам ці паходзіць ca знатной сям'і.

Творца прыроды Бог так стварыў існуючы род смяротных, што ўсе нараджаюцца, з'яўляюцца на свет i пачынаюць дыхаць паводле аднаго i таго ж закону, з адным i тым жа лёсам. Кожнага чакае тленнае, поўнае нягодаў жыццё. I, бадай што, вялікая доля чалавечага шчасця дастаецца таму, хто з боскае ласкі i наканавання паходзіць са знатнай i шляхетнай сям'і i ўжо з дзіцячага ўзросту дае бясспрэчны доказ таго, што сярод астатніх смяротных ён, безумоўна, знакамітая i адметная асоба, можа быць прынцэпсам i стаяць на чале ўсякага народу, кіраваць гэтым цывілізаваным грамадствам. Праўда, нярэдка бывае так, што выхадцы i з цёмных сялянскіх сем'яў уздымаюцца да высокіх пасад. Але ўсё такое дастаецца вельмі нялёгка, бо абстаўлена вялікімі цяжкасцямі. Пра гэта сведчаць многія факты.

Ніхто ж, усведамляючы сваё знатнае паходжанне, не будзе слухацца з ахвотай чалавека ніжэйшага звання. Апошняму трэба вызначацца незвычайнай працавітасцю i старанием, сабраць у адно сваю моц розуму i цела, каб дасягнуць сонечных вышынь фартуны, захінуць сябе ад усякай знявагі i ўхіліцца ад вострага джала нянавісці. I мы ведаем, што дзееца такое ў штодзённым жыцці на вачах у людзей. Нам таксама вядомыя быліцы даўняга часу, апісанне якіх можна знайсці ў творах антычных пісьменнікаў. Колькі зацятай варожасці вымушаны цярпець той, хто вынырнуў ca свайго сціплага кубельца i ляціць вышэй наканаванага яму лесу. Адна ўжо Рымская дзяржава дае тут важкія доказы. Кожнаму, хоць бы трохі знаёмаму са старажытнасцю i яе гісторыяй, добра вядома, якая барацьба вялася паміж патрыцыямі i плебеямі за ўладу, за роўныя магчымасці шлюбаў паміж імі.

Падобнае назіраецца i ў іншых народаў. I там вельмі нялёгка дастаюцца тытулы i званні выхадцам з цёмнага простанароддзя, калі апошнія ў сваёй дабрачыннасці імкнуцца дасягнуць далёкай вяршыні фартуны. Арыстакратам жа ўсюды гонар i пахвала. Ніхто не пярэчыць, як нашчадкі нобіляў жывуць сабе ў промнях той славы i пашаны, якую мелі іхнія продкі. Такому патомству давяраюць весці дзяржаўныя справы, кіраваць самой дзяржавай. Так што, i адышоўшы, застаюцца.

I яно, канешне, зусім правільна, калі патомкі берагуць колішнюю славу бацькоў i дзядоў, калі яны такія ж дабрачынныя i калі на справе аказваюцца вартымі сваіх мудрых i слаўных прашчураў. Ніхто тады не перашкаджае ім дбаць пра агульнае дабро, i яны атрымліваюць тую ж пашану, якую атрымоўвалі іхнія папярэднікі.

Але ж калі аб'яўляюцца нашчадкі, якія, скарыстоўваючы аўтарытэт сваіх продкаў, аддаюцца бяздзейнасці, гультайству, гразнуць ва ўсялякай распусце, праводзяць жыццё ў раскошы i блудзе, то гэтакіх трэба адносіць не да нобіляў, а да гайні псялыжнікаў і абібокаў. Апошніх менавіта ганьбіў Марый [1] у сваёй вельмі змястоўнай прамове. Пазбаўленыя здольнасці да ўсялякага дабрадзейства, яны толькі ўслаўляюць продкаў. Успамінаючы подзвігі мінуўшчыны, яны i сябе лічаць знакамітымі i вартымі размаітых пахвал. У сапраўднасці ж, чым больш слаўным было жыццё першых, тым больш гнюсным аказваецца жыццё другіх. Марый справядліва сцвярджае, што слава продкаў - гэта светач дзейнасці патомкаў. Яна не дазваляе замоўчваць дабро i пакрываць зло.

Сапраўды, калі знатны зрабіў дабро, то ўсе скіроўваюць на яго свае позіркі i праслаўляюць яго аж да нябёсаў. Калі ён апаскудзіўся ліхадзействам i злачынствам, то гэтым самым чалавек выставіў сябе на вялікую ганьбу, абразу i знявагу. Зусім правільна гаварыў паэт пра тое, што ўсякая душэўная вада тым большы грэх, чым больш вядомым аказваецца той, хто грэшыць:

Бацька, я знаю, Тэрсіт не na густу табе, бо, канешне.
Ты на пагляд Эакід. А як возьмеш вулканаву зброю,
Вельмі ж падобным тады на Тэрсіта Ахіл цябе робіць.

Ад кожнага знакамітага паходжаннем чалавека патрабуецца гарманічнае спалучэнне ўсіх дабрачыннасцяў i выдатных якасцяў характару. Калі ж заместа гэтага ў чалавеку бярэ верх фанабэрства i агідная пажаднасць, то, як гаворыць паэт, «знакамітасць бацькоў табе насупор абярнецца, факелам зыркім пачне асвятляць заблудныя ўчынкі».

Значыцца, кожнаму нобілю трэба ўласнай дабрынёй паходзіць на сваіх продкаў i не паганіць свой род якой-небудзь подласцю. Калі ж нехта адыдзе ад нормы прыстойнага, то яго не захіне аніякая цямнота i ён ніякімі хітрыкамі не зможа схавацца ад людскога вока дзесь у зацішным куточку.

Неабходна адсячы ўсякія згубныя памкненні розуму i шкодным жаданням, якія тояцца ў галаве чалавека, даць такi адпор, каб яны ніколі не выводзілі цябе з нармальнага, разважлівага стану. Так менавіта можна будзе зберагчы i славу даўніх нораваў i не даваць коснаязыкім пляткарам зачэпкі неяк ачарніць, апаганіць імя знакамітых продкаў.

РАЗДЗЕЛ II

Дзяржававодцу неабходна перш за ўсё клапаціцца пра сапраўдную рэлігію.

Філосафы выказваюць многа прапаноў адносна такога выхавання чалавечага роду, пры якім людзі аказаліся б здатнымі на дабрадзейныя ўчынкі i праз гэта былі б вартымі сапраўднае славы. Але няма больш простай дарогі да сумленнага i бездакорнага ладу жыцця, чымся тая дарога, па якой ідзе чалавек, што прысвяціў сябе праўдзівай рэлігіі i скіраваў свае думкі толькі да Бога. Бо рэлігія - гэта чыстае ўзыходжанне розуму да Бога, сумленны i бездакорны культ яго светлага імені i стараннае выкананне Божых запаведзяў.

Калі чалавек заўсёды з Богам, калі ён ушаноўвае боскае імя i бяжыць ад рознай нечысці, то гэта i ёсць найлепшае зелле супраць усялякай чумы, якая чуміць людскія галовы. Усявышні бачыць не толькі асобныя ўчынкі людзей, але i самыя патаемныя i прыхаваныя куточкі чалавечага розуму. Так што Богу адразу ж вядома ўсё, калі чалавек ухіляецца ад боскіх наказаў i парушае боскія запаведзі. Той, хто чыніць зло, хто сваім зладзействам апаганьвае велічнасць Бога, няхай не разлічвае схавацца ад боскага вока i пазбегнуць кары.

Аднак чалавек павінен дасягнуць такой ступені свядомасці, каб яго ўтрымліваў ад злосных учынкаў не страх перад божым судом, а любоў да Бога i пакора боскім наказам. Шчодрая міласэрнасць вечнага айца - для чалавека вялікі стымул да добрых учынкаў. Менавіта гэтая міласэрнасць ператварыла нікчэмную жывёлінку ў велічную істоту, надзяліла апошнюю духам нябесным i прызначыла да нябеснага жыцця i вечнага бяссмерця. Але чалавек страціў такое жыццё, калі пачаў скочвацца ў цяжкі грэх непаслушэнства. Бог, аднак, праявіў найвялікшую, дзівосную міласэрнасць i прыпыніў такое падзенне, паслаўшы з нябёсаў для паратунку людзей свайго вечнага сына, i мукамі ды лютай смерцю яго ўратаваў чалавечы род ад суровай заслужанай кары.

Уся праўдзівая рэлігія, пра якую Святое Пісанне гаворыць да нашчадкаў царквы голасам прарокаў i апосталаў, кліча да таго, каб людзі прызнавалі адзінага Бога i Госпада Ісуса Хрыста, якога Бог паслаў для ўратавання сваёй царквы. Апосталаў голас вяшчае нам, што пад небам няма іншага імені, з якім людзі могуць атрымаць збавенне, апрача імені Ісуса Хрыста.

Святы Павел гаворыць так: «Я перш за ўсё даў вам тое, што атрымаў: Хрыстос памёр за нашыя грахі». У сваім Пасланні да рымлянаў ён піша (раздз. 10): «Калі ты сваімі вуснамі прызнаеш Госпада Ісуса Хрыста i верыш сэрцам сваім, што Бог уваскрасіў яго з мёртвых, то будзеш збавёны».

Сам Збавіцель наказвае вернікам, каб яны кіраваліся толькі аўтарытэтам Святога Пісання, бо менавіта яно сведчыць пра Божага сына. Цвердалобай неразважнасцю з'яўляецца жаданне даволі многіх дамагчыся немаведама якога шчэ большага пазнання боскай ісціны, чым тое божае адкрыццё, што дадзена ў Святым Пісанні. Яны аб'яўляюць Пісанне коснаязыкім, недасканалым. На ix думку, Пісанне можна перайначыць, быццам нос, што зроблены з воску. Для ведаў яно нічога акрэсленага i пастаяннага не дае.

Адсюль, канешне, i такая барацьба, адсюль i такія несумяшчальныя паміж сабой i супярэчлівыя погляды. З адной нявесты, з адной царквы Хрыстовай паяўляецца мноства яе разнавіднасцяў, i кожная патрабуе наймення царквы. Падмаляваўшы сябе зманлівай фарбай румянаў, яны паўстаюць ca знешне цнатлівым абліччам нявесты. Але Гасподзь прызнае толькі тую нявесту, якая ўзаемна паклялася быць вернай жаніху i не звяртаць увагі ні на кога іншага. Калі ж нявеста адвярнулася ад жаніха i начала хіліцца да палюбоўнікаў, то яна парушыла вернасць шлюбу i апаганіла сябе здрадніцтвам. Зусім справядліва заяўляе Гасподзь, што ён больш не муж ізраільскаму племені, а племя гэтае больш яму не жонка. Тая жонка стала блудніцай i аддаецца распусце пад кожным кустом, грашыць i з каменем i з дрэвам.

Хрыстос жаліцца, што гэтае зло дзеелася ў ягоным народзе не адзін раз. Ен смуткуе, што народ пакрыў сябе кляймом вечнае ганьбы, калі, разбурыўшы саюз i разарваўшы повязі з Госпадам, акунуўся ў нечысць, i сваё сарамоцце выстаўляе кожнаму стрэчнаму. Прарокі, абуджаныя да слова Госпадам, пастаянна скардзяцца на народ i яго жрацоў, якія пагарджаюць боскім законам i для якіх не існуе аніякай розніцы паміж духоўным i свецкім. Верхам жа вераломства было тое, што адступнікі пакінулі саму крыніцу жывой вады - Бога, выкапалі сабе студні, у якіх няма аніякай вады. З журбою ў голасе жаліцца адзін прарок на іхнюю сапсутасць. Гэтая сапсутасць набыла такія памеры, што, акрамя яго самога, ніхто больш па-сапраўднаму не ўшаноўвае Бога. Усе пакланяюцца розным ідалам.

Вучэнне апосталаў сведчыць, што гэтая чума распаўсюдзілася не толькі ў старажытным народзе. Апостал гаворыць, што ў царкве Хрыстовай з'явяцца шэрыя ваўкі, прытым у асобе біскупаў, якія не дадуць аніякай літасці статку. Апошнія пачнуць баяць усялякую бязглуздзіцу, каб забавіць вучняў. Як вынікае з апостальскага вучэння, заганай большасці людзей будзе тое, што яны адвернуцца ад праўды і, слухаючы розныя казкі, адважацца нават адмаўляць Госпада, які выратаваў ix.

Святы Павел вяшчае, што ў царкве ўзнікне вялікае вераадступніцтва. У свімім храме божым уссядзе сын грэшны, які возьме сабе пашану, прызначанную Богу, а ступню сваю ўздыме над усімі царамі i князямі. Гэтая лавіна хпа абрынецца таму, што пажадныя да навізны людзі запросяць да сябе іншых настаўнікаў i легкадумна выракуцца Хрыстовага боскага слова занатаванага ў Святым Пісанні. Вось так, адвярнуўшыся ад Бога, які ёсць крыніца праўды, некаторыя скіравалі сваю ўвагу на розныя паданні i плёткі, увялі новую форму рэлігіі i ад Хрыста, пазбавіўшы ўсялякай дабрачыннасці, пакінулі толькі імя. I цяпер вось гэтыя вераадступнікі сцвярджаюць, што Святое Пісанне з яго няпэўнымі двухсэнсавымі выказваннямі не дае нічога пастаяннага, i таму неабходна запазычыць аднекуль тое, што мае пэўнае ўстойлівае значэнне i што вызваляе чалавечы розум ад сумнення.

Зразумела, Святое Пісанне падае сведчанні, якія розняцца ад апостальскіх выслоўяў. Але ж яно было навеяна Богам i можа быць выкарыстана пры навучанні i выхаванні, у спрэчках i дыспутах, у пытаннях правасуддзя з мэтай удасканалення божага чалавека ў такой меры, каб ён аказаўся здольным да здзяйснення дабра.

Гэты ж апостал гаворыць, што вера ўсіх вернікаў грунтуецца не на людскіх перамовах, а на падмурку ад прарокаў i апосталаў, на краевугольным камені самога куса Хрыста.

Што ж да азначанасці зместу Святога Пісання, то ніхто з антычных пісьменнікаў, ніхто з апосталаў ніколі ніякіх спрэчак не ўздымаў. Наадварот, яны лічылі, што менавіта адтуль неабходна браць зброю, каб адбіцца ад нападу розных лайдакоў-ерэтыкоў, што выдумляюць догмы, якія парушаюць мір i адзінства царквы. Святы Аўгустын гаворыць: калі вы сцвярджаеце ці паўтараеце нешта іншае, то мы пасля слоў пастара нашага, засведчаных вуснамі як прарокаў, так i нашымі ўласнымі, а таксама евангелістаў, з вашымі выказваннямі не пагаджаемся, ix не прымаем i вам не верым. Царкву трэба шукаць, павучае Аўгустын, у нормах боскага закону, у прадказаннях прарокаў, у псалмах, у словах самога пастара, у казаннях евангелістаў, г. зн., ва ўсіх кананічных аўтарытэтаў, што з'яўляюцца творцам! святых кніг. Сярод гэтай святой старажытнасці няма аніводнага аўтара, які думаў бы іначай i які вучыў бы, што i царкву i Хрыста неабходна шукаць не ў Святым Пісанні, а недзе ў іншым месцы.

Чысціня Хрыстовага вучэння тады не была яшчэ апаганена закваскай фарысейскіх паданняў. I толькі пазней пачалі звяртацца да няпісанага слова. Гэта былі тыя, хто засумняваўся ў магчымасці абгрунтаваць новыя прынцыпы, больш сучасныя ўсталяванні новай рэлігіі з дапамогай Святога Пісьма.

Але гаварыць пра ix цяпер - усё роўна, што глухому байку баяць. Няма ўжо аніякай надзеі, што пачуюць голас пастара свайго Ісуса Хрыста менавіта тыя, хто лічыць магчымым з дапамогай аўтарытэту слоў зберагчы сябе ў моры сапсутасці i заблуднасці. А тут яшчэ такая асляпляльная раскоша, такія агромністыя багацці, якімі яны выхваляюцца i выстаўляюць сябе на паказ усяму свету. Толькі фанабэрацца тытулам пастара, а пра авечак Хрыстовых не дбаюць аніколькі. I проста недарэчным, вартым здзіўлення, аказваецца той факт, што духоўныя асобы, якім забараняецца ўсялякае панаванне над светам, перасягнулі сатрапаў i ўладароў, жывуць шыкоўным разбэшчаным лайдачым жыццём. Іхняю воляй уся рэлігія ператвараецца адпаведна ў нейкую тэатральную помпу i вось так выступае перад вачыма людзей, простанароддзя. Менавіта ва ўсім сваім убранні, ва ўсім бляску золата i срэбра, ca святарамі, апранутымі, нібыта каралі.

Пры такім змяшэнні ўсіх рэчаў, пры такой бязбожнай i паганскай рэлігіі дзяржаўны муж павінен вельмі пільна сачыць за тым, каб не даць акружыць сябе гэтай фіктыўнай, фальшывай рэлігіяй, не даць абмануць сябе чужымі лжывымі вобразамі i ўшаноўваць быдта святое i сапраўднае ўсё, што адвергнута Богам як паганае ідалапаклонства i дурныя забабоны. Пазбегнуць гэтага можна шляхам стараннага вывучэння Святога Пісьма i правільнага разумення слова больш чыстай старажытнасці. Няхай прынцэпс належным чынам даведаецца сам, калі менавіта аб'явіліся змены ў святым вучэнні. Знаёмячыся ca шматлікімі скрыптамі новых тэарэтыкаў, сутыкаючыся з процілеглымі поглядамі вучоных, няхай пакрочыць па слядах праўды i не спыніць свой рух да таго часу, пакуль не выберацца з цянётаў заблудства i не знойдзе душэўнага спакою ў ціхім прыстанку ісціны.

Тады ўсе, хто знаходзіцца пад уладай дзяржававодца, легка падпарадкуюцца яго волі i пойдуць за сваім заступнікам, бо ён чалавек адметнай набожнасці i мудрасці.

Разам з тым, дзяржаўны муж павінен заўсёды памятаць, што самае галоўнае для яго - гэта пастаянна шырыць межы царквы i клапаціцца пра тое, каб як мага больш людзей верылі ў Бога.

РАЗДЗЕЛ III

Вельмі неабходна, каб прынцэпс ведаў навукі.

Слова «прынцэпс» вядзе сваё паходжанне, мабыць, ад тае прыкметы, што сярод іншых пэўны чалавек - першы, галоўны. Такому чалавеку i трэба старацца апраўдаць гэтае найменне i не аказвацца апошнім, у той час як другія выскачаць наперад. Зусім недарэчна менаваць сябе важаком i зваліцца рантам на паўдарозе альбо ва ўмовах, дзе патрабуецца найвялікшая разумная актыўнасць, трутнем сядзець склаўшы рукі.

Паколькі веды набываюцца шляхам вялікай затраты часу i працы, то дзяржаўны муж павінен атрэсці з сябе ўсякае здранцвенне розуму й цела, каб дасягнуць стромкай вяршыні дабрачыннасці i пазнання. Дарога туды патрабуе значнага высілку. Недарэмна ж Гарацый пісаў:

Той, хто калісь захацеў прыйсці да жаданае мэты,
Змалку шмат працаваў i ў холад i ў сквар. А дарослы
Шашняў з Венерай не вёў i з Бахусам кольвек не знаўся.

I хоць карані вучэння горкія, плады яго салодкія. Такое зазналі ўсе, хто авалодаў свабоднымі навукамі. Кожны адчуе тады бясконцую асалоду. Як піша Цыцэрон, розум - гэта самае ўзнёслае, што Бог даў чалавеку. Але сам па сабе розум застанецца бясплодным, калі яго не ўдасканальваць навукай. Ён падобны на добрую глебу, якая без дагляду значнага плёну не дасць.

А што можа быць прыемней для дзяржаўнага мужа, чым усведамленне таго факту, што кожны ў захапленні ад тваёй вучонасці i розуму i што ты маеш такую ж перавагу над простым! людзьмі, якую мае чалавек над астатнім жывёльным светам.

У надзённым жыцці ёсць многае, што можна здзейсніць, маючы востры розум i памяркоўную разважнасць. I калі нехта лічыць, быццам гэтае ўменне набываецца без усялякай навукі, то ён вельмі памыляецца. Перш за ўсё, тое, што прырода захінула, захавала ад чалавечага вока, таілася б у цемрадзі няведання, калі б не было азорана святлом навук, у промнях якога людзі пазнаюць прыродныя таямніцы.

А што ўжо казаць пра палітычныя дачыненні, а таксама пра кіраванне грамадскай супольнасцю? Толькі адукаваныя людзі могуць растлумачыць парады, якія давалі вучоныя філосафы, i ўжыць гэтыя парады на паспалітую карысць. Ва ўсім складаным мностве дабрачыннасцяў, што маюць адносіны да культуры i чалавечнасці, лепей разбіраюцца знаўць свабодных навук. Менавіта яны могуць належным чынам прымяніць тыя веды i вывесці людзей з жывёльнага стану да цывілізаванага жыцця.

Прапанаваныя мудрацамі нормы законаў, антычныя ўсталяванні былі прызначаны для стрымлівання шкоднай пажаднасці i дзікага імпэту чалавека. Гэтыя нормы захаваліся дзякуючы пісьму. Вывучэнне такіх нормаў патрабуе вялікіх намаганняў.

Без пісьма немагчыма было б вырваць з вечнага забыцця i зберагчы для памяці быліцы мінуўшчыны, давесці да ведама нашчадкаў слаўныя ўчынкі i дзеі даўніх вякоў. Недарма, як сведчыць Цыцэрон, македонец Менандр, стоячы ля магілы Ахіла ў Сігеі, гучна ўсклікнуў: «О, юнак! Які ты шчаслівы, што знайшоў Гамэра, апеўшага тваю мужнасць!» Сапраўды, калі б не было пісьма, то магільны грудок, які накрыў тое цела, схаваў бы таксама імя.

Агульнае адабрэнне, гонар i славу нясе дзяржаўнаму чалавеку веданне гісторыі, уменне прыводзіць факты, якія садзейнічаюць або перашкаджаюць супольнаму жыццю. Няведанне ж усяго таго, што адбывалася многа вякоў таму, робіць чалавека падобным на дзіця, ахутвае розум густой заслонаю невуцтва. I калі знакамітага філосафа запыталі, як розняцца вучоны i невучоны, ён адказаў: як жывы i нежывы. Філосаф хацеў гэтым сказаць, што неадукаваны ёсць хутчэй цень чалавека, чым сам чалавек. Не без падстаў гаворыць Платон: «Шчаслівымі будуць дзяржавы, якімі пачынаюць кіраваць адукаваныя людзі, або мудрацы, або тыя, хто, пачаўшы кіраванне дзяржавай, імкнецца авалодаць навукай i мудрасцю».

Сапраўды, ці ёсць у дзяржаве хоць якая-небудзь сфера дзейнасці, паспяхова кіраваць якой магчыма без разнастайных ведаў i практычнага вопыту?

Без навукі нельга дасягнуць i красамоўства, якое адыгрывае значную ролю ў грамадскіх справах. Паводле Цыцэрона, красамоўства з'яўляецца адным з тых сродкаў, з дапамогай якіх мы ўгаворваем, пераконваем, суцяшаем абяздоленых, пазбаўляем страху напалоханых, стрымліваем празмерна гарачых, утаймоўваем пажадных i гняўлівых. Красамоўства аддзяліла нас ад дзікага, звярынага жыцця, далучыла да права, законаў, цывілізацыі.

Карысць ад красамоўства надзвычай вялікая. Стрыманасць i разважнасць прамоўцы ўмацоўвае не толькі яго ўласны аўтарытэт i аўтарытэт падначаленых яму, але i значна садзейнічае дабрабыту ўсяе дзяржавы. Цыцэрон лічыць, што ніводзін грамадзянін не зможа стаць знакамітым, калі не авалодае навукамі i не навучыцца прыгожа гаварыць. Дый для розуму, які імкнецца да славы, іншых крыніц дабрачыннасці няма.

Красамоўства адыгрывае сваю ролю пры абмеркаванні важных справаў. Дастойным чынам зробленыя выказванні млявы народ будзяць, гарачы i імпэтны стрымліваюць. Красамоўства можа таксама ўвесці людзей у гібельны зман альбо прынесці ім выратаванне i дабро. Цыцэрон лічыць, што для дзяржаўнага мужа красамоўства - надзвычай прыгожая аздоба.

А што яшчэ можа быць найбольш узнёслым, велічным, высакародным, чым дапамагчы няшчасным, усцешыць пакрыўджаных, прынесці чалавеку паратунак, пазбавіць яго ад небяспекі, утрымаць людзей у дзяржаве. Усе абавязкі прынцэпсаў, усе ix чыннасці павінны быць скіраваны, увогуле, на забеспячэнне дабрабыту грамадзян, заможнасці паспалітага люду. Гэта якраз i прыносіць сапраўдную славу. I калі дзяржававодца хоча стаць знакамітым, калі ён хоча быць карысным дзяржаве i сябрам, то яму неабходна імкнуцца, як толькі мага, да набыцця разнастайных ведаў.

Нават бедныя i простыя людзі дасягаюць праз навуку нямала багацця i пашаны. Дык у яшчэ большай меры гэта могуць зрабіць тыя, хто мае высок! пасад i вядзе сваё паходжанне ад знатнага роду. Настойліва авалодваючы мудрасцю свабодных мастацтваў, сумленна ўдасканальваючы свой розум вывучэннем здабыткаў прыгожага пісьменства, яны дасягаюць зорных вяршынь славы.

РАЗДЗЕЛ IV

Жаніцьба дзяржаўнага мужа. Шлюбная вернасць i цнатлівасць.

Святое Пісанне гаворыць, што чалавек любога звання павінен заўсёды паважаць шлюб i нічым не паганіць шлюбнае ложа. Блюзнерам i блудадзеям Святое Пісанне пагражае страшным судом. I дзяржававодцу, які беражэ свяшчэнныя повязі шлюбу, належыць весці цнатлівае i сціплае жыццё. Тады чалавека не будзе мучыць сумленне, а ягоная душа займее вялікі спакой. Дзяржаўнага мужа прыклад змусіць i іншых выконваць свой абавязак, дапаможа ім стрымліваць сябе ад пажадных імкненняў i пазбягаць усякай нечысці.

Кожная душэўная загана бачыцца людзям тым большай, чым вялікшым лічыцца той, хто грашыць. Цяжкасць такіх грахоўных учынкаў абумоўлена тым, што ўслед за прынцэпсам захочуць саграшыць i многія іншыя, бо ён жа не лічыць падобнае дзеянне злом i не пакідае за сабой аніякай магчымасці караць за гэта астатніх.

Дзяржававодцу неабходна ўсяляк пазбягаць пачуццёвых асалод i асабліва працівіцца п'янству, якое лёгка зацягвае чалавека ў багну поскудзі, пазбаўляе п'яніцу розуму i стрымгалоў кідае на ўсё недазволенае. Па словах святога Гіераніма, страўнік, разгарачаны віном, хутка распальвае жаданні. Таксама i Хрызастом сцвярджае, што чорту нічога так не міла, як п'янства i разбэшчанасць. Ад ix усё зло. З гэтай прычыны рымляне, сведчыць Валерыус Максімус, забаранялі жанчынам піць віно каб тыя не скаціліся ў якую-небудзь распусту.

Сапраўды, наступны крок ад нястрыманасці, якую спараджае бацька Лібер, вядзе ўжо, звычайна, да недазволеных любошчаў. Кожная жанчына, што занадта цягнецца да віна, зачыняе дзверы добрым учынкам i адчыняе паганым.

Калі жонка ўсё робіць з любоўю, то гэта i ёсць для яе найкарацейшая пуцявіна да цнатлівасці i маральнай чысціні. А як хто ўзурпіруе сабе вольнасць парушаць гэтую цнатлівасць i давер, дык лёгка абудзіць юрлівасць жонкі i адчыніць акно для блюзнерства. Яна будзе лічыць, што за крыўду, якую прычыніў ёй муж, апошні павінен атрымаць заслужаную кару. Менавіта яна сама кідаецца ў недазволеныя повязі i вязне ў той жа распусце, якой апаганіў сябе муж.

Значыцца, калі хочаш мець жонку чыстую, беззаганную, то i сам будзь чыстым i беззаганным. I зусім справядліва, калі муж патрабуе ад жонкі таго, што яна атрымлівае ад яго. У дабрачынстве ён павінен быць наперадзе жонкі. Непрыстойна мужу, як трапна сцвярджае Аўгустыні дамагацца ад жонкі перамогі там, дзе ён сам быў збіты ўдарам любоўнай страсці i вось так, пераможаны, застаўся ляжаць. Паводле таго ж Аўгустына, блудадзей заслугоўвае тым большай кары, чым болей значным быў яго абавязак як мужа перамагаць жанчыну сваім дабрадзействам i кіраваць ёю праз свой прыклад.

Боская воля наконт гэтага даволі ясна абвешчана голасам апосталаў. Няхай жа мужчыны пад яе моцным уплывам імкнуцца да маральнай чысціні i ўстрымліваюцца ад блудадзейства. Няхай кожны свята шануе тое, што мае, i не паддаецца аніякай пажаднасці, акурат як гэта робіцца ў народаў, якія не ведаюць Бога. Мужчына павінен усведамляць, што за свае шашні ён будзе пакараны, бо ад вачэй боскіх схавацца нельга. Сведчыць жа Эклезіяст у раздз. 23 Пісання аб тым, што вочы Госпада намнога ярчэй за сонца, яны бачаць кожную людскую пуціну, глыбіню бездані, самыя патаемныя куточкі чалавечых сэрцаў. Сынам блудадзеяў Гасподзь абвяшчае вайну. У другім месцы ёсць грознае папярэджанне: дурное семя не пусціць глыбокіх каранёў.

Таксама жанчыны, якія аддаліся распусце i нарадзілі дзяцей ад іншых мужчын, не дадуць здаровага i моцнага патомства. На гэтым патомстве будзе праклён, i яно ніколі не змые з сябе ганебнае плямы.

Шматлікія праявы боскага гневу i кары, якая спасцігла блудадзеяў павінны был! навеяць людзям жуду. Яны павінны ўжо стрымліваць сябе ад гнюсных страсцей i лічыць, што самае лепшае - гэта страх перад Богам, а самае прыемнае - гэта выкананне Божых запаведзяў.

Калі ж здараецца так, што жанчына не па віне мужа, а па ўласнай волі i дурной пажаднасці парушае вернасць шлюбу, калі яна апаганьвае злачынствам блудадзейства i сябе i свайго сумленнага мужа, а тым больш дзяржаўцу, то гэтае злачынства ўтойваць не трэба. Справядлівай карай ліхадзейства неабходна спыніць. Паводле Хрызастома, несправядлівы i жорсткі муж, які пакідае прыстойную жонку, i бязмозглым патуральнікам будзе той, хто ўтрымлівае шлюху. Пакрываць злачынства жонкі - значыць садзейнічаць яе распусце.

Сапраўды, няма большай ганьбы для дому i для патомства, чым адмаўляцца ад пакарання жонкі-блудадзейкі i дазваляць ёй надалей кідацца ў чужыя абдымкі. Дый марна спадзявацца, што жонка, пераступіўшы мяжу пpыcтoйнacцi, цнатлівасці, калі-небудзь зноў прыйдзе да розуму. Як трапна сказаў паэт, яна, бы той сабака, ніколі не збаіцца бізуна, абмазанага салам. I няхай муж не думае, што ён будзе жыць спакойным, бяспечным жыццём. Сваёй жа паблажлівасцю ён адчыніў акно для больш сур'ёзных злачынстваў. Яна стане цікаваць мужа з атрутай i ягонай смерцю загладзіць свой грэх з іншымі. I такое зусім натуральна. Бессаромная, разбэшчаная жанчына - гэта самая каварная жывёліна.

Калі блудадзейкай авалодаюць лютыя страсці, то яна робіцца горшай за дзікую тыгрыцу. Усё, што бачыцца такой жанчыне перашкодай на шляху яе разбэшчанай утрапёнасці, яна з усіх сіл імкнецца знішчыць. Для злачыннай юрлівасці няма ніякіх перашкод. Са сваім палюбоўнікам зладзейка стараецца заключыць шлюбны хаўрус з намерам пасля смерці папярэдняга мужа згуляць вяселле.

Строячы мужу розныя падкопы, жанчына ў той жа час прыкідваецца, што вельмі любіць яго. Ліслівасцю, пяшчотнымі абдымкамі яна стараецца ўтрымаць мужа каля сябе, рассеяць у ім недавер, боязь і, урэшце, засіліць яго сваім сілом i ахвяраваць ягоным ворагам.

У кнігах старажытных пісьменнікаў ёсць многа пераканаўчых прыкладаў гэтага падману, хоць кожны дзень такія злачынствы не сустракаюцца. Але час ад часу перад вачыма людзей паўстаюць настолькі ганебныя факты подласці, што няма патрэбы прыпамінаць падзеі даўняй мінуўшчыны i прыводзіць ix як аргумент, у верагоднасці якога можна, дарэчы, i ўсумніцца.

Маючы намер узяць шлюб, дзяржаўны муж павінен тут праявіць найвялікшую празорлівасць. Яму неабходна выбіраць сабе нявесту з найбольш прыстойнай сям'і. Ацэньваць нарачоную трэба не па раскошы i бляску рознага багацця, а, галоўным чынам, па цнатлівасці, чэснасці i сціпласці маці, пад уплывам якой складваліся асноўныя рысы характару дачкі. Не так ужо часта здараецца, што ў прыстойных бацькоў нараджаецца шалапутная дачка. Дзе ёсць строгасць i патрабаванне сціплых паводзін, там менш за ўсё трэба баяцца, што дачка страціць сваю цнатлівасць і, адышоўшы ад бездакорнага ладу жыцця сваёй маці, кінецца ў блуд.

Паколькі абібоцтва ды яшчэ спакуса атрымаць асалоду лёгка псуюць людзей, то прынцэпс павінен рабіць магчымыя захады, каб яго абранніца не вылежвалася, не займалася пустымі забавамі або нудзілася без усялякага занятку. Няхай яна заўсёды мае час для высакародных заняткаў адпаведна яе годнасці. Мужу патрэбна паклапаціцца аб тым, каб жонка не зналася з распуснымі жанчынамі i мужчынамі, якімі паўсюдна кішаць палацы.

Пасля працы людзі схільныя да любошчаў. Таму неабходна пазбягаць усяго, што можа распаліць у жанчыне агонь страсці. Празмерна яркае адзенне, адмысловыя ўпрыгожанні, бляск золата i срэбра ўзрушаюць адчувальныя натуры. Дый многія лічаць, што сваім раскошным убраннем жанчына хоча дамагчыся толькі аднаго: спадабацца мужчынам, прытым у колькасці як мага большай, i абудзіць іхнія жаданні. Як справядліва гаворыць святы Кіпрыян, жанчыны, апранутыя ў шоўк i пурпур, не могуць сумленна прыняць Хрыста, таксама як жанчыны, што аздобілі сябе жэмчугам i бранзалетамі, трацяць прыгажосць розуму i сэрца. Таму святы Петра ад усёй душы раіць, каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе не прычоскамі, не золатам, не раскошным адзеннем, а чалавечнасцю, скрытай у самім сэрцы.

Прыгажосць жанчыны ў беззаганнасці яе пяшчотнай i ціхай натуры. Вось гэта якраз i мае вартасць перад Богам. Бернардус гаворыць, што клопат пра пекнасць уласнага цела будзе недастатковы, калі не дасканаліць свой розум навукаю дабрадзейства.

Разбэшчанасць адзення азначае духоўную разбэшчанасць. Сёння амаль ва ўсіх народаў раскоша адзення жанчын дасягнула агромністых памераў. Здаецца, што за хвастамі i шлейфамі цягнуцца ўсе багацці. У гэтым пачварным адзенні рэдка можна стрэць сціплую жанчыну, бо апранаецца яна для спакусы, а не для чалавечай патрэбы.

Аднак гэта не значыць, што жанчынам трэба забараніць усялякія ўбранні. Жанчыны, асабліва жонкі дзяржаўных мужоў, могуць паяўляцца ў элегантным адзенні адпаведна свайму саслоўнаму статусу. Галоўнае, каб яны прытрымліваліся залатой сярэдзіны i каб усё было ў меру. Жанчыны павінны ведаць, што ix упрыгожвае найбольш сціпласць, прыстойнасць, маральная чысціня, памяркоўнасць, а таксама жаданне быць вернай мужу. I калі ў свой час гэтымі дабрачыннасцямі стараліся вызначацца паганскія жонкі, то яшчэ больш такое адносіцца да хрысціянскіх жонак. Яны павінны рашуча адмаўляць усялякую разбэшчанасць i быць для астатніх людзей узорам цнатлівых i сціплых паводзін.

Лукрэцыя, пацярпеўшы царскае насілле, усё ж адчувала, што ў згвалчаным целе розум яе заставаўся чыстым i непарушным. Аднак яна лічыла, што загубленая нявіннасць загубіць усё, i таму сама абрала сабе смерць. Лукрэцыя не магла раўнадушна пераносіць знявагу, якая ўчынілася над ёй.

Ёсць многа іншых падобных цнотных жанчын. Яны без вагання гатовыя былі прыняць смерць, толькі б не паддацца сарамотнаму насіллю пажаднасці. Для такіх жанчын цнота i людская хвала гэтай цноты мелі намнога большую вартасць, чым доўгае, але ганебнае жыццё.

Хай бы i ў наш век жонкі хрысціянскіх валадароў імкнуліся да гэтакай славы! Хай бы i яны, успрымаючы шлюбную нявернасць як самае агіднае злачынства, усяляк пазбягалі той брыдоты i катэгарычна адмаўляліся ад цялесных асалод, якія лёгка вядуць да разбэшчанасці!

РАЗДЗЕЛ V

Самае важнае для дзяржаўнага мужа - гэта быць справядлівым. Справядлівасць - найцудоўнейшая вартасць з усіх дабрачыннасцяў.

Усе свае дзеянні прынцэпс павінен скарыстоўваць для такіх мэт, каб у выніку жыццё яго было прыгожай гармоніяй дабрачыннасцяў. I мне здаецца, што першае месца належыць тут справядлівасці. Сапраўды, калі чалавек справядлівы, то гэта адно ўжо дае нам падставу называць яго добрым i сумленным. Сутнасць справядлівасці заключаецца ў наступным: ніхто нікому не павінен чыніць зла, i кожны павінен усяляк дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Называцца дабрадзеем па праву можа чалавек, які ў такіх адносінах найвыбітнейшы. Менавіта ён нікому не робіць кепства i з гатоўнасцю дапамагае людзям.

Калі грамадзяніну не забараняецца мець сваё i прытым цалюткае дабро, калі шчасце адных не здабываецца ў выніку няшчасця іншых, то i само грамадства захаваецца ў добрым, цывілізаваным стане, а між усімі саслоўямі ўсталююцца мір i спакой. Людзі, якія прагнуць багаццяў i трацяць ix затым на ўзвядзенне дарагіх палацаў альбо на шыкоўнае жыццё з усімі асалодамі ды яшчэ выхваляюцца сваёй раскошай, не так лёгка могуць устрымацца ад прычынення зла іншым. Хцівымі рукамі яны часта квапяцца на дабро сваіх падвасальных. Скнарлівасць, палымнеючы жаданнем займець як мага больш, поўніць сляпы чалавечы розум свербам дацягнуцца да чужога дабра, i тое, што створана працай іншых, зрабіць сваёй уласнасцю.

Вось так чалавек забывае пра сваю чалавечую годнясць i ператвараецца у дзікага звера, які люта раздзірае грамадзянская супольнасць, дзе людзі знаходзяцца ва ўзаемнай сувязі.

Дзяржаўцу належыць усяляк процістаяць гэтай чуме i не толькі не рабіць зла другім, але i стрымліваць хцівасць сваіх пракуратараў, якія ведаюць ягонай маёмасцю i вядуць яго справы. Той, хто можа прадухіліць несправядлівасць, але нічога не робіць, вінаваты ў такой жа меры, калі б ён сам грабіў дабро грамадзян i пустошыў іхнія багацці.

Дзяржававодцу трэба пазбягаць ляноты i бяздзейнасці, бо менавіта яны перашкаджаюць яму выслухоўваць скаргі прыгнечаных. Калі ж тыя скаргі дойдуць да ягонага слыху, то ён павінен быць да людзей справядлівым. Патуранне i паблажлівасць садзейнічаюць яшчэ большаму сваволлю насільнікаў.

Пастыра, які дазваляе рваць бедных авечак, спасцігне божая кара. Прынцэпс не павінен быць пад уплывам любові або нянавісці там, дзе патрабуецца хутка i дзейсна абараніць слабых ад несправядлівасці. Хай не баіцца затрат, каб адстаяць невінаватасць невіноўных i справядлівай карай прадухіліць гвалтоўніцтва, што чыняць ліхадзеі. Дзяржаўцу трэба ўсведамляць, што ён нарадзіўся не для сваіх выгодаў, а для паспалітага дабрабыту дзяржавы. Гэтай мэце няхай паслужаць усе яго багацці.

Кожны век слаўны многімі асобамі, якія вызначыліся сваёй дабрачыннасцю. Дзеля бяспекі айчыны яны ахвяравалі сваімі багаццямі, бо лічылі, што са згубай дзяржавы яны страцяць таксама i сваю маёмасць. Дурнем называе Цыцэрон таго чалавека, які, загубіўшы дзяржаву, спадзяецца зберагчы свае садкі. Толькі цэлая i непарушная дзяржава здольная абараніць уласнасць грамадзяніна, і, наадварот, калі не ўберажэш дзяржаву, то не ўберажэш i сваю ўласнасць. Цыцэрон лічыць, што чалавек, які дзеля магутнасці радзімы, дзеля бяспекі i росквіту дзяржавы гатовы кінуцца ў пашчу самай лютай небяспекі, заслугоўвае вялікай пахвалы. Такі чалавек сапраўды дзейнічае вельмі разумна. Цыцэрон гаворыць, што аніводная з усіх грамадзянскіх супольнасцяў не з'яўляецца настолькі важнай i дарагой нам, як дзяржава.

I за радзіму сваю многія без усялякіх ваганняў ішлі на верную пагібель. Гэтакім быў якраз Кодрус, такімі былі дочкі Эрыктэя. Дзеля жыцця сваіх суайчыннікаў усе з гатоўнасцю абралі смерць, якую вінны былі прыродзе, але аддалі пераважна за шчасце народа.

Слаўнага наймення «справядлівы» заслугоўвае чалавек, які імкнецца захаваць непарушнасць айчынных устанаўленняў, законаў i ніякаму нахабніку не дазваляе пераступаць гэтыя нормы, паколькі яны - аснова бяспекі дзяржавы. А між тым ёсць людзі, якія з абурэннем успрымаюць усякае абмежаванне сваіх жаданняў з дапамогаю цугляў закону i як толькі мага спрабуюць пазбавіцца гэтых абмежаванняў. Быццам незакілзаныя коні, яны памыкаюцца ў розныя бакі i гатовыя парваць усё, што стрымлівае іхнія вычвары.

Асабліва неабходна берагчы законы, якія, быццам прошва, мацуюць мір i спакой у дзяржаве. Законы выдаюцца на аснове ўсеагульнага ўхвалення. Яны скіраваныя ўсе на тое, каб людзі жылі між сабою ў ціхай згодзе i былі свабодныя ад усялякага страху. Калі ж цуглі, якія стрымліваюць разбэшчаныя памкненні людзей, адпушчаны ўжо настолькі, што адны абыходзяцца з іншымі па сваёй прыхамаці, то гэта ўжо не дзяржава, а якаясь суполка жывадзёраў ці нейкае скопішча звяроў, дзе мацнейшыя жаруць слабейшых. Абавязак дзяржаўцы - супраціўляцца вераломству, наколькі стае моцы, i рабіць усё магчымае, каб адстаяць аўтарытэт закону.

Дзяржаўцу трэба рупіцца таксама i аб захаванні даверу між людзьмі. Некаторыя вучоныя зусім слушна лічаць давер фундаментам справядлівасці. Не будзе сумленнага міру i супрацоўніцтва паміж людзьмі, калі ў ix разыходзяцца словы i справы, калі гэтыя людзі спрытна менцяць языком, ніколі не турбуючыся пра давер да сваіх слоў. Нездарма ж рымляне хацелі, каб у Капітоліі Вера знаходзілася побач з усемагутным Юпітэрам. Падобна таму як Юпітэр апякае ўвесь род чалавечы, гэтак жа i вера сваім дабрачынствам аберагае дзяржаву. Або, гаворачы словамі паэта:

Міру без веры не знае зямля i не ведае мора, Хісткі давер, парушэнне дамовы прычынаю служаць, Што між людзьмі прападае зусім чалавечая лучнасць.

Цыцэрон кажа, што парушэнне дамовы - злачыннае, шкоднае дзеянне, бо давер - гэта само жыццё. Для дзяржаўнага мужа надзвычай ганебным будзе такі стан рэчаў, калі яго выказванням i абяцанням ніхто не дае аніякай веры i калі ён сваімі ўчынкамі паказвае, што гаворыць адно, а думае нешта іншае. Такога дзяржаўцу людзі абсыпаюць кпінамі i насмешкамі. Пра яго ўсюды гавораць так, як пра аднаго ашуканца: няхай тваю асобу хваліць той, хто цябе не ведае.

РАЗДЗЕЛ VI

Шчодрасць - найвялікшая вартасць дзяржаўнага мужа. Аднак марнатраўства яму трэба пазбягаць.

Мы ўжо гаварылі, што згодна з першай адметнасцю дабрадзейства чалавек чалавеку не павінен чыніць зла i любымі сродкамі ўтрымліваць кожнага, хто б ён ні быў, ад несправядлівасці да іншых. Другая норма - неабходнасць рабіць дабро. Гэтая норма суадносіцца з рознымі патрэбамі людзей i ёсць у пэўным сэнсе праяўленне сутнасці Бога. Сапраўды, людзі нічым так не набліжаюцца да Бога, як добрымі справамі ў дачыненні да бліжніх.

Усё, што існуе пад небам, створана, увогуле, дзеля той мэты, каб ім карысталіся людзі. Будзе зусім натуральна, калі з гэтых багаццяў чалавек нечым аддзячыць Богу i большую частку таго, чым ён валодае, сумленна ахвяруе на ўслаўленне Усявышняга. Неабходна, каб i дзяржаўца стараўся будаваць храмы для адправы святой імшы. На чале храмаў няхай паставіць здольных біскупаў, якія будуць настаўляць народ. Вось так дзяржававодца прывучыць сваіх падданых пець вечную хвалу Богу.

А дзе набажэнства аказваецца ў выгнанні, дзе боскаму не аддаецца належнай увагі i пашаны, дык тое месца мусіш назваць, хутчэй, логавам гігантаў i царствам беспрасветнай цемры, чымся жыхарствам людзей, што надзелены розумам. Закладзенае Богам адрозненне паміж дзікай жывіной i чалавекам складаецца найбольш з таго, што жывёлы жывуць толькі дзеля чэрава i думаюць толькі пра жыццё ў сучассі, а чалавек, надзелены розумам, павінен думаць таксама i пра будучае жыццё i ўсяляк імкнуцца заслужыць сабе нябеснае аселішча. I кожны раз, калі ён чуе пяянне, якое праслаўляе Бога, то няхай далучыць i свой голас да малітвы набожных i вернікаў. Няхай тады знае, што ён узняўся ўжо да зорак І, вызваліўшыся ад гэтага тленнага жыцця, знаходзіцца ў царстве блажэнных нябесных духаў.

Апостал вучыць, што наша вечнае жыццё - на нябёсах. Адтуль мы чакаем госпада нашага Ісуса Хрыста. Звязаныя з ім сапраўднаю верай, Алы спадзяёмся на прыстанак у святым нябесным улонні. Там сапраўды залог нашай спадчыны. Дык няхай жа, прынцэпс не вагаючыся робіць ахвяраванні на тое, што на нябеснай бацькаўшчыне прынясе багаты ўраджай. Вобраз гэтага існуе тут, сярод нас, каб даносіць да свядомасці кожнага весткі пра будучае мястоўе нашага неўміручага дапаўнення.

Адначасова хай не забывае дзяржаўца i пра зямное бытаванне i ўзводзіць раскошныя пенаты, якія адпавядаюць ягонаму пасаду i званню. Пры гэтым няхай паўсюдна прытрымліваецца высакароднай элегантнасці будовы i адхіляе ўсё нячыстае, а таксама праяўляе шчодрасць, вартую сваёй персоны.

Яму трэба набыць вялікую колькасць кніг самых разнастайных ведаў, бо менавіта кнігі складаюць галоўны скарб дзяржаўнага мужа. Дый нічога не ўпрыгожвае так ягоную асобу, як глыбокія размаітыя веды. Надзвычай важна аздобіць розум навукай чулага натуральнага абыходжання з людзьмі. Няхай усім гарантуецца доступ да яго, а ўваход хай не асаджае натоўп, які не атрымаў аўдыенцыі.

Але найбольшую міласэрнасць i спагаду неабходна праяўляць да людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, менавіта да абяздоленых i пакрыўджаных. Як бы расчыніўшы багатую камору, хай нясе палёгку тым, хто церпіць нэндзу i пазбягае ўсялякай скнарлівасці. Ганебны, агідны і нават бязбожны ўчынак зробіць той, хто, быццам аглухлы, пройдзе міма жабрака i не дапаможа яму хоць бы крыхай свайго замкнёнага дабра. Няхай Эўкліёны гэтыя трымаюцца далей ад раскошных палацаў i хаваюцца ў бедныя хаціны, калі яны шкадуюць грошай, і, нібы тыя драконы, што седнямі сядзяць на золаце, не думаюць нават аб ахвяраваннях на супольныя патрэбы людзей. Сапраўднай пахвалы i славы надзейнага вешчуна ўсяго добрага заслугоўвае прынцэпс, які аказваецца шчодрым у прыстойных дзеях, які жвава i хутка гатовы дапамагчы кожнаму чалавеку ў ліхую гадзіну. Такім з'яўляецца той, хто выкупляе ў бандытаў палонных, аплочвае даўгі сяброў, дапамагае выдаваць замуж дачок, садзейнічае ў набыцці або павелічэнні маёмасці.

Многія, аднак, у сваёй шчодрасці не ведаюць меры i растачаюць атрыманы спадак. Такім марнатраўцам належала б добра памятаць прыказку: шчодрасць не мае дна. Дык няхай жа яны пільнуюцца i не пераступаюць мяжы, каб ix не папракнулі ў дурасці, праз якую аднойчы ніхто з гэтых, як трапна заўважыў Цыцэрон, ужо не зможа рабіць тое, што з такой ахвотай рабіў.

Гулякі i абжоры, якія ўлагоджваюць толькі сваё чэрава, не заслугоўваюць пахвалы ў шчодрасці. Праўда, самі яны лічаць сябе вартымі гэтай славы, нягледзячы на тое, што сваімі папойкамі i баляваннямі паглынаюць усю спадчыну, а затым аказваюцца ў вялікай нястачы.

Вартае ўхвалы толькі маральнае. Усялякае марнатраўства - гэта ўвогуле такая ж самая загана, як i зладзейства, рабунак або незаконнае авалоданне чужой маёмасцю. У нашым народзе неабходна сурова ганіць i разглядаць як вельмі цяжкае злачынства дзеянні асоб, якія нават пры сярэднім дастатку заводзяць сабе вялікую колькасць абслугі, рознай чэлядзі i не могуць затым са сваіх гадавых даходаў пакрыць затраты, што мусілі рабіць для набыцця ежы i адзення. Таму яны або распрадаюць свае ўладанні, або залазяць у даўгі. I не столькі іх любяць тыя, каму яны далі, колькі ненавідзяць тыя, у каго яны ўзялі. Як казаў той комік, гэтыя крэдыторы за сваё крэўнае павінны яшчэ цярпець страты. Таму i называюць яны такіх даўжнікоў рабаўнікамі, паколькі апошнія не могуць вярнуць ім пазычанае. А гэта ж вялікая несправядлівасць.

Вось чаму дзяржаўцу трэба ўсяляк пазбягаць такой заганы, калі ён хоча мець добрую славу i сапраўды хвалёнае імя. Усё гэта паходзіць толькі ад дабрачыннасці.

РАЗДЗЕЛ VII

Дзяржаўцу найбольш пасуе мужнасць i адвага.

Вельмі важна таксама, каб дзяржаўца быў мужным. У цяжкіх i складаных абставінах мужнасць не дазваляе быць баязлівым i маладушным. Гэтая дабрачыннасць робіць дзяржаўнага мужа настолькі адважным, што ён не пабаіцца смерці, калі барацьба за справядлівасць патрабуе ахвяраваць сабой. Ен будзе лічыць, што нарадзіўся хутчэй для славы, чым для жыцця. Як сказаў некалі мудры аратар, уцёкі ад смерці горш за ўсякую смерць. Куды больш годная смерць за радзіму, чым смерць як даніна прыродзе. Вось чаму ставяць велічныя помнікі, выключна ўшаноўваюць тых, хто дзеля ўратавання айчыны i дзеля яе бяспекі былі гатовы ахвяраваць сабою, рынуцца ў гушчу ворагаў i загінуць ад ран слаўнаю смерцю.

У творах старажытных пісьменнікаў ёсць многа прыкладаў надзвычайнай мужнасці. Адзін з такіх прыкладаў заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта ўчынак Муцыя Сцэволы. Юнак аднойчы прабраўся ў лагер цара Парсэны, каб забіць яго. Аднак заместа цара забівае пісарчука. Караючы сябе за памылку, Муцый сунуў руку ў вогнішча i стаў яе падпякаць. Не зважаючы ні на якія пагрозы, ён сказаў цару, што рымляне нанава кінуць жэрабя i зноў будуць гатовыя на ўсё. Парсэна быў у захапленні ад мужнасці Сцэволы. Разам з тым царе ахапіў такі страх за сваё жыццё, што ён зняў асаду горада i вярнуў рымлянам спакой i мір.

Такім жа мужным i адважным быў Валерыус Коклес. Ен адзін, знаходзячыся на мосце, стрымліваў націск этрускаў да таго часу, пакуль мост не разбурылі з тылу. Валерыус скочыў затым у Тыбр i цалюткі вярнуўся да сваіх.

Дый ці можна пералічыць бясконцае мноства іншых прыкладаў мужнасці, калі ніякі страх смерці не здолеў запыніць чалавека ў яго змаганні за свабоду радзімы? Сіла духу i высакароднасць такога чалавека выклікаюць у сэрцах іншых людзей вялікае захапленне. I наадварот, жаночая распешчанасць, маладушша пры небяспецы накладваюць на чалавека ганебнае кляймо, зневажаюць i няславяць яго імя.

Але не толькі ў ваенных справах баязлівасць i нерашучасць заслугоўваюць ганьбавання. У грамадскіх справах, а таксама ў спрэчках, якія даводзіцца весці ў інтарэсах дзяржавы, патрабуюцца мужнасць i высакароднасць, каб перашкодзіць намерам каварных людзей. Толькі мужныя i смелыя дадуць рашучы адпор ліхадзеям, што задумалі прычыніць радзіме зло. Як піша Плутарх, Дэмасфен зусім правільна сказаў, што кіраваць дзяржавай, настойліва змагацца за яе дабрабыт - справа надзвычай нялёгкая. Калі б толькі ён спачатку ведаў аб тых нягодах, якія мусіў сам перанесці! Прапанавалі б тады яму дзве пуцявіны, з якіх адна вядзе на трон, а другая ў магілу, дык ён без усялякіх ваганняў выбраў бы апошнюю.

Калі пагражае небяспека, то ад дзяржаўнага мужа патрабуюцца хуткае i смелае мысленне, найвялікшая стойкасць i вытрымка ў пераадоленні цяжкасцяў. Нельга, каб у складаных абставінах ён заставаўся бяздзейсным i яго волю надламаў страх.

Яму трэба праявіць найвялікшую руплівасць у забеспячэнні супольнай свабоды, бо лленавіта ён яе галоўны абаронца. Калі ж прынцэпс дазваляе парушаць i падрываць свабоду, то ён~дрэнна памятае пра свае абавязкі. У гэтым выпадку яго трэба лічыць амаль што здраднікам сваёй айчыны. I нават боязь абняслаўлення з боку якіх-небудзь злоснікаў не павінна ўтрымліваць яго ад уласных намераў i клопатаў аб айчынным дабрабыце. Сапраўды, чалавек з-за любові да бацькаўшчыны можа цярпець не толькі бясчэсце, але таксама ісці на смерць. Ва ўсіх цяжкіх i складаных сітуацыях дзяржаўцу трэба мець такую непахісную волю, каб i поспехі не маглі вывесці яго ca звычайнага душэўнага стану. Як бы там ні паварочвалася фарту на, у яго заўсёды хай будзе тая ж вытрымка, тое ж аблічча, тое ж чало. А некаторыя людзі аказваюцца настолькі недалёкімі, што дастаткова фартуне аднойчы ўсміхнуцца ім, як тут жа яны робяцца фанабэрыстымі, пыхлівымі. Пагарджаючы іншымі, такія ганарліўцы лічаць сябе вышэй за ўсіх. Чалавека з моцнай воляй не саб'юць з панталыку ўсялякія змены. Ен не будзе надаваць асаблівага значэння рэчам, што прыемна казычуць сэрца. Цыцэрон сцвярджае, што багацце любіць пераважна вузкі, абмежаваны розум. Няма нічога больш высакароднага i велічнага, чым ставіцца з пагардай да грошай, калі ix у цябе няма, i скарыстаць ix на дабрадзейства i ўсялякі датак, як толькі яны ў цябе ёсць.

Вядома, гэтыя дабрачыннасці праяўляюцца ва ўзнёслым, велічным розуме. I калі бачна, што чалавек на працягу ўсяго жыцця робіць дабро, то людзі заўсёды будуць хваліць i славіць яго імя.

То няхай жа пастараецца прынцэпс быць чалавекам, якога нішто не запалохае, не застрашыць. Хай не дазваляе, каб ім авалодаў адчай i роспач у такой меры, што ў смутную гадзіну няшчасце цалкам забярэ Ў яго розум.

Каб лютасць, узяўшы верх над разважнасцю, не прывяла дзяржававодцу да беззакония, каб ілюзорная мужнасць не ўвяла дзяржаўнага чалавека ў зман, у яго чыннасцях не павінна быць саманадзейнага легкадумства, жадання сутыкнуцца з небяспекай, а таксама буйной, няўрымслівай адвагі. Проста дзіва, што вельмі многія людзі, апанаваныя імпэтам непамяркоўнага розуму, кідаюцца ў любую небяспеку i самі ж губяць сябе. Свавольнікі, адурманеныя хмелем, распачаўшы міжусобіцы i з п'янага глузду рынуўшыся ва ўзаемную разню i кровапраліцце, не маюць падстаў належаць да суполкі нармальных людзей. З поўным правам ix можна аднесці да гайні дзікіх звяроў.

Плебеі i зламыснікі, што даходзяць да гэтага шаленства, заслугоўваюць кары i астрога. Дзяржаўца ж павінен усяляк стрымліваць сябе ад неразумнага ліхацтва i зачынаць бітву толькі дзеля сумленнай i высакароднай мэты.

Есць, зразумела, i многія іншыя дабрачыннасці, што ўпрыгожваюць дзяржаўнага мужа. Аднак i тыя, пра якія тут гаварылася, авеюць імя яго неўміручай славай, i за людское шчасце вячыстая будзе яму хвала.

Пераклаў з лацінскай Уладзімір ШАТОН
Переклад з лаціны зроблены па выданні: Andrea Volanus. De principe et propriis eius virtutłibus. Dantisci. 1608.



[1] Марый - рымскі палкаводзец i палітычны дзеяч. Жыў каля 157-86 гг. да н. э.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX