Рэфэрат, прачытаны падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Горад i народная культура ў гісторыі Беларусі, Летувы, Польшчы i Ўкраіны», праведзенай 7-9 кастрычніка 1994 г. Міжнародным Цэнтрам культуры ў Кракаве.
Каб правільна аналізаваць асобныя зьявы з абсягу культуры для пэўнай тэрыторыі, трэба вызначыцца, ці была гэтая тэрыторыя рэальнай структурай, ці можна яе акрэсьліць як рэгіён, што характарызуецца супольнай гісторыяй ужо працяглы пэрыяд часу. Толькі ў такім выпадку можна будзе ажыцьцявіць правільны аналіз i зрабіць пэўныя абагульненьні, што датычаць асобных культурных зьяваў у ix узаемасувязях, акрэсьліць ix месца ў характэрнай для дадзенага прасьцягу культурнай мадэлі.
Ці прасьцяг, які ёсьць прадметам зацікаўленьняў нашай канфэрэнцыі i які складаецца з чатырох краінаў: Польшчы, Летувы, Беларусі i Ўкраіны, адпавядае вышэйзгаданым умовам, ці вызначаецца пэўнымі супольнымі ўласьцівасьцямі, уласнай структурай, што адрозьнівае яго ад іншых суседніх прасьцягаў? На маю думку, так. Я пастараюся цягам гэтага спавешчаньня абгрунтаваць гэтае цьверджаньне.
Каб зразумець гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры ў названых краінах, трэба скіравацца ў глыбокую мінуўшчыну. На маю думку - а я ў гэтым сэнсе не асабліва арыгінальны, - момантам, які аказаў глыбокі i працяглы ўплыў на далейшае разьвіцьцё цікавых нам тэрыторыяў, быў канец X ст. i хрысьціянізацыя Польшчы (966) i Русі (988-989). Прыняцьце хрысьціянства гэтымі суседнімі дзяржавамі з розных цэнтраў - Польшчай з Рыму, Русьсю зь Бізантыі - прывяло да таго, што краіны пачалі розьніцца ня толькі ў рэлігійным пляне, - ix пачаў надзяляць i іншы культурны кшталт, прыняты разам з новай рэлігіяй.
Працэс гэтага падзелу ў наступныя стагодзьдзі паглыбляўся. Больш таго, існыя ўжо на момант хрысьціянізацыі Польшчы i Русі адрозьненьні паміж усходняй праваслаўнай Царквой i заходняй каталіцкай Царквой неўзабаве, у 1054 годзе, прывялі да разрыву сувязяў паміж абедзьвюма часткамі хрысьціянскага сьвету i да варажнечы паміж імі.
Вельмі спаважны ўплыў на павелічэньне адрозьненьняў у цікавячым нас прасьцягу мела XIII ст., асабліва дзьве падзеі. Адна зь ix - нашэсьце манголаў на Ўсходнюю i Центральную Эўропу. Яно закранула як рускія землі, так i Польшчу, але ягоныя пасьледкі былі розныя для абедзьвюх краінаў. Русь ня толькі патрапіць пад палітычную дамінацыю Залатой Арды, але, несупынна адчуваючы ўціск і боку татараў, перажыве культурны рэгрэс. Польшча, нягледчячы на зьнішчэньні, выкліканыя нашэсьцем, адносна хутка адновіць свае сілы, да чаго выдатна спрычыпіўся мрацэс, вядомы пад назвай «Калянізацыя на нямецкі ўзор». Гэтая зьява, добра вывучаная ў нашай гістарыяграфіі часта разгляданая спрошчана, адыграла, на маю думку, вельмі вялікую ролю ў збліжэньні Польшчы з Захадам. Побач з хрысьціянізацыяй гэта быў чарговы інтэграцыйны працэс у межах Польшчы, а таксама Чэхіі i Вугоршчыиы краінах ускрайку Заходняй Эўропы. Такім чынам, у пэрыяд сярэднявечча мяжа Польшчы i Русі адыгрывала ў тагачаснай падзеленай Эўропе асаблівую ролю. Гэта была ня толькі мяжа дзьвюх суседніх краінаў, але i мяжа двух вялікіх культурных рэгіёнаў сярэднявечнай Эўропы.
У сыстэме далейшых узаемінаў на прасьцягу Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы важную ролю адыграла XIV ст. Некалькі падзеяў, галоўным чынам палітычнай прыроды, якія мелі месца ў гэтым стагодзьдзі, паўплывалі на далейшыя лёсы ўсяго рэгіёну, i ня толькі на яго палітычную гісторыю, але i - i нават перадусім - на разьвіцьцё культуры.
Першая са згаданых падзеяў датычыць беспасярэдня тэрыторыі нашых зацікаўленьняў, a менавіта - пазьнейшай Усходняй Галіччыны, якая ў той час мела назву Галіцка-Валынскага княства. Як вядома, пасьля сьмерці ў 1340 годзе Юрыя, апошняга галіцка-валынскага князя з дынастыі Рурыкавічаў (хоць ужо толькі фармальна), пасьля працяглых войнаў, у якіх бралі ўдзел разам з русінамі таксама палякі, вугорцы, ліцьвіны i татары, Галіцкая зямля апынулася пад польскім панаваньнем i ў прынцыпе знаходзілася ў польскай дзяржаве да першага падзелу Полыичы ў 1772 г.
400 гадоў польскага панаваньня на тэрыторыі Галіцкай Русі, вядомай пазьней пад назвай Рускага ваяводзтва, паўплывала як на структуру канфэсійных i нацыянальных дачыненьняў, так i на характар зьменаў у культурным разьвіцьці гэтага прасьцягу. Захоп Польшчай Галіцкай Русі ў сярэдзіне XIV ст. быў, тым ня менш, адно першым этапам вялікіх пераўтварэньняў у гэтай частцы Эўропы.
Чарговыя важныя падзеі - гэта вунія Польшчы зь Літвой у Крэве ў 1385 годзе, пакліканьне на сталец Польшчы вялікага князя літоўскага Ягайлы, як мужа караліцы Ядвігі, i хрысьціянізацыя Літвы.
Праўда, хаўрус Польшчы зь Літвой не набыў такога характару, як тое прадугледжваў Крэўскі акт, i Польшча i Літва яшчэ каля 200 гадоў захоўвалі далёкасяжную адметнасьць, але факт, што яны заставаліся пад уладай адных i тых валадароў, што паходзілі з дынастыі Ягайлавічаў, спрычыніўся да ўсё больш магутных сувязяў паміж абедзьвюма дзяржавамі. Гэта датычала як супольных акцыяў у галіне міжнароднай палітыкі, так i перайманьня Літвой польскіх узораў у абсягу палітычнай сыстэмы, грамадзкіх дачыненьняў i культуры. Гэтыя паступовыя інтэграцыйныя працэсы ў выніку прывялі да Люблінскай вуніі 1569 году, якая ператварыла дагэтулешні дынастычны хаўрус паміж дзьвюма дзяржавамі ў рэальную вунію, у супольную Рэч Паспалітую, дзе Карона i Вялікае Княства захоўвалі шэраг адметнасьцяў, але галоўныя органы ўлады, такія як кароль i сойм, а таксама прынцыпы дзяржаўнага будаўніцтва меліся быць з таго часу супольнымі.
Не беручы пад увагу тое, што Польшча i Літва ў суме 400 гадоў знаходзіліся паміж сабой у хаўрусе - першыя 200 гадоў хутчэй уяўным, а наступныя 200 вельмі цесным, - мы ня зможам належна ацаніць таго, што ў розных галінах жыцьця, у тым ліку i ў галіне культуры, адбывалася ў Рэчы Паспалітай, дзяржаве, у якую ўваходзілі Польшча, Летува, Беларусь i Ўкраіна.
Калі Літва ў 1385 годзе ўступала ў хаўрус з Польшчай, яна ў прынцыпе валодала ўсім у той час густа населеным прасьцягам Беларусі i Ўкраіны. Таму, кажучы пра хрысьціянізацыю Літвы, трэба памятаць, што справа тут тычылася хрысьціянізацыі летувіскага народу, а не насельнікаў усёй дзяржавы, паколькі апошнія ў сваёй бальшыні некалькі стагодзьдзяў ужо былi хрысьціянамі, толькі ў яго праваслаўнай вэрсіі.
Канчаткова сфармаваная актам Люблінскай вуніі, Польска-Літоўская дзяржава ўяўляла сабой у тагачаснай Эўропе, падзеленай рэлігійна i культурна, асаблівы твор. У абсягу гэтай дзяржавы больш-менш у роўных прапорцыях апынуліся тэрыторыі, зьвязаныя з заходне- ўсходнеэўрапейскім культурным узорам. Не было другой такой краіны Эўропе, дзе існаваў бы падобны стан рэчаў. Мяжа паміж заходне- і ўсходне эўрапейскім культурным прасьцягам праходзіла цяпер ня ўздоўж дзяржаўных межаў, як гэта мела месца ў сярэднявеччы, а ў абсягу адзінай дзяржавы, заходняя частка якой традыцыйна мела культурную лучнасьць з лаціскай Эўропай (ужо з X ст., a ў выпадку Летувы - з XIV ст.), a ўсходняя частка зь бізантыйскай Эўропай, таксама i X сг, Гэта быў фактар, які бясспрэчна абцяжарваў функцыянаньне дзяржавы i быў вытокам нутраных канфліктаў, але адначасна быў вельмі карысны для ўзаемнага культурнага збліжэньня падзеленай паводле гэтай адзнакі Эўропы. Узаемадзеяньне абедзьвюх культураў тут было, безумоўна, больш лёгкім. На гэта ўплывала ня толькі дзяржаўнае адзінства, але i змяшэньне насельніцтва, зьвязанага з рознымі культурнымі ўзорамі. Пры гэтым варта памятаць, што ў Рэчы Паспалітай побач з двума асноўнымі культурнымі ўзорамі: заходнім - лацінскім i ўсходнім - бізантыйскім, існаваў шэраг меншых этнічных групаў з уласнай апрычонай культурай, не зьвязанай зь ніводнай са згаданых мадэляў. Побач зь невялікімі этнічнымі групамі, такімі як тaтары, караімы, армяне, асаблівай увагі заслугоўваюць жыды. Яны складалі вельмі спаважны працэнт насельніцтва, найперш усходніх, рускіх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай. Жыдоўская культура - своеасаблівая, вынікаючая з апрычонай традыцыі, - складала там надзвычай істотны кампанэнт гарадзкой культуры.
Падкрэсьлены мною факт суіснавання ў рамках адной дзяржавы насельніцтва з рознымі культурнымі традыцыямі, безумоўна, палягчаў узаемаўплывы, пагатоў што зь цягам часу пачаўся працэс зьмяшэньня насельніцтва розных нацыянальнасьцяў, рэлігіяў i культураў. Гэта ізноў тычылася перадусім усходніх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай. Радзей заселеныя, яны прыцягвалі людзей са значна гусьцей населеных заходніх прасьцягаў. Але на міграцыю насельніцтва з захаду на ўсход уплывалі i іншыя фактары. Для магнатаў i шляхты гэта была лёгчыня ў здабыцьці зямельных надзелаў, якіх там быў лішак у параўнаньні з заходняй часткай краіны. Для сялянаў усходнія землі былі жаданым месцам пасяленьня на больш лагодных, больш спрыяльных, чымся на захадзе, умовах. Таксама перадусім на ўсход кіраваліся сяляне-ўцекачы, такія шматлікія ў пэрыяд, калі паншчынна-фальварковая сыстэма вычэрпвала сябе. Шмат ix кіравалася таксама ў гарады i мястэчкі на ўсходзе, знаходзячы там больш спрыяльныя ўмовы жыцьця. У выніку мы назіраем больш разнастайную нацыянальную мазаіку на ўсходніх рускіх тэрыторыях колішняй Рэчы Паспалітай. Пэўны ўплыў на яе характар аказвалі i палянізацыйныя працэсы з аднаго боку, рутэнізацыйныя - з другога. Агульная тэндэнцыя гэтых працэсаў добра вядомая. Палянізаваліся перадусім руская i літоўская шляхта, a польскія сяляне, што асядалі на ўсходзе, у значнай ступені рутэнізаваліся.
Вынікам гэтага была спэцыфічная грамадзкая структура паасобных нацыянальных групаў. Тымчасам як пераважная бальшыня сельскага насельніцтва захоўвала свой першапачатковы рускі характар - апроч таго: колькасьць рускага сельскага насельніцтва нават расла, дзякуючы зрутэнізаваным польскім сялянам, шляхта, наадварот, ставалася перадусім польскай i ня толькі ў выніку наплыву шляхты з заходніх земляў, але i палянізацыі рускай i літоўскай шляхты. У гарадох сытуацыя была найбольш складаная. Тут, на ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай, найбольшую групу, як правіла, складала жыдоўскае насельніцтва. Гэта асабліва тычыцца малых мястэчак. Апрача гэтага, значныя групы ў гарадох складалі палякі i русіны (украінцы i беларусы), у розных, зрэшты, прапорцыях. Таму, калі мы закранём месца народнай культуры, то варта памятаць пра тыя нацыянальныя адрозьненьні, якія былі ўласьцівыя для гораду i вёскі, паколькі яны ўплывалі на характар культуры абодвух гэтых асяродзьдзяў. Варта таксама памятаць, што важным кампанэнтам культуры ўсходніх тэрыторыяў колішняй Рэчы Паспалітай была i шляхоцкая культура; безь яе ўліку мы не зразумеем культурных працэсаў, якія адбываліся на гэтых прасьцягах.
Нацыянальнасьць адрозьнівала насельніцтва, якое жыхарыла на ўсходніх прасьцягах Рэчы Паспалітай, але я мяркую, што, пачынаючы з XIV ст., у яшчэ большай ступені адрозную ролю выконвала рэлігія. На бальшыні рускіх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай ня толькі падчас яе існаваньня, але i пасьля яе падзелаў нацыянальнасьць ідэнтыфікавалі з рэлігіяй. Рыма-каталік - гэта паляк, праваслаўны або грэка-каталік - гэта ўкраінец або беларус. Зрэшты, гэты стэрэатып функцыянуе да сёньняшняга дня.
Дыхатамічны падзел на каталікоў i праваслаўных быў на тэрыторыях Рэчы Паспалітай парушаны напрыканцы XVI ст. у выніку Берасьцейскай вуніі. Ацэнкі вуніі i яе значэньня для ўкраінскай або беларускай нацыі зьмешчаныя ў багатай літататуры, а матар'ялы сэсіі, якая адбылася летась ў Ягелёнскім унівэрсытэце i выдадзеныя сёлета [1], яшчэ больш узбагацілі нашую веду ў згаданым абсягу. Гэта звальняе мяне ад больш дэталёвага разгляду гэтай праблемы. Я хацеў бы толькі зазначыць, што калі мы цікавімся пытаньнем узаемапранікненьня культураў, то вунія тут мела вельмі істотнае значэньне. Але дагэтуль недаацэнена значэньне вуніі для нацыяўтваральных працэсаў. Некалькі стагодзьдзяў існаваньня шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай прывяло да таго, што выразьлівы ў сярэднявеччы падзел на Польшчу, зьвязаную з заходнім культурным узорам, i Русь, якая прэзэнтуе ўсходні ўзор, у вялікай ступені страціў сваю вастрыню. У выніку ўзаемнага пранікненьня культураў на прасьцягу адной дзяржавы адбылося збліжэньне, якое сьцірала выразьлівыя ўперад падзелы. Не падлягае сумневу, як у маштабе ўсёй Эўропы, так i ў выпадку нацыяў, што жылі ў Рэчы Паспалітай, уплыў заходняга культурнага ўзору быў больш магутны i спрычыніўся да выразнага набліжэньня рускіх земляў Рэчы Паспалітай да Захаду.
Такую ж ролю Польшча адыгрывала i ў дачыненьні да разьмешчанай далей на ўсходзе Расеі. Перш як яна ў часы Пятра I навязала беспасярэдні кантакт з Заходняй Эўропай i наўпрост з такіх краінаў, як Прусія, Францыя, Англія або Галяндыя, пачала сіляць узоры культурных ператварэньняў, раней, у XVII ст., гэтую ролю адыгрывала Рэч Паспалітая. З аднаго боку, польская мова, польскія літаратурныя i культурныя здабыткі (якія, зрэшты, часта былі перакладамі на польскую мову заходняй літаратуры), адзеньне i польскія ўзвычаеньні былі распаўсюджаныя ў Расіі ў другой палове XVII ст., асабліва ў часы кіраваньня Сафіі i яе фаварыта Галіцына; з другога боку, культурныя ўзоры, выпрацаваныя ў кіеўскай Магілянскай акадэміі, рэлігійныя канцэпцыі духавенства з Украіны i Беларусі ўплывалі на рэлігійныя, звычаёвыя i культурныя ператварэньні тагачаснай Расеі. Палітычны, эканамічны i культурны крызыс, які закране землі Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII i ў першай палове XVIII ст., прывядзе да таго, што зварот да польскіх або заходнерускіх узораў страціць значэньне, а Расея навяжа беспасярэднія кантакты з Захадам ужо без пасярэдніцтва Рэчы Паспалітай.
Гаворачы аб падзелах Эўропы, аб вялікіх i старадаўных рэгіёнах, якія разрозьніваюць наш кантынент, мы найчасьцей здавальняемся разгледжаным намі культурным падзелам на заходнюю i ўсходнюю, лацінскую i бізантыйскую Эўропу.
Гісторыкі, i ўпаасобку гісторыкі грамадзка-эканамічных дачыненьняў, выдатна ведаюць яшчэ i аб іншым падзеле Эўропы, які ўзьнік на рубяжы сярэднявечча i навейшых часоў i існуе ў прынцыпе дагэтуль, у дадатак узмоцнены яшчэ i палітычным ды эканамічным падзелам Эўропы з 1917 i 1945 году. Я маю на ўвазе падзел уздоўж ракі Лабы на заходнюю Эўропу, якая з XVI ст. эвалюцыянуе ў бок капіталістычнай эканомікі, зь імкліва разьвіванымі гарадамі, гандлем, рамёствамі i прамысловасьцю, з чыншавай гаспадаркай на сяле, а таксама на ўсходнюю Эўропу, якая перажывае г.зв. другаснае аднаўленьне прыгону, зь перавагай гаспадаркі, у аснову якой былі пакладзеныя паншчына i фальварковая залежнасыдь, са слабым разьвіцьцём прамысловасыді i гандлю, з паволі ўзьнікаючым унутраным рынкам. Гэтыя адрозьненьні эканамічных мадэляў усходняй i заходняй Эўропы i прывялі да глыбокай адметнасьці грамадзкай структуры ў абедзьвюх частках Эўропы. Тымчасам, калі ў Заходняй Эўропе хутка расла заможнасьць, а дзякуючы гэтаму i палітычнае ды культурнае значэньне буржуазіі, на ўсходзе Эўропы ўлучна да XX ст. дамінуючую ролю адыгрывалі вялікія землеўласьнікі. Іншым быў i лёс у абодвух рэгіёнах найбольш шматлікага да XX ст. грамадзкага слою, якім зьяўлялася сялянства.
Рэч Паспалітая ў цэлым была разьмешчаная ў так зразумелай усходняй Эўропе побач з такімі дзяржавамі, як Прусія, Габсбурская манархія i Расейская імпэрыя. Мала таго, можна сьмела сказаць, што Рэч Паспалітая прэзэнтавала нават ідэальны ўзор гэткай тэндэнцыі разьвіцьця. Якраз тут найраней пачала разьвівацца заснаваная на прыгоне фальварковая гаспадарка, якая дастаўляла вялікую колькасьць прадуктаў на заходнеэўрапейскія рынкі i дзякуючы гэтаму забясьпечвала рост багацьця магнатаў i польскай шляхты, прынамсі так доўга, як доўга існавала выгадная для сельскагаспадарчай вытворчасьці кан'юнктура, г.зн. да сярэдзіны XVII ст. Я мяркую, што паміж спэцыфічным рэспубліканскім ладам Рэчы Паспалітай, з дамінуючай роляй шляхты, абмежаванай манаршай уладай i заможнасьцю гэтага слою, існавала беспасярэдняя сувязь.
Таму, калі мы гаворым аб Эўропе i яе падзелах, аб месцы паасобных краінаў у гэтай Эўропе, мы павінны памятаць аб абодвух вялікіх гістарычных падзелах - i тым, які сфармаваўся ў раньнім сярэднявеччы ў выніку рэлігійнага падзелу, i тым, які пачаў функцыянаваць, пачынаючы з рубяжу сярэднявечча i навейшых часоў, i сутнасьцю якога былі розныя шляхі эканамічнага i грамадзкага разьвіцьця.
Заняпад Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. прывёў да таго, што лёс паасобных земляў былой Рэчы Паспалітай склаўся па-рознаму. Гэта мела вялікі ўплыў як на далейшае разьвіцьцё грамадзка-гаспадарчых дачыненьняў, так i на разьвіцьцё культуры - у залежнасьці ад палітычнай кан'юнктуры дадзенай тэрыторыі. Ніводная з нацыяў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, не атрымала дзякуючы падзелам незалежнасьці, а дзьве найвялікшыя, г.зн. польская i ўкраінская, былі падзеленыя паміж некалькімі дзяржаўнымі арганізмамі.
Для разьвіцьця народаў, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, наступілі, прынамсі, ня лепшыя часы. Заняпад царскай імпэрыі ў 1917 годзе, распад Габсбурскай манархіі i параза Нямеччыны ў 1918 годзе прынесьлі двум народам былой Рэчы Паспалітай свабоду амаль на 20 гадоў. Я маю на ўвазе Летуву i Польшчу. Украіна i Беларусь i надалей заставаліся несамастойнымі, перажываючы чужую дамінацыю. Пасьля Другой сусьветнай вайны таксама не адбылося свабоднага разьвіцьця гэтага рэгіёну Эўропы. Толькі падзеі апошніх пяцёх гадоў i атрыманьне ўсімі чатырма народамі былой Рэчы Паспалітай незалежнасьці могуць, здаецца, стварыць новыя, лепшыя ўмовы для самастойнага культурнага разьвіцьця гэтых краінаў. Гэтага шанцу пасьля гэтулькіх стагодзьдзяў надзвычай цяжкага досьведу нельга змарнаваць.
З польскае мовы пераклаў Валерка БУЛГАКАЎ.
[1] Unia brzeska, Geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów słowiańskich, praca zbiorowa pod red.: R. Luźnego, F. Ziejki, A. Kępińskiego. - Kraków, 1994.