Рыгор Максімовіч. Упершыню падрукавана ў «Запісах» №2(6) (Нью Ёрк, 1954. С. 65-84).
Ці раз ужо ставілася ды абмяркоўвалася пытаньне: да якога цывілізацыйнага кругу належыць Беларусь, дзе ейнае месца ў цывілізацыйных схэмах Эўропы? Бясспрэчная заслуга праф. Льва Акіншэвіча, што ён першы пасьля апошняй вайны ўзьняў гэтае старое пытаньне нанава ды зьвярнуў увагу на патрэбу ягонага высьвятленьня ў новым, сучасным, навукова-гістарычным аспэкце [1]. Гэткае высьвятленьне тым важнае, што яно кіне зыркае сьвятло й на не адну няясную дагэтуль балонку гісторыі беларускага народу.
Зразумела, каб належна адказаць на гэтае пытаньне, трэба ня толькі глянуць на культурна-цывілізацыйнае сяньня Беларусі, але неабходна гірасачыць і галоўныя культурныя працэсы на працягу ўсёй гісторыі беларускага народу. Трэба, у першую чаргу, зьвярнуць увагу на беларускія спрадвечныя спадчынныя духовыя элемэнты, іхны характар, ды паспробваць азначыць і склясыфікаваць «усходнясьць», «заходнясьць» ці іншуіо іхную культурную існасьць. Трэба прасачыць і вонкавыя цывілізацыйныя ўплывы як Захаду, гэтак і Ўсходу, якія стагодзьдзямі пранікалі на землі Беларусі ды ў той ці іншай меры сталі сяньня неад'емнымі сустаўнымі часткамі нашай сучаснай культурна-цывілізацыйнай запраўднасьці.
Толькі гэткім шляхам можам наблізіцца да правільнага адказу на пытаньне: Беларусь цывілізацыйна Захад ці Ўсход, і дзе - на ўсходняй ці заходняй мяжы Беларусі - канчаецца з культурнага гледзішча Захад Эўропы?
Гэты нарыс і ёсьць вельмі агульнаю спробаю падчыркнуць галоўныя ды тыповыя асаблівасьці сваёй беларускай культуры й беларускага нацыянальнага характару ды азначыць важнейшыя вонкавыя культурна-цывілізацыйныя ўплывы, якія мелі сваё значаньне ў стварэньні сучасных формаў культурна-грамадзкага жыцьця беларускага народу. Азначыць іх ня ў сучасным статычным разрэзе, а ў дынамічным гістарычным разьвіцьці. Будзе адначасна й намаганьне выявіць некаторыя важнейшыя мамэнты беларускіх культурна-гістарычных працэсаў, проба ўстанавіць важнейшыя для іх падзеі ды пераломныя ці сымбалічныя гады.
1. Псыхічна-духовыя свомасьці беларускага народу
Як ведама, паводле свайго сомагычнага складу, беларускі народ мае ў сваёй аснове аналёгічныя элемэнты, як і бальшыня іншых эўрапейскіх народаў. 3 магчымых чужых дамешак можа гіаўстаць паважнейшае пытаньне толькі пра дамешкі балцкага субстрату, у сваёй аснове таксама эўрапейскага. У вадваротнасьць расейскаму, беларускі народ практычна ня мае ніякіх паважнейшых дамешак ні фінскіх, ні мангольскіх, ні іншых азійскіх. Дык беларускі народ мае падобную соматычную аснову, як і бальшыня народаў заходняй Эўропы.
Усьведамляючы гэта, ня будзе дзіўным, што на працягу апошняга тысячагодзьдзя свайго гістарычнага жыцьця ён і выявіў аснаўныя рысы свайго нацыянальнага характеру - блізкія ды аналягічныя да тых, якія ўважаюцца за тыповыя для народаў заходняй Эўропы.
Адной зь вельмі важных рысаў беларускага нацыянальнага характару, якую выяўляе нам гісторыя, ёсьць тое, што ў фармаваньні свайго дзяржаўна-палітычнага ладу беларускі народ праз усе эпохі сваёй гісторыі праяўляе выразнае нежаданьне тварыць абсалютныя, дэспатычныя формы ўлады, а наадварот, выяўляе сталую моцную цягу да нармаваных, дэмакратычных формаў.
Ужо ў першы пэрыяд гісторыі Беларусі, у пару незалежных княстваў (X-XVI ст.) тагачасныя палітычна-дзяржаўныя асяродкі звьгчайна ня кіраваліся неабмежанаю воляю князя. У важнейшых справах князь заўсёды склікаў народнае веча, пастановы якога былі абавязкавымі й для народу, і для князя. Веча пастанаўляла аб паходзе ці супакоі, веча магло скідаць князёў ды паклікаць новых, веча выносіла пастановы пра ўсе іншыя важнейшыя справы княства. Гісторыкі падчыркваюць тую характэрігую мя беларускага народу асаблівасьць, што ў супроцьлежнасьць Кіеву ды Суздальшчыне (пазьней Маскоўшчыне), беларускія князі заўсёды дбалі пра супрацоўніцтва ды добрае сужыцьцё з сваім народным вечам і лічыліся зь ягонымі пастановамі. Нават і гэткая няштодзённая індывідуальнасьць, як князь Усяслаў Полацкі Чарадзей (1044-1101) заўсёды шукаў апоры ў сваім народным вечы, а празь яго й у цэлым народзе, і гэта была галоўная крыніца ягонай палітычна-вайсковай моцы, гэтак паірэбнай яму ў цяжкім змаганьні з Кіевам [2].
Гэтыя яскравыя народаўладныя тэндэнцыі палітычна-дзяржаўнага ладу ўжо ў тую пару выразна адрозьніваюць Полацкае Княства ад дзяржаўна-палітычнага асяродку Ўкраіны - Кіева - з нахілам да абсалютнай князевай улады, абапёртай не на народзе, а толькі на верхавінах арыстакрацыі, і, асабліва, ад безагляднага дэспатызму пазьнейшай Маскоўіпчыны, дзе князь прынцыпова ня лічыўся з голасам народу ды дзе вытварылася ведамае беззасьцярэжнае «самадзяржаў'е» валадара («І ці-ж гэта праваслаўнае прасьвятое быць пад уладаю й загадамі рабоў...» - пісаў цар Іван Грозны да князя Курбскага).
І ў другім пэрыядзе гісторыі Беларусі, у пару Вялікага Княства Літоўскага (ХVI-XVIII ст.) улада вялікага князя афіцыйна называлага вельмі характэрным беларускім імем - гаспадар - не набывае ў нас формаў дэспатычнага самадзяржаў'я. Вялікі князь у вадносінах да сваіх падданых-грамадзянаў выступае тады фактычна як найвышэйшы фэадальны гаспадар, які толькі «гаспадарыць» над сваім народам, але не пануе як абсалютны дэспот.
Дачыненьні паміж гаспадаром-валадаром і грамадзянамі ў Вялікім Княстве нармалізаваліся дакладна распрацаванымі з часам законамі, якія вызначалі ды гарантавалі правы грамадзянаў і, адначасна, клалі межы й князёвай волі ды дбалі, каб яна не перарадзілася ў самаволю. Праз усю гісторыю Беларусі клаўся вялікі націск на справу магчыма дакладнага праўнага ўнармаваньня дзяржаўна-палітычных дачыненьняў, устанаўленьня судовых нормаў паступаньня, належнае распрацаваньне законаў ды на ўклад сыстэматычных юрыдычных кодэксаў.
У выніку гэтага й права ў Беларусі, як звычаёвае, гэтак і пісанае, высака разьвіваецца, аж даходзіць да свайго красаваньня ў пару Вялікага Княства, пакідаючы ў сваім разьвіцьці далека за сабою суседнія Польшчу, Маскоўшчыну [3] ды іншыя тагачасныя народы Эўропы. Найвышэйшая юрыдычная дасканаласьць была дасягнутая ў г. зв. Статуце Вялікага Княства Літоўскага ў ягоных трох рэдакцыях з 1529, 1566 і 1588 г.
Характэрна, што ў Беларусі ніколі, нават і на кароткі час, не дайшло да абагомленьня валадара, да надаваньня яму ня толькі вышэйшых людзкіх, але й надлюдзкіх азнакаў, ані да цэзарапапізму. Наадварот, беларускі палітычна-дзяржаўны лад і ў пару незалежных княстваў, і ў пару Вялікага Княства, выяўляе выдатную, як на гэныя часы, насычанасьць дэмакратычнымі народаўладнымі элемэнтамі. («І то есьць нашая вольнасьць, катораю мы межы іншымі народамі хрысьціянскімі хвалімся, што nana, іж-бы водле волі сваей, а ня водле праў наших панаваў, над сабою ня маем», - кажа канцлер Леў Сапега ў прадмове да Літоўскага Статуту 1588 г.).
Вырасшы з традыцыйнага народнага права, «Літоўскія Статуты праводзілі ў беларускую грамаду вялікія прынцыпы праўнай сталасьці, праўнай адказнасьці, значаньня прыватнае ўласнасьці й г. д.» - тыя нормы, якія былі свомыя некалі й для рымскай, а пазьней заходняэўрапейскай цывілізацыі [4].
У XIX-XX ст. ст. пры поўнай утраце палітычнай самастойнасьці ня было й ніякіх магчымасьцяў для далейшага разьвіцьця свайго, з сваімі традыцыйна-дэмакратычнымі свомасьцямі, палітычнага ладу. Аднак усё-ж характэрна, што ўжо ў часе спробаў аднаўленьня своёй дзяржаўнасьці ў 1917-1921 г. і пазьней, практычна не існавалі паважнейшыя беларускія партыі правага ці левага таталітарнага кірунку.
З гэтага відаць, што ў беларускім народзе жыве спрадвечнае імкненьне да больш ці менш лібэральных, дэмакратычных, а не абсалютных формаў грамадзкага ладу. Праз усе вякі свайго гістарычнага жыцьця беларускі народ праяўляе глыбокую сьведамасьць таго, што дабравольна зарганізаваная й законам! здысцыплінаваная ірамада стаіць заўсёды вышэй за бязвольную масу, задзіночануіо толькі жорсткаю воляю дэспата. З гэтага гледзшча беларускі народ бязумоўна тыпова заходняэўрапейскі, бо для народаў заходняй Эўропы ёсьць характэрным імкненьііе да нармаваньня грамадзка-палітычнага ладу законам. «Мадэрны эўрапеец, падобна антычнаму рымляніну, жыве ў культуры нормаў», - кажа Вальтэр Шубарт [5]. Тое-ж думае й Нортроп [6] ды шмат іншых.
Пашана да правоў адзінкі, талерантнасьць, свабода сумленьня выявіліся таксама вельмі выразна ня толькі ў палітычна-дзяржаўным жыцьці беларускага народу, але й у ягоных дачыненьнях да іншаверных ды іншанацыянальных народаў.
Усе важнейшыя рэлігійна-сьветаглядныя перамены ў Беларусі - прыход хрысьціянства ў X ст., зьяўленьне каталіцтва, шпаркі прыплыў ды адплыў рэфармацыйнага руху ў XVI-XVII ст., пазьнейшая каталіцкая рэакцыя ды рэлігійная вунія 1596 г. - адбываліся на беларускіх землях бяз крывавых братагубных змаганьняў, гэтак характэрных ды частых у тую пару для шмат якіх краінаў заходняй Эўропы. Гісторыя Беларусі ня ведае інквізыцыйных агнёў, ані Баўтрамеявых ночаў. Падобнае заладжваньне рэлігійных супярэчнасьцяў наскрозь чужое псыхіцы беларускага народу. Адзіны ведамы выпадак гвалтоўнай народнай рэакцыі на настырлівы рэлігійны фанатызм - забойства япіскапа Язафата Кунцэвіча ў Віцебску ў 1623 г. - мае ў сваёй аснове чужыя, небеларускія прычыны. Гарачы прапагатар вуніі, яп. Язафат Кунцэвіч - украінец і з свайго паходжаньня (валыняк), і сваёй псыхікай, і тэмпэрамэнтам. У сваёй вунійнай акцыі ён і паступаў з тыповаю для ўкраінца, а не беларуса, нястрымнай пачуцьцёвасьцяй. Цалком супроцьлежнае, сутрымнае й разважнае, - тыповае для беларускай мэнтальнасьці - становішча займаў (як гэта яскрава відаць зь ягоных лістоў да Язафата Кунцэвіча) канцлер Вялікага Княства Леў Сапега. Гвалтоўная рэакцыя віцяблян была ня чым іншым, як спантанічным, інстынктоўным народным пратэстам супроць чужога беларускай народнай псыхіцы рэлігійнага ваяўнічага фанатизму.
Азнаку заўсёднай талерантнасьці носяць на сабе й дачыненьні беларускага народу да народаў іншых. Ведамая ды вельмі ўражальная зьява, што празь першыя чатыры вякі свайго хрысьціянства беларускі народ жыў у поўнай рэлігійнай і, найчасьцей, палітычнай суладнасьці і згодзе з суседнімі балцкімі паганскімі плямёнамі лятувісаў і латышоў. Праз гэтыя чатыры стагодзьдзі блізкога суседзкага сужыцьця прашчурам сучаснага беларускага народу ня прыйшла ніколі й думка, каб арганізаваць супроць іх крыжавыя паходы ды наварачваць сілком на хрысьціянства.
Характэрна таксама для нацыянальнай псыхікі беларускага народу тое, што чужыя расава і нацыянальна ды іншаверныя ім жыды ня толькі знайшлі на беларускіх землях гасьцінны сабе прыпынак і магчымасьць жыцьця, але пад дзяржаўна-праўнаю аховаю перажывалі ў Беларусі пару свайго эканамічнага дабрабыту ды культурнага красаваньня (асабліва ў XVI-XVII ст.) - так доўга, пакуль яшчэ сам беларускі народ быў фактычным гаспадаром сваёй зямлі ды мог гарантаваць ім свабоду веры, звычаяў, гандлю й супакой. Гісторыя беларуска-жыдоўскіх дачыненьняў ня ведае ніякіх гвалтаў ды ніякіх тэндэнцыяў да расавага паніжаньня.
Падобныя зусім, як да жыдоў, былі й дачыненьні да меншых рэлігійна-нацыянальных групаў, як да караімаў, да татарскіх уцекачоў-перасяленцаў, да пратэстанцкіх немцаў, да расейскіх старавераў, якія ўцякалі ад рэлігійнага перасьледу сваіх-жа суродзічаў на беларускія, чужыя ім нацыянальна й рэлігійна, землі, каб ратаваць свабоду свайго сумленьня, веру, а разам і жыцьцё.
Усё гэта прыклады й канкрэтныя гістарычныя доказы глыбокай рзлігійнай і нацыянальнай талерантнасьці беларускага народу.
У выніку такой талерантнасьці гісторыя Беларусі ня ведае й ніякіх масавых эміграцыяў ці ўцёкаў народу ад палітычнага, нацыянальнага ці рэлігійнага перасьледу сваёй улады з тае простае прычыны, што такога перасьледу ніколі ў Беларусі ня было. Наадварот, беларускія землі былі вякамі прытулкам для іншых перасьледваных, як пра гэта й сьветчаць вышэй успомненыя нацыянальна-рэлігійныя групы караімаў, татараў, старавераў, жыдоў.
Падсумоўваючы можам сказаць, што беларускі народ праз усю сваю гісторыю вызначаецца гэткімі сталымі асаблівасьцямі свайго нацыянальнага характеру, як дэмакратызм, індывідуалізм, пашана да правоў адзінкі, свабода сумленьня, высока разьвітае пачуцьцё права, нацыянальная, палітычная й рэлігійная талерантнасьць, адкіданьне абсалютызму й дэспатыі.
Дый і больш гэтага. У краінах заходняй Эўропы, як ведама, элемэнты права, дэмакрацыі ды талерантнасьці ня ёсьць спрадвечныя, сталыя. Яны разьвіліся паступова ды дасьпелі толькі параўнальна нядаўна. Заходняя Эўропа ці раз перажывала, дый і ня гэтак даўно, вельмі бурныя ды крывавыя пярыяды нават і поўнага запярэчаньня гэтых, прызнаных сяньня за тыпова заходняэўрапейскія, прынцыпаў. Прыпомнім сабе хоць-бы інквізыцыю, жорсткія рэлігійныя змаганьні, крывавыя парахункі ў часы францускай рэвалюцыі, дый ці не адну й іншую балону крывавых гвалтаў чалавека над чалавекам у гісторыі заходняй Эўропы. А яшчэ гэтак нядаўны нямецкі гітлерызм паказаў, што гэтыя «заходнія» прынцыпы ня можна і сяньня яшчэ лічыць як запраўды ўжо ў поўнасьці ды на заўсёды запанаваўшыя сярод народаў Захаду.
Тымчасам беларускі народ праз цэлае апошняе тысячагодзьдзе, праз усё сваё гістарычнае існаваньне, зусім ня ведае гэткіх крывавых перабояў на шляху сваіх культурна-гістарычных працэсаў. Дэмакрацыя, талерантнасьць, праўнасьць - ягоныя заўсёдныя, неадлучныя, спрадвечныя арганічныя элемэнты.
Наколькі яны запраўды арганічныя для псыхікі беларускага народу, сьветчыць гэга, што, нягледзячы на доўгія стагодзьдзі ўплываў бізантыйскіх вонкавых культурна-мастацкіх формаў, беларускі народ аднак не пераняў і крыхі такіх псыхічна-духовых асаблівасьцяй Бізантыі, як дагматызм ды цэзарапапізм, якія гэтак глыбака ўспрыняліся ды ўрасьлі ў спрыяльную для іх, відаць, духовую Глебу суседняй Маскоўшчыны. Падобна гэтаму не змаглі перакінуцца на беларускую глебу й рэлігійныя крывавыя змаганьні з Захаду.
З гэтага мы павінны зрабіць лёгічны ды важны вывад, што пераймаючы тыя ці іншыя вонкавыя культурна-цывілізацыйныя формы зь Бізантыі ці Захаду, беларускі народ аднак не пераймаў разам і іхных псыхічных асаблівасьцяў, заўсёды заставаўся самым сабою. Гэтая, праз усе стагодзьдзі гісторыі захаваная, свая духовая самабытнасьць - вельмі ўражаючая дый цэнная духова-псыхічная асаблівасьць беларускага народу.
2. Цывілізацыйныя ўплывы Бізантыі
На паўдзённым канцы ведамага вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», які перасякаў землі Беларусі й меў у старавечную пару вельмі важнае гандлёва-культурнае значэньне для ўсёй тагачаснай усходняй Эўройы, ляжала Бізантыя - важнае калісьці вогнішча высокай бізантыйскай цывілізацыі. Дзякуючы гэтаму шляху бізантыйскія ўплывы на землях Беларусі існавалі ўжо здаўна.
Асабліва шырокія магчымасьці для гэтых культурных уплываў адкрываюцца з прыходам хрысьціянства ў Беларусь у усходняй, бізантыйска-праваслаўнай форме. Царква, як ведама, - і на Захадзе, і на Усходзе, - у тыя вякі фармавала культурна-духовае жыцьцё тагачаснага чалавека й накідала яму свой сьветагляд. Дык натуральна, што рэлігійна-царкоўныя ўплывы й у Беларусі з прыймом хрысьціянства паволі праніклі ўва ўсе дзялянкі культурна-духовага жыцьця.
З пачаткам хрысьціянства ў Беларусі пашыраюцца й паступова ўрастаюць у глебу старой мясцовай культуры гэткія новыя важныя культурныя элемэнты, як бізантыйская царкоўная архітэктура й малярства, царкоўная музыка, тагачасная царкоўная й сьвецкая пісьменнасьць з рэлігійна-філёзофічным хрысьціянскім сьветаглядам.
Асабліва важным з культурна-гістарычнага гледзішча быў факт прыходу й пашырэньня разам з хрысьціянствам навукі пісьма, кірылічнай (разьвітай з грэцкай) абэцэды й пісьменнасьці ў царкоўна-славянскай мове. Пісьмо гэтае ў пазьнейшых вякох было прытарнаванае да мовы беларускай ды раскрыла шырокія магчымасьці для разьвіцьця сваёй пісьменнай мовы ды стварэньня беларускай ужытковай і літаратурнай пісьменнасьці. Перанятая з хрысьціянствам навука пісьма й разьвітае на яго аснове параўнальна рана (ужо ў XIII ст.) беларускае пісьменства ды багатая, як на тую пару, літаратурная мова, мелі вельмі важнае для Беларусі ня толькі культурнае, але й палітычнае значэньне. Існаваньне свайго, шырака разьвітага, пісьменства давала для беларускага народу аўтаматычную культурную перавагу на доўгія вякі над суседнімі, без сваёй пісьменнасьці, балцкімі народамі, якія толькі вельмі позна, каля паловы XVI ст., здабыліся на першыя спробы сваёй пісьменнасьці, а яшчэ пазьней, бо толькі ў XIX ст., дачакаліся сваёй літаратурнай мовы. «Доўга на ўсім абшырным заходнім прасторы ад Дзьвіны й Дняпра ў глыбіню чужых краінаў, пісьменная беларуская мова была адзіная, адзіная жывая або родная народу...» - кажа выдатны расейскі славісты XIX ст. Пётра Бязсонаў. І гэта не засталося бяз свайго выдатнага значэньня для далейшага ходу культурна-палітычных надзеяў на беларускім і сумежным зь ім усходня-эўрапейскім нрасторы.
Вось чаму год 988, год хрышчэньня Ўсходняй Эўропы й Беларусі, зусім абаснована ўважаецца за першы вельмі важны зваротны мамэнт у гісторыі культуры беларускага народу. Ад гэтага году, праз XI-XIII ст., бізантыйскія культурныя формы пашыраюцца, умацоўваюцца, урастаюць глыбей у глебу беларускай дахрысьціянскай культуры.
Цэрквы ў бізантыйскім стылі будуюцца хутка па ўсіх беларускіх местах. Ужо пад 1007 годам у летапісах успамінаецца царква сьв. Багародзіцы ў Полацку. У гэтым-жа стагодзьдзі (1044-1066) у тым-жа Полацку будуецца сабор сьв. Сафіі «зь сямі вярхамі». Ведамыя старавечныя цэрквы - Пятрапаўлаўская, Сьмядынская, Іванаўская, Сьвірская - у Смаленску, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебскага й Спаскага манастыроў у Полацку, Калажанская ў Горадні - ды шмат іншых.
Зразумела, што разам з царкоўнай архітэктураю пашыраюцца й бізантыйскія формы царкоўнага малярства. Толькі разьба, прызнаная за неадпаведную для царквы ад часоў «іконаборчай» віхуры VIII ст. у Бізантыі, ня толькі не разьвіваецца, але й разьвіцьцё мясцовай дахрысьціянскай разьбы пад уплывам адмоўнага настаўленьня царквы, моцна заглушаецца. Захоўваецца ды далей разьвіваецца толькі народная арнамэнтальная разьба. Адно шмат пазьней адраджаюць нанава разьбу заходняэўрапейскія культурныя ўплывы ды паяўленьне каталіцкіх касьцёлаў у Беларусі.
Прынесеная разам з хрысьціянствам царкоўная абрадавая музыка (сьпеў) зрабіла сваё ўзьдзеяньне з часам і на беларускую народную музычную творчасьць. З свайго боку сама царкоўная музыка з часам падалася значным уплывам музыкі народнай.
У вагульным выніку, пасьля прыняцьця хрысьціянства беларускія землі з часам апынаюцца ў крузе ўплываў культурна-мастацкіх формаў бізантыйскага цывілізацыйнага сьвету. Для зразуменьня сутнасьці й вагі гэтага факту трэба сабе ўсьведаміць тое, што ў тыя стагодзьдзі бізантыйская культура выразна перавышала тагачасную культуру сярэднявечнай заходняй Эўропы. Ейныя ўплывы пашыраліся тады ня толькі праз царкву на праваслаўныя народы, але былі вельмі выдатнымі й сярод шмат якіх неправаслаўных міжземнаморскіх народаў Эўропы, асабліва Італіі. Бізантыйскія формы малярства дамінавалі ў Італіі аж да пачатку XIV ст.
Пасьля хросту Беларусі наступнай важнай датаю для далейшага кірунку разьвіцьця культурных працэсаў на беларускіх землях быў год 1240. Гэта год ведамага татарскага нахлыну на землі Ўкраіны й Маскоўшчыны. «Кіеўская Імпэрыя», заняпаўшая ўжо значна й так, руйнуецца дашчэнту. Нішчыцца й сам Кіеў - важны з культурнага гледзішча перадатачны пункт у дачыненьнях між беларускімі землямі й Бізантыяй.
Паслабленьне беспасярэдніх культурных сувязяў зь Бізантыяй і некаторая ізаляцыя ад яе Бедарусі, што наступіла ў выніку татарскіх падбояў на ўсходзе Эўропы й улучэньня вялікіх прастораў у круг татарска-азійскіх уплываў, - становіцца важным гістарычным стымулам для актывізацыі сваёй незалежнай творчай ініцыятывы ў справе далейшага разьвіцьця бізангыйскіх культурных формаў. Паколькі на пачатку хрысьціянства на землях Беларусі тварцамі ня раз былі пакліканыя з далёку, з краінаў праваслаўнага паўдня, мастакі, дык у гэтым часе ўжо нарастаюць свае лічныя культурна-творчыя кадры, якія ўжо й незалежна ад Бізантыі разьвіваюць перанятую некалі ад Бізантыі культурна-мастацкую спадчыну. Гэта даводзіць да таго натуральнага зьявішча, што сьведама ці падсьведама свае мастакі на бізантыйскіх формах пакідаюць сваё беларускае таўро, а з часам і зводзяць чужыя бізантыйскія й самабытныя беларускія культурныя элемэнты да аднаго супольнага культурнага назоўніка.
Апрача самастойнасьці ў разьвіцьці культурна-духовай хрысьціянскай бізантыйскай спадчыны татарскі падбой Украіны меў і яшчэ адно важнае значэньне для лёсу культурна-гістарычных працэсаў тагачаснай Беларусі. Пасьля 1240 году беларускія землі сіламоц зусім новага палітычнага палажэньня ўва ўсходняй Эўропе яшчэ мацней кіруюцца да сваіх натуральных балтыйскіх культурна-гандлёвых шляхоў для пашырэньня сувязяў з паўночнымі краінамі заходняй Эўропы.
Чарговы цікавы для культурных працэсаў Беларусі год 1392 хоць і не вызначаецца выдатнай гістарычнай падзеяй, аднак ён важны для культурней гісторыі Беларусі сваім глыбокім сымбалічным зьместам. Гэта год першага пакліканьня ў Польшчу цэлага шэрагу беларускіх маляроў на размалёву каталіцкіх касьцёлаў Польшчы ды беларускіх музыкаў на каралеўскі двор у Кракаве [7].
Гэта, што беларускіх маляроў запрашалі ў Польшчу для мастацкай творчай працы й пазьней, ледзь ня цэлае стагодзьдзе, сьветчыць пра тое, што заклік 1392 году ня быў толькі прыпадковаю справаю асабістых густаў караля Ягайлы. Гэта была й важная праява прызнаньня польскім грамадзтвам вышэйшасьці тагачаснага беларускага малярства «на грэцкі лад» (Graeco more - як кажа Длугош) за тагачаснае малярства заходня-эўрапейскае. Польскае тады яшчэ наагул не існавала [8].
Толькі гэтак можна вытлумачыць і зразумець зыркі гістарычна-культурны факт, што беларускае малярства праз колькі пакаленьняў успрыймалася зь вялікім прызнаньнем па ўсёй Польшчы, што беларускім мастаком даручалі размалёву манумэнтальнымі фрэскамі дзясяткі касьцёлаў, што ім была давераная й справа аднаўленьня польскай рэлігійна-нацыянальнай сьвятасьці - славутага абраза Яснагорскай Мадоны ў Чэнстахове. Адіуль паходзяць ейныя ведамыя не заходнія, а «грэцкія» рысы [9].
Год 1453, год упадку Канстантынопаля, аснаўнога вогнішча бізантыйскай культуры, ня мог ня мець важнага культурнага значэньня й для Беларусі, якая тады ўсё яшчэ была ў крузе пераважаючых цывілізацыйных уплываў Бізантыі, ды на свой лад разьвівала перанятыя бізантыйскія культурныя формы. У выніку культурныя сувязі з паўднём амаль зусім спыняюцца. Далейшае разьвіцьцё існуючых у Беларусі бізангыйскіх формаў ідзе ўжо зусім сваім самастойным шляхам. З другога боку факт гэты наканоўвае гістарычную патрэбу далейшага пашырэньня й паглыбленьня культурных сувязяў з Захадам, сувязяў, якія і так ужо былі жывыя ад некалькі апошніх стагодзьдзяў.
Упадак Бізантыі ўзмацніў з часам культурныя ўплывы Захаду на землях Беларусі й другім, пасярэднім шляхом. Уцёкі перад гуркамі ды эміграцыя на Захад бізантыйскай інтэлектуальнай верхавіны становіцца адной з важных прычынаў рэнэсансавага культурна-духовага ўздыму на землях паўночнай Італіі. Узьніклы новы культурны pyx выліваецца неўзабаве зь вялікаю экспансійнаю сілаю й паза межы Італіі ды на пачатку XVI ст. ягоныя хвалі штурмуюць ужо й землі далёкай ад Італіі Беларусь
Арнльд Тойнбі ў сваёй A Study of History за прыблізную мяжу паміж эўрапейскім сярэднявеччам з новаю культурнаю эпохаю падае 1475 год. Цікава адцеміць, што гэты год мае сваё апраўданьне на межавы год і ў гісторыі культурных працэсаў Беларусі. 1475 год - гэта апошні год, у якім польскія летапісцы адзначаюць яшчэ мастацкую дзейнасьць беларускіх маляроў на землях Польшчы [10]. Пасьля гэтага году іх на працу ў Польшчы ўжо больш не запрашаюць. Культурна-гістарычнае значэньне й вымову гэтага факту насьвятляе й зырка падчырквае яшчэ тое, што ўсяго тры гады пасьля гэтага, у 1478 г., у Кракаве зьяўляецца выдатны шорнбэрскі скульптар Файт Штос (Віт Ствош папольску), які сваёй геніяльнай разьбой здабывае назаўсёды густы Кракава ды Польшчы для заходніх мастацкіх формаў.
Дык 1475 год, межавы для заходняй Эўропы год паміж сярэднявечнаю фэадальна-гатычнаю й новаю - рэнэсансаваю - парою, маем падставу прыняць за межавы год і ў гісторыі беларускай культуры. Год гэты падчырквае ў гісторыі Беларусі мамэнт, калі беларускае Graeco more мастацтва перастае ўжо быць прыцягальным на вонкі, калі яно мусіць ужо там уступіць перад новымі культурна-мастацкімі формамі Захаду. Яно адступае спачатку на свае беларускія землі, каб неўзабаве й там здаць свае, бесканкурэнцыйныя раней, пазыцыі наступаючаму з Захаду рэнэсансу, а пазьней бароку.
Хоць беларускія маляры больш не паяўляюцца для творчай працы на землях Польшчы, то беларускія музыкі-гусьляры застаюцца сталымі пажаданымі госьцьмі польскага каралеўскага двара й надалей.
Тлумачыцца гэта тым, што музычнае мастацтва, якое яны рэпрэзэнтавалі, было ў запраўднасьці беларускаю народнаю музычнаю творчасьцяй, узьдзеяньне й краса якой былі мастацкімі вартасьцямі, якія ў значна меншай ступені падлягалі гістарычным законам сталай перамены ды чарадаваньня культурных эпохаў ды мастацкіх стыляў.
Хоць з канца XV ст. беларускае малярства й згубіла сваю надзячую моц для чужой Польшчы, дык аднак на родных сабе землях Беларусі яно доўга й надалей цешылася яшчэ поўнаю й бесканкурэнцыйнаю пашанаю. Вельмі зыркім фактам, які добра перадае нам характар мастацкіх адчуваньняў нашых прашчураў каля паловы XVI сг., ёсьць тэстамэнт з 1539 году віленскага ваяводы й выдатнага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхта Гаштаўта, які находзіў з каталіцікага ад колькі пакаленьняў магнацкага роду. У сваім тэстамэнце Гаштаўт пісаў:
Хачу, каб нахавалі мяне ў катэдры (віленскай - P. М.), у капліцы, якую завуць Гаштаўтавай, каторую нядаўна нанава пасьля пажару адбудаваў. Над галавою хай павесяць мне абраз Багародзіцы, маляваны грэцкім звычаем, выкладзены дарагімі каменямі й пэрламі... [11]
З гэтага бачым, што яшчэ й каля паловы XVI ст. беларускае Graeco more малярства адчувалася за больш узвышанае за заходняе й для тагачаснага нават асьвечанага стану Беларусі каталіцкага веравызнаньня.
Захаваныя, на шчасьце, хоць адно часткова, каштоўныя фрэскі беларускіх маляроў XTV-XV ст. у касьцёлах Польшчы перадаюць нам i яшчэ адну нязвычайна цікавую й важную зьяву. З малюнкаў гэтых выразна відаць, што беларускія мастакі сьведама ды сьмела адыходзілі ад пераказанага царкоўнаю традыцыяй бізантыйскага шаблёну. Сьвятыя пад іхным пэндзлем ажываюць зь няземнай аскетычнай застыласьці, набіраюць руху, колеру, жыцьця; на некаторых малюнках выступае й выразнае драматычнае напружаньне, шчырае, беспасярэдняе пачуцьцё.
Гэтая вось важная розьніца - адыход ад старых бізантыйскіх канонаў - і ёсьць галоўнаю асноваю для азначэньня тагачаснага малярства Беларусі як ужо цалком самастойнага беларускага малярства, беларускага ня толькі паводле нацыянальнасьці сваіх тварцоў ды краіны ягонага разьвіцьця, але паводле свайго сваеасаблівага мастацкага стылю. Гэтым згаданыя фрэскі моцна розьняцца й ад малярства Кіеўскіх, Маскоўскіх ды Наўгародзкіх мастацкіх школаў, якія выказалі менш самастойнасьці ды звычайна сьлепа трымаліся царкоўнай традыцыі ды бізантыйскіх мастацкіх першаўзораў. А затое яны сваім характерам набліжаюцца да твораў італьянцаў пачатку XIV ст. - Джыото з Флёрэнцыі (1267? -1337), Дучыё зь Сены (1255? -1319), ды іхных пасьлядоўнікаў Сімонэ Марціні, Ліпно Мэммі й іншых, што ўжо зацемілі й падчыркнулі даўно дасьледнікі старабеларускіх фрэскаў у касьцёлах Польшчы.
Джыото, які ўзгадаваўся яшчэ ў традыцыях бізантыйскага малярства, першы ў сваёй творчасьці пераасілеў іх ды вывеў мастацтва Італіі з даўгавяковай мастацкай залежнасьці й бізантыйскага палону на свой самастойны шлях. Толькі ад Джыото пачынаецца запраўднае італьянскае й запраўднае заходняэўрапейскае малярства, якое над капен ужо наступнага стагодзьдзя, у пару італьянскага адраджэньня, дасягае нязвычайных узвышшаў. Дзеля гэтага Джыото й заслужыў у гісторыі мастацтва імя бацькі ня толькі італьянскага, але й усяго навачаснага эўрапейскага мастацтва.
Вось у творах Джыото ды ягоных паслядоўнікаў на пачатку XIV ст. наглядаем аналягічны мастацкі працэс да тога, які ў канцы таго-ж стагодзьдзя выразна выяўляецца й на паўночным усходзе, у майстроў далёкай ад Італіі Беларусі: сьвятыя, дакрануўшыся да сьвежай, творчай глебы, быццам ажываюць з сваёй закасьцянеласьці, набіраюць больш руху жыцьця, выразу. Цёмныя, панурыя тоны бізантыйскіх абразоў уступаюць месца сьветлым ды яскравым колерам. На месца няземскай містычнай адарванасьці ад рэальнага жыцьця, зьяўляецца ў абразох пачуцьцё, драматычнае напружаньне.
Гэтая дзівугодная аналёгія кірунку амаль адначасовай эвалюцыі мастацкіх формаў у далёкіх ад сябе Італіі й Беларусі, бязумоўна ня сьветчыць пра нейкую іх беспасярэднюю ўзаемазалежнасьць. Абодва мастацкія працэсы зарадзіліся цалком незалежна адзін ад другога, як праява самастойных genius loci дзьвёх далёкіх ад сябе геаграфічна краінаў.
Бязумоўна, што аналёгія далёка ня ёсьць яшчэ тоесамасьць, і, побач падабенства, малярства гэтых двух далёкіх ад сябе й розных культурна-геаграфічных асяродзьдзяў шмат чым і розьпіцца. У Джыото новыя ідэі ў малярстве выражаныя адразу мацней, яскравей. У беларускіх-жа маляроў яны выступаюць яшчэ больш у зародку. На моцным заакцэнтаваньні плястычнасьці формаў на Джыотавых фрэсках адчуваецца ўплыў рэалістычнай сярэднявечнай гатычнай разьбы, уплыў, якога цяжка й спадзявацца ў тагачасным царкоўным малярстве Беларусі, паколькі традыцыя праваслаў'я не дапускала скульптурнае мастацтва ў цэрквы й яно было ў нас у заняпадзе.
У далейшым сваім разьвіцьці лёс аналягічных у Італіі й Беларусі мастацкіх працэсаў быў адменны. У Беларусі ён хоць на пачатку й выліўся за межы сваёй краіны, на захад у Польшчу, на гэтым аднак і запыніўся, ня здолеўшы вырасьці ў мастацкі рух шырэйшага культурнага засягу, які ахапіў бы далейшыя краіны й народы, як гэта сталася з часам з італьянскім мастацтвам. Прычына гэтага, бязумоўна, галоўна ў розным тады геапалітычным палажэньні Італіі й Беларусі.
Італія тады знаходзілася на скрыжаваньні культурна-эканамічных міжземнаморскіх шляхоў і тагачаснай Эўропы, а Беларусь - на далёкіх ейных паўночна-ўсходніх узьмежжах, асмужаная з усходу апанаванымі татарскаю ардою, недаступнымі для эўрапейскіх культурных працэсаў, прасторамі. Наяўны факт удалай спробы й у гэтых геапалітычна неспрыяльных умовах знайсьці свой самастойны творчы шлях ды вывяесьці беларускае мастацтва з-пад уплыву бізантыйскіх дагматычных традыцыяў на новыя самастойныя торныя шляхі, сьветчыць як найлепш і аб геніі старабеларускіх мастакоў, і аб патэнцыяльных духова-творчых магчымасьцях беларускага народу.
Сам факт, што малярства Андрэяў Ды Ўладыкаў ня было бізантыйскім, а ўжо беларускім, толькі на аснове бізантыйскіх агульных традыцыяў, тлумачыць нам і прычыну гэткага лёгкага ўспрыйманьня яго ў суседняй каталіцкай Польшчы, якой яно было шмат бліжэйшым за строга дагматычнае малярства бізантыйскае.
Зьява зьбеларушчаньня ды перамены мастацкіх чужых формаў у малярстве ня ёсьць паадзіночнаю ды прыпадковаю. Аналягічныя перамены бізантыйскіх формаў у працэсе ўрастаньня ў беларускую глебу адбыліся й у галіне царкоўнай архітэктуры. Тут гэтую перамену ды «акліматызацыю» бізантыйскіх узораў будаўніцтва прысыіяшае неабходнасьць шырокага тарнаваныія нехарактэрнага для Бізантыі будаўлянага матар'ялу - дрэва, - аднаго з аснаўных матар'ялаў будаўніцтва лясістай Беларусь У выніку, царкоўная архітэктура вельмі хутка, калі ходзіць аб драўляныя цэрквы, хіба ледзь не ад самага пачатку, мусе пераймаць мясцовыя формы й традыцыі драўлянага будаўніцтва. Вось гэтым шляхом цэрквы меншых селішчаў пераймаюць мясцовыя формы будаўніцтва ды хутка зрастаюцца з сваім навакольлем у гарманічны, адналіты архітэктурны краявід. Гэтая зьява кідаецца кажнаму ў вочы, каму прышлося падарожнічаць па землях Беларусі ды наглядаць праваслаўныя цэрквы малых местаў і мястэчкаў.
Некаторую аналёгію гэтым працэсам у малярстве й архітэктуры можым знайсьці й у галіне пісьменнасьці. Гэтым-жа часам у пісьменнасьці Беларусі адбываецца працэс паступовага перарастаньня царкоўна-славяншчыны беларускімі моўнымі элемэнтамі аж да поўнай «беларусызацыі» сьвецкай пісьменнасьці, якая адбываецца ў XIII- XIV ст. Цікава будзе тут адзначыць, што тады-ж і падобны гірацэс адбываўся на захадзе Эўропы. Тамака, пачынаючы ўжо ад Дантэ, Пэтрарка ды Бокачыё ў Італіі, а Чосэр у Англіі, заводзілі ў пісьменнасьць народный мовы на месца незразумелай для народу мовы лацінскай і клалі гэтым падваліны пад разьвіцыдё заходняэўрапейскіх нацыянальных літаратураў. Дык і ў галіне пісьменнасьці, як і ў галіне малярства, эвалюцыйныя працэсы XIII-XIV ст. дзіўна пераклікаюцца сваёй уражаючай аналёгіяй. А яшчэ больш цікава тое, што паложаная між Захадам і Беларусяй Польшча з сваёй польскай моваю ў пісьменнасьці значна спазьнілася й у прыраўнаньні да Беларусі, і да Захаду. Як ведама, першыя спробы пісаньня папольску належаць толькі да канца XIV ст., а шырэйшае пісьменнае карыстаньне польскай мовы прыходзіць толькі ў XVI ст.
Паява заходняй готыкі на беларускіх землях у XIV-XV ст. ня прыводзіць да паважнейшай перамены ў пануючым усё становішчы бізантыйскіх формаў мастацтва. Толькі ў XVI ст. на беларускіх землях паяўляецца першы паважны канкурэнт бізантыйскім традыцыям - мастацтва рэнэсансу. Пад наступам ігальянскага рэнэсансу вытвараныя мастацкія формы на бізантыйскай аснове пачынаюць уступаць заходняэўрапейскім. Асабліва важным, проста вырашальным фактарам для справы зламаньня сілы бізантыйскіх культурных традыцыяў на беларускіх землях быў рэфармацыйны рух паловы XVI ст. Гэта рэфармацыя адарвала ад праваслаўя вялізарнуіо бальшыню тагачаснай кіруючай сацыяльна й культурна клясы - баярства. Ды хутка была змушаная сама ўступіць перад ростам сілаў каталіцкай рэакцыі. На працягу ўсяго колькіх дзесяткоў гадоў блізу ўвесь грамадзка кіруючы пласт народу апынуўся пад поўнымі ўплывамі каталіцкай царквы - галоўнай носьбіцы, пашыральніцы ды ці раз і творцы заходніх культурных формаў.
Для далейшых лёсаў бізантыйскіх культурных элемэнтаў на землях Беларусі важнаю падзеяю была Берасьцейская рэлігійная вунія 1596 году. Як рэфармацыйны рух падарваў сілы царкоўна-бізантыйскіх традыцыяў сярод шляхоцкага стану, гэтак рэлігійная вунія ўлучае ў працэс азаходніваньня ды адыходу ад бізантыйскіх традыцыяў і формаў культурна важны стан сьвятарства ды шырокія масы мяшчанства й сялянства. У выніку рэлігійнай вуніі заходнія формы ўрываюцца ў самую цьвярдышозахоўніцу бізантыйскіх культурных традыцыяў - праваслаўную царкву. Якога памеру й культурнапалітычнага значэньня быў гэты факт, гаворыць нам тое, што пад канец XVIII ст. паза рэлігійнай вуніяй заставалася ўсяго толькі каля 20% усяго жыхарства Вялікага Княства Літоўскага (у гэтыя 20% улічаная й каталіцкая Жамойць).
У выніку гэтага ўрослыя папярэднімі стагодзьдзямі ў беларускую глебу бізантыйскія культурный элемэнты з кажным стагодзьдзем пакрываюцца ўсё новымі напластаваньнямі культуры заходняэўрапейскай. Колькасна й сваім значэньнем бізантыйскія формы малеюць з кажным стагодзьдзем, хоць зусім зь беларускай зямлі яны ня шчэзьлі ніколі. Выразныя сьляды іх бачныя й па сяньня ці то ў нашай архітэктурнай спадчыне, ці то ў традыцыях царкоўнага малярства, у народнай музыцы, у формах беларускіх імёнаў ці то ў сучасным, моцна азаходненым, кірылічным шрыфце, які зьяўляецца ня чым іншым, як далёкім нашчадкам старой грэцкай абэцэды.
З гэтага кароткага агляду лёсаў бізантыйскіх культурных уплываў на землях Беларусі бачым што ад мамэнту іхнага зьяўленьня й пашырэньня ў часе хрышчэньня Беларусі ў канцы X ст. яны выразна ў нас панавалі аж да XV ст. Усе гэтыя стагодзьдзі Беларусь бяспрэчна знаходзілася ў цывілізацыйным крузе Бізантыі й менш - захаду Эўропы. Толькі ад XVI ст. бізантыйскія культурныя элемэнты губляюць пераважаючую ролю ў Беларусі на карысьць заходняэўрапейскіх і далей усё заняпадаюць, ніколі больш не вяртаючыся да свайго колішняга становішча.
Заканчываючы гэты агляд, неабходна зьвярнуць увагу на яшчэ адзін важны мамэнт: вонкавыя бізантыйскія формы культуры й мастацтва, перанятыя некалі разам з хрысьціянствам і далей разьвіваныя самастойна стагодзьдзямі на землях Беларусі, не прынясьлі з сабою й не перашчапілі на беларускую глебу зь Бізантыі ейных ведамых духова-псыхічных ды палітычных прыкметаў - дагматызму, неталерантнасьці, абсалютызму, цэзарапапізму. Яны, як наскрозь чужыя псыхіцы беларускага народу, былі кансэквэнтна адкінутыя й ніколі, нават на коратка, у Беларусі ня прывіліся.
3. Заходняэўрапейскія цывілізацыйныя ўплывы [12]
Само геаграфічнае палажэньне Беларусі ськіроўвае яе на захад, да Балтыцкага мора, зь якім землі Беларусі злучаюць дзьве водныя гандлёва-камунікацыйныя артэрыі - Дзьвіна й Нёман. Дзеля гэтага й сувязі беларускіх земляў з Захадам існуюць здаўна, яшчэ з дагістарычных часоў.
У гістарычную пару асабліва бойкія гандлёвыя дачыненьні з Захадам навязваюцца каля пачатку XIII ст. празь ведамы нямецкі гандлёвы хаўрус Ганзу. Ужо ў 1201 г. Немцы закладаюць пры ўтоках Дзьвіны й свой сталы гандлёвы пункт - места Рыгу. Неўзабаве культурная сутычнасьць земляў Беларусі з Захадам яшчэ больш узрастае ў выніку зьяўленьня на балтыцкім узьбярэжжы нямецкіх рыцарскіх ордэнаў крыжакоў і мечаносаў дый вяковых зацятых зь імі змаганьняў. Ордэн мечаносаў арганізуецца ў 1202 годзе. Крыжакі ў Прусах зьяўляюцца ў 1231 годзе.
Вось гэтымі двума галоўнымі шляхамі - гандлёвым і ваенным - на працягу даўгіх стагодзьдзяў адбываецца жвавы культурны кантакт земляў Беларусі зь сярэднявечнаю Нямеччынай. Гандлёвыя сувязі між землямі Нямеччыны й Беларус і былі тады бойкія й бесьперабойныя, пра што сьветчаць нам шмат якія гандлёвыя ўмовы ў тую пару беларускіх местаў зь нямецкімі купцамі, а між імі й выдатная памятка беларускага права - Смаленская Гандлёвая Праўда з 1229 году. Па большых местах Беларусі былі тады й сталыя нямецкія купецкія калёніі з сваймі каталіцкімі касьцёламі, збудаванымі й аздобленымі абразамі й скульптураю ў стылі сярэднявечнага захаду Эўропы, готыкі [13].
Як відаць з умоваў, нямецкія купцы прыяжджалі тады ў месты Беларусі, беларускія-ж езьдзілі ў Рыгу, на Гоцкі Бераг, бывалі й у I Іямеччыне. Гандаль Беларусі йшоў тады з гэткімі местамі Нямеччыны: Любэк, Мюнстэр, Сэст, Брэмэн, Дортмунд, Гронінген, Браўншвайг, Касэль дый іншымі.
Збройная экспансія мечаносаў зь Лівоніі часова ахапіла навет і частку Полаччыны. У канцы XIII ст. Немцы занялі Полацак з намерам атаўбавацца там настала дый пачалі разбудоўвацца, ставячы й колькі касьцёлаў. У 1307 г., за вялікага князя Віценя, войска Літвы заняло Полацак, Немцаў выразала, а ўсе каталіцкія касьцёлы зруйнавала.
Як сьлед коліінняй жвавай гандлёва-эканамічнай лучнасьці Беларусі празь Немцаў з Захадам ад тэй пары ў беларускай мове шмат нямецкай гандлёва-рамесьніцкай тэрміналёгіі. Вынікам-жа ваенных дачыненьняў з ваяўнічымі нямецкімі ордэнамі было зьяўленьне ў нас заходняй готыкі ў будаўніцтве. Была гэта галоўна замкавая готыка. І да сяньня ведамыя (хоць пераважна ўжо ў руінах) гэткія гатычныя замкі Беларусі, як Лідзкі, Троцкі, Крэўскі, Медніцкі, Наваградзкі.
Неўзабаве пасьля зьявы Немцаў пры ўтоках Дзьвіны й у Прусах, з Азіі прыходзіць татарская навала 1240 году, якая залівае вялікія прасторы ўсходняй Эўропы, ізалюе значна ад іх беларускія, вольныя ад татарскага ярма, землі, ды ў выніку накіроўвае Беларусь да мацнейшай эканамічнай і культурнай сувязі з Захадам. Вялікае значаньне для культурных працэсаў Беларусі зьявы на Ўсходзе Эўропы Татараў было ужо адзначана ў папярэднім разьдзеле й тут над ім спыняцца ня будзем.
Чароднаю важнаю падзеяй для справы ўзмацаваньня культурных сувязяў беларускіх земляў з Захадам была Крэўская вунія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчаю ў 1385 годзе. Гэты гістарычны акт рашчыняе насьцеж шырокую браму для вольных культурных дачыненьняў Беларусі з Захадам і празь землі Польшчы. У выніку Крэўскага акту, бізантыйскага тады яшчэ цывілізацыйнага кругу Беларусь дый заходняэўрапейскага цывілізацыйнага кругу Польшча, атрымалі гістарычную магчымасьць вольнага абмену сваймі культурнымі багацьцямі. Паколькі бізантыйскія формы культуры былі тады, агульна бяручы, вышэйшыя за заходнія, дык і кірунак культурных уплываў ідзе напачатку галоўна з усходу на захад, зь Беларусі (Вялікага Княства Літоўскага) ў Польшчу.
У Вялікім Княсьцьве Літоўскім, як ведама, у тую пару была ўжо ў шырокім дзяржаўным і грамадзкім ужьггку беларуская пісьмовая мова. Польшча-ж тады яшчэ мела толькі чужую, незразумелую для шырэйшага кругу людзей, лацінскую мову ў пісьмовым карыстаньні. Не бяз уплыву Беларусі пасьля Крэўскай вуніі й Палякі пачынаюць свае спробы пісаньня ў сваёй польскай мове. Пазьней беларуская мова праз каралеўска-вялікакняжы двор, на якім яна красуецца, ды праз сталую палітычную сутычнасьць нашага баярства з польскаю шляхтаю на соймах, палітычных зьездах, супольных ваенных паходах, кладзе свой сьлед і на далейшым разьвіцьці літаратурнай польскай мовы, пакідаючы свае выразныя ўплывы на фанэтыцы, марфалёгіі, слоўніку мовы польскай [14]. На кракаўскім каралеўскім двары зьяўляюцца й беларускія музыкі дый сьпевакі. У шмат якіх касьцёлах Польшчы, улучна з касьцёлам на каралеўскім Вавэлі ў Кракаве, манумэнтальныя фрэскі ў тагачасным беларускім царкоўным стылі размалёўваюць запрошаныя зь Беларусі маляры.
Але хоць асноўная плынь культурных уплываў напачагку йдзе з усходу на захад, то ўсё-ж некаторыя цывілізацыйна-грамадзкія формы ўспрыймаюцца ў нас адразу праз Польшчу й з Захаду. Першым чынам, пачынаючы ўжо ад 1387 году, у беларускіх местах пашыраецца нямецкая форма тагачаснага меставога самаўраду, г. зв. майдэборскага права. У тым годзе такія правы атрымвае першае беларускае места - сталічная Вільня. Пазьней, да канца XV ст., майдэборскае права пашыраецца на ўсе іншыя важнейшыя месты Беларусі.
У выніку пераходу на каталіцтва вялікакняжай дынастыі ды й некаторых вялікамагнацкіх радоў, у Беларусі гіасьля Крэўскай вуніі пачынаюць будавацца й першыя касьцёлы ўжо не для замкнутых чужанацыянальных гандлёвых калёніяў, як было раней, але й для мясцовых жыхароў каталіцкага веравызнаньня. Гэтыя новыя касьцёлы ўзбагачшоць ранейшую замкавую готыку Беларусі готыкаю касьцельнаю. Першымі гэткімі касьцёламі гатычнага стыліо былі: віленская катэдра (у сваім першым выглядзе), збудаваная ў 1407 г.; касьцёлы сьв. Мікалая й Францішканскі ў Вільні (апошні збудаваны ў 1430 г.).
Готыка ў архітэктуры на землях Беларусі буйна разьвіваецца праз усё XV стагодзьдзе й аж да другой паловы XVI, калі ў Вільні паўсталі ведамы Бэрнардынскі касьцёл дый нязвычайна арыгінальны, даведзены да дасканальнасьці й завяршэньня ў мастацкім задуме, у сваім арыгінальным тыпе нідзе больш у Эўропе не сустраканы - касьцёл сьв. Ганны. Трэба падчыркнуць, што беларуская готыка ні ў якім выпадку ня нейкі эпігонны перапевак ранейшых заходняэўрапейскіх гатычных формаў. Наадварот - гэта наскрозь самастойнае творчае іх прадоўжаньне й дапаўненьне ў часе й прасторы, дзе з усёю сілаю выявілася сваё мясцовае творчае перажываньне. Беларуская готыка другой паловы XVI ст. гэта найдалей на ўсходзе й найпазьней у часе высунены фарпост гэтага стылю ў Эўропе [15].
Пад уплывам замкавай ды касьцельнай гатычнай архітэктуры перажывае сваю спэцыфічную эвалюцыю й архітэктура Беларусі старой бізантыйскай традыцыі. Творчая ініцыятыва тагачасных дойлідаў-будаўнічых Беларусі намагаецца спалучыць у вадно гэтыя два цалком адменныя стылі, давесьці іх да сваеасаблівай мастацкай сынтэзы, улучыўшы формы мясцовай традыцыйнай архітэктуры. Гэтак паўстае цэлая чарада цэркваў і касьцёлаў у Беларусі ў выглядзе абаронных сьвятыняў, у якіх стапіліся ў вадно гатычныя й бізантыйскія архітэктурныя злемэнты [16]. Усе яны ў сваёй аснове маюць плян бізантыйскай трынававай будоўлі з трыма абсыдамі, накрытай зоркавым або сеткавым скляпеньнем, умацаванай на рагох чатырма круглымі або васьмібочнымі баштамі [17]. З гэткіх гатычна-бізантыйскіх сьвятыняў-замкаў захаваліся дагэтуль і найбольш ведамыя сяньня цэрквы ў Сынкавічах, Скрыбаўцах, Маламажэйкаве, Супрасьлі, Бэрнардынскі касьцёл ды Сьвятатраецкая царква ў Вільні.
Хоць Нямеччына была найбліжэй да Беларусі ад іншых заходняэўрапейскіх краёў, галоўна дзеля блізкога суседзтва праз прускіх і лівонскіх Немцаў, то ўсёж ня трэба думаць, што культурныя ўплывы з захаду ў тую пару йшлі толькі зь Нямеччыны. Вялікае Княства Літоўскае ў XIV-XVI ст. было знанаю дзяржаваю ўва ўсёй Эўропе й мела культурныя сувязі й з шмат якімі іншымі краінамі захаду Эўропы. Гісторыкі мастацтва знаходзяць і падчыркваюць існаваньне выразных нідэрляндзка-францускіх элемэнтаў у замкавай архітэктуры беларускага прастору ў XIV-XVI ст., асабліва ў архітэктуры шмат якіх надводных замкаў. Францускі падарожнік Gilbert de Lannoy, які гасьціў у Вітаўта Вялікага ў 1413 годзе ў Троках, у сваіх апісаньнях падарожжа адцеміў, што троцкі замак збудаваны a la maniere de France.
З канца XV ст. на захадзе Эўропы даўгую пару сярэднявечча спыняе нарэшце рэнэсанс. Ад пачатку XVI ст. хвалі італьянскага адраджэньня дабягаюць ужо й да беларускай зямлі. Тыповае для гэтай эпохі раптоўнае й адначаснае зьяўленьне вялікай чарады выдатных тварцоў навукі, культуры й мастацтва, знайшло сваю праяву й у нас у васобе дактаранта Падуанскага ўнівэрсытэту доктара Францішка Скарьшы з Полацка. Доктар лекарскіх навук і філязофіі, тэалёгіі, перакладнік бібліі ў беларускую мову, першы друкар Беларусі й усёй Усходняй Эўропы, няўтомны падарожнік па Эўропе, - ён сваймі здольнасьцямі, усебаковымі зацікаўленьнямі, сваёй нясупыннай актыўнасьцяй быў тыповым прадстаўніком эўрапейскага адраджэньня.
Як з паўдня, зь Бізантыі, разам з хрысьціянствам Беларусь атрымала й навуку пісьма, гэтак цяпер разам з адраджэньнем прыходзіць з Захаду, дзякуючы акурат доктару Скарыну вельмі рана, нязвычайна важнае тэхнічнае ўдасканальненьне пісьма - друк, які, зразумела, меў першараднае значаньне для ўздыму асьветы ў Беларусі й пашырэньня новых заходняэўрапейскіх ідэяў.
Другая, побач культурнага рэнэсансу, важная духовая плынь XVI ст. гэта рэфармацыйны рух, які выйшаў ужо ня зь Італіі, а зь земляў паўночнай Эўропы. Першая пратэстанцкая школа ў Беларусі паўстае ў 1539 годзе ў Вільні, а неўзабаве пратэстантызм пашыраецца нязвычайна сярод беларускага шляхоцкага стану. Вялікая важнасьць рэфармацыйнай «рэвалюцыі» XVI ст. для культурных працэсаў Беларусі была ў тым, што рэфармацыя праз адарваньне ад праваслаўнае царквы вядучага тады сацыяльнага пласта, баярства, злам ала гэтым сілу праваслаўя ў Беларусі ды царкоўнага бізантыйскага сьветагляду. Здабыты ад праваслаўя баярскі стан па колькіх ужо дзесяцігодзьдзях рэфармацыя згубіла аднак на карысьць наступаючай каталіцкай рэакцыі. Гэткім парадкам рэфармацыя ў Беларусі адыграла ролю гістарычнага каталізатара, які моцна прысьпешыў працэс азаходненьня беларускага шляхоцкага стану, працерабіўшы дарогу каталіцтву.
Важную ролю пераносьніка заходніх культурных плыняў і ідэяў на землі Беларусі - адраджэньня й рэфармацыі - адыграла тагачасная студэнцкая моладзь, якая, асабліва ў XVI ст., масава ехала на вышэйшую навуку на Захад, на ўнівэрсытэты Нямеччыны, Італіі, Францыі. Гэтым шляхам прыйшло да нас і азнаямленьне з рымскім дый заходняэўрапейскім правам, што не засталося без свайго дабрадзейнага ўплыву на справу ўзорнага скадыфікаваньня старых беларускіх звычаёвых і пісаных правоў у ведамым Літоўскім Статуце (1529, 1566, 1588). А што гэты ўплыў існаваў, сьветчыць пра гэта й сам укладальнік трэйцяй рэдакцыі Статуту, Леў Сапега, які ў прадмове да Статуту паклікаецца й на Арыстотэля, і на Цыцэрона, і на рымскае права.
Зразумела, што ідэі рэнэсансу праявіліся ў Беларусі й у мастацтве, асабліва ў архітэктуры. Ведамымі ў гісторыі прыкладамі рэнэсансавых пабудоваў у Беларусі былі віленскі ніжні замак (зьнішчаны пазьней Масквою), фундаваны Лявом Сапегам касьцёл сьв. Міхала ў Вільні, старая віленская ратуша, няіснуючая сяньня рэнэсансавая перабудова віленскай катэдры. Пакінуў свой сьлед рэнэсанс і на беларускім малярсьцьве. Апрача чыста рэнэсансавых твораў, паўсталі тады й вельмі характэрныя ў беларускім малярсьцьве абразы, твораныя ў кірунку спробы сынтэзы традыцыйных бізантыйскіх формаў з новымі заходнімі. Тыповы й агульна ведамы прыклад гэткай бізантыйска-рэнэсансавай сынтэзы ў малярсьцьве - выдатны абраз віленскай Астрабрамскай Мадоны.
Год 1569 - чародны вельмі важны зваротны пункт для культурных працэсаў Беларусі XVI й наступных стагодзьдзяў. Але сваё важнае значаньне ў гісторыі культурней эвалюцыі Беларусі гэты год мае дзеля зусім іншай прычыны, чымся ў гісторыі палігычнай Вялікага Княства Літоўскага. Для Вялікага Княства, як дзяржавы, год тэты вызначаецца першым чынам ведамай Люблінскай вуніяй, якая мацней патужыла дзяржаўныя сувязі між Вялікім Княствам і Польшчаю дый усталявала іх больш як на два стагодзцл,зі, аж да канца Рэчы Паспалітае. Для гісторыі-ж культурных працэсаў Беларусі гэта год прыезду ў Вялікае Княства, у Вільню, першай групы баёвай авангарды каталіцкай рэакцыі на рэфармацыйны рух - езуітаў. Дзейнасьць езуітаў у сваім канцавым выніку адзначылася для земляў Беларусі кансэквэнцыямі вялікай культурна-гістарьгчнай вагі. Ужо перад канцом таго-ж XVI ст. яна даводзіць да зламаньня сілы рэфармацыйнага руху; яна мацуе й иашырае нязвычайна каталіцтва; яна рыхтуе грунт рэлігійнай вуніі ў Беларусі, што й рэалізуецца у 1596 годзе, яна даводзіць да борздае палянізацыі ды дэнацыяналізацыі беларускага шляхоцкага стану, якая й прыходзіць масава ўжо ў наступным, XVII стагодзьі.
Разам з каталіцкаю рэакцыяй у рэлігійнай галіне, у галіне мастацтва езуіты, як ведама, прыносяць і пашыраюць жыцьцярадасны, бурны, народжаны, як і рэнэсанс, у Італіі, барок. З надыходам бароку ў другой палове XVI ст. землі Беларусі перажываюць рэдка дзе ў гісторыі мастацтва Эўропы сустракануто зьяву: у краі, што даўгімі стагодзьдзямі быў у поўнай ды блізу вылучнай уладзе бізантыйскіх формаў архітэктуры, цяпер сустракаюцца ў вадным часе й разам, побач творча спаборнічаюць аж тры іншыя, ужо заходняэўрапейскія, стылі: готыка, рэнэсанс і барок. І што яшчэ больш уражае - усе яны даюць у тым-жа часе творы арыгінальныя, самабытныя, гворы высокай мастацкай якасьці [18]. Другая, ня менш важная характэрная асаблівасьць архітэктуры Беларусі гэтай пары, гэта той факт, што ўва ўсіх трох стылях бачым глыбокае ўчуцьцё ў іхннюю мастацкую існасьць і адменнасьць, а з другога боку - вялікую творчую самастойнасьць у перадаваньні заходніх формаў гэтых стыляў.
У сваіх дачыненьнях да бізантыйскіх формаў архітэктуры Беларусі тры заходнія стылі - готыка, рэнэсанс і барок - выявілі свае характэрныя адменныя асаблівасьці. Готыка, як ведама, ня здолела выціснуць бізантыйскія формы з царкоўнага будаўніцтва, але выклікала вельмі цікавую мясцовую эвалюцыю ў кірунку сынтэзы гэтых двох стыляў, пра што гаварылася раней. Ня стаўся паважнаю загрозаю для мясцовых бізантыйскіх архітэктурных традыцыяў і кароткатрывалы й даволі слабы ў Беларусі рэнэсанс. Затое ўрачысты барок закрасаваў на беларускіх землях нязвычайна пышна. Ён заглушыў тут з часам і бізантыйскі, і ўсе іншыя стылі будаўніцтва, выйшаў бясспрэчным пераможцам на цэлыя два стагодзьдзі, аж да пары, калі ў канцы XVIII ст. падмяніў яго нэоклясыцызм.
Хоць барок у Беларусі зьяўляецца ўжо ў вапошняй чверці XVI ст., але першы галоўны, узорны для іншых, барокавы архітэктурны твор паўстае толькі на пачатку XVII ст. Гэта віленскі касьцёл сьв. Казімера, закончаны ў 1606 годзе (пачаты ў 1596), а збудаваны на ўзор касьцёлу del Gesu ў Рыме. Неўзабаве па тым на ўзор касьцёлу сьв. Казімера пачынаюць будавацца дзесяткі барокавых касьцёлаў і цэркваў у Вільні, Полацку, Віцебску, Нясьвіжы, Магілеве, Смаленску - па ўсёй Беларусь з гэтых сьвятыняў віленскі касьцёл Пётры й Паўлы з двума тысячамі скульптураў, збудованы ў 1668-1684 гадох гэтманам Вялікага Княства М.К. Пацам з удзячнасьці за перамогу над Маскоўшчынай, - адно з найбольш выдатных архітэктурных дасягненьняў бароку ня толькі на землях Беларусі, але й усёй Эўропы. Польскія гісторыкі мастацтва шчыра прызнаюць, што ў багацьці нутраной барокавай дэкарацыі на землях Польшчы ня было створана нічога роўнага.
Трэба тут ня толькі адцеміць, але й яшчэ раз моцна падчыркнуць факт, што раптоўнае, масавае ўспрыйманьне мастацкіх формаў заходняэўрапейскага цывілізацыйнага кругу, якое прыходзіць на землях Беларусі ў XVI ст., ніколі ня было пасыўным нявольніцкім перайманьнем ці сьляпым насьледаваньнем гатовых узораў культуры заходняй Эўропы. Наадварот - становішча нашых прашчураў на працягу й гэтага стагодзьдзя самадзейна-творчае, актыўнае. Ува ўсіх галінах культуры, і асабліва мастацтва, выяўляецца імкненьне ператварыць успрыйманыя новыя ідэі й мастацкія формы на свой лад, датарнаваць іх да свайго культурнага асяродзьдзя, да сваіх культурных традыцыяў, да свайго мастацкага сьветаадчування. У галіне мастацтва гэткая творчая самадзейнасьць захоўваецца ў наўніні й у наступных стагодзьдзях - XVII і XVIII - хоць і настае тады ўжо заняпад нацыянальна-палітычны, а асабліва заняпад беларускага пісьменства й беларускай літаратурнай мовы з прычыны палянізацыі.
Пасьля бесканкурэнцыйнага панаваньня ў XVII ст., барок у Беларусі на пачатку XVIII ст. паволі перараджаецца ў далейшую фазу свайго разьвіцьця - ракако. Першаю пабудоваю гэтага стылю на беларускім прасторы быў касьцёл сьв. Кацярыны ў Вільні, пабудаваны ў 1703 годзе. Пазьнейшыя шмат якія выдатнейшыя будовы ў гэтым стылі - гэта катэдра ў Менску, вуніяцкая царква ў Полацку, Бэрнардынскі касьцёл і ратуша ў Віцебску, касьцёлы ў Друі, Барунах, Горадне, Будславе, астранамічная абсэрваторыя ў Вільні. Мастакі Беларусі й гэтай пары ацанілі самародныя магчымасьці барока для далейшых варыяцыяў дый бясконцых інтэрпрэтацыяў стылю.
Трэба аднак адцеміць, што ў вадваротнасьць бароку, ракако ў Беларусі прышчапілася толькі часткава й выявілася яно толькі ў эвалюцыі некаторых дэкарацыйных дэталяў таго-ж бароку. Дзеля гэтага некаторыя гісторыкі архітэктуры Беларусі адмаўляюць яму нат права на назоў ракако, а ўважаюць за трапнейшы, больш адпаведны тэрмін для гэтага стылю - позны барок. Але й у слаба выяўленым ракако беларускіх земляў зазначыліся свае адменныя асаблівасьці: у вадваротнасыдь італьянскаму, які любіў дамінацыю пазёмных, ракако Беларусі адзначаецца сталаю перевагаю стоцьных лініяў, характэрызуецца замілаваньнем да лёгкіх, выносных формаў, у якіх адклікаецца быццам рэха далёкай папярэдніцы - готыкі. Гэтая «готызацыя» барокавай асновы формаў - цікавая адменнасьць беларускага ракако [19].
Бесьперапынная ад XIV ст. чарада заходняэўрапейскіх стыляў на землях Беларусі - готыкі, рэнэсансу, бароку, ракако, - завяршаецца дый абрываецца ў канцы XVIII стагодзьдзя стылем апошнім - нэоклясыцызмам. I гэты стыль творыць у Беларусі, найперш у сталічнай Вільні, выдатныя архітэктурныя памяткі, як новая віленская ратуша (1781 -1783), як апошняя манумэнтальная перабудова віленскай катэдры (1777-1801), як кальвінскі збор у Вільні.
Нязвычайнае красаваньне архітэктурнага мастацтва на землях Беларусі ў XVII-XVIII ст., у пару ўжо нат нацыянальна-палітычнага заняпаду, хіба найлепш выяўляе вялікую творчую гіругкасьць дый нявычэрпнае багацьце мастацкіх сілаў беларускага народу. Гісторыкі мастацтва падчыркваюць зь вялікім прызнаньнем факт, што хоць архітэктурныя творы на беларускіх землях тае пары грунтуюцца на глыбокім веданый й мастацкіх традыцыяў, і мастацкіх навінак заходняй Эўропы, дык усё-ж у гэтых творах выяўляецца адначасна й поўная індывідуальная самадзейнасьць мастакоў. Беларускія землі выявілі тады магутныя мастацкія творчыя сілы, якія стварылі вялікую архітэктуру, вялікую якасна й колькасна [20]. І - што асабліва важна - як навейшыя досьведы выявілі, архітэктуру гэтую стварылі пераважна свае радзімыя сілы. Мясцовыя мастакі пераважалі запрошаных чужынцаў лікам, а часта ня ўступалі ім і сваймі кваліфікацыямі дый мастацкім дазнаннем. Сяньня ведамыя ўжо гэткія прозьвішчы мясцовых архітэктаў Вялікага Княства толькі з XVIII ст.: Грынцэвіч, Барткевіч, Тамашэвіч, Даўкшэвіч, Праховіч, Асікевіч, Жэлевіч, Гуцэвіч, Шчыт, Клімовіч, Лукяновіч, Гарашэвіч, Сялява, Валовіч, Катовіч і - дзесяткі іншых. Не адзін зь іх быў майстрам высокага таленту й вялікага дазнаньня, здольнасьці якога ўсхвалялі й тагачасьнікі, адцемлюючы, што свае «абрысы» (праекты) рабіў ён ex mente sua (з галавы).
Ня дзіва, што гэткая пышная мастацкая спадчына, якая паўстала на землях Беларусі ў XIV- XVIII ст. пад культурнымі ўплывамі захаду Эўропы, знайшла й прэтэндэнтаў на яе сярод суседніх Беларусі народаў. Польскія гісторыкі мастацтва першым чынам намагаюцца прадставіць гэтае мастацтва як польскае й у сэнсе ягонага аўтарства, і ў сэнсе ягонай сяньняшняй спадчыннай прыналежнасьці. Таму трэба спыніцца над гэтым пытаньнем і дакладней яго разгледзець.
Ведамая рэч, што тэрытарыяльныя адменнасьці паасобных стыляў у гісторыі мастацтва звычайна прынята азначаць назовамі краінаў іх паўстаньня й пашырэньня. Гаворым, прыкладам, пра нямецкі, францускі ці гішпанскі готык, каб гэтак азначыць тэрытарыяльна-нацыянальвыя адменнасьці й свомасьці гэтага стылю. І гэта зусім апраўдана, паколькі кажны народ узбагаціў яго асаблівасьцямі, выплываючымі з свае нацыянальнай псыхікі, зь мясцовай традыцыі, з эканамічна-сацыяльных дачыненьняў дадзенага краю.
Вось у гэтым разуменьні мы маем поўную аснову гаварыць і пра мастацкія памяткі гэтых стыляў на прасторы Беларусі як пра беларускую готыку, беларускі рэнэсанс, беларускі барок і г.д. Маем поўную аснову гаварыць гэтак таму, што на беларускім нацыянальным прасторы стагодзьдзямі была створаная вялікая колькасьць выдатных твораў у гэтых стылях, твораў, якія адзначаюцца характэрнымі мясцовымі мастацкімі адменнасьцямі. Маем права гаварыць гэтак і таму, што нат і тварцы гэтага мастацтва часта былі ўраджэнцамі беларускай зямлі. Таму таксама, што на ім наклалі свой адбітак і навакольная культурная традыцыя, і таксама мэцэнаты-фундатары, якія давалі свае замаўленьні мастаком, ставілі ім пры гэтым свае пажаданьні, выражалі свае густы, і праз гэта ўплывалі на канцавы характер і выгляд архітэктурнага ці іншага мастацкага твору, творанага й мастаком чужынцам. Трэба не забывацца таксама, што архітэктурныя творы былі ў нас «творы калектыўнай шырэйшай усебаковай культурнай працы й творчага духу... вялікай колькасьці людзей... усялякіх станаў і ўсялякіх прафэсіяў...» [21]. Дзеля гэтага ёсьць і поўная аснова для цьверджаньня, што мастацтва гэтае вырасла «з найглыбейшых патрэбаў і настрояў мясцовага элемэнту...» [22], хоць сам стыль, у якім яно было творанае, і быў далёкага, заходняэўрапейскага паходжаньня, хоць і галоўныя дойліды-архітэкты нат часта былі чужынцамі з далёкай Італіі, ці іншай краіны заходняе Эўропы.
Нат і польскія аўтары, якія звычайна намагаюцца залічыць мастацтва Беларусі заходняэўрапейскіх формаў да свайго, заўсёды змушаныя падчыркнуць ягомую вялікую адменнасьць ад польскіх формаў тых-жа самых стыляў, якія тады-ж разьвіваліся на прасторы Польшчы. Праз гэта самае яны фактычна ўжо прызнаюць фармальную незалежнасьць і асобнасьць мастацтва Беларусі ад мастацтва Польшчы гэтых-жа заходняэўрагіейскіх формаў.
Як ужо гаварылася вышэй, тварцамі архітэктуры Беларусі XIV-XVIII ст. былі ў вялікай меры мастакі мясцовага паходжаньня. З чужынцаў асабліва шмат працавала Італьлянцаў, менш Немцаў, колькі Французаў, Бэльгаў, Нідэрляндзцаў. Куды радзей, выпадкова, былі гэта Палякі. Мастакі чужынцы запрашаліся зь Італіі ці іншай краіны звычайна беспасярэдня й з Полыпчаю яны найчасьцей мелі гэтулькі супольнага, што мусілі праз польскія землі ехаць. Мастакоў з самой Польшчы на працу ў Вялікае Княства запрашалі рэдка ня толькі таму, што нейкіх выдатнейшых майстроў Польшча тады ня мела, але й дзеля сьведамай неахвоты да Польшчы й Палякоў. Польскі гісторык Белінскі піша, што ў XVI-XVII ст. багацейшая моладзь зь Вялікага Княства масава ехала на навуку ня ў Польшчу, а на ўнівэрсытэты Нямеччыны, Італіі, Францыі, і жаліцца на тое, што яны знарок абміналі польскі кракаўскі ўнівэрсытэт: «Да Кракаўскай Акадэміі менш кіраваліся. Галоўную ролю граў у гэтым палітычны партыкулярызм, бо-ж з навуковага гледзішча Кракаўская Акадэмія тады ня суступала замежным» [23]. Дык як бачым з усяго, паводля паходжаньня мастакоў, тварцоў заходніх формаў архітэктуры, разьбы, малярства Беларусі XIV-XVIII ст. няма ніякіх абсалютна падставаў залічаць гэтае мастацтва да мастацтва польскага.
Калі ходзіць аб фундатараў-мэцэнатаў, дык гэта былі пераважна мясцовыя магнаты, якія ў XIV-XVI ст., зь невялікімі хіба толькі выняткамі, былі ў сваёй масе Беларусамі з нацыянальнасьці, культурнай традыцыі й мовы. Калі польскі гісторык мастацтва Марыян Марэлёўскі, разглядаючы замкавае будаўніцтва беларускага прастору XIV-XVI стагодзьдзяў, кажа, што «надводнасьць і надазёрнасьць тутэйшых замкаў - праява культуры й мудрасьць... галоўна польска-беларускіх паноў гэтай зямлі» [24], дык у гэтым сьцьверджаньні слова «польска» дачэпленае аўтарам без аніякіх гістарычных асноваў. Мы-ж ведаем добра, што ў межах Вялікага Княства Літоўскага ў XIV-XVI ст. было даслоўна ніводнага аселага «польскага пана», бо да 1569 году й законамі Вялікага Княства было забаронена польскім паном асяляцца настала ў межах Княства, мець маёмасьць, або займаць нейкія дзяржаўныя становішчы.
У XVII-XVIII ст. справа зьмянілася ўсяго нагэтулькі, што бальшыня нашчадкаў гэтых-жа беларускіх магнатаў палянізавалася моўна, ахоўваючы аднака-ж надалей свае культурныя дый палітычныя «літоўскія» традыцыі, з сталым адчуваньнем і нат падчыркваньнем ды культываваньнем сваіх псыхічных, моўных ды культурных адметнасьцяў ад запраўдных Палякоў з «Кароны». Сама моўная палянізацыя магнацкіх радоў Беларусі XVII-XVIII ст. дае ня большую аснову на далучаньне дзеля фундаваных імі архітэктурных памятак да мастацтва польскага, як каб нехта далучаў мастацтва Польшчы XVIII ст. да францускага на тэй аснове, што тагачасная польская арыстакратыя гаварыла пафранцуску.
Некаторыя польскія аўтары, відаць, улучаюць мастацтва Беларусі да гісторыі мастацтва Польшчы на тэй чыста фармальнай аснове, што Вялікае Княства ад 1385 году было спачатна ў слабой, а пасьля ад 1569 г. у цясьнейшай палітычнай вуніі з Польшчаю. І польскія бесстаронныя гісторыкі сяньня прызнаюць, што аж да канца XVIII ст., дакладней да 22 кастрычніка 1791 г., калі пастановаю Чатыралетняга Сойму была праведзеная ўніфікацыя дзьвёх дзяржаваў, праз усе стагодзьдзі вуніі Вялікае Княства й Польшча былі з праўнага гледзішча самастойнымі дзяржаўнымі арганізмамі, зьвязанымі на роўных правох і даволі слабка ў супольную «Рэчы Паспалітую».
З гэтага кароткага разгляду пытаньня бачым, што ўлучаньне мастацтва беларускага нацыянальнага прастору заходняэўрапейскіх формаў у межы гісторыі польскага мастацтва ня мае ніякіх ані фактычных, ані лягічных падставаў. Адзіна правільнае сучаснае нацыянальнае азначэньне яго можа быць толькі імём таго народу, які быў і нацыянальнаю, і культурнаю асноваю Вялікага Княства праз усе гэтыя вякі - народу беларускага.
Кароткі агляд важнейшых фазаў прасяканьня на землі Беларусі заходняэўрапейскіх культурных нлыняў у XIV-XVIII ст. прадстаўлены тут галоўна на прыкладах зь гісторыі архітэктуры Беларусі, тае галіны мастацтва, што, як ведама, найболып чула адлюстроўвае эканамічна-палітычную эвалюцыю грамадзтва. З другога боку, у разгляданых стагодзьдзях архітэктура была галіной мастацтва, якая найбольш пышна красавала на землях Беларусі. Трэба аднак помніць, што аналягічныя зусім працэсы можам адцеміць і ў разьвіцьці разьбы, малярства дый іншых галінаў мастацтва, як і культуры наагул.
Духовая самастойнасьць, ды нязвычайная творчая пруткасьць у галіне мастацтва, нажаль, куды менш праявілася ў галіне пісьменства. Новыя ідэі ў пісьменсьцьве, якія йшлі з Захаду ў Беларусь, ішлі праз Польшчу й прыходзілі да нас часта пры пасярэдніцтве ўжо польскай мовы. Гэта было аднэю з прычынаў палянізацыі. Вось чаму працэс культурна-цывілізацыйнага азаходненьня ад нейкага канца XVI ст. у галінах, зьвязаных з моваю, нёс із сабою разам і палянізацыю. Гэтая моўная палянізацыя шляхоцкага стану Беларусі знайшла й сваю праяву ў ведамай пастанове 1697 году аб тым, што «пісар земскі» мае пісаць ужо ня «рускімі» (беларускімі) «літарамі й словы», але польскімі.
Аднак, і ў галіне культурна-пісьменьніцкай дый рэлігійнай паасобныя культурныя эпохі выявілі й зь беларускага народу сваіх выдатных предстаўнікоў. Пра доктара Скарыну, як пра тыповага прадстаўніка раньняга рэнэсансу, ужо гаварылася раней. Тыповай індывідуальнасьцяй тэй-жа рэнэсансавай пары з шырокаю асьветаю, зь ведаю рымскага права й антычнай культурней спадчыны, з шырокей рэлігійнай дый сьветаглядней талеренцыяй, быў канцлер Леў Сапега, укладальнік і выдавец трэйцяга Статуту з 1588 г. Тыповым дзеячом рэфармацыі быў у нас Васіль Цяпінскі. Барокавага стылю й мэнтельнасьці дзеячамі былі пісьменьнікі, красамоўцы, рэлігійныя дзячы Мялет Сматрыцкі з пачатку XVII ст. й Сымон Полацкі з другой паловы гэтага-ж стагодзьдзя. Творы абодвух гэтых пісьменьнікаў-красамоўцеў перасыпаныя тыповаю для бароку буйнаю мэтафарычнасьцяй.
Адбіліся ў гісторыі беларускае літаратуры й блізу ўсе пазьнейшыя заходняэўрапейскія плыні. Інтэрмэдыі XVII-XVIII ст. бязумоўна паўсталі пад уплывам падобных твораў Захаду. Рэакцыяй на псэўдаклясычныя формы літаратуры былі нашыя «Энэіда навыварат» дый «Тарас на Парнасе». Заходняэўрапейскі рамантызм узбудзіў пачаткі новай беларускай літаратуры XIX ст. і быў не апошняю прычынаю-штурхачом беларускага нацыянальнага адраджэньня. Выціснулі сваё таўро на беларускай літаратуры й пазьнейшыя заходняэўрапейскія літаратурныя плыні, як натуралізм, нэарамантызм, сымбалізм.
Канчаючы гэты агляд заходняэўрапейскіх цывілізацыйна-культурных элемэнтаў на землях Беларусі, мусім сьцьвердзіць бясспрэчны гістарычны факт, што стала нарастаючыя ад XIII стагодзьдзя заходняэўрапейскія ўплывы, ад XVI ст. пачынаюць на землях Беларусі ўжо дамінаваць поўнасьцяй над пераважаючымі раней формамі бізантыйскімі. Ад XVI ст. аж да XX беларускія землі знаходзяцца ўжо ў бясспрэчным заходняэўрапейскім культурным крузе, і заходняэўрапейскія формы мастацтва й культуры праз гэтыя стагодзьдзі ўсё глыбей урастаюць у беларускую радзімую культурную глебу.
У гэтай культурней эвалюцыі ніякой істотнай зьмены ня прыносіць і XIX ст., калі Беларусь апынулася пад расейскім панаваньнем. Палітычная зьмена зусім ня прынесла з сабою зьмены культурнай арыентацыі Беларусі. І далей у Беларусі пануюць заходняэўрапейскія формы культуры, тым больш, што й сама Расея ў XIX ст. падпадае пад працэс моцнай эўрапеізацыі, запыненай толькі бальшавіцкаю рэвалюцыяй 1917 году, якая хоць з часам і прынесла гвалтоўнае перайманьне эўрапейскай тэхнікі й мэханізацыі, але ў галіне духовай была станоўкім наваратам Расеі да свайго спрадвечнага эўразійскага шляху.
Найбольш трывалкія, і па сяньня відавочныя, культурна-мастацкія памяткі-сьветкі заходняга цывілізацыйнага шляху Беларусі праз апошняе паўтысячгодзьдзе, гэта архітэкгура. Хоць бясконцыя войны й панішчылі безьліч выдатных архітэктурных памятак, аднак і да сяньняшняга дня на ўсім прасторы Беларусі густа рассыпаныя тысячы будоўляў заходняэўрапейскіх формаў і стыляў. Насычанасьць імі краявіду рэзка абрываецца, бадай безь пераходных формаў, толькі на ўсходнім узьмежжы з расейскімі прасторамі. Гэта наяўны, бясспрэчны довад таго, што тамака гэта праходзіць, ад стагодзьдзяў трывае, усходняя мяжа заходняэўрапейскай цывілізацыі.
4. Эўразійска-расейскія ўплывы
Заходняя Эўропа дый Бізантыя - два галоўныя цывілізацыйныя сьветы, узьдзеяньні якіх фармавалі з вонкавага боку культурную існасьць Беларусі на працягу апошняга тысячагодзьдзя. Прасяканьні іншых цывілізацыйных элемэнтаў былі куды меншага значаньня.
Да прыняцьця хрысьціянства ў канцы X ст. паважныя культурна-цывілізацыйныя ўплывы йшлі з паўночнай краіны Вялікага Воднага Шляху - Скандынавіі. Дый пышная скандынаўская цывілізацыя каля 1000-нага году хрысьціянізавалася, заняпала й улілася ў заходняэўрапейскую. Тойнбі залічае яе да цывілізацыяў, што хоць пышна зараджаюцца, але пазьней вянуць, не разьвіваюцца, - да «абартыўных цывілізацыяў». Скандынаўскія ўплывы пазьней шчэзьлі зь беларускага прастору, пакінуўшы толькі невялікія сьляды ў архітэктуры, у мове. Скандынаўскія элемэнты гісторыкі мастацтва адзначылі ў старой архітэкіуры Полацку, Пскову дый некаторых іншых местаў Беларусі. У старабеларускай мове быў таксама значны лік словаў скандынаўскага паходжаньня, зь якіх сяньня засталося ўсяго колькі, як крук, пуд, селядзец, сьцяг, цівун.
Што да іншых вонкавых культурных узьдзеяньняў на культурныя працэсы Беларусі паважней можна ставіць пытаньне пра ўплывы расейска-эўразійскія, хоць яны яшчэ й вельмі кароткатрывалыя. Сучасныя гісторыкі культуры адцемлююць, што Расея сваёю, кардынальна рознаю ад эўрапейскай, эвалюцыяй грамадзка-палітычнага ладу, сваёю сваеасабліваю псыхікаю й культураю выказвае выразную тэндэнцыю вылучыцца ў зусім адменны, асобны цывілізацыйны сьвет. Арнольд, Тойнбі ў сваім пераліку існуючых цывілізацыяў у «А study of history» выдзяляе расейскую асобна, як новы атожылак хрысьціянска-бізантыйскай, дый называе яе «праваслаўна-хрысьціянска-расейскаю».
Азначаць, як гэта робіць Тойнбі, сучасную расейскую культуру назовам «хрысьціянска-праваслаўнай» сяньня, калі ў Расеі ўжо другое чверцьвечча сыстэматычна дый безаглядна выкарчоўваюцца ўсякія хрысьціянска-рэлігійныя элемэнты, няма хіба ніякіх аб'ектыўных падставаў. Калі характер расейскага палітычна-культурнага працэсу з сваім дэспатызмам, дагматызмам дый нэгацыяй правоў адзінкі, не зьмяніўся ў сваёй аснове й пасьля адкіненьня праваслаўя й хрысьціянства наагул, дык гэта найлепшы довад таго, што не хрысьціянства ягоная карэнная існасьць.
Хоць Бізантыя некалі й мела ці малы культурны ўплыў на Маскоўшчыну ды паклала на яе сваё нясьцерпнае таўро, дык ці не яшчэ мацнейшы быў уплыў даўгога татарскага ярма (240 гадоў) дый факт увабраньня на працягу тысячгодзьдзя вялікай масы азійскага біялягічнага элемэнту зь ягонай спэцыфічнай псыхікай. Вось чаму назоў Тойнбі «хрысьціянска-праваслаўнай» для культуры сучаснай Расеі трэба ўважаць за неадпаведны. Куды дакладней і трапней азначае існасьць расейскай культуры ўведзены некаторымі расейскімі аўтарамі назоў «эўразійская» (Трубецкі дый іншыя), што значыць культура, якая паўстала із скрыжаваньня й зьліцьця цывілізацыйных элемэнтаў як Эўропы, так і сумежных прастораў Азіі. Гэты назоў куды дакладней перадае геаграфічную, нацыянальную, расавую дый культурна-гістарычную існасьць сучаснай Расеі.
Цэзарапапізм і дэспотыя, нэгацыя волі й правоў адзінкі, дагматызм пры адначасным няіснаваньні сталых праўных нормаў - гэта асноўныя рысы, якія на працягу стагодзьдзяў татарскага ярма ды сутыку й біялягічнага зьліцьця з народамі Азіі разьвіліся дый замацоўваліся ў расейскім народзе. З папярэдняга агляду асноўных свомасьцяў псыхікі беларускага народу можам бачыць, што гэтыя рысы расейскай псыхікі кардынальна супрацьлежныя да спрадвечнай цягі беларускага народу да лібэралізму, да дэмакратычнай талерантнасьці, да глыбокага нутранога праўнага пачуцьця. Прыяцель Расеі й Расейцаў Вальтэр Шубарт кажа, што Расейцам не стае праўнага пачуцьця таму, што «ўсе народы, якія былі доўга ў нявольніцтве, выяўляюць як сталую свомасьць, занік прававога пачуцьця» [25].
Пра нейкія расейскія культурныя ўплывы ў Беларусі аж да XIX ст. паважна гаварыць цяжка. Рэкі Беларусі цякуць на паўночны захад, да Балтыцкага мора, і на наўдня, да Чорнага, але не на ўсход, у Маскоўшчыну. І таму эканамічна-культурныя сувязі беларускіх земляў з Маскоўшчынай на пачатку гісторыі былі другараднага значаньня. Хоць у пару існаваньня беларускіх незалежных княстваў (X-XIV ст.) жыцьцё прашчураў сучаснага расейскага народу й праходзіла ў падобных у некаторай меры да тагачаснага палітычна-эканамічнага жыцьця беларускага народу гістарычных абставінах, дык з пачаткам татарскага ярма гісторыя Маскоўшчыны й расейскага народу пайшла ўжо зусім адменным шляхам.
Татарская навала 1240 году сіламоц новага палітычнага палажэньня стварыла на абшары ўсходняй Эўропы гістарычную канечнасьць для земляў Беларусі іх арыентацыі на захад, на заходнія эканамічныя й культурныя сувязі. Тая-ж самая прычына на Маскоўшчыну дзеіла ў зусім адваротным кірунку. Маскоўшчыну татарскае ярмо ізалявала ад Захаду, улучыла на даўгія стагодзьдзі ў жыцьцё й справы вялікай татарскай імпэрыі, паддала беспасярэднім азійска-татарскім культурным, палітычным і біялягічным узьдзеяньням на працягу цэлых 240 гадоў.
У выніку гэтага ад XIII ст. значна нарастаюць культурна-палітычныя розьніцы між Беларусяй і Маскоўшчынай. У выніку іх між гэтымі двума народамі й краямі існуюць ужо ня толькі нацыянальныя й палітычна-дзяржаўныя межы, але, што гістарычна было асабліва важна, паўстае яшчэ новая мяжа - мяжа двох зусім розных цывілізацыйных сьветаў. Гэты вось факт і тлумачыць нам у вялікай меры шматвяковае зацятае змаганьне на гэтай цывілізацыйна-культурнай мяжы паміж Беларусяй (Вялікім Княствам Літоўскім) і Маскоўшчынай, наўсуперак, здавалася-б, значнай моўнай дый рэлігійнай блізіні гэтых двух суседніх народаў Гэтая цывілізацыйная розьніца ў стагодзьдзях XVI-XVII усё нарастае з далейшым культурным працэсам шпаркага азаходненьня Беларусі, пры адначаснай далейшай, дабраахвотнай ужо, ізаляцыі Маскоўшчыны ад жвавейшых культурных сувязяў з Захадам.
Калі землі Беларусі мелі жвавы бесьперабойны культурна-эканамічны кантакт з Захадам ад пачатку ўжо XIII ст., дык у Маскоўшчыну паважнейшыя заходнія культурныя ўплывы пачалі прасочвацца куды пазьней і былі яны найчасьцей вынікам дзейнасьці тамака беларускіх эмігрантаў.
Асабліва ўзмацніліся беларускія культурныя ўплывы на Расею ад паловы XVII ст., калі паўстае бесьперапынная эміграцыйная плынь беларускай праваслаўнай інтэлігенцыі зь Беларусі ў Маскоўшчыну. Гэта была нязьлічоная чарада ведамых беларускіх «асьветнікаў» Маскоўшчыны, найвыдатнейшым зь якіх быў Сымон Полацкі. Гэтыя беларускія асьветнікі нарыхтавалі глебу для ведамых пазьнейшых рэформаў і эўрапеізацыі Расеі цара Пётры I ў XVIII стагодзьдзі [26].
Ніякіх расейскіх уплываў не даецца зацеміць і ў XVIII ст., хоць палітычныя ўплывы Маскоўшчыны ў Беларусі з прычыны анархіі й палітычнага ўпадку Польска-Літоўскае Рэчы Паспалітае былі ўжо вялікія, і яны ў канцы стагодзьдзя давялі да распадзелу гэтае Рэчы Паспалітае між суседзямі дый да далучэньня беларускіх земляў да Расейскае Імпэрыі. З культурнага гледзішча не мяняецца аднак шмат палажэньне нат і пасьля ўпадку Вялікага Княства. Аж да 1831 r. і пад расейскім панаваньнем праходзіць далей ня гэтулькі русыфікацыя, колькі далейшая палянізацыя сацыяльных верхавінаў, палянізацыя больш фарсоўная, як у ўсе папярэднія вякі, дзеля вельмі актыўнай асьветна-школьнай палітыкі на землях Беларусі царскага міністра асьветы, Паляка князя Адама Чартарыйскага.
Вогнішчамі палянізацыі Беларусі на пачатку XIX ст. былі польскія школы, віленскі польскі ўнівэрсытэт, польскі друк. Польскія аўтары адзначаюць, што дзякуючы дзейнасьці Адама Чартарыйскага ў паасобных гадох пачатку XIX ст. у беларускай Вільні друкуецца больш польскіх кніжак, як ува ўсіх местах Польшчы, разам узятых. У выніку дзейнасьці Чартарыйскага пад расейскім панаваньнем Вільня сталася культурна-палітычным цэнтрам польскага нацыянальнага руху й для этнаграфічнай Польшчы [27].
Хоць пасьля польскага паўстаньня 1831 г. расейская ўлада часткава й затармазіла палянізацыю Беларусі дый узмагла русыфікацыю, аднак паважнейшых, глыбейшых вынікаў у гэтым яна ўсё-ж дасягнуць ня здолела.
Толькі ў запыненым знарок Масквою культурным разьвіцьці Беларусі спынілася блізу зусім і ранейшае пышнае архітэктурнае будаўніцтва. Расейская ўлада намагалася сьціраць як мага заходнія культурныя формы Беларусі, адмыслова на гэта перабудоўвала праваслаўныя й вуніяцкія цэрквы, будавала й новыя, ужо ў тыповым расейскім стылі. Аднак нейкай грунтоўнай зьмены культурнага твару Беларусі зрабіць за адно стагодзьдзе не пасьпела. Тое-ж, што было збудаванае, адчувалася як чужое, нязрослае з традыцыйным архітэктурным краявідам.
Калі, прыкладам, старая архітэктура Вільні стварыла арыгінальную гарманійную сынтэзу элемэнтаў, радзімых Захаду й Бізантыі, дык накінутыя новыя, зусім чужыя месцу й асяродзьдзю, расейскія архітэктурныя формы тырчэлі чужым гардлівым госьцем. Адцеміў гэта добра гісторык мастацтва Паўль Вэбэр, які ў 1916 годзе наведаў Вільню й у сваёй кніжцы аб мастацкіх багацьцях места пісаў пра збудаваную ў 1909 г. расейскім царскім урадам Раманаўскую Царкву на Закрэце, што ў вагульным відзе места яна вычуваецца, як нешта брутальнае, гвалтоўнае, чужое [28].
Дык, не зважаючы на расейскія намаганьні, аж да пачатку XX ст. на землях Беларусі дамінавалі заходнія культурныя формы [29]. Беларусь далей і бясспрэчна з культурнага гледзішча была ў крузе цывілізацыі заходняэўрапейскай. Ці ўрастуць ў беларускую культурную глебу й наколькі найнавейшыя расейска-эўразійскія ўплывы савецкай ужо пары - гаварыць пра гэта сяньня яшчэ зарана.
5. Выснавы
На падставе гэтага кароткага агляду культурна-гістарычных працэсаў Беларусі можам зрабіць гэткія агульныя выснавы:
1. Беларускія народныя радзімыя духова-культурныя асновы на працягу ўсіх пораў гістарычнага жыцьця беларускага народу вызначаюцца элемэнтамі прававога ладу, дэмакратыі, нацыянальнай, рэлігійнай дый палітычнай талеранцыі. Гэта дае поўную падставу паводля псыхікі дый нацыянальна-культурнага тыпу беларускі народ залічыць да народаў заходняэўрапейскіх.
2. З вонкавых культурна-цывілізацыйных узьдзеяньняў у гісторыі беларускага народу найбольшае значаньне мелі ўплывы бізантыйскія й заходняэўрапейскія. Бізантыйскія цывілізацыйныя формы пераважаюць на землях Беларусі ад пачатку хрысьціянства аж да XV стагодзьдзя - у гэтым часе Беларусь была ў межах бізантыйскага цывілізацыйнага кругу.
3. Заходняэўрапейскія ўплывы на землях Беларусі нарастаюць ад XIII ст. й дасягаюць перавагу над бізантыйскімі ў XVI стагодзьдзі, ад пары рэфармацыі ў Беларусі. Дамінацыя заходняэўрапейскіх цывілізацыйных элемэнтаў трывае ад таго часу аж да XX стагодзьдзя.
4. Уплывы расейска-эўразійскія вельмі кароткатрывалыя, не ранейшыя за XIX стагодзьдзе, і ня мелі дагэтуль паважнейшага значаньня для культурна-цывілізацыйнага твару Беларусі.
[1] Глядзі: Акіншэвіч Л. Пра «цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Кніжка 2(4). Ню Ёрк, 1953 г.
[2] Беляев Н.Д. Рассказы из Русской истории. Кн. IV. История Полотска. Москва, 1872. Бач. 315-316.
[3] Прафесар Вяльгорскі В. вось што піша пра Літоўскі Статут: «Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў XVI стагодзьдзі... кнігу правоў, што адказвала роўні заканадаўства тагачаснай Эўропы, а на якую ў гэтым часе ані Польскае Каралеўства на захадзе, ані Маскоўскае Царства на ўсходзе не патрапілі здабыцца». Wiclhorski W. Statut Litewski. Zarys Historyczny jego powstanicj i rozwoju. 1529-1566-1588. Dzieje Ziem Wielkiego Ksi^stwa Litewskiego. Alma Mater Vilnеnsis. Londyn, 1953 r.
[4] Акіншэвіч Д. Пра «цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу // Запісы, № 2(4). 1953. Бач. 77-78.
[5] Schubart W. Europa und die Seele dcs Ostcns. Luzern, 1938. Бач. 99.
[6] Northrop F.S.C. The Taming of the Nations. New York, 1952.
[7] Дату гэтую падае польскі храністы Ян Длугош. Ён падчыркнуў і факт, што Ягайле больш падабалася мастацтва «грэцкае» (беларускас на бізантыйскай аснове) за «лацінскае» (заходняе). Ягайла «Gnesnensem, Sandomirienscm et Vislicionsem Ecclcsias, sculpture Graeca (illam enirn magis quam Latinam probabat) adornauit». Dlugossi J. Historia Polonica. Lipsiac, 1711, II, 659.
[8] Ведамы гісторык польскага мастацтва Вайцяхоўскі Т. сьцьвярджае: «...кракаўскія маляры таго часу ўмелі толькі хварбаваць сьцены ды пазалачваць на іх зоркі, абразоў-жа не малявалі». Wojciechowski Т. Kosciot katedralny w Krakowie. Krakow, 1900 г.; Другі выдатны польскі вучоны, ведамы гісторык польскай культуры, Аляксандра Брукнэр, гэтак піша пра польскае малярства: «Польскае малярства, ці толькі малярства ў Польшчы - прыходзіцца пытацца праз усю нашую гісторыю аж да XIX стагодзьлзя. Мы ня мелі для гэтай галіны мастацтва ані патрэбнай здольнасьці, ані таксама зацікаўленыія. У Польшчы заўсёды працавалі чужыя маляры, якія сваіх на другое месца сьпіхалі...» Briicknеr A. Encyklopedia Staropolska. Том I. Warszawa, 1939 г. Бач. 826.
[9] Stanzynski J., Walicki M. Malarstwo monumentalne w Polscc sredniowiecznej. Warszawa, 1929 г. Бач. 42.
[10] Waiicki М. Malowidla scienne koscioia sw. Trojcy na zamku w Lublinie. Zaktad Architeklury Polskicj. Sludja do dziejow sztuki w Polsce. T. 111. Warszawa, 1930 r.
[11] Kuzminska М. Olbracht Marcinowicz Gasztold // Ateneum Wilenskie, rok IV, zeszyt 13. Wilna, 1927 г. Бач. 391. Гутарка ідзе гэтта пра таго-ж ваяводу Гаштаўта, да якога ў 1530 г. пісаў лісты ў справах доктара Францішка Скарыны Альбрэхт Прускі (глядзі: Брага С. Кароль Альбрэхт і Скарына // Запісы, №2(4), 1953 г. Бач. 108-113). Там аднак памылкова пададзенае ягонае імя як Станіслаў. Ён зваўся Альбрэхтам, а Станіслаў быў ягоны адзіны, апошні з роду Гаштаўтаў, сын, першы муж ведамай Барбары Радзівілянкі. Перанятая з лацінскіх лістоў форма прозьвішча Гаштальд ёсьць лацінізацыя беларускай формы Гаштаўт (аналягічна, як Вітальд лацінізаваная форма ад Вітаўт).
[12] Упершыню надрукавана ў «Конаднях» №3 (Ныо-Ерк, 1955. С. 55-73).
[13] Пра гэткі каталіцкі касьцёл у Смаленску - «Латыненскую царкву» або «Нямецкую Багародзіцу» (як падас другі сьпісак) - успамінас 32 параграф Смаленскай Гандлёвай Праўды 1229 году (або 29 параграф іншага варыянтнага сьпіску). Тамка кажацца: «Аже капь, чимь то весять, изломлена будеть, а любо легче будеть, тоть спускати обе в одино место, что лежить у святое Богородице на горе, а другая у Латинской церкви, обе ровнати». Гл. Памятники русского права / Под редакцией С.В. Юшкава. Выпуск II. Москва, 1953 г. Б. 67.
[14] Пра тагачасныя ўплывы старабеларускай мовы на польскую гл. коратка ў нарысе Брагі С. Уплывы нашае мовы на польскую // Сакавік, № 1(2), 1948 г. Б. 47. З польскіх аўтараў абшырней пра гэта піша ў сваой кнізе Lehr-Splawinski Т. Jezyk polski. Pochodzenie - Powstanie - Rozwoj. Warszawa, 1947. Як інфармуе менскае Полымя, № 2, 1955 г., новую цікавую працу прысьвячаную пытаньню ўплыву беларускае мовы на польскую напісаў пры Моваведным Камітэце Акадэміі Навук Польшчы Г Сафарэвіч.
[15] Bohusz-Szyszko М. Zarys rozwoju sztuk plastycznych па ziemlach Wielkiego Ksiestwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. Londyn, 1953. Б. 322.
[16] Эвалюцыя сынтэзы архітэктурных формаў бізантыйскіх і готыкі на беларускіх землях дакладней разгледжаная ў кнізе: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Выданьне Інстытуту Беларускай Культуры. Менск, 1928 г.
[17] Walicki М. і Starzynski J. Dzieje Sztuki Polskiej. Warszawa, 1936.
[18] Bohusz-Szyszko M. Zarys rozwoju sztuk plastycznych … Б. 325.
[19] Morelowski М. Znaczenie baroku wilenskicgo XVІІІ stulecia. Wilna, 1940 г.
[20] Bohusz-Szyszko M. Zarys rozwoju sztuk plastycznych … Б. 329.
[21] Morelowski М. Znaczenie baroku wilenskiego XVIII stulecia.
[22] Morelowski M. Znaczenie baroku... Objasnienia. Б. 46.
[23] Bielinski J. Uniwersytet Wilenski 1579-1831. Krakow, 1899 r.Том I. Б. 25-26.
[24] Morelowski М. Zarysy syritetyczne sztuki wilenskiej od gotyku do neoklasy cyzmu. Wilna, 1938-1939 r. Б. 16.
[25] «Alle Volker, die lange geknechtet gewesen sind, weisen als ubereinstimmendes Merkmal die Verkiimmerung des Rechtsgefuhls auf...» Schubart W. Europa und die Seele des Ostens. Luzern, 1938. Б. 71.
[26] Вялікае культурнае значаньне для Расеі працы гэтых беларускіх асьветнікаў-выхаджэнцаў XVII ст. шырэй насьветленае ў кніжцы расейскага слявістага мінулага стагодзьдзя Петры Бязсонава: Белорусские песни. Москва, 1871 г.
[27] Koscialkowski S. Dzieje nauki i pismiennictwa polskiego w W. Ks. Litewskim. Dzieje ziem Wielkiego Ksiеstwa Litewskiego. Londyn, 1953. Б. 256.
[28] «... die im Jahre 1909 vollendete Romanoffkapelle am starksten als Fremdkorper im Stadtbilde auffallt. Es liegt etwas brutales in ihrer ganzen Erscheinung und in ihrer Ausstattung mit vielen knallgoldenen Zwiebelkuppeln. Wer aus einigcr Entfemung... die Stadt flberschaut, empfindet das ostlandische Glanzen dieser Kuppeln... als gewaltsame-Eindringen einer fremden Macht». Weber P. Eine vergessene Kunststatte. Wilna, 1917. Б. 94.
[29] Гэты бясспрэчны й відавочны гістарычныфакт стаіць у поўнай супярэчнасьці з хвальшывай, накінутай згары тэзай сучаснай савецкай афіцыйнай гістарыяграфіі. Савецкі гісторык архітэктуры Беларусі Ягораў Ю. у апублікаванай нядаўна Акадэміяй Навук СССР кнізе цьвердзіць з абурэньнем, што гэта толькі «беларускія нацыяналістыя няўтомна «даводзілі» адсутнасьць якога-небудзь уплыву расейскай культуры на фармаваныіе й разьвіцьцё беларускай архітэктуры, падчыркуючы пры гэтым ейнае заходняэўрапейскае паходжаньне». Сам-жа Ягораў намагаецца «давесьці» зусім адваротнае: што ў XIV-XVIII ст. «Беларускі народ... сіляў натхненьне й майстроўства ад найвыдатнейшых твораў расейскага дойлідзтва...», хоць ягоныя канкрэтныя «довады» гэтага ня йдуць далей сьцьверджаньня факту будовы ў XVI ст., у часе Лівонскае вайны, войскам цара Івана Грознага, часовага значаньня замкаў на беларускай тэрыторыі памежнай з Маскоўшчынаю (пркл. Сокал, Тураўля). Гл.: Ягораў Ю. Градостроительство Белоруссии. Академия Наук СССР Институт Истории Искусств. Москва, 1954. Б.б. 6 й 107.