Прапанаваны ўвазе чытачоў артыкул В. Грышкевіча быў надрукаваны ў першым нумары часопіса "Маладая Беларусь" за 1936 год, калі Заходняя Беларусь знаходзілася под панаваннем Польшчы, а ва Усходняй «канчаткова i беспаваротна» ўсталёўваўся сацыялізм, выпаляючы нацыянальную ідэю i яе носьбітаў.
Аўтар артыкулу у віленскім часапісе «Маладая Беларусь» Вінцэнт Грышкевіч (Жук-Грышкевіч; 1903-1989) - вядомы дзяяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. У Заходняй Беларусь выкладчык В. Грышкевіч бярэ чынны ўдзел у акцыях Беларускага Выбарчага Камітэту, працуе ў Беларускім Навуковым Таварыстве й Таварыстве Беларускай Школы, супрацоўнічае ў віленскай беларускай прэсе. У 1939-1942 гг.- зьняволены ў савецкіх турмах i лягерох, з 1942 г. у польскім войску Андэрса. У 1946 г. арганізаваў Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Арганізатар i першы кіраўнік беларускае сэкцыі радыё «Вызваленьне» (будучага радыё «Свабода»). Актывіст беларускага жыцьця у Канадзе. У 1970-1982 гг. - Старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі.
Беларускі рух заняпаў... перажывае крызыс... Беларускі рух ня мае будучыні... - чуем мы вельмі часта падобныя словы з вуснаў розных людзей. Мусім спыніцца над гэтай справай, разгледзіць нашую сапраўднасьць.
Пятнаццаць год ужо мінула ад часу, як была падзелена Беларусь на некулькі часьцяў. Усходнюю Беларусь (Смаленшчыну, паўночныя паветы быўшай губ. Віцебскай i Чарнігаўскай) афіцыяльныя савецкія дадзеныя ўважаюць за «истинно русскую Западную область», апіраючыся на перапісе з 1926 г. Праведзены гэты перапіс так, што знаходзіць тут каля 90 % расейцаў (вялікарусаў) [1]. Дадзеныя перапісу пярэчаць ня толькі даваенным расейскім этнографам i лінгвістам, але i пасьляваенным - савецкім. Працы апошніх, выданыя Ў 1926-28 гг., аднагалосна называюць насельніцтва гэтага краю беларускім i прыводзячы цытаты з мясцовай народнай творчасьці i мясцовы слоўнік, стараюцца азначыць, да якога з беларускіх дыялектаў можна залічыць гутарку гэтых беларусаў [2]. Выглядае так, што савецкая ўлада ня хоча бачыць беларусаў у Усходняй Беларусі.
У Цэнтральнай Беларусі, т. зв. Савецкай Беларусі, справа прадстаўляецца значна лепш. Там існуюць у вялікай колькасьці беларускія школы ад пачатковых да вышэйшых уключна. Нажаль, у сапраўднасьці ў гэтых школах беларускімі зьяўляюцца дзеці, моладзь i мова; матар'ял навучаньня далека небеларускі, а можа часта нават процібеларускі. Калі ходзе аб іншыя галіны жыцьця, пачынаючы ад палітычных i канчаючы навуковымі, то яны звычайна знаходзяцца над кіраўніцтвам каго хочаце, але толькі не беларусаў. Выяўленая ў поўнасьці беларускасьць зьяўляецца часта прычынай высылкі з роднага краю. Ад 1927 г. нішчыцца тут усё, што выказвае беларускі нацыянальны характар, згодна з клічам барацьбы з нацдэмаўшчынай.
У Заходняй Беларусі ў сучасны мамэнт для польскіх урадовых дзейнікаў беларускае пытаньне амаль ня існуе - яно перачыркнутае, бо беларускі рух, цьвердзяць яны, мала актыўны. Пры апошніх выбарах беларусы як палітычная, арганізаваная сіла былі выэлімінаваныя. Побач з гэтым мусім згадзіцца з тым, што беларускае арганізаванае жыцьцё аслабла. Яно раздробленае, разьедзенае іржой грызьні, інтрыг i нянавісьці розных дзейнікаў - перадусім чужых, але часта i сваіх. Няма ў нас моцных палітычных, эканамічных i культурных арганізацыяў, няма апрацаванай палітычнай праграмы-ідэолёгіі, ці ідэолёгіяў, няма павадыроў. Старыя павадыры адраджэньня - найчасьцей романтыкі - або зьяўляюцца ізаляваныя ад грамадзкага жыцьця тут, або мераюць бязьмежную шырыню расейскіх тундраў i стэпаў, а ёсьць i такія, што перайшлі ў варожы абоз ці на службу мамоне. Тыя-ж з ix, што да апошняга часу стараліся ўтрымацца на паверхні жыцьця, так перасварыліся між сабой, што згубілі давер i пашану ў народзе, а нават у самых сябе.
Маладыя сілы, прыплыў якіх быў так значны у папярэдніх гадох, скіроўваліся на ўсход у беларускую «Мэкку» з поўнай верай, што там будуецца беларускі дом, што там яны ўкладуць свае маладыя сілы ў творства вялікай будыніны Беларусі i забясьпечаць лепшую будучыню сабе i свайму народу. Савецкая сапраўднасьць спаткала ix інакш. Беларускі Менск аказаўся толькі перадачным пунктам, з якога разьсеялі ix на ўсім абшары Саветаў - ад Камчаткі да Ленінграду i ад Ледаватага Акіяну да Пэрсыдзкай граніцы. Тая-ж інтэлігенцыя, што асталася тут, часткова была ўцягнутая ў агульную куламесу грызьні розных беларускіх i псэўдобеларускіх арганізацыяў i груп, часткова засела на выгадных становішчах пасадаў ці вольных прафэсіяў i забылася пра свае папярэднія ідэалы-лятуценьні аб Беларусі. Рэшта, менш шчасьлівая, ці мо больш верная нацыянальнаму сумленьню, пасьля атрыманьня дыплёму апынулася пад бацькавай страхой i дзеліць матаръяльную бяду сучаснай беларускай вёскі з сваімі братамі i сёстрамі. Несправядлівай, аднак, была-б думка, што ўся гэная інтэлігенцыя для беларускага руху страчаная. Калі яна бязьдзейная ці маладзейная, дык толькі таму, што трапіла ў неадпаведныя варункі, што пры найлепшай волі вельмі часта не магла прыняць удзелу ў беларускім жыцьці - такім, якім яно прадстаўлялася дасюль. Адно, што можна было-б ёй закінуць, дык нястачу ініцыятывы, актыўнасьці ў тварэньні здаровых падставаў беларускага жыцьця.
Беларуская веска прадстаўляецца невясёла. Пануе тут крызыс, безграшоўе, таніна на сельска-гаснадарчыя прадукты, безрабоцьце, нястача адплыву для маладых, здаровых рук працы - ад моладзі тут аж кішыць. А да гэтага яшчэ трэба дадаць гаспадарчую i культурна-грамадзкую неарганізаванасьць.
Землі нашыя - у аараўнаньні нават з іншымі землямі Польшчы - асабліва занядбаныя. Яны занішто аддаюць свае прадукты, каб купіць патрэбныя фабрыкаты, каторыя прывозяцца з іншых земляў Польшчы ці заграніцы - нават i тыя, што маюць усе варункі да вырабу тут на мейсцы. Ніхто ня дбае аб палепшаньне дабрабыту беларуса, які знаходзіцца сяньня ў матар'яльнай галіце. Таксама адчувае ён голад духовы, бо ўсякія пробы арганізацыі, ці то гаспадарчай, ці культурна-асьветнай, спатыкаюцца з вялікімі перашкодамі.
На 2,5 мільёны насельніцтва, а паводле апошняга польскага перапісу - 1.600.000, у Заходняй Беларусі існуе каля 50 беларускіх урадовых пачаткавых школаў, якія беларусы, здаецца слушна, уважаюць за псэўдо-беларускія, i Беларуская Філія Польскай Дзяржаўнай Гімназіі Славацкага ў Вільні, як адзіная прадстаўніца беларускага сярэдняга школьніцтва. Аб вышэйшых беларускіх школах ня можа быць тут мовы.
Існаваўшыя ня так даўна сотні культурна-асьветных арганізацыяў у паўстаўшых варунках часта замерлі, а там, дзе жывыя, культурна-асьветная праца спатыкае звычайна столькі розных перашкод, што часта астаецца толькі прыгожымі імкненьнямі ці заціснутай у сэрцы тугой.
Так прадстаўляецца сяньняшняя беларуская сапраўднасьць. Мейма, аднак, грамадзкую адвагу сьмела глянуць ёй у вочы i зусім абъектыўна сьцьвердзіць тое, што ёсьць благім. Але з поўным объектывізмам мусім зазначыць, што сказ аб крызысе беларускага руху апіраецца толькі на ацэнцы вонкавых яго праяваў арганізаванага беларускага жыцьця, якое тварыла беларуская інтэлігенцыя. Калі ходзіць аб гэтыя праявы, а не аб рух у цэлым, дык сказ гэты слушны.
Распачатая ад 1922 г, шырокая беларуская акцыя ў Заходняй Беларусі распылілася пад уплывам няпрыяючых палітычных абставін, якія ўсьцяж пагаршаліся i сяньня дайшлі бадайшто да кульмінацыйнага пункту. Тыя-ж абставіны прычыніліся да паўстаньня сярод беларускага грамадзянства розных палітычных ор'ентацыяў. Кіруючыя беларускія дзейнікі не пасьпелі агледзіцца, як сталіся выканаўцамі чужой волі, няраз нават супроць свайго сумленьня. Пачалася грызьня, інтрыгі. Да закуліснага рэжысэрства далучыліся асабістыя амбіцыі, асабістыя справы. Чуючыся ашуканымі, кіраўнікі беларускай палітыцы стараліся вярнуцца на ўласную дарогу, але было ўжо позна... Тымчасам народ i малодшая гэнэрацыя інтэлігенцыі адвярнуліся ад ix. Так была скрыўленая аснаўная лінія беларускага адраджэньня, а рэпрэзэнтуючыя яе павадыры вышлі з палітычнай арэны. Рух астаўся без павадыроў i без праграмы. Не загінула, праўда, ідэя незалежнасьці Беларусі, але да гэтага часу яшчэ ніхто ня выпаўніў яе канкрэтным беларускім зьместам. Пры гэтым, за цэлы сьцяг гадоў нічога ня зроблена ў галіне эканамічнага жьщьця, якое мусіла-б быць базай да працы культурнай i палітычнай. Настроі беларускіх масаў, ix гон да тварэньня масавага арганізаванага беларускага жыцьця, ня толькі ня былі адпаведна выкарыстаныя, але яшчэ змарнаваныя. Паважнейшыя натугі, робленыя ў гэтым кірунку, давалі нечаканыя вынікі, што сьведчыла аб дасьпеласьці справы. Але што-ж, калі заместа здаровай духовай стравы падсоўваліся часта беларускай вёсцы імпартаваныя сурагаты, а гэты арганізацыі, якія спачатку выдаваліся патрэбнымі i адпавядаючымі беларускаму жыцьцю, у практыцы часта аказываліся эфэктоўнымі фэервэркамі, шумнымі бумамі, патрэбнымі камусь, але не беларускай справе. Так беларускія масы ў многім аказаліся ашуканымі, здэзорентаванымі i консэквэнцыі гэтага мы адчуваем да сяньняшняга дня. У канчальным выніку за ўсё гэта трэба было вельмі дорага заплаціць - найлепшым людзкім матар'ялам. Уцягнены ў арганізацыйную работу, беларускі народны актыў - найдаражэйшы дзейнік руху - быў выстаўлены дырыжорамі, як галоўны жырант цэлай справы i мусіў заплаціць сотнямі гадоў турмы, ссылкай, здароўем, а нават маладым жыцьцём. У гэтым крыецца найвялікшая трагэдыя маладой беларускай інтэлігенцыі i беларускага руху, бо-ж ахвяры гэтыя, заместа на свой, папалі на чужы аўтар... У звязку з усім гэтым беларускае арганізацыйнае жыцьцё начало заняпадаць. Прычыніліся да гэтага ўлады, як напр. у справе «Грамады», i дырыжоры, зьвязаныя з ор'ентацыямі. Няма дзіва таму, што беларускія масы сваімі вымогамі, нацыянальнай i грамадзкай сьведамасьцю перарасьлі магчымасьці, якія магла-б даць ім беларуская інтэлігенцыя ў сучасных варунках.
Так паўстаў крызыс арганізаванага беларускага жыцьця. Выкліканы ён перадусім цяжкімі палітычнымі абставінамі. Аднак крызысу гэтага ня можна адносіць да беларускага руху ў целым руху масавага, як гэта хочаць бачьщь польскія ўрадовыя i неўрадовыя дзейнікі. Тым больш ня можа быць мовы аб заняпадзе руху. Ен загубіў толькі свае вонкавыя, арганізаваныя праявы. Аб гэтым, калі мы прыгледзімся, кажыць жыцьцё беларускіх масаў.
Пятнаццаць гвд таму беларуская вёска зусім мала чула пра беларускую справу, а нацыянальная сьведамасыіь была атрыбутам малой жменькі адзінак у розных мясцовасьцях. Тады яшчэ розным урадам i асобам трэба было даказываць існаваньне беларускай народнасьці. Сяньня аб гэтым няма мовы, ніхто не пярэчыць існаваньню беларускай народнасьці, ні адна афіцыяльная папера з рубрыкамі нацыянальнаеьцяў не абходзіцца бяз рубрыкі беларускай. Беларусы як народ сталіся рэальным фактарам. Беларускае пытаньне сталася міжнародным, нацыянальнае ўсьведамленьне пашло наперад гігантычнымі крокамі. Аб гэтым сьведчаць тысячы рознага тыпу беларускіх школаў у цэнтральнай (Савецкай) Беларусі, у якіх вучацца беларускія масы, мільёны беларускіх кніжак, сотні тысяч экзэмпляраў беларускіх газэт i часапісаў, масавая прадукцыя беларускай інтэлігенцыі. Праўда, савецкія ўлады стараюцца з усяго гэтага выбіць беларускі нацыянальны зьмест, але што гэта ім не ўдаецца, відаць хоцьбы з таго, што амаль дзесяць год вядзецца там змаганьне з т. зв. нацдэмаўшчьшай - ці, інакш кажучы, з беларускім нацыянальным рухам, а ўсё-ж рух гэты i сяньня там існуе, аб чым гавораць нам шпальты самой савецкай прэсы.
Аб росьце нацыянальнай сьведамасьці ў Заходняй Беларусі сьведчаць тысячы дэклярацыяў, якія складала ў сваім часе беларуская веска на беларускую школу, перапіс насельніцтва з 1931 г., у які беларусамі запісалася 1.600.000 людзей! А мы ведаем, як праводзіўся гэты перапіс, дык той, хто запісаўся беларусам, мусіў быць сапраўды нацыянальна сьведамы. Аб нацыянальнай сьведамасьці сьведчыць імкненьне беларускай вёскі да закладаньня культурна-асьветных арганізацыяў, да ладжаньня беларускіх імпрэзаў. Беларускі Народ жыве сваім нацыянальным жыцьцём, хоча яго пашыраць, тварыць нацыянальныя цэннасьці. Беларускія масы ня хочаць прыняць іншых небеларускіх формаў i зьместу жыцьця. I тут бязсільнымі робяцца i чужая школа, радыё, i газэты, i адміністрацыя, i служба ў войску. Беларус у школе ці ў войску хутка навучыцца папольску ці парасейску, але па павароце пад родную страху зноў сальецца з сваім адвечным жыцьцём вёскі. Гэта сьцьвярджаюць, напр., самі палякі, калі гавораць, што палянізацыя на беларускіх землях ня робіць поступу. I няхай нам не гавораць, што беларускі рух заняпадае. Мы ведаем, як прадстаўляецца справа. Іншая рэч, што дзеля прычын перадусім соцыяльнага характару i сучаснага грамадзкага ладу, беларуская вёска перажывае магар'яльную бяду, што часткова праз гэта, а часткова дзеля іншых прычын, неарганізаваная, адцятая ад культурнага жыцьця сьвету. Але яна жыве, шукае лепшых формаў i зьместу жыцьця, часта-густа сваім адумам, без павадыроў, без свае інтэлігенцыі. Толькі абставіны сяньня створаныя такія, што трудна гаварыць аб масавай арганізацыі беларускай вёскі з удзелам беларускай інтэлігенцыі.
Але ніколі няма крызысу беларускага руху, ані тым больш яго заняпаду. Есьць толькі штучнае стрымліваньне, з якога выплываюць недамаганьні, ці крызыс беларускага арганізацыйнага жыцьця. Гэтае штучнае стрымліваньне руху ня страшнае. Усякія штучныя перашкоды беларускі рух пераможа, як зрабілі гэта нацыянальныя рухі ўсіх адрадзіўшыхся народаў.
Беларуская моладзь мусіць сабе гэта ўсьведаміць i рабіць тое, што наказывае ей яе нацыянальнае сумленьне, а памылкі з нядаўнага мінулага хай будуць для яе навукай. Зьмяніліся часы, абставіны, варункі. Патрэбны новыя людзі - з новай энэргіяй, з іншымі мэтодамі працы, з вырабленай ідэолёгіяй, з моцнай, нязломнай воляй. Такіх людзей трэба гуртаваць i гартаваць.
[1] Всесоюзная перепись населения. 1926 г. Т. IX. РСФСР. Отд. I. Москва 1929 г.
[2] Росторгуев: Северно-белорусские говоры; Полевой: О языке Новозыбковского уезда Гомельской губ.; Бузук: Паўночна-беларускія гаворкі.