Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Пра Люблінскую унію і унію Эўрапейскую 


Дадана: 04-04-2009,
Крыніца: Спадчына 1-2000, С.65-81.



З прафэсарам Ежы Клачоўскім размаўляе Павел Уроньскі

Фрагмэнт выведу


Павел Уроньскі: Спадар прафэсар, вы дырэктар Інстытуту Цэнтральна-Ўсходняе Эўропы [...], дзе праходзіць усходняя мяжа рэгіёну, які вы вывучаеце?

Праф. Ежы Клачоўскі: Для мяне Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа - найперш даўняя Рэч Паспалітая. Гэты абшар можна пашырыць коштам Чэхіі, Вугоршчыны, Харватыі, Славеніі, Славаччыны і значнай часткаю сёньняшняе Румыніі. Важна тое, што ў гэтай частцы Эўропы можна прасачыць шмат агульных элемэнтаў. Тут утварылася нешта адметнае, іншае ад астатніх краінаў Старога кантынэнту, але адначасова глыбока закаранёнае ў ім. Тое, чаго нельга сустрэць на Захадзе, асобная цывілізацыя эўрапейскіх крэсаў.

П.У. Значыць, гэта наш кавалак Эўропы.

Е.К. О, і тут ёсьць праблема са словам "наш". Рэч Паспалітая ў разуменьні як "польская" частка Эўропы, бо Рэч Паспалітая ў нашай гістарыяграфіі часта трактавалася проста як Польшча. На працягу стагодзьдзяў мы ўсімі сіламі імкнуліся прыпісаць на нашу ўласнасьць гэтую дзяржаву і глядзелі на яе з пэрспэктывы нашых нацыянальных інтарэсаў. Польшча, канешне, была часткаю Рэчы Паспалітае, але гэтай Рэччу Паспалітай мы павінны падзяліцца. Мы павінны ўсьвядоміць сабе, што яна была ў сваёй аснове дзяржаваю ў роўных правох палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў. Зразумела, мы ня можам не ўлічыць вялікую ролю немцаў як з Каралеўскай, так і Княскай Прусіі, якія доўгі час былі ленам Рэчы Паспалітае, і, канешне, гэбраяў, якія стварылі на гэтых землях унікальную культуру.

Гледзячы на гэта з эўрапейскае пэрспэктывы, можна сьцьвердзіць, што даўняя Рэч Паспалітая была ўнікальным злучэньнем шматлікіх складнікаў, спалучэньнем культураў. У ёй перамяшаліся заходняя цывілізацыя і традыцыі Русі, а таксама элемэнты культуры балтаў. І толькі ўсё гэта разам утварае Рэч Паспалітую, у якой сёньня, пасля двух стагодзьдзяў з часоў яе заняпаду, супольныя карані могуць знайсьці палякі, беларусы, літоўцы, украінцы, якія ўяўляюць сабой асобныя дзяржавы. Так я бачу "наш кавалак Эўропы". [...]

П.У. Праф. Антоні Мончак, пад рэдакцыяй якога нядаўна выйшла "Гісторыя Эўропы", сьцьвердзіў, што ўсходняй мяжой Эўропы можна лічыць усходнюю мяжу Рэчы Паспалітае, бо ў ёй панаваў дзяржаўны лад, уласьцівы толькі Эўропе. Ці гэта азначае "выкідванне " з Эўропы Расеі? Вы таксама не ўключаеце яе ў Эўропу?

Е.К. Ніхто з гісторыкаў ня піша гісторыі Эўропы без Расеі, хоць, зразумела, дзейнасьць Расеі ў значнай ступені не адпавядае таму, што можна назваць эўрапейскай традыцыяй. Для тых, хто акрэсьлівае межы Эўропы, асноўным лягічным аргумэнтам супраць уключэньня ў яе Расеі ёсць, аднак, той просты факт, што ўся Расея большая за Эўропу. Цяжка штосьці большае лічыць часткай нечага меншага.

Гісторыя пераўтварэньня малога Маскоўскага княства ў вялікую Расею - гэта працэс інтэграцыі, але калі я кажу пра своеасаблівасьць Расеі, то трэба зьвярнуць увагу на тое, што гэтая дзяржава вельмі розьніцца ад Кіеўскае Русі.

Русь была часткаю ўплыву цывілізацыі Бізантыі - сталіцы Рымскай імпэрыі. Русь не была дзяржавай, якая кіравалася дэспатычна, але фактычна была фэдэрацыяй шматлікіх, вельмі незалежных княстваў. Цэнтралізаваная Расея як твор Маскоўскае дзяржавы - гэта нешта ў сваёй аснове іншае.

Перш за ўсё яе палітычная сыстэма сфармавалася ў часы мангольскай акупацыі. Для татараў Русь была захопленай тэрыторыяй, праўда, пасьля гэтага крывавага захопу яны пакінулі рускім князям свабоду дзеяньня ў нутраной палітыцы. Важным быў эканамічны прыбытак. Князь павінен быў няспынна плаціць, абдзіраючы пры гэтым сваіх падданых.

Палітыка татараў грунтавалася таксама на пастаянным вынішчэньні элітаў. Падчас любога візыту на двары хана, напрыклад, для аплаты даніны, князь нічога ня значыў. Ён быў аб'ектам капрызу і нават ня быў упэўнены, ці застанецца жывы.

Такая сыстэма рэалізацыі ўлады не магла не пакінуць сьлед у псыхіцы.

Некаторыя рускія князі пачалі выкарыстоўваць татарскія мэтады ў нутраной "палітыцы". Найбольш хутка і вынікова такую філязофію дзейнасьці пераняла Масква. Цягам доўгага часу яна вяла прадуманую гульню з татарамі, практычна коштам абсалютнага падпарадкаваньня стала брудным інструмэнтам нападу на іншыя княствы. Гэта яна душыла бунты. А калі Арда аслабела, схапіла за горла свайго гаспадара.

Але ёсьць нешта яшчэ ў гісторыі Расеі, на што варта таксама зьвярнуць увагу і што зьвязана з больш глыбокім уплывам бізантыйска-хрысьціянскае цывілізацыі.

Вядомы амэрыканскі гісторык, дырэктар Бібліятэкі Кангрэсу ЗША Джэймс Білінгтан заўважыў, што дзяржаўная структура Маскоўскае Русі неверагодна нагадвае кляштар. На Русі галоўнымі інтэлектуальнымі цэнтрамі былі манастыры, кляштары. Там нараджаліся вялікія ідэі, а Маскоўская дзяржава стваралася як бы на ўзор ордэну.

Што гэта азначае? Па-першае, элемэнт рэлігійны быў зьвязаны з палітычным, а паслушэнства ўладзе стала асноўным, сакральным прынцыпам. Улада цара мела характар сьвецкі і рэлігійны. Дзяржаве была нададзена аўтарытарная замкнёная структура. Кляштары існуюць для таго, каб несьці нейкую місію, таму і Расея стала дзяржавай, якая рэалізоўвала вялікую місію. Адсюль і нарадзілася сьцьверджаньне выключнасьці Расеі.

П.У. Значыць, структура Расеі сфармавалася на татарскай "тэхлалёгіі рэалізацыі ўлады", з аднаго боку, і на кляштарным элемэнце, прыпраўленым мэсіянствам, - з другога. Якой была місія гэтае дзяржавы?

Е.К. Канешне, ідэя трэцяга Рыму. "Першым Рымам была Рома, і гэты Рым паў, другім - Канстантынопаль - таксама паў, трэцім - адвечная Масква, а чацьвертага не будзе". Гэты міт быў пакладзены ў аснову місіі Масквы. Маскоўская Расея пераняла бізантыйскі герб - двухгаловага арла, а разам зь ім ідэю імпэрыі. Стварэньне імпэрыі-яднаньне рускіх земляў і здабыцьцё Канстантынопаля - было марай кожнага цара, і не толькі. Гэта была і адна з мэтаў сталінскае замежнае палітыкі [...]

П.У. Наколькі даўняя Рэч Паспалітая была нашчадкам Кіеўскае Русі?

Е.К. Мы павінны зьвярнуць увагу на той факт, што з XIV ст. у гэтай частцы Эўропы паралельна адбываліся два працэсы. З аднаго боку, Масква зьбірала вакол сябе рускія землі, з другога - рускія княствы вызваляла і яднала Польшча, асабліва Літва Гедымінавічаў. Русь Галіцкая і Ўладзімірская былі амаль мірным шляхам зьяднаныя з Польшчай яшчэ ў часы Казімера Вялікага, хоць і не паводле прынцыпу уніі дзьвюх дзяржаваў. Гісторыя тагачаснае Літвы - гэта няспынныя войны з татарамі, падчас якіх бальшыня рускіх княстваў таксама мірным шляхам далучылася да Вялікага Княства Літоўскага.

Зрэшты, давайце глянем на Беларусь, фармальна частку Літвы. Там увогуле не было татараў. Але беларускае Полацкае княства было ад пачаткаў Русі адным з асноўных цэнтраў, які яе ўтвараў побач з Кіевам, Вялікім Ноўгарадамі Псковам.

У Вялікім Княстве Літоўскім беларусы або русіны (рускія) адыгрывалі велізарную ролю. Мова беларуская фактычна была афіцыйнаю мовай. Менавіта па-беларуску быў напісаны Статут ВКЛ. Вялікае Княства было таксама іх дзяржавай, за якую яны змагаліся і якую баранілі. Уся "Літва сьвяткавала, калі беларускі князь Канстанцін Астроскі ў 1514 г. перамог пад Воршай у чатыры разы мацнейшую за беларускую армію Масквы." Што Астроскі зрабіў пасьля гэтае перамогі? Пабудаваў у Вільні дзьве прыгожыя праваслаўныя царквы. Парадокс? З гледзішча Рэчы Паспалітае - не.

Праз паўтара стагодзьдзя, калі Карону затапілі швэдзкія войскі, на Вялікае Княства пайшла Расея. Расейцы захапілі Вільню і выразалі частку жыхароў. Тады супраць праваслаўных расейскіх войскаў рушыла праваслаўная беларуская шляхта, галоўным чынам-праваслаўнае сялянства. Супрацьстаяньне і партызанка на Беларусі былі нават мацнейшыя, чым польская партызанка на тэрыторыі Кароны, апанаванай швэдамі! Гэта сьведчыць пра адно: Рэч Паспалітая была дзяржавай, зь якой адчувалі сувязь як польскія, так і беларускія сяляне.

З гэтай пэрспэктывы Рэч Паспалітая можа пачувацца нашчадкам Русі, цывілізацыя якой аб'ядналася з культурай Захаду, утвараючы новую якасьць.

Тут, у Любліне, ёсьць надзвычай прыгожая капліца Сьв.Тройцы. Кароль Ягайла замовіў для яе фрэскі ў бізантыйскім стылі ў перадавых расейскіх мастакоў. Таму да сёньня захавалася каталіцкая капліца, пабудаваная ў заходнім гатыцкім стылі, інтэр'ер якой захапляе прыгажосьцю бізантыйскіх роспісаў. І што найбольш важна - наколькі ўсё спалучаецца! Гэтая капліца - цудоўны сымбаль сынтэзу культураў Рэчы Паспалітае.[...]

У прынцыпе гісторыя Рэчы Паспалітае - гэта менавіта вобраз сутыкненьня двух бачаньняў дзяржавы. Дзяржавы, у аснове якой ляжалі індывідуальныя свабоды, і дзяржавы, для якой воля цара была ўсім. Фундамэнтальнаю рысаю Рэчы Паспалітае быў яе антыабсалютысцкі характар, які фармаваўся ня толькі як апазыцыя расейскаму абсалютызму, але таксама і абсалютызму Габсбургаў, а напрыканцы Прусіі - Гогенцолернаў. Чаму нашая шляхта ніколі не хацела бачыць на сваім стальцы Габсбурга? Таму што манархія Габсбургаў успрымалася ў Рэчы Паспалітай як тыранія. Шляхта бачыла палітыку Габсбургаў у Чэхіі і Вугоршчыне і ведала, што Габсбург на стальцы - гэта канец свабоды. Заходнеэўрапейскія абсалютныя манархі не адпавядалі іміджу манарха ў Рэчы Паспалітай.

П.У. Вы сказалі, што Рэч Паспалітая была гістарычным фэномэнам. Што ўтварае гэты фэномэн?

Е.К. Давайце паглядзім на гэтую дзяржаву збоку. З гледзішча чалавека, які ўпершыню апынуўся ў Эўропе. Праз тэрыторыю Рэчы Паспалітае праходзілі межы найбодьш вострых цывілізацыйных супярэчнасьцяў. Супярэчнасьці рэлігійныя: пратэстантызм - каталіцызм - праваслаўе. Некалькі моваў: польская - літоўская - беларуская - нямецкая. Прыгадаю, што афіцыйнай моваю ў Каралеўскай Прусіі была нямецкая. Два розныя альфабэты. А цяпер давайце задумаемся: як гэта ўсё магло вытрываць? У такой сытуацыі ў сучаснай гісторыі сьвету зьмяняліся б межы. І нават сёньня палітычныя аналітыкі, якія сочаць за гэтай часткаю Эўропы, задумваюцца, чаму тут няма такіх войнаў, як у былой Югаславіі.

Рэч Паспалітая як унія праіснавала з 1569 да 1795 г. - гэта была дзяржава "малога адзінства" пад супольным скіпэтрам. Ці ўсьведамляем мы, што гэта была найстарэйшая унія ў гісторыі Эўропы? Зрэшты, хутчэй распалася Кальмарская унія, якая аб'ядноўвала скандынаўскія краіны.

Задзіночаньне народаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, якія стваралі гэтую дзяржаву, не было вынікам ані захопу, ані прымусу, а толькі жаданьня быць разам. Рэч Паспалітая была ўтворана супольна палякамі, літоўцамі й русінамі. Гэта быў іх агульны гістарычны інтарэс.

Што вельмі важна, народы Рэчы Паспалітае жадалі быць разам-да канца. Гэтая дзяржава не распалася знутры. Нават у часы яе заняпаду патрэбныя былі сілы, сілы вонкавыя, сілы трох вялікіх эўрапейскіх дзяржаваў каб яе зьнішчыць.

Глянем, напрыклад, на Гданьск - гэта ж нямецкі, лютэранскі горад. Падчас Патопу яго насельніцтва не пусьціла лютэранскага караля Карла Густава і мужна змагалася нават тады, калі польская шляхта апусьціла рукі. Зразумела, можна сказаць, што Гданьск быў зьвязаны з Польшчай эканамічнымі інтарэсамі, але такую ляяльнасьць нельга растлумачыць толькі эканомікай. Гданьск у безнадзейнай сытуацыі супраціўляўся прусам, калі тыя хацелі заняць яго пасьля падзелаў. Ён быў верны да канца! Рэч Паспалітая Абодвух Народаў была нашым супольным дабром. І толькі цяпер, дзьвесьце гадоў пасьля яе заняпаду, мы пачынаем гэта ўсьведамляць.

П.У. Такое бачаньне Рэчы Паспалітае не пераважала нават у польскай гістарыяграфіі, ня кажучы пра гісторыкаў зь іншых краінаў.

Е.К. Гэта праўда, але заўсёды былі людзі, якія бачылі ў Рэчы Паспалітай шматнацыянальную дзяржаву. А Міцкевіч свае словы "Літва! Мая Айчына!" пісаў як грамадзянін Рэчы Паспалітае. Паляк - гэта была катэгорыя палітычная, але тыя людзі паходзілі зь Дітвы, Русі, Беларусі, Мазовіі. Касьцюшка мог адначасна быць беларусам і палякам.

У прынцыпе ідэя Кароны і Вялікага Княства пратрымалася вельмі доўга, да студзеньскага паўстаньня 1863 г. Тады, зрэшты, у Беларусі і Літве дзейнічалі шматлікія паўстанцкія атрады, у якіх былі і сяляне, беларускія і літоўскія. На пячатках паўстанцкага ўраду былі Арол, Пагоня і Сьвяты Міхал - герб Русі. Юзаф Пілсудзкі, калі заключаў зьвяз зь Пятлюрам і хацеў утварыць фэдэрацыю дзяржаваў, прыязных Польшчы, думаў у катэгорыях даўняе Рэчы Паспалітае. Да сёньня гэткае бачаньне Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы мы назіраем у творах такіх постацяў, як Чэслаў Мілаш або Ежы Гедройц - апошніх зуброў, апошніх грамадзянаў Вялікага Княства.

П.У. Я выхоўваўся на творах Юзафа Шуйскага, Міхала Бабжыньскага. Яны абодва задавалі пытаньне: навошта была патрэбная унія зь Літвой і гэтае зьвязаньне з Усходам?

Е.К. Гэта адно зь вялікіх спрэчных пытаньняў польскае гістарыяграфіі. "Клясычная" спрэчка паміж школамі кракаўскаю і варшаўскаю ў XIX ст., калі не было польскае дзяржавы. Канешне, ёсьць шмат аргумэнтаў за і супраць. Кракаўская школа імкнулася прымусіць нас задумацца над мінулым і паказвала памылкі нашых продкаў. Пра гэтыя памылкі мы павінны памятаць. Яны таксама ёсьць нашым гістарычным досьведам, багажом, цяжарам, але і перасьцярогаю. Рэч Паспалітая не была раем, і трэба яе паказваць без упрыгожаньняў. Але я, кажучы пра гісторыю, імкнуся падыходзіць з пэрспэктывы XXI ст. і інтэграцыйных тэндэнцыяў у Эўропе. З гэтага гледзішча гісторыя Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў дае падставы для гонару.

Для мяне адзін аргумэнт - найважнейшы. Калі б не дайшло да уніі зь Літвой, Польшча страціла б шанцы стаць вялікай у гісторыі. Уявіце сабе, наколькі мы, сучасныя людзі, зьбяднелі б ад таго, што незваротна страцілі.

Рэч Паспалітая была ў гэтай частцы Эўропы імпэрыяй і забясьпечыла сваім грамадзянам і гэтай частцы кантынэнту 250 гадоў міру. У XVI і напачатку XVII ст. бясьпечней было быць грамадзянінам Рэчы Паспалітае, чым суседніх краінаў, у тым ліку Нямеччыны, дзе пастаянна надараліся рэлігійныя канфлікты. А Рэч Паспалітая амаль выключнавяла войны на пэрыфэрыях.

Таму, калі швэды ў 1655 г. увайшлі ў спакойную Велікапольшчу, гэта стала сур'ёзнай неспадзяванкаю. Цывілізацыйнае й культурнае разьвіцьцё таго часу не падпадае паддыскусію. Кракаўская школа падымала вартасьць, якой была моцная цэнтралізаваная дзяржава. Бабжыньскі, а асабліва Юзаф Шуйскі падкрэсьлівалі, што для іх узорам была дынастыя Пястаў. Пазьней Роман Дмоўскі з найвялікім нежаданьнем выказваўся пра Рэч Паспалітую, а тым больш з гэбраямі ды ўкраінцамі, якіх, на яго думку, увогуле не было.

Дэбаты гісторыкаў XX ст. былі спрэчкаю ня толькі пра Рэч Паспалітую, але пра тагачасную Польшчу й палітычныя праграмы. Спрэчка вынікала з этнічнае канцэпцыі, канцэпцыі прасторы нацыянальнае дзяржавы, якая выводзілася з гегелеўскага абагаўленьня інстытуту дзяржавы. Менавіта Гегель узьнёс дзяржаву на п'едэстал. Прызнаў яе самым дасканалым творам чалавечае думкі й дзейнасьці народу. Канешне, для яго ўзорам была пруская дзяржава. Гэтая гегелеўская ідэя цалкам скампрамэтавала сябе дзьвюма таталітарнымі дзяржавамі - нацысцкай і сталінскай. Зразумела, што я, змагаючыся ў Паўстаньні на вуліцах Варшавы, ня думаў, што змагаюся з Гегелем, цяжка абвінавачваць філёзафа за тое, што зь яго вучэньня ўзялі палітыкі. Але фактам застаецца, што Гітлер і Сталін зрабілі канчатковыя высновы зь ягоных думак.

Глянем, аднак, на тое, як пазыцыю Дмоўскага - ідэю нацыянальнае дзяржавы - выкарыстала ў Польшчы камуністычная прапаганда. Раптам з гісторыі Польшчы зьнікла бачаньне шматнацыянальнае Рэчы Паспалітае. Раптам аказалася, што ў нацыянальна маналітнай Рэчы Паспалітай, якая на працягу тысячагодзьдзяў знаходзілася паміж Бугам і Одрай, не было гэбраяў, украінцаў, беларусаў, немцаў. А Карона і Вялікае Княства праводзілі нейкую незразумелую палітыку экспансіі.

Нацыянальны камунізм абуджаў у інтарэсах СССР як бы "народныя" нацыяналізмы: чэскі, польскі, румынскі, вугорскі. Трэба было, з аднога боку, прывязаць палякаў да абсалютна гістарычна і геаграфічна штучнага твору, якім была Народная Польшча, а з другога - каб мы ненавідзелі ўсіх навокал: немцаў, чэхаў, украінцаў, літоўцаў. І тады таксама можна было зьвяртацца па дапамогу да дзядзькі Язэпа. Проста стары прынцып - divide et impera - падзяляй і ўладар. Гэтая ідэалёгія давала абгрунтаваньне велізарнай этнічнай чысткі, ахвяраю якой стаў польскі народ пасьля 1945 г. Бо тое, што адбывалася пасьля перамяшчэньня ўсяе дзяржавы і народу на Захад, у сучасных катэгорыях мы назавем звычайнай этнічнай чысткаю. А што яшчэ горш, мы самі ў гэтых чыстках дапамагалі, напрыклад, у дачыненьні да немцаў, украінцаў, лэмкаў і бойкаў. Яшчэ ж пры Герэку былі намаганьні, каб зь бяшчадзкіх мапаў сьцерці ўкраінскія назвы.

П.У. Нашчадак партыі Нацыянальна-радыкальны лягер, як пісаў Мілаш.

Е.К. Мілаш гэта дасканала ведаў. Сталін вёў вельмі прадуманую гульню. Тое, што спрабаваў рабіць Гітлер у дачыненьні да ўкраінцаў, у параўнаньні з вытанчанасьцю Сталіна - гэта праца сякерай. Калі б у 1941 г. Гітлер перацягнуў украінцаў на свой бок і даў надзею атрымаць незалежнасьць, магчыма, ён выйграў бы вайну, але, на шчасьце, расізм ударыў гітлероўцам у галаву. Затое ідэалёгія нацыянальнага камунізму была як ніколі выніковая. Гэта цудоўна разумеў Юзаф Патачка - вялікі чэскі апазыцыянэр, выхаваўца Вацлава Гавэла. Я памятаю, як мы сустрэліся зь ім у сямідзясятых гадох і думалі, як выйсьці з замкнёнага кола малых нацыяналізмаў, што зрабіць, каб палякі і чэхі сталі лічыцца адны з другімі, не спрачаліся між сабою.

Адначасова нешта іншае Сталін і ягоныя пераемнікі рабілі ў расейскіх рэспубліках. Там зь лепшымі або горшымі вынікамі спрабавалі стварыць савецкі народ. А таму трэба было зьнішчыць нават успамін пра Рэч Паспалітую, бо гэта была толькі акупацыя польскіх паноў на спрадвечна рускіх землях.

П.У. Ці такога тыпу гледжаньне на гісторыю й цяпер пераважае ў асяродзьдзі гісторыкаў Украілы, Беларусі й Літвы?

Е.К. Здараюцца такія выпадкі, але мне ажно на сэрцы лягчэй, калі даведваюся, што ўсё больш гісторыкаў гэтых краінаў, палітыкаў ды інтэлігенцыі спрабуюць знайсьці сваю нацыянальную й культурную адметнасьць. Яны ўвесь час шукаюць адказы на пытаньні, хто яны й адкуль пайшлі. Калі ў Кіеве я распавядаў пра Ўкраіну і Цэнтральна-Ўсходнюю Эўропу й падкрэсьліваў эўрапейскасьць нашае супольнае дзяржавы, адчуваў, як зала пульсавала. Па ёй праходзіў як бы ток. Ім вельмі патрэбна гэтае пачуцьцё Эўропы. Пацьверджаньне звонку таго, што яны самі пра сябе думаюць. Гэты пошук каранёў у Рэчы Паспалітай сярод іхных гісторыкаў ня ўзяўся з аднекуль. Гэта быў моцны імпульс зь нізоў. Пры гэтым варта ўзгадаць велізарную ролю, якую адыграла ў тым працэсе інтэлектуальна моцная й цудоўна арганізаваная ўкраінская эміграцыя. Асабліва асяродак у амэрыканскім Гарвардзе й такія гісторыкі, як Ігар Шаўчэнка й Амяльлян Прыцак. Яны заўсёды разумелі, што гісторыю Ўкраіны і пачаткі ўкраінскага народу нельга напісаць з паветра, бяз Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў. Адраджэньне зацікаўленасьці Вялікім Княствам выразна пачалося ў Беларусі як мінімум у васьмідзясятых гадох. Найцяжэй было зь Літвой. Літоўцы вырашылі спрасьціць сабе гісторыю. Напачатку была паганская Літва, апетая рамантыкамі, потым здрайца Ягайла, потым доўга-доўга нічога не было, і раптам deux ex machina - незалежная літоўская дзяржава. Але яны пачалі разумець, што такой гісторыяй нельга захапіць анікога ў Эўропе. Гэта ж дзякуючы Рэчы Паспалітай яны апынуліся ў Эўропе. Гэта была іхная дзяржава ў фэдэрацыі з Польшчай, яшчэ больш умацаванай на Вялікім Сойме ў 1791 г., ужо пасьля 3 траўня.

Допінгам для іхнага зацікаўленьня Рэччу Паспалітай паслужылі таксама беларусы. Бо літоўцы раптам пачалі заўважаць, што беларусы забіраюць у іх Вялікае Княства Літоўскае. На сёньня, што цікава, найбольш вялікія спрэчкі адбываюцца ня між палякамі і ўкраінцамі, але між беларусамі й літоўцамі. Абедзьве дзяржавы за сымбаль нацыянальных рухаў абралі Пагоню, але як у такой сытуацыі, Божа, падзяліць адзін герб, а таксама супольную спадчыну?

Нядаўна беларусы проста змусілі мяне арганізаваць сустрэчу, прысьвечаную Люблінскай уніі ў Любліне. Гэта была не мая ініцыятыва, яны самі таго захацелі. Для іх сёньня ўжо зразумела, як і для літоўцаў, што яны захавалі сваю нацыянальнасць дзякуючы Рэчы Паспалітай. Інакш бы яны загінулі, праглынутыя адразу Масквой. У сваю чаргу, у цудоўнай "Гісторыі Ўкраіны" Натальля Якавенка сьцьвярджае, што асновай украінскага народу была шляхта з тэрыторыі Падолу, Валыні й Брацлаўшчыны Рэчы Паспалітае. У гэтай гісторыі ёсьць фантастычны фрагмэнт, як шляхта з тых мясьцінаў перад Люблінскай уніяй "навучалася" ў Рэчы Паспалітай - праводзіць нарады і соймы, ствараць самакіраваньне, карыстацца правамі гэтае дзяржавы. Тады яны навучаліся дэмакратыі і Эўропе, а адначасова даходзілі да глыбокіх старарускіх каранёў.

П.У. А якая роля Польшчы ў працэсе ўсьведамленьня суседнімі краінамі сваёй спадчыны?

Е.К. Мы, як я ўжо казаў, павінны падзяліцца Рэччу Паспалітай і трактаваць яе як агульнае мінулае. Урэшце, мы шмат награшылі ў мінулым, пачынаючы ад часоў Рэчы Паспалітае й крывавага задушэньня казацкіх паўстаньняў, замест спробы вырашыць гэтую праблему. Аднак сучасныя ўсходнеэўрапейскія народы найбольш нэрвуе тое, што мы "забіраем" сабе гісторыю й нязносны пратэкцыянізм да іншых. Часта мы трактавалі Польшчу як край, які нёс цывілізацыйную місію. Нашая ж перадваенная палітыка ў дачыненьні да крэсаў была прынцыповай памылкаю, што сёньня відавочна і што шмат хто бачыў і ў тыя часы.

Гісторыя да гэтае пары была найбольшай перашкодай у паразуменьні паміж нашымі народамі. А гэта ж яна павінна як найлепей у гэтым дапамагаць.

П.У. У якой меры спосаб бачальня далёкай гісторыі праектуецца на сучасную палітыку?

Е.К. Вельмі проста. Гэта выразна праяўляецца апошнім часам на Ўкраіне, а асабліва ў Беларусі. Адна, вельмі моцная, тэорыя даводзіць, што абодва народы ёсьць элемэнтамі вялікага рускага народу, які ўтрымаўся на гэтых землях падчас польскай акупацыі. Другая сьцьвярджае, што гэта асобныя народы, якія сваёй традыцыяй апіраюцца найперш на спадчыну Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў. Наступствы выбару адпаведныя. Тыя, хто прытрымліваецца першае тэорыі, як Аляксандар Лукашэнка, пасьлядоўна імкнуцца да больш шчыльнай інтэграцыі з Расеяй. Тыя, хто стаіць за другой тэорыяй, выходзяць на вуліцы Менску са сьцягамі незалежнае Беларусі й Пагоняй, а на Ўкраіне змагаюцца за ўмацаваньне незалежнасьці.[...]

П.У. Што азначае эўрапейскі погляд на Рэч Паспалітую?

Е.К. Сёньня, калі кантынэнт яднаецца, наш гістарычны досьвед ёсьць капітальны для ўсяе аб'яднанае Эўропы. Гэта наша вялікая гістарычная карта. Калі мы назіраем, як сёньняшняя Эўрапейская унія даходзіць да сваіх стандартаў, можам параўнаць, як Люблінскую унію 1569 г., пачынаючы з Крэўскае 1385 г. і заняцьця стальцу каралём Уладыславам Ягайлам, стваралі нашыя продкі. Якія былі спрэчкі, што яднала асобныя народы, як выглядалі інтэграцыйныя працэсы.

Давайце будзем трактаваць Рэч Паспалітую як гістарычны палігон для сучаснай уніі. Сталася так, што нашыя продкі чатырыста гадоў таму сыгралі вялікую гульню, і ў іх атрымалася. З разнастайнасьці ўдалося стварыць адзінства. Гэта ж дылема ня толькі XV-XVI стст., але й вялікая дылема сучаснай Эўропы, якая аб'ядноўваецца. Колькі захаваць у ёй адметнасьці, а колькі адзінства? Ці Эўропа айчынаў, ці Эўропа рэгіёнаў? Тое, над чым задумваецца палову стагодзьдзя Эўрапейская унія, Рэч Паспалітая дасягнула ў 1569 г.

З гледзішча тагачаснай Эўропы істотны іншы досьвед. Неверагодна сягнула дэмакратыя Рэчы Паспалітае. Зразумела, гэта была дэмакратыя шляхоцкая, аднак яна ахоплівала мільён чалавек. Гэтага нельга было ўявіць у тагачаснай Эўропе. Нашая дэмакратыя пазьней звыраднела. Нягледзячы на Канстытуцыю 3 траўня, не дайшло да яе пашырэньня на іншыя сацыяльныя групы. Хоць бачаньне такога пашырэньня вымалёўвалася ў 1791 - 1794 гг. як своеасаблівы тастамант Рэчы Паспалітае. І гэта чарговае вялікае пытаньне для сучасьнікаў: чаму так сталася й наколькі дэмакратыя можа забіць самую сябе. Чаму ў XVIII ст. край быў апанаваны анархіяй, а талерантнасьць і адкрытасьць перарадзіліся, ды ў немалой ступені, у неталерантнасьць, ксэнафобію і самазахапленьне. У Польшчы ж патрэбна было вялікае асьветніцкае намаганьне, якое разгарнулася пачынаючы з сярэдзіны XVIII ст., каб грамадзтва вярнулася да страчанае грамадзянскае адказнасьці.

Сёньня вядзецца шмат разнастайных дыспутаў у Эўрапейскай уніі, якія можна спраектаваць на дыскусіі ў даўняй Рэчы Паспалітай. Тады таксама спрачаліся, які павінён быць узровень інтэграцыі ўлады, якая роля самакіраваньня, зразумела, самакіраваньня шляхоцкага, якое было ўдзяржаве моцна разбудавана. Прынцып узаемадапамогі ў дзяржаве, які ёсьць падмуркам Эўрапейскай уніі, з посьпехам на працягу стагодзьдзяў выкарыстоўваўся ў Рэчы Паспалітай, хоць ніхто і ня ведаў, што гэта так называецца.

Гэты вялікі экспэрымэнт не атрымаўся, Рэч Паспалітая пала. Але яе мінулае з гледзішча сучаснай эўрапейскай пэрспэктывы пераходзіць у іншае вымярэньне, набірае бляску.

П.У. А сапраўды, чаму мы тады прайгралі?

Е.К. Для мяне, як і для мноства іншых гісторыкаў, асноўным паваротным пунктам у гісторыі бачыцца той страшэнны 1648г. і паўстаньне Багдана Хмяльніцкага, хоць было шмат іншых прычынаў. Што вельмі важна, зьвернем увагу: раптам адкрытая дзяржава пайшла насуперак уласнай гістарычнай лёгіцы. Рэч Паспалітая Абодвух Народаў не перафармавалася ў Рэч Паспалітую Трох Народаў - з Русьсю. Сваёй самасьвядомасьці рускае грамадзтва пачало дасягаць напачатку XVII ст. у межах Рэчы Паспалітае. Напрыклад, тагачасныя гісторыкі раптам у ганаровы шэраг правадыроў Вялікага Княства Літоўскага пачалі залічваць такія постаці, як Уладзімір Вялікі, кіеўскі князь, які ў 988 г. ахрысьціў Русь.

Адначасова нараджаўся эмансыпацыйны рух сярод казакоў. Яны проста хацелі мець тыя самыя прывілеі, што й шляхта Рэчы Паспалітае. Пастулят вельмі рацыянальны. Гэта яны абаранялі край, яны былі "рыцарствам" на гэтых землях. У тыя часы на Ўкраіне было вельмі мала шляхты. На Мазовіі 20 адсоткаў, трошкі менш у Літве, а на Кіеўскай Ўкраіне, можа, толькі 1 адсотак.

У той момант адкрытая Рэч Паспалітая зачыніла перад імі дзьверы. Зразумела, сёньня мы ведаем, чаму да гэтага дайшло, якія мэханізмы падзейнічалі. Зьдзіўляе тое, што найбольш выступалі супраць эмансыпацыі казакоў і іх далучэньня да шляхты рускія паны, якія ўжо карысталіся гэтымі правамі.

У драматычны, а нават найгоршы з магчымых момант выбухнула грамадзянская вайна. Бо, як пісаў Сянкевіч у "Агнём і мечам": "Русін змагаўся супраць русіна". Раман Сянкевіча тэндэнцыйны, бо вынікае з тагачаснага аднабаковага бачаньня гісторыі, але гэты сказ - праўдзівы. Бо кім быў, напрыклад, Ярэмі Вішнявецкі? Русінам.

П.У. Вішнявецкі мае свой помнік у галерэі правадыроў Рэчы Паспалітае. Вам гэты помнік, відаць, не падабаецца?

Е.К. Правадыром Вішнявецкі быў знакамітым, але ён мусіць быць помнікам палітычнае слепаты. Між іншым, з прычыны ягонае недальнабачнасьці Рэч Паспалітая прайграла, прайграла Русь, прайграла Польшча. Прайгралі таксама тыя бедныя казакі, якія, вагаючыся паміж імпэрыямі, не маглі знайсьці для сябе месца на зямлі. Пасьля эпапэі Мазэпы яны ж царом Пятром 1 былі пазбаўленыя аўтаноміі.[...]

П.У. Вы сказалі, што Цэлтральна-Ўсходняя Эўропа ўтварыла пэўны від цывілізацыі, невядомайу іншых частках Эўропы. Што было яе падмуркам апрача падабенстваў у стылі жыцьця шляхты і яе палітычных паводзінаў?

Е.К. Найперш базай гэтага ладу было пачуцьцё свабоды. Цяжка сказаць, адкуль узялося тое, сёньня абсалютна нетыповае, нежаданьне выкарыстоўваць гвалт у палітыцы Рэчы Паспалітае. Глянем на Ўладыслава Ягайлу. Калі ён у 1385 г. трапіў на кракаўскі сталец, то зразумеў, што гэтаю краінаю нельга кіраваць сілай.

П.У. Але ў Літве Ягайла паводзіў сябе як і належыць роду Гедымінавічаў. Ваяваў з братамі, у тым ліку і са стрыечнымі, увязьніваў іх і, падобна, атручваў.

Е.К. Тое, што род Гедымінавічаў заўзята біўся ў Літве, гэта зусім іншая справа. Але Ягайла ў Польшчы - гэта ня той самы чалавек. Ён хутка навучыўся таму, што сілай тут няшмат можна зрабіць. Ён ня быў дурным чалавекам. Ня быў таксама і варварам, які прыехаў у культурную Польшчу. Ён дакладна пазнаў усходняе хрысьціянства. Ягоная праваслаўная маці Вульляна была жанчынай разумнай і добра адукаванаю паводле руска-бізантыйскай культурнай традыцыі.[...]

П.У. Ці польскі міт пра фарпост хрысьціянства можна параўнаць зь місіяй Расеі ды ідэяй трэцяга Рыму?

Е.К. Не, нельга параўноўваць. Па-першае, міт пра фарпост адносна позні. Росквіт ідэі - гэта часы Яна Сабескага, у прынцыпе небасхілу Рэчы Паспалітае. Па-другое, міт пра фарпост паводле сваёй прыроды ахоўны, неагрэсіўны. Татары, якія сяліліся ў Польшчы і Літве, станавіліся грамадзянамі Рэчы Паспалітае. Яны маглі свабодна хваліць Алаха.

П.У. Аднак, урэшце, Рэч Паспалітую знутры зачадзілі рэлігійныя спрэчкі. Паўстаньне Хмяльніцкага, пра якое мы ўжо ўзгадвалі, адбывалася ў абарону праўдзівае веры праваслаўнае з-за Берасьцейскай уніі.

Е.К. Так, гэта праўда, ацэнка наступстваў Берасьцейскай уніі 1596 г. - справа складаная і дагэтуль спрэчная. Але гляньма на яе зь сёньняшняе пэрспэктывы. Наколькі шальмаваная ўніяцкая царква, на якую было гэтулькі ганеньняў, дапамагла выжыць украінскаму народу? Гісторыя уніі была пэўным чынам сфальсыфікаваная. Гэта не была нейкая дамоўленасьць езуітаў і караля Жыгімонта III. Унія стала вынікам руху аднаўленьня скасьцянелага тады праваслаўя, які ішоў ад нізоў і дамагаўся наданьня праваслаўю больш адкрытага, заходняга характару. У прыняцьці Берасьцейскай уніі таксама адлюстроўваецца сутнасьць Рэчы Паспалітае, яе імкненьне да сынтэзу, засваеньня розных традыцыяў.

Ёсць у гісторыі Рэчы Паспалітае вялікая, але крышку забытая постаць Пятра Магілы, які выводзіўся з роду малдаўскіх гаспадароў. Паліглёт, знаўца гуманістычнае культуры, тыповы чалавек культурных элітаў Рэчы Паспалітае. Ён адчыняў друкарні, у XVII ст. стварыў у Кіеве Магілянскую Калегію, дзе імкнуўся да сынтэзу праваслаўя з заходняй думкай. Ідэі Магілы, які памёр маладым, былі і дагэтуль застаюцца аб'ектам аспрэчваньня часткай праваслаўнае царквы, якая баіцца ўсялякага адкрыцьця. Бо ён быў занадта заходні, занадта адкрыты.

На шчасьце, сёньня маладыя людзі, ствараючы ў Кіеве свабодны ўнівэрсытэт, назвалі яго імем Пятра Магілы, а беларусы некалькі гадоў таму, перад Лукашэнкам, зьмянілі назву праспэкту Леніна ў Менску на Францішка Скарыны, Гэта вялікая постаць. Чалавек Рэчы Паспалітае. Варта, каб кожны ў Польшчы ведаў гэтую постаць. Гуманіст у заходнім стылі, які атрымаў адукацыю ў Кракаве. Ён першы пераклаў Біблію на беларускую мову.


"Magazyn Gazety Wyborczey", 29-30 траўня, 1998.

Пераклад на беларускую мову Натальлі Маліноўскай.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX